Паварот на лета [Нiна Мацяш] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

мне то памяць тваю, то няласку прарочыць.
Жыву без цябе, як без лесу бяроза на ўзгорку
Высокая, дужая, толькі заўжды ў адзіноце,
Нязломная, толькі ці ведае хто, як ёй горка
Адной грэцца сонцам, калі гэта сонца ўзыходзіць...
Чакаю цябе.
1972


* * *
Я думала, люблю адну вясну:
Вясной так лёгка пераблытаць, дзе я,
Вясною так пяюць ва мне надзеі, —
Я думала, люблю адну вясну.
Я думала, што восень не цярплю:
Так непрытульна і маркотна ўвосень,
Так адзінока з тым, што не збылося, —
Я думала, што восень не цярплю.
Але загуў прасторы сіні звон —
І колькі часу ўжо адно ўяўленне
У родны край вядзе, як у збавенне, —
Ударыла разлука ў сіні звон.
І ўсё прымаю, лета і зіму,
Паводку бурную і ліставею.
Калі зямля, як сонца, душу грэе, —
Благаслаўляю лета і зіму!
1972


ЯЛІНА
Не пытаю, яліна, чаму
З боку поўдня пышней тваё голле:
Неаднойчы і нада мной
Сцюжа люта скуголіла.
І зусім не пытаю, чаму
Ты ніколі у поле не выйшла:
Без сябрыны побач і я
Не выжыла б.
1973


КРЫНІЦА
Бярозавым святлом упала поўня
У ціха разгайданы ветрам гай.
Абавязкова некалі прыпомніць
Табе твая шчаслівая туга
І гэты гай, і апантанасць поўні.
Пачуццяў іншых абарваўшы прывязь,
Абавязкова вернецца сюды
Твая душа,
як па жывіцу, прыйдзе
Да гэтае крынічнае вады,
Пачуццяў іншых абарваўшы прывязь.
Яна адна тут, ясная крыніца.
Цяпер ты і не думаеш, бадай,
Што толькі ў ёй адзінай і бруіцца
Жыццё, якім гаворыць з намі гай.
Любоў... Яна — як гэтая крыніца...
Бярозавым святлом упала поўня...
1973


СОН-ТРАВА
Якая дзіўнасць... Аж неверагодна...
Схмялелы ліпень, чабаровы свет,
І раптам — кропляю нябёс пагодных —
Званок світальны сон-травы ў траве.
Якая дзіўнасць... Дзе, у чым прычына,
У якой нястачы вод, святла, цяпла,
Што кветка толькі зараз расцвіла,
Свой май у ліпні толькі прыручыла?
Якая дзіўнасць... Я крануць не смею
Бунтоўны, не ў пару, яе агонь:
У хмельнасці чабору страсна спее
Званок няспраўджанага сну майго.
1973


У ВЯНОК ЛЮБЕ
* * *
Твая істэрыка раздратавання
Пры возеры, пераплываным мною,
Калі цябе жахае, што жывою
Мяне прадонне ўжо неверне,
Не!—
Твой лямант
Зноў і зноў мяне ратуе ў цяжкім сне...
Няўжо і там,
І за мяжою невяртання,
Табе так страшна плачацца
Па мне?..
* * *
Знаёма-новы,
Ледзь абжыты дом.
Мне абжываць яго.
І1 ты
Заходзіш.
Не прывідам —
Жывая.
Пытаешся, ці я ўзяла вазон —
Без кветкі ў хаце
Як без гаспадыні...
З патайным хваляваннем
Я дзялюся
Арэхамі з табой.
І ты ўсміхаешся, бярэш...
А неўзабаве,
Цябе схаваўшы похапкам за дзверы,
Аўтобус,
Перапоўнены людзьмі,
У пільную дарогу вырушае.
Праз шыбу шэрую
Твая відаць мне постаць.
Ды ты ўжо не звяртаеш
Увагі на мяне.
Сачу шчымліва,
Як прападае ў далечы
Аўтобус...
Вяртаюся ў тон звычна-новы дом,
У ледзь абжыты:
З краю на стале —
ТАБОЙ ПАКІНУТЫЯ
МНЕ АРЭХІ...
* * *
...Усе задумы, словы, крокі, сны —
Яны не абрываюцца труною:
У душах блізкіх ядрацца яны
Неўразумелай, жорсткаю віною.
А свет — ранейшы?.. І не той, і той:
У кожнага свой смех і свае слёзы.
Атаву спеліць позні травастой,
І кнігаўкі крычаць ў апошніх лозах.
Усё, як пры табе. І я сама
У клопатаў ранейшых у палоне,
Як пры табе. Але цябе — няма,
«Няма й не