Сапраўдны час. Запісы 2005—2018 гг. [Уладзімір Сцяпан] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Уладзімір СЦЯПАН


САПРАЎДНЫ ЧАС


Запісы 2005—2018 гг.


Назіранне


На занядбаных могілках, дзе іржавыя агароджы, сухая трава ды леташняе лісце, сярод пахіленых крыжоў і помнікаў, на якіх ледзь бачныя партрэты, а надпісы цяжка прачытаць — настрой тужлівы і нават трагічны... Думаеш пра хуткаплыннасць часу, пра непазбежнасць смерці і пра ўсё такое невытлумачальнае ды балючае... Можа таму, так радасна і парадку еш, зграбаеш, мыеш, чысціш і фарбуеш, каб пазбавіцца таго цяжкага і непазбежнага, каб не думаць...

А калі ўсё патрэбнае паробіш, то і ўсміхнешся, чысты ручнік паправіш і ўздыхнеш... Амаль супакоена.


Тры харысткі

Ехаў у метро пяць прыпынкаў з жанчынамі-харысткамі з царквы, што на Нямізе. Усе ў хустках, доўгіх цёмных спадніцах. Пахла ад іх ладанам, воскам, мёдам і ветрам. Галасы прыгожыя, твары ружовашчокія. Усім тром за пяцьдзясят. Але здзівіла размова. Адна з іх, голасам мяккім (сапрана), расказвала таварышкам пра вялікі андронны калайдар, пра тое, як ён дзейнічае. Гучалі такія словы, якіх я не разумею. Тры прыпынкі ішла гаворка пра паскарэнне, пучкі, кінетычную энергію і пратоны.

Калі я выходзіў, то мне падалося, што пахне ад гэтых жанчын серай і карбідам...


* * *

Падымаюся ў ліфце з чатырохгадовым Іванам і яго бабуляй, якая на ўнука сварыцца.

Хлапчанё заплюшчвае вочы і кажа: «А мяне няма!»

Усміхаюся, бо думаю пра сівабародага Валянціна Акудовіча ў цёмных акулярах.


Гумно

Гэта ж трэба, прайшло цэлае жыццё і я ўспомніў...

Дзед гаварыў: «Якая бульба на калгасным полі, адна ў адну... І жукоў амаль няма!» А мог і так: «А на калгасным полі жыта дык жыта!» І буракі, і морква, і нават кукуруза, па дзедавых словах, на тым калгасным полі радзілі... Мне ж размовы пра калгаснае поле былі малацікавыя. Але, па восені, у сямідзясятым, калі камбайны зжалі ячмень, вядома ж, добры, адбылося вось што. Дзед завёў мяне на тое поле, якое пачыналася за нашым агародам. Прайшлі дажджы, ісці цяжка, бо ногі грузлі ў мяккай і чорнай зямлі. Мы ішлі, ішлі, а потым спыніліся і дзед сказаў: «Уся гэтая зямля, аж да вялікіх елак, аж да самай дарогі — наша.»

Потым ён паказаў, дзе стаяла гумно і свіран. Нават рукамі так зрабіў, быццам вялікія дзверы адчыніў. Увайшоў, пачаў расказваць, дзе снапы ляжалі, дзе малацілка конная стаяла.

Сыпануў дождж. Я пабег па полі ў хату, а дзед застаўся стаяць пад высокім саламяным дахам гумна, на сваёй зямлі, кепку трымаў у руцэ. А дождж часаў і часаў.


Назіранне

Вяскоўцы, нават тыя, каму па сорак—пяцьдзясят, не садзяць яблыні, вішні, слівы... Ходзяць па чужых садах, збіраюць яблыкі з грушамі, абрываюць слівы. Карыстаюцца тым, што засталося ад папярэднікаў-аднавяскоўцаў. І гэта адбываецца не адно дзесяцігоддзе.

І краявіды, у якіх яны выраслі, сённяшнія вяскоўцы не шкадуюць — выпілоўваюць і высякаюць дрэвы па берагах рэчак і побач з дарогамі. А калі іх папракаеш — паціскаюць плячыма і пасміхаюцца, быццам ведаюць нейкую таямніцу жыцця... А таямніца тая простая. Яны, сённяшнія вяскоўцы, не сумняваюцца, што ні дзецям, ні ўнукам іхнія хаты, сады, краявіды не спатрэбяцца.

Нашчадкам не спатрэбяцца, а на сваё жыццё хопіць і таго, што ёсць. Дзякуй богу, што на могілках зямлі яшчэ багата...


Вуліцы і людзі

Няўпэўнены снег. Паварочваю з Інтэрнацыянальнай, падымаюся побач з гімназіяй, абмінаю падстанцыю, праходжу побач са шлагбаўмам у двор. На будцы, у якой сядзяць вартаўнікі-пенсіянеры аўтамабільнай стаянкі, запальваецца і міргае рознакаляровымі агеньчыкамі святочная гірлянда. За шклом, у самой будцы, цёмна, але я ўзмахваю рукой, вітаюся, хоць і не ведаю, ці ёсць там хто? На тонкім снезе застаюцца мае чорныя і акуратныя сляды.

— Гэй, Володзька, пастой!? — гукае Юра, ідзе з будкі да мяне. Без шапкі, але ў вайсковым бушлаце, накінутым на плечы. Вітаемся, ён прапануе пастаяць, пагаварыць, пакурыць.

Яму за семдзесят. Нагадвае рыбінку-печкура. Левае вока ў вартаўніка белае, нежывое, як у таранкі. Ён таропка закурвае і пачынае хутка расказваць пра пахаванне сляпога суседа, пра тое, што людзей на хаўтурах было зусім мала, што ён хацеў пайсці, а суседка, нябожчыкава жонка, затрымала і ён застаўся, а таму і перабраў.

— Юра, прабач, мяне чакаюць, пайду, — кажу па-дзелавому. Выцягваю з кішэні тэлефон. Там чвэрць на дзясятую.

— Добра табе. А мяне ніхто не чакае. Зусім.

— Бывай, дабранач!

Паціскаю халодную далонь вартаўніка. Таропка іду да пад’езда паміж прысыпанымі снегам легкавікамі.

— Гэй, землячок, пачакай, паслухай?! Можа, ты ведаеш, тут мне слова трапілася, не магу адгадаць. Шэсць літар, другая, здаецца «А», хто адзін з тых мудрацоў, што першымі прыйшлі да дзіцяці і Божай маці.

— Гаспар! — кажу праз двор.

— Хто?

— Гаспар.

— Падыходзіць, ну ты, бляха, малайчына! Я, колькі б ні думаў, не здагадаўся. Гаспар.

Юрка стаіць пасярод двара. Падае снег. На будцы гарыць рознакаляровая гірлянда.


«Тэлевізар»

На рагу вуліцы Багдана Хмяльніцкага і праспекта — дом № 75. На першым паверсе, як і тады — кафэ.

Сёння яно называецца «Freh Cafe», а тады — «Молодежное». Вокны ад падлогі да столі. За вялізныя вокны-сцены тое кафэ мела мянушку «Тэлевізар». Бо наведвальнікі за столікамі, як у тэлевізары.

У 1975 годзе там яшчэ стаяў музычны аўтамат. Шэрая металічная скрыня, нечым падобная да сучасных банкаматаў. Пластыкавыя кнопкі, колеру косткі, а побач, на паперках, назвы песняў. Знакамітая «Besame mucho» была напісаная ў адно слова — «Бэсамамучэ». Кідаеш пяць капеек у шчыліну, націскаеш кнопку, і скрыня ажывае, шчоўкае, рыпіць і пачынае спяваць.

Там добра пілося, курылася і сядзелася...

Ведаю шмат гісторый, звязаных з тагачасным «Тэлевізарам», але раскажу толькі адну.

Працавала там прыбіральшчыца сталага веку — цётка Вера, а можа, у мае дзевятнаццаць яна здавалася такой старой. Была цётка Вера звычайнай прыбіральшчыцай. Але яе ўсе баяліся, бо яна бязлітасна, з мацюкамі і абразамі, выганяла наведвальнікаў-п’янтосаў, калі прыходзіў час перапынку. Не было для яе розніцы, хто ты — вядомы паэт, мастак, навуковец ці доўгавалосы студэнт. Падыходзіла, глядзела ў вочы і паказвала пальцам на дзверы. Але, здаралася, калі ёй налівалі паўшклянкі партвейна, то яна дазваляла сядзець і не сыходзіць.

Аднаго разу, вясной, я шукаў у «Тэлевізары» сяброў. Паторгаў зачыненыя дзверы, а потым прыпаў тварам да шкла, прыставіў далоні і пачаў глядзець, ці не там сябры?

Вясновае сонца свяціла моцна. Яркія плямы святла нагадвалі радкі вершаў, выхапленых з тэкстаў. У гэтым святле стаяла цётка Вера з мокрай анучай у левай руцэ. З анучы цякло золата. Прыбіральшчыца стаяла ў галёшах на голыя ногі, пахіствалася пасярод залатой лужыны... Потым неяк няўпэўнена падышла да скрыні музычнага аўтамата, выцягнула з кішэні бруднага сіняга халата пятак, кінула ў шчыліну. Дачакалася музыкі і пачала танцаваць. Старая цётка ў бліскучых галёшах, тапталася і круцілася ў сонечных плямах, расплёхвала залатыя лужыны — пырскі зіхцелі. А мокрая ануча лётала, як хвост рыбіны... Потым яна села на крэсла з жалезнымі ножкамі, закрыла твар рукамі...

