Год дзве тысячы другі. Выбраныя старонкі з дзённіка [Ніл Гілевіч] (fb2) читать постранично, страница - 5


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

сустрэчу з адной Нінай Мацяш павінны былі прыйсці сотні чытачоў беларускай літаратуры! Патрыётаў Роднага Слова!.. Божа, які сорам! Якая ганьба!..


13 снежня. Пахаванне С.І. Грахоўскага. А паўдванаццатай купіў кветкі і пайшоў на жалобны мітынг. Народу сабралася небагата (чалавек 150?), з іх — дзесяткі два-тры пісьменнікаў. Адкрыў — Кудравец. Затым гаварылі: Брыль, Гілевіч, Бураўкін, Тарас, Пашкевіч. Хоць быў прастуджаны, паехаў і на могілкі, аб чым, відаць, пашкадую: сопляў і хрыпаты ў бронхах дабавілася. А заўтра ісці ў тэатр (не пайсці — немагчыма).

На пахаванні, апрача маладых кіраўнікоў СП, не бачыў ніводнага 25-35-45-гадовага пісьменніка. Прыйшлі адны дзяды — каму за 50, за 60, за 70, за 80. Факт, які пра многае гаворыць. У пару нашай маладосці было зусім-зусім іначай. Старых, г. зн. настаўнікаў, маладыя шанавалі, і развітвацца з імі было горка. Сённяшнім “маладым ваўкам” не тое, што не горка, ім проста — “да фені”, “да лямпачкі”, — як і творчасць дзядоў, так і іх смерць. У літаратуры сёння ёсць толькі яны — геніяльныя, несмяротныя, вечныя.


14-га снежня. Нягледзячы на прастуду, у тэатр “Беларускай драматургіі”, на запрашэнне Анісенкі, усё-такі пайшоў, — бо ўжо запрашэнне паўторнае. Ды і хацелася паглядзець, што яны зрабілі з паэмы Купалы, — хоць і драматычнай, аднак жа надзвычай складанай для сцэнічнага ўвасаблення, бо — поўная сімволікі, алегарычных вобразаў такіх абстрактных катэгорый, як нараджэнне і смерць, як вясна і лета, як вясновыя і летнія святы… Спектакль вельмі відовішчны, маляўнічы, яркі, поўны маладой энергіі (часам аж залішняй), што моладзі (а ў зале былі пераважна старшакласнікі і гімназісты) асабліва падабаецца. Дарэчы, і ўсе выканаўцы роляў — зусім маладыя артысты, учарашнія выпускнікі ТМ Акадэміі. Энергія з іх аж прэ. Але ёсць і прычына для засмучэння — мова. Дакладней — вымаўленне. Тое, што і ва ўсіх тэатрах Беларусі. Вымаўленне — ніякае. Нават я (а многія строфы паэмы помню на памяць) не ўсё разумеў, што прамаўляецца на сцэне. А як жа — мінскія, гарадскія дзеці, школьнікі. Зрэшты, яны, па-мойму, у асноўным глядзелі, а не слухалі.


15-га снежня. Больш не магу — пара паміраць.


18-га снежня. “Народная воля” апублікавала тры лісты ў абарону Н.Г. ад грубага пасквілянцкага выпаду. Кліменценка сказала, што такія лісты ідуць у рэдакцыю патокам. Але ці будуць і яшчэ публікавацца — невядома. Ды такой бяды, калі не будуць! Важна, што ўжо народ сваё важкае слова сказаў. Асабліва значны момант падкрэсліў І. Лагуновіч: Бондар — гэта сучасны Бэндэ, з такіх лістоў-даносаў пачынаўся 1937 год. Важна і тое, што аўтары ўсіх трох лістоў — пажылыя людзі, удзельнікі Вялікай Айчыннай, а не зялёныя мітынгоўшчыкі ці хуліганы з “Зубра” — як бы сказала начальства. Маўляў: хто заступаецца, хто абараняе? Дык вось дудкі, панове! Ветэраны Вайны і працы сказалі сваё слова.

Нечаканы і прыемны падарунак: Сакрат Яновіч прыслаў сваю мемуарную кнігу “Не жаль пражытага”, з вельмі мілым подпісам. Кніга напісана рукой выдатнага майстра слова, гранічна шчыра, зусім даступна, часта — надзвычай дасціпна, яшчэ часцей — страшна балюча, горка, злосна, бязлітасна іранічна, роспачна, і ўсё гэта, апошняе, уваходзіла, калі чытаў, у маё сэрца. Прачытаў адным духам: за паўдня. Прынёс, сеў, разгарнуў і не падняўся, пакуль не прачытаў. Шкада, што “сюжэт” абарваўся на канцы 80-х. Думаю, апошняе дзесяцігоддзе было не менш цікавае ў жыццяпісу Сакрата. Можа, дапіша?


19-га снежня. Дні чатыры назад успомніў, што паабяцаў Пісьмянкову падборку балгарскага гумару і сатыры для рубрыкі “Класікі смяюцца”. Уткнуўся ў зборнік “Смешки и болежки”, і неспадзявана для сябе зачапіўся за адну “болежку” вокам і глуздом і — і пагнаў і пагнаў, на сёння ўжо эпіграм дваццаць гатова. Як бы знайшоў аддушыну ад чорных думак, ад беспрасветнай скрухі.

Прыкладна а паўтрэцяй, як і дамаўляліся, зайшла Н.М. Санько — з навагоднім падарункам: аж чатыры кнігі выдавецтва “Тэхналогія”, сярод якіх неацэнны том “150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі”. Сапраўды, кнізе няма цаны. Што яны зрабілі, Санько і Саверчанка! І, вядома ж, Яўген Кулік, — асабліва, што датычыць афармлення (і не толькі!). І, вядома ж, Наталля Міхайлаўна Санько — і рэдактар, і карэктар, і стыліст, і макеціроўшчык… Пакуль што перагартаў толькі абегла, але магу пэўна сказаць, што здзейснены творчы і грамадзянскі подзвіг. Калі б гэту кнігу выдаць накладам 500 тысяч асобнікаў — каб у кожнай беларускай сям’і стала настольнай, — за адно дзесяцігоддзе ўсё насельніцтва Беларусі стала б нацыянальна свядомым і патрыятычным, і праблема нашага суверэнітэту і незалежнасці была б вырашана назаўсёды. Вядома ж, гэтая Кніга працавала б на душу і свядомасць народа не адна, а ў сукупнасці з іншымі (іх, дзякаваць Богу, нямала), але яна была б галоўнаю, тою, што “вядзе рэй”, што цягне самы цяжкі плуг нашага нацыянальнага адраджэння. Як жа зрабіць гэта — як аддрукаваць і распаўсюдзіць 500 тысяч паасобнікаў?


20-га снежня. Прыйшла пошта з Балгарыі —