Год дзве тысячы другі. Выбраныя старонкі з дзённіка [Ніл Гілевіч] (fb2) читать постранично, страница - 4


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

змясціла рэдакцыйны артыкул у абарону Н.Г-ча. “Чытайце: пякучая праўда”. Артыкул моцны, пачвара атрымала па зубах як трэба. У нумары — і яе фашыстоўская вылазка, — каб чытачы пабачылі на свае вочы. Змешчаны яшчэ раз і мае вершы, якія трапілі не ў брыво, а ў вока.

З гэтае нагоды патэлефанавалі: чытачка Ір. Рыч, чытач Ал-др Ал-др., кампазітар Смольскі, мастак Вашчанка, Арсень Ліс і Ніна Мацяш. І ўсё… Болей ніхто не азваўся, не падтрымаў добрым словам, не асудзіў паскудніцу. Раблю выснову, што мае сябры і “Народную волю” не выпісваюць і не чытаюць.


9-га снежня. За апошнія тры дні пазванілі і падтрымалі мяне добрым словам Я. Мальчэўская (з Віцебска) і П. Місько.

Вечарам быў у Музеі Багдановіча — якраз Дзень Максіма. Запрасіў Э.Акулін, і я не сумняваўся, што вечарына прысвечана Вялікаму Паэту. Ашукаўся: сустрэча была прысвечана творчасці Эдуарда.

Дарэчы, ніхто з прысутных паэтаў (а былі і ўсе кіраўнікі СП, апрача Кудраўца) ні слова не сказаў мне наконт пасквіля Бондар у “Звяздзе”, ды і наконт водпаведзі ёй у “Народнай волі”. Як бы і не бачылі, і не чыталі. Не разумеюць, што публікацыя Пачвары — гэта пачатак таго страшнага, што ўжо аднойчы было ў Беларусі і кончылася 37-м? Ці, можа, яшчэ горш — думаюць: “а такі і варта, надта ж ужо… гэта самае!”? Ну, добра. Думайце, сябры, як знаеце. Але хто будзе наступны?


10-га снежня. Азваўся, нарэшце, і Янка Брыль. Пахваліў “абарончы” артыкул у “НВ”. Параіў мне плюнуць на пасквіль…


11-га снежня. Сёння раніцой памёр Грахоўскі. Званіў унук Андрэй з СП, прасіў дапамагчы знайсці каго з начальства, у СП ні душы няма. Я знайшоў Акуліна, усё яму растлумачыў, той паабяцаў тэрмінова адшукаць Пашкевіча. Пазваніў Маруку, папрасіў перадаць Мачульскаму (сам не здымае трубку — нарада, так патлумачыў Марук). Пазваніў на кватэру С.І., пагаварыў з дачкой Тацянай. Калі будзе пахаванне, яны яшчэ не рашылі.


12-га снежня. Днём больш трох гадзін праседзеў у “Кнізе” ў Лапцёнка. Быў і старшыня Таварыства Прыгодзіч. Трымалі справаздачу кіраўнікі абласных аддзяленняў. Карціна зусім бязрадасная, фактычна арганізацыя кнігалюбаў развальваецца і гіне. Больш-менш весялейшая сітуацыя на Віцебшчыне. На Гомельшчыне засталіся дзве суполкі — Гомель і Мазыр. Тое ж і на Берасцейшчыне.

Усе ў адзін голас: няма беларускай кнігі! Наладзілі землякі свята паэзіі ў гонар Ан. Грачанікава — а ніводнай кнігі паэта на свяце не было. А адкуль быць? Ужо гадоў дзесяць яго творы не выдаваліся. Між іншым, маглі б узяць на сябе гэты абавязак улады вобласці. Само Таварыства памагло выдаць кніжыцы паэзіі Т. Мельчанцы і Н. Шкляравай.

Прапаганда беларускай кнігі сіламі дзяржавы нідзе не вядзецца. Зусім і ніяк! А рускіх (расійскіх) кніг усюды навалам, і рэклама на кожным кроку. Гэта і зразумела: гаспадар кнігарні мае расійскай літаратуры на сотні мільёнаў рублёў, і яе трэба прадаць. Дык яна і рэкламуецца. А беларускіх кніг у яго — на 6 %, гэта ў лепшым выпадку. Дык і ліха з імі! Ці хто купіць ці не купіць — такой бяды, адзін працэнт пагоды не робіць (калі і гэты “адзін” ёсць — што сумнеўна).

У час пасяджэння зайшлі два агенты нейкай дзяржаўнай фірмы па распаўсюджанні расійскіх ілюстрацыйных часопісаў — два беларускія хлопцы, якія такім чынам зарабляюць грошы, у спадзяванні “скалаціць капітал” (што натуральна). Пакінулі ўзоры гэтых глянцавых размазюканых выданняў: “Разгадай” і “Сделай паузу”. Такіх расейскіх выданняў — сотні, і завозяцца яны ў Беларусь мільёнамі экземпляраў. Тысячы кіёскаў і кнігарань забіты расейскай прадукцыяй, забіта, завалена ўся Беларусь! Не прадыхнуць! Пад гэтым навалам гіне беларуская душа, а значыць і сама Беларусь. Вось што значыць — антыбеларускі, антынацыянальны рэжым! Вось што значыць — нянавісць да “беларушчыны” ў душах кіраўнікоў краіны! Вось што значыць — рабска-халуйская прырода і парода тых, хто захапіў у Беларусі ўладу!..

У справаздачах прыводзіліся прыклады: маці адцягваюць у кнігарні малых ад беларускай дзіцячай кнігі, злосна прыгаворваючы: “Это на белорусской! Не надо!” Як і трыццаць гадоў назад. Нічога не змянілася! Нават яшчэ горш.

У 16.00 ужо быў у бібліятэцы імя Пушкіна — на сустрэчы з пісьменнікамі Берасцейшчыны (у рамках “Дзён Брэсцкай вобласці ў Мінску). Прыехалі: Н. Мацяш, А. Каско, З. Дудзюк, А. Мазько, Ярына Дашына і інш., былі мінскія берасцейцы Р. Баравікова, Л. Дранько-Майсюк, У. Марук, В. Гардзей, яшчэ — У. Ягоўдзік. І чалавек 15 бібліятэкараў, усяго — чалавек 30. Вось такі “вялікі” літаратурны вечар, так сталічныя пабрацімы ўважылі і пашанавалі сваіх гасцей “берасцейцаў”. Браў слова і на вечарыне і пасля ў застоллі. Асобна — тост за Ніну Мацяш. Хораша гаварылі і чыталі выдатныя вершы — госці. Несумненна, “берасцейскае вогнішча” сёння самае яркае. Але — які ж рэзананс? Які водгук? Які след у культурным жыцці сталіцы? Сем пісьменнікаў прыехала — сем прыйшло, 6 землякоў, ды стары Ніл Гілевіч. А дзе ж вялікая зала? Дзе тэлебачанне і радыё? Дзе карэспандэнты газет, у прыватнасці “ЛіМа”? Ды на