Музыкі я не чуў — шкло тоўстае, але думаю, што цётка Вера націснула тую самую кнопку, з песняй, напісанай у адно слова.


Пра каханне

Даўнавата было. Да нас зайшла былая суседка — баба Ева. Яны з мамай сядзелі на кухні і гаварылі пра сваё. Я падслухаў. «Што я думаю, раскажу табе, Наташа. Як падумаю пра гэта, дык заснуць неяк. Вось памру хутка, закапаюць побач с Васілём... А ён жа маладым і прыгожым памёр, усяго-та сорак і было. А я такая старая-старая, мне ж без года восемдзесят. Як сустрэнемся — не панараўлюся яму такая брыдкая. Не будзе ён мяне любіць. Ён жа малады, а я...»

Баба Ева захліпала.

Мая мама маўчала.

А я спрабаваў уявіць дзіўную сустрэчу, бо памятаў вусатага Васіля ў сінім пінжаку с адным бліскучым медалём.


Шчасце

Мала я ведаю пра сапраўднае шчасце, але ведаю.

Яго звалі Якаў, а яе Еўга. Казалі, што ён крышку старэйшы, можа, на якіх пару гадоў. Але і дзед Якаў і баба Еўга былі сівыя, дробныя, за восемдзесят, а мне гадоў дзесяць. У іх сабака Букет, але на мяне ён не брахаў і не кідаўся. У іх маліна за хатай. І дзед Якаў і яго Еўга заўсёды самі казалі, каб я пайшоў ды нашчыкаў малін, і місачку прапаноўвалі.

Еўга захварэла і хутка памерла. Яе памылі, прыбралі, у труну паклалі. Дзед Якаў усё кулакамі вочы свае цёр, а слёзы не цяклі. Сядзеў ён і на сваю Еўгу глядзеў. А потым папрасіў сыноў Пятра з Сашкам, каб хлопцы не спяшаліся... Ні сыны, ні нявесткі не зразумелі, падумалі, што стары загаворваецца... А дзед Якаў прылёг ноччу трохі адпачыць, і больш не прачнуўся.

У той жа дзень ямку на могілках большую выкапалі, труну зрабілі, крыж яшчэ адзін. І на пахаванні, і потым усе толькі і гаварылі, што вось яно — шчасце. Жылі добра і доўга і памерлі, лічы, у адзін дзень.

А Букета з ланцуга спусцілі. А маліны яшчэ не паспелі.


Звычайнае

Раніцай жанчына стала на вагі. Стрэлачка за шклом не варухнулася. Яна сышла на падлогу, а потым ізноў ступіла на вагі. Стрэлачка хіснулася ледзь заўважна і вярнулася на нуль. «Чорт!» — прашаптала жанчына, падскочыла, узмахнула рукамі і бязважка паляцела па кватэры, зачапіла нагой жырандолю і прачнулася.


Настаўнік

Трафім Дзянісавіч Ігнаценка вучыў мяне маляваць. Святло, цень, паўцень, блік, рэфлекс, прапорцыі, маса, абрыс... Ён прамаўляў словы адрывіста і ясна, як медыцынскія тэрміны. Строгі немалады мужчына, здаецца, з 1916 года, педантычны, размоў, якія не тычыліся малявання, не падтрымліваў. Памятаю яго так дакладна, быццам бачу, як ён сядзіць на табурэце перад маім мальбертам і параўноўвае выяву на паперы з ярка асветленым гіпсавым акантам. Памятаю яго рукі з вузлаватымі хуткімі пальцамі... Памятаю гадзіннік на шырокім карычневым раменьчыку (цяпер такія не носяць). Гадзіннік называўся «Победа». Аднойчы настаўнік зняў гадзіннік і паклаў на мальберт. На блед­ным запясці левай рукі цямнела татуіроўка — пяць бэзавых лічбаў. Другая ад пачатку — сямёрка. Апошняя — пяцёрка. Спрабую ўспомніць усю лічбу. Мне здаецца, што гэта мае вялікі і пакуль незразумелы сэнс. Амаль рэлігійны...


Настаўнікі

Настаўнікаў згадваеш не тады, калі ўсё добра і ты едзеш, а тады, калі падаеш і баліць... Мяне навучыў ездзіць на ровары бацька. Настаўнікі паміраюць, але я еду. Яны нябачныя, падтрымліваюць мяне... Дапамагаюць падняцца і перакінуць нагу з пабітым каленам праз раму. І ціха штурхаюць у спіну: «Ну, не бойся, усё атрымаецца». І гэтыя галасы прымушаюць налягаць на педалі і ехаць.

А куды я прыеду — яны не сказалі, я ж не спытаў...


Цуд

Пісьменнікі, мастакі, акцёры, кампазітары — ілгуць, калі кажуць, што лепшая кніга, карціна, роля, сімфонія — яшчэ ненапісаная, яшчэ наперадзе. І мружаць у камеру па-старэчы бясколерныя вочы, і паперкі ў аслабелых руках калоцяцца. Мне амаль шэсцьдзясят і я ведаю, што лепшага ў будучыні не будзе, і сябе падманваць не збіраюся, і чытачоў-гледачоў абнадзейваць.

Але цуды здараюцца.


Анатам

Пластычную анатомію ў тэатральна-мастацкім інстытуце выкладаў прафесар Амврос’еў Аляксей Пятровіч. Ён хоць і быў прафесарам, але навучыць маляваць не мог. Мужчына эксцэнтрычны, вясёлы, акуратны, рухавы. Маляваў на дошцы крэйдай кепска, хаця лічыў, што малюе добра. Аднойчы я з ім заспрачаўся, што ведаць анатамічныя тэрміны мастаку неабавязкова. Ён раззлаваўся. Выклікаў мяне да дошкі. Я ўзяў крэйду і намаляваў чалавека без скуры. Малюнак атрымаўся выразны і ў нечым жудасны... Прафесар узяў маю залікоўку і паставіў свой подпіс.

Больш ён у нашай групе на дошцы не маляваў.

Але самае дзіўнае, мяне гэта і сёння ўражвае да дрыжыкаў. Прафесар тэстамент склаў, юрыдычна аформіў, каб яго труп стаў экспанатам у анатамічным тэатры, каб студэнты вывучалі па ім анатомію.


Стравы

Баба Паліна, ці па-вясковаму, па мужу-нябожчыку — Якіміха, дажыла да глыбокай старасці. Апошнія гады правяла ў хаце ўнучкі. У нядзелю замовіла Якіміха сабе на полудзень — клёцак. Страву прыгатавалі, паклалі ў талерку і падалі старой у ложак. Якіміха добра паела, падзякавала і заснула.

«Так і памерла ў сне — шчаслівая і задаволеная», — казалі сваякі вяскоўцам... А праз дзень ізноў давялося драць бульбу, круціць мяса, бо клёцкі на Віцебшчыне страва, без якой не абыходзяцца хаўтуры, а жалобны стол лічыцца бедным.


Спісы

Згадвалі з жонкай сваякоў — кожны сваіх. Мае з Гомельшчыны, а яе з Віцебшчыны. Спісы імёнаў атрымаліся доўгія. Высвятлялі, колькі на вайне загінула, а колькі савецкая ўлада знішчыла. Аказалася, што прыкладна пароўну.

Сумна... І так, відаць, ва усіх беларускіх сем’ях... Ад многіх і фотаздымкаў не засталося.


Ад прадзедаў спакон...

Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталіся яблыні.

З беларускіх яблыкаў найсмачнейшыя і найпрыгажэйшыя — штрыфель і антонаўка. Штрыфель рос у дзедавым садзе на Гомельшчыне, а васковая антонаўка на Віцебшчыне, у садзе жончынага дзеда Петрака.

Іншыя яблыкі — забаўка, сапраўднай асалоды не даюць.


Зорка

Мне тады было гадоў пяць, да шасці заставалася пару тыдняў, і я жыў у дзеда з бабай. Студзень. Ноч. Я прачнуўся, бо дзед тупаў па хаце, апрануты і ўсхваляваны. На яго валёнках быў снег. Баба завязвала хустку і надзявала ватоўку. Яны збіраліся ісці ў хлеў. Я пачаў прасіцца, каб і мяне ўзялі. Пакуль баба выцягвала з печы вялізны чыгун з гарачай вадой, дзед мяне апрануў.

Мы ішлі праз двор. Дзед з газнічкай, я і баба. У двары было снежна і сінесіне, на небе зіхацелі зоры. Дзед адчыніў вароты ў хлеў і прыўзняў газнічку. Наша вялізная карова ляжала на баку, а за ёй, на жоўтай саломе мокрае даўгавухае цяля. На сценах чорныя цені: дзедаў, бабін і мой.

Добра запомніў вільготнае вока каровы і яе парэпаны васковы рог. Карова глядзела скрозь мяне абыякава і жавала.

Мы ўтрох урачыста вярнуліся ў хату. Першай ішла баба, потым я, апошнім, з газнічкай у левай руцэ — дзед. Я распрануўся і залез у ложак.

«Скора будзе малако», — сказаў дзед.

Скора будзе малако... Мала. Ма...

Цяля назвалі Зоркай. Каляды ж былі...


