Паварот на лета [Нiна Мацяш] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Ніна Мацяш Паварот на лета


Падрыхтаванае на падставе:  Мацяш Н. Паварот на лета: Вершы, паэмы.— Мн.: Маст. літ., 1986.— 158 с.: іл.— (Б-ка беларус. паэзіі).


Copyright © 2013 by Kamunikat.org



* * *
Лёс мой,
лёс мой — цяжкі колас,
часам — цяжкі камень...
Мне люляць цябе да скону
кволымі рукамі.
Мне з табою
быць сам-насам
і несці у людзі
то ў кароне промняў ясных
ды ў пчаліным гудзе,
то шукаць табе ратунку
ад навалы чорнай.
Час падлічвае рахункі,
мелюць часу жорны.
Думкі, крокі,
гнеў і радасць, —
будзе хлеб ці ўдалы?
Не скрывіць душой ні разу —
гэта шмат ці мала?
І любіць ажно да болю,
як матулін голас,
Беларусь — і сонца, й долю...
Лёс мой,
цяжкі колас!
1970



АГОНЬ УНАЧЫ
Няма святла.
Відаць, абрыў на лініі —
Вятрыска ж круціць, нібы ашалеў.
Прыклала ноч свае далоні сінія
Да шыб, дрыжачых пад гундосы спеў.
А мне — утульна, нечакана хораша,
Прыціхшы, слухаць буру і сябе,
Ступаць за думкай без шчымлівай горычы,
Як аратай за плугам пры сяўбе.
Ды раптам сэрца працяло трывожнае:
А што, калі з дарогі хто зблудзіў
Ці проста страшна стала падарожнаму,
Што ў непагадзі ён зусім адзін?..
Асмалак свечкі леташняй каляднае
Шукаю ў скрынцы вобмацкам хутчэй —
І вось ужо з акна майго выглядвае
Скупы агеньчык, добры гном начэй!
Шыбуй сюды, знявераны і стомлены!
Тут рук сяброўскіх шчырае цяпло.
І падалося мне:
сам шквал надломлены
Быў гэтым кволым, прызыўным святлом.
Калі ў сваёй дарозе, часам здрадлівай,
Згублю з-пад ног збалелых цвёрды грунт,
Я так хацела б, каб і мне здагадліва
Агеньчык нечае душы спагадлівай
Выратавальна ў вочы зазірнуў.
1967



НАДЗЕЯ
Цябе разгубленасць
катавала,
Ты спатыкалася,
ды ўставала.
Цябе паліла
агнём няўдачы,
А гы па прыску
ішла гарачым.
Канала ты
на кастрах адчаю,
Ды зноўку з попелу —
жывая!
Даўно б згібела
без цябе я,
Мой добры Фенікс,
мая надзея.
1967



АМО ТЕ
«АМО ТЕ, АМА МЕ, FIDES IMMORTALES» —
«Кахаю цябе, кахай мяне,
вернасць бяссмертна», —
пісалі старажытныя рымляне
на заручальных пярсцёнках.
З Рыма, з даўніх-давён,
Праз стагоддзі-вякі,
У абрадавым звоне крыштальным
Прыкаціуся пярсцёнак
Да жаночай рукі,
Прыкаціўся пярсцёнак
Да мужчынскай рукі, —
АМО ТЕ,
АМА МЕ,
FIDES IMMORTALES.
Блаславіў Гіменей,
Абяцаў Гіменей
Сонца, шчасце раскрыленых даляў.
І выстукваюць сэрцы
У цябе і ў мяне:
АМО ТЕ,
АМА МЕ,
FIDES IMMORTALES.
Па жыцці не прайсці,
Каб не зведаць бяды.
Нам бы ж толькі пярсцёнкі шапталі
Праз вясну і праз слоту,
Праз сівыя гады:
АМО ТЕ,
АМА МЕ,
FIDES IMMORTALES.
1968


РАСЧАРАВАННЕ
Расчараванне — як абвал.
Хіба ўгадаеш гэта ліха?
Уцёк каменьчык з-пад нагі,
За ім знянацку і другі,
Чацвёрты, восьмы... Шчэ імгненне —
І вось пад кручу ужо, уніз,
Лавіна груку і камення!
Галёкне рэха ў катлавіне,
Заб'ецца спуду ў стромах сініх,
І раптам стане ціха-ціха...
Расчараванне — як абвал.
1969


* * *
Памяці Леаніда Якубовіча

Я — камень, кінуты ў раку.
Кругі, расходзяцца кругі,
Усё шырэй, шырэй, здаецца.
Ды раптам зыркне бліскавіца,
І ўжо не вочы ўбачаць — сэрца:
Усё шчыльней, шчыльней кругі...
1970


ЖЫЛА-БЫЛА РАКА
«Не адгаворвайце, — рака прасіла
Сваіх разумных, асцярожных сёстраў. —
Я маю знаць, што там, за гэтым лесам.
Я толькі гляну і назад вярнуся».
А за дубровай стэп ляжаў асмяглы,
Любімы толькі кавылём ды ветрам.
І рэчка-неўгамонка навучыла
Яго, няплоднага, сады выпешчваць.
«Малю, застанься тут! Навек пашана
І слава з тваім імем будзе зліта».
«Даруйце... Але ж мне мусова трэба
Даведацца, што там, за той гарою...» —
Шапнула рэчка стэпу вінавата.
Быў шлях яе і доўгі, і нялёгкі.
Нарэшце стаў лавіць напяты слых
Якісьці невыразны, певыказны,
Як мара неакрэсленая, пошум.
Забілася няроўна, гулка сэрца
У шчасным прадчуванні адкрыцця.
Ды трэба ж!
Паслізнулася рачулка
На шэрай, абыякавай скале
І ўніз — грудзьмі ў бяздоннае правалле!..
I, падаючы, шчэ вярнуць паспела
Замоўленай сівой цясніне мову
І на ляту ўжо ўчула шчэ пра мора,
І мільганула яснае: «Дайсці б!..»
Жыла-была рака...
Жыві, рака!
1970


АДЛІГА
Перапацелі шыбы, учора шызыя,
І цінькаюць цяжкія кроплі зрэдку.
З чаго ж ты, сэрца, радасцю пранізана?
Я толькі ў маі знаю цябе гэткім!
О сэрца, ты такое рызыкоўнае:
У студзені адліга — не прадвесне.
Табе ж хапае промня выпадковага,
Каб ашукацца
І каб уваскрэснуць!
1970


Я ВАС ЛЮБЛЮ
На Ваша «ты» сказаць Вам «ты» не смею,
І калі позірк позіркам злаўлю,
Як птушанё, спалохана нямею.
Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.
Святла, што падарылі, не растрачу.
І шчырых слоў ніколі не згублю.
...Нашто журба у цёплых зрэнках Вашых?..
Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.
1970


НЕСПАКОЙ
У мяне ўсё добра, ціха, ясна.
Гэткі ж ясны і спакойны дзень.
Дык чаму ж, як пры бядзе уласнай,
Штось таемнае душу гняце?
Сонца залівае тратуары
У абдымках густалістых ліп.
Углядаюся ў людскія твары:
Чый жа боль сягоння мне баліць?
1971


* * *
Ціхая ласка рук,
Стрыманы дотык вуснаў...
Замоўкну. Перагару.
У будні мае вярнуся.
Нібы дзве зоркі мы.
Значыць — не месца скрусе.
Будуць грымець грамы, —
У будні мае вярнуся.
Будуць старэць сады
У штоліпнёвай задусе,
Стануць гады ў рады...
У будні мае вярнуся.
Пісьмы ўсе... не спалю...
Памяць скручу у вузел.
Забуду зусім. Разлюблю.
У будні мае вярнуся.
...Думала, мур кладу.
Верыла, што — надзейна.
Раду якую знайду?
Дзе ж мне цяпер падзецца?
Ціхая ласка рук,
Стрыманы дотык вуснаў...
Зноў не згараю — гару...
Зноў не згараю — гару...
1971


* * *
А можа, так яно і трэба,
Каб то буран, то капяжы,
Хадзіць у буднях, як у зрэб'і,
Свой несці крыж і даражыць
надзеяй, роспаччу і верай?
Так, толькі гэтак быць павінна:
Аднойчы спрагнуць трох дарог
І выбраць тую пуцявіну,
Дзе згубай грозіць кожны крок,
каб — усміхнуцца пераможна!
...З адным не прымірыцца мне:
Што я кахаю Вас, Вы — не...
1971


ВЯРБА
Хто ўпершыню назваў цябе плакучай,
Самотная вярбіначка-вярба?
Відаць, вялікім горам быў засмучаны,
Нязмернаю была яго журба,
Калі ў табе, датуль незаўважанай,
Сябе самога раптам распазнаў,
Як некалі дзікун, спасцігшы занава,
Што сутнасць і людзей, і дрэў — адна.
І што даецца толькі тым жывучасць,
Хто годны ў муках сцвердзіць сваё «я».
Ці не паэт назваў цябе плакучаю,
Вярба мая, сястра мая?
1971


* * *
Чакаю цябе. Так жаўронак світання чакае,
3 чужой чужаніцы дадому вярнуўшыся ўночы.
Чакаю цябе. У сваім неспакоі блукаю,
Які мне то памяць тваю, то няласку прарочыць.
Жыву без цябе, як без лесу бяроза на ўзгорку
Высокая, дужая, толькі заўжды ў адзіноце,
Нязломная, толькі ці ведае хто, як ёй горка
Адной грэцца сонцам, калі гэта сонца ўзыходзіць...
Чакаю цябе.
1972


* * *
Я думала, люблю адну вясну:
Вясной так лёгка пераблытаць, дзе я,
Вясною так пяюць ва мне надзеі, —
Я думала, люблю адну вясну.
Я думала, што восень не цярплю:
Так непрытульна і маркотна ўвосень,
Так адзінока з тым, што не збылося, —
Я думала, што восень не цярплю.
Але загуў прасторы сіні звон —
І колькі часу ўжо адно ўяўленне
У родны край вядзе, як у збавенне, —
Ударыла разлука ў сіні звон.
І ўсё прымаю, лета і зіму,
Паводку бурную і ліставею.
Калі зямля, як сонца, душу грэе, —
Благаслаўляю лета і зіму!
1972


ЯЛІНА
Не пытаю, яліна, чаму
З боку поўдня пышней тваё голле:
Неаднойчы і нада мной
Сцюжа люта скуголіла.
І зусім не пытаю, чаму
Ты ніколі у поле не выйшла:
Без сябрыны побач і я
Не выжыла б.
1973


КРЫНІЦА
Бярозавым святлом упала поўня
У ціха разгайданы ветрам гай.
Абавязкова некалі прыпомніць
Табе твая шчаслівая туга
І гэты гай, і апантанасць поўні.
Пачуццяў іншых абарваўшы прывязь,
Абавязкова вернецца сюды
Твая душа,
як па жывіцу, прыйдзе
Да гэтае крынічнае вады,
Пачуццяў іншых абарваўшы прывязь.
Яна адна тут, ясная крыніца.
Цяпер ты і не думаеш, бадай,
Што толькі ў ёй адзінай і бруіцца
Жыццё, якім гаворыць з намі гай.
Любоў... Яна — як гэтая крыніца...
Бярозавым святлом упала поўня...
1973


СОН-ТРАВА
Якая дзіўнасць... Аж неверагодна...
Схмялелы ліпень, чабаровы свет,
І раптам — кропляю нябёс пагодных —
Званок світальны сон-травы ў траве.
Якая дзіўнасць... Дзе, у чым прычына,
У якой нястачы вод, святла, цяпла,
Што кветка толькі зараз расцвіла,
Свой май у ліпні толькі прыручыла?
Якая дзіўнасць... Я крануць не смею
Бунтоўны, не ў пару, яе агонь:
У хмельнасці чабору страсна спее
Званок няспраўджанага сну майго.
1973


