Стары Хатабыч [Лазарь Иосифович Лагин] (epub) читать онлайн

Книга в формате epub! Изображения и текст могут не отображаться!


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

 

Стары Хатабыч. Лазарь Лагин. Иллюстрация 1

 


Ад аўтара

 


У кнізе «Тысяча і адна ноч» ёсць «Казка пра рыбака». Выцягнуў рыбак з мора свае сеткі, а ў іх — медная пасудзіна, а ў пасудзіне — магутны чараўнік, джын. Ён прасядзеў у ёй амаль што дзве тысячы гадоў. Гэты джын пакляўся ашчаслівіць таго, хто выпусціць яго на волю: абагаціць, адкрыць усе скарбы зямлі, зрабіць самым магутным з султанаў і, акрамя ўсяго, выканаць яшчэ тры яго жаданні.

Або, напрыклад, «Чароўная лямпа Аладзіна». Здавалася б, нічым не прыкметная старая лямпа, можна сказаць — проста ўтыль. Але варта было толькі пацерці яе — і раптам невядома адкуль узнікаў джын і выконваў любыя, самыя неверагодныя жаданні яе гаспадара. Вам патрэбны самыя рэдкія стравы і напоі? Калі ласка. Куфры, даверху напоўненыя золатам і каштоўнымі камянямі? Гатова. Цудоўны палац? У гэтую ж хвіліну. Ператварыць вашага ворага ў звера або гада? З вялікім задавальненнем.

Дай магчымасць такому чараўніку па ўласнаму густу адарыць свайго ўладара — і зноў пасыпаліся б тыя ж самыя каштоўныя куфры, усё тыя ж самыя султанскія палацы ў асабістае карыстанне.

Па разуменню джынаў са старадаўніх чароўных казак і тых, чые жаданні яны ў гэтых казках выконвалі, гэта і было самае поўнае чалавечае шчасце, аб якім толькі і можна было марыць.

Сотні і сотні гадоў мінулі з таго часу, як упершыню былі расказаны гэтыя казкі, але ўяўленне аб шчасці доўга яшчэ звязвалася, а ў капіталістычных краінах у шмат якіх людзей і па сённяшні дзень яшчэ звязваецца з куфрамі, бітком набітымі золатам і брыльянтамі, з уладай над іншымі людзьмі.

Ах, як мараць тыя людзі хоць аб самым заваляшчым джыне са старадаўняй казкі, які з’явіўся б да іх са сваімі палацамі, скарбамі! Вядома, думаюць яны, кожны джын, які правёў дзве тысячы гадоў у зняволенні, міжвольна крыху адстаў бы ад жыцця. І магчыма, што палац, які ён падорыць будзе не зусім добраўпарадкаваны з пункту погляду сучасных дасягненняў тэхнікі. Архітэктура ж з часоў каліфа Гарун аль Рашыда зрабіла такі вялікі крок наперад! З’явіліся ванныя пакоі, ліфты, вялікія, светлыя вокны, паравое ацяпленне, электрычнае святло... Ды не бяда, ці варта прыдзірацца! Няхай дорыць такія палацы, якія яму ўздумаецца. Былі б толькі куфры з золатам і брыльянтамі, а астатняе прыйдзе само: і павага, і ўлада, і харч, і шчаслівае, бяздзейнае жыццё багатага «цывілізаванага» лодара, які ставіцца з пагардай да ўсіх тых, хто жыве з сваёй працы. Ад такога джына можна і любую знявагу сцярпець. І не бяда, калі ён не ведае шмат якіх правілаў сучаснага супольнага жыцця і свецкіх манер і калі ён часам і паставіць цябе ў скандальнае становішча. Чараўніку, які кідае налева і направа куфры з каштоўнасцямі, гэтыя людзі ўсё прабачаць...

Ну, а што, калі б такі джын ды раптам трапіў у нашу краіну, дзе зусім іншыя ўяўленні аб шчасці і справядлівасці, дзе ўлада багацеяў даўно і назаўсёды знішчана і дзе толькі сумленная праца прыносіць чалавеку шчасце, пашану і славу?

Я стараўся ўявіць, што атрымалася б, калі джына выратаваў бы са зняволення ў пасудзіне самы звычайны савецкі хлопчык, такі, якіх мільёны ў нашай шчаслівай сацыялістычнай краіне.

І раптам я, уявіце сабе, даведваюся, што Волька Кастылькоў, той самы, які жыў раней у нас у Трохпрудным завулку, ну, той самы Волька Кастылькоў, які летась у лагеры лепш за ўсіх ныраў... Зрэшты, давайце я вам лепш усё раскажу па парадку.


 


Стары Хатабыч
Вокладка
Ад аўтара
І. Незвычайная раніца
II. Таямнічая пасудзіна
III. Стары Хатабыч
IV. Экзамен па геаграфіі
V. Другая паслуга Хатабыча
VI. Незвычайнае здарэнне ў кіно
VII. Неспакойны вечар
VIII. Раздзел, які служыць непасрэдным працягам папярэдняга
IX. Неспакойная ноч
X. Незвычайныя падзеі ў трыццаць сёмай кватэры
XI. Не менш неспакойная раніца
XII. Чаму С. С. Піваракі змяніў прозвішча
XIII. Інтэрв’ю з лёгкім вадалазам
XIV. Намячаецца палёт
XV. У палёце
XVI. Аб тым, што здарылася з Жэнем Багарадам далёка на Усходзе
XVII. Тра-ля-ля, о ібн Алёша!
XVIII. Будзьце знаёмы!
XIX. Злітуйся над намі, о магутны валадар!
XX. Волька Кастылькоў — пляменнік алаха
XXI. Хто самы багаты
XXII. Адзін вярблюд ідзе...
XXIII. Таямнічая гісторыя ў аддзяленні Дзяржбанка
XXIV. Стары Хатабыч і Сідарэлі
XXV. Бальніца пад ложкам
XXVI. Раздзел, у якім мы на нейкі час вяртаемся да хлопчыка, што брахаў, як сабака
XXVII. Стары Хатабыч і містэр Гары Вандэндалес
XXVIII. Расказ Гасана Абдурахмана ібн Хатаба аб тым, што з ім здарылася пасля выхаду з крамы
XXIX. Тыя ж і Гары Вандэндалес
XXX. Шлях да стадыёна — доўгі...
XXXI. Другая прыгода ў метро
XXXII. Трэцяя прыгода ў метро
XXXIII. Лішнія білецікі
XXXIV. Зноў эскімо
XXXV. Колькі патрэбна мячоў?
XXXVI. Хатабыч пачынае гуляць
XXXVII. Становішча робіцца яшчэ больш напружаным
XXXVIII. Прымірэнне
XXXIX. Цуд ў міліцыі
XL. Дзе шукаць Амара?
XLI. “Давайце застанёмся”
XLII. Расказ правадніка міжнароднага вагона хуткага цягніка Масква — Адэса аб тым, што здарылася на перагоне Нара — Малы Яраславец
XLIII. Невядомы паруснік
XLIV. На “Шаноўным Амары”
XLV. Кілім-гідрасамалёт “УК-1”
XLVI. Інтэрв’ю з юным геронцам
XLVII. Згублены і вернуты Хатабыч
XLVIII. Злашчасная валіза
XLIX. Пасудзіна з Геркулесавых слупоў
L. ”Вось ён, гэты стары сіньёр!”
LI. Самы кароткі раздзел
LII. Мара пра “Ладагу”
LIII. Перапалох у Цэнтральным экскурсійным бюро
LIV. Хто самы знатны?
LV. Раздзел, у якім расказваецца аб незвычайнай сустрэчы, з якой пачалося падарожжа на “Ладазе”
LVI. Што перашкаджае спаць
LVII. Рыф ці не рыф?
LVIII. Крыўда Хатабыча
LIX. “Селям алейкум, Амарчык!”
LX. Амар Юсуф паказвае свае кіпцюрыкі
LXI. Да чаго прыводзяць часам поспехі оптыкі
LXII. Ракавое захапленне Хатабыча
LXIII. Навагодні візіт Хатабыча
LXIV. Эпілог
Заўвагі

 

Стары Хатабыч. Лазарь Лагин. Иллюстрация 2

 


І. Незвычайная раніца

 

У сем гадзін трыццаць дзве хвіліны раніцы вясёлы сонечны зайчык праслізнуў праз дзірку ў шторы і прымасціўся на носе вучня шостага класа Волькі Кастылькова. Волька чхнуў і прачнуўся.

Акурат у гэты час з суседняга пакоя пачуўся голас маці:

— Няма чаго спяшацца, Алёша. Няхай дзіця яшчэ трохі паспіць — сёння ў яго экзамены.

Волька дакучліва паморшчыўся.

Калі гэта маці пакіне нарэшце называць яго дзіцём!

— Ну што за глупства! — адказаў за перагародкай бацька.— Хлапцу хутка трынаццаць гадоў. Няхай устае і дапамагае складаць рэчы... У яго хутка барада расці пачне, а ты ўсё: дзіця, дзіця...

Складаць рэчы! Як ён мог пра гэта забыць!

Волька скінуў з сябе коўдру і пачаў паспешліва надзяваць штаны. Як ён мог забыць! Такі дзень!

Сям’я Кастыльковых пераязджала сёння на новую кватэру ў новенькім шасціпавярховым доме. Яшчэ напярэдадні ўвечары ўсе рэчы былі запакаваны. Маці з бабуляй склалі посуд у ванначку, у якой калісьці, даўным-даўно, купалі малога Вольку. Бацька, закасаўшы рукавы і, як шавец, набраўшы поўны рот цвікоў, забіваў скрынкі з кнігамі.

Потым усе спрачаліся, дзе складаць рэчы, каб зручней было іх выносіць раніцай. Потым пілі чай па-паходнаму, за сталом без абруса. Потым вырашылі, што заўтра будзе ўсё лепш відно, і ляглі спаць.

Словам, розуму недаступна, як гэта ён мог забыць, што яны сёння раніцай пераязджаюць на новую кватэру...

Не паспелі напіцца чаю, як з грукатам уваліліся грузчыкі. Першым чынам яны шырока расчынілі абедзве палавінкі дзвярэй і зычнымі галасамі запыталі:

— Можна пачынаць?

— Калі ласка,— адказалі адначасова маці і бабуля і страшэнна замітусіліся.

Волька ўрачыста вынес на вуліцу да крытага трохтоннага грузавіка валікі і спінку ад канапы.

— Пераязджаеце? — запытаў у яго суседскі хлапчук.

— Пераязджаем,— адказаў Волька з такім выглядам, нібы ён пераязджаў з кватэры на кватэру кожны тыдзень і ў гэтым не было для яго нічога дзіўнага.

Падышоў дворнік Сцяпаныч, глыбакадумна скруціў цыгарку і нечакана распачаў з Волькай сур’ёзную размову, як роўны з роўным. У хлопчыка ад гордасці і шчасця злёгку закружылася галава. Ён набраўся духу і запрасіў Сцяпаныча ў госці на новую кватэру. Дворнік сказаў: «З нашай прыемнасцю». Словам, наладжвалася сур’ёзная і важная гутарка двух мужчын, калі раптам з кватэры пачуўся голас маці:

— Волька! Волька!.. Ну куды падзеўся гэты непаслухмяны дзіцёнак?

Волька памчаўся ў апусцелую, нязвыкла прасторную кватэру, у якой сіратліва валяліся абрыўкі старых газет і брудныя бутэлечкі з-пад лекаў.

— Нарэшце-ткі! — сказала маці.— Бяры свой цудоўны акварыум і хуценька залазь у машыну. Будзеш там сядзець на канапе і трымаць акварыум у руках. Больш яго няма куды падзець. Толькі глядзі не расплюхай ваду на канапу...

Незразумела, чаму бацькі так нервуюцца, калі пераязджаюць на новую кватэру.

 


II. Таямнічая пасудзіна

 

Урэшце Волька ўладзіўся няблага.

Усярэдзіне машыны панаваў таямнічы і халаднаваты змрок. Калі зажмурыць вочы, можна было ўявіць, быццам едзеш не па Трохпруднаму завулку, у якім пражыў усё сваё жыццё, а дзесьці ў далёкіх сібірскіх прасторах, дзе табе прыйдзецца ў суровых баях з прыродай узводзіць новы гігант савецкай індустрыі. І, вядома, у першых радах выдатнікаў гэтай будоўлі будзе Волька Кастылькоў. Ён першы саскочыць з машыны, калі караван грузавікоў прыедзе да месца прызначэння. Ён першы паставіць сваю палатку і аддасць яе тым, хто захварэў у дарозе, а сам, перакідваючыся жартамі з таварышамі па будоўлі, застанецца грэцца каля кастра, які ён жа хутка і ўмела распаліць. А калі ў траскучыя маразы або лютыя завеі каму-небудзь надумаецца знізіць тэмпы, яму будуць гаварыць: «Сорамна, таварыш! Бярыце прыклад з паказальнай брыгады Уладзіміра Кастылькова...»

За канапай узвышаўся пастаўлены дагары нагамі абедзенны стол, які зрабіўся раптам на дзіва цікавым і незвычайным. На стале брынчала вядро, напоўненае рознымі слоікамі. Каля бакавой сценкі кузава цьмяна блішчаў нікеляваны ложак. Старая кадушка, у якой бабуля квасіла на зіму капусту, нечакана набыла такі таямнічы і ўрачысты выгляд, што Волька ніколькі не здзівіўся б, калі б даведаўся, што менавіта ў ёй жыў калісьці філосаф Дыяген, той самы, які са старажытнай грэчаскай гісторыі.

Праз дзіркі ў брызентавых сценках прабіваліся тоненькія слупкі сонечных праменняў. Волька прыхіліўся да адной з іх. Перад ім, нібы на экране ў кіно, імкліва прабягалі вясёлыя і шумлівыя вуліцы, ціхія і цяністыя завулкі, прасторныя плошчы, па якіх ва ўсіх чатырох напрамках рухаліся ў два рады пешаходы. За пешаходамі, нетаропка аддаляючыся ад машыны і ззяючы прасторнымі люстранымі вітрынамі, узвышаліся крамы, напоўненыя таварамі, прадаўцамі і заклапочанымі пакупнікамі; школы і двары пры школах, дзе ўжо стракацелі белыя кашулі і чырвоныя гальштукі найбольш нецярплівых школьнікаў, якім не сядзелася дома ў дзень экзаменаў; тэатры, клубы, заводы, чырвоныя недабудаваныя яшчэ камяніцы, адгароджаныя ад прахожых высокімі дашчанымі парканамі і вузенькімі, на тры дошкі, тратуарамі.

Вось паўз Волькаў грузавік павольна праплыў прыземісты, з круглым, цаглянага колеру купалам запаветны будынак цырка. На яго сценах не было цяпер спакуслівых рэклам з ярка-жоўтымі ільвамі і красунямі, якія зграбна стаялі на адной ножцы на спінах неапісальна прыгожых коней. На летні сезон цырк перайшоў у Парк культуры і адпачынку, у вялізны брызентавы шацёр цырка Шапіто. Непадалёку ад апусцелага цырка грузавік перагнаў блакітны аўтобус з экскурсантамі. Дзясяткі тры малышоў, трымаючыся па двое за рукі, ішлі па тратуары і важна спявалі звонкім, але нязладжаным хорам: «Не трэба нам бераг турэцкі!..» Напэўна, гэта дзіцячы сад ішоў гуляць на бульвар... І зноў аддаляліся ад Волькі школы, булачныя, крамы, клубы, заводы, кінатэатры, бібліятэкі, новабудоўлі...

Але вось нарэшце грузавік, стомлена чмыхаючы і сапучы, спыніўся каля прыгожага пад’езду новага Волькавага дома. Грузчыкі спраўна і хутка перанеслі рэчы ў кватэру і паехалі.

Бацька, так-сяк распакаваўшы скрынкі з самымі неабходнымі рэчамі, сказаў:

— Астатняе даробім пасля работы.

І пайшоў на завод.

Маці з бабуляй узяліся распакоўваць кухонны і сталовы посуд, а Волька вырашыў збегаць тым часам на раку. Праўда, бацька папярэдзіў, каб Волька не хадзіў без яго купацца, таму што тут страшэнна глыбока, але Волька хутка знайшоў для сябе апраўданне:

«Мне трэба пакупацца, каб была свежая галава. Як гэта я магу з’явіцца на экзамены з нясвежай галавой!»

Проста дзіва, як Волька ўмеў заўсёды прыдумваць апраўданне, калі збіраўся рабіць тое, што яму забаранялі!..

Гэта вельмі зручна, калі рака недалёка ад дому. Волька сказаў маці, што пойдзе на бераг рыхтавацца па геаграфіі. І ён сапраўды збіраўся хвілін дзесяць пагартаць падручнік, Але, прыбегшы на раку, ён, не марудзячы ні хвіліны, распрануўся і кінуўся ў ваду. Ішла адзінаццатая гадзіна, і на беразе не было ніводнага чалавека. Гэта было добра і дрэнна. Добра — таму, што ніхто не мог яму перашкодзіць уволю накупацца. Дрэнна — таму, што не было каму захапляцца, як прыгожа і лёгка Волька плавае і асабліва, як ён цудоўна нырае.

Волька наплаваўся і наныраўся да таго, што літаральна пасінеў. Тады ён зразумеў, што хопіць, зусім быў вылез з вады, але перадумаў і вырашыў напаследак яшчэ разок даць нырца ў ласкавую празрыстую ваду, да дна пранізаную яркім паўднёвым сонцам.

І вось у той самы момант, калі Волька ўжо збіраўся падняцца на паверхню, яго рука раптам намацала на дне ракі нейкі прадаўгаваты прадмет. Волька схапіў яго і вынырнуў каля самага берага. У яго руках была слізкая, заімшэлая гліняная пасудзіна незвычайнай формы. Больш за ўсё яна была падобна, бадай, на старадаўнюю амфару. Яе рыльца было наглуха замазана зялёным смалістым рэчывам, на якім было выціснута нешта накшталт пячаткі.

Волька паважкаў пасудзіну ў руцэ. Пасудзіна была цяжкая, і Волька ўмлеў.

Скарб! Скарб са старадаўнімі рэчамі, якія маюць велізарнае навуковае значэнне!.. Вось гэта здорава!

Хуценька апрануўшыся, ён памчаўся дадому, каб у зацішным кутку распакаваць пасудзіну.

Пакуль ён дабег дадому, у яго галаве паспела ўжо скласціся заметка, якая заўтра абавязкова з’явіцца ва ўсіх газетах. Ён нават прыдумаў для яе назву: «Піянер дапамог навуцы».

«Учора ў N-е аддзяленне міліцыі з’явіўся піянер Кастылькоў Уладзімір і ўручыў дзяжурнаму скарб з рэдкіх старадаўніх залатых рэчаў, знойдзены ім на дне ракі, на вельмі глыбокім месцы. Скарб перададзены міліцыяй у Гістарычны музей. Паводле звестак з дакладных крыніц, Кастылькоў Уладзімір — выдатны нырэц».

Прашмыгнуўшы міма кухні, дзе маці гатавала абед, Волька так хутка ўбег у пакой, што ледзьве не зламаў сабе нагу: ён спатыкнуўся аб люстру, якую яшчэ не паспелі павесіць. Гэта была славутая бабуліна люстра. Калісьці, яшчэ да рэвалюцыі, яе ўласнаручна перарабіў нябожчык дзядуля з вісячай газавай лямпы. Гэта была памяць аб дзядулі, і бабуля нізавошта ў жыцці з ёй не рассталася б. А паколькі вешаць яе ў сталовай было не так ужо прыгожа, дык меркавалася павесіць яе якраз у тым пакоі, куды зараз і схаваўся Волька. Для гэтай люстры быў ужо ўбіты ў столь вялікі жалезны крук.

Пагладжваючы пабітае калена, Волька зашчапіў за сабой дзверы, выняў з кішэні сцізорык і, калоцячыся ад хвалявання, саскроб пячатку з рыльца пасудзіны.

У той жа момант увесь пакой напоўніўся едкім чорным дымам і нешта накшталт бясшумнага выбуху вялікай сілы падкінула Вольку да столі, дзе ён і павіс, зачапіўшыся штанамі за той самы крук, на які меркавалася павесіць бабуліну люстру.

 


III. Стары Хатабыч

 

Пакуль Волька, гайдаючыся на круку, спрабаваў разабрацца ў тым, што здарылася, дым пакрысе разышоўся, і Волька раптам убачыў, што ў пакоі, акрамя яго, знаходзіцца яшчэ адна жывая істота. Гэта быў худы і смуглы дзядок з барадой па пояс, у багатай чалме, тонкім белым шарсцяным кафтане, вышытым золатам і срэбрам, у беласнежных шаўковых шараварах і светла-ружовых саф’янавых пантофлях з высока загнутымі насамі.

— Апчхі! — аглушальна чхнуў невядомы дзядок і ўпаў ніц.— Вітаю цябе, о цудоўны і мудры отрак!

Волька зажмурыў вочы, зноў іх расплюшчыў: не, гэты дзіўны дзядок яму і сапраўды не мроіўся. Вось ён, паціраючы сухенькія далонькі і ўсё яшчэ не падымаючыся з кален, здзіўлена аглядаў разумнымі і не па-старэчы жвавымі вачамі мэблю ў Волькавым пакоі, нібы гэта было вялікае цуда.

 

Стары Хатабыч. Лазарь Лагин. Иллюстрация 3

 

— Вы адкуль? — асцярожна пацікавіўся Волька, павольна гайдаючыся пад самай столлю, нібы маятнік.— Вы... Вы з самадзейнасці?

— О не, о юны мой уладар,— напышліва адказаў дзядок, застаючыся ўсё ў тым жа нязручным становішчы і неміласэрна чхаючы,— я не з невядомай мне краіны Самадзейнасць. Я вось з гэтай тройчы праклятай пасудзіны.

З гэтымі словамі ён усхапіўся на ногі, кінуўся да пасудзіны, якая валялася паблізу і з якой яшчэ струменіўся невялікі дымок, і пачаў раз’юшана яе таптаць, пакуль ад пасудзіны не засталіся адны чарапкі. Потым дзядок з крыштальным звонам вырваў з барады валасок, парваў яго, і чарапкі ўспыхнулі нейкім небывалым, зялёным полымем і імгненна згарэлі без следу.

Але Вольку ўсё яшчэ не пакідала сумненне. Згадзіцеся, не так ужо лёгка адразу паверыць, што з маленькай, велічынёй з графін, пасудзіны можа вылезці чалавек.

— Нешта быццам не падобна...— з сумненнем прамовіў Волька: — пасудзіна была такая маленькая, а вы такі параўнальна вялікі.

— Не верыш, нікчэмны?! — злосна закрычаў дзядок, але адразу ж узяў сябе ў рукі, зноў упаў на калені і з такой сілай стукнуўся пры гэтым ілбом аб падлогу, што ў акварыуме прыкметна калыхнулася вада і сонныя рыбкі спуджана замітусіліся ва ўсе бакі.— Даруй мне, о юны мой збавіцель, але я не прывык, каб мае словы браліся пад сумненне... Ведай жа, самы блаславёны з отракаў, што я не хто іншы, як магутны і праслаўлены ва ўсіх чатырох краінах свету джын Гасан Абдурахман ібн Хатаб, гэта значыць сын Хатаба.

Усё гэта было так цікава, што Волька нават забыў аб тым, што ён вісіць пад столлю на лямпавым круку:

— Джын?.. Джын — гэта, здаецца, такі амерыканскі спіртны напой?..

— Не напой я, о дапытлівы отрак! — зноў ускіпеў дзядок, зноў спахапіўся і зноў узяў сябе ў рукі.— Не напой я, а магутны і бясстрашны дух, і няма ў свеце такога чарадзейства, якое было б мне не па сіле, і завуць мяне, як я ўжо меў шчасце давесці да твайго шмат і высокапаважанага ведама, Гасан Абдурахман ібн Хатаб, або, па-вашаму, Гасан Абдурахман Хатабавіч. Назаві маё імя першаму, які трапіць, іфрыту, або джыну, што адно і тое ж, і ты ўбачыш,— хваліўся дзядок,— як ён задрыжыць дробнымі дрыжыкамі і сліна ў яго роце перасохне ад страху.

І здарылася са мной — апчхі! — дзіўная гісторыя, якая, калі б яе напісаць іголкамі ў куточках вачэй, паслужыла б навукай для ўсіх. Я, няшчасны джын, не паслухаўся Сулеймана ібн Дауда — мір з імі абодвума! — я і брат мой Амар Юсуф Хатабавіч. І Сулейман прыслаў свайго візіра Асафа ібн Барахію, і той прывёў нас сілком. І Сулейман ібн Дауд — мір з імі абодвума! — загадаў прынесці дзве пасудзіны: адну медную, а другую гліняную, і заняволіў мяне ў глінянай пасудзіне, а брата майго, Амара Хатабавіча,— у меднай. Ён запячатаў абедзве пасудзіны, адціснуўшы на іх найвялікшае з імён алаха, а потым аддаў загад джынам, і яны панеслі нас і кінулі брата майго ў мора, а мяне — у раку, з якой ты, о блаславёны збавіцель мой,— апчхі, апчхі! — дастаў мяне. Хай прадоўжацца дні твае, о... Прабач мне, я быў бы невыказна шчаслівы даведацца пра тваё імя, цудоўнейшы отрак.

— Мяне завуць Волька,— адказаў наш герой, усё яшчэ павольна гайдаючыся пад столлю.

— А імя шчаслівага бацькі твайго, хай будзе ён блаславёны на векі вякоў? Скажы мне самае пяшчотнае з яго імёнаў, бо ён сапраўды варты вялікай любві і ўдзячнасці — чалавек, які падарыў свету такога паважанага нашчадка.

— Яго завуць Аляксей. А самае пяшчотнае... самае пяшчотнае яго імя — Алёша, Алёшанька...

— Дык ведай жа, о найцудоўнейшы з отракаў, зорка сэрца майго, Волька ібн Алёша, што я буду з гэтай хвіліны выконваць усё, што ты мне загадаеш, бо ты выратаваў мяне са страшнага зняволення. Апчхі!..

— Чаму вы так чхаеце? — пацікавіўся Волька, нібы ўсё астатняе было яму зусім зразумела.

— Некалькі тысячагоддзяў, праведзеных у сырасці, без жыватворнага сонечнага святла, у халоднай пасудзіне, што ляжала ў глыбінях вод, узнагародзілі мяне, нікчэмнага твайго слугу, стамляючым насмаркам. Апчхі!.. апчхі!.. Але ўсё гэта дробязь і не варта тваёй найкаштоўнейшай увагі. Аддавай жа мне загады, о юны ўладар! — горача закончыў Гасан Абдурахман ібн Хатаб, задраўшы ўгору галаву, але ўсё яшчэ застаючыся на каленях.

— Перш за ўсё падыміцеся, калі ласка, з каленяў,— сказаў Волька.

— Тваё слова для мяне закон,— паслухмяна адказаў стары і ўстаў на ногі.— Я чакаю тваіх далейшых загадаў.

— А цяпер,— няўпэўнена прамовіў Волька,— калі гэта вам не цяжка... будзьце ласкавы... вядома, калі вам гэта не вельмі цяжка... Словам, мне вельмі хацелася б апынуцца на падлозе.

У той жа момант ён апынуўся ўнізе, побач са старым Хатабычам, як мы будзем у далейшым коратка называць нашага новага знаёмага. Перш за ўсё Волька схапіўся за штаны. Штаны былі зусім цэлыя.

Пачыналіся цуды.

 


IV. Экзамен па геаграфіі

 

— Загадвай мне што-небудзь! — працягваў Хатабыч, пазіраючы на Вольку адданымі вачамі.— Ці няма ў цябе якога-небудзь гора, о Волька ібн Алёша? Скажы, і я дапамагу табе.

— Ой! — пляснуў рукамі Волька, кінуўшы позірк на будзільнік, які бадзёра цікаў на яго стале.— Спазняюся! Спазняюся на экзамен!..

— На што ты спазняешся, о найдаражэйшы Волька ібн Алёша? — дзелавіта запытаў Хатабыч.— Што ты называеш гэтым дзіўным словам «эк-за-мен»?

— Гэта тое ж самае, што іспыты. Я спазняюся ў школу на іспыты.

— Ведай жа, о Волька,— пакрыўдзіўся стары,— што ты слаба цэніш маю магутнасць. Не, не і яшчэ раз не! Ты не спознішся на экзамен. Скажы толькі, што табе больш да спадобы: затрымаць экзамены або неадкладна апынуцца каля варот тваёй школы?

— Апынуцца каля варот,— сказаў Волька.

— Няма нічога лягчэйшага! Зараз ты будзеш там, куды ты так прагна цягнешся сваёй юнай і высакароднай душой, і ты ўразіш сваімі ведамі настаўнікаў сваіх і таварышаў сваіх.

З прыемным крыштальным звонам стары зноў вырваў з барады спачатку адзін валасок, а за ім другі.

— Баюся, што не ўражу,— разважліва ўздыхнуў Волька, хуценька апранаючы форменнае адзенне.— Па геаграфіі я, шчыра кажучы, на пяцёрку не выцягну.

— Па геаграфіі? — усклікнуў стары і ўрачыста падняў свае худыя валасатыя рукі.— Цябе чакае экзамен па геаграфіі?! Ведай жа, о цудоўнейшы з цудоўных, што табе нечувана пашанцавала, бо я больш за каго-небудзь з джынаў багаты ведамі па геаграфіі,— я, твой верны слуга Гасан Абдурахман ібн Хатаб. Мы пойдзем з табой у школу, хай будуць блаславёны яе падмурак і дах! Я буду табе нябачна падказваць адказы на ўсе пытанні, якія будуць табе зададзены, і ты праславішся сярод вучняў сваёй школы і сярод вучняў усіх школ твайго дзівоснага горада. І хай толькі паспрабуюць твае настаўнікі не ўдастоіць цябе самай высокай пахвалы: яны будуць мець справу са мной! — Тут Хатабыч разлютаваўся.— О, тады ім будзе вельмі, вельмі дрэнна! Я ператвару іх у аслоў, на якіх возяць ваду, у бяздомных сабак, пакрытых каростай, у самых агідных і паскудных жаб, вось што я з імі зраблю!.. Зрэшты,— супакоіўся ён гэтак жа хутка, як і разлютаваўся,— да гэтага справа не дойдзе, бо ўсе, о Волька ібн Алёша, будуць у захапленні ад тваіх адказаў.

— Дзякую, Гасан Хатабыч,— цяжка-цяжка ўздыхнуў Волька.— Дзякую, толькі ніякіх падказак мне не трэба. Мы — піянеры — прынцыпова супраць падказак. Мы супраць іх арганізавана змагаемся.

Ну адкуль было старому джыну, які правёў гэтулькі гадоў у зняволенні, ведаць вучонае слова «прынцыпова»? Але ўздых, якім яго юны збавіцель суправадзіў свае словы, поўныя тужлівага высакародства, пераканалі Хатабыча, што дапамога яго патрэбна Вольку ібн Алёшу больш чым калі б там ні было.

— Ты мяне вельмі засмучаеш сваёй адмовай,— сказаў Хатабыч.— Ды, галоўнае ж, улічы: ніхто маёй падказкі не заўважыць.

— Так і не заўважыць! — горка ўсміхнуўся Волька.— У Варвары Сцяпанаўны такі тонкі слых, ратунку няма!

— Цяпер ты мяне не толькі засмучаеш, але і крыўдзіш, о Волька ібн Алёша. Калі Гасан Абдурахман ібн Хатаб гаворыць, што ніхто не заўважыць, так яно і будзе.

— Ніхто-ніхто? — перапытаў для пэўнасці Волька.

— Ніхто-ніхто. Тое, што я буду мець шчасце табе падказаць, пойдзе з маіх пачцівых вуснаў проста ў твае высокапаважаныя вушы.

— Проста не ведаю, што мне з вамі рабіць, Гасан. Хатабыч,— знарок уздыхнуў Волька.— Вельмі не хочацца засмучаць вас адмовай... Добра, так і быць!.. Геаграфія — гэта табе не матэматыка і не руская мова. Па матэматыцы або рускай я нізавошта не згадзіўся б на самую малюсенькую падказку. Але паколькі геаграфія ўсё ж не самы галоўны прадмет... Ну, тады пайшлі хутчэй!.. Толькі...— Тут ён акінуў крытычным позіркам незвычайнае адзенне старога... Та-а-ак... Як бы гэта вам пераапрануцца, Гасан Хатабыч?

— Хіба мая вопратка не цешыць твой позірк, о самы паважаны з Волек? — засмуціўся Хатабыч.

— Цешыць, безумоўна цешыць,— дыпламатычна адказаў Волька,— але вы апрануты... як бы гэта сказаць... У нас некалькі іншая мода... Ваш гарнітур вельмі ўжо будзе кідацца ў вочы.

— Але як жа апранаюцца зараз вартыя павагі мужчыны немаладога ўзросту?

Волька паспрабаваў растлумачыць старому, што такое пінжак, штаны, капялюш, але, колькі ён ні стараўся, нічога ў яго не атрымалася. Ён зусім быў упаў у роспач, калі яго позірк выпадкова спыніўся на дзядулевым партрэце, што вісеў на сцяне. Тады ён падвёў Хатабыча да гэтай парыжэлай ад часу фатаграфіі, і стары нейкі час углядаўся ў яе з цікаўнасцю і несхаваным неўразуменнем: яму вельмі дзіўна было бачыць адзенне, гэтак не падобнае на сваё.

Праз хвіліну з дома, у якім з сённяшняга дня жыла сям’я Кастыльковых, выйшаў Волька, трымаючы пад руку Хатабыча. Стары ў новым парусінавым гарнітуры, украінскай вышытай кашулі і цвёрдым саламяным капелюшы выглядаў цудоўна. Адзінае, што ён не згадзіўся змяніць, быў абутак. Спаслаўшыся на мазалі трохтысячагодняй даўнасці, ён застаўся ў сваіх ружовых пантофлях з загнутымі насамі, якія ў свой час звялі б, напэўна, з розуму самага вялікага модніка пры двары каліфа Гаруна аль Рашыда.

І вось Волька з пераапранутым Хатабычам амаль бягом наблізіліся да пад’езду 124-й маскоўскай сярэдняй школы. Стары какетліва паглядзеўся ў шкляныя дзверы, як у люстэрка, і застаўся сабой задаволены.

Пажылы швейцар, які важна чытаў газету, ахвотна адклаў яе, убачыўшы Вольку і яго спадарожніка. Яму было горача і хацелася пагаварыць.

Пераскокваючы адразу праз некалькі прыступак, Волька памчаўся ўгору па лесвіцы. У калідорах было ціха і пуста — верная і сумная прыкмета, што экзамены пачаліся ўжо і што Волька, значыцца, спазніўся.

— А вы, грамадзянін, куды? — зычліва запытаў швейцар Хатабыча, які памкнуўся быў за сваім юным сябрам.

— Яму да дырэктара трэба! — крыкнуў зверху Волька за Хатабыча.

— Прабачце, грамадзянін, дырэктар заняты. Ён цяпер на экзаменах. Зайдзіце, калі ласка, падвечар.

Хатабыч сярдзіта насупіў бровы:

— Калі мне будзе дазволена, о паважаны стары, я палічыў бы за лепшае пачакаць яго тут.— Потым ён крыкнуў Вольку: — Спяшайся да сябе ў клас, о Волька ібн Алёша, я веру, ты ўразіш сваімі ведамі настаўнікаў сваіх і таварышаў сваіх!

— Вы яму, грамадзянін, дзядулем даводзіцеся, ці як? — паспрабаваў швейцар распачаць размову.

Але Хатабыч, пажаваўшы губамі, прамаўчаў. Ён лічыў ніжэй сваёй годнасці размаўляць з вартаўніком.

— Дазвольце прапанаваць вам гатаванай вады,— працягваў між тым швейцар.— Спякота сёння — не дай божа.

Наліўшы з графіна поўную шклянку, ён павярнуўся, каб падаць яе негаваркому незнаёмцу, і з жахам пераканаўся, што той знік невядома куды, нібы скрозь паркет праваліўся. Уражаны гэтым неверагодным здарэннем, швейцар залпам кульнуў у сябе ваду, прызначаную для Хатабыча, наліў і асушыў другую шклянку, трэцюю і спыніўся толькі тады, калі ў графіне не засталося ніводнай кроплі. Тады ён адкінуўся на спінку крэсла і пачаў зняможана абмахвацца газетай.

А ў гэты час на другім паверсе, якраз над швейцарам, у шостым класе «Б», адбывалася не менш хвалюючая сцэна. Перад класнай дошкай, завешанай геаграфічнымі картамі, за сталом, па-параднаму засланым сукном, размясціліся настаўнікі на чале з дырэктарам школы Паўлам Васільевічам. Перад імі сядзелі за партамі чынныя, урачыста падцягнутыя вучні. У класе стаяла такая цішыня, што чуваць было, як дзесьці пад самай столлю манатонна гудзе адзінокая муха. Калі б вучні шостага класа «Б» заўсёды паводзілі сябе так ціха, гэта быў бы безумоўна самы дысцыплінаваны клас ва ўсёй Маскве.

Трэба, аднак, падкрэсліць, што цішыня ў класе была выклікана не толькі тым, што ішлі экзамены, але і тым, што выклікалі да дошкі Кастылькова, а яго ў класе не аказалася.

— Кастылькоў Уладзімір! — паўтарыў дырэктар і акінуў недаўменным позіркам прыціхлы клас.

Стала яшчэ цішэй.

І раптам з калідора даляцеў гулкі тупат нечых ног, і ў той самы момант, калі дырэктар у трэці, і апошні, раз выгукнуў: «Кастылькоў Уладзімір!», з шумам адчыніліся дзверы і запыханы Волька піскнуў:

— Я!

— Калі ласка, да дошкі,— суха прамовіў дырэктар.— Аб тваім спазненні мы пагаворым пазней.

— Я… я… хворы прамармытаў Волька першае, што яму прыйшло ў галаву, і няўпэўненым крокам наблізіўся да стала.

Пакуль ён разважаў, які б з раскладзеных на стале білетаў яму выбраць, у калідоры проста са сцяны з’явіўся стары Хатабыч і з заклапочаным выглядам прайшоў скрозь другую сцяну ў суседні клас.

Нарэшце Волька адважыўся: узяў першы, які трапіўся, білет, павольна-павольна, спрабуючы свой лёс, разгарнуў яго і з задавальненнем пераканаўся, што яму трэба адказваць пра Індыю. Якраз пра Індыю ён ведаў шмат. Ён даўно цікавіўся гэтай краінай.

— Ну што ж,— сказаў дырэктар,— дакладвай.

Пачатак білета Волька нават памятаў слова ў слова па падручніку. Ён адкрыў рот і хацеў сказаць, што паўвостраў Індастан нагадвае па сваіх абрысах трохвугольнік, што абмываецца гэты вялізны трохвугольнік Індыйскім акіянам і яго часткамі: Аравійскім Морам — на захадзе і Бенгальскім залівам — на ўсходзе, што на гэтым паўвостраве размешчаны дзве вялікія краіны — Індыя і Пакістан, што насяляе іх добры, міралюбівы народ са старажытнай і багатай культурай, што амерыканскія і англійскія імперыялісты ўвесь час знарок стараюцца пасварыць абедзве гэтыя краіны, і гэтак далей і да таго падобнае. Але ў гэты час у суседнім класе Хатабыч прытуліўся да сценкі і працавіта замармытаў, прыставіўшы да рота далонь трубкай:

— Індыя, о высокапаважаны мой настаўнік...

І раптам Волька, насуперак уласнаму жаданню, пачаў плесці зусім несусветнае глупства:

— Індыя, о высокапаважаны мой настаўнік, знаходзіцца амаль на самым краі зямнога дыска і аддзелена ад гэтага краю бязлюднымі і нязведанымі пустынямі, бо на ўсход ад яе не жывуць ні звяры, ні птушкі. Індыя — вельмі багатая краіна, і багата яна золатам, якое там не капаюць з зямлі, як у іншых краінах, а нястомна, дзень і ноч, здабываюць асаблівыя, залатаносныя мурашкі, кожная з якіх велічынёй амаль з сабаку, Яны капаюць сабе жыллё пад зямлёй і тройчы ў суткі выносяць адтуль на паверхню залаты пясок і самародкі і складваюць у вялікія кучы. Але гора тым індыйцам, якія без належнага спрыту паспрабуюць узяць гэтае золата! Мурашкі пускаюцца за імі ў пагоню і, здагнаўшы, забіваюць на месцы. З поўначы і захаду Індыя мяжуецца з краінай, дзе жывуць лысыя людзі. І мужчыны і жанчыны, і дарослыя і дзеці — усе лысыя ў гэтай краіне, і харчуюцца гэтыя дзіўныя людзі сырой рыбай і драўнянымі шышкамі. А яшчэ бліжэй да іх ляжыць краіна, у якой нельга ні глядзець наперад, ні прайсці, у выніку таго, што там у незлічонай колькасці рассыпана пер’е. Пер’ем запоўнена там паветра і зямля; яно і перашкаджае бачыць...

— Пачакай, пачакай, Кастылькоў! — усміхнулася настаўніца геаграфіі.— Ніхто цябе не просіць расказваць аб поглядах старажытных людзей на геаграфію Азіі. Ты раскажы сучасныя, навуковыя звесткі аб Індыі.

Ах, як Волька быў бы шчаслівы паказаць свае веды па гэтаму пытанню! Але што ён мог зрабіць, калі ўжо больш не валодаў сваёй мовай і сваімі ўчынкамі. Згадзіўшыся на падказку Хатабыча, ён зрабіўся бязвольнай цацкай у яго добразычлівых, але невуцкіх руках. Ён хацеў пацвердзіць, што, вядома, тое, што ён толькі што сказаў, нічога агульнага не мае са звесткамі сучаснай навукі, але Хатабыч за сцяной здзіўлена паціснуў плячамі, адмоўна крутануўшы галавой, і Волька тут, перад экзаменацыйным сталом, вымушаны быў таксама паціснуць плячамі і адмоўна крутануць галавой:

— Тое, што я меў гонар сказаць табе, о высокапаважаная Варвара Сцяпанаўна, заснавана на самых дакладных крыніцах, і няма больш навуковых звестак аб Індыі, чым тыя, якія я толькі што, з твайго дазволу, паведаміў табе.

— З якога гэта часу ты, Кастылькоў, пачаў гаварыць старэйшым «ты»? — здзівілася настаўніца геаграфіі.— І пакінь, калі ласка, адказваць не па сутнасці. Ты на экзамене, а не на маскарадным вечары. Калі ты не ведаеш гэтага білета, то больш сумленна будзе так і сказаць. Дарэчы, што ты там такое нагаварыў пра зямны дыск? Хіба табе невядома, што Зямля — шар?

Ці вядома Вольку Кастылькову, сапраўднаму члену астранамічнага гуртка пры Маскоўскім планетарыі, што Зямля — шар! Ды гэта ж ведае кожны першакласнік!

Але Хатабыч за сцяной засмяяўся, і з Волькавага рота, як наш небарака ні стараўся сціснуць свае губы, сам па сабе вырваўся пагардлівы смяшок:

— Ты маеш ласку жартаваць з твайго адданейшага вучня! Калі б Зямля была шарам, воды сцяклі б з яе ўніз, і людзі памёрлі б ад смагі, а расліны пасохлі. Зямля, о шаноўнейшая і высакароднейшая з выкладчыкаў і настаўнікаў, мела і мае форму плоскага дыска і абмываецца з усіх бакоў велічнай ракой, якая называецца «Акіян». Зямля трымаецца на шасці сланах, а тыя стаяць на вялізнай чарапасе. Вось як пабудаваны свет, о настаўніца!

Экзаменатары глядзелі на Вольку з усё ўзрастаючым здзіўленнем. Той ад жаху і ўсведамлення сваёй поўнай бездапаможнасці пакрыўся халодным потам.

Вучні ўсё яшчэ не маглі разабрацца, што такое здарылася з іх таварышам, але той-сёй пачынаў пасмейвацца. Ужо вельмі гэта смешна атрымалася пра краіну лысых, пра краіну, напоўненую пер’ем, пра залатаносных мурашак велічынёй з сабаку, пра плоскую Зямлю, якая трымаецца на шасці сланах і адной чарапасе. Што датычыць Жэні Багарада, лепшага Волькавага прыяцеля і звеннявога яго звяна, дык ён не на жарт занепакоіўся. Хто-хто, а ён добра ведаў, што Волька — стараста астранамічнага гуртка і ўжо ва ўсякім разе ведае, што Зямля — шар.

Няўжо Волька ні з таго ні з сяго раптам вырашыў хуліганіць, і дзе — на экзаменах! Мабыць, Волька захварэў. Але на што? Што гэта за дзіўная, небывалая хвароба? І потым, вельмі крыўдна за звяно. Усе экзамены ішло першым па сваіх паказчыках, і раптам усё ляціць кулём праз недарэчныя адказы Кастылькова, такога дысцыплінаванага і свядомага піянера!

Тут яшчэ на свежыя раны Жэні паспяшаўся насыпаць солі Гога Пілюкін, што сядзеў за суседняй партай,— вельмі непрыемны хлапчук, празваны яго аднакласнікамі Пілюляй.

— Гарыць тваё звяно, Жэнечка! — шапнуў ён, зларадна хіхікнуўшы,— гарыць, як свечачка!..

Жэня моўчкі паказаў Пілюлю кулак.

— Варвара Сцяпанаўна,— жаласна залямантаваў Гога.— Багарад мне кулаком пагражае.

— Сядзі спакойна і не паклёпнічай,— сказала яму Варвара Сцяпанаўна і зноў звярнулася да Волькі, які стаяў перад ёй ні жывы ні мёртвы: — Ты што гэта, сур’ёзна наконт сланоў і чарапах?

— Як ніколі больш сур’ёзна, о самая паважаная з настаўніц,— паўтарыў Волька падказку старога, адчуваючы, што згарае ад сораму.

— І табе няма чаго дадаць? Няўжо ты думаеш, што адказваеш па сутнасці твайго білета?

— Не, няма чаго— адмоўна паківаў галавой там, за сценкай, Хатабыч.

І Волька, слабеючы ад пачуцця сваёй бездапаможнасці перад сілай, якая штурхае яго да правалу, таксама зрабіў адмоўны жэст:

— Не, няма чаго. Хіба толькі, што гарызонты ў багатай Індыі акаймаваны золатам і жэмчугам.

— Неверагодна! — развяла рукамі настаўніца.

Не верылася, каб Кастылькоў, даволі дысцыплінаваны хлопчык ды яшчэ ў такую сур’ёзную хвіліну вырашыў ні з таго ні з сяго так недарэчна жартаваць з настаўнікаў, рызыкуючы да таго ж пераэкзаменоўкай.

— Па-мойму, хлопчык не зусім здаровы,— шапнула яна на вуха дырэктару.

Скоса кідаючы кароткія і спачувальныя позіркі на анямелага ад тугі Вольку, экзаменатары пачалі шэптам раіцца.

Варвара Сцяпанаўна прапанавала:

— А што, калі задаць яму пытанне спецыяльна для таго, каб хлопчык супакоіўся? Ну, хаця б з леташняга курсу. У мінулым годзе ў яго па геаграфіі была пяцёрка.

Астатнія экзаменатары згадзіліся, і Варвара Сцяпанаўна зноў звярнулася да няшчаснага Волькі:

— Ну, Кастылькоў, вытры слёзы, не нервуйся. Раскажы, што такое гарызонт.

— Гарызонт? — узрадаваўся Волька.— Гэта зусім проста. Гарызонтам называецца ўяўная лінія, якая...

Але за сцяной зноў заварушыўся Хатабыч, і Кастылькоў зноў стаў ахвярай яго падказкі.

— Гарызонтам, о высокапаважаная,— паправіўся ён,— гарызонтам я назаву тую грань, дзе крыштальны купал нябёс сутыкаецца з краем Зямлі.

— Чым далей, тым горш! — прастагнала Варвара Сцяпанаўна.— Як загадаеш разумець твае словы наконт крыштальнага купала нябёс: у літаральным ці пераносным сэнсе слова?

— У літаральным, о настаўніца,— падказаў з за сцяны Хатабыч.

І Вольку прыйшлося ўслед за ім паўтарыць:

— У літаральным, о настаўніца.

— У пераносным! — прашыпеў яму нехта з задняй парты.

Але Волька зноў прамовіў:

— Вядома, у літаральным і ні ў якім іншым.

— Значыць, як жа? — усё яшчэ не верыла сваім вушам Варвара Сцяпанаўна.— Значыць, неба, па-твойму, цвёрды купал?

— Цвёрды.

— І, значыць, ёсць такое месца, дзе Зямля канчаецца?

— Ёсць такое месца, о высокапаважаная мая настаўніца.

За сцяной Хатабыч ухвальна ківаў галавой і задаволена паціраў свае сухія далонькі.

У класе запанавала напружаная цішыня. Самыя смяшлівыя вучні пакінулі ўсміхацца: з Волькам бясспрэчна рабілася нешта нядобрае.

Варвара Сцяпанаўна ўстала з-за стала, заклапочана памацала Волькаў лоб. Тэмпературы не было.

Але Хатабыч за сценкай расчуліўся, нізка пакланіўся, дакрануўся па ўсходняму звычаю, да ілба і грудзей і зашаптаў. І Волька, паслушны той нядобрай сіле, дакладна паўтарыў гэтыя рухі:

— Дзякую табе, о велікадушная дачка Сцяпана! Дзякую табе за турботы, але яны не патрэбны. Яны лішнія, бо я, слава алаху, зусім здаровы.

Варвара Сцяпанаўна ласкава ўзяла Вольку за руку, вывела з класа і пагладзіла па схіленай галаве:

— Нічога, Кастылькоў, не сумуй... Відаць, ты крыху ператаміўся... Прыйдзеш, калі адпачнеш, добра?

— Добра,— сказаў Волька.— Толькі, Варвара Сцяпанаўна, чэснае піянерскае, я ніколечкі, ну зусім ніколечкі не вінаваты!

— А я цябе ні ў чым і не абвінавачваю,— мякка адказала настаўніца.— Давай зазірнём да Пятра Іваныча.

Пётр Іваныч — школьны доктар — хвілін дзесяць выслухваў і выстукваў Вольку, прымусіў яго зажмурыць вочы, выцягнуць перад сабой рукі і стаяць з растапыранымі пальцамі; пастукаў па яго назе ніжэй калена, чарціў стэтаскопам лініі на яго голым целе.

За гэты час Волька канчаткова апамятаўся. Шчокі яго зноў паружавелі, настрой палепшыўся.

— Зусім здаровы хлопчык,— сказаў Пётр Іваныч.— Прама скажу: на рэдкасць здаровы хлопчык! Трэба думаць, уся справа ў невялікім ператамленні... Перастараўся перад экзаменамі... А так здаровы, здаро-о-о-вы! Мікула Селянінавіч ды і толькі!

Гэта не перашкодзіла яму на ўсялякі выпадак накапаць у шклянку нейкіх кропель, і Мікуле Селянінавічу прыйшлося нехаця праглынуць іх.

І тут Вольку прыйшла ў галаву адчайная думка. А што, калі менавіта тут, у кабінеце Пятра Іваныча, выкарыстаўшы адсутнасць Хатабыча, паспрабаваць здаць Варвары Сцяпанаўне экзамен?

— Ні-ні-ні! — замахаў рукамі Пётр Іваныч.— Ні ў якім разе не рэкамендую. Няхай лепш дзіця некалькі дзянькоў адпачне. Геаграфія ад яго нікуды не ўцячэ.

— Што правільна, то правільна,— з палёгкай прамовіла настаўніца, задаволеная, што ўсё скончылася так шчасліва.— Ідзі-тка ты, дарагі мой Кастылькоў, дадому, дахаты і адпачывай. Адпачнеш добра — прыходзь і здавай. Я ўпэўнена, што ты абавязкова здасі на пяцёрку... А вы як думаеце, Пётр Іваныч?

— Такі асілак? Ды ён менш чым на пяць з плюсам ніколі не згодзіцца!

— Ага, вось што...— сказала Варвара Сцяпанаўна.— А ці не лепш будзе, калі хто-небудзь яго правядзе дадому?

— Што вы, што вы, Варвара Сцяпанаўна! — спалохаўся Волька.— Я цудоўна сам дайду.

Не хапала толькі, каб праважаты сутыкнуўся нос у нос з гэтым каверзным дзедам Хатабычам!

Волька меў ужо зусім добры выгляд, і Варвара Сцяпанаўна са спакойнай душой адпусціла яго дадому.

Яму кінуўся насустрач швейцар:

— Кастылькоў! Тут з табой дзядуля прыходзіў ці хто, дык ён...

Але акурат у гэты час са сцяны з’явіўся стары Хатабыч. Ён быў вясёлы, як жаўранак, вельмі задаволены сабой і нешта напяваў сабе пад нос.

— Ой! — ціха ўскрыкнуў швейцар і дарэмна паспрабаваў наліць сабе вады з пустога графіна.

А калі ён паставіў графін на месца і азірнуўся, у вестыбюлі не было ні Волькі Кастылькова, ні яго загадкавага спадарожніка. Яны ўжо выйшлі на вуліцу і завярнулі за рог.

— Заклінаю цябе, о юны мой уладар,— ганарліва звярнуўся да Волькі Хатабыч, парушыўшы даволі працяглае маўчанне,— ці ўразіў ты сваімі ведамі настаўнікаў сваіх і таварышаў сваіх?

— Уразіў! — уздыхнуў Волька і з нянавісцю паглядзеў на старога.

Хатабыч заззяў:

— Я іншага і не чакаў!.. А мне было здалося, што гэтая глыбокапаважаная дачка Сцяпана засталася незадаволенай шырынёй і паўнатой тваіх ведаў.

— Што ты, што ты! — спалохана замахаў рукамі Волька, успомніўшы страшныя пагрозы Хатабыча.— Гэта табе толькі здалося.

— Я ператварыў бы яе ў калоду, на якой мяснікі разбіраюць барановыя тушы,— разлютавана заявіў стары (і Волька не на жарт спалохаўся за лёс сваёй класнай кіраўніцы),— калі б не ўбачыў, што яна аказала табе вышэйшую пашану, правёўшы цябе да самых дзвярэй класа, а потым і ледзь не да самай лесвіцы! І тады я зразумеў, што яна па заслугах ацаніла твае адказы.Мір з ёю!

— Вядома, мір з ёю,— паспешліва падхапіў Волька, у якога нібы гара з плячэй звалілася.

За некалькі тысячагоддзяў свайго жыцця Хатабыч не аднойчы меў справу з засумаваўшымі людзьмі і ведаў, як палепшыць іх настрой. Ва ўсякім разе, ён быў упэўнены, што ведае: трэба чалавеку падарыць што-небудзь асабліва жаданае. Толькі што падарыць?

Выпадак падказаў яму адказ. Справа ў тым, што Волька звярнуўся да аднаго з прахожых з пытаннем:

— Прабачце, калі ласка, дазвольце даведацца, колькі часу?

Прахожы кінуў позірк на свой ручны гадзіннік.

— Без пяці дзве.

— Дзякую,— сказаў Волька і пакрочыў далей у поўным маўчанні.

Маўчанне парушыў Хатабыч:

— Скажы мне, о Волька, як гэты пешаход здолеў так дакладна вызначыць час?

— Ты ж бачыў, ён паглядзеў на свой гадзіннік.

Стары здзіўлена ўзняў бровы:

— На гадзіннік?!

— Ну але, на гадзіннік,— растлумачыў Волька.— Ён у яго быў на руцэ... Такі кругленькі, храміраваны...

— Чаму ж такога гадзінніка няма ў цябе — самага высокапаважанага са збавіцеляў джынаў?

— Мне яшчэ ранавата мець такі гадзіннік,— ціхмяна адказаў Волька.— Гадоў мала.

— Хай дазволена будзе мне, о паважаны пешаход, даведацца, колькі цяпер часу,— спыніў Хатабыч першага, які трапіўся, прахожага, упіўшыся позіркам у яго ручны гадзіннік.

— Без дзвюх хвілін дзве,— адказаў той, крыху здзіўлены незвычайнай напышлівасцю пытання.

Падзякаваўшы яго ў самых вытанчаных усходніх выразах, Хатабыч з хітраватай усмешкай звярнуўся да Волькі:

— Хай будзе дазволена мне, о найлепшы з Волек, даведацца і ў цябе, колькі часу.

І адразу ж на Волькавай левай руцэ заззяў дакладна такі ж гадзіннік, як у таго грамадзяніна, але толькі не з храміраванай сталі, а з самага чыстага золата.

— Хай будзе ён варты тваёй рукі і твайго добрага сэрца,— расчулена прамовіў стары, цешачыся з Волькавай радасці і здзіўлення.

Тады Волька зрабіў тое, што робіць на яго месцы кожны хлопчык і кожная дзяўчынка, калі яны ўпершыню займеюць гадзіннік,— ён прыклаў гадзіннік да вуха, каб нацешыцца яго ціканнем.

— Э-э-э! — працягнуў ён.— Ды ён жа не заведзены. Трэба яго завесці.

Волька паспрабаваў круціць завадную галоўку, але яна, на вялікае яго расчараванне, не круцілася.

Тады Волька выняў з кішэні штаноў сцізорык, каб адкрыць вечка гадзінніка. Але, як ні стараўся, ён не мог знайсці і прыкмет шчыліны, куды можна было б уваткнуць лязо ножыка.

— Ён з суцэльнага кавалка золата,— з выхваленнем падмаргнуў яму стары.— Я не з тых, хто дорыць дутыя залатыя рэчы.

— Значыць, усярэдзіне ў ім нічога няма? — расчаравана ўсклікнуў Волька.

— А хіба там нешта павінна быць, усярэдзіне? — занепакоіўся стары джын.

Замест адказу Волька моўчкі адшпіліў гадзіннік і вярнуў Хатабычу.

— Добра,— паслухмяна згадзіўся той— Я табе падару такі гадзіннік, які не павінен мець нічога ўсярэдзіне.

Залаты гадзіннік зноў апынуўся на Волькавай руцэ, але цяпер ён стаў тоненькім, плоскім. Шкло на ім знікла, а замест хвіліннай, секунднай і гадзіннай стрэлак узнік невялікі вертыкальны залаты шпянёк пасярод цыферблата з дзівоснымі, самай чыстай вады смарагдамі, размешчанымі там, дзе належала быць гадзінным адзнакам.

— Ніколі і ні ў каго, нават у найбагацейшых султанаў сусвету не было ручнога сонечнага гадзінніка! — зноў пахваліўся стары.— Былі сонечныя гадзіннікі на гарадскіх плошчах, былі на рынках, у садах, у дварах, і ўсе яны рабіліся з каменя. А вось такі я толькі што сам прыдумаў. Праўда, някепска?

Сапраўды, быць першым і адзіным ва ўсім свеце ўладальнікам ручнога сонечнага гадзінніка — даволі заманліва.

На Волькавым твары стары ўбачыў шчырае задавальненне, і сам расцвіў.

— А як ім карыстацца? — запытаў Волька.

— А вось так,— Хатабыч беражліва ўзяў Волькаву левую руку з толькі што прыдуманым гадзіннікам.— Трымай руку вось так, і цень ад гэтай залатой палачкі ляжа на шукаемую лічбу.

— Для гэтага павінна свяціць сонца,— сказаў Волька, нездаволена зірнуўшы на воблачка, якое толькі што закрыла сабой дзённае свяціла.

— Зараз гэтае воблачка сыдзе,— паабяцаў Хатабыч, і сапраўды зноў ярка заззяла сонца.— Вось бачыш, гадзіннік паказвае, што час цяпер дзесьці між дзвюма і трыма гадзінамі пасля паўдня. Прыкладна, палова трэцяй.

Пакуль ён гэта гаварыў, сонца схавалася за другім воблакам.

— Нічога,— сказаў Хатабыч.— Я буду ачышчаць для цябе неба кожны раз, калі табе спатрэбіцца даведацца, колькі часу?

— А ўвосень? — запытаў Волька.

— Што — увосень?

— А ўвосень, а ўзімку, калі неба цэлымі месяцамі схавана за хмарамі?

— Я табе сказаў, о Волька, сонца будзе свабодна ад хмар кожны раз, калі гэта табе спатрэбіцца. Табе трэба будзе толькі загадаць мне, і ўсё будзе ў парадку.

— А калі цябе не будзе блізка?

— Я заўсёды буду блізка, як толькі ты мяне паклічаш.

— А ўвечары? А ноччу? — з’едліва запытаў Волька.— Ноччу, калі на небе няма сонца?

— Ноччу людзі павінны аддавацца сну, а не глядзець на гадзіннікі,— злосна адказаў Хатабыч.

Ён ледзь здолеў узяць сябе ў рукі, каб не правучыць гэтага настырнага отрака.

— Добра,— паслухмяна сказаў ён. – Тады скажы, ці падабаецца табе гадзіннік, які ты бачыш на руцэ вунь таго пешахода? Калі ён табе падабаецца, ён будзе тваім.

— Як гэта — маім? — здзівіўся Волька.— Ён жа належыць гэтаму грамадзяніну... Не будзеш жа ты...

— Не бойся, о Волька ібн Алёша, я не крану яго ні адзіным пальцам. Ён сам з радасцю падорыць яго табе, бо ты сапраўды варты найвялікшых падарункаў,

— Ты яго прымусіш, а ён...

— А ён будзе шчаслівы, што я не сцёр яго з твару зямлі, не ператварыў яго ў аблезлага пацука, прусака, які палахліва тоіцца ў шчылінах халупы, апошняга жабрака...

— Ну, гэта ўжо сапраўднае вымаганне,— абурыўся Волька.— За такія штучкі ў нас, брат Хатабыч, у міліцыю і пад суд. І заслужана, каб ты ведаў.

— Гэта мяне пад суд?! — Стары раз’юшыўся не на жарты.— Мяне?! Гасана Абдурахмана ібн Хатаба? Ды ці ведае ён, гэты самы нікчэмны з пешаходаў, хто я такі?! Запытай у першага, які трапіцца, джына, або іфрыта, або шайтана, і яны табе скажуць, дрыжучы ад страху дробнымі дрыжыкамі, што Гасан Абдурахман ібн Хатаб — уладар целаахоўнікаў з джынаў, і колькасць майго войска — семдзесят два племені, а колькасць байцоў кожнага племя — семдзесят дзве тысячы, і кожны з тысячы ўладарыць над тысячай марыдаў, а кожны марыд уладарыць над тысячай памочнікаў, а кожны памочнік уладарыць над тысячай шайтанаў, а кожны шайтан уладарыць над тысячай джынаў, і ўсе яны пакорлівы мне і не могуць мяне не паслухацца!.. Не-е-е, няхай толькі гэты тройчы нікчэмны з нікчэмных пешаходаў...

А прахожы, аб якім ішла размова, спакойна крочыў па тратуару, ляніва пазіраючы на вітрыны крамаў, і не падазраваў аб страшнай небяспецы, якая ў гэтую хвіліну навісла над ім толькі таму, што на яго руцэ пабліскваў самы звычайны гадзіннік маркі «Зеніт».

— Ды я!..— выхваляўся і выхваляўся Хатабыч перад атарапелым Волькам,— ды я яго, калі ты толькі хочаш, ператвару ў...

Дарагой была кожная секунда. Волька крыкнуў:

— Не трэба!

— Чаго — не трэба?

— Чапаць прахожага не трэба... Гадзінніка не трэба!.. Нічога не трэба!..

— Зусім нічога не трэба? — усумніўся стары, хутка спакайнеючы.

Адзіны ў свеце ручны сонечны гадзіннік знік гэтак жа непрыкметна, як і з’явіўся.

— Зусім нічога...— сказаў Волька і так цяжка ўздыхнуў, што стары зразумеў: зараз галоўнае — развесяліць свайго юнага збавіцеля, развеяць яго кепскі настрой.

 


V. Другая паслуга Хатабыча

 

На душы ў Волькі было пагана, і стары адчуў нешта нядобрае. Вядома, ён не падазраваў, як падвёў Вольку на экзаменах. Але было зразумела, што хлопчык нечым нездаволены і што вінаваты ў гэтым, відаць, ні хто іншы, а менавіта ён, Гасан Абдурахман ібн Хатаб.

— Ці да спадобы твайму сэрцу, о падобны на месяц, апавяданні аб прыгодах дзіўных і незвычайных? — хітравата запытаў ён у насупленага Волькі.— Ці вядома табе, напрыклад, гісторыя пра чорных пеўняў багдадскага цырульніка і яго кульгавага сына? А пра меднага вярблюда з сярэбраным гарбом? А пра ваданоса Ахмета і яго чароўнае вядро?

Волька сярдзіта прамаўчаў, але старога не збянтэжыла гэта, і ён спяшаючыся пачаў:

— Хай будзе табе вядома, о самы цудоўны з вучняў сярэдняй школы, што жыў калісьці ў Багдадзе выдатны цырульнік, па імені Селім, і былі ў яго тры пеўні і кульгавы сын, якога звалі Баддзя. І здарылася так, што праходзіў міма яго крамы каліф Гарун аль Рашыд... Толькі ведаеш што, о самы ўважлівы з отракаў: ці не прысесці нам на бліжэйшую лаўку, каб твае маладыя ногі не стаміліся ад хадні ў час гэтай доўгай і павучальнай гісторыі?

Волька згадзіўся; яны селі на бульвары ў халадку, пад засенню старой ліпы.

Добрых тры з паловай гадзіны расказваў Хатабыч гэтую сапраўды вельмі займальную гісторыю і закончыў яе каварнымі словамі: «Але яшчэ больш дзівосная аповесць пра меднага вярблюда з сярэбраным гарбом». І адразу ж, не пераводзячы дыхання, пачаў расказваць яе, пакуль не дайшоў да слоў: «Тады іншаземец узяў вугалёк з жароўні і намаляваў ім на сцяне абрысы вярблюда, і вярблюд той махнуў хвастом, крутануў галавой і сышоў са сцяны на дарожныя камяні...»

Тут ён спыніўся, каб нацешыцца ўражаннем, якое расказ аб ажыўленні малюнка зробіць на яго юнага слухача. Але Хатабыча чакала расчараванне: Волька дастаткова наглядзеўся ў жыцці мультыплікацыйных фільмаў. Затое словы Хатабыча навялі яго на цікавую думку.

— Ведаеш што,— сказаў ён: — давай сходзім у кіно. А гісторыю ты мне пасля закончыш, пасля кіно.

— Твае словы для мяне закон, о Волька ібн Алёша,— пакорліва адказаў стары.— Але скажы мне, зрабі ласку, што ты разумееш пад гэтым дзіўным словам «кіно»? Ці не лазня гэта? Або, можа, так у вас называецца рынак, дзе можна пагуляць і пагутарыць са сваімі сябрамі і знаёмымі?

— Ну і ну! — здзівіўся Волька.— Кожнае дзіця ведае, што такое кіно. Кіно — гэта...— Тут ён няпэўна павадзіў у паветры рукой і дадаў: — Ну, словам, прыйдзеш — убачыш.

Над касай кінатэатра «Сатурн» вісеў плакат: «Дзецям да шаснаццаці гадоў уваход на вячэрнія сеансы забаронены».

— Што з табой, о найпрыгажэйшы з прыгожых? — перапалохаўся Хатабыч, заўважыўшы, што Волька зноў засмуціўся.

— А тое са мной, што мы спазніліся на дзённыя сеансы! Пускаюць ужо толькі з шаснаццаці гадоў... Проста не ведаю, што рабіць... Дадому ісці не хочацца...

— Ты не пойдзеш дадому! — усклікнуў Хатабыч.— Не міне і двух імгненняў, як нас прапусцяць, і мы пройдзем, акружаныя павагай, якой ты заслугоўваеш сваімі сапраўды незлічонымі здольнасцямі!.. Толькі гляну, якія лісцікі паказваюць наведвальнікі той суровай жанчыне, што стаіць каля ўваходу ў мілае твайму сэрцу кіно...

«Стары хвалько!» — раззлавана падумаў Волька. І раптам ён заўважыў у правым кулаку два білеты.

— Ну, хадзем! — сказаў Хатабыч, які літаральна не знаходзіў сабе месца ад шчасця.— Хадзем, цяпер ужо яны цябе прапусцяць.

— Ты ўпэўнены?

— Гэтак жа, як у тым, што цябе чакае вялікая будучыня!

Ён падштурхнуў Вольку да люстэрка, што вісела непадалёк. З люстэрка на Вольку, атарапела разявіўшы рот, глядзеў хлопчык з пышнай русай барадой на вяснушкаватым твары, які палаў румянцам.

 


VI. Незвычайнае здарэнне ў кіно

 

З выглядам пераможцы Хатабыч пацягнуў Вольку па лесвіцы на другі паверх, у фае.

Каля самага ўваходу ў глядзельную залу сумаваў Жэня Багарад, прадмет усеагульнай зайздрасці вучняў шостага класа «Б». Гэты пястун лёсу даводзіўся родным пляменнікам старшаму адміністратару кінатэатра «Сатурн», таму яго прапускалі на вячэрнія сеансы. Яму з гэтай прычыны жыць бы ды радавацца, а ён, уявіце сабе, нясцерпна пакутаваў. Ён пакутаваў ад адзіноцтва. Яму да зарэзу патрэбен быў суразмоўца, з якім ён мог бы пагаварыць пра вельмі дзіўныя паводзіны Волькі Кастылькова на сённяшніх экзаменах па геаграфіі. І, як на злосць,— ніводнага знаёмага!

Тады ён вырашыў сысці ўніз. А можа там каго-небудзь пашле яму лёс. На лесвічнай пляцоўцы яго ледзь не збіў з ног стары ў саламяным капелюшы і вышытых саф’янавых пантофлях, які цягнуў за руку — каго б вы падумалі? — самога Вольку Кастылькова! Волька чамусьці прыкрываў твар абедзвюма рукамі.

— Волька! — узрадаваўся Багарад.— Кастылькоў!..

Але, у адрозненне ад Жэні, Волька, відаць, ніколькі не ўзрадаваўся гэтай сустрэчы. Больш таго: ён зрабіў выгляд, быццам не пазнаў свайго лепшага прыяцеля, і кінуўся з усіх ног у самую гушчыню натоўпу, які слухаў аркестр.

— Ну і не трэба! — пакрыўдзіўся Жэня і пайшоў у буфет выпіць шклянку сітро.

Таму ён не бачыў, як вакол дзіўнага дзеда і Волькі пачаў збірацца народ.

Калі ж ён сам паспрабаваў прабіцца туды, куды, па невядомай для яго прычыне, скіравалася гэтулькі цікаўных, яго прыяцеля акружаў шчыльны натоўп, які ўсё рос і рос. Грукаючы адкіднымі сядзеннямі, людзі пакідалі крэслы перад эстрадай. Неўзабаве аркестр ужо іграў перад пустымі крэсламі.

— Што здарылася? — дарэмна дапытваўся Жэня, адчаянна штурхаючыся локцямі.— Калі няшчасны выпадак, дык я магу адсюль патэлефанаваць... У мяне тут дзядзька — старшы адміністратар... У чым справа?..

Але ніхто толкам не ведаў, у чым справа. І паколькі амаль нікому нічога не было відаць і ўсе цікавіліся, што ж там такое адбываецца, унутры шчыльнага чалавечага кола, і ўсе адзін аднаго распытвалі і крыўдзіліся, не атрымліваючы выразнага адказу, дык натоўп хутка так раскрычаўся, што нават пачаў заглушаць гукі аркестра, хоць усе музыканты стараліся з гэтай прычыны іграць як мага гучней.

Тады на шум прыбег Жэнеў дзядзька, узлез на крэсла і крыкнуў:

— Калі ласка, разыдзіцеся, грамадзяне!.. Што вы, барадатае дзіця не бачылі, ці што?

Ледзь толькі гэтыя словы даляцелі да буфета, усе пакінулі піць чай і прахаладжальныя напоі і кінуліся глядзець на барадатае дзіця.

— Волька! — зароў на ўсё фае Жэня, страціўшы надзею прабіцца ўнутр запаветнага кола.— Я нічога не бачу!.. А ты бачыш?.. Яно здорава барадатае?..

— Ой, бацюхны! — ледзь не завыў ад тугі няшчасны Волька.— Толькі і не хапала, каб ён...

— Бедны хлопчык! — спачувальна ўздыхалі цікаўныя, што акружалі яго.— Такая выродлівасць!.. Няўжо медыцына бяссільна дапамагчы?..

Спачатку Хатабыч няправільна ацаніў увагу, якая аддавалася яго юнаму сябру. Яму здавалася, што людзі стоўпіліся, каб выказаць сваю павагу Вольку. Потым гэта яго пачало злаваць.

— Разыдзіцеся, паважаныя! — крыкнуў ён, заглушаючы і гул натоўпу і гукі аркестра.— Разыдзіцеся, або я зраблю з вамі нешта страшнае!..

Нейкая школьніца з перапалоху заплакала. Але дарослых Хатабыч толькі рассмяшыў. Ну, сапраўды, чаго страшнага можна было чакаць ад гэтага забаўнага дзеда ў недарэчных ружовых пантофлях? Варта толькі парнуць яго моцна пальцам, і ён рассыплецца.

Не, ніхто не прыняў усур’ёз пагрозу Хатабыча. А стары прывык, каб яго словы прымушалі людзей дрыжаць. Зараз ён ужо быў зняважаны і за Вольку і за сябе і ўсё больш і больш наліваўся лютасцю. Невядома, чым бы ўсё скончылася, калі б у гэтую самую хвіліну не празвінеў званок. Расчыніліся дзверы глядзельнай залы, і ўсе пайшлі займаць свае месцы. Жэня хацеў быў выкарыстаць гэта і хоць адным вокам зірнуць на небывалы цуд. Але той жа самы натоўп, які раней перашкаджаў яму прабіцца, зараз сціснуў яго з усіх бакоў і, насуперак яго волі, пацягнуў з сабой у глядзельную залу.

Ледзь ён паспеў дабегчы да першага рада і сесці, як святло патухла.

— Фу! — з палёгкай уздыхнуў Жэня.— Ледзь не спазніўся... А барадатага хлопчыка я яшчэ перахаплю, калі скончыцца сеанс...

Тым не менш ён усё ж неспакойна круціўся на крэсле, спрабуючы ўбачыць дзесьці ззаду сябе гэты дзівосны цуд прыроды.

— Хлопчык, перастань круціцца!.. Перашкаджаеш! — узлаваўся яго сусед справа.— Сядзі спакойна!

Але, на вялікае яго здзіўленне, неспакойнага хлопчыка побач з ім ужо не было.

«Перасеў! — з зайздрасцю падумаў нядаўні Жэнеў сусед.— Вядома, мала радасці сядзець у першым радзе. Толькі вочы псуеш... Хлопчыку што? Перасеў на чужое месца. У крайнім выпадку, згоняць, дык хлопчыку не сорамна...»

Апошнімі, калі ў глядзельнай зале было ўжо цёмна, пакінулі фае Волька з Хатабычам.

Праўду кажучы, Волька спачатку так расхваляваўся, што вырашыў пайсці з кіно, не паглядзеўшы карціны. Але тут узмаліўся Хатабыч:

— Калі табе так не падабаецца барада, якой я цябе ўпрыгожыў для тваёй жа карысці, дык я цябе вызвалю ад яе, як толькі мы сядзем на нашы месцы. Гэта мне зрабіць проста. Хадзем жа туды, куды пайшлі ўсе астатнія, бо мне не церпіцца даведацца, што такое кіно. Якім цудоўным яно павінна быць, калі нават умудроныя вопытам людзі наведваюць яго ў такую знясільваючую летнюю спякоту!

І сапраўды, толькі яны селі на вольныя месцы ў шостым радзе, як Хатабыч пстрыкнуў пальцамі левай рукі.

Але, насуперак яго абяцанню, нічога з Волькавай барадой не адбылося.

— Што ж ты марудзіш? — запытаў Волька.— А яшчэ хваліўся!

— Я не хваліўся, о самы цудоўны з вучняў шостага класа «Б». Я, на шчасце, своечасова перадумаў. Калі ў цябе знікне барада, цябе выганяць з мілага твайму сэрцу кіно.

Як неўзабаве высветлілася, стары схітрыў.

Але Волька гэтага яшчэ не ведаў. Ён сказаў:

— Нічога, адсюль ужо не выганяць.

Хатабыч зрабіў выгляд, быццам не чуў гэтых слоў.

Волька паўтарыў, і Хатабыч зноў прыкінуўся глухім.

Тады Волька павысіў голас:

— Гасан Абдурахман ібн Хатаб!

— Слухаю, о юны мой уладар,— пакорліва адказаў стары.

— Можна цішэй? — сказаў хтосьці з суседзяў.

Волька працягваў шэптам, нагнуўшыся да самага вуха засмучанага Хатабыча:

— Зрабі так, каб неадкладна не стала ў мяне гэтай недарэчнай барады.

— Чаму яна недарэчная? — прашаптаў у адказ стары.— Гэта ў вышэйшай ступені паважная і самавітая барада.

— У гэтую ж секунду? Чуеш, у гэтую ж секунду!

— Чую і слухаюся,— зноў прамовіў Хатабыч і нешта зашаптаў, засяроджана пстрыкаючы пальцамі.

Расліннасць на Волькавым твары засталася без змены.

— Ну? — сказаў Волька нецярпліва.

— Яшчэ адно імгненне, о блаславёны Волька ібн Алёша,— адгукнуўся стары, працягваючы нервова шаптаць і пстрыкаць.

Але барада і не думала знікаць з Волькавага твару.

— Паглядзі, паглядзі, хто там сядзіць у дзявятым радзе! — прашаптаў раптам Волька, забыўшы на момант пра сваю бараду.

У дзявятым радзе сядзелі два чалавекі, нічым, на думку Хатабыча, не прыкметныя.

— Гэта надзвычай цудоўныя акцёры! — горача растлумачыў Волька і назваў два прозвішчы, вядомыя кожнаму нашаму чытачу. Хатабычу яны, вядома, нічога не гаварылі.

— Ты хочаш сказаць, што яны скамарохі? — паблажліва ўсміхнуўся стары.— Яны танцуюць на канаце?

— Яны іграюць у кіно! Гэта вядомыя кінаакцёры, вось хто яны!

— Дык чаму ж яны не іграюць? Чаму Яны сядзяць склаўшы рукі? — з асуджэннем запытаў Хатабыч.— Гэта, відаць, вельмі неруплівыя скамарохі, і мне балюча, што ты іх гэтак неабдумана хваліш, о кіно майго сэрца.

— Што ты! — засмяяўся Волька.— Кінаакцёры ніколі не іграюць у кінатэатрах. Кінаакцёры іграюць у кінастудыях.

— Значыць, мы зараз будзем глядзець не кінаакцёраў, а якіх-небудзь іншых скамарохаў?

— Не, менавіта кінаакцёраў. Разумееш, яны іграюць у кінастудыях, а мы глядзім іх ігру ў кінатэатрах. Па-мойму, гэта зразумела кожнаму дзіцяці.

— Ты пляцеш, прабач мне, нейкую бязглуздзіцу,— з асуджэннем сказаў Хатабыч.— Але я не злуюся на цябе, бо не знаходжу ў тваіх словах наўмыснага жадання пажартаваць з твайго пакорлівага слугі. Гэта ў цябе, відаць, ад гарачыні, што пануе ў гэтым памяшканні. На жаль, я не бачу ніводнага акна, якое можна было б расчыніць, каб асвяжыць паветра.

Волька зразумеў, што за тыя некалькі хвілін, якія засталіся да пачатку сеанса, яму ніяк не ўдасца растлумачыць старому, у чым сутнасць работы кінаакцёраў, і вырашыў адкласці тлумачэнні на пасля. Тым больш, што ён успомніў аб няшчасці, якое звалілася на яго.

— Хатабыч, міленькі, ну што табе значыць, ну пастарайся хутчэй!

