Дзяўчына i бясхвостыя парсючкi [Жорж Сименон] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Сименон Жорж Дзяўчына i бясхвостыя парсючкi (на белорусском языке)

Жорж Сiмэнон

Дзяўчына i бясхвостыя парсючкi

Пераклад: Алесь Асташонак

Раздзел першы

МАЛАДЫЯ ЖОНКI ЛЮБЯЦЬ УШЫВАЦЬ ГУЗIКI

Хто тэлефанаваў ёй цяпер, у сем гадзiн вечара, Жэрмэн не сумнявалася: Марсэль павiнен быў пазванiць ёй з рэдакцыi. Дзяўчына толькi прыйшла ў "Французска-iталiйскую" рэстарацыю на бульвары Клiшы, дзе яны звычайна вячэралi i сустракалiся пасля працы, калi не дамаўлялiся на якое iншае месца. У iх i столiк быў ужо свой, заўсёды свабодны ў гэты час, каля акна. Месца гэтае было iм па-хатняму ўтульнае.

Яна якраз толькi села i была падумала, што да трох гадзiн засталося ўсяго тры хвiлiны, як да яе падышла Лiзэта, гардэробшчыца. Гэтая маленькая жанчына з вiдавочным задавальненнем называла яе пасля замужжа мадам i ўвесь час пазiрала на прыемную ёй наведнiцу з цiкаўнасцю i хваляваннем.

- Панi Блан... Пан просiць вас да тэлефона...

Яна сказала толькi "п а н", не дадаючы "Марсэль", i выгляд у яе быў такi змоўнiцкi, што можна было падумаць, быццам гэты пан належаў iм абедзвюм.

Напэўна, у яго планах нешта змянiлася. З Марсэлем заўсёды трэба быць гатовай да гэтага. Мусiць, скажа зараз:

- Iдзi хутчэй пераадзенься i падрыхтуй мой смокiнг... Пойдзем на такую прэм'еру цi на такое рэвю...

Колькi вечароў правялi яны дома з таго часу, як ажанiлiся? Два, ёй няцяжка было палiчыць.

- Гэта ты, Марсэль?

Не, гэта быў не ён. Сакратарка з рэдакцыi газеты, у якой працаваў Марсэль. Жанчыны ўжо добра ведалi адна адну па голасе.

- Перадаю слухаўку вашаму мужу, панi Блан.

Значыць, ён быў у рэдакцыi. I нiчога яшчэ не пiў. Бо варта было яму выпiць два-тры глыткi аперытыву, i яна прыкмячала гэта па тым, як ён гаварыў: язык у яго ўжо тады трохi заплятаўся. Ёй, дарэчы, падабалася слухаць Марсэля, калi ён быў крышачку на падпiтку: ён быў тады такi добры, лагодны - бы дзiця. Яму яна пра гэта не казала, але заўсёды слухала яго ў такiя моманты прыязна.

- Гэта ты, зайчык? Калi ласка, не крыўдзiся, павячэрай без мяне. У мяне ў кабiнеце Джон Дзiксан... Ага, Тэрнераў мэнэджэр... Настойвае, каб я павячэраў з iм перад матчам, ну, нiяк нельга адмовiцца...

Жэрмэн успомнiла, што Марсэль мусiў пайсцi на матч па боксе. Гэтага спорту яна не любiла. Апроч таго, адразу ж зразумела, што сёння ў яго рабочы вечар, а ў такiя яна старалася не замiнаць яму.

- Ведаеш, гэтыя баксёрскiя заўзятары не дужа пакутуюць ад залiшняга выхавання, дык я баюся, што пацапаюся з iмi.

- Што ты будзеш рабiць, зайчык? У кiно пойдзеш?

- Не ведаю яшчэ. Вiдаць, пайду дамоў.

- Я вярнуся недзе ў адзiнаццаць трыццаць. Пасядзiм трохi, гарбаты вып'ем... Я напiшу матэрыял, занясём яго разам у рэдакцыю. А можа, хочаш пасядзець, як закончу, у шынку?..

- Не, пабудзем дома.

Ёй не стала сумна. Вядома, яна i не павесялела, але трэба было прывыкаць. Такая ўжо ў яго работа. Павячэрала адна. Два цi тры разы ледзь не загаварыла сама з сабою, нахiлiўшыся над талеркаю, так прывыкла ўжо думаць уголас.

- Дэсэрту не будзеце? А мо кавы, панi Блан?

- Дзякуй... Не хачу болей...

Праходзячы каля рэкламных агнёў кiнатэатра, падумала: дарма сказала, што адразу вернецца дамоў. Але потым заспяшалася. Настрой у яе быў цудоўны, быццам гэта свята - чакаць мужа, пакуль ён вернецца. Дагэтуль яна чакала яго зазвычай цi ў барах, цi ў шынках, дзе ён назначаў ёй спатканне. Такiм чынам, яны, па сутнасцi, i да кватэры сваёй як след не прывыклi.

Яна прайшла пехам па вулiцы Каленкур, якая спакваля ацiхала i ўсё больш выдавала на правiнцыйную - па меры таго, як аддалялiся Манмартрскiя бульвары. Вечар быў мяккi, даволi цёплы як на снежань, але дажджлiвы. Лёгкi туман ахутаў вулiчныя агнi пяшчотнай смугою.

Iх дом быў на рагу вулiц Каленкур i Ламарк, каля плошчы Канстанцiна Пэкэра. Яна ўбачыла яго здалёк, разгледзела на сёмым паверсе доўгi рад балконаў з жалезнымi парэнчамi, адзiн з якiх быў iхнi.

Праходзячы па калiдоры, павiталася з брамнiцай, якая мыла на ноч ногi свайму маленькаму сыну. Лiфт стаяў. Адзiнае, што крышачку пагоршыла настрой. Падымаючыся па лесвiцы, бачыла вузкiя палоскi святла пад дзвярыма, чула радыё, людскую гамонку, пахi шматкватэрнага жытла.

"А ў вас ёсць кватэра, га?" - спытаўся ён у яе чатыры месяцы назад сваiм непаўторным голасам, нi кропелькi не падобным на чый-небудзь iншы, - нiколi нельга было ўгадаць, цi жартуе ён, цi гаворыць сур'ёзна.

Гэта было ў Марсанзе, на беразе Сены, дзе яны пазнаёмiлiся ў канцы лета. Жэрмэн каторы ўжо год ездзiла туды адпачываць па выхадных са сваiмi прыяцелямi. Адзiн хлопец неяк прывёў у iх кампанiю Марсэля, i той пачаў заходзiць у катэдж, дзе яны спынялiся.

"Я здымаю мэбляваны пакой".

"Я таксама. Вам гэта даспадобы?"

"А што зробiш, калi нiчога лепшага няма?"

"Дык вось, я знайшоў на днях кватэру..."

Свая кватэра! Цуд з цудаў! Мара паўмiлёна парыжан!

"Чакайце! Гэта на Манмартры. З усiх вокнаў - гарадская панарама. I балкончык ёсць. Не большы, праўда, за тры насоўкi, але паснедаць на iм у сонечнае надвор'е можна. Калi яно сонечнае... Я ўжо заплацiў. Цяпер шукаю жонку. Гэта тэрмiнова, пятнаццатага кастрычнiка перабiраюся".

Памаўчаўшы, дадаў:

"Кухня, сталоўка, спальня, балкон, ванная - як вам усё гэта?.."

Ёй гэта была ўсё яшчэ вялiкая радасць: выйшаўшы на сваю лесвiчную пляцоўку, апусцiць руку ў сумку, пашукаць там ключ, адчынiць дзверы, запалiць святло, кiнуць позiрк на Марсэлевы палiто, люльку, пантофлi ў спальнi...

- Шкада, дарагi, што цябе няма дома, - сказала яна сама сабе. - Прабавiлi б разам цудоўны вечар...

Размаўляючы ўголас, яна пачувала сябе весялей. Усё-такi надта часта заставалася дома адна. Марсэль жартаваў:

"Разумееш, я яшчэ не зусiм прызвычаiўся быць мужам, але гэта прыйдзе, пазней, калi мне будзе... калi мне будзе, як ты думаеш, колькi?.. Пяцьдзесят? Шэсцьдзесят?"

Яна пачала была чытаць. Пасля вырашыла навесцi парадак у гардэробе: дзе перашыць гузiк, дзе паглядзець, цi не распаролася што. У дзевяць гадзiн зiрнула, колькi часу, i падумала, што матч у зале "Ваграм", пэўна, пачаўся. Уявiла залiты святлом рынг, запоўненыя балельшчыкамi трыбуны, баксёраў, Марсэля за журналiсцкiм столiкам.

А палове адзiнаццатай - яна ўсё яшчэ аглядвала адзенне - зазванiў тэлефон. Апарат у iх паставiлi толькi тыдзень назад, яна яшчэ не прывыкла да яго - i таму адразу ж ускочыла.

- Гэта ты, зайчык?

Пачуўшы мужаў голас, Жэрмэн падумала, што Марсэль тэлефанаваў ёй дадому ўпершыню. На тыднi ён званiў ёй у краму сясцёр Каро, дзе яна працавала, i рабiў гэта крыху часцей, чым хацелi б патранэсы.

- Ну, што робiш?

- Гузiкi перашываю...

Нешта не спадабалася ёй у Марсэлевым голасе, а што, пакуль зразумець не магла. Ён яшчэ не пiў, яна гэта адчувала, аднак голас у яго быў нейкi незвычайны. Нiбыта няёмка яму было, акурат як тады, калi спрабаваў манiць.

- Не ўмееш ты хлусiць! - сказала яна, пасля паўтарыла гэта яшчэ i яшчэ.

- Проста хацеў сказаць табе: "Добры вечар", - прамармытаў ён у адказ. - Ну i матч зараз пачнецца!.. Людзей - яблыку няма дзе ўпасцi... Чуеш, мусiць, як тут?..

Але колькi яна нi напружвала слых, не чула нiякага шуму ўсхваляванай залы.

