Сляды вядуць на Зямлю [Уладзімір Шыцік] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]








І

Рэйсавы планеталёт «Талнах» не прыбыў да месца прызначэння ў касмапорт Нераіды — другога спадарожніка Нептуна.

Паведамленне аб гэтым здарэнні ўжо цэлую гадзіну ляжала на стале ў начальніка Службы бяспекі ўнутрысістэмных зносін Чаўра. Яго супрацоўнікі ў гэты час рабілі ўсё тое, што патрабавала інструкцыя: пасылалі запросы, правяралі акты тэхнічных аглядаў «Талнаха», медыцынскія заключэнні аб стане здароўя экіпажа і пасажыраў перад стартам і ў палёце, тэлеграмы з борта планеталёта.

Чаўр не вельмі спадзяваўся на вынікі. Каб было выяўлена якое-небудзь адхіленне ад нормы, ці дазволілі б старт «Талнаху»? Служба бяспекі наконт гэтага мела цвёрдыя ўказанні. Нічога невычайнага не адзначылі і пазаземныя станцыі назірання, каля якіх праходзіў планеталёт. Значыць, унутраных прычын, якія тлумачылі б здарэнне, быць не магло. Заставаўся яшчэ метэарыт. Буйны. Выпадковы. На яго мог натрапіць карабель. Аднак раней, чым гэта адбылося б, аўтаматычная аварыйная станцыя планеталёта паслала б на Зямлю свой сігнал. Атрымлівалася нейкае замкнёнае кола.

Чаўр уздыхнуў і падышоў да акна. Яно было шырокае, амаль на ўсю сцяну кабінета, і мела сферычную форму. Чаўр бачыў невысокія скалістыя кратэры, голыя апоўзлыя пагоркі і блішчастыя дарогі, што серпанцінавымі стужкамі віліся паміж імі. Здавалася, усё гэта было побач: зрабі толькі крок — і ты будзеш там, на залітай зямным зеленаватым святлом прасторы. Гэта святло заўсёды супакойвала, напамінаючы аб роднай Зямлі, ажыўляючы гэтыя спрадвеку мёртвыя горы Месяца. У Чаўра неяк адразу палягчэла на сэрцы. Хоць менавіта сёння ўсё выглядала больш змрочна, чым заўсёды. Урэшце, калі інструкцыя не дае адказу, чаму знік планеталёт, значыць — здарылася нешта такое, чаго яны не прадугледзелі, не ведаюць.

Аедзь чутны гудок напомніў, што прайшло яшчэ дзесяць хвілін. Чаўр усміхнуўся сам сабе. Якія б ні былі правільныя яго разважанні, факт, што «Талнах» знік, заставаўся неаспрэчным. Першы выпадак за апошняе паўстагоддзе. I Зямля, уся сонечная сістэма чакалі інфармацыі, тлумачэння, што ўсё ж такі здарылася. Чаўр пакруціў у руках тэлеграму з Нераіды, нібы між скупых дзелавых радкоў хаваўся іншы, асаблівы, сэнс. Што марудзяць супрацоўнікі? Ён павінен ведаць іх заключэнне перш, чым нешта рабіць.

Не абарочваючыся, Чаўр аддаў кібернетычнаму сакратару загад выклікаць Шарлана.

Праз хвіліну памочнік з’явіўся.

— Ёсць навіны? — спытаў Чаўр.

— Амаль ніякіх,— няўпэўнена сказаў Шарлан.

— Амаль? — Чаўр узняў бровы.

— Так. У дачыненні «Талнаха».

Чаўр адчуў, што пачынае злавацца. Шарлан быў заўсёды чалавекам справы. I раптам сёння, калі падзея сапраўды надзвычай сур'ёзная, мямліць нешта невыразнае. Разгубіўся ён, ці што? Таму больш рэзка, чым звычайна, Чаўр кінуў:

— Факты можаш выкласці? Ці папрасіць каго іншага?

— Не ведаю...— пачаў быў Шарлан, але, убачыўшы, як сцепануўся Чаўр, удакладніў:— Учора ў Цэнтральны архіў паступіла незразумелая радыёграма. Прыняты, відаць, толькі пачатак першай фразы: «Нас заха...» Але самае дзіўнае, што хваля, на якой пасланы гэты сігнал, тая ж самая, якой карысталіся зямныя маракі, пасылаючы «SOS».

— Ну і што? — Чаўр крыху супакоіўся.

— Мы праверылі. Ніводнае марское судна не пасылала сігналу. На думку таварышаў, якія займаліся праверкай, сігнал мог прыйсці толькі з міжпланетнай прасторы. I поўная фраза азначае: «Нас захапілі». Гэта, вядома, бязглуздзіца, якая не мае ніякага дачынення да «Талнаха». Часы марскіх піратаў скончыліся тысячу гадоў таму назад, а касмічных наогул не было.

— А сігнал? Адкуль узяўся? —спытаў Чаўр.

— Хлапечыя забавы.

Чаўр вярнуўся да стала задумлівы, сеў. Навокал адбывалася нешта недарэчнае, недаступнае яго разуменню. Планеталёт, радыёграма, піраты. Сапраўды бязглуздзіца... А яму трэба яшчэ ў ёй разбірацца.

Шарлан асцярожна, напамінаючы аб сабе, кашлянуў.

Не ўзнімаючы галавы, Чаўр спытаў:

— У архіве шмат такіх запісаў? Не высвятляў? А трэба.

— Слухаю,— ціха сказаў Шарлан і выйшаў.

Чаўр павярнуўся да акна. Якраз насупраць стаяла мачта радыёстанцыі. Яе срабрыстыя ажурныя контуры былі нібы выразаныя ў карычнева-чорных скалах. Чаўр зірнуў на вяршыню мачты, дзе знаходзілася антэна, і яму нават здалося, што ён бачыць, як струменяцца і расплываюцца ва ўсе бакі трывожныя хвалі. I ён зноў адчуў, што незадаволены сваім памочнікам. Трэба ж не толькі збіраць звесткі, а і думаць над імі. Так, думаць, рабіць вывады, здагадкі.

Узышло Сонца, раптоўна вынырнуўшы справа з-за крутога, але невысокага кратэра. Яркія промні памянялі фарбы, сцерлі адценні, пакінуўшы толькі чорныя і светла-шэрыя.

Чаўр выключыў унутранае асвятленне і падумаў, што ў жыцці людзей ніколі не бывае такой кантраснасці, у жыцці няма катэгарычнасці, кожная з’ява і ўчынак маюць і тон, і паўтон. Напэўна, і Шарлан чакае, што ён са сваім вялікім вопытам адразу разбярэцца, што і да чаго.

Чаўр зноў уздыхнуў. Відаць, ён несправядлівы да памочніка. Раскапаў жа Шарлан гэты радыёзапіс. Хай сабе ён і не мае дачынення да справы. Усё роўна гэта сведчыць аб шырыні пошукаў.

— Начальнік Чаўр, вас выклікае Зямля,— тэлеаўтамат перарваў роздум Чаўра.

— Давайце,— буркнуў ён і павярнуўся да насценнага экрана, падумаўшы, аднак, што Шарлан не адважыўся зайсці сам, а папрасіў паведаміць вынік праверкі некага з зямлян.

Экран засвяціўся, і на ім узнік твар старшыні Савета міжпланетных зносін. Старшыня некалькі секунд углядаўся ў Чаўра, потым сказаў:

— За апошнія дзесяткі гадоў архіў не адзначыў ніводнага безадраснага «SOS». Займіся агульным расследаваннем. Адпаведныя ўказанні дадзены ўсім службам,— Крыху памарудзіўшы, дадаў:—Жадаю поспеху, начальнік Чаўр.

Чаўр кіўнуў у знак падзякі і адключыў сувязь. Са старшынёй яны былі даўнія сябры. Разам вучыліся, разам хадзілі да зорак. У час аднаго з такіх паходаў і прычапілася да Чаўравага прозвішча слова «начальнік». Праўда, яго дадавалі толькі блізкія сябры, астатнія пра мянушку не ведалі. Гэта пазней ужо, калі Чаўр заняў цяперашнюю пасаду, ён стаў для ўсіх начальнікам. Але старшыня зараз меў на ўвазе ўсё-такі ранейшае.

Увогуле, тады таксама выпадак быў не з простых. Нават праз многа гадоў успамін пра яго прымушае хвалявацца, быццам гэта адбылося толькі што. Але ж калі быў дэсант на адзіную, пазбаўленую жыцця планету Альфы Цэнтаўра!

Іхняя група высадзілася тады на невялікім пясчаным востраве, вакол якога пляскалася неабсяжнае нафтавае мора. Касманаўты зацікавіліся, як гэта на планеце, дзе быццам бы не было арганічнага жыцця, і раптам нафта. Як тут не паспрабаваць адгадаць гэту таямніцу прыроды!

Не паспелі яны адысці ад ракетаплана на які кіламетр, як неба закрылі чорныя вялікія хмары. Але дождж не крапаў. Хмары былі з вуглякіслага газу, насычанага электрычнасцю. Праз некалькі хвілін у хмарах заблішчалі тысячы маланак, і ўсё навокал затрэслася ад грукату перуна. Чаўр разумеў, што падобныя з’явы, магчыма, абяцалі планеце жыццё ў будучым. Але яму і яго таварышам ад гэтага не было лягчэй.

Моцны электрычны разрад трапіў у мора. Яно не запалымнела, бо на планеце не было вольнага кіслароду, а толькі захвалявалася, засвяцілася яркім барвовым колерам. Высачэзныя хвалі ўзняліся з глыбіні і пакаціліся адна за адной на спадзісты пясчаны бераг. I, збягаючы назад, злізвалі пясок з каменнага долу.

Пясок — гэта крэмній і кісларод. У марскіх нетрах пясок распадаўся на свае састаўныя часткі, і тады аднекуль з вялізнай глыбіні на паверхню вырываліся пухкія вогненныя фантанчыкі — гэта гарэў кісларод. Аксамітна-чорнае мора нагадвала квяцісты дыван, які падступаў усё бліжэй і бліжэй да выспы, дзе спыніліся людзі і аўтаматы, адразаючы вузкім бурлівым каналам іх ад ракетаплана. Засталася толькі вузенькая дарожка, па якой можна было яшчэ вярнуцца. Чаўр быў нават павярнуў ужо. Бадзяй, які ўзначальваў экспедыцыю, спыніў.

— Так мы нічога не высветлім,— сказаў ён.

Здавалася, у яго словах быў сэнс. Тым больш, што неба пачало святлець: хмары папаўзлі за небасхіл. I хаця мора не супакойвалася і ўжо размыла вузкую перамычку, людзям здавалася, што небяспека мінула. Яны засталіся.

Тым часам суцішылася і мора.

— Будзем працаваць,— рашыў Бадзяй.

Робаты хутка сабралі невялікую герметычную палатку, расставілі прыборы. Узяўшы пустую пасудзіну, Бадзяй пайшоў да берага, каб узяць пробу нафты.

— Хай робат,— паспрабаваў яго спыніць Чаўр.

Ён і цяпер не можа сказаць, што прымусіла яго папярэдзіць тады Бадзяя. Відаць, узяў верх недавер да чужой прыроды, які з'явіўся ў яго яшчэ ў час палётаў да планет сонечнай сістэмы. Бадзяй толькі ўсміхнуўся. Ён падышоў да берага, нахіліўся і, адвярнуўшы твар, зачэрпнуў нафты. Пайшоў назад, але за ім пацягнуўся ліпкі і сіняваты пад промнямі Альфы Цэнтраўра хвост-ручаек.

Напэўна, у ім таілася нейкая пагроза чалавечаму жыццю. Бо асабісты ахоўны робат Бадзяя раптам кінуўся да ручайка і пачаў секчы яго сваімі механічнымі рукамі.

Нафта прыклеілася і да робата. Зразумеўшы, нарэшце, што здарылася, Бадзяй шпурнуў пасудзіну ў мора. Гэта не выратавала. Нафта мноствам струменьчыкаў паўзла па скафандры ўсё вышэй і вышэй.

— Усе назад! — крыкнуў Бадзяй і падаўся бліжэй да берага, рашыўшы ахвяраваць сабой, каб выратаваць таварышаў.

— Слухайце мяне! — загадаў Чаўр.

Зрэшты, ён меў на гэта права, бо, згодна з інструкцыяй, калі старшы дэсанта трапляў у безвыходнае становішча і не мог прымаць аб’ектыўныя рашэнні, яго павінен быў замяніць хто-небудзь з астатніх касманаўтаў. Але пра інструкцыю Чаўр успомніў пазней, а тады проста не мог дапусціць, каб таварыш загінуў.

Тым часам нафта ўжо абляпіла ледзь не ўвесь скафандр. Толькі гермашлем быў яшчэ чысты. Бадзяй стаяў, не варушачыся, каб не разліць нафту на каго-небудзь з сяброў.

Марудзіць было нельга. Яшчэ некалькі хвілін, і нафта, падобная на загуслы клей, залье ўсяго Бадзяя. I Чаўр рашыўся.

— Карнет, Альба, Серпіён! — паклікаў ён робатаў.— Хутчэй турбінны экскаватар!

Робаты кінуліся да аўтакара, на якім ляжаў экскаватар. Серпіён, пры-пыніўшыся, адказаў:

— Будзе зроблена, начальнік Чаўр!

I пра гэта Чаўр даведаўся пазней, калі яны праслухвалі запіс тых падзей. А ў той момант яму было не да такіх дэталей. Вось з таго часу для сяброў і стаў ён — начальнік Чаўр. Яны помняць мінулае. I Бадзяй, якога ён тады выратаваў і якому не ведае як памагчы зараз. Бо Бадзяй, яго стары паплечнік, і ёсць камандзір таго самага «Талнаха».

Калі ты ў цэнтры падзей, хай сабе і вельмі-вельмі небяспечных, табе лягчэй. Ты сам бачыш, адкуль і якая ідзе пагроза, ведаеш, што маеш рабіць. На той планеце ён не разгубіўся. Накіраваны пясчаны віхор, узняты турбінамі землярыйнага экскаватара, збіў нафту з Бадзяевага скафандра. Гэта была рызыка. Некалькі хвілін Бадзяй быў нібы ў сярэдзіне палаючага смалянога факела, які гарэў з тэмпературай, дастатковай, каб аплавіць жалеза. Скафандр, на шчасце, вытрымаў, хаця Бадзяй і страціў прытомнасць. Ён ачуняў ужо на заралёце. А яны ўсё-такі здолелі ўзяць пробу з таго дзіўнага мора. Нафта аказалася зусім не нафтай, як разумеюць яе на Зямлі. Гэта вадкасць па сваіх якасцях набліжалася да вышэйшых бялковых структур.

Яно было грознае, тое мора. Лёс Бадзяя вісеў на валаску. Але Чаўр тады быў спакайнейшы, чым зараз. Відаць, далі аб сабе знаць гады, якія прынеслі вопыт і забралі нервы. Чаўр пакруціў галавой, адганяючы ўспаміны, і, адчуўшы, як пакрысе вяртаецца раўнавага, выклікаў Шарлана.

Звесткі, якія прынёс памочнік, не тлумачылі, чаму знік «Талнах». Планеталёт стартаваў зусім спраўны, за ўвесь час палёту аж да самага апошняга моманту нішто ў рабоце машын ці паводзінах пасажыраў не давала падставы чакаць якога-небудзь незвычайнага здарэння. Стараючыся загладзіць сваю нядаўнюю рэзкасць, Чаўр спытаў:

— Што ты думаеш?

Шарлан развёў рукі.

— Няўжо не маеш, як кажуць, ніводнае версіі? — шчыра здзівіўся Чаўр.— А мо спадзяешся, што я і сам усё ведаю? Памыляешся. Я асабіста не разумею тут ні кропелькі. Ты любіш старыя прыгодніцкія кнігі?

— Наогул, люблю.

— Што значыць — наогул? — Чаўр стараўся быць стрыманым. Памочнік зноў здаўся яму занадта правільным, нібы загадзя запраграміраваным. 3 такім спадарожнікам да зорак не паляціш. Там патрэбны не толькі акуратнасць і стараннасць, якіх у Шарлана хапае, а і рамантычнасць, што часам мяжуе з безразважнасцю. Ці ёсць яна ў яго? Дзіўна, ужо год яны працуюць разам, а ён не можа гэтага сказаць. Чаўр апусціў вочы, каб не выдаць свае думкі, і паўтарыў пытанне: — Што ты зрабіў бы на маім месцы?

Яго настойлівасць, відаць, вывела Шарлана з раўнавагі, бо ён, адказваючы, загарачыўся.

— Прыдумаў бы дзве-тры версіі, як героі прыгодніцкіх кніг. якія я люблю наогул, і распрацаваў бы,— сказаў Шарлан, зірнуўшы на Чаўра.

— Цікава,— павесялеў Чаўр.— Твае прапановы?

— Проста не ведаю,— шчыра прызнаўся Шарлан.

— Давай памазгуем разам,— сказаў Чаўр.— Ты ведаеш, якія прынятыя меры?

— Так. Улічана, што, магчыма, на «Талнаху» сапсаваліся рухавікі. Па ўсіх імаверных напрамках інерцыйнага палёту з пазаземных станцый накіраваны караблі-выратавальнікі. Прастора зандзіруецца лакатарамі, прагледжваецца ў тэлескопы. Калі «Талнах» не ператварыўся ў пару або пучок праменняў, дык яго знойдуць.

— А ты ўпэўнены, што знойдуць?

— Чамусьці — не...

— I я,— згадзіўся Чаўр.— Нервы, ці што, падводзяць? Не магу сядзець, склаўшы рукі, пакуль ідуць гэтыя пошукі. Не такі Бадзяй чалавек, каб спасаваць перад простымі абставінамі. Для гэтага трэба, каб здарылася нешта незвычайнае.

— Начальнік Чаўр! — раптам ускочыў з месца Шарлан.— Дазволь мне заняцца няскончанай радыёграмай.

— Дапусцім,— кіўнуў галавой Чаўр,— радыёграма мае нейкае дачыненне да «Талнаха». Але хто мог захапіць яго? Гэта неверагодна!

— Я не сцвярджаю. Але падумай сам. Па ўсёй сонечнай сістэме ўжо разнеслася вестка пра «Талнах». За пошукамі сочаць і старыя і малыя. I ніхто не сказаў, што менавіта ён пасылаў тую радыёграму, пачатак якой нам удалося запісаць. Дык хіба не лагічны вывад, што яе паслалі з планеталёта? А калі гэты вывад звязаць з самім фактам, што планеталёт знік, то...

— Гэтак ты дагаворышся немаведама да чаго,— перапыніў яго Чаўр,

— Я не хачу забягаць наперад,— Шарлан ужо супакоіўся,— але праверыць павінен.

— Добра, ідзі правер.

...Мінулі суткі. Чаўр меў ужо шматлікія заключэнні экспертаў, паведамленні выратавальных караблёў, назіральных станцый. «Талнах» не ўзарваўся і не анігіліраваў, не сутыкнуўся з метэарытам. Уся прастора на мільярды кіламетраў вакол трасы была прасвечана самым старанным чынам, Заставалася адно: «Талнах» збочыў з трасы і знік у невядомым кірунку.