У ВЯНОК ЛЮБЕ
* * *
Твая істэрыка раздратавання
Пры возеры, пераплываным мною,
Калі цябе жахае, што жывою
Мяне прадонне ўжо неверне,
Не!—
Твой лямант
Зноў і зноў мяне ратуе ў цяжкім сне...
Няўжо і там,
І за мяжою невяртання,
Табе так страшна плачацца
Па мне?..
* * *
Знаёма-новы,
Ледзь абжыты дом.
Мне абжываць яго.
І1 ты
Заходзіш.
Не прывідам —
Жывая.
Пытаешся, ці я ўзяла вазон —
Без кветкі ў хаце
Як без гаспадыні...
З патайным хваляваннем
Я дзялюся
Арэхамі з табой.
І ты ўсміхаешся, бярэш...
А неўзабаве,
Цябе схаваўшы похапкам за дзверы,
Аўтобус,
Перапоўнены людзьмі,
У пільную дарогу вырушае.
Праз шыбу шэрую
Твая відаць мне постаць.
Ды ты ўжо не звяртаеш
Увагі на мяне.
Сачу шчымліва,
Як прападае ў далечы
Аўтобус...
Вяртаюся ў тон звычна-новы дом,
У ледзь абжыты:
З краю на стале —
ТАБОЙ ПАКІНУТЫЯ
МНЕ АРЭХІ...
* * *
...Усе задумы, словы, крокі, сны —
Яны не абрываюцца труною:
У душах блізкіх ядрацца яны
Неўразумелай, жорсткаю віною.
А свет — ранейшы?.. І не той, і той:
У кожнага свой смех і свае слёзы.
Атаву спеліць позні травастой,
І кнігаўкі крычаць ў апошніх лозах.
Усё, як пры табе. І я сама
У клопатаў ранейшых у палоне,
Як пры табе. Але цябе — няма,
«Няма й не будзе...» — сэрца захалоне.
Дык што ж такое, гэтае жыццё?!.
Я азіраюся: твой сын малодшы
На ўзмежжы, колючыся аб асцё,
Збірае ў жменьку цёплыя валошкі...
1974



* * *
Штогоду з бярозы
мільярды насенінак падала,
І сёння мільярды віруюць,
як зорная россып,
Каб з іх прараслі —
апраўданнем, аплатаю —
Чатыры бярозкі.
1974


ВАСІЛЬКІ
Як рана васількі завасільковелі!
Ці гэта я спазняюся? Няўжо
Мінулася вясна? Адна аскоміна
Перапарэлых, выгарклых дажджоў...
Спазняюся. Ва ўсім... І рассыпаюцца,
І выпадаюць звёны спакваля,
Як поры года з пачуццёвай памяці,
Памкненняў, дружбы звёны...
А ў палях
Красуе жыта! Як і трэба ў чэрвені.
Не знае глеба ленасці душы.
Каля дарогі ў каласоў гушчэвіне,
Як воклік лета, васілёк дрыжыць.
1974


* * *
Твайго палону прагну я —
Не адпускай мяне, работа.
Хай дыхае у твар спякотай
Ралля суровая твая.
Адно на ёй, адно на ёй
Каласаваць таму спакою,
Што непастойнасцю сваёй
Знявечаную памяць гоіць.
Ён, як бясцэнны дар, нясе
У плыні руху забыванне,
Што след наш тут — след па расе,
Што вечны тут адны пытанні.
Але з прасветласцю якой
Сцвярджаць я свету не баюся
Сваёю кожнай баразной:
Жыву!
Люблю!
Не наталюся!
1974


ТРЫ ПЕСНІ
Колькі песень ты, мамачка, некалі ведала —
мора!
Калі рэдка спяваевда,
мусяць яны забывацца.
А тры песні твае
не канчаюцца нават у горы:
Песня працы,
Яшчэ — песня працы,
І зноў — песня працы.
1974


* * *
Не сніся мне. Навошта снішся мне?
Усё між намі выяснена, вырашана,
І пра ўгавор наш помню я і ў сне.
Не сніся мне.
А стрэч не пазбягай. Не бойся стрэч.
Цябе маёй пяшчотай не абражу я.
Рук не ўскладу на шалі тваіх плеч.
Не бойся стрэч.
Насупраць сядзем. Ты ўсміхніся мне.
І я ў адказ — спакойна і нязмушана.
Пра угавор наш помню я і ў сне...
Не сніся мне.
1974


БАЛАДА МАРЫ
Дзівосным пер'ем грае цёплы птах, —
Ажно шчыміць і замірае сэрца
Ва ўзбуджана шчаслівай паняверцы
Раскошу гэту бачыць блізка так.
І рукі узлятаюць да яе,
І пальцы чуюць трапятлівасць цела!
Але,
зіхоткая,
амаль нясмела
Ірвецца птушка прэч
і растае...
Асірацела гойдаецца трон —
Вечназялёны куст, што цуд той гушкаў.
Была такой вясёлкаваю птушка —
Скуль на далоні чорнае пяро?
1974


* * *
Мы стрэнемся, хоць нас ужо не будзе,
Не будзе ні мяне, ані цябе.
Наступнікі, нязнаныя нам людзі,
Аявяць немагчымае цяпер.
І той, хто нас адорыць стрэчай гэтай, —
Сярод уласнай лютае зімы
Знячэўку словам нашым абагрэты, —
Не будзе нават ведаць ён, што мы
Нягучнай тою, запаветнай песняй,
Што болем адазвалася на боль,
Нябачана ў чужой душы ўваскрэслі.
...А тут я размінулася з табой.
1974


СНЕГАПАД
Замець —
3 белага свету ды з чыстага поля.
Як дзівосна туліцца гарачай шчакою
Да шалёна-вясёлага твару завеі...
Зноў, як некалі, толькі ў харошае веру.
Зноў, як колісь,
пяшчотай заходзіцца сэрца.
Толькі белая замець. Ні гора. Ні смерці.
Белы вір раўнавагі. Ні здрады. Ні звады.
Не канчайцеся, вейце, мае снегапады...
1974


ЛЯ БЕЛАГА ВОЗЕРА
...I ўскіне возера, ускалыхне
3 таемнага прадоння белы ранак.
Мой светлы друг!..
Вялікшае, што мне
3 вялікшых радасцей наканавана.
Мой шчодры друг!..
Адзінае, над чым
Уладны тлен не будзе мець улады,
Калі, як скнара, прымецца лічыць
Па мне
маю
за права дыхаць
плату.
Усё ягоным будзе, нат пітво
3 кастальскае крыніцы, нат маўчанне.
Без намагання толькі вобраз твой
Узмые горда з рук яго кашчавых.
Калі ж пад восень кіне цераз луг
Дарогу месяц, выштукуе срэбрам,
Я і з нябыту ўбачу: ты, мой друг...
Душ знітаванасць...
Хваль азёрных грэбні...
1974


НАДЗЕІ, ЯКУЮ ПРЫВЯЛІ ЗА РУКАУ
Ты ўсё перамінаешся ў парозе?
Шкада, не ўласнай воляю прыйшла...
Ну што ж! Праходзь. 3 тваіх сясцёр цвіла
Тут не адна, ды час іх памарозіў...
Ах, тыя, хто прывёў цябе сюды, —
На свеце найдарожшыя мне людзі.
Хай кожны крок іх крокам шчасця будзе
Праз доўгія, пагодныя гады!
Прысядзь на хвілю. Я не затрымаю.
Даруй, затрымваць — проста не хачу.
За ўсё на свеце тут жыццём плачу.
(Нібыта ў тым бальзакаўскім рамане,
Шматок шчыгрыну менее ўваччу...)
Ты мне — чужая, хоць цябе сюды
Паслалі найдарожшыя мне людзі, —
Хай кожны крок іх крокам шчасця будзе
Праз доўгія, пагодныя гады!
Твая вясёлкавасць не ўскалыхне.
Таму, хто яваю не ашуканы,
Навошта мыліцы самападману?
Пакінь мяне.
1975


БАЛАДА РУХУ
Біты шлях пад нагамі
ці ні следу няма?
То імгла,
то прызыўна далягляд замаячыць,
Быццам змрок расхінае
святлістая доля сама
Рукою гарачай.
Пагражальна правіслі над зямлёй правады —
Чалавека хітае
ад смяртэльнай напругі
Шчасцятворнай, пакутнай,
самаахвярнай хады
За другі.
Быць не можа ў братэрства нічыйных палос,
Між людзей
быць не можа старонняга болю!
Даўжынёй у стагоддзі дарога;
толькі днець пачало
Над доляй.
1975


БАЛАДА ПАМЯЦІ
Цвіла пяшчотным лёнам неба сінь.
Жаданая, чаканая, уладная,
Ішла —
не ў госці йшла, а назусім
Да чалавека
Радасць Безаглядная.
Ёй бачылася ўжо, як шумна ў дом
Увойдзе гаспадыняй раным-раненька.
...Сурова заступіў дарогу дот,
Аброслы мёртвым зеллем і крываўнікам.
1975


ДВА ДРЭВЫ
Прыпыніцеся, дні, пачакайце!
Лёт шалёны...
...Пасадзі пад акном маім, бацька,
Рабіну і клёна.
Я не ведаю дрэва, якое
Красамоўней рабіны
Мне сцвярджала б заўсёднай парою,
Што нягоды любыя
Можна мужнай душой адолець
(Так, як маці)
І з падсечаным нават голлем
Цвету не страціць.
Я не ведаю дрэва, каб гэтак,
Як клён, гаварыла
Пра ранімасць бацькоўскага свету,
Пяшчоту і сілу...
Пасадзі пад акном маім, бацька,
Рабіну і клёна.
Век над лёсам дачкі калыхацца
Санцалюбным іх кронам.
1975


КАЛЫХАНКА МАМЕ
Быць разам выпадае нам так мала...
Забудзь трывогу вечную сваю,
Прыляж, мая натомленая мама,
Як некалі ты мне, табе спяю.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі —
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
З вясной сваёю, любая мая.
Хоць кропля з абяцанага нам маем
Збываецца праз мулкія гады.
Прыляж, мая даверлівая мама,
Спяю табе, як мне спявала ты.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі —
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
З вясной сваёю, любая мая.
Любоў нябёсы над табой трымае,
Любоўю зораць дні ў тваім акне.
Прыляж, мая усмешлівая мама,
Спяю табе, як ты спявала мне.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі —
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
3 вясной сваёю, любая мая.
1975


ЗВЫЧАЙНАСЦЬ ПАД МІРНЫМ НЕБАМ
Гарэзяць на падворку дзеці.
Курыць туманцам нізкім пожня.
Усё звычайна ў гэтым свеце:
І першы ўсхліп, і ўздых апошні —
Як дым над комінам вясковым,
Як тонкі месяца акрайчык.
Спакон вякоў было такое:
Смяюцца людзі, людзі плачуць.
Ступае на каціных лапках
Ноч зорна-жнівеньскае масці.
Чаму ж ад кволай думкі зябка —
Што згэтуль знічкай мне прапасці?
Усё звычайна ў гэтым свеце,
І першы ўсхліп, і ўздых апошні —
Былі каб толькі вечна дзеці,
І дым над комінам, і пожня!
Ды як набыць бясстрашнай сілы
Без горычы, без наракання
Сысці ў нябыт, а што любіла —
Пакінуць тут усё дазвання,
Калі й надзеінка не свеціць,
Што ўпэўніцца зноў будзе можна:
Усё звычайна ў гэтым свеце —
І першы ўсхліп, і ўздых апошні?..
1975


ТРЫ ДУДКІ
Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі!..
Падзьмеш у адну —
і высахнуць слёзы;
У Другую падзьмеш —
засмяешся знячэўку;
Возьмеш трэцюю —
пусцішся ў скокі...
Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі!
Паўжыцця давялося схадзіць,
Каб здабыць вас,
І цяжка даць веры яшчэ,
Што ў руках у мяне вы.
Але ў першую дудку
таямнічага слова
падзьму —
Высыхае слязіна;
Паднясу другую да вуснаў —
і ўсміхацца гатова;
А на трэцяй зайграю —
смех паклоніцца нізка слязе
За спатканае шчасце.
1975


* * *
...Трапечаш між людзьмі —
Ліст у лістве густой.
Расіначку садзьмі —
І ліст ужо не той.
І ўжо інакшы свет,
Інакшы ў часу твар.
Пакуль ты у лістве,
І ты —
яна, ліства.
У слотнае радні
І ўлік свой, і правы.
...Чуць, як лістком адным
Балюча
куст жывы...
1976


ПЕРШЫ СНЕГ
Над даляглядам вечар устае,
У шыбы вецер апантана ляскае,
І снег, і снег, як спозненая ласка!
...I гэтак жа, як ласка, растае.
Яшчэ лісты самотныя гараць,
Яшчэ не ўся трава ў зіму ўмарожана.
Не гавары са мной неасцярожна,
Пяшчотай выпадковаю не рань.
На недавер мне сіл яшчэ стае.
Не веснавосць з вясёлкавымі краскамі —
А снег, а снег, як спозненая ласка,
І гэтак жа, як ласка, растае...
1976