Стары цяжка ўздыхнуў, вырваў з сваёй барады адзін волас, другі, трэці, потым са злосці выдзер з яе цэлую пасму і пачаў разлютавана рваць іх на дробныя часткі, нешта засяроджана прыгаворваючы і не зводзячы вачэй з Волькі. Расліннасць на румянай фізіяноміі яго юнага сябра не толькі не знікла — яна нават не зварухнулася. Тады Хатабыч узяўся пстрыкаць пальцамі ў самых розных спалучэннях: то асобнымі пальцамі, то ўсёй пяцярнёй правай рукі, то левай, то адразу пальцамі абедзвюх рук, то раз пальцамі правай рукі і два разы — левай, то наадварот. Але ўсё было дарэмна. І тады Хатабыч раптам пачаў з трэскам рваць на сабе адзенне.

— Ты што, звар’яцеў? — спалохаўся Волька.— Што гэта ты робіш?

— О гора мне! — прашаптаў у адказ Хатабыч і пачаў драпаць сабе твар.— О гора мне!.. Тысячагоддзі, праведзеныя ў праклятай пасудзіне, на жаль, далі сябе адчуць! Адсутнасць практыкі згубна адбілася на маёй спецыяльнасці... Даруй мне, о юны мой збавіцель, але я нічога не магу зрабіць з тваёй барадой!.. О гора, гора мне, беднаму джыну Гасану Абдурахману ібн Хатабу!..

— Што ты там такое шэпчаш? — запытаў Волька.— Шапчы больш выразна. Я нічога не магу разабраць.

І Хатабыч адказаў яму, старанна рвучы на сабе адзенне:

— О самы дарагі з отракаў, о самы прыемны з прыемных, не абрушвай на мяне свой справядлівы гнеў!.. Я не магу пазбавіць цябе ад барады!.. Я   з а б ы ў,   я к   г э т а   р о б і ц ц а!..

— Майце сумленне, грамадзяне! — зашыпелі на іх суседзі.— Паспееце нагаварыцца дома. Вы ж перашкаджаеце!.. Няўжо звяртацца да білецёра?

— Ганьба на маю старую галаву! — ледзь чутна заскуголіў цяпер Хатабыч.— Забыць такое простае чараўніцтва! І хто забыў?! Я, Гасан Абдурахман ібн Хатаб, наймагутнейшы з джынаў, я, той самы Гасан Абдурахман ібн Хатаб, з якім дваццаць год нічога не мог зрабіць сам Сулейман ібн Дауд, мір з імі абодвума!..

— Не хныкай! — прашаптаў Волька, не хаваючы сваёй пагарды.— Скажы па-чалавечаму, надоўга ты мяне ўзнагародзіў гэтай барадой?

— О не, супакойся, мой добры ўладар! — адказаў стары.— На шчасце, я зачараваў цябе малым чараўніцтвам. Заўтра ў гэты час твар у цябе зробіцца гладкім, як у нованароджанага... А можа, мне яшчэ раней удасца ўспомніць, як адчараваць малое чараўніцтва...

Якраз у гэты момант на экране скончыліся шматлікія надпісы, якімі звычайна пачынаецца кожная карціна, потым на ім з’явіліся, заварушыліся і загаварылі людзі. Хатабыч самаздаволена шапнуў Вольку:

— Ну, гэта я ўсё разумею. Гэта вельмі проста. Усе гэтыя людзі прыйшлі сюды скрозь сцяну. Гэтым мяне не здзівіш. Гэта я таксама ўмею.

— Нічога ты не разумееш! — усміхнуўся Волька з невуцтва старога.— Кіно, калі хочаш ведаць, зроблена па прынцыпу...

З пярэдніх і задніх радоў зашыкалі, і Волькавы тлумачэнні перапыніліся на паўслове.

З хвіліну Хатабыч сядзеў як зачараваны. Потым ён пачаў узрушана круціцца, раз-пораз павяртаючыся назад, дзе ў дзявятым радзе, як памятаюць нашы чытачы, сядзелі абодва кінаакцёры. Ён прарабіў гэта некалькі разоў, пакуль канчаткова не пераканаўся, што яны адначасова і сядзяць ззаду яго, чынна склаўшы рукі на грудзях, і імчацца верхам на хуткіх конях там, наперадзе, на адзінай асветленай сцяне гэтага ў вышэйшай ступені загадкавага памяшкання.

Пабляднелы, са спалохана прыўзнятымі брывамі, стары шапнуў Вольку:

— Паглядзі назад, о адважны Волька ібн Алёша!

— Ну але, сказаў Волька,— гэта кінаакцёры. Яны іграюць у гэтай карціне галоўныя ролі і прыйшлі паглядзець, ці падабаецца нам, гледачам, іх ігра.

— Мне не падабаецца! — адразу ж паведаміў Хатабыч.— Мне не падабаецца, калі людзі раздвойваюцца. Нават я не ўмею ў адзін і той жа час сядзець склаўшы рукі на крэсле і імчацца на імклівым, ветру падобным кані. Гэтага нават Сулейман ібн Дауд — мір з імі абодвума! — не мог рабіць. І таму мне страшна.

— Усё ў парадку,— паблажліва ўсміхнуўся Волька.— Зірні на астатніх гледачоў. Бачыш, ніхто не баіцца. Потым я табе растлумачу, у чым справа.

Раптам магутны паравозны гудок прарэзаў цішыню. Хатабыч схапіў Вольку за руку.

— О царственны Волька! — прашаптаў ён, абліваючыся халодным потам.— Я пазнаю гэты голас. Гэта голас цара джынаў Джырджыса!. Уцякайма, пакуль не позна!

— Ну што за глупства! Сядзі спакойна!.. Нішто нам не пагражае.

— Слухаю і падпарадкуюся,— пакорліва пралепятаў Хатабыч, не перастаючы дрыжаць.

Але роўна праз секунду, калі на экране памчаўся з гучным гудком проста на гледачоў паравоз, пранізлівы крык жаху пачуўся ў глядзельнай зале.

— Уцякайма!.. Уцякайма!..— лямантаваў не сваім голасам Хатабыч, даючы лататы з залы.

Ужо каля самага выхаду ён успомніў пра Вольку, бягом вярнуўся за ім, схапіў за локаць і пацягнуў да дзвярэй:

— Уцякайма, о Волька ібн Алёша! Уцякайма, пакуль не позна!..

— Грамадзяне...— пачаў білецёр, заступаючы ім дарогу.

Але адразу ўслед за гэтым ён раптам апісаў у паветры прыгожую, вельмі доўгую дугу і апынуўся на эстрадзе, перад самым экранам...

— Чаго ты крычаў? Чаго ты развёў гэтую дзікую паніку? — сярдзіта запытаў ужо на вуліцы Волька ў Хатабыча.

І той адказаў:

— Як жа мне не крычаць, калі над табой навісла самая страшная з усіх магчымых небяспек! Проста на нас імчаўся, вывяргаючы агонь і смерць, вялікі шайтан Джырджыс ібн Рэджмус, унук цёткі Ікрыша!

— Які там Джырджыс! Якая цётка? Самы звычайны паравоз!

— Ці не збіраецца мой юны ўладар вучыць старога джына Гасана Абдурахмана ібн Хатаба, што такое шайтан? — з’едліва запытаў Хатабыч.

І Волька зразумеў: тлумачыць яму, што такое кіно і што такое паравоз,— справа не пяці хвілін і нават не гадзіны.

Адсопшыся, Хатабыч пакорліва запытаў:

— Чаго б табе хацелася зараз, о каштоўнейшая зрэнка майго вока?

— Нібы не ведаеш! Пазбавіцца ад барады!

— На жаль са скрухай адказаў стары,— я яшчэ бяссільны споўніць гэта тваё жаданне. Але ці няма ў цябе якога-небудзь іншага жадання? Скажы, і я яго ў той жа момант споўню.

— Пагаліцца... І як мага хутчэй!

Праз некалькі хвілін яны былі ў цырульні.

Яшчэ хвілін праз дзесяць стомлены майстар высунуўся з адчыненых дзвярэй мужчынскай залы і крыкнуў:

— Наступны!

Тады з зацішнага кутка каля самай вешалкі выйшаў і таропка сеў у крэсла хлопчык з тварам, захутаным у дарагую шаўковую тканіну.

— Загадаеце пастрыгчы? — запытаў цырульнік, маючы на ўвазе прычоску хлопчыка.

— Пагаліце мяне! — адказаў яму прыдушаным голасам хлопчык і зняў шаль, які закрываў яго твар па самыя вочы.

 

Стары Хатабыч. Лазарь Лагин. Иллюстрация 4

 


VII. Неспакойны вечар

 

Добра, што Волька не быў брунетам. У Жэні Багарада, напрыклад, шчокі пасля галення адсвечвалі б сінню. А ў Волькі, калі ён выйшаў з цырульні, шчокі нічым не адрозніваліся ад шчок усіх яго аднагодкаў.

Ішла ўжо восьмая гадзіна, але яшчэ было зусім светла і вельмі горача.

— Ці няма ў вашым блаславёным горадзе крамы, дзе прадаюць шарбет або падобныя шарбету прахаладжальныя напоі, каб змаглі мы суцішыць нашу смагу? — запытаў Хатабыч.

—А і праўда! — падхапіў Волька.— Добра было б папіць зараз халодненькага ліманаду або крушону!

Яны зайшлі ў першы, які трапіўся, павільён фруктовай і мінеральнай вады, селі за столік і паклікалі афіцыянтку.

— Калі ласка, дзве бутэлькі лімоннай вады,— сказаў Волька.

Афіцыянтка кіўнула галавой і пайшла да прылаўка, але Хатабыч сярдзіта гукнуў ёй:

— А ну, падыдзі бліжэй, нікчэмная прыслужніца! Мне не падабаецца, як ты адказала на загад майго юнага сябра і ўладара.

— Хатабыч, пакінь, чуеш! Пакінь...— зашаптаў быў Волька.

Але Хатабыч ласкава закрыў яму рот сваёй сухой далонькай:

— Не перашкаджай хоць мне заступіцца за тваю годнасць, калі сам ты, па ўласцівай табе мяккасці, не вылаяў яе...

— Ты нічога не зразумеў! — не на жарт спалохаўся Волька за афіцыянтку.— Хатабыч, я ж табе зусім ясна гавару, што...

Але тут ён раптам з жахам адчуў, што анямеў. Ён хацеў кінуцца паміж старым і дзяўчынай, якая яшчэ нічога не падазравала, але не мог паварушыць ні рукой, ні нагой.

Гэта Хатабыч, каб Волька яму не перашкаджаў у тым, што ён лічыў справай свайго гонару, злёгку прышчаміў вялікім і ўказальным пальцамі левай рукі мочку Волькавага правага вуха і тым асудзіў яго на маўчанне і поўную нерухомасць.

— Як ты адказала на загад майго юнага сябра? — паўтарыў ён, зноў звяртаючыся да афіцыянткі.

— Я вас не разумею, грамадзянін,— ветліва адказала яму дзяўчына.— Загаду ніякага не было. Была просьба, і я пайшла яе выконваць. Гэта па-першае. А па-другое, у нас не прынята «тыкаць». У нас прынята звяртацца да незнаёмых людзей на «вы». І мяне здзіўляе, што вам гэта невядома, хоць гэта вядома кожнаму культурнаму савецкаму чалавеку.

— Ты што ж, вучыць мяне хочаш?! — закрычаў Хатабыч.— На калені! Або я ператвару цябе ў пыл!..

— Сорамна, грамадзянін! — умяшалася касірка, якая назірала за гэтай абураючай сцэнай; добра што наведвальнікаў, акрамя Волькі з Хатабычам, у павільёне не было.— Хіба можна так хуліганіць, тым больш у вашы гады!

— На калені! — зароў на ўсю сілу Хатабыч.— І ты на калені! — паказаў ён пальцам на касірку.— І ты! — крыкнуў ён другой афіцыянтцы, якая спяшалася на дапамогу сваёй сяброўцы.— Усе тры зараз жа на калені і маліце майго юнага сябра, каб ён вас памілаваў!

З гэтымі словамі ён раптам пачаў расці ў памерах, пакуль не дасягнуў галавою столі. Гэта было страшнае і дзіўнае відовішча. Касірка і другая афіцыянтка страцілі прытомнасць ад жаху, але першая афіцыянтка, хоць і пабляднела, спакойна сказала Хатабычу:

— Сорамна, грамадзянін! Паводзьце сябе, як належыць у грамадскім месцы... І калі вы прыстойны гіпнатызёр...

Яна думала, што стары рабіў над імі вопыты гіпнозу.

— На калені! — зноўку зароў Хатабыч.— Я каму кажу — на калені?!

За тры тысячы семсот трыццаць два гады яго жыцця гэта быў першы выпадак, калі звычайныя смяротныя асмельваліся не паслухацца яго загаду. Хатабычу здавалася, што гэта прыніжае яго ў вачах Волькі, а яму страшэнна хацелася, каб Волька паважаў яго і цаніў яго сяброўства.

— Падай ніцма, о нікчэмная, калі табе дорага жыццё!

— Аб гэтым не можа быць і размовы,— адказала дрыжачым голасам смелая афіцыянтка.— Гэта за мяжой, у капіталістычных краінах, работнікі грамадскага харчавання вымушаны выслухоўваць розныя грубасці ад кліентаў, але ў нас... І наогул незразумела, чаго вы павышаеце голас... Калі ёсць скарга, можаце ветліва папрасіць у касірцы кнігу скаргаў. Кніга скаргаў выдаецца па першаму патрабаванню... Наш павільён, калі хочаце ведаць, наведваюць самыя вядомыя гіпнатызёры і ілюзіяністы, але ніколі нічога такога сабе не дазвалялі... Правільна я гавару, Каця? — звярнулася яна за падтрымкай да сяброўкі, якая паспела ўжо апрытомнець.

— Таксама выдумаў! — адказала Каця ўсхліпнуўшы.— На калені станавіцца! Агіднасць якая!..

— Вось як?! — канчаткова разбушаваўся Хатабыч.— Дык вось да чаго даходзіць ваша дзёрзкасць?! Ну што ж, вы самі таго хацелі!

Прывычным жэстам ён вырваў з сваёй барады тры валаскі і адняў левую руку ад Волькавага вуха, каб парваць іх на дробныя часткі.

Але варта было Хатабычу толькі пакінуць Волькава вуха ў спакоі, як Волька, на вялікую прыкрасць старога, зноў мог гаварыць і распараджацца сваім целам. Перш за ўсё ён схапіў Хатабыча за руку:

— Што ты, Хатабыч! Што ты задумаў?

— Я задумаў пакараць іх, о Волька. Ці паверыш, сорамна прызнацца: спачатку я хацеў іх забіць громам. Забіваць людзей громам — гэта ж па сіле кожнаму, самаму заваляшчаму іфрыту!..

Тут Волька, нягледзячы на сур’ёзнасць становішча, знайшоў у сябе мужнасць заступіцца за навуку.

— Удар грому...— сказаў ён, ліхаманкава думаючы, як адвесці бяду, што навісла над беднымі дзяўчатамі,— удар грому нікога забіць не можа. Забівае людзей разрад атмасфернай электрычнасці — маланка. А гром не забівае. Гром — гэта гук.

— Не ведаю,— суха адказаў Хатабыч, які не жадаў апускацца да спрэчак з нявопытным юнаком.— Не думаю, каб ты меў рацыю. Але я перадумаў. Я не заб’ю іх громам. Лепш я ператвару іх у... вераб’ёў. Так, бадай, у вераб’ёў.

— Але за што?

— Я павінен пакараць іх, о Волька, за іх заганныя паводзіны.

— Няма за што іх караць! Чуеш!

Волька тузануў Хатабыча за руку. Той ужо збіраўся парваць валаскі: тады было б позна.

Але валаскі, якія ўпалі былі на падлогу, самі па сабе зноў апынуліся ў цёмнай шурпатай далоньцы Хатабыча.

— Толькі паспрабуй! — закрычаў Волька, заўважыўшы, што стары зноў сабраўся парваць валаскі.— Ах, так!.. Тады і мяне ператварай у вераб’я! Або ў жабу! У што хочаш ператварай! І наогул лічы, што на гэтым наша знаёмства скончана! Мне страшэнна не падабаюцца твае замашкі. І ўсё! Ператварай мяне ў вераб’я! І няхай мяне з’есць першая сустрэчная кошка!

Стары разгубіўся:

— Хіба ты не бачыш, што я хачу гэта зрабіць, каб у далейшым ніхто не адважваўся ставіцца да цябе без той выключнай павагі, якой ты заслугоўваеш сваімі бясконцымі вартасцямі?

— Не бачу і не жадаю бачыць!

— Твой загад для мяне закон,— паслухмяна адказаў Хатабыч, які ніяк не мог зразумець, чаму яго збавіцель такі спагадлівы.— Добра, я не буду ператвараць іх у вераб’ёў.

— І ні ў што іншае!

— І ні ў што іншае,— пакорліва згадзіўся стары і ўсё ж узяўся за валаскі з яўным намерам парваць іх.

— Навошта ты хочаш рваць валаскі? — зноў перапалохаўся Волька.

— Я ператвару ў пыл усе тавары, і ўсе сталы, і ўсё абсталяванне гэтай паскуднай крамы!

— Ты звар’яцеў! — страшэнна абурыўся Волька.— Гэта ж дзяржаўнае дабро, старая ты балда!

— Хай дазволена мне будзе даведацца, што ты, о брыльянт душы маёй, разумееш пад гэтым невядомым мне словам «балда»? — з цікаўнасцю запытаў Хатабыч.

Волька пачырванеў, як моркаўка:

— Разумееш... як табе сказаць... э-э-э... Ну, увогуле, «балда» — гэта нешта накшталт мудраца.

Тады Хатабыч вырашыў запомніць гэта слова, каб пры выпадку бліснуць ім у размове.

— Але...— пачаў ён.

— Ніякіх «але»! Я лічу да трох. Калі ты пасля таго, як я скажу «тры», не пакінеш у спакоі гэты павільён, можаш лічыць, што мы з табой не маем нічога агульнага, і што між намі ўсё скончана, і што... Лічу: раз!.. два!.. т...

Волька не паспеў дакончыць кароценькае слова «тры». Тужліва махнуўшы рукой, стары зноў прыняў свой звычайны выгляд і панура прамовіў:

— Хай будзе па-твойму, бо тваё пажаданне для мяне даражэй за зрэнкі маіх вачэй.

— То-та ж,— сказаў Волька.— Цяпер засталося папрасіць прабачэння, і можна спакойна ісці.

— Дзякуйце ж свайму юнаму збавіцелю! — сурова крыкнуў Хатабыч дзяўчатам.

Волька зразумеў, што вырваць прабачэнне з вуснаў старога не ўдасца.

— Прабачце нам, калі ласка, таварышы,— сказаў ён.— І, калі можна, не вельмі крыўдуйце на гэтага грамадзяніна. Ён прыезджы і яшчэ не асвойтаўся з савецкімі парадкамі. Бывайце здаровы!

— Бывайце здаровы! — ветліва адказалі дзяўчаты.

Яны яшчэ цалкам не апамяталіся. Ім было і дзіўна і страшнавата. Але, вядома, ім і ў галаву не магло прыйсці, наколькі сур’ёзнай была небяспека, якой яны пазбеглі.

Яны выйшлі ўслед за Хатабычам і Волькам на вуліцу і стаялі каля дзвярэй, назіраючы, як павольна аддаляўся гэты дзіўны дзядок у старамодным саламяным капелюшы, пакуль нарэшце разам са сваім юным спадарожнікам не схаваўся за паваротам.

— Адкуль такія свавольныя дзяды бяруцца, ніяк не зразумею! — уздыхнула Каця і зноў усхліпнула.

— Які-небудзь дарэвалюцыйны гіпнатызёр,— жаласліва сказала яе адважная сяброўка.— Напэўна, пенсіянер. Засумаваў, выпіў, можа, лішняе... Ці многа такому дзядку трэба!

— Та-а-ак,— далучылася да іх думкі касірка,— старасць — не радасць... Хадзем, дзяўчаты, у памяшканне!..

Але, відаць, на гэтым не суджана было скончыцца сённяшнім ліхім прыгодам. Ледзь толькі Волька з Хатабычам выйшлі на вуліцу Горкага, у вочы ім ударыла сляпучае святло аўтамабільных фараў. Здавалася, проста на іх імчалася, напаўняючы вячэрняе паветра пранізлівай сірэнай, вялікая санітарная машына.

І тады Хатабыч страшэнна змяніўся ў твары і залямантаваў:

— О гора мне, старому і няшчаснаму джыну! Джырджыс, магутны і бязлітасны цар шайтанаў і іфрытаў, не забыў нашай даўняй варожасці, вось ён і наслаў на мяне жахлівейшае са сваіх страшыдлаў!

З гэтымі словамі ён імкліва аддзяліўся ад тратуара, ужо недзе высока, на ўзроўні трэцяга або чацвёртага паверха, зняў свой саламяны капялюш, памахаў ім Вольку і павольна растаў у паветры, крыкнуўшы на развітанне:

— Я пастараюся адшукаць цябе, о Волька ібн Алёша! Цалую пыл пад тваімі нагамі!.. Бывай!..

Між намі кажучы, Вольку нават узрадавала знікненне старога. Было не да яго. У Волькі падкошваліся ногі пры адной думцы, што яму зараз трэба было вяртацца дадому.

Сапраўды, паспрабуйце паставіць сябе на яго месца. Чалавек пайшоў з дому для таго, каб здаць экзамен па геаграфіі, наведаць кіно і а палове сёмай вечара чынна і паважна вярнуцца дадому абедаць. Замест гэтага ён вяртаецца дадому а дзясятай гадзіне, ганебна праваліўшыся на экзамене, і, што самае жахлівае, з паголенымі шчокамі! Гэта ў няпоўныя трынаццаць гадоў! Колькі ён ні думаў, але выйсця з такога становішча яму знайсці не ўдалося.

Так нічога і не прыдумаўшы, ён паплёўся ў ціхі, поўны доўгіх вячэрніх ценяў Трохпрудны завулак.

Ён прайшоў міма здзіўленага дворніка, увайшоў у пад’езд, падняўся на пляцоўку другога паверха і, цяжка ўздыхнуўшы, націснуў кнопку званка. У глыбіні кватэры пачуліся нечыя крокі, і незнаёмы голас запытаў праз зачыненыя дзверы:

— Хто там?

— «Гэта я»,— хацеў сказаць Волька і раптам успомніў, што з сённяшняй раніцы яны ўжо тут не жывуць.

Нічога не адказаўшы новаму жыхару, ён хуценька збег па прыступках, з незалежным выглядам прайшоў міма дворніка, які ўсё яшчэ не пакінуў здзіўляцца, і, выйшаўшы з завулка, сеў у тралейбус. Але няшчасце ў гэты дзень ішло следам за ім. Дзесьці, хутчэй за ўсё ў кіно, ён згубіў кашалёк. Прыйшлося вылезці з тралейбуса і пайсці пехатой.

Менш за ўсё Вольку хацелася б зараз сустрэцца з кім-небудзь са сваіх аднакласнікаў, але асабліва невыноснай была нават думка, што яму давядзецца ўбачыцца з Гогам-Пілюляй. З сённяшняга дня каварны лёс, акрамя ўсяго іншага, пасяліў яшчэ іх у адным доме.

І, вядома, як толькі Волька апынуўся на двары свайго новага дома, яго гукнуў да агіднасці знаёмы голас:

— Гэй, псіх! Што гэта за старэча, з якім ты сёння ішоў са школы?..

Нахабна маргаючы і яхідна скрывіўшы морду, да Волькі падбег Гога-Пілюля.

— Не старэча, а стары,— міралюбна паправіў яго Волька, якому сёння не хацелася даводзіць справу да бойкі.— Гэта... гэта татаў знаёмы... З Ташкента.

— А вось я е-э-эк пайду да твайго таты ды е-э-эк раскажу яму пра твае штучкі на экзамене!..

— Ох, даўно ты ў мяне, Пілюлька, ляшча не зарабляў! — разлютаваўся Волька, уявіўшы сабе, якое ўражанне Пілюлькаў аповед зробіць на яго бацькоў.— Ды я цябе, паклёпніка праклятага, зараз у парашок сатру!..

— Э-э! Гэта ты пакінь!.. Скажыце, калі ласка, і пажартаваць ужо нельга!.. Самы сапраўдны псіх!

Спалохаўшыся Волькавых кулакоў, з якімі ён пасля некалькіх сутычак лічыў за лепшае не мець справы, Гога стрымгалоў кінуўся ў пад’езд, у якім ён з сённяшняга дня жыў у небяспечнай блізкасці ад Волькі. Іх кватэры знаходзіліся на адной лесвічнай пляцоўцы.

— Лысыя людзі! Лысыя людзі! — крыкнуў ён, высунуўшы галаву з напаўадчыненых дзвярэй пад’езду, паказаў Вольку язык і, баючыся справядлівага Волькавага гневу, памчаўся, адразу пераскокваючы праз дзве прыступкі, на чацвёрты паверх, дадому.

На лесвіцы, між іншым, яго ўвагу адразу ж прыцягнулі ў вышэйшай ступені загадкавыя паводзіны вялізнага сібірскага ката з сорак трэцяй кватэры — яго звалі Хоміч. Хоміч стаяў, пагражальна выгнуўшы спіну, і фыркаў на зусім пустое месца. Першай Гогавай думкай было, што кот ашалеў. Але ў шалёных катоў хвост, здаецца, павінен быць падціснуты, а ў гэтага ката хвост тарчаў, што тая труба. Ды і наогул Хоміч выглядаў зусім здаровым.

На ўсякі выпадак Гога піхнуў яго нагой.

Ад болі, ад нечаканасці і крыўды Хоміч заскуголіў на ўсе дзесяць паверхаў лесвічнай клеткі. Ён кінуўся ўбок, падскочыўшы так высока і прыгожа, што гэта зрабіла б гонар нават яго славутаму цёзку. І тут зноў адбылося нешта зусім незразумелае. За добрага паўметра ад лесвіцы Хоміч зноў заскуголіў і паляцеў назад, проста на Гогу, як быццам няшчасная жывёліна з усёй сілы стукнулася аб нейкую нябачную, але вельмі пругкую гумавую сцяну. Адначасова з гэтым дзесьці зусім побач пачулася з пустаты нечае неразборлівае мыканне, нібы камусьці балюча наступілі на нагу.

Пілюкін ніколі не вызначаўся вялікай смеласцю. А тут ён і зусім ледзь не памёр ад страху.

— О-о-о-ой! — паціху скавытаў ён, спрабуючы адарваць ад прыступкі свае адразу здранцвелыя ногі. Нарэшце ён іх адарваў і з такой хуткасцю кінуўся наўцёкі, што толькі пяткі замільгалі.

Калі за Гогам з грукатам зачыніліся дзверы яго кватэры, Хатабыч дазволіў сабе зрабіцца бачным. Скурчыўшыся ад болю, ён разглядаў сваю левую нагу, моцна падрапаную кіпцюрамі ашалелага Хоміча.

— О пракляты отрак! — прастагнаў Хатабыч, папярэдне пераканаўшыся, што ён застаўся адзін на лесвіцы.— О сабака сярод хлапчукоў!..

Ён замоўк і прыслухаўся.

Па лесвіцы, агорнуты самымі сумнымі думкамі, павольна падымаўся яго юны збавіцель Волька Кастылькоў.

Хітраму старому не хацелася трапляцца зараз яму на вочы, і ён хуценька растаў у паветры.

 


VIII. Раздзел, які служыць непасрэдным працягам папярэдняга

 

Як ні заманліва было б паказаць Вольку Кастылькова хлопчыкам без ніводнага недахопу, але найвялікшая праўдзівасць аўтара гэтай аповесці не дазваляе яму гэтага зрабіць. І калі зайздрасць справядліва лічыцца недахопам, дык, на вялікі наш жаль, прыходзіцца прызнаць, што ў Волькі часам было гэтае пачуццё ў даволі высокай ступені. У апошнія дні ён зайздросціў Гогу. Яшчэ задоўга да экзаменаў Гога хваліўся, быццам маці абяцала падарыць яму шчаня, аўчарку, як толькі ён пяройдзе ў сёмы клас.

— Чакай! — з натугай чмыхнуў тады Волька, адчуваючы, што проста-ткі халадзее ад зайздрасці.— Так табе і купілі!

Але ў глыбіні душы ён адчуваў, што Пілюлевы словы вельмі падобны на праўду: усяму класу было вядома, штоГогава маці нічога не шкадуе для свайго сынка. Сабе ва ўсім адмовіць, а ўжо Гогу такі падаруначак адваліць, што ўвесь клас ахне.

— Абавязкова падорыць,— строга паўтарыў Гога.— Маці для мяне, калі хочаш ведаць, нічога не шкадуе. Калі абяцала, значыць, купіць. У крайнім выпадку, возьме грошы ў касе ўзаемадапамогі і купіць. Яе на заводзе ведаеш як цэняць!

Гогаву маці і сапраўды вельмі цанілі на заводзе. Яна працавала старшай чарцёжніцай, была жанчынай сціплай, вясёлай, працавітай. Яе ўсе любілі — і на заводзе, і суседзі па дому. Яе нават Гога па-свойму любіў. А ўжо яна без Гогі проста жыць не магла.

Словам, калі яна абяцала купіць аўчарку — значыць, купіць.

І, можа, менавіта ў гэтую тужлівую хвіліну, калі ён, Волька, прыгнечаны перажываннямі, якія абрушыліся на яго за сённяшні дзень, паволі падымаецца па лесвіцы, зусім побач, у трыццаць сёмай кватэры, ужо гуляе з цудоўным вясёлым і калматым шчанём-аўчаркай Гога Пілюля, той самы Пілюля, які менш за каго б там ні было ў іх класе, у іх школе, бадай, ва ўсіх школах Масквы варты такога шчасця.

Так думаў Волька, і адзінае, што яго хоць крыху суцяшала, было тое меркаванне, што наўрад Гогава маці, нават калі яна і сапраўды збіралася падарыць Гогу сабаку, паспела ўжо гэта зрабіць. Гога толькі некалькі гадзін таму назад здаў апошні экзамен за шосты клас. А купіць шчаня не так ужо проста. Не зойдзеш у краму і не скажаш: «Загарніце мне, калі ласка, вунь тое шчаня...» Сабаку яшчэ пашукаць трэба.

І вось, уявіце сабе, у той самы момант, калі бабуля адчыніла Вольку, з-за дзвярэй кватэры нумар трыццаць сем даляцеў высокі залівісты сабачы брэх.

«Купіла-ткі! — з горыччу падумаў Волька.— Аўчарку... Або, можа, нават баксёра...»

Гэта было зусім нясцерпна — уяўляць сабе Гогу гаспадаром сапраўднага, жывога службовага сабакі, і Волька хуценька зачыніў за сабой дзверы, каб толькі больш не чуць хвалюючага, неймаверна прыгожага, чароўнага сабачага брэху.

Ён паспеў яшчэ, праўда, пачуць спалоханы ўскрык Гогавай мамы. Відаць, сабака ўкусіў Гогу.

Але нават гэтае меркаванне не магло суцешыць нашага юнага героя...

Бацька яшчэ не вярнуўся з работы. Ён затрымаўся на пасяджэнні заўкама. Маці пасля заняткаў у вячэрнім універсітэце, мабыць, зайшла па яго на завод.

У Волькі, нягледзячы на ўсе яго намаганні здавацца спакойным і шчаслівым, быў такі сумны твар, што бабуля вырашыла перш за ўсё накарміць яго, а ўжо затым пачынаць роспыты.

— Ну як, Воленька? — нерашуча запытала яна, калі яе адзіны ўнучак хутка ўхадзіўся з абедам.

— Ды як табе сказаць...— няпэўна адказаў Волька і, на хаду сцягваючы з сябе футболку, пайшоў спаць.

Бабуля з маўклівым спачуваннем праводзіла яго ласкавым і сумным позіркам. Не варта было распытваць — усё было зразумела.

Волька, уздыхаючы, распрануўся, выцягнуўся на свежай, халаднаватай прасціне, але спакою не знайшоў.

На століку каля яго ложка ззяла каляровай супервокладкай тоўстая кніга вялікага фармату. У Волькі ёкнула сэрца: так і ёсць, тая самая, даўно жаданая кніга па астраноміі! І на першай старонцы буйным, з дзяцінства знаёмым почыркам напісана: «Высокаадукаванаму вучню сёмага класа, сапраўднаму члену астранамічнага гуртка пры Маскоўскім планетарыі Уладзіміру Аляксеевічу Кастылькову ад яго любячай бабулі».

Які смешны надпіс! Заўсёды бабуля прыдумае нешта смешнае. Але чаму ж Вольку зусім не смешна, ах, як не смешна! І яму, уявіце сабе, ніколькі не прыемна, што нарэшце ён дачакаўся гэтай прывабнай кнігі, аб якой так даўно марыў. Туга, туга сціскае грудзі. І цяжка нават уздыхнуць... Не, ён так больш не можа.

— Бабуля! — крыкнуў ён, адвярнуўшыся ад кнігі.— Бабуля, можна цябе на хвілінку?

— Ну, чаго табе там, свавольнік? — як быццам сварліва адгукваецца бабуля, задаволеная, што ёй можна будзе яшчэ перад сном пагутарыць з унучкам.— Спакою табе няма, астраном ты гэткі, паўночнік!

— Бабуля! — горача шэпча ёй Волька.— Зачыні дзверы і сядзь да мяне на ложак. Мне трэба табе сказаць пра адну вельмі важную справу.

— А можа, лепш да раніцы адкласці такую важную размову? — адказала бабуля, згараючы ад цікаўнасці.

— Не, зараз, абавязкова ў гэтую ж хвіліну. Я... Бабуля, я не перайшоў у сёмы клас... Правільней, я пакуль яшчэ не перайшоў... Я не вытрымаў экзамена...

— Праваліўся? — ціха ахнула бабуля.

— Не, не праваліўся... Я не вытрымаў, але і не праваліўся... Я пачаў выкладаць пункт гледжання старажытных пра Індыю, і пра гарызонт, і пра ўсякае такое... Я гэта ўсё правільна расказаў… А навуковы пункт гледжання мне неяк не ўдалося адказаць... Я сябе вельмі кепска адчуў, і Варвара Сцяпанаўна мне сказала, каб я прыйшоў, калі добра адпачну...

Нават зараз, нават бабулі ён не мог адважыцца сказаць пра Хатабыча. Ды яна і не паверыла б і падумала б, чаго добрага, што ён і сапраўды захварэў.

— Я раней хацеў утаіць гэта, а сказаць, калі ўжо здам, але мне зрабілася сорамна... Ты разумееш?..

— А што ж тут, Воленька, не разумець! — сказала бабуля.— Сумленне — вялікая рэч. Горш няма, як супраць сумлення свайго ісці... Ну, спі спакойна, астраном мой дарагі!

— Ты кніжку пакуль забяры,— дрыжачым голасам прапанаваў Волька.

— І не падумаю. Куды мне яе падзець? Лічы, што я табе яе да пары да часу здала на захаванне... Ну, спі. Спіш?

— Сплю,— адказаў Волька, у якога пасля прызнання нібы гара з плячэй звалілася.— І я табе абяцаю, я табе чэснае піянерскае даю, што здам геаграфію на «пяць». Ты мне верыш?

— Вядома, веру. Ну, спі, спі, набірайся сілы... А як бацькам — мне гаварыць ці сам скажаш?

— Лепш ты.

— Ну, спі спакойна!

Бабуля пацалавала Вольку, патушыла святло і выйшла з пакоя.

Нейкі час Волька ляжаў стаіўшы дыханне. Яму хацелася пачуць, як бабуля будзе паведамляць яго бацькам вестку, але, так нічога і не пачуўшы, ён заснуў.

 


IX. Неспакойная ноч

 

Не мінула і гадзіны, як яго разбудзіў тэлефонны званок, які пачуўся ў бацькавым кабінеце.

Да тэлефона падышоў Аляксей Аляксеевіч:

— Слухаю... Так, я... Хто?.. Добры вечар, Варвара Сцяпанаўна!.. Дзякую, нічога, а ваша?.. Волька? Волька спіць... Па-мойму, зусім здаровы, павячэраў з выключным апетытам... Так, ведаю, ён расказаў... Сам здзіўляюся... Так, бадай, іншага тлумачэння не знойдзеш... Вядома, няхай лепш адпачне нейкі час, калі вы не пярэчыце... Дзякую вам за ўвагу. Бывайце здаровы... Табе прывітанне ад Варвары Сцяпанаўны,— сказаў Аляксей Аляксеевіч жонцы.— Цікавілася Волькавым здароўем. Гаварыла, каб не хваляваліся: Волька ў іх мае добрую рэпутацыю. І каб добра адпачыў.

Зноў Волька паспрабаваў пачуць, аб чым размаўлялі між сабой яго бацькі, і зноў, нічога не разабраўшы, заснуў.

Але на гэты раз яму ўдалося паспаць не больш чвэрткі гадзіны.

Зноў перашкодзіў тэлефон.

— Так, гэта я,— пачуўся прыглушаны голас Аляксея Аляксеевіча.— Так... Прывітанне, Мікалай Нікандравіч... Што?.. Не, няма... Так, дома, безумоўна дома... Калі ласка... Да пабачэння, Мікалай Нікандравіч...

— Гэта хто тэлефанаваў? — пачуўся з кухні голас Волькавай мамы.

— Бацька Жэні Багарада. Хвалюецца: Жэня да гэтага часу не вярнуўся дадому. Пытаўся, ці не ў нас ён і ці дома Волька.

— У мае гады,— умяшалася ў размову бабуля,— так позна вярталіся дадому толькі гусары... Але каб дзіця...

Праз паўгадзіны тэлефонны званок трэці раз за гэтую неспакойную ноч перапыніў сон Волькі Кастылькова.

На гэты раз тэлефанавала Таццяна Іванаўна — маці Жэні Багарада. Жэня ўсё яшчэ не вярнуўся дадому. Яна прасіла даведацца аб ім у Волькі.

— Волька! — прыадчыніў Аляксей Аляксеевіч дзверы,— Таццяна Іванаўна пытае, калі ты ў апошні раз бачыў Жэню.

— Увечары ў кіно.

— А пасля кіно?

— А пасля кіно я яго не бачыў.

— А ён табе не казаў, куды ён збіраецца пайсці пасля кіно?

— Не.

Доўга, вельмі доўга чакаў Волька, калі спыняцца нарэшце размовы старэйшых аб знікшым Жэні (сам ён дык ніколькі не хваляваўся: ён падазраваў, што Жэня ад радасці махануў у Парк культуры, у цырк), ды, так і не дачакаўшыся, у трэці раз заснуў. На гэты раз канчаткова.

Неўзабаве ў кутку пачуўся ціхі ўсплёск. Потым нехта прашлёпаў па пакоі. На падлозе з’яўляліся і хутка высыхалі сляды нечых нябачных мокрых ног. Нехта, напяваючы сабе пад нос сумную і працяжную ўсходнюю мелодыю, нябачна хадзіў па пакоі.

Сляды мокрых ног накіраваліся да стала, на якім заклапочана цікаў будзільнік. Пачулася нечае захопленае цмоканне. Будзільнік сам па сабе ўзляцеў у паветра і нейкі час спакойна вісеў паміж столлю і падлогай, потым вярнуўся на сваё звычайнае месца, а сляды павялі ў напрамку да акварыума. Зноў пачуўся ўсплёск, і ўсё заціхла.

Позна ноччу пайшоў дождж. Ён весела стукаў у шыбы, зухавата шумеў у густым лісці дрэў, дзелавіта цурчаў у вадасцёкавых трубах. Часамі ён сціхаў, і тады чуваць было, як буйныя кроплі дажджу важка і звонка падаюць у бочку, якая стаяла пад акном. Потым, нібы набраўшыся сілы, дождж зноў пачынаў ліць густымі патокамі.

Пад такі дождж вельмі прыемна спаць, ён закалыхвае нават людзей, якія хварэюць на бяссонніцу, а Волька ніколі не скардзіўся на бяссонніцу.

Пад раніцу, калі неба амаль ачысцілася ад хмар, нехта некалькі разоў асцярожна крануў за плячо нашага героя, які моцна спаў. Але Волька не прачнуўся. І тады той, хто марна спрабаваў разбудзіць Вольку, сумна ўздыхнуў, нешта прамармытаў і, шоргаючы пантофлямі, накіраваўся ў глыбіню пакоя, дзе на высокай тумбачцы пабліскваў Волькаў акварыум з залатымі рыбкамі. Пачуўся ледзь чутны ўсплёск. І зноў у пакоі запанавала сонная цішыня.

 


X. Незвычайныя падзеі ў трыццаць сёмай кватэры

 

Ніякага сабакі Наталля Кузьмінічна (так звалі Гогаву маці) Гогу не купляла і не дарыла. Не паспела. А потым і тым больш не дарыла: пасля неверагодных падзей гэтага жахлівага вечара і Гога і Наталля Кузьмінічна надоўга страцілі цікавасць да гэтых самых старадаўніх і адданых сяброў чалавека.

Але ж Волька зусім выразна чуў брэх, які далятаў з трыццаць сёмай кватэры. Няўжо яму здалося?

Не, Вольку не здалося.

А сабакі ў трыццаць сёмай кватэры ні ў той вечар, ні праз многа месяцаў пасля яго ўсё ж не было. Туды, калі хочаце ведаць, нават лапа сабачая з таго часу не ступала.

Словам, дарэмна Волька зайздросціў Гогу. Зайздросціць не было чаму: брахаў Гога.

І пачалося гэта якраз у тую самую хвіліну, калі ён мыўся пад кранам, перад тым як пачаць вячэраць. Яму не цярпелася як мага хутчэй і ўсё перабольшыўшы расказаць маці, як асарамаціўся сёння на экзаменах яго аднакласнік і сусед Волька Кастылькоў, і тут ён амаль адразу і забрахаў. Не, ён не ўвесь час запар брахаў. Такія-сякія словы ў яго атрымліваліся, як ва ўсіх людзей, але затое замест шмат якіх, вельмі шмат якіх іншых у яго з рота, на вялікае яго здзіўленне і жах, вылятаў самы што ні на ёсць сапраўдны сабачы брэх.

Гога хацеў сказаць, што Волька ні з таго ні з сяго плёў на экзамене сапраўдную лухту і што быццам бы Варвара Сцяпанаўна «е-э-эк стукне кулаком па стале ды е-э-эк закрычыць: «Ты што ж гэта, дурань, лухту пляцеш?! Ды я цябе, хулігана, на другі год пакіну!»

Атрымалася ж у Гогі замест гэтага:

— А Волька раптам е-э-эк пачаў плесці гаў-гаў-гаў... А Варвара Сцяпанаўна е-э-эк стукне па гаў-гаў-гаў...

Гога ад нечаканасці атарапеў. Ён замоўк, перадыхнуў і паспрабаваў паўтарыць фразу. Але і на гэты раз замест грубых слоў, якія хлус і паклёпнік Гога Пілюля хацеў прыпісаць Варвары Сцяпанаўне, з яго вуснаў вырваўся сабачы брэх.

— Ой, мама! — спалохаўся Гога.— Мамачка!

— Што з табой, Гогачка? — перапалохалася і Наталля Кузьмінічна.— Ты з твару нават змяніўся!..

— Разумееш, я хацеў сказаць, што... гаў-гаў-гаў... Ой, мамачка, што ж гэта такое!..

З перапалоху Гога і сапраўды вельмі змяніўся з твару.

— Пакінь брахаць, Гогачка, сонейка маё, радасць мая!..

— Я ж не знарок,— захныкаў Гога.— Я ж толькі хацеў сказаць...

І зноў замест членараздзельнай мовы ён здолеў выціснуць з сябе толькі злосны брэх.

— Сынок, міленькі, не палохай мяне! — узмалілася бедная Наталля Кузьмінічна, і слёзы пакаціліся па яе добрым твары.— Не брашы! Малю цябе, не брашы!..

Але тут Гога не знайшоў нічога больш разумнага, як узлавацца на сваю маці. І паколькі ён звычайна ў такіх выпадках гаварыў грубыя словы, дык і заліўся такім шалёным скавытлівым брэхам, што з балкона суседняй кватэры закрычалі:

— Наталля Кузьмінічна! Скажыце вашаму Гогу, каб не мучыў сабакі! Агіднасць якая!. Раздурылі хлапчука так, што ў яго ні кроплі сораму няма!..

Абліваючыся слязамі, Наталля Кузьмінічна кінулася зачыняць вокны. Потым яна паспрабавала памацаць Гогаў лоб, чым выклікала новы прыступ злоснага брэху.

Тады яна паклала ўшчэнт перапалоханага Гогу ў пасцель, невядома для чаго захутала яго ватнай коўдрай, хоць на двары быў гарачы летні вечар, і пабегла ўніз, да тэлефона-аўтамата, выклікаць лекара з «неадкладнай дапамогі».

Гэта было зусім не так проста. Для выкліку «неадкладнай медыцынскай дапамогі» патрабавалася, каб чалавек захварэў на нейкую вельмі небяспечную хваробу, каб у яго, у самым крайнім выпадку, раптоўна вельмі высока падскочыла тэмпература.

Прыйшлося Наталлі Кузьмінічне схлусіць, быццам у Гогі тэмпература трыццаць дзевяць і восем дзясятых і што ён быццам бы трызніць.

Неўзабаве з’явіўся лекар. Пажылы, поўны, сівавусы, вопытны, спакойны.

Перш за ўсё ён, вядома, памацаў Гогаў лоб і пераканаўся, што ніякага павышэння тэмпературы ў яго не было і заваду, і, вядома, абурыўся. Але выгляду не падаў. Вельмі ўжо засмучаны быў твар у Наталлі Кузьмінічны.

Ён уздыхнуў і прысеў на крэсла каля ложка, на якім ляжаў Гога, і папрасіў Наталлю Кузьмінічну растлумачыць, што прымусіла яе выклікаць лекара менавіта з «неадкладнай дапамогі».

Наталля Кузьмінічна расказала ўсё, як яно і было.

Доктар паціснуў плячамі, перапытаў яе, зноў паціснуў плячамі і падумаў, што калі ўсё гэта адпавядае сапраўднасці, то належала б выклікаць не лекара-тэрапеўта, а псіхіятра.

— Можа, ты вырашыў, што ты сабака? — запытаў ён у Гогі нібы між іншым.

Гога адмоўна пакруціў галавой.

«Гэта добра,— падумаў доктар.— А то бывае такое вар’яцтва, калі чалавек раптам вырашае, што ён сабака».

Але, вядома, ён не выказаў гэтай думкі ўголас, каб дарэмна не палохаць ні пацыента, ні яго маці. Але адразу стала відаць, што доктар павесялеў.

 

Стары Хатабыч. Лазарь Лагин. Иллюстрация 5

 

— Пакажы язык,— сказаў ён Гогу.

Гога высунуў язык.

— Язык зусім нармальны. Цяпер мы вас, малады чалавек, выслухаем... Так-так-так... Сэрца цудоўнае. Хрыпаў у лёгкіх няма. Жывот як?

— З жыватом усё нармальна,— сказала Наталля Кузьмінічна.

— І даўно ён у вас э-э-э... гаўкае?

— Ужо трэцюю гадзіну. Проста не ведаю, што мне рабіць...

— Перш за ўсё супакоіцца. Пакуль што не бачу нічога страшнага. А ну, малады чалавек, раскажыце, з чаго гэта ў вас пачалося.

— А проста так, з нічога,— жаласным голасам пачаў Гога.— Я якраз расказваў маме, як Волька Кастылькоў... гаў-гаў-гаў...

— Вось бачыце, доктар,— залілася слязамі Наталля Кузьмінічна,— гэта проста нейкі жах... можа, прапісаць яму якія-небудзь пілюлі? ці парашкі?.. А што, калі яму прачысціць страўнік?

Доктар паморшчыўся:

— Дайце мне, Наталля Кузьмінічна, тэрмін, каб падумаць, паглядзець некаторую літаратуру... Рэдкі, вельмі рэдкі выпадак. Значыць, так, поўны спакой, рэжым, вядома, пасцельны, харч самы лёгкі, лепш за ўсё раслінна-малочны, ніякай кавы і какавы, самы слабенькі чай, можна з малачком. На вуліцу пакуль не выходзіць...

— Яго зараз і палкай не выганіш на вуліцу. Саромеецца. Тут да яго заходзіў адзін хлопчык, дык бедны Гога так брахаў, так брахаў, ледзь мы яго ўпрасілі, хлопчыка гэтага, нікому аб гэтым не расказваць. А страўнік як, прачысціць, можа?

— Што ж,— сказаў доктар у роздуме,— прачысціць страўнік ніколі не шкодзіць.

— А што, калі яму і гарчычнікі на ноч паставіць? — запытала Наталля Кузьмінічна ўсхліпваючы.

— Таксама нядрэнна. Гарчычнікі — гэта рэч.

Доктар хацеў быў пагладзіць засмучонага Гогу па галоўцы, але Пілюля ў прадчуванні ўсіх прызначаных яму працэдур гаўкнуў з такой непрытоенай злосцю, што доктар хутка адхапіў руку, спалохаўшыся, як бы гэты непрыемны хлапчук і на самай справе яго не ўкусіў.

— Дарэчы,— сказаў ён, адразу ж узяўшы сябе ў рукі,— навошта вы трымаеце вокны зачыненымі ў такую гарачыню? Хлопчыку патрэбна свежае паветра.

Наталля Кузьмінічна нехаця растлумачыла доктару, чаму ёй прыйшлося зачыніць вокны.

— Та-а-ак, рэдкі, вельмі рэдкі выпадак! — паўтарыў доктар, выпісаў рэцэпт і пайшоў, паабяцаўшы наведацца дзянькі праз два.

 


XI. Не менш неспакойная раніца

 

Раніца прыйшла цудоўная, сонечная.

А палове сёмай бабуля, ціха прыадчыніўшы дзверы, падышла на дыбачках да акна і расчыніла яго насцеж. У пакой уварвалася свежае, халаднаватае паветра. Пачыналася маскоўская раніца, шумная, жыццярадасная, клапатлівая. Але Волька не прачнуўся б, калі б коўдра не з’ехала з яго на падлогу.

Перш за ўсё ён намацаў шчацінне, якое, вырасла на яго шчоках, і зразумеў, што знаходзіцца ў зусім безвыходным становішчы. У такім выглядзе не была чаго і думаць паказвацца на вочы бацькам. Тады ён зноў залез пад коўдру і пачаў думаць, што ж яму рабіць.

— Воля, а Воля! Уставай! — пачуў ён са сталовай голас бацькі, але вырашыў не адказваць, прыкінуцца, што спіць.— Не разумею, як можна спаць, калі на, двары такая цудоўная раніца!

Пачуўся голас бабулі:

— Вось прымусіць бы цябе самога, Алёша, здаваць экзамены ды будзіць цябе чуць свет!

— Ну і няхай спіць! — прабурчаў бацька.— Калі захоча есці — адразу прачнецца.

Гэта Волька не хацеў есці?! Ды ён лавіў сябе на тым, што яешня са скібкай свежага чорнага хлеба яго хвалюе зараз нават больш, чым рыжае шчацінне на яго шчоках. Але разважлівасць узяла ўсё ж верх над пачуццём голаду, і Волька праляжаў у пасцелі, пакуль бацька не пайшоў на работу, а маці з кашолкай — на рынак.

«Было не было! —вырашыў ён, пачуўшы, як шчоўкнулі за ёю дзверы.— Раскажу ўсё бабулі. І разам што-небудзь прыдумаем».

Волька з прыемнасцю пацягнуўся, соладка пазяхнуў і накіраваўся да дзвярэй. Праходзячы міма акварыума, ён кінуў на яго міжвольны позірк... і аслупянеў ад здзіўлення. За ноч у гэтай невялікай чатырохвугольнай шкляной пасудзіне адбылася падзея, якую ніяк нельга было вытлумачыць з пункту гледжання прыродазнаўчых навук, і таму поўная таямнічага сэнсу: учора ў акварыуме плавалі чатыры рыбкі, а сёння іх стала пяць. З’явілася яшчэ адна — вялікая, тоўстая залатая рыбка, якая важна варушыла пышнымі ярка-чырвонымі плаўнікамі. Калі Волька здзіўлена прыпаў да тоўстага шкла, яму здалося, што рыбка некалькі разоў хітра яму падмаргнула.

— Што за дзівосы! — прамармытаў Волька, забыўшы на момант нават пра сваю бараду, і засунуў руку ў ваду, каб схапіць загадкавую рыбку.

Але яна сама, нібы толькі гэтага і чакала, моцна ўдарыла хвастом па вадзе, выскачыла з акварыума на падлогу і ператварылася ў Хатабыча.

— Уф! — прамовіў стары, атрасаючыся і выціраючы бараду прыгожым шарсцяным ручніком, які невядома адкуль з’явіўся, ён быў вышыты па краях залатымі і сярэбранымі пеўнікамі.— Я ўсю раніцу чакаю гонару выказаць табе сваю глыбокую павагу. Але ты не прачынаўся, а я шкадаваў цябе будзіць. І мне прыйшлося пераначаваць з гэтымі прыгожымі рыбкамі, о найшчаслівейшы Волька ібн Алёша!

— Як не сорамна смяяцца з мяне! — узлаваўся Волька.— Толькі ў насмешку можна назваць шчаслівым хлопчыка з барадой!

 


XII. Чаму С. С. Піваракі змяніў прозвішча

 

У гэтую чароўную раніцу Сцяпан Сцяпаныч Піваракі вырашыў сумясціць адразу дзве прыемнасці. Ён вырашыў пагаліцца, любуючыся ў той жа час маляўнічым краявідам Масквы-ракі. Прысунуў да самага акна стол з прыладамі для галення і пачаў, мурлыкаючы пад нос вясёлую песеньку, старанна намыльваць шчокі.

А мы пакуль што раскажам пра нашага новага знаёмага.

Па дзіўнаму супадзенню абставін, яго прозвішча цалкам адпавядала адной з двух яго слабасцей: ён любіў выпіць куфель другі піўца і закусіць іх апетытнымі, крыху саланаватымі варанымі ракамі.

Другой яго слабасцю была залішняя гаварлівасць.

Праз сваю балбатлівасць Сцяпан Сцяпаныч, чалавек, наогул кажучы, недурны і начытаны, нярэдка надакучваў нават самым блізкім сябрам.

Нягледзячы на ўсё гэта, ён быў цудоўным чалавекам і вялікім майстрам сваёй справы. Ён быў лякальшчык.

Скончыўшы намыльваць шчокі, Сцяпан Сцяпаныч узяў у руку брытву, падвастрыў яе крышачку на далоні і ўзяўся з незвычайнай лёгкасцю і спрытам галіцца. Пагаліўшыся, ён з асалодай апырскаў сябе з пульверызатара кветачным адэкалонам «Магнолія» і пачаў выціраць брытву, калі раптам нечакана побач з ім, невядома якім чынам, узнік стары ў канацье і вышытых золатам і срэбрам светла-ружовых саф’янавых пантофлях з мудрагеліста загнутымі насамі.

— Ты цырульнік? — сурова запытаў стары ў даволі разгубленага Сцяпана Сцяпаныча.

— Перш за ўсё,— ветліва адказаў яму Піваракі,— я папрасіў бы вас не тыкаць. Не, я не прафесіянал-цырульнік. Хаця, з другога боку, я магу сказаць пра сябе, што так, я цырульнік, таму што, не будучы цырульнікам, я магу ўсё ж запхнуць за пояс любога цырульніка-прафесіянала, тады як ніводзін цырульнік не можа запхнуць за пояс мяне... А чаму?.. А таму што, у той час як цырульнік-прафесіянал...

Стары вельмі няветліва перапыніў балбатлівага Піваракі:

— Ці здолееш ты, о не ў меру шматслоўны цырульнік, ні разу не парэзаўшы, пагаліць отрака, якому ты не варты нават цалаваць пыл пад яго нагамі?

— Я другі раз прасіў бы вас не тыкаць,— сказаў Піваракі.— Што ж датычыць сутнасці закранутага вамі пытання, то...

Ён хацеў быў гаварыць далей, але стары моўчкі сабраў усе прылады для галення, схапіў за каўнер Сцяпана Сцяпаныча, які не пакідаў красамоўнічаць, і, не кажучы нічога, вылецеў з ім праз акно ў невядомым напрамку.

Неўзабаве яны, таксама праз акно, уляцелі ў знаёмы нам пакой, дзе, зажурыўшыся, сядзеў на ложку Волька Кастылькоў, зрэдку са стогнам пазіраючы ў люстэрка на сваю фізіяномію, якая зноў абрастала барадой.

— Шчасце і ўдача спадарожнічаюць табе ва ўсіх тваіх пачынаннях, о юны мой уладар! — урачыста абвясціў Хатабыч, не выпускаючы з рук Сцяпана Сцяпаныча, які спрабаваў вырвацца.— Я зусім быў страціў надзею знайсці табе цырульніка, калі ўбачыў гэтага не ў меру балбатлівага чалавека, і я яго захапіў да цябе, у твой блаславёны дом, і вось ён перад табой з усім, што неабходна для галення... А цяпер,— звярнуўся ён да Піваракі, які вылупіў вочы на барадатага хлопчыка,— раскладзі, як гэта належыць, твае інструменты і пагалі гэтага заслужанага отрака так, каб яго шчокі сталі гладкімі, як у маладой дзяўчыны.

— Я папрасіў бы вас не тыкаць,— паўтарыў Піваракі, але спыніў супраціўленне.

Брытва заблішчала ў яго ўмелай руцэ, і за некалькі хвілін Волька быў паголены на славу.

— А цяпер,— сказаў стары,— складзі свае інструменты. Заўтра раніцай я па цябе зноў прылячу, і ты зноў паголіш гэтага отрака.

— Заўтра я не магу,— стомлена запярэчыў Піваракі.— Заўтра я працую ў ранішняй змене.

— Мяне гэта не датычыць! — сурова сказаў Хатабыч.

Запанавала цяжкае маўчанне. Потым Сцяпана Сцяпаныча азарыла:

— А чаму б вам не паспрабаваць адно тбіліскае зелле? Цудоўны сродак.

— Гэта такі парашочак? — умяшаўся Волька, які да гэтага часу маўчаў як забіты.— Здаецца, гэта такі шэранькі парашочак?.. Я дзесьці аб ім чуў... ці чытаў...

— Вось менавіта, парашочак! Шэранькі такі! — узрадаваўся Піваракі.— Робіцца ў Грузіі. Цудоўная сонечная краіна. Асабіста я проста ў захапленні ад Грузіі. Аб’ездзіў яе ў час адпачынку ўздоўж і ўпоперак. Сухумі, Тбілісі, Кутаісі... Няма лепшага месца для адпачынку! Ад душы раю вам на падставе ўласнага вопыту абавязкова пабыць у... Прабачце, я некалькі адхіліўся ад тэмы. Дык вось, наконт парашочка. Варта змазаць ім шчокі, і самая густая барада адразу сыходзіць да звання... Праўда, праз некаторы час яна зноў вырастае.

— У майго юнага сябра яна больш не вырасце,— спыніў яго Хатабыч.

— Вы ўпэўнены? — здзівіўся Піваракі.

Хатабыч ганарыста прамаўчаў. Ён лічыў ніжэй сваёй годнасці ўводзіць у курс сваіх спраў нейкага нізкароднага цырульніка...

Не пазней чым праз хвіліну ў горадзе Тбілісі, у раздзявальні адной з мясцовых лазняў, быў заўважаны дзядок у старамодным саламяным капелюшы канацье, прасторным парусінавым гарнітуры і ружовых, вышытых золатам і срэбрам саф’янавых пантофлях з высока загнутымі насамі.

Не распранаючыся, ён пранікнуў у мыйнае аддзяленне. Тут яму ў нос ударыў пах серы, у чым не было нічога дзіўнага, бо гэта былі славутыя тбіліскія серныя лазні. Затое чалавек, які ўвайшоў апранутым у перапоўненае парай мыйнае аддзяленне, не мог не выклікаць здзіўлення.

Пад цікаўнымі позіркамі ён паважна пакрочыў да бойкага лазеншчыка, які з рэдкай працавітасцю мыліў пакорліва схіленую галаву пажылога грамадзяніна з пышнымі сівымі вусамі. Спыніўшыся за некалькі крокаў ад гэтага лазеншчыка — яго звалі Вано, стары з велічнай павольнасцю зняў з сябе парусінавы пінжак.

— Генацвале— добразычліва прамовіў Вано,— у нас раздзяюцца ў раздзявальні. Тут мыюцца.

Стары паблажліва ўсміхнуўся. Ён і не збіраўся мыцца. Проста яму было крыху горача ў пінжаку.

— Падыдзі да мяне! — загадаў ён Вано і пачаў млява абмахвацца капелюшом.— Толькі паспяшайся, калі табе дорага жыццё...

Лазеншчык міралюбна ўхмыльнуўся.

— Генацвале, у такую цудоўную раніцу асабліва цэніш жыццё. Зараз я буду да тваіх паслуг.

Ён абліў вадой намыленую галаву сівавусага кліента, шапнуў яму на вуха некалькі слоў, і той кіўнуў галавой у знак таго, што ўсё зразумеў.

— Слухаю цябе, бацька,— сказаў Вано, набліжаючыся да старога.

Той строга запытаў яго:

— Скажы мне шчыра, о лазеншчык, ці гэта сапраўды тыя самыя праслаўленыя тбіліскія лазні, аб якіх я чуў гэтулькі многа вартага здзіўлення?

— Яны самыя, генацвале,— ганарліва выпраміўся Вано.— Увесь свет аб’едзеш, другой такой лазні, як наша, не знойдзеш. Значыць, ты, я так разумею, нетутэйшы?

Але стары фанабэрыста прапусціў гэтае пытанне міма вушэй.

— А калі гэта тыя самыя лазні, якія я шукаў, дык чаму ж я не бачу той сапраўды чараўнічай мазі, ад якой, як кажуць людзі дасведчаныя і даверу вартыя, чалавечыя валасы выпадаюць да звання?

— Ах вось у чым справа! — узрадаваўся Вано.— Табе патрэбна «таро»? Так бы адразу і сказаў, генацвале.

— Добра,— сказаў стары,— калі гэта называецца «таро», дык прынясі мне «таро». Толькі не марудзь, калі табе...

— Ведаю, ведаю: калі мне дорага жыццё. Бягу, бягу!..

Не адзін раз гэтаму бываламу лазеншчыку прыйшлося сустракацца на сваім вяку з рознымі дзівакамі, і ён ведаў, што самае разумнае — гэта не пускацца з імі ў спрэчкі.

Ён вярнуўся з глінянай місачкай, напоўненай парашком, падобным на попел.

— Вось,— сказаў ён, задыхаўшыся, і падаў старому місачку.— Увесь свет абыдзеш, такога цудоўнага «таро» не знайсці. Слова мыйшчыка!

Твар старога пацямнеў ад гневу.

— Ты смяешся з мяне, о самы нікчэмны з лазеншчыкаў! — прамовіў ён ціхім, але вельмі страшным голасам.— Абяцаў прынесці цудоўнай мазі, а імкнешся, нібыта махляр на рынку, уперці мне паганую місачку з нейкім несамавітым парашком колеру хворай мышы!

І стары з такой сілай чмыхнуў, што ўвесь парашок, які быў у місачцы, хмарай узвіўся ў паветра і асеў на яго валасах, брывах, вусах і барадзе. Ён быў, аднак, так раз’юшаны, што нават не палічыў патрэбным абтрэсціся.

— Дарэмна злуеш, генацвале,— засмяяўся лазеншчык.— Трэба развесці гэты парашок вадой, і атрымаецца якраз тая самая мазь, якая табе так патрэбна.

Стары зразумеў, што ён дарэмна раскрычаўся, яму зрабілася сорамна.

— Горача! — прамармытаў ён збянтэжана.— Хай спыніцца вакол мяне гэтая нясцерпная гарачыня! — І зусім ціха дадаў: — А пакуль прамокне мая барада, хай уся мая чараўнічая сіла застанецца ў пальцах... Дык вось, хай спыніцца вакол мяне гэтая нясцерпная гарачыня!..

— Вось гэта ўжо ад мяне ніколькі не залежыць,— развёў рукамі Вано.

— Гэта ад мяне залежыць,— фанабэрыста працадзіў скрозь зубы Хатабыч (ну, вядома ж, гэта быў ён) і пстрыкнуў пальцамі левай рукі.

У тую ж секунду лазеншчык і вусаты кліент, які цярпліва чакаў яго паслуг, у адзін голас ахнулі. Ды і як тут было не ахнуць! Ад дзіўнага старога нечакана павеяла ледзяным холадам, мокрая падлога вакол яго пакрылася тоненькай ледзяной скарынкай, а воблакі гарачай пары з усяго мыйнага памяшкання скіраваліся ў полюс холаду, які ўтварыўся над галавой Хатабыча, згусціліся ў дажджавыя хмары і праліліся на яго рэдзенькім дожджыкам.

— Вось зараз зусім іншая справа,— задаволена зазначыў ён.— Нішто так не асвяжае ў спякотны час, як дождж, які прыносіць прахалоду.

Папесціўшыся хвіліны дзве пад такім натуральным і ў той жа час звышнатуральным душам, ён пстрыкнуў пальцамі, на гэты раз пальцамі правай рукі. Адразу спынілася плынь халоднага паветра, растаў лядок вакол старога. Клубкі гарачай пары зноў запоўнілі ўсё памяшканне.

— Такім чынам,— сказаў Хатабыч, цешачыся ўражаннем, якое зрабілі на прысутных такія рэзка кантынентальныя змены тэмпературы,— такім чынам, вернемся да «таро». Я схільны верыць табе, што з дамешкай вады яно сапраўды дае тую самую мазь, дзеля якой я сюды прыбыў. Прыкаці мне зараз жа бочку гэтага самага цудадзейнага зелля, бо час у мяне абмежаваны.

— Бочку?!

— Нават дзве.

— Ды што ты, генацвале! Адной місачкі з гакам хапіла б для самай густой барады!

— Добра,— сказаў Хатабыч,— прынясі пяць місачак.

— Адну хвіліначку, генацвале! — павесялеў Вано, кінуўся ў суседняе памяшканне і адразу ж выскачыў з яго з тоўстай баржомавай бутэлькай, акуратна заткнутай коркам.— Вось тут па меншай меры дваццаць порцый. Шчаслівай дарогі.

— Глядзі ж, о лазеншчык, я нікому не пажадаў бы апынуцца на тваім месцы, калі ты ўвёў мяне ў зман.

— Што ты, што ты, генацвале! — замахаў рукамі Вано,— хіба я асмеліўся б ашукваць такога паважанага старога!.. Ды я ніко...

Ён спыніўся на паўслове ды так і застыў з разяўленым ротам: дзіўны скандальны дзядок раптам знік, нібы растаўшы ў паветры...

Роўна праз хвіліну лысы, бязбровы, бязвусы і безбароды дзед у канацье, парусінавым гарнітуры і ружовых пантофлях з загнутымі насамі дакрануўся да пляча Волькі Кастылькова, які задумліва ўплятаў за абедзве шчакі вялікі кавалак пірага з варэннем.

Волька павярнуўся, глянуў на яго і ад здзіўлення ледзь не падавіўся пірагом.

— Хатабыч, міленькі, што з табою зрабілася?

Хатабыч паглядзеўся ў люстэрка, што вісела на сцяне, і натужліва засмяяўся:

— Што і казаць. Было б празмерным перабольшаннем сцвярджаць, што я папрыгажэў! Лічы, што я пакараны за сваю недаверлівасць, і ты не памылішся. Я чмыхнуў, калі там, у вельмі далёкай ад нас лазні, мне добрасардэчна прыпаднеслі місачку з парашком «таро». Увесь парашок асеў у мяне на брывах, вусах і барадзе. Дожджык, які я выклікаў на сябе ў гэтых на ўвесь свет справядліва праслаўленых лазнях, ператварыў гэты парашок у кашу, а дождж, у які я трапіў на зваротным шляху ў Маскву, змыў з мяне гэтую кашу разам з барадой, вусамі і брывамі... Але не хвалюйся за маю знешнасць і лепш зоймемся тваёй.— І ён адсыпаў на сподак порцыю «таро» з баржомнай бутэлькі...

Калі расправіліся з Волькавай барадой і вусамі, Хатабыч пстрыкнуў пальцамі левай рукі і зноў набыў свой ранейшы выгляд.

На гэты раз ён паглядзеўся ў люстэрка з вялікім задавальненнем, з асалодай пагладзіў абедзвюма рукамі зноў набытую бараду, зухавата закруціў вусы, правёў далонню па валасах, прыгладзіў бровы і з палёгкай уздыхнуў:

— Ну вось. Цяпер і твой і мой твар зноў у добрым парадку...

Што ж датычыць Сцяпана Сцяпаныча Піваракі, які больш ужо не з’явіцца на старонках нашай глыбока праўдзівай аповесці, дык дакладна вядома, што ён пасля апісаных вышэй ліхіх прыгод зусім змяніўся. Ці даўно яго знаёмыя так пакутавалі ад яго балбатлівасці, што кожнага балбатуна называлі «Піваракі»? Зараз жа ён зрабіўся скупым на словы і кожнае з іх так старанна ўзважвае, што размаўляць з ім і слухаць яго выступленні на сходах стала вялікай прыемнасцю.

А паколькі ён перакананы, што гісторыя з барадатым хлопчыкам яму прытрызнілася пад уплывам залішне выпітага піва, дык ён начыста пакінуў ужываць спіртныя напоі. Кажуць, што ён нават змяніў прозвішча і што цяпер яго прозвішча — Есенту́кі, Сцяпан Сцяпанавіч Есенту́кі.

Падумаць толькі, які ўплыў зрабіла на чалавека гэтая гісторыя!

 


XIII. Інтэрв’ю з лёгкім вадалазам

 

Усю ноч бацькі Жэні Багарада не маглі заснуць. Яны тэлефанавалі ўсім сваім знаёмым, аб’ездзілі ўсе аддзяленні міліцыі, усе бальніцы, пабылі ў крымінальным вышуку і нават у гарадскіх моргах, і ўсё без выніку. Жэня як у ваду кануў.

Раніцай дырэктар школы выклікаў да сябе і асабіста апытаў усіх аднакласнікаў Жэні, у тым ліку і Вольку.

Волька расказаў усё пра ўчарашнюю сустрэчу з Жэнем Багарадам у кіно, прамаўчаўшы, вядома, пра бараду. Хлопчык, які сядзеў з Жэнем на адной парце, успомніў, што гадзін каля васьмі вечара ён бачыў Багарада на Пушкінскай вуліцы. Жэня быў у цудоўным настроі і спяшаўся ў кіно. Такія ж паказанні далі яшчэ некалькі вучняў, але ніводнае з іх не дапамагло, знайсці ніць для далейшых пошукаў.

Дзеці пачалі ўжо разыходзіцца па дамах, калі раптам адзін хлопчык успомніў, што Жэня збіраўся пасля школы ісці купацца...

Праз паўгадзіны ўсе наяўныя сілы воднікаў былі кінуты на пошукі цела Жэні Багарада. Супрацоўнікі выратоўчых станцый абмацалі бусакамі ўсю раку ў межах горада, але нічога не знайшлі. Вадалазы добрасумленна абышлі ўсё рэчышча, падоўгу затрымліваючыся ў кожным віры, і таксама нічога не выявілі.

Ужо апускалася за ракой вогненная сцяна захаду, слабы вецер даносіў з Парка культуры нізкія гукі сірэны — знак таго, што ў летнім тэатры пачыналася другая дзея спектакля, а на рацэ ўсё яшчэ цямнелі сілуэты лодак. Пошукі працягваліся.

У гэты лагодны і ціхі вечар Вольку не сядзелася дома. Самыя страшныя думкі пра лёс Жэні Багарада не давалі яму спакою. Ён вырашыў пайсці ў школу — можа, там ужо што-небудзь вядома.

Каля пад’езду да яго нячутна далучыўся Хатабыч, які ўзнік нібы з-пад зямлі. Стары бачыў, што Волька нечым засмучаны, але з далікатнасці вырашыў не лезці да хлопчыка з роспытамі. Так яны і пайшлі моўчкі, паглыбленыя кожны ў свае думкі, і неўзабаве ўжо крочылі ўздоўж шырокай, апранутай у граніт набярэжнай Масквы-ракі.

— Што гэта за людзі з дзіўнымі галовамі стаяць у гэтых лядаштых суднах? — запытаў стары, паказваючы на лодкі.

— Гэта лёгкія вадалазы,— тужліва адказаў Волька.

— Мір з табою, о паважаны лёгкі вадалаз! — велічна звярнуўся Хатабыч да аднаго з вадалазаў, які высаджваўся з лодкі на бераг.— Што ты шукаеш тут на дне гэтай цудоўнай ракі?

— Хлопчык адзін утапіўся,— адказаў вадалаз і хуценька пабег па сходках у памяшканне выратоўчай станцыі.

— У мяне няма больш пытанняў, о высокапаважаны лёгкі вадалаз,— прамовіў яму ўслед Хатабыч.

Потым ён вярнуўся да Волькі, нізка яму пакланіўся і сказаў:

— Цалую зямлю каля ног тваіх, о самы паважаны з вучняў 124-й сярэдняй школы!

— Га? — схамянуўся Волька, адрываючыся ад сваіх маркотных думак.

— Ці правільна я зразумеў гэтага лёгкага вадалаза, што ён шукае отрака, які мае высокі гонар быць тваім таварышам?

Волька моўчкі кіўнуў галавой і глыбока-глыбока ўздыхнуў.

— І ён тварам круглы, целам каржакаваты, носам кірпаты, і валасы яго падстрыжаны не так, як гэта належыць отраку?

— Так, гэта быў Жэня. У яго прычоска пад польку. Ён быў вялікі франт,— сказаў Волька і зноў сумна ўздыхнуў.

— Мы яго бачылі ў кіно? Гэта ён штосьці табе крычаў і ты быў засмучаны тым, што ён усім раскажа, што ў цябе вырасла барада?

— Так, правільна. Адкуль ты даведаўся, што я падумаў?

— Таму што ты прамармытаў гэта, калі паспрабаваў схаваць ад яго свой паважны і ў вышэйшай ступені цудоўны твар,— працягваў стары.— Дык жа не бойся гэтага!

— Няпраўда! — абурыўся Волька.— Зусім я не гэтым засмучаны. Мне, наадварот, вельмі тужліва, што Жэня ўтапіўся.

Хатабыч пераможна ўхмыльнуўся:

— Ён не ўтапіўся!

— Як— не ўтапіўся?! Адкуль ты ведаеш, што ён не ўтапіўся?

— Ці мне гэтага не ведаць! — сказаў тады Хатабыч горда.— Я падпільнаваў яго, калі ён сядзеў у першым радзе ў цёмным памяшканні кіно, і я сказаў сабе ў вялікім гневе: «Не, не гаварыць табе, о Жэня, нічога такога, што не да спадобы твайму высакамудраму сябру Вольку ібн Алёшу, бо ты больш не ўбачыш людзей, якія паверылі б табе і якім гэта было б цікава!» Так сказаў я сабе і закінуў яго далёка-далёка на ўсход, якраз туды, дзе край зямлі сыходзіцца з краем неба і дзе, я так мяркую, яго прадалі ўжо ў няволю. І няхай ён там каму хоча расказвае пра тваю бараду...

 


LXIV. Эпілог

 

Калі хто-небудзь з чытачоў гэтай глыбока праўдзівай аповесці, праходзячы ў Маскве па вуліцы Разіна, зазірне ў прыёмную Галоўпаўночморшляху, то сярод многіх дзясяткаў грамадзян, якія мараць аб рабоце ў Арктыцы, ён убачыць дзеда ў цвёрдым саламяным капелюшы канацье і вышытых золатам і срэбрам ружовых пантофлях. Гэта стары Хатабыч, які, нягледзячы на ўсё сваё старанне, ніяк не можа ўладзіцца радыстам на якую-небудзь палярную станцыю.

Ужо адзін яго знешні выгляд — доўгая сівая барада па пояс, азначыць, і бясспрэчна паважаны ўзрост — з’яўляецца сур’ёзнай перашкодай для пасылкі на работу ў суровых умовах Арктыкі. Але яшчэ больш безнадзейным робіцца яго становішча, калі ён пачынае запаўняць анкету.

На пытанне аб сваіх занятках да 1917 года ён праўдзіва піша:«Джын-прафесіянал». На пытанне аб узросце — «3732 гады і 5 месяцаў». На пытанне аб сямейным становішчы Хатабыч прастадушна адказвае: «Круглы сірата. Халасцяк. Маю брата Амара Юсуфа, які да ліпеня мінулага года жыў на дне Паўночнага Ледавітага акіяна ў меднай пасудзіне, а зараз працуе ў якасці спадарожніка Зямлі», і гэтак далей і да таго падобнае.

Прачытаўшы анкету, усе робяць вывад, што стары не ў сваім розуме, хоць чытачы нашай аповесці добра ведаюць, што стары піша чыстую праўду.

Вядома, яму лёгка было б ператварыць сябе ў маладога чалавека, напісаць сабе любую прыстойную біяграфію або, на благі канец, прарабіць тую ж камбінацыю, што і перад паездкай на «Ладазе». Але ў тым вось і справа, што стары цвёрда вырашыў паступіць на работу ў Арктыку сумленна, без ніякага ашуканства.

Між іншым, у апошні час ён усё радзей і радзей наведваецца ў прыёмную Галоўпаўночморшляху. Ён задумаў заняцца тэорыяй радыётэхнікі, каб навучыцца самастойна канструяваць радыёапаратуру. Пры яго здольнасцях і працавітасці гэта не такая ўжо безнадзейная справа. Уся затрымка за настаўнікамі. Хатабыч хоча, каб яго настаўнікамі былі абодва яго юныя сябры, і адзінае, што, як мы ўжо ведаем, яны маглі яму абяцаць,— гэта праходзіць з ім са дня ў дзень тое, чаму іх саміх вучаць у школе. Хатабыч падумаў-падумаў і вырашыў, што, урэшце, гэта не так ужо блага.

Такім чынам, і Волька і Жэня вучацца цяпер вельмі старанна, на круглыя пяцёркі, каб не ўдарыць тварам у гразь перад сваім састарэлым вучнем. У іх ужо вырашана з Хатабычам, што ён пры іх дапамозе і адначасова з імі скончыць курс сярэдняй школы. Але тут іх шляхі разыдуцца. Жэня, калі вы памятаеце, даўно ўжо выбраў для сябе медыцынскую кар’еру, а вось у Волькі тыя ж намеры, што і ў Хатабыча. Ён марыць стаць радыёканструктарам і, запэўніваю вас, будзе не апошнім чалавекам у гэтай цяжкай, але захапляючай справе...

Нам застаецца толькі развітацца з героямі гэтай смешнай і чуллівай гісторыі і пажадаць ім здароўя і поспехаў у вучобе і далейшым жыцці. Калі вы калі-небудзь сустрэнеце каго з іх, перадайце ім, калі ласка, прывітанне ад аўтара, які выдумляў іх з любоўю і ласкай.

 

Стары Хатабыч. Лазарь Лагин. Иллюстрация 6

 


XIV. Намячаецца палёт

 

— Як гэта — у няволю?! Жэньку Багарада — у няволю? — перапытаў узрушаны Волька.

Стары зразумеў, што зноў нешта атрымалася не так, і яго твар набыў кіслы выгляд.

— Вельмі проста... Звычайна... Як заўсёды прадаюць у няволю,— прамармытаў ён, нервова паціраючы далоні і адводзячы вочы ўбок.— Каб не балбатаў пустога языком, о найпрыемнейшы ў свеце балда.

Стары быў вельмі задаволены, што яму ўдалося ў час уставіць слова, якое ён напярэдадні пачуў з вуснаў Волькі. Але яго юны збавіцель быў так усхваляваны жахлівай навіной, што нават добра не пачуў, што яго нізавошта назвалі балдой.

— Які жах! — Волька абедзвюма рукамі схапіўся за галаву.— Хатабыч, ты разумееш, што ты нарабіў?

— Гасан Абдурахман ібн Хатаб заўсёды разумее, што ён творыць!