- Думаю, што да апоўначы вярнуся... Алё!.. Чаму ты маўчыш?..

- Я цябе слухаю...

- Ты не ў гуморы?

- Ды не...

- Сумна?..

- Не, мiлы... Не разумею, чаму ты турбуешся...

- Не турбуюся я... Слухай... Калi я...

Жэрмэн вырашыла, што зараз усё-такi дапытаецца, чаму ён ёй пазванiў.

- ...калi я трохi спазнюся...

- Ты думаеш, прыйдзецца? - перапынiла яна.

- Не... Але ж ты сама ведаеш, як усё ў нас... Можа, мне трэба будзе прапусцiць з арганiзатарамi шкляначку...

- Надоўга затрымаешся?

- Ды не... Да сустрэчы... Цалую...

Ён зымiтаваў пяшчотны пацалунак.

- Марсэль, я... - пачала была яна, але ён паклаў слухаўку.

Жэрмэн з сумам глядзела на бялiзну i адзежу вакол сябе.

Калi яна была абсалютна ўпэўнена, што першы званок i праўда быў з рэдакцыi, бо пазнала сакратарчын голас, дык гэтым разам нiшто ўжо не пацвярджала таго, што Марсэль званiў з залы "Ваграм", - наадварот, яна была перакананая: тэлефанаваў ён не адтуль.

У адзiнаццаць Жэрмэн расклала ўсё па шуфлядах. Што ж рабiць далей? Збiралася ўжо зноў узяць у рукi кнiгу. Але ўбачыла выпадкова на крэсле Марсэлева палiто з вярблюджай воўны i ўспомнiла, што колькi дзён таму прыкмецiла на iм гузiк, якi вось-вось павiнен быў адарвацца. Было тое ў горадзе, а вярнуўшыся дамоў, яна пра гузiк забылася. I вось цяпер, кiнуўшы позiрк на палiто, усмiхнулася, бо згадала iх колiшнюю размову.

Марсэль быў вельмi какетлiвы, iншы раз аж занадта. У адзеннi любiў светлыя колеры, гальштукi падбiраў яркiя.

Неяк ранiцаю ў Марсанзе, яшчэ да таго, як загаварылi пра кватэру, яна сказала яму:

"Вы згубiлi гузiк з вашага свiтэра..."

"Не, не згубiў, ён у мяне ў кiшэнi".

"Тады дайце яго мне, я прышыю..."

"Уяўляю, што з вамi будзе, калi выйдзеце замуж!" - засмяяўся Марсэль.

"Што?"

"Я так заўсёды кажу, калi хто з сяброў жэнiцца. Маладыя жонкi так любяць прышываць мужам гузiкi, што я падазраю, быццам яны адрываюць iх наўмысна: каб зноў прышыць. Калi ў вас гэтая звычка з'явiлася да таго..."

Гледзячы на палiто, якое яна паклала ўжо сабе на каленi, Жэрмэн засмяялася. Прасунула нiтку ў iголку - i раптам намацала рукою ў кiшэнi ў мужавым палiто нешта нязвыкла вялiкае.

Яна i не думала нiколi корпацца ў Марсэлевых кiшэнях. Раўнiваю яшчэ не стала. I, магчыма, не будзе ёю нiколi, гэтак верыла яму, такому ласкаваму i пяшчотнаму.

Прадмет быў цвёрды. Ён не быў падобны нi на адну рэч, якiя Марсэль клаў звычайна ў кiшэню, i не з цiкаўнасцi, а з любовi да парадку дастала.

Калi яна ўбачыла, што гэта было, аж змянiлася ў твары. Нейкi час яна была абсалютна нерухомая, разгубленыя вочы напаўнялiся жахам.

У руцэ ў яе быў маленькi фарфоравы парсючок.

* * *

Яна паглядзела на гадзiннiк: палова дванаццатай. Ружовы парсючок ляжаў на стале перад ёю. Палiто спаўзло на падлогу. Жэрмэн набiрала нумар на тэлефонным дыску - рука ў яе дрыжала, - але кожны раз абанент быў заняты.

Яна сцiснула пальцы i раз за разам зноў набiрала нумар, быццам гэта было пытанне жыцця i смерцi i секунды вырашалi ўсё. Зноў няўдача. Жэрмэн устала, пагартала тэлефонны даведнiк i ўпэўнiлася, што нумар яна не пераблытала.

Калi Марсэль пазванiў а палове адзiнаццатай, матч толькi пачынаўся. Колькi часу iдзе бой у лёгкай вазе? Раз на раз, вiдаць, не прыходзiцца. А пасля што магло здарыцца? Цi хутка разышлiся балельшчыкi? Цi пайшлi дамоў арганiзатары адразу ж пасля iх?

- Алё! Зала "Ваграм"?

- Яна самая, панi.

- Скажыце, пане, калi ласка, матч ужо закончыўся?..

- З паўгадзiны назад...

- Усе разышлiся?.. А з кiм я гавару?

- З дзяжурным электрыкам... Тут яшчэ багата людзей...

- Зрабiце ласку, спытайцеся, цi ёсць там пан Марсэль Блан... Але, Блан... Ну, журналiст... Дык спытайцеся, цi там ён яшчэ... Ён павiнен быць з арганiзатарамi... Гэта вельмi важна... Я вас прашу, зрабiце ўсё, што можаце, каб знайсцi яго... Алё!.. Так, калi ён яшчэ там, паклiчце яго да тэлефона...

Чакаючы, яна пашкадавала, што была такая нястрыманая i цяпер вось уткнулася, мусiць, Марсэлю сваiм недарэчным званком. Што яна яму скажа?..

Можа, ён вернецца, пакуль яна будзе чакаць яго каля тэлефона. На лесвiцы пачулiся чыесьцi крокi. Не, гэта на чацвёртым паверсе. А што, калi ён узяў таксi адразу ж пасля матча?.. Марсэль не любiў чакаць аўтобусаў, а ў метро ўвогуле не ездзiў: баяўся...

- Алё... Што вы кажаце?.. Яго ў вас няма?.. А вы не ведаеце, цi...

Электрык паклаў слухаўку. Яна зноў разгублена ўтаропiлася вачыма ў ружовага парсючка на стале... Бясхвостага парсючка...

- Слухай, Марсэль, трэба, каб ты мне сказаў, - забыўшыся, вымавiла яна.

Але Марсэля тут не было. Яна была адна, i ёй раптам стала жудасна ад свайго адзiноцтва. Жэрмэн падышла да акна, адчынiла.

Ноч была светлая, цемрадзь разрэджвалася нейкiм шэрым блакiтам. Выразныя абрысы дахаў, комiнаў, кароткiх i доўгiх вулiц, абрысы зiхоткiх лiхтароў... Манмартрскi бульвар, Белая плошча, плошча Пiгаль, Мулен-Руж, сотнi начных рэстарацыяў, шынкоў, пiўнушак, усюды вакол iх - слабае святло...

Па вулiцы Каленкур паволi ўзбiралiся ўверх легкавыя аўтамабiлi. Кожны раз, калi адзiн якi спыняўся, Жэрмэн здавалася, што зараз з машыны выйдзе Марсэль i яна ўбачыць, як нязмушана павернецца ён да шафёра, каб расплацiцца, пасля кiне позiрк на iх вокны. Глядзела яна i на аўтобусны прыпынак каля дома: было позна, i з кожнага выходзiлi, падымаючы каўняры, толькi два-тры чалавекi, не больш.

- Гэтага не можа быць, Марсэль, - цiха сказала сама сабе...

Раптам яна адчула, што не можа больш заставацца ў хатнiм халаце прыйшоўшы дамоў, Жэрмэн, як звычайна, дараадзелася. Яна хутка прайшла ў спальню, узяла шарсцяную сукенку - першую, якая трапiлася. Тую самую, зашпiлька ў якой была на спiне i якую Марсэль так любiў адшпiльваць, цалуючы яе ў патылiцу.

Чаго яна баялася? Прайшло, можа, некалькi дзён цi, сама больш, тыдняў, як фарфоравы парсючок апынуўся ў кiшэнi яго палiто. Калi Марсэль апранаў яго? Трэба было ўспомнiць: у яго ж былi толькi два палiто. I ўвогуле, яна павiнна была згадаць гэта, бо кахала яго i таму ўсё ў iм прыкмячала. Сто разоў на дзень яна ўпотайкi з захапленнем разглядвала яго, асаблiва ягоную дужую постаць. А як любiла яна глядзець на мужа, калi ён тушыў цыгарэту: Марсэль рабiў гэта так элегантна!

Удзень яны яшчэ паабедалi разам, i не ў "Французска-iталiйскай" рэстарацыi, куды звычайна хадзiлi ўвечары, а блiжэй да Вялiкiх бульвараў, у "Матухны Катрын"... Але яна нiяк не магла ўзгадаць, калi ён апошнi раз апранаў гэтае палiто!..

Ва ўсякiм разе, сама меней дзён восем таму, бо на тым тыднi яна насiла палiто ў хiмчыстку.

А яшчэ ўпэўненая была, што нiчога не абмiнала ў мужу сваёю ўвагай! Ён расказваў ёй усё, нават рэдакцыйныя анекдоты. Бесперапынку званiў ёй. Яны часта сустракалiся ўдзень. Калi ў яго толькi з'яўлялася вольная хвiлiнка, ён заскокваў да яе ў краму - проста каб сказаць "добры дзень".

Жэрмэн павярнулася да балкона i, усхваляваная, яшчэ больш збляднела...

"Ты ж нiколi не ездзiла ў горы катацца на лыжах?" - спытаўся ён неяк у яе.

"Не, - адказала яна, - адзiн раз была, але як прадаўшчыца: сёстры Каро адчынялi ў Межэў сезонны фiлiял".

"Табе спадабалася там? Як ты думаеш, дадуць табе два тыднi адпачынку? Вось давяду да ладу адну справу, i махнём удваiх!.."