ТЫ
Быў.
І не было.
Пры выпадковых,
Неназолістых спатканнях зрэдзь
Бестурботна ападалі словы
3 доляю ні радаваць, ні грэць.
Быў.
І не было.
Не бачна воку,
Як карэнне дастае з зямлі
Пад ільдамі, камянямі сокі,
Каб у дрэва
песню лета ўліць.
Дзёрзка выбухнула лістота —
Твая пяшчота.
Што яна шукала ў маім лёсе?
Сцверджання?
Бунтоўнай праваты?
Што шукала — ці знайсці ўдалося?
Быў.
І не было.
І раптам — ТЫ!..
1976


* * *
«Палюбі мяне! Палюбі мяне...» —
Прашаптаў і асек дыханне...
Хістанулася ранне
У расчыненым насцеж акне,
Скаланулася да глыбінь
На пагоду свежа і золка...
«Палюбі мяне, палюбі!..» —
Трапятнулі зраселыя зёлкі.
Голас хутка мацнеў і рос,
І ўжо там, дзе яснелі далі, —
«Палюбі!..» —
Светлякі бяроз
Неба звон загайдалі!
Ты, як промень, прыціхлы быў,
А над нашым асмяглым летам —
Страсны голас планеты:
«Палюбі!.. Палюбі!..»
1976


* * *
Як мне прывыкнуць да самой сябе,
Цяперашняй, невызначальна новай?
Адкуль,
3 якой неспасцігальнай сховы
І рухі гэтыя мае, і словы?
У рос пытаюся —
Яны маўчаць.
У зор пытаюся —
Яны маўчаць.
А прыйдзеш ты,
Запознены, здарожаны,
Шапне крывінка кожная:
«Харошы мой!..»
Пратрубіць безагляднасць раскавана!
Як мне прывыкнуць да сябе —
Каханай?
У рос пытаюся —
Яны маўчаць.
У зор пытаюся —
Яны маўчаць.
А ты ўсміхаешся шчасліва...
1976


* * *
— Дзе завязваюцца ветры,
Тыя,
Што прыносяць буру
У чалавечую душу?
— У пустынях адзіноты.
1976


БЯЗЛАДНАЯ РАЗМОВА
Пагаварыць з табою трэба мне,
А я пакутна падбіраю словы:
Зусім дзяўчынка ты ў маіх вачах,
А я ў тваіх чытаю столькі болю...
Як недарэчна, што душы мудрэць,
Мужнець ёй толькі ад рубцоў уласных,
І раны, што скрывавілі мяне,
Цябе не ўберагуць ад ран тваіх.
Паслухай, сёння, калі што й скажу,
І прыгадаю пачуццё, якое
Абразай падсякалі, як з абрэза,
Не думай, што цябе хачу суцешыць
Падобнасцю людскіх перажыванняў:
Не ўсцешыла б мяне бяда чужая,
Хай і ў мінулым гэтая бяда.
Цяпер, калі па валасах маіх
Усё натхнёней чыркае галубка
Крылом з’інела-белым,
Я хачу
Упэўніцца, ці гэтак, бы ў юнацтве,
Да новых ран маё гатова сэрца...
1977


* * *
Шчэ не журуся я па харастве,
Якое параскрадваюць маршчыны.
Смуткую: без мяне мае сцяжыны
Марнеюць па пяску і па траве.
Па мураве, па камені, вадзе
Мной не адкрыты свет мяне гукае,
І з немагчымасцю ўсё не звыкаю,
Пакуль мне Парка ніць сваю прадзе.
Пакуль яе не абарве няўзнак,
Мне столькі трэба зведаць і пабачыць
Людзей у працы, весялосці, плачы,
Каб зразумець, што так, а што не так,
Што не па-людску складваю ў жыцці.
Падчас і па чужых краях журуся,
А хопіць і куточка Беларусі,
Каб цэлы век свой да яе ісці.
1977


* * *
Адна...
Яна яшчэ здалёк відна:
На выгарбку, вятрам усім адкрытым,
Стаіць сухая, чорная сасна,
Як даўкі сімвал тлену і нябыту.
Ні дрэўца, ані кусціка —
Вакол
Крыжы ды цёмны камень надмагілля.
Ды сухастоіна, нібы дракон
3 вычварна пакручастым мёртвым крыллем...
Так давялося на вяку сасне
Быць сведкай толькі гора ды няшчасця,
Што сіл няма ўжо ні зазелянець
Хоць голькаю адной,
Ні ўпасці.
1977


СКАРГА ДЗІКАЙ ЯБЛЫНІ
Я у сад хачу!
У той прасторны сад,
Дэ.е вішанна, і яблычна, і грушна, —
Мне тут, на ўзмежку вольным гэтым,
Душна.
Мне млосна ад прасторы навакол,
Між быльнягу учэпістага стыну:
Там,
Блізкай дзе няма душы, —
Пустыня.
Я у сад хачу!
Я клопату хачу!
Бязглузда ж усыпаць пладамі вецце,
Каб іх стаптаў,
Каб змарнаваў іх
Вецер.
Я ў сад хачу!
1977


ДЗЕВЯТАЕ МАЯ
Доўга цень на долю падаў,
Я свой ясны дзень шукала, —
А яго закалыхала
Ноч
на белым голлі саду.
Ледзь шчакой крануся вецця —
Абсыпаюць цветам промні.
Як цябе, глыбока помню:
Мірам
гэта ўсё завецца...
1977


* * *
Той краёчак далягляду
І дагэтуль прад вачыма:
Дзве ляцелі
аблачыны
Па краёчку далягляду!
Паасобку,
Ды суладна,
Так напеўна,
Так парыўна,
Побач, поруч,
Неадрыўна
ад краёчка далягляду!
Незліянае адзінства,
Блізкасці, і меж улада,
І нятоеная радасць —
На краёчку далягляду!
Разам —
І падмен не трэба!
Роднасць —
І даволі платы!
На краёчку далягляду —
Ў самым сэрцы свайго неба!
1977


РОДНАСЦЬ
Падумаць толькі, што нас падзяляла...
Ты ж быў у маім лёсе!
Ды цяпер
Такое адчуванне, што не знала
Ніколі я сапрауднага цябе.
Падумаць толькі...
Спела столькі часу
Прыхільнага сяброуства цеплыня,
Каб раптам натуральна так пачауся
Адлік інакшы новым нашым дням.
Усё, жыло падспудна што, употай,
Цяпер лунае, за вітком віток.
Няпэуны сум
свядомай стаў маркотай,
І радасць адшукала свой выток.
Падумаць толькі: мне ты
не прысніўся, —
Іначай
як бы стацца так магло,
Што страх
набыў акрэсленыя рысы
І яву
спадзяванне набыло,
Што знойдзе чалавек, чаго шукае,
Пакуль,
пакутай моцная,
расце
І ў сэрцы прага роднасці людская
Не саступае месца
пустаце.
1977


* * *
Кажы ласкавыя мне словы,
Дары пяшчоту мне сваю,
І прызабудуся вяснова,
На ўскрайку шчасця пастаю...
Хай хоць на момант ашукаю
І немагчымасць, і бяду,
Так хораша і нечакана
Вакол мезенца абвяду!
І сіл прыбудзе мне нанова,
Прад непапраўнасцю ўстаю, —
Кажы ласкавыя мне словы,
Дары пяшчоту мне сваю.
Не ўсё збываецца, і, мусіць,
Пара змірыцца з гэтым нам.
Але пакуль душа не хлусіць,
Што песня ты ў мяне — адна,
Мая апора і аслона
У безнадзеі на краю —
Кажы ласкавыя мне словы,
Дары пяшчоту мне сваю.
1977


* * *
Панянькавала за свой век нямала
Мар, і памкненняў, і жаданняў я,
А заклінаю так, як заклінала:
Хай беражэ цябе любоў мая.
Заступіць хай усе шляхі-дарогі
Любой нягодзе і любой слаце,
Каб, як хваробы, роспачнай знямогі
Ніколі не спазнаў твой доўгі дзень.
Якім ты ёсць і стаць якім гатовы, —
Хай светлай будзе лёсу каляя! —
Ад злой няўдачы, ад ліхой намовы
Хай беражэ цябе любоў мая.
За сэнс высокі, што жыццё займела,
За мой
вясёлкаю замкнёны круг,
Дажджынкай шызай ці сняжынкай белай
Я прыпаду к табе і паўтару:
Дзе б ты ні быў, якой бы ні была я
І кім бы для цябе ні стала я, —
Хай над табою ластаўкай крыляе,
Хай беражэ цябе любоў мая.
1977


* * *
...Успрымаць, як цуд, што я жыву,
Чую галасы бацькоў і руні;
Са здзіўленнем дзён маіх дратву
Пазнаваць у расспяваных струнах;
Дзівавацца каменю й лістку,
Дзівавацца кораню й дажджынцы;
Зноў адчуць, што я на валаску
Над прадоннем спеленых дажынкаў;
Ведаць пэўна, што рука твая
Мне не дасць аб камяні разбіцца.
Як магло са мной такое збыцца?!
Дзівавацца гэтаму ўдвая...
1978


* * *
Так доўга чалавек глядзеў пад ногі,
Навобмацак шукаючы дарог,
Нібы ў пачатку даў сабе зарок
Нідзе не спатыкнуцца, покі змога.
Якім пакутным быў няроўны крок!..
А зоры так зіхцелі над разлогай!..
І ўскінуў горда галаву нябога:
«Ад бед сябе я тут не абярог.
Быў я пакорны. Вырас нецярплівы.
Даволі плазаваць пад зорнай злівай:
3 самое зоркі дом сабе зраблю!»
І ўладна з гэткай сілаю шчымлівай
Наблізіў зоры да сябе!.. Шчаслівы
Ці будзе ён,пакінуўшы Зямлю?..
1978


СТУДНЯ
Уладзіміру Андрэевічу Калесніку

Піць.
Не толькі вуснам.
Сэрцу піць.
Кожны сам сваю капае студню.
Дзе ж мая крынічка спіць?
Важкі, вязкі глей далоні студзіць.
Піць.
Каб не адной.
Яшчэ кагось,
Шчэ адну хоць
Блізкую мне душу
Напаіць з калодзежа майго.
Да крынічкі я дабрацца мушу!
Уздыхну, шчаслівая, тады,
Праз гады дарогу пацалую,
Прыпаду да ломкае йады,
Смагу наталю
I... засмуткую.
1978


І ЧАЙКІ
Сугучча апярэння і паставы годнай,
Праніклівага зроку вастрыня,
Імклівасць дужых крыл,
Дакладнасць руху
Ім —
Лёткім злучнікам нябёсаў і вады —
Азёрным чайкам волялюбным
Дадзена.
І вось —
Яны
Над сметнікам крыкліва мітусяцца
I, нібы вераб'і караткапёрыя,
Да хрыпу сварацца
За чэрствую скарынку...
1978


* * *
Я думаю пра мой найлепшы дзень.
Узыдзе ён,
Як келіх макавы,
Вясёлкава зайграе
Насычанымі гранямі сваімі.
Як летні ясень, спраўджаны лістотай,
Як поле жыта з васільком у вуснах,
Нібы калодзеж з зоркаю на дне,
Знутры свяціцца неўгасальна будзе
Мой дзень найлепшы,
Крышталёвы келіх,
Ушчэрць наліты мірам на Зямлі.
Найлепшы дзень мой!
Мой блакітны птах.
Зялёны промень сонца пры заходзе.
Саргасавае мора ў акіяне.
Якая згода явы й летуцення,
Здзяйснення й помыслу,
Натхнення й плёну!
Як пахам яблык,
Як азонам вецер,
Як полымем касцёр,
Увесь працяты маёй любоўю
І маім каханнем.
О, дзень мой дасканалы!..
1978


ТВАР У ТВАР
Маладая,
Нібы расінка на лістку барвінковым,
Наструнена прыкіпела
Ля калыскі свайго немаўляці,
Не ў сіле адвесці вачэй
Ад чужога калецтва:
На калёсках
(не мае ног)
Па вуліцы рухаўся
торс чалавечы...
Скрып калёсак старога салдата,
Ледзь улоўны звон медалёў
Нясцерпным набатам званоў хатынскіх
Біў у скрыні жанчыны,
І ў ажынавых зрэнках яе
Перахлістваліся пякліва
Боль,
замяшанне
і страх,
А ў зграбнай паставе застыла
Насцярожанасць рысі:
Трапяткая рука захінала міжволі,
Усё захінала карунковай накідкай
калыску...
1978


