Над пляцам [Леанід Дранько-Майсюк] (fb2) читать постранично, страница - 11


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

дупло.
I пасвяцца пчолы, і мёдам і воскам
Там дыхае хмара па даху дэпо.
I ластаўка-маці да глею імкнецца.
Паеду назад, бо мне гэта здаецца...
Круціцеся колы па чорнай шашы.
На беразе чорным з наіўнай душы
Пярун валачобны лагодна смяецца.

У МАЙСТЭРНІ РАЗЬБЯРА


Драўляны летапіс гартаю —
Шуміць драўляная трава!
Прымацаваная ганталем
На чорным шулу спіць сава.
На клямцы кропля залатая.
Я не спыняюся,
Далей
Драўляны летапіс гартаю —
У кроплі свеціцца алей,
Платы, і цацачныя крамкі,
I воллі пеўняў уначы.
Сава схіляецца да клямкі,
Драўляным крыллем трасучы.

ПРЫЗНАННЕ


Выратавання патрабую,
I новай музыкі, і слоў.
Ты, аднастайная любоў,—
У дзень любы і ў ноч любую.
Таму прашу выратавання,
I новай музыкі, і слоў —
Хай нечаканае каханне
Заменіць пэўную любоў.
З любові тое,— дзень пры ночы,—
Рассохлай, як знябыты воз,
Бяруцца недаверам вочы
Да кветак родных і нябёс.

ВУЖАКА


Ты бачыш міску на стале
I ў місцы шэрую вужаку.
На ёй у залатым святле
Расы ці пылу ані знаку.
Яна варушыцца ледзь-ледзь,
На лыжку з болем пазірае,
I пачынае сцюдзянець
Пагляд.
Вужака памірае.
I ты не здолеў зразумець,
Што ёй патрэбна дапамога.
Ты не адчуў чужую смерць,
Бо цэлы дзень не еў нічога.
Давай, вужаку матляні
На дол знянацку
Ці на неба.
Густога крупніку налі
У міску з надпісам «Smacznego».

БАЛЕЯ


У балеі блакітнай іржа —
У балею выкідвалі рыбу.
На страсе конь бляшаны іржаў
I аб комін вычэсваў грыву.
I цякла па Давыд-Гарадку
Бруку польскага палатніна.
Стрэльба гойдалася на суку
I здавалася хворай галінай.
Маці выбера шчупака
I аддасць невядомай жанчыне,
А ў балеі луску пакіне,
Бо з іржою ужо луска.
Вытра нож і пакіне ляжаць
На услоне пад хворай галінай.
На лязу каля тронак іржа
Спелай свеціцца журавінай.

НАЗІРАННІ


Акно адчыню —
На фіранку
Прылепіцца лісцік сцюдзёны.
Да казачнае старчанкі
Ляцяць вераб'і і вароны.
На цыганскай убачу будзе
Пеўня ці коршака злога,
А голуба гарадскога
У жытнім духмяным арудзе,
I ў дзюбе трымаці ён будзе
Сцябліну аера сівога.
Насупраць,
На сумным троне,
Старая сядзіць на балконе
У лапленым кажушку,—
Яшчэ ў маладосці пашыла,—
На баляску паклала руку,
Выпацканую ў чарніла.
Магчыма, чакае са школы
Унука ці ўнучку сваю
Альбо свой настрой вясёлы,
Бадзёрасць былую сваю.
Магчыма, глядзіць на мяне
Здзіўлёна: «Жанаты ці не?»
На фіранцы лапік зрудзелы
Чорнай ніткай прышыты па белым.

СЦЭНЫ


1. Маленства

Вось яна, казка — Давыд-Гарадок,
Бацька на ганку і маці ў гародзе,
А перад хатаю чысты грудок —
Сонца стаіць і не хоча заходзіць.
Вось яна, ява — ахоўца нябёс
Крылы суцішыў ля нашае хаты.
Маці глядзіць, не хаваючы слёз,
Бацька глядзіць у здзіўленні зацятым...
Добры ахоўца ізноў да мяне...
Цацку прынёс... я прамовіць баюся.
Ён вандраваў па дажджы-тумане,
Вочы ягоныя ў стомленай скрусе.
«Я на хвіліну, каб выпіць вады»,—
Словы гучаць, як вандроўныя сховы.
Бусел з адрыны зляціць малады,
Студню крануўшы крылом чаратовым.

2. Сталасць

Зноў яна, казка,—
У студні віно:
Верх залацісты,
Празрыстае дно...
Студзячы зоры,
Студня гаворыць:
«Сініцы валлём казыталі мяне,
Калі спаталялі раптоўную смагу,
I навальніцы у гэтым віне
Купалі маланкі свае і