Чаму яна не пагаварыла з iм сур'ёзна, не сказала, што такiя забавы не для iх?.. Ёй, вядома, прыемна было гэта чуць, але яна ў гэта нi секунды не верыла. Часам ён дурыў ёй галаву i не такiмi пражэктамi, зусiм ужо фантастычнымi, i кожны з iх патрабаваў шалёных грошай, больш, чым папярэднi, быццам у iх гэтых грошай мора было - на адны ж яго рэпартажы ды яе невялiкую зарплату i жылi.

Толькi i сказала яму:

"Ты нарадзiўся, каб быць багатым. Усё хочаш мець..."

"Асаблiва для цябе, - адказаў ён нязвычна сур'ёзна. - Я яшчэ i машыну хачу купiць... З тае пары, як ведаю цябе, проста нясцерпна хачу..."

"Ты ўмееш вадзiць?"

"У мяне была колiсь машына..."

Яна не стала пытацца, калi гэта было. Урэшце, яны нiчога не ведалi адно пра аднаго - кахалiся толькi, ды ўсё. I тое, што яны сышлiся, таксама было чымсьцi накшталт вясёлай гульнi.

"У цябе ёсць бацькi?"

"Мой бацька... - пачаў быў ён i раптам змянiў тон. - Ну, вядома, у правiнцыi!.. Але ты ў маiм жыццi галоўны чалавек... Няма ў мяне нiкога болей... Займiся паперамi... Будзем распiсвацца ў дзевятнаццатай акрузе..."

У гэтай акрузе, каля сквера святога Георгiя, Жэрмэн здымала мэбляваны пакой.

"Там не вельмi брудна, у аддзяленнi мэрыi?.. Праўда, што калi мы там будзем..."

Зноў праехала таксi. Не, не спынiлася. Яна паглядзела на гадзiннiк. Мiнула поўнач. Мiнакi цяпер былi настолькi рэдкiя, што Жэрмэн нават чула, як ацiхалi ўдалечынi iх крокi.

"Мне трэба было сустрэць цябе тры гады таму..."

"Чаму?"

"Бо калi малады, дык растрачваеш час..."

Яна помнiла процьму такiх фраз. I значэння iм нiякага нiбыта не надавала, але яны пастаянна ўсплывалi ў памяцi.

Увогуле ён быў тэмпераментны, i ўсё ў яго выходзiла неяк нязмушана. Натуральная была ў яго весялосць, гуллiвая. I, аднак, бывалi моманты, калi ён рабiўся раптам вельмi сур'ёзны.

"Ты ўбачыш, што я не такi благi, як здаецца..."

"Чаго гэта ты благi?.."

Ён смяяўся, цалаваў яе.

"Урэшце, я ад iншых не адрознiваюся... Ёсць ува мне i добрае, i кепскае так перамяшалася, што, бывае, i сам не магу разабрацца, што я за тып..."

Толькi б ён вярнуўся! Пад'ехаў у таксi да дома, выйшаў з машыны, павярнуў за рог... Толькi б яна пачула на лесвiцы яго крокi!

Чаму ён пазванiў а палове адзiнаццатай?.. Чаму ў яго быў такi ненатуральны голас, нiбыта ён, калi тэлефанаваў першы раз, нешта ад яе ўтойваў?

Дарэмна яна званiла ў залу "Ваграм". Цяпер ёй гэта было ясна. Невядома яшчэ, да чаго яно можа прывесцi... Цi сказала дзяжурнаму электрыку, што яна Марсэлю жонка? Гэтага Жэрмэн ужо не памятала.

Ды не! Немагчыма, каб менавiта сёння... Чаму якраз сёння?..

Але чаму тады ён гаварыў з ёю пра адпачынак у гарах i нават пра аўтамабiль? На якую такую справу, што трэба давесцi да ладу, мог разлiчваць? Што ў яго было, апроч рэпартажаў пра спорт? Адсоткi, якiя атрымлiваў як удзельнiк маленькага акцыянернага таварыства? Але там ён мог зарабiць максiмум некалькi тысяч франкаў.

Яна зноў падышла да тэлефона. Не, не трэба. Вярнулася да балкона. На вулiцы iшоў дробны, але шумны дождж. Паветра было свежае. Уначы Парыж рабiўся больш загадкавы. Чаму ж Марсэль не вяртаецца?..

Тэлефон... Яна падыходзiла да яго, перадумвала званiць, адыходзiла, вярталася зноў...

- Алё... Мiжгароднi?.. Будзьце ласкавы, панi, дайце мне Жуанвiль, нумар сто сорак сёмы...

Глядзець гэты нумар у даведнiку ёй не трэба было.

Ёй чуўся бой гадзiннiка на тэлефоннай станцыi. Бог яго ведае чаму, але яго ўдары будзiлi ў ёй успамiн пра вялiзны, пусты бацькаў дом...

- Нiхто не адказвае...

- Пазванiце яшчэ раз, прашу вас, панi... Я ўпэўнена, што гаспадар дома... Проста спiць у гэты час - вось i ўсё... Яшчэ раз, зрабiце ласку...

Зноў званок... Чакаючы, яна ўслухоўвалася ў цiшыню... Крокi на лесвiцы... Сцiшылiся, не ягоныя... На вулiцы спынiлася таксi... Аўтобус...

- Алё... Гэта я, Жэрмэн... Ты спiш?.. Праўда, спiш?.. У цябе нiкога няма?

Загаварыўшы, яна адразу ж зрабiлася змрочная.

- Прабач, што разбудзiла... Што ты кажаш?.. Падагра?.. Даруй, не ведала... Ды не, нiчога...

Голас на тым канцы лiнii быў бурклiвы. Акурат голас чалавека, хворага на падагру, якi вымушаны быў у час прыступу ўстаць сярод ночы з ложка i спусцiцца на першы паверх да тэлефона.

- Трэба, каб ты сказаў мне дакладна, цi ведаеш такога чалавека, як Марсэль Блан...

- Мне прозвiшчаў не называюць, - раздражнёна адказаў чалавек.

- Гэта неабходна... Ты разумееш?.. Марсэль...

- А што будзе, калi адкажу?

- Ты яго ведаеш?

Нi слова адказу.

- Трэба, каб ты адразу ж адказаў... Гэта вельмi важна. Апошняе, пра што я ў цябе пытаюся... Ты яго ведаеш?

- Што ён сабой уяўляе?

- Дваццаць пяць гадоў... Прыгожы малады мужчына... Брунет, элегантны... Часта апранае палiто з вярблюджай воўны, - затаiла яна дыханне, - светлае, зусiм светлае...

Зноў цiшыня.

- Ты яго ведаеш?

- А ты?

- Якая рознiца! Адказвай. Ведаеш?

- А што будзе, калi адкажу?

- Нiчога... Проста мне трэба знаць... Ты ж яго ведаеш, га?..

Ёй здалося, што нехта падымаўся па лесвiцы. Але, як выявiлася, гэта быў кот.

- Заедзь да мяне, як захочаш...

- Не кладзi слухаўку... Чакай... Што я хачу, каб ты мне сказаў, дык толькi тое, цi збiраецца ён гэтым вечарам...

- Што?

- Ты не разумееш?

- Я думаў, ты выйшла замуж...

- Але... Гэта... - Пасля некаторых ваганняў яна даказала: - Гэта мой муж.

I чаму ёй здалося, што чалавек на другiм канцы лiнii пацiснуў плячыма?

- Iдзi спаць, - толькi i сказаў ён.

Дарэмна спрабавала яна пасля гаварыць нешта ў апарат. Сто сорак сёмы жуанвiльскi абанент паклаў слухаўку.

Ужо была палова другой ночы, а Марсэль усё яшчэ не вярнуўся. На стале побач са скрынкаю з прыладамi для швiва ружавеў бясхвосты парсючок, а палiто з вярблюджай воўны ўсё яшчэ ляжала на дыване.

Раздзел другi

ГАНДЛЯР БЯСХВОСТЫМI ПАРСЮЧКАМI

Гадзiны ў чатыры ранiцы з усiх вокнаў, якiя можна было бачыць з балкона кватэры Бланаў, святло гарэла толькi ў адным, дый тое за штораю там угадвалася постаць чалавека, якi, мяркуючы па ўсiм, даглядаў хворага.

Марсэль не вярнуўся. Ён не пазванiў, не даў па сабе знаку, i роўна а пятай гадзiне Жэрмэн вырашыла зрабiць яшчэ адзiн тэлефонны званок.

- Алё... Гэта ты, Iвэта?.. Спiш, бедная?.. Не злуйся на мяне... Ну, гэта я, Жэрмэн... Але... Хочаш выручыць мяне?.. Што ты кажаш?

Дзяўчына на другiм канцы лiнii прамармытала:

- Ну, што табе?..

Iвэта працавала разам з ёю. Гэта была мажная дзяўчына дваццацi васьмi гадоў, зусiм непрыгожая. Яна ведала сваю непрывабнасць i, адкiнуўшы ўсякую зайздрасць да панаднай Жэрмэн, патрапляла заставацца лепшай яе сяброўкай сама вясёлай i зычлiвай.

- Хуценька апранайся, няважна як. А каб хутчэй паспела, закажу табе таксi. Адразу ж едзь да мяне...

Сказаўшы: "Ну, што табе?.." - Iвэта не выявiла нi здзiўлення, нi цiкаўнасцi. Праз чвэрць гадзiцы яна ўжо была ў Жэрмэн.

- Ты, мусiць, здзiўлена...

- Усякае бывае, цётка...

- Марсэля няма...

- Я i не сумнявалася. Калi б быў, ты б мяне не клiкала...

- Я табе пазней усё растлумачу... Не, скажу табе шчыра, я не змагу растлумачыць гэта, нават табе...

- Куды мне iсцi шукаць яго?.. Сказаць яму, што ты захварэла цi што стралялася?

- Гэта я выйду... Ты застанешся тут... Толькi слухай... Сядзi каля тэлефона... Пазвоняць - запiшы як след, што скажуць... Калi гэта будзе Марсэль, скажаш, хто ты... Ён цябе ведае... Скажы яшчэ, што я выйшла i хутка вярнуся... Калi ж ён прыйдзе, скажы тое самае... скажы, што я ўстрывожылася... i пайшла яго шукаць...

