Госць прыходзіць на золкім світанні [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

разбою, які часам блытаюць з крытыкай, але заступілася грамадскасць.

Захапленне выстаўкаю было агульным.

Ніхто не ведаў толькі, чаго каштавала Антосю гэта захапленне публікі. Шэсць год працы, працы нястомнай, працы напружанай, працы такой, што сутарга скручвала пальцы, якія трымалі пэндзаль. I гэтага мала. Ён аблазіў увесь горад, ведаў усе яго падваротні, усе закуткі, усе пераходы і тупікі, усе сутарэнні. Таму так добра і атрымаўся, напрыклад, гэты від, дзе на чорным фоне праз акно сутарэння, праз яго вычварныя краты, ледзь малююцца ў закатным небе вежы ратушы.

Кожны свой аб'ект ён назіраў з сотні пунктаў, каб выбраць найлепшы, часам драпаючыся па дахах, як хлапчук. Каб хто спытаў яго, адкуль найлепшы від на званіцу царквы Парасковы, ён з закрытымі вачыма адбарабаніў бы: з гары дома нумар дваццаць чатыры па вуліцы Вароўскага. I прыбавіў бы: у сонечны дзень, калі галубоў ганяюць.

Пасля шасці год ніводны міліцыянер, ніводны хлопец з крымінальнага вышуку не ведаў так горад, як Доўгі. Таму, спыняючыся на выстаўцы перад якой-небудзь карцінай яго, людзі часам гаварылі:

— Няма ў нас гэтага.

Антось усміхаўся. Гэта было, толькі для гэтага трэба было адкінуць крышку люка і спусціцца ў ваду рэчкі, закаванай калісь у трубу, спусціцца з рызыкаю загнаць сабе ў нагу якую-небудзь іржавую шпільку.

Клалася на чорную ваду чырванавата-попельнае святло, навісалі скляпенні. Не хапала толькі Харона з чаўном, які вязе грэшную душу ў пекла.

Антось маляваў і іншае, але яго пераважна лічылі песняром горада.

Хутка прыйшла і слава, моцная, грунтоўная слава. Усе ведалі, што Доўгі — адзін з лепшых мастакоў саюза і бадай што лепшы каларыст у краіне.

I вось зараз усё гэта было разбурана. Астраўкі будучага "Горада сонца" сталі купаю брудных руін. I ўвесь горад быў суцэльнай руінай. Агнявы шквал адносна пашкадаваў толькі кварталы Старога Месца, што ляжалі ў нізіне. Ды і там замест паловы дамоў былі тло і смурод. Вуліцы Новага горада былі ў ямах, дамы стаялі па пояс у бітай цэгле.

I сам ён хадзіў па вуліцах, як Ерэмія, і глядзеў-глядзеў-глядзеў.

Ён не ведаў яшчэ, што ён будзе рабіць, але яму было ясна: нават калі нельга будзе адшукаць партызан, ён будзе сведкам гэтага разбурэння прыгажосці, ён дасць серыю малюнкаў, каляровых гравюр, пазней — карцін, у якіх раскажа свету яшчэ і пра гэта злачынства.

I ён умудрыўся працаваць. Дом, у якім ён жыў, быў амаль знішчаны блізкім выбухам вялікай бомбы. 3 яго кватэры застаўся адзін маленькі пакоік, у якім ён уласнаручна заклаў цаглінамі палову акна і паставіў буржуйку з жалезнай бочкі.

На той самай пляцоўцы засталіся яшчэ два пакоі, у якіх пасяліўся нейкі служачы ўправы з жонкаю і тры іхнія дачкі. Усё астатняе было нежылым, і ўсходы вялі проста ў хмарнае асенняе неба.

Ён працаваў. На шчасце, прылады часткова аберагліся. Трымаючы пэндзаль у калючых пальцах, хутаючы шыю ў стары шарф (па сценах у вялікі дождж сцякала вада), ён спяшаўся ўвасобіць усё, што бачыў на вуліцах.

Дзіўна, але манера ягоная зноў змянілася. Магчыма, прычынаю таму быў паспех, магчыма, проста нельга было адлюстраваць гэты зусім новы, страшны горад, — тым, мяккім, поўным святла, чым было яго мастацтва раней. "Сфумата" — дымка — вельмі пасуе партрэту Джыяконды, але для перадачы пажару горада не да месца, як выпіўка з гамерычным рогатам каля ложка паміраючага. Новыя яго работы былі больш фантастычнымі, — строгі густ сказаў бы: "больш вычварнымі", — у іх з'явілася смелая і арыгінальная сімволіка.

Вось на фоне дымна-чырвонага асенняга неба вымалёўваецца ўламак дома, таго, што відзён з акна. Ён вельмі падобны на выветраны слуп горнай пароды, але, напэўна, толькі яго вока заўважыла, што з аднаго боку ён нагадвае жанчыну-плакальшчыцу на каленях. Галава схілена, рукі (іх аддзяляе глыбокая расколіна) ляглі на твар, цень ляжыць у выбоіне, быццам косы рассыпаліся на плечы.

Называецца "Плач".

Вось сабака, пужліва азіраючыся, п'е ваду з уламка водаправоднай трубы; другі — капае сабе лапамі сховішча.

Называецца "Новае жыццё".

А вось зусім фантастычна: абгарэлы крыж вялізнага дрэва ва ўнутраным двары разбуранага дома. Ад дома засталіся амаль па кругу ўламкі, падобныя на выкрышаныя зубы, — яны значна ніжэй дрэва.

Называецца "Модлы руін".

Невядома, чым ён жыў усе гэтыя месяцы. Спачатку былі рэчы і іх мяняла для яго самотная бабуля, што жыла на ўскраіне. Харчы дзялілі папалам. Пасля рэчаў не было, а ён усё ж жыў, нават навучыўся добра разбірацца ў каменных джунглях горада.


II


Хутка з ім здарылася непрыемнасць: усіх асоб вольнай прафесіі, якія выпадкова засталіся ў горадзе, паспрабавалі "мабілізаваць". Ва ўправе Доўгаму толькі тым і ўдалося адкараскацца, што ён паказаў свае рукі, дрыжачыя ад прафесіянальнай сутаргі, з чырвонымі распухлымі суглобамі.

— Бачыце? Сутаргі і раматус… Пакой зусім сыры…

— Дадзім новы, сухі. Для такога мастака нічога не пашкадуем. Можам і ў Германію накіраваць жыць. Там