— Вельмі ж ты разумееш! Адных добрых людзей незразумела чаму збіраешся ператвараць у вераб’ёў, другіх прадаеш у няволю! Трэба неадкладна вярнуць сюды Жэньку!

— Не! — Хатабыч пакруціў галавой.— Не патрабуй ад мяне немагчымага.

— А прадаваць людзей у няволю — гэта табе магчыма?.. Чэснае піянерскае, ты нават уявіць сабе не можаш, што я зраблю, калі ты зараз жа не вернеш Жэню назад!

Шчыра кажучы, Волька і сам яшчэ не ўяўляў, што ён можа зрабіць такое, што выратавала б Багарада з учэпістых лап невядомых гандляроў нявольнікамі. Але ён што-небудзь прыдумаў бы. Ён заявіў бы ў міністэрства якое-небудзь... Але ў якое менавіта? І што сказаць у гэтым міністэрстве?..

Чытачы гэтай аповесці ўжо дастаткова знаёмы з Волькам Кастыльковым, каб ведаць, што ён не плаксун. Але тут нават Волька не вытрымаў. Так, так, мужны і бясстрашны Волька прысеў на край першай лаўкі, якая сустрэлася па дарозе, і заплакаў ад бяссільнай злосці.

Стары перапалохаўся:

— Што азначае гэты плач, які цябе адолеў? Адказвай жа, не разрывай майго сэрца на кавалкі, о юны мой збавіцель!

Але Волька, пазіраючы на старога з нянавісцю, толькі з сілай, абедзвюма рукамі, адсунуў ад сябе Хатабыча, які спачувальна схіліўся над ім.

Стары ўважліва паглядзеў на Вольку, пажаваў губамі і задумліва прамовіў:

— Я сам з сябе здзіўляюся. Што б я ні зрабіў, усё табе не да спадобы... З усяе сілы стараюся я дагадзіць табе, і ўсе мае намаганні марныя. Наймагутнейшыя ўладары Усходу і Захаду не аднойчы звярталіся да майго чараўніцтва, і не было ніводнага, хто не застаўся б мне потым удзячны і не праслаўляў бы мяне ў словах сваіх і ў думках. А цяпер!.. Я спрабую зразумець і ніяк не зразумею, у чым справа. Няўжо ў старасці? Эх, старэю я!..

— Што ты, што ты, Хатабыч! Ты яшчэ вельмі молада выглядаеш! — сказаў праз слёзы Волька.

Сапраўды,для сваіх амаль чатырох тысяч гадоў стары захаваўся зусім някепска. Яму нельга было даць на выгляд больш сямідзесяці — сямідзесяці пяці гадоў. Любы з нашых чытачоў выглядаў бы ў яго гады куды старэйшым.

— Ну, ты ўжо скажаш — вельмі молада! — самаздаволена ўхмыльнуўся Хатабыч і дадаў: — Не, вярнуць зараз жа твайго сябра Жэню я не магу...

Волькаў твар акамянеў ад гора.

— ...але,— працягваў стары шматзначна,— калі яго адсутнасць так цябе засмучае, мы зможам за ім злётаць...

— Злётаць?! У такую даль? На чым?

— Як гэта — на чым? Не на птушках жа нам ляцець,— яхідна адказаў Хатабыч.— Вядома, на кіліме-самалёце, о найвялікшы ў свеце балда.

На гэты раз Волька быў ужо ў стане заўважыць, што яго назвалі такім непрыемным словам. Ён палез у амбіцыю:

— Гэта каго ты назваў балдой?!

— Вядома, цябе, о Волька ібн Алёша, бо ты не па гадах мудры,— адказаў Хатабыч, вельмі задаволены, што яму ў другі раз удалося гэтак трапна ўставіць у размову новае слова.

Волька сабраўся пакрыўдзіцца, але своечасова ўспомніў, што крыўдзіцца яму ў дадзеным выпадку трэба толькі на самога сябе. Ён пачырванеў і, стараючыся не глядзець у сумленныя вочы старога, папрасіў ніколі не называць яго больш балдой, бо ён не заслугоўвае гэтага гонару.

— Хвалю тваю сціпласць, о дарагі Волька ібн Алёша! — з пачуццём вялікай павагі прамовіў Хатабыч.

— Калі можна вылецець? — пацікавіўся Волька, усё яшчэ не могучы пераадолець пачуццё няёмкасці.

І стары адказаў:

— Хоць зараз!

— Тады неадкладна ў палёт! — сказаў Волька, але адразу ж сумеўся: — Вось толькі не ведаю, што рабіць з бацькамі... Яны будуць хвалявацца, калі я палячу, нічога не сказаўшы. А калі скажу, дык не пусцяць.

— Гэта не павінна цябе турбаваць,— адказаў стары: — я зраблю так, што яны цябе ніводнага разу не ўспомняць за час нашай адсутнасці.

— Але ж ты не ведаеш маіх бацькоў!

— А ты не ведаеш Гасана Абдурахмана ібн Хатаба!..

 


XV. У палёце

 

У адным ражку кіліма-самалёта ворс быў няважны — гэта, напэўна, пастаралася моль. У астатнім жа кілім выдатна захаваўся, а што датычыць махры, якая аздабляла яго, дык яна была зусім як новая. Вольку здалося нават, што ён ужо дзесьці бачыў якраз такі кілім, але ніяк не мог успомніць дзе: не то ў кватэры Жэні, не то ў настаўніцкім пакоі ў школе.

Старт быў дадзены ў садзе пры поўнай адсутнасці публікі.

Хатабыч узяў Вольку за руку і паставіў яго побач з сабой на самай сярэдзіне кіліма. Потым ён вырваў з барады тры валаскі, дзьмухнуў на іх і нешта зашаптаў, засяроджана ўзняўшы вочы. Кілім затрапятаў, адзін за другім падняліся ўгору ўсе чатыры рагі з кутасамі, потым выгнуліся і падняліся ўгору краі кіліма, але сярэдзіна яго ўсё яшчэ ляжала на траве пад цяжарам цел двух пасажыраў. Патрапятаўшы крыху, кілім нерухома застыў.

Стары сканфужана замітусіўся:

— Прабач мне, о шаноўны Волька: здарылася непаразуменне. Я зараз усё гэта выпраўлю.

Хатабыч з хвіліну падумаў, робячы нейкія складаныя вылічэнні на пальцах. Відаць, на гэты раз ён прыйшоў да правільнага рашэння, таму што твар яго прасвятлеў. Ён вырваў з барады яшчэ шэсць валасоў, палоўку аднаго з іх адарваў і выкінуў як лішнюю, а на астатнія, як і ў першы раз, падзьмуў і прамовіў, узняўшы вочы, заклінанне. Цяпер кілім выпрастаўся, зрабіўся плоскім і цвёрдым, як лесвічная пляцоўка, і імкліва ірвануўся ўгору, узнімаючы на сабе радаснага Хатабыча і Вольку, у якога галава кружылася не то ад захаплення, не то ад вышыні, не то ад таго і другога разам.

 

Стары Хатабыч. Лазарь Лагин. Иллюстрация 7

 

Кілім падняўся вышэй за самыя высокія дрэвы, вышэй за самыя высокія дамы, вышэй за самыя высокія фабрычныя коміны і паплыў над горадам, залітым агнямі. Знізу даляталі прыглушаныя адлегласцю чалавечыя галасы, аўтамабільныя сірэны, спевы весляроў на рацэ, далёкія гукі духавога аркестра.

Вячэрняя цемра ахутала горад, а тут, наверсе, яшчэ відаць быў барвовы сонечны дыск, які павольна апускаўся за небасхіл.

— Цікава...— прамовіў Волька задумліва,— цікава, на якой мы зараз вышыні?

— Локцяў шэсцьсот — семсот,— адказаў Хатабыч, працягваючы нешта вылічваць на пальцах.

Між тым кілім лёг на курс, адначасова набіраючы вышыню. Хатабыч велічна ўсеўся, падкурчыўшы пад сябе ногі і прытрымліваючы рукой капялюш. Волька асцярожна нагнуўся і паспрабаваў сесці, падкурчыўшы пад сябе ногі, як гэта зрабіў Хатабыч, але ніякага задавальнення, а тым больш прыемнасці ад гэтага спосабу сядзення не адчуў. Тады, зажмурыўшы вочы, каб перамагчы непрыемнае пачуццё галавакружэння, Волька ўсеўся, звесіўшы ногі з кіліма. Так было зручней, але затое неміласэрна дзьмула ў ногі; іх адносіла ветрам убок, і яны знаходзіліся ўвесь час пад вострым вуглом да тулава. Пераканаўшыся, што і гэты спосаб сядзення не дае сапраўднага адпачынку, Волька так-сяк уладзіўся, выцягнуўшы ногі ўздоўж кіліма.

Неўзабаве Вольку пачаў не на жарты даймаць холад. Са смуткам падумаў ён аб сваёй форменнай вопратцы: яна была б зараз вельмі і вельмі дарэчы. Але форменная вопратка засталася далёка ўнізе, у шафе, дома, за шмат соцень кіламетраў адсюль.

З-за адсутнасці лепшага Волька вырашыў сагрэцца так, як гэта рабілі ў старадаўнія гады, задоўга да Волькавага нараджэння, рамізнікі. Гэты спосаб аднойчы паказаў яму на катку бацька, які яшчэ добра памятаў рамізнікаў на маскоўскіх вуліцах. Волька пачаў размашыстымі рухамі ляпаць сябе па плячах і баках і адразу ж, не паспеўшы нават пікнуць, саслізнуў з кіліма ў бездань.

Што і казаць, каб не ўхапіўся Волька абедзвюма рукамі за махру, што акаймоўвала кілім-самалёт, прыйшлося б на гэтай незвычайнай паветранай катастрофе і закончыць нашу аповесць.

А Хатабыч спачатку нават не заўважыў, што адбылося з яго юным сябрам. Стары сядзеў спінай да Волькі, падкурчыўшы пад сябе, па ўсходняму звычаю, ногі, і паглыбіўся ва ўспаміны. Ён спрабаваў прыпомніць, як здымаць уласныя закляцці.

— Хатабыч! — не сваім голасам закрычаў Волька, адчуваючы, што доўга яму не ўтрымацца на буксіры ў кіліма-самалёта.— Гіну, Ха-та-а-абыч!..

— О гора мне! — замітусіўся стары, убачыўшы Вольку, які ляцеў над бяздоннем.— Ганьба маёй сівой галаве! Я налажыў бы на сябе рукі, калі б ты загінуў!..

Галосячы і ўсяляк кленучы сябе за бесклапотнасць, ён уцягнуў абамлелага ад страху Вольку на кілім, пасадзіў яго каля сябе, моцна абняў і цвёрда вырашыў не выпускаць з абдымкаў, пакуль яны не прызямляцца.

— Д-д-доб-р-ра б-было б зараз д-дастаць што-небудзь ц-цёпленькае з вопраткі! — летуценна сказаў Волька, у якога зуб не трапляў на зуб.

— К-к-калі ласка, о шаноўны Волька ібн Алёша! — адказаў Хатабыч і прыкрыў скурчанага Вольку халатам, які невядома адкуль узяўся.

Сцямнела. Цяпер на кіліме-самалёце зрабілася асабліва няўтульна, і Волька прапанаваў Хатабычу падняцца локцяў на пяцьсот вышэй.

— Тады мы зноў убачым сонца.

Хатабыч глыбока сумняваўся, ці можна да заўтрашняй раніцы ўбачыць дзённае свяціла, якое ўжо зайшло, але спрачацца з Волькам не захацеў.

Можаце сабе ўявіць, як ён здзівіўся і наколькі вырас у яго вачах Волькаў аўтарытэт, калі, падняўшыся вышэй, яны, сапраўды, зноў убачылі сонца, якое як ні ў чым не бывала зноў толькі-толькі дакраналася сваім барвовым краем да чорнай лініі далёкага небасхілу.

— Калі б, паслухмяны тваёй сціпласці, о Волька, не даў я табе самага ўрачыстага абяцання, нішто не ўтрымала б мяне ад таго, каб назваць цябе найвялікшай у свеце балдой! — захоплена прамовіў Хатабыч, але, убачыўшы на Волькавым твары яўнае нездавальненне, хуценька дадаў: — Але калі табе гэта не да спадобы, я дазволю сабе проста здзівіцца з незвычайнай сталасці твайго розуму. Калі я табе абяцаў не называць цябе балдой, не буду.

— І нікога іншага таксама не называй гэтым словам.

— Добра, о Волька,— пакорліва згадзіўся Хатабыч.

— Клянешся?

— Клянуся.

— То-та ж,— прамовіў Волька з незразумелым для Хатабыча задавальненнем.

Глыбока пад імі праплывалі лясы і палі, рэкі і азёры, вёскі і гарады ў тонкім жэмчугу электрычных агнёў. Узнікла, пацямнела і схавалася ў змроку пад імі беласнежнае мора аблокаў з застылымі круглаватымі краямі, а кілім усё ляцеў і ляцеў усё далей і далей на паўднёвы ўсход, усё бліжэй і бліжэй да той невядомай краіны, дзе ўжо, магчыма, пакутаваў у руках злосных і бязлітасных рабаўласнікаў юны нявольнік Жэня Багарад.

— А бедны Жэнька, відаць, знемагае зараз ад непасільнай працы,— з горыччу прамовіў Волька пасля доўгага маўчання.

Хатабыч толькі вінавата крактануў у адказ.

— Адзін, на чужыне,— тужліва працягваў Волька,— без сяброў і родных... Стогне, напэўна, бедны...

Хатабыч зноў прамаўчаў.

Калі б нашы паветраплавальнікі маглі чуць, што адбываецца за шмат тысяч кіламетраў ад іх на Усходзе!..

За шмат тысяч кіламетраў ад іх, на ўсходзе, у гэты самы момант Жэня Багарад сапраўды стагнаў.

— Ой, не магу,— стагнаў Жэня,— ой, хопіць!..

Для таго каб расказаць, пры якіх абставінах ён вымавіў гэтыя вартыя спачування словы, нам давядзецца часова развітацца з нашымі падарожнікамі і расказаць, што за гэтыя двое сутак адбылося са звеннявым трэцяга звяна шостага, а з учарашняга дня сёмага «Б» класа 124-й маскоўскай сярэдняй школы Багарадам Яўгеніем.

 


XVI. Аб тым, што здарылася з Жэнем Багарадам далёка на Усходзе

 

Толькі Жэня Багарад павярнуўся на сваім крэсле першага раду ў глядзельнай зале кінатэатра «Сатурн», каб паспрабаваць, пакуль яшчэ не пачаўся сеанс, разгледзець барадатага хлопчыка, як у яго раптам пацямнела ў вачах, у вушах пачуўся аглушальны свіст, і ён замест пакрытай лінолеумам падлогі адчуў пад нагамі мяккую, пакрытую высокай травой зямлю.

Калі яго вочы крыху прывыклі да цемры, ён, на вялікае сваё здзіўленне, убачыў, што знаходзіцца ўжо не ў кіназале, а ў нейкім незвычайна густым лесе, напоўненым водарам незнаёмых кветак. З таўшчэзных дрэў невядомых Жэню парод звісалі ліяны. Так-так, менавіта ліяны і нішто іншае! Было вельмі горача і душна, куды гарачэй, чым у глядзельнай зале, якая толькі што знікла.

Выставіўшы перад сабой рукі, Жэня асцярожна зрабіў некалькі крокаў і ледзь быў не наступіў на... змяю. Змяя зашыпела, як прарваны шланг, бліснула зялёнымі вочкамі і знікла ў кустах.

— Бацюхны, куды ж гэта я трапіў? — прамармытаў Жэня, баючыся зварухнуцца з месца.— Проста джунглі нейкія. Як у сне... Так, так,— узрадаваўся ён,— ну вядома: усё гэта мне сніцца!.. Проста, я ўсё гэта бачу ў сне, сплю і ўсё бачу...

Каму з нашых чытачоў не здаралася бачыць такія сны, калі ты выразна разумееш, што ўсё гэта адбываецца з табой не наяве.

Вялікая прыемнасць — бачыць толькі сон: небяспекі табе не страшныя, самыя галаваломныя подзвігі ты робіш лёгка і заўсёды ў вышэйшай ступені ўдала. А галоўнае, ты ведаеш, што прыйдзе час, і ты жывы і цэлы прачнешся на сваёй пасцелі.

Аднак, калі Жэня паспрабаваў прадзірацца праз калючы хмызняк, яго моцна падрапала. А паколькі боль адчуваць непрыемна, нават калі ты ведаеш, што ўсё гэта з табой адбываецца ў сне, дык Жэня вырашыў падрамаць да раніцы...

Ён прачнуўся, калі высока над яго галавой у прасвеце паміж кронамі дрэў ужо асляпляльна ззяла блакітнае гарачае неба.

Жэня ўзрадаваўся: цудоўны сон працягваўся!

Першае, што ён убачыў, выйшаўшы на ўзлесак, былі сланы, чатыры сланы, і ў кожнага з іх у хобаце было па вялікаму бервяну.

На пярэднім слане сядзеў худы і смуглы напаўголы чалавек у белым турбане.

Удалечыні віліся дымкі невялікай вёсачкі.

Цяпер ужо Багарад зразумеў, што менавіта яму сніцца. Яму снілася Індыя.

Гэта было само па сабе проста цудоўна. Але самае цудоўнае было яшчэ наперадзе.

— Хто ты такі? — суха запытаў у Жэні паганяты сланоў.— Англічанін? Партугалец? Амерыканец?

— Што вы! — адказаў яму Жэня на жахлівай англійскай мове.— Я рускі... Русі.— Для пэўнасці ён таркануў сябе пальцам у грудзі.— Хіндзі, русі — бхай-бхай...

Што тут з паганятым зрабілася!

Твар яго расплыўся ў шырокай усмешцы, і ён заківаў галавой з такой сілай, што турбан толькі цудам не зляцеў на зямлю. Потым ён прымусіў свайго слана стаць на пярэднія калені, узяў Жэню да сябе, і ўся кавалькада, урачыста пагойдваючыся, рушыла ў вёску.

Па дарозе яны сустрэлі некалькі дзяцей. Паганяты ім нешта пракрычаў. Дзеці разявілі раты і вылупілі вочы, сузіраючы жывога, самага натуральнага савецкага хлопчыка. Потым яны з пранізлівымі крыкамі, прытанцоўваючы на бягу, кінуліся стрымгалоў у вёску, і, калі туды прыбыў на галаўным слане вучань сёмага «Б» класа 124-й маскоўскай сярэдняй школы Багарад Яўгеній, на адзіную вулачку вёскі ўжо высыпала ўсё наяўнае насельніцтва ад малога да вялікага.

Вось гэта была сустрэча!

Жэню з пашанай знялі са слана, з пашанай увялі пад павець і першым чынам накармілі, што было больш чым дарэчы. Аказваецца, што і ў сне яму хацелася есці. Падумаць толькі, які яму сніўся рэальны сон! Потым да яго падыходзілі і паціскалі руку. Потым усе праспявалі працяжную-працяжную індыйскую песню, а Жэня па меры сіл падпяваў, і гэта ўсім вельмі спадабалася. Потым Жэня заспяваў Гімн дэмакратычнай моладзі і яго падхапілі некалькі вясковых хлапцоў і дзяўчат, а ўсе астатнія па меры сіл падпявалі. Потым усе пачалі ўгаворваць аднаго маладога індуса і той нарэшце згадзіўся і зацягнуў нейкую песню, і Жэня амаль адразу здагадаўся, што гэта «Кацюша», і горача падхапіў яе, а ўсе астатнія ў такт пляскалі ў далоні. Потым яму паціскалі руку і ўсёй вёскай крычалі «Хіндзі, русі — бхай-бхай!»

Калі ўсе крыху супакоіліся, уся вёска пачала з Жэнем размову. А паколькі і ён і жыхары вёскі слаба валодалі англійскай мовай, спатрэбілася нямала часу, каб даведацца ў Жэні, ці не хоча ён, каб яго хутчэй адаслалі бліжэй да Дэлі і савецкай амбасады. Але Жэня не асабліва спяшаўся. І сапраўды, навошта чалавеку спяшацца, калі яму сніцца такі цікавы і прыемны сон?

Ён і азірнуцца не паспеў, як прыйшлі дэлегаты з суседняй вёскі і павялі дарагога савецкага госця да сябе.

І ў гэтай вёсцы, і ў трох іншых, дзе ён паспеў пабыць за гэты цудоўны дзень, усё паўтаралася, як у першай.

У трэцяй вёсцы ён заначаваў. А як толькі развіднела, яго ўжо чакалі дэлегаты з чацвёртай. Тут вось і прыйшлося Жэню крышку пастагнаць.

Паспрабуйце не стагнаць, калі сотні сяброўскіх рук гушкаюць цябе з крыкамі: «Хіндзі, русі — бхай-бхай!», і ад паўнаты пачуццяў падкідваюць цябе ледзь не пад самыя аблокі.

На шчасце, неўзабаве затарахцеў спадарожны грузавік, на якім Жэня павінен быў паехаць да бліжэйшай чыгуначнай станцыі.

Вакол тоўпіліся з усмешкамі жыхары вёскі, паціскалі расчырванеламу Жэні рукі, абдымалі яго. Дзве дзяўчынкі прыбеглі з вялікім вянком і надзелі яго на шыю страшэнна збянтэжанаму юнаму госцю. Тры хлопчыкі на чале з іх настаўнікам прынеслі яму ў падарунак вялікую гронку бананаў. Настаўнік ад імя ўсіх жыхароў вёскі пажадаў Жэні шчаслівай дарогі, дзеці папрасілі перадаць прывітанне маскоўскім дзецям ад індыйскіх і, акрамя таго, папрасілі ў яго аўтограф, нібы ён быў якім-небудзь славутым чалавекам. Вядома, ён не мог ім у гэтым адмовіць.

Абхапіўшы бананавую гронку абедзвюма рукамі і раскланьваючыся на ўсе бакі, Жэня, якога падтрымлівалі пад локці, занёс быў нагу, каб ступіць на прыступку, што вяла ў кабіну грузавіка, і... знік. Знік без следу.

Гэта было б само па сабе варта самага вялікага здзіўлення. Але яшчэ больш дзіўным было тое, што ніхто з праводзячых ніколькі гэтаму не здзівіўся. А не здзівіліся яны таму, што адразу і назаўсёды ўсе пра Жэню забылі. А што яны ўмомант пра яго забылі, нас з вамі, дарагія чытачы, цяпер ужо ніяк здзівіць не можа.

 


XVII. Тра-ля-ля, о ібн Алёша!

 

Няма нічога больш небяспечнага, чым заснуць без неабходнай перасцярогі на кіліме-самалёце.

Сагрэўшыся пад здабытымі Хатабычам проста з паветра цёплымі халатамі, стомленыя перажываннямі, закалыханыя поўнай цішынёй, што акружала іх, нашы падарожнікі не заўважылі, як заснулі.

Волька, скруціўшыся абаранкам, спаў моцна, не бачачы ніякіх сноў. А Хатабычу, які заснуў седзячы, у нязручнай позе, наваліўшыся грудзьмі на вострыя свае старэчыя каленкі, прысніўся жахлівы сон.

Яму снілася, быццам бы слугі Сулеймана ібн Дауда пад камандаваннем візіра Асафа ібн Барахія зноў збіраюцца пасадзіць яго ў каменную пасудзіну і быццам бы яго ўжо напалову туды засунулі, а ён супраціўляецца, упёршыся грудзьмі ў рыла пасудзіны. І быццам бы яго цудоўнага юнага сябра і збавіцеля Вольку ібн Алёшу таксама хочуць пасадзіць у такую ж пасудзіну, і тады ўжо ім абодвум ніколі не будзе збаўлення, а бедны Жэня да канца сваіх дзён вымушаны будзе жыць у няволі, і ніхто ўжо яго ніколі не выратуе. Галоўнае, што Хатабыча пры гэтым моцна трымалі за рукі, так што ён не мог вырваць з сваёй барады ніводнага валаска і не мог таму выкарыстаць сваю магутнасць для таго, каб выратаваць і сябе і Вольку. Усведамленне таго, што праз некалькі хвілін ужо будзе позна, прымусіла Хатабыча напружыць усе свае сілы. У вялікім адчаі ён рвануўся плячом убок, ды так, што цалкам выпаў з пасудзіны і адразу ж, яшчэ не апамятаўшыся як належыць ад сну, саслізнуў з кіліма ў чорнае і халоднае бяздонне.

Добра, што ад яго крыку прачнуўся Волька і паспеў схапіць яго за левую руку. Цяпер ужо Хатабыч ляцеў за кілімам на буксіры. Але вельмі ўжо нетрывалы быў гэты буксір: стары быў надзвычай цяжкі для Волькі, і хутчэй за ўсё яны абодва зваліліся б са страшэннай вышыні на нябачную ў начной цемры зямлю, калі б Хатабыч не злаўчыўся вырваць свабоднай рукой цэлую пасму валасоў з барады і не выпаліў належных для такіх выпадкаў заклінанняў.

Пасля гэтага Вольку было ўжо лёгка ўцягнуць старога назад на кілім. Шчасце нашага юнага героя было б зусім поўным, калі б Хатабыч, пакуль Волька яга ўсцягваў на кілім, не крычаў немым голасам: «Ага, о Волька!», «Парадачак, о найдаражэйшы!» — і нешта спрабаваў праспяваць і рагатаў пры гэтым з такой дзікай радасцю, што Волька не на жарт спалохаўся: а раптам стары з перапуду звар’яцеў.

Праўда, апынуўшыся на кіліме, Хатабыч пакінуў спяваць. Але затое ён цяпер не прыдумаў нічога лепшага, як пусціцца ў скокі. Сярод ночы! На лядаштым і старэнькім кіліме-самалёце!

— Тра-ля-ля, о Волька!.. Тра-ля-ля, о ібн Алёша!..— крычаў Хатабыч у апраметнай цемры, высока падымаючы свае доўгія і худыя ногі і рызыкуючы кожную хвіліну зноў зваліцца з кіліма.

Паслухаўшыся Волькі, ён нарэшце пакінуў скакаць, але затое зноў заспяваў. Спачатку ён праспяваў, неміласэрна блытаючы матыў, песню «Калі пяе далёкі сябра», потым выканаў невядома дзе падслуханы ім старадаўні цыганскі раманс «Адчыні ты мне ціхенька брамку», потым адразу замоўк, прысеў на кукішкі і вырваў у сябе з барады некалькі валаскоў. Волька здагадаўся аб гэтым па тонкаму крыштальнаму звону.

Словам, калі вам здарыцца забыць што-небудзь вельмі важнае і вы ніяк не зможаце гэта прыпомніць, няма лепшага сродку, чым хоць на секунду зваліцца з кіліма-самалёта. Такое падзенне цудоўна прасвятляе памяць. Ва ўсякім разе, Хатабычу яно дапамагло нарэшце ўспомніць, як здымаць уласныя закляцці.

Цяпер ужо не было патрэбы працягваць цяжкі і небяспечны палёт, каб вызваліць з няволі няшчаснага Жэню Багарада.

І сапраўды, не паспеў яшчэ заціхнуць у чорным паветры крыштальны звон вырваных валаскоў, як аднекуль зверху, з цемры, зваліўся на кілім-самалёт Жэня Багарад, моцна трымаючы ў абдымках вялікую, пудовую гронку бананаў.

— Жэнька! — паспеў крыкнуць узрадаваны Волька.

А кілім-самалёт, не вытрымаўшы дадатковай нагрузкі, са свістам пайшоў на зніжэнне. Раптам зрабілася вельмі волка, пранозліва холадна і да адной зніклі зоркі, што ззялі ў вышыні. Гэта кілім-самалёт трапіў у густыя аблокі.

— Хатабыч! — крыкнуў тады Волька.— Трэба як мага хутчэй выбірацца ўгору, вышэй за аблокі!

Але Хатабыч не адказваў. У густым тумане ледзь была відаць яго згорбленая фігура з паднятым каўняром парусінавага пінжачка. Стары спяшаючыся вырываў з барады валасок за валаском. Чуўся брынклівы гук, як ад туга нацягнутай аборкі на самаробнай дзіцячай балалайцы. Са стогнам, поўным роспачы, Хатабыч кідаў валасок і вырываў наступны. І зноў той жа брынклівы гук, і зноў стогн і прыгнечанае мармытанне старога джына.

— Слухай, Волька, а Волька,— тармасіў між тым Жэня свайго сябрука,— на чым гэта мы ляцім?.. Падобна, што на кіліме-самалёце.

— Гэта і ёсць кілім-самалёт… Хатабыч, што ты там марудзіш?

— Кілімаў-самалётаў не бывае,— сказаў Жэня.— Ой!..

Гэта кілім зрабіў асабліва круты віраж.

Было не да спрэчак з Жэнем.

— Хатабыч, што ж ты там? — тузануў старога Волька за набрынялы рукаў пінжака.

— О гора мне! — глуха даляцеў скрозь густы туман і нарастаючы свіст падаючага кіліма плаксівы голас ледзь бачнага Хатабыча.— О гора ўсім нам!.. Я прамок з галавы да ног!

— Усе мы прамоклі да ніткі! — крыкнуў яму са злосцю Волька.— Эгаізм які!

— Барада! На жаль, прамокла мая барада!

— Скажыце, калі ласка, якое гора! — хмыкнуў Жэня.

— Прамокла мая барада,— паўтарыў Хатабыч з вялікім смуткам.— Я стаў бяссільны, як дзіця. Для чарадзейства патрэбен сухі волас, толькі самы сухі волас!..

— Е-э-эк мы зараз стукнемся аб зямлю,— сказаў тады Волька не сваім голасам.— Е-э-эк застанецца ад нас толькі мокрае месца!..

— Пачакай, пачакай,— прамовіў цяжка дыхаючы Жэня.— Галоўнае, не кідацца ў паніку. На паветраных шарах што ў такіх выпадках робяць? На паветраных шарах у такіх выпадках кідаюць за борт баласт... Эх, бывайце, мае індыйскія бананчыкі!..

З гэтымі словамі ён шпурнуў у нябачную бездань цяжкую бананавую гронку.

Падзенне зрабілася больш спакойным. Потым яно і зусім спынілася, кілім узвіўся ўгору, трапіў у паветраную плынь і паляцеў управа ад ранейшага курсу.

Цяпер Жэнька, якому не цярпелася разабрацца ў абстаноўцы, шэптам запытаў у Волькі:

— Волька, а Волька, што гэта за дзядок такі?

— Потым,— прашаптаў яму Волька ў адказ.— Потым усё раскажу... Калі апынімся на зямлі... Зразумела?

Жэня зразумеў толькі, што пакуль па нейкай сур’ёзнай прычыне з роспытамі трэба пачакаць.

Хатабыч невядома адкуль дастаў яшчэ адзін халат, на гэты раз для Жэні, і ўсе трое непрыкметна для сябе задрамалі.

 


XVIII. Будзьце знаёмы!

 

Волька прачнуўся ад меладычнага звону, які быў падобны на звон лямпавых крыштальных падвескаў. Спрасоння яму было здалося, што гэта Хатабыч вырывае свае чараўнічыя валаскі, але не: стары, ціха пасопваючы, спаў сном праведніка. А звінелі на свежым ранішнім ветры вісюлькі на яго барадзе і абледзянелая махра кіліма.

На ўсходзе ўзнімалася асляпляльна бліскучае сонца. Пакрысе пачало прыпякаць. Расталі вісюлькі на барадзе Хатабыча, на махры кіліма; растала прыкрая ледзяная скарынка, якой пакрылася ўся яго вольная ад пасажыраў паверхня.

Хатабыч павярнуўся на бачок, соладка пазяхнуў і засоп тоненька-тоненька, нібы ў носе ў яго была нейкая свістулька.

А Жэня ад сырасці і цяпла прачнуўся, прытуліўшыся да азяблага вуха Волькі, прашаптаў:

— Хто ж усё-такі гэты дзядок?

— Прызнавайся,— прашаптаў яму ў адказ Волька, з апаскай косячыся на Хатабыча.— Хацеў ты пабалакаць з вучнямі наконт майго экзамена па геаграфіі?

— А што?

— А тое, што ён гэтага не любіць,

— Чаго — не любіць?

— А таго, каб пра мяне балбаталі лішняе.

— Фу-фу!

— Вось табе і фу-фу! Р-раз — і ў якую-небудзь пустыню. У яго гэта проста.

Жэня недаверліва хмыкнуў.

Волька зноў з апаскай зірнуў на Хатабыча, яшчэ бліжэй падсунуўся да Жэневага вуха:

— Ты мне верыш, што я нармальны?

— Дзіўнае пытанне!

— Што я зусім нармальны...

— Факт.

— Дык вось, вер не вер, а гэты дзядок — джын, самы сапраўдны джын з «Тысячы і адной ночы»!

— Кінь!

— І якраз ён мне на экзамене і напсаваў... Ён падказваў, а я павінен быў, як попка, усё паўтараць...

— Ён?!

— Толькі ні слова яму, што я засыпаўся на экзамене. Ён пакляўся загубіць настаўнікаў, калі яны мяне праваляць. І вось я ўсё кручуся, як пракляты, каб выратаваць ад яго чараўніцтва Варвару Сцяпанаўну. Ледзь што, адцягваю яго ўвагу. Зразумела?

— Не вельмі.

— Усё роўна, маўчы!

— Маўчу, маўчу! — задумліва прашаптаў Жэня.— Дык, значыць, гэта ён мяне ў Індыю закінуў?

— Ну але, ён. І з Індыі цябе таксама ён… Ён цябе, калі хочаш ведаць, закінуў туды, каб цябе там прадалі ў няволю.

Жэня пырснуў:

— Мяне ў няволю?! Хо-хо-хо!

— Цішэй, яшчэ разбудзіш яго!

Але Волькава перасцярога спазнілася.

Хатабыч расплюшчыў вочы, соладка пазяхнуў:

— Добрай раніцы, о Волька. А гэты отрак, мяркую я, і ёсць не хто іншы, як сябра твой Жэня?

— Так, будзьце знаёмы,— прамовіў Волька такім тонам, нібы справа адбывалася не на кіліме-самалёце высока над зямлёй, а дзе-небудзь у актавай зале іх школы, і адрэкамендаваў Хатабычу свайго зноў адшуканага прыяцеля.

— Вельмі прыемна,— прамовіў Жэня.

А Хатабыч крыху памаўчаў, уважліва ўглядаючыся ў Жэнеў твар, нібы прыкідваючы, ці варты гэты отрак добрых слоў. І, відаць, пераканаўшыся, што Волька не памыліўся ў выбары сябра, Хатабыч усміхнуўся самай шырокай са сваіх усмешак:

— Няма межаў майму шчасцю пазнаёміцца з табой. Сябры майго юнага ўладара — лепшыя мае сябры.

— Уладара? — здзівіўся Жэня.

— Уладара і збавіцеля.

— Збавіцеля?! — не ўтрымаўся і гучна пырснуў Жэня.

— Дарэмна смяешся,— строга спыніў яго Волька.— Тут нічога смешнага няма.

І ён коратка расказаў Жэні аб усім, што ўжо вядома нашым уважлівым чытачам.

 


XIX. Злітуйся над намі, о магутны валадар!

 

Двойчы трапляў у той дзень кілім-самалёт у густую воблачнасць, і кожны раз ужо амаль сухая барада Хатабыча зноў адсырвала настолькі, што не было чаго думаць і аб самым просценькім цудзе. Ну, хаця б аб такім, каб дастаць трохі харчу. А голад тым часам даваў сябе адчуваць.

Нават Жэнеў расказ аб тым, што ён перажыў за апошнія суткі, не мог адцягнуць нашых паветраплавальнікаў ад думак пра ежу.

І галоўнае, палёту не было відаць ні канца, ні краю.

Было голадна, сумна і вельмі нязручна. Кілім нібы застыў на месцы — так павольна ён ляцеў і такім аднастайным быў стэп, што рассцілаўся глыбока пад імі. Зрэдку ўнізе нетаропка праплывалі гарады, блакітныя стужачкі рэк, і зноў цягнуўся стэп, палі, палі, палі, ужо засланыя пажаўцелым дываном даспяваючай збажыны. З гэтага Жэня зрабіў правільны вывад, што яны праляталі над паўднёвымі раёнамі краіны. Потым раптам наперадзе і справа бліснула на ўвесь небасхіл бязмежная паласа блакітнай вады, а злева — зубчастая лінія вельмі далёкіх гор.

— Чорнае мора! — усклікнулі ў адзін голас і Волька і Жэня.

— О гора нам! — закрычаў Хатабыч.— Нас нясе проста ў мора!..

Але, на шчасце, капрызная паветраная плынь павярнула кілім крыху ўлева, на вялікай хуткасці закінула яго ў густыя аблокі і разам з аблокамі памчала ўздоўж Каўказскага ўзбярэжжа.

Праз акно ў хмарах Жэня паспеў заўважыць прамільгнуўшы далёка пад імі горад Туапсэ з параходамі, якія стаялі на рэйдзе і каля прычала, што далёка ўдаваўся ў мора.

Потым усё зноў схавалася ў густым тумане. Адзенне і абутак нашых падарожнікаў зноў — у каторы ўжо раз! — прамоклі да звання, а кілім да таго пацяжэў, што рэзка, са свістам пайшоў на зніжэнне. За некалькі хвілін аблокі засталіся далёка ззаду. Неўзабаве пад кілімам прамчаўся ў асляпляльных вечаровых агнях славуты горад-курорт Сочы.

Усё больш і больш зніжаючыся, кілім памчаўся над шырокай і прыгожай аўтастрадай Сочы — Мацэста. А з кіліма нашым героям, якія змярцвелі ў чаканні цяпер ужо зусім блізкага непазбежнага канца, здавалася, што гэта аўтастрада, густа ўтыканая палацамі санаторыяў, імкліва імчыцца насустрач кіліму-самалёту.

Паказаўся і адразу ж знік прыгожы мост над вельмі глыбокай і вузкай далінай.

Вось ужо зусім блізка пад кілімам прамільгнулі верхавіны дрэў. Здавалася, апусці з кіліма руку, і ты да іх можаш дакрануцца.

Прамільгнуў пад самым кілімам-самалётам гмах санаторыя, ад якога беглі да мора долу па стромкаму берагу дзве блакітнаватыя нітачцы рэек фунікулёра.

Яшчэ хвіліна, і, узняўшы хмару пырскаў, кілім з усяго ходу плюхнуўся ў басейн для плавання санаторыя імя Арджанікідзэ.

Вакол было пустынна і ціха. Быў час вячэры, і ўсе адпачываючыя пайшлі ў сталоўку.

Сапучы і фыркаючы, злашчасныя падарожнікі выбраліся на бераг.

— Магло быць горш,— сказаў Волька, з цікаўнасцю азіраючыся па баках.

— Ага,— сказаў Жэня.— Маглі за мілую душу разбіцца аб які-небудзь будынак. Ці аб гару.

Добра яшчэ, што паблізу не было ні душы. Прысеўшы на лежакі, якіх было тут безліч, нашы падарожнікі распрануліся, выкруцілі мокрае адзенне, крэкчучы і курчачыся ад холаду, зноў нацягнулі яго на сябе і выйшлі за драцяную сетку агароджы басейна.

— Мне толькі б падсушыць бараду, і ўсё ўладзілася б найлепшым чынам,— заклапочана прамовіў Хатабыч і на ўсялякі выпадак памацаў яе.— Ц-ц-ц! Яна зусім мокрая!..

— Пашукаем кухню,— сказаў Жэня.— Можа, табе дазволяць падсушыцца каля пліты... Эх, зараз бы кавалачак хлеба грамаў на чатырыста і грамаў па дзвесце любіцельскай каўбаскі на брата...

— Або гарачанькай бульбы з маслам,— падхапіў Волька.

— Вы разбіваеце маё сэрца, о юныя мае сябры! — усклікнуў з найвялікшым смуткам Хатабыч.— Бо гэта па маёй віне вы...

— Не па тваёй, не па тваёй! — перапыніў яго Волька, супакойваючы.— Хадзем шукаць кухню.

Яны мінулі апусцелы тэнісны корт, спусціліся ўніз па асфальтаванай дарожцы, прайшлі пад высокай аркай, і перад імі паўсталі ва ўсім іх харастве беласнежныя, у калонах будынкі шахцёрскага санаторыя імя Арджанікідзэ. Круглы фантан, шырокі, як танцавальная пляцоўка, з цяжкім усплёскам узнімаў на вышыню трохпавярховага дома пышныя пеністыя струмені вады. Вокны цэнтральнага будынка былі ярка асветлены.

— Мы загінулі! — ціха ўсклікнуў Хатабыч.— Мы трапілі ва ўладанні найбагацейшага і наймагутнейшага валадара... Зараз з’явіцца варта, і нам адсякуць галовы... І ва ўсім гэтым буду вінаваты я і толькі я, о гора, о ганьба на маю сівую галаву!..

Жэня пырснуў ад смеху, і Волька штурхануў яго кулаком у бок, каб ён замоўк і не злаваў старога.

— Якая такая варта? Якія галовы? — нецярпліва махнуў рукой Волька.— Звычайны санаторый... Ну, не зусім звычайны, а вельмі добры... Хаця тут, у Сочы, здаецца, усе такія.

— Я разбіраўся ў палацах, о Волька, калі не было на свеце тваіх пра-пра-пра-прашчураў! Ці мне не ведаць, што зараз прыбяжыць варта і... О, гора нам, яна ўжо бяжыць!..

Сапраўды, зараз і хлопчыкі пачулі — па лесвіцы цэнтральнага будынка хутка, пераскокваючы адразу праз некалькі прыступак, спускаўся нейкі чалавек.

— Джафар! — крыкнуў тым часам нехта, перавесіўшыся цераз балюстраду цэнтральнага будынка.— Пашукаем разам, пасля вячэры!.. Нікуды яны на ноч гледзячы не знікнуць!.. Джафар!..

— Вы чулі! — закрычаў Хатабыч, схапіў Вольку і Жэню за рукі і з усёй сілы пацягнуў іх спачатку на бакавую алею, а адтуль у кусты.— Вы чулі? Гэта крычаў начальнік варты... Яны будуць нас шукаць разам пасля вячэры, і яны нас знойдуць... А барада мая поўная вады, нібы губка, і я бяссільны, як дзіця!..

У гэты час позірк яго ўпаў на два ручнікі, якія бялелі на спінцы садовай лаўкі.

— Алах! — радасна ўсклікнуў ён і кінуўся да ручнікоў.— Вось што дапаможа мне высушыць маю бараду! І тады нам не страшна ніякая варта!..

Ён падняў спачатку адзін, потым другі ручнік і жаласна застагнаў:

— Алах, яны зусім вільготныя! А варта ўжо так блізка!..

Ён усё ж пачаў паспешліва праціраць ручніком бараду.

За гэтым заняткам яго і застаў вялізнага росту азербайджанец у багатым цёмна-малінавым халаце з брандэнбурамі. Ён узнік з-за ружавых кустоў нячутна і нечакана, як чорцік з карабка.

— Ага! — прамовіў ён даволі спакойна.— Яны тут. Скажы, дарагі, гэта твой ручнік?

— Злітуйся над намі, о магутны валадар! — кінуўся на калені Хатабыч.— Няхай ужо мне аднаму адсякуць галаву, але гэтыя отракі ні ў чым перад табой не вінаваты... Адпусці іх! Яны яшчэ так мала пражылі на свеце...

— Хатабыч, устань і не гавары глупства! — збянтэжана перапыніў яго Волька.— Пры чым тут валадар? Гэта самы звычайны адпачываючы.

— Не ўстану, пакуль гэты цудоўны і велікадушны султан не паабяцае захаваць вам жыццё, о юныя мае сябры!

Азербайджанец паціснуў магутнымі плячамі:

— Дарагі грамадзянін, навошта крыўдзіш? Ну які я султан? Я нармальны савецкі чалавек.— Ён прыняў паважны выгляд.— Я буравы майстар Джафар Алі Мухамедаў. Баку ведаеш?

Хатабыч адмоўна крутануў галавой.

— Бібі-Эйбат ведаеш? — дапытваўся Мухамедаў.

Хатабыч зноў крутануў галавой.

— Газеты чытаеш? Ну, чаго стаіш на каленях? Сорамна. Ой, як сорамна і няёмка, дарагі!

Мухамедаў сілком падняў старога на ногі.

— Адну хвіліначку, таварыш! — па-змоўніцку шапнуў Волька, адводзячы Мухамедава ўбок.— Вы на старога не звяртайце ўвагі. Ён не зусім нармальны... А тут мы яшчэ так прамоклі...

— Ва! — узрадаваўся буравы майстар.— Вы таксама пад дождж трапілі ў гарах? Я зусім мокры прыйшоў, як мыш. Вай, вай, стары прастудзіцца можа! Дарагі чалавек,— падхапіў ён пад рукі Хатабыча, які зусім быў сабраўся зноў бухнуцца на калені,— ты мне вельмі знаёмы, ты не з Ганджы будзеш? Ты на майго бацьку падобны. Толькі мой бацька старэйшы. Майму бацьку ўжо восемдзесят трэці год пайшоў...

На гэта Хатабыч запальчыва адказаў:

— Хай будзе табе вядома, о дзяржаўны валадар, што мне пайшоў ужо тры тысячы семсот трыццаць трэці год!

Да гонару Мухамедава, ён нават вокам не маргнуў, пачуўшы гэтыя словы Хатабыча. Ён толькі ў знак разумення кіўнуў Вольку, які яму заўзята падморгваў з-за спіны Хатабыча.

Прыціснуўшы правую руку да сэрца, буравы майстар пачціва адказаў Хатабычу:

— Вядома, дарагі, вядома. Але ты цудоўна захаваўся. Пойдзем пагрэемся, перакусім, адпачнём, а то ты яшчэ, не дай бог, прастудзішся... Ва, як ты мне майго бацьку нагадваеш!

— Не магу не паслухацца, о дзяржаўны,— лісліва адказаў Хатабыч, не-не, ды і дакранаючыся да сваёй барады. На жаль, барада была яшчэ вельмі-вельмі сырая.

Ох як неспакойна было ў яго на душы! Увесь яго вопыт паўставаў супраць таго, што гаспадар палаца можа ні з таго ні з сяго паклікаць да свайго стала невядомага старога з двума не так ужо багата апранутымі отракамі. Значыць, тут ёсць нейкае ашуканства. Можа, гэты Джафар Алі ібн Мухамед знарок заваблівае іх унутр свайго палаца, каб уволю з іх пасмяяцца, а потым, насыціўшыся здзекамі, загадаць адсекчы ім галовы або кінуць іх у клетку з драпежнымі звярамі. Трэба, ох як трэба трымаць вуха востра!

Так разважаў Хатабыч, падымаючыся разам з яго юнымі сябрамі па шырокай лесвіцы ў першы спальны корпус.

На лесвіцы і ў калідоры не было ні душы, і гэта толькі ўмацавала Хатабыча ў яго падазрэннях.

Мухамедаў увёў іх у сваю палату, прымусіў Хатабыча пераапрануцца ў піжаму і выйшаў, прапанаваўшы размяшчацца як дома:

— Я хутка вярнуся, толькі паклапачуся наконт таго-сяго. Я зараз.

«Зразумела! — падумаў Хатабыч.— Ведаем мы, наконт чаго ты паклапоцішся, о хітры і здрадлівы валадар. У цябе бяздушнае сэрца, пазбаўленае жалю... Адсекчы галовы такім слаўным отракам!..»

А слаўныя отракі тым часам агледзеліся ва ўтульнай палаце.

— Ого! — узрадаваўся Волька.— Бачыш?

Ён падняў і паставіў зноў на столік звычайны пакаёвы вентылятар, які, аднак, Хатабыч бачыў упершыню ў жыцці.

— Гэта вентылятар,— растлумачыў Волька.— Зараз мы табе падсушым бараду.

І на самай справе, праз дзве хвіліны барада Хатабыча была зусім прыгодная для карыстання.

— Зараз праверым,— прамовіў хітры стары такім тонам, нібы ён нічога і не задумаў.

Ён вырваў два валаскі. І не паспеў яшчэ змоўкнуць крыштальны звон, як нашы сябры раптам апынуліся кіламетраў за пяць ад санаторыя імя Арджанікідзэ, на гальцы, якая яшчэ не астыла ад дзённай спякоты. За два крокі ад іх ледзь чутна плёскаліся цёплыя сінявата-чорныя хвалі ласкавага прыбою.

— Вось так будзе лепш,— задаволена прамармытаў Хатабыч і, раней чым хлопчыкі паспелі пікнуць, вырваў яшчэ тры валаскі.

У той жа момант перад нашымі падарожнікамі з’явіўся на гальцы паднос з дымлівай смажанай баранінай і яшчэ адзін паднос, крыху меншы, з фруктамі і перапечкамі. Потым Хатабыч пстрыкнуў пальцамі, і побач з большым падносам апынуліся два дзівосныя бронзавыя збаны з шарбетам.

— Вось гэта здорава! — усклікнуў Жэня.— А наша адзенне?

— На жаль, я стаў не па гадах забыўлівы! — пакрытыкаваў сябе Хатабыч, вырваў яшчэ валасок — і адзенне і абутак нашых падарожнікаў імгненна высахлі.

Больш таго: вопратка выглядала цяпер так, нібы яе толькі што добра адпрасавалі, а абутак нашых юных сяброў не толькі заблішчаў, але нават запах самай дарагой ваксай.

— І няхай цяпер гэты здрадлівы валадар Джафар Алі ібн Мухамед прыводзіць па нас у свой палац колькі хоча варты! — задаволена прамовіў стары, наліваючы сабе кубак духмянага ледзянога шарбету.— Птушкі вырваліся проста з-пад нажа!

— Ну які ён валадар! — абурыўся Волька.— Звычайны добры чалавек. І пайшоў ён ні за якой ні за вартай, а прынесці нам перакусіць, калі хочаш ведаць.

— Не вучы мяне, о Волька,— агрызнуўся Хатабыч, не на жарт засмучаны тым, што яго юныя спадарожнікі і не думаюць дзякаваць яму за выратаванне ад смяротнай небяспекі.— Ці мне не ведаць, які выгляд у валадароў і як яны сябе паводзяць! Ведай, што няма больш здрадлівых людзей, чым султаны!

— Ды не султан ён, а майстар, разумееш, бу-ра-вы майс-тар!

— Не будзем спрачацца, о Волька,— панура адказаў стары.— Ці не пара нам перайсці да трапезы?

— А піжама? — зларадна ўсклікнуў Жэня, зразумеўшы, што старога ў гэтай спрэчцы не пераможаш.— Ты знёс на сабе казённую піжаму.

— Алах! — засмуціўся Хатабыч.— Я ніколі не апаганьваў сябе крадзяжом.

Калі б адпачываючыя санаторыя імя Арджанікідзэ не знаходзіліся ў гэты момант у залітай святлом прасторнай сталоўцы за вячэрай, яны, магчыма, убачылі б, як з цёмнага неба, аднекуль з боку Мацэсты, раптам прамчаліся прыкладна на вышыні трэцяга паверха самыя звычайныя паласатыя піжама і піжамныя штаны, уляцелі праз адчынены балкон у пакой Мухамедава і самі па сабе акуратна павіслі на той самай спінцы крэсла, з якой зусім нядаўна зняў іх наш слаўны буравы майстар, каб пераапрануць азяблага Хатабыча.

Што ж датычыць Мухамедава, дык ён, яшчэ не дайшоўшы да сталоўкі, поўнасцю і назаўсёды забыў пра старога і двух хлопчыкаў, якіх ён толькі што пакінуў.

— Знайшоў,— сказаў ён свайму суседу па пакоі.— Абодва ручнікі знайшоў. Мы іх пакінулі на лаўцы, калі адпачывалі.

Пасля гэтага ён зручней сеў за стол і аддаў належнае вячэры...

 


XX. Волька Кастылькоў — пляменнік алаха

 

Мухамедаў яшчэ і не дакрануўся да салодкага, калі воблакі, пакінутыя нашымі падарожнікамі дзесьці паміж Туапсэ і Сочы, даплылі нарэшце да горада-курорта і над ім пачалася імклівая, вельмі гулкая і мнагаводная субтрапічная навальніца.

Умомант апусцелі і вуліцы, і паркі, і пляжы.

Неўзабаве навальніца дапаўзла і да таго месца, дзе, па міласці Хатабыча, трэба было правесці ноч пад адкрытым небам на беразе бурлівага Чорнага мора нешматлікаму экіпажу кіліма-самалёта, які затануў у санаторным басейне.

Добра яшчэ, што яны ў час заўважылі набліжэнне навальніцы. Вядома, ім было зусім не да спадобы зноў прамокнуць да касцей. Але ў першую чаргу трэба было захаваць сухой бараду старога.

Прасцей за ўсё было б, зразумела, пераляцець куды-небудзь далей на поўдзень, але ў густым змроку паўднёвай ночы лёгка можна было з усяго лёту разбіцца аб горы.

Яны пакуль што перайшлі пад кусты і пачалі разважаць, куды падзецца.

— Прыдумаў! — узрушана ўсхапіўся на ногі Жэня,— далібог, прыдумаў!.. Трэба змазаць бараду якім-небудзь тлушчам.

— Ну і што тады? — паціснуў плячамі стары.

— Тады яна не прамокне нават пад сусветным патопам, вось што тады!

— Жэня правільна гаворыць,— згадзіўся Волька, крыху злуючыся на сябе за тое, што не яму прыйшла ў галаву такая цудоўная, навукова абгрунтаваная думка.— Хатабыч, дзейнічай!

Хатабыч вырваў некалькі валаскоў, парваў адзін з іх на дзве часткі, і барада яго пакрылася тонкім слоем выдатнага пальмавага масла.

Потым ён парваў на дзве часткі другі валасок, і нашы героі апынуліся ў толькі што ўзнікшай у абрывістым беразе зусім добраўпарадкаванай і выкладзенай знутры мармурам пячоры. І, пакуль над Каўказскім узбярэжжам весела грукатала цёплая чэрвеньская навальніца, яны, седзячы на пышных дыванах, добра павячэралі, а потым соладка, без сноў заснулі да раніцы.

Іх разбудзіла ціхае пасопванне ласкавага, празрыстага, як крышталь, прыбою.

Даўно развіднела.

Соладка пацягваючыся і пазяхаючы, яны выйшлі на заліты косымі сонечнымі праменямі і яшчэ зусім пустынны пляж, і адразу, нібы яе і зусім ніколі не было, бясследна знікла пячора, якая прытуліла іх на ноч.

Хлопчыкі з асалодай плёхаліся ў халаднаватых ранішніх хвалях, калі з боку Адлера высока ў небе пачуўся далёкі гул матораў.

Пабліскваючы серабрыстымі плоскасцямі, ляцеў над морам вялікі пасажырскі самалёт.

— Э-э-эх! — летуценна працягнуў Жэня.— На гэтым бы самалёце ды ў Маскву.

— Але ж— згадзіўся з ім Волька.— Вельмі нават някепска было б...

І тады, не кажучы ні слова, Хатабыч дастаў з кішэні нешта вельмі тоненькае, беленькае, падобнае да найтанчэйшай сярэбранай каніцелі, парваў яе на некалькі частак, і ўсе трое раптам апынуліся ўсярэдзіне самалёта, на зручных і прасторных адкідных крэслах.

Самым дзіўным было тое, што ніхто з пасажыраў не звярнуў на іх ніякай увагі, нібы яны ляцелі, як і ўсе астатнія, з самага пачатку, з Адлераўскага аэрадрома.

— Хатабыч,— шэптам запытаў Жэня,— што ты там такое парваў, падобнае да сярэбранай нітачкі?

— Звычайны волас з маёй барады,— з незразумелай збянтэжанасцю адказаў Хатабыч.

— Ты ж яго дастаў з кішэні.

— Я яго загадзя вырваў з барады і схаваў у кішэню... на ўсялякі выпадак... Прабач мне, але я не быў упэўнены, што прамасленая мая барада ўсё ж не адсырэе...

— Ты не верыш у навуку? — здзівіўся Жэня.

— Я дастаткова дасведчаны ў навуках,— пакрыўдзіўся Хатабыч,— але не ведаю, якая гэта навука вучыць змазкай засцерагаць ад псавання чараўнічую бараду.— Каб змяніць размову, ён пахваліў самалёт: — Якая зручная і быстралётная гэта паветраная калясніца! А спачатку я падумаў, што мы апынуліся ўнутры вялізнай, сапраўды небывалай жалезнай птушкі, і нямала таму здзівіўся.

На гэтым размова спынілася, бо старога крыху загайдала. Правільней сказаць, ягоразмарыла. Ён прадрамаў у сваім крэсле ўсю дарогу і расплюшчыў вочы толькі зусім блізка ад Масквы.

Унізе пад самалётам шырока раскінулася Маскоўскае мора.

Волька, які сядзеў побач з ім, з гонарам шапнуў Хатабычу:

— Гэтае мора зрабіў мой дзядзька.

— Мора?! — непрыемна здзівіўся Хатабыч.

— Мора.

— Дзядзька?

— Дзядзька.

— Ты хочаш сказаць, што ты пляменнік алаха?

Стары моцна засмуціўся.

— Мой дзядзька — экскаватаршчык. Ён камандзір шагаючага экскаватара. Пратасаў Васіль Пятровіч. Ён зараз, калі хочаш ведаць, Куйбышаўскае мора капае.

— У-у-х ты, блаславёны! — ускіпеў Хатабыч.— Я табе так верыў, о Волька! Я цябе так паважаў!.. І раптам ты мне так бессаромна... гаворыш няпраўду!..

— Вася Пратасаў твой дзядзька? — узрадаваўся прысадзісты чалавек з абветраным шырокім тварам — ён сядзеў ззаду іх.— Не, праўда?

— Ён мамін стрыечны брат.

— Што ж ты маўчыш, хлопец! — захапляўся спадарожнік.— У чалавека такі чалавек дзядзька, а ён маўчыць! Ды гэта ж залаты чалавек!.. Я якраз цяпер з Куйбышаўскага мора... Мы з ім на адным участку... Ды мы з ім, калі хочаш ведаць!..

Волька кіўнуў галавой на змрочнага Хатабыча:

— А вось ён не верыць, што Маскоўскае мора рабіў мой дзядзька.

— Ай-ай-ай, грамадзянін, нядобра як! — пачаў тады сароміць Хатабыча знаёмы Волькавага дзядзькі.— Як жа гэта вы сумняваецеся ў такім цудоўным чалавеку. Васіль Пратасаў гэтае мора выкапаў, другое капае. Патрэбна будзе трэцяе — ён і трэцяе выкапае!.. Вы што ж, газет не чытаеце, ці што? Ды вось, паглядзіце, вось якраз тут, дарэчы, наша газета.— Ён выняў з пашарпанага партфеля газету і паказаў пальцам на фатаграфію.— Бачыце?

— Ой, дзядзька Вася! — узрадаваўся Волька.— Вы мне дасце гэтую газету? Я матуле яе падару.

— Бяры. Твая,— велікадушна сказаў будаўнік.— Вы ўсё яшчэ сумняваецеся? — звярнуўся ён да прыціхлага Хатабыча.— Ды вы прачытайце назву: «Слаўныя творцы мораў». Гэта якраз пра яго дзядзьку, пра Васю Пратасава.

— І пра вас таксама? — запытаў Жэня.

— Галоўнае тут пра Пратасава. Я што. Ды вы чытайце, грамадзянін.

Хатабыч зрабіў выгляд, што чытае. Ну на самай справе, не прызнавацца ж яму было, што ён непісьменны...

Вось чаму, калі яны ехалі з аэрадрома дамоў, Хатабыч запытаў у сваіх юных сяброў, ці не могуць яны навучыць яго чытаць, бо ён ледзь не згарэў ад сораму, калі яму прапанавалі прачытаць словы «Слаўныя творцы мораў».

Дамовіліся, што пры першай магчымасці хлопчыкі навучаць Хатабыча чытаць газеты. Стары хацеў у першую чаргу навучыцца чытаць менавіта газеты.

— Каб ведаць, дзе якое мора будуецца,— растлумачыў ён, сарамліва адводзячы ўбок свае дзікаватыя добрыя вочы.

 


XXI. Хто самы багаты

 

— Пойдзем пагуляем, о крышталь маёй душы,— сказаў на другі дзень Хатабыч.

— Толькі пры адной умове,— цвёрда заявіў Волька,— пры ўмове, што ты не будзеш больш кідацца ўбок ад кожнага аўтобуса, як вясковы конь. Хаця, бадай, я дарэмна пакрыўдзіў вясковых коней: яны ўжо даўно пакінулі баяцца машын. Ды і табе час прывыкнуць, што гэта не джырджысы якія-небудзь, а сумленныя рухавікі ўнутранага згарання.

— Слухаю і падпарадкуюся, о Волька ібн Алёша,— пакорліва адказаў стары.

— У такім разе паўтарай за мной: я больш не буду баяцца...

— Я больш не буду баяцца...— паўтарыў з гатоўнасцю Хатабыч.

— ...аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, грузавікоў, верталётаў...

— ...аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, грузавікоў, верталётаў...

— ...аўтамашын, пражэктараў, экскаватараў, пішучых машынак...

— ...аўтамашын, пражэктараў, экскаватараў, пішучых машынак...

— ...патэфонаў, радыёрупараў, пыласосаў...

— ...патэфонаў, радыёрупараў, пыласосаў...

— ...электрычных выключальнікаў, прымусаў, тэлевізараў, вентылятараў і гумавых цацак «ідзі-ідзі».

— ...электрычных выключальнікаў, прымусаў, тэлевізараў, вентылятараў і гумавых цацак «ідзі-ідзі».

— Ну вось, як быццам і ўсё,— сказаў Волька.

— Ну вось, як быццам і ўсё,— машынальна паўтарыў за ім Хатабыч, і абодва засмяяліся.

Каб загартаваць нервы старога, яны разоў дваццаць перасеклі пехатой самыя ажыўленыя гарадскія скрыжаванні, праехалі на трамваі некалькі прыпынкаў і нарэшце стомленыя, але задаволеныя селі ў аўтобус.

Яны ехалі, шчасліва пагойдваючыся на скураных падушках сядзенняў. Волька паглыбіўся ў чытанне «Піянерскай праўды», стары аб нечым думаў, зрэдку зычліва паглядаючы на свайго юнага спадарожніка. Потым твар Хатабыча расплыўся ў задаволенай усмешцы: ён, відаць, прыдумаў нешта прыемнае.

Аўтобус давёз іх амаль да самага дома. Неўзабаве яны ўжо былі ў Волькавым пакоі.

— Ведаеш што, о самы паважаны з вучняў сярэдняй школы,— пачаў Хатабыч адразу, як толькі яны зачынілі за сабой дзверы: — ты павінен быў бы, на мой погляд, быць больш халодным і стрыманым у абыходжанні з юнымі жыхарамі твайго двара. Ці паверыш, сэрца разрывалася ў мяне на кавалкі, калі я чуў, як яны сустракалі цябе крыкамі: «Гэй, Волька!», «Здароў, Волька!» і да іх падобнымі, зусім нявартымі цябе воклічамі. Прабач мяне за рэзкасць, блаславёны, але ты зусім дарэмна распусціў іх. Ну якая яны раўня табе — самаму багатаму з багацеяў, не кажучы ўжо пра іншыя твае незлічоныя вартасці!

— Ну вось яшчэ! — здзіўлена запярэчыў яму Волька.— Яны мне якраз самая раўня, а адзін нават з восьмага класа... І ўсе мы зусім аднолькава багатыя.

— Не, гэта ты памыляешся, о веер маёй душы! — урачыста ўскрыкнуў тады Хатабыч і падвёў Вольку да акна.— Глядзі і пераконвайся ў справядлівасці маіх слоў!

Перад вачамі Волькі паўстаў дзіўны малюнак.

Яшчэ некалькі хвілін назад левую палову вялізнага двара займала валейбольная пляцоўка, вялікая куча жоўтага-жоўтага пяску для забавы самых маленькіх жыхароў дома, «гіганцкія крокі» і арэлі для аматараў моцных адчуванняў, турнік і кольцы для тых, хто захапляецца лёгкай атлетыкай, і для ўсіх жыхароў двара — адна доўгая і дзве круглыя клумбы, якія весела стракацелі яркімі кветкамі.

Зараз замест усяго гэтага ўзвышаліся зіхатлівыя гмахі трох мармуровых палацаў у старажытнаазіяцкім гусце. Багатая каланада ўпрыгожвала іх фасады. На плоскіх дахах зелянелі цяністыя сады, на клумбах чырванелі, жаўцелі і сінелі дзівосныя кветкі. Кропелькі вады, што біла з цудоўных фантанаў, ззялі ў праменях сонца, як каштоўныя камяні.

Каля ўваходу ў кожны палац стаяла па два волаты з вялізнымі крывымі мячамі ў руках. Убачыўшы Вольку, волаты, як па камандзе, упалі ніц і громападобнымі галасамі прывіталі яго. Пры гэтым з іх ратоў вырваліся вялікія языкі полымя, і Волька міжвольна здрыгануўся.

— Хай не баіцца мой юны ўладар гэтых істот,— супакоіў яго Хатабыч: — гэта мірныя іфрыты, пастаўленыя мною каля ўваходаў для большай тваёй славы.

 

Стары Хатабыч. Лазарь Лагин. Иллюстрация 8

 

Волаты зноў упалі ніц і, выкідаючы з сябе полымя, пакорліва зараўлі:

— Патрабуй ад нас, чаго жадаеш, о магутны наш гаспадар!

— Устаньце, калі ласка! Я вас прашу зараз жа ўстаць,— сканфузіўся Волька.— Ну куды гэта варта — падаць на калені! Проста феадалізм нейкі! Ды ўстаньце вы нарэшце, і каб гэтага больш не было — гэтага рабалепства! Сорам!.. Чэснае піянерскае, сорам!

Іфрыты, здзіўлена паглядаючы адзін на аднаго, усталі на ногі і моўчкі выцягнуліся ў ранейшай напружанай паставе «смірна».

— Ну, вось яшчэ што! — сказаў Волька, усё яшчэ сканфужаны.— Хадзем, Хатабыч, паглядзім твае палацы.— І пераскокваючы адразу праз некалькі прыступак, ён увайшоў у сярэдзіну палаца.

— Гэта не мае палацы. Гэта твае палацы,— пачціва запярэчыў Хатабыч, ідучы ўслед за Волькам.

Але той прапусціў словы Хатабыча міма вушэй.

Першы палац быў цалкам з каштоўнага ружовага мармуру. Яго восем цяжкіх разных дзвярэй, зробленых з сандалавага дрэва, былі ўпрыгожаны сярэбранымі цвікамі і ўсыпаны сярэбранымі зоркамі і ярка-чырвонымі рубінамі.

Другі палац быў з блакітнаватага мармуру. У ім было дзесяць дзвярэй з рэдкага эбенавага дрэва. Яны былі ўпрыгожаны залатымі цвікамі і ўсыпаны алмазамі, сапфірамі і смарагдамі.

Пасярод гэтага палаца блішчаў люстранай роўняддзю прасторны басейн, а ў ім плёскаліся залатыя рыбы, кожная велічынёй з добрага асятра.

— Гэта замест твайго маленькага акварыума,— сарамліва растлумачыў Хатабыч.— Мне здаецца, што толькі такім акварыумам ты можаш карыстацца, не прыніжаючы сваёй высокай годнасці.

«Та-ак,— падумаў Волька,— паспрабуй узяць у рукі гэткую залатую рыбку — без рук застанешся».

— А цяпер,— сказаў Хатабыч,— зрабі мне ласку і акінь прыхільным позіркам трэці палац.

Яны ўвайшлі ў пакоі трэцяга палаца, такога прыгожага і багатага, што Волька ахнуў.

— Ды гэта ж вылітае метро! Ну проста станцыя «Камсамольская кальцавая»!

— Ты Яшчэ не ўсё бачыў, о блаславёны! — ажывіўся Хатабыч.

Ён вывеў Вольку на вуліцу. Волаты ўзялі адразу ж мячы «на каравул», але Хатабыч, не звяртаючы на іх увагі, паказаў хлопчыку на паліраваныя залатыя дошкі, што ўпрыгожвалі зверху ўваходы ў палацы. На кожнай з іх былі высечаны адны і тыя ж надпісы, ад якіх Вольку адразу кінула і ў пот і ў холад:

 

«Палацы гэтыя належаць самаму высакароднаму глаўнаму з отракаў гэтага горада, найпрыгажэйшаму з прыгожых, найразумнейшаму з разумных, вартасці і дасканаласці якога незлічоныя, непераўзыдзенаму знаўцу геаграфіі і іншых навук, самаму першаму з нырцоў, найвыдатнейшаму з плыўцоў і валейбалістаў, непераможнаму чэмпіёну пакаёвага більярда і пінг-понга — царственнаму юнаму піянеру Вольку ібн Алёшу, хай славіцца на векі вякоў яго імя і імя яго шчаслівых бацькоў».

 

— З твайго дазволу,— сказаў Хатабыч, якога распірала ад гордасці і шчасця,— я хацеў бы, каб ты, пасяліўшыся ў гэтых палацах разам з тваімі бацькамі, выдзеліў і мне куточак, каб тваё новае месцажыхарства не аддзяляла мяне ад цябе і я меў бы магчымасць увесь час выказваць табе сваю глыбокую павагу і адданасць.

— Дык вось,— адказаў Волька пасля некаторага маўчання: — па-першае, у гэтых надпісах малавата самакрытыкі... Але гэта, урэшце, не важна. Гэта не важна таму, што шыльды наогул трэба замяніць іншымі.

— Я разумею цябе і не магу не абвінаваціць сябе ў неабдуманасці,— сумеўся стары.— Вядома, трэба было зрабіць надпісы з каштоўных камянёў. Ты гэтага цалкам варты.

— Ты мяне няправільна зразумеў, Хатабыч. Я хацеў бы, каб на дошцы было напісана, што гэтыя палацы з’яўляюцца ўласнасцю РАНА. Ці бачыш, у нашай краіне палацы належаць РАНА, клубам або санаторыям.

— Якому такому РАНА? — здзівіўся стары.

Волька няправільна зразумеў вокліч Хатабыча.

— Усё роўна якому,— прастадушна адказаў ён,— але лепш за ўсё Чырванапрэсненскаму. У гэтым раёне я нарадзіўся, вырас, навучыўся чытаць і пісаць.

— Я не ведаю, хто такі гэты РАНА,— прамовіў Хатабыч з горыччу ў голасе,— і зусім дапускаю, што ён паважаны чалавек. Але хіба РАНА вызваліў мяне з тысячагадовага зняволення ў пасудзіне? Не, гэта зрабіў не РАНА, а ты, найцудоўнейшы отрак, і менавіта табе, або нікому, будуць належаць гэтыя палацы.

— Але зразумей жа...

— І не хачу разумець! Або табе, або нікому!

Волька яшчэ ніколі не бачыў Хатабыча такім раз’юшаным. Яго твар пачырванеў, з вачэй, здавалася, сыпаліся маланкі. Відаць было, што стары ледзьве стрымліваецца, каб не абрушыць свой гнеў на хлопчыка.

— Значыць, ты не згодны, о крышталь маёй душы?

— Вядома, не. Навошта яны мне, гэтыя палацы? Што я — клуб, установа якая-небудзь ці дзіцячы сад?

— Іэхх! — тужліва ўсклікнуў тады Хатабыч і махнуў рукамі.— Паспрабуем іншае!..

У той жа момант палацы расплыліся ў сваіх абрысах, захісталіся і расталі ў паветры, як туман, развеяны ветрам. З лямантам узвіліся ўгору і зніклі веліканы...

 


XXII. Адзін вярблюд ідзе...

 

Затое цяпер двор быў поўны цяжка нагружаных сланоў, вярблюдаў і аслоў. У адчыненыя вароты ўваходзілі ўсё новыя і новыя караваны. Крыкі чарнаскурых паганятых, апранутых у беласнежныя бурносы, зліваліся з трубнымі гукамі, якімі адзываліся сланы, з лямантам вярблюдаў, з ровам аслоў, з тупатам соцень капытоў, з меладычным бразгатам званочкаў.

Кароценькі, да чарнаты загарэлы чалавек у багатай шаўковай вопратцы злез з свайго слана, выйшаў на сярэдзіну двара, тройчы ўдарыў палачкай са слановай косці па асфальту, і з маставой раптам пачаў біць магутны фантан. Адразу ж паганятыя са скуранымі вёдрамі заклапочана выстраіліся ў доўгую чаргу, і неўзабаве двор напоўніўся сапеннем, цмоканнем і фырканнем жывёлін, якія прагна пілі ваду.

— Усё гэта тваё, о Волька! — усклікнуў Хатабыч, стараючыся перакрычаць шум, які стаяў за акном.— Прашу цябе, прымі прыхільна мой сціплы падарунак.

— Што — усё? — запытаў аглушаны шумам Волька.

— Усё. І сланы, і вярблюды, і аслы, і ўсё золата і каштоўнасці, нагружаныя на іх, і людзі, якія знаходзяцца пры гэтых грузах і жывёлінах. Усё гэта тваё!

Чым далей, тым цяжэй. Толькі што Волька ледзь не стаў уладаром трох цудоўных, але зусім непатрэбных яму палацаў. А зараз ён рабіўся адразу ўладальнікам незлічонай колькасці каштоўнасцей, слонаўласнікам і, так сказаць, на салодкае — рабаўласнікам!

Першай думкай было ўпрасіць Хатабыча забраць прэч яго непатрэбныя падарункі, пакуль яшчэ ніхто іх не заўважыў.

Але Волька адразу ж успомніў гісторыю з палацамі. Калі б ён больш талкова павёў тады размову, можна было, бадай, зрабіць так, каб палацы засталіся ўпрыгожваць сабой горад.

Словам, патрэбна было выйграць час для роздуму і выпрацоўкі аператыўнага плана.

— Ведаеш што, Хатабыч? — сказаў ён, стараючыся гаварыць як мага натуральней.— А ці не пакатацца нам на вярблюдзе, пакуль людзі ўпарадкуюцца з караванам?

— З радасцю і прыемнасцю,— даверліва адказаў стары.

Праз хвіліну двухгорбы карабель пустыні, велічна пагойдваючыся і ганарыста азіраючыся па баках, выйшаў на вуліцу, несучы на сваёй спіне ўсхваляванага Вольку і Хатабыча, які адчуваў сябе як дома і млява абмахваўся капелюшом.

— Вярблюд! Вярблюд! — узрадаваліся дзеці, якія выбеглі на вуліцу адначасова і ў такой колькасці, як быццам для іх было звыклай справай чакаць у гэты час з’яўлення вярблюдаў.

Яны шчыльным колам акружылі фанабэрыстую жывёліну, якая ўзвышалася над імі, як двухпавярховы тралейбус над каляскамі з газіраванай вадой. Нейкі хлапчук скакаў на адной назе і радасна крычаў:

Едуць людзі
На вярблюдзе!..
Едуць людзі
На вярблюдзе!..

Вярблюд падышоў да перакрыжавання якраз тады, калі на святлафоры загарэлася чырвонае святло. Не прывучаны да правілаў вулічнага руху, ён спакойна пераступіў шырокую белую лінію на маставой, хоць перад ёю было вялікімі літарамі напісана: «Стоп!» Але дарэмна Волька стараўся ўтрымаць пахмурую жывёліну па гэты бок лініі. Карабель пустыні, спакойна перабіраючы нагамі, ішоў проста на міліцыянера, які ўжо выцягнуў з сумкі квітанцыйную кніжку для спагнання штрафу.

Раптам пачулася гучнае выццё сірэны, заскрыгатаў тормаз, і пад самым носам вярблюда, які спакойна пасопваў, спынілася блакітная аўтамашына. З яе выскачыў шафёр і пачаў лаяць і вярблюда і абодвух яго седакоў.

Сапраўды, яшчэ адна секунда — і адбылося б непапраўнае няшчасце.

— Папрашу бліжэй да тратуара,— ветліва сказаў міліцыянер і прыклаў руку да казырка.

Волька адчуў, што трапіў у непрыемную гісторыю. Ён звесіўся з вярблюда і пачаў няўмела прасіць прабачэння:

— Таварыш міліцыянер, я больш не буду! Адпусціце нас, калі ласка... Нам вярблюда карміць пара... У першы ж раз...

— Нічога не магу зрабіць,— суха адказаў міліцыянер.— У такіх выпадках усе кажуць, што ў першы раз.

Адразу сабраўся натоўп. Пачаліся размовы і абгаворы.

— Міліцыянер безумоўна мае рацыю...

— Тут хто малайчына. Шафёр галоўны малайчына, не разгубіўся.

— Першы раз бачу: у Маскве — і раптам катаюцца на вярблюдах!

— Падумаць толькі — ледзь-ледзь няшчасце не здарылася!..

— Няўжо дзіцяці нельга ўжо на вярблюдзе пакатацца?

— Нікому не дазволена парушаць правілы вулічнага руху...

— І адкуль толькі людзі ў Маскве вярблюдаў бяруць, проста не зразумела!

Волька ўсё яшчэ дарэмна спрабаваў разжаліць суровага міліцыянера, калі раптам адчуў, што Хатабыч тузануў яго за рукаў.

— О юны мой уладар...— сказаў Хатабыч, які захоўваў да гэтага ганарыстае маўчанне.— О юны мой уладар, мне сумна бачыць знявагу, на якую ты ідзеш, для таго, каб пазбавіць мяне ад непрыемнасцей. Усе гэтыя людзі нявартыя цалаваць твае пяткі. Дай жа ім зразумець, якая бездань аддзяляе іх ад цябе.

Волька ў адказ толькі прыкра махнуў рукой, але раптам адчуў, што з ім паўтараецца тая ж гісторыя, што і ў час экзамену па геаграфіі: ён зноў не мог гаварыць, што хацеў:

Ён хацеў сказаць:

«Таварыш міліцыянер, я вельмі прашу вас — адпусціце мяне. Я абяцаю вам да самай смерці ніколі не парушаць правілаў вулічнага руху».

Але замест гэтай пакорлівай просьбы ён раптам закрычаў на ўсю вуліцу:

— Як ты адважваешся, о нікчэмны вартавы, затрымліваць мяне ў дарагі час маёй пагулянкі?! На калені! Зараз жа на калені перада мною, ці я зраблю з табой нешта страшнае!.. Клянуся маёй барадой!.. Не, не маёй, а яго барадой!

Ён кіўнуў галавой у бок Хатабыча.

Хатабыч пры гэтых словах задаволена выскаліўся і паважна пагладзіў сваю бараду.

Што ж датычыць міліцыянера і натоўпу, што іх акружаў, дык усе яны ад нечаканасці былі нават не так абураны, як ашаломлены гэтымі нахабнымі словамі.

— Я самы выдатны отрак гэтага горада! — працягваў Волька крычаць, пакутуючы ад пачуцця ўласнага бяссілля.— Вы няварты цалаваць мае пяткі!.. Я прыгожы!.. Я ра-зум-ны!

— Добра,— панура адгукнуўся міліцыянер,— у аддзяленні разбяруцца, які вы разумны...

«Ой, што за лухту я пляту! Сапраўднае хуліганства!..» — жахаўся Волька, у той час як з яго рота выляталі грозныя словы:

— Гора табе, які асмеліўся сапсаваць мой добры настрой! Спыні ж свае дзёрзкія размовы, пакуль не позна!

У гэты час нешта адцягнула ўвагу Хатабыча. Ён пакінуў шаптаць Вольку свае недарэчныя фанабэрыстыя словы, і Волька, да якога на кароткі час вярнулася самастойнасць, умольна замармытаў, нізка звесіўшыся з вярблюда і жаласліва заглядаючы сваім слухачам у вочы:

— Таварышы!.. Грамадзяне!... Галубочкі!.. Вы мяне не слухайце... Хіба гэта я гавару? Гэта вось ён, гэты стары, прымушае мяне так гаварыць...

Але тут Хатабыч зноў узяў размову ў свае рукі, і Волька без перадыху закрычаў:

— Дрыжыце ж і не выводзьце мяне з цярпення, бо я страшны ў злосці! Ух, які страшны!..