- Палова пятай, - заўважыла Iвэта. - I раздзявацца не варта... Можна легчы на канапу?..

- Вядома!

- Пiць у цябе нiчога няма?..

- Ёсць бутэлька каньяку ў насценнай шафе...

Праз хвiлiну-другую Жэрмэн ужо садзiлася ў таксi, якое прывезла сюды Iвэту i чакала дагэтуль новага клiента.

- У Жуанвiль... Уздоўж Марны... Я скажу, дзе спынiцца.

Яна супакоiлася, узяла сябе ў рукi. Чакаць яна ўжо больш не магла. Трэба было нешта рабiць.

Вулiцы былi пустыя, толькi некалькi грузавiкоў з гароднiнай праехалi на рынак.

Менш чым праз паўгадзiны таксi ўехала ў Жуанвiль. Трохi пазней Жэрмэн спынiла машыну каля вялiкай адзiнокай вiлы на беразе ракi.

- Чакайце мяне, калi ласка.

Яна пазванiла. Ведала, што не хутка адчыняць. Да таго як пачула першыя мяккiя крокi за дзвярыма, дакладней, перш чым, напружыўшы слых, угадала iх, званiць прыйшлося некалькi разоў. Цяпер чакала, пакуль гаспадар уважлiва разгледзiць яе праз вочка ў дзвярах. Нервавалася. Iшоў дождж. Яна была ўжо ўся мокрая.

- Гэта я, - сказала Жэрмэн. - Адчынi.

- Прынесла ж цябе халера! - прабурчаў за дзвярыма бацька.

Аднак адчынiў. Зачынiўшы за ёю дзверы, запалiў ярчэйшае святло i запрасiў дачку ў пыльную, няпаленую залу. Там было сыра, непрыбрана, пахла цвiллю.

- Не вярнуўся муж? - спытаў ён, хутаючыся ў халат, асцярожна сеў у старое крэсла.

- Калi б вярнуўся, мяне б тут не было.

Гэты вялiзны чалавек з гадамi стаў азызлы, твар у яго праз хваробу сасудаў пабарвовеў ледзь не да сiнявы, пад вачыма з'явiлiся страшэнныя мяшкi. Час ад часу ён дакранаўся рукою да распухлай ад падагры нагi.

Бацька глядзеў на дачку з цiкаўнасцю. Не без iронii, але i крыху задаволена.

- Ну, як жывеш?.. Не заязджаеш... Не варта задужа казырыцца... Калi я iншы раз думаю пра ўсё, што ты мне колiсь напляла...

- Пасля пра гэта... Я прыехала пагаварыць з табой сур'ёзна... Ты ведаеш Марсэля...

- Ты ж не лiчыш, мусiць, што я ведаю толькi аднаго Марсэля... Ты б хоць прозвiшча сказала, а не задавала загадак... Што з iм здарылася, га?.. У турму засадзiлi?

Яна не стала абурацца, толькi прашаптала:

- Не ведаю... Ён яшчэ не вярнуўся дамоў сёння ноччу... I я выпадкова знайшла ў яго ў кiшэнi аднаго з тваiх парсючкоў... Калi ён прыходзiў да цябе?

Бацька, якога ўсе ведалi як пана Франсуа, праводзiў на гэтай вялiзнай цаглянай вiле толькi ночы i выхадныя. У самым цэнтры Парыжа, каля сабора святой Мацi Ларэты, за два крокi ад залы мастацкiх выстаў Друо, у яго быў вялiкi салон антыкварыяту, якi больш выдаваў на краму старызнiка. У краме можна было знайсцi ўсё: старадаўнiя фатэлi, сакрэтнiкi, зжаўцелыя эстампы, карцiны - нiбыта арыгiналы, кiтайскiя забаўкi з нефрыту, вырабы са слановай косцi...

Там, таксама, як i на вiле, было пыльна, адусюль патыхала старызнаю, дый сам гаспадар крамы быў заўсёды ў пракаветным, завэдзганым гарнiтуры, якi проста вiсеў на iм, - локцi свецяцца, засалены каўнер ажно блiшчыць.

- Днi тры-чатыры назад, - адказаў ён.

У глыбiнi крамы можна было ўбачыць на палiцы некалькi бясхвостых парсючкоў, адзiн з якiх, знойдзены ў кiшэнi ў Марсэлевым палiто, так усхваляваў Жэрмэн. А ў падсобным памяшканнi гэтых парсючкоў была цэлая скрыня.

Калiсьцi iх было тысяча - падобных адзiн на адзiн як дзве кроплi вады. Адсутнасць звычнага скручанага хвосцiка, якi надае жывым парсючкам такi вясёлы выгляд, рабiла iх фарфоравых братоў вельмi прыкметнымi.

Некалькi гадоў таму ў краму прыйшоў комiваяжор i паказаў пану Франсуа адну такую забаўку.

"Гэта сапраўдны лiможскi фарфор, - растлумачыў ён. - Iх роўна тысяча абсалютна аднолькавых. Не буду расказваць пра тонкасць фарфору i колеру: самi бачыце. Гэта частка велiзарнага заказу... Партыя розных жывёлiн, на экспарт... Што здарылася, пра што думаў мастак, як так магло выйсцi, што на заводзе нiхто не прыкмецiў памылкi, не ведаю. Так цi iнакш, праца была выканана, калi ўрэшце нехта заўважыў, што парсючкi бясхвостыя... Ну, дык вось, пан Франсуа: бясхвостых iх нiхто не хоча купляць... Я аддаю вам усю партыю, тысячу штук... Колькi вы за яе дасце?.."

Гаспадар назваў смяхотную цану - i назаўтра ў яго былi поўныя скрынi гэтага дабра. За год ён прадаў толькi двух парсючкоў: кожны раз, калi паказваў забаўку клiенту, той круцiў галавою:

"Шкада як, што хвост адламаны..."

"Ён не адламаны - яго нiколi не было..."

Аднак патроху парсючкi знiкалi адзiн за адным з крамы. Больш таго, тыя клiенты, што забiралi iх, не прадавалi забаўкi зноў, не шукалi нiчога ў краме, толькi пыталiся, ледзь пераступiўшы парог:

"У вас ёсць фарфоравыя парсючкi?"

Пры гэтым адбывалася нешта зусiм дзiўнае. Калi клiент пытаўся пра цану, гаспадар думаў больш, чым звычайна, i называў амаль кожны раз iншую.

"Дваццаць два франкi..."

Або дваццаць адзiн цi дваццаць тры, радзей - менш за дваццаць. А iншы раз, напрыклад, i ўвогуле толькi адзiн франк.

Дваццаць два франкi - дваццаць дзве гадзiны, вось што гэта значыла. Дзесяць гадзiн вечара. Адзiн франк - гадзiна ночы. У гэты час пан Франсуа мусiў чакаць клiента ў сябе на вiле.

Такiм чынам, усе гэтыя людзi маглi прыходзiць да гаспадара ў краму, i нiхто чужы нi пра што не здагадваўся. Дый госцю, нават новаму, не трэба было нiчога расказваць: толькi ён пытаўся пра парсючкоў, як адразу ж рабiлася ясна, што прыслаў яго сюды свой чалавек, якi прадаў яму арыгiнальную забаўку, - i гаспадар назначаў клiенту час спаткання ў Жуанвiлi.

- Ён прынёс табе што-небудзь? - спытала Жэрмэн, утупiўшыся позiркам у бацьку.

- Гэты раз - не, - пацiраў той хворую нагу.

Марсэль прыходзiў да яго тры цi чатыры днi назад... А пяць-шэсць дзён таму гаварыў з ёю пра паездку ў горы...

- Ну, i чаго яму ад цябе было трэба?..

- Таго, дзеля чаго звычайна прыходзяць, калi з грашыма нявыкрутка... Бабкi прасiў... Калi ў iх ёсць што пiхнуць мне, тады яны памяркоўныя i прымаюць маю цану моўчкi... А як не свецiць нiчога, дык тон у iх мяняецца... Песня адна i тая ж: "Вы няблага зарабiлi на мне... Апошнi раз вы мяне абдурылi... Вы б маглi пазычыць мне колькi тысяч, пакуль выгарыць справа..." I тут яны пачынаюць расказваць, на што выйшлi. Ну, сенсацыйныя проста палотны: Рэнуар, Сезан, а то ажно i старыя майстры... "Праз тыдзень прынясу, не, праз пяць дзён, добра?.. Трэба, каб я пачакаў зручнага выпадку, разумееце?.. Гэта ж больш у вашых iнтарэсах, чым у маiх: якi будзе мой заробак - i якi ваш..."

Ён перадаў усё гэта лянiва, з пагардаю. Уздыхнуў.

- Усе аднолькавыя! Думаюць, я скупы. Дзiўлюся нават, як гэта хто з iх не прыйдзе сюды, каб прыкончыць мяне ды прыхапiць мае бабкi... Бо ж думаюць, я сплю над iмi, што матрац у мяне набiты купюрамi, золатам...

Зрэшты, Жэрмэн знала, што ён не быў скупы. Яна была, бадай што, адзiны чалавек, якi ведаў яго. Бацька не быў скупы - ён быў маньяк.

Мала якiя з карцiн i iншых каштоўнасцей з тых, што кралi яму на вiлах i ў багатых кватэрах гэтыя дурнi (як казаў, бязмерна пагарджаючы клiентамi, пан Франсуа), прадавалiся. Аматар мастацтва згаджаўся развiтацца з некаторымi набыткамi толькi тады, калi яны выклiкалi ў яго сумненне ў сваёй арыгiнальнасцi або былi вiдавочна другарадныя.

Лiчылi, што нявартыя рэчы iшлi ў Амерыку, а большасць калекцыi, творы сапраўды каштоўныя, заставалiся на вiле, i па вечарах стары ў адзiноце з асалодаю аглядаў сваё багацце.

- Ты яму што-небудзь даў?

- Не.

- Што ён табе сказаў?

