Вячэрнія ветразі [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Па дрыгве на выспу атрад вядзе.
У яго пад рукой дзвесце шэсць партызанаў
І дзве тысячы трыста мірных людзей.
Мох. Багун. Непрыкметныя кветкі дурніцы.
Дрыгвяная руда нацякае ў сляды.
За спіною зямныя б'юць бліскавіцы
І ўздымаюць фантаны бруднай вады.
"Елянецкая выспа, ты дай ім надзею,
Дай спакой. Напаі крынічнай вадой.
Хай галіны на хвоях ад куль парадзеюць.
Ты ж зацягнеш раны жывіцай сваёй.
Чалавечыя раны цяжэй зажываюць.
Зберажы людзей. Ад болю маўчы.
Дзеля гэтых дзяцей яны адступаюць.
Дай ім сховішча. Раны дай залячыць".
Еляніцкая выспа з уздыхам сказала:
"Я цябе памятаю, Карповіч Ян,
Я схаваю вас, як продкаў хавала,
Ад палону, ад ганьбы, ад смерці, ад ран.
Спачывайце спакойна. Не пройдзе вораг.
Развяду рукамі вашу бяду.
А балот вакол - неабсяжнае мора,
І шляхі да мяне пад тванню вядуць".
Людзі выйшлі, урэшце, на цвёрдую глебу.
За спіной замаўкае голас гармат.
Хтось жаваў скарынку чэрствага хлеба,
Хтось кашуляю абціраў аўтамат.
Заварыўшы галін маладой маліны,
Камандзір жанчыне прынёс кацялок:
"Чай духмяны, смачны. Напіся, Сабіна.
Абышлося ўсё. Жывыя, сынок.
Вось нягоднік бяззубы. Смяецца, ты бачыш?
Знаеш, жонка, ніяк не магу ўявіць,
Што пайду з ім калісьці ў лазню гарачую,
Навучу, як трэба вуды жывіць,
І што будзем дурэць з ім калісьці на сене,
І што будзе са школы прыносіць "калы"...
А пасля... пасля ён, вядома, ажэніцца.
Ён ажэніцца... смешны, бяззубы, малы.
І не бойся. Вакол разышліся цені.
Не над намі будуць крычаць груганы.
Мы схаваліся, зніклі, як голка ў сене,
І ніколі слядоў не знойдуць яны".
Памыліўся Ян. Атрад пільнавалі.
Роўна тыдзень мінуў, калі хлопцаў трох
На балотным беразе абстралялі
І звалілі мёртвымі ў рыжы мох.
І чужыя, нахабныя, слізкія твары
Іх укрылі дзяругай, паклалі на воз
І павезлі па вёсках, па чорных пажарышчах
Каля чорных абвугленых мёртвых бяроз.
І сцягнулі за ногі з воза без жалю,
Не трымаўшы буяную галаву,
І чубы, як бялявы кавыль падмяталі
Перад ганкам штаба сухую траву.
У штабах машынкі, як кулямёты,
Стракаталі цэлую ноч навылёт:
"Ачапленне пасіліць вакол балота...
Накіруйце да Гейнца сапёрны ўзвод...
Дальнабойныя падцягнуць да лагчыны...
З лётнай часткай сувязь трэба ўзмацніць..."
Махавік жахлівай ваеннай машыны
Закруціўся павольна, каб мяць і крышыць.
Гэты час быў нядобры, вельмі нядобры,
На людзей палявалі вучоныя псы,
На зямлі беларускай ад Оршы да Кобрына
Дзень і ноч, дзень і ноч палалі лясы.
У адказ аўтаматы з-за хвой стралялі,
І ад жыта дымная хмара плыла.
Дзеці ў пушчах начных спакойна гулялі
І пужліва сціхалі на вулках сяла.
А на выспе залечвалі цяжкія раны,
Гадавалі дзяцей, рыхтавалі паход
І чакалі, чакалі трох партызанаў,
Што ніколі не прыйдуць з далёкіх балот.
І аднойчы над мрэючымі барамі,
Над абшарамі вострых балотных траў
У бясхмарным небе з'явілася "рама",
І Янук зразумеў, што канец настаў.
Зараўла артылерыя - з недалётам.
Сітнягамі папоўз удушлівы дым.
З громам падала сталь на кілім балота
І рабіла новыя вокны ў ім.
У новых вокнах з чорнай вады гарачай,
Што бурліла газам з апошніх сіл,
У цёмнай бронзе лускі, што сонца не бачыла,
Выплывалі аглушаныя карасі.
У гадзюк халоднае падала сэрца,
Як імчаў над імі свідруючы жах.
Вадзяныя курачкі беглі ад смерці
На сваіх зялёных, доўгіх нагах.
Хто, чаму іх карае - не разумелі
І хавалі галовы свае пад крыло.
Цішыня раптоўна ўпала знямелая.
Не ўзялі гарматы бясконцых балот.
Перад вечарам проста над галавою,
Ў ціхім небе, дзе цьмянае сонца вісіць,
Над трывожнай, закуранай дымам дрыгвою
"Фоке-вульфы" натужліва сталі басіць.
Вымпел кінулі ў цемры з апошнім налётам,
І зямля скаланулася ў чорнай журбе.
"Заўтра мы вас змяшаем з брудам балота.
Вайсрутэнія, здайся.
Канец табе".
Ян сказаў:
"Нам трэба хутчэй збірацца.
Выспа будзе пустою ў ранішні час.
Нас тры тысячы. Хочам мы жыць і змагацца.
Мы прарвёмся. Ёсць іншая сцежка ў нас".
Людзі хутка збіраліся. Над галавою
Дуб, расколаты бомбай,