Школьны настаўнік

Доўга не выходзіла з галавы, а таму запісаў.

Хадзілі з Карпейчыкам, курылі, размаўлялі пра жанчын і дзяцей. Я казаў, што дзіця — частка жанчыны, а таму яна за дзіцяня гатовая памерці і забіць. Я казаў настаўніку біялогіі, што гэта адзін з мацнейшых інстынктаў. Нават жывёлы сваіх дзяцей бароняць. Прыгадаў ваўкоў, тыграў, мядзедзіцу.

Карпейчык спыніўся і жорстка сказаў: «У мінулым годзе маладая жан­чына павезла ў калясцы немаўля ў парк. Зіма была. Мінус 12. Сябровак сустрэла. Выпіла, потым яшчэ і яшчэ. На наступны дзень каляску з дзіцянём замерзлым знайшлі ў парку... »

Ад слоў школьнага настаўніка ў мяне трахея сціснулася.

Потым мы пілі каву і гаварылі пра прозу Варлама Шаламава, але мне страшна не было.


Не бачыў...

Да змроку гулялі з жонкай па парку. Глядзелі на дрэвы і амаль не размаўлялі. Я глядзеў на каштаны, на складаны колер восеньскага лісця... Глыбокі і лёгкі. Зразумелы і невытлумачальны. Можна бясконца ўглядацца, мружыцца і шырока расплюшчваць вочы...

Злавіў сябе на думцы, што ў маім г. п. каштанаў процьма. Але я не памятаю іх жоўтымі. Якімі заўгодна, але не восеньскімі, не. У дзяцінстве і юнацтве на восеньскія дрэвы не глядзіш, іх не бачыш. А каштаны? Вядома, збіраў і шпурляў. А дрэў — не бачыў.


Карціны і кнігі

Мяне заўсёды здзіўляла безгустоўнасць пісьменнікаў. Такія гнюсныя карціны ў кватэрах і кабінетах вісяць, што глядзець на сцены сорамна. Тое ж і з кніжкамі ў майстэрнях і кватэрах мастакоў — быццам і бібліятэка ладная, а пачытаць і няма чаго, большасць кніжак — другарадная «лабуда».

Ведаю стаматолага. Выдатная бібліятэка і дзясятка паўтара якасных палотнаў і графічных аркушаў. Навукоўцы трапляюцца дасведчаныя, як у выяўленчым мастацтве, так і ў літаратуры.


Пяць

— Пачак пячэння, — папрасіў салдацік прадавачку.

— І ўсё?

— А можна пяць яек?

— Не, — адказала прадавачка.

Салдацік пачаў разлічвацца, а прадавачка, пад поглядамі пакупнікоў, запакавала ў цэлафанавы мяшэчак пяць белых яек.

Салдацік выпіў іх у двары, заеў пячэннем і спрытна пераскочыў праз бетонны паркан на тэрыторыю штаба.


Пра чароўныя рэчы

Эрнэст Хемінгуэй сядзеў за столікам парыжскай кавярні і пісаў апавяданні пра Мічыган, пра халодную і празрыстую ваду, пра вецер, пра імклівую стронгу.

Пісаў у нататнік звычайным алоўкам. Вастрыў свой аловак — тачылкай. Ёсць у гэтым нешта дзіцячае і непасрэднае. Дужы мужчына, трымае ў моцных пальцах аловак і беражліва паварочвае яго ў маленькай тачылцы. Габлюшка закручваецца ў спружынкі.


«Hotel California» Eagles

Пальцы ў сале пацягнуліся да круцёлкі прыёмніка, які стаяў на падаконні, і графік Ігар Ліберман сказаў: «Ша! Каліфорнія!» І дадаў гучнасці. Гэта было ў снежні 1978 года, у інтэрнацкім пакоі тэатральна-мастацкага інстытута, на другім паверсе, у гадзіну ночы. Я працягваў жаваць сала з цыбуляй, а Ігар падхапіўся, пачаў хадзіць па пакоі і спяваць. Ён ведаў гэтую песню, а я пачуў першы раз. Ігар так разышоўся, што паставіў на стол бутэльку малдаўскага віна, якое хацеў зберагчы да святаў. Выпілі. Ігар усё спяваў, размахваў скаль­пелем, мружыў вочы і шчасліва смяяўся. Ён тады маляваў ілюстрацыі да Бабеля, а я пісаў алейнымі фарбамі Камароўку. Цёткі, гарбузы, яблыкі, бульба і чорнае неба...

Каліфорнія запомнілася.


Вядзьмарка Домна

Мне хоць і было сем гадоў, але я ведаў, што вядзьмарка жыве ў суседняй вёсцы, амаль у лесе, на самым краі.

Ёй было, як мне здавалася, гадоў сто, а можа, і больш. Старая сядзела ў паўцёмных сенцах ля акна, на ўслончыку. Яна вялікая, у чорнай хустцы, і астатняя адзежа цёмная. Побач стаяў кош з бульбай, бэзавыя парасткі тырчаць, чорны чыгун. У руках чорны нож. Яна абірала бульбу. Светлая лушпініна закручвалася, закручвалася, а потым падала на цёмныя босыя ногі, а бульбіна ў чыгун. Яшчэ ў сенцах віселі венікі з рознай травы і кветак. Пахла сырой зямлёй. Звалі вядзьмарку Домна. Я тады быў упэўнены, што гэта мянушка вясковая.

Яна падняла галаву і паглядзела на мяне ўважліва, а па твары Стасіка толькі слізганула позіркам. Стасік сказаў, што баба Домна ведае будучыню і можа расказаць, што з кім здарыцца. Мы прыйшлі спытаць, ці будзе заўтра дождж, бо збіраліся пайсці на Цагельню, а гэта далекавата.

У старой празрысты позірк. Яна сказала, каб мы не хадзілі на Цагельню, а ішлі ў свой лес. Нахіліла галаву і зноў узялася церабіць парасткі і абіраць бульбу. Мы пастаялі трохі і пайшлі ў сад па ападкі. Нічога такога дзіўнага я не заўважыў і сказаў Стасіку, што вядзьмарка — звычайная баба, такая ж, як мая.

Наступнай раніцай Стасік і два яго старэйшыя браты пайшлі на Цагельню, а мяне не ўзялі. Я ўгаварыў свайго стрыечнага брата пайсці ў наш, у блізкі лес. З Цагельні грыбнікі вярнуліся з пустымі кошыкамі, а мы з братам нарэзалі баравікоў поўны кош.

Было і яшчэ тры сустрэчы з вядзьмаркай Домнай, але і тады яна абірала ў сенцах бульбу.


Дачка вядзьмаркі Домны

Дачка вядзьмаркі Домны — кульгавая Нінка. Яна едзе на ровары па дарозе ўздоўж нерухомага вялікага лесу. Едзе хутка. На ёй цёмны мужчынскі пінжак і рабая сукенка, на шыі цёмная хустка, валасы растрапаныя. На карычневых нагах сандалі. Нінка круціць педалі і крычыць ці смяецца, а можа, галосіць. Да рамы прывязана рыдлёўка.

Дачка вядзьмаркі едзе да матчынай хаты. Гадоў пяць хата стаіць пус­тая, нават на хлеў, нават на дровы хату з выбітымі вокнамі ніхто не хоча купіць.

Карцінка ўрэзалася ў памяць. Цёмны восеньскі лес, светлая дарога і жан­чына на ровары, якая галосіць, а можа, смяецца. Яна і не знікае, і не набліжаецца.


Курган

Сёстры-блізняты Светка і Алка сядзелі за адной партай, а потым за адным сталом. Настаўнікі Светку з Алкай блыталі, а мы адрознівалі. Як тое рабілі — не памятаю, але лёгка.

У сёмым праходзілі «Курган» Янкі Купалы. Задалі вучыць урыўкі. Праз тыдзень адказваем. Дайшла чарга да Светкі. Стала яна каля дошкі, вочкамі сінімі палыпала і гучна пачала:

«Стол ты ўставіў ядой, гасцей шмат пад сталом, —

Гэта госці бядноты рабочай;

Пацяшаешся белым, чырвоным віном, —

Гэта слёзы нядолі сірочай.»

Дачытаць урывак не далі. Клас зайшоўся смехам. Настаўніца паправіла сказала, што не «гасцей», а «касцей шмат пад сталом.»

Светка падумала і сказала: «Паспрабаваў бы хто у нас дома косці пад стол кідаць, мамка б яму галаву адарвала».


Начное жыццё

Шмат разоў раніцай знаходзіў у лесе маленькія баравічкі. Такія малыя, што шкадаваў зразаць. Прыкмячаў месца. Прыходзіў надвячоркам, а грыб той, як быў маленькім, так маленькім і застаўся. Ніколькі за дзень не падрос. Зноў пакідаў.

А вось наступнай раніцай мой баравічок было не пазнаць. Спраўны такі грыб-прыгажун пад кустом сядзіць. Я чырык яго ножыкам — і ў кошык.

Тады я і зразумеў, што грыбы растуць толькі ноччу. Няхітрае адкрыццё.

Скажу болей. І шчэць, як тыя грыбы, удзень — не расце. Сто разоў спраўджваў.

Шчэць расце ноччу. Тады навошта я галюся не раніцай, а перад ноччу?


Адкрыццё

Сорак пяць гадоў пражыў у Мінску.

А толькі сёння зрабіў адкрыццё.