Яна добра ведала бацьку. Менавiта таму, што ведала, i пайшла аднойчы з яго дому. Ёй не было тады яшчэ i дваццацi.

Адзiн з яго клiентаў, дваццацiдвухгадовы хлопец, загiнуў, здабываючы бацьку антыкварную рэч. Ён таксама купiў у аднаго з ранейшых клiентаў бясхвостага парсючка, прыйшоў у краму, на сценах якой вiселi жудасныя лiтаграфii ў чорных рамках. Хто б мог надумацца шукаць у гэтым склепе якiя-небудзь шэдэўры?

Жэрмэн выпадкова апынулася сведкам iх размовы.

"Толькi дзве тысячы, - упрошваў малады чалавек. - Клянуся вам, што прападаю без iх... Мая сяброўка хворая... Трэба рабiць аперацыю... Я не хачу пасылаць яе ў дзяржаўны шпiталь... Вы разумееце?.."

Бацька ўздыхнуў:

"Што ты прынёс мне апошнi раз?"

"Маленькага Манцiчэлi, вы ж памятаеце... Вы далi мне хiба толькi за адну раму... Я пытаўся пасля i ведаю, што карцiна каштуе сама меней сто тысяч франкаў..."

"Але ж яе яшчэ трэба прадаць i не папасцiся... Бачыш, дружок, я таксама бедны чалавечак... Прынясi мне што-небудзь сур'ёзнае, i я заплачу табе як след... Я не настолькi багаты, каб строiць з сябе фiлантропа..."

"Але ж гэта будзе толькi аванс..."

"За што - аванс?"

"За тое, што на днях прынясу..."

"У цябе ёсць на прыкмеце што-небудзь вартае?"

Ясна было, што не. Хлопец вагаўся, расчырванеўся.

"Вось калi б ты прынёс мне Манэ... Толькi аднаго маленькага Манэ..."

У той час ён захапляўся Манэ. У яго пастаянна было якоесьцi галоўнае захапленне.

"Што там ёсць?" - спытаўся хлопец.

"Яшчэ не ведаю... Вiдаць, усяго патроху, але гэта нялёгкая справа прабрацца ўначы на выставу..."

"Ноччу яе сцерагуць... А электрычная сiгналiзацыя i процьма ўсялякiх новых штучак..."

"На тым тыднi адзiн банкiр набыў там на распродажы карцiну, якая б мне спадабалася..."

"Што за ён?"

"Люка-Мартон... Запомнi, тое, што я табе кажу..."

"Калi я прынясу вам ягонага Манэ, - перапынiў хлопец, - колькi вы мне дасце?"

"Хоць дваццаць тысяч... Трыццаць нават..."

Праз два днi Жэрмэн прачытала ў ранiшняй газеце, што ў доме ў пана Люка-Мартона, у Версалi, начны вартаўнiк забiў дваццацiдвухгадовага злодзея ў той момант, калi той спрабаваў зламаць дзверы i залезцi ў хатнюю галерэю.

"Ты чытаў?" - спыталася яна ў бацькi.

Ён прабег вачыма паведамленне - i нават жылка не сцепнулася ў яго на твары.

"Табе ўсё роўна?"

"А пры чым тут я? Га?.."

Яна б многае магла яму сказаць. Але маўчала. А пасля пайшла з дому. Праз месяц, абышоўшы ўсе бюро па працаўладкаваннi, нанялася прадаўшчыцаю ў краму сясцёр Каро.

З тае пары Жэрмэн бачыла бацьку толькi адзiн раз, у яго ў краме.

"Падпiшы", - сказала яна яму, працягваючы паперу.

"Што гэта?"

"Бланк на твой дазвол выйсцi мне замуж".

"За каго?"

"Якое гэта мае значэнне?.."

Ён нахiлiўся i падпiсаў, уздыхнуўшы:

"Як хочаш..."

Глядзеў ёй услед, калi яна выйшла з крамы, але Жэрмэн не азiрнулася - i таму не ўбачыла, якi ўсхваляваны быў у яго твар.

Цяпер яна была з iм вельмi халодная, цвёрдая. Дапытвала, як суддзя:

- Што ты яшчэ яму сказаў?

Як нiколi раней, не магла яна забыць таго забiтага ў Версалi хлопца. Забiтага за нейкiя трыццаць тысяч франкаў. Куды ж гэтым разам паслаў бацька Марсэля? Марсэля, якi меў патрэбу ў грошах толькi таму, што ажанiўся нядаўна i не мог адмовiцца ад задумы звазiць маладую жонку на адпачынак у горы...

- Нiчога я яму не сказаў... Дамовiлiся адно, што ён прынясе мне што-небудзь i я дам яму грошы...

- Ён да цябе часта прыходзiў?

- Пяць-шэсць разоў...

- За якi час?

- За тры гады... Заўсёды прыносiў неблагiя штучкi... Калi што выгарала... Ён у гэтым разбiраецца... I не ўдаецца ў падрабязнасцi...

Цяпер Жэрмэн зразумела, чаму - нiбы насмiхаючыся з самога сябе, як заўсёды гэта рабiў, калi казаў нешта сур'ёзнае, - прызнаўся ёй Марсэль:

"Шкада, што я не сустрэў цябе тры гады таму..."

Тады яна падумала, што ён жартуе. Яна ўвогуле нiколi не прымала ўсур'ёз яго прызнанняў, i шкадавала цяпер, што не зрабiла гэта тады!

"Я не якi-небудзь жулiк", - сказаў ён ёй неяк.

Яна зноў пачала распытваць бацьку.

- Апошнiя месяцы ён прыходзiў?

- З год ужо, мусiць, як не быў...

- А цяпер я хачу ўсё-такi, каб ты сказаў, што iменна ты ў яго папрасiў. Чуеш?

Звычайны скупшчык крадзенага бярэ ўсё, што яму прыносяць, усё, што хоць нешта каштуе, што можна больш-менш лёгка прадаць. Але яе бацька быў не звычайны скупшчык, а чалавек, якога з'ядала манiякальная любоў да твораў мастацтва.

Размаўляў з тым хлопцам, якога забiлi, пра Манэ... Гэта ж ён, урэшце, i паслаў няшчаснага на смерць у дом да банкiра...

- Адказвай...

- Цяпер я цiкаўлюся перш за ўсё Рэнуарам... Не вялiкiмi штукамi, якiя можна ўбачыць у любым музеi, а маленькiмi Рэнуарамi... Жаночымi галоўкамi, нацюрмортамi... Ёсць нацюрморты, якiя...

- Ты не сказаў яму, да каго iсцi?

- Здаецца, не...

- Падумай...

- Не... З Марсэлем можна без гэтага... Ён сам добра ведае, дзе ёсць што вартае...

- Пачакай. Я пазваню...

Жэрмэн заказала свой нумар. Ледзь пачуўшы Iвэцiн голас, задрыжала. Тая была ўсхваляваная, думала, пэўна, што гэта званiў Марсэль.

- Гэта ты?.. Слухаю... Нiчога, цётка... Я б табе з радасцю добрае што сказала, але, на жаль, нiчога новага... Скажы мне вось што... Я тут кнiжку захацела пачытаць, а знайшла толькi другi том... "Пармскi манастыр"... Не ведаеш, куды ты першы засунула?..

Гэта нагадала Жэрмэн пра тое, што колькi дзён таму Марсэль чытаў, лежачы разам з ёю ў ложку, другi том "Пармскага манастыра".

- Ты не вяртаешся?

- Думаю, што хутка... Кнiга павiнна быць у спальнi... Там ёсць невялiчкая палiчка побач з ложкам...

- Дзякуй... Жадаю ўдачы!..

Паклаўшы слухаўку, Жэрмэн цiха загаварыла сама з сабою. Пра бацьку, якi хацеў легчы, ужо не думала.

- У газету званiць нельга: калi яго яшчэ не ўзялi, гэта будзе небяспечна... Цiкава, цi аддаў ён у рэдакцыю рэпартаж?.. Калi аддаў, значыцца, заставаўся на матчы да канца, да адзiнаццацi гадзiн... Пасля пiсаў, заносiў у рэдакцыю цi перадаваў праз кагось... У гэтым разе...

Яна зiрнула на гадзiннiк. Палова шостай. Яна ўжо праседзела ў бацькi амаль паўгадзiны. А лiчыльнiк у таксi з'ядаў пацiху грошы, якiх i так не было, толькi пра гэта яна не думала.

- Рэнуары... - пачала была яна, хочучы спытацца, дзе цяпер ёсць "малыя" Рэнуаравы творы.

- Шмат у каго яны ёсць, - уздыхнуў бацька. - Ехала б лепш дадому, паспала... Ну з чаго ты ўзяла ў галаву, што яго накрылi?.. Дый калi б павязалi, то гэта яму не задужа страшна: яго ж яшчэ не бралi нi разу... Разумееш? Iншая справа, калi б ён быў рэцыдывiст... З добрым адвакатам...

Яна зразумела. Бацька ёй не адкажа. Можа, не хоча, а хутчэй за ўсё, калi верыць яго словам пра Марсэля, проста не ведае, дзе той шукае грошы...

Грошы цi...

Не, гэтага не можа быць. Узяўшы сябе ў рукi, яна ўстала. Задуменна сама сабе паўтарыла:

- Рэнуары...

Чаму ёй здаецца, што менавiта ад яе залежыць выратаванне Марсэля? Нiводнага разу не падумала пра яго са злосцю. А чаму яна павiнна была злавацца? Хiба не сама ўтойвала ад яго, хто ў яе бацька?

I, паколькi Жэрмэн была дачкою такога чалавека, яна ведала, як усё гэта робiцца. Перш за ўсё, думала яна, адпадае, што крадзеж, на якi ён сёння, пэўна, пайшоў, быў даўно абдуманы. Тады б яна адчула, што голас у Марсэля ненармальны, калi ён тэлефанаваў ёй яшчэ першы раз, у сем гадзiн.

А палове адзiнаццатай ён толькi прыняў рашэнне. Чаму менавiта ў дзесяць трыццаць? I чаму ў зале "Ваграм"?..

