Над пляцам (fb2)


Настройки текста:





Леанід Дранько-Майсюк НАД ПЛЯЦАМ


Вершы


Падрыхтаванае на падставе: Леанід Дранько-Майсюк, Над пляцам: Вершы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1986. — 86 с.


Радзіма паэта — Давыд-Гарадок, таму зразумела, што да асноўных матываў кнігі далучаны матыў удзячнасці роднаму гораду і яго жыхарам. Тэма творчасці і працы ўвасоблена ў выразных, зрокава-дакладных вобразах. Постаць Дубоўкі, убачанай праз далеч дзесяцігоддзяў, рамантычная ў рэвалюцыннай рэчаіснасці 20-х гадоў.


Рэцензент: Уладзімір Някляеў


© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010

МЭТА


Ёсць пачуццё, і дастаткова
У вершы можна свет змясціць.
I верш плыве па хвалі новай,
I верш пяе як мае быць.
I найвялікшае жаданне
У нетрах месціцца грудзей,
Каб верш, які набыў дыханне,
Быў пра людзей і для людзей.

КАСМЕЯ


Той час,—
Калі глядзелі на цябе
Вароны, валуны і змеі,—
Пчалу сачыў на залатой вярбе,
Падобнай да палескае касмеі.
На хвалях узнікаў абраз тугі
З вянком сухім і ручніком зрудзелым
I ад вады ўцякалі берагі,
А да вады імкнуліся, глядзелі,
Забыўшыся на час і на цябе,
Вароны, валуны і змеі,
I ўслед пчала —
Ёй сумна на вярбе,
Ёй лепей тут,
На залатой касмеі.
I нават час
I той глядзеў сюды —
На чысціню таемнае вады
Каля гароду,
А ў гародзе маці
Не пакідала з доўгае грады
Насенне красак у хвартух збіраці.

МАТЧЫН РАДОК


Адзін, як вока ў лобе,
У лузе дуб зялёны.
Сядзяць на гэтым дубе
Сарока і варона.
Сарока хоча сала
I кірмашовых плётак.
Лупінак, скорак мала
Каля старога плота.
Варона хоча сесці
На спіну да каровы,
Наскубці мяккай шэрсці
Сабе на сачык новы,—
Ці маёй маці Любе
З яе радком маўлёным:
«Адзін, як вока ў лобе...»
У лузе дуб зялёны.

НАД ПЛЯЦАМ


А плота пакуль што няма —
Над пляцам кружыліся дошкі.
Брахала на дошкі шчаня,
I вапнаю пахлі валошкі.
Для шулаў, для лагаў — дубы,
Глухім плывучы абшарам,
Раструшчвалі чарапы
Аблезлым балотным хмарам.
Ад хвояў цяжкая імгла —
Цяжэй за спякоту цагельні.
Цякла на валошку смала,
I жоўтыя лапы цяжэлі.
У глінішчы жалезнякі
Выкопвалі з бітае гліны
I водар, і хвалі ракі
I кідалі іх у драбіны.
Цыратай засланае дно
Ці скруткам якой палатніны...
Звісала над пляцам радно,
Затульваючы глабіны.
I кроквы спынялі свой крок
Над пляцам.
I збегліся ў небе
I латы, і гонта, і дрот,
I зроблены з яблыні гэбель.
Вось так пачынаўся мой свет —
Раскручваўся толь на цагліны
Падмурку.
I клаліся ўслед
Абчэсаныя падваліны...
Маленства, як тое шчаня,
Як смолкія тыя валошкі,
Як дзіва, што плота няма,
А ў небе і сонца, і дошкі.

БОНДАР


Амерычкі, еўропкі —
Адзінства не стае.
Вы згубленыя клёпкі
Бочкі аднае.
Вы на шляхах шаленства —
Шляхоў тых не злічыць! —
З ляшчыны і жалеза
Згубілі абручы.
Як не сваё згубілі,
А чортава майно.
Абкамянелі ў пыле
I накрыўка, і дно.
Не выспеліць арэшкі
На абручах кара.
На згубленыя рэшткі
Няма гаспадара.
Вам трэба у спажытку
Быць схоўняй назаўжды
На мёд, віно і жыта,
I на алей руды.
Або жытлом часовым —
Дзвярэй не зачыняць!
Для юнакоў вясёлых,
Што з Дыягена кпяць.
Сабраць вас трэба...
Зрэшты,
Усё пакуль дарма,
На згубленыя рэшткі
I бондара няма...
А бондар быў і хвацка
Рабіў работы ўсе —
Максімавіч па бацьку,
Па імю Аляксей.
Усё цаніў, не грэбваў
I спевам вераб'я.
Даёнкі, бойкі, цэбры