* * *
Вечназялёнаю галінай —спробы
Няўтоленую смагу наталіць...
А непадсудны хіба толькі робат:
Яму нішто людское не баліць.
А нам — гарэць,
і падаць,
і ўзнімацца,
І праклінаць свой лёс, і пець хвалу.
На радасці не можаіп расстарацца,
Жыццё,
ну што ж — пакутамі хвалюй!
Бо не аслепіць дробязная ўдача,
Знарочыстую любасць не прыму...
Не марна
так па-веснавому
значыць
Барвяны ліст прыцьмелую траву.
Заўжды існуе недзе гай расцвілы
І светлякі ў зраселай мураве.
Хай вольна табе дыхасцца, мілы.
Твой сум кароткім ценем праплыве.
1978


ЧОРНАЯ ЗОРКА
За разважлівасцю, ўдумлівасцю —
Як за крапасной сцяной.
Годны рух цвярозы твой,
Слова сказанае ўзважана,
Столькі вытрымкі паважнай, —
Закратованы спакой.
О, якое гэта шчасце,
Што жыве на свеце хтось,
Каб хоць зрэдку, час ад часу
Выбаўляць цябе з палону
Незалежнасці тваёй.
Каб вяртаць табе самой
Існую цябе, такую —
Рассмяяную, слабую,
Безразважную, пакорную, —
Па якой няўсцерп смуткуеш
Па-за ўзведзенай сцяной
Волі й мудрасці тваёй!..
Спагадаеш чорным зорам,
Звышмагутным,
Тым, з каторых
І праменьчыку не вырвацца...
1978


СКАРБ
Аддаў сябе як скарб, шалёны скарб.
Разгубленай жабрачцы што рабіць з ім,
Як абыходзіцца,
Паводзіцца з ім, каб
Не злегкаважыць і не страціць
Дачасна?
Давер, як павадак,
Ашаламляе.
Глядзела
Глыбознымі трывожнымі вачыма,
Баялася даткнуцца:
Не зняверыўся б...
Дыхнуць не смела:
Не зняверыцца б...
Шукала супакою для душы.
Багатаму не спіцца.
А рана
Прыкідваецца толькі,
Што яе — няма...
1978


* * *
Запозненаю дзікаю ажынай
Узаемнасць наша дзёрзка расцвіла.
Мы ж бачылі,
Што лучная сцяжына
Па-за шляхамі нашымі была.
Мы ж разумелі,
Што блакітнай грывай
Праменны далягляд
Не нас
Заве.
І ўсё-ткі безразважна,
Як з абрыва,
Зрываліся ў йаш
Невымоўны верш.
«Чакай. Кахай».
Кахаю.
І чакаю.
На самаце.
Сярод людзей.
Цяпер
Само паветра дасканала знае,
Як ім балюча дыхаць
Без цябе.
1978


ПРЫЗНАННЕ
Тваё ніякаватае прызнанне —
Зялёны ветах у маёй спякоце.
Калі табе нялёгка
(Так сказаў),
Тады ты да мяне чамусь прыходзіш...
Зялёны ветах, засені галіна.
Як хораша яна знімае стому!
Малой драбнічкі толькі не хапае
У густой лістоце:
Расспяванай птушкі.
Калі б яшчэ і з радасцю сваёй
Прыходзіў да мяне ты,
Як дадому...

* * *
Сказала: «Лепей саматой».
Не лепш.
Сказала: «Так прасцей».
Куды як проста!..
І хлеб, з табой не дзелены, —
Не хлеб.
І шлях —
Абраны быццам не па росту.
Гайдаў Сусвет.
Упёрлася ў куток.
Лячыў парыў.
Прыгорбіла натома.
Як ні рыхтуй сябе загодзь —
Ніхто
Не можа да самоты быць гатовы.
А вёрсты ўсе ўмяшчаюцца ў адну
Адлегласць —
На працягнутую руку.
Даверліва ўсміхнуцца.
Працягнуць.
І збаўлены ад адзінотнай мукі.
Звычайны рух,
Магутней, і глыбей,
І справядлівей той касмічнай прорвы,
Якая
Адрачэннем ад цябе
Лядзяна зеўрае:
«Не руш,
Не роўня».
Чым далей ад паверхні мы зямяі,
То ўсё даступней нам яе глыбіні.
Імя тваё мне
Не перабаліць.
Ніколі.
Знаю.
Быў і ёсць.
Любімы.
1978


* * *
...I ён прыйшоў, мой час круты, калі
Уласны цень —
і той мяне пакінуў...
Нябёсы ўсцяж прыпалі да зямлі,
Нібы яны і сапраўды такія:
Неасцярожна ўскінеш галаву —
І панявечышся аб беспрасветнасць...
Знік цень.
І зноў на ўзяблую траву
Вярнуўся — свету хараство засведчыць.
І хоць абрысы чоткія яго
Зусім не паўтараюць форму цела,
Ён мной адметны: гэтулькі ж майго
Там
руху слова, справы, летуцення!
І сталася: ты — мной, а я — табою.
Шчыруе моўчкі наша вышыня,
Каб два абліччы ў адну сутнасць здвоіць.
Каб людзі памагалі й так, па двое,
Людскім страсцям пагодай набрыняць.
1978


ЦІ СКАЖУ
Ці скажу, што жыццё — не ўдалося,
Што была неспагаднаю доля,
Бо ўплятала куколь у калоссе,
Град і засуху слала на поле?
Як бы склаўся мой лёс, каб не знала
То празрыстай,
то душнай маркоты
Па ўсяму, што мяне абмінала,
Што не прыйдзе ні заўтра, ні потым?
Нагабаная ў жыце падкова
Вінавата паблісквае ў хаце:
Ля чужога агню
выпадковай
Грэцца ласкай чужога дзіцяці...
Быць залежнай ад поўні й вавеі,
Ад чужога маршруту і руху
Быць залежнай,
і помніць, і верыць,
Што я — голас іх радасці й скрухі.
Голас тых,
што здалеюць знямогу
(Мне ўдавалася ў болю не ўпасці).
Голас тых,
чыя ў сонцы дарога
(Выпадала мне зведаць і шчасце).
Узыходзіць, як каліва, слова.
Не згубіцца яму ў шматгалоссі.
Ці скажу, што жыццё — не ўдалося?
1978


ПЕСНЯ
«Сонцам
Дзень пачынаецца.
Ясным сонцам адметны дзень,
Як бы хмары ні слаліся нізка», —
Ценем вернай ахоўніцы
Песня гэта
Шчымліва за мною ідзе
Ад калыскі.
Не прыстаць,
Не здарожыцца,
Не звярнуць на пярэдых, спачын,
Не пакінуць абурана,
За сабою не ляпнуць дзвярыма, як векам.
Песня кіомніць:
Адступіся яна ад людское душы —
І ўжо не ўберагчы
Анічым
Чалавека.
1978


УЖО НЕ РАССТАЦЦА
Нам ужо не расстацца.
І табе без мяне па жыцці не ісці,
Як і мне без цябе —
Ні наплакацца, ні наспявацца.
Нам, не злучаным,
Вечнай прысутнасцю нашай трымацца.
Так рука адарваная ные, смыліць.
І захочам забыць,
А не зможам без болю астацца.
Нам ужо не расстацца.
1978


* * *
Час—
Рахманы, бясстрасны,
натурысты дзед —
Канаваў гаспадарна
(Прыняць бы з пакорай):
За агульным сталом нам
Не поруч сядзець,
Каб увагу сваю аддаваць тым,
Хто поруч.
Нам змірыцца б...
І мірымся —
Да пары, да красы,
Што бязлітасна тлум і самоту авесніць! —
І сальюць нашы смуткі свае галасы,
І хіснецца зямля ад суладнейшай песні!..
І забыта, знябыта, знепрытомлена дзесь
Тое рэха, што заўтра непазбежна паўторыць:
«За агульным сталом нам
Не поруч сядзець».
А й яны хочуць душ нашых,
Тыя,
Хто поруч...
1979


НАДМЕРНАСЦЬ
Пакрыўдзі мяне!
Як найвышшае ласкі прашу:
Пакрыўдзі бязлітасна,
Каб я не змагла дараваць.
Каб мне засталося адно толькі —
Перакрывавіць душу
І раз назаўжды
ад майго існавання цябе адарваць.
Завочная любасць твая неўгасаная —
Нібы крыніца глыбозна ў зямлі.
А мне, перасмяглай,
Сябе ратаваць столькі часу
адзіна сустрэчамі памяццю —
Сіл ужо вышай.
Мой божа, пакрыўдзі бязлітасна!..
Зернейку трэба загінуць у чорнай раллі,
Каб выжыць...
1979


* * *
Даруй мне полымнасць маю.
Яна балюча апякае
Цябе за вечнымі замкамі.
Папеленая, не чакаю
Адхлання ў прорвы на краю...
Даруй мне полымнасць маю.
1979


НА БЫСТРЫНІ
Няможна патураць тузе,
Каб яву засланіла зданню,
Каб зрабавала пакрысе,
Што скарбавалася гадамі.
Каб незаслужаны папрок
Не вырваўся нікчэмна з вуснаў.
Калі крыштальны быў выток —
Незамутнёным будзь і вусце!
Не змізарнець бы на вяку,
Не зблоцілася б глеба тая,
Дзе і крынічка б'е, пакуль
Рака плыве і не сплывае!..
1979


ПАВАРОТ НА ЛЕТА
Дні зімняга сонцастаяння!
Мяцельнае кудасы баль,
Калі на ўсяленскім аргане
Па нотах раскладзена даль!..
Дарога па следу смуткуе,
Сустрэчы — нібы міражы,
Пакуль сваю ўладу святкуюі^ь
Раскутыя маразы.
Раптова прасветлена гляне
Адліга з-пад волкіх павек, —
Дні зімняга сонцастаяння,
Цяпла неўміручы павеў!
Як шчодрацца блізкія вочы!
Як ломка адзвоньвае лёд!..
Цяпер ужо сонца не збочыць —
На лета яго паварот!
1979


* * *
Снягі абложныя прадвесне
Пратне травіначкі лязом,
І свет наш прадаўжальна змесціць
Паміж усмешкай і слязой,
І зноў панітавана будзе
Вясёлка траўня і слата,
І радасць гэтак лёгка спудзіць,
І стогну цяжка вылятаць.
Снягі прыпалыя прадвесне
Пратне травіначкі лязом,
І цэлы свет працяжна змесціць
Паміж усмешкай і слязой,
Дзе недазвол на безнадзейнасць,
Дзе спадзяванняў правата,
Што нас нявыказнае здзейсніць
Раней, чым прыйдзе немата.
1979


* * *
Ведаем, жывём занадта мала,
Каб на прыканцы не шкадаваць,
Што не ўсё, чым доля нас вітала,
3 годнасцю мы ўмелі адвітаць.
Ды ў часы расцугленых нейтронаў,
Прамянёвай хуткасці часы,
Так жывём, нібы ўжо забаронена
Выпадку наш промень пагасіць.
Быццам не паўвеку нейкіх толькі •—
Дадзена паўвечнасці ў запас,
І падбаць яшчэ паспеем з толкам,
Будзе дастаткова сілы ў нас,
Каб вярнуць запушчанаму саду
Плён надзеі і харашыню,
Каб, шануючы душы радню,
У сабе знайсці апору й раду...
1979


ЗЯЛЁНЫ ЛІСТ, ЧЫРВОНЫ КВЕТ
Не разбурай таго, што ёсць.
Душы звычайную прыязнасць
Стаць іншаю не абавязвай,
Пакуль нам хораша, як ёсць.
Адзін неасцярожны крок —
А свет зыначыцца адразу.
Пасля
вымогай не абразіць
Нас, немаёмных, лёгкі крок?
Зялёны ліст, чырвоны квет
На подзіў туга перавіты,
І крый нас божа пераблытаць
Зялёны ліст, чырвоны квет...
1979


АМАЛЬ КАЗКА
За гарамі, за даламі,
За бяссоннымі начамі,
Жыў ды быў вялікі цар —
Смутак, духу валадар.
Быў той дух і сам не зломак,
Моцны, горды быў той дух,
Адалець часінай злою
Мог любую ён бяду.
Добра нам даўно.вядома:
Страшыць толькі невядомасць.
Сёння знае дух паболей:
І ўсёведанне падчас
Пазбаўляе волі
Нас.
І тады прыходзіць смутак,
Запаноўвае ў душы,
І ягоны,
Ласкай люты,
Голас
Цяжка заглушыць.
Немагчыма запярэчыць
Праўдзе голасу таго,
Што ўскрывае недарэчнасць
Запаветнага ўсяго.
Як уласную няздарнасць,
Так яскрава бачыш марнасць
Спадзяванняў, намаганняў,
Пашанотнасці, кахання...
І адзіным выйсцем будзе
У безвыходнай той журбе:
Памагаць чым можаш людзям
І не плакаць аб сабе.
1979


ПУШКІН У МІХАЙЛАЎСКІМ
Па атрыманні ліста ад Дэльвіга
«Ах, мілы Дэльвіг!..
У каторы раз
Прыехаць абяцаешся, а час —
Сняжынка да сняжынкі --
У сумёты
Нагортваецца на маім двары...
Калі б вы толькі ведалі, сябры,
Якая тут сумота і самота!..
Як холадна і голадна без вас!..
Жывіцца, нібы вязню, успамінам!..
Не адпускаюць душу боль і віны,
А радасць не залучыш пра запас...
Яе да скону чалавек жадзён.
Да д'ябла цяжка гэта — быць шчаслівым,
Калі і ў хмелю канавана бачыць,
Што ўласны лёс бяссільны сам зыначыць...»
Глядзеў у вузкае акно паўдзён,
Як стражнік,
пэўны і немітуслівы.
І клаўся цень ад рамы крыжам шэрым
На стол з лістотай скрэсленай паперы.
1979


ЗАКАНАМЕРНАСЦЬ
Сэрца звычайнай канфігурацыі.

