Карней-мышыная смерць [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично, страница - 4


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

тонам сказаў:

— Яна ж памрэ, праўда? Пане, злітуйцеся над ёю, пашкадуйце яе. Яна ж чалавек, як і вы…

Афіцэр маўчаў. Напэўна, думкі яго былі ў гэты момант далёкімі ад устава. Вялізная вайсковая машына — і тут прыдурак. Урэшце ён паўтарыў яшчэ раз:

— Марш, дурань!

Пацукалоў глянуў назад. Жанчына ўжа вісела, а адзін салдат, абхапіўшы яе ногі, цягнуў уніз.

Карней жаласна застагнаў і пайшоў прэч. Сэрца яго аблілося крывёй.

У тую ноч абурыўся ўвесь яго маленькі свет, дзе людзі жывуць, смяюцца над ім, плацяць яму грошы, дзе дзеці любяць яго, дзе пацукі баяцца касталом-травы.

Ён пачаў унікаць афіцэра, але хутка яго паклікалі ва ўласны дом.

Справа была ў тым, што пацукі з разбуранага бровара, дзе яны раней жывіліся, кінуліся ў суседнія дамы, асабліва ў тыя, дзе была ежа. Атрута не памагла. Тады звярнуліся да яго, і "тубылец" нечакана згадзіўся, толькі папрасіў тры дні, да суботы.

— У суботу пан будзе гуляць у карты спакойна, пад падлогай ніхто не будзе шарудзець. А што доўгі тэрмін, дык шаптаць такому пану — не простая справа… У простага мужыка і пацук, значыцца, просты і выгнець яго проста… А тут пацук адгадаваны і шкодны.

Пасля многа гутарылі пра тое, што нехта бачыў пацукалова за горадам, на дарозе, у кампаніі з нейкай кабетай, якая вельмі нагадвала ўдаву Стучэўскую. Яна штосьці гаварыла, а пацукалоў адказаў толькі раз:

— Не ведаю. Галава ў мяне такая… Самыя простыя рэчы не разумее.

Пасля яны пастукалі ў нейкі домік на ўскраіне і доўгі час сядзелі там. Пацукалоў пабываў там яшчэ раз і выйшаў адтуль, моршчачы лоб.

Таго самага дня ён пабываў ва ўласнай хаце, стаяў там на каленях і шаптаў тое, што шаптаў тысячу разоў: "Цар пацучыны, ветахавы, цёмны, выходзь… на балаты… там… на пясок рассыпайся…"

Ён папрасіў дазволу прыйсці ў суботу ў шэсць гадзін для канчатковай замовы.

У той дзень выпаў першы сталы снег. Дом і сад выглядалі такімі прыгожымі пад белымі, мяккімі падушкамі.

І калі пацукалоў у суботу прыйшоў другі раз, ён доўга стаяў ля хаты, гледзячы на яе прагнымі вачыма. Торба вісела ў яго цераз плячо, стуль выглядалі сцябліны травы. А вусны ўсё шапталі нешта.

Пасля ён выцер кулаком сухія вочы і хутка пайшоў да ганка. Салдат і паліцай з мясцовых адвялі яго ў сталовую.

— Зараз папросіць пакінуць аднаго, — сказаў паліцай. — Гэта ўжо заўсёды так.

Ён, сапраўда, папрасіў і, калі яго пакінулі, стаў на калені ў кут, да вялікай пацучынай пары. Вусны яго шапталі. Ён дастаў з торбы вялізны пучок касталом-травы, залез у яго пальцамі і, да болю моршчачы лоб, на невялічкім металічным прадмеце перавёў невялічкую стрэлку на лічбу дзевяць. Пасля апусціў усё гэта ў знарок пашыраную дзірку і забіў яе дошчачкай. Перайшоў да наступнай дзіркі — і там паклаў пучок травы. Затым паклаў яшчэ ва ўсе норы. Ён прабавіўся так з гадзіну.

Пасля, ля выхаду, яго затрымалі і павялі ў кухню. Ён павагаўся, але пайшоў. Тут яго не пакінулі аднаго, бо так патрабаваў парадак. Усе з цікавасцю глядзелі, як ён піхаў траву ў норкі і шаптаў свае дзікунскія замовы.

Кухар нават панюхаў траву, і пацукалоў спытаў, ці добра яна пахне.

Спяшацца было нельга.

Ля дзвярэй яго зноў затрымалі, бо ён павінен быў адчытацца перад самім гаспадаром, а той яшчэ не прыехаў. Пасля ён прыехаў, а з ім яшчэ шэсць чалавек, сярод іх дзве дзяўчыны.

— Я ўсё зрабіў, пане ласкавы, — сказаў пацукалоў. — Вы будзеце вельмі спакойна спаць… І вашы цнатлівыя паненкі таксама.

Яны засмяяліся, а новы гаспадар даў яму каляровую паперку. Пацукалоў узяў яе і скамячыў у далоні. Толькі выходзячы, ён зірнуў на насценны гадзіннік. Маленькая стрэлка прайшла палову дарогі ад лічбы, падобнай да парсюковага хвосціка.

Ён выйшаў і пабрыў па снезе, не аглядаючыся назад. Ён ведаў, калі азірнецца і пабачыць веранду, дзе хлопчык піў чай, і акно таго пакоя, дзе хлопчык спаў, то можа вярнуцца. Каб разам… У хлопчыка быў такі неспакойны сон.

Пацукалоў пайшоў напрасткі. Ён спусціўся на лёд рачулкі паўз сваю лазню, пасля выбраўся на стромы супрацьлеглы бераг, чапляючыся за голы хмызняк. Там ён спыніўся на ўзгорку і стаў чакаць пад халоднымі зорамі. За спіною ў яго чарнеў недалёкі лес, куды цяпер ляжаў яго шлях.

Час цягнуўся надта-надта доўга.

І раптам за рачулкай нешта грымнула, ірвануліся ў паветра языкі полымя. Дом яго, лепшы на свеце, свой дом, палаў як свечка. Зарыва клалася на снягі. Яны сталі ружовымі. Ад складаў беглі маленькія чорныя фігурку, але трапіць у дом яны не маглі. Мітусіліся вакол, сутыкаліся, беглі назад.

Чалавек на высокім беразе ўпаў на калені ў снег, заплакаў, выціраючы вочы лапленым рукавом, пасля засмяяўся:

— Пацукі! Дальбог, пацукі. Я яшчэ ніколі не бачыў такіх тлустых.