Госць прыходзіць на золкім світанні [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Уладзімір Караткевіч Госць прыходзіць на золкім світанні

I


Гадалка на барахольным рынку сама бачыла, што ўначы над горадам стаў чорны чалавек, доўга глядзеў на сіняга і чырвонага пеўняў, якія біліся ля яго ног, а потым схапіўся за спічастыя вежы касцёла і перавярнуў зямлю дагары нагамі. I стала цемра.

Многія верылі. Людзі ў горадзе зараз нічому ўжо не здзіўляліся. Цяжка было здзівіць тых, хто на працягу трох месяцаў з дня ў дзень назіраў за агоніяй вялікага і багатага места, цэнтра, сэрца.

Сэрца гэта палала. Спачатку немцы паспрабавалі гасіць пажар, але ў першую ж ноч шлангі, праведзеныя да ракі, аказаліся перарэзанымі. Агонь, пагашаны ўчора, у пэўным квартале, сёння, невядома якім чынам, зноў бухаў у паветра зыркімі языкамі.

Горад не хацеў жыць, не хацеў даваць ворагу прахалоды сваіх паркаў і цеплыні сваіх кватэр, не хацеў даваць вады — і таму канчаў самагубствам.

У ім не было ўжо чаму гарэць, але ён гарэў, гарэў з упартасці. I калі кастрычніцкія дажджы загасілі агонь — засталіся толькі фантасмагарычныя, знявечаныя, закураныя руіны, абураныя горы камення, тытанічныя брылы, што віселі на арматуры, фантастычныя замкі, пабудаваныя жорсткім дойлідам-агнём.

Усё было скончана.

Магчыма, ніхто не назіраў за гэтай агоніяй з большай цікаўнасцю, цікаўнасцю, споўненай болем і журбою, чым мастак Антось Доўгі. Жонку і сына ён паспеў эвакуіраваць, а тую машыну, на якой павінен быў ехаць сам, разбіла бомбаю на Маскоўскай шашы адразу за мяжой горада. Варожыя дэсанты былі ўжо на Бярозе-рацэ.

I вось ён тры месяцы хадзіў па горадзе, дзе толькі можна было. Ён ведаў яго, як ведае селянін сваё гумно, ведаў яшчэ з тых часоў, калі гэта быў захалусны губеранскі горад з пабірашкамі на саборным цвінтары.

Антосю было сорак тры гады. Яшчэ юнаком, які "падаваў надзеі", ён упрыгожваў вуліцы горада шчытамі з футурыстычна-рэвалюцыйнымі малюнкамі: чырвоны рабочы з вострымі каленьмі і локцямі разбіваў молатам усе чатырнаццаць гарадскіх цэркваў, пяць касцёлаў і семдзесят капліц.

Ад сваёй манеры Антось вельмі хутка адышоў, схіліўся нават да залішняй амаль акварэльнай мяккасці фарбаў, але тэма тых наіўных плакатаў назаўсёды засталася адной з галоўных у яго творчасці. Многія называлі яго мастаком-урбаністам.

У трыццаць другім годзе Доўгі здзівіў увесь горад выстаўкай сваіх карцін. На палотнах як жывыя паплылі перад наведвальнікамі асуджаныя на смерць куткі горада: халупы на ўскраіне, цяжкія, гнятучыя вежы былой базыліянскай царквы, бязвыхадная блытаніна вуліц і тупікоў Старога Месца. Гэта было так незвычайна, так арыгінальна зроблена, што нават тыя, якія штодня бачылі ўсё гэта, застывалі на месцы, уражаныя жалобнай прыгажосцю двароў, падобных на студні, вінтавых сходаў, тратуарных пліт, якія хавалі ў шчылінах бляклыя травінкі, скляненняў, што цяжка абапіраліся на слупы, падпёртыя кантрофорсамі. Антось ведаў, што архітэктура — душа чалавечая і таму не можа быць мёртвай. I гэтую душу старога горада ён схапіў жывою, так, што і дурны зразумеў бы, перанёс на палатно, усміхнуўся ёй любоўна і пракляў, каб не перашкаджала людзям жыць.

Акрамя гэтых карцін, на выстаўцы было яго пано, якое займала цэлую сцяну ў вялікім пакоі. Назва пано была: "Горад сонца".

У ранішнім сіняватым тумане, прасякнутым першымі мяккімі праменнямі сонца, паўставалі перад вачыма дзіўныя купалы, шпілі, вежы, шырокі разліў каланад, будынкі самай вычварнай і, адначасова, простай формы. Шкляныя вокны на ўсю сцяну, мармур, блакітны бетон, помнікі, звернутыя ў неба.

Самым дзіўным было тое, што гэта не была казка. Людзі ўгадвалі ў гэтай феерыі астраўкі, якія існавалі сёння. Бачылі карпусы механічнага, каланаду педінстытута, на фоне якой вымалёўваўся помнік Скарыне (яго яшчэ не было), нават некаторыя старыя будынкі, якія мастак пакінуў новым дням. Але і яны не вылучаліся з гэтай лазурна-сонечнай гармоніі.

Гэта была будучыня людзей, народжаных за дзвярыма, абабітымі цыратай, людзей, якія гулялі ў каменьчыкі на дне двара-студні і боўталіся ў смярдзючай вадзе гарадской рэчкі, пакуль ад сырасці ў іх не вырастала з некаторага месца вярба.

За гэта супрацьпастаўленне будучыні сённяшняму дню Антось не атрымаў у патыліцу. Нейкі моташна-сур'ёзны і нудна адукаваны малады пірат з наркамата культуры заявіў, што будучыня горада не Карбюзье, а значыць, зусім не агідная і падступная ерась Антося Доўгага.

Доўгі не мог абараняцца. Па-першае, ён не быў архітэктарам і яго спаймалі на чужой дзялянцы, па-другое, ён быў чалавек мяккі і нерашучы, з тыповымі абломаўскімі рысамі ў характары (мастацтва пад увагу не бярэм).

Таму, калі пірат пачаў прымушаць яго пакінуць на памяць сваю рэпутацыю ў выставачнай зале, Антось амаль адразу згадзіўся гэта зрабіць. Праз некалькі год яго назвалі б за гэта Тулягам, але тады славутая камедыя яшчэ не з'явілася ў свет. Таму ўсё пайшло ціха.

Пірат зусім выкінуў быў над галавою знішчанага чорны сцяг дазволенага