3 медзаключэння
То ці варта ўжо так непакоіцца, доктар,
Што яно, гэта сэрца маё
Са звычайным абрысам лісточка бярозавага,
Часам гэтак балюча трапеча,
Што сарвацца гатова?
Мяне ўразіла б іншае:
Каб у ім без пакуты варочаўся
Свет гэты белы...
1979


ЭЦЮД 3 ГІТАРАЙ
У гулкай звечарэлай вулцы
Гітары нечай
Скруха б'ецца,
То ўстрапятне,
То захліпнецца.
Пад ліхтаром начніца ўецца.
І мне тваё святло —
Сіло,
І сілы —
Вырвацца —
Не маю.
Расой вячэрняю —
Гаркота.
Гітары нечае
Маркота
У вулцы гулкай не ўціхае.
Нібы начніца тая, ўецца.
І горна да мяне хінецца.
Прытулку ў полымі шукае.
1979


ЛІЛЕЯ
Абысці б цябе мне за вярсту! —
Ножанькі прымлелі...
І на Чорным возеры растуць
Белыя лілеі.
І на Чорным возеры вясна, —
Берагі абжыты, —
Працінае плынь ажно да дна
Кветам старажытным.
І цвісці яму — не адцвісці? —
Таямніцы нечап...
Дзякуй, што цябе не абысці.
Дзякуй за сустрэчу.
1979


КРАСАВІК У САКАХ
Сустрэчы — што? Выпадак? Немінучасць?
О як было далёка да вясны
У доме тым пры возеры гаючым,
Што песціла і вергла ў продань сны!
Ішлі праз ноч агні палоскай вузкай
Да зор, на подзіў рэдкіх, угары.
«Пагавары са мной па-беларуску!
Пагавары!..»
Каля балкона кажаны ляталі,
Сам у сябе ўзіраўся карагач,
Адказвала сабачым брэхам далеч
На знерваваны чайчын покліч-плач.
А над усім —
Над сцішанасцю золкай,
Над кажанамі, што гусцілі вмрок,
Усходзіла гарачай чыстай зоркай
Матулі мова, — і відушчаў зрок.
Хай бед людскіх не развясці рукамі —
Успыхне слова выйсцем пра запас.
...Цвілі так блізка вочы васількамі,
І жыта, жыта абступала нас...
1980


А СТАЎ НАПАМІНАМ
Аклікаць юнацтва недарэчна,
Не было яго ў маіх гадах.
...Ты напраўду першы-лепшы стрэчны,
3 кім і размінуцца не шкада.
Раскладала ў цвёрдыя дзве столкі
Гарката, што можна мне, што — не.
...Ты напраўду субяседнік толькі,
3 кім прыемна пабалакаць мне.
Прыпадае да грудзей з павіннай
Сталасць марнакрылая мая.
...I нашто ж ты стаў мне напамінам,
Што мінаю, што мінаю я?..
1980


М. К. ЧУРЛЁНІС. ДЗЕНЬ
Ніяк не ўстаць.
Ніяк не распрастацца.
У невядомасць цягне, бы ў смалу.
Але ўпіліся ў край планеты пальцы,
Усходзіць галавы цяжкой валун!
А за спіною —
Дзень таго не бачыць, —
Хай бачаць тыя, хто сустрэне Дзень! —
Як тайны вырыс Космасу,
Маячыць
Светлая постаць —
Часу пільны цень.
Ляжыць зямля пустынная, нямая.
Стварэнню свету йсці ў каторы раз!..
Глядзіць нам проста ў вочы, не міргае,
З засцерагальна ўзнятым пальцам
ЧАС.
1980


МІНСК, 30 СТУДЗЕНЯ 1980
Нахалолы вечар на двары
Моўчкі пералічвае сняжынкі.
Усміхайцеся, мае сябры,
Гаварыце шумна, безупынку!
Дыскутуйце ў лад і неўпапад!
Сёння сэрца тонка сэрца чуе:
Развярэдлівы трывогапад
На планеце днюе і начуе...
Радасці непрыядальны смак —
Бо дарогі гора не пытае.
Гэта й нашай лучнасцю няўзнак
На зямлі пагода высвітае.
Поплеч, бліжай, блізкія мае!
Чалавека шмат што згубай страшыць.
Хай жыцця парукай устае
Поўнік дабраты й любові нашай!
Вечар за сняжынкамі цікуе.
Чуеце?..
Зноў
аўтамат такуе!..
1980


ЗАВЯЛІКАЯ
Як Самота з госцяй Радасцю развітвалася,
Дык усё яе пыталася, дапытвалася:
— Што ж ты, мілая, так мала пагасціла?
Пэўна, нечым я табе не дагадзіла.
Мо няўдалай гаспадыняю была я?
Мо табе мая святліца замалая?
Пакланілася ёй Радасць і сказала:
— Ах, тваёй мне ласкі шчырае хапала.
Ты прабач, што пабыла як для прыліку я.
Не малая твая хата. Завялікая.
1980


ЯК СНЕННЕ
Шэра і золка.
Вось мы і падсочаны
Вокам разлукі,
Каб назаўсёды, навек раз'ядналіся
Нашыя рукі.
Не гавару табе:
«Усё будзе добра».
Добра не будзе.
Можа, тады хіба толькі, як з памяці
Дні гэты збудзем.
Дні, што жывілі нас гэтак, як жывіць
Хлебная луста.
...Неяк прыслухаемся: а-ні-чо-га...
Ціха і пуста...
Толькі далёка-далёка ў свядомасці
Нешта адзначыць:
...лівень святла...
звонкі голас шчаслівы...
Сненне, няйначай.
1980


ШАРАЯ ГАДЗІНА
«Каханы, мой каханы!
Мне хораша з табою.
Ніводнае хмурыны
У небе нада мною.
Усе яны знікаюць
Яшчэ на даляглядзе,
Пакуль прысутнасць сведчыць
Твая
пра душ суладдзе.
Адужаю хваробы,
Не змоўчу на абразу.
Я знаю, што «Кахаю
Цябе» —
зусім не фраза.
Ахоўна і надзейна
Тваё пульсуе сэрца.
Я знаю, ёсць людское
І шчасце, і бяссмерце.
Есць сіла, што нітуе
Свет, горам дратаваны».
...Няма каму сказаць мне:
«Каханы, мой каханы!»
1980


ПЯТЫ СЕЗОН
На камянях, што жывяць нашы сцежкі,
Зазелянее шчырая трава.
Чым болып пакут, тым болей сіл трываць.
Настаў сезон аддаленай усмешкі.
Па злівах, бурах з перунамі, з ветрам
Мой дзіўны сад так повен злагады!
І ледзь гарчаць дзівосныя плады
Гаркотаю суцішанай і светлай...
1980


* * *
Былі словы, як шолах травы...

А. Вярцінскі
Вам сёння скажуць шмат харошых слоў,
Для гэтага ёсць не адна прычына.
Прыйду і я — цераз маіх паслоў:
Світальны вецер, зорку, аблачыну.
Калі натоміць Вас бяздарны дзень,
Бясконцым здасца доўгі шэры вечар —
Да золкай шыбы лёгка прыпадзе
І Вас аклікне мой світальны вецер.
І вы тады расчыніце акно,
І мова ветру будзе зразумета:
Утканы ў долі Вашай палатно
Усе калёры залатога лета.
Павольна пройдзе ў Вас над галавой
У час той аблачына, ціха скажа:
Мінецца морак, як мінуцца ёй,
І зноў пагодна будзе ў небе Вашым.
Там вечна зорцы лучнасці цвісці,
Той лучнасці з зямлёй, з сябрынай, з песняй,
Што памагае па жыцці ісці,
Што не дае душы прагоркнуць плесняй.
...Вам сёння скажуць шмат харошых сдоў.
А свята — нібы пяцьдзесят аерын...
Я аддаю Вам трох маіх паслоў —
На шчасце, і на сілу, і на веру!
1981


МОСТ
Кажуць, ноч была цёмнаю вельмі.
Не заўважыла змроку:
Мне твой воблік свяціў цеплавокі.
Кажуць, ноч была ветранай дужа.
Не запомніла слоты:
Атуляла ад ветру пяшчота.
Кажуць, снег нават падаў уночы.
Калі гэта і праўда —
Растапіла яго наша радасць.
Я не згасну былінкай бязраднай,
Хоць і сцюжа навокал,
Покуль ты ў мяне ёсць, мой далёкі.
Не хачу ўжо нічога, нічоуа,
Ні лістоў, ні прыездаў —
Быццам мостам, звязала нас бездань...
1981


* * *
«Будзе лета, як звон, пустое».
Гэты голас даўно знаю.
Не затоім крыўду на тое,
Што адбыцца й не магло з намі.
Светлячок выпадковы блісне —
І да ўздрыгу вусцішна стане:
Абяцаўся свет быць вялізным -—
Звёўся да чакання світання.
Абяцаўся свет быць вадою —
Звёўся да ненатольнай смагі.
Глухне сад лебядою.
3 дзічкі зыркае расамаха.
1981


ПРЫ ПЕСНІ
І нядзеля
запанядзелена.
Чым каштоўным я тут надзелена?
Ёсць жытнёвы кут з тою хатаю,
Што на ласку мне так багатая.
У гародчыку спее мачына,
За сталом звініць песня матчына.
— Ой, жураўку, жураўку,
Чаго крычыш на ранку?
— Ой, як жа ж мне не крычаць? —
Трэба высака лятаць...
Падхаплю жалю мову шчырую:
Не вяртаецца жораў з выраю.
Хай не журыцца, хай не плачацца:
Далягляд з жальбы не зыначыцца.
Шкода толькі дня, той нядзелі мне,
Што святочнасцю так абдзелена.
1981


У ЛЮСІНЕ
А возера, як вока, поўнае
Глядзіць у сцішанасць маю.
Усё, што я люблю, што помню я,
Глыбока ў сэрцы прытаю.
Перагуло, перамалолася.
За ўсё заплачана спаўна.
Маўчаць дубы Якуба Коласа.
Якая далеч ім відна
За гэтым возсрам, за лёсамі?..
Падснежнікавая пара,
Не дай астацца безгалосаю
Каля яднальнага кастра!..
1982


* * *
Пытаешся, чаго маўчу.
Я не хачу
Парушыць гэтую магчымасць —
Паслухаць,
Што там, за вачыма,
За небам позірку твайго.
Загавару — і не пачую,
Што
Птушка часу нам вяшчуе.
1982


* * *
Снег упаў на голле залатое.
Толькі ўчора сонцам ліўся ліст —
А сягоння пад завейны свіст
Снег упаў на голле валатое.
І шчыміць разгублена душа,
Нібы не бярозка, а сама я
Так безабаронна адгараю, —
І разгублена шчыміць душа...
1982


ПЛАТА
Колькі важыць святло? —
З адказу на гэта
Прырода не робіць сакрэту:
Хоць бы столькі,
Колькі важыць пялёстак вішнёвага цвету.
А колькі ж каштуе святло? —
Белы свет
Знае плату адну за яго спакон веку:
Жыццё чалавека.
1982


