Паварот на лета [Нiна Мацяш] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Сваіх разумных, асцярожных сёстраў. —
Я маю знаць, што там, за гэтым лесам.
Я толькі гляну і назад вярнуся».
А за дубровай стэп ляжаў асмяглы,
Любімы толькі кавылём ды ветрам.
І рэчка-неўгамонка навучыла
Яго, няплоднага, сады выпешчваць.
«Малю, застанься тут! Навек пашана
І слава з тваім імем будзе зліта».
«Даруйце... Але ж мне мусова трэба
Даведацца, што там, за той гарою...» —
Шапнула рэчка стэпу вінавата.
Быў шлях яе і доўгі, і нялёгкі.
Нарэшце стаў лавіць напяты слых
Якісьці невыразны, певыказны,
Як мара неакрэсленая, пошум.
Забілася няроўна, гулка сэрца
У шчасным прадчуванні адкрыцця.
Ды трэба ж!
Паслізнулася рачулка
На шэрай, абыякавай скале
І ўніз — грудзьмі ў бяздоннае правалле!..
I, падаючы, шчэ вярнуць паспела
Замоўленай сівой цясніне мову
І на ляту ўжо ўчула шчэ пра мора,
І мільганула яснае: «Дайсці б!..»
Жыла-была рака...
Жыві, рака!
1970


АДЛІГА
Перапацелі шыбы, учора шызыя,
І цінькаюць цяжкія кроплі зрэдку.
З чаго ж ты, сэрца, радасцю пранізана?
Я толькі ў маі знаю цябе гэткім!
О сэрца, ты такое рызыкоўнае:
У студзені адліга — не прадвесне.
Табе ж хапае промня выпадковага,
Каб ашукацца
І каб уваскрэснуць!
1970


Я ВАС ЛЮБЛЮ
На Ваша «ты» сказаць Вам «ты» не смею,
І калі позірк позіркам злаўлю,
Як птушанё, спалохана нямею.
Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.
Святла, што падарылі, не растрачу.
І шчырых слоў ніколі не згублю.
...Нашто журба у цёплых зрэнках Вашых?..
Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.
1970


НЕСПАКОЙ
У мяне ўсё добра, ціха, ясна.
Гэткі ж ясны і спакойны дзень.
Дык чаму ж, як пры бядзе уласнай,
Штось таемнае душу гняце?
Сонца залівае тратуары
У абдымках густалістых ліп.
Углядаюся ў людскія твары:
Чый жа боль сягоння мне баліць?
1971


* * *
Ціхая ласка рук,
Стрыманы дотык вуснаў...
Замоўкну. Перагару.
У будні мае вярнуся.
Нібы дзве зоркі мы.
Значыць — не месца скрусе.
Будуць грымець грамы, —
У будні мае вярнуся.
Будуць старэць сады
У штоліпнёвай задусе,
Стануць гады ў рады...
У будні мае вярнуся.
Пісьмы ўсе... не спалю...
Памяць скручу у вузел.
Забуду зусім. Разлюблю.
У будні мае вярнуся.
...Думала, мур кладу.
Верыла, што — надзейна.
Раду якую знайду?
Дзе ж мне цяпер падзецца?
Ціхая ласка рук,
Стрыманы дотык вуснаў...
Зноў не згараю — гару...
Зноў не згараю — гару...
1971


* * *
А можа, так яно і трэба,
Каб то буран, то капяжы,
Хадзіць у буднях, як у зрэб'і,
Свой несці крыж і даражыць
надзеяй, роспаччу і верай?
Так, толькі гэтак быць павінна:
Аднойчы спрагнуць трох дарог
І выбраць тую пуцявіну,
Дзе згубай грозіць кожны крок,
каб — усміхнуцца пераможна!
...З адным не прымірыцца мне:
Што я кахаю Вас, Вы — не...
1971


ВЯРБА
Хто ўпершыню назваў цябе плакучай,
Самотная вярбіначка-вярба?
Відаць, вялікім горам быў засмучаны,
Нязмернаю была яго журба,
Калі ў табе, датуль незаўважанай,
Сябе самога раптам распазнаў,
Як некалі дзікун, спасцігшы занава,
Што сутнасць і людзей, і дрэў — адна.
І што даецца толькі тым жывучасць,
Хто годны ў муках сцвердзіць сваё «я».
Ці не паэт назваў цябе плакучаю,
Вярба мая, сястра мая?
1971


* * *
Чакаю цябе. Так жаўронак світання чакае,
3 чужой чужаніцы дадому вярнуўшыся ўночы.
Чакаю цябе. У сваім неспакоі блукаю,
Які