Безліч разоў заходзіў у гастраном на рагу вуліц Леніна з Інтэрнацыянальнай. Побач з гатэлем «Еўропа». Цяпер там рэстаран сушы, а раней месціўся гастраном, дзе можна было кавы выпіць, а пры жаданні партвейна пляшку набыць і парожняй на стойцы пакінуць. Гастраном называлі — «Пярцоўка».

Дык вось, не таму гастраном «Пярцоўка», што ў ім перцам гандлявалі, і не таму, што «пярцоўку» прадавалі, як я раней думаў. А таму, што жыў у гэтым доме акадэмік Перцаў Уладзімір Мікалаевіч. Тысячы разоў на шэрую мемарыяльную дошку глядзеў, а прачытаў уважліва толькі сёння.

Можна смяяцца.


Безвыходнасць

Старая прахапілася пасярод ночы...

Яна стаіць у кухні з пасткай у руках і глядзіць на забітую, расціснутую бліскучай рамкай мыш, а ў рукамыйнік капае вада.

Бом-бом-бом...

«Усё табе! Смачнае было пячэнне? Гэх ты...» — шэпча старая з радасцю, і шкадаваннем.

І яшчэ доўга стаіць і не ведае, што рабіць далей.


Дзікае паляванне

Самы звычайны шэры дваровы кот спрытна і высока падскочыў, у паветры схапіў вераб’я.

Шкада пташку.

Але за такі спрыт і майстэрства сэрца маё было на баку дваровага бадзягі.


Статыстыка

Мама палічыла, што дома, ад таго часу як выйшла замуж, было чатыры чайнікі. Пералічыла і расказала пра кожны. За шэсцьдзясят гадоў усяго чатыры. Думае купіць пяты — маленькі, каб лягчэйшы...


Чужыя гарады

Раней, яшчэ пры савецкай уладзе, часта марыў пра немагчымае. Хацелася паездзіць па свеце, шмат дзе пабыць, шмат чаго паглядзець. Тая ўлада скончылася. Некалькі краін наведаў. А потым ездзіў і ездзіў адно ў Іспанію. Знаёмыя дзівіліся, пыталіся, а чаму толькі ў адно месца, няхай сабе і прывабнае? Што я мог адказаць?

Там мне падабалася. А цяпер і ў Барселону не хачу.

Можа, калі забароняць ездзіць і лётаць, то зноў аджывуць савецкія мары пра замежныя і недасяжныя краіны, пра чужыя берагі і гарады, якія будуць здавацца прывабнымі і спакуслівымі.

Забароны — нараджаюць мары. Забароны — надаюць жаданням слодыч...


Перавязанае горла

Вінсент Ван Гог адрэзаў сабе правае вуха. Калі б гэта зрабіў чалавек невядомы, то і гаварыць не было б пра што. А глупства, зробленае геніяльным мастаком, робіцца фактам мастацтва. Ён адрэзаў вуха, галаву завязаў белай тканінай, на якой і кроплі крыві няма, узяў палатно і напісаў аўтапартрэт. Карціна так і называецца — «Аўтапартрэт з адрэзаным вухам». На палатне тым адрэзанага вуха не відаць, але верыш, што яго няма. Колькі карцін з калецтвамі рознымі, а Ван Гога ніхто не пераўзышоў.

P. S. Гэта я да чаго? Паспрабаваў намаляваць аўтапартрэт з перавязаным горлам.

Хоць нос адхапі, хоць галаву, а Ван Гогам нарадзіцца трэба.


Бессмяротны дух

Учора ў 21:45 заблямкаў званок. За дзвярамі стаяў незнаёмы мужчына ў капелюшы і глядзеў на мяне. Першае, што падумаў — ЖЭС.

— Есть ли у вас бессмертный дух? — на твары незнаёмца плыла ўсмешка.

— А што такое?

— Вот возьмите, — мужчына падаў каляровую паперку. — А то многие сомневаются, а здесь точно написано, что и как.

Паперку я ўзяў. Гэты позні госць мяне насцярожыў. Я доўга думаў, як ён патрапіў у зачынены пад’езд. Адкуль у яго электронны ключ?..


Ганарар

А ці дарма спяваюць птушкі?

Я атрымліваў грошы за вялізныя пано і партрэты правадыроў, за напісаныя лозунгі, дзе чырвоныя літары былі большыя за чалавека. Атрымліваў грошы за сцэнарыі тэлеперадач, дакументальных і мастацкіх стужак, за сцэнарыі серыялаў, знятых і недазнятых... За бульварныя раманы, якія выдаваліся вялізнымі накладамі...

І мне не было сорамна.

А за маленькія малюнкі, якія крэмзаў паміж працай над «вялізнымі» творамі, за вершыкі і гісторыі, якія пісаў «для душы», я таксама часам атрымліваю грошы.

І вось што. Браць вялікія грошы мне ніколі не было сорамна, а маленькія, за вершыкі і апавяданні на чатыры старонкі — сорамна. Учора атрымаў чарговы ганарарчык у выдавецтве...

Было сорамна, бо так і не змог адказаць сабе: «А ці дарма спяваюць птушкі?»


Ранішняе

Як не пазайздросціць незнаёмаму аднагодку? Ён бярэ літр піва і таропка нясе да суседняга століка. Першы куфаль выпівае адразу — без супынку, з прымружанымі вачамі. Другі п’е няспешна і з задавальненнем. Ён грэбліва пазірае алейным позіркам на маю маленечкую філіжанку з кавай. Ён, як і я, гэтым ранкам нікуды не спяшаецца. Але няма ў мяне да яго зайздрасці, як і ў яго да мяне.


Цудадзейныя рэчы

На дзвярным вушаку, паміж перадпакоем і гасцёўняй, вісіць званочак з чорнай апаленай гліны. На званочку сядзіць драўляная страказа. Тулава чырвонае, а крылы, як палачкі ад марозіва. На зялёнай нітцы вісіць доўгая вузкая паперка з чорнымі іерогліфамі. Калі нехта праходзіць, то паперка хістаецца і званочак нягучна бомкае. Гэта традыцыйная японская. не магу прыдумаць слова, бо не ведаю. рэч-цацка. Японскі прафесар-славіст тлумачыў абсалютна сур’ёзна, што страказа, званочак і паперка з малітвамі стануць ратаваць маю сям’ю і дом ад непрыемнасцяў і няшчасцяў. Каму б іншаму, то і не даў веры. Атсуа Наказава дапамог мне цудадзейную рэч прыладзіць і прачытаў па-японску хайку Басё.

І цяпер, калі званочак бомкае, то і я згадваю хайку. Сапраўды — рэч цудадзейная, бо толькі цуд і можа прымусіць чалавека шаптаць, як малітву, кароценькі верш...


Назіранне

Ёсць такі забабон: калі прыкмеціць маленькі грыб, каб праз пару дзён зрэзаць, то ён не вырасце. А вось дрэвы, пад якімі мы фатаграфуемся, не растуць — чыстая праўда.


Сёння

У вагоне метро разглядаў рукі. Не свае, а тых мужчын і жанчын, якія сядзелі насупраць. Па руках спрабаваў уявіць, стварыць партрэты гаспадароў шасці пар непадобных рук. Увогуле, не вочы — люстэрка душы, а рукі. Мітуслівыя рукі мужчыны маладзёна, з неахайнымі пазногцямі. Кідка размаляваныя пазногці жанчыны з выродлівымі залатымі пярсцёнкамі. Бязвольныя рукі з тоўстымі і слабымі пальцамі належалі яе дарослай дачцэ. І толькі адны мужчынскія рукі аказаліся выразнымі, моцнымі, жылістымі і нават дагледжанымі. Такімі, што мне захацелася паглядзець на твар іх уладальніка.

А можа, рукі нашы гаспадары?


Інтымнае

Ёсць у мяне відэлец і лыжка — нямецкія, трафейныя, з арлом.

Па-дызайнерску дасканалыя рэчы. Ёмкія, зручныя, але есці — ні відэльцам тым, ні лыжкай фашыстоўскай — не магу. Дзіўна.

А вось штых-нажом нямецкім карыстаўся доўга, нават, падабалася.


Вось яно як

Адзін мужчына штораніцы глядзіць навіны «Euronews».

Другі — «Вести» РТР.

Абодва працуюць у мехкалоне Смаргонскага ДРБУ.


Народныя песні

Гэтую гісторыю ад жончынага дзеда Сцяпана чуў двойчы. У другі раз запісаў яе ў маленькі нататнік. Дзед сядзеў у вялікім пакоі, пры круглым стале. Свяціла сонца: на чыстую падлогу, на сцены, зіхацела ў белай кафлі грубкі, а мы з жонкай сядзелі насупраць і слухалі.

Ён расказваў, як з другімі палоннымі працаваў на сталеліцейным заводзе ў горадзе Максюта. Так і казаў — Максюта. Насамрэч, той невялікі гарадок у Баварыі называецца Maxhutte-Haidhof. Працавалі там доўга, шмат і цяжка. Потым завод разбамбілі. Напрыканцы зімы 1945 года ўсіх рабочых перавезлі з завода ў лагер, які і вызвалілі амерыканцы.