Чаўр разумеў, што калі гэта здарылася, то пошукі ўскладняцца. Планеталёт нават за тыя суткі, якія мінулі з моманту, калі ён меўся прыбыць на Нераіду, мог аддаліцца ледзь не на край сонечнай сістэмы. На самой жа справе пасля апошняй сувязі з ім мінула амаль двое сутак. Суцяшала толькі адно — «Талнах» не загінуў, і раней або пазней яго ўдасца знайсці.

Зайшоў Шарлан. Чаўру кінулася ў вочы, як пабляднеў, асунуўся твар у памочніка. Відаць, і ў Шарлана не было часу на адпачынак.

— Вось,— ён падаў Чаўру спіс.— На мой погляд, нічога суцяшальнага...

Чаўр узяў спіс і пачаў чытаць. Гэта былі людзі самых розных прафесій.

Механікі, геолагі, кібернетыкі, астраномы, урачы, нават настаўнік. Адны з іх ляцелі да месца працы, другія — у адпачынак. Шарлан зрабіў вялікую работу. Ён нават даведаўся, якія рэчы ўзялі гэтыя людзі з сабою. Ні ў каго з іх не было прыёмніка, не кажучы ўжо аб перадатчыку. Версія Шарлана, такім чынам, абрывалася ў самым пачатку. Чаўр задумліва выцягнуў губы. Паслаць сігнал мог толькі нехта з «Талнаха». Экіпаж? Не. Яны, хутчэй, выкарысталі б звычайную касмічную аварыйную хвалю. Пасажыры? Слабая сіла сігналу сведчыла на карысць гэтага меркавання, яго можна было, як сцвярджалі спецыялісты, паслаць толькі недасканалым, самаробным перадатчыкам. Але ніхто з пасажыраў быццам бы не захапляўся радыё. Відаць. у нечым яны з Шарланам памыляюцца.

Чаўр доўга перачытваў спіс, нібы там паміж прозвішчаў магло хавацца яшчэ нешта. Не адводзячы вачэй ад спісу, спытаў:

— Колькі было пасажыраў?

— Тут шэсцьдзесят дзевяць.

— «Талнах» мог узяць семдзесят.

— Я запісаў шэсцьдзесят дзевяць,— растлумачыў Шарлан.— А ўсяго іх было сапраўды семдзесят. Я не браў пад увагу хлопчыка, які ляцеў да бацькі на Нераіду.

— Хлопчыка? — Чаўр'аж усміхнуўся.— Ён адзін можа натварыць больш, чым сотня дарослых. Хіба ты забыўся, які сам быў?

Шарлан збянтэжыўся.

— Я праверу,— сказаў ён, адыходзячы да дзвярэй.

— Абавязкова. I ведаеш,— Чаўр затрымаў Шарлана,— дзейнічай так, быццам мяне няма. Як адказны за пошукі. Не бойся памылак. Мы іх робім усе.

Успыхнуў экран. Чаўр адпусціў памочніка і спытаў:

— Што там?

— Нейкая дзіўная тэлеграма...— паведаміў сакратар.

Яшчэ да прыходу Шарлана са спісам Чаўр паслаў запрос у Цэнтральны архіў: ці не заўважаліся ў межах сонечнай сістэмы за апошні час якія-небудзь непазнаныя прадметы? Адказ прыйшоў кароткі і катэгарычны: не.

Чаўр апусціў галаву. Хвіліну назад, даючы даручэнне памочніку, ён быў упэўнены, што неўзабаве будзе ведаць, як і чаму знік «Талнах». А зараз засумняваўся. Эра лятучых галандцаў, здаецца, даўно скончылася. Ніякія галюцынацыі, нават калі яны здольныя ўздзейнічаць на чалавека, кібернетычным сістэмам не пагражаюць. Гэта азначае толькі адно — паводзіны экіпажа планеталёта і яго капітана былі зусім асэнсаваныя, мелі пэўную падставу. Аднак чаму тады Бадзяй не паведаміў пра змену курсу, чаму маўчыць зараз? Зноў Чаўр не мог звязаць два канцы ў адзін вузел. Раззлаваўшыся, ён урэшце падумаў, што адказвае толькі за тэхніку, а тут павінны займацца псіхолагі. Задасць ён Бадзяю, калі той вернецца!

— Начальнік Чаўр,— Шарлан уключыўся ў відэасувязь аднекуль з другога канца будынка станцыі. Ён быў усхваляваны, нецярплівы.— Цікавыя звесткі.

— Га? — Чаўр не адразу зразумеў памочніка,— цікавыя, кажаш? Добра, добра,— узняў ён руку, спыняючы Шарлана.— Закажы ракетаплан на Зямлю. У дарозе і пагаворым.

Праз чвэрць гадзіны спецыяльны ракетаплан начальніка Службы бяспекі ўнутрысістэмных зносін імчаў Чаўра і Шарлана на Зямлю.

Шарлан сядзеў насуплены, незадаволены абыякавасцю начальніка да ягоных навін. Чаўр скоса зірнуў на памочніка і сказаў:

— Выкладвай, што там новага!

Шарлан ажывіўся і высыпаў на стол пачак фотаздымкаў. На ўсіх быў азін і той жа хлопчык — гадоў дванаццаці або трынаццаці, з тварам, густа ўсыпаным рабаціннем, жывымі, хітрымі вачыма. Відаць, хлопчык непаседлівы, свавольны.

— Такі выдумшчык,— данеслася да Чаўра.— Ты толькі паслухай, што пра яго расказваюць. У гэтага хлопчыка кішэні заўсёды напханыя радыёдэталямі. Аднойчы нарабіў мініяцюрных прыёмнікаў, параскідваў іх у класе за дошкай, пад настаўнікавым сталом, напхаў у кішэні таварышаў. А сам з мікрафонам, звязаным па радыё з электронным бюро школьных кансультацый, сеў насупраць настаўніка. Настаўнік задае пытанне, а з усіх бакоў — гэта пачыналі працаваць прыёмнікі — гучыць адказ. Тады Юрась яшчэ ў чацвёртым класе быў.

— Значыць, гэта Юрась,— спытаўся Чаўр,— той самы, з «Талнаха»? Аднак, ты паспеў...

— Юрась Батура,— не зважаючы на рэпліку, працягваў Шарлан.— Зараз ён у сёмым. Я ўпэўнены, што сігнал — яго работа. Нешта падобнае ён ужо раз зрабіў. На ўроку астраноміі. Настаўнік настроіў радыётэлескоп, каб даць вучням паслухаць пульсар галактыкі МЕ. I раптам у выпраменьванні пульсара на хвалі вадароду ўпляліся староннія сігналы. «Кантакт! Мы ўстанавілі кантакт!» — закрычалі вучні. Нават настаўнік быў паверыў. А потым выпадкова зірнуў на Юрася і здагадаўся: той сядзеў спакойна і толькі хітра жмурыў вочы. Ён, як сцвярджаюць яго сябры, што хочаш, можа выкінуць. Між іншым, ён казаў перад адлётам, што будзе паведамляць аб сабе.

Гэта сапраўды магло быць. Чаўр пагаджаўся з памочнікам. Але гэта ўсё роўна ні на крок не набліжала іх да мэты. Калі нават дапусціць, што радыёграму паслаў Юрась, дык адразу ўзнікала мноства новых пытанняў — чаму ён пасылаў яе, што перашкодзіла дакончыць фразу, чаму ён маўчыць зараз? Але самым галоўным было тое, што ў сонечную сістэму ніколі не прылятаў ніводзін чужынец, які мог захапіць планеталёт.

— Ты сумняваешся? — здзівіўся Шарлан, па-свойму зразумеўшы маўчанне Чаўра.

— Я проста разгубіўся,— шчыра прызнаўся Чаўр.— Мне неабходна параіцца з сябрамі. 3 тымі, хто, як і я, правялі ў прасторы разам з Бадзяем шмат гадоў.


II

Сядзелі, не запальваючы святла. У пакоі было гэтак жа цёмна, як і на двары. За акном, недзе далёка ўнізе, з глухім бухканнем разбіваліся аб скалы цяжкія хвалі, і паляўнічы домік, пабудаваны на крутым байкальскім беразе, раз-пораз уздрыгваў.

— Як на Арландзе,— хрыплаваты бас парушыў цішыню.

Чаўр уявіў сабе твар гэтага чалавека. Не такі, які быў у яго зараз — распаўнелы, парэзаны глыбокімі маршчынамі, а ранейшы, тых часоў, калі яны былі разам на Арландзе — планеце жоўтага Працыёна — малады, з кучаравай барадой. Паміж сабой яны яго называлі Эсквайр, звяртаючыся ж да яго — не адважваліся: усё-такі капітан. Тады яны ўпершыню ступілі на зямлю чужога свету і радаваліся, як дзеці, нават ён, цяперашні сур’ёзны старшыня Савета міжпланетных сувязей Павел Рэпс.

— Помніце, Бадзяй хацеў абавязкова адшукаць цывілізацыю? — падаў голас іх колішні нязменны штурман Артур Плыга.

— I палічыў звычайныя тэктыты за прадукт дзейнасці невядомых атамных рухавікоў. Гісторыя паўтараецца, так, здаецца, жартавалі мы з яго? — прыгадаў далёкі выпадак Рэпс.

— Хацеў бы я знаць, што за што палічыў ён зараз,— неяк ужо занадта нервова прамовіў Чаўр. Яго раздражняла ўсё — і ўласная бездапаможнасць, і падсвядомае жаданне таварышаў адцягнуць пачатак горкай размовы. I ад гэтага не мог стрымаць раптоўную непрыязнасць, якую адчуваў да сяброў. 3а іх успамінамі яму бачыўся прыхаваны намёк: «Мы тут сядзім, чэшам языкі, а Бадзяя ўжо, можа, няма».

— Не гарачыся,— Чаўр адчуў на сваім плячы вялікую і цяжкую руку Плыгі.— Нас засталося толькі чацвёра, лічачы Бадзяя. Ён, можа, трапіў у бяду. Мы павінны выручыць яго разам. Праўда, Эсквайр?

— Ага, прагаварыўся,— варухнуўся Рэпс, і нават у цемры Чаўру здалося, што ён сваёй мажной постаццю запоўніў увесь пакой.— Я даўно ведаў, яшчэ з той праклятай Цэнтаўры, што вы мне далі гэтую мянушку. Бадзяй у непрытомнасці прагаварыўся. Я схіліўся над ім і чую: «Гэта ты, Эсквайр?» Ну, думаю, чалавек трызніць, дрэнь яго справы. А ён зноў: «Гэта ты, Эсквайр Рэпс?» Тут да мяне дайшло, што да чаго.

— Ну і вытрымка ў цябе, Эсквайр Рэпс? Столькі год маўчаў! — засмяяўся Плыга.

— Можна было і сёння не спяшацца,— буркнуў Чаўр.

Плыга прыціснуў яго плячо. А Рэпс сказаў:

— Не хавай сябра загадзя, начальнік Чаўр. Успомні, як ты сам яго ратаваў: і там, на Цэнтаўры, і пазней, на Гарыстай, дзе на яго напалі двуххвостыя страшыдлы. У той час ты не разгубіўся. Дык чаму табе зараз здраджваюць нервы?

— Даруйце,— прашаптаў Чаўр,— я, напэўна, вельмі пастарэў.

— Усе мы пастарэлі, начальнік Чаўр. Нават твой любімы робат Серпіён,— Рэпс паклаў сваю далонь на Плыгавы пальцы, якія ўсё яшчэ сціскалі плячо Чаўра. Гэта Артур увёў у праграму Серпіёна слова «начальнік». Ён прадбачыў, кім ты станеш.

— Вось калі ўсплываюць штукарствы нашай маладосці,— абыякава сказаў Чаўр, быццам гаворка ішла пра нешта старонняе.

— Тайнае робіцца яўным, як казалі старажытныя лаціняне,— засмяяўся Рэпс і ўжо сур езна сказаў:— Ну, хопіць. Давайце аб справе. Ты, Артур, нешта маеш?

— Надоечы ў мяне быў штурман «Аскольда», прыносіў дзённік капітана Зарапіна. Прыкладна чвэрць века таму назад, сцвярджае Зарапін, паблізу Сатурна лакатары яго карабля намацалі зямны планеталёт. Гэта была старая канструкцыя мінулага стагоддзя. Зарапін паслаў да планеталёта светлавы імпульс, але той не адказаў і неўзабаве знік з экрана.— Плыга перадыхнуў і дадаў: — Больш яго Зарапін не сустракаў.

— Я запрошваў архіў,— перапыніў Чаўр.— Сустрэча не зарэгістравана.

— Архіў рэгіструе толькі дадзеныя, якія маюць пацвярджэнне. А хто мог пацвердзіць гэта, калі Зарапін не паспеў зафіксаваць на плёнцы планеталёт?

— Можа, гэта быў грузавік? — уставіў Рэпс.

— Зарапін пазней правяраў у навігацыйным аддзеле. Ніводзін з зямных караблёў не павінен быў там знаходзіцца.

— Здань! Лятучы галандзец! — іранічна засмяяўся Чаўр.— Зарапін не паддаўся прывіду, а Бадзяй клюнуў.

— Мы нічога не ведаем, начальнік Чаўр,— спакойна сказаў Плыга.— Не будзем спяшацца з вывадамі. Бадзяй даволі вопытны касманаўт, каб памыляцца.

— Слушна, Артур,— заўважыў Рэпс.— Не будзем папракаць адзін аднаго. Думаю, аднак, без увагі выпадак з Зарапіным пакідаць нельга.

— Дзіўна...— сказаў Чаўр.

— Іншага пакуль няма,— адказаў Плыга і ўключыў лямпу.

На дварэ не сціхаў вецер. Здаецца, што гэта ноч хоча на крылах ветру ўварвацца ў асветлены пакой, каб і тут аднавіць сваё панаванне. А пакуль ёй гэта не ўдавалася — сарваць будыніну і кінуць у бездань.

— Гаварыў — збяромся ў мяне,— пацёпаў плячыма Плыга,— не захацелі. Усё вам падавай натуральнае. Эстэты, рэлятывісты праклятыя! У прастору не пускаюць, дык яны тут дэкарацыю патрабуюць. Цешцеся, каб на вас пярун з усімі яго калясніцамі!

— Ты што ўсхадзіўся? — Рэпс недаверліва пазіраў на таварыша. Ён вельмі добра ведаў яго і чакаў нейкага падману. I не памыліўся. Глянуўшы па баках, ён заўважыў у кутку столік, на якім нешта ляжала, прыкрытае белай сурвэткай.

Перахапіўшы яго позірк, Плыга ўсміхнуўся:

— 3-за вас па ўсім кантыненце прыйшлося матляцца,— ён падбег да століка, выкаціў яго на сярэдзіну і зняў сурвэтку.

На століку стаяла бутэлька старога вінаграднага віна і тры гранёныя крыштальныя кубкі.

— Мае цяперашнія сучаснікі не разумеюць яго смаку,— Плыга пляснуў па бутэльцы,— а нам, старым зямлянам, сам бог, калі ён яшчэ быў, завяшчаў выпіць за тых, хто ў прасторы.

Залацістае віно іскрылася, як згустак сонечнай плазмы.

— Дзе ты толькі здабыў гэта, штурман? — паківаў галавой Чаўр.

— Мая лоцыя не падвядзе,— Плыга ўзняў бакал,— трымайцеся мяне.

Пілі, зусім як у даўні час — не спяшаючыся, думаючы кожны пра сваё.

Паставіўшы бакалы, памаўчалі.

— Ну, хопіць,— Рэпс устаў з-за стала.— Трэба за справу брацца.

Ён гаварыў спакойна, не павышаючы голасу, нібы не шумела за сценамі бура. Чаўр і Плыга падняліся таксама, на момант убачыўшы ў ім свайго былога капітана.

— Зробім так,— Рэпс на хвіліну змоўк і нахмурыўся.— Плыга праверыць лёс кожнага карабля за апошнія... Артур, кажаш, канструкцыя была старая?.. За апошнія сто пяцьдзесят год. Чаўр вывучае непацверджаныя факты. Вось так, хлопцы. А зараз пара.

Назад Чаўр вяртаўся адзін. Сустрэча з сябрамі, асабліва ўпэўненасць Рэпса, падбадзёрылі яго. Ён яшчэ не ведаў, як гэта будзе, але ўжо верыў, што знойдзе Бадзяя. Праўда, не тым шляхам, які бачыць Рэпс. Зарапін і яго дзённік тут ні пры чым. Каб Зарапін сустрэў іншы карабель, той, пэўна, адказаў бы на яго запытанне. Нават асвоены космас па-ранейшаму дзейнічаў на чалавека сваёй неабсяжнасцю, сярод якой магутныя планеталёты былі, як пясчынкі. Не адказаць на запытанне мог толькі міраж, бо кожны касманаўт радаваўся, сустракаючы ў космасе другога.

Чаўр шкадаваў, што не нагадаў таварышам пра шырока вядомы выпадак, які адбыўся гадоў семдзесят таму назад. На Меркурыі разбіўся карабель-аўтамат. Людзей на ім не было, і таму не спяшаліся забіраць абломкі.

I вось праз некаторы час нехта з пілотаў, пралятаючы міма Меркурыя, заўважыў у прасторы паблізу ад планеты той самы карабель-аўтамат. Потым яго бачылі іншыя касманаўты. Нават былі падумалі, што карабель не загінуў, а толькі атрымаў пашкоджанні і цяпер, адрамантаваны робатамі, зноў выйшаў у космас. Але справа аказалася значна прасцейшай: у зменлівай крышталічнай атмасферы Меркурыя абрысы корпуса карабля, падсвечаныя сонечнымі праменнямі, праектаваліся на верхнім слаі. Самы звычайны зямны міраж у касмічным варыянце. Нешта падобнае мог напаткаць Бадзяй. Канешне, на сваё запытанне ён не атрымаў адказу. Падумаўшы, што адбылася аварыя, ён памчаўся ўжо за караблём.

Унізе замігцелі агні сталіцы, дзе знаходзіўся і касмічны цэнтр. Тут Чаўр і жыў, бываючы на Зямлі.

Вінталёт, робячы шырокія кругі, пачаў апускацца. Чаўр уключыў тэлесувязь. Экран успыхнуў, праз секунду на ім з’явіўся твар Шарлана.

— Што Бадзяй? — спытаў Чаўр.

— Нічога новага,— адказаў памочнік.

«Як гэта падобна на Бадзяя! — падумаў Чаўр.— Маўчыць, бо асцерагаецца атрымаць загад вярнуцца».

Работы ў Чаўра аказалася шмат. Акрамя спраў, звязаных з пошукамі, якія вяла Служба бяспекі, ён наводзіў даведкі, сустракаўся з ветэранамі космасу, звязваўся з імі па тэлесувязі.

