Выбраныя творы [Эліза Ажэшка] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Фларыян, Пётр і нават паралізаваны Браніслаў, дом якога ў следчай справе названы «складам зброі», — былі сасланыя ў глыб Расеі.

Паўстанне было патоплена ў крыві, дзесяткі тысяч ваяроў звінелі кайданамі па дарогах Сібіры, цэлыя сем'і ішлі ўслед за імі на вечнае пасяленне. «Гэтыя людзі не хлебаробы, ім не патрэбна ўрадлівая глеба, яны могуць пражыць свой век і ў Якуцкай вобласці, і ў Туруханскім краі», — дакладваў цару Мураўёў-Вешальнік.

Не адзін раз звяртаючыся да тэмы свабоды ў сваіх творах, пісьменніца лепш за многіх тагачасных гісторыкаў зразумела прычыну разгрому паўстання. «Да велічнага пераможнага пажару не дапусціла, на жаль, замкнутая мужыцкая хата», — пісала яна ў сваёй апошняй кнізе «Gloria victis» («Слава пераможаным»). Але гісторыя барацьбы славянскіх народаў «за вашу і нашу вольнасць» папоўнілася імёнамі новых герояў — Я.Дамброўскага, К.Каліноўскага, В.Урублеўскага і З.Серакоўскага, — яны заклікалі да сялянскай рэвалюцыі — за права перадачы зямлі сялянству.

Гераічныя падзеі часу ва ўсіх іх драматызме і супярэчнасцях вызначылі лёс Элізы Ажэшкі, абудзілі жаданне служыць Радзіме. Вымушаная праз усё жыццё маўчаць пра свой асабісты ўдзел у паўстанні, яна толькі на схіле жыцця ў лісце да М. Дубецкага, аўтара кнігі пра Р.Траўгута, прызналася: была побач з народам, які паўстаў супраць сваіх прыгнятальнікаў. «Гэты момант зрабіў вырашальны ўплыў на маю будучыню... Гэты момант запаліў ува мне жаданне прынесці хоць маленькую цаглінку да таго выратавальнага маста над безданню, праз які павінен быў прайсці народ... Усё гэта зрабіў са мной і ўва мне год 1863. Калі б не яго молат і разец, мой лёс быў бы іншы і, відаць, я не стала б пісьменніцай».

Людвінаўская сядзіба Ажэшкаў была даведзена да галечы пастоямі расейскіх вайсковых атрадаў, а затым канфіскавана. Застаўшыся без сродкаў, без сям'і, маладая жанчына страціла назаўсёды сваю бесклапотнасць і ў канцы 1864 года вярнулася ў родныя гарадзенскія мясціны. Так скончылася шасцігадовае жыццё Элізы Ажэшкі на Палессі.

Пачаліся пошукі працы і месца ў жыцці. Пасля дарэмных спробаў уладкавацца ў Горадні Эліза едзе ў Варшаву. Ведаючы чатыры мовы — польскую, французскую, расейскую, нямецкую (і забароненую пятую — беларускую), яна разлічвала атрымаць пасаду настаўніцы ці тэлеграфісткі. У адказ на яе прашэнне царскі чыноўнік холадна растлумачыў, што «польцы» не могуць даць працу ў дзяржаўнай установе. Абуранай і абражанай, маладой жанчыне давялося вярнуцца ў спустошаную і разрабаваную Мількаўшчыну.

Неабходна было заваяваць права на працу, інтэлектуальна стаць упоравень з векам, авалодаць дасягненнямі сучаснай мастацкай думкі, каб выступіць у абарону прыгнечанага народа.

Выратаваннем стала напружаная самаадукацыя. Зноў прачнулася вялікая прага да кніг. У Мількаўшчыну пачалі прыходзіць перыядычныя польскія, французскія і расейскія выданні. Вывучаючы прыродазнаўчыя навукі, яна звярнулася да прац Дарвіна, захапілася польскай старажытнасцю, пачала глыбока знаёміцца з літаратурай ХVІ-ХVІІІ стагоддзяў (М.Рэй, Я.Каханоўскі, З.Красіцкі) — дзякуй Богу, ацалела бацькава бібліятэка. Ашаламілі творы Шэкспіра, Бальзака, Гюго, яны далі магчымасць па-новаму ўбачыць чалавека і яго характар. Моцна паўплывала на Элізу вучэнне Льва Талстога аб «паляпшэнні душы чалавека», яна зразумела, якая бездань паміж самадзяржаўем і веліччу расейскай літаратуры. Невыпадкова ў юбілейны год Л.Талстога (1908) у расейскай прэсе быў апублікаваны адкрыты ліст Элізы Ажэшкі, дзе сцвярджалася сусветнае значэнне пісьменніка: «Вялікі мастак і вялікі мысляр узвышаецца... як апостал міжчалавечай любасці».

Настойліва штудыявала Э.Ажэшка і працы эўрапейскіх філосафаў-пазітывістаў Фогта, Конта, Міля, цалкам успрыняўшы іх тэорыі эвалюцыйнага развіцця грамадства.

Адначасова Эліза Ажэшка пачынае пісаць. Пазней яна прыгадвае ў аўтабіяграфіі: «Я памятаю хвіліны, калі блакітнае світанне, падаючы на мой стол, рабіла святло лямпы падобным да святла грамнічнай свечкі і прымушала мяне ўзнімаць галаву ад спісанай паперы... Я ўскоквала, выбягала з дому, выпраўлялася на палоску лугу...»

Увесну 1866 года ў часопісе «Tygodnik ilustrowany» з'явілася яе першае друкаванае апавяданне «Малюнак з галодных гадоў», навеянае людвінаўскімі ўспамінамі пра голад беларускай прыгоннай вёскі. Публіцыстычна завостранае, хоць трохі схематычнае, яно прымушала задумацца над лёсам прыгоннага сялянства, а галоўнае — з'явілася пачаткам вялікага мастацкага цыкла пра беларусаў.

З гэтым творам Э.Ажэшка адразу і назаўсёды ўвайшла ў літаратуру, мастацкая творчасць стала клопатам яе жыцця, а літаратурны заробак — адзіным сродкам для існавання.

У далейшым Эліза Ажэшка пераходзіць да жанру сацыяльнага рамана. Аднак яе творы канца 70-х, напісаныя ў духу «варшаўскага пазітывізму» (грамадска-літаратурная плынь з заклікам да асветы народа, яднання з ім дэмакратычнай шляхты), даволі расцягнутыя і трохі схематычныя («Цнатлівыя», «На правінцыі», «У