БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ [Сергей Песецкий] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Сяргей Пясецкі БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ

.

.

Незнаёмай мне, няўрымсьлівай Аннамары Лесэр — як даніну магутнасьці яе духу — прысьвячаю гэтую аповесьць[1]
.

.

«Абрыдла ўважаць быдла за нябыдла».
Норвід

«Lasciate ogni speranza voi ch’entrate».[2]
Dante

«Прамовіць граніт, не прамовяць людзі».
Ян Каспровіч, «Зь нізінаў».
.

.

«А good spy is of necessity a brave and valuable fellow».[3]
.

СПРАВАЗДАЧА АГЕНТА ВЫВЕДКІ

Берасьце, 18 красавіка 1923 г.

Начальніку ўправы № 6

2-га аддзелу Генэральнага штабу

агента 13-б

Справаздача
5 красавіка 1923 г. пасьля паступленьня на выведную службу я атрымаў наступнае — пробнае — заданьне:

1. Перайсьці мяжу на ўчастку 29-га памежнага батальёну да 10 красавіка г. г.

2. Празь Менск даехаць да Бабруйску.

3. У Бабруйску дасьледаваць стан крэпасьці і казармаў.

4. Даведацца, якія вайсковыя фармаваньні дысьлякаваныя ў Бабруйску: нумары палкоў, прозьвішчы афіцэраў.

5. Настроі салдатаў. Вышкаленьне. Узбраеньне. Матэрыяльнае забесьпячэньне. (Па меры магчымасьці падмацаваць сабраныя зьвесткі дакумэнтамі).

6. Вярнуцца праз адвольны адцінак мяжы да 15 красавіка г. г.

На выкананьне спробнага заданьня мне быў дадзены 10-дзённы тэрмін і наступныя матэрыяльныя сродкі:

........................................................................................
9 красавіка г. г. а 22-й гадзіне я перайшоў мяжу на адцінку 29-га памежнага батальёну, паміж памежнымі слупамі 607–608, насупраць вёскі Дукаты. Выйшаў на наспу разабранага чыгуначнага шляху і, ідучы ўздоўж яго, накіраваўся на ўсход.

У Менск прыйшоў 10 красавіка г. г.

У Бабруйск прыехаў 11 красавіка г. г. Адразу скіраваўся ў штаб 8-ай пяхотнай дывізіі. Увайсьці ўнутро ня мог, бо трэба было ўзяць пропуск у камэндатуры, а ў мяне не было добрых дакумэнтаў. Тады пайшоў да крэпасьці.

Крэпасьць цалкам занядбаная. Казармы ўсё больш руйнуюцца. Некаторыя будынкі ў менш-больш добрым стане занятыя вайскоўцамі. Іншыя стаяць бяз шыбаў і дзьвярэй.

У Бабруйску дысьлякуецца 8-ая пяхотная дывізія, якая належыць да 5-га корпусу (Магілёў). У склад 8-й пяхотнай дывізіі ўваходзяць тры пяхотныя палкі і кавалерыйскі полк. Нумары пп: 21, 22, 23. Полк 23 цяпер разьмешчаны ў Рагачове. Штаб і камэндатура 8-й ПД знаходзяцца ня ў крэпасьці, а ў цэнтры места, каля будынку тэатру.

З асабістых размоваў з салдатамі, з падслуханых размоваў і з уласных назіраньняў я зрабіў наступныя высновы што да пяці пунктаў заданьня:

1. Настроі салдатаў пэсымістычныя. Вайсковую службу ўважаюць за непазьбежнае зло. Да ўладаў і начальства ня маюць ані прыхільнасьці, ані даверу. Насупраць, адчуваецца зьнеахвочанасьць і крытыцызм. «Палітычныя» пытаньні салдатам ужо абрыдлі. Палітрукоў высьмейваюць і ненавідзяць. Салдаты абыякавыя да ўсяго. Я не заўважыў гэтак уласьцівых маладым салдатам жартаў і грубых досьціпаў. Яны панурыя, злыя, раздражнёныя. Мяркую, што гэта вынікае ня столькі зь зьнеахвочанасьці да вайсковай службы, колькі з агульнай прыгнечанасьці грамадзянаў Саветаў і з клопату пра роспачны лёс пакінутых сем’яў.

2. Што тычыцца вывучкі салдатаў, то лічу яе цалкам нездавальняючай. Інструктары ставяцца да службы легкадумна, а салдаты ўспрымаюць практыкаваньні як жаданьне ім дакучыць. Вайсковай дысцыпліны (у добрым значэньні гэтага слова) няма. Не відаць салдацкай бадзёрасьці, спрыту, добрай выпраўкі. Нават сяржанты выглядаюць як толькі што пераапранутыя ў вайсковыя мундзіры цывільныя. Ходзяць расхрыстаныя, млявыя, заспаныя.

3. Салдаты ўзброеныя старымі расейскімі вінтоўкамі. Я заўважыў, што пра зброю яны ня дбаюць. Бачыў шмат заржавелых карабінаў. Рамяні пераважна з тканіны… Дасьледаваць стан мабілізацыйных рэзэрваў дзеля нястачы часу ня змог.

4. На харчаваньне салдаты ня скардзяцца. Я нават заўважыў, што яны задаволеныя. Калі ўлічыць голад у вёсках і гарадох, дык гэта зразумела. Салдаты атрымліваюць штомесяц 7 рублёў заробку; афіцэры ад 60 рублёў і больш. Салдацкая ўніформа не аднолькавая — нават у адной роце. Некаторыя маюць прыстойныя мундзіры і боты, іншыя ходзяць у зношаных.

На другі дзень побыту ў Бабруйску мне ўдалося завесьці знаёмства з адным сяржантам, які служыць у штабе 8-й ПД. Даведаўшыся, што ён паходзіць з Растова-на-Доне, я зрабіў выгляд, што я яго зямляк і пазнаёміўся зь ім бліжэй. Запрасіў яго на самагонку, а пасьля, калі ён падпіў, прызнаўся яму: маўляў, я — член арганізацыі «Воля народу», якая змагаецца за зьмену ладу і ўсталяваньне сапраўднай свабоды. Ён цалкам мне паверыў, і нават папрасіў прыняць яго ў арганізацыю. Я зрабіў наступнае: даў яму трохі грошай і загадаў зрабіць падрабязны сьпіс афіцэраў 8-й ПД,