Тады Сцяпан Ляйчонак упершыню ўбачыў чарнаскурых вайскоўцаў. Салдаты былі дужыя, высокія. Расказаў і такі жарт пра першыя сустрэчы з вызваліцелямі, што калі хто пераадолее гідлівасць і пацалуе чорнага салдата, то атрымае ў падарунак залаты пярсцёнак. Г аварылася гэта весела, з усмешкай. А потым дзед спахмурнеў, падціснуў вусны, прыгладзіў сівыя валасы і доўга маўчаў, перш чым пачаць гаварыць.

Праз некалькі дзён, калі амерыканцы склалі спісы і ўсё ўдакладнілі, калі хворых і нядужых паклалі ў шпіталі, астатніх сабралі ў двары, пастроілі і афіцэр праз перакладчыка растлумачыў, што хутка ўсіх перададуць рускім. Але, калі хто не жадае вяртацца ў Савецкі Саюз, то можа паехаць у Амерыку, каб жыць і працаваць там. Хто згодны ехаць у далёкую Амерыку, той павінен зрабіць тры крокі наперад. Некалькі разоў перакладчык паўтарыў пра тры крокі. Афіцэр, са спісамі палонных, стаяў, глядзеў, чакаў. «Некалькі нашых выйшлі, а я застаўся стаяць. Мог бы, канешне, і я пайсці. Не прапаў бы ў той Амерыцы. Але застаўся на месцы. Дома ж дзве дачкі, бацькі, брат малодшы.» — казаў дзед з разгубленай усмешкай.

Потым быў фільтрацыйны лагер, а пасля некалькі месяцаў вайны.

У пакой свяціла сонца, і дзед мружыўся, вочы слязіліся.


Вера і сіні квіток

У маім жыцці мноства фактаў, якія з’яўляюцца сведчаннем існавання Бога.

Гэтыя факты-падзеі нічым іншым вытлумачыць не магу. Іх, сапраўды, шмат!

Але мне дастаткова і таго, што гадоў у шэсць, першымі вераснёўскімі днямі, на плошчы побач з клубам ён даў мне марозіва-эскімо на палачцы — коштам адзінаццаць капеек (смачнейшага ніколі не каштаваў). Каб жа толькі марозіва, а яшчэ сіні квіток на дзённы сеанс, на фільм пра Сіндбада-вандроўніка.

Часам здаецца, што гэта было ўчора. Я не запомніў ні твару, ні паставы, ні абставін, пры якіх марозіва і квіток аказаліся ў маіх руках.

Думаю, што ў кожнага ёсць такія доказы.


Ягадны сон

Перадалі днямі з Ушаччыны гасцінец — вядро брусніц. Селі з жонкай перабіраць. Чырвоныя, ружовыя, барвовыя, мяккія, цвёрдзенькія, дробныя і буйныя ягады. Цэлы вечар сядзелі і выбіралі лісцікі, сасновыя і яловыя голкі, траву. Душэўна пра дзяцінства гаварылі, розныя гісторыя і ягадныя мясціны згадвалі. Рукі пахлі лесам. Смачна неверагодна. Жывым і сапраўдным лесам.

А калі спаць лёг, то ягады не сніліся, хоць і наглядзеўся на іх за мітуслівай працай да болю ў вачах. Дзіўна? Грыбы, ягады, рыба сняцца заўсёды. Паплавок — дае нырца, грыб — з-пад куста вызірае, ягады — россыпам чырвоным на зялёнай траве. І толькі сёння пад вечар зразумеў, чаму яны ў мой сон не прыйшлі.

Не сам збіраў, не гнуўся за кожнай ягадзінай, вось і не прысніў.


Любоў

У майго знаёмага была выдатная бібліятэка, вялікая кватэра, машына і ўспаміны пра вандроўкі па свеце. Патолагаанатам сказаў, што мой знаёмы ў свае семдзесят два, здаравейшы за саракагадовых. Жыць бы мог бесклапотна з такім здаровым арганізмам гадоў пятнаццаць, бо, нават зубы добрыя, ніводнай дзірачкі незалечанай. А чалавек не захацеў жыць. Скончыў жыццё самагубствам сярод любімых рэчаў, якія збіраў, пра валоданне якімі марыў, на якія працаваў нястомна. Не ўтрымала любоў да рэчаў чалавека на гэтым свеце. І не магла ўтрымаць. І любоў да Радзімы не ўтрымала ад жахлівага кроку... Не стала сына, не стала сабакі, не стала жонкі.

Думаю, што калі б у майго знаёмага быў плаксівы ўнук, няхай і не ў Мінску, то ўсё склалася б інакш.


Чалавек

У аднаго майго знаёмага — сабака, а ў другога — кот. У трэцяга — выдатная амерыканская машына. У чацвёртага — шыкоўнае лецішча і машына. У пятага знаёмага — сабака, кот, машына, лецішча і каханка. Ён — самы няшчасны, прынамсі, так кажа пры кожнай выпадковай сустрэчы.


Ван Гог

На балконе шостага паверха, высока па-над дваром і дрэвамі, растуць тры вялікія сланечнікі. Я падумаў, як гэтыя кветкі глядзяцца ў раме акна, з кватэры. На сінім, ці шэрым небе — радасна і святочна, як на карціне. Сланечнікі паварочваюць свае залатыя галовы, у адрозненне ад намаляваных, за сонцам.

Гэта прыгажэй за феерверк.

Салют, Вінсент Ван Гог!


Прыгажосць

Сёння згадаў любімую японскую пісьменніцу Сэй Сёнагон і яе бессмяротнае назіранне, што адваротны бок прыгожай вышыўкі заўжды выклікае агіду. Зайшоў у двор па вуліцы «Карламарла». З вуліцы — столікі, сурвэткі, парасоны. Публіка прыстойная харчуецца, каву п’е, ласуецца прысмакамі рознымі, па мабілках размаўляе, на ноўтбуках піша. Карацей, прыгажосць і гламур.

У двары ж — кухары ў брудных хвартухах афіцыянтак ціскаюць, паляць, ядуць з аднаразовых талерачак пальцамі, матам лаюцца. І смурод з кухні яшчэ той. На асфальце недапалкі, смецце, скрыні драныя з недаедкамі. Вось такая вышыўка.

А кава там — смачная.


Неба

Кручкі нямецкія. Жылка японская. Паплавок ангельскі. Вудзільна кітайскае. Катушка шведская. Сумка галандская. Сцізорык швейцарскі. Тэрмас нямецкі. Кава бразільская. Запальнічка кітайская. Цыгарэты амерыканскія. Ліхтарык іспанскі.

А што беларускае?

Чарвякі, рака ды рыба!!!


Му-му

Каб пра абарону Брэсцкай крэпасці напісаў сляпы Гамэр, то...

Хто б ведаў студэнта Раскольнікава, каб не Дастаеўскі?

Хто б ведаў падлеткаў: Рамэа, Джульету, прынца Гамлета?

Хто б ведаў Хрыста, каб не апосталы-пісьменнікі?

Пералік можа быць доўгім-доўгім, як жыццё чалавецтва.

Толькі тое, да чаго дакранаецца мастак, і застаецца.

Астатняе гіне, ператвараецца ў лічбы, факты. (малацікавыя і малазмястоўныя).


Травень

У першым і другім класах я хадзіў у школу ў першую змену, а ў трэцім — у другую. Уся першая палова дня ў мяне была вольная. Я залазіў на спінку канапы пры акне. Ставіў ногі на радыятар, а на шырокім падаконні раскладаў сваё багацце. У мяне была вялікая скрыня з-пад шахмат, а там — пластылін. Не памятаю, хто і з якой нагоды аддаў мне аж некалькі пачкаў пластыліну. На той час прачытаў «Зверабоя» і «Следапыта». Адсюль і сюжэт узнік. Я вырашыў зрабіць правадыра мужных індзейцаў і яго воінаў. Вядома, што мустангі плямістыя, а індзейцы ў баявой расфрбоўцы і пры зброі. Тры дні да школы і пасля я ляпіў індзейцаў. Нікому не паказваў. Нарэшце скончыў. Бацькі не верылі, што я змагу зрабіць нешта вартае ўвагі і здзіўлення. Я зляпіў сямнаццаць чырванаскурых чалавечкаў, упрыгожаных яркімі пёрамі. Пластыліну на сямнаццаць мустангаў не хапіла, а таму пяцёра воінаў здаваліся маленькімі. Я расставіў на белым падаконні сваё індзейскае вой­ска, задаволена агледзеў і пабег на заняткі. Вельмі хацеў, каб бацькі здзівіліся майму майстэрству.

Вярнуўся са школы, а мяне сустрэла сямнаццаць рознакаляровых гурбачак. Маё войска знікла. Я падумаў, што гэта малодшы брат пастараўся, потым.

І колькі тады ні тлумачыў бацька, колькі ні пераконваў, а я так і не паверыў, што гарачае вясновае сонца растапіла пластылін.

Цяпер — веру.


Кантрасты

На Круглай плошчы заквітнелі дрэвы. Народ пад тымі дрэвамі фатаграфуецца. Лезуць паўдуркі пад галіны, бо думаюць, што побач з дрэвамі ў беларужовай квецені і яны будуць выглядаць прыгожа. Не разумеюць таго, што калі жадаеш выглядаць прыгожым — здымайся побач з пачварным... Закон кантрастаў ніхто не адмяняў...

А потым згадаў свой любімы фотаздымак, на якім трымае мяне, пяцімесячнага, мама на руках пад старой яблыняй у квецені...

