Год дзве тысячы другі. Выбраныя старонкі з дзённіка [Ніл Гілевіч] (fb2) читать постранично, страница - 6


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

газеты і лісты. У Сафіі, паведамляе Найдзен, выйшаў том-трыпціх: Купала, Колас, Багдановіч. Брава, сябры-браты балгары! Адбылася ўжо і прэзентацыя, як я зразумеў — досыць прадстаўнічая. Былі Рыма Германава і сын Давыдкава Яраслаў, апошні чытаў пераклады бацькі, што мяне кранула амаль да слёз. Дарагія, мілыя людзі!..

Апаўдні зайшоў В. Болтач, прынёс абяцаныя газеты з праўдай пра партызан Лагойшчыны (два нумары “Беларускай газеты”) і расказаў пра ўчарашні агульны сход Літфонда Беларусі. Як і было задумана, да кіраўніцтва Літфондам прыйшлі лукашэнкаўцы. Тое, што расказаў Болтач, а пасля брат Мікола (па тэлефоне), паставіла ўсе кропкі на сваё месца. Узяты магутны рэванш за з’езд. А галоўнае… галоўнае, што і выйсця няма: Літфонд даўно голы, ад “Іслачы” засталіся рожкі ды ножкі, ён даўно не дзейнічае, пустуе. Банда (іначай не назавеш) зрабіла сваю цёмную разбойную справу. Дзеля гэтага яна і прыбрала да рук Саюз пісьменнікаў, — з уласцівым ёй цынізмам і пагардай да беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Ну, а бедныя, няшчасныя капыловічы ды слаўковічы — ім абы хоць нейкая костка са стала, хоць абгрызеная.

Ну, што ж, праз колькі месяцаў гэтага СП, што здабыў перамогу на з’ездзе, не стане. Адбудзецца новы сход (кангрэс, з’езд), будзе выбрана новае кіраўніцтва, — хто не падзяляе ідэйныя пазіцыі і агульны палітычны курс Урада, — прэч, вон, каб і духу не смярдзела! Або — сядзіце і не шкніцеся!.. Дык хоць пуцёўку са скідкай атрымаеце ў Дом творчасці, калі, вядома, ён будзе наш.


21-га снежня. Прачытаў учарашні “ЛіМ”. Пра юбілей А. Васілевіч і У. Рубанава (было б 50 усяго). Добра напісаў пра А.С. Б. Бур’ян — справядліва. Усё-такі пісьменніца яна выдатная — і адметная. Чым? Інтэлігентнасцю, высакароднасцю таленту, а г. зн. сваёй чалавечай сутнасцю, “светлая Панна” ў нашай літаратуры, — сказаў Бур’ян. Правільна. Святло, дабрыня, любоў — у аснове. Можна і так сказаць: паэзія. Яе проза вельмі паэтычная. Такія апавяданні, як “Мыс Добрай Надзеі”, — гэта ж паэма. Дый усе яе аўтабіяграфічныя аповесці. І эсэістычныя нататкі.

У маштабнага пісьменніка вырастаў таленавіты Рубанаў. Некалі я падтрымаў яго добрым словам, — яшчэ пасля першага апавядання ў “ЛіМе”. Пісьменнік моцнай унутранай культуры думання і пісьма, уважлівы да стылю, прынцыпова строгі ў пошуках свайго слова, ды і мысляр цікавы, аб чым сведчаць апублікаваныя ў свой час яго афарызмы і дзённікавыя занатоўкі. І трэба ж! — на 42 годзе памёр, ды і з-за нейкай недарэчнасці, нібыта. Трэба будзе ўдакладніць у Масарэнкі.


22-га снежня. Каля 9 патэлефанаваў Алене Сямёнаўне — павіншаваў, пажадаў здароўя, падзякаваў. Падзякаваць ёсць за што. Хай Бог будзе міласэрны і дасць ёй “затрымацца” доўга-доўга.

Пазваніў і Масарэнку. Наконт смерці У. Рубанава ён сказаў: была п’янка, пілі “раял” (а гэта атрута), стала кепска, жонка не выклікала “хуткую” — і ўсё. “У труне, кажа, у яго былі чорныя пазногці”. Уладзіслаў быў траюрадным братам Алесю; Рубанаў — гэта прозвішча па маці (бацькава — Фурсан). Вельмі цікавыя дзённікі Уладзіслава, па словах Масарэнкі, могуць загінуць (дзесяць агульных сшыткаў). Капаўся ў іх Асташонак, хваліўся, што шмат чаго ў іх павыкрэсліваў… Калі гэта праўда — то чорт ведае што робіцца! Крэсліць у чужых дзённіках?


23-га снежня. Напісаў лісты ў Балгарыю і Сакрату ў Крынкі, папраўдзе, не лісты, а разгорнутыя навагоднія віншаванні. Балгарскіх сяброў трохі праінфармаваў пра літаратурную сітуацыю ў Беларусі і пра сваё незайздроснае становішча, — не стала дзе друкавацца, пачну пісаць у прыскрынак. Сакрату сказаў колькі добрых слоў пра яго кнігу “Не жаль пражытага”, ад якой і Ніна ў захапленні.


24-га снежня. Маладзечанскія хлопцы (М.Казлоўскі і А. Капуцкі) прывезлі наклад (100 асобнікаў) “Паланэза” Агінскага”. Дзесяць забралі сабе (7 падпісаў і 3 у запас), мне засталося каля 90, з якіх кніг 20 раздам (родным, сябрам, у бібліятэкі), а рэшту трэба неяк прадаць, каб хоць трохі вярнуць грошы. (Ніна была засмучана, як даведалася, што кніга выйшла за мой кошт, і я яе разумею: у нашым жабрацкім становішчы і такія выдаткі досыць адчувальныя.) Афармленне кнігі мне спадабалася, асабліва — вокладка, колер і малюнак. Партрэт размешчаны няўдала (я яго ўвогуле не планаваў, гэта “самавольства” Міхася). Шрыфт — трохі “цяжкаваты”, мог бы быць трохі святлейшы, рамачкі на старонках мне здаліся дарэчнымі, а Ніна палічыла іх лішнімі. Складзена кніга добра, маю на ўвазе падбор вершаў, але некаторых — не далічыўся, аб чым шкадую. Калі б кніга выйшла ў канцы 2000-га — было б лепш, бо, за выняткам 15–20 вершаў, усё астатняе было ў трэцім томе. Там наклад — 3000, а тут — 100. Выданне сімвалічнае. Зрэшты, так яно і задумвалася. Мне хацелася, каб новыя вершы і менавіта гэтыя дзве паэмы выйшлі асобным выданнем — як чарговы зборнік паэзіі. А ўвогуле — сумна. Ну што такое сто паасобнікаў? Хто кнігу ўбачыць і прачытае? Нешта на гульню крыху падобна. Як малыя дзеці (і я ў тым ліку) рабілі кніжачкі ў адным экземпляры, і нават дроцікамі счэплівалі.