ГОЛАС ЧАЦВЁРТАЙ
Усё гудуць на земным доле,
Гудуць пякельныя віры...
Хацела аднаго ад долі:
Душою з небам гаварыць.
...Ні ў кім, ні ў чым не паўтарыцца.
Скіпела ў слёзку — і няма...
Такому толькі там забыцца,
Дзе памяць знішчана сама.
Зноў сад магутна раскашуе
На попеле і на крыві.
Адно мяне, бярозку тую
Чацвёртую —
не ажывіць.
Калі ад душ кара адстане?
Крычы, мой лёс, пячы, шчымі,
Каб людзі ў шматмільярдным стане
Нарэшце зваліся людзьмі!
1983


* * *
«Я прыеду, як выпадзе снег,
Я прыеду пры першай парошы».
Мой харошы!
Так жыццё і складзем з гэткіх вех...
І чым болей марнуецца дзен
У пустой, адзінокай дарозе,
У знямозе
Усё той жа працяг ёй відзён.
Набярыся трывання і сіл,
Памудрэй, маё сэрца, нарэшце,
Дай давесці
Жаль без роспачы за небасхіл...
1983


НЕ СПАЗНІСЯ
Толькі мо ў казцы ёсць лёс —
нібы кошык,
Поўны адно медуніц ды суніц.
Бойся спазніцца са словам харошым:
Тонка прадзецца жыццёвая ніць.
А ліха не спіць...
Ах,
запіваць бы сухую скарынку
Наканаванага —
з чыстых крыніці
Бойся спазніцца з харошым учынкам:
Тонка прадзецца жыццёвая ніць.
А ліха не спіць...
1983


ПРЫЦЯЖЭННЕ ЧАСУ
Жыццё з маленькага вучыла:
Як ні мудруй тут, ні пручайся,
А немагчыма, немагчыма
Адолець прыцяжэнне часу.
Агорне веснавосць павеву —
І квеценню зазорыць мусіш,
Як абрыкосавае дрэва,
Прыручанае Беларуссю.
Скапычаныя смуткам гоні —
І неспазнанага прасторы...
Ты стаў дасведчанней сягоння,
А шчаслівейшы быў учора...
У ледзь ацямлівым галопе —
То па пустыні, то па жыце.
І стукае у грудзі попел
Усіх згарэлых побач жыццяў...
1983


* * *
Паверыла: душа заснула
І ўжо ёй не загаварыць.
...Як ад маланкі — аж хіснула:
ТЫ!.. мерна крочыў па двары,
Ішоў, і ў вокны углядаўся,
Шукаў, каторае маё,
І прызмерк нема ў ногі слаўся,
І бледнай зоркі вастрыё
У сэрца самае ўпілося!..
І знікла навалач слаты,
І загула, як прорва, просінь,
Куды мяне зноў рынуў ты!
1983


* * *
Цені ў кутках, як блакітная варта...
Сёння мы ў шчасця ў гасцях.
Можа, адзіна цяпер мы і варты
Жыцця.
Сёння, калі нашы душы пад знакам
Злітнасці і паўнаты,
Зараз, калі ў іх ні следу ніякай
Лухты.
Выстыў даўно ў белых кубачках чорны
Чай на вячэрнім стале...
Спеўна і вольна, нібыта на горнай
Скале!
Лётка, як птахам уразлівым дзікім
3 гордым узмахам крылаі
Цені, як варта блакітная... Лікі
Святла!
1983


* * *
Што ёсць сэнс? Няўжо адзіна справа,
Што з жыццём так моцна заручыла?
Дык нашто ж уваскрасаюць травы
Там, дзе лугу быць і немагчыма?
Косіць вокам счырванелым вечар,
Як трывае наша шчасце-мука,
Дзе адна — на ўсё жыццё — сустрэча
І адна — на ўсё жыццё — разлука...
1983


СУГУЧЧА
Не моўкне сонечнае рэха,
Сугучча наша доўжыць, доўжыць, —
Бы ты нікуды не паехаў,
Бы ты ўсё побач,
І ўсё той жа —
Пяшчотны, ўсмешлівы, шчаслівы,
Увесь у песеннай уладзе —
Як жаўранак над яснай нівай,
Як шпак у развяснелым садзе!..
Ты ўсё, усё мне,
Усё на свеце:
І кліч жыцця.
І прага смерці...
1983


ПАСЛЯ ШТОРМУ
Глыбокае ранне, глыбокая ціша.
І толькі заілена ўздрыгваюць хвалі.
«Мінулася бура, —
зняможана пішуць. —
Прайшла.
Прашалела.
Зноў ранне. Зноў ціша.
На беразе гэтым
Зашмулена-бурым
Вось-вось людзі з'явяцца —
Выпладні буры.
Паёд.
Па бурштын.
Па абломкі —
Хто ўчора
Блакітны свой паруснік
Даверыў мору».
1983


ЖЫЦЦЁ — ЯК КАЗКА
(да партрэта Сент-Экзюперы)
Жыццё, сапраўды, як казка:
Ідзеш ад бяды да бяды.
То сцюжна, то слізка, то гразка,
То моташна да жуды.
Туманам забрана поле.
Ідзеш ад надзей да надзей.
Але не сляпая доля.
Бо плуг твой цябе вядзе.
Канчаецца ўсё шчасліва, —
Шчаслівы ў казак канец, —
Заснеш пасяродку нівы,
Спакоены ўрэшце жнец.
1983


* * *
Пагаворым на розных мовах
(Разумеючы кожны нюанс),
Інстынктыўна творачы ўмовы,
Каб мацней не збліжала нас.
Пад крылом усвядомленай сілы,
Што пануем усё ж над сабой,
Бесклапотна прамовіцца: «Мілы»,
І ў сур'ёз не ўзвядзецца табой.
Прывітальным тваім: «Дарагая»
Толькі песня святлее мая,
Вечаровая песня над гаем
Непрыкаянага салаўя.
1984


* * *
Цікуеш за маімі песнямі,
Кажнюсенькую ловіш ноту,
Бо часта будні твае скрэслеыы
Рукой няшчаднай адзіноты,
Бо хочаш ты
Маёй пяшчоты.
Якія ж ісціны адкрыліся,
Што не хапае ўжо адвагі
Паўстаць супроць сваёй бяскрыласці.
Супроць уяўнай раўнавагі
Паміж натоленасцю —
Смагай?
Якою праўдаю апоена
Сама я на мяжы чужання,
Што знерухомелі абое мы
Тут, у паўкроку да світання,
Што ў золку
Бачыцца змяркашіе?
1984


* * *
Павечны мой!
Не мучся, не пакутуй.
Ні ў чым, ні ў чым няма тваёй віны.
Не лёдам —
Сонцам наша плынь пракута;
Усе каменьчыкі на дне відны...
1984


* * *
Слова маё не накліча бяды,
Вока маё не злое.
Шчасця твайго не сурочу й тады,
Як будзеш ты не са мною.
Толькі аднойчы, пры цёмным акне,
У задуменні мройным
Неасцярожна згадаеш мяне —
І смутак ляжа гарою
На ўтульнасць тваю,
На вясёлы твой дзень,
На памяць пра нас абоіх,
Дзе я, нібы голачка на вадзе,
Трымалася на любові.
1984


ЛЮДСКАЯ ДОЛЯ
Такая ўжо нашая доля —
Не ведаць адхлання
Ад болю за ўсіх нас,
Ад болю
І ад спачування.
Цягнуць, узваліўшы на плечы,
Уласную ношку
Пакут і надзей чалавечых
І ўласнай дарожкай
Стварыць хоць бы пробліск на выйсце
Знямогламу духам,
Каб ён,
Як пупышка — да лісця,
Быў прагны да руху.
Каб ён,
Нібы завязь — да плода,
Між горкага голля
Выспельваў людзям хіагоду.
Такая ў нас доля.
1984


АЛЕКСА ДОЎБУШ
Паэма-быль
(У скарачэнні)

...Мы абяцаем, што адальюцца ваўкам авеччыны слёзы, ні адзін крык сіроцкі, ні адзін пісяг сіні ад нагайкі багацея не застанецца неадпомшчаны. Дзеля таго мы, апрышкі Зялёнай Верхавіны, жывём і дзеля таго ўзялі ў рукі барткі[1]. Амінь.

Алекса Доўбуш з пабрацімамі.

3 «Маніфеста Доўбуша».

Львоўскія архівы рукапісных матэрыялаў.


...Алекса быў рослы, плячысты, цёмнавалосы, рухавы, з усмешлівым тварам, зыркімі вачыма, звонкім голасам...

3 запісанага ў 1850 г. расказу Шымана, 120-гадовага жыхара сяла Выжне Жаб'е.

Забыты плайчык[2] нёс з гарба на горб,
То ўзбоччам лысым, то стаёным лесам,
То паўз акенцы «чортавых» азёр —
На Чарнагору нёс свайго Алексу.
Але цяпер, калі кулак сціскаў
Цяжкой сякеркі абушок сталёвы, —
На першабытнае бязладдзе скал
У лесуновай схованцы яловай,
На перапады між вяршынь крутых
У гонкастволлі грабаў ды бучыны[3],
На неба, на арла, што ў ім застыў,
Глядзеў хлапец другімі ўжо вачыма.
Як у расінцы цэлы свет відзён,
Так і ва ўласнай крыўдзе раптам бачыш
Пакуту ўсіх людзей, і морак дзён,
І падсвядомасць прагі жыць іначай.
І хопіць іскру выкрасаць адну,
Каб узарваўся высушаны порах.
...Пра сестрыну заўчасную труну
Разнеслі вестку ўзрушаныя горы.
Узяў на вока панскі аканом,
Нібы вярбінку, ціхую дзяўчыну:
Усё дазволена, усё дано —
Ці першына чыніць такія чыны?!
Не перанесла гвалту над сабой
Шаснаццацігадовая Паранька:
Знайшлі ў крыніцы за сялом на ранку...
Не зашумець вярбіначцы вярбой...
...Алекса бег. Так малады алень
Шукае рады ад пагоні воўчай.
Так, вырваўшыся з-пад скалы, струмень
3 шалёнай сілай шлях свой новы точыць.
Ці змог бы хто, зірнуўшы на выток,
Прадугадаць усё, што ён натворыць?
Адно спрадвеку ведама: паток,
Народжаны гарою, крышыць горы.
Сягоння галавою налажыў
Ад гострай барткі аканом паганы.
Цяпер і сам іначай мусіш жыць, —
Цяпер апрышкам быць наканавана...
Ну што ж!
На сцежцы той — не першы след.
Алекса Доўбуш да ўсяго гатовы:
Спаць на каменні, з торбы есці хлеб,
А запіваць сцюдзёнаю вадою.
Ды хай не будзе пэўна аніхто,
Калі нагою лёгкі камень зрушыць
На круцізне галавакружнай, што
Не будзе сам тым каменем раздушаны!
Ды хай забудзе шляхта пра спакой, —
Даволі здзекаў з люду, нацярпеўсяі
Забыты плайчык стараной глухой
На Чарнагору нёс свайго Алексу.
...на ім была шапка з паўлінавымі пёрамі, прамасленая чорная сарочка, чырвоныя нагавіцы, абуты ў пасталы, за шырокім поясам дзве пістолі, парахаўніца, капшук для табакі, сумка, ружжо цераз плячо.

3 расказу, Шымана

Сінелі рукі ў ледзяной вадзе.
На іх раз-пораз хукала Марычка,
І зноўку часта пранік ляскацеў,
І Чарамош лавіў той гук прывычны.
Пануры дзень, халодны, шэры дзень.
Дзяўчына мыла шорсткую бялізну.
Сплывала пена, гінула ў вадзе,
А думы ўсё ля аднаго віліся.
Каб знаць Марычцы, дзе цяпер Багдан...
За лета ўсё — ні жадненькае весткі.
Бы сам быльнёг пасеяў па слядах
Размоў кароткіх і спатканняў рэдкіх.
Прыйшоў са снегам, з ліўнямі сышоў —
Навек застаўся радасцю і болем.
Вясёлы, дужы, стройны, як бучок[4],
Ен не расказваў пра сябе ніколі.
Адкуль ён, хто ён — от батрак, найміт,
3 адзіным правам: гнуць на панства спіну.
«Сяк-так даб'ю тут рэшту паўзімы,
А там падамся зноў на паланіну».
А ці пастушыў ён, ці дзе служыў —
Адно Марычка несумненна знала:
Той, за каго б яна жыццё паклала,
Не турбаваўся ёю, не тужыў.
На сто замкоў замкнуўся душны круг.
Адзіны, з болю — ў большы боль, масточак.
І падаў пранік з накалелых рук,
І дзень чарнеў пакутаю дзявочай...
...Шырока вядома ў цэлым Пакуцкім і Прадгорскім краях злосць і дзёрзкасць халопа Доўбуша, які ўжо тры гады з кучаю назбіраных апрышкаў нападае на шляхту.