Бацька праводзiў яе да дзвярэй.

- На вулiцу Каленкур, - сказала яна шафёру на вулiцы.

Усё яшчэ iшоў дождж, па-ранейшаму дробны. Было холадна i ў таксi: акно да канца не зачынялася.

Марсэль, як i большасць бацькавых "клiентаў", мусiў дзейнiчаць хiба што ў пустой кватэры. Так лягчэй. У Парыжы прыслуга амаль заўсёды кладзецца спаць не ў самiх апартаментах, а на сёмым цi восьмым паверхах, дзе ёй адведзены пакоi.

Але хлопец, якога ў Версалi забiў вартаўнiк, памылiўся...

Яна зноў i зноў мiжволi вярталася да пачатку.

Ён пазванiў другi раз а палове адзiнаццатай...

Зала "Ваграм". Залiты святлом рынг... Канаты... Тысячы балельшчыкаў... Марсэль за столiкам прэсы...

Напэўна, iдэя прыйшла яму ў галаву там... Рэнуары... Значыцца, ён некага ўбачыў там, у натоўпе, хто мае гэтых Рэнуараў... Некага, у каго кватэра будзе пустая да канца вечара...

Жэрмэн здалося, што прыдуманая ёю гiпотэза настолькi бясспрэчная, што яна ўжо i пад сумненне яе не ставiла.

Зала "Ваграм"... Адпачынак у гарах, мажлiва, аўтамабiль, якi ён так хоча мець... I гэты стары корч, якi адмовiўся пазычыць яму колькi там тысяч франкаў, але затое абяцаў даць шмат больш, калi ён прынясе аднаго, некалькi маленькiх Рэнуараў...

Сярод гледачоў, твары якiх высвечвалi пражэктары, у сама першых радах, вядома, сядзеў нехта той, хто навёў Марсэля сваiм з'яўленнем у зале на думку аб Рэнуары, зiмовым адпачынку ў гарах, хуткiм аўтамабiлi...

I паколькi гэты нехта глядзеў у той час бокс, Марсэль вырашыў: небяспекi ў тым, што задумаў, няма...

Але чаму тады ён пазванiў ёй? Прадчуванне?.. Можа, ён, нi разу раней не злоўлены, адчуў раптам iнтуiтыўна, што гэтым разам замах будзе няўдалы? Цi яшчэ вагаўся? Што, як яна пачала б настойваць на тым, каб ён вярнуўся раней, бо ёй сумна адной?..

Але не! Яна, наадварот, яшчэ пялася перад iм прыкiнуцца бадзёрай! Нiколi не хацела замiнаць яму ў чым-небудзь, бо з першага дня iх сумеснага жыцця вырашыла, што ён павiнен адчуваць сябе з ёю вольным.

Нават не сказала яму, калi ён званiў увечары, што хацела:

- Не вяртайся надта позна...

А гэта зрабiла б любая жанчына.

Не прызналася яму, што ў гэты вечар у яе быў вельмi меланхалiчны настрой.

Гэта была яе вiна.

У яго была ў запасе прыблiзна адна гадзiна.

Куды ж ён пайшоў? У якi квартал?

А як з ключом? Звычайна гэта праблема, вырашэнне якой патрабуе часу. Трэба дастаць ключ ад кватэры або зрабiць злепак i ўжо з яго - сам ключ.

Часу ў Марсэля на гэта не было. Жэрмэн была ў тым упэўнена. Ёй хацелася верыць, што ён нiчога загадзя не падрыхтаваў. Цэлы ж год не быў у яе бацькi!

Так цi iнакш, адчуў Марсэль агiду да гэтага занятку цi не, але ён захацеў змянiць сваё жыццё. Доказ - тое, што ажанiўся з ёю. А можа, ён зрабiў гэта толькi дзеля таго, каб цягнула на новыя замахi, бо пачаў баяцца, што зловяць?

Бывае i такое: калi ўдаюцца тры-чатыры буйныя пакражы, злодзей раптам не можа саўладаць са страхам. Тады ён звычайна кажа сабе, што дагэтуль проста iшла дзiкая лафа, што гэта не можа працягвацца бясконца i ўжо наступным разам прыйдзецца за ўсё заплацiць.

Небяспечны стан, калi менавiта ў гэты час ён надумае распачаць свой ранейшы занятак: вось тады яго i "накрываюць". Бо няма ўпэўненасцi. Падводзiць нядбаласць. "Падстаўляюцца" па-дурному, "гараць" на якойсьцi iдыёцкай драбнiцы.

Пазванiць у палiцыю яна не магла. Газеты з'явяцца толькi праз гадзiну.

Яна ўжо ўяўляла, як ён сядзiць у палiцэйскiм участку, у кабiнеце ў якога-небудзь iнспектара на допыце. Гальштук, рэмень, шнуркi з чаравiкаў ужо адабралi... А то раптам бачыла яго ў бальнiцы...

Але не ў трупярнi! Толькi гэтае слова, адно з усiх, што з'яўлялiся ў яе ў думках, выклiкала жаданне крычаць.

- Рэнуары...

Цiкава: ёй здавалася, што варта яшчэ крышачку напружыцца - i яна разгадае праўду. Чаму iмя Рэнуара - карцiны мастака былi ёй, вядома, знаёмыя развярэджвала памяць, падказвала нешта звязанае з Марсэлем, штосьцi пачутае зусiм нядаўна?..

Больш таго: яна магла паклясцiся, што менавiта Марсэль i прамовiў перад ёю гэтае iмя. Але калi? Дзе? З якой нагоды?

Таксi спынiлася, i яна ўбачыла святло ў вокнах сваёй кватэры. Пачала шукаць у сумачцы кашалёк... Грошай было вельмi мала. Пра ўсё ж думала раней, толькi не пра гэта.

- Пачакайце мяне, калi ласка, хвiлiнку. Я падымуся, вазьму грошы...

Пабегла па лесвiцы. Чырванела пры адной толькi думкi, што аддала ўчора шпалершчыку ўсе грошы, якiя толькi мела...

- Слухай, Iвэтачка, дарагая...

Ёй было сорамна, як нiколi яшчэ ў жыццi. Iвэта, якая, каб адчуваць сябе ямчэй, раздзелася да камбiнацыi, чытала, лежачы на канапе ў зале.

- У цябе ёсць грошы?

- Многа трэба?

- За таксi заплацiць... Не ведаю, колькi... Марсэля няма, а ў яго ўсе нашы грошы...

Iвэта пашукала, дастала чатырыста франкаў.

- Думаеш, хопiць? - спытала яна.

- Здаецца...

Жэрмэн спусцiлася ўнiз, размаўляючы сама з сабою: рэпецiравала размову з шафёрам. Якую ж страшэнную спляжанасць адчувала яна сёння ў душы - быццам перад усiм светам была вiнаватая.

Паволi паднялася наверх. Стамiлася ўжо, цяжка дыхала. Iвэта надзела сукенку i з капелюшом у руцэ iшла да дзвярэй.

- Думаю, я табе больш не патрэбна?

Жэрмэн хацела сказаць, што, наадварот, неабходная, што ёй страшна заставацца тут адной, але не асмелiлася.

- Дзякуй табе, Iвэтачка... I прабач яшчэ раз... Праўда, ты можаш зрабiць мне яшчэ адну паслугу... Калi а восьмай я не прыйду ў краму, будзь ласкавая, скажы тады патранэсам, што я кепска сябе адчуваю, з'яўлюся пазней, а можа, i зусiм мяне не будзе... Добра?.. Я табе калi-небудзь растлумачу... Гэта шмат страшней, чым ты думаеш...

- Усе замужнiя так кажуць!.. Дый незамужнiя таксама...

- Ты не зразумееш...

- Ведаю... Нiхто нiколi нiчога не разумее...

Пасля, надзяваючы палiто, дадала:

- Можа, хочаш, каб я засталася?

- Дзякуй... Гэта вельмi далiкатна з твайго боку... Я паспрабую крыху паспаць...

- Ну, добра... Усё будзе ў парадку... Я табе пакiнула трохi каньяку... Раю выпiць калiва...

Бледны твар, чырвоныя павекi - рыхтык клоўн, як паглядзець на яе цяпер. А грымаса, дзiўнаватая ўсмешка, якой яна, мусiць, думала падбадзёрыць сяброўку, адно павялiчвала гэтае падабенства.

- Дабранач, цётка...

Жэрмэн ледзь ужо была не паклiкала Iвэту назад, бо, толькi засталася адна, здалося, што яе клiча Марсэль, якi меў дзесьцi патрэбу ў ёй, чакаў жончынай дапамогi.

Але дзе?

Праз паўгадзiны развiднела, зазiхацелi дахi дамоў, з усiх гарадскiх комiнаў пацягнуўся ў неба дымок, ажывалi вулiцы, пад'езды, пайшлi аўтобусы, тысячы людзей рушылi на працу халоднай снежаньскай ранiцай...

Марсэль быў недзе ў гэтым вялiкiм горадзе... Жэрмэн, трымаючыся рукамi за мокрыя парэнчы балкона, глядзела ва ўсе бакi гiганцкай панарамы, нiбы спадзеючыся ўбачыць у ёй яго...

Раздзел трэцi

ВЯЛIКАЯ СЭЎРСКАЯ ВАЗА I ГРАФIНIН ДЗЯДЗЬКА

Палова восьмай ранiцы. З балкона бачны быў грузавiчок паштовай службы, якi развозiў газеты i спынiўся цяпер каля шынка насупраць iх дома. Шафёр у скураной кепачцы выйшаў на ходнiкi з тоўстым стосам пошты.

Жэрмэн збегла па лесвiцы з непакрытаю галавою. Брамнiца якраз мыла калiдор. Жэрмэн яшчэ мала ведала гэтую крыху касавокую жанчыну. Вось ужо з месяц, як яна ўлашчвала кансьержку: у Парыжы з iмi трэба ладзiць. У брамнiцы, можа, таму, што яна касавурыла, позiрк быў поўны падазрэння.

