АсцярожнА, дрэвы зАчыняюццА [Кірыла Анохін] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


мой мерны ложак
не далічваецца
тваёй паловы
інгрэдыентаў
для прыгатавання
добрага сну

***


мой ход канём:
з я1
знікае твая фігура

***


а помніш
мы з табой
вызвалілі
дваіх вязняў
сумнення?

гімнастыка


глыбокае дыханне
ногі разам
рукі на шырыні
тваіх
плеч

***


адклаў заўтра
на чорны дзень
каб яно ўсё ж такі настала
калі што

***


апусціцца яшчэ
ніжэй
няма куды
нагружаюся сорамам
каб скрозь зямлю
праваліцца

***


заблукалым дзіцём
шукаючы выйсце
са свайго лядашчага
лесу
ўжо чую
як асцярожна
зачыняюцца
дрэвы

***


вось і дажыў да вясны
перажыць бы

***


тэорыя
новае
магілы
у аснову
пакладзены
я

***


адзінота разліваецца па зямлі
растуць хвалі новага
сусветнага патопу
сыходзячы пад ваду
бласлаўляю ўсіх
хто збудаваў свой каўчэг
і знайшоў сабе пару

***


ноч выпівае
бутэльку белага святла — і становіцца днём
я выпіваю
бутэльку чырвонага
і ванітую

***


хвароба
запаленая галава
круціцца
вакол сваёй восені
зрываецца на плячо
падае пад ногі
згарае ад чакання
тваіх зімных рук
якія вернуць
усё
на свае месцы

***


на ўваходзе ў маё становішча
вытры аб мяне ногі
я толькі што вымыў падлогу

***


ніводная
сістэма мераў і вагі
не прадугледжвае
вымярэнне майго
стану —
каму патрэбныя
мае
цяжкасці?

***


згубіў
лагічны ланцуг
жыцця
больш
нішто
не трымае

Хайку


1.
Верасень. Тыя,
што не лятуць у вырай,
ідуць у школу.
2.
Спыніўся сярод
восені. Засыпала
лісцем дарогу.
3.
Лістапад. Вецер
вырывае ў мяне з рук
твой апошні ліст.
4.
Гнуцца дрэвы. Ім
нельга пайсці ні з ветрам,
ні супраць яго.
5.
Выпаў першы снег.
Сусед пабег з дываном
хутаць немаўля.
6.
Вярнулася на
дзень сонца. Паглядзець, як
мы тут без яго.
7.
АДЛІГА
Зіма спускае
за сабой ваду ва ўні-
тазе горада.
8.
Вясна. На дрэвах
лопнулі пупышкі ад
такога шчасця.
9.
На шашы затор.
Побач — адзін камбайн на
цэлае поле.
10.
Хрыстос прызямліўся
між тваіх грудзей.
Вас дваіх цалую.

***


вецер падымае фіранку
нібы спадніцу
пад ёй бачна неба

***


гісторыя неба
багатая на маштабныя буры
і гучныя навальніцы
якія змяняліся перыядамі суцэльнай
або пераменнай
воблачнасці
але з-пад увагі даследчыкаў
часта выпадалі этапы
калі на небе абсалютна нічога не адбывалася
і гэта нягледзячы на тое
што менавіта ў такія моманты
ясна бачна
што
за ўсім гэтым стаіць

пераймаючы Канта