Каронны гетман Іосіф Патоцкі.

3 універсала ад жніўня 1742 г.


...Аднойчы ў наша сяло Аславы прыйшоў Доўбуш і ўзяў вялікі сундук грошай у пана. А потым едуць усе па сяле, ён і яго трыццаць хлопцаў, як якое-небудзь войска, і ўсе грошы раздаюць.

3 расказу жыхароў сяла Чорныя Аславы

І ўжо хадзілі па Карпацці ўсім
Пра бессмяротнасць мсціўцы казкі-байкі:
Пра тры сярэбраныя валасы,
Што бераглі яго ад кулі й барткі;
Пра зелле-чары, што сівы дзядок
Зрабіў разрэз у далані юначай,
Паклаў у рану, каб нідзе нішто
Не адвярнула ад хлапца удачы.
Як трудна, людзі, усвядоміць нам
Маўклівую, як атам, нашу сілу...
...Не першы дзень стары блукаў, ды знаў,
Што ён не мае права не асіліць
Любой дарогі і любых нягод,
Пакуль не знойдзе Доўбуша, не ўмоліць
Яго малітваю сяла ўсяго,
Каб збараніў ад панскае сваволі.
Не бачыла Падольская зямля
Такога, як Златніцкі, жываеда.
За правіну найменшую сялян
Да смерці сек, у здзеках меж не ведаў.
Быў ротмістрам шляхецкіх карных войск,
Дзе ні з'яўляўся, лютаваў, як турак.
Насілле, згубу ўсюды нёс з сабой,
Не думаючы пра свае хаўтуры.
...Стары знямогся, сеў перапачыць.
Дрыжалі ногі ў хадаках абдзёртых.
Дастаў сухар, вадою размачыў,
Перахрысціўся і паднёс да рота.
Навокала — вяршыні ды лясы
У шчодрым сонцы й красавіцкім ветры.
Зусім блізенька падпірала сінь
Нязрушна-велічна гара Гаверля.
Так не вязаўся мірны краявід
У смузе пяшчотнай весняга разліву
3 пякельнай ношай крыўды, слёз, крыві
У сэрцы ў пасланца па справядлівасць.
Канаюць людзі пад ярмом чужым, —
Чаму ж вы, горы, так спакойна спіце?!
Нямое рэха ўзносіла ў душы
Імёны Мухі, Грывы, Цеслі, Пынты[5].
О не, не спалі горы: іх сыны
Цану сабе і ўласнай волі зналі!
Не закаваць свабоду ў кайданы,
Не вынішчыць яе на гострых палях.
Стары падняўся: божа, блаславі,
Хай будзе шлях раба твайго нядоўгі...
Усё вышэй альпійскіх лугавін
Сцяжынка слалася яму пад ногі.
...з апрышкамі сваімі па розных сёлах мае сховань і прытулак.

3 універсала гетмана Іосіфа Патоцкага, 1742 г.


...Бо нічога не хачу браць, толькі адпомсціць пану, а ўсю гаспадарку раздзялю паміж вамі...

Доўбуш — панскаму слузе.

Львоўскія архівы рукапісных матэрыялаў

Спрасонку ўздрыгнуў парк на ціхі свіст.
I —
ледзь стрымаў зялёны ўсклік здзіўлення:
У браму —
дзе ж падзеўся вартавы? —
Бясшумна ўскочылі трынаццаць ценяў.
Рассыпаліся паміж дрэў, кустоў, —
Няўжо не чуюць ваўкадавы? —
Да камяніцы крокаў сто, не далей...
Разнесла сціша перазовы соў...
Святлом трывожным бліснула акно
Златніцкіх спальні.
Кучаравы явар,
Што ўкаранеў пад самаю сцяпой,
Ажно знямеў ад згледжанае явы:
Сярод пакоя, як вясновы гром,
Стаяў Алекса Доўбуш!
На падлозе ж
Павержаны пан ротмістр дзіка роў,
Ірваўся з рук апрышкаў у знямозе.
Павіс шматамі далікатны шоўк...
— Твуй верх, рабуй, нягодны ты поднужэк[6]!
— Не па чырвонцы я сюды прыйшоў, —
Па ненавідніцкую тваю душу!
Грыміш ключамі ад раллі і хат,
Ад паланін, лясоў і цэркваў нават,
Ды на адно забыў ты: не запхаць
У кішэнь ключы ад дум пакутных нашых.
Ты рагатаў, што стогны, дзікі плач
Табе мілей, чым музыка любая, —
Цяпер на ўласнай скуры тко пабач,
Якія «смешныя» твае забавы...
І з гэтым словам Доўбуш свечку ўзяў...
Схіснуўся спалатнелы пан Златніцкі:
«Як смее гэты збуйца[7] і басяк!..»
Але зірнуў у твар яму — і ніцма,
Кулём упаў у ногі:
— Пашкадуй!
— Не я суджу, зямля мая тут судзіць!
...Услед апрышкам свежы вецер дзьмуў,
Услед з двароў сачылі ўдзячна людзі, —
У старане, як сена стог, палаў
Бездапаможна выкляты фальварак.
А золак гойдаў песню напалам
3 настоем маю роснага і гары:
— Е у мене топір, топір, та й кована бляшка,
Ек топірцем помахаю — ні пана, ні ляшка!..
1982


ПАЭМА ЖНІВА
Ляжыш на канапе, што раптам зрабілася лаваю.
Васковая свечка гарыць у цябе ў галавах.
І рукі твае спрацаваныя, рукі ласкавыя
На грудзях — як два перавяслы на полі жніва.
Дажала, матулечка, вось ты, матулька, й дажала
Усе свае болі, маркоты і ўцехі свае.
І рукі на грудзях так ціха, спакойненька склала,
Што дзецям тваім іх аплакаць і слёз не стае...
Васковая свечка паколі гарыць — дагарае.
У слоік з ячменем сыходзіць счарнелая ніць.
Хіба ж ты, матулька, была ўжо такая старая,
Настолькі старая, што ўжо расхацелася жыць?!
Ляжыш, прычасаная, ўбраная, як на вялікдзень.
І ў печы пячэцца твой белы — наш чорны — пірог...
Устань жа, галубка, устань, мая зорачка, выйдзі
Хоць глянь,
колькі люду сабраў твой зычлівы парог!..
Устань, мая родная, ты ж на дасвецці ўставала,
А гэта ж — паглянь толькі! —
сонца пайшло на заход...
Усмешкай людзей прывітай, як заўсёды вітала,
Няхай не стаяць так журліва ля нашых варот!..
Ой, мылі, ой, мылі крылмі вокны чорныя вораны!
А ты і тады ўжо маўчала, амаль як цяпер...
Што плавіла ты ў гэтай моўчы аддаленай горане?
Мо бачыла зорку дзявоцтва, што ўпала ў аер?
Усё нешта складвала, згортвала, — ні на хвілінку
Не ведалі рукі спачыну і ў злічаны час...
Ты ж, мамачка,
з кожнаю птушачкай, з кожнай зялінкай
Умела гукнуцца, — чаму ж не азвешся да нас?!.
Цябе ў маладосці, было, каралеваю звалі.
Знімі чорны смутак з сівога свайго караля!..
Ты ж, мамачка, гэтак любіла і кветкі і далі.
Паглянь, як — ажно да рыдання — красуе зямля!..
Навошта ўсё гэта?.. Куды гэта?.. Лапкі яліны...
Вянкі... Каснікі... Дамавіна...
Каму — дамавіна?..
Вясковая чорная вуліца... Людзі... Літанні...
Магіла... Аркестр... Пахаванне...
Чыё пахаванне?..
Потым цётка бярэ жменьку жвіру сырога з пагорка.
Просіць маму
з дзяцей сваіх зняць смутак цяжкі ды горкі...
А потым—сталы, на сталах—каша, боб і капуста...
Памінанне... Кароткія пацеры...
Няўцямна і пуста...
Ой, ляцела зязюленька
Цераз круту гору.
Пасеяла пшанічэньку,
Выжала палову.
Ой, навошта ж мне палова,
Як зерня не маю?
Ой, нашто ж мне жыць на свеце,
Як мамы не маю?..

* * *
Стала цёмнан цямніцай былая святліца...
І сніцца:
Апраметная цемра над хатай, над садам —
Нібы сонца на свеце зусім не было...
Злавесныя бліскаўкі за даляглядам
Толькі болей згушчаюць чарноцця сіло.
Я — пад нейкім скляпеннем. Я моўчкі блукаю
Паміж ложкаў, насілак, між хворых, калек.
Я маўкліва шукаю.
Я маму шукаю.
Пасярэдзіне залы — стол. На гэтым стале
Спісы. Доўгія спісы ўсіх тых, хто загінуў;
Хто без вестак прапаў;
Хто застаўся жывы.
3 краю — шчэ адзін спіс пад засохлай галінай:
«ЭРЭТЭК»... «ЭРЭТЭК»...
Ён не йдзе з галавы,
Дзіўны спіс «ЭРЭТЭК»...
Я не знаю, што значыць
Гэта слова. Не ведаю. Толькі мяне
Аж калоціць усю ад бязгучнага плачу:
Гэты спіс шыфраваны
спісу мёртвых страшней!..
І не моўчкі, а з крыкам ужо, з кулакамі
Я кідаюся на
нейкі цень, на
абрыс
Нейкай здані, якая і маму —
і МАМУ! —
Хоча ўнесці ў той спіс...
Там адзначаны, хто падлягае знішчэнню, —
Хто жывы, ды ўжо гэта не мае значэння...
А мяне адпраўляюць у іншую залу.
Я іду, маладая, прыгожая.
Мне
Тая здань з нейкан дзіўнай усмешкай сказала,
Што маму маю не кране...
Маладую, прыгожую, у паняверцы
Зноў мяне невымоўны мой смутак вядзе
З заміраннем зняможаным ціхага сэрца
Углядацца ў абліччы і твары людзей.
Іх тут безліч — такіх маладых і прыгожых! —
Гаманкі і гуллівы —
Жахлівы засеў:
Бо ўжо ведама, ведама мне, о мой божа,
Гэта — мёртвыя ўсе!..
І сама ўжо —
І гэта таксама я знаю —
І сама я хаджу сярод іх
Нежывая...
У сляпым, у раптоўным пякельным кастры
Спапялелі ўжо ўсе, і радня, і сябры...
У жывых толькі недзе мой брат і сястра:
Як ім выжыць, як жыць пасля ГЭТАКІХ страт?!
Дзеці ў ранах, у язвах, у страшнай каросце...
ШТО
пра нас дзеці думаюць там,
Пра дарослых?..
...Я расплюшчваю вочы.
На змятай падушцы
Грае сонечны зайчык.
За сцяной галасы.
Мне нядобра. Калоціцца сэрца. Мне душна.
Вокны песціць лагодай высокая сінь.
Пад нагамі зямля. Дол — адзіны навек.
А ў гарачыя скроні —
«ЭРЭТЭКІ..»
«ЭРЭТЭК!.. »