І мама прыгожая, і я маленькі, як той анёлак...

І прыгажосць дрэва нам не перашкаджае... Эх, законы...


Грошы

Старая касірка, з рукамі настаўніцы-піяністкі, непадробна абурылася, калі я сказаў банальнасць пра тое, што грошы не пахнуць. Яе твар сціснуўся, здзьмуўся, як надзіманы шарык, а пальцы перасталі рухацца. «Што вы такое кажаце. Я два разы ляжала ў бальніцы праз алергію на грошы... Яны смярдзяць, яны могуць атруціць. Я губляла прытомнасць у сховішчы і не магла зразумець ад чаго. Вярталася, садзілася лічыць, прывезеныя інкасатарамі грошы, і мне зноў рабілася кепска...» — казала касірка і складала перахопленыя аптэчнымі гумкамі пачкі банкнотаў.

Я глядзеў на грошы зачаравана і не даваў веры яе словам. Для мяне грошы пахлі свабодай і цытрынавым парфумам. Гэта адбылося восенню, дваццаць пяць гадоў таму.


Жывёлы

У пад’ездзе завяліся ціхамірныя бамжы. Парачка — Яна і Ён. Пазбіраюць ноччу дыванкі па паверхах, пасцелюць пад кветкамі, паміж апошнім і перадапошнім паверхамі, і спяць... Пад кветкамі, пры вялікім акне. А па шкле дождж цячэ...

Я не супраць гэтых людзей, каб не цяжкі смурод. Амаль невыносны. Чатыры сабакі італьянскага дыпламата брэшуць і скуголяць, калі гаспадар выводзіць іх раніцай у двор, ірвуцца са шворак наверх. Яны б падралі і пагрызлі ціхамірных бамжоў, каб толькі гаспадар дазволіў. Чаму сабакі такія ненавісныя да бедных і няшчасных? Я гэта даўно заўважыў.


Кнігі

Мой сябар перад самай смерцю адпісаў выпадковым людзям сваю чатырохпакаёвую кватэру ў цэнтры Мінска, гараж у двары і вялізную бібліятэку... Кніг было больш за тры тысячы тамоў. З усёй маёмасці мяне цікавіла пяць кніжак — дарэвалюцыйныя і першых паслярэвалюцыйных гадоў. Сябар ведаў, што я — адзіны з яго блізкіх, каму тыя пяць кніг цікавыя і прынясуць радасць. Ведаў, але кнігі трапілі выпадковым людзям, яго суседзям, якія іх і не раскрыюць, магчыма...

Цяпер, калі згадваю кнігі, то з крыўдай згадваю і яго.


Свет

У Мінску дождж... Пры ўваходзе ў краму, у пад’ездзе, схаваўся смярдзючы бомж ды яшчэ з сабакам. Што такога зрабіў чорны цуцык гаспадару — не ведаю. Але бомж пачаў яго біць нагой. Сабака ўцячы не можа, бо на шворцы. Вішчыць, скуголіць, па мокрай падлозе качаецца. Я схапіў бамжару за плячо і добра шкуматнуў, адкінуў да сцяны. Бомж адразу зніякавеў, бо зразумеў, што яшчэ слова і я заеду яму ў азызлае рыла. А чорны цуцык раптам загырчэў і кінуўся на мяне. Хацеў за нагу схапіць. Каб не караткаватая шворка, то і цапнуў бы. Не сумняваюся. Бомж са сваім цуцыкам сышлі. А я раззлавана выпаліў цыгарэту... А што заставалася рабіць?

Свет несправядлівы.


Сябар

Мужчына ў гадах, з якім я сябраваў, аднойчы скрушна пачаў наракаць на жыццё, якое прымусіла яго займацца зусім не тым, чым яму хацелася. Ён і мяне засцерагаў не паўтарыць яго памылак. Гэта было гадоў пятнаццаць таму. Я нарабіў памылак горшых, чым мой сябар. І зразумеў, што адрозніваюся ад яго адно безвыніковым імкненнем тыя памылкі выправіць.

Хоць і ведаю, што памылкі можна толькі дараваць, а выправіць немагчыма. Сумна.


Калізей

Гэта, як у тэатры, калі акцёры далёка ўнізе, а ты на балконе. Спачатку яны спрачаліся, потым сварыліся. Потым яна заехала яму па твары, выбіла цыгарэту. Потым ён ёй. Потым зноў яна хацела ляснуць, але хлопец перахапіў яе руку, закруціў і ўдарыў па твары. У дзяўчыны пацякла з носу кроў, а ён пайшоў ад прыпынку. Яна пабегла следам. Ён спыніўся. Яна замахнулася, але ён яе апярэдзіў і ўдарыў хлёстка, наводмаш. Нешта сказаў. Спрытна пераскочыў праз чыгунную агароджу Купалаўскага сквера і падаўся да помніка. Яна крычала ўслед. Выцірала пабіты твар. Пачала пералазіць праз агароджу і ўпала. Яна бегла за ім. Ён стаяў пад дрэвам і чакаў. Ён выціраў насоўкай сваю запэцканую крывёй руку. Потым ёй твар. Потым яны сядзелі на лаве і палілі. Яна гладзіла яго руку.

Мне стала нецікава і я пайшоў дапісваць сцэнарый. Але не працавалася, і я вырашыў дарабіць рэпартаж з месца падзей. З прыпынку аўтобуса № 57, які пад вокнамі. На прыпынку было сем чалавек. Чацвёра мужчын і тры жанчыны. Каб хто скрануўся, усе сачылі за падзеямі са сваіх месцаў.


Лічбы

Чаму ў памяці застаюцца нумар аўтамата і вайсковай часці?

Нумар тэлефона дзяўчыны, якая даўно памерла?

Нумар старонкі, на якой пяць год таму спыніў чытанне «Уліса» (сотні непатрэбных нумароў захоўвае памяць). Ну, не для гэтага ж тэксту?


Пра мастацтва

Як хутка ператвараецца ў нішто большасць модных рэчаў — камп’ютары, відакі, бытавая тэхніка, аўтамабілі... А маленькая кніжка,якая каштавала капейкі, не старэе, перавыдаецца... І карціны Ван Гога, якія амаль нічога не каштавалі пры жыцці аўтара, сёння прадаюцца за дзясяткі мільёнаў...

Тэхніка — нішто, а мастацтва — усё.

Я набраў на камп’ютары і падзівіўся ў маніторы, якія роўныя атрымаліся радкі. Імгненне — і пяцьсот фрэндаў чытаюць...


Вясна

Вось гісторыя, якую пачуў ад сябра-доктара.

У яго ёсць пацыентка, якой гадоў шэсцьдзясят. Актыўная цётка. Тры гады таму пахавала мужа. Мужчына быў смяротна хворы, шанцаў на папраўку нуль, жыць заставалася не больш за месяц. Але памёр не ў ложку — збіла машына побач з домам. Яна сама і выправіла яго ў двор, каб пасядзеў на лаве, пагрэўся пад летнім сонейкам... Жанчына і сёння свята ўпэўненая, што каб яе муж не загінуў пад машынай, то ён бы абавязкова паправіўся.

Прыкладна так думаю пра некаторыя свае справы і я.


Бойка

Масюкоўшчына. Тралейбусны прыпынак. Палова на шостую, але гэта неістотна...

Кампанія: непрэзентабельная дзявуля ў скуранцы і кепцы, трое мужыкоў, такога ж замесу. У руках дзявулі пачатая пляшка з віном. Яна робіць глыток. Адзін з трох нешта кажа ёй ціха. І раптам дзявуля пачынае яго біць. Зло, агрэсіўна... Яе адштурхоўваць, спрабуюць хапаць за рукі, а яна вылузваецца і кідаецца зноў.

Мужык не ўтрымліваецца на нагах і падае. Дзявуля ж не дае яму падняцца і працягвае біць нагамі ў твар. Кроў, мацюкі, крык. Пры гэтым яна трымае ў правай руцэ пачатую бутэльку. Ні адна кропля не выліваецца. Скрываўленая галава матляецца, як кавун у сетцы. Двое мужыкоў бягуць праз дарогу і моўчкі заскокваюць у мой тралейбус. Дзявуля працягвае мясіць нагамі галаву нерухомага мужыка на пустым прыпынку. Не ведаю, ні хто яны, ні за што — мне іх не шкада...

Праз бруднае шкло кепска відаць, чым там скончылася, але гэта і неістотна.


Вясна

Наталля — выкладчыцы французскай мовы. Ёй — сорак сем... Андрэю, электрыку — дваццаць сем. Ён жыве на трэцім паверсе з бацькамі. Яна жыве паверхам вышэй. Наталля замужам другі раз, але дзяцей няма ні ад першага шлюбу, ні ад другога. Калі Андрэю трэба грошы — ён ідзе да суседкі Наталлі. Глядзіць на яе вільготнымі вачамі, шчаку няголеную шкрабе, трохдзённай шчэццю пстрыкае. Яна пазычае нават ноччу. А ён ведае сваю ўладу над жанчынай і ўсмешліва абяцае забегчы днямі. Але адно абяцае. Яшчэ і час спытае, калі жанчыне зручней. Якімі вачамі Наталля глядзіць на Андрэя. Яна б яго на шматкі падрала, такая пажаднасць і жарсць у нафарбаваных вачах. Потым жанчына доўга не можа заснуць, паліць пад выцяжкай і п’е кроплі... Грошы Андрэй звычайна аддае сівавалосаму прафесару, мужу Наталлі, які па вечарах выгульвае спаніэля. Сустракае ў двары і просіць перадаць для Наталлі Міхайлаўны. Аднойчы і кола дапамог прафесару на машыне замяніць.