За паўтара века бясследна не знік ніводны касмічны карабель, нават з тых, што адпраўляліся да зорак. Якім бы цяжкім ні аказаўся іх лёс, яны заўсёды знаходзілі магчымасць паведаміць аб сабе.

Ніхто з касмічных ветэранаў не пацвердзіў, што Зарапін не памыліўся. Самога Зарапіна ўжо не было сярод жывых. Усе дэталі, якія, магчыма, крыху праяснілі б справу, ён забраў з сабой.

А на другі дзень пошукаў станцыі назірання за космасам падкінулі Чаўру і яго службе новую загадку. Яны прынялі сігнал. На гэты раз, аднак, удалося дакладна зафіксаваць, адкуль ён быў пасланы: раён Сатурна. Сігнал, як і той першы, быў нешматслоўны. На той жа хвалі невядомы карэспандэнт перадаваў: «Прыцяжэнне ўзрастае».

Чаўр адчуў, што зноў нічога не разумее. Чаго іх панесла да Сатурна — да яго самога або бліжэйшых спадарожнікаў, дзе ніколі не было нават пастаянных назіральных станцый? Да таго, «Талнаху», каб апынуцца там, трэба было пакрыць некалькі мільярдаў кіламетраў: Сатурн знаходзіўся ў баку ад трасы Зямля — Нептун.

— Што будзем рабіць? — задаў Чаўр пытанне Шарлану, які займаўся арганізацыяй пошукаў.

— Я загадаў патрулям, якія базіруюцца на Ганімедзе, адправіцца бліжэй да Сатурна, узяць пад нагляд Энцэлад і Мімас,— сказаў памочнік і, нібы быў вінаваты ў гэтым, збянтэжана дадаў:— Сатурн зараз далёка ад пастаяннай пасажырскай трасы, таму там мала патрулёў.

Чаўру можна было не тлумачыць, ён ведаў гэта. Аднак ён з цікавасцю зірнуў на Шарлана: яму падабалася, што памочнік дзейнічае сам, робіць усё, што належыць. Ад прыкрай думкі, што вось, мабыць, ён скоўваў ініцыятыву памочніка, Чаўр нахмурыўся.

— Я памыліўся? — устрывожыўся Шарлан.

— Ты ўзначаліш пошукавую групу.

Шарлан кіўнуў галавой і знік з экрана відэасувязі.

Чаўр, заклаўшы рукі за спіну, пачаў мераць крокамі пакой ад акна да дзвярэй і назад. Гэта была яго даўняя прывычка, набытая яшчэ ў паходзе да Альфы Цэнтаўра. Ён не любіў спецыяльных гімнастычных практыкаванняў, якія ў пэўны час выконвалі ўсе члены экіпажа і якія памагалі падтрымліваць цела і сэрца ў нармальным стане. I ўрач параіў яму хадзіць. Гэта займала значна больш часу, але затое спадабалася Чаўру. Доўгія гадзіны, вольныя ад вахты і іншых заняткаў, ён хадзіў па калідорах, лесвіцах, мінаючы ліфты і пад'ёмнікі. Хадзіў нават па сваёй каюце. Неабходнасць хадзіць стала з часам такой жа патрэбай, як есці або спаць. Ён іншы раз, задумаўшыся, сам не заўважаў, што пачынае хадзіць па пакоі.

Адправіўшы Шарлана, Чаўр не перакладаў сваю адказнасць на плечы памочніка. Чаўрава сэрца рвалася ў прастору, дзе быў Бадзяй. Ён адчуваў бы сябе значна лепш, змяніўшы Шарлана, які мчаўся да Сатурна на хуткасным выратавальніку. Але ён не мог дазволіць сабе гэтай палёгкі. Яго месца ўсё яшчэ было на Зямлі: у лёсе «Талнаха» па-ранейшаму не бачна было нічога пэўнага.

Чаўр не ствараў новых гіпотэз, не развіваў старых, выказаных заўчора сябрамі. У святле апошніх падзей іх меркаванні здаваліся яму занадта паспешлівымі. Зрэшты, ён лічыў гэта натуральным, бо ніхто з іх не ведаў нават прыблізна, што адбылося на самай справе. Ён ведаў адно: трэба чакаць, і чакаў.

Час ад часу ўключаўся ў відэасувязь і задаваў адно і тое пытанне:

— «Талнах»?

Планеталёт не падаваў аб сабе вестак.

Потым яго выклікаў Рэпс. Чаўр убачыў яго заклапочаны, хмуры твар. Рэпс сказаў, што з аднаго патруля заўважылі на Энцэладзе нешта падобнае на выбух. На праяўленай плёнцы выразна відаць клубы пылу, якія павольна асядаюць на паверхню гэтага спадарожніка Сатурна.

— Урэзаліся,— занадта спакойна, як аб нечым, што яго не датычыць, зазначыў Чаўр.

— Што ты! — усклікнуў Рэпс.— Гэта памылка. Ты ж ведаеш, што такое Энцэлад. Пульсацыю сатурнавай атмасферы на такой адлегласці можна палічыць за выбух.

— На патрулях хлопцы дасціпныя,— сказаў Чаўр.— А потым апошняя радыёграма...

— Раней ты не верыў, што яна з «Талнаха».

— Шарлан пераканаў. Я павінен быць...

— Дазвольце ўключыцца ў размову,— прагучаў голас супрацоўніка сувязі, і праз імгненне ён дадаў:— Ажыў невядомы перадатчык. На Энцэладзе. Дубліруе музыку касмічнага маяка. Паслухайце...

Нават узмоцненая і ачышчаная ад перашкод музыка была ледзь чутная. Яна вярталася на Зямлю, як далёкае рэха.

— Каардынаты? — Чаўр падаўся да экрана.

— Супадаюць з раёнам выбуху.

Сувязіст адключыўся. Чаўр з Рэпсам зноў засталіся сам-насам.

— Дазваляю,— сказаў Рэпс.— Адпраўляйся на месца. — І раптам шырока ўсміхнуўся:— Не, гэта яшчэ далёка не ўсё. Я веру ў Бадзяя.


III

Калі Чаўр прыляцеў на Энцэлад, у Шарлана ўжо быў разбіты цэлы лагер. Ён знаходзіўся паблізу ад месца, дзе адбылася катастрофа.

— Людзі? — спытаў Чаўр.

Шарлан адвёў позірк і вінавата сказаў:

— Пакуль не знайшлі.

Чаўр не стаў удакладняць, што азначае «пакуль не знайшлі», падумаўшы, што ў памочніка было мала часу. Ён ледзь дачакаўся, пакуль яго хуткасная ракета апусцілася на пасадачную пляцоўку. Не паспелі яшчэ асесці часцінкі, што падняў рухавік ракеты, як Чаўр быў ужо ля выхаду.

— Асцярожна,— папярэдзіў пілот,— тут амаль няма прыцяжэння.

Шэры, змрочны дыск Сатурна займаў амаль палавіну неба, пасылаючы на Энцэлад скупое попельнае святло — ён шчыра дзяліўся са сваім спадарожнікам тым, што атрымліваў ад Сонца сам. Аднак і гэтага хапала, каб бачыць усё навокал. Пасадачную пляцоўку абкружалі дзікія скалы, векавыя глыбы зледзянелай атмасферы, якая некалі была і ў гэтай маленькай планеты. Чаўру здавалася, што тут зусім няма адлегласці. Энцэлад быццам абрываўся адразу за бліжэйшым таросам, як астэроід. Але Чаўр ішоў, ішоў, і блізкі краявід адсоўваўся далей і далей. Было нават дзіўна, як Шарлан здолеў сярод гэтага хаосу выбраць месца і для пасадачнай пляцоўкі, і для лагера.

Абмінаючы расколіны, Чаўр спяшаўся насустрач Шарлану.

— Дзе? — спытаў ён у памочніка.

— Вось там, у катлавіне,— паказаў Шарлан улева.

I Чаўр здзівіўся: як добра ўжо арыентуецца памочнік на тутэйшай незнаёмай мясцовасці! Даўнія падарожжы па чужых планетах ажылі ў яго памяці, быццам і не было гэтых дваццаці год з лішкам, у якія ён не пакідаў ужо сонечнай сістэмы. Чаўр адчуў лёгкую зайздрасць і сум. Некалі ж і ён пракладваў першую сцяжынку для іншых. А зараз вось яго ўжо вядзе памочнік, ахоўваючы, як важную персону, каб ён не трапіў у расколіну ці не зваліўся з абрыву.

Катастрофа адбылася ў катлавіне. Глыбокая і вузкая, яна была зусім недаступная для тых выратавальных тэхнічных сродкаў, якія меў у сваім распараджэнні Шарлан. Чаўр гэта вызначыў адразу, акінуўшы вачыма ўсю катлавіну. Рэшткі «Талнаха» ляжалі глыбока ўнізе.

— Пражэктары? — узняў галаву Чаўр.

Шарлан махнуў некаму рукой, і восем яркіх кругоў успыхнулі вакол катлавіны, а на яе дне заблішчалі рознакаляровыя абломкі некалі дакладных і прыгожых дэталей і канструкцый.

— Пайшлі! — Чаўр першы скочыў на выступ скалы.

— Вазьмі правей,— падказаў Шарлан,— там зроблены спуск.

Чаўр моўчкі збочыў, і Шарлан паспяшаўся ўслед за ім.

— Выбух быў вельмі моцны,— пачаў быў ён расказваць.

— Не трэба,— перабіў яго Чаўр,— я хачу ўсё паглядзець сам.

Калі да разбітага планеталёта засталося метраў трыццаць, Чаўр спыніўся. Не трэба было быць вялікім спецыялістам, каб здагадацца, што карабель спачатку ўдарыўся аб камяністае дно, а потым ужо ўзарваўся. Шарлан не памыліўся, кажучы пра сілу выбуху. Напэўна, усё паліва, уключаючы і аварыйны запас, распалася адначасова. Каб карабель узарваўся на раўніне, дык ці можна было б знайсці яго абломкі. Цесная і глыбокая катлавіна не дала ім разляцецца. Ды і выбух чамусьці быў гарызантальнай накіраванасці. Страшэнная тэмпература спаліла і аплавіла метал. Людзі, нават апранутыя ў самыя тэрматрывалыя скафандры, усё роўна не маглі яе вытрымаць. Чаўр зірнуў на Шарлана.

— Мы не знайшлі нікога,— быццам зразумеўшы яго думкі, сказаў памочнік.

Чаўр кіўнуў галавой і пачаў спускацца ніжэй. Тут усё выглядала яшчэ больш страшна. Сцены карабля, зробленыя з самага трывалага матэрыялу, які толькі ведалі на Зямлі, былі пагнутыя і разарваныя, знішчаны пераборкі паміж адсекамі. Замест карабля была проста груда металу. Чаўр прабіраўся паміж абломкаў, падсвечваючы сабе ліхтаром. Відовішча яго прыгнятала. Ён хацеў, і баючыся і чакаючы гэтага, убачыць астанкі каго-небудзь з экіпажа ці пасажыраў. Сляпая сіла не пакінула нічога. Усё начыста падмёў імгненны смерч.

Чаўр выбраў зручнае месца і прысеў. Хацелася сабрацца з думкамі. Катастрофы такога роду былі ўжо надзвычай рэдкія, калі не сказаць — неверагодныя. Трэба было, каб тысячы прычын, не сумяшчальных паміж сабой, раптам чамусьці спалучыліся і прывялі да гэтага выніку. Ён паспрабаваў уявіць сябе на месцы Бадзяя, і адразу паток пытанняў абрушыўся на яго. А ён спатыкнуўся ўжо на першым: што прымусіла капітана змяніць курс? Не знайшоўшы адказу, Чаўр зноў пачаў прыглядацца да гэтых абломкаў, якія, як сцвярджалі прыборы, шэсцьдзесят сем гадзін таму назад былі яшчэ «Талнахам». Ён прыглядаўся доўга — яму здавалася, што вось зараз нешта знойдзе. Не маглі ж так раптам знікнуць і людзі, і іх рэчы.

Трацячы ўсялякую надзею, Чаўр падаўся туды, дзе стаялі члены пошукавай групы. I раптам пад скручанай, як вінт, тоўстай бэлькай ён заўважыў корцік. У Чаўра ёкнула сэрца. Ён нагнуўся і выцягнуў невялічкі корцік, свой падарунак Бадзяю, калі той стаў капітанам пасажырскага касмічнага лайнера. Корцік быў зроблены з металу, які Чаўр у свой час знайшоў на Арландзе. Ён ведаў, што Бадзяй ніколі з ім не расставаўся.

— Ну і метал! — здзівіўся Шарлан, убачыўшы знаходку,— уцалеў?..

— Га? — Чаўр не адразу ўцяміў, што гаворыць памочнік. Ён пакруціў корцік, нібы шукаючы на ім нейкія знакі, і паднёс яго да Шарланавых вачэй.— Глядзі.— Ручка, зробленая з чорнага дрэва, бліснула ў пражэктарным святле.— Яна таксама вытрымала?

— Дзіва! — зазначыў нехта ззаду. Чаўр не паспеў разгледзець, хто: у скафандрах людзі былі падобныя адзін на аднаго.

— А на скале, вунь ля таго крайняга пражэктара, радыёстанцыя працуе,— зноў сказаў той жа голас.

— Як гэта я забыўся,— схамянуўся Шарлан,— тая самая, што маяк трансліруе. Юрасёва работа. Вядома, яго.

— Пакажы,— Чаўр хацеў усё бачыць на свае вочы.

Па высечаных прыступках яны хутка, пераскокваючы цэлыя метры, палезлі, як паплылі, уверх. Незаўважнае прыцяжэнне маленькай планеты хіба толькі не давала ім узляцець.

Невялікую скрыначку, якая выпраменьвала радыёхвалі, Чаўр убачыў у неглыбокай нішы. Ён пераключыў сваю перагаворную рацыю на касмічны маяк, і ў шлемафоне загучала музыка. Яна і тут была глухаватая, пранізаная дыханнем прасторы, якая ўрывалася ў перадачу шматлікімі шумамі і патрэскваннямі.

Чаўр узяў скрыначку ў рукі. Яна, відаць, не мела раней ніякага дачынення да таго, што зараз ляжала ў ёй: мініяцюрнага прыёмнічка, такога ж перадатчыка і атамнай батарэйкі. Усе гэтыя рэчы ў скрыначку нехта паклаў зусім нядаўна. Імправізаваная станцыя магла працаваць яшчэ вельмі доўга, наводзячы людзей на след незразумелай трагедыі.

— Пашукайце вакол,— папрасіў Чаўр, а сам адправіўся да сваёй ракеты. Ён адчуваў, што нервовая напружанасць вышэйшая за яго сілы.

На Энцэладзе была кароткая ноч. Чаўр зірнуў на гадзіннік. Пакуль ён быў у катлавіне, аказваецца, мінулі тры тутэйшыя ночы — на гэтай планетцы часткі сутак мяняліся надзвычай хутка.

У цемры Чаўру было лягчэй. Не прыгнятаў сваёй агромністай масай Сатурн, які, здавалася, вось зараз возьме і лізне атмасферным пратуберанцам планетку, і тады нічога не застанецца на ёй: ні абломкаў «Талнаха», ні людзей.

Чаўр ніколі не лічыў сябе баязліўцам. Ён бачыў у сваім жыцці сапраўды страшныя планеты, побач з якімі Сатурн, мусіць, выглядаў райскім месцам. I зараз на яго дзейнічаў не страх, а, відаць, нічым не апраўданая гібель «Талнаха». Ён не мог уявіць сабе, чаму Бадзяй, які раней ніколі не пасаваў перад небяспекай, раптам схібіў тут.

I яшчэ было горка ад таго, што міне некалькі гадзін, і ён, Чаўр, аддасць каманду, каб спынілі пошукі і расследаванне. Потым, вярнуўшыся на Зямлю, ён падпіша акт, складзены памочнікам. I Бадзяя ўжо не станеафіцыйна.

Цяжка соваючы ногі, нібы ўсё гэта было на Зямлі, а не на маленькім Энцэладзе, Чаўр падняўся па трапе. Азірнуўся. Вакол катлавіны рухаліся, кружыліся агеньчыкі. На скалах і крышталападобных глыбах замерзлага аміяку слізгалі светлавыя плямы, трывожачы іх спрадвечную цемру.

Чаўр прыслухаўся. Шукальнікі перагаворваліся, падказвалі адзін аднаму, дзе шукаць яшчэ. Чаўр паслухаў іх крыху і раптам падумаў, што не знайшлі нічога і не знойдуць.

Ён не памыліўся. Калі Сатурн дасягнуў зеніта, Шарлан папрасіў дазволу скончыць марныя пошукі.

Не вагаючыся, Чаўр згадзіўся.

Перад адлётам Чаўр зноў пабываў у катлавіне. Адзін. Яму хацелася развітацца з Бадзяем. Не верылася, што Бадзяй ужо нябожчык.


IV

Кватэра Чаўра была ў старым і зацішным раёне сталіцы. У той час людзі выбіралі сабе жытло бліжэй да прыроды. Вялікая колькасць дасканалых транспартных сродкаў — і агульнага карыстання, і індывідуальнага — дазваляла без асаблівых затрат часу дабірацца ў любы пункт планеты. Таму месца працы перастала ўплываць на месца жыхарства. I людзі сяліліся ў тайзе, на берагах вялікіх азёраў і мораў, выбіраючы ўмераны або гарачы клімат.

Чаўр, як і яго нямногія даўнія сябры, быў рэлятывістам, гзта значыць, чалавекам з мінулага. Адправіўшыся некалі на субсветлавым караблі да зорак, ён на дзесяцігоддзі апярэдзіў сваю эпоху, апынуўся ў будучыні. Моды, імкненні, звычкі новага часу былі яму чужыя. Ён захоўваў старое ў сабе, як успамін аб маладосці, аб людзях, якіх перажыў. Стары раён менавіта і спадабаўся яму тым, што нагадваў колішняе звычайнае гарадское жыццё — шумнаватае, бурлівае, аб’яднанае. Ён аддаваў перавагу чалавеку на вуліцы, а не на відэаэкране.

Сучаснікі лічылі гэта дзівацтвам. А ён, успамінаючы доўгія гады, замкнёныя сценамі заралёта, пустэльныя прасторы Месяца, цягнуўся да людзей. Вокны яго кватэры, што была пад дахам вышыннага дома, выходзілі на праспект. У хвіліну роздуму Чаўр любіў глядзець, як унізе праносяцца машыны, віруе людскі натоўп. I ўвесь час адчуваў, што можа і сам у любы момант апынуцца там, убачыць побач другога чалавека, перакінуцца з ім словам.

Ён жыў адзін, без сям’і. У яго не засталося нават сваякоў. Ён усім ахвяраваў дзеля космасу. Але не адчуваў цяжару ад свае адзіноты. Толькі часам хацелася быць сярод людзей.

