«…Міласці Вашай просім» [Аляксандр Гужалоўскі] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

дырэктара МТС па палітычнай частцы скардзіўся ў Маскву, што на яго заробак у 750 рублёў жыць з сям’ёю немагчыма. Міністр дзяржбяспекі СССР В. С. Абакумаў атрымліваў у месяц 25 тыс. рублёў — сума, дастатковая для набыцця аўтамабіля і дачы. Вартасць тагачасных грошаў можа праілюстраваць выпадак, калі ў адным з калгасаў былі растрачаны грошы на набыццё старшыні калгаса касцюма (4 тыс. рублёў) і каровы (6 тыс. рублёў){2}.

Літаратура пра пасляваеннае развіццё БССР няпоўная. У аснову канцэпцыі гэтага часу, створанай беларускімі савецкімі гісторыкамі, была пакладзена героіка пасляваеннага ўзнаўлення рэспублікі{3}. Маштабы гэтых сапраўды вырашальных для далейшага лёсу рэспублікі падзей абумовілі, на наш погляд, выпадзенне са сферы аналізу і сучасных беларускіх даследчыкаў канкрэтна-гістарычных супярэчнасцей першага пасляваеннага дзесяцігоддзя. Між тым, менавіта гэты перыяд знаходжання Сталіна ва ўладзе найбольш важны для вывучэння і разумення сутнасці сталінскай сістэмы. У гэты час сфарміраваліся як палітыкі людзі, якія пазней, да сярэдзіны 1980-х гадоў, кіравалі рэспублікай. Нарэшце, менавіта ў гэты час канчаткова сфарміраваліся культ асобы Сталіна, рэжым аўтарытарнай улады, сама сістэма сталінізму, якая паказала свае моцныя і слабыя бакі, прадэманстравала ўласцівыя ёй каштоўнасці і прынцыпы, чаканні і мэты.

Супярэчнасці грамадскага развіцця вельмі выразна прасочваюцца праз псіхалогію мас, маральнае усведамленне людзей, іх патрэбы, інтарэсы, светапогляд. Сучасныя даследчыкі навейшай гісторыі за невялікімі выключэннямі імкнуліся ў лепшым выпадку ажывіць свае творы кароткімі біяграфіямі «простых людзей», разглядаючы іх як давесак да гаспадарчага механізма. Такі падыход абумовіў фіксацыю пераважна знешняга боку гістарычнага працэсу, апісальніцтва і каментатарства. Пранікнуць па-за «бачную паверхню» гістарычнага працэсу дазваляюць такія цікавыя першакрыніцы, як звароты працоўных да вышэйшага партыйнага кіраўніцтва. Беларускімі гісторыкамі зроблены толькі першыя спробы выкарыстання зваротаў працоўных да ўлад у якасці самастойнай гістарычнай першакрыніцы{4}. Пры ўсёй сваёй спецыфічнасці — мы маем справу выключна з негатыўным баком жыцця — яна стварае вельмі каларытную мазаіку тагачаснага жыцця, сапраўдны калейдаскоп чалавечых лёсаў.

У дадзеным зборніку прадстаўлена менш за дзесятую частку ад агульнай колькасці зваротаў, напісаных грамадзянамі БССР вышэйшаму партыйнаму кіраўніцтву ў 1951 г. (не будзем забывацца на тое, што пісалі і ў іншыя інстанцыі — міністэрства дзяржаўнай бяспекі, савецкія органы ўлады, свайму непасрэднаму кіраўніцтву). Большасць зваротаў — гэта просьбы аб персанальных пенсіях, паляпшэнні жыллёвых умоў, лячэнні і, канешне, працаўладкаванні (заработная плата з’яўлялася адзінай крыніцай існавання людзей — астатнія віды гаспадарчай дзейнасці жорстка пераследаваліся). Другая па значнасці тэма звароту да партыйнага кіраўніцтва — даносы на начальства, таварышаў па службе, суседзяў. У большасці скаргаў адчуваецца подых нядаўняй вайны. У іх нярэдка сусракаюцца звесткі пра палітычных рэпрэсаваных, сумны лёс якіх у той ці іншай ступені закранаў таксама іх сваякоў. Звароты на беларускай мове складаюць менш за 1 %.

Крытэрыем адбору матэрыялаў у зборнік была ступень рэпрэзентатыўнасці ў адлюстраванні ментальнасці пасляваеннага беларускага грамадства. Лісты да ўлад — тыпова масавая першакрыніца, якая дазваляе рабіць пэўныя высновы на аснове вывучэння іх вялікай савакупнасці. Дадзеная асаблівасць стварае адну з сур’ёзных крыніцазнаўчых праблем, уласцівых рабоце з масавымі дакументамі. Як правіла, найбольш яскравыя лісты ў недастатковай ступені адлюстроўваюць агульныя настроі насельніцтва, у той час як масіў тыповых скаргаў (нецікавых для чытача) дэманструе найбольш тыповыя рысы масавай свядомасці. Таму ў аснове адбору матэрыялу ў дадзены зборнік было імкненне дасягнуць збалансаванасці паміж адлюстраваннем сацыякультурнага аблічча беларускага грамадства, менталітэта чалавека таго часу і цікавым зместам лістоў.

Вялікая колькасць просьбаў і скарг — яскравая прыкмета таталітарнага грамадства, калі ў простага чалавека была адзіная і апошняя надзея знайсці паратунак — звярнуцца да вышэйшага кіраўніцтва. Зварот да ўлады ў выглядзе скаргаў, даносаў і г.д. у сталінскім СССР быў адзіным інструментам уздзеяння грамадства на палітычную рэальнасць, іншымі словамі — формай удзелу ў палітычным жыцці. Толькі такім чынам, ва ўмовах адсутнасці дэмакратычна абранага парламента і мясцовага самакіравання, можна было пазбавіцца ад злодзея — старшыні калгаса альбо самадура сакратара райкома. Таму кіраўніцтву не трэба было ініцыіраваць і стымуляваць гэтую актыўнасць грамадзян зверху. З іншага боку, звароты грамадзян былі ледзь не адзіным каналам, які дазваляў кіраўніцтву ўбачыць