Дзіцячая біблія

Мне тады было шэсць з паловай.

Вясковыя дзеці змрочную цётку Таццяну слухаць не хацелі, а я слухаў. «А Бога салдаты схапілі і прыбілі да высокага крыжа цвікамі, а ён не плакаў і цярпеў за ўсіх нас, хоць кроў цурком бегла», — узбуджана тыцкала ўказальным пальцам у сваю далонь набожная цётка Таццяна, калі пераказвала знакаміты сюжэт.

У тое, што Бог не плакаў і цярпеў боль, я не веру, але маўчу... Бо добра памятаю, як мінулым летам прабіў нагу іржавым цвіком. Тут, каля іхняй хаты. Дзядзька Пятро майстраваў новы плот, стары штакетнік валяўся ў траве. Я наступіў на дошку — дзюбка цвіка выскачыла над пальцамі... Як тады цётка Таццяна сварылася на мужа за тое, што той не прыбраў старыя дошкі. Якімі словамі... «Паскуда» і «злыдзень» былі наймякчэйшымі.

А кроў і сапраўды цурком бегла.


Непрыемнасці

Поўня... На згустак бела-бліскучага святла можна глядзець доўга. Спрабаваць убачыць твар, профіль, вочы і рот... Але я не гляджу доўга. Зірну — і вочы долу. Калі быў малым, то аднойчы стаяў на ганку дзедавай хаты і дзівіўся на руды і вялізны дыск, які зіхцеў над брамай. Хоць і зябка, але пайсці ў хату не было моцы. Здавалася, што ногі мае каменныя, а вочы шкляныя. Не было страху, але і радасці не было. За спінай адчыніліся дзверы, на ганак выйшла баба.

«Не глядзі на яе, чуеш?» — загадала скрушным шэптам і павяла мяне ў хату. Я спытаў, а чаму на месяц глядзець нельга? Але тады баба не патлумачыла, а толькі пазашморгвала фіранкі і загадала спаць. Амаль кожны раз, калі поўня, са мной здараюцца непрыемнасці. Самыя розныя: то згублю якую рэч, то спазнюся, то захварэю, то пасваруся, аднойчы зуб зламаў, моцна парэзаў руку — не пералічыць... Раней, калі выпіваў, то непрыемнасці здараліся абавязкова. Поўня — чакаю кепскіх навін, хоць і ведаю, што гэта ўсё забабоны і лухта... І бела-бліскучы згустак прахалоднага святла, які ўчора бачыў над рэзідэнцыяй, не пры чым. Ці не?


Хайку

Да аперацыі — тыдзень. Ён крыху памаўчаў, а потым пажартаваў: «Святло без ценяў... Наперад нагамі выйду... Проста ў лістапад».

Пасмяяліся.

Хайку, але ні ён, ні я пра гэта не падумалі.

Ляцела павута. Быў кастрычнік 1998 года. Мастак ляжаў у бальніцы.


Кветка

Вечар. Доўгавалосы хлопец з сяброўкай сядзелі на дыванку паміж апошнім і перадапошнім паверхамі, побач з вялікім сінім акном, пад кветкамі. Тут райскі сад, а за шклом ляцеў снег. Круціліся і мільгалі вялікія сняжынкі. Хлопец з кароткастрыжанай сяброўкай елі мандарыны і лушпіны складалі на падаконне. Яны пілі віно з рыльца, палілі, і жыццё ім не здавалася кепскім. І не было жыхароў ні шостага, ні сёмага паверхаў — моладзь не турбавалі. Хлопец прапанаваў сяброўцы заняцца каханнем. І яны заняліся. За шклом падаў снег, а ім было цёпла і горача. Потым яны апрануліся, даелі мандарыны і дапілі віно. Выпалілі па цыгарэце. Дзяўчына прапанавала зноў заняцца каханнем, але ён сказаў, што хоча спаць, што заўтра на заняткі. Яна зрабіла пакрыўджаны выгляд і паднялася. Ён падумаў і адламіў кветку амараліса. Яна здавалася бясколернай, хоць насамрэч была ярчэйшай за мандарыны. Яны не прыбралі за сабой і сышлі пад снег. Дзяўчына несла кветку, але побач з пад’ездам выкінула яе на снег. Пры чым тут кветка? А я і сам не ведаю? Але мне здаецца, што кветка ў гэтай гісторыі — асноўнае...


Жарсць

Дзіўна, але я ніколі не быў музычным фанатам...

Абмінула мяне жарсць да музыкі. Праляцела, не зачапіла. Не лез я на сцэну, не ездзіў у іншыя гарады на канцэрты...

Учора, калі познім вечарам сядзеў і піў гарбату, то па радыё гучала музы­ка, знаёмая, чутая даўно-даўно. Я паспрабаваў згадаць, дзе і пры якіх абставінах... Але не прыгадаліся ні абставіны, ні тыя, з кім слухаў... А кампазіцыя гучала неверагодна знаёмая...

Потым падумаў, як мяне, дзевяцігадовага, здзівіла смерць аднакласніка — токам забіла хлопчыка. Цяпер смерць аднагодкаў робіцца падзеяй звыклай, а таму і больш палохае, чым у пяшчотным узросце.

А гучала кампазіцыя «Я жывы», ведаеце альбом гурта «Uriah Heep», той, за 1978 год. Мне тады было дваццаць і песню пачуў з прыёмніка... VEF стаяў на падаконні, а мой сусед па інтэрнацкім пакоі Ігар Ліберман паварочваў бліскучы стрыжань антэны і спрабаваў на слых перакладаць словы...

Быццам у песнях маладосці словы маюць значэнне...


Адукацыя

У кнігарнях сустракаюцца незвычайныя людзі.

Падыходзіць адзін да гандляркі, глядзіць у вочы і кажа: «Мне, калі ласка, тры кніжкі для вышэйшай адукацыі... Плутарх, Мао Дзэдун і “Майн Кампф...”» Гандлярка робіць вочы і перапытвае: «Усё?» Пакупнік, нават, не задумваецца: «А што, гэтага не хопіць?»


Габлюшкі

Калі бацька майго аднакласніка — дзядзька Юзік бываў цвярозы, то з ім было цікава пагаварыць. Мне падабалася заходзіць у маленькую майстэрню. Сядаць на скрыню і глядзець, як спрытна працуе цясляр. Я браў залацістабелую габлюшку, удыхаў яе водар. Круціў у пальцах. Рабіў з габлюшкі пярсцёнак, калі ламілася, браў новую. Габлюшак на падлозе было поўна. І мяне не цікавіла, нашто пойдуць тыя дошкі. Труну замовілі цесляру, альбо дзверы, ці лаву... Мне падабалася бясконцасць маёй гульні... «Як ты думаеш, хлапец, што мне рабіць найбольш прыемна?» — паверх дошкі пацэліў пытаннем дзядзька. Я сумеўся. Спярша хацеў сказаць, што рамы на карціны, потым падумаў пра лыжкі, якія дзядзька Юзік рабіў суседкам, і якімі яны размешвалі варэнне... «Думаеш за што грошы добрыя і хуткія даюць. Не... Дамавіны рабіць не люблю», — сказаў і паставіў чысценькую доўгую дошку пад сцяну. Адсунуў нагой гурбу габлюшак. Выцягнуў са шкапка пачатую пляшку віна і выпіў. Я падняўся, каб пайсці. «Пачакай», — спыніў цясляр. Стаю ў дзвярах. «Самае прыемнае — калыскі для малечы майстраваць... Іх аддаваць лёгка, а рабіць радасна. Усёк, хлапец?»

Згадваю габлюшкі... Нябожчыка Юзіка і думаю, што можа варта плюнуць на ўсё... Сесці і кніжку напісаць. Для дзяцей, для малых...


Сустрэча

Яна састарэла за пятнаццаць гадоў. Так моцна, што ён пазнаў яе толькі па голасе. Мужчына ведаў, што адбылося з ёй. А яна не ведала, ці ведае ён пра яе няшчасці... Яе сын — шэравокі Валерка, якога мужчына памятаў дзесяцігадовым, — гей... Нетрадыцыйную арыентацыю сына яна ледзь перажыла. Гаварылі мужчына з жанчынай пра агульных знаёмых, пра нецікавую працу... Яна раптам спытала, а ці ёсць у яго дзеці. Ён сказаў — дачка... Жанчына памаўчала, а потым прашаптала, што не зайздросціць яму, бо любіць свайго Валерку і што яе сын — самы лепшы...

Мужчына разгублена ішоў па мокрым горадзе, мружыў вочы і спрабаваў зразумець тое, што зразумець немагчыма.