Чаўр ведаў гэтыя хвіліны. Яны наставалі, калі нешта не ладзілася, надаралася няўдача. Калі прыходзіла вестка, што яшчэ аднаго паплечніка не стала. За доўгія гады касмічных вандраванняў ён многае перажыў, здаралася, губляў сяброў. Гэта было, урэшце, як казалі філосафы, неабходная заканамернасць. Але ён ніколі не мог прымірыцца са стратамі. I тымі, якія панёс, адпраўляючыся ў прастору, і тымі, якія патрабавала ад іх прастора.

Яшчэ больш недарэчным уяўляўся выпадак з «Талнахам». Яму не было ў чым папракаць сябе, як начальніка Службы бяспекі. Выпадак, відаць, быў такі, які не прадугледзеш загадзя. Яго можна было зразумець, толькі будучы на «Талнаху». Бадзяй не здолеў гэтага зрабіць. Тады тут поўная віна і яго, Чаўра, і Рэпса, і Плыгі. Хто-хто, а яны павінны былі правільна ацаніць цяперашняга Бадзяя, бо ведалі яго ранейшага. Можа, не трэба было давяраць яму планеталёт? Чаўр прыдзірліва перабраў усе «за» і «супраць». Не, нішто не давала яму права нават у думках задаць гэта пытанне. Бадзяй, нягледзячы на свае сталыя гады, заставаўся Бадзяем. Тым адважным і разважлівым пілотам, які не дапускаў памылак, высаджваючы першыя дэсанты на чужыя планеты, які мог рызыкнуць часам сабой і ніколі — іншымі. Дык што здарылася зараз?

Гэта пытанне Чаўр задаў і сябрам, якія прыйшлі да яго, каб даведацца пра акалічнасці гібелі «Талнаха». Вынікі работы камісіі па расследаванні былі ўжо амаль гатовыя. Шарлан, здавалася, не прамінуў ніводнай дробязі, складаючы акт. Заставалася толькі зрабіць вывады. Гэта ўжо была справа Чаўра. Ён і збіраўся яе выканаць пазней, прызначыўшы час Шарлану. Але раней хацеў абмеркаваць усё з Рэпсам і Плыгам.

Яны праглядалі здымкі. Чаўр каменціраваў, стараючыся глядзець на ўсё вачыма аб’ектыўнага чалавека, каб не навязваць сваю думку сябрам. Ён расказваў пра выгляд рэштак планеталёта, пра вызначэнне сілы выбуху, пра скрынку з імправізаванай аўтаматычнай станцыяй, пра цалюткі, непашкоджаны корцік. Ён імкнуўся перадаць толькі факты і ад гэтага непакоіўся. Быццам не сказаў нешта важнае. Ён стараўся ўспомніць гэта важнае і не мог і, нарэшце, змоўк. Калі маўчанне ўжо занадта зацягнулася, Рэпс спытаў:

— Ты што?

Чаўр растлумачыў.

Рэпс нахмурыўся.

— А ну, давай усё спачатку. Запіс захаваўся? — сказаў ён.

— У Шарлана. Я зараз паклічу яго.

Зноў яны сядзелі ў цёмным пакоі, праглядаючы здымкі. Толькі на гэты раз у пакоі гучалі запісаныя на плёнку ўсе размовы, якія вёў і чуў Чаўр на Энцэладзе.

Калі скончылі, Рэпс спытаў:

— Што-небудзь новае заўважыў?

— У чым жа супярэчнасць? — не адказаў яму Чаўр, заняты сваімі думкамі.— Ты хочаш нешта дадаць? —раптам звярнуўся ён да Шарлана, убачыўшы, што той неспакойна варухнуўся.

— Пакуль не, начальнік Чаўр.

— Начальнік, начальнік... — незадаволена чмыхнуў Чаўр і наморшчыў лоб: — А ну, яшчэ раз. Толькі запіс, з самага пачатку.

У цішыні прагучала першая фраза — словы пілота: «Асцярожна, тут амаль няма прыцяжэння».

Чаўр уздыхнуў. Няма прыцяжэння...

— А памятаеце,— ён раптам захваляваўся,— другую радыёграму?

«Прыцяжэнне ўзрастае...» Гэта ж глупства. Ай, які я дурань! Энцэлад маленькі, як астэроід, не можа нават захапіць планеталёт у спадарожнікі.

— Але магло здарыцца, што «Талнах» меў вялікую хуткасць. Успомні, якую адлегласць ён пакрыў за два-тры дні! I проста ўрэзаўся ў планетку.

— Правільна,— згадзіўся Чаўр.— Урэзацца мог, па ўласнай ініцыятыве і толькі пры ўмове, што рухавікі сапсаваліся і нельга было збочыць. Але навошта радыёграма?

— Яе пасылаў хлопчык,— сказаў Рэпс.

— Які, дарэчы, ведае будову ўсіх касмічных караблёў, законы нябеснай механікі і шмат яшчэ чаго,— загаварыў Шарлан.

— Што ты хочаш гэтым сказаць? — спыніўся перад ім Рэпс.

Не так упэўнена ўжо, крыху збянтэжаны, Шарлан запытаў:

— А чаму скрынка не разбілася і станцыя раптам запрацавала праз дзве гадзіны пасля таго, як было зафіксавана выбуховае воблака?

— Сапраўды, чаму? — ашаломлены, Рэпс абвёў позіркам сяброў.

— Многае мне ў гэтай гісторыі не падабаецца,— паківаў галавой Чаўр.— Памочнік Шарлан любіць старыя дэтэктывы, лагічныя загадкі. Супакойся, я не лічу гэта заганай. I ён па-свойму і, мне здаецца, у нечым правільна зірнуў на падзеі. Да яго сумненняў я мушу дадаць свае. Нейкая дзіўная катастрофа. Зніклі бясследна ўсе, хто знаходзіўся на борце. I ў той жа час корцік. А месца гібелі, як знарок падабранае, каб выбух быў лакальны.

— Не хочаш жа ты сказаць, што і экіпаж, і пасажыры пакінулі «Талнах» да выбуху? — спытаў Плыга.

Чаўр толькі паціснуў плячыма.

— У гэтай гісторыі не відаць канца,— сказаў ён.

Рэпс падышоў да Чаўра, паклаў на яго руку, што бязвольна ляжала на стале, сваю і параіў:

— Падпісвай акт.

Чаўр узняў вочы.

— Так. Сёння. I адразу перадай паведамленне па ўсёй сонечнай сістэме, што «Талнах» загінуў, бо быў парушаны рэжым працы рухавікоў. Тым самым будзе апраўданы выбух на Энцэладзе.

— Ну, ведаеш...— Чаўр не дагаварыў.— Гэта...

— Што ты хочаш сказаць? У нас, аднак, няма іншага меркавання,— голас Рэпса стаў жорсткім.— Знойдзем — прызнаем, што памыліліся. Ты сам лічыш, што тут шмат што не паддаецца тлумачэнню.

— Слухай, Эсквайр, ты, відаць, забыўся, у які час мы жывем,— умяшаўся ў размову Плыга.— Больш чым паўстагоддзя мінула з тае пары, як апошняя на Зямлі і ва ўсёй сістэме Цэнтральнаамерыканская рэспубліка стала на шлях сацыялістычнага развіцця. Але і да гэтага ніхто з нас нічога не чуў пра разбой, нават на Зямлі. А тут космас...

— Я нікога не абвінавачваю. Проста, калі Чаўр з Шарланам выказвалі свае сумненні, я падумаў, што лятучы галандзец існаваў у далёкім мінулым. I яшчэ я падумаў, што асабіста ведаў капітана Зарапіна. Між іншым, ты сам, штурман,— Рэпс нібы хацеў падкрэсліць, што размова ідзе зараз не паміж старшынёй Савета і яго падначаленымі, а паміж старымі сябрамі,— ты сам адшукаў запіс зарапінавага запросу невядомаму караблю, зроблены тады юпітэрыянскай станцыяй.— Рэпс памарудзіў і, змяніўшы тон, закончыў: — Таму вельмі прашу вас, начальнік Чаўр і памочнік Шарлан, уважліва праверце ўсе легенды аб знікшых караблях. Калі Зарапін сапраўды бачыў карабель, ён мог належаць толькі зямлянам. У архівах пра яго няма нічога. Але можа ў некага былі падставы маўчаць пра старт. Тады мы ўсё роўна павінны гэта высветліць, нават калі гэта не мае ніякіх адносін да «Талнаха».

— Дзіўнае заданне,— сказаў Чаўр Шарлану, калі Рэпс і Плыга паехалі.

— Я ўпершыню чую пра карабель-здань Зарапіна. Неяк не вяжацца ён з «Талнахам» у адзін трос.

— Давай падсумуем,— Чаўр злаваў.— Ні Рэпс, ні Плыга, ні я, ні нават ты не прымаем версію ўсур’ёз. Ці не так? I ўсё-такі будзем яе распрацоўваць, каб абвергнуць.

Шарлан адказаў не адразу. Ён нібы не чуў апошняй фразы. Потым задумліва сказаў:

— Ці пацвердзіць...

— Ведаеш, памочнік Шарлан, каб гэта я сказаў, мне можна было б дараваць. Я бачыў усякіх людзей, бо я старэй за цябе, напэўна, на сотню год. Але ты... Адкуль такі недавер да людзей?

— Прабач, начальнік Чаўр,— ціха адказаў Шарлан.— Мой дзед жыў у Цэнтральнай рэспубліцы. Ён не быў прыхільнікам яе ўладароў. Яго смерць была нечаканай.

— Разумею... Але гэта не павінна шкодзіць тваёй аб’ектыўнасці.

— Што ты, начальнік Чаўр!

— Веру. Думаю, паколькі гутарка ідзе пра касмічны карабель, нам трэба пабываць менавіта на тэрыторыі былой Цэнтральнай рэспублікі. Наведаем касмадромы.

Шарлан паківаў галавой.

— Ты не згодзен? — спытаў Чаўр.

— Карабель, пра які ніхто не ведае, мог узняцца толькі з тайнага касмадрома. Аднак, як мне вядома, пра такія чутак не было.

— Слушна,— згадзіўся Чаўр.— Значыць, трэба пашукаць гэты самы тайны касмадром. Вылятаем заўтра. Не, сёння ўвечары. Паспееш?


V

Двухмесны глайдар павольна плыў над Андамі. Яшчэ напярэдадні Чаўр з Шарланам намецілі гэты горны раён, дзе мог некалі быць патаемны касмадром. На здымках, якія зрабіў аўтаматычны разведчык, яны заўважылі некалькі камяністых і даволі вялікіх пляцовак, абкружаных непрыступнымі скаламі. Чаўр рашыў пабываць ля іх, пагутарыць, калі ўдасца, са старажыламі, ці не помняць яны якіх-небудзь паданняў аб стартах ракет.

Удалечыні бліснуў марскі заліў. Бухта глыбока ўразалася ў сушу. Яе берагі, вымытыя ў гарах, былі высокія і абрывістыя, як сцены небаскробаў. А крыху далей бухта, здавалася, пераходзіла ў доўгае плато — зверху яно, узгорыстае, выглядала, нібы працяг мора. Толькі хвалі яго былі нерухомыя і светла-шэрага колеру, які нагадваў бетон.

— Адна з неразгаданых загадак Зямлі,— заўважыў Чаўр, углядаючыся ў плато. Ён спыніў і без таго амаль не заўважны рух глайдара. Апарат павіс, як прымацаваны да неба.— У дваццатым веку тут шукалі сляды касмічных прышэльцаў.

— Недзе тут загінуў мой продак.

— Хто ён быў? Раскажы мне.— I, нібы просячы прабачэння за сваю назойлівасць, Чаўр дадаў: — У час найбольш бурных падзей, што прывялі да змены ладу ў Цэнтральнай амерыканскай рэспубліцы, я знаходзіўся далёка адсюль.

— На Гарыстай,— адазваўся Шарлан.— А мяне гады яшчэ не было наогул. Аднак я ведаю. Гэта ж радзіма маіх бацькоў. Дзеду, калі ён загінуў, было столькі год, колькі мне сёння. Але я чамусьці ўяўляю яго старым, з шырокай сівой барадой. Гэта ў мяне, напэўна, ад старых кніжак. Там, калі дзед, дык абавязкова з барадой.

Шарлан змоўк, задумаўся. Чаўр зрушыў з месца глайдар, і яны зноў паплылі ўглыб гор.

— Дзед быў спецыялістам па ядзерных рухавіках. Улады Цэнтральнай рэспублікі не абменьваліся з суседзямі навуковымі дасягненнямі. Таму зразумела, як патрэбны ім былі ўласныя канструктары — яны ні ў чым не хацелі адстаць ад вас. Канечне, гэта былі дарэмныя патугі. Эканоміка, абумоўленая адсталым рэакцыйным ладам, адарваная ад астатняй Зямлі, не магла забяспечыць поспех у асваенні Космасу. Іх караблі, як ты ведаеш, далей Марса не заходзілі.

— Ім прапаноўвалі супрацоўніцтва,— уставіў Чаўр.— Прынамсі, у нашу экспедыцыю мы запрашалі вучоных Цэнтральнай рэспублікі.

— Ведаю, адмовіліся, як высветлілася пазней, забараніў урад. А ў заяве, апублікаванай тады, гаварылася, што хутка караблі Цэнтральнай рэспублікі накіруюцца да зорак. Хадзілі чуткі, што нібыта мой дзед дабіўся высокага каэфіцыента ядзернага распаду рэчыва, а гэта давала магчымасць значна павялічыць хуткасць і разам з тым намнога зменшыць колькасць неабходнага запасу паліва. Задуму не ўдалося ажыццявіць. Дзед, які кіраваў работамі, загінуў. Разбіўся рэактыўны самалёт.

— Ён загінуў адзін? — спытаў Чаўр.

— Разам з усімі памочнікамі. Работы па стварэнню рухавікоў спыніліся. Гатовы касмічны карабель, амаль поўнасцю аснашчаны для дальняга і працяглага палёту, не змог адарвацца ад Зямлі.

— Цікава,— Чаўр павёў глайдар на пасадку.— Яны звычайна вельмі бераглі сваіх спецыялістаў. А тут загінула столькі, ды яшчэ якіх людзей! Між іншым, як мне помніцца, гэта адзіны няшчасны выпадак. Рэспубліка не мела дасканалай касмічнай тэхнікі, гэта праўда. Але зямная была на вельмі высокім узроўні.

— Ты хочаш сказаць...— Шарлан не дагаварыў, ашаломлены вывадам свайго начальніка.

— Нічога я пакуль не хачу сказаць, хаця не выключаю, што яны камусьці заміналі і іх проста прыбралі з дарогі. Ты ж сам гаварыў, што твой дзед не вельмі шанаваў тагачасных уладароў краіны,— адказаў Чаўр. I тут жа здзівіў Шарлана новым паваротам думкі: — Гэта было, здаецца, за два гады да падзення ўрада Цэнтральнай рэспублікі. Так? Задам я адно пытанне статыстычнаму архіву. Якое? Вось паслухай. Будаўніцтва заралёта — вялікая нагрузка на эканоміку. Яна не магла прайсці бясследна і, напэўна, адлюстравана ў розных справаздачах і зводках. А пакуль прыйдзе адказ, мы паходзім тут. Вунь даліна. 3 яе можна пехатою дабрацца да плато.

Густы лес, што пакрываў схілы гор, хаваўся ў паднябессі, ахутаны шызай смугой. Сюды, у глыбокую даліну, не пападалі вятры, і лес стаяў спакойны, нерухомы. Ніжнія дрэвы ўжо былі крануты блізкай восенню — там-сям на іх пракідалася пажоўклае лісце, вышэй зеляніна была сакавітая, як аксаміт; а на самым версе аж сіняя — там быў пояс хвойных.

Чаўр і Шарлан спыніліся, уражаныя спрадвечнай цішынёю.

— Аказваецца, ёсць яшчэ на Зямлі такое хараство,— сказаў Чаўр.

Шарлан стаяў, ціха ўсміхаючыся. Пачуўшы Чаўра, схамянуўся, спахмурнеў.

— Тут была рэзервацыя.

— Што? — перапытаў Чаўр.

— У космасе іх не сустрэнеш,— сумна адказаў Шарлан.— Гэта слова не з лексікону астралётчыкаў. Дый, наогул, людзі ўжо забылі яго. Можа і я не ведаў бы, што яно азначае, каб не дзед. У рэзервацыі жылі абарыгены гэтай зямлі, рэшткі старажытных плямёнаў інкаў, якіх да таго часу новыя гаспадары не паспелі канчаткова знішчыць. Калі перамог народ, інкі атрымалі, нарэшце, роўныя правы. Але іх засталося ўжо мала. Яны павыязджалі з гэтага цудоўнага месца, якое ненавідзелі і праклялі.

— А я лічыў, што сустрэну тут каго-небудзь...— збянтэжана сказаў Чаўр.

— Наўрад. Аднак пойдзем. Нам усё роўна трэба падняцца на плато. Пойдзем пеша. Не часта бывае...

Яны пайшлі нацянькі праз лес, выбіраючы радзейшы зараснік — відаць, некалі тут былі або прасекі, або дарогі. Неўзабаве выбраліся на паляну. У свой час, напэўна, тут знаходзілася паселішча: калі Шарлан разварушыў адзін з курганчыкаў, якіх навокал было нямала, ён знайшоў чарапкі глінянага посуду, нейкія іншыя не вядомыя яму рэчы.

— I гэта побач з касмічнымі караблямі! — абурыўся Чаўр.

Шарлан, для якога ўсё гэта было няновае, толькі паціснуў плячыма: маўляў, чаго можна было чакаць яшчэ ад уладароў Цэнтральнай рэспублікі.

— Не разумею,— не супакойваўся Чаўр,— як людзі ўсёй Зямлі маглі дапусціць, каб побач з іх светлым жыццём існавала такая няроўнасць і несправядлівасць.

— Старое ў Цэнтральнай рэспубліцы трымалася даўжэй. На тое былі свае прычыны,— растлумачыў Шарлан.— У іх, увогуле, быў досыць высокі ўзровень жыцця, магутная прапагандысцкая машына і не менш магутны паліцэйскі апарат, які жорстка караў незадаволеных.

Вышэй ад паселішча ў абрывістай гары віднеліся пячоры.

— Засталіся з даўніх часоў. Калісьці служылі жытлом,— сказаў Шарлан, убачыўшы, што Чаўр паглядае на іх з цікавасцю.

— Можа — паглядзім? — падыходзячы да пячораў, папрасіў Чаўр.

Гэта былі своеасаблівыя музеі мясцовых жыхароў. Аб гэтым Чаўр з Шарланам падумалі адразу, зайшоўшы ў першую з іх. На сценах было шмат малюнкаў — і вельмі старажытных, калі з каменнай сякерай чалавек паляваў на рагатага быка, і больш навейшых, калі невядомы мастак, упершыню ўбачыўшы самалёт, перанёс свае ўражанні на закамянелую гліну. Малюнкі ў кожнай пячоры адрозніваліся сюжэтамі, манерай выканання: яны належалі розным людзям.

— Пойдзем. Забавіліся...— прапанаваў Шарлан, калі яны выйшлі з дзевятай ці дзесятай пячоры.— Усюды — адно і тое.

