Натуральная афарбоўка [Альгерд Бахарэвіч] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

«Вяртаньне Шэрлака Холмса». Дзед ажыў. Гэта здарылася апоўдні. Я якраз наліваў гарбату ў вялікі патрэсканы кубак, калі за маёй сьпінаю пачуўся ціхі голас: «Я хачу агуркоў. Сьвежых агуркоў.» Я павярнуўся. Дзед стаяў ля дзьвярэй і глядзеў на мяне з папрокам. Я засьмяяўся, я сьціснуў дзеда ў вабдымках гэтак, што ён ледзь ня страціў прытомнасць. Яму лепш, ён папраўляецца! Я пасадзіў яго на канапу, я паабяцаў хутка быць з самымі свежымі агуркамі на сьвеце. Адзіная праблема была ў тым, што агуркі ў гэтую пару году прадавалі толькі ў вадной краме, дзе неабходна размаўляць з прадаўцом. Я ненавіджу гэткія крамы — яны, відаць, створаныя адмыслова дзеля майго мэтанакіраванага прыніжэння. Мне даспадобы тыя крамы, дзе можна ўзяць тавар і моўчкі заплаціць за яго на касе. Але рабіць было няма чаго. Узрушаны ўваскрашэннем дзеда, я доўга вычвараўся перад прадаўцом, спрабуючы патлумачыць мэту майго візыту, пакуль ня страціў цярпеньне, не перагнуўся праз прылавак і ня тыцнуў пальцам у купку запаветных агуркоў. На гэты абед я не забудуся ніколі. Мы елі пюрэ ды салат са сьмятанаю й гаманілі, выдатна разумеючы адзін аднаго. Потым дзеду захацелася паляжаць. Я зрабіў яму ўкол, перасьцяліў ложак і пайшоў на сваю канапу.

Увечары дзеду зрабілася блага. Белы й голы, як накрэсленыя на адпрасаванай прасьціне контуры чалавечага цела, ён ляжаў і задыхаўся. Я зрабіў некалькі спробаў выправіць становішча, аднак неўзабаве зразумеў — трэба выклікаць хуткую дапамогу. З маім заіканнем гэта было цяжка, але магчыма. Я крутнуў дыск тэлефону, але ледзь на другім канцы зьнялі слухаўку, я ўжо ведаў, што сказаць анічога ня здолею. Я тужыўся й напінаўся, я рыкаў і ікаў у гэтае паўтараючае сваё алё чорнае сіта, але сказаць нічога так і ня змог. Я зрабіў яшчэ тры ці чатыры спробы, ня памятаю. Безвынікова. Я патэлефанаваў бацьку, ён ў любым выпадку правільна зразумеў бы мае сутаргі. Але яго, на злосьць, не было ні на працы, ні дома.

У вадчаі я кінуўся басанож, у вадных джынсах, да суседзяў. Але было яшчэ надта рана, усе былі хто на вучобе, хто на працы. Адно толькі ў крайняй справа кватэры мне адчыніла зусім незнаёмая жанчына ў белым махравым халаце. «Ішоў бы ты спаць, дружа,»— сказала яна ласкава й бразнула дзьвярыма. Я ціснуў званок яшчэ і яшчэ, але вочка, дагэтуль жоўтае й поўнае надзеі, цямнела цяпер на светлым блакіце дзьвярэй. Я пабег уніз, але на пляцоўцы між паверхамі ўспомніў, што стары дома адзін, і можа, яму ўжо лепш, а можа… Рэзка павярнуўшыся, я пабег назад, адчуваючы, як ліпне да босых ступакоў тынк, што сыпаўся са сьценаў. У некалькі скачкоў я апынуўся ля ложку, пад расхістанай, узьнятай на дыбкі столяй. Але стары быў ужо м-м-м-м…

2001

НЕ КРАНАЮЧЫ ФІГУРЫ

— Сабака — гэта сабака, — сказаў Радзівіл і рухам гульца ў кеглі падштурхнуў Фэлікса ў круглы азадак, быццам запусьціў шар. Фэлікс паслухмяна рвануўся наперад, кінуўся да выхаду і ўскалыхнуў бамбуковую фіранку, якая толькі што супакоілася. — Сабака — гэта сабака. А гэта — Кашкін.


На мэталічнай калясцы ляжала нешта, падобнае на чалавечыя клубы, якія прыраслі адно да ад нога. Апрача прадаўгаватай шчыліны ўверсе, уся астатняя паверхня гэтай істоты была зацягнутая ружовай дзіцячай скурай. Істота ляжала нерухома, трохі правісаючы ўнізе між прутоў.

— Як? — хмура перапытаў Андатраў.

— Кашкін, — адказаў Радзівіл, зь любоўю гледзячы на зьмесьціва каляскі. — Гэтак я яго назваў. Як на мой погляд, дык гэтае ймя вельмі яму пасуе.

— Ня ведаю, ня ведаю… Гэта хутчэй нейкая філейная частка сьвіньні.

— Якая сьвіньня! Ды любое мяса згніла б за ўвесь гэты час! Не, тут няма сумненьняў, гэта жывое, зусім жывое… Кашкін завітаў да нас з усялякіх дзіцячых казак.

З агідаю паглядзеўшы на Кашкіна, Андатраў запаліў цыгарэту.

— Дурка нейкая, — сказаў ён і расшпіліў верхні гузік на кашулі.— А можа, яно таго — засланае? Можа, Міхей падсунуў, а?

Радзівіл падсунуўся бліжэй да каляскі й пагладзіў Кашкіна па загадкавай шчыліне. Было прыкметна, што Кашкін крыху напружыўся, скура ягоная дзе-нідзе пасьвятлела.

— Спадабалася, — сказаў задаволена Радзівіл і ўзяў са стала келіх з цытрынавым сокам. Шырокі рукаў халату ўпаў, адкрыўшы да локця паголеную руку, амаль гэткую ж ружовую, як Кашкін. Раптам у вакно ўдарыла сонца, выхапіўшы з дальняга кута пакою, захінутага махрамі ценяў, дзівосны цёмна-чырвоны камін, краты якога ўпрыгожвала чыгунная галава мэдузы Гаргоны. Побач з дубовым абедзенным сталом, за якім сядзелі Радзівіл і Андатраў, цяжка разьлегся пад чорнай накрыўкай більярдны стол. Андатраў паглядзеў на асьветленага сонцам Кашкіна, і яму чамусьці непрыемна падумалася пра ўласнае маленства.

— Дзе ты яго ўзяў? — спытаў ён сіпла, марна спрабуючы ўзгадаць усе тыя лічбы, якія ўраньні падаваліся гэткімі важнымі.

— Знайшоў,— адказаў Радзівіл з падкрэсьленай бесклапотнасьцю. — Наш мілы Кашкін тырчаў на доўгай зялёнай