* * *
Упіўся козак, упіўся,
3 дарожанькі збіўся,
Вараному коню
На грыўку схіліўся.
Ой, бяжы ж ты, коню,
У чыстае поле.
Ой, там сіраціна
Пшанічэньку поле.
Пшанічэньку поле,
Куколь вырывае,
Вараному коню
Пад ногі кідае...
Памажы мне, песня, акрыяць...
Там, за летаў лёткай чарадою,
Можа, ўбачу маму маладою,
Бацьку маладым убачу я:
Быстрага русявага хлапца
3 яснымі блакітнымі вачыма,
Гнуткую чарнявую дзяўчыну —
У касе сцяблінка чабраца...
На пясках спануранай зямлі
Што было ў іх? Беднасць ды сіроцтва.
Што было? Юнацтва ды дзявоцтва.
Ды надзеі з марамі былі.
Не пазнаю кута, дзе ўзрасла,
Але ў шолаху лістоты ўчую
Бацькаву і матчыну вясну я,
Галасы журлівага святла...
...Цені перадсвітання
Так глыбока ў траве заляглі...
«Гэта ж песня — каханне.
А жыццю трэба хлеба, зямлі...»
Поўнік — вехцем саломы,
Растрывожана пахне аер...
«Я змагу! Я ж не ўломак!
Ты толькі чакай, ты — павер!..»
Залатой прыпарошай
Сыпле й сыпле жаўронак на ўсход...
«Зараблю-такі грошай!
Ці ж збаюся казённых работ?!
А не выйдзе... Што ж, любая,
Не ўпікну я ні словам нідзе,
Як хтось іншы да шлюбу,
Шчаслівейшы
цябе павядзе...»
Як пяшчотна вішанька цвіла!..
Мама, мама! Недарэчна, мусіць,
І пытацца, ці ў сваім замустве
Сапраўды шчаслівай ты была.
На тваім вясельным ручніку
І сягоння галубы туркочуць,
Што бярэцца сонцам свет сірочы,
Як каханне падае руку.
І казалі, бачачы цябе
У рабоце і ў гулянні, людзі:
— От каго ўжо доля шчыра любіць, —
Трэба ўдасца ж гэткай харашбе!
І ў руках яе — усё гарыць,
А і з твару — хоць вады напіся.
І каму ўжо, як не Мацяшысе,
І спяваць, як птушцы на зары;
Падрастаюць дзеткі, і мужык
Працавіты, добры ды талковы...
Мама, мама! Дзе яна, падкова
Шчасця-долі, на якой мяжы?
Мук жыццё адважвала спаўна.
Ты ж спявала, хоць душа балела.
Не магла інакш ты. Не хацела,
Каб пакута ўсім была відна.
Мацяркам бо вечна што пячэ?
Каб адно былі ў здароўі дзеці,
Каб адно было спакойна ў свеце, —
Большага чаго жадаць яшчэ?
Леты-зімы — вірам-мітульгою...
Ні таго здароўя, ні спакою...
Што чакае за крутой гарой —
Выявіцца толькі на вяршыні.
Птушка лёсу ўсё кругі вяршыла —
3 паднябесся да зямлі сырой...
Як жыццё любіла, мама, ты,
Як яму ты радавацца ўмела!
Ты для ўсіх, як зорачка, гарэла
Між будзёншчыны і гаркаты.
Успаміну светлы каласок:
Ты вяртаешся таропка з поля,
Малачай ды лебяда ў прыполе,
А ў руцэ — рамонкі для дачок...
Пад замкамі для цябе была
Азбука і мудрасць кніжных ісцін.
Поўнілася ты, як сокам лісцік,
Мудрасцю саўдзелу і цяпла.
Што вы з бацькам тут ні зажылі!..
Але вечна помнілі пра тое,
Што павага — самае святое,
Бо людзей з нас лепіць на зямлі.
Праз усё, што наканоўваў час,
Праз надзей змярканні і дасвецці,
Праз крывавы пот і боль па дзецях
Вас вяла, трымала любасць вас.
Гэткіх душ не пакалечыць быт!..
І ў мяне ад вас перакананне,
Што адзіна праца і каханне
У жыцці апірышча і шчыт.
Хоць з гадамі ў голасе тваім
Болыпала зажурынкі, матуля, —
Голас твой — і суд мой, і атулле,
Лепшае ўва мне згукана ім.


* * *
А ты ж і не ведаеш, ма,
што з табой адбылося,
Не ведаеш нават,
Што ўсё,
з чым зжывалася ты, чым жыла,
ад цябе адцялося...
Што раптам пайшлі ад цябе
ўсе дарогі твае і сцяжыны,
Пакінулі ўсе —
Па пяклівай расе,
па іржэўніку,
па ажавінні.
Што ўраз адступіліся і ад каленак тваіх,
і ад рук тваіх грады,
Адпрэчыўся кветнік,
І нават над ранішнім полымем печы
твая ўжо не ўлада.
Не ўлада, не ўлада твая ўжо
ані над дзяжою, ані над дайнічкай.
Навек, незваротна
Пайшлі ад цябе ўжо
і смага твая,
і крынічка.
Сышлі і піліпаўкі ўсе твае,
мама,
і спасы,
А ты і не знаеш,
Што цэлага свету знянацку не стала ў цябе
ўжо.
Ні свету, ні часу...
А ў тым, незамглёна далёкім,
пад вернай аховай
Любові і смутку
Нявыказна велічна, ціха
ў дуброве перадвечаровай.
Разгалыя кроны варожаць
змярканню ў задуме ўрачыстай.
Узнёсла. Харальна.
Між бурага лісту яшчэ так багата
зялёнага лісту.
Яшчэ нам ні разу не сніліся
войны нейтронныя. Поўнім
Мяхі жалудамі.
Яшчэ мы адзіна пра тое, што перад вачыма,
і помнім:
Вунь тата, вунь мама.
А вунь і мы, дзеці. Заўзята збіраем
Бурштын жалудовы.
І тата лагодна ўсміхаецца маме.
І мама жывая...
VII. 1982—IV. 1983


ТРЫ КАЛАСКІ ЛЮБОВІ І СМУТКУ
Трыпціх

1
Вось і ўсё. І за Вечнаю Брамаю весніцы,
За якімі душа ўмела ў сонцы пабыць...
Прымірыцца...
Не прагнуць таго, што не здзейсніцца.
Засяродзіцца: што тут шчэ змога рабіць?
Не ўціхай толькі, памяць мая здрасаваная.
Прытаўчу, прытапчу безнадзей гадаўё...
Свецяць, мамачка, рукі Твае спрацаваныя.
Мама, свеціць трывушчае сэрца Тваё...
2
А па начах ляцяць, як зёрны, знічкі.
Ссаламянела месяца брыво.
Гай амаўкае, слухае крынічку,
Якая зноў спявае пра жніво.
Жніво, жніво!
Высокая часіна
Цяжкой натомы рук і свята душ,
Ганараванне кожнай каласіны, —
Цяпер яе ніякі глум не руш!
Яна як чалавек, прайшла ўсё пекла, —
Жывою выйшла з павадку яна,
Яе і падмароззе не падсекла,
І суш яна змагла, і перуна!
І вось цяпер, на палявым улонні,
Каб кожны працаунік быў сыты,
каб
Лагоднеў свет —
у шчырыя далоні
Стакроць вяртае жыццяносны скарб.
А па начах спадаюць долу знічкі.
Усё празрысцей робіцца ў садах.
Да ранку чуцен голас той крынічкі,
Дзе з даўніх даўняў спеўная вада.
Ой, лета, лета, лецейка,
Даспела ў полі жыцейка.
Прасіў каласочак дзявочак:
— Сажніце мяне ў снапочак!
Бо я ўжо ў полі набыўся,
Буйнага ветру начуўся,
Дробнага дошчу напіўся.
А мне ўжо ў полі няміла,
Сонейка тварык спаліла,
Дык я паляжу ў стадоле
І зноў пабягу у поле...
А промні сонца ад расы абудзяць
Пшаніцу, жыта, ячмяні, аўсы —
І ў шчыравалыіым, у маторным гудзе
Знябудзецца мінуўшчына зусім.
Хай знебываецца, хай прападае —
Каму маркот бясхлебіцы шкада?!
Пяе крынічка, ды не дападае
Да мітуслівых
спеўная вада...
Ты нам даруй, матуля, тваім дзецям,
Што мы не ля магілы ў гэты час,
Што да паўночы з шызага дасвецця
Не адпускае хлебны клопат нас...
Даруй, хоць так было яно адвеку,
Заўжды вялося гэтак на зямлі,
Што трэба дбаць пра поўныя засекі, —
Не ўсім пра мёртвых думаць ёсць калі...
Жывым — жывое?
Што ж, жывым — жывое.
Тут, можа, й мудрасць людскага быцця,
Што раны нашы мы ў турботах гоім,
Каб мела наша спадчына працяг.
А ці ж яна адзіна ў хлебе — сале?..
Бядуе бацька: «Зводзіцца гняздо.
Дзяцей бязглузда выкрадаюць далі.
Нішто іх тут не ўтрымвае, нішто.
Раней была зямля патрэбна, хата,
А сёння — лёткай птушкаю ляці.
Цяпер людзей за добрую зарплату
3 гнязда крайсвету можна адвясці.
Дый робяць як?.. Здаецца, сама ў сіле,
Здаецца, дужы, сыты, малады, —
Крый бог, каб мы так замаладзь рабілі, —
І лыжкай хлеб не сёрбалі б тады!..»
Шуміць сасна над матчынай магілай...
Паслухай, мама, як сасну, мяне.
Усё, чым нас ты, мама, адарыла,
Мы ўжо не прамарнуем, не.
Якія б нам у твар вятры ні дзьмулі —
Яны любоў не выстудзяць ужо.
Да скону пчолам бараніць свой вулей,
Свой спадак працы, сонца і дажджоў.
Калі мы тут багатыя на ўсмешку,
На шчырасць, на давер, на песню —
мы
Багатыя табой, тваёю сцежкай,
Што ты ў вясну тарыла нам з зімы.
Калі на сонцы не шукаем плямаў,
Калі і роспач нас не заграбе,
Калі й надзеі мы не здрадзім,
мама, —
Мы гэтым абавязаны табе.
У нашым, часам з прымаразкам, леце
Удосталь і маланак, і асця.
Хай вам, бацькі, не плачацца па дзецях:
Нам сцежкі вашы весці ў глыб жыцця.
І хай кіруе векавая памяць:
Дзе толькі сытасць — там душы няма.
Не пакідай нас, ма!..
3
А ў палях так жыццядарна жыта
Абнімае маладую шыр!
Жыта, жыта, вечны скарб,
спажытак
Чалавечых цела і душы!
Бо ўміраюць з голаду й па людзях...
Покі ж ёсць што сеяць, ёсць што жаць,
Як шляхі жыццёвыя ні блудзяць —
А да Хлеба існыя ляжаць.
Да таго да Еднаснага Хлеба,
Што збірае за адным сталом
Тых, у кім гарыць адна патрэба:
Наталіцца роднасці святлом.
I, адчуўшы сэнс і веліч долі,
Гэты сэнс і веліч перадаць
І сваім унукам, каб ніколі
Ім не давялося жабраваць.
Каб ва ўпартым поступе да мэты
Без галечы, звад і калатнеч
Іх, як зерне, маладому свету
Не намульваў плечы прагны меч.
Каб нідзе занесены не быў ён,
Меч знішчэння, —
як цяпер завіс
Над саспелай нівай, над рабінай,
Што ўжо цяжка хіліць гроны ўніз,
Над буслом, які ўжо вырай чуе
І зямлі з паднебнай вышыні
Па дажджах, па маразах вяшчуе
Новых вёснаў сонечныя дні.
Мой турботны дзень, мая Нядзеля!
Лашчыць пальцы шорсткі каласок...
Краю родны!
Я ўжо неаддзельна
Ад цябе, як ад зямлі расток.
Вырві з глебы, што яго сілкуе, —
І змарнее, і засохне ён.
Я з табою ўсё перавякую,
Што нам ні намелюць жорны дзён.
Ці ж любоў альбо натхненне ўкрасці?
Ёсць дзівосы свету — абразы,
Ды яны ніколечкі не засцяць
Мне тваёй някідкае красы.
І дарогу гэту палявую
У бялёсай жнівеньскай смузе
Мне давеку ўжо любіць —
жывую,
А не ў той няўтоленай тузе,
Што ў хвалёнай некалі Канадзе
І па сёння смокча сваяка,
І па сёння неадступна надзіць
Несмяротны прывід васілька.
Колькі іх — з гаротнасці, з нястаткаў —
Так сябе самохаць адцялі
Ад свайго народа і зямлі...
Абміні мяне, такая доля,
Бо няма страшнейшага ў жыцці —
У чужым, у непрытульным доле
Ды прытул апошні свой знайсці!..
І каліна тамка не паплача,
І не тая зорка ў галавах...
Нават воран там
чужы
пракрача,
Што
чужая
прарасце
трава!..
Смерць — яна не ў кожным разе драма...
Родны дол абдымкі расхіне,
І ступлю я ў ростул Вечнай Брамы
3 краскай той, што мама рвала мне,
3 тою песняй, што яна спявала.
...Толькі б ведаць, толькі ведаць мне б,
Што жывы і свет, і жытні хлеб.
VI.1983

1

Бартка — баявая сякерка ў гуцулаў.

(обратно)

2

Плайчык — сцяжынка ў гарах (гуц.).

(обратно)

3

Бучына — букавы лес.

(обратно)

4

Бучок — малады бук

(обратно)

5

Важакі сялянскіх паўстанняў і апрышкаўскага руху на Галіцкай зямлі - ў XVI—XVIII стст.

(обратно)

6

Поднужэк — дрэнь (польск.).

(обратно)

7

Збуйца — разбойнік (польск.).

(обратно)

Оглавление

  • Ніна Мацяш Паварот на лета
  • *** Примечания ***