— Ай-яй-яй, таварыш даследчык,— пажартаваў Чаўр,— а яшчэ гісторык! Не, давай ужо да канца агледзім. Тым болей — іх засталося тры...

У адной з іх у цемнаватым кутку Чаўр убачыў невыразны малюнак. Быццам нехта спачатку намаляваў, потым вырашыў, што сюжэт не варты ўвагі. Чаўр запаліў ліхтар. На сцяне, падсвечанай знізу, былі відаць абрысы трох... касмічных караблёў. Нацэленыя ўвышыню, яны ўжо адарваліся ад Зямлі. Яшчэ імгненне, і яны пакінуць за сабою толькі вогненны след...

Чаўр і Шарлан выйшлі з пячоры, уражаныя знаходкай. Малюнак быў невыпадковы. Аўтар недзе бачыў тры касмічныя караблі, інакш ён не нанёс бы іх на сцяну.

— На якім касмадроме ён пабываў? — Чаўр сказаў уголас тое, пра што думаў і Шарлан.

— Можа, па тэлебачанні? Іх жа з рэзервацыі не выпускалі.

— А калі на плато? — Чаўр паказаў на горы.

— Задачка...— адказаў Шарлан.— Згодна з усімі дадзенымі, тут ніколі не было касмадрома.

На плато яны паспелі да захаду сонца. Чаўр даў па радыё загад аўтапілоту прывесці туды глайдар: абысці ўсю гэту вялікую плошчу было немагчыма. Са стометровай вышыні плато выглядала ідэальнай пляцоўкай для любога касмадрома — роўнае, як выбрукаванае агромністымі каменнымі плітамі. У чаўравай памяці зноў ажылі легенды аб зорных прышэльцах, якія быццам бы будавалі тут сабе стартавую пляцоўку. Ён пашукаў вачыма. Недзе павінен быў быць славуты храм, высечаны ў чырвоных скалах. Ага, ёсць! Час пакінуў толькі руіны. Але не наведаць хоць бы іх, маючы выпадак, будзе недаравальна.

Замігцеў індыкатар на прыборнай дошцы глайдара. Фіялетавы агеньчык успыхнуў, заярчэў і пачаў гаснуць. Чаўр павярнуў глайдар назад. Зноў агеньчык стаў яркі, як маланка.

— Рэшткі бетараспаду...— гэта Чаўр ведаў.— А над якім палівам працаваў твой дзед? — звярнуўся ён да Шарлана.

— Даліся табе ў знакі малюнкі,— засмяяўся Шарлан.— Выпраменьванне ў такіх нязначных дозах можа быць натуральнае.

— Ты не адказаў на пытанне.

— Ён навучыўся расшчапляць любое рэчыва, калі гэта цябе цікавіць.

— Між іншым, крыніц выпраменьвання тры,— забыўшыся ўжо на сваё пытанне, сказаў Чаўр.— Я не здзіўлюся, калі неўзабаве ўбачу элінгі.— Сустрэўшы недаверлівы позірк таварыша, усміхнуўся: — Калі памыляюся, згодзен больш ніколі не пакідаць Зямлю.

Наведанне храма і пошукі прыдуманых Чаўрам элінгаў прыйшлося, аднак, адкласці. Сонца ўжо схавалася ў моры, і змрок, які даўно панаваў у даліне, разам з туманам прыпоўз на плато. Чаўр і Шарлан вярнуліся дадому.

Іх чакалі ўжо матэрыялы статыстычнага архіва. Звесткі, каб не было ранейшых знаходак у пячоры і на плато, вельмі здзівілі б Чаўра. Паводле самых мінімальных дадзеных, у той час у Цэнтральнай рэспубліцы адначасова будаваліся чатыры караблі — столькі выдаткавалася каштоўных матэрыялаў і сродкаў немаведама на якія мэты.

— Ты і зараз не хочаш паверыць мне? — Чаўр паказаў разлікі Шарлану.

— Быць табе да скону касмічным бадзягам,— засмяяўся Шарлан.— Але як ты дадумаўся?

— А што было рабіць? Твае любімыя дэтэктывы сцвярджалі: калі няма прамых доказаў, шукай ускосныя. Баюся толькі, што, нават знайшоўшы прамыя доказы, мы не наблізіліся б да свае асноўнае мэты. А час ідзе.

На світанні на плато была ўжо вялікая пошукавая група. Яе выклікаў Чаўр. Пакуль яна абследавала плато, ён разам з шукальнікамі павярнуў да храма. Нават разваліны яго мелі велічны выгляд. Тоўстыя сцены, высечаныя з чырвонага прыбярэжнага каменя і немаведама як дастаўленага сюды, на завоблачную вышыню, былі фантастычныя, як сама легенда, што ўславіла іх. На адным кавалку Чаўр убачыў рэшткі таго таямнічага календара, што так і застаўся неразгаданым. Рытм якой планеты данёс ён да людзей? А можа гэта быў зусім і не каляндар, а нешта іншае, вядомае толькі творцу і яго сучаснікам? Чаўр адчуў, што хвалюецца, быццам ён ходзіць не па Зямлі, а ў складзе касмічнага дэсанта высадзіўся на чужую планету. Бо ўсё наўкол успрымалася надзвычай ясна, нават абвострана. Нібы яму сапраўды трэба ўстанавіць, што гэта за пабудова і што з ёй сталася. I разам з тым, яго цікавіла, чаму трывалыя сцены, перажыўшы стагоддзі, раптам абваліліся. Ён загадаў шукальнікам: «Загляніце пад руіны». I стомлены, як пасля працяглай напружанай працы, адышоў.

Неўзабаве Чаўру паведамілі, што пад абломкам калоны знойдзены лаз. Чаўр не здзівіўся: які гэта храм без патаемнага хода? Аднак з гэтым ходам ён звязваў іншыя спадзяванні: верыў пячорнаму малюнку.

— Пачакайце, я пайду сам,— сказаў Чаўр і спытаў:— Дзе Шарлан?

Яму адказалі, што яшчэ не прыбыў. Чаўр падумаў, што, відаць, пільная справа затрымала памочніка, і пайшоў адзін. Лаз быў вузкі — каменны калодзеж з прыступкамі-выступамі. Апусціўшыся метраў на дзесяць, Чаўр пасвяціў ліхтаром. Аслізлыя сцены хаваліся недзе глыбока ўнізе. Было падобна на тое, што гэтаму калодзежу столькі ж гадоў, як і самому храму.

Чаўр павёў ліхтаром. Жоўты промнік пабег па сценах, пераскокваючы з аднаго каменя на другі, слізгануў уніз. Дна не было відаць, яно знікла ў вечнай цемры. Чаўр павесіў ліхтар на пояс, тузануў за трос, даючы знак угару, што ў яго ўсё ў парадку, і палез далей. Ён ставіў ногі асцярожна, каб не аступіцца на пакрытых цвіллю выступах, і ўсё-такі не разлічыў. Пад нагамі вынікла пустата, ён праваліўся ўніз, адчуваючы, што павіс на тросе. Але раней, чым трос нацягнуўся, нага зноў стала на нешта цвёрдае. Каб не паслізнуцца яшчэ раз, Чаўр пасвяціў сабе. I аж крыкнуў: ён стаяў ля ўвахода ў тунель, які ішоў ад калодзежа. Чаўр адразу здагадаўся, што тунель зроблены значна пазней. Гэта быў ход, па якім, не нагінаючыся, маглі ісці два ці тры чалавекі.

Чаўр мінуў некалькі паваротаў, зробленых, напэўна, для светамаскіроўкі, і апынуўся ў прасторнай галерэі. Цьмяны прамень прабег па голых сцеках і спыніўся на невялікім пульце. Некалькі цыферблатаў глядзелі на Чаўра мёртвымі вачыма. Побач быў шчыток з выключаным пускальнікам. Чаўр перадаў на паверхню, каб людзі адышлі далей, і, счакаўшы, уключыў яго. Нічога, аднак, не адбылося. Тады ён уважліва агледзеў энергападводы. Яны былі абсечаныя.

Здагадка прамільгнула ў Чаўравай галаве. Па яго просьбе шукальнікі прыцягнулі электракабель і падключылі яго да шчыта. Чаўр зноў уключыў пускальнік. У галерэі ўспыхнула святло. Чаўр агледзеўся. Сям-там столь і сцены ўжо абсыпаліся. Шматгадовы пласт пылу пакрыў і некалі чорную паверхню пульта.

Чаўр націснуў кнопку, якая, відаць, павінна была даваць сілкаванне прыборам. Ён не памыліўся: цыферблаты засвяціліся, недзе ўнутры, набіраючы сілу, заспявала рэле. Побач з першай была яшчэ адна кнопка, толькі адна, і Чаўр, не ўтрымаўшыся, націснуў пальцам на яе. Унутры пульта нешта пстрыкнула і... сціхла. Чаўр паглядзеў на цыферблаты, дзівячыся, як папаўзла ўправа стрэлка паказальніка адбору магутнасці. I раптам у дынаміку сувязі з паверхняй пачуўся голас Шарлана.

— Начальнік Чаўр, я ледзь не зваліўся па тваёй міласці ў тартарары...

Потым варухнулася бакавая сцяна, і яркае сонечнае святло ўварвалася ў галерэю. Аслепленыя, Чаўр і яго памочнікі не адразу разгледзелі, што знаходзяцца ў агромністай зале і што над імі, нібы палавінкі дзвярэй, раскрылася столь.

— Гэта элінг, начальнік Чаўр! —данеслася да Чаўра. I ён зноў адчуў незвычайную стому. Сумненняў больш не засталося. Тут збіралі касмічныя караблі, адсюль яны паднімаліся на паверхню, пераходзілі на плато і стартавалі... Таямніча... Невядома куды...

Чаўр не адразу зразумеў, што побач прысеў Шарлан. Падумаў, што варта было б папытаць, дзе ён знаходзіўся зранку, і не сказаў нічога. Урэшце, яны ўжо выканалі даручэнне Рэпса. I цяпер, калі іх справа скончана, хай ёй займаюцца іншыя, а яму трэба шукаць Бадзяя.

— Ты спіш, ці што? — Чаўр адчуў, што Шарлан трасе яго за плячо — Караблі адправіліся да Сатурна.

— Жартуеш?!

— Наведаў маці,— расказаў Шарлан.— У яе, аказваецца, захавалася тое-сёе з дзедавых нататкаў. У адным месцы ён упамінае, што малыя спадарожнікі Сатурна раптам зацікавілі тэарэтыкаў касмічных палётаў. Гэта чамусьці захоўвалася ў вялікай тайне, і дзед даведаўся пра яе выпадкова. Праз некалькі дзён загінуў. Можа і загінуў цераз гэта. Зараз я ўсё магу дапусціць. Нават, што гібель «Талнаха» мае дачыненне да таго самалёта.

— Даліся вам у знакі гэтыя невядомыя касмічныя гангстэры! — Чаўр не пагаджаўся з думкай памочніка: —Хутчэй, гэта нешта сапраўды накшталт варыянта лятучага галандца. Гэта я магу яшчэ дапусціць. Толькі, замест здані, Бадзяй убачыў касмічны карабель. Магчыма, у ім ужо нежывы экіпаж. I блукае гэты карабель у прасторы, як астэроід. Мы, вядома, павінны яго адшукаць, каб гісторыя не паўтарылася.

— На Энцэладзе?

— Напэўна, бліжэй. У прасторы. А можа...— Чаўр быццам хацеў нешта ўдакладніць, але перадумаў: — А можа, і не на Энцэладзе. Там нічога не было, мы ўжо шукалі.

— Я выбраў бы Мімас,— раптам уставіў Шарлан.— Людзі пра яго даўно забыліся. А, дарэчы, тыя караблі накіроўваліся ў раён Сатурна. Дзе, як не на яго забытым спадарожніку, лепш за ўсё хавацца зданям, калі яны існуюць на самай справе? Не разумею толькі — навошта?


VI

Пасажырскі планеталёт «Талнах» мінуў арбіту Юпітэра. Гэта падзея, аднак, прайшла для пасажыраў незаўважна. Яны не кідаліся да ілюмінатараў, не прасілі месца ля тэлескопаў. Усе, нават навічкі, ведалі, што на трасе іх палёту на многія-многія мільёны кіламетраў наўкола — пустынны космас, чорны, маўклівы і аднастайны. Ён ужо не выклікаў цікаўнасці, як у першыя дні, калі ўсё — і на планеталёце, і за бортам — здавалася новым і незвычайным. Пасажыраў больш вабілі спецыяльныя гадзіны бязважкасці, якія давалі магчымасць па-сапраўднаму адчуць сябе ў космасе, фільмы, знятыя астралётчыкамі ля чужых зорак і якія нібы рабілі іх удзельнікамі смелых дэсантаў, і, нарэшце,— прагулкі па шматлікіх карабельных галерэях, ля адсекаў, куды быў забаронены ўваход, што само па сабе было незвычайна і несла ў сабе элемент касмічнай экзотыкі.

3 сямідзесяці пасажыраў толькі адзін меў іншы інтэрас. Гэты адзін быў Юрась Батура. Фільмы ён глядзеў яшчэ на Зямлі і ведаў усё да дробязі, на памяць. У будове планеталёта ён не знаходзіў нічога цікавага — ён ведаў, як зроблены заралёты. Юрась быў адзіным пасажырам, які мог доўгія гадзіны сядзець нерухома ў рубцы побач з дзяжурным пілотам і гэтак жа, як ён, неадрыўна сачыць за прыборамі. Юрась нікому не перашкаджаў, і яму дазвалялі заходзіць і ў ходавую рубку, і ў штурманскую залу, дзе на ўсю сферычную сцяну заўсёды былі адкрыты ілюмінатары, а на вялікай карце Сонечнай сістэмы бліскучай лініяй з караблікам на канцы адзначаўся шлях «Талнаха».

I ў той час, калі перасякалі арбіту Юпітэра, Юрась быў у штурманскай. Убачыўшы, як караблік насунуўся на пункцір, што на карце азначаў нябесны шлях Юпітэра, Юрась саскочыў з крэсла, у якім звычайна ціхенька сядзеў, і запляскаў у далоні.

— Толькі не крычы ўра,— засмяяўся штурман.

Юрась збянтэжыўся і выслізнуў з залы. Яму стала ніякавата, што не стрымаўся. Ён ужо хацеў быў пайсці ў сваю каюту, але падумаў, што пілот не ведае пра гэты яго ўчынак, і падаўся ў рубку. Ён паспеў. Капітан карабля Бадзяй і пілот са здзіўленнем глядзелі на экран лакатара: там узнікалі абрысы карабля. Гэта быў нейкі свой карабель, ён пасылаў звычайныя імпульсы. Невядома толькі, як ён тут апынуўся.

— Зараз даведаемся,— сказаў Бадзяй і выклікаў радыста.

Паслаць запытанне не паспелі. Незнаёмец светлавымі сігналамі паведаміў, што ў іх сапсавалася рацыя і выйшла са строю рэгенерацыйная ўстаноўка.

— Патрэбна дапамога? — гэтак жа светлаграмай запытаў Бадзяй.

— Так,— адказалі з карабля.— Мы падыдзем да вас.

Адлегласць паміж абодвума планеталётамі паменшылася, і Юрась убачыў на экране, як выглядае карабель. Хлопчык здзівіўся і, падбегшы да Бадзяя, закрычаў:

— Старая чарапаха! Старая чарапаха!

Бадзяй зірнуў на экран і ўсміхнуўся. Карабель быў сапраўды старой канструкцыі. Такія будавалі ў мінулым стагоддзі, калі ён, Бадзяй, разам з Рэпсам, Чаўрам і Плыгам адпраўляліся ў свой першы палёт да зорак. Здаецца, пазней гэтыя караблі так і празвалі «чарапахамі». А ўголас пагадзіўся з хлопчыкам:

— Ну і пасудзіна!

— 3 якога музея яе выцягнулі? — спытаўся пілот.

Тым часам сустрэчны карабель падышоў зусім блізка. Яго камандзір перадаў просьбу:

— Дазвольце наведаць вас.

Бадзяй запрасіў і адкрыў ілюмінатары. Карабель вісеў побач, якіх-небудзь дваццаць-трыццаць метраў аддзялялі яго ад «Талнаха». Бадзяй крыху ўстрывожыўся: «Звар'яцелі яны там, ці што? Гэтак і сутыкнуцца можна!»

— Капітан,— падаў голас па ўнутранай сувязі радыст,— эфір зусім маўчыць.

— Не можа быць.— Не паверыў Бадзяй.— Трэба ж паведаміць, што мы сустрэлі карабель.

Юрась, які сядзеў у кутку, незаўважна для астатніх, выцягнуў з кішэні маленькі прыёмнічак. Гэта была яго ўласная канструкцыя, і яму вельмі захацелася зараз паздзекавацца з карабельнага радыста. Прыёмнічак яшчэ ніколі не падводзіў. Праз усё падарожжа прымаў станцыі Зямлі, Марса, Нептуна. Але як Юрась ні круціў верньеры настройкі, ніводны гук не варухнуў мембрану. Эфір, сапраўды, як знямеў.

А госці ў гэты момант уваходзілі ў рубку. Яны выглядалі так, быццам сышлі са старой карціны. Нязграбныя скафандры з адкінутымі назад гермашлемамі, паголеныя галовы, за поясам промневыя пісталеты. Юрась аж скалануўся ад захаплення і здзіўлена паглядзеў на Бадзяя, які раптам нахмурыўся. Не адрываючы вачэй ад прышэльцаў, капітан запытаў у радыста:

— Сувязь ёсць? — і звярнуўся да іх.— Як пра вас паведаміць?

— Не турбуйцеся, капітан,— з усмешкай сказаў адзін з іх.— Мы для Зямлі не існуем.

— Сувязі няма,— паведаміў радыст.

Бадзяй устаў, накіроўваючыся да выхаду.

— Не турбуйцеся, капітан,— паўтарыў прышэлец і паклаў руку на пісталет.— Ваш «Талнах» абкружаны сілавым полем. Рацыя тут ні пры чым.

— Што гэта значыць? — больш здзіўлена, чым абурана, запытаў Бадзяй.

— Нам патрэбны ваш планеталёт, вашы касцюмы, прыпасы і, наогул, вы самі,— адказаў прышэлец. Потым нешта буркнуў двум другім сваім спадарожнікам, і тыя выйшлі. Напэўна, ён быў іх начальнікам.

— Вы жартуеце? — Бадзяй сеў у сваё крэсла, а Юрасю здалося, што ён сціснуў кулакі і, каб гэта не заўважылі, схаваў іх пад сталом.

— Нам зараз, як і вам, думаю, капітан, не да жартаў.

Тым часам вярнуліся тыя два і прывялі з сабой радыста «Талнаха».

— Так будзе болей надзейна,— сказаў начальнік няпрошаных гасцей.— А то ў нас энергія не лішняя, каб доўга захоўваць поле.