- Сёння ноччу да вас, здаецца, прыходзiлi? - спыталася яна. - Я званiла вам тры цi чатыры разы. У вас усё ў парадку, га?

Ёсць людзi, якiя проста чуюць бяду. Вось i гэтая жанчына была такая. Нельга нiчым выдаць сябе! Жэрмэн, падабраўшыся, адказала з усмешкаю:

- Гэта муж паслаў дадому сакратарку з рэдакцыi перадаць мне, што тэрмiнова адбывае ў Лондан... Там сёння сур'ёзны матч... Марсэля паслалi ў сама апошнi момант... Мне трэба было завезцi ў рэдакцыю яго рэчы...

- Дык добра!.. А то я падумала, што ў вас хто-небудзь захварэў...

Жэрмэн выйшла на вулiцу, купiла газету. Зайшла ў бар i, нязмушана гартаючы газету, выпiла кавы i з'ела рагалiк.

Матч у зале "Ваграм"... Рэпартаж на тры чвэрцi калонкi... Падпiсаны Марсэлем Бланам.

Гэта зрабiла на яе такое ўражанне, быццам яна атрымала раптам лiст ад чалавека, якi ўжо даўно памер, цi ўбачыла яго раптам у кiнакронiцы.

Але не! Марсэль не памёр!

Яна з'ядае яшчэ тры рагалiкi. Ёй сорамна, што так шмат есць уранку, але яна галодная. Чатыры рагалiкi!

Прачытаўшы рэпартаж, Жэрмэн адразу зразумела, што напiсаны ён не Марсэлевай рукою. Ёсць нешта ў гэтых радках не ўласцiвае яму: пабудова асобных фраз, выразы, словы... Ёй вядома, што час ад часу журналiсты робяць адзiн аднаму такiя паслугi: пiшуць за калегу i пасылаюць у газету патрэбны матэрыял.

Вярнулася ў кватэру. Глынуць, каб узбадзёрыцца, каньяку? Iвэта, аказваецца, выпiла амаль усю бутэльку. Жэрмэн заўсёды падазравала, што сяброўка не грэбуе спiртным. Яна дапiла рэшту i выпрасталася на канапе: забалелi ныркi. За тое, што выпiла, было сорамна яшчэ больш, чым за жудасны апетыт, але яна заснула.

У газеце не было паведамлення нi пра якi кватэрны ўзлом, нi пра iншае здарэнне, якое магло б датычыць мужа.

Але гэта нiчога яшчэ не значыла: не кожная ранiшняя газета газета паспявае паведамiць пра ўсе начныя здарэннi, а тут яшчэ яна чытала тую, у якое працуе сам Марсэль!

Дзесяць гадзiн. Тэлефон маўчаў. Праз паўгадзiны на Вялiкiх бульварах пачнуць прадаваць дзённыя газеты. Жэрмэн апранулася. I хоць яна i выпiла ўсяго толькi два-тры глыткi каньяку, адчуванне было такое, як пасля сапраўднай гулянкi. I як гэта Iвэта магла выпiць ажно тры чвэрцi бутэлькi?

У кашальку - троху меней за сто франкаў. Нягуста! Але ўсё ж яна ўзяла таксi!

Купiла ў вулiчнага гандляра газету. Ногi зрабiлiся проста ватныя. Яна i праўда была п'яная - i гэта нагадала ёй адзiн вечар, калi яны былi разам з Марсэлем у гасцях i выпiлi лiшняе...

Зайшла ў кавярню "Мазарынi" - i вось там раптам убачыла на першай старонцы газеты тое, што шукала: "Няўдалы напад на кватэру графа Ньёля".

Граф i Маленькая Графiня - так завуць у свеце яго жонку за яе мiнiяцюрныя фiгурку, тварык i неверагодную рухавасць... Арыстакраты, якiя займаюцца ўсiм: спортам, мастацтвам, кiно... Пастаянна выбiраюцца на балi, кактэйлi i розныя iншыя вечарыны. З Енскага праспекта, на якiм знаходзяцца мастацкiя выставы-аўкцыёны, у iх кватэру шмат чаго прыбывае. Аднаго разу Жэрмэн хадзiла да iх з Марсэлем на адкрыты вечар паглядзець на калекцыю твораў жывапiсу. Было сама мала трыста чалавек: журналiсты, акторы тэатра i кiно, знакамiтыя дактары i адвакаты... Стаяў гармiдар.

"Глядзi, - сказаў Марсэль, - у iх, бадай што, сама прыгожыя Рэнуары ружовага перыяду..."

Яна амаль што нiчога не ўбачыла. Надта ўжо зашмат было народу. Слугi, падыходзячы да кожнага госця, налiвалi вiскi, шампанскае проста бесперапынна. Можна было сказаць, спiртное лiлося ракою.

Вось тое, што яна так доўга хацела ўведаць уначы: граф i графiня Ньёль. Матч па боксе яны не прапусцяць, гэта ўжо напэўна: iм гэта тое самае, што тэатральная прэм'ера... Безразважная Маленькая Графiня проста зачараваная гэтым мужным спортам...

"Гэтай ноччу на кватэру вядомых усяму Парыжу графа i графiнi Ньёль быў зроблены напад з узломам, якi ледзь не закончыўся смерцю рабаўнiка. Граф i графiня былi тым часам на матчы па боксе ў зале "Ваграм". Цiкавая дэталь, выяўленая неўзабаве пасля замаху: вярнуўшыся дамоў у дзве гадзiны ночы, графiня заўважыла, што згубiла на матчы ключ ад кватэры, якi быў у яе сумачцы яшчэ тады, калi яна выпраўлялася з дому. Гэты факт дазваляе меркаваць, што напад не быў запланаваны загадзя i насiў выпадковы характар.

Невядомы..."

Жэрмэн збялела.

"...якi трапiў у кватэру, скарыстаўшыся ключом, у дванаццатай гадзiне, мог завалодаць iм толькi ў зале "Ваграм". Немагчыма, каб ключ быў наўмысна ўкрадзены якiмсьцi спрытным "кiшэннiкам": сумка ў графiнi была на засцежцы-маланцы.

Маленькая Графiня, як заве яе ўвесь Парыж, згадала, што калi яна падыходзiла да свайго месца, то дастала з сумкi насоўку. Можа, ключ упаў на падлогу якраз у той самы момант? У натоўпе ёй самой цяжка было тое прыкмецiць.

Ва ўсякiм разе, той, хто падняў ключ, добра ведаў, каму ён належаў i якую можна тут мець выгаду.

Далей невядомы трапiў у кватэру, у якой нiкога не павiнна было быць. Толькi выпадак прывёў у яе дзядзьку графiнi Ньёль пана Марцiно, якi зайшоў да пляменнiцы ўвечары i, адчуўшы стому, застаўся ў кватэры адпачыць замест таго, каб пайсцi на матч у зале "Ваграм".

Ледзь ён заснуў, як яму пачуўся шум у вестыбюлi, дзе былi вывешаны сама каштоўныя палотны з калекцыi гаспадароў. I, натуральна, спалоханы, пан Марцiно ўзяў у рукi рэвальвер..."

Словы, лiтары расплывалiся. Прагнучы ведаць, чым усё скончылася, Жэрмэн усё ж была вымушана, каб дайсцi да сэнсу, перачытваць кожны радок па два-тры разы. Хлопчык-афiцыянт паставiў на яе стол мандарынавы лiкёр.

"У вестыбюлi стаяў на крэсле невядомы з кiшэнным электрычным лiхтаром. Убачыўшы пана Марцiно з рэвальверам у руцэ, ён выключыў лiхтар, скочыў на падлогу i збiў графiнiнага дзядзьку з ног ударам кулака.

Устаўшы, пан Марцiно стрэлiў, будучы, як ён кажа, у стане афекту. А куля выпадкова трапiла ў злодзея, бо i на дыване, i на лесвiцы былi знойдзены сляды крывi.

Наколькi цяжка быў ранены нападчык? Немагчыма меркаваць аб гэтым цяпер, але, бясспрэчна, яго арышт - пытанне сама блiзкага часу. Вечарам вы, напэўна, ужо даведаецеся пра тое. Пан Марцiно, чалавек у гадах, да таго ж яшчэ i збянтэжаны незвычайным здарэннем, не мог дагнаць злодзея.

Напэўна, iм быў або дэбютант у гэтай справе, або аматар-выпадковец - але толькi не рэцыдывiст-прафесiянал. На гэтую думку наводзiць той факт, што шум, якi пачуў дзядзька Маленькай Графiнi, быў выклiканы падзеннем вялiзнай сэўрскай вазы, рэчы сапраўды гiстарычнай, вельмi вялiкай каштоўнасцi: датуецца яна напалеонаўскай эпохаю. Стаяла ваза пад адмысловай карцiнай Рэнуара ружовага перыяду "Купальшчыца", якую, бадай, усхваляваны прафан-няўдалiца выпусцiў з рук, ледзь зняўшы.

Вось i ўсе нашы здагадкi, якiмi мы можам падзялiцца з чытачом. Але ў зале "Ваграм" было, заўважым, некалькi тысяч гледачоў - i..."

Жэрмэн машынальна выпiла лiкёр, склала газету i паклала яе ў сумку.

Нягледзячы на ўсё, што здарылася, вочы ў яе, калi яна выходзiла з кавярнi, свяцiлiся радасцю. Яна была ўпэўнена: Марсэля яшчэ не ўзялi! Хвалявалася i таму яшчэ, што некалькi гадзiн назад сама аб усiм здагадалася.

Яна прайграла загадзя ў сваiм уяўленнi ўсю гэтую гiсторыю дзякуючы толькi званку Марсэля а палове адзiнаццатай i знойдзенаму ў кiшэнi ў мужавым палiто бясхвостаму фарфораваму парсючку. Яна ўжо бачыла i постаць невядомай тады яшчэ ёй арыстакраткi, якая ўпусцiла ключ, i пра Рэнуара згадала - сама.

