Вячэрнія ветразі [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично, страница - 4


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

тужліва рыпеў.
Восем вёрст ім трэба прайсці дрыгвою.
Летам ноч карацей, чым гівала спеў.
Шлях адзін: па пояс у твані зялёнай.
Асака рэжа твар, як лязом мяча,
Па баках уздыхае дрыгва бяздонная.
Нават дзеці маўчаць. Нават дзеці маўчаць.
І дрыгва падпірае пад самыя грудзі,
Калі трапіцца нейкі дурны раўчук.
Са сцяжынкі сарваўшыся, тонуць людзі
І маўчаць, каб вораг іх не пачуў.
"Не ўзыходзь, Венера, над ціхімі рэкамі,
Над спакойнай цемрай балот начных.
Будзь кахання зоркаю, як спрадвеку,
А не зоркай смерці для дзетак тваіх.
Бач, ідуць яны ў золкім начным тумане
І нясуць на руках праз цемру і дым
Ўсіх дзяцей, што народжаны цёплым каханнем
Пад адвечным, пяшчотным святлом тваім.
Не ўзышла. О любая, дзякуй ад сэрца.
Вось і суша, цвёрдая, як асфальт.
Мы дайшлі, мы пазбеглі ганьбы і смерці".
 - Хальт!
Прагна слухаюць. Ціша. Глухая. Дзікая...
Вартавы адганяў баязлівасць і сон.
Дзякуй шчырае, што папярэдзіў крыкам,
А іначай нарваліся б на заслон.
І ўпалі людзі на глебу ўзрытую,
Па глыбокім яры, па хмызах густых
З лесавым, адвечным, звярыным спрытам
Папаўзлі, як яшчаркі, праз пасты.
Над адхонамі вогнішчы зырка палаюць...
Чутна мова... Смех цішыню скалануў...
А яны адзін па адным прапаўзаюць,
Пасадзіўшы маўклівых дзяцей на спіну.
Цішыня заснула ў галінах сасонак,
Цішыня разлілася па берагах.
І раптоўна заплакаў Янаў дзіцёнак:
 - Куга! Куга!
Ён крычаў, ён скардзіўся горка на голад,
Бо пустыя грудзі ў маці былі.
Вусны маці зводзіў пранізлівы холад,
І яны калыханку вялі і вялі.
А дзіцёнак крычыць прарэзліва, тонка.
І зайшлося сэрца у многіх людзей.
І Карповіч сказаў: "Дай мне сына, жонка".
І прыціснуў пад курткаю да грудзей.
Ён заціснуў рот неразумнаму сыну,
Ён далонню гладзіў дрыжачы задок:
"Памаўчы, памаўчы, памаўчы хвіліну,
А пасля крычы колькі хочаш, сынок".
Вартавы прытаптаў недакурак абцасам
І спытаў трывожна: "Ты чуеш плач?
Што такое, Курт, не ведаеш часам?"
А другі адказаў: "Der Uru - пугач".
Пяць хвілін стаялі яны над адхонам.
Панавалі ў лесе маўчанне і сон.
Дзякуй богу, маўчыць, ён маўчыць, дзіцёнак.
Дзякуй богу, спакойны, спакойны ён.
А калі адышліся прэч вартавыя, -
Стала чутна, як сэрца ў грудзях звініць.
Папаўзлі... І ўздыхнулі нетры лясныя.
І у тыле нямецкія згаслі агні.
І адкрыўся бор, вясёлы, шырокі,
У карчах, ручаінах, мяккіх імхах.
Ян ішоў наперадзе цвёрдым крокам.
Сын ціхутка ляжаў у яго на руках.
Бацька сеў з малым пад сухою бярозай
І яго з суровай пяшчотай абняў...
З дрэў спадала раса, як дзявочыя слёзы,
Высыхаючы з першай усмешкаю дня.
Калі нехта прынёс яму лусту хлеба,
Ян адсунуў хлеб і сказаў:
"Забяры
Адыдзі, яму нічога не трэба...
Надта... доўгай была... хвіліна ў яры..."
І канец.
Да бацькі вярнуліся сілы.
Два гады ён з атрадам па пушчах кружыў...
На зямлі стала болей адной магілай.
На зямлі засталіся тры тысячы жыць.
Калі штосьці адмовіць уладу смерці,
Калі штосьці радасць зямлі ажывіць,
То, напэўна, сэрца, бацькава сэрца,
Што абвуглена ў горне вялікай любві.

Баявыя вазы


Драч крычыць. Туманы, як мора,
За ракой на лугах ляглі.
Прагна слухаю.
З цемры чорнай
Далятае голас зямлі.
Непакорлівы. Рэзкі. Забыты.
Крык аб помсце. Пагроза. Прызыў...
Драч крычыць быццам недзе ў жыце,
Ледзьве чутна рыпяць вазы.
Ты адкуль, драчыная песня?
Можа, з тых далёкіх часоў,
Калі сотняй вазоў напрадвесні
Йшоў Вашчыла граміць паноў.
З мужнай песняй адчаем і верай
Войска продкаў на ворага йшло.
Хлебнік - з дзідай, смаляр - з сякераю,
Каб на працу падобна было.
Пад зарнічным святлом мігатлівым
Праз шатры надрэчнай лазы
Бачу вілы, конскія грывы
І акутыя меддзю вазы.
Едуць, едуць, драныя, босыя.
Ў рызе біскупскай кожны конь.
А на вочы звісае валоссе,
А ў вачах - пажараў агонь.
Што ж няма вам дагэтуль спакою?
Ціха.
Слухайце.
Хаты спяць.
Адпачніце. Няхай над ракою
Баявыя вазы не рыпяць.
Іх няма, вашых злосных катаў.