Ён нешта гаварыў яшчэ, але Юрась не слухаў. Адна думка завалодала ім і не давала спакою: ён зразумеў, што адбылося нешта вельмі непрыемнае, іх «Талнах» паланілі, ці што, і ніхто ва ўсёй сістэме пра гэта не ведае і можа не ўведаць. У Юрася аж мурашкі папаўзлі па спіне: было і цікава, і адначасова страшна. Але ён, Юрась, можа абхітрыць гэтых людзей, бо ў яго кішэні ёсць не толькі прыёмнічак, а і такі ж маленькі перадатчык. Яны ж ужо знялі ахоўнае поле, значыць, сігнал вырвецца адсюль.

Юрась агледзеўся. Ніхто на яго не звяртаў увагі. Ён уціснуўся ў вялікае крэсла. Нахіліўшыся, далучыў перадатчык да карабельнай антэны і пачаў гаварыць у малюсенькі, як булавачная галоўка, мікрафон: «Нас захапілі піраты са старой чарапахі, якая не мае назвы...»

Грозны вокліч адарваў Юрася ад перадатчыка. У рубцы зноў нешта рабілася. Начальнік піратаў,— Юрась яго назваў ужо сабе так,— аддаваў рэзкія і незразумелыя каманды. Яго людзі выбеглі ў калідор, а тыя, што засталіся, пачалі абшукваць пілота, радыста, накінуліся на Бадзяя.

Капітан варухнуў плячыма, і яны адскочылі ўбок.

— Я буду страляць,— папярэдзіў старэйшы і навёў на Бадзяя пісталет.

Капітан развёў рукі, паказваючы, што ў яго касцюме кішэняў няма.

— На «Талнаху» запрацаваў перадатчык,— не выпускаючы зброю, рас-тлумачыў старэйшы.— Дарэмная спроба. Мы своечасова хапіліся. Поле зноў дзейнічае.

Юрась ледзьве не заплакаў ад крыўды.

Пачалі вяртацца астатнія чужынцы. Яны нешта сказалі, і старэйшы спахмурнеў. Нарэшце вярнуўся апошні. Старэйшы ўстаў, абвёў вачыма рубку і заўважыў Юрася. Не рухаючыся з месца, ён пальцам паклікаў хлопчыка. Як зачараваны, не маючы сілы адарваць позірку ад халодных і пустых вачэй гэтага чалавека, Юрась паслухмяна злез з крэсла і пайшоў да яго. Бадзяй ірвануўся з месца.

— Спакойна, кэп! — зусім як у старым прыгодніцкім рамане, сказаў чужынец і загадаў хлопчыку: — Выверні кішэні.

Юрась не апамятаўся, як пірат ударыў яго і вырваў з рук перадатчык. Ударыў бы яшчэ, каб не засланіў Бадзяй. Маленькі перадатчык, якім так Юрась ганарыўся, круцілі ўжо чужыя, злосныя рукі.

— Капітан, сабярыце пасажыраў. Я растлумачу ім сітуацыю. Нам няма часу бавіцца.

Юрась думаў, што Бадзяй адмовіцца, і са страхам чакаў, што будзе тады. Аднак капітан паглядзеў на штурмана, потым на пілота і, пагладзіўшы Юрася па галаве, раптам сказаў:

— Я падпарадкоўваюся сіле. Але папярэджваю, законаў супраць разбою ніхто не адмяняў.

— У нас свае законы, кэп,— адказаў пірат і злавесна ўсміхнуўся. У Юрася аж пахаладзела ўсярэдзіне.

Прамова касмічнага пірата была кароткая. Юрасю яна запомнілася слова ў слова. Ён сказаў, што яны перасяленцы з Зямлі і ў космасе знайшлі сабе новую, лепшую і справядлівейшую, радзіму. Зямляне ім не даюць жыць, як яны хочуць. Таму ім прыйшлося, каб папоўніць свае запасы і атрымаць новую тэхніку, захапіць зямны планеталёт. Яны, аднак, не лічаць гэта злачынствам. Іх высокая мэта дае ім права на гэта.

— Што такое — высокая мэта? — шапнуў Юрась Бадзяю, які ўсё яшчэ трымаў яго на руках.— Чаму яна дае ім права?

— Пасля, пасля, мой хлопчык. Яны не збіраюцца нас адпускаць...

Быццам у пацвярджэнне бадзяевых слоў, начальнік чужынцаў сказаў:

— Мы бярэм вас усіх на сваю планету. Вы можаце далучыцца да нашага незалежнага жыцця.

— Гэта мы яшчэ паглядзім,— скрозь зубы прамовіў Бадзяй.

— Капітан, запрашаю вас на свой карабель. Вы адмаўляецеся? — чужынец, здавалася, быў здзіўлены і пакрыўджаны такой няўдзячнасцю.— Дарэмна. Вы будзеце мець камфорт, які належыць вам па чыну. А-а, разумею. Капітан хоча падзяліць лёс свайго планеталёта. Цаню рамантычнасць. Але дазволіць не магу.

Прышэльцы забралі з сабой усіх, хто ляцеў на «Талнаху». На месцы пілота і штурмана селі маўклівыя навігатары з чужога карабля.

Пакуль зменьваўся экіпаж, Бадзяй паспеў адшпіліць ад пояса корцік. Аддаючы яго Юрасю, сказаў:

— Падарунак майго лепшага сябра.

— Чаўра? — успыхнуў Юрась.

— Яго. Ён будзе шукаць нас. Аддасі яму,— і Бадзяй усміхнуўся Юрасю, як роўнаму.

Юрась не заплакаў, калі яго забіралі на чужы карабель. Ён трымаўся, бо хацеў быць такім жа мужным, як капітан Бадзяй.

Яшчэ раз Юрась убачыў «Талнах» на нейкай планеце. Яна была зусім блізка ад Сатурна. Юрась пазнаў славутае колца. Іх вывелі з карабля, і яны стаялі на волі, здавалася, бездапаможныя перад магутным Сатурнам, які пагражаў прыціснуць іх да голай, няветлай паверхні. Людзі захваляваліся, заварушыліся. Але яны не маглі нават паскардзіцца адзін аднаму — іх рацыі былі знятыя. Чужынцы ўзнялі пісталеты і павялі іх некуды далей.

Ісці было лёгка, як на планеталёце ў час бязважкасці, толькі ногі раз-пораз чапляліся за каменні і абломкі скал. Іх прывялі ў нейкую глыбокую пячору. Яны сядзелі маўклівыя, разгубленыя. Юрась шукау вачыма капітана і не знаходзіў. Яго, напэўна, з імі не было. Начальнік гэтых піратаў не дазволіў капітану быць разам са сваімі.

Моцны штуршок скалануў пячору, са столі паляцелі каменні. Але шкоды не прычынілі. На гэтай малой планеце была невялікая сіла цяжару.

Зямлян не выпускалі з пячоры некалькі гадзін. Юрась стаміўся, захацеў есці. Назад іх вялі іншай дарогай. I вось, ідучы міма якойсьці катлавіны, яны ўбачылі груду абломкаў. Зямляне пазналі свой «Талнах», усхваляваныя, уражаныя, спыніліся над высокім абрывам. I тады Юрась падумаў, што Чаўр абавязкова знойдзе гэтыя рэшткі. Ён падбег да канваіра і пачаў жэстамі паказваць, што яму трэба ўніз. Канваір, відаць, не зразумеўшы, махнуў рукой, і Юрась пабег. Азірнуўшыся, ці не сочыць хто за ім, ён адшпіліў Бадзяеў корцік і кінуў яго ў груду абломкаў.

Канваір ні аб чым не здагадаўся. Перад пасадкай у карабель ён пералічыў зямлян. I хутка яны зноў, напэўна, узняліся ў космас (ілюмінатары ў іх памяшканні былі задраеныя), бо Юрась адчуў перагрузку, якая ўзнікае пры ўзлёце. А можа, яму гэта толькі здалося? Калі іх неўзабаве вывелі з карабля зноў, вакол была быццам бы тая ж самая прырода, толькі не вісеў у небе Сатурн.

Аднак пячора, куды зямлян прывялі на гэты раз, мела іншы выгляд. Як толькі яны зайшлі, з бакоў высунуліся тоўстыя пліты і ўваход зачыніўся. Потым успыхнула святло: пад нізкімі скляпеннямі віселі цьмяныя электрычныя лямпачкі.

Зняможаныя, палоннікі апусціліся на цвёрдую каменную падлогу.


VII

Пошукі зайшлі ў тупік. Ні на Энцэладзе, ні на Мімасе не было знойдзена ніякіх прыкмет, што там былі людзі.

Асабліва даўся Чаўру ў знакі Мімас. Невялікі, як астэроід,— усяго 650 кіламетраў у дыяметры,— ён быў пад самым бокам Сатурна, ад якога яго аддзяляла меней двухсот тысяч кіламетраў. Калі Чаўр глядзеў на Сатурн, яму часам здавалася, што славутае кольца — гэта не проста каменьчыкі, часцінкі лёду і пылінкі, прыцягнутыя вялізнай масай планеты-гіганта, а нейкая піла, што ў любы момант можа разануць па Мімасу, і тады ён распадзецца на дзве палавінкі, і бяздонны космас паглыне іх, як пясчынкі. А потым густую атмасферу Сатурна пачыналі калмаціць хвалевыя цыклоны. Іх доўгія зялёныя языкі пульсавалі ў прасторы, і то адзін, то другі паглынаў Мімас. Усё наўкола патанала ў рухомай, як навальнічная хмара, імгле, і ўжо не было ні Мімаса, ні Сатурна, а нешта адно цэлае, вечнае, бясконцае, з якога, здавалася, ніколі не выбрацца.

У такія хвіліны Чаўр і Шарлан сядзелі ў ракетаплане. На Мімасе, дзе ўся паверхня была ўсеяна кратэрамі і расколінамі, мог выручыць толькі ён. Пазіраючы ў ілюмінатары, яны зноў і зноў вярталіся да знаходкі ў Андах і сваіх меркаванняў аб магчымым палёце тых зямных караблёў на Мімас.

На Зямлі ўсё здавалася відавочным, неаспрэчным. А зараз думалася, што ці маглі людзі памяняць Зямлю на гэты вечна цёмны і страшны спадарожнік Сатурна. Чым яны кіраваліся, зрабіўшы так? Ні Чаўр, ні Шарлан не маглі нават уявіць сабе прычыну, вартую гэтай ахвяры. У Сонечнай сістэме ёсць больш прывабныя месцы, напрыклад, спадарожнікі Юпітэра або астэроіды.

А час ішоў. Чаўр пачаў нервавацца:

— Каб хаця ведаць, што тыя даўнія ўцекачы не маюць ніякага дачынення да «Талнаха»...

— Уся справа ў тым, якую яны ставілі сабе мэту.— Шарлан, у адрозненне ад Чаўра, быў упэўнены, што тут ёсць сувязь.— Не хацелі ж яны, пакідаючы Зямлю, загубіць сябе? Мы павінны дакапацца да ісціны.

— Словы Рэпса,— уздыхнуў Чаўр.— Я толькі баюся, што ў нашых пошуках, можа здарыцца, «Талнах» адыдзе на другі план.

Атмасфера Сатурна ўсё яшчэ бунтавалася. Здавалася, цемры не будзе канца. I не было на Сатурне службы надвор’я, якая магла б прадказаць, калі тутэйшая непагадзь скончыцца. Чаўр зірнуў на гадзіннік і падумаў, што, напэўна, некалі такую службу створаць. Бо ўсё, што робіцца на гэтым гіганце, пэўным чынам уплывае на Сонечную сістэму і, у прыватнасці, на Зямлю. I ў галаве адразу пачала складвацца схема, якую ён абавязкова прапанаваў бы для ўстаноўкі аўтаматычных назіральных станцый на Мімасе.

Злавіўшы сябе на гэтым, Чаўр усміхнуўся. Вось заўсёды так: калі трэба вырашыць нешта вельмі сур’ёзнае, думка збягае на нешта іншае, дробнае, нязначнае. А па празрыстым пластыку ілюмінатара ўсё паўзло і паўзло зменлівае зеленаватае месіва.

Прагучаў сігнал. Чаўр уключыўся ў канал агульнай сувязі.

— Як справы, начальнік Чаўр?

— Ты да нас? — здзівіўся Чаўр, бо аказалася, што яго выклікаў Рэпс.

— Будзем разам думаць,— адзначыў Рэпс.— Што вы робіце?

— Правяраем усе выяўленыя тут крыніцы выпраменьвання, а таксама залежы металаў. На паверхні мы нічога не знайшлі. А на Зямлі яны зарываліся ў горы.

— Дарэчы,— перабіў Рэпс,— за гэтыя дні знойдзены яшчэ тры элінгі з недабудаванымі караблямі.

— Пра нешта падобнае япадумаў, калі знаёміўся са статыстычнымі справаздачамі. Для трох караблёў матэрыялаў трэба менш, чым было выдаткавана,— сказаў Чаўр.— Яны, што, паўрэспублікі хацелі вывезці?

— Баюся, была іншая задума,— адзначыў Рэпс.— Недабудаваныя караблі належаць да класа грузавых. Сярод прызначанага, напэўна, для вывазкі мы знайшлі некалькі магутных выпраменьвальнікаў...

— Гэта ж зброя! — усклікнуў Шарлан.

— Так,— кіўнуў Рэпс.— Спецыялісты ўчора прыкідвалі... Якраз адсюль можна да Зямлі дастаць.

— Навошта? — Чаўр не разумеў нічога.

— Вось і я думаю. А можа,— Рэпс спахмурнеў,— каб удалося іх вывезці, мы пра гэта даведаліся б раней.

— Слухай, Эсквайр, гэта неверагодна! Няпраўда! Нічога не адбылося ж!

— Не паспелі. А сведак няма.

Чаўр пабляднеў.

— Але гэта...— пачаў ён.

— Не думаю,— сказаў сурова Рэпс.— За гэты час шмат што змянілася. Наўрад ці зробяць яны што кепскае палоннікам. Баяцца за сябе. Хіба пазней, калі пераканаюцца, што мы паверылі ў няшчасны выпадак.

— Я падпісаў акт. Хаця, калі яны на Мімасе, то заўважылі нас...

— Некалькі дзён мы выйгралі,— усміхнуўся Рэпс.— Не верыш? Я толькі што з Энцэлада. Аўтаматы праз суткі пасля вас нешта падазронае заўважылі недалёка ад таго месца, дзе загінуў «Талнах». На здымках можна разгледзець фігуры ў скафандрах вельмі даўняй канструкцыі. А потым быў зарэгістраваны выбух цеплавой энергіі. Відаць, упэўніўшыся, што мы там пабывалі і знайшлі прыёмнік з перадатчыкам, іх разведчыкі пакінулі Энцэлад. Як бачыш, упэўненасць падвяла і яны нарабілі памылак.

Чаўр пачаў апранацца для выхаду на паверхню. Ужо надзеўшы касмічны касцюм, ён папрасіў карту Мімаса. Гэта была не зусім звычайная карта. На ёй значыліся толькі месцы канцэнтрацыі металаў і выпраменьванняў, якія выявілі апараты штучных спадарожнікаў. Гэтыя спадарожнікі, запушчаныя Шарланам адразу, як толькі ён прыбыў сюды, усё яшчэ снавалі вакол Мімаса, адзначаючы самыя дробязныя змяненні ў нетрах планеты. I Чаўру з таварышамі заставалася толькі высветліць, якія адносіны яны маюць да іх справы. Але менавіта гэта з’яўлялася самым складаным, бо ніводнае,— а месцаў такіх было на карце некалькі дзесяткаў,— не паказвала, што іменна яно з’яўляецца падземным сховішчам.

На першы раз Чаўр намеціў для агляду пункты, якія знаходзіліся там, дзе былі ўтварэнні лававага паходжання. Яны лепш за іншыя пароды паддаваліся апрацоўцы і, галоўнае, мелі меншую цеплаправоднасць. А гэта мела вялікае значэнне ў асяроддзі, дзе знешняя тэмпература ніжэйшая за мінус сто пяцьдзесят градусаў па Цэльсію.

— Ну, я пайшоў,— сказаў Чаўр. Для падарожжа па Мімасе яго і Шарлана чакала невялікая ракета.

— Я буду сачыць за прыборамі,— адказаў Рэпс.— Але ты не маўчы, трымай мяне ў курсе.

Чаўр вёў ракету, а з галавы ў яго не выходзіла, што ўсё гэта сон — зацяжны, які не можа скончыцца з таго самага дня, калі прапаў «Талнах». Раней, пачынаючы пошукі, ён быў упэўнены, што гэта здарэнне — выпадак, ад якога ніхто не гарантаваны. Але тое, што паведаміў Рэпс, прымусіла яго, нарэшце, зірнуць праўдзе ў вочы. Гэта аказалася самым цяжкім. Людзі на Зямлі даўно забыліся пра слова «злачынства», аб ім ведалі хіба толькі зацятыя аматары гістарычнай літаратуры, накшталт Шарлана. Аднак і для іх яно было толькі словам, пазбаўленым канкрэтнага сэнсу. А для самога Чаўра яно наогул не існавала. Ён не ведаў, як гэта можна зрабіць крыўду іншаму чалавеку. Гэта ж дзеля людзей ён і яго таварышы-касманаўты хадзілі ў паходы да зорак. I кожны з іх лічыў сваё жыццё раз і назаўсёды адданым людзям. I вось нехта, таксама зямлянін, пасягнуў на чалавека! Чаўр адчуў, што зараз яму куды больш цяжка, чым тады, калі забаранілі пакідаць межы Сонечнай сістэмы і калі яму здалося, што яго жыццё ўжо скончана. I, разам з тым, ён са здзіўленнем заўважыў у сабе не знаёмую дагэтуль суровасць. Да тых, хто стаў насуперак людзям. Ён адчуў, што прымае выклік і знойдзе злачынцаў, якіх бы сіл гэта ні каштавала.


VIII

— Я патрабую, каб мяне трымалі разам з экіпажам і пасажырамі!

— Давайце знаёміцца,— чалавек не звярнуў ніякай увагі на бадзяевы словы.— Мяне завуць Хуан — камандор першай пазаземнай калоніі.

— Быццам ёсць другая,— усміхнуўся Бадзяй.

— Не трэба іроніі, капітан. Я не дзеля гэтага прыйшоў.— Ён урачыста ўзняў руку.— Я прапаную вам супрацоўніцтва.

Бадзяй пільна паглядзеў на камандора. Падумалася: такі самы архаічны тытул, як і яго носьбіт — стары, жоўты, зморшчаны. Колькі яму гадоў? Напэўна, пад сто. Уголас сказаў:

— Няўжо ў гэтым скляпенні прайшло ўсё ваша жыццё?

— Вы вельмі здагадлівы,— нахіліў галаву Хуан.— Так. Я ўжо шэсцьдзесят гадоў жыву тут.

— Навошта? Людзі ж не ведаюць пра вас?

