Год дзве тысячы другі. Выбраныя старонкі з дзённіка [Ніл Гілевіч] (fb2) читать постранично, страница - 7


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


25-га снежня. Адправіў віншавальныя лісты Н. Мацяш, Д. Бічэль, Ю. Голубу, у якіх пастараўся і сёе-тое сказаць не святочнае. Тое, што магло б стаць прадметам гаворкі больш шырокай, бо з такімі людзьмі ёсць пра што гаварыць і ў імя чаго гаварыць. Рад быў бы (даўняе жаданне!) і напісаць колькі слоў пра кожнага з іх, але… агіднае, абрыдлае пытанне: а хто надрукуе? Я ж не абмяжуюся размовай толькі пра майстэрства, — ні ў якім разе!..


26-га снежня. Адшліфоўваў эпіграмы, напісаныя крыху раней, і новыя, — з разлікам на “Народную волю”. Добра было б і эпіграмы, і жарты, і іншыя сатырычныя мініяцюры (фрашкі?) выдаць асобнай кнігай. Іх у мяне не менш як дзвесце, а можа, і болей. Адкінуўшы, вядома, не лепшыя. Не сумняваюся, што чытач (пакупнік) знайшоўся б. Але — каму прапанаваць, хто выдасць? Лапцёнак ухапіўся б, кніга дала б прыбытак, дык жа дарога “завалена” Першым Томам Збору, — пакуль не ўбачу і не прыцісну да сэрца Яго — ні аб якім іншым выданні не можа быць гаворкі.

Купіў і пагартаў новы нумар “Архэ” — дзеля Канвіцкага. Але пачаў з артыкула рэдактара часопіса В. Булгакава — агляду і аналізу кніг пра беларускі нацыяналізм (Арлова, Дубаўца, Лыча, Родзькі, Лукашука, Ёрша… У Н. Г-ча, канечне ж, прац на гэту тэму няма). Затым прачытаў інтэрв’ю з А.Хадановічам і матэрыялы аб ім, — нумар прысвечаны яму, як новай зорцы ў беларускай паэзіі.


27-га снежня. Брылёўна, як мы ласкава завем яе дома, забрала ў мяне рукапіс Чацвёртага тома — нібыта для канчатковай падрыхтоўкі да здачы ў набор. Рукапіс ляжаў у выдавецтве восень і зіму, тады, як стала вядома, што том пераносіцца на 2003, я забраў яго, недзе ў красавіку, каб там не пыліўся. Ну вось, месяцаў дзевяць праляжаў у мяне, а сёння Наталля панесла яго зноў у выдавецтва. Выказала пры гэтым нейкі аптымізм, але, але!.. Зусім не туды ўсё хіліцца, зусім не туды! Калі б прадаўся ці хаця б сядзеў моўчкі, “гніды падшчамя”, — дык быў бы і аптымізм, а затым і вынік.

Вярцінскі падсунуў мне нумар “Нёмана” з раманам А. Праханава — наўмысна, каб я прачытаў. Дык такі і прачытаў. Канцэптуальна, па ідэйна-эстэтычнай і палітычнай сутнасці — нічога новага для мяне не адкрылася. Усё тое, што я і мог чакаць. Хіба што смачна выпісаныя сцэнкі ўразілі, але ж гэта — дэталі. А ўвогуле — няшчасная, няшчасная Расея!.. А яшчэ горш няшчасныя мы!..


29-га снежня. Паэт з Берасцейшчыны Іван Лагвіновіч прыслаў мне два свае зборнікі вершаў — “Разлукі выраёвыя” і “Піліпаўка” (2000 і 2001; блаславілі ў свет — Пракаповіч Мікола і Алесь Каско, малайцы хлопцы, што заўважылі і падтрымалі гэтага таленавітага паэта). Лагвіновіч больш трыццаці гадоў ахвяраваў Данбасу, палавіну з іх, калі не болей, у падзямеллі, калоў вугалёк для Радзімы, нажыў цяжкую хваробу лёгкіх, у 50 гадоў выйшаў на пенсію і вярнуўся на Бацькаўшчыну, з 1992-га жыве ў Баранавічах. Вярнуўся паэтам — сталым, моцным, самабытным і — з добрай беларускай мовай (у Данбасе шмат друкаваўся на данбаса-рускай).

Лагвіновіч пытае парады, ці варта яму ўступаць у СБП. Сам я гатоў выйсці з гэтага СБП, але рэкамендацыю яму напішу, — пакуль у Саюзе ёсць Каско, Пракаповіч, Мацяш і… я, грэшны, — ён будзе з намі.


30-га снежня. Не зусім дарэчы, бо — пераднавагодняя мітусяніна, зайшлі з “рабочым пытаннем” Андрэй і Алена Лапцёнкі. Яны будуць складальнікамі зборніка паэзіі пра Беларусь, які мяркуецца выдаць у серыі “Народная бібліятэка”. Задума гэта належыць Лапцёнку-бацьку; я горача яе падтрымаў: абавязкова такую кнігу трэба выдаць, — кнігу, якая будзе істотна адрознівацца ад ранейшых (часоў СССР) тым, што не мецьме слядоў хваласпеву бальшавіцкай імперыі, што адлюструе самае шчырае і самае запаветнае слова беларускіх паэтаў пра сваю “краіну-браначку”. Натуральна, у ёй будуць прадстаўлены паэты новых пакаленняў і — што асабліва важна — паэты з беларускай дыяспары, паэты-эмігранты, слова якіх пра Беларусь раней на радзіме не гучала. Гэта я і сказаў сёння “на кансультацыі” ўкладальнікам будучай кнігі.


31-га снежня. Вось і завяршыўся 2002-гі — чорны, нядобры, неспрыяльны год. Нядобры і для маёй Радзімы, і для майго народ, а значыць — і для мяне. Нічога, што хоць бы трохі ўсцешыла душу, ён не прынёс.

А што напісаў за год? Жменьку “танкаў” ды дзесятак публіцыстычных цыдул? У такім узросце, калі трэба даражыць кожным днём? На што ж я зблоціў 52 тыдні? Да таго ж і здароўе ссадзіў — у нейкую разваліну ператварыўся… І ад Новага — анічогачкі не чакаю. Анічагусенькі!..

* * *
Завяршыўся 2002-і — завяршыўся і дзённік майго жыцця. Больш запісаў не раблю. Не бачу сэнсу. Каб нехта некалі зразумеў, у які час я жыў і як лёс са мной і з намі абыходзіўся, — дастаткова таго, што напісана: і ў дзённіку, і ў артыкулах, і ў вершах…

Бывай, мой самы шчыры суразмоўца! Сказаць “да сустрэчы”, на жаль, не магу. Бывай!

Ніл Гілевіч