Дзесяць бітваў [Міхась Чарняўскі] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


Уступ

Наш блакітна-зялёны край ляжыць на еўрапейскім раздарожжы. Гэтак было заўсёды — ад пачатку вякоў. Ад таго часу, як дванаццаць тысячагоддзяў назад узгор'і і раўніны Беларусі засялілі першыя людзі. Гэта былі плямёны паляўнічых на паўночных аленяў. Тады яшчэ было холадна — толькі канчалася ледавіковая эпоха.

Наш край знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, у верхніх цячэннях і пры вытоках вялікіх рэк — Нёмана, Дзвіны, Дняпра і Волгі. Таму ён быў і застаецца нібы калідорам між Еўропай Усходняй і Заходняй, між Прыбалтыкай і Прычарнамор'ем.

Пакарыстацца гэтым «калідорам» заўсёды было шмат ахвотнікаў. Мала хто з іх прасіў дазволу, большасць ішла са зброяй у руках. А дужэйшыя імкнуліся запанаваць тут назусім, выцесніўшы гаспадароў у палескія балоты. Але нярэдка і нашым продкам рабілася цесна ў сваіх абшарах. I яны, адгукаючыся на покліч крыві, ішлі на край зямлі. Ішлі на ўсе чатыры бакі свету — да заснежаных гор і салёных марскіх узбярэжжаў, пакідаючы за сабою пыл і попел. I калі на шырокім полі, каб развязаць спрэчкі, зыходзілася мноства ўзброеных ваяроў, тады пачыналіся бітвы. Найбуйнейшыя з іх часта вырашалі лёс плямёнаў і цэлых народаў, мянялі далейшую хаду гісторыі.

На долю нашых продкаў выпала шмат бітваў. I болыпасць іх была пераможнай. Бо іначай мы не ацалелі б на гэтай зямлі, якую сёння завём — Беларусь.

Пра бітвы ў перадпісьмовы перыяд нашай гісторыі, у першабытныя часы, мы можам толькі здагадвацца. Па пластах вуголля на гарадзішчах, па дзюбах стрэлаў сярод людскіх шкілетаў… З таго ж, што занатавана пазней у старадаўніх летапісах, архіўных дакументах, сведчаннях тагачаснікаў, мы выбралі дзесяць бітваў. Тых бітваў, у якіх нашыя прадзеды праявілі асаблівы гарт духу і моц зброі, выстаялі і перамаглі.



Бітва за Варажскае мора

Першую вядомую ў летапісах беларускую дзяржаву больш як тысячу гадоў таму ўтварылі плямёны крывічоў. Называлася яна Полацкім княствам — па стольным горадзе Полацку, размешчаным пры ўпадзенні рэчкі Палаты ў Дзвіну. Сярод слаўных валадароў Полаччыны вядомыя князі з дынастыі Рагвалодавічаў — Брачыслаў і асабліва Усяслаў, празваны Чарадзеем.

Полацкае княства займала Сярэдняе Падзвінне — цэнтральны ўчастак гандлёвага шляху з «варагаў у грэкі», які злучаў Балтыйскае і Чорнае моры.



Умацаваўшы сваё гаспадарства, палачане захацелі пашырыць ўладанні. Ужо за Брачыславам (1003 – 1044 гг.) яны авалодалі паўднёваўсходнім краем сённяшняй Латвіі. Паставілі там некалькі моцных замкаў і выйшлі да Дняпра ў раёне Воршы. Асабліва настойліва полацкія дружыны прабіваліся да Ноўгарада. У гэтым некаторыя гісторыкі бачылі імкненне аднавіць колішнюю вялікую Крывіцкую дзяржаву. Аднак асноўнай мэтай гэтых намаганняў было апанаваць паўночную частку балтыйска-чарнаморскага гандлёвага шляху, каб выйсці да Фінскай і Рыжскай заток. Змаганне за марское ўзбярэжжа было працяглым і крывавым. Гэтая бітва за Варажскае мора (так у славянскіх летапісах звалася Балтыка) доўжылася дзесяцігоддзямі.



У 1021 годзе Брачыслаў з полацкай дружынай і наймітамі (варагамі з Скандынавіі) пайшоў на Ноўгарад і захапіў яго. Паводле гісторыка Длугаша, ён падначаліў усё Ноўгарадскае княства, пасадзіўшы ў ім сваіх намеснікаў.

Страта паўночных тэрыторыяў, а найболып выхаду ў Варажскае мора, ператварала Кіеўскую імперыю Рурыкавічаў у другарадную дзяржаву на Усходзе Еўропы. З гэтай прычыны кіеўскі князь Яраслаў паспешліва сабраў дружыны і пайшоў вайной на Брачыслава. Войскі сышліся на рэчцы Судоме — прытоку Шалоні. П асля зацятай бітвы Яраслаў, як сцвярджаюць некаторыя летапісы, нібыта перамог. Але дзіўная справа — у выніку «пераможац» перадаў «пераможанаму» важныя гарады Віцебск і Усвят. Гэтакім парадкам пад кантроль палачанаў траплялі волакі для гандлёвых караблёў не толькі з Ловаці ў Дзвіну, але і з Дзвіны ў Дняпро. Мабыць, не такі ўжо вялікі поспех быў у кіянаў, калі давялося задобрываць Брачыслава тэрытарыяльнымісаступкамі. Можа за гэта полацкі князь мусіў адмовіцца ад прэтэнзій на Ноўгарадчыну? Эймундава сага (сагамі называюць старажытныя скандынаўскія паданні) змяшчае зусім іншую версію падзеяў на Судоме: у палон трапіла жонка кіеўскага князя, таму кровапраліцця ўвогуле не было. У такім разе Віцебск і Усвят маглі стаць выкупам Брачыславу за вяльможную паланянку.



Сын Брачыслава славуты князь Усяслаў Чарадзей (1044 – 1101 гг.) працягваў традыцыйную полацкую экспансію ў бок Прыбалтыкі. (Экспансія — гэта пашырэнне ўладанняў.) У 1065 годзе яго дружыны напалі на Пскоў. А праз год палачане ўжо штурмавалі сцены самога Ноўгарада. Яны захапілі горад і знялі званы ў галоўным яго храме Святой Сафіі. Званы спатрэбіліся для толькі што збудаванай Полацкай Сафіі, якая была