Карней-мышыная смерць [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Уладзімір Караткевіч Карней-мышыная смерць


Мы, дзеці, гатовыя былі бегчы за ім хоць за самы свет. Калі на нашай вуліцы з'яўлялася началавеча-доўгая постаць і гучаў прарэзлівы крык: "М-мышы! Шчурры! Пацукі!", мы былі проста на сёмым небе ад асалоды. Гэта было нават цікавей, чым тачыльшчык.

Чалавек гэты быў худы, з сухім і доўгім тварам, на тонкіх вуснах якога заўжды сядзела з'едлівая і таемная ўсмешка. І пахла ад яго неяк дзіўна: так пахнуць камяністыя мясціны, што зараслі пустазеллем. За спіною торба, у руках доўгі і моцны кій, куртка і нагавіцы ўсе ў рознакаляровых лапіках.

Ён падыходзіў да першай — лепшай хаты, крычаў і, калі з'яўляўся ў акне твар гаспадыні, пытаўся:

— А ці верыш ты, гаспадынька, у святую тройцу?

Гаспадынька, ашаломленая нечаканым нападам, ківала ў знак згоды.

— Ну дык вось, — казаў пацукалоў. — Тады, напэўна, ведаеш, што бог па літасці сваёй наслаў на чалавека, каб нудна яму не было, пацукоў і шчуроў.

Гаспадыня нарэшце прытомнела пасля нечаканай атакі:

— Не веру я ў святую тройцу, адчапіся ад мяне, рапуха драпястая!

І чалавек, не спрачаючыся, крочыў далей. Толькі калі ўжо занадта лаяліся, адказваў:

— Бач ты, якая жабіца-скурапея. Напэўна, трэцяга мужа даношваеш, каб цябе так у апраметнай д'яблы насілі.

А калі запрашалі ў хату — пачыналася цікавае. Чалавек аглядаў пацуковыя дзіркі, усміхаўся, выцягваў з торбы гнуткі пруток і клаў яго на далонь рукі. Пасля мармытаў нешта доўга, і пруток, павярнуўшыся, паказваў канцом у бок адной з дзірак:

— Бачыш, баба, унь дзе іхняя хата.

І, стаўшы на калені, мармытаў:

— Ёсць на моры выспа, на той выспе ляжыць залаты пранік, на тым праніку пацукі вяселле гуляюць. Цар пацучыны перамог цароў шчурыных, а я, раб божы, і тых і другіх. Цар пацучыны, ветахавы, няхрышчаны, цёмны, выходзь з залатога гнязда на імхі, на болаты, на тонкія патопы, на цвілёвыя падушкі. Там качайся, валяйся, на пясок рассыпайся, а гэтага дома не чапай. Ключ замыкаю. Аман!

Пасля ён звычайна прасіў гаспадыню пакінуць яго аднаго, сядзеў трохі, выходзіў з хаты і, калі лічыў патрэбным, капаў ля прадушыны ў падмурку глыбокую яму і наліваў яе вадою. Дзіўна, але пацукі сапраўды ўцякалі з хаты, і раніцою ў яме можна было пабачыць да дзесятка вялізных шэрых пацукоў або рудых шчуроў.

Нам ён здаваўся ўсемагутным. У той час бацька купіў мне вядомую кнігу пра клятчастага флейтыста з горада Хэмліна, які знішчыў у горадзе пацукоў сваёй цудоўнай жалейкай, а пасля, калі яму не далі за гэта грошай, зачараваў спевам гэтай жалейкі ўсіх гарадскіх дзяцей і завёў іх у нетры гары ля горада. Наш пацукалоў здаваўся мне менавіта такім: і пацукоў знішчае, і куртка на ім клятчастая ад лапікаў, і дзеці за ім натоўпам ходзяць.

А наогул гэта быў варты жалю чалавек, які, акрамя гэтай сваёй няпэўнай работы, нічога не ведаў і не ўмеў. З яго смяяліся. І нічога дзіўнага тут не было. І толькі дзеці любілі яго, як яны заўсёды любяць тое, што непадобна на звычайнае жыццё.

Мне, памятаю, вельмі хацелася насіць стракатую куртку і мармытаць прыгожыя і незразумелыя словы, зусім непадобныя на будзённыя і нудныя словы, як "хлеб", "боты".

Бацька мой, якому я гэта сказаў і які з трывогай глядзеў на маю схільнасць да нябесных мігдалаў, аднойчы не на жарт здзівіў мяне.

Калі пацукалоў, зайшоўшы да нас, прамармытаў, як заўсёды, сваю дзіўную замову і папрасіў каб яго пакінулі на хвіліну сам-насам, бацька раптам усміхнуўся і сказаў ляніва:

— І не сорамна табе, Карней, людзей дурыць? Я ж ведаю, што ты будзеш рабіць, ведаю нават, што сам ты ў свае замовы не верыш.

Вочы пацукалова апусціліся.

— Што вы, гаспадар, замовы — рэч карысная. І я, калі буду адзін, яшчэ мацней прачытаю.

— Не дуры, кажу, — пераканальна сказаў бацька. — Ты проста ў пацуковыя дзіркі касталом-травы напхаеш.

— Якой травы? — разгубіўся чалавек.

— А той, што ў нас яшчэ сабачнікам завуць, кветкі такія ў яе… цёмна-барвяныя, а лісты як шэрым лямцам абцягнутыя. На засмечаных пустках ля дарог і па ўзгорках расце. Мяккая такая, пушыстая.

І тут пацукалоў часта залыпаў вачыма.

— Пашкадуйце мяне, не выдавайце беднага чалавека… Усе самі… пачнуць. Што я тады есці буду?!.

Бацька, які чула ставіўся да чалавечага гора, замахаў рукой:

— Што ты, Карней, вядома не скажу. Жыві сабе… Хіба я што…

Фарба з'явілася на твары пацукалова.

— Хай вас благаславіць бог.

Да гэтага не хапала яшчэ звароту "гаспадар".

А бацька пасля паказаў мне гэтую расліну з ланцэтападобнымі пушыстымі лісцямі і мяцельчатай верхавінай сцябла.

— Cinoglossum officinale. Я чуў і раней, што гэта моцны рацыфіцыд. А ты кажаш "таямніцы", "мармытанне". Эх ты!

Пацукалоў, аднак, з таго часу паглядаў на бацьку заўсёды са страхам.

Так ён і хадзіў па нашым ціхім гарадку: непрыкметны, непрыстасаваны да жыцця чалавечак, жорсткі вораг пацукоў, які, аднак, не мог бы пакрыўдзіць і мухі.

У маленькіх гарадках, напэўна, да другога прышэсця будуць вадзіцца плёткі. Адна такая плётка