Выбраныя творы [Эліза Ажэшка] (fb2) читать постранично, страница - 5


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

страшэннай галечы, абрабаваныя панам, міраедам-старастам і рознымі прайдзісветамі накшталт «адваката» Капроўскага — тыповая з'ява парэформеннай вёскі, дзе змяшаліся рэшткі прыгону з капіталістычнай пагоняй за грашыма і «ўладай зямлі». У размовах сялян, што сабраліся для судовага разбору з памешчыкам за сервітуты, чуюцца адгалоскі «Мужыцкай праўды» К.Каліноўскага. Паступова акрэсліваецца галоўная тэма як супярэчнасць эпохі — пратэст сялянства супраць рабскіх умоў жыцця. Цэлыя пласты беларускай гутарковай мовы, сакавітая народная лексіка, як і ўзоры вусна-паэтычнай творчасці, смела ўключае пісьменніца ў мастацкую тканіну аповесці. Яны надаюць беларускі нацыянальны каларыт падзеям і характарам. Так плачы-маналогі Хрысціны, якія ствараюць выключны па сіле малюнак душэўных перажыванняў, дапамагаюць раскрыць у ёй таленавітую натуру імправізатара. Яе лірычныя галашэнні-прычытанні адзначаны асаблівай сілай уздзеяння, мелодыя вясельнай беларускай песні ў вуснах парабчанкі гучыць як пахавальнае галашэнне над загубленым жыццём: «Бывала... сватоў праганяў... Не мяне дружкі на дзяжу саджалі, не мне спявалі: «Коні да цугу! Коні да цугу!» Не я зерне ў куты мужавай хаты сыпала, не мне свякроў дзяжой галаву накрывала...»

Асаблівы беларускі каларыт аповесці быў узмоцнены праз увядзенне ўстойлівых агульнанародных беларускіх выразаў, па-народнаму афарыстычных параўнанняў, эпітэтаў, метафар накшталт: «Такая доля мая, як гэтая ночка...»

Прыкладна з 1870-х гадоў пачалося захапленне пісьменніцы вусна-паэтычнай творчасцю беларусаў, яна сістэматычна запісвае і збірае фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. Штогод праводзячы летні адпачынак у беларускіх вёсках Міневічы, Панямонне, Свіслач, Лунна, Эліза Ажэшка запісвала ад мясцовых кабетаў песні, казкі, прымаўкі, замовы, занатоўвала рэцэпты народнай медыцыны, складала спіс лекавых зёлак.

Лёс беларускіх сялянаў не пакідаў хваляваць Элізу Ажэшку. Неўзабаве пасля «Нізін» яе творчыя задумы засяродзіліся на палемічна завостраным у тагачаснай польскай літаратуры пытанні аб гістарычнай ролі народа (навелы М.Канапніцкай, гістарычная трылогія Г.Сянкевіча, «Фарпост» Б.Пруса) і знайшлі адлюстраванне ў аповесці «Дзюрдзі» (1885).

Глыбокім роздумам аб злачынстве і пакаранні ў сялянскім асяроддзі, іх сацыяльных перадумовах прасякнуты драматычныя старонкі твора. Э.Ажэшка ўслаўляе народ-працаўнік: «Земляробы, якім божыя ветры прыносяць свежасць і здароўе, гаспадары, якім уласная зямля родзіць буйное калоссе... працаўнікі, абпаленае сонцам чало якіх па чысціні і велічы можа зраўняцца толькі з чалом, увенчаным лаўрамі...» Беларусь ажывае на старонках аповесці ў яркіх вобразах сялян, у жанрава-бытавых сцэнах, у малюнках прыроды.

Але чаму ж у гэтым асяроддзі становяцца злачынцамі, нават як след не асэнсаваўшы гэтага? Аповесць пачынаецца пралогам-судом і заканчваецца эпілогам-судом: у ярка асветленай судовай зале з ценю бакавых дзвярэй узнікаюць шэрыя постаці абвінавачаных — чацвёра сялян па прозвішчы Дзюрдзі, што забілі «вядзьмарку». Забойства такое павінна быць апраўданым — так лічыць вёска. Па сутнасці, адбываецца суд над сялянствам, што нясе з мінуўшчыны ўвесь цяжар забабонаў, цемрашальства. Ахоўнікі закону не жадаюць зразумець сутнасць народнай драмы, адчуць таямніцы народнага жыцця. Прыгон, цяжкая праца, частыя галадоўкі нараджалі фаталістычную веру сялянства ў лёс, у «нячыстую сілу», у «чарадзейства» — у сялянскай свядомасці захаваліся перажыткі анімастычных уяўленняў пра сілы прыроды.

Таму забойства разумнай, вясёлай Пятрусі не выклікае ў сялянаў абурэння. Гэта яна, паводле ўяўлення вяскоўцаў, звязана з «нячыстай сілай», гэта яна, вяртаючыся дамоў з песняй і бярэмам пахучых траў і зёлак, прыйшла на заклінанне да вогнішча, распаленага з асінавых дроў...

Усе клопаты, грамадскія, гандлёвыя, асабістыя вёска вырашае ў карчме — тут п'юць барыш за прададзеную жывёлу, ад роспачы і гора прапіваюць беднякі апошні грош. Сацыяльныя кантрасты выяўляюцца ў карчме з гранічнай завостранасцю. Так развязка аповесці падрыхтавана ўсім развіццём сюжэта. Атлумленыя гарэлкай Дзюрдзі знайшлі першакрыніцу свайго ліха ў Пятрусі, якая сустрэлася ім на зімовай дарозе.

Пятруся — адзін з самых прывабных жаночых вобразаў з народа ў тагачаснай літаратуры. Ствараючы яго, пісьменніца выкарыстала беларускую вусна-паэтычную творчасць — лірычную песню, баладу «Маці сына ціха навучае», казкі, прымаўкі.

Паказваючы цемру, невуцтва, прымхі і забабоны, абумоўленыя гістарычным развіццём беларускай вёскі, пісьменніца разгледзела творчыя сілы народа, яго розум і дабрыню, «звонкай крыніцай» назвала Пятрусіны песні.

Сваю палеміку з пэўнымі польскімі коламі аб высокім прызначэнні чалавека Эліза Ажэшка завяршыла аповесцю «Хам». Сама яе назва — гэта востры сатырычны выпад супраць саслоўнай фанабэрыі шляхецкіх вярхоў, якія зняважліва называлі просты народ «быдлам», «хамамі», людзьмі ніжэйшага