Ён добра разумеў, што яго словы нікога не палохаюць, а толькі абураюць, а ў некаторых нават выклікаюць смех, але нічога зрабіць не мог. Між тым пачуццё абурэння і здзіўлення змянілася ў тых, хто слухаў Вольку, пачуццём трывогі за яго. Было зразумела, што ў нармальным стане ніводзін савецкі школьнік не гаварыў бы такіх недарэчных і нахабных слоў.

І раптам пачуўся ў натоўпе ўсхваляваны жаночы голас:

— Грамадзяне! У хлопчыка моцная гарачка!.. Ён жа проста дыміцца!

— Гэта яшчэ што за непачцівыя словы! — пракрычаў у адказ Волька і з жахам адчуў, што разам са словамі з яго рота вылятаюць вялікія клубкі чорнага дыму...

Нехта спалохана ўскрыкнуў, нехта пабег у аптэку выклікаць «хуткую дапамогу», і Волька, выкарыстаўшы сумятню, шапнуў Хатабычу:

— Гасан Абдурахман ібн Хатаб! Загадваю табе зараз жа перанесці вярблюда разам з намі як мага далей ад гэтага месца... Лепш за ўсё за горад. А то нам кепска будзе... Чуеш? Зараз жа!..

— Слухаюся і падпарадкуюся,— таксама шэптам адказаў стары.

І ў тую ж секунду вярблюд са сваімі седакамі ўзвіўся ў паветра і знік, пакінуўшы ўсіх у глыбокім здзіўленні.

А праз хвіліну ён плаўна знізіўся на ўскраіне горада, дзе і быў назаўсёды пакінуты пасажырамі.

Ён, відаць, і да сённяшняга дня пасецца дзе-небудзь у аколіцах горада. Яго вельмі лёгка пазнаць, калі ён вам трапіцца на вочы: у яго вуздэчка ўся ўсыпана брыльянтамі і смарагдамі.

 


XXIII. Таямнічая гісторыя ў аддзяленні Дзяржбанка

 

Калі яны з Хатабычам вярнуліся дадому, у Волькі, незважаючы на ўсе перажытыя за дзень непрыемнасці, быў прыўзняты настрой. Ён нарэшце прыдумаў, што яму зрабіць з незлічоным багаццем, якое звалілася на яго як снег на галаву.

Раней за ўсё ён даведаўся ў Хатабыча, ці можа той зрабіць усіх гэтых паганятых з іх сланамі, вярблюдамі, асламі і ўсёй паклажай нябачнымі для пабочнага вока.

— Толькі загадай, і ўсё будзе зроблена ўмомант,— з гатоўнасцю адказаў Хатабыч.

— Вельмі добра,— сказаў Волька.— У такім разе, зрабі іх, калі ласка, пакуль што нябачнымі, і давай класціся спаць. Заўтра нам прыйдзецца ўстаць з усходам сонца.

— Слухаюся і падпарадкуюся.

І вось грамадзяне, якія сабраліся ў двары, каб падзівіцца на шумлівы і незвычайны караван, раптам убачылі, што двор зусім пусты, і, уражаныя, разышліся па дамах.

Волька, наспех павячэраўшы, з прыемнасцю распрануўся і лёг у ложак, прыкрыўшыся з выпадку гарачыні адной толькі прасціной.

А Хатабыч, які вырашыў свята захоўваць старадаўнія звычаі джынаў, ператварыўся ў невідзімку і лёг каля самага парога, каб ахоўваць спакой свайго юнага збавіцеля. Ён зусім быў ужо сабраўся пачаць паважную гутарку, калі дзверы нечакана адчыніліся, і бабуля, якая прыйшла, як заўсёды, развітацца на ноч са сваім унукам, спатыкнулася аб нябачнага Хатабыча і бразнулася на падлогу.

— Ты разумееш, тут нешта ляжала каля парога! — спалохана паведаміла яна Аляксею Аляксеевічу, які прыбег на шум.

— Дзе яно ляжала, гэтае нешта? — запытаў яе Аляксей Аляксеевіч.— І, дарэчы, які яно, гэтае нешта, мела выгляд?

— Ніякага выгляду яно не мела, Алёшанька,— адказала старая.

— Што ж ты гэта, мама, аб пустое месца спатыкнулася, ці што? — з палёгкай засмяяўся Волькаў бацька, задаволены, што бабуля ніколькі не пацярпела пры падзенні.

— Выходзіць, што аб пустое месца, сынок,— разгублена адказала бабуля і, у сваю чаргу, сканфужана засмяялася.

Бацька з бабуляй пажадалі Вольку добрай ночы і пайшлі.

А Хатабыч перабраўся пад Волькаў ложак. Там ужо ніхто на цябе не наступіць. Ды і да Волькі бліжэй.

Нейкі час абодва нашы героі ляжалі моўчкі. Волька ніяк не мог вырашыць, як пачаць з Хатабычам далікатную размову.

— Дабранач! — зычліва прамовіў Хатабыч з-пад ложка.

І Волька зразумеў, што час пачынаць.

— Хатабыч,— сказаў ён, звесіўшы галаву з ложка,— мне трэба з табой трохі пагаварыць.

— Ці не наконт сённяшніх маіх падарункаў? — з апаскай запытаў Хатабыч і, атрымаўшы сцвярджальны адказ, цяжка ўздыхнуў.

—  Ці бачыш, дарагі Хатабыч, мне хацелася б ведаць, ці маю я права распараджацца тваімі падарункамі так, як мне захочацца.

— Бясспрэчна.

— І як бы я імі ні распарадзіўся, ты не будзеш на мяне крыўдзіцца?

— Не буду, о Волька. Ці смею я крыўдзіцца на чалавека, які так многа зрабіў для мяне!

— Калі табе няцяжка, Хатабыч, то, калі ласка, пакляніся.

— Клянуся! — глуха прамовіў пад ложкам Хатабыч, які разумеў, што гэта ўсё нездарма.

— Ну вось і добра! — узрадаваўся Волька.— Значыць, ты не пакрыўдзішся, калі я скажу, што асабіста мне гэтыя падарункі зусім непатрэбны. Хаця я вельмі і вельмі табе ўдзячны.

— О гора мне! — прастагнаў у адказ Хатабыч.— Ты зноў адмаўляешся ад маіх падарункаў... Але ж гэта ўжо не палацы! Ты бачыш, о Волька: я больш не дару табе палацаў. Скажы проста: ты грэбуеш падарункамі свайго адданага слугі.

— Ну разваж сам, Хатабыч, ты ж вельмі разумны стары: ну навошта мне безліч каштоўнасцей?

— Каб быць багацейшым з багатых, вось для чаго! — сварліва растлумачыў Хатабыч.— Ці не скажаш ужо ты, што табе не хочацца быць першым багацеем сваёй краіны! Ты гэта можаш, о самы капрызны і незразумелы з отракаў, якія мне сустракаліся! Грошы — гэта ўлада, грошы — гэта слава, грошы — гэта колькі хочаш сяброў! Вось што такое грошы!

— Каму патрэбны сябры за грошы, слава за грошы? Ты мяне проста смешыш, Хатабыч! Якую славу можна набыць за грошы, а не сумленнай працай дзеля дабра сваёй радзімы?

— Ты забыў, што грошы даюць самую верную і трывалую ўладу над людзьмі, о юны і непапраўны спрачальнік.

— У якой-небудзь Амерыцы, але не ў нас.

— Зараз ты скажаш, што ў вашай краіне людзі не хочуць быць багацейшымі. Ха-ха-ха! — Хатабычу здавалася, што ён выказаў вельмі з’едлівую думку.

— Не, чаму ж,— цярпліва адказаў Волька.— Чалавек, які прыносіць больш карысці для радзімы, зарабляе ў нас больш, чым той, які прыносіць менш карысці. Вядома, кожны хоча зарабіць больш, але толькі сумленнай працай.

— Няхай будзе так,— сказаў Хатабыч.— Я вельмі далёкі ад таго, каб штурхаць свайго шаноўнага сябра на несумленныя заробкі. Калі табе не патрэбны каштоўнасці, ператвары іх у грошы і давай гэтыя грошы ў рост. Згадзіся, што гэта вельмі паважаны занятак — даваць грошы ў рост тым, хто мае ў іх патрэбу.

— Ты з глузду з’ехаў! — абурыўся Волька.— Ты проста не разумееш, што ты гаворыш! Савецкі чалавек — і раптам ліхвяр! Ды і хто да яго пайшоў бы, нават калі б дзе-небудзь раптам завёўся такі крывасмок? Калі нашаму чалавеку патрэбны грошы, ён можа звярнуцца ў касу ўзаемадапамогі або пазычыць у таварыша. А ліхвяр — гэта ж крывасмок, паразіт, агідны эксплуататар, вось хто! А эксплуататараў у нашай краіне няма і ніколі не будзе. Хопіць! Папілі нашай крыві пры капіталізме!

— Тады,— не сунімаўся Хатабыч, які ўсё ж некалькі затужыў,— накупляй як мага больш тавараў і адчыні ўласныя крамы ва ўсіх канцах горада. Ты зробішся знакамітым купцом, і ўсе будуць паважаць цябе і славіць.

— Ды хіба табе не зразумела, што прыватнік — гэта той жа эксплуататар? Гандлем у нас займаецца дзяржава, кааперацыя. А зарабляць сабе грошы, гандлюючы ва ўласнай краме...

— Хм! — Хатабыч зрабіў выгляд, што згадзіўся.— Дапусцім, што гэта так, як ты гаворыш. А вырабляць розныя тавары — гэта ўжо, спадзяюся, сумленны занятак?

— Безумоўна! Вось бачыш,— узрадаваўся Волька,— ты пачынаеш разумець маю думку!

— Вельмі рад,— кісла ўсміхнуўся Хатабыч.— Памятаецца, ты мне неяк казаў, што твой глыбокапаважаны бацька працуе майстрам на заводзе. Правільна?

— Угм!

— Ён самы галоўны на гэтым заводзе?

— Не, не самы. Тата — майстар, а яшчэ над ім ёсць начальнік цэха, галоўны інжынер, дырэктар.

— Ну дык вось,— пераможна закончыў сваю думку Хатабыч: — на багацце, якое я табе падарыў, ты зможаш купіць свайму цудоўнаму бацьку завод, на якім ён працуе, і яшчэ шмат розных іншых заводаў.

— Яны і так належаць бацьку.

— Але ж ты толькі што сам казаў, Волька ібн Алёша...

— Яму, калі хочаш ведаць, належаць і завод, на якім ён працуе, і ўсе іншыя заводы і фабрыкі, і ўсе шахты, руднікі, чыгункі, землі, воды, горы, крамы, школы, універсітэты, клубы, палацы, тэатры, паркі і кіно ўсёй краіны. І мне яны належаць, і Жэньку Багараду, і яго бацькам, і...

— Ты хочаш сказаць, што ў бацькі твайго ёсць кампаньёны?

— Вось менавіта — кампаньёны! Каля двухсот мільёнаў раўнапраўных кампаньёнаў! Гэтулькі ж, колькі насельніцтва ў нашай краіне!

— У вас вельмі дзіўная і незразумелая для мяне краіна,— буркнуў Хатабыч з-пад ложка і замоўк...

 

На світанні наступнага дня тэлефонны званок падняў з пасцелі загадчыка раённага аддзялення Дзяржаўнага банка. Загадчыка тэрмінова выклікалі ў кантору.

Усхваляваны такім раннім званком, ён прымчаўся на месца работы і ўбачыў на двары дома, дзе змяшчалася аддзяленне банка, безліч сланоў, вярблюдаў і аслоў, нагружаных цяжкімі цюкамі.

— Тут адзін грамадзянін хоча ўнесці ўклад,— паведаміў яму разгублены дзяжурны.

— Уклад? — здзівіўся загадчык.— Так рана?.. Які ўклад?..

У адказ на гэта дзяжурны моўчкі падаў загадчыку спісаны цвёрдым дзіцячым почыркам лісцік з вучнёўскага сшытка. Загадчык прачытаў паперку і папрасіў дзяжурнага ўшчыпнуць яго за руку. Дзяжурны разгублена выканаў яго просьбу. Загадчык паморшчыўся ад болю, зноў паглядзеў на лісцік і прамовіў:

— Неверагодна! Проста неверагодна!

Грамадзянін, які пажадаў застацца невядомым, падарыў Дзяржаўнаму банку на любыя патрэбы, па меркаванню апошняга, дзвесце сорак шэсць цюкоў золата, срэбра і каштоўных камянёў агульным коштам у тры мільярды чатырыста шэсцьдзесят сем мільёнаў сто трыццаць пяць тысяч семсот тры рублі васямнаццаць капеек.

Гэтая сума магла атрымацца на некалькі дзясяткаў рублёў большай, але Волька пакінуў у сябе тры залатыя манеты, каб заказаць для бабулі залатыя каронкі на зубы...

Але самае дзіўнае здарылася на хвіліну пазней. Спачатку жывёліны, на якіх прывезлі скарбы, потым людзі, якія прывялі жывёлін, а потым прывезеныя на гэтых жывёлінах скарбы раптам захісталіся, зрабіліся празрыстымі, як пара, і, як пара, расталі ў паветры. Свежы ранішні ветрык вырваў з рук уражанага загадчыка лісцік з заявай, узняў яго высока над будынкам і панёс у невядомым напрамку. Між іншым, неўзабаве гэты лісцік уляцеў праз адчыненае акно ў пакой, у якім спаў сном праведніка Волька Кастылькоў, урос у сшытак, з якога быў нядаўна вырваны, і зноў зрабіўся зусім чыстым.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Ужо зусім незразумела, як гэта атрымалася, але ні работнікі раённага аддзялення Дзяржбанка, ні Волькавы суседзі па двару, ні нават сам Волька ніводнага разу не ўспомнілі аб гэтай гісторыі. Нібы нехта начыста сцёр яе з іх памяці.

 


XXIV. Стары Хатабыч і Сідарэлі

 

У старога быў вельмі жаласны выгляд. Цэлы дзень ён адседжваўся ў акварыуме, спасылаючыся на тое, што ў яго нібы разгуляўся раматус. Вядома, гэта было недарэчным тлумачэннем, бо неразумна з раматусам залазіць у ваду.

Хатабыч ляжаў на дне акварыума, ляніва варушачы плаўнікамі і вяла глытаючы ваду. Калі да акварыума падыходзіў Волька ці Жэня, стары адплываў да задняй сценкі, вельмі няветліва павяртаючыся да іх хвастом. Праўда, калі Волька выходзіў з пакоя, Хатабыч вылазіў з вады, каб трохі размяцца.

Але, толькі пачуўшы Волькавы крокі, ён з ціхім усплёскам кідаўся ў акварыум, нібы і не думаў яго пакідаць. Ён, відаць, меў нейкае горкае задавальненне ад таго, што Волька час ад часу пачынаў упрошваць яго вылезці з вады і пакінуць крыўдзіцца. Ўсё гэта стары выслухоўваў, павярнуўшыся да хлопчыка хвастом. Варта было, аднак, яго юнаму сябру разгарнуць падручнік геаграфіі, каб рыхтавацца да пераэкзаменоўкі, як Хатабыч высоўваўся напалову з акварыума і горка дакараў Вольку ў бессардэчнасці. Маўляў, як гэта можна займацца розным глупствам, калі стары чалавек так пакутуе ад раматусу.

Але як толькі Волька закрываў падручнік, стары зноў павяртаўся да яго хвастом. Так працягвалася да самага вечара. У пачатку восьмай гадзіны ён рэзка ўзмахнуў плаўнікамі і выскачыў на падлогу. Адціснуўшы ваду з барады і вусоў і высушыўшы іх каля вентылятара, які весела гудзеў на стале, ён стрымана прамовіў узрадаванаму Вольку:

— Ты мяне вельмі пакрыўдзіў адмовай ад маіх сціплых падарункаў. Тваё і маё шчасце, што я абяцаў табе не крыўдзіцца. Але я абяцаў не крыўдзіцца на цябе, і я не маю таму да цябе ніякай крыўды, бо я зразумеў, хто сапраўдны віноўнік непрыемнасцей, якія ты мне, сам таго не жадаючы, прыносіш. Настаўнікі твае — вось корань зла! Варвара Сцяпанаўна, а не ты — юны і нявопытны отрак — адкажа мне ў поўнай меры за ўсю горыч апошніх дзён, і я яе, нікчэмную тую Варвару дачку Сцяпана, зараз...

Ён вырваў адразу чатыры валасы з барады: рыхтавалася нешта, што выходзіла за рамкі звычайнага.

— Што ты, што ты, Хатабыч, міленькі, дарагі! — залепятаў Волька і проста павіс на руках у раз’юшанага джына.— Варвара Сцяпанаўна ніколечкі ў гэтым не вінавата!. Чэснае піянерскае!. Гэта ўсё я сам...

— Не, вінавата, вінавата, вінавата! — бубніў Хатабыч, спрабуючы вызваліць свае рукі.

— Не вінавата, не вінавата, чэснае піянерскае, не вінавата!..— спалохана пярэчыў Волька, ліхаманкава прыдумваючы, як бы адцягнуць ад Варвары Сцяпанаўны ўвагу разлютаванага джына.— Ведаеш што?.. Ведаеш што?..— Ён нарэшце прыдумаў: — Пойдзем у цырк, га? Ну, Хатабыч, ну, міленькі!.. Пойдзем у цырк! Нам з Жэнем нізавошта не дастаць білетаў, а табе гэта зрабіць проста... Толькі ты можаш нам дапамагчы трапіць у цырк... Ты такі ўсемагутны, ты такі на дзіва ўсемагутны!..

Стары быў вельмі цікаўны, любіў, калі яму ліслівілі, а галоўнае, не ў прыклад іншым джынам, вельмі хутка пакідаў крыўдзіцца.

— А што ты называеш гэтым смешным словам, якое нагадвае цырыканне вераб’я? — Вочы Хатабыча дапытліва загарэліся.— Гэта рынак, на якім гандлююць папугаямі і іншымі дзіўнымі птахамі? Дык хай жа будзе табе вядома, што да птушак я абыякавы. Я нагледзеўся за свой век на папугаяў.

— Што ты! Гэта ў тысячу разоў цікавей! Што я кажу ў тысячу,— у мільён, у мільён мільёнаў разоў!..

Хатабыч адразу забыў пра Варвару Сцяпанаўну.

Яго вочы загарэліся азартным бляскам.

— З радасцю і прыемнасцю, о Волька. І ведаеш што? Давай паедзем туды на вярблюдзе, нават яшчэ лепш — на слане. Уяві толькі, як усе будуць табе зайздросціць.

— Не, што ты! Не варта табе турбавацца,— запярэчыў Волька з падазронай паспешлівасцю.— Давай лепш, калі ты не баішся, паедзем на тралейбусе.

— А чаго тут баяцца? — пакрыўдзіўся стары.— Я ўжо чацвёрты дзень без страху гляджу на гэтыя жалезныя павозкі.

Праз паўгадзіны Волька, Жэня і Хатабыч былі ўжо ў Парку культуры і адпачынку, каля ўваходу ў цырк Шапіто.

Стары збегаў да касы пацікавіцца, які выгляд маюць білеты, па якіх пускаюць у цырк, і неўзабаве і ў яго, і ў Волькі, і ў Жэні самі па сабе з’явіліся цвёрдыя светла-ружовыя пропускі на вольныя месцы.

Яны ўвайшлі ў цырк, заліты святлом шматлікіх электрычных лямпаў.

У адной з ложаў, каля самай арэны, былі якраз тры вольныя крэслы, але Хатабыч рашуча выказаўся супраць гэтых месцаў.

— Я не магу згадзіцца,— сказаў ён,— каб хоць хто-небудзь у гэтым памяшканні сядзеў вышэй за мяне і маіх глыбокапаважаных сяброў. Гэта было б прыніжэннем нашай годнасці.

Спрачацца са старым было зусім бескарысна, і хлопчыкі нехаця забраліся на самую верхатуру і селі ў апошнім радзе амфітэатра.

Неўзабаве выбеглі уніфармісты[1] ў малінавых, вышытых золатам ліўрэях і выстраіліся абапал уваходу на арэну. Чалавек, які вёў праграму, зычным голасам абвясціў пачатак паказу, і на арэну выехала наезніца, уся ўсыпаная бліскаўкамі, як ёлачны Дзед Мароз.

— Ну як, падабаецца? — запытаў Волька ў Хатабыча.

— Не пазбаўлена цікавасці і для вока прыемна,— асцярожна адказаў стары.

За наезніцай выступалі акрабаты, за акрабатамі — клоўны, за клоўнамі — дрэсіраваныя сабачкі, якія выклікалі стрыманую пахвалу Хатабыча, за сабачкамі — жанглёры і скакуны. На скакунах закончылася першае аддзяленне.

Крыўдна было пакідаць цырк, але дома чакаў падручнік геаграфіі, разгорнуты яшчэ на самых першых старонках.

Волька цяжка ўздыхнуў і шапнуў Жэню на вуха:

— Ну, я пайшоў, а ты пастарайся ўтрымаць яго хоць бы гадзінкі на дзве. Пагуляй з ім пасля цырка, ці што...

Але Жэня шматзначна, з прыпынкамі, ціха прамычаў у нос:

— Трэба нам усім ісці, усім нам траім... Тут ВЭ ЭС, тут ВЭ ЭС!

Волька павярнуўся і пахаладзеў: па крутых прыступках бакавога праходу спускалася ў фае Варвара Сцяпанаўна са сваёй пяцігадовай унучкай Ірынкай.

Хлопчыкі, не дамаўляючыся, падхапіліся з месца і сталі перад старым так, каб засланіць ад яго сваю класную кіраўніцу.

— Ведаеш што, Хатабыч,— ледзьве выціснуў з сябе Волька,— хадзем дадому, га?.. Тут сёння зусім нецікава.

— Ага,— падхапіў Жэня, якога ад трывогі за Варвару Сцяпанаўну трэсла як у ліхаманцы,— правільна, хадзем... Пагуляем па парку... і гэтак далей...

— Што вы, о юныя мае сябры! — прастадушна адказаў Хатабыч.— Я ніколі яшчэ не бачыў столькі цікавага, як у гэтым сапраўды чароўным шатры. Ведаеце што, ідзіце, а я вярнуся да вас, як толькі закончыцца гэты сапраўды займальны паказ.

Толькі гэтага і не хапала: пакінуць Варвару Сцяпанаўну адну з ненавідзячым яе джынам!

Трэба было ўсімі сродкамі заняць яго ўвагу да пачатку другога аддзялення. А тады Хатабыча не адарваць ад таго, што будзе адбывацца на манежы. Словам, трэба было ў самым тэрміновым парадку што-небудзь прыдумаць, а Волька з перапалоху за Варвару Сцяпанаўну зусім разгубіўся. У яго нават пачалі ляскаць зубы, што ўжо зацікавіла Хатабыча, якому да ўсяго была справа,

— Дык вось што, Хатабыч,— нарэшце знайшоў выйсце не Волька, а Жэня.— Адно з двух: або вучыцца, або не вучыцца!

І Волька і Хатабыч паглядзелі на яго з аднолькавым недаўменнем.

— Я кажу ў тым сэнсе,— растлумачыў ім абодвум Жэня,— што калі мы з Хатабычам дамовіліся, што будзем вучыць яго грамаце, дык трэба выкарыстоўваць кожную вольную хвіліну для вучобы. Правільна я кажу, Хатабыч?

— Твая працавітасць варта найвышэйшай пахвалы, о Жэня,— расчулена адказаў Хатабыч.

— А калі так, дык вось табе ў рукі цыркавая праграмка, і мы неадкладна пачынаем па ёй вывучаць з табой азбуку. Да канца антракту...

— З радасцю і прыемнасцю, о Жэня!

Жэня разгарнуў праграмку і паказаў пальцам на першую, што трапілася, літару «А».

— Вось гэта літара «А». Зразумела?

— Зразумела, о Жэня.

— Значыць, якая гэта літара?

— Гэта літара «А», о Жэня.

— Правільна. Знайдзі мне тут ва ўсіх радках літару «А».

— Вось гэта літара «А», о Жэня.

— Цудоўна! А яшчэ дзе?

— Вось, і вось, і вось, і вось, і вось...

Хатабыч не на жарт захапіўся вучобай. Ні на што іншае ён ужо не звяртаў увагі.

Да таго часу, калі скончыўся перапынак, публіка зноў заняла свае месцы і зноў уключылі поўнае святло, Хатабыч паспеў засвоіць усе літары алфавіта і чытаў па складах:

— «Ак-ра-бат з пад... пад-кід-ной сет-кай...»

— Ведаеш, Хатабыч,— усклікнуў Жэня са шчырым захапленнем,— у цябе зусім выдатныя здольнасці!..

— А ты думаў! —адгукнуўся Волька.— Гэта, брат, такі таленавіты джын, якіх свет не бачыў!

А Хатабыч з захапленнем чытаў:

— «Тру-па ак-ра-ба-таў ска-ку... ска-ку-ноў пад кі-раў-ніц-твам Фі-лі-па Бе-лых». Гэта мы ўжо бачылі. «Па-ча-так вя-чэр-ніх па-ка-заў у во-сем га-дзін вечара. Пача-так ра-ніш-ніх па-казаў у два-нац-цаць гадзін дня». О юныя мае настаўнікі, я прачытаў усю праграму. Ці азначае гэта, што я здолею цяпер чытаць і газеты?

— Вядома!.. Факт! — пацвердзілі хлопчыкі.

А Волька дадаў.

— Зараз мы з табой паспрабуем прачытаць вунь тыя прывітанні, якія вісяць над аркестрам.

Але якраз у гэты момант падышла дзяўчына ў какетлівым белым фартушку, з вялікім падносам у руках.

— Эскімо не жадаеце? — запытала яна ў старога, і той, у сваю чаргу, запытальна паглядзеў на Вольку.

— Вазьмі, Хатабыч, гэта вельмі смачна. Пакаштуй!

Хатабыч пакаштаваў, і яму спадабалася. Ён пачаставаў хлопчыкаў і купіў сабе яшчэ адну порцыю, потым яшчэ адну і нарэшце, разахвоціўшыся, адкупіў у абамлелай прадаўшчыцы адразу ўсё, якое было ў наяўнасці, эскімо — сорак тры кругленькіх, пакрытых тонкім інеем пакецікі з марозівам. Дзяўчына паабяцала потым прыйсці за падносам і пайшла ўніз, раз-пораз азіраючыся на дзіўнага пакупніка.

— Ого! — падмаргнуў Жэня свайму прыяцелю.— Стары дарваўся да эскімо.

За якія-небудзь пяць хвілін стары знішчыў усе сорак тры порцыі. Ён еў эскімо, як агуркі, адразу адкусваючы вялікія кавалкі і смачна хрумстаючы. Апошні кавалак ён праглынуў у той момант, калі ў цырку зноў запаліліся ўсе агні.

— Сусветны... камбінаваны... атракцыён!.. Артыст дзяржаўных цыркаў Афанасій Сідарэлі!

Усе ў цырку заапладзіравалі, аркестр зайграў туш, і на арэну, усміхаючыся і кланяючыся на ўсе бакі, выйшаў невялікага росту пажылы артыст у вышытым залатымі драконамі сінім шаўковым халаце. Гэта і быў славуты Сідарэлі. Пакуль яго памочнікі раскладалі на маленькім лакіраваным століку ўсё, што было патрэбна для першага фокуса, ён працягваў кланяцца і ўсміхацца. Пры ўсмешцы ў яго ярка пабліскваў у роце залаты зуб.

— Цудоўна! — прашаптаў зайздросліва Хатабыч.

— Што цудоўна? — запытаў Волька, з усёй сілы пляскаючы ў далоні.

— Цудоўна, калі ў чалавека растуць залатыя зубы.

— Ты думаеш? — няўважліва запытаў Волька, сочачы за нумарам, які пачаўся ўжо.

— Я перакананы ў гэтым,— адказаў Хатабыч.— Гэта вельмі прыгожа і багата.

Сідарэлі скончыў першы нумар.

— Ну як? — запытаў Волька ў Жэні такім тонам, нібы ён сам прарабіў гэты фокус.

— Цудоўна! — з захапленнем адказаў Жэня, і Волька адразу ж ускрыкнуў ад здзіўлення: у Жэні быў поўны рот залатых зубоў.

— Ой, Волька, што я табе скажу! — спалохана прашаптаў Жэня.— Ты толькі не палохайся: у цябе ўсе зубы сталі залатыя.

— Гэта, відаць, работа Хатабыча,— сказаў тужліва Волька.

І сапраўды, стары, прыслухоўваючыся да размовы сяброў, сцвярджальна кіўнуў галавой і прастадушна ўсміхнуўся, адкрыўшы пры гэтым, у сваю чаргу, два рады буйных, роўных залатых зубоў.

— Нават у Сулеймана ібн Дауда — мір з імі абодвума! — не было ў роце такой роскашы! — з выхваленнем сказаў ён.— Толькі не дзякуйце мне. Запэўніваю вас, вы варты гэтага невялікага сюрпрызу з майго боку.

— Ды мы табе і не дзякуем! — злосна кінуў Жэня.

Але Волька, спалохаўшыся, як бы стары не разгневаўся, тузануў свайго прыяцеля за руку, і той у час прыкусіў язык.

— Разумееш, Хатабыч,— пачаў ён дыпламатычна,— гэта будзе вельмі кідацца ў вочы, калі адразу ва ўсіх нас траіх, якія яшчэ і сядзяць побач, усе зубы будуць залатыя. На нас будуць глядзець, і мы будзем вельмі саромецца.

— І не падумаю саромецца,— сказаў Хатабыч.

— Так, але вось нам неяк будзе ўсё ж няёмка. У нас прападзе ўся прыемнасць ад цырка.

— Ну, і што ж?

— Дык вось, мы цябе просім, каб, пакуль мы вернемся дадому, у нас у роце былі звычайныя, касцяныя зубы.

— Захапляюся вашай сціпласцю, о юныя мае сябры! — сказаў крыху пакрыўджана стары.

І хлопчыкі з палёгкай адчулі, што ў роце ў іх ранейшыя, натуральныя зубы.

— А калі вернемся дадому, яны зноў зробяцца залатымі? — з трывогай прашаптаў Жэня.

Але Волька ціха адказаў:

— Потым убачым... Можа, стары пра іх забудзе.

І ён з захапленнем пачаў глядзець на галавакружныя фокусы Афанасія Сідарэлі і пляскаць у далоні разам з усімі гледачамі, калі той з зусім пустой скрынкі выцягнуў спачатку голуба, потым курыцу і, нарэшце, калматага вясёлага белага пудзеля.

Толькі адзін чалавек сярдзіта, не выказваючы нічым ухвалення, глядзеў на фокусніка. Гэта быў Хатабыч.

Яму было вельмі крыўдна, што фокусніку пляскалі ў далоні за ўсялякую дробязь, а ён, які прарабіў пасля вызвалення з пасудзіныгэтулькі цудаў, ніводнага разу не пачуў не толькі апладысментаў, але і ніводнага шчырага слова ўхвалення.

Таму, калі зноў пачуліся воплескі і Сідарэлі пачаў кланяцца на ўсе бакі, Гасан Абдурахман ібн Хатаб засмучана крактануў і, не зважаючы на пратэсты гледачоў, палез праз іх галовы на арэну.

Ухвальны рокат прайшоў па цырку, а нейкі паважны грамадзянін сказаў суседцы:

— Я табе казаў, што гэты стары — «рыжы». Гэта, відаць, вельмі вопытны клоўн. Глядзі, як ён сябе пацешна паводзіць. Яны часамі знарок сядзяць сярод публікі.

На шчасце для гэтага грамадзяніна, Хатабыч нічога не чуў, цалкам паглынуты назіраннем за Сідарэлі. Той якраз у гэты момант пачаў самы дзівосны са сваіх нумароў.

Перш за ўсё славуты ілюзіяніст запаліў некалькі вельмі доўгіх каляровых стужак і запхнуў іх сабе ў рот. Потым ён узяў у рукі вялікую, ярка размаляваную міску з нейкім рэчывам, падобным на дробнае пілавінне. Набіўшы сабе поўны рот гэтым пілавіннем, Сідарэлі пачаў хутка махаць перад сабой прыгожым залацістым веерам.

Пілавінне ў роце пачало тлець, потым з’явіўся невялікі дымок, і, нарэшце, калі ў цырку патухла электрычнасць, усе ўбачылі, як у цемры з рота славутага фокусніка пасыпаліся тысячы іскраў і нават паказалася невялікае полымя.

І тады сярод буры воплескаў і крыкаў «брава» пачуўся раптам абураны голас старога Хатабыча.

— Вас ашукваюць! — крычаў ён надрываючыся.— Гэта ніякія не цуды! Гэта звычайная лоўкасць рук!

— Вось гэта «рыжы»! — захоплена ўсклікнуў нехта з публікі.— Вы-дат-ны «рыжы»! Брава, «рыжы»!

І ўсе гледачы, акрамя Волькі і яго сябра, дружна заапладзіравалі Хатабычу.

Стары не разумеў, пра якога «рыжага» крычаць. Ён цярпліва перачакаў, калі скончацца выкліканыя яго з’яўленнем воплескі, і ўедліва працягваў:

— Хіба гэта цуды?! Ха-ха!..

Ён адсунуў атарапелага артыста ўбок і для пачатку выкінуў са свайго рота адзін за другім пятнаццаць вялізных рознакаляровых языкоў полымя, ды такіх, што па цырку адразу прайшоў выразны пах серкі.

З прыемнасцю выслухаўшы воплескі, Хатабыч пстрыкнуў пальцамі, і замест аднаго вялікага Сідарэлі па нізкім бар’еры манежа пабеглі адзін за другім семдзесят два маленькія Сідарэлі, падобныя на славутага фокусніка як дзве кроплі вады. Прабегшы некалькі кругоў, яны зліліся ў аднаго вялікага Сідарэлі, як зліваюцца ў адну вялікую кроплю шмат маленькіх кропелек ртуці.

— Гэта яшчэ не ўсё! — грамавым, нечалавечым ужо голасам закрычаў Хатабыч, разгарачаны ўсеагульным ухваленнем, і пачаў выцягваць з-пад крыса пінжака цэлыя табуны коней рознай масці.

Коні спалохана іржалі, білі капытамі, матлялі галовамі, развяваючы пры гэтым свае прыгожыя шаўкавістыя грывы. Потым, па ўзмаху рукі Хатабыча, коні зніклі, з-пад крыса пінжака выскачылі адзін за другім з грозным рыкам чатыры вялізныя берберыйскія ільвы і, некалькі разоў прабегшы вакол арэны, зніклі.

 

Стары Хатабыч. Лазарь Лагин. Иллюстрация 9

 

Далей Хатабыч ужо дзейнічаў пад суцэльныя воплескі.

Вось ён махнуў рукой, і ўсё, што было на арэне: і Сідарэлі, і яго памочнікі, і разнастайны і шматлікі яго рэквізіт, і прыгожа апранутыя малайцаватыя уніфармісты,— усё гэта ўмомант узвілося ўгору і, прарабіўшы некалькі развітальных кругоў над захопленымі гледачамі, адразу ж растаяла ў паветры.

Невядома адкуль узнік на манежы вялізны віславухі афрыканскі слон з вясёлымі, хітрымі вочкамі; на яго спіне — слон крыху меншы; на другім — трэці — яшчэ меншы; на трэцім — чацвёрты... Апошні, сёмы, пад самым купалам, быў не большы за аўчарку. Яны разам затрубілі, высока ўзняўшы хобаты, пляснулі, як па камандзе, сваімі абвіслымі вушамі і паляцелі, махаючы імі, як крыламі.

Трыццаць тры аркестранты з вясёлымі крыкамі раптам збіліся ў адну кучу, вялізным камяком скаціліся ўніз з пляцоўкі на манеж. Гэты камяк каціўся па бар’еру, паступова змяншаючыся ў аб’ёме, пакуль, нарэшце, не дасягнуў памеру гарошыны. Тады Хатабыч падняў яго, паклаў сабе ў правае вуха, і з вуха паляцелі моцна прыглушаныя гукі марша.

Потым стары, які ледзьве трымаўся на нагах ад узрушанасці, неяк па-асабліваму пстрыкнуў адразу пальцамі абедзвюх рук, і ўсе гледачы адзін за другім пачалі са свістам зрывацца са сваіх месцаў і знікаць дзесьці далёка пад купалам.

І вось нарэшце ў апусцелым цырку засталіся толькі тры чалавекі — Хатабыч, які стомлена прысеў на бар’ер арэны, і Волька з сябрам,— яны кулём скаціліся да старога з апошняга рада амфітэатра.

— Ну як? — вяла запытаў Хатабыч, з цяжкасцю прыўзнімаючы галаву і пазіраючы на хлопчыкаў дзіўнымі, памутнелымі вачамі.— Гэта вам не Сідарэлі! Га?

— Куды яму да цябе! — адказаў Волька, сярдзіта маргаючы Жэню, які ўсё намагаўся папрасіць аб нечым старога.

— Цярпець не магу ашуканцаў! — прамармытаў раптам Хатабыч з нечаканай лютасцю.— Выдаваць за цуды звычайную лоўкасць рук!.. Ды яшчэ ў маёй прысутнасці!..

— Але ж ён не ведаў, што тут прысутнічае такі магутны і мудры джын,— уступіўся Жэня за Сідарэлі.— Ды ён і не гаварыў, што гэта цуды. Ён наогул нічога не гаварыў.

— Там напісана... Там, у праграмцы... Ты ж сам чуў, як я чытаў: «Цуды ілюзійнай тэхнікі».

— Дык ілюзійнай жа, і-лю-зій-най! Гэта ж разумець трэба.

— А якія былі воплескі! — з прыемнасцю ўспамінаў стары.— А вось ад цябе, о Волька, я яшчэ ніводнага разу не чуў не толькі воплескаў, а і простага ўхвалення... Не, чуў, але за нейкае зусім дробязнае цуда; я яго нават за цуда не лічу... І ўсё гэтая каварная Варвара Сцяпанаўна! Гэта яна навучыла цябе пагарджаць маімі падарункамі! Не пярэчце, о юныя мае сябры, яна, яна!.. Такія цудоўныя палацы!.. Такі дзівосны караванчык!.. Такія адданыя і здаровыя нявольнікі!.. Такія вярблюдзікі!.. І вось гэтая каварная Варвара Сця...

Але тут, на шчасце для класнай кіраўніцы нашых юных герояў, у поле зроку Хатабыча трапіў доўгі транспарант, што вісеў над пляцоўкай аркестра. Вочы яго, да гэтага памутнелыя, зноў прынялі свядомы выраз, на твары з’явілася слабая ўсмешка, і ён з радасцю чалавека, які толькі што навучыўся грамаце, пачаў чытаць уголас:

— «Да-рагія дзе-ці! Він-шу-ем вас з закан-чэннем наву-чаль-на-га года і жа-да...»

Не дачытаўшы да канца прывітанне, стары замоўк, заплюшчыў вочы і, здавалася, вось-вось страціць прытомнасць.

— А ты мог бы вярнуць усіх на ранейшыя месцы? — пачаў яго спалохана тармасіць Волька.— Хатабыч, ты мяне чуеш? Ало!.. ало!.. Хатабыч, ты можаш так зрабіць, каб усё было па-ранейшаму? Гэта, напэўна, вельмі цяжка?

— Не, не цяжка... Гэта значыць для мяне, вядома, не цяжка,— ледзь чутна адказаў Хатабыч.

— А мне чамусьці здаецца, што табе гэта не па сіле,— хітра сказаў Волька.

— Па сіле. Але я нешта вельмі стаміўся.

— Ну вось я і кажу, што табе не па сіле.

Замест адказу Хатабыч, крэкчучы, прыўзняўся на ногі, вырваў з барады трынаццаць валаскоў, парваў іх на дробныя часткі, выкрыкнуў нейкае дзіўнае і вельмі доўгае слова і, знясілены, апусціўся проста на пілавінне, што пакрывала арэну.

Адразу ж з-пад купала са свістам прымчаліся і размясціліся, згодна купленых білетаў, бязмежна шчаслівыя гледачы. На манежы, як з-пад зямлі, выраслі Сідарэлі са сваімі памочнікамі і рэквізітам і уніфармісты на чале з бравым вядучым.

Гучна ляпаючы вушамі, прыляцела назад уся сямёрка афрыканскіх сланоў, прызямлілася і зноў выстраілася ў піраміду. Толькі на гэты раз унізе быў самы маленькі, а наверсе, пад купалам,— самы вялікі, той, які з вясёлымі, хітрымі вочкамі. Потым піраміда рассыпалася, сланы цугам памчаліся па манежы, імкліва скарачаючыся ў памерах, пакуль не зрабіліся велічынёй са шпілечную галоўку і канчаткова не згубіліся ў пілавінні.

Аркестр гарошынай выкаціўся з правага вуха Хатабыча, хутка вырас у вялізны камяк рагатлівых людзей, насуперак закону сусветнага прыцягнення пакаціўся ўгору, на пляцоўку, рассыпаўся там на трыццаць тры паасобныя чалавекі, якія паселі на месцы і грымнулі туш...

— Дазвольце, грамадзяне!.. Папрашу вас прапусціць,— прабіваўся да Хатабыча праз захоплены натоўп, які шчыльна абступіў старога, хударлявы чалавек у вялікіх круглых рагавых акулярах.— Будзьце ласкавы, таварыш,— пачціва звярнуўся ён да Хатабыча,— не адмоўцеся зазірнуць у кабінет дырэктара. З вамі хацеў бы пагутарыць начальнік Кіраўніцтва дзяржцыркаў наконт шэрагу выступленняў у Маскве і перыферыйных цырках.

— Пакіньце старога ў спакоі! — сказаў нездаволена Волька.— Вы хіба не бачыце — ён хворы, у яго павышаная тэмпература.

Сапраўды, у Хатабыча была высокая тэмпература.

Стары здорава аб’еўся марозівам.

 


XXV. Бальніца пад ложкам

 

Той, хто ніколі не даглядаў хворага джына, не можа нават сабе ўявіць, наколькі гэта стамляльная і клапатлівая справа.

Раней за ўсё ўзнікае пытанне: дзе яго трымаць? У бальніцу яго не пакладзеш, і дома на віду яго таксама трымаць нельга.

Па-другое, як яго лячыць? Медыцына разлічана на лячэнне людзей, а не казачных чараўнікоў.

Па-трэцяе, ці заразны для людзей хваробы джынаў?

Усе гэтыя тры пытанні былі старанна абмеркаваны хлопчыкамі, калі яны на таксі везлі з цырка Хатабыча, які ўвесь час трызніў.

Было вырашана:

1. Хатабыча ў бальніцу не везці, а трымаць яго з усімі магчымымі выгодамі ў Волькі пад ложкам, папярэдне прапанаваўшы яму для бяспекі зрабіцца нябачным.

2. Лячыць яго, як лечаць людзей ад прастуды. Даваць нанач аспірын, паіць чаем з малінавым варэннем, каб добра прапацеў.

3. Хваробы джынаў людзям, відаць, не перадаюцца.

На шчасце, дома нікога не было. Хатабыча ўдалося спакойна ўкласці на яго звычайнае месца пад ложкам.

Жэня пабег у аптэку па аспірын і ў «Гастраном» па малінавае варэнне, а Волька пайшоў на кухню падагрэць чай.

— Ну, вось і чай гатовы! — весела сказаў ён, вяртаючыся з кухні з гарачым чайнікам у руках.— Будзем піць чай, Хатабыч? Га?..

Адказу не было.

— Памёр! — зжахнуўся Волька і раптам адчуў, што, не зважаючы на ўсе непрыемнасці, якія паспеў ужо прынесці яму Хатабыч, будзе вельмі шкада, калі стары памрэ.— Хатабыч, міленькі! — залепятаў ён і, прыкленчыўшы, палез пад ложак.

Але старога пад ложкам не было.

— Вось недарэчны стары! — узлаваўся тады Волька, адразу забыўшыся аб сваіх пяшчотных пачуццях.— Толькі што быў тут і паспеў ужо знікнуць некуды!

Невядома, якія яшчэ горкія словы адрасаваў бы Волька старому, калі б у гэты час не ўваліўся Жэня, з шумам ведучы за сабой Хатабыча. Стары ўпіраўся і мармытаў сабе пад нос нешта бязладнае.

— Вось дзівак!.. Не, ты падумай толькі, што за дзівак! — абураўся Жэня, дапамагаючы ўкладваць хворага пад ложак.— Вяртаюся гэта я па вуліцы, гляджу — а Хатабыч стаіць на рагу з мяшком золата і ўсё намагаецца раздаць яго прахожым. Я яго пытаю: «Што ты тут робіш з павышанай тэмпературай?», а ён мне адказвае: «Я, маўляў, адчуваю набліжэнне смерці. Я, маўляў, хачу з гэтага выпадку раздаць міласціну». А я яму кажу: «Дзівак ты, дзівак! Каму ж ты збіраешся раздаваць міласціну? Дзе ты ў нас бачыў жабракоў?» А ён мне кажа: «У такім разе, я пайду дадому». Вось я яго і прывёў... Ляжы, дзед, папраўляйся! Памерці заўсёды паспееш!..

Хатабычу далі конскую дозу аспірыну, скармілі яму з чаем увесь слоік малінавага варэння і, добра ўхутаўшы, каб прапацеў за ноч, паклалі спаць.

Стары, паляжаўшы нейкі час спакойна, раптам захваляваўся і сабраўся ўстаць, каб пайсці да Сулеймана ібн Дауда прасіць прабачэння за нейкія даўнія крыўды. Потым ён заплакаў і пачаў прасіць Вольку, каб той збегаў у Міжземнае мора і Індыйскі акіян, знайшоў там на дне медную пасудзіну, у якой заняволены яго дарагі брацік Амар Юсуф ібн Хатаб, вызваліў яго са зняволення і прывёў сюды.

— Мы так цудоўна зажылі б тут усе разам! — мармытаў ён у трызненні, заліваючыся горкімі слязамі.

Праз паўгадзіны стары апрытомнеў і слабым голасам прамовіў з-пад ложка:

— О юныя мае сябры, вы не можаце сабе ўявіць нават, як я вам удзячны за вашу любоў і дарагую вашу ўвагу! Зрабіце мне, прашу вас, яшчэ адну паслугу: звяжыце мне як мага мацней рукі, а то я ў час гарачкі такога начарую, што потым, баюся, і сам не здолею нічога зрабіць.

Старога звязалі, і ён умомант заснуў як забіты.

Назаўтра раніцай Хатабыч прачнуўся зусім здаровы.

— Вось што значыць своечасова пададзеная медыцынская дапамога! — задаволена сказаў Жэня Багарад і цвёрда вырашыў пасля заканчэння школы паступіць у медыцынскі інстытут.

 


XXVI. Раздзел, у якім мы на нейкі час вяртаемся да хлопчыка, што брахаў, як сабака

 

Кажучы папраўдзе, кожны раз, калі Волька ўспамінаў пра Гогу, яго пачынала мучыць зайздрасць. А знаходзячыся дома, або на лесвічнай пляцоўцы, або на двары каля пад’езду, цяжка было не ўспомніць пра Гогу. Нават праз зачыненыя дзверы, нават праз зачыненыя вокны час ад часу далятаў прываблівы, казачна цудоўны сабачы брэх.

Выклікала, праўда, здзіўленне, што Гога ўпарта не з’яўляўся на двары. Ніводзін хлопчык на месцы Гогі не вытрымаў бы гэтулькі часу, каб не пахваліцца перад дзецьмі сапраўдным пародзістым шчанём. А Гога, той бы проста ўпіваўся зайздрасцю дзяцей.

Не, тут было нешта загадкавае.

Нарэшце Волька не вытрымаў і запытаў у Наталлі Кузьмінічны, чаму гэта зусім не відаць Гогі.

Наталля Кузьмінічна чамусьці страшэнна збянтэжылася і пралепятала ў адказ, што Гогачка трохі захварэў.

Пралепятала і адразу ж заспяшалася да сябе.

— Наталля Кузьмінічна! — умольна крыкнуў ёй услед Волька.— Адно пытанне, толькі адно пытанне!

Наталля Кузьмінічна вельмі неахвотна спынілася.

— Наталля Кузьмінічна, скажыце толькі: аўчарка, так?

— Якая аўчарка? — паціснула плячамі бедная жанчына.

— Шчаня, якое вы падарылі Гогу, ну, якое брэша ў вас, аўчарка ці баксёр?..

— Божа мой, якое глупства! — уздыхнула Наталля Кузьмінічна і паспешліва схавалася ў сваёй кватэры.

І, як знарок, адразу адтуль пачуўся высокі і вельмі сярдзіты брэх.

Усё гэта было ў вышэйшай ступені таямніча.

А тут яшчэ Хатабыч, які адлежваўся па сваёй звычцы пад Волькавым ложкам, як бы між іншым запытаў:

— Цікава, як пажывае непрыяцель твой па імені Пілюля?

Яму не цярпелася пахваліцца перад Волькам сваім дасціпным закляццем і разам з ім нацешыцца бядой, у якую па заслугах трапіў Гога.

«І ніхто не зможа зняць гэтае закляцце, пакуль я не палічу гэта своечасовым,— ганарліва разважаў ён.— Уяўляю сабе, як яно ўзрадуе высокапаважанага Вольку ібн Алёшу і ў якім ён будзе захапленні ад разнастайнасці маіх чараў!»

— Пілюля? — няўважліва перапытаў Волька, якому раптам прыйшла ў галаву вельмі простая і заманлівая ідэя.— Ах, Пілюля! Пілюля нешта захварэў... Слухай, Хатабыч.— Ён прысеў на кукішкі і прасунуў галаву пад ложак, каб зручней было весці перагаворы.— У мяне ёсць да цябе вялікая просьба.

«Пачынаецца!» — з прыкрасцю падумаў стары джын. Ён западозрыў, што Волька збіраецца прасіць яго, каб зняў закляцце з Гогі, і вырашыў наадрэз адмовіцца. Па меншай меры, на бліжэйшы час. Нічога, няхай гэты агідны пляткар і паклёпнік крыху памучыцца. Гэта будзе яму толькі на карысць.

Але ўголас Хатабыч кісла прамовіў:

— Я буду рад даведацца, у чым заключаецца твая просьба.

— Я хачу папрасіць цябе зрабіць мне падарунак.

Стары ўзрадаваўся, што размова пойдзе не пра датэрміновае памілаванне Гогі.

Ён хуценька вылез з-пад ложка:

— Скажы, што ты хочаш, і атрымаеш гэта ў падарунак без усякага адкладу, о юны і бескарыслівы збавіцель джынаў.

— Ты мог бы мне падарыць сабаку? Аўчарку?

— Сабаку? Няма нічога прасцейшага і прыемнейшага майму сэрцу.

Хатабыч вырваў валасок з барады, і Волька абамлеў ад захаплення: каля яго ног з ласкавым бурчаннем пацягвалася цудоўная сухарлявая, мускулістая трохгадовая аўчарка. У яе былі вельмі жывыя, разумныя вочы, халодны і вільготны нос, цудоўныя вострыя вушы. Ён пагладзіў яе па спіне. Аўчарка пачціва памахала хвастом і ад паўнаты пачуццяў гаўкнула на ўсю кватэру.

— Ці задаволены ты гэтым сабакам? — шчасліва мітусіўся Хатабыч, гатовы па першаму Волькаваму патрабаванню запоўніць увесь пакой, усю кватэру, увесь дом самымі дарагімі сабакамі.— Ах, прабач мне, я забыў пра адну дробязь.

Пад «дробяззю» ён разумеў ашыйнік, які раптам з’явіўся на аўчарцы, ззяючы такой колькасцю каштоўных камянёў, што іх з гакам хапіла б на дзве імператарскія кароны.

Ад шчасця, якое яму прываліла, Волька анямеў. Ён толькі гладзіў дрыжачай рукой сабаку і так пры гэтым разгублена ўсміхаўся, што ў чуллівага старога пакаціліся па твары слёзы замілавання.

Але няма ў жыцці поўнага шчасця, ва ўсякім разе, калі маеш справу з падарункамі джынаў! За дзвярамі нечакана пачуліся жаночыя крокі, і толькі Хатабыч паспеў схавацца пад ложак і зрабіцца нябачным, як адчыніліся дзверы і ўвайшла Святлана Аляксандраўна — Волькава маці.

— Я так і думала— сказала яна, убачыўшы сабаку, якога стары джын у спешцы не здагадаўся зрабіць невідзімкай.— Сабака!.. Адкуль у цябе сабака, хацела б я ведаць?

Волька адчуў, што імкліва і безнадзейна ідзе на дно.

— Гэта я... Гэта мне... Разумееш... Як бы табе сказаць...

Гаварыць праўду не мела сэнсу. А хлусіць Волька не хацеў. Ды і было гэта безнадзейнай справай: Святлана Аляксандраўна адразу раскусіла б, што ён хлусіць.

— Волька! — павысіла яна голас.— Мне не падабаецца тваё мыканне. Кажы праўду, чыя гэта аўчарка?

— Нічыя... Не, яна раней была нічыя, а цяпер яна мая...

Святлана Аляксандраўна пачырванела ад абурэння.

— Няўжо ты ўнізіўся да хлусні? Я была аб табе лепшай думкі. Адказвай: чый сабака? Адзін яго ашыйнік каштуе дзясяткі рублёў...

Яна вырашыла, што ашыйнік упрыгожаны каляровымі шкельцамі.

Зараз не на жарт узлаваўся пад ложкам Хатабыч. Узлаваўся і вельмі пакрыўдзіўся. Яму вельмі хацелася даць зразумець гэтай вельмі паважанай, але наіўнай жанчыне, што не такі Гасан Абдурахман ібн Хатаб, каб дарыць сваім лепшым сябрам капеечныя шкельцы, і што не дзясяткі, а шматлікія тысячы рублёў каштуе гэты сапраўды дарагі ашыйнік. Але ён своечасова ўтрымаўся. Ён ужо разумеў, што сваім выхваленнем толькі яшчэ больш ускладніць Волькава становішча.

Праўдзівы і прастадушны, ён не мог не ўхваліць таго, што Волька не хацеў хлусіць, нават зусім бяскрыўдна, і зразумеў, што адзінае выйсце — звесці на нішто гэтае непаразуменне і самым рашучым чынам.

«Добра,— падумаў ён, ухмыляючыся сабе ў бараду,— давядзецца майму добраму і праўдзіваму сябру яшчэ нейкі час пражыць без уласнага сабакі... І няхай яго не мучаць да пары да часу мары аб уласным сабаку!»

З-пад ложка даляцеў ледзь чутны тоненькі крыштальны звон, і сабака знік, нібы яго карова языком злізала.

— Волечка,— сказала Святлана Аляксандраўна, зусім забыўшы, аб чым толькі што ішла размова,— калі пазвоняць з парткама ці Сяргей Сяргеевіч, скажы, што я буду праз гадзіну-паўтары... Дарэчы, ты не ведаеш, да каго ў трыццаць сёмую кватэру зараз падымаўся доктар?

— Напэўна, да Гогі.

— Хіба ён захварэў?

— Здаецца.

— Здаецца?.. Хіба ён не твой таварыш?

— Ну але, таварыш!..

— Мне сорамна за цябе, юны піянер Кастылькоў! — сказала Святлана Аляксандраўна, павярнулася і выйшла з пакоя з каменным тварам.

—Ну і ну,— са скрухай уздыхнуў Волька і вырашыў наведаць Гогу, як толькі ад яго пойдзе доктар.— Хатабыч, а Хатабыч!

З-пад ложка не было ніякага адказу.

— Знік! — злосна прабурчаў Волька.— Якраз, калі з ім трэба параіцца, яго няма. Ну і джын!..

А Хатабыч тым часам уладжваўся як мага зручней у трыццаць сёмай кватэры, на гэты раз пад ложкам Гогі, які так дзіўна занядужаў. Яму было цікава паслухаць, як будзе бездапаможна валтузіцца ў пошуках правільнага рашэння стары доктар, які, вядома, і ўяўлення не меў, з якім магутным і незвычайным праціўнікам яму належала ўступіць у бой...

І пакуль Волька, выкарыстаўшы адсутнасць Хатабыча, сеў за падручнік геаграфіі, а стары джын прытаіўся пад Гогавым ложкам, вось што адбывалася ў пакоі, дзе ляжаў на высокіх падушках самы дзівосны з пацыентаў старога доктара з раённай паліклінікі неадкладнай медыцынскай дапамогі... Яго звалі Аляксандрам Аляксеевічам, гэтага бывалага і вельмі вопытнага доктара, і мы знарок падкрэсліваем гэтае імя, каб вы ведалі, які гэта сапраўдны лекар, калі вам калі-небудзь давядзецца з ім спаткацца.

— Наталля Кузьмінічна,— ласкава звярнуўся ён да няўцешнай Гогавай мамы,— пакіньце нас, калі ласка, адных. Нам трэба з Гогам пра тое-сёе пагутарыць.

— Ну, малады чалавек,— прамовіў ён, калі яны засталіся ўдваіх з Гогам (Хатабыча пад ложкам, вядома, можна было не лічыць),— як справы? Гаўкаем?

— Ратунку няма! — прастагнаў Гога.

— Тэк! Ну што ж, у такім разе, давай пагутарым. Ты якія вершы любіш?

— Гаў-гаў-гаў! — вырвалася з Гогавага рота, і Наталля Кузьмінічна, якая прытаілася каля замочнай шчыліны з таго боку дзвярэй, залілася слязамі.

Можаце сабе ўявіць, што Гога збіраўся адказаць на пытанне Аляксандра Аляксеевіча. Гогу абурыла гэтае пытанне. Ён лічыў яго нікчэмным і недарэчным.

Гогаў брэх, аднак, ніколькі не здзівіў і не засмуціў старога доктара.

— Ты не злуйся,— сказаў ён самым спакойным тонам.— Гэтае пытанне мае самае непасрэднае дачыненне да тваёй хваробы.

— Я люблю «Бура мглою неба крые»,— адказаў нарэшце Гога, удосталь адбрахаўшыся.— «Бура мглою неба крые», верш Пушкіна.

— Прашу цябе, прачытай мне яго. Ты яго ведаеш напамяць?

Бура мглою неба крые,
Снежным круціцца віхром;
То як звер яна завые,
То заплача дзіцянём,—

пачаў Гога.

— Хопіць! — спыніў яго Аляксандр Аляксеевіч.— Цяпер скажы мне, будзь ласкавы, якая твая думка пра твайго таварыша па класу, ну, як яго там, які жыве ў суседняй кватэры.

— Пра Вольку Кастылькова?

— Вось менавіта.

— Гаў-гаў-гаў! — заліўся Гога пранізлівым брэхам.

— Ты словамі, словамі гавары.

— Гаў-гаў-гаў!..— адказаў Гога, бездапаможна разводзячы рукамі. Маўляў, і сам рад бы словамі, ды не магу, не атрымліваецца.

— Зразумела... Хопіць... Хопіць, кажу!.. Тэк! Ну, а якія астатнія вучні ў вашым класе?

— У нашым класе? — ухмыльнуўся хворы Гога.— У нашым класе, калі вы хочаце ведаць, усе вучні гаў-гаў-гаў!..

— Ну, а наконт мяне ў цябе якая думка? Ты давай, не саромейся. Якая твая думка пра мяне, як пра доктара?

— Як пра доктара? Як пра доктара я пра вас думаю, што вы даволі вялікі гаў-гаў-гаў!

— Цудоўна! — зусім шчыра ўзрадаваўся Аляксандр Аляксеевіч.— Ну, а пра тваю маці якая ў цябе думка?

— Маці ў мяне вельмі добрая,— сказаў Гога, і Наталля Кузьмінічна за дзвярамі зноў залілася слязамі, на гэты раз шчаслівымі.— Яна толькі часамі бывае гаў...— Ён уздрыгнуў і замоўк.— Не, яна ў мяне наогул і заўсёды вельмі добрая.

— Ну, а пра вашу класную насценгазету ў цябе таксама ёсць думка? — запытаў, на гэты раз толькі для ачысткі сумлення, стары доктар. Ён ужо канчаткова ўпэўніўся, у чым сутнасць хваробы яго маладога пацыента.— Прабіралі там цябе часамі?

На гэты раз Гога прабрахаў дзве хвіліны запар. Хатабычу пад ложкам нават надакучыла слухаць. А Аляксандр Аляксеевіч з прыемнасцю слухаў гэты брэх, нібы гэта не брахаў Гога Пілюкін, празваны за свой агідны характар Пілюлем, а нейкі выдатны спявак спяваў лепшую з арый свайго рэпертуара.

Даўшы Гогу адбрахацца ўдосталь, Аляксандр Аляксеевіч задаволена пацёр рукі.

— Камісіі ўсё зразумела,— сказаў ён.— Наталля Кузьмінічна, папрашу вас у пакой!

Увайшла Наталля Кузьмінічна, выціраючы адсырэлай насоўкай пачырванелыя вочы.

— Трэба вам далажыць сказаў Аляксандр Аляксеевіч, запрасіўшы яе прысесці,— што я апошнюю ноч, па сутнасці, не спаў, праглядаў медыцынскую літаратуру, разважаў. У спецыяльнай літаратуры я нічога падобнага на выпадак з вашым сынам не знайшоў...

Бедная Наталля Кузьмінічна ўстрывожана ахнула.

— Не засмучайцеся раней часу, дарагая Наталля Кузьмінічна,— спыніў яе стары доктар,— усё яшчэ не так страшна. Чытаў я, чытаў... думаў, думаў і потым, вядома, не мог заснуць. Таксама нічога асаблівага — у старых так бывае. Каб адпачыць ад сваіх думак, я ўзяў томік арабскіх казак «Тысяча і адна ноч» і прачытаў там, між іншым, аб тым, як адзін чараўнік, дакладней кажучы — джын, ператварыў аднаго нялюбага яму чалавека ў сабаку. І тады я падумаў, што калі б існавалі на свеце джыны (Хатабыч пад ложкам пакрыўдзіўся) і калі б адзін з іх захацеў пакараць чалавека, ну хлопчыка, дапусцім, за тое, што ён пляткарыць, паклёпнічае, дрэнна гаворыць аб сваіх блізкіх, дык ён мог бы заклясці яго такім закляццем, каб той брахаў кожны раз, калі захоча сказаць гадасць. Толькі што мы з вашым сынам шчыра пагутарылі, і аказалася, што ён, ніводнага разу не брахнуўшы, прачытаў верш Пушкіна, амаль ніводнага разу не гаўкнуў, гаворачы пра вас, Наталля Кузьмінічна, і амаль увесь час брахаў, гаворачы пра сваіх таварышаў і пра класную насценгазету, у якой, відаць, часамі прабіралі яго... Вы разумееце маю думку? Я, здаецца, ясна ўсё сказаў?

— Вы мяркуеце,— задумліва прамовіла Гогава маці,— што...

— Вось менавіта. Вядома, ніякіх джынаў у прыродзе не існавала і не існуе. (Хатабыч зноў, на гэты раз не на жарт, пакрыўдзіўся.) А існуе вельмі своеасаблівая псіхічная траўма ў вашага сына. Я павінен вам сказаць з усёй адказнасцю, што ён будзе і ў далейшым брахаць...

— Божа мой! — успляснула рукамі бедная жанчына.

— ...брахаць кожны раз, калі надумаецца пляткарыць ці паклёпнічаць, наогул, калі ён будзе спрабаваць гаварыць гадасці. І тады ўсе будуць зваць яго не Гога Пілюкін, а Гаўгаў Пілюкін. А калі ён падрасце, яго будуць, за вочы вядома, называць не Георгій Васільевіч, а Гаўгаў Васільевіч. Як бачыце, ваш сын можа апынуцца ў вельмі незайздросным становішчы. Затое, калі ён цвёрда возьме сабе за правіла не паклёпнічаць, не пляткарыць, не псаваць добрым людзям жыццё, я вам галавой сваёй ручаюся, што брэх у яго спыніцца назаўсёды.

— «Гаўгаў Васільевіч»! — зжахнулася бедная Наталля Кузьмінічна.— Нават падумаць страшна! Я гэтага проста не перажыла б!.. А лекі?.. Можа, вы ўсё ж прапішаце яму якія-небудзь лекі?

— Лекі не дапамогуць. Ну як, малады чалавек, паспрабуем па-мойму?

— І я зусім не буду брахаць?

— Усё залежыць зараз толькі ад вас, малады чалавек!

— Значыць, рэцэпта не будзе? — перапытала Наталля Кузьмінічна, убачыўшы, што Аляксандр Аляксеевіч збіраецца ісці.

— Гэта і ёсць мой рэцэпт. Адзіна правільны. Зрэшты, можна праверыць. А ну, скажы некалькі справядлівых слоў пра свайго таварыша Вольку, звяртаю тваю ўвагу — спра-вяд-лівых!

— Наогул, вядома, Волька Кастылькоў добры хлопец,— няўпэўнена прамовіў Гога, нібы ён упершыню навучыўся гаварыць.— Правільна, доктар, міленькі! У першы раз пасля экзамена па геаграфіі я не брашу пра Вольку. Ур-р-ра-а-а!

— А што там асаблівае адбылося на гэтым экзамене? — запытаў нібы між іншым стары доктар.

— Ды нічога такога, аб чым варта было б гаварыць. Мала што бывае, калі хлопчык раптам захварэе ад ператамлення,— адказаў Гога ўжо куды больш упэўнена.

— Ну, я пайшоў, сказаў стары доктар,— мне яшчэ трэба наведаць добры дзясятак сапраўдных хворых. Значыць, зразумеў, Гога, у чым справа?

— Зразумеў! Ой, зразумеў! Чэснае піянерскае!.. Дзякуй!..

— То-та ж. Цяпер дзейнічай! Бывайце здаровы...

—Куды гэта ты знік? — накінуўся праз некалькі секунд Волька на старога джына, калі той з вельмі задумлівым тварам залазіў на сваё звычайнае месца пад Волькавым ложкам.

— Слухай мяне, о Волька,— прамовіў стары з незвычайнай нават для яго ўрачыстасцю.— Толькі што я прысутнічаў пры тым, сапраўды небывалым выпадку, калі закляцце, накладзенае джынам, было знята чалавекам. Праўда, гэта быў вельмі разумны і вельмі справядлівы чалавек. Ён такі справядлівы, што я і не падумаў пакараць яго за тое, што ён не верыць у маё існаванне... Куды гэта ты?

— Трэба наведаць Гогу. Сапраўды, гэта агіднасць з майго боку.

— Ідзі,— сказаў стары джын,— ідзі і наведай свайго таварыша па вучобе. Хоць ён ужо і не хворы.

— Зусім не хворы? Ён ужо зусім паправіўся?

— Зараз гэта цалкам залежыць ад яго самога,— сказаў Хатабыч і, перамогшы сваё самалюбства, расказаў Вольку адзіную ў сваім родзе гісторыю аб вылячэнні зачараванага хлопчыка звычайным лекарам.

 


XXVII. Стары Хатабыч і містэр Гары Вандэндалес

 

— Блаславёны Волька,— сказаў пасля снедання Хатабыч, з прыемнасцю грэючыся на сонейку,— увесь час я раблю табе падарункі, на маю думку — каштоўныя, і кожны раз яны табе аказваюцца не па сэрцу. Можа, зробім так: ты мне сам скажаш, што табе і твайму маладому сябру хацелася б ад мяне атрымаць у падарунак, і я палічыў бы за вялікі гонар і шчасце неадкладна даставіць вам пажаданае.

— Падары мне, у такім выпадку, вялікі марскі бінокль,— адказаў Волька не задумваючыся.

— З радасцю і любоўю.

— І мне таксама бінокль. Калі можна, вядома,— сарамліва сказаў Жэня.

— Няма нічога лягчэйшага.

І яны ўсёй кампаніяй накіраваліся ў камісійную краму.

У краме, якая знаходзіўся на шумнай і кароткай вулічцы ў цэнтры горада, было шмат пакупнікоў.

Нашы сябры з цяжкасцю праціснуліся да прылаўка, дзе прадавалі такія выпадковыя прадметы, што іх ніяк нельга было размеркаваць па спецыяльных аддзелах, таму што тады прыйшлося б на кожную рэч выдзяляць асобны прылавак.

— Пакажы мне, о шаноўны Волька, які яны выгляд маюць, гэтыя мілыя вашаму сэрцу біноклі! — весела прамовіў Хатабыч, але раптам пабляднеў і закалаціўся як у ліхаманцы.

Ён тужліва глянуў на сваіх маладых сяброў, заплакаў, магільным голасам сказаў ім: «Бывайце, дарагія майму сэрцу!», накіраваўся да сівога, добра апранутага чужаземца з барвовым тварам, расштурхаў локцямі публіку і ўпаў перад ім на калені.

— Загадвай мне, бо я твой пакорлівы і паслухмяны нявольнік! — прамовіў Хатабыч, глытаючы слёзы і намагаючыся пацалаваць крысо яго пінжака.

— Не лязайце на мяне! — закрычаў чужаземец на ламанай рускай мове.— Не лязайце, а то я вам буду з’ездзіць па фізіяноміі! Вы ёсць адзін жулік! Вы ёсць хацець украсці мой гаманец! Які скандал!

— Ты памыляешся, о мой уладар,— адказаў стары, усё яшчэ стоячы на каленях.— Я чакаю тваіх загадаў, каб выканаць іх неадкладна і паслухмяна.

— Сорамна, грамадзянін, жабрачыць у наш час! — дакорліва звярнуўся да Хатабыча прадавец з-за прылаўка.

— Такім чынам, колькі шмат я вам маю заплаціць за гэты дрэнны пярстсонак? — нервова працягваў чужаземец размову, перапыненую Хатабычам.

— Усяго толькі дзесяць рублёў семдзесят адну капейку,— адказаў прадавец.— Рэч, вядома, зусім выпадковая.

Прадаўцы крамаў выпадковых рэчаў і камісійных крамаў ужо добра ведалі містэра Гары Вандэндалеса, які нядаўна прыехаў у якасці турыста-дзялка з Нью-Йорка.

У вольны час ён рабіў рэгулярныя рэйсы па камісійных крамах і крамах выпадковых рэчаў з надзеяй набыць за бясцэнак якую-небудзь каштоўную рэч.

Зусім нядаўна яму ўдалося набыць па вельмі сходнай цане паўтузіна кубкаў фарфоравага завода імя Ламаносава, і вось зараз, якраз тады, калі перад ім спусціўся на калені няўцешны Хатабыч, ён прыцэньваўся да пацямнелага ад часу пярсцёнка, які прадавец лічыў сярэбраным, а містэр Гары Вандэндалес — плацінавым.

Атрымаўшы сваю пакупку, ён схаваў яе ў кішэнь камізэлькі і выйшаў на вуліцу. За ім услед заспяшаўся і Хатабыч, выціраючы кулаком слёзы, што ручаём цяклі па яго смуглым маршчыністым твары. Прабягаючы міма сваіх сяброў, ён ледзьве паспеў кінуць ім на хаду:

— О гора мне, у руках гэтага сівавалосага чужаземца я толькі што ўбачыў чароўны пярсцёнак Сулеймана ібн Дауда, мір з імі абодвума. А я нявольнік гэтага пярсцёнка і павінен ісці за тым, хто ім валодае. Бывайце ж, сябры мае, я заўсёды буду ўспамінаць пра вас з удзячнасцю і любоўю...

Толькі цяпер, назаўсёды развітаўшыся з Хатабычам, хлопчыкі зразумелі, як яны да яго прывыклі. Сумныя і маўклівыя, пакінулі яны краму, нават не зірнуўшы на біноклі, і накіраваліся на раку, дзе ў апошні час амаль кожны дзень збіраліся для задушэўнай гутаркі. Яны доўга ляжалі на беразе каля таго самага месца, дзе яшчэ так нядаўна Волька знайшоў замшэлую гліняную пасудзіну з Хатабычам, успаміналі смешныя, але мілыя звычкі старога і ўсё больш пераконваліся, што ў яго, у канчатковым выніку, быў вельмі прыемны і дабрадушны характар.

— Скажам шчыра: не цанілі мы Хатабыча,— самакрытычна прамовіў Жэня і са скрухай уздыхнуў.

Волька павярнуўся на другі бок, хацеў нешта адказаць Жэню, але не адказаў, а хуценька падхапіўся на ногі і кінуўся ў глыбіню саду:

— Ура!.. Хатабыч вярнуўся!.. Уррррааа!..

Сапраўды, да хлопчыкаў хуткай, крыху мітуслівай старэчай хадою набліжаўся Гасан Абдурахман ібн Хатаб. На плячы ў яго, на доўгіх раменьчыках, матляліся два чорныя скураныя футаралы з вялікімі марскімі біноклямі.

 


XXVIII. Расказ Гасана Абдурахмана ібн Хатаба аб тым, што з ім здарылася пасля выхаду з крамы

 

— Ведайце ж, о юныя мае сябры, што аповесць мая дзіўная і прыгоды мае незвычайныя, і я хачу, каб вы пасядзелі каля мяне, пакуль я раскажу вам маю гісторыю і паведамлю, чаму я тут.

Здарылася так, што, калі барвоватвары чужаземец выйшаў з крамы, ён адпусціў сваю машыну, а сам пайшоў пехатой, каб хоць трохі растрэсці тлушч, які так шчодра ўслаў яго мясістае і ўкормленае цела, і ён пайшоў так хутка, што я ледзьве паспяваў за ім. І я здагнаў яго ўжо на другой вуліцы і ўпаў перад ім і ўсклікнуў: «Загадай мне ісці за табой, о ўладар мой!»

Але ён не слухаў мяне і ішоў далей сваёй дарогай. Васямнаццаць разоў я здаганяў яго, і васямнаццаць разоў падаў я перад ім ніц, і васямнаццаць разоў ён пакідаў мяне ўкленчаным, усклікаючы раз’юшана: «Пайшоў вон! Вы есць стары разбойнік!»

І ён біў мяне нагамі, і я нічога не мог яму зрабіць, бо ў яго руках быў чароўны пярсцёнак Сулеймана, і я баяўся яго ўгнявіць. І я не бачыў, як пазбегнуць таго, каб не ісці за ім, і я ішоў за ім па пятах. А ён думаў, што я прашу ў яго грошы, і крычаў, што ў яго няма з сабой ні цэнта, хоць я не прасіў у яго грошай.

І ён біў мяне смяротным боем кожны раз, калі ніхто гэтага не бачыў. І тады я спалохаўся, і ў мяне высахла сліна ад вялікага страху, і я ўжо не верыў у тое, што буду жывы.

І я заплакаў тады такім плачам, што прамачыў слязамі сваё адзенне.

І так мы ішлі, пакуль не дайшлі да дзвярэй яго дома, і я хацеў увайсці туды за ім, але гэты злы чужаземец штурхануў мяне рукой у грудзі і крыкнуў мне: «Вы не лезці ў маю кватэру, або я буду клікаць міліцыянер!»

І я запытаў яго: няўжо мне стаяць каля яго дзвярэй да самага вечара? І ён адказаў: «Хоць да будучага года!»

І я застаўся тады стаяць каля яго дзвярэй, бо словы чалавека, які валодае пярсцёнкам Сулеймана, для мяне закон. І я стаяў так нейкі час, пакуль не пачуў над маёй галавой моцны шум і не адчынілася над маёй галавой акно. Тады я паглядзеў угору і ўбачыў, што ў акне паказалася худая і высокая жанчына ў зялёным шаўковым плацці, і яна смяялася злосным і пагардлівым смехам. А за яе спінай я ўбачыў засмучаны твар чужаземца, і жанчына сказала яму са здзекам: «Як я памылілася, выходзячы за вас замуж чатырнаццаць гадоў таму назад! Вы былі і на ўсё жыццё застанецеся пасрэдным галантарэйшчыкам! Божа мой, не ўмець адрозніць паганы сярэбраны пярсцёнак ад плацінавага!.. О, калі б аб гэтым даведаўся мой бедны бацька!..»

І яна шпурнула пярсцёнак на вуліцу і зачыніла акно, і я ўбачыў гэта і ўпаў у непрытомнасці, бо калі шпурляюць аб зямлю пярсцёнак Сулеймана, то могуць здарыцца жахлівыя няшчасці. Але потым я расплюшчыў вочы і пераканаўся, што я жывы і што не здарылася навакол ніякага няшчасця, і тады я ўзрадаваўся вялікай радасцю, бо я зрабіў з гэтага вывад, што магу лічыць сябе шчаслівым.

І я падхапіўся тады на ногі, славячы свой лёс, падабраў пярсцёнак і памчаўся да вас, мае сябры, купіўшы па дарозе пажаданыя для вас падарункі. Вось і ўсё, што я магу расказаць.

— Проста як у казцы! — з захапленнем усклікнуў Жэня, калі стары скончыў расказваць.— А можна мне патрымаць у руках гэты чароўны пярсцёнак?

— З любоўю і прыемнасцю. Надзень на ўказальны палец левай рукі і потым павярні яго, голасна выказваючы пры гэтым сваё жаданне. Яно неадкладна здзейсніцца.

— «Вось гэта рэч! — зноў выказаў сваё захапленне Жэня, надзеў пярсцёнак, павярнуў яго і гучна прамовіў: — Хачу, каб у мяне тут жа і неадкладна з’явіўся ровар!

Усе трое застылі ў чаканні. Аднак ровар не з’яўляўся.

Жэня паўтарыў яшчэ гучней:

— Хачу, каб у мяне неадкладна з’явіўся ровар! Каб у гэтую ж хвіліну!..

Ровар упарта не з’яўляўся.

— Нешта, напэўна, заела ў пярсцёнку,— сказаў Волька, забраў яго ў Жэні і пачаў старанна разглядваць.— Э, ды тут нешта ўнутры напісана!.. Па-нашаму!..— сказаў ён і павольна, па складах прачытаў: — «Насі, Каця, на здароўе. Вася Кукушкін. 2.V.1916 г.».

 


XXIX. Тыя ж і Гары Вандэндалес

 

— Кожны можа памыліцца,— велікадушна зазначыў Волька, са спачуваннем пазіраючы на сканфужанага Хатабыча.— Урэшце, нават лепш, што пярсцёнак аказаўся звычайным... А за падарункі вялікі дзякуй.

Далікатна адвярнуўшыся ад старога, хлопчыкі вынялі з футаралаў біноклі і нацешыліся іх бясспрэчнымі вартасцямі.

Далёкія дамы нібы падсунуліся да самай ракі, маленькія кропкі ператварыліся ў людзей, а машына, якая імчалася далёка адгэтуль, здавалася, вось-вось саб’е з ног шчаслівага ўладальніка бінокля. Аб большым набліжэнні нельга было і марыць.

— Хатабыч,— сказаў праз некалькі хвілін Волька,— на, паглядзі, нехта да нас ідзе.

Ён перадаў бінокль Хатабычу, але той і няўзброеным вокам убачыў ужо, што да іх хуткім крокам, амаль бягом, набліжаецца, цяжка сапучы, містэр Гары Вандэндалес уласнай сваёй шасціпудовай асобай.

Заўважыўшы, што за ім наглядаюць, містэр Вандэндалес запаволіў крок, пайшоў перавальваючыся, нібы ён і не спяшаўся, а проста гуляў воддаль ад вулічнага шуму. Падышоўшы бліжэй, ён састроіў на сваёй барвовай, нібы апаранай кіпнем, фізіяноміі салодкую ўсмешку:

— Ах, бог мой! Які прыемны і нечаканы сустрэча!..

Пакуль ён набліжаецца да нашых сяброў, пакуль ён горача паціскае ім рукі, мы можам коратка растлумачыць, чаму ён зноў з’явіўся ў нашай аповесці.

Справа ў тым, што місіс Вандэндалес была ў той дзень не ў гуморы. Вось чаму яна пагарачылася і выкінула ў акно пярсцёнак. А выкінуўшы яго, яна засталася каля акна, каб перавесці дух. Тут вось яе і зацікавіў стары, які падабраў пярсцёнак, што валяўся на вуліцы, і кінуўся наўцёкі.