Зіма 2008

Ноч. Стаю ў Купалаўскім скверы, побач з шарамі, там, дзе летам лодкі з катамаранамі... Сэрца апошнім часам жыць не дае. Шпацырую перад тым, як легчы. Падыходзіць мужчына, цяжка мне яго ўзрост вызначыць, гадоў пад сорак. Папрасіў цыгарэту. Я сказаў, што кінуў паліць, і яму раю кідаць, бо сэрца не жалезнае... Ён здзекліва засмяяўся і пайшоў ад мяне прэч. Ён пераходзіў раку. У самым шырокім месцы. Я адразу падумаў кепскае. А ён ішоў сабе па тонкім макраватым лёдзе. І склізка яму не было. Да таго берага засталося зусім трохі — крокаў адзінаццаць. Мужчына праваліўся. Ён не крычаў. Я стаяў і глядзеў... Ён не выплыў. Каб у мяне была цыгарэта, то выпаліў бы яе няспешна. Цыгарэт не было, і я пайшоў спаць.


Пісьменнікі

А лічыць, што Б — не пісьменнік.

Б лічыць, што А — не пісьменнік.

Калі А і Б сустракаюцца, то лічаць, што В — не пісьменнік.

Калі В сустракаецца з А, то лічаць, што Б — не пісьменнік.

Калі Б сустракаецца з В, то...

Карацей, А, Б, В — сапраўдныя пісьменнікі, якія рухаюць літаратуру.


Начная змена

Мужчына ўмеў размяркоўваць сілы. І будоўлю саракагадовы вартаўнік ведаў, як свае чатыры пальцы. Ён быў упэўнены, што хутка зловіць злодзеяпадлетка. Ён з ім забаўляўся, як кот з пакамечанай мышкай. Пераймаў на лесвіцах, гулкіх памяшканнях, у цёмных калідорах. Выскокваў са сваім доўгім ліхтарыкам, крычаў-палохаў і бег на тупат у цемру. Гэтая дзікаватая гульня цягнулася з паўгадзіны...

Падлетак выскачыў на дах недабудаванага сяміпавярховіка, а больш і не было куды. Далей-вышэй — толькі неба. Літаратура дазваляе свавольства. Можна напісаць, што падлетак паляцеў у начное неба... Адштурхнуўся ад чорнай бітумнай плямы, да якой яшчэ клеіліся падэшвы красовак... І кропелькі зорак пачалі згасаць, паказваючы накірунак павольнага палёту. Вартаўнік спалохана сеў на гурбу цэглы і пачаў церці вочы. Можна.

Але нафіга? Усё адбылося празаічна. Мужчына, які загнаў падлетка на дах, раптам дараваў непаўналетняму злодзею. І душа яго паспакайнела. Ён пакратаў далонь без вялікага пальца, паглядзеў у блізкае зорнае неба. Потым нягучна паклікаў: «Гэй, малы, пабегалі і хопіць, выходзь!» Вартаўнік згадаў войска. І сябе маладога-лысага. Падышоў да краю залітага бітумам даха. Унізе зіхцеў горад. Запаліў цыгарэту. Ізноў прапанаваў уцекачу мір, дараванне і цыгарэту. Падлетак выйшаў нячутна. Штуршок у спіну быў нямоцны. Недапалак вартаўніка не паляцеў за гаспадаром. Цыгарэта зоркай упала на чорны край даху. Падлетак зірнуў на яе і скінуў мыском красоўкі. Ён ніколі не курыў.


Пошта

Вясковая паштарка цётка Ядзя пад’язджала да брамы дзедавай хаты на ровары. Клала газеты ў прыбітую да шулы кірзавую школьную сумку, але гэта, калі дождж, калі гаспадароў няма. Магла і паміж штакецін прэсу запхаць. Вясёлая была жанчына і разгаворлівая... Са мной сябравала, карамелькамі частавала, а аднойчы перавадную карцінку дала. Некалькі дзён я не ведаў, на якую рэч карцінку тую перавесці. На люстэрка і перавёў. Але гэта ў вёсцы... У Касцюкоўцы паштарак, якія пошту на вул. Кастрычніцкай разносілі, я таксама ўсіх ведаў: цёткі Рая і Таццяна, а вось Анжэлу цёткай язык не паварочваецца назваць — маладая. З імі можна было пагаварыць, папрасіць. А што цяпер? Як выглядаюць паштаркі-паштальёны на TUT.BY? На іншых паштовых электронных службах... Не пахне электронная прэса друкарняй, не пахнуць дзявочыя лісты парфумам, не застаецца капэртаў, паштовак і марак. Глядзіш у манітор, ціскаеш клавішы, адкрываеш сваю скрыню, а там — спам. І думаеш, ну якая паштарка згадзілася гэтую лухту ў сумцы несці?...


Імя героя

Гэта ўзрост — калі кожнага аднакласніка хочацца абняць. Кожную кветку ў сасцаным школьным садзе намаляваць... Хоць у маленькі нататнік, няхай і звычайным алоўкам.... А некаторыя дробныя кветачкі засушыць паміж старонкамі... Як шмат успамінаў, і як мала чорна-белых фотакартак... А каляровая — адна. Я на ёй у зялёным швэдары, побач з барвовым сцягам піянерскай дружыны імя-імя ... не магу згадаць прозвішча героя. Зрэшты, гэта не фотакартка... Каб мяне ўбачыць, то трэба падняць няважкі пластыкавы шар і прыпасці вокам да павялічальнага шкельца памерам у капейку, і глядзець на святло. Сфатаграфавалі выдатнікаў нашай школы... Кожнаму далі шар. Гэта не картка — слайд. Чароўны шар выпаў з рук аднакласніка, калі ён разглядаў сцяг за маёй спінай. Шар упаў на падлогу і раскалоўся надвая. Не, Сашка тады быў не п’яны. Мы глядзелі карткі, а гарэлка ляжала ў лядоўні. Сашка мог бы падказаць імя таго героя, у яго выключная памяць на лічбы ды імёны. Ён мог без паперкі перамнажаць вялікія лічбы, сказаць, у якім годзе нарадзіўся Марат, той, якога намаляваў Давід...

Але Сашка не падкажа — памёр. Ведаю, у каго спытаць!

Але не ведаю, навошта мне прозвішча таго героя?


Успамін

На чатырох вялікіх менскіх краявідах было намалявана толькі тры чалавечкі.

— Такое ўражанне, што нейтронная бомба выбухнула... — кіраўнік дыплома глядзеў на мае гарадскія краявіды і незадаволена пахістваўся.

Ён прадчуваў цяжкасці абароны.

— Дзе бомба выбухнула? — шчыра, ці амаль шчыра, перапытаў я.

— У галаве тваёй! — мастак-прафесар адвярнуўся ад палотнаў. Ён разумеў, гаварыць далей — бессэнсоўна.

Яму хацелася, як лепш.

Вяскоўцы ўпэўненыя, што калі горад, то там людзей, як тых мурашак — на кожным кроку...

І мне хацелася, як лепш.


Зіма

А палове на адзінаццатую тэлефаную на мабільны сябру. Даведваюся, што абанент часова недаступны... Паўтараю спробу праз гадзіну, потым яшчэ праз паўгадзіны, а потым не выпускаю трубку з рукі. Пад самы вечар, калі перадумаў і перабраў самыя розныя варыянты, ад зусім кепскіх да больш мякчэйшых і бяспечных, сябар адказвае на маё тэлефанаванне. Высвятляецца, што ён спяшаўся, калі сыходзіў на працу, а таму і забыўся ўзяць са стала свой мабільны. Тэлефончык цэлы дзень праляжаў дома... Як жа ўсё проста і банальна... а колькі кепскіх думак паспела нарадзіцца ў маёй галаве...

Няўжо гэта толькі я такі, і калі што, найперш думаю пра кепскае?


Каляднае

П’яны мужчына вываліўся з дзвярэй аўтобуса на канцавым прыпынку. Шапка пакацілася пад бардзюр, сумка з пляча звалілася. Ляжыць. Звычайна, калі праезду транспарту ляжачы чалавек не замінае, то ніхто яго не чапае. Гэты не замінаў... Але і я, і цётка ў каптуры з брыльком, і пенсіянер, з пакрышкай аўтамабільнай, кінуліся на дапамогу. Паднялі, на ногі паставілі, шапку надзелі, сумку праз шыю перакінулі. А чаму спагада і спачуванне ва ўсіх нас такіх чэрствых прачнулася? Чаму мы такімі добрымі-пяшчотнымі раптам зрабіліся? Ды колькі не думайце — не здагадацца вам. Я на сябрах спраўджваў. А ўсё проста. Упаў п’яны мужчына, а ялінку, белым шнурам апярэзаную, не кінуў, з рук — не выпусціў. За ялінку невялічкую, а не за што іншае кінуліся п’янага чалавека на ногі ставіць, накірунак паказваць.

Хто ж з нас не чакаў, калі бацька дамоў прыйдзе, ялінку прынясе? Хто? Няма такіх!


Кава і кніжкі

У навамоднай кавярні непрывабная бармэнка чытае і «капучына» з «амерыкана» па папяровых кубачках налівае. Замовіш каву, яна кніжку разгорнутую, вокладкай дагары, адкладзе. Каву ў машыну засыпле, і пакуль напой згатуецца, зацурчыць, паспявае дзяўчына яшчэ абзац-другі прачытаць. І кава атрымліваецца смачная, і месца зручнае, але каб не тая кніга...

Класны пісьменнік Камю. І раман яго «Чума» — кніга выдатная.


Новы год

І быў я вельмі прыгожым хлопчыкам...

Бо меў валёначкі і чорна-бліскучыя галёшы.

І рукавічкі на матузках былі. Галёшы і рукавічкі губляліся, а валёначкі ніколі.

Вось так.