— Якія людзі? Там, на Зямлі? — вытрымка на імгненне здрадзіла Хуану, у яго вачах бліснулі злосныя агеньчыкі.— У нас з імі няма нічога агульнага! — сказаў ён напышліва і, авалодаўшы сабой, ужо спакайней дадаў: — Вы павінны ведаць, што, пакінуўшы Зямлю, мы ўтварылі справядлівейшае грамадства. На жаль, не ўсім, хто хацеў, удалося вырвацца з Зямлі. Гэта абмежавала нашы магчымасці. Мы вымушаны былі, урэшце, прыняць свае меры. Ваш планеталёт — першы, які адкрыў рахунак кампенсацыі нам за панесеныя страты.

Бадзяй засмяяўся гучна і весела.

— Няўжо вы думаеце, што вам людзі дазволяць разбойнічаць?

— О-о, мы не такія дурні! —камандор насмешліва прыжмурыўся.— Ніхто і ніколі не дазнаецца, што з вамі сталася. Праўда, гэты ваш шчанюк ледзьве не сапсаваў усё. Але мы ў час спахапіліся. Тым не менш, на ўсякі выпадак, мы ўзарвалі «Талнах». Хай думаюць, што гэта няшчасны выпадак. Дарэчы, так яно і выйшла. Вось запіс афіцыйнага паведамлення Службы бяспекі ўнутрысістэмных зносін.

— Самі прыдумалі? — Бадзяй не хацеў паказаць, як уразіў яго подпіс Чаўра пад паведамленнем. Гэта магло азначаць, што яны сапраўды акажуцца безабароннымі перад гэтымі рабаўнікамі.

— Не буду пераконваць. Час пакажа.— Камандор ужо не хаваў сваіх думак.— Страту вашага карабля мы неўзабаве папоўнім. Тады ў нас будзе навейшы флот, і мы паступова заваюем увесь космас.

— Якая бязглуздзіца! — ускіпеў Бадзяй.

— Мы даўно павінны былі паставіць Зямлю на калені. Выпадак, які зямная прэса тады называла рэвалюцыяй, спыніў нашы планы. Мы не наракаем на лёс. Мы цвёрда верым у сваё прызначэнне — яно здзейсніцца.— Камандор сыпаў словамі, як у экстазе.— Я павінен быў стаць прэзідэнтам Цэнтральнай амерыканскай рэспублікі. Я хацеў гэтага. Я стану прэзідэнтам Сонечнай сістэмы...

— Навошта вам я? — перабіў яго Бадзяй.

Камандор запнуўся, невідушчымі вачыма зірнуў на Бадзяя, сказаў:

— Мы больш за шэсцьдзесят гадоў жывем адасоблена. У нас нараджаюцца дзеці, якім, акрамя веры, патрэбна свежая кроў, што ўмацуе іх дух і волю, спыніць дачасную старасць.

— I вы спадзея^еся на нас? — шчыра здзівіўся Бадзяй.

— На вашу разважлівасць. Адмовіцеся — будзе горш. Згодзіцеся — дапаможаце сваім людзям. Усё залежыць асабіста ад вас, капітан. Вас, чалавека з такім славутым мінулым, паслухаюць усе нашыя, я не баюся гэтага слова, палоннікі. А вы, капітан, станеце адным з кіраўнікоў калоніі.— I закончыў разважліва, быццам спачуваючы, аднак пагрозліва:— Урэшце, можна абысціся без згоды. Прымусіць. А Бадзяя...— Хуан не дагаварыў.— Мне, вядома, не хочацца гэтага. Я па натуры гуманіст.

— Людзі майго часу,— сказаў Бадзяй з гонарам,— вольныя, як нейтрына.

— Паглядзім, капітан Бадзяй... А пакуль я для вас аднаго зраблю выключэнне... Вось праважаты,— камандор выглянуў за дзверы і некага гукнуў, і адразу ў адсек, сагнуўшыся ў нізкім паклоне, зайшоў юнак.— Не думайце прапагандаваць яго. Вашу мову ў нас ведаюць толькі старэйшыны. Астатнія абыходзяцца нязначным запасам слоў, якімі некалі карысталіся зямныя дзікуны. Прымітыўна? Затое надзейна. Радыёпраграмы з Зямлі даходзяць сюды.— Махнуўшы, як на развітанне, рукою, камандор выйшаў.

Бадзяй уважліва паглядзеў на свайго праважатага, ці наглядчыка: хто ведае, якія інструкцыі ён атрымаў ад камандора. Бледны, сутулаваты, з пустымі, бяздумнымі вачыма. Бадзяй аж скалануўся, так стала яму прыкра за скалечанае, абкрадзенае жыццё гэтага бесславеснага раба. А юнак стаяў абыякавы да ўсяго, пакорлівы, сцішаны.

Бадзяй крыху супакоіўся. Ён разумеў, што ў яго становішчы галоўнае — не разгубіцца. Зноў нагадалася прапанова камандора. Дзівакі! Мераюць усіх на сваю мерку! Ды любы з экіпажа «Талнаха», любы пасажыр — гэта такі ж чалавек, як і ён, Бадзяй. Ніводзін з іх не стане нявольнікам або саўдзельнікам чорнай змовы. Яны хутчэй прымуць смерць. Каб побач былі Рэпс, Плыга і Чаўр! 3 імі ён абавязкова знайшоў бы выхад з гэтага становішча. Аднак яны былі вельмі далёка, у тым рэальным свеце, да якога, здаецца, адсюль былі многія парсекі шляху. I самае горшае — сябры, нават сам начальнік Службы бяспекі Чаўр, паддаліся на падман. Значыць, трэба выбірацца самому. Бадзяй аглядзеў шэрыя і голыя сцены адсека.

— Камандора! — уладна сказаў ён наглядчыку.

Юнак уздрыгнуў і пільна зірнуў на Бадзяя.

— Паклічце камандора,— яшчэ раз сказаў Бадзяй.

Наглядчык, нарэшце зразумеўшы, чаго ад яго хочуць, выглянуў за дзверы. Там стаяў вартавы. Бадзяй усміхнуўся, што яго так сцерагуць.

Прайшло хвілін пяць, пакуль з’явіўся камандор.

— Вы згодны? — насцярожана запытаў ён.

— Трэба ведаць, на што згаджацца,— Бадзяй рашыў, што ў яго становішчы не грэх пахітраваць.— Гэта адно. I другое. Сярод пасажыраў быў хлопчык...

Пачуўшы пра Юрася, камандор скрыгатнуў зубамі.

— Ён малы,— Бадзяй не звярнуў увагі на рэакцыю субяседніка,— я нясу адказнасць за яго перад бацькамі.

— Гэты малы заслужыў шыбеніцу,— раздражнёна сказаў камандор.— Праз яго мы страцілі такі планеталёт... Але,— ён малітоўна склаў рукі,-— міласэрнасць наша бясконцая. Ён будзе з вамі.

— Дзякуй,— адказаў Бадзяй.

Камандор выканаў абяцанне. Неўзабаве Бадзяй пачуў за дзвярыма Юрасёў голас. Хлопчык нешта, відаць, хацеў дагаварыць там, але словы ў адсек даносіліся глуха і іх нельга было разабраць.

Нарэшце дзверы адчыніліся. Юрась спыніўся на парозе, аглядаючы новае памяшканне. Некалькі дзён, што ён правёў у сутарэнні, неяк змянілі яго. Твар схуднеў, пад вачыма ляглі чорныя плямы. I позірк, заўсёды ясны, дапытлівы, нібы згас, прыглушаны нейкім унутраным болем. Бадзяева сэрца сціснулася ад жалю і гневу.

— Юрась! — паклікаў ён.

Хлопчык уздрыгнуў і сарваўся з месца. Ён не прывык яшчэ да лёгкай вагі свайго цела і апынуўся пад столлю. Смеючыся ад радасці, што бачыць яго, Бадзяй схапіў Юрася і прыцягнуў да сябе.

— Ты ведаеш што-небудзь пра астатніх? — спытаў ён у хлопчыка.

— Спачатку мы былі разам. Потым нас падзялілі на групы. Пасажыраў асобна ад экіпажа. А мяне адвялі да дзяцей. Іх чалавек дваццаць. Пакой такі доўгі, светлы, не тое што ў вас. I сад ёсць. За шкляной сценкай. Мы хадзілі туды. Зямля, кусты, дрэвы, трава. Як сапраўднае ўсё. Толькі дзеці нейкія дзіўныя: соваюцца, як сонныя. Ні кніг, ні цацак. Хацеў быў я з імі пагаварыць — глядзяць на мяне, як на дзівака, і нічагусенькі не разумеюць... Куды гэта мы трапілі, Ян Янавіч?

— Каб я ведаў... Лічы, што ў палон.

Вочы Юрася на імгненне ўспыхнулі — прыгода ажывіла яго, хаця ён і не разумеў яе сэнсу.

— Палон? — перапытаў Юрась.— А хіба палон бывае?

— Як бачыш.

— А навошта мы ім?

— Бачыш, хлопчык,— Бадзяй падбіраў словы, каб Юрась мог зразумець, што ўсё ж такі адбылося.— Яны некалі жылі на Зямлі, але ім не спадабалася наша жыццё. Яны ўцяклі...

— Але ж яны могуць вярнуцца.

— Не хочуць. Верхаводы не хочуць. А астатнія, пэўна, і не ведаюць, што ёсць Зямля на свеце.

— I дзяцей не вучаць?

— Яны ўсё яшчэ спадзяюцца напасці на Зямлю. А пакуль рашылі нападаць на планеталёты.

— Як піраты? — павесялеў Юрась.

— Горш. Іх мэта — знішчыць або падначаліць сабе людзей, зрабіўшы іх такімі ж, як вось гэты.— Бадзяй паказаў на юнака-вартавога, які абыякава стаяў, прыхінуўшыся да сцяны.— Камандор Хуан, так завуць іх старэйшага, хоча, каб мы яму памагалі.

— Не дачакаецца,— усклікнуў Юрась і сціснуў кулакі: — Мы перашкодзім ім. Праўда, Ян Янавіч?

— Гэта небяспечна,— сказаў Бадзяй і раптам падумаў, што дарэмна ўзяў да сябе Юрася. Ці мае ён права рызыкаваць яго жыццём? Рана ці позна зямляне ўсё роўна знойдуць гэтае сховішча, вызваляць вязняў. Юрась, напэўна, дачакаецца гэтага дня, калі будзе разам з дзецьмі. А калі Бадзяй зробіць хлопчыка сваім саўдзельнікам, гэта для яго скончыцца кепска. Але і назад адразу не адашлеш: выкліча падазрэнне.

— Я не баюся,— крануў Бадзяя за рукаў Юрась.— Я не хачу быць, як яны.

— Ты разумны хлопчык, Юрась. Мы з табой нешта прыдумаем яшчэ,— стараўся супакоіць яго Бадзяй.— Мне дазволілі экскурсію па гэтым падзямеллі. Пойдзем разам?

У мінулы раз, калі Бадзяя вялі сюды, ён не паспеў добра разгледзець ні памяшканне, ні дарогу. Тады яму запомніўся доўгі бруднага колеру калідор, слаба асветлены цьмянымі жоўтымі плафонамі. I мноства паваротаў. Зараз у калідоры было святлей. I паваротаў нібы паменшала. Ад дзвярэй новага бадзяевага жытла калідор, падобны на тунель, разыходзіўся ўбакі і цягнуўся так далёка, што не было відаць ні аднаго, ні другога канца.

Бадзяй зірнуў на праважатага. Той стаяў, абыякава чакаючы, што будзе рабіць Бадзяй. Узяўшы Юрася за руку, Бадзяй пайшоў па калідоры.

Канструктары і будаўнікі гэтага сховішча добра скарысталі малую вагу тутэйшых парод. Амаль нідзе не было мацаванняў. Абліцаваныя мяккім пласцікам вертыкальныя сцены і скляпеністая столь не мелі ніводнай падпоркі, лёгка ўтрымліваючы шматметровыя каменныя пласты. Нават час, здавалася, не пакінуў тут свайго адбітку. Усё выглядала не новым, але і не старым, не надта прыгожым і разам з тым надзейным.

Зрэдку ў сценах Бадзяй бачыў дзверы. Некаторыя былі цяжкія, сталёвыя, з малюнкамі перакрыжаваных маланак або голых чарапоў — даўніх сімвалаў смерці. Напэўна, там знаходзіліся энергетычныя ўстаноўкі. Потым пачалі трапляцца бакавыя хады. Некаторыя з іх былі цёмныя, і Бадзяю не ўдавалася разгледзець, што там. Перад іншымі стаялі нават вартавыя, такія ж бледныя, сутулаватыя, з пуставатымі вачыма, як і яго праважаты, толькі ўзброеныя промневымі пісталетамі. Бадзяй зацікавіўся, што яны ахоўваюць, і, дайшоўшы да наступнай варты, спыніўся. Ён чакаў, што яго прагоняць. Аднак праважаты нешта сказаў вартаўнікам на сваёй скрыпучай, як іржавае жалеза, мове, і тыя расступіліся. Бадзяй зірнуў на іх. У вачах у аднаго быццам бліснулі цікаўныя іскрынкі. Бадзяй павесялеў і завярнуў у адкрыты бакавы ход.

Памяшканне, куды прывёў іх ход, было падобна на вялікую круглую бетаніраваную камеру. Столь яе нагадвала перавернутую чашу і была вышэйшая, чым у калідоры. Агледзеўшыся, Бадзяй заўважыў пасярэдзіне стол. 3 падлогі да яго ішлі кабелі і правады, на першы погляд хаатычна пераплеценыя. Яны збягаліся ў адзін пук і хаваліся ў круглай адтуліне, зробленай у сцяне. Бадзяй падышоў бліжэй да стала. Гэта быў, напэўна, пульт — столькі тут змяшчалася цыферблатаў і клавішаў. Каменная падлога пад нагамі ў Бадзяя дробна дрыжала, і ў памяшканне даходзіў ледзь чутны гул, які бывае звычайна, калі працуюць машыны.

Бадзяй не памыліўся. Прайшоўшы на другі бок камеры, ён апынуўся перад новымі дзвярыма. Праважаты паспешліва націснуў кнопку ў сцяне, і дзверы рассунуліся. За імі адкрылася машынная зала. Людзей тут не было. Вытворчасць была аўтаматызаваная. Круціліся барабаны, шыпелі кампрэсары. Ад іх цягнуліся мяккія шлангі, воддаль злучаючыся з тоўстай цвёрдай трубой. Ці не тут здабывалі з мінералаў кісларод? I Бадзяй зразумеў, чаму яго прапусцілі сюды. Гаспадары хацелі паказаць, што яны могуць існаваць вечна, незалежна ад астатняга свету.

У гэтым Бадзяй яшчэ больш пераканаўся, калі праважаты прывёў яго ў штрэк металургічнай вытворчасці. Пахваліцца гаспадары сапраўды мелі чым. Тут усё было пастаўлена на сучасную аснову. Металы выплаўляліся, хаця і ў невялікай колькасці, але ў партатыўных устаноўках. Яны забяспечвалі калонію камандора Хуана матэрыяламі, неабходнымі для аднаўлення і рамонту машын і памяшканняў.

Да трэцяй залы праважаты толькі падвёў зямлян, спыніўшы іх ля празрыстых дзвярэй. Там, за дзвярыма, падсвечанае з бакоў, плёскалася самае сапраўднае возера. Даўшы Бадзяю і Юрасю палюбавацца гэтым сапраўды незвычайным і рэдкім відовішчам, праважаты адвёў іх назад. Пакланіўшыся, ён пакінуў іх адных.

— А мы пакуль не простыя палоннікі,— усміхнуўся Бадзяй.— Бачыў, як кланяецца? — Потым пасур’ёзнеў: —Вады, паветра, металу ў іх хапае. А з харчамі, відаць, няважна, інакш паказалі б.

— Нам у тым дзіцячым інтэрнаце давалі рыбу і нейкую кашу, вельмі падобную на хларэлавую.

— Мяне кормяць прадуктамі, якія былі на «Талнаху». Значыць, сапраўды тут у іх справы неважнецкія,— заключыў Бадзяй.— Дзе ж мы знаходзімся?

— На Энцэладзе ці Мімасе,— нечакана для Бадзяя сказаў Юрась.— Я бачыў Сатурн,— і, нахіліўшыся да бадзяевага вуха, хлопчык расказаў пра ўзарваны планеталёт і пра корцік, які ён пакінуў там.

Бадзяй толькі развёў рукі. Для Юрася гэты палон быў, як прыгода, гульня. А яна ж можа скончыцца і трагічна... Але ці меў права ён, старэйшы, палохаць дзіця? Не, хай будзе так, як ёсць.

— Мы павінны даведацца дакладна, дзе знаходзімся,— рашыў ён даць Юрасю занятак.— Ты ведаеш, як гэта вызначыць?

Юрась нахмурыўся, доўга маўчаў. Бадзяй не прыспешваў яго. Раптам твар хлопчыка засвяціўся ўсмешкай.

— Гэта проста,— і ён выцягнуў з кішэні бліскучы шарык.— Тытан. Мне яго падарыў Мікола. Ну... сябар школьны. Семдзесят пяць грамаў. Калі я выцягну руку — гэта будзе метр восемдзесят. Вось вам хранометр. У мяне не забралі. Засякайце, колькі шарык будзе падаць. А тады я зраблю разлікі.

Яны тройчы праверылі, колькі падаў шарык. Юрась зрабіў разлікі. Гэта мог быць толькі Мімас.

— Гэтак ты, пакорпаўшыся, можа і перадатчык у кішэні знойдзеш,— пажартаваў Бадзяй, зусім не думаючы, што знаходзіцца не так ужо далёка ад ісціны.

— Не,— спахмурнеў Юрась.— Вось толькі прыёмнічак аднахвалевы,— і ён выцягнуў маленькую, як гарошынка, ракавіну.

— I не адабралі?

— Ён у вуху быў.

— Часам, не на касмічнай хвалі? — Бадзяй не сумняваўся, што Юрась разумее яго: касмічнай хваляй звычайна карысталіся касманаўты, пакідаючы на час карабель для перагавораў паміж сабой і з караблём. Яна была заўсёды пастаянная.

— А што, трэба? — ажывіўся Юрась.— Дык я паспрабую. Толькі з пустымі рукамі цяжка...

— Гэта мы зробім у час, адведзены для сну. На ўсякі выпадак... Каб нашы гаспадары не падгледзелі...

Ім прынеслі абед. А можа — вячэру. Тут быў нейкі свой распарадак дня. Рыбу і хларэлавую кашу. «А яны не дурні,— падумаў Бадзяй,— здагадаліся, што Юрась мне раскажа. Можа, падслухалі нават шэпт? Але не, інакш што-што, а прыёмнічак адабралі б».

Пад’еўшы, яны ляглі на шырокую пакрытую мяккім пластыкам лаўку. Хлопчык схаваўся за бадзяевай спіной і пачаў настройваць прыёмнік. Але раптам пагасла святло.

— От ліха! — не стрымаўся Бадзяй.

— Ян Янавіч,— дакрануўся да яго пляча Юрась.— Я ж усё на памяць ведаю. Мы з Міколам паспрачаліся, што я магу з завязанымі вачыма...

«Ну і малайчына, хлопец!» — падумаў Бадзяй. I ў яго зноў сціснулася сэрца...


