Натуральная афарбоўка [Альгерд Бахарэвіч] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Магчыма, у глыбіні столі, на паверхні якой плаваў падобны на кулак цень жырандолі, дзед бачыў сваю будучыню. Бывала, ён гутарыў са столяй на таямнічым арго ўсіх звар'яцелых дзядоў сусвету, і тады я пачуваўся бессэнсоўнай аблачынкай у тым небе, адкуль дзед узіраўся ў нетры свайго існаваньня. Тым ня менш дзеда я любіў, і шчыра радаваўся, калі доктар казаў, што дзед пражыве яшчэ доўга, а пры добрым даглядзе можа пайсьці на папраўку. Але доктар пакідаў пасьля сябе рэцэпты й сьляды каля дзедавага ложку, якія не высыхалі да раньня, і ў мяне было адчуваньне, што гэта сьмерць прыходзіла ўначы праверыць, ці не гатовы стары пайсьці зь ёю.

Дні мае міналі так. А дзявятай я падымаўся, рабіў укол дзеду, зазіраў у ягоныя неміргаючыя вочы ды йшоў гатаваць сьняданак. Пюрэ для дзеда, куды я дадаваў калі-нікалі й дзіцячы мясны паштэт, бутэрброд для сябе. Ставіў імбрык, глядзеў у вакно. Мы сьнедалі, я йшоў на пошту па грошы, якія дасылаў бацька, або накіроўваўся ў краму. Прыйшоўшы дахаты, я чытаў да першай гадзіны, гатаваў абед, рабіў дзеду яшчэ адзін укол, карміў яго й затым да вечара глядзеў тэлевізар. А сёмай пюрэ зноў вымушала мяне апынуцца на кухні, варыць апошнія пяць бульбінаў з абабраных уранку пятнаццаці, ускрываць круглыя маленькія бляшанкі мяснога паштэту — імі была даверху застаўленая шафа ў вітальні — і, стрымліваючы нудоту, начыняць дзеда гэтай небяспечнай сумесьсю. Здаралася, я сядзеў зь дзедам пасьля вячэры гадзіну-паўтары, мне падавалася, што ягоныя амаль нябачныя вусны і вузлаватыя, у бялёсых плямах рукі кажуць мне, сігналізуюць: «Застанься, пасядзі», і я сядзеў, думаючы, што гэтым падаўжаю яму жыцьцё.

У прыбіральню, дарэчы, дзед хадзіў сам. Паглыблены ў кнігу, я заўсёды губляў той таямнічы момант, калі стары падымаўся з ложку — было вельмі жудасна чуць у паралітычнай цішыні кватэры раптоўны шум унітазу — быццам тузін ледзяных статуэтак абрынуўся з высокай паліцы. На экране дзьвярнога праёму зьяўляўся дзед, рабіў крок ды зьнікаў. Я зноў пагружаўся ў кнігу, але ўжо не разумеў нічога на адгорнутай старонцы, і мне даводзілася вяртацца на пару старонак назад. За год нашага суіснаваньня я так і ня здолеў звыкнуцца з гэтымі нечаканымі, але такімі натуральнымі дзедавымі хаджамі.

Такім чынам, пасьля нашай маўклівай размовы я зноў валіўся на канапу ў кухні й браўся за чытанне. Але чаканьне заўтрашняга пюрэ, цёплы подых нары паміж расстаўленых ног, уваход у якую быў закрыты кнігай, утульнасьць канапы, лямпа, што грэла патыліцу, рука, што, быццам выпадкова, запаўзла за пас джынсаў, тактыльная галюцынацыя пасмы жаночых валасоў ля скроні, аднолькавасьць усіх дзён гэтага году не давалі засяродзіцца, ясна ўказваючы, што гэты вечар скончыцца таксама, як і ўчорашні, заўчорашні, пазаўчорашні, як і… Я кідаўся ў вітальню, зарываўся тварам у глуханямую кампанію плашчоў ды паліто, якія пасьля сьмерці бабулі ніхто не апранаў. Толькі гэтак можна было заглушыць прыступ пякучага жаданьня, каб дзед памёр. Тады… тады можна будзе патраціць рэшту грошай на віно й мяса, садавіну ды чакаляту, і калі не сабой — слабым прыдаткам магутнага дзеда, то хаця б гэтай аднаразовай раскошаю завабіць у пустую кватэру якую-небудзь жанчыну й да болю ўнюхвацца ў вуглякіслы газ, які яна выдзяляе. Гатовы забіць сябе за гэткія думкі, я накідваў паліто ды йшоў у горад.

На што я разьлічваў? На выпадковае знаёмства, на тое, што ў мяне спытаюць цыгарэту (у мяне заўсёды быў пачак у кішэні, хаця я й не паліў), на пальчатку, якая выпадзе з маленькай і спакуслівай рукі, на ўважлівы погляд, на гаваркую спадарожніцу ў паўпустым аўтобусе — на ўсё, з чаго мог бы завязацца хаця б нейкі вузельчык. На маркотную студэнтку, на дзяўчыну, якая сыйшла з дому, пасварыўшыся з бацькамі й цяпер ня ведае, дзе б пераначаваць, на выгнаную з дому п'яным мужам жонку, на шукальніцу прыгодаў, урэшце. Мне нічога адмысловага ад іх ня трэба было — толькі бачыць, чуць, адчуваць водар, ляжаць побач — блізка-блізка — на канапе ў маёй кухні, абдымаючы адной рукой гарачы выгін сьпіны, які мроіўся мне цяпер у ва ўсім, нават у падлакотніках вунь тых крэслаў. Дзед не заўважыў бы нічога — яго цікавілі адно высокія сфэры. Я хадзіў па зьзяючых вуліцах і цёмных завулках, я ўваходзіў у тралейбусы, якія рушылі невядома куды, я вар'яцеў, спускаючыся па прыступках, падобных на клявішы, што паўтараюць адзін і той жа матыў. Я шэршэляфаміў на ўсю катушку. Магу сабе ўявіць, якім прагным і жахлівым падаваўся ім мой позірк, калі на твар мне падала сьвятло ліхтара або вітрыны. Ніхто не рэагаваў на маю не эрэгаваную, але надта далёка закінутую вуду. Апоўначы я быў згодны ўжо на любую істоту жаночага полу, нават на гэтых двух таўстух. Я ляжаў бы паміж імі, заплюшчыўшы вочы, і на раніцу ператварыўся б у шчасьлівае шашлычаня. Але ні ў вадзін з гэтых дзікіх вечароў я так і не знайшоў у сабе моцы з кім-небудзь загаварыць. Я вяртаўся дахаты й засынаў.

Але аднойчы загаварыў дзед. Гэтак я цешыўся толькі пятнаццаць год таму, недзе на саракавой хвіліне фільму