Паварот на лета [Нiна Мацяш] (fb2) читать постранично, страница - 22


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Пшаніцу, жыта, ячмяні, аўсы —
І ў шчыравалыіым, у маторным гудзе
Знябудзецца мінуўшчына зусім.
Хай знебываецца, хай прападае —
Каму маркот бясхлебіцы шкада?!
Пяе крынічка, ды не дападае
Да мітуслівых
спеўная вада...
Ты нам даруй, матуля, тваім дзецям,
Што мы не ля магілы ў гэты час,
Што да паўночы з шызага дасвецця
Не адпускае хлебны клопат нас...
Даруй, хоць так было яно адвеку,
Заўжды вялося гэтак на зямлі,
Што трэба дбаць пра поўныя засекі, —
Не ўсім пра мёртвых думаць ёсць калі...
Жывым — жывое?
Што ж, жывым — жывое.
Тут, можа, й мудрасць людскага быцця,
Што раны нашы мы ў турботах гоім,
Каб мела наша спадчына працяг.
А ці ж яна адзіна ў хлебе — сале?..
Бядуе бацька: «Зводзіцца гняздо.
Дзяцей бязглузда выкрадаюць далі.
Нішто іх тут не ўтрымвае, нішто.
Раней была зямля патрэбна, хата,
А сёння — лёткай птушкаю ляці.
Цяпер людзей за добрую зарплату
3 гнязда крайсвету можна адвясці.
Дый робяць як?.. Здаецца, сама ў сіле,
Здаецца, дужы, сыты, малады, —
Крый бог, каб мы так замаладзь рабілі, —
І лыжкай хлеб не сёрбалі б тады!..»
Шуміць сасна над матчынай магілай...
Паслухай, мама, як сасну, мяне.
Усё, чым нас ты, мама, адарыла,
Мы ўжо не прамарнуем, не.
Якія б нам у твар вятры ні дзьмулі —
Яны любоў не выстудзяць ужо.
Да скону пчолам бараніць свой вулей,
Свой спадак працы, сонца і дажджоў.
Калі мы тут багатыя на ўсмешку,
На шчырасць, на давер, на песню —
мы
Багатыя табой, тваёю сцежкай,
Што ты ў вясну тарыла нам з зімы.
Калі на сонцы не шукаем плямаў,
Калі і роспач нас не заграбе,
Калі й надзеі мы не здрадзім,
мама, —
Мы гэтым абавязаны табе.
У нашым, часам з прымаразкам, леце
Удосталь і маланак, і асця.
Хай вам, бацькі, не плачацца па дзецях:
Нам сцежкі вашы весці ў глыб жыцця.
І хай кіруе векавая памяць:
Дзе толькі сытасць — там душы няма.
Не пакідай нас, ма!..
3
А ў палях так жыццядарна жыта
Абнімае маладую шыр!
Жыта, жыта, вечны скарб,
спажытак
Чалавечых цела і душы!
Бо ўміраюць з голаду й па людзях...
Покі ж ёсць што сеяць, ёсць што жаць,
Як шляхі жыццёвыя ні блудзяць —
А да Хлеба існыя ляжаць.
Да таго да Еднаснага Хлеба,
Што збірае за адным сталом
Тых, у кім гарыць адна патрэба:
Наталіцца роднасці святлом.
I, адчуўшы сэнс і веліч долі,
Гэты сэнс і веліч перадаць
І сваім унукам, каб ніколі
Ім не давялося жабраваць.
Каб ва ўпартым поступе да мэты
Без галечы, звад і калатнеч
Іх, як зерне, маладому свету
Не намульваў плечы прагны меч.
Каб нідзе занесены не быў ён,
Меч знішчэння, —
як цяпер завіс
Над саспелай нівай, над рабінай,
Што ўжо цяжка хіліць гроны ўніз,
Над буслом, які ўжо вырай чуе
І зямлі з паднебнай вышыні
Па дажджах, па маразах вяшчуе
Новых вёснаў сонечныя дні.
Мой турботны дзень, мая Нядзеля!
Лашчыць пальцы шорсткі каласок...
Краю родны!
Я ўжо неаддзельна
Ад цябе, як ад зямлі расток.
Вырві з глебы, што яго сілкуе, —
І змарнее, і засохне ён.
Я з табою ўсё перавякую,
Што нам ні намелюць жорны дзён.
Ці ж любоў альбо натхненне ўкрасці?
Ёсць дзівосы свету — абразы,
Ды яны ніколечкі не засцяць
Мне тваёй някідкае красы.
І дарогу гэту палявую
У бялёсай жнівеньскай смузе
Мне давеку ўжо любіць —
жывую,
А не ў той няўтоленай тузе,
Што ў хвалёнай некалі Канадзе
І па сёння смокча сваяка,
І па сёння неадступна надзіць
Несмяротны прывід васілька.
Колькі іх — з гаротнасці, з нястаткаў —
Так сябе самохаць адцялі
Ад свайго народа і зямлі...
Абміні мяне, такая доля,
Бо няма страшнейшага ў жыцці —
У чужым, у непрытульным доле
Ды прытул апошні свой знайсці!..