— Ты бачыў? — звярнулася яна да сумнага містэра Вандэндалеса.— Які забаўны дзядок! Схапіў гэты нікчэмны пярсцёнак, нібы ён па меншай меры са смарагдам, і кінуўся наўцёкі.

— О, гэта вельмі надакучлівы дзядок! — адказаў містэр Вандэндалес, ажывіўшыся.— Прычапіўся да мяне яшчэ ў краме, плёўся за мной да самага дома і, уяві сабе, мая дарагая, раз за разам падае перада мной на калені, крычыць мне: «Я твой нявольнік, бо ў цябе пярсцёнак, які належыць Сулейману!» А я яму адказваю: «Сэр, вы страшэнна памыляецеся. Я толькі што купіў гэты пярсцёнак, і ён належыць мне, і толькі мне». А ён упёрся, нібы мул: «Не, пярсцёнак Сулеймана! Гэта чароўны пярсцёнак!» — «Не, не чароўны, а плацінавы!» — «Не, о ўладар мой, не плацінавы, а чароўны!» — і робіць выгляд, нібы хоча пацалаваць крысо майго пінжака. А ў пінжаку ў мяне, як ты ведаеш, мая дарагая, гаманец. «Гэй,— кажу я,— у нас у Амерыцы я лічыўся нядрэнным баксёрам» — і рраз яго па фізіяноміі! Ух, і адлупцаваў жа я яго! Нават зараз прыемна ўспомніць!..

Місіс Вандэндалес з хвіліну пагардліва глядзела на свайго гаваркога мужа, потым, відаць, не жадаючы бачыць самаздаволены выраз на яго твары, адвяла вочы ўбок, і яе позірк нечакана ўпаў на томік «Тысячы і адной ночы», які валяўся на тахце. І тут яе зваліла з ног нейкая раптоўная думка. Місіс Вандэндалес плюхнулася ў бліжэйшае крэсла і горкім шэптам прамовіла:

— Мой бог! Як жа мне не шанцуе ў жыцці з гэтым чалавекам! З вашай фантазіяй, сэр, вам бы належала быць не камерсантам, а дамавіншчыкам. У любой яшчаркі больш мазгоў, чым у вас, сэр!

— У чым справа, мая дарагая? — устрывожыўся яе муж.— Калі я яго лупцаваў, навакол нікога не было. Я яго біў у падваротнях. Сведкаў не было. Не хвалюйся, мая дарагая!..

— Джэнтльмены! — трагічна ўсклікнула місіс Вандэндалес, хоць ніводнай душы, акрамя іх дваіх, у пакоі не было.— Джэнтльмены, гэты чалавек яшчэ пытае, у чым справа! Будзьце ласкавы, сэр, зараз жа здагнаць старога і адабраць у яго пярсцёнак, пакуль яшчэ не позна!

— Ну навошта ён нам, мая дарагая? Нікчэмны сярэбраны пярсцёнак, ды яшчэ самаробны.

— Гэты чалавек звядзе мяне ў магілу! Гэты чалавек яшчэ пытае, для чаго мне гэты чароўны пярсцёнак цара Саламона!.. Джэнтльмены, ён яшчэ пытае, навошта мне пярсцёнак, які выконвае кожнае тваё жаданне, які можа цябе зрабіць самым багатым і самым магутным чалавекам на зямлі!

— Але, мая радасць, дзе ты бачыла чароўныя пярсцёнкі?

— А дзе вы, сэр, бачылі, каб тут, у Савецкім Саюзе, чалавек падаў перад другім на калені ды яшчэ намагаўся пры гэтым пацалаваць яму руку?

— Не руку, мая мілая, а пінжак.

— Тым больш! Будзьце ласкавы, сэр, зараз жа здагнаць старога і адабраць у яго пярсцёнак! І я вам, сэр, не зайздрошчу, калі вы асмеліцеся вярнуцца дадому без пярсцёнка!..

Вось якім падзеям абавязаны былі Хатабыч і яго юныя сябры, што перад імі так нечакана з’явіўся чырванатвары муж грознай місіс Вандэндалес.

Калі б містэр Вандэндалес быў на месцы Хатабыча, ён нізавошта не вярнуў бы пярсцёнка, нават простага, а тым больш чароўнага. Менавіта таму ён і вырашыў дзейнічаць здалёк.

— Ах, мой бог! Які прыемны і нечаканы сустрэча! — усклікнуў ён з такой салодкай усмешкай, нібы ўсё жыццё толькі і марыў пасябраваць з Хатабычам, Волькам і Жэнем.— Які цудоўны надвор’е! Як ваша жыццё?

— Дзякую, о сівавалосы чужаземец! — ветліва адказаў Хатабыч.— Я і мае юныя сябры — усе мы адчуваем сябе цудоўна. Спадзяюся, і ты здаровы?

— Дзякую, дзякую, я ўельмі, уельмі здаровы! Які вы ўельмі прыгожы хлопчык! — праспяваў містэр Вандэндалес і паспрабаваў паляпаць Вольку па шчацэ, але той грэбліва адвярнуўся.— Я мяркую,— працягваў Вандэндалес, робячы выгляд, што не заўважыў Волькавых адносін да сябе,— я мяркую, вы ўельмі марыш быць гангстэр? У мяне ў Амерыцы два сыны, яны цэлы дзень гуляюць у бандыт і гангстэр. О, яны ўельмі разумны хлопчыкі, яны будуць вядомы амерыканскі банкір! — Тут ён злаўчыўся і гулліва паляпаў па шчацэ Жэньку, раней чым той паспеў адхіліцца,— Мілы хлопчык, вы б хацеў быць банкір?

— Вось яшчэ! — узлаваўся Жэня і адсунуўся ад Вандэндалеса.— Што я вар’ят, ці што? У нас, дзякуй богу, не Амерыка!..

— Ха-ха-ха! — лісліва засмяяўся містэр Вандэндалес і пагразіў ямупальцам.— Вы робіце мяне смяяцца. Вы ўельмі вясёлы жартаўнічнік... Я вам за гэта падару адзін уельмі практычны амерыканскі аловак...

— Не патрэбен мне ваш аловак, і пакіньце мяне, калі ласка, у спакоі! — узлаваўся Жэня, калі амерыканец хацеў зноў паляпаць яго па шчацэ.— У вас ёсць свае дзеці, яны хочуць быць бандытамі, вось вы іх і ляпайце па шчоках колькі вам захочацца... А мы не любім банкіраў і бандытаў. Зразумела?

— Ха-ха-ха! — узрадаваўся гэтым словам містэр Вандэндалес, нібы ён пачуў незвычайна прыемныя кампліменты.— У мяне быў у Амерыка адзін знаёмы інжынер, ён таксама гаварыў, што не любіць банкір. Ён цяпер сядзіць ва ўельмі прыгожы нью-йоркскі турма...

— Можна вам задаць пытанне? — нечакана звярнуўся да яго Волька і па прывычцы, як у класе, падняў руку.— Чаму ў вас у Амерыцы здзекуюцца з неграў?

— О! — усклікнуў містэр Вандэндалес.—Вы ёсць малады любіцель палітыкі! Гэта ўельмі добра!.. У нас у Амерыка поўная свабода, кожны можа рабіць, што яму цікава.

— Ну, а негры могуць даць белым здачы, калі гэта ім цікава?

— Фі, які кепскі жарт! зморшчыўся містэр Вандэндалес.— Вы ніколі не павінен так кепска жартоўнічаць! Негры маюць ведаць сваё месца! Негры...— Тут ён палічыў патрэбным засмяяцца і спыніць абмеркаванне гэтага далікатнага пытання. Вы ўельмі мілы стары,— звярнуўся ён да Хатабыча, каб змяніць размову.— Я маю надзею, мы будзем з вамі ўельмі добрыя сябры.

Хатабыч моўчкі пакланіўся.

— О! — усклікнуў Вандэндалес з робленым здзіўленнем.— Я бачу на ваш палец адзін сярэбраны пярстсонак. Будзеце вы даць мне паглядзець гэты сярэбраны пярстсонак?

— З радасцю і прыемнасцю,— адказаў Хатабыч і працягнуў яму руку з пярсцёнкам.

Але, замест таго каб палюбавацца пярсцёнкам, містэр Вандэндалес рэзкім рухам сарваў яго з пальца Хатабыча і адразу ж уссунуў на свой мясісты палец, падобны на недавараную сасіску.

— Дзякую, дзякую! — прахрыпеў ён, і так наліўся кроўю яго і без гэтага барвовы твар, што Хатабыч спалохаўся, як бы містэра Вандэндалеса не ўзяў незнарок паляруш.— Вы мелі дзе-небудзь купіць гэты пярстсонак?

Ён чакаў, што стары схлусіць, што, ва ўсякім разе, ён зробіць усё магчымае, каб не вярнуць гэты чароўны пярсцёнак. Містэр Вандэндалес ацаніў позіркам кволага старога, што стаяў перад ім, і абодвух хлопчыкаў, якія сядзелі крыху воддаль, і прыкінуў, што калі справа дойдзе да бойкі, ён лёгка справіцца з імі.

Але, на яго здзіўленне, стары і не думаў хлусіць. Ён спакойна сказаў:

— Я не купляў гэтага пярсцёнка. Я падабраў яго на вуліцы перад тваім домам. Гэта твой пярсцёнак, о сівавалосы чужаземец!

— О! — з захапленнем усклікнуў містэр Вандэндалес.— Вы ёсць уельмі сумленны стары! Вы будзеце мой любімы слюга!

Пачуўшы гэтыя словы, хлопчыкі паморшчыліся, але прамаўчалі. Цікава, што будзе далей.

— Вы мне добра мелі нядаўна тлумачыць, што гэты пярстсонак ёсць чароўны пярстсонак. Ён фактычна мае выканаць любое пажаданне?

Хатабыч сцвярджальна кіўнуў галавой. Хлопчыкі пырснулі. Яны вырашылі, што Хатабыч сабраўся пажартаваць з гэтага непрыемнага амерыканца, і падрыхтаваліся да вясёлага відовішча.

— О! — прамовіў містэр Вандэндалес.— Дзякую, дзякую! Вы мне будзеце тлумачыць, як карыстацца чароўны пярстсонак?

— З радасцю і прыемнасцю, о самы барвовы з чужаземцаў,— адказаў Хатабыч з нізкім паклонам. Ты бярэш чароўны пярсцёнак, насоўваеш яго на палец левай рукі, паварочваеш і выказваеш пры гэтым сваё пажаданне.

— І яно мае абавязкова здзейсніцца?

— Менавіта так.

— Самы розны мой жаданне?

— Любое.

— Ах, так? — задаволена прамовіў Вандэндалес, і яго твар адразу зрабіўся халодным і напышлівым. Ён хуценька павярнуў пярсцёнак і крыкнуў Хатабычу: — Гэй ты, старі дурань! Падыдзі тут! Ты будзеш упакаваць мае даляры!

Яго нахабны тон абурыў Вольку і Жэню. Яны падаліся наперад і ўжо былі адкрылі раты, каб даць яму належны адпор, але Хатабыч сярдзіта замахаў на іх рукамі і наблізіўся да Вандэндалеса.

— Прашу прабачэння,— пакорліва сказаў стары.— Я не ведаю, што такое даляры. Пакажы мне хоць адзін, каб я ведаў, які ў іх выгляд.

— Культурны чалавек ёсць павінен ведаць, які выгляд у амерыканскі даляр! — пагардліва працадзіў праз зубы Вандэндалес, выняў з кашалька дзесяцідаляравую паперку і, павучальна памахаўшы ёю перад носам Хатабыча, зноў схаваў у кашалёк.— Даляр ёсць самы культурны прадмет у Амерыка, а значыць, і ва ўсім свеце. Вы гэта добра маеце разумець?

Хатабыч пакланіўся.

— А цяпер...— сказаў Вандэндалес,— цяпер ёсць час пачаць бізнес. Няхай мне зараз прыйдзе сто тысяч даляраў!

— Трымай кішэню шырэй! — пырснуў Волька і падмаргнуў Жэню.— Дарваўся містэр да «чароўнага» пярсцёначка! «Насі, Каця, на здароўе»!

— Няхай мне зараз жа прыйдзе сто тысяч даляраў! — паўтарыў містэр Вандэндалес.

Ён быў засмучаны: грошы не з’яўляліся. Хлопчыкі глядзелі на яго з адкрытай злараднасцю.

— Я не бачу даляраў! Дзе мае сто тысяч даляраў? — зароў ён, аж закалаціўшыся ад злосці, і адразу ж упаў непрытомны, аглушаны мехам, які невядома адкуль зваліўся.

Пакуль Хатабыч прыводзіў яго ў прытомнасць, хлопчыкі развязалі мех.

Сто акуратна перавязаных каляровых пачкаў распіралі яго палатняныя бакі. У кожным пачку было па сто дзесяцідаляравых паперак.

— Нейкі дзіўны пярсцёнак! — прамармытаў з прыкрасцю Жэнька.— Прыстойнаму чалавеку ровара не хоча даваць, а амерыканскаму гандляру ні за што якое — сто тысяч даляраў! Вось табе і «Насі, Каця, на здароўе»!

— Сапраўды, нічога не зразумела,— паціснуў плячамі Волька.

Містэр Вандэндалес між тым расплюшчыў вочы, убачыў кучу рассыпаных пачкаў з далярамі, падхапіўся на ногі, праверыў адзін пачак, пераканаўся, што ў ім сапраўды роўна сто дзесяцідаляравых паперак, пералічыў пачкі і ўпэўніўся, што іх роўна сто штук. Але задаволеная ўсмешка нядоўга затрымалася на яго барвовай фізіяноміі. Толькі ён паспеў завязаць дрыжачымі ад хвалявання рукамі каштоўны мех, як вочы яго зноў загарэліся сквапным агнём.

Ён моцна прыціснуў мех да сваіх тлустых грудзей, зноў павярнуў пярсцёнак і запальчыва крыкнуў:

— Сто тысяч мала!. Каб мне зараз жа быў сто мільёнаў даляраў!.. Хутка!..

Ён ледзьве паспеў адскочыць убок, як на траву з глухім шумам зваліўся вялізны мех вагою ў добрыя дзесяць тон. Ад удару мех трэснуў па ўсіх швах, і на траве вырас даволі высокі ўзгорак са ста тысяч пачкаў амерыканскіх асігнацый.

Як і ў ранейшых пачках, у гэтых таксама было па сто дзесяцідаляравых паперак, якія нічым не адрозніваліся ад сапраўдных, за выключэннем таго, што на ўсіх быў адзін і той жа нумар. Гэта быў той самы нумар, які Хатабыч паспеў заўважыць на дзесяцідаляравай паперцы, якую яму паказаў асатанелы ад прагнасці ўладальнік «чароўнага» пярсцёнка.

Наўрад ці гэта ўзрадавала б містэра Вандэндалеса: у любым банку звярнулі б увагу на нумары асігнацый, а аднолькавыя нумары бываюць толькі на фальшывых грашах. Але містэру Вандэндалесу зараз было не да праверкі нумароў. Пабляднелы ад хвалявання, узлез ён на вяршыню каштоўнага ўзгорка і выпраміўся, як манумент, як жывое ўвасабленне гандлярскай сквапнасці, гатовай на любую подласць, на самае бесчалавечнае злачынства дзеля лішняга пачка грошай, якія даюць у яго на радзіме і ва ўсім капіталістычным свеце ўладу над людзьмі. Валасы ў Вандэндалеса раскудлачыліся, вочы гарэлі вар’яцкім бляскам, рукі дрыжалі, сэрца шалёна калацілася ў грудзях.

— А цяпер... а цяпер... а цяпер я хачу дзесяць тысяч залатых гадзіннікаў, усыпаных брыльянтам, дваццаць тысяч залатых партсігар, трыццаць... не, пяцьдзясят тысяч караляў з жэмчугу, пятнаццаць тысяч старадаўні фарфоравы сервіз!..— лямантаваў ён ужо без перапынку, ледзьве паспяваючы ўхіляцца ад незлічонага багацця, якое падала на яго.

 

Стары Хатабыч. Лазарь Лагин. Иллюстрация 10

 

— Што вы тут стаяць, як паны? — злосна крыкнуў ён Хатабычу і Вольку з Жэнем, якія стаялі ўводдалі і глядзелі на яго з непрыхаванай агідай.— Вы ёсць мае нявольнік, вы ёсць мае слюгі! Вы маеце зараз жа збіраць гэтыя рэчы і складаць у кучка! Хутка! Або я вас усіх буду пабіць праз бокс!

— Ці няможна лягчэй! — узлаваўся Волька.— Вы не ў сябе ў Амерыцы. І вы маеце справу не з нявольнікамі, а з вольнымі савецкімі людзьмі, вось з кім!

— Так, вы зараз будзеце быць мой нявольнік!.. Зараз... адна хвіліна... зараз вы будзеце стаць навек мае нявольнік!..

Вандэндалес павярнуў пярсцёнак і зароў, размахваючы ў паветры потнымі кулакамі:

— Я маю жаданне, каб гэты нахабны стары і гэтыя непакорлівыя і дзёрзкія саўецкія хлопчыкі былі мае нявольнік, каб яны чысцілі бацінкі маім дзеткам, каб былі мае слюга, заўсёды, да канца жыцця!. яшчэ адзін маленькі жаданне: я маю жаданне, усе фабрыкі, усе шахты, усе завод, усе банкі, усе чыгункі, аўтамабіль і самалёт, уся зямля і ўсе лясы ў Саўецкі Саюз належаў мне, маёй фірме «Гары Вандэндалес і сыны», і толькі маёй фірме!.. Ты маеш чуць, чароўны пярстсонак?.. Зараз жа выконвай мой загад! Я маю быць амерыканскі дзелавы чалав’ек, і я не маю час чакаць... Уся Расія, увесь свет павінен належаць амерыканскаму дзелавы чалав’ек!..

— А ці не хопіць табе, о чырванатвары чужаземец, ужо атрыманага табой багацця? — строга запытаў Хатабыч.

— Маўчаць! — зароў Вандэндалес і ў шаленстве затупаў нагамі.— Калі гаспадар робіць бізнес, слюга мае абавязак маўчаць!... Пярстсонак, выконвай мой загад! Хутка!.. А табе, чарнамазы дзед, я пакажу праз бокс, як трэба мець слухацца свой белы амерыканскі гаспадар!

І ён кінуўся з кулакамі на Хатабыча. Але Волька і Жэня з такой сілай учапіліся ў Вандэндалеса, што той упаў на траву, як бервяно.

— Як вы смееце перашкаджаць свой гаспадар біць праз бокс свой дрэнны слюга! — закрычаў ён, намагаючыся ўстаць на ногі.— Вы цяпер ёсць мой пакорлівы нявольнік!..

— Выбірайся ты да сябе назад у сваю Амерыку, імперыяліст пракляты! — крыкнуў яму запыханы Волька.— Вон з нашай краіны!.. Каб тут твайго духу не было! Каціся адсюль!..

— Хай будзе так! — сурова пацвердзіў Хатабыч словы Волькі і вырваў з барады чатыры валаскі.

У той жа момант нібы скрозь зямлю праваліліся мяхі з далярамі, скрынкі з сервізамі, гадзіннікамі, каралямі — словам, усё тое, што прынёс містэру Вандэндалесу сярэбраны пярсцёнак. А сам ён раптам хутка-хутка пакаціўся па траве, а потым па дарожцы ў тым напрамку, адкуль так нядаўна з’явіўся, поўны надзеі. Праз нейкі час ён знік удалечыні, пакінуўшы за сабой лёгкае воблачка пылу...

Калі хлопчыкі крыху апамяталіся ад усяго, што адбылося, Волька задумліва прамовіў:

— Нічога не разумею... Які ж гэта, урэшце, пярсцёнак — чароўны ці просты?

— Вядома, просты,— ласкава адказаў Хатабыч.

— Чаму ж ён, у такім выпадку, выконваў жаданні гэтага амерыканскага злодзея?

— Гэта не ён выконваў, а я выконваў.

— Ты?! Навошта?

— Дзеля ветлівасці, о самы дапытлівы з отракаў. Мне было няёмка перад гэтым чалавекам. Я турбаваў яго ў краме, я чапляўся да яго, калі ён вяртаўся да сябе дадому, я нямала надакучыў яму, пакуль ён не зачыніў перада мною дзверы свайго жылля, і мне няёмка было не выканаць некалькі яго жаданняў. Але прагнасць яго і яго чорная душа адвярнулі ад яго маё сэрца...

— То-та ж! — сказаў Волька.

Выходзячы з саду на вуліцу, Хатабыч наступіў на нейкі маленькі круглы прадмет. Гэта быў пярсцёнак «Насі, Каця, на здароўе». Вандэндалес згубіў яго, калі, коцячыся, спрабаваў ухапіцца рукамі за траву. Стары падняў пярсцёнак, выцер яго сваёй вялікай ярка-сіняй насоўкай і моўчкі надзеў на безыменны палец правай рукі...

Ужо Волька з Хатабычам і Жэнька Багарад даўно вярнуліся дадому, паспелі легчы спаць і прачнуцца назаўтра раніцай, а містэр Гары ўсё яшчэ каціўся і каціўся.

А восьмай гадзіне раніцы наступнага дня кіламетраў за чатырыста на ўсход ад Парыжа дзевяцігадовая францужанка Жана Дакю па дарозе ў школу была збіта з ног нейкім прадметам, які хутка каціўся і нагадваў, паводле яе слоў, мех, туга набіты анучамі.

Прыкладна праз пяць гадзін рыбак Гастон Шармацье, які рамантаваў сеткі на беразе праліва Па-дэ-Кале, павярнуўшыся на незвычайны шум, заўважыў, як з дарогі збочыў пад адхон і імкліва плюхнуўся ў ваду цяжкі прадаўгаваты прадмет, падобны, як яму здалося, на груба абчасанае і страшэнна запыленае дубовае бервяно, і, хутка верцячыся, пачаў аддаляцца ад берага. Маючы патрэбу ў дрэве для рамонту сваёй хаціны, Шармацье спусціў лодку на ваду, але, як ні стараўся, так і не мог здагнаць гэта дзіўнае бервяно.

Пяць параходаў, якія ішлі з Амерыкі ў Еўропу са зброяй і яечным парашком, і тры параходы, што вярталіся з Еўропы ў Амерыку з нарабаванай па «плану эканамічнай дапамогі» каштоўнай сыравінай, адзначылі ў сваіх суднавых журналах сустрэтую ў адкрытым акіяне дзіўную істоту, якая нагадвала вялікага дэльфіна, але плявалася, як вярблюд, і час ад часу завывала, нібы гіена, якая вось-вось павінна здохнуць. Як вядома, дэльфіны не плююцца і не выюць і, галоўнае, не коцяцца па хвалях, а плывуць пераважна пад вадой, рылам наперад і спінай угору, або куляюцца. Таму ўсе восем вахтавых афіцэраў палічылі патрэбным адзначыць, што хутчэй за ўсё гэта быў не дэльфін, а нейкая іншая, да гэтага часу невядомая навуцы жывёліна. Адзін з вахтавых афіцэраў, схільны да навуковай працы, сам таго не падазраючы, вельмі трапна назваў гэтую незвычайную істоту «атлантычным шакалам».

Раніцай наступнага дня, калі жонка містэра Вандэндалеса, занепакоеная доўгай адсутнасцю мужа, збіралася ўжо заявіць аб яго знікненні, з-за акіяна прыйшла шыфраваная тэлеграма:

 

Гары Вандэндалес сёння раніцай знойдзены задворках Уол-стрыта моцна запэцканым выглядзе як апынуўся тут растлумачыць не можа або не хоча ва ўсякім разе як паказала старанная праверка прыбыў ні самалётам ні на параходзе тэрмінова выклікае дадому місіс Вандэндалес.

 


XXX. Шлях да стадыёна — доўгі...

 

У гэты вясёлы і сонечны летні дзень, калі нашы сябры накіраваліся на футбольнае спаборніцтва, прыгоды пачаліся яшчэ ў вестыбюлі метро.

— Не разумею, для чаго стаяць у чарзе каля касы, калі можна пакарыстацца аўтаматам,— сказаў Волька і пабег размяняць трохрублёўку.

На траіх патрэбна было дробных грошай на паўтара рублі, па паўрубля на брата[2].

У парфумным кіёску Вольку проста адмовілі; жанчына, якая прадавала марозіва, растлумачыла яму, што дробныя грошы патрэбны ёй самой, каб даваць рэшты; прадавец у кандытарскім кіёску зацікавіўся, навошта хлопчыку спатрэбіліся дробныя грошы, і, даведаўшыся, у чым справа, параіў купіць білеты ў касе, каля якой зараз не было ніводнага чалавека.

Сапраўды, да гэтага часу чарга каля касы знікла, але Волька ўсё ж стаў у чаргу каля нарзаннага кіёска і хвіліны праз тры, выпіўшы шклянку шыпучай вады, атрымаў усю рэшту саракоўкамі і залатоўкамі.

— Ну вось, бачыце, як усё проста, і зусім не трэба стаяць у чарзе каля білетнай касы,— бадзёра кінуў ён сваім сябрам і выдаў кожнаму з іх на рукі па саракоўцы і па дзве залатоўкі.

Ужо Волька і Жэня даўно трымалі ў руках прадаўгаватыя кавалачкі тонкага кардону, якія прыемна пахлі друкарскай фарбай, а Хатабыч усё яшчэ корпаўся каля свайго аўтамата. Ён нястомна апускаў у шчыліну манеткі, і яны адразу ж са звонам вывальваліся адтуль, адкуль павінен быў выпасці, але ніяк не выпадаў білет. Стары нават спацеў ад старання; ён ссунуў капялюш на патыліцу і працавіта працягваў свае спробы, але кожны раз усё з тым жа сумным вынікам. Нарэшце ён не вытрымаў, здаўся і са скрухай прамовіў:

— На жаль, о паважаныя мае сябры, вам давядзецца паехаць без мяне, бо я бяссільны супраць гэтай прыгожай жалезнай скрынкі. Яна зачаравана і безупынна выплёўвае назад грошы вашага паслухмянага слугі. Запэўніваю вас, усё гэта падкопы майго заклятага ворага Джырджыса.

— Ох, і ўеўся ж табе ў косці гэты Джырджыс! — засмяяўся Волька.— Дай мне твае манеткі, зараз я іх апушчу ў аўтамат, і ўсё будзе ў парадку. З гэтымі словамі ён апусціў дзве залатоўкі і саракоўку ў шчыліну бліжэйшага аўтамата, і адразу ж з’явіўся білет.

— Ты вялікі і магутны, о Волька! — сказаў яму тады стары з глыбокай павагай.— Я схіляюся перад тваімі сапраўды неверагоднымі здольнасцямі.

— І зусім я не магутны,— сумленна адказаў Волька.— Проста трэба карыстацца спраўнымі аўтаматамі.

 


XXXI. Другая прыгода ў метро

 

Насуперак чаканню, Хатабыч вельмі спакойна паставіўся да спуску на эскалатары.

Ён з цікаўнасцю ступіў на рухомую бясконцую стужку, якая адразу ж ператварылася ў лесвіцу з прыгожымі металічнымі рэбрамі, і ўжо ўнізе, на пероне, сціпла сказаў сваім маладым спадарожнікам:

— Рухомая лесвіца — гэта ж вельмі проста. Калі табе, о Волька, гэта зробіць прыемнасць, Я сёння ж ператвару ў рухомую кожную лесвіцу твайго дома, хай будуць блаславёны яго падмурак, дах і асабліва чацвёрты паверх, на якім ты так шчасліва жывеш.

— Потым пагаворым,— ухіліўся Волька ад прамога адказу. Ён сумняваўся, ці атрымаецца што-небудзь талковае з прапановы Хатабыча.— Я падумаю.

Але падумаць не давялося, таму што якраз у гэты момант з чорнай глыбіні тунэля даляцеў глухі бразгат цягніка, які набліжаўся сюды, у цемры заззялі пражэктары галаўнога вагона, з перасцярогай загула сірэна, і да перона падкаціў прыгожы, ярка асветлены блакітны цягнік.

— Гайда ў другі вагон! — заклапочана скамандаваў Волька і адразу ж заўважыў, што Хатабыч знік.

Тады яны кінуліся праз натоўп з трывожнымі крыкамі:

— Хатабыч, Хатабыч! Куды ты падзеўся, Хатабыч?

— Я тут, о сябры мае! Я тут, ваш няшчасны слуга! — даляцеў аднекуль зверху тужлівы голас знікшага старога.

Неўзабаве яны яго ўбачылі. Ён спрабаваў выбегчы на вуліцу па тым самым эскалатары, які толькі што даставіў іх на перон. Усе старанні Хатабыча не давалі выніку, бо, пакуль ён рабіў аслабелымі ад страху нагамі некалькі крокаў наперад, лесвіца на такую ж адлегласць спускалася ўніз. І атрымлівалася, што стары перабіраў нагамі, застаючыся на адным месцы, як вавёрка ў коле.

— Злазь з эскалатара! — крыкнуў яму знізу Волька.

Але стары, відаць, ніяк не мог здагадацца, як гэта зрабіць, хоць для гэтага дастаткова было проста павярнуцца тварам да перона.

Прыйшлося Вольку ўзбегчы па эскалатару, які падымаўся ўгору, каб спусціцца потым да Хатабыча, які тупаў на месцы.

Волькаў білет стаў ужо несапраўдны, але купляць новы білет было некалі, бо стары мог за гэты час канчаткова выбіцца з сілы.

— Я толькі што знізу,— сказаў Волька, цяжка дыхаючы, кантралёрцы.— Бачыце, ву-унь там у мяне стары завяз!

— Відаць, упершыню ў метро? — спачувальна паківала галавой кантралёрка і прапусціла Вольку са старым білетам.

Праз некалькі секунд Волька дабраўся да Хатабыча, павярнуў яго тварам да перона і шчасліва спусціўся з ім уніз.

— Чаго ты ўцёк, дзівак-чалавек? — запытаў ён у старога.

— Я ўбачыў, уладар мой, як з падзямелля выпаўзала грымучае страшыдла з вогненнымі вачамі, і я не мог не ўцячы. Я не палахлівец, але назаві мне хоць аднаго джына, які не спалохаўся б, убачыўшы гэтыя страшныя вочы.

— Ну што ж гэта такое, на самай справе! — жаласна захныкаў Волька.— Ну, ты ж сам кляўся мне, што не будзеш баяцца метро!

— Не, не кляўся. Я абяцаў табе не баяцца і сапраўды не баюся ўжо аўтобусаў, тралейбусаў, грузавікоў, трамваяў, верталётаў, аўтамашын, пражэктараў, эскалатараў, пішучых машынак, патэфонаў, радыёрупараў, пыласосаў, электрычных выключальнікаў, прымусаў, тэлевізараў, вентылятараў і гумавых цацак «ідзі-ідзі». А пра метро нават размовы не было.

Стары гаварыў праўду: пра метро Волька тады забыў.

— Ніякае гэта не страшыдла, гэта звычайны цягнік метро, і давай, калі ласка, не затрымлівай нас больш сваімі недарэчнымі страхамі!

Яны пабеглі па пероне да цягніка, які толькі што прыбыў, і, працуючы локцямі, пачалі прабірацца ў вагон. Народу было шмат, цягнік быў перапоўнены, і, калі здалёк даляцеў голас начальніка цягніка: «Гатоў!»,— аўтаматычныя дзверы вагонаў бясшумна зачыніліся, і цягнік рушыў, пакінуўшы Хатабыча на апусцелай платформе.

Ён спазніўся на адну секунду — ён хацеў паглядзець, хто гэта крыкнуў «гатоў!».

 


XXXII. Трэцяя прыгода ў метро

 

Хатабыч не вытрымаў новага няшчасця, якое звалілася на яго. Ён пачаў бегаць узад і ўперад па апусцелай платформе, шалёна вырываючы пасмы валасоў са сваёй барады і лямантуючы на ўвесь голас:

— Гора мне, гора мне, няшчаснаму джыну Гасану Абдурахману ібн Хатабу! Што я тут буду рабіць адзін, у гэтым таямнічым падземным палацы?

Падышоў дзяжурны па станцыі, убачыў раскіданыя па пероне пасмы барады і сказаў:

— Грамадзянін, у метро трэба захоўваць цішыню... і чыстату...

«Загінуў! — падумаў Хатабыч.— Зусім загінуў!» Ён спалохаўся гэтага ветлівага маладога чалавека ў чырвонай шапцы не менш, чым цягніка. Сам Волька адносіўся да дзяжурнага па станцыі з павагай. Стары адчуў, што справы яго вельмі кепскія, і вырашыў дорага прадаць сваё жыццё.

На шчасце, дзяжурны зноў распачаў размову, і стары адразу ж змяніў сваё рашэнне.

— Грамадзянін дзядок— спачувальна сказаў яму дзяжурны,— вы зусім дарэмна засмучаецеся. Зараз будзе другі цягнік, і вы чынна-спакойна паедзеце сабе да месца прызначэння.

Стары хацеў яму нешта адказаць, паскардзіцца на горкі свой лёс, але раптам адчуў, што ад страху і моцнага хвалявання забыў рускую мову.

Ён нешта замармытаў па-арабску, і дзяжурны засмучана развёў рукамі:

— У такім выпадку, грамадзянін, хадзем са мной у дыспетчарскую, пасядзіце там, а я пакуль што пашукаю чалавека, які размаўляе па-вашаму.

Ён мякка ўзяў Хатабыча пад руку, каб адвесці ў дыспетчарскую, і невядома яшчэ, колькі часу стары пратарчаў бы там, калі б да процілеглага боку перона не падкаціў новы цягнік, з якога выскачылі Волька з Жэнем і з усіх ног кінуліся да Хатабыча.

— Вось ён, вось ён! — крычалі яны.— Ох, і клопатаў жа з табой, Хатабыч!

Аднекуль з’явілася прыбіральшчыца з мятлой. Яна падмяла пасмы Хатабычавай барады і высыпала іх у урну якраз у той самы момант, калі Хатабыч са сваімі сябрамі селі нарэшце ў ярка асветлены вагон метро, у якім яны і даехалі шчасліва да станцыі «Дынама».

 


XXXIII. Лішнія білецікі

 

У дні футбольных спаборніцтваў усё насельніцтва Масквы падзяляецца на два лагеры, якія не разумеюць адзін аднаго. У адным лагеры — энтузіясты футбола. У другім — загадкавыя людзі, зусім абыякавыя да гэтага захапляльнага віду спорту. Першыя яшчэ задоўга да пачатку спаборніцтваў накіроўваюцца з усіх канцоў горада да высокіх варот стадыёна «Дынама». На тых, хто едзе ці ідзе ў гэты час у адваротны бок, у цэнтр, яны глядзяць з пачуццём уласнай перавагі.

Астатнія масквічы, у сваю чаргу, здзіўлена паціскаюць плячамі, бачачы, як сотні перапоўненых трамваяў, аўтобусаў, тралейбусаў і тысячы легкавых машын павольна плывуць у бурным і шумлівым моры пешых заўзятараў.

Але і лагер заўзятараў, такі адзіны для пабочных наглядальнікаў, раздзіраецца на самай справе ў гэтыя дні глыбокімі і амаль непераадольнымі супярэчнасцямі. Гэтага не відаць, пакуль заўзятары знаходзяцца яшчэ ў дарозе, але каля запаветных варот стадыёна гэтыя супярэчнасці выступаюць адразу ва ўсёй сваёй вастрыні і непрымірымасці. Тады раптам аказваецца, што ў адных грамадзян ёсць білеты, а ў другіх білетаў няма. Тыя, у каго ёсць білеты, паважна і спакойна праходзяць на стадыён. А астатнія заклапочана блукаюць узад і ўперад і кідаюцца на грамадзян, якія набліжаюцца да варот, з жаласнымі воклічамі: «Лішняга білеціка не знойдзецца?», «Грамадзянін, у вас няма лішняга білеціка?»

Але лішніх білецікаў, як правіла, бывае так мала, а тых, хто мае ў іх патрэбу, так многа, што Волька і яго сябры засталіся б ні з чым, калі б Хатабыч не пусціў у ход сваё майстэрства.

— З радасцю і прыемнасцю,— прамовіў ён у адказ на Волькаву просьбу.— Зараз у вас будзе колькі хочаце білетаў.

І сапраўды, не паспеў ён закончыць апошняе слова, як у яго ў руках апынуўся цэлы пачак зялёных, блакітных, ружовых і жоўтых білетаў.

— Ці дастаткова табе будзе, о цудоўны Волька, гэтых каляровых лісцікаў паперы? Калі не хопіць, дык я...

Ён памахаў білетамі, і гэта ледзь не каштавала яму жыцця.

— Ой, лішнія білецікі! — узрадавана крыкнуў адзін з заўзятараў і з усёй сілы рвануўся да Хатабыча.

Праз некалькі секунд не менш чым паўтары сотні ўзбуджаных людзей прыціснулі Хатабыча да бетоннай агароджы стадыёна, так што старому тут і прыйшоў бы канец калі б Волька, крыху адбегшы ўбок, не гаркнуў на ўсю сілу:

— Грамадзяне, каму лішнія білецікі? А ну, каму лішнія білецікі?..

Пры гэтых чароўных словах усе, хто толькі што насядаў на разгубленага Хатабыча, кінуліся да Волькі, але той нырнуў у натоўп і нібы скрозь зямлю праваліўся. А яшчэ праз хвіліну Волька, Жэня і Хатабыч падалі кантралёру, які стаяў каля паўночных варот, тры білеты і прайшлі на стадыён, пакінуўшы ззаду сябе тысячы людзей, якім так і не суджана было ў гэты дзень трапіць на спаборніцтва.

 


XXXIV. Зноў эскімо

 

Толькі нашы сябры паселі на свае месцы, як да Хатабыча падышла дзяўчына ў белым фартушку і з белай лакіраванай скрынкай, якая вісела на рэмені цераз плячо.

— Эскімо не патрэбна? — запытала яна і адразу ж спалохана ўскрыкнула.

Будзем справядлівымі: кожны на яе месцы спалохаўся б не менш.

Сапраўды, якога адказу магла чакаць прадаўшчыца эскімо?

У лепшым выпадку: «З прыемнасцю. Дайце мне, калі ласка, дзве порцыі». У горшым выпадку: «Не, ведаеце, лепш не трэба».

Цяпер уявіце сабе, што дзед у канацье, пачуўшы ветлівы голас прадаўшчыцы, адразу пачырванеў, як памідор, вочы яго наліліся крывёю, увесь ён неяк натапырыўся, пагрозліва нахіліўся наперад і застрашлівым шэптам прамовіў:

— А-а-а! Ты хочаш звесці мяне са свету сваім праклятым эскімо! Дык не, гэта табе не ўдасца, нікчэмная! Мне хопіць на ўсё жыццё тых сарака шасці порцый, якія я, стары дурань, з’еў у цырку і ледзь быў не адправіўся на той свет. Дрыжы, няшчасная, бо я зараз ператвару цябе ў агідную жабу!..

Прамовіўшы гэта, ён устаў і ўжо прыўзняў над галавой свае сухія, маршчыністыя рукі, калі хлопчык-сусед з выцвілымі брывамі на вяснушкаватым твары павіс на руках старога, спалохана выкрыкнуўшы:

— Яна не вінавата, што ты паквапіўся і аб’еўся марозівам!.. Сядай, калі ласка, на месца і не рабі глупства!

— Слухаю і падпарадкуюся,— пакорліва адказаў стары, апусціў рукі, сеў на сваё месца і важна дадаў, звяртаючыся да перапалоханай прадаўшчыцы: — Можаш ісці. Я табе дарую. Ідзі адсюль і будзь да канца сваіх дзён удзячна гэтаму отраку, бо ён выратаваў табе жыццё.

Дзяўчына да канца гульні так і не з’яўлялася ў гэтым праходзе.

 


XXXV. Колькі патрэбна мячоў?

 

Між тым стадыён бурліў тым асаблівым, святочным жыццём, якое заўсёды кіпіць на ім у час рашаючых футбольных матчаў. Грымела радыё. Восемдзесят тысяч чалавек горача абмяркоўвалі магчымы вынік сённяшняй гульні, і ад гэтага абмеркавання ў паветры ўвесь час стаяў роўны, ні навошта не падобны гул чалавечых галасоў. Усе з нецярплівасцю чакалі пачатку спаборніцтва.

І вось нарэшце на смарагдава-зялёным полі з’явіўся суддзя са сваімі памочнікамі. У руках у суддзі быў мяч, якому суджана было ў гэты дзень перанесці нямала ўдараў, прарабіць па зямлі і ў паветры не адзін кіламетр з тым, каб, трапіўшы некалькі лішніх разоў у чыесьці вароты, вырашыць тым самым, якая каманда ў гэты дзень пераможа. Суддзя паклаў мяч у самым цэнтры поля. Абедзве каманды выбеглі са сваіх раздзявальняў і пастроіліся адна насупраць адной. Капітаны абмяняліся поціскамі рук, кінулі жэрабя, якой камандзе гуляць супраць сонца. Гэта выпала на долю спартыўнага таварыства «Зубіла», на вялікае задавальненне каманды таварыства «Шайба» і часткі заўзятараў.

— Ці не палічыш ты, о Волька, магчымым растлумачыць твайму нікчэмнаму слузе, што будуць рабіць з мячом гэтыя дваццаць два такія сімпатычныя мне маладыя чалавекі? — пачціва запытаў Хатабыч.

Але Волька ў адказ толькі нецярпліва адмахнуўся:

— Зараз усё сам зразумееш!

Якраз у гэты момант гулец «Зубіла» звонка ўдарыў наском буцы па мячу — і спаборніцтва пачалося.

— Няўжо гэтым дваццаці двум прыемным маладым людзям прыйдзецца бегаць па такім прасторным полі, траціць сілы, падаць і штурхаць адзін аднаго толькі для таго, каб мець магчымасць некалькі секунд паганяць нікчэмны скураны мячык? І ўсё гэта толькі таму, што на ўсіх знайшоўся для гульні ўсяго адзін мяч? — нездаволена запытаў Хатабыч праз некалькі хвілін.

Але Волька, захоплены гульнёй, зноў нічога старому не адказаў. Было не да Хатабыча: нападзенне «Шайбы» авалодала мячом і набліжалася да варот «Зубіла».

— Ведаеш што, Волька? — шапнуў свайму сябру Жэня.— Мне здаецца, проста шчасце, што Хатабыч нічога не разумее ў футболе. А то ён тут такіх дроў наламаў бы, што ой-ёй-ёй!

— І мне так здаецца,— згадзіўся з ім Волька і раптам, ахнуўшы, усхапіўся са свайго месца.

Адначасова з ім падхапіліся на ногі і ўсхвалявана загулі і ўсе астатнія восемдзесят тысяч гледачоў. Пранізліва загучаў свісток суддзі, але гульцы і без гэтага застылі на месцы.

Адбылося нешта нечуванае ў гісторыі футбола і зусім невытлумачальнае з пункту гледжання законаў прыроды: аднекуль зверху, з неба, упалі і пакаціліся па полю дваццаць два ярка пафарбаваныя мячы. Усе яны былі зроблены з першагатунковага саф’яну.

— Што за агіднасць!.. Нечуванае хуліганства! Хто дазваляе сабе такія абураючыя жарты! — узбуджана крычалі на трыбунах.

Вядома, вінаватага трэба было неадкладна вывесці са стадыёна і нават перадаць у рукі міліцыі, але ніхто не мог яго выявіць. Толькі тры чалавекі з васьмідзесяці тысяч гледачоў — Хатабыч і абодва яго маладыя сябры — ведалі, хто гэты вінаваты.

— Што ты нарабіў! — зашаптаў Волька Хатабычу на вуха.— Ты спыніў усю гульню і пазбавіў шайбаўцаў пэўнага гола!

Наконт няўдачы шайбаўцаў Волька, між іншым, сказаў без асаблівага смутку: ён заўзеў за «Зубіла».

— Я хацеў, каб было лепш,— таксама шэптам апраўдваўся Хатабыч.— Я думаў, будзе зручней, калі кожны гулец атрымае магчымасць, не штурхаючыся і не бегаючы, як вар’ят, па гэтым вялізным полі, уволю пагуляць уласным мячом.

— Ну што мне з табой рабіць! — развёў рукамі Волька, пасадзіў старога на месца і спехам растлумачыў яму асноўныя прынцыпы футбола.— Вось шкада толькі, што «Зубілу» прыходзіцца гуляць супраць сонца, а ў другім тайме, калі каманды памяняюцца месцамі, сонца ўжо нікому не будзе перашкаджаць. Атрымліваецца, што шайбаўцы ні за што якое знаходзяцца ў лепшых умовах,— выразна сказаў напаследак Волька. Ён спадзяваўся, што Хатабыч улічыць яго словы.

— Сапраўды, несправядліва,— згадзіўся стары, і ў той жа момант сонца схавалася за лёгкім воблачкам і не з’яўлялася да самага канца гульні.

Між тым з поля прыбралі лішнія мячы, суддзя залічыў час, страчаны ўпустую, і гульня працягвалася.

Пасля Волькавых тлумачэнняў Хатабыч пачаў сачыць за спаборніцтвам з усё большай і большай цікавасцю. Шайбаўцы, якія пазбавіліся ў выніку гісторыі з дваццаццю двума мячамі пэўнага гола, нерваваліся, часта «мазалі». А стары адчуваў сябе вінаватым перад імі і мучыўся дакорамі сумлення.

 


XXXVI. Хатабыч пачынае гуляць

 

Так ракавым чынам разышліся сімпатыі Волькі Кастылькова і Гасана Абдурахмана ібн Хатаба. Калі першы ззяў ад задавальнення (а гэта было кожны раз, калі хто-небудзь з каманды «Шайбы» біў міма варот праціўніка), стары сядзеў пануры, як хмара. Затое, калі нападзенне «Зубіла» «мазала» міма варот «Шайбы», малюнак рэзка змяняўся: Хатабыч заліваўся шчаслівым смехам, а Волька страшэнна злаваў:

— Не разумею, Хатабыч, што ты знаходзіш у гэтым смешнага? Ледзь-ледзь не было гола!

— Ледзь-ледзь не лічыцца, о найдаражэйшы,— адказваў яму Хатабыч дзесьці падслуханымі словамі.

Стары, які ўпершыню сустрэўся з футболам, не ведаў яшчэ, што бываюць заўзятары. Волькава засмучэнне з прычыны сонца, якое біла ў вочы камандзе «Зубіла», ён успрыняў як просты клопат хлопчыка аб справядлівасці. Аб тым, што ён сам зрабіўся заўзятарам, ён, вядома, і не падазраваў, як не падазраваў аб гэтым і Волька. Волька быў так захоплены тым, што адбывалася на полі, што на астатняе не звяртаў ніякай увагі. Гэта і паслужыла прычынай незвычайных падзей, якія здарыліся ў гэты дзень на стадыёне.

Пачалося з таго, што ў адзін асабліва напружаны момант, калі нападзенне «Зубіла» наблізілася да варот «Шайбы», Волька нагнуўся да самага вуха Хатабыча і горача прашаптаў:

— Хатабыч, міленькі, рассунь, калі ласка, крыху вароты «Шайбы», калі зубілаўцы будуць па іх біць.

Стары насупіўся:

— А якая ад гэтага была б карысць «Шайбе»?

— «Шайбе» і не трэба. Ад гэтага «Зубілу» карысць будзе!

Стары прамаўчаў. Зубілаўцы зноў прамазалі. А праз дзве — тры хвіліны мажны хлопец з нападзення «Шайбы» пад ухвальныя крыкі гледачоў забіў класічны мяч у вароты «Зубіла».

— Ягорка, ты толькі не падумай з мяне смяяцца,— сказаў ціха брамнік «Зубіла» аднаму з запасных гульцоў, калі гульня на кароткі час перайшла на поле «Шайбы»,— але я гатоў паклясціся, што штанга маіх варот падыгрывае шайбаўцам...

— Што-о-о-о?!

— Разумееш, калі яны білі па варотах, правая штанга... слова гонару!.. правая штанга... адсунулася сантыметраў на пяцьдзясят убок і прапусціла мяч... Я гэта бачыў уласнымі вачамі!

— Тэмпературу вымяраў? — запытаў запасны гулец.

— Чыю — штангі?

— Не, сваю. У цябе, напэўна, моцная гарачка.

— Тфу! — плюнуў пакрыўджана брамнік і замітусіўся ў варотах.

Шайбаўцы, спрытна абводзячы абарону, імкліва набліжаліся да варот «Зубіла».

Бац! Другі гол за тры хвіліны! Прычым абодва разы не па віне брамніка «Зубіла». Брамнік змагаўся як леў. Але што ён мог зрабіць? У момант удару па варотах іх верхняя планка сама па сабе прыўзнялася роўна настолькі, каб мяч праляцеў, ледзь дакрануўшыся да кончыкаў яго пальцаў.

Каму сказаць аб гэтым? Хто паверыць? Брамніку зрабілася сумна і страшна, як маленькаму хлопчыку, што трапіў ноччу ў дрымучы лес.

— Бачыў? — запытаў ён безнадзейным голасам у Ягоркі.

— Зд-д-даецца бачыў,— адказаў, заікаючыся, запасны гулец.— Толькі нік-к-кому не скажаш. Усё роўна ніхто не паверыць.

— У тым і справа, што ніхто не паверыць,— тужліва згадзіўся брамнік «Зубіла».

У гэты час на паўночнай трыбуне распачынаўся ціхі скандал.

За секунду да другога гола Волька заўважыў, што стары цішком вырваў валасок з барады.

«Для чаго б гэта яму?» — устрывожана падумаў Волька, які ўсё яшчэ не здагадваўся, якія падзеі набліжаюцца на футбольным полі.

Але і гэтая думка прыйшла Вольку не адразу.

Вельмі ўжо кепска для «Зубіла» складвалася сённяшняе спаборніцтва. Было не да старога.

Аднак трэці гол у вароты «Зубіла» адразу прасвятліў становішча.

Сапраўды: набліжаўся канец першай паловы гульні, і шчасце як быццам павярнулася нарэшце тварам да «Зубіла». Гульня перайшла на поле «Шайбы». Зубілаўцы, што называецца, зямлю капалі, і неўзабаве лепшы іх нападаючы з невераемнай сілай паслаў мяч у верхні вугал варот «Шайбы».

Усе восемдзесят тысяч гледачоў у найвялікшым хваляванні ўсхапіліся са сваіх месц. Гэты верны гол павінен быў адкрыць лік «Зубіла». Волька і Жэня, якія дружна заўзелі за «Зубіла», радасна падмаргнулі адзін аднаму, але адразу ж расчаравана ўздыхнулі: быў пэўны мяч, а ўдарыўся ў верхнюю штангу, ды яшчэ з такой сілай, што звон пайшоў па ўсім стадыёне.

Звон мяча зліўся ў адно з адчайным крыкам брамніка «Шайбы»: штанга, якая апусцілася ўніз, выратавала яго ад гола, але затое вельмі балюча стукнула па галаве.

Цяпер Волька ўсё зразумеў і зжахнуўся.

— Гасан Абдурахман ібн Хатаб,— сказаў ён дрыжачым голасам,— што ж гэта такое? Ты ж ведаеш, што мы абодва — і я і Жэнька — заўзеем за «Зубіла»! А ты, выходзіць, зусім наадварот: заўзееш за «Шайбу»?

— На жаль, о блаславёны, гэта так,— засмучана адказаў стары.

— Хіба я не выратаваў цябе са зняволення ў глінянай пасудзіне? — горка працягваў Волька.

— Гэта правільна, як тое, што зараз дзень, і як тое, што цябе чакае вялікая будучыня,— ледзь чутна адказаў Хатабыч.

— Дык чаму ж ты падыгрываеш «Шайбе», а не «Зубілу»?

— На жаль, я не магу кіраваць сваімі ўчынкамі,— са скрухай адказаў Хатабыч, і буйныя слёзы пацяклі па яго маршчыністым твары.— Мне вельмі хочацца, каб выйграла каманда «Шайбы»...

 


XXXVII. Становішча робіцца яшчэ больш напружаным

 

— Глядзі,— пагрозліва заявіў тады Волька,— будзе скандал.

— Хай будзе што будзе.

У той жа момант брамнік «Зубіла» паслізнуўся на абсалютна сухім месцы і прапусціў у вароты трэці мяч.

— Ах, так?! — заскрыгатаў зубамі Волька.— Значыць, па-добраму ты не хочаш? Чакай жа!

Ён ускочыў на лаўку і, паказваючы пальцам на Хатабыча, які сядзеў каля яго ног, крыкнуў:

— Грамадзяне! Ён увесь час падыгрывае «Шайбе»!

— Хто падыгрывае!.. Суддзя падыгрывае?.. Што вы гаворыце?..— захваляваліся вакол.

— Ды не ж, не суддзя!. Пры чым тут суддзя?..

Вось гэты дзядок падыгрывае... Адчапіся ад мяне, калі ласка!

Апошнія словы адносіліся да Жэні, які спалохана тузаў свайго сябра за рукаў. Жэня разумеў, што нічога добрага ад сваркі паміж Волькам і старым не атрымаецца. Але Волька не сунімаўся, хоць ніхто ўжо не ставіўся сур’ёзна да яго слоў.

— Дык ты гаворыш,— качаліся вакол ад смеху,— дык ты гаворыш, што стары адсюль, з паўночнай трыбуны, як піць даць перасоўвае вароты? Хі-хі-хі! У яго, напэўна, у кішэні такі штэпсель ёсць, каб кіраваць варотамі на адлегласці? Можа, гэта ён і мячыкі нядаўна на поле панакідаў?

— Ну але ж, ён! — разлютавана пацвердзіў Волька, выклікаўшы новыя выбухі смеху.

— А землятрус ў Чылі таксама яго рук справа? Хо-хо-хо! Ха-ха-ха! Хі-хі-хі!

— Не, у Чылі не ён,— сумленна растлумачыў Волька.— Землятрус — гэта ад катастрафічных зрухаў глебы. Тым больш, у Чылі. А ён зусім нядаўна з пасудзіны вылез.

У размову ўмяшаўся пажылы заўзятар, які сядзеў ззаду Волькі. Волька яго ведаў. Яны былі суседзямі па дому. Яго звалі Яўгеній Захаравіч. Гэта якраз ён назваў свайго сібірскага ката Хомічам у гонар праслаўленага брамніка.

— Ну вось што,— зычліва сказаў ён Вольку, калі смех крыху сцішыўся: — ты лепш сам не лезь у пасудзіну, не набірайся сораму, не гавары глупства і не перашкаджай сачыць за гульнёй. Тут, брат, зараз такое робіцца, і без цябе моташна! (Яўгеній Захаравіч таксама заўзеў за «Зубіла».)

Сапраўды, да перапынку заставалася яшчэ цэлых адзінаццаць хвілін, а лік ужо быў 14 : 0 у карысць «Шайбы».

З камандай «Зубіла» ўвесь час адбываліся нейкія дзіўныя рэчы. Яна нібыта развучылася гуляць: пасоўка была на дзіва бездапаможнай і недарэчнай, гульцы раз-пораз падалі, як быццам яны толькі сёння навучыліся хадзіць.

А потым зусім незразумела пачала паводзіць сябе абарона. Баявыя майстры футбола сталі пры адным выглядзе мяча спалохана кідацца ўбок, як ад бомбы, якая вось-вось павінна ўзарвацца.

Ох, як горка было нашым юным сябрам! Падумаць толькі — самі сабе на галаву яны растлумачылі Хатабычу правілы гульні ў футбол! Што зрабіць? Як дапамагчы няшчасным зубілаўцам аднавіць справядлівасць? Што рабіць з Хатабычам? Нават скандал не дапамог. Як, на самы благі канец, хоць адцягнуць увагу старога джына ад поля, на якім разыгрывалася гэтая незвычайная спартыўная трагедыя?

Выйсце знайшоў Жэня. Ён сунуў у рукі Хатабыча газету «Савецкі спорт».

— Глядзі, чытай, якую цудоўную каманду ты ганьбіш на ўсю краіну!

І паказаў пальцам на старонку, дзе вялікімі літарамі быў надрукаваны загаловак: «Растучая каманда».

— «Футбольная каманда добраахвотнага таварыства «Зубіла»,— прачытаў уголас Хатабыч,— за гэты сезон прыкметна павысіла сваё майстэрства. Апошні матч, праведзены ёю ў Куйбышаве з футбалістамі мясцовай каманды «Крылы Саветаў», паказаў, што ў яе асобе...» Цікава! — зазначыў Хатабыч і паглыбіўся ў газету.

Хлопчыкі шчасліва перамаргнуліся. Толькі Хатабыч заняўся газетай, як каманду «Зубіла» нібы падмянілі. Яе нападзенне адразу паказала, што сённяшні артыкул у «Савецкім спорце» цалкам адпавядае сапраўднасці. Магутны роў дзясяткаў тысяч людзей захоплена суправаджаў амаль кожны ўдар зубілаўцаў па мячу. За паўхвіліны гульня перайшла на поле «Шайбы». Удар!.. Яшчэ ўдар!.. Ну, далібог, што за малайцы гэтыя зубілаўцы!

Яшчэ некалькі секунд, і яны нарэшце «размочаць» свой злашчасны «сухі» лік.

— Ага! — расхадзіўся за спінай Волькі Яўгеній Захаравіч.— Вось бачыце! Што я казаў!. Яны яшчэ пакажуць гэтым мазілам шайбаўцам, дзе ракі зімуюць...

Ах, лепш ён трымаў бы сваё захапленне пры сабе! Лепш бы ён не штурхнуў у бок Хатабыча кулаком з такім пераможным выглядам, нібы ўсе зубілаўцы былі яго роднымі і самымі любімымі сынамі або, у крайнім выпадку, любімымі вучнямі!

Уздрыгнуўшы ад гэтага штуршка, Хатабыч адарваўся ад газеты, кінуў напрактыкаваны позірк на футбольнае поле, умомант ацаніў становішча, якое там стварылася, і вярнуў газету Жэню, які адразу зрабіўся сумным:

— Потым дачытаю.

Ён паспешліва вырваў з барады валасок, і зноў пачаліся ганебныя і непасцігальныя пакуты зубілаўцаў.

15 : 0!

16 : 0!

18 : 0!

23 : 0!

У сярэднім, кожныя сорак секунд у вароты «Зубіла» падалі мячы.

Што зрабілася з брамнікам? Чаму ён прыціснуўся тварам да бакавой штангі і толькі ўскрыквае: «Ой мама!», калі б’юць па яго варотах? Чаму ён раптам, ні з таго ні з сяго, пакідае з задуменным выглядам вароты ў самы рашаючы момант, калі бой разгараецца каля самай штрафной пляцоўкі?

— Ганьба! — крычалі яму з трыбун.— Скандал! Як ты гуляеш?

Але ён, праслаўлены брамнік першага класа, па-ранейшаму выходзіў няцвёрдым крокам з варот убок, як толькі набліжаліся шайбаўцы.

— Што з табой? — не знаходзіў сабе месца запасны гулец.— Ачумеў ты, ці што?

І брамнік адказаў яму са стогнам:

— І правільна, ачумеў. Мяне ўвесь час нібы хто за каўнер цягне. Я ўпіраюся, а ён мяне штурхае з варот. Я да мяча, а ён мяне да штангі прыціскае, ды так, што не адарвацца.

— Ой, і кепска ж табе, Грыша!

— І не кажы!..

 

Стары Хатабыч. Лазарь Лагин. Иллюстрация 11

 

Становішча на стадыёне было такое незвычайнае, што не заставалася на ім ніводнага чалавека, аж да білецёраў, міліцыянераў і латочнікаў, хто не перажываў бы глыбока і шумна дзіўныя падзеі, якія разгарнуліся перад іх вачамі.

Толькі адзін са сталых наведвальнікаў футбольных спаборніцтваў перажываў гэтыя падзеі хоць і глыбока, але на рэдкасць не шумна.Гэта быў на дзіва маўклівы мужчына гадоў пяцідзесяці шасці, хударлявы, сівы, даўгалыгі, стрыманы да непраўдападобнасці, з доўгім жаўтаватым замкнёным тварам. Ён быў зусім аднолькава замкнёным і ў дні звычайных спаборніцтваў, і ў дні фінальных гульняў, калі ад аднаго ўдалага ўдару па мячу залежала, каму насіць увесь год залатыя жэтоны чэмпіёнаў краіны. Ён быў заўсёды аднолькава сухі, прамы і нерухомы, і на чале яго высокім, як гаварыў паэт з зусім іншай прычыны, не адбівалася нішто.

Сёння ён быў на сваім звычайным месцы, якраз наперадзе Хатабыча. Заўзеў ён за «Зубіла», і можна сабе ўявіць, якія перажыванні бушавалі ў яго запалых і кастлявых грудзях тыповага канцылярскага работніка. Але толькі рухі яго вачэй і ледзь прыкметныя павароты галавы паказвалі, што і яму далёка не абыякава тое, што адбывалася на футбольным полі. У яго, відаць, было хворае сэрца, ён бярог сябе, моцныя перажыванні пагражалі яму сур’ёзнымі непрыемнасцямі. Але нават калі ён звыкла намацваў у сябе ў пінжаку пачачак з дробна наколатым цукрам і бутэлечку з лекамі і пачынаў, не зводзячы вачэй з гульцоў, капаць лекі на цукар, твар яго па-ранейшаму быў нерухомы, нібы ён глядзеў у пустату.

Лік 23 : 0 ледзь не даканаў яго. Ён нечакана адкрыў свае тонкія шараватыя губы і драўляным голасам праскрыпеў:

— Хоць бы баржом прадавалі, ці што!

Хатабыч, у якога душа спявала, радуючыся з казачных поспехаў шайбаўцаў, быў больш чым калі-небудзь схільны рабіць людзям прыемнае. Пачуўшы словы свайго флегматычнага суседа, ён непрыкметна пстрыкнуў пальцамі, і ў руках гэтага суседа раптам і невядома адкуль з’явілася шклянка з ледзяным баржомам.

Кожны на яго месцы здзівіўся б, у крайнім выпадку абвёў бы позіркам суседзяў. А ён з тым жа нязменным каменным тварам паднёс спацелую шклянку да рота, але не выпіў: бедным зубілаўцам пагражаў дваццаць чацвёрты гол!

Так ён і застыў са шклянкай у паднятай руцэ, Жэня, у якога галава ўсё яшчэ была занята пошукамі выратавання бясслаўна гінучай каманды, выхапіў з рукі вялага заўзятара шклянку з баржомам і выліў усё, што там было, на бараду Хатабыча.

— Якое каварства! Якое нізкае каварства! — ахнуў стары джын і пачаў ліхаманкава вырываць адзін валасок за другім.

Замест чыстага крыштальнага звону хлопчыкі з асалодай пачулі хрыплае і брынклівае гудзенне нацягнутай вяроўкі.

— А падыгрываць шайбаўцам не каварства? — уедліва запытаў у яго Волька.— Маўчаў бы лепш у анучку.

Тым часам, зусім як пасля чатырнаццатага гола, узбадзёраныя зубілаўцы зноў прарвалі фронт нападзення і абароны «Шайбы» і імкліва павялі мяч да яе варот.

Абарона шайбаўцаў ад доўгай бяздзейнасці расхлябалася і не здолела хутка мабілізавацца на барацьбу з нечаканай небяспекай. А брамнік — той і зусім сядзеў сабе спакойна на траўцы і лускаў семкі.

Пакуль ён, давячыся неперажованымі семкамі, падхопліваўся на ногі, зубілаўцы ўдарылі па пустых варотах, у самы цэнтр.

І ў той жа момант, на вялікі смутак нашых юных сяброў, пачуўся тоненькі крыштальны звон. Так і ёсць, Хатабычу ўдалося ўсё ж знайсці ў сваёй барадзе сухі валасок! Эх, Жэня, дзе былі тваё меткае вока, твая дакладная рука! Чаму ты не прыцэльваўся як след? Загінулі цяпер зубілаўцы ні за панюх табакі!

— Хатабыч, міленькі, дарагі, дай зубілаўцам хоць размачыць гульню! — узмаліўся Волька.

Але Хатабыч прыкінуўся, быццам нічога не чуе, і мяч, які ляцеў у цэнтр варот, нечакана збочыў да левай штангі і ўдарыўся аб яе з такой сілай, што праляцеў назад праз усё поле, старанна абмінаючы зубілаўцаў, якія сустракаліся на яго шляху, быццам бы ён быў жывы, і мякка ўкаціўся ў шматпакутныя вароты «Зубіла».

24 : 0! Пры роўных па сіле камандах гэты лік проста здзіўляў.

І тады Волька зусім раз’юшыўся.

— Я патрабую, я, нарэшце, загадваю табе неадкладна спыніць гэтыя здзекі,— прашыпеў ён Хатабычу.— А то я назаўсёды спыняю з табой знаёмства! Выбірай: я або «Шайба»!

— Ты ж сам любіш футбол, дык няўжо ты не можаш мяне зразумець? — узмаліўся стары. Але, убачыўшы па Волькавым твары, што на гэты раз сапраўды можа прыйсці канец іх сяброўству, Хатабыч прашаптаў: — Я паслухмяна чакаю тваіх загадаў.

— Зубілаўцы не вінаваты, што ты заўзееш за «Шайбу». Ты іх зняславіў перад усёй краінай! Зрабі, каб усе бачылі, што яны не вінаваты ў сваім пройгрышы.

— Слухаю і падпарадкуюся, о юны брамнік маёй душы.

Яшчэ не замоўк свісток суддзі, які абвяшчаў перапынак, як усе адзінаццаць гульцоў каманды добраахвотнага спартыўнага таварыства «Зубіла» дружна пачалі чхаць і кашляць.

Так-сяк пастроіўшыся ў рад і вяла перабіраючы нагамі, яны папляліся ў сваю раздзявальню павольнай рыссю, няспынна чхаючы і кашляючы.

Праз хвіліну туды выклікалі лекара: уся каманда адчувала сябе хворай. Лекар памацаў ва ўсіх пульс, прапанаваў зняць футболкі, потым агледзеў ва ўсіх поласць рота і, у сваю чаргу, выклікаў у раздзявальню суддзю:

— Вось што, Лука Яўгеньевіч: прыйдзецца гульню адкласці, а лік прызнаць несапраўдным.

— Уласна кажучы, чаму?

— А таму,— разгублена адказаў доктар,— што каманда «Зубіла» не можа быць па меншай меры сем дзён выпушчана на футбольнае поле — яна ўся, да аднаго чалавека, хворая.

— Хворая?! Хворая на што?

— Вельмі дзіўны медыцынскі выпадак, Лука Яўгеньевіч. Усе гэтыя адзінаццаць зусім здаровых таварышаў адначасова захварэлі на дзіцячую хваробу — адзёр. Я, Лука Яўгеньевіч, сам не паверыў бы, калі б толькі што не агледзеў іх самым старанным чынам...

Так закончылася адзінае ў гісторыі футбола спаборніцтва, у якім заўзятар меў магчымасць уздзейнічаць на гульню. Як бачыце, гэта ні да чаго добрага не прывяло.

Рэдкі факт, калі адзінаццаць дарослых спартсменаў другі раз у сваім жыцці і адначасова захварэлі на адзёр, а на другі дзень прачнуліся зусім здаровыя, быў падрабязна апісаны ў артыкуле вядомага прафесара Л. І. Коклюша, надрукаваным у навуковым медыцынскім часопісе «Адзёр». Артыкул называецца «Вось табе і на!» і карыстаецца такім поспехам, што ў бібліятэках нумар часопіса з гэтым артыкулам зусім немагчыма дастаць. Ён увесь час знаходзіцца на руках.

Так што вы, дарагія чытачы, лепш яго і не шукайце. Усё роўна не знойдзеце, толькі дарэмна час змарнуеце.

 


XXXVIII. Прымірэнне

 

Воблачка, якое прыкрывала сонца, калі мінулася ў ім патрэба, паплыло за небасхіл. Зноў зрабілася горача. Восемдзесят тысяч чалавек пакідалі стадыён, павольна прасочваючыся праз параўнальна вузкія бетонныя праходы.

Людзі не спяшаліся — кожнаму хацелася выказаць свае меркаванні з прычыны небывалых абставін гульні, якая так дзіўна закончылася. Выказваліся самыя мудрагелістыя здагадкі. Але нават самыя гарачыя галовы не маглі сабе ўявіць што-небудзь, што хоць крыху нагадвала б сапраўдныя прычыны зрыву спаборніцтва.

Толькі тры чалавекі не прымалі ўдзелу ў абмеркаванні. Яны пакінулі паўночную трыбуну, захоўваючы поўнае маўчанне. Моўчкі ўлезлі ў перапоўнены тралейбус, без адзінага слова вылезлі з яго каля Ахотнага рада і разышліся па дамах.

— Цудоўная гульня футбол,— асмеліўся нарэшце загаварыць Хатабыч.

— Мгу-у...— прамычаў у адказ Волька.

— Наколькі прыемнае, я мяркую, тое імгненне, калі ты забіваеш мяч у вароты праціўніка! — працягваў слабым голасам Хатабыч.— Ці не праўда, о Волька?

— Мгу-у...— зноў прамычаў Волька.

— Ты ўсё яшчэ на мяне злуеш, о брамнік майго сэрца? Я памру, калі ты зараз жа не адкажаш!

Ён дробненька тупаў побач са сваім сярдзітым сябрам, сумна ўздыхаў, праклінаючы той час, калі згадзіўся пайсці на стадыён.

— Ты яшчэ пытаеш? — грозна адказаў яму Волька, але працягваў ужо значна мякчэй: — Ну і заварыў ты кашу, стары! Усё жыццё буду памятаць. Скажыце, калі ласка, які заўзятар знайшоўся! Не-е-е, больш мы з табой на футбол не ходзім! І білетаў тваіх не трэба.

— Тваё слова для мяне закон,— паспешліва адказаў Хатабыч, вельмі задаволены, што так добра ўсё абышлося.— Мне будзе зусім дастаткова, калі ты мне будзеш часам сваімі словамі расказваць аб футбольных спаборніцтвах.

І яны пайшлі далей ранейшымі сябрамі.

Непадалёк ад Волькавага дома яны пачулі шум, крыкі, нечы плач.

— Пачынаецца! — сказаў Волька.— Зноў Сяргейка Вяпрук дае гастролі.

— Гастролі? — запытаў Хатабыч.— Ён акцёр?

— Ён хуліган,— адказаў Волька.— Ад яго дзецям проста спасу няма.

 


XXXIX. Цуд ў міліцыі

 

Хвілін праз дзесяць у пакой дзяжурнага па аддзяленню міліцыі ўвайшлі, моцна трымаючыся за рукі, пяцёра хлопчыкаў ва ўзросце ад адзінаццаці да чатырнаццаці гадоў.

— Хто тут будзе дзяжурны? — запытаў старэйшы, па мянушцы Сяргейка Вяпрук.

— Я дзяжурны, адказаў малодшы лейтэнант міліцыі, які сядзеў за драўляным бар’ерам.— У чым справа?

— Мы якраз да вас, таварыш малодшы лейтэнант,— сказаў панылым голасам Сяргейка, цягнучы за сабой увесь ланцужок хлопчыкаў. Складзіце на нас, калі ласка, пратакол.

— Што-о-о?.. Пратакол?.. За што мне загадаеце скласці на вас пратакол?

— За хуліганства, таварыш малодшы лейтэнант,— адказалі ў адзін голас хлопчыкі, працягваючы трымацца за рукі, як у карагодзе.

— Ідзіце адсюль! — нецярпліва замахаў на іх дзяжурны.— Не перашкаджайце працаваць! Гэтакі жарт прыдумалі! Вось вазьму і на самай справе складу пратакол!

— Мы вас, таварыш дзяжурны, якраз аб гэтым і просім. Слова гонару, мы хуліганілі.

— Такога яшчэ не было, каб гарэзнікі самі паказвалі такую высокую свядомасць! — засмяяўся дзяжурны.— А ну, ідзіце, пакуль цэлыя.

— Ды мы зусім не высока свядомыя. Мы не па сваёй волі прыйшлі. Нас адзін дзед прыслаў. Нам абавязкова патрэбна, каб вы на нас склалі пратакол, а то нам прыйдзецца ўсё жыццё трымаць адзін аднаго за рукі.

— Гэта вам хто сказаў? — пырснуў дзяжурны.

— А той самы дзед і сказаў.

— А ну, разніміце рукі, хлопцы! — строга загадаў ім малодшы лейтэнант.

— Мы не можам, таварыш дзяжурны,— тужліва адказаў за ўсіх Сяргейка Вяпрук.— Мы ўжо спрабавалі — не атрымліваецца. Нам і гэты дзед сказаў, што, пакуль на нас не складуць пратакол, у нас рукі будуць як быццам склееныя. І, калі мы будзем зноў хуліганіць, у нас зноў будуць склейвацца рукі. Ён спачатку сказаў, каб мы не гарэзнічалі, а мы з яго пачалі смяяцца...

— Сорамна смяяцца са старых,— зазначыў дзяжурны.

— Ага... Вось ён нам і загадаў, каб мы самі пайшлі заявіць пра сябе ў міліцыю, а то яму з намі ісці няма часу. Мы і прыйшлі.

— Ну што ж...— прамовіў, усё яшчэ недаверліва ўсміхаючыся, дзяжурны і па ўсёй форме, як належыць, склаў пратакол. Распісаўся.

— Усё! Разнімайце рукі!

— Не яшчэ, таварыш малодшы лейтэнант. Напэўна, яшчэ не ўсё,— сказаў Сяргейка.— Вы, відаць, нешта забылі зрабіць.

— А і сапраўды! — здзіўлена згадзіўся дзяжурны.— Я забыў паставіць кропку.

Ён паставіў пасля свайго подпісу вялікую кропку, і хлопчыкі з палёгкай уздыхнулі: нарэшце іх рукі расклеіліся!

— Скажыце бацькам, каб заўтра абавязкова прыйшлі сюды.

— Добра,— буркнуў Сяргейка.— Не маленькія, самі ведаюць. Не ў першы раз.

— Дарэчы, як завуць гэтага дзеда? — крыкнуў яму наўздагон дзяжурны.

— Не ведаю, ён не з нашай вуліцы. З ім быў адзін хлопчык, дык той яго называў нейкім дзіўным імем... нешта накшталт Патапыч, але толькі не Патапыч...

— Залаты дзядок! — прамовіў дзяжурны і летуценна зацягнуўся папяросай.— Пабольш бы такіх Патапычаў!..

 


XL. Дзе шукаць Амара?

 

Ніхто не мог бы, бачачы вясёлую фізіяномію Хатабыча, падумаць, што яшчэ так нядаўна ён быў вельмі хворы.

Не яркі, але роўны старэчы румянец пакрываў яго смуглыя шчокі, хада яго была па-ранейшаму лёгкая і хуткая, шырокая ўсмешка асвятляла яго адкрыты і дабрадушны твар.

І толькі Волька, які добра вывучыў Хатабыча, мог заўважыць, што нейкая затоеная думка ўвесь час трывожыць старога джына. Хатабыч часта ўздыхаў, задумліва кудлаціў бараду, і буйная сляза не-не, ды і пакоціцца з яго сумленных і прыветлівых вачэй.

Волька прыкідваўся, быццам нічога не заўважае, і не трывожыў старога нетактоўнымі пытаннямі. Ён быў упэўнены, што ўрэшце Хатабыч абавязкова сам загаворыць аб гэтым. Так яно і здарылася.

— Смутак і туга мучаюць маё старое сэрца, о высакародны збавіцель джынаў,— ціха прамовіў аднойчы Хатабыч, калі велічны заход сонца афарбаваў у роўны ружовы колер ціхія вячэрнія воды Масквы-ракі.— Мне не даюць спакою думкі пра майго беднага знікшага брата, пра жахлівы і безвыходны яго лёс. І чым больш я думаю пра яго, тым больш я схіляюся да таго, каб як мага хутчэй накіравацца на яго пошукі. Як ты глядзіш на гэта, о мудры Волька ібн Алёша? І калі ты да гэтага майго рашэння ставішся прыхільна, дык ці не будзеш мець ласку ашчаслівіць мяне і падзяліць усе радасці і нягоды гэтых пошукаў?

— А дзе ты збіраешся шукаць свайго брата? — дзелавіта пацікавіўся Волька, які прывык ужо спакойна ставіцца да ўсякіх, самых нечаканых, прапаноў Хатабыча.

— Ці памятаеш ты, о Волька, я ўжо расказваў табе ў самым пачатку нашага такога шчаслівага знаёмства, што Сулейманавы джыны кінулі яго, заняволенага ў медную пасудзіну, у адно з паўднёвых мораў. Там, каля берагоў спякотных краін, і належыць, вядома, шукаць Амара Юсуфа.

Магчымасць накіравацца ў падарожжа па паўднёвых морах прыйшлася Вольку па душы.

— Ну што ж,— сказаў ён,— я згодны. Я з табой абавязкова паеду. Куды ты, туды, як кажуць, і я. Добра было б яшчэ...— Тут Волька запнуўся.

Але павесялелы Хатабыч падказаў яму:

— ...захапіць з сабой нашага цудоўнага сябра Жэню ібн Колю? Ці так я цябе зразумеў, о добры мой Волька ібн Алёша?

— Угу!

— У гэтым не магло быць і ценю сумнення,— сказаў Хатабыч.

І тут жа было вырашана, што экспедыцыя па пошуках няшчаснага брата Хатабыча рушыць у дарогу не пазней чым праз два дні.

Але калі пытанне аб тэрміне адбыцця не выклікала спрэчак, дык зусім нечакана выявілася даволі сур’ёзнае рознагалоссе ў пытанні аб тым, якім транспартам карыстацца ў час экспедыцыі.

— Паляцім на кіліме-самалёце,— прапанаваў Хатабыч.— Мы ўсе на ім цудоўна змесцімся.

— Не-е-е,— рашуча запярэчыў Волька,— на кіліме-самалёце я больш не яздок. Шчыра дзякую! З мяне па горла хопіць мінулага палёту. Не хачу я больш мерзнуць, як сабака!

— Я забяспечу вас цёплай вопраткай, о блаславёны Волька. А калі вы хочаце, пасярод кіліма будзе ўвесь час гарэць вялікі нязгасны касцёр, і мы зможам грэцца каля яго ў час палёту.

— Не, не, не! — адрэзаў Волька.— Пра кілім-самалёт не можа быць і размовы. Давай лепш паедзем да Адэсы цягніком, а з Адэсы...

І Волька развіў план паездкі, пакорліва прыняты Хатабычам і з захапленнем ухвалены Жэнем, якому ён праз якія-небудзь паўгадзіны быў расказаны ва ўсіх неабходных дэталях.

 


XLI. “Давайце застанёмся”

 

На вакзал нашы падарожнікі прыбылі амаль без прыгод. А калі не лічыць таго, што адбылося пры пасадцы ў аўтобус, дык і зусім без прыгод. Здарылася ж пры пасадцы ў аўтобус вось што. Ужо і Волька і Жэня з цяжкасцю, праўда, але ўзлезлі ў перапоўнены аўтобус, ужо Хатабыч амаль паставіў нагу на прыступку аўтобуса, каб пайсці за імі, калі з адчыненага акенца высунуўся кандуктар і ўладным голасам прамовіў:

— Грамадзяне, месцаў больш няма! Аўтобус адыходзіць!

Паколькі яго словы не зрабілі ніякага ўражання на старога ў канацье, дык ён спецыяльна для яго дадаў:

— Давайце застанёмся, грамадзянін!

Стары паглядзеў на кандуктара са здзіўленнем, прыняў нагу з прыступкі і расчулена прамовіў:

— Калі гэта будзе табе прыемна, о валадар мой, то я гэта толькі палічу за гонар, хоць і вельмі спяшаюся на пошукі майго няшчаснага брата.

Кандуктар, які паспеў да гэтага часу даць сігнал адпраўкі, раптам зусім незразумелым чынам апынуўся на вуліцы побач з пачціва схіленым старым у канацье і з ашаломленым выглядам праводзіў вачамі аўтобус, які хутка схаваўся за паваротам.