А што больш за ўсё было ёй прыемна ўведаць, дык гэта тое, што ён быў няспрытны! Выпусцiў карцiну на сэўрскую вазу. Можа, рукi ў яго дрыжалi? Ва ўсякiм разе, яму было страшна. Ён паводзiў сябе, быццам пачатковец або нявопытны дылетант, якi кажа сабе:

"Яшчэ раз... Толькi раз!.."

Кажа гэта сабе, адчуваючы, што бярэцца не за сваю справу, што i праўда не будзе больш ёю займацца...

- Iдыёт, - ледзь чутна сказала яна сама сабе ў натоўпе, калi выйшла на Вялiкi бульвар.

Але дарагi ёй iдыёт! Што ён рабiў, паранены, на вулiцы, пакiдаючы за сабою сляды крывi? Трэба было адбегчыся ад дома графа Ньёля. Толькi б ён не дадумаўся ўзяць таксi!.. Тады яго непазбежна знойдуць: палiцыя ж, вядома, апытае ўсiх шафёраў таксi. Ужо апытвае. Але нават усхваляваны, Марсэль мусiў быць хiтрэйшы.

- Iдыёт! - зноў паўтарыла сама сабе.

Але, iдыёт, што не прыйшоў адразу ж дадому. Яна б дагледзела яго, вядома ж! Знайшла б знаёмага доктара, любога доктара, якi б перавязаў яго i зрабiў усё неабходнае, не выдаючы палiцыi. Каго хочаш можна знайсцi, як спатрэбiцца.

Напэўна, яму было сорамна перад ёю.

"Урэшце, я не якi-небудзь жулiк", - зноў успомнiла яна яго словы.

Iдучы, Жэрмэн размаўляла з Марсэлем - i нi разу яшчэ не была яна з iм такая лагодная. Гэты хлапчук, але, нягодны хлапчук, што так гарэзлiва ўсмiхаўся, меў цяпер як нiколi патрэбу ў ёй: яго трэба было выцягнуць з бруднай гiсторыi, у якую ён трапiў.

Iдыёт, так!.. Хлапчук, смелы на словах, нават у нейкiх учынках, але зусiм яшчэ баязлiвы ў душы.

Хацеў - пан такi! - звазiць яе на адпачынак у горы i пакатаць на аўтамабiлi! А яна i не пярэчыла, не заiкнулася нават: адкуль жа мы возьмем на гэта грошы? Усмiхалася адно. А трэба было сказаць:

"Ты з глузду з'ехаў, дурненькi... Пра гэта падумаем неяк пазней... А пакуль што пiшы свае рэпартажы пра бокс ды рэгбi..."

Вядома, уначы яна не памылiлася, калi адчула раптам, што ён яе клiча. Як яна была яму тады патрэбная! Толькi духу ў яго не хапiла паклiкаць яе на дапамогу.

- Пан вельмi горды, - з'едлiва сказала яна сама сабе.

Ну i дурань, ну i iдыёт!.. Але ж якi дарагi ёй!.. Дагэтуль яшчэ не набраўся розуму...

Толькi ж не застаўся ён на вулiцы на ўсю ноч?.. Дзе ён мог спынiцца, каб прывесцi сябе ў парадак?..

Цi ж думаў ён пра тое, што перажывае цяпер яна? Ну, вядома! Мабыць, уяўляе яе ўсю ў слязах. Думае, ягоная Жэрмэн баiцца, што ён кiнуў яе, падмануў!..

Дурненькi...

Толькi таму i не паддалася роспачы, што, нягледзячы нi на што, адчувала радасць: цяпер яна ведала, што ён яшчэ зусiм маленькi i мае патрэбу ў ёй.

Напачатку баялася яна. Думала, што прыйдзе неяк дзень i Марсэль даведаецца, хто яна такая, чым займаецца яе бацька, дрыжала, бо ў параўнаннi з мужам, журналiстам, яна была зусiм нiхто...

А ён, аказваецца...

Яна iшла i ўсё яшчэ думала, думала - толькi ўжо старалася не гаварыць сама з сабою, бы старая дзеўка.

Трэба было спяшацца, каб паспець Марсэлю на выручку. Хто-небудзь мог прыкмецiць яго ў зале "Ваграм", якраз тады, калi ён падбiраў з падлогi ключ Маленькай Графiнi.

Цяпер ужо роўна гадзiна, як Марсэль павiнен быў з'явiцца ў рэдакцыi. Яна зноў зайшла ў кавярню. Божа мой, i тут мандарынавы лiкёр! Падышла да тэлефона, набрала нумар.

- Алё, мадэмуазэль, будзьце так ласкавы, дайце мне рэдактара. Гэта панi Блан...

Так, спакойна, не хвалявацца. Жэрмэн не ведала, цi правiльна яна рабiла, што званiла, але трэба было захоўваць абсалютны спакой.

- Алё? Пан Манш?.. Гэта панi Блан... Муж просiць у вас прабачэння... Калi ён вярнуўся ноччу, пасля таго, як паслаў вам рэпартаж, я ўжо чакала яго з тэлеграмай ад цёткi з правiнцыi: у яе толькi што памёр муж... Марсэль выехаў першым ранiшнiм цягнiком... Некалькi дзён яго не будзе...

Яна адчувала ўздым усiх сваiх сiл. Пазванiўшы рэдактару, адразу ж згадала пра Жуля.

Марсэль двойчы прыязджаў разам з iм у Марсанг. Гэта быў доктар. Ён атрымаў дыплом яшчэ летась, але, каб практыкаваць самому, яму не хапала яшчэ грошай, i ён служыў нарыхтоўшчыкам лекаў у вялiкай аптэцы на Севастопальскiм бульвары. Высокi, кашчавы хлопец з крыху падобным на конскi тварам i кучаравымi, усё роўна як у херувiмчыка, светлымi валасамi, што так не адпавядалi яго фiзiяномii.

Трэба было знайсцi яго. А яна нават прозвiшча яго не помнiла. I адраса нiколi не ведала.

Узяла таксi. А ў кашальку толькi сто франкаў. Ды дзе там: частку гэтай сумы растрацiла ўжо ў кавярне... А што заставалася рабiць, калi час быў такi дарагi?..

- Выбачайце, пане, я хацела б пагаварыць з мсьё Жулем... Вы ведаеце: высокi бландзiн, часта бывае ў гэтым раёне...

- Доктар Бэлуар?

- Але... Кучаравы бландзiн, з вялiкiм носам.

Адрас ёй даваць не хацелi.

- Сёння ранiцай доктар не прыходзiў i не тэлефанаваў. Прыходзьце пасля абеду. Можа, з'явiцца.

- Мне трэба бачыць яго цяпер. Я яго стрыечная сястра. Толькi што прыехала ў Парыж, а ён мяне падвёў: павiнен быў чакаць на вакзале...

Шушуканне. Нарэшце:

- Калi вы на самай справе яго кузiна...

- Ды клянуся вам... Мой бацька - ягоны...

- Вулiца Мон-Сэнiз, дзвесце сорак шэсць...

Зноў таксi. Яна праехала ўверх па Манмартры, да сабора Сакрэ-Кэр... Заплацiла пятнаццаць франкаў. Дзiўны двор, усё адно як на вясковай ферме. У глыбiнi - невялiкая двухпавярховая будынiна. На першым паверсе жыве сталяр.

- Дзе тут можна знайсцi пана Бэлуара?

- На другiм паверсе...

Яна паднялася, пастукала ў зашклёныя дзверы: званка не было.

- Што там такое? - крыкнуў нехта незнаёмы.

- Гэта я! - холадна адказала яна.

Чаканне. Асцярожныя крокi. Нарэшце да шкла прыцiснуўся конскi твар Марсэлевага сябра. Яшчэ праз нейкi час Жуль павярнуўся i знiк. Жэрмэн была ўпэўнена, што гаспадар з кiмсьцi гаварыў. Сэрца ў яе часта бiлася.

- Адчыняйце...

Адзеты быў Жуль па-хатняму, твар - няголены.

- Выбачайце, не пазнаў вас. За што такi гонар?..

- Дзе Марсэль?

Аднапакаёвая доктарава кватэра была адначасова i спальняю, i залаю, i чымсьцi накшталт майстэрнi, як у сталяра ўнiзе. Джутавая шторка падзяляла яе на дзве часткi. Два старыя прамятыя крэслы, стол, кнiгi, лямпа.

- Але... я не ведаю...

- Слухайце, Жуль...

Калi ён пазнаў яе праз шкло, то загаварыў з кiмсьцi, яна ж чула. Значыць, за штораю нехта быў. А калi жанчына? Што ж, тым горш для яе, Жэрмэн. I якая рознiца, надаваў ёй смеласцi мандарынавы лiкёр цi што iншае...

Яна ступiла тры крокi. Болей не трэба было. Падняла штору.

За ёю стаяў Марсэль. Ён глядзеў на яе так спалохана, што яна ледзь не зарагатала ад слёз, i толькi адно i сказала:

- Iдыёт!..

I вось яна ўжо i плакала i смяялася. Не асмельвалася дакрануцца да яго, бо быў вельмi бледны i грудзi былi шчыльна перавязаны - ён прыкметна раздаўся.

- Думаеш, хiтры?..

- Дарагая...

- Iдыёт...

- Слухай, дарагая... Клянуся табе...

- Але спачатку ты адразу ж вернешся дамоў...

- Ён не дасць...

- Хто?

- Жуль...

Доктар выйшаў, каб не замiнаць iм, на лесвiчную пляцоўку - там яму, мусiць, холадна было ў адной кашулi.

- Клянiся, што... - пачала яна.

- Не трэба... я i так...

- Чаму раптам?

- Сама разумееш...

- Прызнайся, што было страшна...

Ён адвярнуўся ад выбеленай сцяны.

- Было...

- Прасi ў мяне прабачэння...

- Даруй...

- Скажы, што нiколi больш не будзеш гэтага рабiць i што я буду хадзiць з табою на ўсе матчы па боксе...

- Згодзен...

- А калi я яшчэ раз знайду ў тваёй кiшэнi бясхвостага парсючка...

I толькi тады яны загаварылi сур'ёзна.