Стапеліі [Віктар Жыбуль] (epub) читать постранично, страница - 2

Книга в формате epub! Изображения и текст могут не отображаться!


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

удзел і аўтар гэтых радкоў. Віктар агучыў там цыкл “тыпова беларускіх замагільных вершаў” і ў вобразе Падручніка Беларускай Літаратуры доўга выбачаўся за тое, што “любіць прытварацца жывым”. Ніякага гратэску ў гэтым, вядома, няма. Я сам выступаў там з перформансам “Эксгумацыя Янкі Купалы” — чытаў на розных мовах некрафілічны санет песняра “Таварыш мой” (адзін з першых у беларускай літаратуры). Газета Саюза пісьменнікаў “Літаратура і мастацтва” напісала ў рэцэнзіі на вечарыну, што гэты верш не вытрымлівае ніякай крытыкі, але толькі таму, што карэспандэнт не дачуў імя аўтара: у школе гэты твор не вывучаюць. Вечная доля класікаў — ляжаць высахлаю муміяй між старонак “гербарыя” школьных падручнікаў ды энцыклапедыяў:

…Мы пахавалі сябе з музыкай

Яна гучыць і дагэтуль

Патанае ў завялых вушах

(В. Жыбуль, “У чаканні эксгуматара”)

Сёння, каб зацікавіць паэтычным словам шырокую аўдыторыю, недастаткова напалохаць чытача ўжо звыклымi вiдовiшчамi нацыянальнай цi экалагiчнай катастрофы, трэба альбо распрацоўваць уласныя сцэнары апакалiпсісу, як, скажам, у вершы В. Жыбуля “Ледавіковы перыяд”, альбо клiкаць Беларусь да сякеры. Напрыклад, неакансерватары з кола аўтараў “Нашай Нівы” бачаць паратунак для чалавечай душы ў бескампрамiсным нацыяналiзме: маўляў, чалавек усё адно нараджаецца на пакуты, дык хай жа яны хоць будуць апраўданыя спрадвечным высокiм сэнсам.

В. Жыбуль — адно з найлепшых пёраў другога крыла нашай новай літаратуры.

Разам з іншымі спадкаемцамі сюррэалізму ён схiляецца да высновы, што нiякiя пакуты нiколi не маюць сэнсу i, адпаведна, не могуць быць апраўданыя. У рэчышчы будысцкай традыцыi неамадэрнiсты шукаюць выйсце з зачараванага кола рэінкарнацыі, у якiм нас трымае чаплянне за жыццё i, найперш, за ўласнае “я”: “...Мы толькi Тамагочы ў руках Вялiзнага Дзiцяцi” — піша В. Жыбуль у вершы “Тамагочы”. У вечнасцi, у якой мы нараджаемся і паміраем бясконцую колькасць разоў, няма мяне, няма нават нас, а ёсць толькi ўсе разам. Нiхто не вечны апрача нашага агульнага жыцця.

Лiтаратараў новай генерацыi, якiя не спяшаюцца апяваць “вайну культураў”, Сяргей Дубавец даволi трапна называе “ненароджанымi”: “Iх нiхто не нараджаў, яны не паклiканыя анi папярэдняй лiтаратурай, анi нацыянальнай традыцыяй, ані нават шырокімі літаратурнымі стэрэатыпамі”. Сітуацыя ненароджанага азначае вызваленне ад Эдыпавага комплексу, уласцівага тым, хто хацеў бы прыдушыць у “ружовым тумане” літаратуру савецкай эпохi. Між іншым, Жыбуль абараніў дысертацыю пра беларускіх футурыстаў, знішчаных сталінскім рэжымам: усялякая моцная ўлада дазваляе эксперыментаваць (у тым ліку са словамі) толькі сабе самой. Папярэднікі бумбамлітаўцаў, футурысты былі не надта дасканалымі версіфікатарамі, але іх творчай энергіі — і запатрабаванасці ў сучаснікаў — сёння можна толькі пазайздросціць. На думку Віктара, з мінуўшчынаю можна і варта змагацца, але нішчыць яе няма ніякага сэнсу: труп забітай (забытай) эпохі атруціць смуродам саміх забойцаў.

Найноўшая лiтаратура грунтуецца не на неўрозах (мiфах), а на псіхозах (трызненнi). Калi чытаеш тэксты Жыбуля, Сiна, Морт, Сiдарука, — складваецца ўражанне, што аўтар нiчога не выцiскае ў падсвядомасць, нават наадварот — прызнаецца ў такiх сваiх крыважэрных фантазiях, якiх у яго насамрэч нiколi й не было. Iхняя псіхiка (прынамсi, падчас пiсьма) унiкае падзелу на “Я” і “Яно”, а таксама на “Я” і “Іншы”. Аўтары трансгрэсіўнай лiтаратуры й самi не ведаюць, чые трызненнi яны занатоўваюць, — свае цi чужыя. Свабодныя ад спрадвечных “комплексаў”, постсюррэалiсты не бачаць вялiкай рознiцы памiж “Я” i “Яно”, мысленнем i трызненнем, чалавекам i iншымi формамi бязмежнага жыцця:

...сягну туды

дзе грукат агрэгатаў

навекi змоўк чакаючы кагосьцi

хто разбярэ памiж Нiчым i Нечым

мяжу са свежавыламаных костак –

свiных сабачых воўчых

чалавечых

(В. Жыбуль, “Маё ўварванне”)

У Віктара няма бадай ніводнага камічнага верша. Ён цалкам сур’ёзны нават калі смяецца. Вядома, ягоныя вершы багатыя на чорны гумар, але было б недаравальным спрашчэннем уважаць іх за рыфмаваныя анекдоты. Усмешка чытача патрэбная аўтару толькі дзеля таго, каб ажывіць наш твар – саскубсці з яго той наіўны, а часцей — скептычны выраз, з якім мы яшчэ ў школе прызвычаіліся прыслухоўвацца да ўсялякага паэтычнага слова.

Юрась Барысевіч


* Гэтую кнігу паэзіі Віктар Жыбуль рыхтаваў да друку некалькі разоў: упершыню – яшчэ ў 1998 г. пад назвай “Finita la tragedia”, потым – у 2000 г. пад назвай “Магіла гарбатага”, але тады яна з розных прычынаў не змагла ўбачыць свет. Такім чынам, да чытача дайшла ўжо трэцяя версія зборніка – удасканаленая і дапоўненая новымі вершамі. Прадмова Юрася Барысевіча пісалася да версіі 2000 г. і захаваная тут амаль без зменаў, за выняткам аднаго факта, які датычыць біяграфіі аўтара кнігі.

Раздзел I.


Унутры манекена

няма шкілета

* * *

А вы бачылі калі-небудзь вочы

чалавека, якога ўдарыла токам?

Яны блішчаць, нібыта дзве