— Я асмельваюся выказаць найглыбейшае перакананне, о паважаны незнаёмы, што мы з табой цудоўна правядзём тут час, пакуль прыбудзе наступны аўтобус,— ветліва звярнуўся Хатабыч да здранцвелага кандуктара.

Але тут кандуктар апамятаўся і з пранізлівым лямантам кінуўся ўслед за сваёй асірацелай машынай.

— Спыніце! — крычаў ён, часта перабіраючы нагамі і прытрымліваючы абедзвюма рукамі цяжкую сумку, якая звінела срэбрам і медзякамі.— Спыніце аўтобус, грамадзяне!..

Хатабыч, уражаны дзіўнымі паводзінамі кандуктара, з цікавасцю паглядзеў яму ўслед, а потым, калі той схаваўся за паваротам, дзе стаяў затрыманы Волькам аўтобус, лёгка здагнаў яго і нават паспеў сесці ў машыну раней за кандуктара.

Неўзабаве аўтобус крануўся з месца, і Хатабыч, нахіліўшыся да сваіх сяброў, зашаптаў ім, непрыхільна пазіраючы на кандуктара, які ўсё яшчэ не мог канчаткова апамятацца:

— Дзіўны, вельмі дзіўны чалавек гэты кандуктар! Я яго не цягнуў за язык. Ён сам, па ўласнай волі, прапанаваў мне: «Давайце застанёмся». Мяне ўзрадавалі і здзівілі сардэчнасць і дабрата чалавека, які прапанаваў мне сваю кампанію, каб мне лягчэй было прабавіць час да наступнага аўтобуса. Але варта было машыне адысці, а яму апынуцца побач са мной на вуліцы, як ён перадумаў ужо, пакінуў мяне аднаго і пабег даганяць аўтобус. Дзіўны, вельмі дзіўны чалавек! — закончыў Хатабыч і са шкадаваннем паглядзеў на кандуктара.

— Ён зусім і не збіраўся заставацца з табой на вуліцы,— паспрабаваў Волька растлумачыць старому.— Ён сказаў табе «давайце застанёмся» ў тым сэнсе, што застанешся толькі ты, а ён паедзе.

Аднак Хатабыч зразумеў тлумачэнні Волькі па-свойму.

Ён непрыязна паглядзеў у бок кандуктара і жорстка сказаў:

— Цяпер я канчаткова зразумеў, што гэта не толькі дзіўны, але і вельмі няшчыры чалавек.

 


XLII. Расказ правадніка міжнароднага вагона хуткага цягніка Масква — Адэса аб тым, што здарылася на перагоне Нара — Малы Яраславец


(Расказаны правадніком яго зменшчыку,
які спаў у час гэтага здарэння)

 

«Я цябе, Кузьма Ягорыч, таму пабудзіў, што толькі цяпер вось адбыўся ў нашым вагоне дзіўны, зусім незразумелы выпадак.

Разумееш, паслаў я, як належыць, усім пасцелі, і ў сёмым купэ паслаў. Сцялю і звяртаю ўвагу, што едуць у гэтым купэ адзін дзед, такі барадаты, у дарэвалюцыйным саламяным капелюшы, і пры ім два хлопчыкі. Хутчэй за ўсё, я так думаю, аднагодкі. І, разумееш, ні кроплі багажу. Гэта значыць, ну ні-ні!

А тут яшчэ адзін з хлопчыкаў, такі бялявы, увесь у вяснушках, пытае:

«Таварыш, кажа, праваднік, як прайсці ў вагон-рэстаран?»

Я адказваю:

«На жаль, няма ў нас у цягніку вагона-рэстарана, але можна будзе раніцай прынесці вам чаю з сухарамі».

Тут хлопчык глядзіць на старога, стары яму вокам маргае. Хлопчык і гаворыць: «Ну добра, мы і без вашага чаю абыдземся, калі няма вагона-рэстарана».

Цікава, думаю, як гэта вы да самай Адэсы абыдзецеся без майго чаю. І іду сабе ў наша купэ, але дзверы толькі прычыняю, каб заставалася шчылінка.

А ўжо ў вагоне ўсе даўно спаць ляглі, і ўжо ва ўсіх купэ пасажыры трэція сны бачаць, і толькі ў сёмым купэ ўсё шу-шу, шу-шу — размаўляюць. Што менавіта гавораць, мне не чуваць, але толькі мне добра чуваць, што аб нечым размаўляюць.

Потым раптам адчыняюцца дзверы, і з іх высоўваецца той самы дзед; не заўважае, што я за ім сачу, ссоўвае на патыліцу свой дарэвалюцыйны капялюш... І што б ты, Кузьма Ягорыч, падумаў, што гэты дзед робіць? Слова даю, не хлушу! Вырывае са сваёй барады пасму валасоў! Прападзі я на гэтым месцы, калі хлушу!

Бацюхны, думаю, вар’ят! Вось ужо, што называецца, пашанцавала! Прываліла вар’ята якраз у маё дзяжурства. Маўчу і чакаю, што будзе далей.

А далей, аказваецца, стары рве гэтую самую пасму валасоў на дробныя часткі, кідае гэтае смецце на падлогу і нешта сам сабе мармыча. Тут я ўсё больш пераконваюся, што гэты пажылы пасажыр — ненармальны і давядзецца ў Бранску яго ссаджваць. Ух, думаю, скандалу з ім не абярэшся! Можа, ён нават зараз пачне кідацца на людзей, шыбы біць... Гляджу — не, ні на што не кідаецца, стаіць спакойна, мармыча. Памармытаўшы крыху, ідзе ў сваё купэ.

І раптам чую — нехта па калідоры босымі нагамі шоргае. Толькі не наперадзе, а ззаду мяне. Тады я разумею, што нехта з тамбура прайшоў у вагон, і зноў жа страшэнна здзіўляюся, таму што тамбур у мяне ў час руху заўсёды замкнёны.

Паглядзеў я назад і... слова гонару, Кузьма Ягорыч,— не хлушу... бачу — ідуць з пляцоўкі чатыры малайцы, загарэлыя, што твае курортнікі, і зусім голыя. Толькі і ёсць на іх адзенне, што анучкі на клубах. Босыя. Худыя-худыя! Кожная рабрынка прасвечвае.

Я выходжу з нашага купэ і звяртаюся да іх:

«Грамадзяне, вы, напэўна, вагоны пераблыталі. Гэта, грамадзяне, міжнародны, у нас тут усе купэ заняты».

А яны хорам:

«Маўчы, няверны! Мы ведаем, куды мы ідзём. Нам якраз сюды і трэба, куды мы ідзём».

Тады я ім кажу:

«У такім разе, грамадзяне, папрашу вашы білецікі».

Яны мне зноў хорам:

«Не дуры нам галаву, чужаземец, бо мы спяшаемся да нашага ўладара!»

Я кажу:

«Мяне здзіўляе, што вы называеце мяне чужаземцам. Я — савецкі грамадзянін і знаходжуся ў сваёй роднай краіне. Гэта раз. А па-другое, у нас ніякіх уладароў няма ад самай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта, кажу, два».

Іх старшы кажа:

«Табе павінна быць сорамна, няверны! Ты карыстаешся тым, што рукі ў нас заняты і што мы не можам у выніку гэтага забіць цябе за тваё вар’яцкае нахабства. Гэта, кажа, несумленна, што ты гэтым карыстаешся».

Тут я заўважаю, што ўсе чатыры голыя грамадзяніна звыш усякай меры нагружаны рознай ежай. Адзін трымае цяжкае блюда, а на блюдзе — смажаны баранчык з рысам. У другога — вялізны кошык з яблыкамі, ігрушамі, абрыкосамі і вінаградам, хоць — звяртаю тваю ўвагу, Кузьма Ягорыч! — яшчэ да фруктовага сезону не менш месяца засталося. Трэці на галаве трымае пасудзіну ў выглядзе збана, і ў гэтым збане нешта плешчацца. На пах адчуваю — нейкае віно. Тыпу рыслінг. У чацвёртага ў абедзвюх руках па блюду з пірагамі і пірожнымі. Я, прызнацца, нават рот разявіў.

А іх старшы кажа:

«Лепш бы ты, няверны, паказаў нам, дзе тут сёмае купэ, таму што мы павінны хутчэй выканаць наша заданне».

Я тады пачынаю здагадвацца і пытаю:

«Які ў яго выгляд, у вашага гаспадара? Дзед такі з бародкай?»

Яны кажуць:

«Ён самы. Гэта той, каму мы служым».

Я іх вяду да сёмага купэ, а па дарозе кажу:

«Давядзецца з вашага гаспадара спагнаць штраф за тое, што вы без білетаў ездзіце. Даўно вы ў яго служыце?»

Старшы адказвае:

«Мы яму служым тры тысячы пяцьсот гадоў».

Я, прызнаюся, думаю, што не дачуў. Перапытваю:

«Колькі, кажаце, гадоў?»

Ён адказвае:

«Колькі я сказаў, гэтулькі і служым. Тры тысячы пяцьсот гадоў».

Астатнія трое галовамі ківаюць: маўляў, правільна старшы гаворыць.

«Бацюхны,— думаю,— не хапала мне аднаго вар’ята — яшчэ чацвёра падваліла!»

Але я размову працягваю, як з нармальнымі пасажырамі. Я кажу:

«Што гэта за непарадак! Гэтулькі гадоў служыце, а гаспадар вам нават спяцоўкі простай не справіў. Ходзіце, прабачце, галышом!»

Старшы адказвае:

«Мы ў спяцоўцы не маем патрэбы. Мы нават не ведаем, што гэта такое».

Я тады кажу:

«Дзіўна чуць гэта ад чалавека з такім вялікім вытворчым стажам. Вы, напэўна, не тутэйшыя? Дзе вы стала жывяце?»

Той адказвае:

«Мы зараз са старажытнай Аравіі».

Я кажу:

«Тады мне ўсё зразумела. Вось сёмае купэ. Пастукайце».

Адразу выходзіць той самы дзед, і тут усе яго супрацоўнікі падаюць на калені і падаюць яму сваю ежу і напоі. А я адклікаю старога ўбок і кажу:

«Грамадзянін пасажыр, гэта вашы супрацоўнікі?»

Стары адказвае:

«Так, мае».

Тады я яму кажу:

«Яны без білетаў едуць, за гэта з іх належыць штраф. Вы як, згодны заплаціць?» Стары кажа:

«Згодзен хоць зараз. Ты толькі скажы, што гэта такое — штраф?»

 

Стары Хатабыч. Лазарь Лагин. Иллюстрация 12

 

Я заўважаю, што стары даволі разважлівы, і шэптам яму тлумачу:

«Тут у вас адзін служачы звар’яцеў. Ён гаворыць, што служыць у вас тры з паловай тысячы гадоў. Згадзіцеся, што ён з’ехаў з глузду».

Стары адказвае:

«Не магу згадзіцца, паколькі ён не хлусіць. Так, правільна, тры тысячы пяцьсот гадоў. Нават крыху больш, паколькі мне,— кажа,— было гадоў дзвесце — дзвесце трыццаць, калі я пачаў уладарыць імі».

Я тады старому заяўляю:

«Пакіньце з мяне смяяцца! Гэта непрыгожа ў вашым узросце. Плаціце зараз жа штраф, або я іх ссаджу на бліжэйшай станцыі! І наогул вы мне здаяцеся падазронымі, бо едзеце без багажу ў такую далёкую дарогу».

Стары пытае:

«Гэта што такое — багаж?»

Я адказваю:

«Ну, клункі, валізы і гэтак далей».

Стары смяецца:

«Што ж ты,— кажа,— о праваднік, выдумляеш, што ў мяне няма багажу? Паглядзі на лаўкі!»

Гляджу, а на лаўках поўна-поўна багажу. Толькі што глядзеў — нічога не было. І раптам — на табе! — маса валізаў, безліч клункаў.

Я тады кажу:

«Тут, грамадзянін пасажыр, нешта не ў парадку. Плаціце хутчэй штраф, а на наступнай станцыі я прывяду сюды галоўнага кандуктара — няхай разбіраецца. Я нешта перастаю разумець, у чым справа».

Стары зноў смяецца:

«Які штраф? За каго плаціць штраф?»

Я тады зусім раззлаваўся, павяртаюся, пальцам паказваю на калідор. А там нікога няма! Я знарок увесь вагон абабег, усюды агледзеў. Нават след маіх «зайцаў» прастыў.

Стары кажа:

«Ідзі, о праваднік, да сябе ў купэ!»

Я і пайшоў.

— Цяпер ты разумееш, Кузьма Ягорыч, чаму я цябе пабудзіў? Не верыш? Хочаш, я табе дыхну, каб ты зразумеў, што я зусім цвярозы? Не, я ўжо абавязкова... Што? Пахне віном? Ды ну цябе, Кузьма Ягорыч! Каб я калі-небудзь у дарозе сабе такое дазволіў! Я і чарачкі з учарашняга дня ў рот не браў! Што кажаш: чарачкі не браў, а шклянкі дзве выпіў? Ай-яй-яй, Кузьма Ягорыч! Ха-ха-ха! Ох і жартаўнік! Ха-ха-ха! Хі-хі-хі! Ведаеш што, Кузьма Ягорыч? Давай спяём песню. Што? Пасажыраў пабудзім? А мы ціха.

Бывалі дні вясёлыя,
Гуляў я, маладзец...

Добра, добра, лягу спаць. Я, брат Кузьма Ягорыч, чалавек паслухмяны. Легчы спаць? Калі ласка, з прыемнасцю лягу. Дабранач, Кузьма Ягорыч...»

За гадзіну да прыбыцця цягніка ў Адэсу праваднік прыйшоў у сёмае купэ прыбіраць пасцелі. Хатабыч яго пачаставаў яблыкамі.

— У Маскве, напэўна, куплялі, у «Гастраноме»? — з павагай сказаў праваднік і схаваў яблыкі ў кішэню для свайго сынка.— Рэдкая ў гэты час года рэч — яблыкі,— дадаў ён.— Вялікі вам дзякуй, грамадзянін!

Было відаць, што ён анічагусенькі не памятаў аб тым, што адбылося з ім на перагоне Нара — Малы Яраславец.

Калі ён пакінуў купэ, Жэня захоплена праказаў:

— А малайчына ўсё ж Волька!

— Навошта гэтае слова «ўсё ж»? — сказаў Хатабыч.— Яно зусім лішняе, Волька ібн Алёша — безумоўна малайчына, і яго прапанова, без усякага сумнення, вартая пахвалы.

Паколькі чытачам нашай аповесці, магчыма, не зусім зразумелы сэнс прыведзенай толькі што кароткай размовы, спяшаемся растлумачыць.

Калі ноччу збіты з панталыку праваднік пакінуў сёмае купэ, Волька звярнуўся да Хатабыча:

— Ці можна так зрабіць, каб праваднік усё забыў?

— Гэта для мяне простая дробязь, о Волька ібн Алёша.

— Дык зрабі гэта і як мага хутчэй. Ён тады ляжа спаць, а раніцай прачнецца і нічога не будзе памятаць.

— Цудоўна, о скарбніца разважлівасці! — захоплена прамовіў Хатабыч, махнуў рукой і зрабіў так, што праваднік раптам стаў п’яны.

Гэта здарылася якраз у той момант, калі праваднік дыхнуў у твар свайму зменшчыку, Кузьме Ягорычу.

 


XLIII. Невядомы паруснік

 

На прагулачнай палубе цеплахода «Калхіда», які рабіў чарговы рэйс з Адэсы ў Батумі, стаялі, абапершыся аб парэнчы і нетаропка размаўляючы, некалькі пасажыраў. Ціха грукаталі дзесьці глыбока, у самай сярэдзіне судна, магутныя дызелі, летуценна шапацела вада, плёскаючыся аб высокія барты цеплахода, наверсе, высока-высока над спардэкам, заклапочана папісквала карабельная рацыя.

— А ведаеце, вельмі крыўдна,— сказаў адзін з пасажыраў,— што зніклі вялікія парусныя судны, гэтыя белакрылыя прыгажуны. З якой радасцю я апынуўся б зараз на сапраўдным парусным судне, на фрэгаце, ці што... Цешыцца выглядам тугіх беласнежных ветразяў, слухаць парыпванне магутных і ў той жа час прыгожых і стройных мачтаў, захоплена сачыць за тым, як па загаду шкіпера каманда вокамгненна разбягаецца па розных мачтах, рэях... і як іх яшчэ там называюць! Хоць бы раз удалося мне бачыць сапраўдны паруснік! Толькі каб быў сапраўдны паруснік. А то цяпер нават які-небудзь «дубок» — і той, бачыце, заводзіць сабе маторчык, хоць — звяртаю вашу ўвагу! — лічыцца парусным суднам.

— Парусна-маторным,— паправіў яго грамадзянін у форме гандлёвага марака.

Запанавала маўчанне. Усе, акрамя марака, перайшлі на левы борт глядзець, як зусім недалёка плёскаецца і куляецца ў ласкавым паўднёвым моры вясёлая чародка нястомных дэльфінаў. А для нашага марака дэльфіны ўжо шмат гадоў не былі навіной. Ён зручна ўсеўся ў шэзлонгу і паспрабаваў гартаць нейкі часопіс. Але неўзабаве сонца яго размарыла, ён загарнуў часопіс і пачаў ім абмахвацца як веерам.

І раптам нешта так завалодала яго ўвагай, што ён пакінуў абмахвацца часопісам, усхапіўся на ногі і кінуўся да парэнчаў.

Далёка, амаль каля самага небасхілу, ён убачыў прыгожае, але вельмі старамоднае паруснае судна, якое хутка, вельмі хутка імчалася па хвалях. Яно здавалася прывідам са старадаўняй чароўнай казкі.

— Таварышы! — закрычаў марак сваім нядаўнім суразмоўцам.— Таварышы, сюды, хутчэй! Паглядзіце, які цікавы паруснік!.. Ну і старасветчына!.. Ого, ды ў яго нешта здарылася з грот-мачтай!.. Няма грот-мачты! Нібы карова языком злізала! Бацюхны-ы-ы! Ды вы толькі паглядзіце, у яго ж ветразі не ў той бок надзьмуты!.. Паводле ўсіх законаў, фок-мачта павінна была ўжо даўно паляцець за борт!.. Сапраўдныя цуды ў рэшаце!..

Але, пакуль пасажыры паслухаліся яго і вярнуліся на правы борт, невядомага судна ўжо не было відаць. Мы кажам «невядомага» таму, што марак гатоў быў паклясціся, што гэты цудоўны паруснік не быў прыпісаны ні да аднаго з савецкіх портаў Чорнага мора. І сапраўды, судна, заўважанае з борта цеплахода, не было прыпісана ні да аднаго з савецкіх портаў Чорнага мора. Не было яно прыпісана і ні да аднаго з замежных портаў. Яно наогул нідзе і ні да чаго не было прыпісана па той простай прычыне, што з’явілася на свет і было спушчана на ваду ўсяго некалькі гадзін назад.

Паруснік гэты называўся «Шаноўны Амар», у гонар няшчаснага брата нашага даўняга знаёмага — Гасана Абдурахмана ібн Хатаба.

 


XLIV. На “Шаноўным Амары”

 

Калі б ужо вядомы нам праваднік міжнароднага вагона хуткага цягніка Масква — Адэса якім-небудзь цудам трапіў на борт двухмачтавага парусніка «Шаноўны Амар», больш за ўсё яго здзівіла б не тое, што ён ні з таго ні з сяго раптам апынуўся на марскім караблі, і нават не тое, што гэты карабель не падобны на звычайныя судны, што плаваюць па нашых морах і рэках. Больш за ўсё яго здзівіла б, што ён знаёмы з усімі пасажырамі і ўсёй камандай «Шаноўнага Амара».

Стары і два яго юныя спадарожнікі толькі сёння раніцай пакінулі купэ нумар сем міжнароднага вагона, а экіпаж карабля складаўся якраз з тых чатырох цемнаскурых грамадзян, у якіх вытворчы стаж пачынаўся з XVI стагоддзя да нашай эры.

Можна думаць, што другая сустрэча з імі надоўга ўклала б нашага ўражлівага правадніка ў пасцель.

Ужо нашто і Волька і Жэня прывыклі за апошнія дні да розных нечаканасцей, але і тыя былі нямала агарошаны, сустрэўшы на караблі сваіх нядаўніх знаёмых, якія аказаліся да таго ж вельмі лоўкімі і вопытнымі матросамі.

Удосталь налюбаваўшыся хуткімі і дакладнымі рухамі нешматлікай каманды «Шаноўнага Амара», якая бесклапотна лазіла па снасцях высока над палубай, нібы гэта была гладкая паркетная падлога, хлопчыкі пайшлі аглядаць карабель. Ён быў вельмі прыгожы, але малы, не большы за маскоўскі рачны трамвай.

Між іншым, Хатабыч запэўніваў, што нават у Сулеймана ібн Дауда не было такога вялізнага карабля, як «Шаноўны Амар».

Усё на «Шаноўным Амары» ззяла здзіўляючай чысцінёй і багаццем. Яго барты, высокі разны нос і карма былі інкруставаны золатам і слановай косцю. Палуба з каштоўнага ружовага дрэва была заслана дыванамі, якія былі амаль такія ж багатыя, як і тыя, што ўпрыгожвалі сабой каюты Хатабыча і яго сяброў.

Тым больш было для Волькі дзіўным, калі ў насавой частцы карабля ён раптам убачыў цёмны, брудны заканурак з нарамі, на якіх валяліся кучы розных ануч.

Пакуль ён, перамогшы гідлівасць, знаёміўся з убогім убраннем гэтага малюсенькага пакойчыка, падышоў Жэня. Жэня пасля стараннага агляду зрабіў вывад, што гэты непрыглядны заканурак прызначаны для тых піратаў, якіх яны, магчыма, зловяць у дарозе.

— Зусім не тое,— адстойваў свой пункт погляду Волька.— Гэта проста засталося пасля капітальнага рамонту. Пасля рамонту часам застаецца які-небудзь закінуты куток, дзе і анучы валяюцца і рознае іншае смецце.

— Якая можа быць размова пра капітальны рамонт, калі яшчэ сёння раніцай гэтага карабля і ў прыродзе не існавала? — сказаў Жэня.

На гэтае пытанне Волька не мог даць здавальняючага адказу, і хлопчыкі пайшлі да Хатабыча, каб той дапамог вырашыць іх спрэчку.

Але аказалася, што стары спіць, так што ўбачыліся з ім хлопчыкі толькі гадзіны праз паўтары, за абедам.

Няўмела падкурчыўшы пад сябе ногі, яны селі на пушысты дыван, які пераліваўся дзівосна яркімі фарбамі. Ні крэслаў, ні сталоў не было ні ў гэтых пакоях, ні наогул дзе б там ні было на гэтым караблі.

Адзін член экіпажа застаўся наверсе каля штурвала, астатнія ўнеслі і расставілі на дыване мноства розных страў, закусак, фруктаў і напояў.

Калі яны павярнуліся, каб пакінуць памяшканне, Волька і Жэня аклікнулі іх:

— Куды Вы, таварышы?

А Волька пачціва пацікавіўся:

— А вы што, хіба не будзеце абедаць?

Слугі ў адказ толькі замахалі рукамі.

Хатабыч разгубіўся:

— Я, напэўна, недастаткова ўважліва слухаў вас, о юныя мае сябры. Мне здалося, нібы вы запрасілі на нашу трапезу тых, хто нас абслугоўвае...

— Ну але ж, запрасілі,— сказаў Волька.— Што ж тут асаблівага?

— Дык жа гэта простыя матросы,— запярэчыў Хатабыч такім тонам, нібы гэтымі словамі пытанне было вычарпана.

Аднак, на яго здзіўленне, хлопчыкі ўсё ж засталіся пры сваёй думцы.

— Тым больш, што матросы,— сказаў Волька,— не якія-небудзь капіталісты, а самыя сапраўдныя працоўныя, свае людзі.

А Жэня дадаў:

— Трэба яшчэ ўлічыць, што яны, здаецца, негры, прыгнечаная нацыя. Да іх трэба асабліва чула ставіцца.

— Тут проста нейкае непаразуменне,— захваляваўся Хатабыч, збянтэжаны дружным націскам з боку хлопчыкаў.— Я ў другі раз прашу вас прыняць пад увагу, што гэта простыя мараходы. Нам не да твару сядзець з імі за адной трапезай. Гэта прынізіць нас у іх вачах і ў нашых уласных.

— Мяне ніколькі не прынізіць,— адразу ж запярэчыў Волька.

— І мяне не прынізіць. Наадварот, будзе вельмі цікава,— сказаў, у сваю чаргу, Жэня, з жадобай паглядаючы на дымлівую смажаную індычку.— Кліч хутчэй матросаў, а то індычка астыне.

— Мне штосьці не хочацца есці, о юныя мае сябры. Я буду абедаць пазней,— панура прамовіў Хатабыч і тры разы гучна пляснуў у далоні: — Гэй, слугі!

Матросы з’явіліся ў той жа момант.

— Гэтыя маладыя паны мелі ласку выказаць пажаданне паабедаць разам з вамі, нікчэмнымі маімі слугамі.

— О вялікі і магутны ўладар! — прамовіў старшы з матросаў, упаўшы ніц перад Хатабычам і дакрануўшыся ілбом да каштоўнага пушыстага дывана.— Нам зусім не хочацца есці. Мы вельмі сытыя. Мы такія сытыя, што ад адной толькі куранячай ножкі нашы страўнікі разарвуцца на часткі, і мы памром у страшэнных пакутах.

— Хлусяць! — пераконана прашаптаў Волька на вуха Жэню.— Галавой ручаюся — хлусяць. Яны хацелі б паабедаць, але баяцца Хатабыча... Вось вы кажаце, што сытыя,— звярнуўся ён да матросаў,— а скажыце, калі ласка, калі вы паспелі паабедаць?

— Хай жа будзе табе вядома, о юны і высакародны мой уладар, што мы можам па году і больш устрымлівацца ад ежы, не адчуваючы голаду,— ухіліста адказаў за ўсіх старшы з матросаў.

— Яны нізавошта не згодзяцца,— расчаравана заявіў Жэня.— Яны яго баяцца.

Матросы падаліся да выхаду і зніклі.

— Нешта ў мяне, на маё шчасце, раптам зноў разгуляўся апетыт,— бадзёра прамовіў Хатабыч.— Пачнём жа хутчэй трапезнічаць.

— Не ўжо, абедай ты, Хатабыч, адзін, а мы табе не кампанія! — сярдзіта прабурчаў Жэня і рашуча ўстаў з дывана.— Хадзем, Волька!

— Хадзем. Эх! Выхоўваеш чалавека, перавыхоўваеш, а толку ні на грош...

І стары застаўся сам-насам з некранутым абедам. Ён сядзеў, падкурчыўшы пад сябе ногі, прамы, напышлівы і ўрачысты, як усходні бажок. Але як толькі хлопчыкі схаваліся за полагам, які аддзяляў каюту ад палубы, Хатабыч пачаў з усяе сілы малаціць сябе па галаве сваімі сухенькімі, але моцнымі, як жалеза, кулачкамі. Гора, гора беднаму Гасану Абдурахману ібн Хатабу! Зноў нешта атрымалася зусім не так, як яму хацелася. А як жа добра пачалося падарожжа на «Шаноўным Амары»! З якім шчырым захапленнем хвалілі хлопчыкі яго ўбранне, яго ветразі, што пераліваліся на сонцы ўсімі колерамі вясёлкі, яго мяккія дываны, у якіх босая нага прыемна танула па самыя шчыкалаткі, яго дарагія парэнчы з чорнага дрэва і слановай косці, яго магутныя стройныя мачты, аздобленыя мазаікай з цудоўных і вельмі рэдкіх камянёў!

Чаму ж раптам прыйшла ім у галаву такая дзіўная выдумка? А раптам гэта не выдумка, не капрыз, а зусім-зусім іншае? Якія дзіўныя гэтыя отракі — яны адмаўляюцца, не зважаючы на голад, ад балявання толькі таму, што яго слугам не дазволена паабедаць з імі, як роўным з роўнымі! Ах, як незразумела, крыўдна і голадна, вельмі голадна было Хатабычу!

Пакуль пачуццё прыхільнасці да Волькі і Жэні змагалася ў грудзях старога з забабонамі тысячагадовай даўнасці, нашы юныя падарожнікі горача абмяркоўвалі становішча, якое зараз стварылася на караблі. Слугі Хатабыча стараліся не паказвацца ім на вочы, але адзін з іх — не то па няўважлівасці, не то па неасцярожнасці — раптам паказаўся з таго самага заканурка, які, паводле першапачатковых меркаванняў Волькі, прызначаўся для палонных піратаў. Значыць, гэты ўбогі заканурак служыў на багатым «Шаноўным Амары» кубрыкам для матросаў.

— Не-е! — абурана заключыў Волька.— На такім караблі мы нізавошта не застанёмся! Або Хатабыч неадкладна, зараз жа, зменіць парадкі на ім, або няхай стары вяртае нас дадому, а нашаму сяброўству з ім канец.

І раптам яны пачулі ззаду сябе голас Хатабыча.

— О ветразі майго сэрца,— звярнуўся да іх хітры стары так, нібы нічога асаблівага не здарылася,— навошта вы марнуеце час тут, на палубе, калі вас чакае вытанчаны і сытны абед? Індычка яшчэ дыміцца, але ж яна можа астыць, і смак яе тады непазбежна пагоршыцца. Паспяшаемся ж назад у каюту, бо і ўлюбёныя мае матросы і я, пакорлівы ваш слуга, знемагаем ад голаду і смагі.

Хлопчыкі зазірнулі ў толькі што пакінутую імі каюту і ўбачылі матросаў, якія чынна сядзелі на дыване, чакаючы іх звароту.

— Добра,— суха сказаў Волька.— Нам яшчэ давядзецца, Хатабыч, вельмі сур'ёзна з табой пагутарыць. А пакуль пачнём абедаць.

Не паспела скончыцца трапеза, як на моры ўзняліся моцныя хвалі; маленькае судна то ўзлятала на грэбень вялікай хвалі, то апускалася ў глыбокую цясніну між дзвюма вялізнымі вадзянымі сценамі. Хвалі з грукатам і шалёным шыпеннем перакочваліся цераз палубу і ўжо даўно змылі ў мора дываны, якія яе засцілалі. Вадзяныя патокі раз-пораз урываліся ва ўнутраныя памяшканні. Зрабілася холадна, бо жароўню з гарачымі вуголлямі так шпурляла з кутка ў куток, што, каб пазбегнуць пажару, яе выкінулі за борт. Пашарэлыя ад холаду слугі-матросы, адзіным адзеннем якіх былі павязкі вакол клубоў, заўзята завіхаліся каля ветразяў, якія злавесна хлюпалі.

Яшчэ паўгадзіны і ад «Шаноўнага Амара» застаўся б толькі сумны ўспамін. Аднак хваляванне спынілася гэтак жа нечакана, як і пачалося. Выглянула сонца. Зноў зрабілася цёпла. Затое настаў, поўны штыль. Ветразі вяла павіслі, і карабель пачаў пагойдвацца на заціхаючай хвалі, ніколькі не рухаючыся наперад.

Хатабыч вырашыў, што яму выпаў зручны выпадак паправіць пахіснутыя адносіны са сваімі спадарожнікамі. Радасна паціраючы рукі, ён сказаў:

— Штыль? Хай жа будзе вам вядома, о велікадушныя і справядлівыя отракі, што штыль для нас — проста дробязь. Мы цудоўна абыдземся і без ветру. Зараз «Шаноўны Амар» памчыцца яшчэ хутчэй чымся раней... Хай будзе так!

І ён пстрыкнуў пальцамі левай рукі.

Адразу ж «Шаноўны Амар» з шалёнай хуткасцю ірвануўся наперад, пры гэтым ветразі, сустрэўшы супраціўленне паветра, натуральна, надзьмуліся ў напрамку, процілеглым ходу карабля.

За ўсё існаванне паруснага суднаходства нікому не даводзілася быць сведкам такога дзіўнага відовішча. Аднак ні Волька, ні Жэня, ні Хатабыч, якія стаялі ў гэты час на карме, не паспелі ім нацешыцца, таму што сілай інерцыі іх скінула з кармы ў ваду. Адразу ўслед за гэтым грот-мачта, не вытрымаўшы жахлівага супраціўлення паветра, са страшным трэскам упала на тое месца, дзе толькі што стаялі нашы падарожнікі.

«Шаноўны Амар» імгненна схаваўся з поля зроку.

«Зараз была б вельмі дарэчы шлюпка або, на благі канец, выратавальны круг,— падумаў Волька, валтузячыся ў вадзе і фыркаючы, як конь.— Берагоў не відаць».

Сапраўды, куды ні глянь, усюды відаць было толькі спакойнае і бязмежнае мора.

 


XLV. Кілім-гідрасамалёт “УК-1”

 

— Куды ты? — аклікнуў Волька Жэню, які хутка плыў кудысьці ўбок.— Усё роўна да берага не даплыць. Не марнуй сілы, кладзіся на спіну.

Жэня паслухаўся. Лёг на спіну і Хатабыч, беражліва прыўзняўшы ў правай руцэ свой капялюш.

Так пачалася адзіная ў гісторыі мараходства нарада пацярпеўшых караблекрушэнне, на якой прамоўцы выказваліся, лежачы на спіне.

— Вось мы пацярпелі караблекрушэнне,— амаль што са задавальненнем прамовіў Волька, які самачынна ўзяў на сябе абавязкі старшыні.— Што ты там задумаў? — запытаў ён, убачыўшы, што Хатабыч пачаў вырываць свабоднай левай рукой валаскі са сваёй барады.

— Я хачу вярнуць назад наш карабель. На вялікае шчасце наша, мая барада ніколькі не прамокла.

— Паспееш,— суха спыніў яго Волька.— Яшчэ пытанне, ці захочам мы на яго вяртацца. Мне, напрыклад, не хочацца. Шчыра скажам: на ім не чалавечыя, не савецкія парадкі! Нават успомніць агідна.

— Па-мойму, таксама. «Шаноўны Амар» адпадае,— падтрымаў яго Жэня.— Толькі вось што, Хатабыч: трэба як мага хутчэй паклапаціцца аб выратаванні матросаў. А то як бы яны не загінулі разам з суднам.

Хатабыч нахмурыўся:

— Менш за ўсё хай турбуе вас лёс маіх нікчэмных слуг. Восьпяць ужо хвілін, не менш, як яны ў Аравіі. Там яны жывуць стала, там яны і зараз чакаюць маіх далейшых загадаў. Але скажыце мне, о мачты майго сэрца, чаму нам не прадоўжыць бы наша падарожжа на «Шаноўным Амары»?

— Здаецца, табе добра растлумачылі,— адказаў Волька.

— І наогул,— зазначыў Жэня,— паруснік — вельмі ненадзейны і марудны тып судна. Залежыш ад усякай перамены надвор’я... Не-е-е, «Шаноўны Амар» канчаткова адпадае.

— О якары майго шчасця! — жаласна захныкаў Хатабыч.— Я зраблю ўсё, каб...

— Бясспрэчна адпадае,— зноў перапыніў яго Волька пакурчваючыся. Было вельмі непрыемна ляжаць у вадзе апранутым і абутым.— Застаецца высветліць, што яшчэ можа нам прапанаваць Хатабыч.

— Я магу ўзяць вас пад пахі і паляцець.

— Адпадае! — адрэзаў Волька.— Вялікі дзякуй — ляцець у кагосьці пад пахамі!

— Не ў кагосьці, а ў мяне! — пакрыўдзіўся Хатабыч.

— Нават у цябе.

— Тады я асмелюся прапанаваць вашай асвечанай увазе кілім-самалёт. Цудоўны транспарт, о разборлівыя сябры мае!

— Вось ужо не сказаў бы, што цудоўны! Замерзнеш на ім, ды і ляціш марудна і без ніякіх выгод,— задумліва прамовіў Волька і раптам усклікнуў: — Ідэя! Чэснае піянерскае, ідэя!

Ён адразу ж каменем пайшоў пад ваду, паколькі ў прыпадку захаплення не прыдумаў нічога лепшага, як пачаць самому сабе апладзіраваць. Ён вынырнуў, сапучы і адплёўваючыся, зноў лёг як мага зручней на спіну і, нібы нічога не здарылася, працягваў:

— Трэба ўдасканаліць кілім-самалёт: зрабіць яго абцякальнай формы, уцяпліць, абсталяваць ложкамі і паставіць на паплаўкі.

Цяжэй за ўсё было растлумачыць Волькаву прапанову Хатабычу. Па-першае, стары не ведаў, што такое «абцякальная форма»; па-другое, уяўлення не меў аб паплаўках.

Такая, здавалася б, простая рэч — «абцякальная форма», а тлумачыць прыйшлося вельмі доўга, пакуль не здагадаліся сказаць, што абцякальны кілім-самалёт павінен быць падобным на агурок, у якога зразумела, выдзеўбаны асяродак.

Так-сяк, таксама з вялікімі цяжкасцямі, растлумачылі старому і наконт паплаўкоў.

І вось нарэшце ўзвіўся ў паветра і лёг курсам на зюйд-зюйд-вест абцякальны кілім-гідрасамалёт «УК-1». У перакладзе з авіяцыйна-канструктарскай мовы на звычайную, жыццёвую, «УК-1» азначала: «Уладзімір Кастылькоў. Першая мадэль».

Падобны на вялізны агурок з невялікім хвосцікам ззаду, якія бываюць у агуркоў, толькі што сарваных з градкі, гэты крыты кілім-гідрасамалёт меў тры спальныя месцы і ў кожным з бартоў па два акенцы, прарэзаных у тоўстай калматай дывановай тканіне.

Лётныя якасці Волькавай канструкцыі аказаліся куды вышэйшыя, чым у звычайнага кіліма-самалёта.

Хутка прамільгнулі пад нашымі падарожнікамі Чорнае мора, Басфор, Дарданэлы, Малая Азія, высушаныя спякотным сонцам пласкагор’і Аравійскага паўвострава. Потым глыбока ўнізе паказаліся жоўтыя пяскі Сінайскай пустыні. Вузкая палоска Суэцкага канала аддзяляла яе ад дакладна такіх жа жоўтых пяскоў Аравійскай пустыні, і гэта ўжо была Афрыка, Егіпет.

Адсюль Хатабыч збіраўся пачаць свае пошукі Амара Юсуфа ў Міжземным моры: ад самага ўсходняга яго пункту да самага заходняга. Але яшчэ не паспеў «УК-1» знізіцца да двухсот метраў, як Хатабыч злосна абазваў сябе старым дурнем, а кілім-гідрасамалёт зноў пачаў набіраць вышыню і лёг курсам на захад. За час, праведзены ў пасудзіне, Хатабыч забыў, што ў гэтым месцы ўпадае ў Міжземнае мора Ніл і вада тут вечна каламутная ад глею і пяску, якія гэтая магутная і паўнаводная рака выносіць далёка ў мора. Якія ж пошукі могуць быць у гэтай густой жоўтай каламуці? Толькі вочы запарушыш.

Хатабыч вырашыў адкласці абследаванне гэтага нязручнага раёна на той выпадак, калі не ўдасца знайсці Амара Юсуфа ў астатняй частцы Міжземнага мора.

Мінуў яшчэ нейкі час, і яны знізіліся ў ціхай блакітнай бухтачцы, непадалёк ад горада Героны[3].

 


XLVI. Інтэрв’ю з юным геронцам

 

— Перш за ўсё асцярожнасць! І не балбатаць! — скамандаваў Волька, калі ўсе трое выбраліся на бераг, а кілім-гідрасамалёт знік ад узмаху рукі Хатабыча.— Яшчэ невядома, куды мы трапілі.

— Вызначым месца па самалёту,— сказаў Жэня.— Вунь па тым.

Аднекуль з захаду ляцеў вялікі самалёт. А трэба вам сказаць, што ва ўсёй 124-й школе не было лепшага знаўцы авіяцыі, чым Жэня Багарад. Ён мог з першага позірку вызначыць дзяржаўную прыналежнасць самалёта. Ён ведаў штук сорак апазнавальных знакаў.

Самалёт нізка праляцеў над нашымі падарожнікамі і схаваўся за бліжэйшым узгоркам.

— Амерыканскі! — зрабіў вывад Жэня.— Белая зорка — апазнавальны знак амерыканскай авіяцыі.

Праляцеў і схаваўся за тым жа ўзгоркам яшчэ адзін самалёт. І гэты таксама меў на сваім фюзеляжы амерыканскую белую зорку.

— Адно з двух,— сказаў Волька: — мы трапілі або ў Грэцыю, або ў Італію.

— Сіньёр Умберта-а-а! — даляцеў здалёку высокі хлапечы голас.— Сіньёр Умберта-а-а! Вас гаспадар кліча!

— Калі «сіньёр» — значыць, Італія,— сказаў Волька.— Значыць, мы ў Італіі.

— Дзіўная справа, як гэтыя амерыканцы лятаюць сабе над Італіяй, нібы над якой-небудзь амерыканскай тэрыторыяй! Проста выключнае нахабства! — задумліва прамовіў Жэня.— Быў бы я італьянцам...

Але як здзівіліся б нашы героі, даведаўшыся, хто прыляцеў толькі што ў Італію на тым, першым самалёце! У той час, калі яны выказвалі сваё абурэнне з прычыны амерыканскага гаспадарання ў гэтай цудоўнай краіне, на аэрадроме за ўзгоркам падкацілі да самалёта, які зрабіў пасадку, дзюралевую высокую лесвіцу, і па ёй спусціўся, фанабэрыста вылупіўшы маленькія, свіныя вочкі, містэр Гары Вандэндалес уласнай персонай.

Але хлопчыкі і Хатабыч гэтага яшчэ не ведалі.

— Італія! Мы ў Італіі! Вось гэта здорава! — не ўтрымаўся і крыкнуў Жэня.— Раніцай — у Адэсе, гадзіну назад — над Суэцкім каналам, а зараз — ужо ў Італіі. Праўда, здорава?

Волька замахаў на яго рукамі, каб ён паводзіў сябе цішэй.

— Ох, і востра ж нам трэба вуха трымаць! — сказаў ён.— І, галоўнае, менш балбатаць.

— Ды хто нас тут зразумее? Мы ж па-італьянску ні бум-бум! — пырснуў Жэня.

— Нічога не азначае, што не зразумеюць, Гэта нават, можа, горш, што не зразумеюць.

— Чаму, о юныя мае сябры, вас не зразумеюць? — пакрыўдзіўся Хатабыч.— Калі я з вамі, дык і вас зразумеюць і вы будзеце разумець тутэйшую мову, як яе разумею я.

— Тым больш трэба трымаць вуха востра! — зноў падкрэсліў Волька.

Хатабыч хацеў адразу пусціцца на пошукі Амара Юсуфа, але хлопчыкі ўгаварылі яго пайсці з імі паглядзець горад. Па прыгожай шырокай дарозе, якая ішла ўздоўж берага, толькі зрэдку з ціхім шамаценнем прабягалі машыны ды, мякка ступаючы капыткамі, пляліся цяжка нагружаныя вослікі.

Неўзабаве паказаўся вялікі пляж. Акрамя некалькіх амерыканскіх афіцэраў і салдат, на ім нікога не было.

Нашы падарожнікі, не спыняючыся, мінулі пляж і праз нейкі час увайшлі ў горад.

Высокія шматпавярховыя старадаўнія дамы чаргаваліся з не менш старажытнымі аднапавярховымі халупамі. Было горача і душна. Па вузкіх і брудных вуліцах хадзіла мноства людзей, бедна апранутых, знясіленых, але вясёлых. Яны нешта горача абмяркоўвалі, ажыўлена махалі рукамі, спявалі песні, спыняліся каля адчыненых вокнаў і, абапёршыся аб падаконнік, аб нечым горача расказвалі жыхарам, якія высоўваліся з вокнаў.

— Відаць, сёння ў іх выхадны дзень,— здагадаўся Волька і звярнуўся да хлопчыка, які сядзеў на шчарбатым парозе каля адчыненых дзвярэй змрочнага і сырога трохпавярховага дома і майстраваў з вельмі старога цыгарнага карабка параход.

— Скажы, хлопчык, у вас сёння выхадны дзень?

Юны геронец здзіўлена паглядзеў на Вольку і яго спадарожнікаў:

— Як ты сказаў? Выхадны дзень? Што гэта такое — выхадны дзень?

— У вас сёння нядзеля? — паправіўся Волька.

— Нібыта сам ты не ведаеш, што сёння пятніца! — насмешліва адказаў хлопчык.

— Тады сёння, напэўна, нейкае свята? — працягваў свае роспыты Волька.

— Адкуль ты гэта ўзяў? — здзівіўся хлопчык.— Было б свята, званілі б у званы.

— Чаму ж тады, у такім выпадку, так многа людзей блукае па вуліцы ў рабочы час?

— Ты, мусіць, нетутэйшы,— сурова адказаў хлопчык.— Адно з двух: або ты нетутэйшы, або ты ненармальны.

— Я нетутэйшы,— хуценька адказаў Волька.— Я зусім нармальны, але я нетутэйшы. Я з... я з Неапаля.

— А хіба ў вас у Неапалі рабочыя не бастуюць супраць урада і амерыканскіх пацукоў? — узлаваўся юны геронец.— Ведаеш што, ідзі ты пакуль цэлы! У нас хлопчыкі не любяць, калі да іх прыстаюць з недарэчнымі пытаннямі!.. Пачакай, пачакай! А можа, табе падабаюцца нашы правіцелі і іх амерыканскія гаспадары? — крыкнуў ён наўздагон Вольку.— Ты кажы адразу! Падабаюцца?..

— Што ты! — абурыўся Волька.— Як табе не сорамна так абражаць незнаёмых хлопчыкаў! Ды я іх проста ненавіджу!

— І я іх таксама ненавіджу,— сказаў Жэня.— Мы, калі хочаш ведаць, толькі што здзіўляліся, як гэта вы іх церпіце...

— Хто гэта — мы? Геронцы?

— Не, італьянцы! Такі цудоўны, баявы народ...

— Як гэта — італьянцы?! А ты хто— вавілонянін, ці што?.. Хлопцы-ы-ы! — закрычаў раптам злосна геронец, звяртаючыся да суседскіх хлопчыкаў.— Хлопцы, сюды-ы-ы!..

— Няхай мы як мага хутчэй знікнем, Хатабыч! — паспешліва прашаптаў Волька.— Хутчэй жа!..

Яны зніклі, на вялікае здзіўленне юнага геронца, які праз гэтую непрадбачаную і зусім незразумелую акалічнасць апынуўся ў вельмі няёмкім становішчы перад скліканымі ім сябрамі...

— Я казаў табе: трымай язык за зубамі! — прабіраў Волька Жэню, які адчуваў сябе вінаватым і не ведаў, куды падзецца ад сораму.— Чорт ведае што можа нарабіць чалавек, які ляпае першае, што яму ўзбрыдзе ў галаву!. Вось цяпер праз цябе так і не агледзелі горад.

— Я цешу сябе надзеяй, о самы разважлівы з вучняў 124-й школы (гэта быў важкі камень у Жэнеў агарод), што мы яшчэ будзем мець магчымасць агледзець усе яго вуліцы, плошчы і дамы,— супакойліва зазначыў Хатабыч.— А калі цябе бянтэжыць магчымасць сустрэцца з тым свавольным хлопчыкам, які вас так напалохаў, дык табе варта толькі сказаць слова, і я перанясу яго куды-небудзь далей ад гэтых мясцін.

— Толькі паспрабуй! — ускіпеў Волька.— Гэта вельмі цудоўны хлопчык! Я на яго месцы зрабіў бы тое ж самае.

— І я таксама,— сказаў Жэня, вінавата пазіраючы ўбок.— Давай, Волька, мірыцца, га? Я вінаваты, але больш не буду. Добра?

— Добра,— велікадушна адказаў Волька і паціснуў нясмела працягнутую руку Жэні Багарада.— Мір дык мір!..

— Хадзем жа на бераг мора,— нецярпліва прапанаваў Хатабыч,— каб я мог неадкладна пачаць пошукі майго няшчаснага брата.

Гэтая размова адбывалася на шашы, па якой яны яшчэ некалькі хвілін назад, поўныя турысцкіх планаў, крочылі ў Герону. Цяпер яны пайшлі ў адваротным напрамку, шукаючы ціхае месца далей ад дарогі і будынкаў.

 


XLVII. Згублены і вернуты Хатабыч

 

— Пажадайце мне хуткай удачы! — усклікнуў Хатабыч, ператварыўся ў рыбу і нырнуў у ваду.

Вада была празрыстая, зусім не такая, як каля дэльты Ніла, і было добра відаць, як, хутка махаючы плаўнікамі, стары накіраваўся ў адкрытае мора.

Чакаючы яго звароту, нашы сябры разоў дзесяць выкупаліся, удосталь наныраліся, да адурэння напякліся на сонцы і нарэшце, моцна прагаладаўшыся, пачалі хвалявацца. Хатабыч падазрона доўга не вяртаўся, хоць абяцаў больш гадзіны не затрымлівацца. Ужо даўно зайшло сонна, азарыўшы небасхіл і ціхае мора фарбамі дзівоснай прыгажосці, ужо ўдалечыні замільгалі тысячы гарадскіх агнёў, а старога ўсё яшчэ не было.

— Няўжо загінуў? — панура прамовіў Жэня.

— Не можа ён загінуць,— азваўся Волька.— Такія старыя, брат, не гінуць.

— Яго магла праглынуць акула.

— У гэтых мясцінах акулы не водзяцца,— запярэчыў Волька, хоць у гэтым ён не быў цвёрда перакананы.

— А мне нешта есці захацелася,— шчыра прызнаўся Жэня пасля кароткага маўчання.

У гэты час непадалёку з ціхім плёскатам прычаліла лодка. З яе вылезлі тры рыбакі. Адзін з іх узяўся раскладваць з сухога ламачча агонь, а астатнія пачалі выбіраць драбнейшую рыбку, чысціць яе і кідаць у кацялок з вадой.

— Пойдзем папросім у іх чаго-небудзь паесці,— прапанаваў Жэня.— Свае ж людзі — працоўныя.

Волька згадзіўся.

— Добры вечар, сіньёры! — ветліва пакланіўся Жэня, звяртаючыся да рыбакоў.

— Падумаць толькі, як шмат развялося ў нашай беднай Італіі бяздомных дзяцей! — прамовіў прастуджаным голасам адзін з рыбакоў, сівы і худы.— Джавані, дай ім чаго-небудзь паесці.

— Хлеба ў абрэз, але цыбулін хопіць, а солі ёсць нават больш, чым трэба! — весела адгукнуўся кучаравы каржакаваты хлопец гадоў дзевятнаццаці, які чысціў рыбу для вячэры.— Сядайце, хлопчыкі, хутка будзе гатова найсмачнейшая з юшак, калі-небудзь згатаваных у Героне і яе ваколіцах.

Можа, вясёлы Джавані сапраўды быў кухарам-самародкам, а можа, хлопчыкі ўжо вельмі прагаладаліся, але ім здалося, што яны зроду не каштавалі больш смачнай стравы. Яны елі з такім апетытам, раз-пораз прыцмокваючы ад задавальнення языком, што рыбакі, гледзячы на іх, толькі пасмейваліся.

— Калі хочаце яшчэ,— сказаў, пацягваючыся, Джавані,— гатуйце самі— навука няхітрая. А мы пакуль прыляжам адпачыць. Толькі буйную рыбу не бярыце. Буйная пойдзе раніцай на продаж, каб нам было чым заплаціць падаткі сіньёру міністру фінансаў. Вы, напэўна, чулі пра гэтага сіньёра: ён увесь час клапоціцца, каб у нас у кашальку не заваляліся лішнія грошы, а то ў сіньёра ваеннага міністра не будзе за што купляць амерыканскую зброю...

Жэня адразу ж пачаў завіхацца каля агню, а Волька, закасаўшы штаны, прабраўся па вадзе да лодкі, заваленай заснуўшай рыбай.

Набраўшы колькі трэба, ён хацеў ужо вяртацца на бераг, калі позірк яго выпадкова ўпаў на складзеныя каля мачты рыбалоўныя сеткі. Адзінокая рыбка білася ў іх, то заміраючы, то з новай сілай пачынаючы свае марныя спробы вызваліцца.

«Спатрэбіцца для юшкі»,— падумаў Волька і выняў яе з вочка сеткі. Але ў яго руках яна зноў забілася з такой сілай, што Вольку раптам зрабілася вельмі шкада яе, і ён, азірнуўшыся, як бы не заўважылі рыбакі, кінуў рыбку за борт.

Рыбка ледзь чутна пляснулася аб цёмную ваду бухты і ператварылася ў радаснага Хатабыча.

— Хай жа будзе блаславёны дзень твайго нараджэння, о добрасардэчны сын Алёшы! — расчулена прамовіў ён, стоячы па пояс у вадзе.— Ты зноў выратаваў мне жыццё. Яшчэ некалькі імгненняў — і я задыхнуўся б у сетках, у якія так бесклапотна трапіў у пошуках майго няшчаснага брата.

— Хатабыч, дарагі, ну які ты малайчына, што аказаўся жывы! — сказаў шчаслівы Волька.— Мы тут так за цябе хваляваліся!

— А мяне мучыла думка, што ты, о двухразовы мой збавіцель, і наш юны сябра засталіся без мяне галодныя і адзінокія ў чужой краіне.

— Мы зусім не галодныя, нас тут рыбакі здорава накармілі.

— Хай жа будуць блаславёны гэтыя добрыя людзі! — горача прамовіў Хатабыч.— Яны багатыя?

— Па-мойму, вельмі бедныя.

— Хадзем жа хутчэй, і я ім добра аддзякую.

— Я думаю, што так рабіць не варта,— сказаў, крыху падумаўшы, Волька.— Пастаў сябе на іх месца: раптам ноччу з вады вылазіць нейкі мокры дзед... Не, так дрэнна.

— Ты, як заўсёды, правільна гаворыш,— згадзіўся Хатабыч.— Вяртайся на бераг, а я хутка прыйду да вас.

Праз нейкі час рыбакоў, якія ўжо задрамалі, разбудзіў конскі тупат. Неўзабаве каля дагараючага вогнішча спыніўся незвычайны коннік.

Гэта быў стары ў танным парусінавым гарнітуры і цвёрдым саламяным капелюшы канацье. Яго велічная барада развявалася на ветры, адкрываючы для ўсеагульнага агляду вышываную ўкраінскую кашулю. Ногі яго ў мудрагелістых, вышытых золатам і срэбрам ружовых пантофлях з мудрагеліста загнутымі ўгору насамі ўпіраліся ў залатыя страмёны, усыпаныя алмазамі і смарагдамі. Сядло, на якім ён сядзеў, было такім цудоўным, што само па сабе з’яўлялася сапраўдным скарбам. Пад сядлом танцаваў конь неапісальная прыгажосці. У абедзвюх руках стары трымаў па вялікай валізе.

— Ці магу я ўбачыць высакародных рыбакоў, якія так велікадушна далі прытулак і накармілі двух галодных і адзінокіх отракаў? — звярнуўся ён да Джавані, які ішоў яму насустрач.

Не чакаючы адказу, Хатабыч злез з каня і з палёгкай паставіў валізы на пясок.

— А ў чым справа? — запытаў асцярожны Джавані.— Вы іх хіба ведаеце?

— Мне ды не ведаць маіх юных сяброў! — усклікнуў Хатабыч, па чарзе абдымаючы Вольку і Жэню, якія падбеглі да яго.

Потым ён звярнуўся да рыбакоў, што разгублена пазіралі на яго:

— Паверце, о самыя паважаныя з рыбакоў, я не ведаю, як аддзякаваць вам за вашу вялікую гасціннасць і зычлівасць!

— А за што нас дзякаваць? — здзівіўся сівы рыбак.— За юшку, ці што? Яна нам нічога не каштавала, паверце мне, сіньёр.

— Я чую словы сапраўды бескарыслівага чалавека, і тым глыбей пачуццё маёй удзячнасці. Дазвольце ж мне адплаціць вам хоць бы гэтымі сціплымі падарункамі,— сказаў Хатабыч, падаючы атарапеламу Джавані абедзве валізы.

— Тут, відаць, нейкая памылка, паважаны сіньёр,— прамовіў Джавані, перакінуўшыся збянтэжаным позіркам са сваімі таварышамі.— За гэтыя дзве валізы можна купіць па меншай меры тысячу такіх юшак, якой мы накармілі хлопчыкаў. Вы не думайце, што яна была нейкая асаблівая. Мы людзі бедныя...

— Гэта ты памыляешся, о самы бескарыслівы з велікадушных! У гэтых цудоўных скрынках, якія называюцца высокавучоным словам «ча-ма-дан», змяшчаюцца багацці, якія ў тысячы тысяч разоў перавышаюць кошт вашай юшкі, і ўсё ж яны, на мой погляд, не акупяць яе, бо няма на свеце нічога даражэйшага за бескарыслівую гасціннасць.

Ён адкрыў валізы, і ўсе ўбачылі, што яны даверху запоўнены адборнай жывой рыбай, якая адлівала срэбрам і золатам лускі.

Яшчэ рыбакі не паспелі як след разабрацца, які сэнс дарыць рыбакам рыбу, як Хатабыч дзелавіта высыпаў на траву трапяткое змесціва валізаў. І вось тут рыбакі і ахнулі ад захаплення і здзіўлення: невядома якім чынам абедзве валізы аказаліся па-ранейшаму поўнымі. Хатабыч зноў апаражніў іх, і яны зноў напоўніліся цудоўнымі падарункамі Міжземнага мора. І так было і ў трэці, і ў чацвёрты, і ў пяты раз.

— А цяпер,— сказаў Хатабыч, цешачыся зробленым уражаннем,— калі хочаце, можаце самі праверыць дзівосныя ўласцівасці гэтых валізаў. Вам ужо больш не трэба будзе мерзнуць у непагадзь і ў ранішні туман на борце вашага лядаштага чаўна. Вам не трэба будзе больш маліць алаха аб удачы. Вам не трэба будзе цягацца па рынку з цяжкімі кашамі, напоўненымі рыбай. Дастаткова будзе захапіць з сабой адну такую валізу, і вы дастанеце з яе пакупніку роўна столькі рыбы, колькі яму спатрэбіцца... Толькі, прашу вас, не пярэчце,— сказаў Хатабыч, бачачы, што рыбакі збіраюцца нешта сказаць.— Запэўніваю вас, тут няма ніякага непаразумення. Хай жа будзе ціхамірным ваша жыццё, о высакароднейшыя з рыбакоў! Бывайце!.. Сябры мае, за мной!

Хлопчыкі пры дапамозе Джавані ўзабраліся на каня і селі за спінай Хатабыча.

— Бывайце, сіньёр! Бывайце, хлопчыкі! — разгублена прамовілі рыбакі, пазіраючы ўслед дзіўным незнаёмцам, якія хутка аддаляліся.

— Калі б нават гэта былі звычайныя, не чароўныя валізы,— задумліва прамовіў Джавані,— і то за іх можна было б атрымаць нямала лір...

— Цяпер мы, здаецца, зможам паправіць свае справы,— сказаў П’етра, старэйшы з рыбакоў, сівы чалавек гадоў пад шэсцьдзесят, з маршчыністым карычневым тварам і сухімі, жылістымі рукамі.— Заплацім сіньёру міністру фінансаў (хай ён дваццаць пяць разоў на дзень давіцца рыбінымі касцямі!) усе нашы нядоімкі, падлечым мой пракляты раматус, а табе, Джавані, купім гарнітур, капялюш, чаравікі, паліто. Як-ніяк, ты малады чалавек, жаніх, і табе патрэбна быць прыстойна адзетым... Наогул усе прыадзенемся крыху... Правільна я кажу, хлопцы?

— «Прыадзенемся»! — сярдзіта перадражніў яго Джавані.— Вакол нас гэтулькі галечы і гора! Трэба будзе раней за ўсё дапамагчы ўдаве Джакома, таго, які летась утапіўся. Пасля яго засталіся трое дзяцей і старая маці.

— Ты маеш рацыю,— згадзіўся П’етра.— Трэба будзе дапамагчы ўдаве Джакома. Гэта быў добры і адданы таварыш.

Тады ўмяшаўся другі рыбак. Яму было гадоў трыццаць. Звалі яго Хрыстафора.

— А Луіджы? Луіджы таксама трэба было б падкінуць грошай. Небарака памірае ад сухотаў.

— Правільна,— сказаў Джавані.— І яшчэ Сібіле Капелі. Яе сына другі год трымаюць у турме за тое, што ён арганізаваў забастоўку.

— І старому Гульема Гаджэра. Яго сына забілі карабінеры ў час дэманстрацыі. Ён не хацеў аддаць ім сцяг, і яны яго застрэлілі на месцы. Вы яго павінны памятаць: вясёлы такі, механік з электрычнай станцыі...— дадаў П’етра.

— Падумаць толькі, як шмат людзей можа атрымаць цяпер ад нас дапамогу! — захоплена прамовіў Джавані.

І тры добрыя рыбакі да позняй ночы абмяркоўвалі, каму яшчэ трэба дапамагчы цяпер, калі ў іх аказаліся такія цудоўныя валізы.

Гэта былі сумленныя і велікадушныя людзі працы, і ніхто з іх і не падумаў нават аб тым, каб выкарыстаць падарунак Хатабыча для таго, каб разбагацець, зрабіцца буйным гандляром рыбай, капіталістам. Мне прыемна паведаміць аб гэтым чытачам, каб яны разам са мной парадаваліся, што падарунак старога трапіў у добрыя рукі.

Я ўпэўнены, што ніводзін з маіх чытачоў, калі б ён апынуўся на месцы гэтых трох геронскіх рыбакоў, не зрабіў бы інакш.

 


XLVIII. Злашчасная валіза

 

У гэтую цудоўную летнюю раніцу ў горадзе на досвітку прачнуліся па меншай меры пяць чалавек, якіх ніколькі не турбавалі клопаты аб кавалку хлеба.

Адным з іх быў Хатабыч. Ён бадзёра ўсхапіўся з пасцелі і пабудзіў сваіх юных сяброў (вось вам яшчэ два чалавекі), якія спалі на прасторных драўляных ложках. Сам ён, па звычаю свайму, пераначаваў на падлозе каля парога, хоць нумароў і свабодных ложкаў у гасцініцы было колькі хочаш.

— Сябры мае— звярнуўся ён да хлопчыкаў, якія салодка пазяхалі,— прабачце мне, што я парушыў ваш моцны юначы сон, але я ў другі раз накіроўваюся ў мора на пошукі майго любімага і няшчаснага брата Амара Юсуфа. Не хвалюйцеся за мяне. Я буду асцярожны і, запэўніваю вас, ні ў якія сеткі больш не траплю. Праз дзве — тры гадзіны я вярнуся. За гэты час я паспею добра абследаваць усё гэтае мора, якое вы называеце Міжземным. Спіце, сябры мае, я пабуджу вас, калі ногі мае зноў ступяць на бедныя дываны гэтага пакоя.

— Не-е-е! — сказаў Волька.— Мы не згодны адлежвацца ў такі сур’ёзны момант. Мы будзем чакаць цябе на беразе. Правільна я кажу, Жэня?

— Угум,— пацвердзіў Жэня, пацягваючыся.— У крайнім выпадку, мы падрэмлем на беразе мора. На пясочку...

На гэтым нашы падарожнікі і пагадзіліся. Хутка апрануўшыся, памыўшыся і паснедаўшы, яны накіраваліся ў знаёмую бухтачку, якую незадоўга да гэтага пакінулі гасцінныя рыбакі.

Чацвёртым чалавекам, які прачнуўся так рана, быў містэр Гары Вандэндалес. Яму не цярпелася распачаць пакупкі. З якім бы афіцыйным заданнем ён не прыязджаў у тую або іншую краіну, у той або іншы горад, ён перш за ўсё думаў: «А ці нельга тут выпадкова купіць што-небудзь такое, што можна будзе выгадна перапрадаць у сябе ў Амерыцы?» Як чалавек выключнай прагнасці, ён сабраўся да таго часу, калі адчыняюць крамы, прайсціся на ўсялякі выпадак раз-другі і па мясцовым рынку.

Але містэр Вандэндалес добра ведаў, што сумленныя італьянцы не вельмі паважаюць амерыканскіх вайскоўцаў і дыпламатаў, і таму захапіў з сабой на рынак свайго целаахоўніка. Гэты здаровы дзяцюк з рабым і вельмі непрыемным тварам быў «правераным» чалавекам — ён служыў у тайнай паліцыі яшчэ пры Мусаліні, і начальнік геронскай паліцыі сказаў учора Вандэндалесу, што ў Чэзарэ Сантарэці містэр Вандэндалес можа быць упэўнены, як у родным браце. Гэта было не зусім удала сказана, бо браты Вандэндалесы, як сапраўдныя бізнесмены, гатовы былі за лішні даляр утапіць адзін аднаго ў лыжцы вады. Але ў начальніка геронскай паліцыі, відаць, не было братоў. Чэзарэ Сантарэці і быў пятым чалавекам з тых пяці, аб якіх мы гаварылі ў пачатку гэтага раздзела.

Не паспеў яшчэ Вандэндалес зрабіць па рынку і дзесяці крокаў, як пераканаўся, што недарэмна ўстаў так рана. Проста на яго ішоў малады кучаравы хлопец, вельмі бедна апрануты, і трымаў у руцэ цудоўную скураную валізу. Можаце паверыць, містэр Гары Вандэндалес разбіраўся ў валізах! Гэта была ў вышэйшай ступені прыгожая і арыгінальная валіза. Проста цудоўны твор саматужнага майстэрства: скура выдатнага вырабу, з тонкім каляровым цісненнем, цудоўная ручка была прымацавана цвічкамі з галоўкамі, якія нельга было адрозніць ад залатых, бо яны і сапраўды былі залатыя. Навугольнікі радавалі вока выдатнай гравіроўкай — на іх былі выгравіраваны рыбкі, птушкі і нейкія арабскія словы.

Не трэба толькі думаць, што Джавані (гэты кучаравы хлопец і быў, як вы ўжо здагадаліся, менавіта ён) пайшоў на рынак не прыняўшы неабходных мер перасцярогі. Валіза была ў чахле з нейкай старой дзяругі. Але такому чалавеку, як Гары Вандэндалес, дастаткова прыкмеціць адзін ражок чаго-небудзь, каб адразу раскусіць, а ці нельга гэтае «што-небудзь» выгадна купіць і яшчэ выгадней прадаць.

— Запытай у яго — хутка загадаў ён свайму целаахоўніку,— запытай, колькі ён хоча за сваю валізку.

— Гэй ты, цюхцяй! — аклікнуў Чэзарэ маладога рыбака.— Мой амерыканец пытае, колькі ты хочаш за тваю паганую скрынку.

— Сам ты цюхцяй,— адказаў Джавані.— А валізу я не прадаю. Яна мне самому патрэбна.

— Ці не збіраешся ты ехаць з ёй у Ніцу? — насмешліва запытаў Чэзарэ.— Там па такіх, як ты, сумуюць усе князі і графы Еўропы.

— Скажы ім, каб не сумавалі. Як толькі будзе першая магчымасць, я абавязкова з’езджу ў Ніцу,— прабурчаў у адказ Джавані і паскорыў крок.— Будзе час — мы ўсе туды прыедзем, і ім давядзецца трохі пацясніцца.

— Эге, ды ты, здаецца, чырвоны!

— Я? Сіні ў гарошак і зялёны ў крапінку... А ну, не чапай валізу! — крыкнуў Джавані, б’ючы па руцэ Чэзарэ Сантарэці.— Не чапай, чуеш!..

— Ах, ты біцца?! — прашыпеў Сантарэці, паціраючы пабітую руку.— Кажы хутчэй, колькі ты хочаш за свой аблезлы куфэрак, інакш табе не паздаровіцца... Ты ведаеш, хто гэты амерыканец? Гэта госць стрыечнага брата дзядзькі самога сіньёра дэпутата Матэа!..

— Вось няхай яны яму і прадаюць свае валізы. Італію яны ўжо амерыканцам прадалі.

— Значыць, вось якая размова! — закрычаў Чэзарэ Сантарэці.— Карабінер!

Падбеглі два карабінеры, палахліва азіраючыся на натоўп, які сабраўся вакол Джавані. У натоўпе ўжо чуліся воклічы абурэння. Шмат хто ведаў Джавані як добрага і сумленнага хлопца; яшчэ больш геронцы ведалі Чэзарэ як старога мусалініеўскага шпіка, і ні ў каго не выклікаў добрых пачуццяў гэты чырванаморды амерыканец, праз якога зараз увесь сыр-бор разгарэўся.

— Вазьміце яго ў паліцыю! — загадаў Чэзарэ.— Гэты прайдзісвет украў валізу сіньёра амерыканца!

Ён выхапіў валізу з рук пабялелага ад абурэння Джавані і сарваў з яго ўбогі, самаробны чахол.

— Няхай ён скажа, адкуль у яго такая багатая валіза! — крыкнуў Чэзарэ, звяртаючыся да людзей, якія стоўпіліся вакол іх.

— Мне яе падарылі, сіньёры!.. Слова гонару, падарылі! — сказаў Джавані і ўбачыў, што ніхто яму не паверыў.— Клянуся гонарам!..

Было вельмі крыўдна, але, здаецца, гэты пракляты шпік на гэты раз гаварыў праўду. Та-а-ак! Значыць, зусім благі час настаў, калі небарака Джавані — такі сумленны хлопец — заняўся крадзяжом.

Натоўп павольна разышоўся, а карабінеры павялі Джавані ва ўпраўленне геронскай паліцыі.

За некалькі крокаў ззаду іх ішлі містэр Вандэндалес і яго адданы целаахоўнік. У руцэ сваёй Чэзарэ нёс злашчасную валізу...

— Адкуль у цябе гэтая валіза? — запытаў інспектар паліцыі маладога рыбака.

Ён расчыніў валізу, каб паглядзець, які выгляд яна мае ўсярэдзіне.

Джавані абамлеў: вось зараз на паркет вываліцца паўсотні кілаграмаў рыбы! А потым яшчэ і яшчэ!.. Загінуў тады нізавошта цудоўны падарунак учарашняга старога!

Але зусім неспадзявана валіза аказалася пустой. Чытачы ўжо, напэўна, здагадаліся, што рыба ў ім з’яўлялася толькі тады, калі яго адчынялі Джавані, П’етра ці Хрыстафора. Для астатніх яна была звычайнай валізай — праўда, вельмі выключнай работы.

— Мне яе падарылі,— сказаў Джавані, з палёгкай уздыхнуўшы.

— Ах, падарылі? — здзекліва падхапіў інспектар.— Так проста і падарылі? — Ну але,— прастадушна пацвердзіў Джавані.

— Калі падарылі?

— Учора ўвечары.

— Хто?

— Адзін стары падарыў.

— Ах, стары? А як яго завуць, твайго шчодрага старога?

— Не ведаю.

— А дзе ён жыве, ты таксама не ведаеш?

— Не, не ведаю.

— І чым ён займаецца, таксама табе невядома?

— Не, невядома.

— І даўно ты з ім знаёмы, з гэтым загадкавым старым?

— Мы з ім пазнаёміліся ўчора ўвечары, сіньёр інспектар.

— І ён табе адразу падарыў гэтую каштоўную валізу, гэтае цуда чалавечых рук?

— Адразу, сіньёр інспектар. Толькі ён мне не адну падарыў, а...

Тут Джавані скеміў, што сказаў лішняе, і замоўк. І колькі інспектар ні стараўся, ён не мог больш прымусіць Джавані гаварыць.

— Мне ўсё зразумела,— сказаў тады інспектар, выціраючы пот са свайго поўнага твару (ён быў у яго нездаровага, жоўтага колеру; густыя сівыя бровы тырчалі на ім, як вусы).— Ніхто табе валізу не дарыў. Ты яе проста ўкраў у нашага паважанага госця.

І ён з павагай кіўнуў галавой у бок містэра Вандэндалеса, які сядзеў на аксамітнай канапе, шумна адсопваўся і куляў у сябе шклянку за шклянкай ваду з вялікага графіна.

— Як вы смееце называць мяне злодзеем! — палез на інспектара з кулакамі Джавані.— Я ніколі ў жыцці і пальцам не крануў чужога дабра!

— Ах, ты, аказваецца, не толькі злодзей, але і хуліган! — з задавальненнем адзначыў інспектар.

Ён аддаў распараджэнне, каб Джавані адвялі пакуль што ў турму, і сеў пісаць пратакол.

 


XLIX. Пасудзіна з Геркулесавых слупоў[4]

 

На гэты раз Хатабыч быў дакладным. Ён абяцаў вярнуцца праз дзве — тры гадзіны, і сапраўды — без чвэрткі дзевяць яго радасная фізіяномія вынырнула з вады.

Стары быў шчаслівы. Ён хуценька выбег на бераг і, размахваючы высока над галавой нейкай вельмі вялікай, у палову чалавечага росту, металічнай пасудзінай, якая абрасла водарасцямі, крычаў:

— Я знайшоў яе, о сябры мае! Я знайшоў пасудзіну, у якой гэтулькі вякоў пакутуе мой няшчасны брат Амар Юсуф ібн Хатаб, хай не пагасне ніколі сонца над яго галавой! Я абшукаў усё мора і ўжо страціў надзею яго знайсці, як каля Геркулесавых слупоў прыкмеціў у зеленаватым бяздонні гэтую чароўную пасудзіну.

— Што ж ты марудзіш? Адкрывай хутчэй! — азартна крыкнуў Жэня, які першы падбег да шчаслівага Хатабыча.

— Я не смею адкрываць яе, бо яна запячатана Сулейманавай пячаткай. Няхай Волька ібн Алёша, які вызваліў мяне, выпусціць са зняволення і майго шматпакутнага браціка. Вось яна, пасудзіна, у марах аб якой я правёў гэтулькі бяссонных начэй! — працягваў Хатабыч, махаючы сваёй знаходкай.— Вазьмі яе, о Волька, і адкрывай на радасць мне і брату майму Амару!

Прыклаўшы вуха да сценкі пасудзіны, ён радасна засмяяўся:

— Ого-го, сябры мае! Амар падае мне знакі з сярэдзіны.

Жэня не без зайздрасці глядзеў, як стары перадаў пасудзіну ўсцешанаму Вольку, дакладней — паклаў яе перад ім на пясок, бо пасудзіна была вельмі цяжкая.

— Што ж ты, Хатабыч, казаў, што Амара заняволілі ў меднай пасудзіне, калі пасудзіна, аказваецца, жалезная? Ды хай сабе... Дзе тут пячатка? Ах, вось яна дзе! — сказаў Волька, аглядаючы пасудзіну з усіх бакоў.

Раптам ён спалатнеў і з усёй сілы крыкнуў:

— Кладзіся!. Жэнька, кладзіся!.. Хатабыч, зараз жа кідай пасудзіну назад у мора і таксама кладзіся!..

— Ты звар’яцеў! — абурыўся Хатабыч.— Гэтулькі гадоў марыць аб сустрэчы з Амарам і знайсці яго толькі для таго, каб зноў аддаць марскім хвалям!

— Кідай яе як мага далей!.. Няма там твайго Амара!.. Кідай хутчэй, або мы ўсе загінем! — маліў між тым Волька, і, паколькі стары ўсё яшчэ вагаўся, ён шалёна закрычаў: — Я загадваю табе! Чуеш?!

Здзіўлена паціснуўшы плячамі, Хатабыч падняў цяжкую пасудзіну і, размахнуўшыся, закінуў яе метраў за дзвесце ад берага.

Не паспеў ён пасля гэтага павярнуцца да Волькі, які стаяў побач з ім, як на месцы падзення пасудзіны пачуўся страшэнны грукат, вялікі вадзяны слуп узняўся над спакойнай гладдзю бухты і з шумам рассыпаўся. Тысячы аглушаных і забітых рыбак усплылі жыватамі ўгору на паверхню вады.

Аднекуль ужо беглі людзі, якія пачулі выбух.

— Хутчэй уцякаць адсюль! — скамандаваў Волька.

Нашы сябры паспешліва выйшлі на дарогу і пакрочылі ў горад.

Ззаду ўсіх ішоў, раз-пораз азіраючыся назад, засмучаны Хатабыч. Ён усё яшчэ сумняваўся, ці не дарэмна паслухаўся Волькавага загаду...

— Што ты там такое прачытаў на гэтай штуцы? — запытаў Жэня, даганяючы Вольку, які ішоў далёка наперадзе.

— «Made in USA[5]»! — вось што я прачытаў!

— Амерыканская бомба, значыць, гэтая штука была?

— Міна, а не бомба,— паправіў яго Волька.— Гэта разумець трэба! Падводная міна.

Хатабыч сумна ўздыхнуў.

 


L. ”Вось ён, гэты стары сіньёр!”

 

— Будзем лічыць, што ўсё ў парадку,— падвёў вынікі Волька.— З аднаго боку, Амара не знайшлі. Гэта, вядома, шкада. Затое, з другога боку, ледзь не загінулі, але выратаваліся. Гэта ўжо добра.

— Цяпер у самы раз пайсці паснедаць,— сказаў Жэня, які задыхаўся ад хуткай хады.

Жэнева прапанова была прызнана ў вышэйшай ступені разумнай.

Праходзячы паўз змрочны будынак паліцыі, яны ўбачылі, як адтуль выйшаў пад канвоем двух карабінераў іх учарашні знаёмы, вясёлы рыбак Джавані.

Джавані таксама пазнаў іх і крыкнуў, паказваючы на Хатабыча:

— Вось ён, гэты стары сіньёр, які падарыў мне валізу! Ён каму хочаце пацвердзіць, што я не злодзей, а сумленны рыбак!

— У чым справа, о Джавані? — пацікавіўся Хатабыч, калі рыбак, якога моцна трымалі за рукі паліцэйскія, параўняўся з нашымі сябрамі.

— О сіньёр,— ледзь не плачучы, адказаў бедны рыбак,— мне не вераць, што вы падарылі нам валізу! І вось у мяне адабралі валізу і сказалі, што я злодзей. Зараз мяне вядуць у турму. Дапамажыце, сіньёр, растлумачце сіньёру інспектару, што я нічога не ўкраў.

— Хто адважыўся абвінаваціць гэтага высакароднага рыбака ў крадзяжы? Хто гэты нягоднік, які пасмеў забраць у яго рэч, падараваную мною, Гасанам Абдурахманам ібн Хатабам!.. Хадзем да гэтага нікчэмнага чалавека, і я яму ўсё скажу проста ў яго падслепаватыя вочы!..

І вось інспектар, які не паспеў яшчэ скласці пратакол допыту, здзіўлена падняў галаву, пачуўшы, што нехта ўвайшоў у яго кабінет. Ён не любіў, калі яму перашкаджалі. Ён нават містэра Вандэндалеса, якога бясконца і аддана паважаў, папрасіў прайсці на час, пакуль не закончыць пратакол, у суседні пакой, дзе ў яго распараджэнне былі дадзены мяккі фатэль і кубак кавы.

— Гэта яшчэ што такое?! — праскрыпеў ён, убачыўшы, што арыштаваны рыбак у суправаджэнні канваіраў зноў апынуўся перад яго сталом.— Вы павінны былі ўжо да гэтага часу даставіць арыштаванага ў турму!

— Сіньёр інспектар! Вось ён, гэты стары, які падарыў мне ўчора валізу! — пераможна ўсклікнуў Джавані, паказваючы на Хатабыча, які ўвайшоў услед за ім.— Ён вам пацвердзіць мае словы.

— Цікава, вельмі цікава! — працягнуў інспектар, акінуў Хатабыча дапытлівым позіркам, і хітрая ўсмешка зазмяілася на яго жоўтым, дрэнна паголеным твары.— Значыць, гэты... як яго... Джавані Сапен’ё не хлусіць? Вы сапраўды падарылі яму гэтую валізу? Мяркуючы па вашай сціплай вопратцы, вы не такія багатыя, каб кідацца гэткімі дарагімі рэчамі.

