Стары Хатабыч [Лазарь Иосифович Лагин] (epub) читать постранично, страница - 3

Книга в формате epub! Изображения и текст могут не отображаться!


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

зіму капусту, нечакана набыла такі таямнічы і ўрачысты выгляд, што Волька ніколькі не здзівіўся б, калі б даведаўся, што менавіта ў ёй жыў калісьці філосаф Дыяген, той самы, які са старажытнай грэчаскай гісторыі.

Праз дзіркі ў брызентавых сценках прабіваліся тоненькія слупкі сонечных праменняў. Волька прыхіліўся да адной з іх. Перад ім, нібы на экране ў кіно, імкліва прабягалі вясёлыя і шумлівыя вуліцы, ціхія і цяністыя завулкі, прасторныя плошчы, па якіх ва ўсіх чатырох напрамках рухаліся ў два рады пешаходы. За пешаходамі, нетаропка аддаляючыся ад машыны і ззяючы прасторнымі люстранымі вітрынамі, узвышаліся крамы, напоўненыя таварамі, прадаўцамі і заклапочанымі пакупнікамі; школы і двары пры школах, дзе ўжо стракацелі белыя кашулі і чырвоныя гальштукі найбольш нецярплівых школьнікаў, якім не сядзелася дома ў дзень экзаменаў; тэатры, клубы, заводы, чырвоныя недабудаваныя яшчэ камяніцы, адгароджаныя ад прахожых высокімі дашчанымі парканамі і вузенькімі, на тры дошкі, тратуарамі.

Вось паўз Волькаў грузавік павольна праплыў прыземісты, з круглым, цаглянага колеру купалам запаветны будынак цырка. На яго сценах не было цяпер спакуслівых рэклам з ярка-жоўтымі ільвамі і красунямі, якія зграбна стаялі на адной ножцы на спінах неапісальна прыгожых коней. На летні сезон цырк перайшоў у Парк культуры і адпачынку, у вялізны брызентавы шацёр цырка Шапіто. Непадалёку ад апусцелага цырка грузавік перагнаў блакітны аўтобус з экскурсантамі. Дзясяткі тры малышоў, трымаючыся па двое за рукі, ішлі па тратуары і важна спявалі звонкім, але нязладжаным хорам: «Не трэба нам бераг турэцкі!..» Напэўна, гэта дзіцячы сад ішоў гуляць на бульвар... І зноў аддаляліся ад Волькі школы, булачныя, крамы, клубы, заводы, кінатэатры, бібліятэкі, новабудоўлі...

Але вось нарэшце грузавік, стомлена чмыхаючы і сапучы, спыніўся каля прыгожага пад’езду новага Волькавага дома. Грузчыкі спраўна і хутка перанеслі рэчы ў кватэру і паехалі.

Бацька, так-сяк распакаваўшы скрынкі з самымі неабходнымі рэчамі, сказаў:

— Астатняе даробім пасля работы.

І пайшоў на завод.

Маці з бабуляй узяліся распакоўваць кухонны і сталовы посуд, а Волька вырашыў збегаць тым часам на раку. Праўда, бацька папярэдзіў, каб Волька не хадзіў без яго купацца, таму што тут страшэнна глыбока, але Волька хутка знайшоў для сябе апраўданне:

«Мне трэба пакупацца, каб была свежая галава. Як гэта я магу з’явіцца на экзамены з нясвежай галавой!»

Проста дзіва, як Волька ўмеў заўсёды прыдумваць апраўданне, калі збіраўся рабіць тое, што яму забаранялі!..

Гэта вельмі зручна, калі рака недалёка ад дому. Волька сказаў маці, што пойдзе на бераг рыхтавацца па геаграфіі. І ён сапраўды збіраўся хвілін дзесяць пагартаць падручнік, Але, прыбегшы на раку, ён, не марудзячы ні хвіліны, распрануўся і кінуўся ў ваду. Ішла адзінаццатая гадзіна, і на беразе не было ніводнага чалавека. Гэта было добра і дрэнна. Добра — таму, што ніхто не мог яму перашкодзіць уволю накупацца. Дрэнна — таму, што не было каму захапляцца, як прыгожа і лёгка Волька плавае і асабліва, як ён цудоўна нырае.

Волька наплаваўся і наныраўся да таго, што літаральна пасінеў. Тады ён зразумеў, што хопіць, зусім быў вылез з вады, але перадумаў і вырашыў напаследак яшчэ разок даць нырца ў ласкавую празрыстую ваду, да дна пранізаную яркім паўднёвым сонцам.

І вось у той самы момант, калі Волька ўжо збіраўся падняцца на паверхню, яго рука раптам намацала на дне ракі нейкі прадаўгаваты прадмет. Волька схапіў яго і вынырнуў каля самага берага. У яго руках была слізкая, заімшэлая гліняная пасудзіна незвычайнай формы. Больш за ўсё яна была падобна, бадай, на старадаўнюю амфару. Яе рыльца было наглуха замазана зялёным смалістым рэчывам, на якім было выціснута нешта накшталт пячаткі.

Волька паважкаў пасудзіну ў руцэ. Пасудзіна была цяжкая, і Волька ўмлеў.

Скарб! Скарб са старадаўнімі рэчамі, якія маюць велізарнае навуковае значэнне!.. Вось гэта здорава!

Хуценька апрануўшыся, ён памчаўся дадому, каб у зацішным кутку распакаваць пасудзіну.

Пакуль ён дабег дадому, у яго галаве паспела ўжо скласціся заметка, якая заўтра абавязкова з’явіцца ва ўсіх газетах. Ён нават прыдумаў для яе назву: «Піянер дапамог навуцы».

«Учора ў N-е аддзяленне міліцыі з’явіўся піянер Кастылькоў Уладзімір і ўручыў дзяжурнаму скарб з рэдкіх старадаўніх залатых рэчаў, знойдзены ім на дне ракі, на вельмі глыбокім месцы. Скарб перададзены міліцыяй у Гістарычны музей. Паводле звестак з дакладных крыніц, Кастылькоў Уладзімір — выдатны нырэц».

Прашмыгнуўшы міма кухні, дзе маці гатавала абед, Волька так хутка ўбег у пакой, што ледзьве не зламаў сабе нагу: ён спатыкнуўся аб люстру, якую яшчэ не паспелі павесіць. Гэта была славутая бабуліна люстра. Калісьці, яшчэ да рэвалюцыі, яе ўласнаручна перарабіў нябожчык дзядуля з вісячай газавай лямпы. Гэта была памяць аб дзядулі, і бабуля нізавошта ў жыцці з ёй не рассталася б. А паколькі вешаць яе ў сталовай было не так ужо