Год дзве тысячы другі. Выбраныя старонкі з дзённіка [Ніл Гілевіч] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

“Дзеяслова”, у якім — і мае лірычныя мініяцюры. Выдатны часопіс пачалі рабіць хлопцы (Пятровіч, Акулін, Пашкевіч — рэдактары). На сучасным еўрапейскім узроўні. Дай Бог, каб нішто не перашкодзіла зрабіць яго стабільным выданнем. Між іншым, Пятровіч (галоўны рэдактар) папрасіў, каб я “Дзеяслову” прапанаваў сваю кнігу “Між роспаччу і надзеяй” (прачытаў у “Новым часе” ўрывачак — і яму спадабалася). Даць я не супроць — але кнігу трэба напісаць, пакуль што ёсць адна трэць, старонак 150. Гэта цяпер мой найвялікі клопат. Матэрыялу (і думак) накапіў на 1500 старонак. Ды ўсё не засяду, каб шрайбаваць далей.


13-га лістапада. Хадзіў на аргкамітэт па арганізацыі і правядзенні юбілею “450 гадоў Рэфармацыі на Беларусі”. Каб я прыняў удзел — наўмысна заходзіў прасіць аб гэтым Сіўчык (дарэчы, добра з ім пагутарылі, вельмі сімпатычны мне чалавек). На пасяджэнні я выказаў прапанову падаць Рэфармацыю як мага шырэй у гістарычна-культурным і асветніцкім плане, а не ў канфесійным. І сказаў, што ідэя юбілею будзе прынята неадназначна, — і гэта трэба мець на ўвазе. Філарэтаўцы, напэўна, устануць на дыбы. Трэба шмат гаварыць пра значэнне Рэфармацыі ў друку.


14-га лістапада. Праз усе “не магу” схадзіў на сустрэчу ў каледж паліграфістаў (быў і Э. Акулін). Застаўся непрыемны асадак: на ўзроўні 60-х гадоў была ўся методыка, увесь сцэнар сустрэчы. Усё тая ж недарэчная завядзёнка — карміць госця-паэта ягонымі вершамі (ды хоць бы вывучылі!) і рэфератамі пра творчасць Купалы (у гэтым разе Купалы, бо — да яго юбілею прыўрочана). Ах ці, Божа мой! Дзе ж мы так далучым моладзь да паэзіі?


23-га лістапада. Хадзілі з Нінай на юбілейны абед да суседкі Наталлі Сямёнаўны — ёй споўнілася 80. Якая мужная жанчына, як трымаецца пасля таго, што перанесла! Успаміналі, канечне ж, і Валодзю, 26-га — яго дзень народзін.


26-га лістапада. Вечар маладых паэтаў і бардаў у вялікай зале ДЛ. Уважыў Янку Лайкова, які надта ж прасіў, каб я адкрыў сваім словам сустрэчу, — і пайшоў. І быў пакараны. Гэта было зусім не тое, на што я разлічваў. Невыноснае для мяне трэньканне хлапчукоў і дзявошак на гітарах. Паэзіі не пачуў ні радка. А ў зале — чалавек 30–40, не больш. А я так сур’ёзна рыхтаваўся. Да канца не дабыў, дзесь у сярэдзіне, пасля таго, як выступілі з прывітаннямі Пісьмянкоў, Дранько-Майсюк, Гальпяровіч, — пайшоў дадому. Ёсць праблема! — як у гэтакім разе кажуць. Запанавалі прымітыў, убоства, графаманія.


27-га лістапада. Ну, чакаем вялікага грому. Ці вялікага паскудства і гадства. Але так мне гэта не пройдзе — гэтыя вершы ў сённяшняй “Народнай волі”. Вечарам зайшоў Сяргей: “Тата, Табе такога не “даруюць!” Як мог — супакоіў.

28-га лістапада. Прыехалі з Украіны: Р. Лубкіўскі, П. Засенка, М. Наенка, Ю. Заўгародні і А. Мамчыч (маладая паэтка). Арганізаваў гэта пасол А. Дронь — выдатны дзяржаўны муж, высокага рангу інтэлігент, і проста слаўны чалавек. Вечарам быў у яго ў гасцях — з гэтае нагоды. Былі таксама: Бураўкін, Законнікаў, Пашкевіч. Лубкіўскі прывёз вялізны том Багдановіча ў сваіх цудоўных перакладах, у бліскучым афармленні, — так хораша наш Максім яшчэ нідзе не выдаваўся, нават і на Радзіме. Вось што значыць любоў і павага!..


29-га лістапада. Дзень нашай нацыянальнай ганьбы. На сустрэчу з украінскімі паэтамі і пісьменнікамі ў БДУ (у БДУ! на філфаку!) прывялі (загналі) 30 студэнтаў і адну выкладчыцу. Гэта — днём. А вечарам, у ДЛ, на галоўнай святочнай падзеі, народу было паўзалы, у тым ліку… можа, два-тры пісьменнікі (апрача кіраўнікоў СП і запрошаных выступіць, г. зн. Бураўкіна, Законнікава і мяне). І ніводнага журналіста — ні з газет (нават з “ЛіМа”), ні з радыё, ні з тэле… На вялікім свяце братэрства літаратур і народаў! І мы хочам, каб нас паважалі. Быў і выступаў пасол Украіны, вялікай дзяржавы, а з боку гаспадароў — ні аднае афіцыйнай асобы!.. Больш пачварнага рэжыму і ўявіць нельга!..


30-га лістапада. Зранку быў на Вайсковых могліцах ускладалі кветкі Купалу і Коласу. Затым — у Вязынцы, дзе А.А.Дронь даў “прыём”, і мы развіталіся з украінскімі сябрамі (з Вязынкі яны падаліся прама на Кіеў — “рафікам” еўрапейскай вытворчасці, цудоўным мікрааўтобусам, якім і прыехалі ў Мінск). Кожнаму з гасцей падарыў сваю кнігу ці кніжыцу, перадаў і томік для Тамары Каламіец.


3-га снежня. Ну, дык не памыліўся, пачалося! У сённяшняй “Звяздзе”. У маёй яшчэ нядаўна любімай “Звяздзе”! Пачала Бондар. Як сука, што з ланцугу сарвалася. Не сумняваюся, што гэта толькі пачатак, толькі сігнал да атакі. “Звязда” не апублікаваць не магла (жывёльны страх паралізаваў), але хоць бы адным радком адмежавалася ад гэтай гнюснай брыдоты! Не! Пагадзілася з фашыстоўкай цалкам. “Атрымаў па заслугах. Так яму і трэба!” Ну, што ж, віншую! І дзякую.


5-га снежня. За тры дні — 3-га, 4-га і 5-га — толькі адзін чалавек, Алесь Траяноўскі, пазваніў, выказаў абурэнне і папрасіў не браць да сэрца “брудную пісаніну смярдзючай пачвары”. Раблю выснову, што мае сябры “Звязду” не выпісваюць і не чытаюць.


6-га снежня. “НВ”