— Мудрасць вучыць, што той, хто мяркуе аб людзях па вопратцы, часта памыляецца! Так, гэта я падарыў учора гэтаму высакароднаму рыбаку валізу, якую ты ў яго без усякіх падстаў адабраў, і яшчэ адну, якую табе не ўдалося і ніколі не ўдасца адабраць. І я падарыў бы яму дзесяць, дваццаць, сто, дзесяць тысяч такіх і нават у шмат разоў даражэйшых валізаў, калі б ён толькі згадзіўся ўзяць іх у мяне! — з выхваленнем заявіў Хатабыч, не заўважаючы перасцерагальных знакаў, якія рабіў яму перапалоханы Джавані.

Але ўжо было позна. Інспектар радасна паціраў рукі.

— Прашу прабачэння, дарагі сіньёр,— прамовіў ён, не зводзячы вачэй са свайго старога суразмоўцы,— прашу прабачэння, але, пры ўсёй маёй павазе да вас, я не магу паверыць вашым словам.

— Ці не хочаш ты сказаць, о хітры інспектар, што я хлус? — пачырванеў Хатабыч.

— Памяркуйце самі, сіньёр: вы больш чым сціпла апрануты і заяўляеце, што вы так проста, за дзякуй, падарылі амаль незнаёмаму рыбаку валізу, якая каштуе па меншай меры тысячу даляраў, калі перавесці яго на больш або менш цвёрдую валюту.

— Дзве валізы! І не за дзякуй, а за тое, што ён накарміў маіх юных сяброў! — сварліва паправіў яго Хатабыч.

— Дзве тысячы даляраў за адзін абед!

— За вячэру! — зноў паправіў яго Хатабыч.

— У дадзеным выпадку гэта не мае значэння. Дзве тысячы даляраў за вячэру! Ці не здаецца гэта вам занадта дарагой платай? — хіхікнуў інспектар.

— Не, не здаецца,— запальчыва адказаў Хатабыч.— За добрую справу, за бескарыслівую паслугу я заўсёды плачу шчодра.

Інспектар зразумеў апошнія словы, як намёк на магчымы хабар, і ў яго ад прагнасці заблішчалі вочы.

— У вас шмат такіх валізаў?

— У мяне няма ніводнага, але я магу іх дарыць колькі хочаш.

— Можа, у вас і грошай ёсць колькі хочаш? — здзекліва запытаў інспектар.

Хатабыч пагардліва ўсміхнуўся.

— Можа, у вас і каштоўнасці ёсць, золата?

— У мяне няма ні крупінкі, але дастаць яго я магу колькі мне ўздумаецца.

— У вас уласныя залатыя капальні? Дзе яны знаходзяцца? У Паўднёвай Афрыцы? Каліфорніі?..

— У мяне ў кішэнях. Варта мне толькі захацець — і я запоўню золатам увесь гэты дом, у якім мы зараз знаходзімся, і яшчэ тысячу такіх дамоў,— адказаў Хатабыч, паскубваючы бараду.

— Не магу паверыць,— сказаў інспектар.

— А гэта што? — запытаў Хатабыч і пачаў даставаць з кішэняў сваіх парусінавых штаноў цэлыя прыгаршчы залатых манет.

Ужо на стале ашаломленага інспектара высілася ладная горка золата, калі стары заўважыў нарэшце знакі, якія падаваў яму Джавані. Тады ён пакінуў выкладваць золата і прастадушна звярнуўся да інспектара:

— Цяпер ты, спадзяюся, пераканаўся, што гэты высакародны рыбак не хлус і, тым больш, не злодзей? Адпусці ж яго неадкладна, каб ён мог нацешыцца свабодай і спакоем.

— На жаль, сіньёр, цяпер я пераканаўся, што Джавані Сапен’ё не злодзей,— прамовіў інспектар з крывадушным смуткам,— і менавіта таму я не магу яго адпусціць.

— Што такое?! — грозна запытаў Хатабыч.

— Прашу прабачэння, але адзін сіньёр, імя якога я не маю права называць, але прыстойнасць якога не выклікае ніякіх падазрэнняў, прад’явіў свае правы на валізу, якую — я ахвотна веру! — вы ўчора падарылі гэтаму... э-э-э... Джавані Сапен’ё. Значыць, будзе суд, а да суда — следства. Валізу мы вымушаны пакінуць у якасці рэчавага доказу, а сіньёра Джавані ў якасці... э-э-э... сведкі, а можа, і абвінавачанага. Усё пакажа следства, сіньёр...

— І як доўга яно будзе працягвацца, гэтае следства?

— Мы будзем весці яго ў самым паскораным парадку, сіньёр. Значыць, гады праз два — два з паловай, я мяркую, яно ўжо будзе скончана. А там яшчэ паўгодзіка — і суд.

— Ты што ж, хочаш тры гады марыць гэтага слаўнага рыбака ў турме, а потым яшчэ будзеш вырашаць, вінаваты ён ці не?!

— Закон ёсць закон! У нас зараз так многа спраў у судзе, што раней проста баюся абяцаць... Між іншым...— Тут інспектар на хвіліну спыніўся, кіўком галавы загадаў канвойным выйсці з кабінета і працягваў ціхім, але цвёрдым голасам: — Між іншым, ёсць і другое, больш прыемнае выйсце з гэтага вельмі непрыемнага становішча...

— Якое? — запыталі ў адзін голас Хатабыч і рыбак.

— Ахвяраванне, мае паважаныя сіньёры. Калі хочаце, назавіце гэта беззваротнай пазыкай. Сям’я мая такая вялікая, а пенсія такая нязначная...

— Ні слова больш, о нізкі хабарнік! Мне агідна слухаць такія словы! Зараз я пайду і паведамлю аб гэтым твайму галоўнаму начальніку! — закрычаў Хатабыч з найвялікшай пагардай у голасе.

— Вы гэтага не зробіце па дзвюх прычынах, паважаны сіньёр,— запярэчыў яму інспектар, ніколькі не павышаючы голасу.— Па-першае, вам у такім выпадку прыйдзецца даць хабар і яму, а па-другое — і гэта самае галоўнае,— вы не выйдзеце з майго кабінета інакш як пад канвоем.

— Чаму?

— Таму што я абавязаны арыштаваць і вас.

— Мяне? Арыштаваць?! За што? Ці не здалося мне?

— За утойванне ад адпаведных органаў новых, неразведаных пакладаў каштоўных камянёў і залатаносных пяскоў і злачыннае ўнікненне вызначаных законам падаткаў.

— З якой ласкі я павінен здаваць золата ў казначэйства чужой краіны?

— Ці павінен я вас зразумець, сіньёр, што вы не італьянец.

— Павінен, і ты не памылішся.

— Вы іншаземец?

— Вядома.

— І вы не амерыканец?

— Ты не памыліўся.

— Ці даўно вы прыбылі ў Італію?

— Учора падвечар.

— А дзе ваш замежны пашпарт, дарагі сіньёр?

— Што ты разумееш пад невядомымі мне словамі «замежны пашпарт», о тройчы агідны хабарнік?

— Замежны пашпарт — гэта той дакумент, без якога ніхто, акрамя амерыканцаў, не мае права ўязджаць у Італію і пакідаць яе межы.

— Магутны джын Гасан Абдурахман ібн Хатаб не мае патрэбы ў чыіх бы там ні было дазволах. Ён наведвае тыя краіны, якія яму хочацца наведаць, не прыніжаючыся да таго, каб прасіць дазволу ва ўлады, як зямной, так і нябеснай, вядома не лічачы алаха.

— Значыць, вы прыбылі ў Італію без візы нашага міністэрства замежных спраў і прывезлі з сабой нейкую, і даволі значную, колькасць золата? Вось за гэта я, дарагі сіньёр, і павінен вас арыштаваць. Між іншым, ёсць і другое, больш прыемнае выйсце.

— Хабар? — здагадаўся Хатабыч.

Інспектар сцвярджальна кіўнуў галавой, не заўважаючы, што стары вырваў са сваёй барады некалькі валаскоў.

— Мне хацелася б вам паведаміць,— пасля кароткай паўзы сказаў інспектар,— што ў турме вам давядзецца вельмі туга. Вас будуць карміць салёным, але піць даваць не будуць. Кожны дзень я буду наведваць вас вось з гэтым графінам, напоўненым халоднай смачнай вадой, і вы будзеце адчуваць такую смагу, што нарэшце аддасце мне ўсё ваша золата і ўсе вашы валізы і будзеце яшчэ ўдзячны, калі мы вас пакінем жывымі.

— А чаму ты ўкраў валізу, якую адабраў у Джавані? — запытаў Хатабыч, кінуўшы пры гэтым на падлогу некалькі парваныхваласкоў.

— Я ніколі не краду рэчавых доказаў,— пакрыўдзіўся інспектар,— вось яна...

Толькі што валіза ляжала на крэсле справа ад інспектара, і раптам яна нібы скрозь зямлю правалілася. Знік раптам і грудок залатых манет, які так прыемна хваляваў уяўленне інспектара, і, што самае дзіўнае, проста з-пад яго рук і невядома куды і як знік пратакол допыту Джавані.

— Гэта ты ўкраў, пракляты стары! Ты і гэты ціхоня Джавані! Але нічога, я вас хутка прымушу зразумець, дзе вы знаходзіцеся! — завішчаў інспектар.

Ён націснуў кнопку, і ўвайшлі чатыры жандары з надзвычай тупымі і лютымі фізіяноміямі.

— Абшукайце іх! — загадаў інспектар.

Але вобыск нічога не даў.

— Куды падзелася золата? Дзе валіза і пратакол? — залямантаваў інспектар.

Хатабыч маўчаў. Джавані бездапаможна развёў рукамі:

— Не ведаю, сіньёр інспектар.

У гэты час адчыніліся дзверы, і ў кабінет зазірнуў містэр Вандэндалес. У яго быў заклапочаны твар.

З-за яго спіны выглянуў Чэзарэ. Як перакладчык Вандэндалеса ён зрабіў афіцыйную заяву:

— Сіньёр інспектар, мой амерыканец просіць перадаць, што ён вельмі спяшаецца, таму што зараз адчыняцца крамы. Ці не можна хутчэй пагаварыць з ім?

У такт гэтым словам Вандэндалес ківаў галавой. І раптам ён заўважыў Хатабыча, які сціпла стаяў збоку.

— О-о-о-о! — усклікнуў амерыканец.— Містэр інспектар, затрымайце, калі ласка, гэтага старога!

— Сіньёр амерыканец просіць, сіньёр інспектар, каб вы затрымалі гэтага старога,— хутка залапатаў, перакладаючы яго словы, Чэзарэ Сантарэці.— Сіньёр амерыканец абвінавачвае гэтага старога ў тым, што ён некалькі дзён таму назад украў у яго сто мільёнаў сто тысяч даляраў гатоўкаю ў пачках па сто дзесяцідаляравых паперак, а таксама дзесяць тысяч залатых гадзіннікаў, усыпаных брыльянтамі, дваццаць тысяч залатых партсігараў, пяцьдзясят тысяч жамчужных караляў, пятнаццаць тысяч старадаўніх фарфоравых сервізаў і адзін вельмі каштоўны пярсцёнак, пакінуты сіньёру Вандэндалесу ў спадчыну яго вялікасцю нябожчыкам царом Саламонам, сынам Давіда...

— Вось ён!.. Вось ён, гэты пярсцёнак! — зароў містэр Вандэндалес, заўважыўшы на руцэ Хатабыча пярсцёнак «Насі, Каця, на здароўе».— Аддай пярсцёнак!

— А ну, прымусьце старога загаварыць! — загадаў інспектар і ў чаканні прыемнага відовішча зручней усеўся ў крэсла.

Жандары моўчкі казырнулі і нечакана для інспектара і саміх сябе з сілай выбілі з-пад яго крэсла, павалілі на дыван і пачалі біць.

— Што вы робіце, нягоднікі?! — лямантаваў інспектар.— Я ж вам загадаў пагутарыць з гэтым старым, а не са мной!

— Так точна, сіньёр інспектар! — малайцавата адказалі жандары і пачалі зноў лупцаваць інспектара.

— Чаго ты стаіш, як дубіна? — крыкнуў інспектар акамянеламу ад здзіўлення Чэзарэ.— На дапамогу, Чэзарэ, на дапамогу!..

Целаахоўнік Вандэндалеса нейкімі дзіўнымі, драўлянымі крокамі наблізіўся да ляжачага інспектара і ўдарыў яго некалькі разоў, ад чаго той адразу заціх, страціўшы прытомнасць.

Пераканаўшыся, што інспектар «гатоў», жандары і Чэзарэ, як па камандзе, цяжка ўздыхнулі і пачалі дубасіць адзін аднаго, пакуль не пападалі па чарзе на падлогу ў поўнай знямозе. Апошнім упаў Чэзарэ Сантарэці. Але, падаючы ўжо, ён з апошняй сілы так стукнуў Вандэндалеса, што той грымнуўся на дыван, нібы мех з бульбай.

— Вы яго ведаеце, гэтага амерыканца? — запытаў Джавані Хатабыча.— Гэта якраз ён сказаў, што я ў яго ўкраў валізу...

— Ці ведаю я гэтага брыдкага чалавека?! — усміхнуўся Хатабыч.— Так, мы з ім аднойчы сустракаліся... Ну, добры мой Джавані, усё як быццам у належным парадку. Пакінем жа хутчэй гэты негасцінны дом.

З гэтымі словамі ён узяў Джавані за руку і спакойна, нібы праз дзверы, правёў яго на вуліцу проста скрозь тоўстую каменную сцяну, за якой хваляваліся занепакоеныя іх доўгай адсутнасцю Волька і Жэня.

— Вазьмі, Джавані, назад сваю валізу,— сказаў Хатабыч маладому рыбаку, падаючы яму несамавітую валізку, якую варта было б выкінуць на сметнік.

Джавані гатоў быў паклясціся, што яшчэ секунду назад у руках Хатабыча не было ніякай валізкі. А тая, якую яму зараз перадаў Хатабыч, не мела нічога агульнага з дарагой валізай, што ледзь не каштавала маладому рыбаку свабоды.

— Хай цябе не бянтэжыць яе знешні выгляд,— сказаў Хатабыч, зразумеўшы здзіўленне Джавані.— Згадзіся, што пры яе цудоўных уласцівасцях шыкоўная знешнасць не толькі лішняя, але і шкодная...

Яны цёпла развіталіся. Джавані пабег дадому, каб супакоіць сваіх таварышаў, якія не ведалі, што і падумаць з прычыны яго доўгай адсутнасці. Чуткі аб яго арышце да іх паспелі ўжо дакаціцца, і яны, вядома, не спадзяваліся, што ён хутка вырвецца з учэпістых лап прадажнай геронскай паліцыі. Таму можаце сабе ўявіць, як яны былі рады абняць жывога, здаровага і вольнага Джавані і выслухаць з яго вуснаў гісторыю яго незвычайных прыгод.

А Хатабыч тым часам вярнуўся да сваіх юных сяброў і, як вы самі разумееце, перш за ўсё расказаў ім з усімі дэталямі аб тым, што толькі што адбылося ў кабінеце інспектара паліцыі.

— Эх,— сказаў Волька злосна,— я гэтаму нягодніку яшчэ такое на развітанне зрабіў бы, каб ён на ўсё жыццё запомніў!

— Ты, як заўсёды, маеш рацыю, о Волька ібн Алёша,— глыбакадумна згадзіўся Хатабыч.

У тую ж хвіліну за чатыры кіламетры ад нашых сяброў, што поплеч крочылі па вуліцы, у вядомым ужо нам кабінеце, адбылося нешта такое, ад чаго жандар, які першы ачуняў, адразу ж зноў страціў прытомнасць: інспектар, які валяўся на падлозе, раптам моцна скараціўся ў сваіх памерах і невядома якім чынам апынуўся ў шкляным графіне, з якога ўсю ваду выпіў містэр Вандэндалес.

Так ён і да сённяшняга дня сядзіць у шкляным графіне. Усе спробы вызваліць яго адтуль былі дарэмнымі, бо графін гэты раптам зрабіўся цвярдзейшым за алмаз і разбіць яго або распілаваць было зусім немагчыма.

Прыйшлося, вядома, звольніць інспектара з паліцыі. Сям’я яго аказалася б зусім без сродкаў да існавання, калі б жонка інспектара ў адстаўцы не здагадалася выставіць на вуліцы тумбачку, а на ёй — графін з інспектарам у адстаўцы. За права паглядзець на свайго мужа прадпрымальная сіньёра бярэ ўсяго сто лір і параўнальна някепска жыве. Кожны сумленны італьянец з задавальненнем заплоціць сто лір, каб нацешыцца сузіраннем несусветнага хабарніка і адданага капіталістычнага халуя, загнанага ў графін.

Не меншай увагі варты і лёс містэра Гары Вандэндалеса. Мы забылі сказаць, што адначасова з інспектарам быў пакараны і ён. Хатабыч ператварыў яго ў сабаку. Чэзарэ Сантарэці за адну хвіліну пасівеў, сочачы за тым, як гэты прагны амерыканец ператвараўся ў аблезлую рудую кудлу. Так ён да гэтага часу і жыве ў сваёй нью-йоркскай кватэры ў сабачым выглядзе. Багацейшыя ўладары Уол-стрыта ўвесь час пасылаюць яму адборныя косткі з уласнага стала. Раз на тыдзень ён выступае за гэта з дваццаціхвілінным брэхам у радыёперадачы «Голас Амерыкі».

 

Стары Хатабыч. Лазарь Лагин. Иллюстрация 13

 

Што ж датычыць нашых сяброў, дык Хатабыч, пераканаўшыся, што ў Міжземным моры Амара яму не знайсці, прапанаваў накіравацца на берагі Атлантычнага акіяна. Сама па сабе прапанова была ў вышэйшай ступені заманлівай. Аднак нечакана супраць гэтага запярэчыў Волька. Ён сказаў, што яму трэба заўтра ж абавязкова быць у Маскве, па прычыне, якую ён не можа паведаміць. Але прычына, маўляў, вельмі важная.

Тады Хатабыч з вялікім смуткам часова адклаў далейшыя пошукі Амара Юсуфа.

Яшчэ не ўсе збітыя жандары ачунялі, калі ўзвіўся ў паветра і ўмомант схаваўся за гарамі кілім-гідрасамалёт «УК-1», маючы на сваім борце Гасана Абдурахмана ібн Хатаба, Уладзіміра Кастылькова і Яўгенія Багарада.

Праз дзесяць гадзін з хвілінамі «УК-1» шчасліва знізіўся ля пакатага берага Масквы-ракі.

 


LI. Самы кароткі раздзел

 

У гарачы ліпеньскі поўдзень ад Чырвонай прыстані Архангельскага порта адчаліў ледакольны параход «Ладага», маючы на сваім борце вялікую групу экскурсантаў. Духавы аркестр на прыстані няспынна іграў марш. З берага махалі хусцінкамі, крычалі: «Шчаслівага плавання!»

Параход асцярожна выбраўся на сярэдзіну Паўночнай Дзвіны і, пакідаючы за сабой беласнежныя воблачкі пары, паплыў міма мноства савецкіх і іншаземных параходаў, трымаючы курс на горла Белага мора. Шматлікія кацеры, маторныя лодкі, карбасы, шхуны, траўлеры, гічкі і няўклюдныя, грувасткія плыты ўспеньвалі спакойную гладзь вялікай паўночнай рускай ракі.

Экскурсанты, якія тоўпіліся на верхняй палубе, на цэлы месяц развітваліся з Архангельскам і Вялікай Зямлёй.

— Волька! — крыкнуў адзін з экскурсантаў другому, які заклапочана шнырыў каля капітанскай рубкі.— Куды падзеўся Хатабыч?

З гэтых слоў назіральныя чытачы могуць зрабіць беспамылковы вывад, што сярод экскурсантаў знаходзіліся і нашы старыя знаёмыя.

 


LII. Мара пра “Ладагу”

 

Тут нам патрэбна зрабіць невялікае адступленне і расказаць, як яны апынуліся на «Ладазе».

Чытачы, вядома, не забылі, што Волька ў значнай ступені па ўласнай віне (не трэба было разлічваць на падказку!) ганебна праваліўся на экзамене па геаграфіі. Аб такой падзеі цяжка забыць. Памятаў, вядома, аб ёй і Волька, памятаў і старанна рыхтаваўся да пераздачы экзамена. Ён вырашыў абавязкова здаць на «пяцёрку».

Але, нягледзячы на самае шчырае жаданне Волькі як мага лепш падрыхтавацца да экзамена, гэта аказалася не так лёгка зрабіць. Перашкаджаў Хатабыч. Волька ж так і не адважыўся расказаць старому аб сапраўдных выніках яго ракавой падказкі. Прыходзілася таму ўтойваць таксама і тое, што Вольку патрэбна рыхтавацца да пераэкзаменоўкі. Ён баяўся, як бы Хатабыч не вырашыў пакараць настаўнікаў і ў першую чаргу Варвару Сцяпанаўну за Волькаў правал на экзамене.

Асабліва крыўдна атрымалася ў той дзень, калі так незвычайна закончылася гульня паміж «Шайбай» і «Зубілам».

Поўны раскаяння за смутак, які прычыніў ён Вольку на стадыёне, Хатабыч у той дзень не адступаў ад Волькі ні на крок, усяляк да яго падлізваўся, шчодра сыпаў кампліменты і ўвесь час лез з самымі спакуслівымі прапановамі. Толькі гадзін у адзінаццаць вечара Волька атрымаў мажлівасць узяцца за падручнік.

— З твайго дазволу, о Волька, я лягу спаць, бо мяне нешта хіліць да сну,— прамовіў нарэшце Хатабыч, пазяхаючы, і палез на сваё звычайнае месца — пад ложак.

— Дабранач, Хатабыч! Прыемных сноў! — адказаў Волька, сядаючы за стол і са шчырым шкадаваннем паглядаючы на свой ложак.

Ён стаміўся і з вялікай прыемнасцю паспаў бы, як ён казаў, хвілін пяцьсот — шэсцьсот. Але трэба было займацца, і Волька нехаця паглыбіўся ў падручнік.

На жаль, шастанне старонак прыцягнула ўвагу засынаючага джына. Ён высунуў з-пад ложка сваю ўскудлачаную бараду і сонным голасам пацікавіўся:

— Чаму ты не ў пасцелі ў такі позні час, о стадыён маёй душы?

— Нешта мне не спіцца. Бяссонніца,— схлусіў Волька.

— Ц-ц-ц! — спачувальна прыцмокнуў Хатабыч языком.— Гэта вельмі кепска. Бяссонніца ў тваім далікатным узросце — згубная рэч. Але не сумуй, бо для мяне няма нічога немагчымага.

Ён вырваў з барады некалькі валаскоў, падзьмуў на іх, прашаптаў нейкае слова, і Волька, які не паспеў запярэчыць супраць нясвоечасовай і непатрэбнай дапамогі Хатабыча, адразу ж заснуў, схіліўшы галаву на стол.

— Ну вось, слава алаху, усё ў парадку,— прамармытаў Хатабыч, вылазячы з-пад ложка.— Будзь жа ты ў абдымках сну да самага снедання!

Ён лёгка падняў на рукі спячага Вольку, беражліва паклаў яго на пасцель, прыкрыў коўдрай і, задаволена мармычучы і крэкчучы, забраўся да сябе пад ложак.

А святло настольнай электрычнай лямпы ўсю ноч бескарысна падала на падручнік геаграфіі, сіратліва разгорнуты на адзінаццатай старонцы...

Можаце сабе ўявіць, колькі старання і хітрасці трэба было прыкласці Вольку, каб падрыхтавацца як след да пераэкзаменоўкі! Менавіта яна і была той важнай прычынай, праз якую Волька, а разам з ім Хатабыч і Жэня павінны былі паляцець з Героны не на ўзбярэжжа Атлантычнага акіяна, а назад у Маскву.

Але аказалася, што добра падрыхтавацца да пераэкзаменоўкі — гэта толькі палова справы. Трэба было яшчэ прыдумаць, як адчапіцца ад Хатабыча на час, які патрэбен быў для таго, каб пайсці здаць пераэкзаменоўку.

Тут аўтар гэтай праўдзівай аповесці лічыць патрэбным адзначыць для ведама чытачоў, што ў кватэры Кастыльковых жылі яшчэ два жыхары, аб якіх мы да гэтага часу не ўспаміналі толькі таму, што яны не прымалі ніякага ўдзелу ў падзеях, якія мы апісваем, ды і ў далейшым ніякай цікавасці для нас не будуць мець. Калі ж мы лічым патрэбным адзначыць іх існаванне, дык толькі таму, што якраз напярэдадні ўвечары па іх просьбе тэлефон з кабінета Кастылькова-старэйшага быў перанесены, каб было зручна ўсім, у пярэдні пакой.

Гэтая, нязначная, на першы погляд, падзея, як зараз пераканаюцца нашы чытачы, нечакана прывяла да сур’ёзнага пералому ў настроях і марах старога Хатабыча.

Такім чынам, Вольку не на жарт хвалявала пытанне, як яму непрыкметна для Хатабыча вырвацца з кватэры, калі ў пярэднім пакоі пачулася трэль тэлефоннага званка. Званіў Жэня.

— Слухаю! — сказаў Волька.— Добрай раніцы... Ну але, сёння. Роўна а дванаццатай... Яшчэ спіць. Што?.. Ну але, зусім здаровы. Ён наогул вельмі здаровы стары... Што? Не, яшчэ не прыдумаў... Што? Ты з глузду з’ехаў! Ён вельмі засмуціцца, пакрыўдзіцца і такога натворыць, што і за трыста гадоў не расхлёбаеш... Значыць, ты будзеш у мяне а палове адзінаццатай? Добра!

З дзвярэй Волькавага пакоя высунуўся Хатабыч. Ён дакорліва прашаптаў:

— Чаму ты, Волька, размаўляеш з тваім і маім лепшым сябрам Жэнем ібн Колем у пярэдняй? Гэта непачціва. Ці не лепш было б, калі б ты запрасіў яго да сябе ў пакой?

— Ды як ён зойдзе сюды, калі ён зараз у сябе дома?

Хатабыч пакрыўдзіўся:

— Не разумею, што прымушае цябе насміхацца з старога і любячага цябе джына! Мае вушы ніколі яшчэ мяне не ашуквалі. Я толькі што чуў, як ты размаўляў з Жэнем.

— Ды я з ім па тэлефоне размаўляў, разумееш ты ці не? Па тэ-ле-фо-не! Ох, і бяда мне з табой! Знайшоў, на што крыўдзіцца! Хадзем, я табе зараз усё пакажу.

Яны выйшлі ў пярэдні пакой. Волька зняў тэлефонную трубку з рычажка, хутка набраў знаёмы нумар і сказаў:

— Будзьце ласкавы, паклічце да тэлефона Жэню.

Потым ён перадаў трубку Хатабычу:

— На, можаш пагаварыць з Жэнькам.

Хатабыч асцярожна прыціснуў трубку да вуха, і твар яго расплыўся ў разгубленай усмешцы:

— Ці ты гэта, о блаславёны Жэня ібн Коля?.. Дзе ты зараз знаходзішся?.. Дома? А я думаў, ты сядзіш у гэтай чорнай трубачцы, якую я трымаю каля свайго вуха... Так, ты не памыліўся, гэта я, твой адданы сябра Гасан Абдурахман ібн Хатаб... Ты хутка прыедзеш? Хай жа будзе, у такім выпадку, блаславёны твой шлях!..

Ззяючы ад захаплення, ён вярнуў трубку Вольку, які пераможна ўхмыляўся.

— Надзвычайна! — усклікнуў ён.— Я гутарыў, нават не павышаючы голасу, з отракам, які знаходзіўся ад мяне за дзве гадзіны хадзьбы!

Вярнуўшыся ў Волькаў пакой, Хатабыч хітра азірнуўся, пстрыкнуў пальцамі левай рукі, і на сцяне, над акварыумам, адразу ж з’явілася дакладнае падабенства тэлефона, што вісеў у пярэднім пакоі.

— Цяпер ты можаш колькі пажадаеш размаўляць з сябрамі, не пакідаючы свайго пакоя.

— Вось за гэта дзякуй! — горача прамовіў Волька, зняў трубку, прыціснуў яе да вуха і доўга дарэмна прыслухоўваўся.

Ніякіх гудкоў не было чуваць.

— Алё! Алё! — крыкнуў ён.

Ён страсянуў трубку, потым пачаў у яе дзьмуць. Гудкоў усё роўна не было.

— Апарат сапсаваны,— растлумачыў ён Хатабычу.— Зараз я здыму вечка. Паглядзім, у чым справа.

Але апарат, нягледзячы на ўсе намаганні Волькі, ніяк не разнімаўся.

— Ён зроблены з цэльнага кавалка самага адборнага чорнага мармуру! — пахваліўся Хатабыч.

— Значыць усярэдзіне там нічога няма? — расчаравана запытаў Волька.

— А хіба ўсярэдзіне гэтага апарата таксама павінна што-небудзь быць? — занепакоіўся Хатабыч.— Накшталт як у тым гадзінніку?

— Ну ў такім разе зразумела, чаму гэты тэлефон не дзейнічае,— сказаў Волька.— Ты зрабіў толькі макет тэлефона, без усяго, што павінна быць усярэдзіне. А ўсярэдзіне апарата якраз самае галоўнае.

— А што там павінна быць, усярэдзіне? Асаблівая начынка? Такая, як у гадзінніку? Колцы розныя? Растлумач, і я адразу ж зраблю ўсё, што патрэбна.

— Не як у гадзінніку, а зусім іншая. Але гэтага так проста не растлумачыш,— важна адказаў Волька.— Для гэтага трэба спачатку прайсці ўсю электрычнасць.

— Дык навучы ж мяне таму, што ты называеш электрычнасцю!

— Для гэтага...— натхніўся Волька,— для гэтага патрэбна яшчэ раней прайсці ўсю арыфметыку, усю алгебру, усю геаметрыю, усю трыганаметрыю, усё чарчэнне і яшчэ шмат розных іншых навук.

— Тады навучы мяне і гэтым навукам.

— Я... я... я сам яшчэ не ўсё гэта ведаю,— прызнаўся Волька.

— Тады навучы мяне таму, што ты ўжо ведаеш.

— Для гэтага спатрэбіцца шмат часу.

— Усё роўна я згодзен,— рашуча адказаў Хатабыч.— Дык скажы ж, не мучай мяне: ці будзеш вучыць мяне навукам, якія даюць кожнаму чалавеку такую дзівосную сілу?

— Толькі каб акуратна рыхтаваць урокі! — строга адказаў Волька.— На, пакуль што пачытай газету, а я збегаю па адной справе.

Ён сунуў у рукі Хатабычу свежы нумар «Піянерскай праўды» і паехаў у школу.

Светла-шэры будынак школы быў нязвыкла ціхім і пустынным. Толькі ў кабінеце на першым паверсе дырэктар, загадчык навучальнай часткі і Варвара Сцяпанаўна аб нечым размаўлялі, ды двума паверхамі вышэй чуліся гулкія вясёлыя галасы маляроў і тынкоўшчыкаў: пачынаўся летні рамонт.

— Ну, дарагая Варвара Сцяпанаўна, што ж вам сказаць,— усміхнуўся дырэктар,— такому адпачынку можна толькі пазайздросціць. І надоўга гэта?

— Здаецца, на месяц ці нешта каля гэтага.

Волька ўзрадаваўся, што Варвары Сцяпанаўне хоць месяц не будзе пагражаць небяспека трапіць на вочы Хатабычу. Фу, хоць бы хутчэй яна ехала!

— А-а-а, крыштальны купал нябёс! — жартаўліва прывітаў дырэктар Вольку.— Ну як, паздаравеў?

— Паздаравеў, Павел Васільевіч. Я зусім здаровы.

— Ну вось і цудоўна! Падрыхтаваўся?

— Падрыхтаваўся, Павел Васільевіч.

— Ну што ж, давай, у такім разе, пагутарым.

Яны гутарылі па ўсім курсе геаграфіі за шосты клас. Калі б Волька здагадаўся прыкмеціць час, ён пераканаўся б са здзіўленнем, што гутарка працягвалася амаль дваццаць хвілін. Але ў яго не было часу глядзець на гадзіннік. Яму здавалася, што дырэктар недастаткова падрабязна яго пытае, яму хацелася на кожнае пытанне адказваць пяць, дзесяць хвілін. Ён перажываў пакутлівае і ў той жа час шчаслівае пачуццё вучня, які ведае прадмет назубок і больш за ўсё баіцца, як бы гэта не засталося не заўважаным тымі, хто яго экзаменуе. Па твары Варвары Сцяпанаўны ён даўно ўжо бачыў, што тая задаволена яго адказамі, і ўсё ж, калі Павел Васільевіч нарэшце сказаў: «Малайчына! Цяпер відаць, што цябе не дарэмна вучылі», Волька адчуў, што па яго целе прабег прыемны халадок, а яго вяснушкаватая фізіяномія, без яго жадання, расплылася ў такую шырокую ўсмешку, што і дырэктар, і загадчык навучальнай часткі, і настаўніца геаграфіі таксама заўсміхаліся.

— Так,— сказаў загадчык навучальнай часткі,— адразу відаць, што Кастылькоў сур’ёзна папрацаваў, па-піянерску.

О, калі б дырэктар, Варвара Сцяпанаўна і загадчык навучальнай часткі ведалі, у якіх нечувана цяжкіх умовах прыходзілася Вольку рыхтавацца да гэтай гутаркі! Як ён хітраваў, хаваўся, уцякаў ад Хатабыча, каб мець магчымасць спакойна сесці за падручнік геаграфіі, якія незвычайна цяжкія перашкоды, сам таго не ведаючы, ставіў яму Хатабыч увесь гэты час! Наколькі ўзрасла б тады іх павага да поспехаў, дасягнутых Кастыльковым!

Волька хацеў быў пахваліцца і сваімі педагагічнымі поспехамі (не кожны можа пахваліцца, што навучыў грамаце джына), але своечасова ўтрымаўся.

— Ну, Кастылькоў,— урачыста прамовіў Павел Васільевіч,— віншую цябе з пераходам у сёмы клас! Адпачывай да верасня. Набірайся сілы! Бывай здароў!

— Дзякую, Павел Васільевіч,— адказаў Волька паважна, як і належыць вучню сёмага класа.— Да пабачэння, Варвара Сцяпанаўна! Да пабачэння, Сяргей Сямёнавіч!..

На той час, калі ён вярнуўся на рэчку, Хатабыч, зручна прымасціўшыся ў засені магутнага дуба, бойка чытаў Жэню «Піянерскую праўду».

— Здаў! На «пяцёрку»! — шэптам паведаміў Волька свайму сябру і прылёг каля Хатабыча, адчуваючы адначасова па меншай меры тры задавальненні: першае — ад таго, што ён ляжаў у халадку, другое — ад таго, што ён на выдатна здаў іспыты, і трэцяе, не менш важнае, а бадай, і самае галоўнае задавальненне,— гонар настаўніка за поспехі свайго вучня.

Між тым стары, які чытаў усё запар, перайшоў да аддзела «Спартыўныя навіны». Першая ж заметка прымусіла сяброў сумна і зайздросліва ўздыхнуць.

— «У сярэдзіне ліпеня,— чытаў Хатабыч,— з Архангельска накіроўваецца ў Арктыку зафрахтаваны Цэнтральным экскурсійным бюро ледакольны параход «Ладага», на якім правядуць свой адпачынак шэсцьдзесят восем лепшых работнікаў вытворчасці Масквы і Ленінграда. Рэйс абяцае быць вельмі цікавым».

— Вось гэта здорава! — летуценна прамовіў Волька.— Вось гэта паездка! Усё аддай — не шкада!

— Толькі загадайце, о найцудоўнейшыя мае сябры, і вы паедзеце, куды толькі захочаце! — палка сказаў Хатабыч, які гарэў жаданнем аддзякаваць чым-небудзь сваім юным настаўнікам.

Але Волька замест адказу толькі зноў уздыхнуў. А Жэня з тугой растлумачыў старому:

— Не, Хатабыч, нам на «Ладагу» не трапіць: на яе, брат, толькі знатныя людзі могуць разлічваць.

 


LIII. Перапалох у Цэнтральным экскурсійным бюро

 

У той жа дзень у канцылярыю Цэнтральнага экскурсійнага бюро з’явіўся дзед у белым гарнітуры, капелюшы канацье і мудрагеліста вышытых золатам і срэбрам ружовых пантофлях з загнутымі ўгору насамі. Ён ветліва запытаў, ці мае ён шчасце знаходзіцца ў пакоях высокай установы, якая дорыць людзям духмяную радасць падарожжаў. Атрымаўшы ад здзіўленай такім напышлівым пытаннем сакратарцы станоўчы адказ, стары гэтак жа вытанчана пацікавіўся, дзе сядзіць той варты ўсялякай павагі чалавек, ад якога залежыць паездка на ледакольным, параходзе «Ладага». Яму паказалі на тоўсценькага лысага супрацоўніка, які сядзеў за вялізным пісьмовым сталом, заваленым кучамі лістоў.

— Толькі, грамадзянін, улічыце: месцаў на «Ладазе» ўжо няма,— дадалі яму пры гэтым.

Стары, нічога не адказаўшы, падзякаваў кіўком галавы, моўчкі падышоў да тоўсценькага супрацоўніка, моўчкі нізка пакланіўся яму, не трацячы пры гэтым уласнай годнасці, моўчкі падаў яму ўпакаваны ў газетную паперу згорнуты трубачкай пакет, зноў пакланіўся, гэтак жа моўчкі павярнуўся і пайшоў пад здзіўленымі позіркамі ўсіх, хто быў сведкам гэтай забаўнай сцэны.

Супрацоўнік разгарнуў газетную паперу, і перад яго вачамі з’явіўся самы незвычайны ліст, які паступаў калі-небудзь не толькі ў Цэнтральнае экскурсійнае бюро, але і ў якую-небудзь іншую савецкую ўстанову. Гэта быў жаўтаваты пергаментны скрутак з вялікай зялёнай васковай пячаткай, якая матлялася на залацістым шаўковым шнурку.

— Ці бачылі вы калі-небудзь хоць што падобнае? — гучна запытаў супрацоўнік і пабег адразу ж дакладваць свайму непасрэднаму начальніку — загадчыку сектара асабліва далёкіх экскурсій.

Той, адразу пакінуўшы ўсе бягучыя справы, памчаўся разам са сваім супрацоўнікам да самога дырэктара.

— У чым справа? — сустрэў іх дырэктар.— Хіба вы не бачыце—я заняты.

Замест адказу загадчык сектара моўчкі разгарнуў перад ім скрутак.

— Што гэта? — запытаў дырэктар.— З музея?

— Не, з бягучай пошты, Мацвей Касьяныч,— адказаў загадчык сектара.

— З пошты?! А што ў ім напісана?.. Ну, ведаеце,— сказаў ён, азнаёміўшыся са зместам пергамента,— усё са мной здаралася, а такога ліста я ў жыцці не атрымліваў! Гэта, відаць, пісаў вар’ят.

— Калі і вар’ят, Мацвей Касьянавіч, дык, ва ўсякім разе, з аматараў рэдкасцей,— сказаў на гэта загадчык сектара асабліва далёкіх падарожжаў.— Паспрабуйце дастаць пергамент!..

— Не, вы паслухайце толькі, што тут напісана! — працягваў Мацвей Касьяныч, забыўшы, што яго суразмоўцы раней за яго пазнаёміліся са зместам гэтага паслання.— Гэта ж тыповае трызненне! «Высокашаноўнаму начальніку прыемнасцей, непадкупнаму і высокаадукаванаму загадчыку сектара асабліва далёкіх падарожжаў, хай жа славіцца імя яго сярод самых паважаных і высакародных загадчыкаў сектараў!» — прачытаў Мацвей Касьяныч і падмаргнуў загадчыку сектара: — Гэта вам, Іван Іваныч!

Іван Іваныч збянтэжана хмыкнуў.

— «Я — Гасан Абдурахман,— працягваў між тым чытаць Мацвей Касьяныч,— магутны джын, вялікі джын, праслаўлены сваёй сілай і магутнасцю ў Багдадзе і Дамаску, у Вавілоне і Суміры, сын Хатаба, вялікага цара злых духаў, галіна вечнага царства, якога дынастыя міла Сулейману ібн Дауду (мір з імі абодвума!), якога ўладанне прыемна іх сэрцу. Маім блаславёным дзеянням узрадаваўся алах і блаславіў мяне, Гасана Абдурахмана, джына, які паважае яго. Усе цары, што сядзяць у палацах усіх чатырох кірункаў свету, ад Верхняга мора да Ніжняга, і цары Захаду, што жывуць у шатрах,— усе разам прынеслі мне сваю цяжкую даніну і цалавалі ў Багдадзе мае ногі.

Даведаўся я, о самы паважаны з загадчыкаў сектараў, што неўзабаве збіраецца адплыць з горада Архангельска без ветразяў ідучы карабель, імя якому «Ладага», і на ім накіруюцца ў вясёлае падарожжа знатныя людзі розных гарадоў. І вось пажадана мне, каб сярод іх былі два юныя мае сябры, якіх вартасці такія шматлікія, што нават кароткі пералік іх не можа змясціцца на гэтым скрутку.

Я, на жаль, не ведаю, якой вялікай павінна быць знатнасць чалавека, каб ён мог удастоіцца гэтага цудоўнага падарожжа. Але, якімі высокімі ні былі гэтыя патрабаванні, мае сябры ўсё роўна цалкам і нават з лішкам ім задаволяць. Бо ў маіх сілах зрабіць іх князямі або шэйхамі, царамі або каралямі, самымі знатнымі са знатных, самымі багатымі з багатых, самымі магутнымі з магутных.

Сем і сем разоў да ног тваіх прыпадаючы, шлю я табе прывітанне, о мудры загадчык сектара, і прашу паведаміць, калі з’явіцца мне са сваімі юнымі сябрамі на борт упамянутага карабля, хай жа мінуць яго буры і няшчасці ў яго далёкай і небяспечнай дарозе!

Пад гэтым падпісаўся Гасан Абдурахман ібн Хатаб, магутны джын».

У самым нізе быў дадзены для адказу адрас Волькі Кастылькова.

— Трызненне! — зрабіў вывад Мацвей Касьяныч, згортваючы скрутак.— Трызненне вар’ята. У архіў — і справе канец.

— Усё ж лепш адказаць. А то гэты звар’яцелы дзед будзе да нас хадзіць па пяць разоў у дзень — даведвацца, як ідзе справа наконт яго хадайніцтва. Працаваць нельга будзе, запэўніваю вас,— запярэчыў Іван Іваныч і праз некалькі хвілін асабіста прадыктаваў машыністцы адказ.

 


LIV. Хто самы знатны?

 

Вядома, Хатабыч быў неасцярожны, даўшы для адказу Волькаў адрас. Гэта ж была простая выпадковасць, што Волька сустрэў паштальёна на лесвіцы. А што, калі б гэтай шчаслівай сустрэчы не было? Ліст Цэнтральнага экскурсійнага бюро трапіў бы тады ў рукі Волькавых бацькоў, і пачаліся б роспыты, і заварылася б такая каша, што нават падумаць аб ёй непрыемна.

Кастылькоў-малодшы не так ужо часта атрымліваў лісты на сваё імя. Не то тры, не то чатыры разы за ўсё сваё жыццё. Таму ён, даведаўшыся ад паштальёна, што на яго імя ёсць ліст, вельмі здзівіўся. А ўбачыўшы на канверце штамп Цэнтральнага экскурсійнага бюро, і зусім атарапеў. Старанна агледзеў яго з усіх бакоў, нават невядома для чаго панюхаў яго, але адчуў толькі саладжавы пах гуміарабіка. Потым ён дрыжачымі рукамі распячатаў канверт і некалькі разоў, нічога не разумеючы, перачытаў кароткі, але ветлівы адказ Івана Іваныча:

«Паважаны грамадзянін Г. Абдурахманаў!

На вялікі наш жаль, Вы крыху спазніліся са сваім хадайніцтвам. Усе месцы на «Ладазе» ўжо запрададзены.
Прывітанне вашым прынцам і шэйхам.

Заг. сектара асабліва далёкіх падарожжаў
Ів. Дамаседаў».

«Няўжо стары клапатаў, каб нас узялі на «Ладагу? — здагадаўся нарэшце Волька і расчуліўся.— Які цудоўны стары! Вось толькі незразумела, якім гэта прынцам і шэйхам таварыш Дамаседаў перадае прывітанне. Зрэшты, зараз даведаемся».

— Хатабыч, а Хатабыч! — крыкнуў ён, апынуўшыся на беразе ракі.— Можна цябе на хвілінку?

Стары, які драмаў у засені пад раскідзістым дубам, пачуўшы Волькаў голас, схамянуўся, падхапіўся на ногі і дробным, старэчым трушком падбег да Волькі.

— Я тут, о брамнік маёй душы,— сказаў ён задыхаўшыся.— Я чакаю тваіх загадаў.

— Прызнавайся: пісаў у Цэнтральнае экскурсійнае бюро?

— Пісаў. Я хацеў зрабіць гэта для цябе сюрпрызам,— збянтэжыўся Хатабыч.— А што, хіба ўжо прыйшоў адказ?

— Вядома, прыйшоў. Вось ён,— адказаў Волька і паказаў старому ліст.

Хатабыч выхапіў з Волькавых рук паперку, павольна, па складах, прачытаў дыпламатычны адказ Івана Іваныча, імгненна пачырванеў, задрыжаў дробнымі дрыжыкамі, вочы яго наліліся крывёю, і ён у шаленстве з трэскам рвануў вышываны каўнер сваёй кашулі.

— Прашу прабачэння,— прахрыпеў ён,— прашу прабачэння! Я вымушаны пакінуць цябе на некалькі хвілін, каб належным чынам пакараць гэтага агіднага Дамаседава. О, я ведаю, што я з ім зраблю! Я яго знішчу! Не, я яго не знішчу, бо ён не заслугоўвае такога літасцівага пакарання. Я яго лепш ператвару ў брудную анучу, і аб яго будуць у восеньскія, непагодлівыя дні выціраць свой брудны абутак перад тым як увайсці ў памяшканне. Не! Не, і гэтага вельмі мала, каб адплаціць яму за гэтую грубіянскую адмову...

З гэтымі словамі стары ўзвіўся ў паветра. Але Волька ўладным голасам крыкнуў:

— Назад! Зараз жа назад!

Стары паслухмяна вярнуўся, пакрыўджана нахмурыўшы дрымучыя сівыя бровы.

— Фу ты, на самой справе! — накінуўся на яго Волька, які не на жарт перапалохаўся за лёс загадчыка сектара асабліва далёкіх падарожжаў.— З глузду ты з’ехаў, ці што? Хіба ён вінаваты, што месцаў больш няма? Карабель жа не гумавы!.. І дарэчы, аб якіх гэта шэйхах і прынцах ідзе размова ў адказе таварыша Дамаседава?

— Аб табе, о Волька ібн Алёша, аб табе і аб нашым сябру Жэню ібн Колю, хай прадоўжыць алах вашыя гады! Я напісаў гэтаму найгоршаму з загадчыкаў сектараў, што за знатнасцю вашай затрымкі не будзе, бо, якімі б знатнымі ні былі астатнія пасажыры «Ладагі», я магу зрабіць вас, сябры мае, яшчэ больш знатнымі. Я напісаў гэтаму слабаму розумам Дамаседаву — хай забудзе аб ім алах! — што ён можа вас ужо за вочы лічыць шэйхамі, або царамі, або прынцамі.

Не зважаючы на напружанасць становішча, Волька не мог утрымацца ад смеху. Ён зарагатаў так гучна, што з бліжэйшага дрэва з шумам падняліся і, абурана азіраючыся, паляцелі прэч некалькі вельмі паважных галак.

— Дазволь, дазволь... значыць, атрымліваецца, што я прынц? — паміраў ад смеху Волька.

— Я не разумею, прызнацца, прычын твайго смеху,— абражана адказаў Хатабыч.— А калі гаварыць па сутнасці, дык я званне прынца прызначаў для Жэні. Ты заслугоўваеш, на мой погляд, султанскага звання.

— Ой, пацеха! Далібог, пацеха! Значыць, Жэнька быў бы прынцам, а я султанам? Не, падумаць толькі, якая палітычная непісьменнасць! — зжахнуўся Волька, пакінуўшы нарэшце смяяцца.— Няма чаго сказаць, знатныя людзі — прынц ды кароль!

— На жаль, ты, здаецца, з глузду з’ехаў! — занепакоіўся Хатабыч, з трывогай паглядаючы на свайго юнага суразмоўцу.— Наколькі я цябе зразумеў, нават султаны для цябе недастаткова знатныя. Хто ж тады, па-твойму, знатны чалавек? Назаві мне хоць адно імя.

— Ды ўзяць бы хоць Чуткіх, або Луніна, або Кажадуба, або Пашу Ангеліну...

— Хто ж гэта твой Чуткіх? Султан?

— Паднімай, брат, вышэй! Чуткіх — адзін з лепшых у краіне майстроў суконнай прамысловасці!

— А Лунін?

— Лунін — лепшы паравозны машыніст!

— А Кажадуб?

— Адзін з самых-самых лепшых лётчыкаў!

— А чыя жонка Паша Ангеліна, што ты яе лічыш больш знатнай, чым шэйхі і каралі?

— Яна сама па сабе знатная, а не па мужу. Яна славутая трактарыстка!

— Ну, ведаеш, о дарагі мой Волька, я вельмі стары, каб дазваляць табе так з мяне смяяцца. Ты хочаш пераканаць мяне, што просты суконшчык ці паганяты паравозаў знатнейшы за цара!

— Па-першае, Чуткіх не просты суконшчык, а вядомы наватар усёй тэкстыльнай прамысловасці, а Лунін — выдатны машыніст. А па-другое, нават самы звычайны рабочы ў нас карыстаецца большай пашанай, чым самы заядлы цар. Не верыш? На, прачытай у газеце.

Волька працягнуў Хатабычу газету, і той пераканаўся ўласнымі вачамі, што над дзясяткамі фотаздымкаў слесараў, аграномаў, лётчыкаў, калгаснікаў, ткачоў, настаўнікаў і цесляроў вялікімі літарамі было надрукавана: «З н а т н ы я   л ю д з і   н а ш а й   Р а д з і м ы».

— Ніколі не паверыў бы тваім словам,— уздыхнуўшы, прамовіў тады Хатабыч,— ніколі не паверыў бы, калі б не знайшоў пацвярджэння ім на старонках вельмі паважанай мною газеты. Малю цябе, о Волька, растлумач мне: чаму тут, у тваёй цудоўнай краіне, усё не так, як у іншых дзяржавах?

— Вось гэта калі ласка, хоць зараз! — з гатоўнасцю адказаў яму Волька і, зручна сеўшы на беразе ракі, доўга і з гонарам тлумачыў Хатабычу сутнасць савецкага ладу.

Пераказваць змест гэтай доўгай гутаркі, бадай, не варта, бо няма сумнення, што кожны з чытачоў нашай аповесці расказаў бы Хатабычу на месцы Волькі тое ж самае, што і ён.

— Усё сказанае табою такое ж мудрае, як і высакароднае. І кожнаму, хто сумленны і мае справядлівае сэрца, пасля тваіх слоў ёсць над чым падумаць,— шчыра прамовіў Хатабыч, калі скончыўся першы ў яго жыцці ўрок палітграматы.

Падумаўшы крыху, ён горача дадаў:

— Тым больш я ахоплены жаданнем уладзіць і цябе і твайго сябра на «Ладагу»! І, павер мне, я гэта зраблю.

— Толькі, калі ласка, без буянства,— прадбачліва падкрэсліў Волька.— І без ашуканства. Не надумайся, напрыклад, выдаваць мяне за выдатніка вучобы. У мяне па трох прадметах чацвёркі.

— Твае пажаданні для мяне закон,— сказаў у адказ Хатабыч і нізка пакланіўся.

Стары сумленна выканаў сваё абяцанне. Ён нават пальцам не крануў каго-небудзь з супрацоўнікаў Цэнтральнага экскурсійнага бюро.

Ён проста зрабіў так, што, калі ўсе тры нашы героі з’явіліся на борт «Ладагі», іх вельмі добра сустрэлі, адвялі ім цудоўную каюту і ніводнага разу не пацікавіліся, па якому, уласна кажучы, праву яны трапілі ў склад экспедыцыі. Хатабыч так зрабіў, што гэтае пытанне ніводнага разу не ўзнікала ні ў каго з вясёлых і дружных пасажыраў «Ладагі».

Затое за дваццаць хвілін да адплыцця на параход зусім нечакана для капітана былі пагружаны сто пяцьдзясят скрынак апельсінаў, гэтулькі ж скрынак цудоўнага вінаграду, дзвесце скрынак фінікаў і паўтары тоны самых вытанчаных усходніх ласункаў.

На кожнай скрынцы было напісана: «Для ўсіх удзельнікаў экспедыцыі і ўсіх членаў бясстрашнай каманды «Ладагі» ад грамадзяніна, які пажадаў застацца невядомым».

Не трэба быць асабліва кемлівым, каб здагадацца, што гэта былі падарункі Хатабыча, які не хацеў, каб ён і яго сябры задарма ўдзельнічалі ў падарожжы на «Ладазе».

І сапраўды, запытайце ў кожнага з удзельнікаў экспедыцыі на «Ладазе» — усе да гэтага часу з вялікай прыемнасцю ўспамінаюць пра «грамадзяніна, які пажадаў застацца невядомым». Яго падарункі прыйшліся ўсім да спадобы.

Вось цяпер, калі чытачы больш або менш падрабязна пазнаёміліся з абставінамі, пры якіх нашы сябры апынуліся на «Ладазе», мы можам са спакойным сумленнем працягваць нашу аповесць.

 


LV. Раздзел, у якім расказваецца аб незвычайнай сустрэчы, з якой пачалося падарожжа на “Ладазе”

 

Дык вось, калі вы памятаеце, дарагія чытачы, у спякотны ліпеньскі поўдзень ад Чырвонай прыстані Архангельскага порта адчаліў ледакольны параход «Ладага», маючы на сваім борце вялікую групу экскурсантаў. Сярод іх былі і нашы сябры — Хатабыч, Волька і Жэня. Хатабыч сядзеў на прагулачнай палубе, вёў нетаропкую гутарку з пажылым слесарам са Свярдлоўска наконт перавагі тэкстыльнага абутку перад скураным і націскаў пры гэтым на выгоды, якія дае тэкстыльны абутак асобам, што пакутуюць ад застарэлых мазалёў.

Волька і Жэня, якія абапіраліся на парэнчы верхняй палубы, былі шчаслівыя, як могуць быць шчаслівыя толькі хлопчыкі, што ўпершыню ў жыцці апынуліся на самым сапраўдным ледаколе ды яшчэ, акрамя ўсяго іншага, накіруюцца на ім на цэлы месяц у падарожжа і не куды-небудзь, а ў Арктыку. Абмяняўшыся думкамі наконт параходаў, цеплаходаў, ледаколаў, буксіраў, карбасаў, шхун, траўлераў, катэраў і іншых відаў воднага транспарту, якія снавалі па прасторах Паўночнай Дзвіны, хлопчыкі прыціхлі, зачараваныя прыгажосцю магутнай ракі.

— Здорава? — запытаў Волька такім тонам, нібы гэтая прыгажосць была зроблена яго рукамі.

— Ага! — згадзіўся нешматслоўны Жэня.

— Раскажаш, не павераць.

— Ага! — сказаў Жэня,

— А яшчэ я вельмі рад,— заявіў Волька пасля новай і даволі працяглай паўзы,— што мы...— ён з апаскай азірнуўся — ці няма паблізу Хатабыча, і працягваў на ўсялякі выпадак напаўголаса,— што мы хоць на месяц звезлі старога далей ад Варвары Сцяпанаўны.

— Факт,— сказаў Жэня.

— Памочнік капітана! — прашаптаў Волька, кіўнуўшы на маладога марака з невялікімі рыжаватымі бакенбардамі на вяснушкаватым твары; марак праходзіў у гэты час міма іх.— Пасажырскі памочнік!

Яны з глыбокай павагай паглядзелі на чалавека, які так абыякава нёс сваё абвеянае рамантыкай высокае званне. А той, акінуўшы халодным позіркам юных пасажыраў, спыніў яго на матросе, які ў задуменні аблакаціўся на парэнчы па суседству з імі.

— Сумуеш, Еўсцігнееў?

— Дык жа зноў на цэлы месяц чорт ведае ў якую даль.

Хлопчыкі здзівіліся: чалавеку не хочацца ехаць у Арктыку! Дзівак нейкі!

— Сапраўдны марак на беразе — у гасцях, а ў моры — дома! — важка зазначыў пасажырскі памочнік.— Вядома табе гэта?

— Ну, я не такі ўжо марак, паколькі я — афіцыянт. Акрамя таго, толькі пяты тыдзень, як ажаніўся.

— Дык вось— сказаў пасажырскі памочнік, лічачы, што размова па гэтаму пытанню скончана,— возьмеш на камбузе абед і аднясеш у чатырнаццатую каюту, грамадзянцы Кальцовай...

— Прозвішча, як у Варвары Сцяпанаўны,— бесклапотна зазначыў Волька.

— Ага! — сказаў Жэня.

— Экскурсантка пажылая,— тлумачыў памочнік капітана,— прастудзілася ў дарозе. Нічога страшнага,— супакоіў ён афіцыянта, хоць той не праявіў ніякіх прыкмет трывогі за здароўе грамадзянкі Кальцовай,— адлежыцца дзянёк, і ўсё будзе ў парадку... Значыць, давай дзейнічай. І пастаўся да яе асабліва ўважліва — заслужаная настаўніца рэспублікі, не хто-небудзь...

— Заслужаная!.. І прозвішча Кальцова! — прашаптаў Волька.— Бываюць супадзенні!

— Ага! — згадзіўся Жэня раптоўна ахрыплым голасам.— Распаўсюджанае прозвішча... Ну, як Іваноў...

— Так што называй ты яе, брат Еўсцігнееў, па імені, па бацьку,— закончыў свае настаўленні пасажырскі памочнік і дастаў з бакавой кішэні беласнежнага кіцеля запісачку.— А імя яе і імя па бацьку — Варвара Сцяпанаўна...

У хлопчыкаў пацямнела ў вачах.

— Мала што — Варвара Сцяпанаўна,— паспрабаваў супакоіць і сябе і Вольку Жэня,— яшчэ не факт, што гэта менавіта наша.

Але Волька ўспомніў размову ў кабінеце дырэктара, калі ён туды прыйшоў на экзамен па геаграфіі, і толькі безнадзейна махнуў рукой:

— Яна. Менавіта наша... І што з ёю зараз будзе, падумаць страшна... Не магла паехаць куды-небудзь у Сочы!..

— А мы яе ўсё роўна выратуем,— панура заявіў Жэня пасля кароткай, але цяжкай паўзы.— Толькі давай думаць — як.

Пасядзелі яны на лаўцы, падумалі, пакракталі з прычыны невясёлага іх лёсу: іншым людзям падарожжа — прыемнасць, радасць, а ім такая марока. Ды калі ўжо здарылася так, трэба ратаваць настаўніцу. А як? А вельмі проста: адцягваць увагу Хатабыча.

Сёння яшчэ можна было не хвалявацца — суткі яна праляжыць у сябе ў каюце, а потым трэба будзе так рабіць: адзін гуляе з Варварай Сцяпанаўнай або сядзіць з ёю і вядзе гутарку, а другі будзе ў гэты час займаць Хатабыча. Напрыклад, Волька з Хатабычам гуляе ў шахматы, а Жэня тым часам шпацыруе з Варварай Сцяпанаўнай па палубе. Волька з Хатабычам на палубе — Жэня з Варварай Сцяпанаўнай вядзе гутарку дзе-небудзь у каюце, ці што... Незразумела было толькі, што рабіць, калі экскурсанты будуць сыходзіць на бераг і калі ўсе будуць збірацца есці ў кают-кампаніі.

— А калі загрыміраваць Варвару Сцяпанаўну? — прапанаваў быў Волька.

— Што, бараду ёй прывешваць, ці што? — сказаў з’едліва Жэня.— Глупства! Тут грымам не выратуеш чалавека. Трэба будзе яшчэ падумаць...

— О юныя мае сябры! — гукнуў ім знізу Хатабыч.— Дзе вы?

— Мы тут. Мы зараз,— адказалі хлопчыкі.

Яны спусціліся да Хатабыча на прагулачную палубу.

— У нас тут спрэчка з паважаным Аляксандрам Якаўлевічам,— сказаў Хатабыч, пазнаёміўшы іх са сваім суразмоўцам,— наконт Індыі...

Што далей, то цяжэй: калі стары пачне направа і налева выкладваць перад экскурсантамі свае «веды» па геаграфіі, яго высмеюць, а ён, чаго добрага, пакрыўдзіцца, і такая ўзнімецца катавасія, што самай вялікай лыжкай не расхлябаеш.

— Рассудзіце нас, о юныя мае сябры, хіба не Дэлі — сталіца Індыі.

— Вядома, Дэлі,— пацвердзілі хлопчыкі.— Факт, што Дэлі.

Вось гэта здорава! Яны былі ўражаны. Адкуль гэта ў старога раптам з’явіліся правільныя геаграфічныя звесткі? Хіба што з газет?.. Ну вядома, з газет.

— А паважаны Аляксандр Якаўлевіч сцвярджае, што не Дэлі, а Бамбей,— радаваўся Хатабыч,— і яшчэ мы з ім паспрачаліся наконт таго, як высока ўзвышаецца над нашымі галовамі стратасфера, і я сказаў, што дакладную мяжу паміж трапасферай і стратасферай правесці нельга і што ў розных мясцінах зямлі яна то вышэй, то ніжэй... І што лінія гарызонту, якая, як гэта дакладна вядома з навукі геаграфіі, існуе толькі ў нашым уяўленні...

— Хатабыч — строга перапыніў яго Волька,— можна цябе на адну хвілінку? — Яны адышлі ўбок.— Прызнайся, гэта ты ў мяне «зачытаў» падручнік па геаграфіі?

— Хай будзе дазволена мне даведацца, што ты разумееш пад гэтым дзіўным словам «зачытаў»? Калі ты пад гэтым словам разумееш, о Волька, што я... Што з табой, о якар майго сэрца? Ты пабялеў увесь!..

У Волькі раптам адвісла ніжняя сківіца, а позірк яго застыў на нечым, заўважаным ім тут жа, на прагулачнай палубе, за спінай старога джына.

Хатабыч хацеў павярнуцца,каб даведацца, у чым справа, але Волька залямантаваў:

— Не трэба павяртацца! Малю цябе, не павяртайся!.. Хатабыч!.. Міленькі!.. Дарагі!..

І ўсё ж стары павярнуўся...

Да іх набліжалася пад руку з нейкай другой пажылой жанчынай Варвара Сцяпанаўна Кальцова, заслужаная настаўніца рэспублікі, выкладчыца геаграфіі і класная кіраўніца сёмага класа «Б» 124-й маскоўскай сярэдняй школы.

Хатабыч павольна рушыў ёй насустрач. Звыклым рухам ён вырваў з барады адзін валасок, другі.

— Не трэба! — крыкнуў страшным голасам Волька і схапіў яго за руку.— Яна ні ў чым не вінавата!.. Ты не маеш права!..

Ззаду на Хатабыча моўчкі накінуўся Жэня, схапіў яго аберуч і сціснуў што было сілы.

Аляксандр Якаўлевіч глядзеў на гэтую дзіўную сцэну, аслупянеўшы ад здзіўлення.

— Дзеці! — строга прамовіла Варвара Сцяпанаўна, ніколькі, мабыць, не здзівіўшыся сустрэчы са сваімі вучнямі тут, на ледаколе.— Не хуліганьце! Пакіньце гэтага грамадзяніна ў спакоі! Ну! Каму я гавару?! Кастылькоў! Багарад! Вы чуеце?

— Ён вас тады ператворыць у жабу! — роспачна ўсклікнуў Волька, адчуваючы, што яму не справіцца з Хатабычам.

— Або ў калоду, на якой мяснікі разбіраюць тушы бараноў! — падхапіў Жэня.— Уцякайце, Варвара Сцяпанаўна! Хавайцеся хутчэй, пакуль ён не вырваўся з нашых рук!.. Волька вам праўду кажа!..

— Што за недарэчная балбатня! — крыху павысіла голас Варвара Сцяпанаўна.— Дзеці! Вы чулі, што я вам сказала?!

Але Хатабыч ужо і сам вызваліўся з учэпістых абдымкаў сваіх юных сяброў і хуценька парваў абодва валаскі.

Хлопчыкі ад жаху заплюшчылі вочы.

Яны расплюшчылі іх, калі пачулі, што Варвара Сцяпанаўна некаму дзякуе. У яе руках былі букет кветак і вялікая вязка цудоўных, духмяных бананаў.

Хатабыч адказаў ёй, сагнуўшыся ў далікатным паклоне і прыклаўшы руку спачатку да ілба, а потым да сэрца...

Нашы тры сябры канчаткова ўдакладнілі становішча, сабраўшыся ўнізе, у сваёй каюце.

— А чаму ты мне, о Волька, не сказаў яшчэ тады, адразу пасля экзамена, у першы дзень нашага шчаслівага знаёмства, што я падвёў цябе сваёй саманадзейнай і невуцкай падказкай? Ты мяне вельмі пакрыўдзіў гэтым. Сказаў бы мне, і я не перашкаджаў бы табе гэтулькі дзён сваёй дакучлівай удзячнасцю, і ты здолеў бы спакойна падрыхтавацца да пераэкзаменоўкі так, як гэта належыць такому адукаванаму отраку, як ты.

Так сказаў Хатабыч, і ў голасе яго гучала самая шчырая крыўда.

— І яшчэ раней ты ператварыў бы Варвару Сцяпанаўну ў калоду, на якой разбіраюць тушы бараноў? Я, брат Хатабыч, цябе ўжо вельмі нават добра вывучыў. Усе гэтыя дні мы з Жэнем правялі ў дзікім страху за Варвару Сцяпанаўну. Ты ж яе абавязкова ператварыў бы ў калоду?

Хатабыч пакорліва ўздыхнуў:

— Ператварыў бы, не буду ўтойваць. У калоду альбо ў агідную жабу.

— Ну вось! А хіба яна гэтага заслужыла?

— Няхай толькі хто-небудзь паспрабуе ператварыць гэтую паважаную жанчыну ў калоду альбо жабу! Ён будзе мець справу са мной! — запальчыва ўсклікнуў стары і дадаў: — Я бласлаўляю той дзень, калі вы наставілі мяне на розум вывучыць азбуку і прывучылі да чытання газет, бо цяпер я заўсёды ў курсе, дзе якое мора будуецца. І яшчэ я бласлаўляю той дзень, калі алах умудрыў мяне «зачытаць» — я, здаецца, так сказаў, о Волька? — твой падручнік геаграфіі. Бо гэтая сапраўды мудрая і займальная кніга адкрыла перада мною блаславёныя прасторы сапраўднай навукі і ўсцерагла мяне ад таго, што я ў слепаце сваёй схільны быў лічыць за пакаранне вашай высокапаважанай настаўніцы. Я маю на ўвазе Варвару Сцяпанаўну.

— То-та ж! — сказаў Волька — З гэтым пытаннем усё!

— Ага! — пацвердзіў Жэня.

 


LVI. Што перашкаджае спаць

 

Надвор’е спрыяла «Ладазе». Тры дні параход ішоў чыстай вадой. Толькі пад канец трэціх сутак ён увайшоў у паласу аднагадовых і разрэджаных ільдоў.

Хлопчыкі якраз гулялі ў шашкі ў кают-кампаніі, калі туды прыбег, прытрымліваючы правай рукой свой нязменны саламяны капялюш, узбуджаны Хатабыч.

— Сябры мае,— сказаў ён, шырока ўсміхаючыся,— пераканайцеся, прашу вас: усё мора, наколькі можна ахапіць яго позіркам, пакрыта цукрам і алмазамі!

Хатабычу гэтыя словы можна было дараваць: ніколі за сваё амаль чатырохтысячагадовае жыццё ён не бачыў ніводнай значнай глыбы ільду.

Усе, хто знаходзіўся ў кают-кампаніі, кінуліся на палубу і ўбачылі, як насустрач «Ладазе» бясшумна набліжаліся мірыяды беласнежных ільдзін, якія асляпляльна блішчалі пад яркімі праменямі паўночнага сонца. Неўзабаве пад закругленым стальным фарштэўнем парахода заскрыгаталі і загрукалі першыя ільдзіны.

Позна ноччу (але светла было і сонечна, як у ясны поўдзень) экскурсанты заўважылі ўдалечыні групу астравоў. У першы раз яны ўбачылі велічную і змрочную панараму архіпелага Зямлі Франца-Іосіфа. Упершыню яны ўбачылі голыя, панурыя скалы і горы, пакрытыя зіхатлівымі ледавікамі. Ледавікі былі падобны на светлыя вастрагрудыя аблокі, моцна прыціснутыя да суровай зямлі.

— Час на бакавую! — сказаў Волька, калі ўсе ўжо ўдосталь нацешыліся незвычайным выглядам далёкіх астравоў.— І рабіць, уласна кажучы, няма чаго, а спаць ніяк не хочацца. Вось што значыць не прывыклі спаць пры сонечным святле!

— А мне, о блаславёны, здаецца, што спаць перашкаджае не сонца, а зусім іншае,— нясмела выказаў сваю думку Хатабыч.

Але ніхто не звярнуў на яго словы ніякай увагі.

Нейкі час пасля гэтай размовы хлопчыкі яшчэ бязмэтна блукалі па судне. На палубах заставалася ўсё менш і менш народу. Нарэшце пайшлі ў сваю каюту і нашы сябры. Неўзабаве на ўсёй «Ладазе» не спалі толькі тыя з каманды, хто стаяў на вахце.

Цішыня і спакой запанавалі на «Ладазе». З усіх кают далятаў мірны храп і соннае сапенне, як быццам усё адбывалася не на параходзе, які знаходзіўся за дзве з паловай тысячы кіламетраў ад Вялікай Зямлі, у суровым і падступным Баранцавым моры, а дзе-небудзь пад Масквой, у ціхім і ўтульным доме адпачынку, у час мёртвай гадзіны. Тут нават былі, гэтаксама як і ў палатах дамоў адпачынку, зашморгнуты шторы на ілюмінатарах, каб не перашкаджала заснуць яркае сонечнае святло.

 


LVII. Рыф ці не рыф?

 

Зрэшты, вельмі хутка высветлілася, што паміж «Ладагай» і домам адпачынку ўсё ж існуе вельмі адчувальная розніца. Сапраўды, калі не лічыць крымскага землятрусу, старажылы дамоў адпачынку не запомняць выпадку, калі іх скінула б з ложка ў час сну. Між тым не паспелі яшчэ экскурсанты па-сапраўднаму заснуць, як адбыўся моцны штуршок, і людзі пасыпаліся з ложкаў на падлогу, як спелыя яблыкі. У той жа момант спыніўся роўны гул машын. У цішыні, якая запанавала вакол, пачулася груканне дзвярэй, тупат ног экскурсантаў, што выбягалі з кают, каб даведацца, што здарылася. З палубы даляталі гучныя словы каманды.

Волька зваліўся з верхняга ложка вельмі ўдала. Ён адразу ж падхапіўся на ногі, паціраючы рукой выцятыя месцы. Не разабраўшыся спрасоння, у чым справа, ён вырашыў, што зваліўся праз уласную неасцярожнасць, і сабраўся зноў залезці да сябе наверх, але гоман устрывожаных галасоў, які даляцеў з калідора, пераканаў Вольку, што прычына яго падзення куды больш сур’ёзная, чым ён меркаваў.

«Няўжо мы наскочылі на падводную скалу?» — падумаў ён, паспешліва надзяючы штаны, і адразу ж злавіў сябе на тым, што гэтая думка не толькі не спалохала яго, але нават прынесла нейкае дзіўнае, пякучае пачуццё трывожнай задаволенасці.

«Як гэта здорава! — прамільгнула ў яго галаве, пакуль ён ліхаманкава зашнуроўваў чаравікі.— Вось са мной і здарылася сапраўдная прыгода! Любата! На тысячы кіламетраў навакол ніводнага парахода. А ў нас, можа, і радыёстанцыя не працуе!..»

Умомант перад ім узнік захапляючы малюнак: карабель трапляе ў бяду, запасы прэснай вады і прадуктаў канчаюцца, але ўсе экскурсанты і каманда «Ладагі» трымаюць сябе мужна і спакойна, як і належыць савецкім людзям. Але лепш за ўсіх паводзіць сябе вядома, ён — Волька Кастылькоў. О, Уладзімір Кастылькоў умее глядзець у вочы небяспецы! Ён заўсёды вясёлы, ён заўсёды знешне бесклапотны, ён падбадзёрвае засумаваўшых. А калі ад нечалавечага напружання і нястач захворвае капітан «Ладагі» — Сцяпан Цімафеевіч, ён, Волька, па праву бярэ кіраўніцтва экспедыцыяй у свае стальныя рукі...

— У чым прычына, што парушыла сон, такі неабходны твайму неакрэпламу арганізму? — перапыніў яго заманлівыя мары Хатабыч, які пазяхаў ад сну.

— Зараз, стары, даведаюся... Ты толькі не хвалюйся,— падбадзёрыў Волька Хатабыча і пабег наверх.

На спардэку, каля капітанскай рубкі, тоўпіліся чалавек дваццаць напаўапранутых экскурсантаў і аб нечым ціха размаўлялі. Каб узняць іх настрой, Волька зрабіў вясёлы, бесклапотны твар і мужна прамовіў:

— Спакой, таварышы, перш за ўсё спакой! Для панікі няма ніякіх падстаў!

— Правільна сказана наконт панікі. Залатыя словы, малады чалавек! Вось ты і вяртайся да сябе ў каюту і спакойна кладзіся спаць,— усміхнуўся яму ў адказ адзін з экскурсантаў.— А мы тут, дарэчы, як раз і не панікуем.

Усе засмяяліся, і толькі Волька адчуў сябе неяк няёмка. Акрамя таго, на палубе было халаднавата, і ён вырашыў збегаць у каюту, каб накінуць на сябе паліто.

— Перш за ўсё спакой,— сказаў ён Хатабычу, які чакаў яго ўнізе.— Ніякіх падстаў для панікі няма. Не міне і двух дзён, як па нас прыйдуць на якім-небудзь магутным ледаколе і спакойна здымуць нас з мелі. Можна было б, вядома, зняцца і самім, але чуеш: машыны не шумяць, нешта ў іх сапсавалася, а што менавіта, ніхто разабраць не можа. Вядома, нам давядзецца зазнаць такія-сякія нястачы, але будзем спадзявацца, што ніхто з нас не захварэе і не памрэ.

Волька з гонарам слухаў самога сябе. Ён і не ведаў, што ўмее так лёгка і пераканаўча супакойваць людзей.

— О гора мне! — нечакана замітусіўся стары, бесталкова засоўваючы босыя ногі ў свае славутыя пантофлі.— Калі вы загінеце, я гэтага не перажыву. Няўжо мы наскочылі на мель? Гора мне! Ужо лепей бы шумелі машыны. А я таксама добры! Замест таго каб выкарыстаць сваю магутнасць на больш важныя справы, я...

— Хатабыч,— строга перапыніў яго Волька,— дакладвай зараз жа, што ты там такое натварыў!

— Ды нічога асаблівага. Проста, клапоцячыся аб тваім спакойным сне, я дазволіў сабе загадаць машынам не шумець.

— Ты гэта сур’ёзна?! — зжахнуўся Волька.— Цяпер я разумею, што здарылася. Ты загадаў машынам не шумець, а працаваць без шуму яны не могуць. Таму ледакол так раптоўна і спыніўся. Зараз жа адмяняй свой загад, а то яшчэ, чаго добрага, катлы ўзарвуцца!

— Слухаю і падпарадкуюся,— адказаў дрыжачым голасам Хатабыч, які парадкам спалохаўся.

У тую ж хвіліну машыны зноў зашумелі, і «Ладага», нібы нічога і не здарылася, кранулася з месца. А капітан, суднавы механік і ўсё астатняе насельніцтва парахода губляліся ў здагадках аб прычыне раптоўнага і незразумелага спынення машын і гэткага ж загадкавага аднаўлення іх работы.

Толькі Хатабыч і Волька ведалі, у чым справа, але па зусім зразумелых меркаваннях нікому аб гэтым не расказалі. Нават Жэню.

Жэня, між іншым, так і не прачынаўся.

Волька з гэтага выпадку нават пажартаваў:

— Калі б арганізавалі міжнародны конкурс — у каго самы моцны сон, дык Жэня атрымаў бы першую прэмію чэмпіёна свету па сну.

Хатабыч лісліва захіхікаў, хоць ён тады яшчэ зусім не ведаў, што такое конкурс, ды яшчэ міжнародны, і што такое чэмпіён. Але ён разлічваў гэтым хіхіканнем задобрыць Вольку.

Аднак гэта ніколькі не дапамагло старому джыну пазбегнуць непрыемнай размовы.

Прысеўшы на краёчак Хатабычавага ложка, Волька рашуча сказаў:

— Ведаеш што, давай пагаворым, як мужчына з мужчынам.

— Я ўвесь увага, о Волька! — адказаў Хатабыч з перабольшанай жыццярадаснасцю.

— Ты ніколі не спрабаваў падлічыць, на колькі гадоў ты старэйшы за мяне?

— Неяк не прыходзіла ў галаву. Але, з твайго дазволу, я з радасцю падлічу.

— Не трэба. Я падлічыў ужо. На тры тысячы семсот дзевятнаццаць гадоў, або роўна ў дзвесце восемдзесят сем разоў! І калі нас бачаць людзі разам на палубе ці ў кают-кампаніі, яны, напэўна, думаюць так: добра, што за гэтымі хлопчыкамі ўвесь час наглядае такі паважаны, мудры і ўжо не малады грамадзянін. Правільна я кажу?.. Ну, чаго ты маўчыш?..

Але Хатабыч, панура звесіўшы сваю буяную галаву, нібы поўны рот вады набраў.

— А на самой справе што атрымліваецца? На самой справе раптам атрымалася, што я адказваю і за тваё жыццё, і за жыццё ўсіх астатніх пасажыраў, бо калі я цябе выпусціў з бутэлькі, а ты ледзь не загубіў цэлы ледакол з усімі пасажырамі і камандай, дык мне за гэта галаву адарваць мала.

— Няхай толькі хто-небудзь паспрабуе адарваць, галаву такому паважанаму отраку, як ты! — перапыніў яго Хатабыч.

— Добра, добра! Ты мне не перашкаджай... Дык вось, мне твае цуды ўжо ўпоперак горла стаяць. Джын ты, вядома, вельмі нават магутны (Хатабыч ганарліва выпраміўся), але і ў сучасным жыцці і ў сучаснай тэхніцы ты разбіраешся амаль так, як нованароджанае дзіця. Зразумела?

— На жаль, зразумела.

— Значыць, давай так дамовімся: хочаш зрабіць якое-небудзь цуда, парайся з людзьмі.

— Я буду раіцца з табой, о Волька. А калі ты будзеш адсутнічаць альбо рыхтавацца да пераэкзаменоўкі (Волька паморшчыўся), то з сябрам нашым, Жэнем.

— Клянешся?

— Клянуся! — горача ўсклікнуў стары і з усяе сілы стукнуў сябе кулаком у грудзі.

— А цяпер спаць! — скамандаваў Волька.

— Ёсць спаць! — брава адказаў Хатабыч, які паспеў ужо набрацца розных марскіх слоўцаў і выразаў.

 


LVIII. Крыўда Хатабыча

 

Пад раніцу «Ладага» ўвайшла ў паласу густых туманаў. Яна павольна прасоўвалася наперад, кожныя пяць хвілін абуджаючы пустынныя прасторы магутным ровам сваёй сірэны. Так належала рабіць па законах караблеваджэння. У туманнае надвор’е караблі павінны падаваць гукавыя сігналы — усё роўна, ці знаходзяцца яны на самых бойкіх марскіх шляхах ці ў самых пустынных мясцінах Паўночнага Ледавітага акіяна,— каб не было сутыкненняў.