IX

Бадзяй прачнуўся ад цішыні. Было ціха, як на планеталёце, які захоўвае нармальную сілу цяжару. Што здарылася? Звычайны перапынак або?.. Бадзяю падумалася, што, можа, усё гэта неяк эвязана э пошукамі «Талнаха». Некалі падводныя лодкі выключалі рухавікі і клаліся на грунт, каб ніводным гукам не выдаць сябе. А хіба прыборы на паверхні Мімаса не заўважаць ваганні, якія ідуць ад магутных установак, што стаяць у сутарэннях? Гэта было б здорава, каб Чаўр са сваімі хлопцамі з’явіўся сюды! Бадзяй успамінаў тэкст паведамлення, падпісаны Чаўрам, і не мог пагадзіцца, што Чаўр здаўся так хутка. Ён верыў, што Чаўр будзе шукаць.

Варухнуўся Юрась, спытаў:

— Вы не спіцё?

— Не зважай на мяне,— адказаў Бадзяй.— Бачыш, святла няма, так што пераварочвайся на другі бок і спі.

— Зараз,— пазяхнуў Юрась і намацаў бадзяеву далонь.— Пакладзіце ў вуха.

Бадзяй сціснуў пальцы, каб не выпала часам ракавінка, пагладзіў хлопчыка па галаве і ўставіў гарошынку ў вушную ракавіну.

Эфір маўчаў, не было чуваць нават звычайных шумоў. Бадзяй падумаў, што Юрась нешта недарабіў, і незаўважна задрамаў. Ён быццам апынуўся на Гарыстай планеце жоўтага Сонца. Яе горы, якія выпіралі нават пасярод акіянаў, былі пакрыты густымі зялёнымі лясамі. Планета перажывала сваю першую маладосць. На ёй яшчэ не з’явіліся палярныя снегавыя шапкі, усюды было аднолькава цёпла, і жыццё, нібы ловячы імгненне, расцвітала бурна, нястрымна. Яно прымала самыя неверагодныя формы. Напэўна, у свой час так было і на Зямлі. Побач з карлікавымі дрэвамі раслі паўкіламетровыя волаты, у ствале якіх можна было б схаваць вышынны дом. Лёталі агромністыя двуххвостыя птушкі, вельмі падобныя на катамараны. Тут можна было натрапіць на расліну, якая раптам пачынала паўзці, або на куст, што на справе быў жывёлінай.

Усюдыход-амфібія даставіў Бадзяя і Чаўра на гару-востраў, які адзінока ўзвышаўся сярод вадзяной пустыні. Як ні дзіўна, у тутэйшых морах жыцця было мала. Быццам дачакаўшыся нарэшце часу, усё жывое рушыла прэч з вады. Нават на астравах было амаль пустынна.

Бадзяй ужо не помніць, што ім спатрэбілася на тым востраве. Чаўр застаўся ва ўсюдыходзе, а Бадзяй выйшаў на бераг. Ён ішоў, прабіраючыся праз густыя кусты, якія раслі толькі каля вады, і любаваўся яркай сінявой бязвоблачнага неба.

Атмасфера на планеце была, увогуле, прыдатнай для чалавека, але ўсё-такі чужая, і Бадзяй быў апрануты ў лёгкі ахоўны касцюм. Гермашлем замінаў бачыць усё наўкола, і, напэўна, таму Бадзяй не згледзеў, як ззаду, з куста, высунулася доўгая, эластычная і ўчэпістая, як шчупальцы кальмара, рука, ухапіла яго, і ён, паспеўшы толькі войкнуць, апынуўся ў цемнаце. Прывыклыя да яркага светлага дня, вочы не хутка разгледзелі, што гэта — пячора. Яго круціла, ламала магутная сіла, ён супраціўляўся, як мог, і клікаў Чаўра, раптам здзівіўшыся, што шлемафон маўчыць. Але што гэта? Вось што значыць сон! Столькі гадоў прайшло, Бадзяй добра памятае, што шлемафон так і не ажыў, бо Чаўр спачатку забіў страшыдла, а потым паправіў сапсаваную антэну. А ў сне ўсё наадварот: страшыдла трымае яго ў сваіх руках, цісне на сэрца, нібы хоча вырваць з грудзей, і ён чуе недзе побач голас Чаўра. Але каму ён гэта гаворыць? Адкуль узяўся памочнік Шарлан: «Абследуй выяўленыя пустоты»?

Бадзяй сеў. Успыхнула святло. Яно ўключалася аўтаматычна, варта было ўстаць з ложка. Вельмі балела сэрца. Мусіць, праз гэта і прысніўся такі сон. Бадзяй уздыхнуў і зірнуў на Юрася. Хлопчык пацмокваў пухлымі губамі. Бадзяй азірнуўся, шукаючы, дзе б памыцца і... У пакоі выразна прагучала: «Пачнем з квадрата А-4». Гэта зноў было, як працяг сну, бо голас належаў Чаўру. «Вар’яцею я, ці што?» — мільганула ў Бадзяя ў галаве. «Там могуць быць людзі». Бадзяй у знямозе сеў на ложак, хацеў закрыць далонямі вушы, каб не чуць нічога, і раптам палец натыкнуўся на нешта чужое, што чамусьці сядзела ў вуху. I тады ўспомніў: гэта Юрасёў прыёмнік, ён ловіць чаўравы перагаворы. Выратавальнікі не ведаюць, дзе шукаць. Як даць аб сабе знаць? Як памагчы ім? Калі Чаўр тут, ён абавязкова знойдзе гэтае сховішча, як бы глыбока яно ні знаходзілася. Тэхнічна гэта не надта складаная справа. Выяўляць пустоты ў зямной кары людзі ўмелі яшчэ ў дваццатым веку.

Аднак ці ўдасца Чаўру і яго хлопцам пранікнуць сюды без згоды гаспадароў. Бо інакш — разгерметызацыя памяшканняў і імгненная смерць для ўсяго жывога... Значыць, Чаўру трэба памагчы. Бадзяй устаў. Ён яшчэ не бачыў, як гэта зрабіць, але ведаў, што павінен зрабіць.

Увайшоў вартаўнік. Ён паводзіў сябе, як і ўчора. Схіліўшыся ў паклоне, падаў снеданне. Бадзяй падумаў, што камандор і яго паплечнікі хочуць адседзецца, затаіўшыся. Тым лепш, што яны нічога не робяць.

Бадзяй, пабудзіўшы Юрася, пастукаў у дзверы.

— Хочам пагуляць,— сказаў Бадзяй.

Вартаўнік схіліўся і моўчкі выйшаў.

— От дзікуны! — абураўся Юрась.— Нават людское мовы не ведаюць!

Аднак неўзабаве з’явіўся ўчарашні праважаты. Відаць, Хуан яшчэ спадзяваўся на Бадзяя.

На гэты раз Бадзяй і Юрась пайшлі ў другое крыло калідора. Тут быў адміністрацыйны цэнтр. Неўзабаве шлях перарэзалі сталёвыя дзверы на ўсё шырыню калідора. Вартавы тут не стаяў, таму што адчыніць іх было, відаць, не так проста. Праважаты спыніўся, і адразу ў дзвярах запаліўся зялёны агеньчык. Нейкі час ён свяціўся, як вока, потым міргнуў раз-другі і згас. I адразу за дзвярыма пачулася тонкая песня электрычнага рэле. Дзверы папаўзлі ў сцены, адчыняючы ўваход. За імі таксама нікога не было.

— Аўтаматыка...— усміхнуўся Бадзяй.

А гаспадары рашылі не таіцца ад яго: відаць, яны ганарыліся сваім прытулкам. Калідор крута павярнуў управа. Бадзяй пачуў, як за імі пстрыкнуў замок. Яны апынуліся ў цемры. Потым процілеглая сцяна замігцела тысячай іскарак, якія паступова раслі, зліваючыся ў суцэльную светлавую гаму.

— Экран...— шапнуў Юрась.

Так, гэта быў экран. «Кіно, ці што, будуць паказваць»,— падумаў Бадзяй. Але памыліўся. Хутка на экране ўзніклі абрысы незнаёмага пейзажу — голыя ўзгоркі. Сярод чорных і шэрых скал пераліваліся шматкі зеленаватых аблокаў. Паступова там, за экранам, пачало святлець, і нарэшце паказаўся акрайчык сатурнавага колца. Раптам відовішча прапала. На экране зноў замігцелі іскрынкі.

— Назіральны пункт,— сказаў Бадзяй уголас.

Успыхнула святло.

— Вы не памыліліся, капітан.

Бадзяй павярнуў у бок, адкуль пачуўся голас. За пультам ля сцяны сядзеў камандор.

— Адсюль,— сказаў ён,— мы назіраем за паверхняй. А гэта,— паказаў ён рукой на пульт, на панелі якога віднеліся шматлікія цыферблаты, сігнальныя лямпачкі, кнопкі,— наш цэнтр кіравання ўсімі службамі калоніі. Канечне, кожны вузел мае аўтаномныя сістэмы. Але цэнтр усяго — тут.— Пераможна зірнуўшы на Бадзяя, камандор сказаў: — Я вас не затрымліваю, знаёмцеся далей.

— 3 задавальненнем,— адказаў Бадзяй і пайшоў да дзвярэй, якія адчыніліся адразу, ледзь ён наблізіўся да іх.

Некалькі пераходаў, і Бадзяй з Юрасём апынуліся на невялікай шасцівугольнай плошчы. Тут скрыжоўваліся выхады з тунеляў.

Уздоўж сцен стаялі лаўкі. Зірнуўшы на стомленага хлопчыка, Бадзяй паказаў на іх. Юрась адкінуўся на спінку лаўкі, закрыў вочы. У паветры не хапала кіслароду, дыхаць было цяжка. I Бадзяй зноў пашкадаваў, што ўзяў Юрася. Забыўшыся, што праважаты не разумее, ён спытаў:

— Дзяцей вы трымаеце таксама на галодным пайку?

— Вы дрэнна пра нас думаеце, капітан,— раптам пачуў Бадзяй з чорнай скрыначкі, якую працягнуў яму праважаты. Бадзяй насцеражыўся — яму зусім не патрэбен быў гэты радыёкантакт з камандорам. Добра, што яны з Юрасём нічога лішняга не сказалі.

Адпачыўшы, пайшлі далей. Праважаты не пярэчыў, і Бадзяй паварочваў у любы ход. Праўда, цікавага тут было мала. Толькі ля аднаго ўваходу Бадзяй заўважыў аж трох вартавых. Ён хацеў быў ужо накіравацца туды, але раздумаў, прайшоў міма і раптам пачуў, што Юрась цягне яго за руку. Ён нахіліўся. Юрась прыпаў да яго вуха і шапнуў:

— Там выхад. Нас тут вялі.

Ледзь дабраўшыся да ложка, Юрась адразу заснуў. А Бадзяй увесь час, пакуль хлопчык спаў, не ўставаў з крэсла. Ён думаў, як і чым памагчы Чаўру знайсці іх.

Тым часам эфір на паверхні ажыў зноў. Відаць, удзельнікі пошукаў нарэшце ўстанавілі дакладна, дзе знаходзіцца сховішча, і падышлі да яго.

— Аднак яны раскошна ўладкаваліся! — Бадзяй пазнаў голас Шарлана.— Вунь які лабірынт выкапалі! Краты!

— Кусучыя краты,— гэта ўжо гаварыў Чаўр.

— Мы павінны знайсці ўваход,— зноў сказаў Шарлан.

— Ты памятаеш Анды? — спытаў Чаўр.— Не думаю, каб яны вынайшлі што іншае. Агледзь пячоры.

— Вам гэта нічога не дасць.— Бадзяй уздрыгнуў ад нечаканасці. Ён забыўся, што за перагаворамі шукальнікаў можа сачыць і камандор. I зараз ён уключыўся ў размову.

— А-а...— Чаўр адразу зразумеў, чыя гэта рэпліка, і шчыра здзівіўся: — Вы, што, збіраецеся супраціўляцца?

— Мы вас не звалі сюды,— адказаў Хуан.— Гэта наша планета...

— I захапілі зямны карабель...— перабіў яго Чаўр.

— Што? — у голасе камандора прагучала такое натуральнае здзіўленне, што Бадзяй ледзьве сам яму не паверыў.— Вы, мабыць, жартуеце?

— Слухайце вы, як вас там! — Чаўр ледзь стрымліваў сябе.— Не тлуміце нам галавы, адкрывайце сваё сховішча. Інакш...

— Вы адкрыеце самі,— закончыў за яго камандор, не тоячы іроніі.— Мы ж загінем. Але перш, чым гэта здарыцца, я пашлю на Зямлю радыёграму. Мы жылі тут ціха і мірна, а вы ўварваліся, як драпежнікі, і яшчэ пагражаеце нам.

— Даю вам тры гадзіны. Але тады я ўжо не адказваю за ваш лёс.

Эфір змоўк.

Бадзяй пасядзеў яшчэ некалькі хвілін. План выспеў у яго галаве. Ён толькі не быў упэўнены, што яго ўдасца ажыццявіць. Але паспрабаваць трэба было. Камандор Хуан мог, ратуючы сябе, знішчыць усіх палонных.

Вартавы прынёс міскі з ежай. Ён быў, як звычайна, раўнадушны, вялаваты. Бадзяй здагадаўся, што камандор не праінфармаваў сваіх служак аб падзеях на паверхні. Яны выканаюць яго любы загад. Марудзіць было нельга.

— Перавядзіце малога ў больш людскае месца,— паказаў ён на Юрася, калі яны пад’елі.

У чорнай скрыначцы, якую вартавы паклаў на стол, прасіпела:

— Капітан, мы ж з вамі дамовіліся. Зараз па яго прыйдуць. А вас прашу да мяне, не марудзячы.

— Здарылася нешта важнае? — Бадзяй спытаў, не спадзеючыся на адказ.

— Так,— на дзіва яму, сказаў камандор.— Мне трэба ваша рашэнне неадкладна.

— Я правяду хлопца і зайду.

— Толькі хутчэй. У мяне мала часу.

Напэўна, камандор забыўся аддаць новы загад праважатаму. Бо, калі, адвёўшы Юрася ў дзіцячы сектар, Бадзяй павярнуў у тунель, у які вёў уваход з паверхні, праважаты не запярэчыў, а гэтак жа, як хадзіў раней, абыякава пасунуўся за Бадзяем. Той акінуў яго позіркам і ўздыхнуў. Юнак быў досыць кволы, і справіцца з ім было не вельмі цяжка. Ад гэтай думкі Бадзяю стала ніякавата. Ён ніколі ў сваім жыцці не ўзнімаў руку на чалавека.

Ля дзвярэй у штрэк, што вёў да выхаду, стаялі вартавыя. Такія ж маладзенькія, як і яго праважаты. Дзверы былі зачыненыя. Бадзяй спыніўся, думаючы, як іх адчыняюць. За спіной вартавых ён заўважыў тры кнопкі. Чаму тры? Адчыніць? Зачыніць? Трывога? Якая для чаго? А што за гэтымі дзвярыма? Хутчэй за ўсё, тунель, шлюзавы. Не марудзячы, бо вартавыя пачалі ўжо глядзець на яго падазрона, Бадзяй працягнуў руку да другой кнопкі. Бліжэйшы вартаўнік адмоўна заківаў галавой, маўляў, нельга, і засланіў шчыток. Ён не ўстрывожыўся, і гэта пераканала Бадзяя, што кнопка зачыняе дзверы.

Бадзяй зірнуў у вочы вартавому, усміхнуўся і, паказваючы на першую кнопку, закрыў вушы. Вартавы паківаў галавой. Кнопка азначала сігнал трывогі. У гэты час праважаты дакрануўся да бадзяевага пляча і дастаў з кішэні тую самую скрыначку.

— Дзе вы там ходзіце? — ужо са злосцю спытаўся камандор.

— Прабачце, скора вярнуся.— Бадзяй не хацеў яго раздражняць. — Ужо іду.

Вартавыя пазіралі то на скрыначку, то на Бадзяя. Яны таксама пазналі голае камандора і ўжо больш даверліва глядзелі на гэтага дзіўнага чужынца, якім, напэўна, уяўляўся ім Бадзяй.

Усміхаючыся, каб не выклікаць падазронасці, Бадзяй зрабіў крок да вартавых, схапіў іх за каўняры і стукнуў лбамі. Потым выхапіў у праважатага пісталет і націснуў трэцюю кнопку.

Дзверы павольна рассунуліся. Бадзяй націснуў суседнюю кнопку і хуценька ўскочыў у тунель. Дзверы гэтак жа павольна зачыніліся.

Ён не памыліўся, гэта быў шлюзавы адсек: на сценах віселі скафандры. Бадзяй схапіў самы большы з выгляду і нацягнуў на сябе. Скафандр быў старой канструкцыі, аднаму ўправіцца з ім было вельмі цяжка. Ён патраціў хвілін пяць, пакуль зашпіліўся. Перш, чым накінуць гермашлем, трэба было запасціся кіслародным балонам. Бадзяй азірнуўся і ўздрыгнуў: балонаў не было, іх, пэўна, прыносілі з сабой.

Нібы пацвярджаючы здагадку, нябачны дынамік голасам камандора сказаў:

— Вы звар’яцелі, капітан. Выхад са шлюза на паверхню даю толькі я.

Камандор стараўся гаварыць жартам, але Бадзяй адчуў ягоную трывогу.

— Я не вярнуся, камандор,— адказаў ён.

— Паглядзім! — у голасе была пагроза.

Пагасла змрочнае святло, і ў непрагляднай цемры Бадзяй пачуў шыпенне. Адразу стала цяжэй дыхаць. Ён здагадаўся, што камандор аддаў загад адпампаваць паветра.

— Вы не ведаеце людзей, камандор,— сказаў Бадзяй і накінуў гермашлем. Гэта давала яму ў барацьбе некалькі лішніх хвілін.

— Гэй вы! — пачуў ён раптам голас Чаўра.— Можа, надумаліся ўжо?

— Тры гадзіны не скончыліся,—адказаў камандор.— Мы ўсё яшчэ раімся.

Бадзяю вельмі хацелася крыкнуць: «Не вер яму, начальнік Чаўр!» Але ён мог толькі слухаць.

Канчалася паветра і ў скафандры. «Ну, што ж...» — сказаў сам сабе Бадзяй і вобмацкам пайшоў да выхаду. Не даходзячы крокаў дзесяць, ён узняў пісталет і пусціў прамень. Яркая ўспышка асляпіла. Зажмурыўшы вочы, Бадзяй вадзіў і вадзіў промнем па дзвярах, аж пакуль не адчуў, што зарад скончыўся. Тады ён адкрыў вочы. Там, дзе былі нядаўна дзверы, ззяла вялікая бліскучая зорка. «Сонца!» — узрадаваўся Бадзяй і падаўся туды, да яго святла.

Нехта бег яму насустрач, нешта крычаў, але ён ужо не мог разабраць слоў. Ён чуў голас Чаўра і радаваўся, што на гэты раз менавіта ён, Бадзяй, памог Чаўру.