З глыбінь тысячагоддзяў [Міхась Чарняўскі] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Міхаіл Чарняўскі З ГЛЫБІНЬ ТЫСЯЧАГОДДЗЯЎ


Падрыхтаванае на падставе: Міхаіл Чарняўскіp, З глыбінь тысячагоддзяў, — Мінск: Народная асвета, 1978. — 126 с.


Рэдактар: В. Ф. Гапановіч


Copyright © 2013 by Kamunikat.org


РЫДЛЁЎКАЙ, НАЖОМ I ПЭНДЗЛЕМ


— А навошта нам ведаць, як жылі нашы вельмі далёкія продкі? — запярэчыць хто-небудзь.— Гэта ж сівая даўнасць, непатрэбшчына, а мы жывём у век найвялікшых навуковых адкрыццяў i вынаходстваў, небывалых касмічных палётаў.

Яно-то так, але ўсё пазнаецца ў параўнанні і, толькі азірнуўшыся ў паўзмрок тысячагоддзяў, можна паўней адчуць i зразумець дасягненні цывілізацыі.

Чалавек павінен прадбачыць будучае, правільна ацаніць той шлях, па якім прайшлі яго продкі.

Вам, напрыклад, цікава ведаць, што ў дзяцінстве або ў маладосці бачылі i перажылі вашы бацькі? Аб гэтым можна спытаць у ix саміх. Яны ахвотна раскажуць пра вашага дзеда, можа нават успомняць i прадзеда. Пра мінулае роднай мясцовасці, горада, рэспублікі можна даведацца з кніжак, напісаных вучонымі-гісторыкамі. Матэрыял для сваіх прац яны ўзялі з розных дакументаў, старадаўніх летапісаў. Але пісьменнасць на тэрыторыі сучаснай Беларусі распаўсюдзілася толькі ў X стагоддзі. Адкуль жа даведацца пра ранейшую гісторыю нашай Бацькаўшчыны? I тут на дапамогу прыходзяць археолагі. Яны адкопваюць у зямлі рэшткі жыццядзейнасці чалавека — яго прылады працы, рэчы хатняга ўжытку, жыллё, i на падставе гэтых знаходак вывучаюць мінулае.

А рэчы могуць сказаць не менш, а часам нават i больш, чым старадаўнія рукапісы, бо ў апошніх паведамляецца часцей за ўсё пра паходы ды войны розных князёў, а пад час раскопак можна даведацца, як жылі i чым наогул займаліся нашы продкі, можна ўявіць ix побыт i характар гаспадаркі. Калі, напрыклад, на даўнім паселішчы сустрэнецца зерняцёрка, ды не адна, a калі яшчэ натрапіцца крамянёвы серп, то ўжо можна не сумнявацца, што мясцовыя жыхары займаліся земляробствам. Кручкi, гарпуны, косткі рыб сведчаць аб рыбацтве. Вось у раскопцы знойдзена некалькі чалавечых костак i ў гэтым нічога дзіўнага — можа, тут рэшткі разбуранага ў пазнейшы час пахавання. Але калі косткі, i асабліва трубчастыя, патрушчаныя — гэта ўжо сведчанне людаедства. О, рэчы гавораць шмат, трэба толькі ўмець на ix глядзець i правільна падумаць!..

У архіве беларускага археолага В. Р. Тарасенкі натрапіўся ліст аднаго бульдазерыста з Магілёўшчыны. Ён пісаў, што каля суседняй вёскі маецца гарадзішча, i прапаноўваў раскапаць яго з дапамогай бульдозера. Маўляў: дзень працы — i гарадзішча як не было... Але так археалагічныя раскопкі не праводзяцца. I вось чаму. За стагоддзі побыту жыхароў на якім-небудзь паселішчы ўтварыўся культурны пласт, гэта значыць, пласт зямлі з рэшткамі жыццядзейнасці чалавека, яго культуры. Здаралася, што ў засяленні наступалі перапынкі, бывалі пажары, месца захоплівала чужое племя. Ba ўсіх такіх выпадках адкладалася некалькі пластоў, розных па характару i знаходках. Пры гэтым найбольш старажытныя матэрыялы апынуліся ў самым нізе. Акрамя таго, на паселішчах захаваліся рэшткі пабудоў, сустракаюцца розных часоў пахаванні. A ўявіце сабе, калі б усё гэта разрыць бульдозерам альбо хоць проста перакапаць рыдлёўкай, то якая б утварылася мешаніна. A колькі б патрушчылася знаходак, бо некаторыя рэчы i самі па сабе за прайшоўшы доўгі час моцна разбурыліся i ледзь трымаюцца, гаршкі даводзіцца расчышчаць па сантыметру i кожны ўчастачак ix паверхні замацоўваць клеем.

Археолаг капае помнік[1] асцярожна здымаючы рыдлёўкай тонкія пласточкі зямлі, расціраючы пальцамі кожную грудку, каб не прапусціць якую-небудзь знаходку. Затым на кожнай рэчы, здабытай у раскопцы, запісваецца, дзе была яна знойдзена i на якой глыбіні. Калі знаходак шмат або калі трапляецца зямлянка, пахаванне ці разваленыя пасудзіны, рыдлёўка адкладваецца ўбок. Тут ужо трэба дзейнічаць нажом або шуфлем, а часам i вострай іголкай адкалупваць камочкі зямлі, асцярожна счышчаць пясок i пыл пэндзлікам.

Пасля таго як у раскопцы выбраны культурны пласт, дно яе зачышчаецца, каб можна было заўважыць шэрыя плямы ямак або пахаванняў. Затым выбіраюцца i гэтыя плямы. На ix месцы часам можна знайсці цікавыя рэчы. У Гродна, напрыклад, непадалёку ад Каложскай царквы, даследаваўся пласт сярэдневяковага горада. Праца была закончана, засталося толькі зачысціць зямлянку. I тут у яе сценцы ўдалося заўважыць малапрыкметную плямку. Асцярожна пачалі даследаваць гэтае месца, i аказалася, што тут знаходзілася схованка, a ў ёй ляжала некалькі железных наканечнікаў i сярпоў — цэлы скарб! Відаць, гаспадар рэчаў перад нейкай небяспекай прыхаваў ix да лепшага часу, але па невядомай нам прычыне вярнуцца забраць захаванае яму не давялося... Магчыма, ён загінуў на гарадской сцяне, адбіваючы варожы націск.

Зімой, калі за акном бываюць халодны вецер i снег, археолаг сядзіць ва ўтульным кабінеце i вывучае здабытае за лета. З асобных