«…Міласці Вашай просім» [Аляксандр Гужалоўскі] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

непрыфарбаваную рэальнасць такой, якой яна была на самой справе. Ёсць прыклады таго, што рашэнні вышэйшага партыйнага кіраўніцтва карэкціраваліся пад уплывам паступіўшых «сігналаў з месц». Колькасць жа дробных злачынстаў, махлярстваў, злоўжыванняў уладай, выкрытых дзякуючы гэтым сігналам, — незлічоная. Акрамя таго, яны дазвалялі вышэйшаму партыйнаму кіраўніцтву трымаць пад кантролем апарат чыноўніцтва. Такім чынам, аб’ектыўна звароты грамадзян, нават у выглядзе даноса, рабілі ўладу больш эфектыўнай і як вынік спрыялі яе ўмацаванню.

Але існавалі пэўныя межы ўзроўню крытычнасці заяў, пераступіўшы якія заявіцель трапляў у разрад ворагаў і антысавецкіх агітатараў. Мяжа гэта была даволі хісткай, але аўтары лістоў, напэўна, адчувалі яе, пра што сведчыць наяўнасць вялікага пласта ананімных лістоў. У некаторых выпадках па ананімных лістах, прызнаных асабліва небяспечнымі, праводзіліся спецыяльныя расследаванні з мэтаю выяўлення іх аўтараў.

Партыйныя і дзяржаўныя інстанцыі павінны былі рэагаваць на кожную скаргу альбо крытычную заўвагу. Факты падлягалі разгляду ў дакладна акрэсленыя тэрміны. Калі гутарка ішла пра камуніста, скарга разглядалася на партыйных сходах, вінаватым выносілі партыйныя спагнанні, складаўся план выпраўлення недахопаў. Заявіцель, ананімны альбо з подпісам, заявіцель меў права на адказ. Адказ павінен быў давацца той інстанцыяй, якой тычылася скарга. Звычайна ён меў даволі фармальны змест: паведамлялася, ці пацвердзіліся факты, выкладзеныя ў скарзе, потым размова ішла пра прынятыя меры. Адказ у большасці выпадкаў быў пісьмовы, але мог быць і вусным, калі існавала магчымасць выклікаць аўтара ў адпаведную інстанцыю. Калі скарга паступала ў рэдакцыю газеты, яе маглі надрукаваць у аглядзе лістоў, альбо (у большасці выпадкаў) адаслаць у адпаведную інстанцыю для прыняцця мер. У любым выпадку арганізацыя, якая падвяргалася «крытыцы працоўных», павінна была адрэагаваць.

Канец 1940-х — пачатак 1950-х гг. — гэта перыяд найвышэйшага ўзлёту эпісталярнай творчасці савецкіх грамадзян. Павялічылася колькасць зваротаў да ўлад, пашырылася кола пытанняў, якія закраналі іх аўтары. Як вынік, напачатку 1953 г. у партапараце разгортваецца кампанія па наладжванні работы са зваротамі працоўных. Гэтай тэме былі прысвечаны пленумы райкомаў і гаркомаў, партыйныя сходы пярвічных арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў. Вышэйшае партыйнае кіраўніцтва настойліва патрабавала палепшыць работу з лістамі працоўных. Паўсюдна партыйныя бюро райкомаў і гаркомаў разглядалі справы аб нездавальняючай рабоце са скаргамі. Аднак за фармальна-бюракратычнае стаўленне да гэтай справы пакаранне было не надта строгім — звычайна абмяжоўваліся «указаннем».

Да каго ж звярталіся грамадзяне БССР у пошуках праўды як да найвышэйшай інстанцыі?

У 1948 г., пасля абрання Г. М. Малянкова сакратаром ЦК ВКП(б), была праведзена рэарганізацыя апаратаў ЦК нацыянальных кампартый саюзных рэспублік, абкомаў, крайкомаў. Яе сутнасць заключалася ў скарачэнні штатаў і замене грувасткіх упраўленняў ЦК аддзеламі, заснаванымі па галіновым прынцыпе. У ЦК КП(б)Б былі ўтвораны: 1) аддзел партыйных, прафсаюзных і камсамольскіх органаў; 2) аддзел прапаганды і агітацыі; 3) сельскагаспадарчы аддзел; 4) аддзел цяжкай прамысловасці; 5) аддзел машынабудавання; 6) аддзел лёгкай прамысловасці; 7) аддзел транспарта; 8) планава-фінансава-гандлёвы аддзел; 9) аддзел адміністрацыйных органаў; 10) аддзел па рабоце сярод жанчын. Пра значэнне, якое надавалася вышэйшым партыйным кіраўніцтвам рабоце таго ці іншага аддзела, сведчыла не толькі яго месца ў вышэйпададзеным спісе, але і штатны расклад. Так, у найбольш шматлікім аддзеле — прапаганды і агітацыі — працавала 55 чалавек, у аддзеле па рабоце сярод жанчын — 4 чалавекі. У ЦК КП(б)Б у той час працавала 274 чалавекі, з якіх 200 займалі адказныя пасады і 74 — тэхнічныя{5}.

Кіраваў апаратам ЦК Сакратарыят ЦК КП(б)Б на чале з пяццю сакратарамі. Сакратарыят вызначаўся ў якасці стала дзеючага рабочага органа, асноўнай функцыяй якога была падрыхтоўка пытанняў да разгляду на бюро і праверка выканання рашэнняў. Галоўнай задачай бюро была праверка работы партыйных арганізацый, заслухоўванне справаздач абкомаў і райкомаў і прыняцце мер па паляпшэнні іх дзейнасці. Бюро разглядала і зацвярджала кіраўнічыя ўказанні па пытаннях арганізацыйнай і выхаваўчай работы. Асноўнай задачай аддзелаў ЦК вызначаўся падбор кадраў па адпаведных галінах і праверка выканання рашэнняў ЦК і Урада.

Узаемаадносіны цэнтра і месцаў нарадзілі асаблівую групу мясцовых палітыкаў — першых сакратароў абласных і раённых партыйных камітэтаў. Звычайна яны прызначаліся ў Мінску, таму іх шлях наверх альбо падзенне былі вынікам рашэння ЦК КП(б)Б. Большасць мясцовых партыйных сакратароў былі дзецьмі ваеннай фартуны. Аднак рэпрэсіі канца 1930-х гг. помніліся добра, іх трымалі ў напружанні з дапамогай сакрэтнай інфармацыі пра «справы» кшталту