Маладзік над стэпам [Рыгор Барадулін] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

вам, што гэта за боршч!
Хай чатыры порцыі ты знішчыш —
Яшчэ ў місцы выскрабаеш днішча
I абавязкова просіш больш.
Ну, а каша! I нябеснай манне
Да яе далека ў параўнанне:
Гэткую варыць — паверце мне —
Можна толькі на зямлі цаліннай;
Растае у роце, як маліна
У маёй азёрнай старане.
Насціна фантазія без краю!
Хай i кухня, нібы піпка тая,
У якой муштук хтось адламаў;
A запаліш — дым, як з паравоза
(Бо гарыць салярка — не бяроза!),
Для кухаркі ж гэта ўсё — дарма!
Па-над кухняй Насці адвячоркам,
Бы драбкі крыштальнай солі, зоркі.
Мала солі—знічка упадзе.
У кацёл сам просіцца з нябёсаў,
Быццам часнаку зубок, курносы
Маладзік.
А папрацуеш дзень
На таку з лапатай,
За штурвалам —
Будзе апетыт твой небывалым.
Чай з дымком — паболей цукру сып!
Хай меню парой кансерватыўна,
За сталом працуем так актыўна,
Аж ідуць упрысядкі насы!
Хто ні разу ў Насці не абедаў,
Той сапраўднай стравы i не ведаў!
1956

ПЕРАКАЦІ-ПОЛЕ


Стэпавы учотчык — перакаці-поле.
I прыпомніць нельга, ад пары якой
Бесклапотна скачаш па такім раздоллі
З быльняговай лёгкай са сваёй казой.
Скачаш бесклапотна... Вымяраеш далі,
Што спрадвеку смягл'і без дажджоў i рос,
Дзе на сонцы косы кавылі часалі,
Дзе суркі i тыя пракліналі лёс.
Далі, над якімі казачнаю зданню
Цяжка падымаўся стэпавы арол,
Каб палюбавацца на свае ўладанні,
Што бязмежнай пусткай леглі навакол.
Перакаці-поле! Ужо не тыя далі.
Досыць быць без працы! — Замярай хутчэй,
Колькі мы аблогі ў стэпу адабралі,
Колькі засталося адабраць яшчэ?
1957

ТАНЦЫ У СТЭПЕ


«Амурскія хвалі», «Дунайскія хвалі»,
Чые толькі сэрцы вы не падмывалі?!
Па стэпе казахскім, пад небам без хмараў
Ізноў разліліся вы, поўныя чараў.
Ну дзе тут уседзіш? І як тут устоіш?
Забудзеш пра стому, забудзеш пра тое,
Што прыдзецца спаць тры гадзіны, не болей,
I што асцюкі за кашуляй сваволяць.
А вальсам на змену — тут полька да ўпаду,
Факстрот да пракруту падэшваў— аж градам
У шчырых танцораў пот коціцца з твараў,
З зямлі толькі пыл узнімаецца хмарай.
Хлапец-кіяўлянін з дзяўчынай-мінчанкай
Гатоў так кружыцца да самага ранку.
Аж зоркі у круг захацелі, спяшаюць,
Ды ад нецярпення ў дарозе згараюць...
«Амурскія хвалі», «Дунайскія хвалі»,
Чые толькі сэрцы вы не падмывалі?!
1956

ІМЯНІНЫ


Палатка, як шацёр былінны.
Ca скрынак зроблен стол адзін.
Спраўляем мы на лад цалінны
Адразу восем імянін.
Аж дваццаць год! A нібы ўчора
У калысках кіяўлян, мінчан
Заплакалі вясёлым хорам
Васьмёра юных грамадзян.
I брыгадзір наш весяліцца —
Падносіць ад імя усіх
Паўмісак залатой пшаніцы
Для юбіляраў дарагіх.
На пажаданні не скупіцца —
Гадоў жадае столькі ім,
Як у паўміску той пшаніцы,
I нават — колькі ў стэпе ўсім.
A ў хуткім часе, каб не меней,
A роўна столькі, як зярнят
(Што месцяцца ў ягонай жмені),
Было чарнявых немаўлят!..
На золку заўтра зноў павінны
На працу выйсці як адзін.
А сёння ў нас — на лад цалінны
Адразу восем імянін...
1957

У ПАЛАТЦЫ


Па брызенту лапоча-трашчыць
Дождж апрыклай назолай.
Так i хоча да ніткі змачыць.
Ноч ды стэп навакола,
...Дождж трашчыць.
Прыгадаў я цябе,
Лес далёкага краю,
Дзе, як быццам маршчынку на лбе,
Сцежку кожную знаю.
...Казку мы на начлезе гурбой
Слухаем з захапленнем,
I трашчыць кулямётнай чаргой
На кастры сыраваты яленец.