Сірэна «Ладагі» наганяла на пасажыраў тугу і сум.

На палубе было нецікава, сыра, а ў каютах сумна. Таму ўсе крэслы і канапы ў кают-кампаніі былі заняты экскурсантамі. Адны гулялі ў шахматы, другія — у шашкі, трэція чыталі. Потым і гэта ўсё надакучыла. Вырашылі паспяваць.

Праспявалі хорам і па адным безліч песень, танцавалі пад гітару, пад баян. Адзін узбек — знатны баваўнавод— станцаваў пад Жэнеў акампанемент. Трэба было пад бубен, але бубна не было, і Жэня даволі зухавата выстукваў пальцамі рытм на эмаліраваным падносе. Усім спадабалася, акрамя ўзбека. Але і той, каб быць ветлівым, пахваліў.

Потым малады нарыхтоўшчык з маскоўскай фабрыкі «Парыжская камуна» пачаў паказваць картачныя фокусы.

На гэты раз вельмі спадабалася ўсім, акрамя Хатабыча.

Ён паклікаў Вольку ў калідор:

— Дазволь мне, о Волька, пацешыць гэтых добрых людзей некалькімі просценькімі цудамі.

Волька ўспомніў, да чаго гэтыя «просценькія» цуды ледзь не прывялі ў цырку, і замахаў рукамі:

— І не думай!

Але, нарэшце, ён усё ж згадзіўся. Вельмі ўжо жаласліва глядзеў яму ў вочы Хатабыч.

— Добра. Але толькі картачныя цуды. Ну, і яшчэ з шарыкамі ад пінг-понга, ці што.

— Я ніколі не забуду тваёй мудрай велікадушнасці! — усклікнуў удзячны Хатабыч, і яны вярнуліся ў кают-кампанію.

Якраз у гэты момант малады нарыхтоўшчык паказваў сапраўды цікавы картачны фокус. Ён прапаноўваў выбраць, не паказваючы яму, карту, усунуць яе назад у калоду і ператасаваць. Потым ён сам тасаваў, і першай зверху абавязкова была тая самая, выбраная, карта.

Калі ён атрымаў спаўна воплескі, якія належалі яму, і вярнуўся на месца, Хатабыч папрасіў у прысутных дазволіць і яму пацешыць іх некалькімі няхітрымі цудамі.

Ён так і сказаў «няхітрымі», гэты стары самахвал.

Вядома, яму дазволілі і наперад, авансам, узнагародзілі воплескамі.

Пачціва пакланіўшыся, як самы сапраўдны артыст эстрады, Хатабыч узяў абодва, якія меліся ў наяўнасці, цэлулоідныя шарыкі для гульні ў пінг-понг, падкінуў іх угору, і шарыкаў зрабілася чатыры; яшчэ раз падкінуў, і іх зрабілася восем, потым — трыццаць два. А калі ён пачаў жангліраваць адразу ўсімі трыццаццю двума шарыкамі, яны раптам зніклі і апынуліся ў трыццаці двух кішэнях трыццаці двух гледачоў, а потым адзін за другім з гэтых кішэняў выскачылі і, сабраўшыся ў карагод, пачалі круціцца, што тыя спадарожнікі, вакол Хатабыча, пакуль не зліліся ў адно суцэльнае белае кальцо. Гэтае вялікае кальцо Хатабыч з глыбокім паклонам паклаў на калені Варвары Сцяпанаўне. Кальцо пачало хутка сплюшчвацца, пакуль не ператварылася ў сувой цудоўнага тонкага шоўку. Потым Хатабыч узяў гэты сувой шоўку і спаласаваў Волькавым сцізорыкам на мноства кавалкаў. Кавалкі ўзвіліся ў паветра, нібы птушкі, і абкруціліся вакол галоў захопленых гледачоў турбанамі здзіўляючай прыгажосці.

Выслухаўшы са шчаслівым тварам воплескі, Хатабыч пстрыкнуў пальцамі, турбаны ператварыліся ў галубоў, вылецелі праз адчынены ілюмінатар і зніклі.

Цяпер усе былі пераконаны, што гэты стары ў смешных усходніх пантофлях — не інакш, як адзін з найвялікшых ілюзіяністаў сучаснасці.

Хатабыч літаральна плёскаўся ў апладысментах. Нашы юныя сябры ўжо дастаткова добра вывучылі характар Хатабыча, каб ведаць, як небяспечна для яго такое гарачае адзінадушнае ўхваленне.

— Вось зараз ён е-э-эк разыдзецца, ды е-э-эк наламае дроў! — трывожна прашаптаў Жэня на вуха Вольку.— Ой, адчувае маё сэрца!..

— Усё будзе ў парадку,— супакоіў яго Волька.— У нас з ім наконт гэтага строгая дамоўленасць.

Адну хвілінку, о сябры мае! — звярнуўся Хатабыч да гледачоў, якія ўсё яшчэ апладзіравалі.— Хай дазволена будзе мне на гэты раз...

Ён вырваў з барады адзін-адзіны волас...

І раптам звонку даляцеў рэзкі свісток. З палубы пачуўся гучны тупат матроскіх ног.

Жэня пажартаваў:

— Зараз штраф! Нехта на хаду ўскочыў на ледакол!

Але засмяяцца ніхто не паспеў, таму што «Ладага» раптам моцна здрыганулася, нешта злавесна заскрыгатала пад яе дном, і яна ў другі раз за гэтыя суткі спынілася.

— Ну! Што я казаў— прашыпеў Жэня на вуха Вольку і з агідай паглядзеў на Хатабыча.— Не ўтрымаўся ўсё ж! Расхадзіўся, расфарсіўся!.. Цьфу!.. Ніколі ў жыцці я не сустракаў больш самаўлюбёнага, выхвальнага і нястрыманага джына!..

— Зноў твае штучкі, Хатабыч? — у кают-кампаніі ўзняўся такі шум, што Волька не палічыў патрэбным паніжаць голас.— Ты ж мне толькі сёння ноччу кляўся...

— Што ты, што ты, о змій сярод хлопчыкаў! Не абражай мяне такімі падазрэннямі, бо я ніколі не парушаў не толькі клятваў сваіх, але і мяльком кінутых абяцанняў. Клянуся табе, я ведаю аб прычынах такога нечаканага прыпынку карабля не больш, чым ты...

— Змей?! —зусім разлютаваўся Волька.— Ах, значыць, атрымліваецца, што я яшчэ да ўсяго іншага і «змей»? Дзякуй, Хатабыч, палымянае табе мерсі!..

— Не змей ты, а змій. Хай будзе табе вядома, што змій — гэта жывое ўвасабленне мудрасці...

 

На гэты раз стары і сапраўды быў не вінаваты. Заблудзіўшыся ў тумане, «Ладага» наскочыла на мель.

Пасажыры, якія высыпалі на палубу, ледзь маглі бачыць у тумане бартавыя парэнчы. Звесіўшыся над кармой, можна было ўсё ж заўважыць, як ад шалёнай работы вінта пеніцца цёмна-зялёная непрыветлівая вада.

Мінула паўгадзіны, а ўсе спробы зняць «Ладагу» з мелі, даўшы задні ход, скончыліся нічым. Тады капітан судна Сцяпан Цімафеевіч загадаў сухенькаму боцману Панкратычу свістаць усіх наверх.

— Таварышы,— сказаў Сцяпан Цімафеевіч, калі ўсе насельнікі «Ладагі», акрамя занятых на вахце, сабраліся на спардэку,— аб’яўляецца аўрал. Для таго каб зняцца з мелі без пабочнай дапамогі, у нас застаецца толькі адзін сродак — перабункераваць вугаль з насавой часткі судна на карму. Тады карма перацягне, і ўсё будзе ў парадку. Калі сумленна папрацаваць, тут работы гадзін на дзесяць — дванаццаць, не больш. Боцман падзеліць вас зараз на брыгады, хуценька змяніце вопратку на горшую, каб не шкада было запэцкаць,— і за работу... Вам, хлопчыкі, і вам, Гасан Хатабыч, можна не турбавацца. Гэта работа не па вашай сіле: хлопчыкам яшчэ рана, а Гасану Хатабычу пазнавата ўжо важдацца з цяжарам.

— Мне не па сіле важдацца з цяжарам?! — злосна адгукнуўся Хатабыч.— Дык ці ведаеш ты, што ніхто з прысутных не можа параўняцца са мной у падыманні цяжару, о высокапаважаны Сцяпан Цімафеевіч!

Пачуўшы гэтыя словы, усе міжвольна заўсміхаліся.

— Ну і дзед! Любіць пахваліцца!..

— Бач ты, чэмпіён які знайшоўся!

— Нічога смешнага: чалавеку крыўдна. Старасць — не радасць.

— Зараз вы пераканаецеся! — усклікнуў Хатабыч.

Ён схапіў абодвух сваіх юных сяброў і пачаў, на здзіўленне ўсім, жангліраваць імі, нібы гэта былі не добра ўкормленыя трынаццацігадовыя хлопчыкі, а пластмасавыя шарыкі пакаёвага більярда.

Пачуліся такія аглушальныя воплескі, нібы ўсё адбывалася не на палубе судна, якое трапіла ў бяду далёка ад зямлі, а дзе-небудзь на конкурсе асілкаў.

— У дачыненні да старога бяру свае словы назад — урачыста заявіў Сцяпан Цімафеевіч, калі воплескі нарэшце заціхлі.— А цяпер за работу, таварышы! Час не чакае!

— Хатабыч,— сказаў Волька, адвёўшы старога ўбок,— гэта не работа — перацягваць дванаццаць гадзін запар вугаль з адной ямы ў другую. Трэба табе пастарацца самому сцягнуць параход з мелі.

— Гэта вышэй за мае сілы,— тужліва адказаў стары.— Я ўжо думаў аб гэтым. Можна, вядома, сцягнуць яго з камянёў, але тады прадзярэцца дно карабля, а адрамантаваць яго я не здолею, бо ніколі не бачыў, які ў яго выгляд. І ўсе мы патопімся, як сляпыя кацяняты ў бочцы з вадой.

— Падумай лепш, Хатабыч! Можа, табе ўсё ж што-небудзь прыйдзе ў галаву.

— Пастараюся, о компас маёй душы,— адказаў стары і, крыху памаўчаўшы, запытаў: — А што, калі знішчыць самую мель?

— Хатабыч, дарагі, які ты разумнік! — усклікнуў Волька і кінуўся паціскаць старому руку.— Гэта ж цудоўна!

— Слухаю і падпарадкуюся,— сказаў Хатабыч.

Першая аўральная брыгада ўжо спусцілася ў вугальны трум і пачала з грукатам загружаць антрацытам вялікія жалезныя скрынкі, калі «Ладага» раптам уздрыгнула і хутка закруцілася ў глыбокім віры, што ўтварыўся на месцы мелі, якая раптам правалілася. Яшчэ хвіліна — і параход разнесла б на трэскі, калі б Волька не здагадаўся загадаць Хатабычу спыніць кружэнне вады. Мора супакоілася, і «Ладага», пакруціўшыся яшчэ крыху па інерцыі, шчасліва працягвала свой шлях.

І зноў ніхто, акрамя Хатабыча і Волькі, не мог зразумець, што, уласна кажучы, здарылася.

Зноў пайшлі цікавыя і адзін на другі не падобныя дні падарожжа па малавывучаных морах і пралівах, міма суровых астравоў, на якія не ступала або амаль ніколі не ступала чалавечая нага. Экскурсанты высаджваліся і на астравы, дзе іх урачыста сустракалі ружэйнымі салютамі зімоўшчыкі, і на зусім бязлюдныя, адзінокія скалы. Разам з усімі астатнімі экскурсантамі нашы сябры лазілі на ледавікі, блукалі па голых, як камяні ў лазневай печы, базальтавых плато, скакалі з ільдзіны на ільдзіну цераз змрочныя, чорныя палонкі, палявалі на белых мядзведзяў. Аднаго з іх адважны Хатабыч уласнаручна прывёў за грыву на «Ладагу». Мядзведзь пад уплывам Хатабыча хутка зрабіўся ручным і ласкавым, як цяля, і ў далейшым прынёс нямала вясёлых хвілін экскурсантам і камандзе парахода. Гэтага мядзведзя зараз паказваюць у цырках, і шмат хто з нашых чытачоў яго, напэўна, бачыў. Яго завуць Кузя.

 


LIX. “Селям алейкум, Амарчык!”

 

Пасля наведвання вострава Рудольфа «Ладага» павярнула ў зваротны шлях. Экскурсанты парадкам ужо стаміліся ад мноства ўражанняў, ад сонца, што не заходзіла круглыя суткі, ад частых туманаў і амаль няспыннага грукату ільдзін, якія ўдараліся аб фарштэвень і борт судна. Усё менш і менш знаходзілася ахвотнікаў высаджвацца на пустынныя астравы, і пад канец толькі нашы сябры ды яшчэ два — тры нястомныя экскурсанты не выпускалі ніводнай магчымасці наведаць скалістыя негасцінныя берагі.

— Ну што ж,— сказаў неяк раніцай Сцяпан Цімафеевіч,— у апошні раз высаджу вас — і хопіць. Няма ніякага разліку спыняць параход дзеля якіх-небудзь шасці — сямі чалавек.

Таму Волька дамовіўся з усімі, хто накіроўваўся разам з ім на бераг: па-сапраўднаму развітацца з архіпелагам і не спяшацца са зваротам на «Ладагу». Тым больш, што Хатабыча, які звычайна прыспешваў усіх вяртацца на параход, з імі на гэты раз не было — ён застаўся гуляць у шахматы са Сцяпанам Цімафеевічам...

— Волька,— таямніча прамовіў Жэня, калі яны гадзіны праз тры стомленыя вярнуліся на борт «Ладагі»,— гайда ў каюту! Я табе пакажу нештачка цікавае... Ну вось, глядзі,— працягваў ён, шчыльна зачыніўшы за сабой дзверы каюты, і дастаў з-пад крыса свайго паліто нейкі прадаўгаваты прадмет.— Што ты на гэта скажаш? Я знайшоў гэтую пасудзіну на процілеглым баку вострава, каля самага берага.

У руках у Жэні Волька ўбачыў пазелянелую ад марской вады невялікую, памерам са сталовы графін, медную пасудзіну.

— Яе патрэбна зараз жа здаць Сцяпану Цімафеевічу! — усхвалявана сказаў Волька.— Гэта, напэўна, якая-небудзь экспедыцыя ўклала ў яе ліст і кінула ў ваду, каб даведаліся аб іх гаротным становішчы.

— Я таксама спачатку так падумаў,— адказаў Жэня,— але потым вырашыў, што нічога страшнага не здарыцца, калі мы раней самі адкрыем гэтую пасудзіну і першыя паглядзім, што там усярэдзіне ў яе ляжыць. Гэта ж вельмі цікава! Правільна я кажу?

— Правільна! Вядома правільна! — горача згадзіўся Волька.

Жэня, пабляднеўшы ад хвалявання, даволі хутка саскроб з рыла пасудзіны смалістую масу, якой яна была наглуха замазана. Пад смалой аказалася масіўнае свінцовае вечка, спісанае нейкімі значкамі. Жэня з цяжкасцю адкруціў яе.

— А цяпер,— сказаў ён, нагнуўшы пасудзіну над сваім ложкам,— паглядзім, што там...

Ён не паспеў закончыць сказу, як з пасудзіны валам паваліў густы дым, які запоўніў усю каюту так, што зусім пацямнела і не стала чым дыхаць. Аднак праз некалькі секунд дым сабраўся, сціснуўся і ператварыўся ў малапрывабнага старога са злосным тварам і вачамі, што гарэлі, як распаленыя вуголлі.

Перш за ўсё ён упаў на калені і, заўзята б’ючы ілбом аб падлогу, закрычаў:

— О, Сулейман ібн Дауд, даруй мне, твайму нявартаму слузе!..

Пасля гэтых слоў ён яшчэ некалькі разоў моўчкі стукнуў ілбом аб падлогу з такой сілай, што рэчы, якія віселі на сценах каюты, захісталіся, як у час моцнай гайданкі. Потым ён зноў ускрыкнуў:

— О прарок алаха, не забівай мяне!

— Дазвольце даведачку,— перапыніў яго галашэнні перапалоханы і ў той жа час зацікаўлены Волька.— Калі не памыляюся, размова ідзе пра былога цара Саламона?

— Менавіта пра яго, о нікчэмны отрак! Пра Сулеймана ібн Дауда, хай прадоўжацца дні яго на зямлі!

— Гэта яшчэ вялікае пытанне, хто з нас больш нікчэмны,— спакойна запярэчыў Волька.— А што датычыць вашага Сулеймана, то дні яго ні ў якім разе прадоўжыцца не могуць. Гэта зусім выключана: ён, прабачце, памёр.

— Ты хлусіш, няшчасны, і дорага за гэта заплоціш!

— Дарэмна злуяце, грамадзянін. Гэты ўсходні кароль памёр дзве тысячы дзевяцьсот дзевятнаццаць гадоў таму назад. Аб гэтым нават у Энцыклапедыі напісана.

— Хто адкрыў пасудзіну? — дзелавіта пацікавіўся стары, прыняўшы, відаць, да ведама Волькаву даведку і не вельмі засмуціўшыся.

— Я,— сціпла адказаў Жэня.— Я... але не варта дзякаваць.

— Няма бога, акрамя алаха! — усклікнуў незнаёмы.— Радуйся, о нікчэмны хлапчук!

— А чаго мне, уласна кажучы, радавацца? — здзівіўся Жэня.— Гэта вас вызвалілі са зняволення, вы і радуйцеся. А мне чаму радавацца?

— А таму, што я заб’ю цябе ў гэтую ж хвіліну найзлейшай смерцю.

— Ну, ведаеце,— абурыўся Жэня,— гэта проста свінства! Я ж вас вызваліў з гэтай меднай пасудзіны. Калі б не я, хто ведае, колькі б яшчэ тысяч гадоў вы ў ёй пратарчалі, у дыме і сажы.

— Не стамляй мяне сваёй балбатнёй! — сярдзіта прыкрыкнуў незнаёмы.— Пажадай, якой смерцю памрэш і якім пакараннем будзеш пакараны. У-у-у-у!..

— Папрашу без запалохвання! І наогул, у чым, уласна кажучы, справа? — зусім раззлаваўся Жэня.

— Ведай жа, о нікчэмны юнак, што я адзін з джынаў, якія не паслухаліся Сулеймана ібн Дауда (мір з імі абодвума!). І Сулейман прыслаў свайго візіра Асафа ібн Барахію, і той прывёў мяне сілком, ведучы мяне ва ўніжэнні, насуперак маёй волі. Ён паставіў мяне перад Сулейманам, і Сулейман, убачыўшы мяне, загадаў прынесці гэты збан і заняволіў мяне ў ім.

— Правільна зрабіў,— ціха прашаптаў Жэня на вуха Вольку,

— Што ты там шэпчаш? — падазрона запытаў стары.

— Нічога, проста так— паспешліва адказаў Жэня.

— То-та ж! — панура сказаў стары—А то са мной жарты кепскія... Дык вось, заняволіў ён мяне ў гэтай пасудзіне і аддаў загад джынам, і яны панеслі мяне і кінулі ў мора. І я правёў там сто гадоў і сказаў сам сабе: «Кожнага, хто вызваліць мяне, я ўзбагачу навекі». Але мінула сто гадоў, ніхто мяне не вызваліў. І мінула яшчэ сто гадоў, і я сказаў: «Кожнаму, хто вызваліць мяне, я адкрыю скарбы зямлі». Але і на гэты раз ніхто не вызваліў мяне. І нада мной мінула яшчэ чатырыста гадоў, і я сказаў: «Кожнаму, хто вызваліць мяне, я здзейсню тры жаданні». Але ніхто не вызваліў мяне, і тады я разгневаўся моцным гневам і сказаў у душы сваёй: «Кожнага, хто вызваліць мяне, я заб’ю, але прапаную выбраць, якой смерцю памерці». І вось ты вызваліў мяне, і я табе прапаную выбраць, якой смерцю табе пажадана было б памерці.

— Але ж гэта проста нелагічна — забіваць свайго збавіцеля! —горача запярэчыў Жэня.— Нелагічна і няўдзячна!

— Логіка тут зусім ні пры чым! — жорстка адрэзаў джын.— Выбірай сабе найбольш зручны спосаб смерці і не затрымлівай мяне, бо я жахлівы ў гневе.

— Можна задаць пытанне? — падняў руку Волька.

Але джын у адказ так цыкнуў на яго, што ў Волькі ад страху ледзь не падкасіліся ногі.

— Ну, а мне, мне вы дазволіце адно толькі адзінае пытанне? — узмаліўся Жэня з такой роспаччу ў голасе, што джын адказаў яму:

— Добра, табе можна. Але глядзі, не будзь шматслоўны.

— Вось вы сцвярджаеце, што правялі некалькі тысяч гадоў у гэтай меднай пасудзіне,— прамовіў Жэня дрыжачым голасам,— а між тым яна такая малая, што ў ёй не змесціцца нават адна ваша рука. Як жа вы ў ёй змяшчаліся цалкам?

— Дык ты што ж, не верыш, што я быў у гэтай пасудзіне? — закрычаў джын.

— Ніколі не паверу, пакуль не ўбачу ўласнымі вачамі,— цвёрда адказаў Жэня.

— Дык глядзі ж і пераконвайся! — зароў джын, страсянуўся, зрабіўся дымам і пачаў паступова ўпаўзаць у збан пад ціхія воплескі ўзрадаваных хлопчыкаў.

Ужо больш паловы дыму схавалася ў пасудзіне, і Жэня, стаіўшы дыханне, падрыхтаваў вечка, каб зноў запячатаць у ёй джына, калі той, відаць перадумаўшы, зноў вылез вонкі і зноў прыняў чалавечы выгляд.

— Ну-ну-ну! — сказаў ён, хітра прыжмурыўшыся і паважна махаючы кручкаватым, даўно не мытым пальцам перад тварам Жэні, які таропка схаваў вечка ў кішэню.— Ну-ну-ну! Ці не думаеш ты перахітрыць мяне, о нікчэмны малакасос?.. Праклятая памяць! Ледзь не забыў: тысячу сто сорак два гады таму назад мяне дакладна такім чынам ашукаў адзін рыбак. Ён задаў мне тады такое ж пытанне, і я лёгкаверна хацеў даказаць яму, што знаходзіўся ў збане, і ператварыўся ў дым і ўвайшоў у збан, і гэты рыбак паспешліва схапіў тады вечка з пячаткай і закрыў ім збан і кінуў яго ў мора. Не-е, больш гэты фокус не ўдасца!

— Ды я і не думаў вас ашукваць,— схлусіў дрыжачым голасам Жэня, адчуваючы, што цяпер ён ужо канчаткова загінуў.

— Выбірай жа хутчэй, якой смерцю табе хацелася б памерці, і не затрымлівай мяне больш, бо я стаміўся з табой размаўляць!

— Добра,— сказаў Жэня падумаўшы,— але абяцай мне, што я памру менавіта той смерцю, якую я зараз выберу.

— Клянуся табе ў гэтым! — урачыста паабяцаў джын, і вочы яго загарэліся д’ябальскім агнём.

— Дык вось...— сказаў Жэня і сутаргава глытнуў паветра.— Дык вось... я хачу памерці ад старасці.

— Вось гэта здорава! — узрадаваўся Волька.

А джын, пачырванеўшы ад злосці, усклікнуў:

— Але ж старасць твая вельмі далёка! Ты яшчэ такі юны!

— Нічога,— мужна адказаў Жэня—я магу пачакаць.

Пачуўшы Жэнеў адказ, Волька радасна засмяяўся, а джын, безупынна выкрыкваючы нейкую лаянку на арабскай мове, пачаў мітусіцца ўзад і ўперад па каюце, раскідваючы ў бяссільнай злосці ўсё, што траплялася яму па дарозе.

Так працягвалася па меншай меры пяць хвілін, пакуль ён не прыняў нарэшце нейкае рашэнне. Ён зарагатаў тады такім страшным смехам, што ў хлопчыкаў мароз па скуры прайшоў, спыніўся перад Жэнем і зларадна прамовіў:

— Бясспрэчна, ты хітры, і я не магу табе ў гэтым адмовіць. Але Амар Юсуф ібн Хатаб хітрэйшы за цябе, о нікчэмны...

— Амар Юсуф ібн Хатаб?! — у адзін голас усклікнулі хлопчыкі.

Але джын, дрыжучы ад злосці, закрычаў:

— Маўчаць, або я вас зараз жа знішчу! Так, я — Амар Юсуф ібн Хатаб, і я хітрэйшы за гэтага хлапчука! Я выканаю яго просьбу, і ён сапраўды памрэ ад старасці. Але,— ён акінуў хлопчыкаў пераможным позіркам,— але старасць да яго прыйдзе раней, чым вы паспееце далічыць да ста!

— Ой! — усклікнуў Жэня звонкім хлапечым голасам.— Ой! — прастагнаў ён праз некалькі секунд басам.— Ой! — прахрыпеў ён яшчэ праз некалькі секунд дрыгатлівым, старэчым голасам.— Ой, паміраю!

Волька з тугой глядзеў, як Жэня з непасцігальнай хуткасцю ператварыўся спачатку ў юнака, потым у дарослага мужчыну з вялікай чорнай барадой; як потым яго барада хутка пасівела, а сам ён зрабіўся пажылым чалавекам, а потым худым, лысым дзедам. Яшчэ некалькі секунд — і ўсё было б скончана, калі б Амар Юсуф, які зларадна назіраў за хуткім згасаннем Жэні, не выкрыкнуў пры гэтым:

— О, калі б са мной быў зараз мой няшчасны брат! Як бы ён парадаваўся майму шчасцю!

— Пачакайце! — закрычаў тады на ўсю сілу Волька.— Скажыце толькі: вашага брата звалі Гасан Абдурахман?

— Адкуль ты даведаўся пра гэта? — здзівіўся Амар Юсуф.— Не напамінай мне пра яго, бо сэрца ў мяне разрываецца, як толькі я ўспамінаю няшчаснага Гасана! Так, у мяне быў брат, якога так звалі, але тым горш будзе табе, што ты развярэдзіў маю кроватачывую рану!

— А калі я вам скажу, што ваш брат жывы? А калі я вам пакажу яго жывым і здаровым, тады вы злітуецеся над Жэнем?

— Калі б я ўбачыў майго дарагога Гасана? О, тады твой прыяцель застаўся б жыць да таго часу, пакуль ён не пастарэе па-сапраўднаму, а гэта здарыцца яшчэ не вельмі хутка. Калі ж ты ашукваеш мяне... клянуся, тады вы абодва не выратуецеся ад майго справядлівага гневу!

— Пачакайце, у такім разе, адну, толькі адну хвіліначку! — усклікнуў Волька.

Праз некалькі секунд ён уляцеў у кают-кампанію, дзе Хатабыч заўзята змагаўся ў шахматы са Сцяпанам Цімафеевічам.

— Хатабыч, міленькі,— усхвалявана залепятаў Волька,— бяжы хутчэй са мной у каюту, там чакае цябе вельмі вялікая радасць...

— Для мяне няма большай радасці, чым паставіць мат шаноўнаму майму сябру Сцяпану Цімафеевічу,— паважна адказаў Хатабыч, задумліва вывучаючы становішча на дошцы.

— Хатабыч, не затрымлівайся тут ні на хвіліну! Я цябе вельмі і вельмі прашу зараз жа пайсці са мною ўніз!

— Добра,— адказаў Хатабыч і зрабіў ход турой.— Шах! Ідзі, о Волька! Я прыйду, як толькі выйграю, а гэта, паводле маіх разлікаў, адбудзецца не пазней як праз тры хады.

— Гэта мы яшчэ паглядзім! — бадзёра запярэчыў Сцяпан Цімафеевіч.— Гэта яшчэ бабуля надвое варажыла. Вось я зараз крыху падумаю і...

— Думай, думай, Сцяпан Цімафеевіч! — ухмыльнуўся стары.— Усё роўна нічога не прыдумаеш. Чаму не пачакаць? Калі ласка.

— Няма калі чакаць! — усклікнуў з роспаччу Волька і змахнуў фігуры з дошкі.— Калі ты зараз жа не пабяжыш са мной уніз, я і Жэня загінем пакутлівай і страшнай смерцю! Бяжым!

— Ты сабе вельмі многае дазваляеш! — Нездаволена прабурчаў Хатабыч, але пабег за Волькам уніз.

— Значыць «нічыя»! — крыкнуў ім услед Сцяпан Цімафеевіч, вельмі задаволены, што так шчасліва выбраўся з зусім безнадзейнай партыі.

— Ну не, якая там «нічыя»! — запярэчыў Хатабыч, намагаючыся вярнуцца назад.

Але Волька сярдзіта ўсклікнуў:

— Вядома, «нічыя», тыповая «нічыя»! —і з усёй сілы ўштурхнуў старога ў каюту, дзе Амар Юсуф ужо збіраўся здзейсніць сваю пагрозу.

— Што гэта за стары? — запытаў Хатабыч, убачыўшы дзеда, які ляжаў на ложку і жаласна стагнаў,— а быў ён яшчэ некалькі хвілін назад трынаццацігадовым хлопчыкам Жэнем.— І гэта што за стары? — працягваў ён, заўважыўшы Амара Юсуфа, але адразу ж пабляднеў і, не верачы свайму шчасцю, зрабіў некалькі няўпэўненых крокаў наперад і ціха прашаптаў: — Селям алейкум, Амарчык!

— Гэта ты, о дарагі мой Гасан Абдурахман? — усклікнуў, у сваю чаргу, Амар Юсуф.

І абодва браты так доўга абдымалі адзін аднаго, што для людзей збоку гэта нават здалося б проста неверагодным, калі не лічыць, што браты не сустракаліся амаль тры тысячы гадоў.

У першыя секунды Волька быў так расчулены гэтай незвычайнай сустрэчай двух братоў сярод ільдоў Арктыкі і так рады за Хатабыча, што зусім забыў пра няшчаснага Жэню. Ды ледзьве чутны хрып, што даляцеў з ложка, напомніў Вольку аб неабходнасці тэрміновых мер.

— Чакайце! — закрычаў ён і кінуўся разнімаць абодвух сыноў Хатаба.— Тут чалавек гіне, а яны...

— Ой, паміраю! — як бы ў пацвярджэнне Волькавых слоў прахрыпеў старэнькі дзядок Жэня.

Хатабыч са здзіўленнем запытаў:

— Хто гэты пасівелы стары і як ён трапіў сюды, на пасцель нашага сябра Жэні?

— Ды гэта і ёсць Жэня! — з роспаччу ўсклікнуў Волька.— Выратуй яго, Хатабыч!

— Прашу прабачэння, о дарагі мой Гасанчык! — не без злосці прамовіў Амар Юсуф, звяртаючыся да свайго зноўку знойдзенага брата.— Мне давядзецца перапыніць такія прыемныя хвіліны нашай сустрэчы, каб выканаць дадзенае мною абяцанне.

З гэтымі словамі ён падышоў да ложка, дакрануўся далонню да Жэневага пляча і прашыпеў:

— Прасі прабачэння, пакуль яшчэ не позна!

— Прабачэння? У каго? — здзіўлена прахрыпеў дзядок Жэня.

— У мяне, о нікчэмны отрак!

— За што?

— За тое, што ты спрабаваў ашукаць мяне.

— Гэта ты ў мяне павінен прасіць прабачэння! — запальчыва запярэчыў Жэня.— Я цябе выратаваў, а ты мяне за гэта збіраўся забіць. Не буду прасіць прабачэння!

— Ну і не трэба! — яхідна згадзіўся Амар Юсуф.— Не настойваю. Але ўлічы, што ў такім выпадку ты праз некалькі імгненняў памрэш.

— І памру! І цудоўна! — горда прашаптаў знясілены Жэня, хоць, вядома, нічога цудоўнага ў гэтым не бачыў.

— Амарчык! — ласкава, але цвёрда ўмяшаўся ў іх страшную размову Хатабыч.— Не азмрочвай нашай доўгачаканай сустрэчы несумленным учынкам. Ты павінен зараз жа і без усякіх папярэдніх умоў выканаць абяцанне, дадзенае майму дарагому сябру Вольку ібн Алёшу. Улічы таксама, што і паважаны Жэня — мой лепшы сябра.

 

Стары Хатабыч. Лазарь Лагин. Иллюстрация 14

 

Амар Юсуф у бяссільнай злосці заскрыгатаў зубамі, але ўсё ж узяў сябе ў рукі і прамовіў:

— Устань, о дзёрзкі отрак, і будзь такім, якім ты быў раней!

— Вось гэта зусім іншая справа! — сказаў Жэня.

І ўсе ў каюце займелі ўцеху ад нябачанага відовішча — ператварэння паміраючага дзеда ў трынаццацігадовага хлопчыка.

Спачатку на яго маршчыністых, запалых шчоках з'явіўся румянец, потым яго лысы чэрап пачаў хутка пакрывацца белымі валасамі, якія неўзабаве пачарнелі гэтак жа, як і яго густая барада. Паздаравеўшы Жэня малайцавата падхапіўся з ложка, весела падмаргнуўшы пры гэтым сваім сябрам. Перад імі стаяў поўны сілы каржакаваты мужчына, якому было на выгляд гадоў сорак, але які адрозніваўся ад сваіх равеснікаў тым, што яга барада сама па сабе рабілася ўсё карацейшай і карацейшай, пакуль нарэшце не ператварылася ў ледзь прыкметны пушок, які потым таксама знік. Сам жа ён рабіўся ўсё меншы ростам і ўсё вузейшы ў плячах, пакуль не набыў звычайны выгляд і рост Жэні Багарада.

Так Жэнька стаў адзіным у свеце чалавекам, які можа сказаць: «Калі я быў яшчэ дзедам», з такім жа правам, з якім мільёны пажылых людзей кажуць: «Калі я быў яшчэ юным свавольнікам».

 


LX. Амар Юсуф паказвае свае кіпцюрыкі

 

— Адно мне незразумела,— задумліва прамовіў Амар Юсуф, курчачыся ад холаду: — я ж уласнымі вушамі чуў, як Сулейманавы джыны сказалі: «Давайце скінем яго, гэта значыць мяне, у хвалі Заходне-Эфіопскага мора». Вось я і думаў, што калі мне калі-небудзь пашчаслівіцца зноў убачыць зямлю і сонечнае святло, то гэта будзе каля спякотных берагоў Афрыкі. Але гэта,— ён паказаў на востраў, які быў відаць у ілюмінатары і хутка аддаляўся ад парахода,— гэта ж зусім не падобна на Афрыку. Ці не праўда, о брацік мой Гасан?

— Праўда, любы майму сэрцу Амар Юсуф: мы знаходзімся зусім каля іншых і вельмі далёкіх ад Афрыкі берагоў,— адказаў яму Хатабыч.— Мы зараз...

— Зразумеў! Чэснае піянерскае, зразумеў! — перапыніў Волька гутарку братоў і ад радасці нават заскакаў па каюце.— Вось гэта здорава! Зразумеў!.. Зразумеў!..

— Што ты зразумеў? — буркліва пацікавіўся Амар Юсуф.

— Я зразумеў, як гэта вы апынуліся ў Арктыцы.

— О дзёрзкі і выхвальны отрак, як непрыемна мне твая празмерная пыха! — прамовіў з агідай Амар Юсуф.— Як ты можаш зразумець тое, што застаецца таямніцай нават для мяне — самага магутнага і мудрага з джынаў!. Ну што ж, выказвай сваю думку, каб мы з маім дарагім братам удосталь маглі з цябе пасмяяцца.

— Гэта як пажадаеце. Хочаце — смейцеся, хочаце — не. Але толькі ўся справа тут у Гальфстрыме.

— У чым, ты кажаш, справа? — з’едліва перапытаў Амар Юсуф.

— У Гальфстрыме, у цёплым цячэнні, якое і прынесла вас з паўднёвых мораў сюды, у Арктыку.

— Якая лухта! — пагардліва хмыкнуў Амар Юсуф, звяртаючыся за падтрымкай да свайго брата.

Аднак той прамаўчаў.

— І зусім не глупства...— пачаў Волька.

Але Амар Юсуф паправіў яго:

— Я сказаў не «глупства», а «лухта».

— І зусім гэта не глупства і не лухта! — зласліва працягваў Волька.— Я якраз па Гальфстрыму атрымаў пяцёрку па геаграфіі.

Паколькі Жэня падтрымаў Волькаву навуковую здагадку, да яе далучыўся і Хатабыч. Амар Юсуф, застаўшыся адзін, зрабіў выгляд, што згадзіўся наконт Гальфстрыма, але затаіў супраць Волькі і яго сябра злосць.

— Я стаміўся ад спрэчкі з табой, о саманадзейны отрак,— прамовіў ён, ненатуральна пазяхаючы.— Я стаміўся і хачу спаць. Вазьмі ж хутчэй веер і абмахвай мяне ад мух, пакуль я буду аддавацца сну.

— Па-першае, тут няма мух, апа-другое, якое права вы маеце аддаваць мне загады,— абурыўся Волька.

— Зараз будуць мухі,— працадзіў скрозь зубы Амар Юсуф.

І сапраўды, у тую ж хвіліну ў каюце загуло вялікае мноства мух.

— Тут можна цудоўна абысціся без веера,— прымірэнча заявіў Волька, робячы выгляд, што не разумее здзеклівага характару патрабаванняў Амара Юсуфа.

Ён адчыніў спачатку дзверы, а потым ілюмінатар. Моцны скразняк вынес гудлівыя раі мух з каюты ў калідор.

— Усё роўна ты будзеш абмахваць мяне веерам! — капрызна прамовіў Амар Юсуф, не звяртаючы ўвагі на ўсе спробы Хатабыча супакоіць яго,

— Не, не буду! — запальчыва адказаў Волька.— Яшчэ не было чалавека, які прымушаў бы мяне выконваць здзеклівыя патрабаванні.

— Значыць, я буду першы.

— Не, не будзеце!

— Амарчык! — паспрабаваў умяшацца Хатабыч у скандал, які ўсё больш разгараўся.

Але Амар Юсуф, пазелянелы ад злосці, толькі сярдзіта адмахнуўся.

— Я лепш загіну, але нізавошта не буду выконваць вашых капрызаў! — панура выкрыкнуў Волька.

— Значыць, ты вельмі хутка загінеш. Не пазней, чым зойдзе сонца,— заявіў, агідна ўсміхаючыся, Амар Юсуф.

У тую ж самую секунду Вольку прыйшла ў галаву цудоўная думка:

— У такім разе, дрыжы, нікчэмны джын! — закрычаў ён самым страшным голасам, якім толькі мог.— Ты мяне вывеў з цярпення, і я вымушаны спыніць сонца. Яно не зойдзе ні сёння, ні заўтра, ні паслязаўтра! Цяпер наракай на сябе!

Гэта быў вельмі рызыкоўны крок з боку Волькі. Калі Хатабыч паспеў расказаць брату, што ў Арктыцы сонца ў гэтую пару года свеціць круглыя суткі, то ўсё загінула.

Але Амар Юсуф у адказ на Волькавы словы толькі здзекліва запярэчыў:

— Выхваляка з выхваляк! Я сам люблю часамі пахваліцца, але нават у хвіліны самай большай запальчывасці я не абяцаў спыніць ход вялікага свяціла. Гэтага не мог зрабіць нават Сулейман ібн Дауд — мір з імі абодвума!

Волька зразумеў, што ён выратаваны. І не толькі выратаваны, але і можа прыбраць да рук непрыемнага братку старога Хатабыча. Дарэчы, Хатабыч ухвальна падмаргнуў Вольку, а пра Жэню і гаварыць не прыходзіцца. Ён здагадаўся аб Волькавай задуме і зараз млеў ад захаплення, адчуваючы наперад немінучую ганьбу Амара Юсуфа.

— Не турбуйцеся, Амар Юсуф. Калі я сказаў, што спыню сонца, дык можаце быць упэўнены: яно сёння не зойдзе.

— Хлапчук! — пагардліва кінуў Амар Юсуф.

— Самі вы хлапчук! — гэтак жа пагардліва запярэчыў яму Волька.— За сонца я адказваю.

— А калі яно ўсё ж зойдзе? — запытаў Амар Юсуф, заходзячыся ад смеху.

— Калі зойдзе, я буду заўсёды выконваць самыя ідыёцкія вашы загады.

— Не-е,— пераможна працягнуў Амар Юсуф,— не, калі сонца, насуперак твайму самаўпэўненаму абяцанню, усё ж зойдзе — а гэта, вядома, будзе так,— дык я цябе проста з’ем! З’ем разам з касцямі.

— Хоць разам з тапачкамі,— мужна адказаў Волька.— Затое, калі сонца сёння не схаваецца за небасхіл, ці будзеце вы тады ва ўсім мяне слухацца?

— Калі сонца не зойдзе? Калі ласка, з найвялікшай прыемнасцю, о самы выхвальны і самы нікчэмны з магаў! Толькі гэтаму — хі-хі-хі! —на жаль, не суджана здарыцца.

— Гэта яшчэ вельмі вялікае пытанне, каму праз некалькі гадзін будзе «на жаль» — сурова адказаў Волька.

— Глядзі ж! — перасцерагальна памахаў пальцамі Амар Юсуф.— Мяркуючы па становішчу сонца, яно павінна зайсці гадзін праз восем — дзевяць. Мне нават трошкі шкада цябе, о бессаромны малакасос, бо табе засталося жыць менш паловы сутак.

— Калі ласка, пакіньце ваша шкадаванне пры сабе! Вы лепш сябе пашкадуйце.

Амар Юсуф пагардліва хіхікнуў, адкрыўшы пры гэтым два рады дробных жоўтых зубоў.

— Якія ў цябе непрыгожыя зубы,— пашкадаваў яго Хатабыч.— Чаму б табе, Амар, не завесці залатыя, як у мяне?

Амар Юсуф толькі зараз заўважыў незвычайныя зубы Хатабыча, і яго душу напоўніла самая чорная зайздрасць.

— Шчыра кажучы, браток, я не бачу асаблівага багацця ў залатых зубах,— сказаў ён як мага больш пагардліва.— Лепш ужо я завяду сабе брыльянтавыя.

І сапраўды, у тую ж секунду трыццаць два празрыстых алмазы чысцейшай вады зазіхацелі ў яго роце, які яхідна ўсміхаўся. Паглядзеўшыся ў маленькае бронзавае люстэрка, якое гэты франтаваты стары, аказваецца, насіў у сябе за поясам, Амар Юсуф застаўся вельмі задаволены.

Толькі тры акалічнасці крыху азмрочвалі яго радасць. Па-першае, Хатабыч не выказаў ніякіх прыкмет зайздрасці. Па-другое, яго брыльянтавыя зубы ззялі, толькі калі на іх падала святло. Калі ж святло на іх не падала, рот выглядаў бяззубым. Па-трэцяе, брыльянтавыя зубы ў першую ж хвіліну да крыві падрапалі яму язык і зубы. У глыбіні душы ён нават пашкадаваў аб тым, што так паквапіўся, але не падаў і выгляду, каб не страціць сваёй годнасці.

— Не, не! — хіхікнуў ён, заўважыўшы, што Волька збіраецца пакідаць каюту.— Табе не ўдасца пакінуць памяшканне да самага захаду сонца. Я цябе цудоўна разумею: ты хочаш схавацца, каб пазбегнуць заслужанай пагібелі. Я не маю намеру гойсаць потым па ўсім судне, шукаючы цябе.

— Калі ласка,— сказаў Волька,— я магу застацца ў каюце колькі вам хочацца. Гэта нават будзе лепш. А то шукай вас потым па ўсім ледаколе, калі сонца не зойдзе! Колькі мне, па-вашаму, прыйдзецца чакаць?

— Не больш, чым дзевяць гадзін, о юны выхваляка,— адказаў Амар Юсуф, здзекліва пакланіўшыся, пстрыкнуў вялікім і ўказальным пальцамі левай рукі, і на століку, які стаяў пад самым ілюмінатарам, з’явіўся грувасткі вадзяны гадзіннік.— Не паспее вада дайсці да гэтага вось дзялення,— дадаў ён, пастукаўшы карычневым пазногцем на сценцы гадзінніка,— як сонца зойдзе, і гэта будзе хвілінай тваёй смерці.

— Добра,— сказаў Волька,— я пачакаю.

— І мы пачакаем,— сказалі Жэня і Хатабыч.

Восем гадзін прайшло амаль непрыкметна, бо Жэня, з прыемнасцю для сябе, прапанаваў самаўпэўненаму Амару Юсуфу навучыцца гуляць у шашкі, дакладней — у вясёлую і хітрую гульню паддаўкі.

— Толькі я цябе ўсё роўна абыграю,— папярэдзіў яго Амар Юсуф.

Жэня абыграў сварлівага старога незлічоную колькасць разоў. Амар Юсуф страшэнна злаваў, спрабаваў махляваць, але яго кожны раз хорам выкрывалі, і ён пачынаў новую партыю, якая гэтак жа сумна для яго заканчвалася.

— Ну, вось і мінуў ужо вызначаны час, Амар Хатабыч,— сказаў нарэшце Волька.

— Не можа быць! — сказаў, адрываючыся ад гульні, Амар Юсуф.

Кінуўшы позірк на вадзяны гадзіннік, ён змяніўся з твару, усхвалявана падхапіўся з ложка, на якім змагаўся з Жэнем у шашкі, падбег да ілюмінатара, высунуў з яго галаву вонкі і застагнаў ад жаху і бяссільнай злосці: сонца, як і восем гадзін назад, высока стаяла над небасхілам.

Тады ён павярнуўся да Волькі і тужлівым голасам прамовіў:

— Я, напэўна, памыліўся крыху ў сваіх разліках. Пачакаем яшчэ гадзінкі дзве.

— Хоць тры! — адказаў Волька.— Толькі гэта табе ўсё роўна не дапаможа. Як я сказаў, так і будзе. Сонца не зойдзе ні сёння, ні заўтра, ні паслязаўтра.

Праз чатыры з паловай гадзіны Амар Юсуф у дваццаты раз выглянуў у ілюмінатар, у дваццаты раз пераканаўся, што сонца і не думае хавацца за небасхіл, пабляднеў, задрыжаў палахлівымі дрыжыкамі і цяжка бухнуўся на калені.

— Злітуйся нада мной, о магутны отрак! — усклікнуў ён жаласлівым голасам.— Не гневайся на мяне, нікчэмнага слугу твайго, бо, калі крычаў на цябе, я не ведаў, што ты мацнейшы за мяне.

— А калі я слабейшы, тады можна на мяне крычаць? — запытаў Волька.

— Вядома, можна,— пераконана адказаў Амар Юсуф, і ўсім зрабілася агідна.

— Ну і браток жа ў цябе! — шапнуў Жэня на вуха Хатабычу.— Ты мне, калі ласка, прабач, але ён вельмі непрыемны, зайздрослівы і злосны дзед.

— Так,— сумна згадзіўся Хатабыч— браток у мяне не цукар.

— Ды ўстаньце ж вы, нарэшце! — гідліва звярнуўся Волька да Амара Юсуфа, які ўсё стаяў на каленях і намагаўся пацалаваць Волькаву руку.

— Што мне загадаеш, о мой юны, але магутны ўладар? — дагодліва запытаў Амар Юсуф, паціраючы свае мяккія далоні і ўстаючы з падлогі.

— Пакуль што толькі адно: не смей без майго дазволу пакідаць ні на секунду гэтай каюты.

— З вялікай прыемнасцю, о самы мудры і магутны з отракаў! — лісліва адказаў Амар Юсуф, са страхам і глыбокай павагай паглядаючы на Вольку...

Як Волька сказаў, так і было. Ні ў той дзень, ні на другі, ні на трэці сонца не хавалася за небасхіл. Прыдраўшыся да нейкай дробнай правіннасці Амара Юсуфа, Волька прадоўжыў кругласутачнае знаходжанне дзённага свяціла на небе аж да асобага распараджэння. Толькі даведаўшыся ад Сцяпана Цімафеевіча, што «Ладага» нарэшце ўступіла ў шыроты, у якіх дзень на кароткі, праўда, час, але ўсё ж саступае месца ночы, Волька паведаміў аб гэтым Амару Юсуфу, як аб асаблівай яго ласцы да нікчэмнага і сварлівага джына.

Амар Юсуф паводзіў сябе цішэй вады і ніжэй травы, ніводнага разу ні на хвіліну не пакідаў каюты і пакорліва ўлез у медную пасудзіну, калі «Ладага» пад гукі аркестра і крыкі «ўра» прышвартавалася нарэшце да той самай прыстані Архангельскага порта, ад якой яна адплыла роўна трыццаць дзён назад.

Вядома, Амару Юсуфу вельмі не хацелася вяртацца нават часова ў пасудзіну, дзе ён правёў у адзіноце гэтулькі бязрадасных стагоддзяў. Але Волька ўрачыста абяцаў выпусціць яго, як толькі яны вернуцца дадому.

Не будзем утойваць: у Волькі, які з меднай пасудзінай пад пахай пакідаў гасцінную «Ладагу», была вельмі вялікая спакуса кінуць яе ў ваду. Але даў слова — трымайся. І Волька сышоў на прыстань, перамогшы ў сабе хвілінную спакусу...

Калі ніхто на «Ладазе» ніводнага разу не зацікавіўся, па якому праву Хатабыч і яго сябры ўдзельнічаюць у экспедыцыі, дык зусім зразумела, што Хатабычу было няцяжка прарабіць прыкладна такую ж камбінацыю з бацькамі і знаёмымі нашых юных герояў.

Ва ўсякім разе, як бацькі, так і знаёмыя ўспрынялі як належнае факт ад’езду хлопчыкаў у Арктыку, зусім не задаючы сабе пытання, якімі таемнымі шляхамі яны трапілі на «Ладагу».

Добра паабедаўшы, хлопчыкі доўга расказвалі сваім блізкім, амаль нічога не выдумляючы, аб розных сваіх прыгодах у Арктыцы, але разважліва не ўспаміналі аб Хатабычу. Толькі Жэня, захапіўшыся, ледзь не прагаварыўся. Расказваючы аб вечарах самадзейнасці, якія адбываліся ў кают-кампаніі ў час туманаў, ён ляпнуў:

— А тут, разумееш, вылазіць наперад Хатабыч і гаворыць...

— Што за дзіўнае такое імя — «Хатабыч»? — здзівілася Таццяна Іванаўна.

— Гэта табе, маці, здалося. Я не гаварыў «Хатабыч», я сказаў «Патапыч». Гэта нашага боцмана так звалі,— не разгубіўся Жэня, хоць і вельмі пачырванеў.

Між іншым, на апошнюю акалічнасць ніхто не звярнуў ніякай увагі. Усе з зайздрасцю глядзелі на Жэню, які штодзённа і папросту сустракаўся з сапраўдным, жывым боцманам.

Затое ў Волькі ледзь не здарылася няшчасце з меднай пасудзінай. Ён сядзеў у сталовым пакоі на канапе, з вялікім веданнем справы тлумачыў бацькам розніцу паміж ледаколам і ледакольным параходам і не заўважыў, як з пакоя знікла бабуля. Яе не было хвілін пяць, і яна вярнулася, трымаючы ў руках... пасудзіну з Амарам Юсуфам.

— Гэта што такое? — зацікавіўся Аляксей Аляксеевіч.— Дзе ты гэта, маці, узяла?

— Уяві сабе, Алёша, у Воленькі ў валізе. Я пачала разбіраць рэчы, бачу — ляжыць зусім неблагі збан. Спатрэбіцца для налівак. Яго толькі пачысціць трэба, вельмі ж ён пазелянеў.

— Гэта зусім не для налівак! — спалатнеў Волька і выхапіў пасудзіну з рук бабулі.— Гэта мяне прасіў памочнік капітана перадаць яго знаёмаму. Я абяцаў сёння ж аднесці.

— Вельмі цікавая пасудзіна! — ухвальна адгукнуўся Аляксей Аляксеевіч, вялікі аматар старадаўніх прадметаў.— Дай, Воля, паглядзець. Эге, ды яна, аказваецца, са свінцовым вечкам! Цікава, вельмі цікава...

Ён паспрабаваў адкрыць пасудзіну, але Волька ўхапіўся за збан абедзвюма рукамі і залепятаў:

— Яе нельга адкрываць!.. Яна нават зусім не адкрываецца... Яна зусім, зусім пустая... Я абяцаў памочніку капітана не адкрываць... каб вінтавая нарэзка не сапсавалася...

— Скажыце калі ласка, як ён расхваляваўся! Добра, бяры гэтую пасудзіну на здароўе,— сказаў Аляксей Аляксеевіч, вяртаючы сыну збан.

Волька ад знямогі сеў на канапу, моцна прыціскаючы да сябе страшную пасудзіну. Але размова ўжо больш не клеілася, і неўзабаве Кастылькоў-малодшы ўстаў са свайго месца і, сказаўшы як мага натуральней, што ён пойдзе аддаваць пасудзіну, амаль бягом пакінуў пакой.

— Толькі глядзі не затрымлівайся доўга! — крыкнула яму наўздагон Святлана Аляксандраўна, але яго ўжо і след прастыў.

 


LXI. Да чаго прыводзяць часам поспехі оптыкі

 

На беразе Вольку даўно ўжо чакалі Жэня і Хатабыч. Вакол было ціха. Неабдымнае начное неба высілася над галовамі нашых сяброў. Поўны месяц ліў з вышыні нежывое, блакітнае святло.

Жэня здагадаўся ўзяць з сабой бінокль і зараз з уцехай вывучаў у яго Месяц.

— А ну, таварышы, спыняйце заняткі астраноміяй! — сказаў, набліжаючыся, Волька.— Наступным нумарам нашай вялікай праграмы — урачысты выпуск на волю ўсім нам добра знаёмага Амара Юсуфа! Музыка, туш!

— Гэты злоснік і без тушу не захварэе! — сурова сказаў Жэня.

Каб падкрэсліць сваю пагарду да нянавіснага джына, ён павярнуўся да збана спінай і вывучаў у бінокль Месяц, пакуль не пачуў скрыпучы голас Амара Юсуфа:

— Хай жа дазволена будзе твайму пакорліваму слузе, о магутны Волька, запытаць, для чаго служаць чорныя трубкі, у якія ўтаропіў свае высакародныя вочы мой горача любімы ўладар, а твой сябра Жэня?

— Каму Жэня, а вам — Яўгеній Мікалаевіч! — з запалам падаў свой голас Жэня, не павяртаючыся.

— Гэта бінокль. Гэта... каб бліжэй відаць было,— паспрабаваў растлумачыць Волька.— Жэня глядзіць на Месяц у бінокль, каб лепш бачыць. Каб ён большым выглядаў.

— О, як прыемна, я мяркую, такое правядзенне часу! — па-падхалімску зазначыў Амар Юсуф.

Ён круціўся вакол Жэні, стараючыся хоць краёчкам вока зазірнуць у бінокль, але Жэня знарок адварочваўся ад яго, і самалюбівы джын быў абражаны гэтай непавагай да глыбіні душы. О, калі б тут не было наймагутнейшага Волькі, які адным словам спыніў на некалькі дзён рух сонца! Тады Амар Юсуф ведаў бы, як разлічыцца з непакорлівым хлапчуком! Але Волька стаяў побач, і раз’юшанаму джыну не заставалася рабіць нічога іншага, як звярнуцца да Жэні са зневажальнай просьбай даць яму мажлівасць паглядзець на вялікае начное свяціла праз бінокль, які так зацікавіў яго.

— І я прашу цябе зрабіць для майго брата гэтую ласку,— падтрымаў яго просьбу Хатабыч, які да гэтага часу маўчаў.

Жэня нехаця перадаў Амару Юсуфу бінокль.

— Нікчэмны отрак зачараваў магічныя трубкі! — закрычаў праз момант Амар Юсуф, злосна кінуўшы бінокль на зямлю.— Яны ўжо зараз не павялічваюць, а наадварот, у шмат разоў змяншаюць аблічча Месяца! О, калі-небудзь я дабяруся да гэтага юнака!

— Вечна ты дарэмна кідаешся на людзей! — сказаў Волька з агідай.— Пры чым тут Жэня? Ты глядзіш у бінокль не з таго боку.— Ён падняў бінокль з травы і падаў яго раззлаванаму джыну.— Трэба глядзець праз маленькія шкельцы.

Амар Юсуф недаверліва паслухаўся Волькавай парады і неўзабаве прамовіў са шкадаваннем:

— На жаль, я быў лепшай думкі аб гэтым свяціле. Аказваецца, яно шчарбатае, з няроўнымі краямі, як паднос самага апошняга падзёншчыка. Зоркі ўжо куды лепшыя! Яны хоць і ў шмат разоў меншыя за Месяц, але затое, прынамсі, без бачных заганаў.

— Дай мне, о брат мой, пераканацца ў правільнасці тваіх слоў,— сказаў зацікаўлены Хатабыч, паглядзеў у бінокль і са здзіўленнем згадзіўся: — На гэты раз мой брат як быццам бы мае рацыю...

Па словах Хатабыча няцяжка зрабіць вывад, што аўтарытэт Амара Юсуфа ўжо даўно быў у яго вачах моцна падарваны.

— Якая дзікасць! — абурыўся Жэня.— Час вам ведаць бы, што Месяц у шмат мільёнаў разоў меншы за любую з зорак.

— Не-е, я больш не магу вытрымаць бясконцых здзекаў гэтага хлапчука! — зароў Амар Юсуф і схапіў Жэню за каўнер.— Ці не будзеш ты пераконваць мяне, што пясчынка большая за гару? Ты і на гэта здольны. Не-е, зараз ужо я з табой канчаткова пакончу!

— Спыніся! — крыкнуў яму Волька.— Спыніся, ці я на цябе зараз жа звалю Месяц, і ад цябе нават мокрага месца не застанецца. Мне гэта, брат, раз плюнуць. Ты ж мяне ведаеш.

Разлютаваны Амар Юсуф нехаця адпусціў не на жарт перапалоханага Жэню.

— Ты і на гэты раз зусім дарэмна раз’юшыўся,— сказаў Волька.— Жэня гаворыць праўду. Прысядзь, і я табе ўсё пастараюся растлумачыць.

— Няма чаго мне тлумачыць, я сам усё добра ведаю! — пыхліва запярэчыў Амар Юсуф, але не паслухацца Волькі не адважыўся.

На астранамічныя тэмы Волька мог гаварыць гадзінамі. Гэта быў яго канёк. Ён перачытаў усе папулярныя кнігі па пытаннях будовы Сусвету і з захапленнем пераказваў іх змест усім, хто хацеў яго слухаць. Але Амар Юсуф зусім не хацеў яго слухаць. Ён увесь час пагардліва хмыкаў і нарэшце, не вытрымаўшы, прабурчаў:

— Ніколі не паверу тваім словам, пакуль не пераканаюся сваімі вачамі.

— Як гэта «сваімі вачамі»? — здзівіўся Волька.— Ці не збіраешся ты на Месяц, каб пераканацца, што гэта не маленькі дыск, а вялізны шар?

— А чаму б і не злятаць? — фанабэрыста запытаў Амар Юсуф.— Вось вазьму і сёння ж злятаю.

— Але ж Месяц неверагодна далёка.

— Амара Юсуфа не палохаюць вялікія адлегласці. Тым больш, што я вельмі, прабач мне, сумняваюся ў справядлівасці тваіх слоў.

— Але ж дарога да яго ляжыць у беспаветранай прасторы,— добрасумленна запярэчыў Волька.

— Я магу цудоўна абыходзіцца без паветра.

— Няхай ляціць! — злосна шапнуў Жэня Вольку.— А то мы яшчэ з ім зазнаем гора.

— Вядома, няхай ляціць,— ціха згадзіўся Волька.— Але ўсё ж я лічу, што мой абавязак папярэдзіць яго аб тым, што яго чакае ў дарозе... Улічы, Амар Юсуф,— працягваў ён, звяртаючыся да фанабэрыстага джына,— улічы, што там страшэнна холадна.

— Я не баюся холаду. Да хуткай сустрэчы! Ляту.

— У такім выпадку,— сказаў Волька,— калі ты ўжо так цвёрда вырашыў злётаць на Месяц, хоць у адным паслухайся мяне. Ці абяцаеш ты мне паслухмяна падпарадкавацца маім словам?

— Так і быць, абяцаю,— спагадліва адказаў джын, які прыкметна выходзіў з-пад Волькавага ўплыву.

— Ты павінен вылецець з зямлі з хуткасцю не менш чым адзінаццаць кіламетраў у секунду. У адваротным выпадку ты, запэўніваю цябе, ніколі не дасягнеш Месяца.

— З радасцю і прыемнасцю! — Амар Юсуф падціснуў свае тонкія сінія губы.— А наколькі вялікі кіламетр? Скажыце, бо я не ведаю такой меры даўжыні.

— Ну, як табе растлумачыць...— прызадумаўся Волька.— Ну вось: кіламетр — гэта прыкладна тысяча чатырыста крокаў.

— Тваіх крокаў? — запытаў джын.— Значыць, маіх крокаў у кіламетры не больш тысячы двухсот.

Амар Юсуф быў перавялічанай думкі аб сваім росце. Ён быў не вышэйшы за Вольку, але пераканаць яго ў іншым так і не ўдалося.

— Глядзі не разбіся аб неба,— клапатліва праводзіў у дарогу брата Хатабыч, які сам не вельмі верыў Волькавым словам аб будове Сусвету.

— Добра, не вучы вучонага! — холадна адказаў Амар Юсуф, са страшэннай хуткасцю ўзвіўся ў паветра, умомант распаліўся дабяла і знік з вачэй, пакінуўшы за сабой доўгі вогненны след.

— Пачакаем яго, сябры мае,— нясмела прапанаваў Хатабыч, які адчуваў сябе вінаватым перад сябрамі за непрыемнасці, якія прынёс ім Амар Юсуф.

— Не, цяпер ужо чакай яго — не чакай, усе роўна не дачакаешся,— запярэчыў Волька.— Ён не паслухаўся маёй парады, заснаванай на навуковых звестках, і ніколі ўжо не вернецца на Зямлю. Калі твой Амар вылецеў з хуткасцю меншай за адзінаццаць кіламетраў у секунду, ён цяпер будзе ўвесь час круціцца вакол Зямлі. Ён зараз, калі хочаш ведаць, ператварыўся ў спадарожніка Зямлі.

— Я ўсё ж, з вашага дазволу, крыху пачакаю,— прашаптаў засмучаны Хатабыч.

Позна ноччу ён непрыкметна праслізнуў у Волькаў пакой і, ператварыўшыся ў залатую рыбку, ціха плёхнуўся ў акварыум. Заўсёды, калі Хатабыч быў чым-небудзь засмучаны, ён уладжваўся на ноч не пад ложкам, а ў акварыуме. На гэты раз ён быў вельмі засмучаны. Ён прачакаў Амара Юсуфа больш пяці гадзін, але так і не дачакаўся...

Калі-небудзь вучоныя вынайдуць такія дакладныя прылады, якія дазволяць улічваць самае слабае прыцягненне, якое адчувае Зямля ад праходжання каля яе самых малых нябесных цел. І які-небудзь астраном, які быў, магчыма, у дзяцінстве чытачом нашай аповесці, выявіць у выніку доўгіх і карпатлівых разлікаў, што дзесьці, параўнальна недалёка ад Зямлі, верціцца нябеснае цела вагой у шэсцьдзесят тры з паловай кілаграмы. Тады ў тоўсты астранамічны каталог будзе занесены пад якім-небудзь шматзначным нумарам Амар Юсуф, сварлівы і абмежаваны джын, які ператварыўся ў спадарожніка Зямлі выключна ў выніку свайго агіднага характару і невуцкай пагарды да навуковых звестак.

Нехта, даведаўшыся з нашых вуснаў аб павучальнай гісторыі, што здарылася з братам Хатабыча, сур’ёзна запэўніваў, што аднойчы ноччу ён нібы бачыў на небе свяціла, якое хутка прамільгнула і па сваёй форме нагадвала старога з доўгай барадой. Што датычыць аўтара гэтай аповесці, дык ён гэтаму не верыць: вельмі ж ужо дробнай істотай быў Амар Юсуф.

 


LXII. Ракавое захапленне Хатабыча

 

Некалькі дзён Хатабыч сумаваў па брату, адседжваючыся ў акварыуме, а потым прывык, і ўсё пайшло па-ранейшаму. Аднойчы нашы сябры ціха размаўлялі з Хатабычам, які з прычыны ранняга часу ўсё яшчэ песціўся пад ложкам.

— Магчымы ападкі,— сказаў Жэня, выглянуўшы з акна на вуліцу.

Неўзабаве сапраўды ўсё неба пакрылася хмарамі і зацерушыў прыкры дожджык.

— Можа, паслухаем? — запытаў Волька, знарок абыякава кіўнуўшы на новенькі радыёпрыёмнік — падарунак бацькоў за паспяховы пераход у сёмы клас, і з вялікім задавальненнем адразу ж уключыў радыё.

Магутныя гукі сімфанічнага аркестра напоўнілі пакой.

Здзіўлены Хатабыч высунуў галаву з-пад ложка:

— Дзе знаходзіцца гэтае мноства людзей, якія так хораша граюць на розных музычных інструментах?

— Мы і забылі! — усклікнуў Жэня.— Хатабыч жа не ведае радыё!

(Як ні дзіўна, на «Ладазе» праз спешку выпусцілі з-пад увагі набыць прыёмнік для кают-кампаніі.)

Гадзіны дзве хлопчыкі з уцехай назіралі за Хатабычам. Старога вельмі ўразілі дасягненні радыётэхнікі. Волька лавіў для яго Уладзівасток, Тбілісі, Кіеў, Ленінград, Мінск, Ташкент. З прыёмніка паслухмяна выляталі гукі песень, грымелі маршы, чулася гаворка на самых розных мовах. Потым хлопчыкам надакучыла радыё. На двары выглянула сонца, і яны выйшлі праветрыцца, пакінуўшы зачараванага Хатабыча каля прыёмніка.

Менавіта тады і адбылося таямнічае здарэнне, да гэтага часу не разгаданае Волькавай бабуляй.

Неўзабаве пасля таго, як хлопчыкі пайшлі гуляць, яна прыйшла выключыць прыёмнік і пачула ў зусім пустым пакоі нечы старэчы кашаль.

Потым яна ўбачыла, як сама па сабе рухаецца па шкале прыёмніка варанёная стрэлка варыёметра.

Перапалоханая бабуля вырашыла сама не дакранацца да прыёмніка, а бегчы за Волькам. Яна злавіла яго каля аўтобуснага прыпынку. Волька захваляваўся, сказаў, што ён удасканальвае прыёмнік, аўтаматызуе яго, і вельмі просіць бабулю не расказваць аб гэтым бацькам, бо ён, маўляў, рыхтуе для іх сюрпрыз.

Ніколькі не супакоеная яго словамі, бабуля ўсё ж абяцала захоўваць тайну.

Да вечара яна са страхам прыслухоўвалася, як у пустым пакоі час ад часу чуўся дзіўны, прыглушаны старэчы кашаль.

У той дзень прыёмнік не адпачываў ні хвіліны. Каля дзвюх гадзін ночы ён, праўда, замоўк. Але аказалася, што стары проста забыў, як прымаць Ташкент. Ён пабудзіў Вольку, распытаў яго і зноў наблізіўся да прыёмніка...

Здарылася непапраўнае: стары да самазабыцця захапіўся радыё.

 


LXIII. Навагодні візіт Хатабыча

 

На зімнія канікулы Жэня паехаў да сваякоў у Звянігарад. Чацвёртага студзеня на яго імя прыйшоў ліст, які меў вялікую цікавасць па меншай меры ў трох адносінах. Па-першае, гэта быў першы ліст ў яго жыцці, адрасаваны не Жэню ці Яўгенію, а Яўгенію Мікалаевічу Багараду. Па-другое, гэта быў першы ліст, напісаны Хатабычам свайму юнаму сябру. Але яшчэ большую цікавасць меў сам змест гэтага ў вышэйшай ступені надзвычайнага паслання.

Вось яно з некаторымі скарачэннямі:

«О шаноўны і дарагі сябра мой, цудоўнае і непаўторнае ўпрыгожанне школ і спартыўных пляцовак, чароўная надзея айчыннай навукі і мастацтва, радасць і гонар бацькоў і сяброў сваіх, Яўгеній ібн Мікалай са славутага і высакароднага рода Багарадаў, хай жа будзе твой жыццёвы шлях усланы ружамі без калючак і хай жа будзе ён такі доўгі, як жадае табе гэтага твой вучань Гасан Абдурахман ібн Хатаб!

Ты памятаеш, спадзяюся, якой вялікай была мая радасць і ўдзячнасць, калі паўгода назад ты, о юны сябра мой і сябра майго юнага збавіцеля, вызваліў з жахлівага зняволення ў меднай пасудзіне майго няшчаснага брата Амара Юсуфа ібн Хатаба, з якім мы былі так бязлітасна разлучаны на працягу доўгіх тысячагоддзяў.

Але адразу за радасцю доўгачаканай сустрэчы прыйшло і цяжкае расчараванне, бо брат мой аказаўся істотай няўдзячнай, абмежаванай, сварлівай і зайздроснай. І ён, як ты, вядома, памятаеш, паставіў за мэту злятаць на Месяц, каб асабіста пераканацца, ці сапраўды яго паверхня пакрыта горамі, як аб гэтым, на падставе навукі, што называецца «астраноміяй», заявіў наш высокаадукаваны сябра Волька ібн Алёша.

Авохці! Не бескарыслівая прага ведаў кіравала маім неразумным братам, не высакароднае і пахвальнае імкненне вывучыць свет, а марнае і нядобрае жаданне прынізіць і аганьбаваць чалавека, які спрабаваў утрымаць яго ад непапраўнага ўчынку.

Ён не палічыўся з дадзенымі другой навукі, якая называецца «механікай», і тым самым асудзіў сябе на вечнае і бескарыснае вярчэнне вакол Зямлі, якая, як мне ўдалося нядаўна даведацца (хто мог бы падумаць!), у сваю чаргу верціцца вакол Сонца.

Чатыры дні таму назад атрымаў я ад цябе, о Жэня ібн Алёша, пасланне, якое называецца вучоным словам «тэлеграма», дзе ты так велікадушна і прыемна павіншаваў мяне з Новым годам.

І тады я ўспомніў, што дзень і ноч матляецца на небе мой непрыемны, але глыбока няшчасны брат і што няма каму павіншаваць яго з надыходзячым Новым годам.

І тады я сабраўся і вылецеў роўна ў поўдзень у далёкія нябесныя прасторы, каб наведаць Амара Юсуфа, павіншаваць яго, і калі гэта будзе магчыма, дапамагчы яму вярнуцца на Зямлю.

Я не буду, о Жэня ібн Коля, займаць тваёй прыхільнай увагі апісаннем таго, як мне ўдалося справіцца з законам сусветнага прыцягнення, бо не ў гэтым заключаецца мэта майго апавядання. Дастаткова сказаць, што спачатку я вылецеў з той жа прыкладна хуткасцю, што і Амар Юсуф, і, гэтак жа, які ён, ператварыўся ў спадарожніка Зямлі, але ператварыўся толькі часова і роўна на столькі, колькі патрабавалася мне для спаткання з Амарам. А потым, калі я ўбачыў, што мне час вяртацца на Зямлю, я павярнуўся тварам у яе бок і надаў свайму целу якраз такую хуткасць, якая патрэбна была для пераадолення сілы, якая вярцела мяне вакол зямнога шара, як напоўненае вадой вядзерца верціцца на туга нацягнутай вяроўцы ў руках якога-небудзь хлапчука. Якая гэта хуткасць, тут пісаць не месца. Калі мы ўбачымся, я пакажу табе ўсе разлікі, папярэдне зробленыя мной дзякуючы ведам па матэматыцы, астраноміі і механіцы, якімі я абавязаны табе і Вольку ібн Алёшу, велікадушнасці вашай і высокай цярплівасці. Але не аб гэтым зараз размова. Я хацеў наведаць свайго браточка...»

Тут Хатабыч, відаць, праслязіўся, бо на лісце ў гэтым месцы расплыліся чарніла. Нам міжвольна даводзіцца прапусціць некалькі радкоў.

«Пакінуўшы Зямлю, залітую вясёлым паўднёвым сонцам, я неўзабаве апынуўся ў апраметнай цемры, жахлівай і нясцерпна халоднай. І ззялі ў гэтым ледзяным змроку яркім, але мёртвым, немігатлівым бляскам па-ранейшаму далёкія кропкі зорак ды сляпіў вочы жаўтаваты дыск палаючага Сонца.

І доўга я ляцеў сярод холаду, цемры і цішыні і ўжо зусім быў страціў надзею сустрэць брата, калі раптам на чорным аксаміце неба з’явілася ярка асветленае Сонцам цыбатае і худое цела. Яно набліжалася да мяне з вялікай хуткасцю, і па доўгай барадзе, што развявалася як хвост каметы, і па няспынным злосным мармытанні я лёгка пазнаў свайго брата.

«Селям алейкум, Амарчык! — усклікнуў я, калі мы з ім параўняліся.— Як тваё здароўе?»

«Ды так, нічога,— неахвотна і няветліва адказаў мне Амар Юсуф.— Як бачыш, кручуся сабе памаленьку вакол Зямлі.— Ён пажаваў губамі і суха дадаў: — Ну, а цяпер кажы, што табе трэба. Не забывай, што ты прыляцеў да занятага чалавека. Скончыў справу — і ляці назад».

«Чым жа гэта ты так заняты, о шаноўны брат мой?» — запытаў я яго.

І ён мне адказаў:

«Як гэта чым?! Я ж табе сказаў, што працую спадарожнікам Зямлі. Кручуся, як пракляты, дзень і ноч без хвіліны адпачынку...»

«О гора мне! — усклікнуў я тады ў вялікім смутку.— Якое сумнае і нецікавае тваё жыццё сярод вечнага холаду і цемры, у няспынным і бескарысным вярчэнні ўдалечыні ад усяго жывога!»

І я заліўся слязамі, бо мне было бясконца шкада майго брата.

Але Амар Юсуф у адказ на мае сардэчныя словы толькі холадна і паблажліва прамовіў:

«Не шкадуй мяне, бо я менш за каго б там ні было маю патрэбу ў шкадаванні. Паглядзі — і ты пераканаешся: я самае большае з усіх нябесных цел. Праўда, Сонца і Месяц свецяць, і нават даволі ярка, а я не свячуся, але затое я непараўнальна большы за іх. Я ўжо не кажу аб зорках, якія настолькі дробныя, што мноства іх спакойна змесціцца на маім пазногці.— Тут на яго твары з’явілася нейкае падабенства добразычлівай усмешкі.— Калі хочаш,— прамовіў ён,— далучыся да мяне, зрабіся маім спадарожнікам — будзем круціцца разам. І тады, калі не лічыць мяне, ты будзеш найбольшым з нябесных цел».

Але дарэмна я ўзрадаваўся гэтаму хоць і незвычайнаму, але ўсё ж выяўленню братніх пачуццяў, бо Амар Юсуф так абгрунтаваў сваю прапанову:

«А то ва ўсіх свяціл ёсць спадарожнікі, а ў мяне няма. Нават неяк няёмка перад іншымі свяціламі».

Я быў уражаны невуцтвам і бязглуздай самаўлюбёнасцю майго брата. Я зразумеў, што ён не жадае вяртацца на Зямлю, і, цяжка ўздыхнуўшы, сказаў яму:

«Бывай, бо я спяшаюся: мне яшчэ трэба паспець павіншаваць некаторых маіх юных сяброў».

Але Амар, якому, відаць, прыйшлася да спадобы яго ідэя, зароў:

«А спадарожнікам маім хто будзе? Заставайся лепш па-добраму, ці я разарву цябе на кавалкі!»

З гэтымі словамі ён учапіўся ў маю левую нагу, але я не разгубіўся, рэзка павярнуў убок і вырваўся з рук Амара, пакінуўшы ў іх адзін з маіх пантофляў. Ён, вядома, захацеў здагнаць мяне, але не мог гэтага зрабіць, бо павінен быў працягваць свой бясконцы шлях па замкнутай крывой, якая называецца вучоным словам «арбіта».

Але, адляцеўшы на даволі вялікую адлегласць, я ўсё ж адчуў некаторы жаль да свайго непрыемнага і сябелюбівага брата і крыкнуў яму:

«Калі табе ўжо так патрэбны спадарожнікі, о Амар Юсуф, за гэтым затрымкі не будзе!»

Я вырваў са сваёй барады пяць валаскоў, парваў іх на дробныя кавалачкі і развеяў іх на ўсе бакі. І тады вакол Амара Юсуфа пачало круціцца шмат каляровых, прыгожых шарыкаў памерам ад гарошыны да вельмі вялікага гарбуза. І гэта былі спадарожнікі, якія цалкам падыходзілі яму і па памеру і па прыгажосці.

Брату майму, як істоце абмежаванай, да гэтага моманту, відаць, проста не прыходзіла ў галаву, што ён сам можа нарабіць сабе спадарожнікаў. Зараз жа ён, у вялікай сваёй пыхе, пажадаў сабе спадарожніка велічынёю з гару. І такі спадарожнік у яго сапраўды адразу ж з’явіўся. Але паколькі маса рэчыва, што знаходзілася ў гэтай гары, у шмат тысяч разоў перавышала вагу ўзбаламучанага і бесталковага брата майго Амара Юсуфа, то Амар Юсуф адразу ж пляснуўся аб створанае ім нябеснае цела, пругка, як футбольны мяч, адскочыў ад яго і з лямантам пачаў хутка-хутка вакол яго круціцца.

Так Амар Юсуф зрабіўся ахвярай сваёй празмернай фанабэрыі, ператварыўшыся ў спадарожніка свайго ўласнага спадарожніка.

А я вярнуўся на зямлю і сеў пісаць табе гэты ліст, о ўмяшчальня ўсіх вартасцей, каб ты ведаў аб тым, што здарылася.

А таксама спяшаюся табе паведаміць, што давялося мне ўбачыць у краме радыёпрымачоў на вуліцы Горкага адзін цудоўны прымач на дзевяць лямпаў, і вартасці яго незлічоныя, і выглядам сваім ён песціць самы патрабавальны позірк, і прыйшло мне ў галаву, што калі б да гэтага прымача прыладзіць...»

Але далей пачынаўся ўжо тыповы ліст заўзятага радыёаматара, і прыводзіць яго не мае ніякага сэнсу, бо тыя, хто захапляецца гэтай справай, не знойдуць у ім нічога новага для сябе, а тыя, хто не захапляецца гэтай галіной прамысловасці сродкаў сувязі, не знойдуць у ім нічога вартага іх увагі.

 


Стары Хатабыч. Лазарь Лагин. Иллюстрация 16

Р 2

Л 14

 

 

Друкуецца па выданню:

Лагин Л. Старик Хоттабыч.— М.: Дет. лит., 1979.— 346 с.

 

 

Перакладчык У. М. Шахавец '

Мастак У. С. Пашчасцеў



Заўвагі

 

 

1 У н і ф а р м і с т а м і   называюць работнікаў цыркаў, абслугоўваючых манеж і занятых пастаноўкай і прыманнем р э к в і з і т а, гэта значыць рэчаў, што выкарыстоўваюцца артыстамі пад час прадстаўленняў.
<<< вярнуцца да чытання

2 Няхай чытача не пужае такі высокі кошт праезду. Гэта ж было да грашовай рэформы. Тагачасны паўрубель як раз раўняецца цяперашнім пяці капейкам.
<<< вярнуцца да чытання

3 Хатабыч галаву дае на адсячэнне, што гэты горад называецца менавіта Герона. Не будзем спрачацца са старым.
<<< вярнуцца да чытання

4 Геркулесавы слупы — старажытная назва Гібралтарскага праліва.
<<< вярнуцца да чытання

5 Made in USA — Зроблена ў ЗША.
<<< вярнуцца да чытання