ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ [Язэп Малецкі] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Язэп Малецкі ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ Успаміны

Памяці змагароў за вызваленьне народу Міхася Вітушкі, Усевалада Родзькі, Уладзіміра Шавеля працу гэтую прысьвячае аўтар


АД АЎТАРА

Мэта кніжкі — перадаць для гісторыі праўдзіва падзеі на нашай бацькаўшчыне ў Другую Сусьветную вайну, паказаць вялікі ўздым народу ў змаганьні за свае правы ды ягоную працу над адбудовай вольнага жыцьця. Яна разам і прызнаньне тысячам суродзічаў, якія ў цяжкую пару змаганьня з ворагамі не шкадавалі сваіх сілаў, здароўя, маёмасьці, свайго жыцьця.

Што апісаў у кніжцы, таго ў бальшыні быў сьведкам, тое сам перажыў. Чаго-ж ня бачыў, тое запісана ад веры годных людзей. Калі пісаў, ніколі ня мінаўся з праўдай, ці гэта будзе каму падабацца, ці не.

Складаю шчырую падзяку ўсім маім сябрам і знаёмым, якія дапамагалі пры пісаньні кніжкі радамі й інфармацыямі, і найперш спадарам В. М. і А. См. за лісты, сп. В. Пануцэвічу за перагляд машынопісу, практычныя рады й дапаўненьні з падзеяў грамадзкага жыцьця ў Баранавічах ды прабегу Усебеларускага Кангрэсу ў Менску, сп. Леаніду Дэнысэнку за афармленьне вокладкі.

Рачовая крытыка ды дапаўненьні да апісаных у кніжцы падзеяў будуць шчыра вітаныя й магчыма знойдуць адбітак у далейшых выданьнях.

АПОШНІЯ ДНІ НЕЗАЛЕЖНАЙ ПОЛЬШЧЫ

Чырвоным колам зь сівога туману ўсходзіла сонца, калі мой цягнік мінаў Варапаева. Паабапал чыгункі мігалі дрэвы, сенажаці, палосы й палеткі жоўтага й зялёнага збожжа, а далей — хаты з варыўнямі, клецямі, гумнамі й клунямі. Дзе-ня-дзе палі былі ўсеяныя бабкамі жыта й ячменю. Наш цягнік усунуўся ў мяшаны лес. Векавыя дрэвы стаялі спакойна, паважна і толькі дзіўным прарэзьлівым рэхам адбівалі гук цяжкога подыху паравозу.

Туман радзеў. Людзі з косамі й граблямі ішлі на сенажаці, або стаялі на дарожках ды пазіралі на праходзячы цягнік. Там вось, праваруч на ўзгорку, стаіць ціхая вёска Казаронцы — сядзіба гуртка Беларускага Інстытуту Гаспадаркі й Культуры, дзе ў 1936 годзе, у прысутнасьці павятовага камэнданта паліцыі з Постаўя, я чытаў лекцыю й пасьля быў рэвідаваны.

Цягнік затрымаўся ў Дубавых. Як глянеш, дык тут усюды лес і лес. Станцыя заваленая ярусамі дрэва, якое адпраўляецца ў Польшчу й заграніцу, а таму-ж селяніну цяжка дастаць бэлек на хату.

Выехалі пасьля на раўніну, густа, як вокам сягнуць, усеяную вёскамі й цэркаўкамі, і ўрэшце — Шаркаўшчына. Тут жыве й піша наш сялянскі паэта Міхась Машара, вершы якога мы ўпершыню друкавалі ў часопісе «Шлях моладзі», ды пасьля выдалі зборнікам «На сонечны бераг».

Бяз уражаньняў праехаў я Пагоста, і толькі калі ўбачыў мёрскія азёры, дык сэрца пачало біцца мацней. Колькі гэта разоў пабываў я ў Мерах, на кірмашах і хвэстах, колькі разоў гутарыў тут зь сябрамі на грамадзкія тэмы! Тут польская паліцыя перахоплівала мае беларускія кніжкі й газэты, тут тузалі й тэрарызавалі маіх сяброў Кукуця й Заводзкага. Паглядзеў я зь цягніка на Меры й на людзей, што здавалася здалёк ледзь краталіся, і мне стала нейк сумна: я больш не цягаю беларускіх кніжак, не вяду гутарак, — настае трывожны й адказны час.

Пасьля 20 хвілін пастою цягнік крануўся далей. І вось Шчавенскае возера леваруч ды Мілашоўскае з права. За возерам-жа, на ўзгорку, стаіць стройны вялікі дом зь белымі вокнамі, што пабудаваў мой дзядзька. Гэта мая першая сьвятыня веды — пачатковая школа, у якую хадзіў у 1914–17 гадох. О, як я любіў гэтую школу й усіх, хто там быў!

А там, за вёскай Мілашовам і за лесам, у якім я ведаю кожны курган, кожны куст і кожную птушку, стаіць горда над ракой Вяткай мая родная вёска Якужы. Толькі я еду цяпер да Друі, бо насамперш мушу зьявіцца ў воласьці ды на доўгай анкеце падаць: чаго й да каго прыехаў, чым і як доўга буду займацца. Гэткія ўжо парадкі завяла тут панская Польшча.

І вось я ў Друі. Іду вуліцай Льва Сапегі, вялікага канцлера літоўскага, славутага рэдактара й выдаўца трэцяга Літоўскага Статуту 1588 году.

Друя ляжыць на старадаўнім шляху Дзьвіною «з Варагаў у Грэкі». Гэта таксама нашыя з Вільні вароты на Пскоў, Вялікі Ноўгарад ды Маскоўшчыну. Гэтымі «варотамі» ад XIII стагодзьдзя ішлі нашыя войскі ў бой зь нямецкімі мечаносцамі за Лівонію, з Маскоўшчынай за Пскоў, Вялікія Лукі, Полацак, Віцебск, Смаленск.

Няраз Друя ў гэтых змаганьнях нашага народу пад сьцягам Пагоні, за свабоду й незалежнасьць, была руйнаваная й паленая.

Ужо ў 1515 годзе, пры Жыгімоньце Старым, спалілі яе Маскалі, калі князь маскоўскі Васіль Іванавіч намагаўся праз гэтыя вароты падыйсьці да нашае сталіцы Вільні. Тутака затрымоўваўся кароль Сьцяпан Батура ў часе паходу на Пскоў і калі вяртаўся адтуль пераможцам. У 1632 годзе Друя ізноў была спаленая Маскоўцамі, ды хутка адбудаваная Сапегамі.

Друйскімі варотамі ўварваліся ў кірунку Глыбокага ды Менску арміі Шэрэмецева й Стрэншёва, ствараючы прадумовы для маскоўскага наезду ў 1654–55 гадох. У Друі, 18 жніўня 1655 году,