Чорныя геральды [Сэсар Вальеха] (fb2) читать постранично, страница - 4


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

духу”. Гэта было ў 1926 годзе, паэт аддаўся працы над раманам “Вальфрам”, прытрымліваўся левых поглядаў і нават крыху пазней, на мяжы дзесяцігоддзяў, прыняў да сэрца камунізм, але ў публічнай спрэчцы з мексіканскім мастаком Дыега Рывера ён катэгарычна выказаўся супраць маралізатарскае прапаганды, якая нярэдка патрабавалася ад ангажыраванай мастацкай інтэлігенцыі. Неўзабаве ён напіша: “Як чалавек я магу быць прыхільнікам рэвалюцыі, але як мастак не ў маіх і чужых руках кантраляваць палітычныя наступствы, якія знойдуцца ў маіх вершах”.

Сэсар Вальеха пабываў неаднойчы ў Савецкім Саюзе — у 1928, 1929 і 1931 гадах, калі ішло жорсткае знішчэнне сялянства пад маркаю калектывізацыі і нават справакаваным голадам, калі першую пяцігодку выконвалі ў чатыры гады і ўжо мелі каштоўны вопыт у барацьбе з іншадумцамі, аднак паэт нічога не заўважыў, як і іншыя славутыя прадстаўнікі сусветнае літаратуры. Адкуль ён мог ведаць, якая трагедыя хаваецца за лакіраваным фасадам грамадства, хто прапанаваў яму менавіта такую “праграму прабывання”, ад якой не меў і вольнае хвіліны, каб неяк азірнуцца ці хоць пагутарыць сам-насам з калегамі, з людзьмі, за чый кошт гэтак багата абстаўлялі ягоныя дні ў Маскве, што рабілі пад той час з нацыянальнымі культурамі, з цэрквамі розных канфесій, увогуле з духоўнасцю. Карацей кажучы, Вальеха вяртаецца, піша пра добрае жыццё ў Краіне Саветаў, не разумеючы, што навала набірае хуткасць і не за доламі чорны 1937 год, і шчыра падключаецца да прапаганды савецкага ладу жыцця, па сутнасці, не ведаючы яго, а таксама ўдзельнічае ў барацьбе з фашызмам, які ўпэўнена крочыў па зямлі, але 18 чэрвеня 1929 года накіроўвае ліст брату Віктару: “Дужа прашу заказаць набажэнства на імя апостала Святога Яга ад мяне. Я малю апостала аб дапамозе. Напрамілы Бог, закажыце набажэнства. А я буду маліцца за ўсіх Вас”.

Мізэрныя ўмовы жыцця вымушаюць паэта дбаць пра прывідную сацыяльную справядлівасць, штурхаюць яго ў бок палітычнае барацьбы, але глыбокія філасофскія супярэчлівасці час ад часу вяртаюць шульку прачулымі лістамі ў родны кут і апантанай малітвай да веры.

Тым часам смуглявы перуанец Сэсар Вальеха, чужынец, які шануе бальшавізм, ездзіў у СССР, ходзіць на дэманстрацыі левых і наведвае бібліятэку камуністычнае газеты “Юманітэ”, трапляе ў паліцэйскую картатэку на падазроных, бо ніколі і не думаў хаваць свае погляды. Урэшце прэфект Парыжа, вядомы рэакцыянер з пароды забараняльнікаў, завёў справу на яго, і адразу загад міністра ўнутраных спраў прадпісаў яму, бяспраўнаму эмігранту, пакінуць Францыю да 29 студзеня 1931 года. Паэт абраў Іспанію.

Да ягонай беднасці дадаўся статус выгнанніка, але Федэрыка Гарсія Лорка шчыра палюбіў Сэсара, сябраваў з ім, пазнаёміў яго з выдаўцамі, прасіў за яго. Такім вось чынам ён сёе-тое выдаваў і крыху перабіваўся, але раўнавага аказалася, як заўжды, няўстойлівай, праз год мусіў судзіцца з пірацкім выдавецтвам “Уліс”, якое проста адмаўлялася выплаціць ганарар за кніжку нарысаў. Даведзены да адчаю, паэт вяртаецца ў Парыж у 1932 годзе не зусім легальна, потым усё ж удаецца аформіць дакументы, але без права ўдзелу ў галоснай палітычнай барацьбе: на паэта накінулі чарговы, на гэты раз не выдавецкі, а палітычны кляп, аднак, калі добра падумаць, ці гэта магчыма?

Сэсар Вальеха яшчэ пабачыў Іспанію, ужо смяротна параненую грамадзянскай вайною, браў удзел у Другім міжнародным кангрэсе пісьменнікаў у абарону культуры ў ліпені 1937 года. Мадрыд, Валенсія, Гвадалахарскі фронт. Ён абараняе рэспубліку разам з буйнейшымі літаратарамі свету і да лістапада піша амаль усе “Гуманныя вершы” і паэму “Іспанія, адвядзі ад мяне чару гэтую”, правіць свежыя радкі да болю ў душы, рыхтуе публікацыю. Адначасова выступае супраць дыктатуры Бенавідзеса ў Перу, стварае камітэт за свабоду роднага краю, і людзі ў ім прызнаюць адважнага праваабаронца. На пачатку 1938 года працягвае праўку вершаў у Парыжы.

У сакавіку Сэсар Вальеха захварэў. Дактары не знаходзілі прычыну, але тэмпература не спадала. Нават у знакамітай клініцы не змаглі паставіць дыягназ. Гаварылі, што як быццам колісь на радзіме Сэсар перанес ліхаманку. Але ж ён дужа хварэў у Еўропе таксама, падарваў нервы беднасцю, пакутаваў за іспанскую злыбяду, прадчуваў горкі лёс рэспублікі. 29 сакавіка ён прадыктаваў жонцы: “Хоць перад Богам прыйдзецца трымаць адказ, там, за смерцю, ёсць у мяне абаронца: Бог”.

Ізноў парадаксальны інтэлект паэта нават на парозе смерці, у агоніі, адкрывае нам дыялектычны вобраз Бога ў мудрай еднасці суддзі і абаронцы.

Сэсар Вальеха адышоў 15 красавіка 1938 года раніцой, а палове дзесятай. За колькі хвілін да гэтага ён нібы прачнуўся і вымавіў: “Хачу ў Іспанію!”

20 студзеня 1939 года салдацкая друкарня рэспубліканскае арміі Іспаніі на ўсходнім фронце выпусціла ў свет першае выданне кнігі “Іспанія, адвядзі ад мяне чару гэтую”. Тыраж трапіў у рукі франкістаў, і толькі пазней, праз гады, удалося выратаваць лічаныя экземпляры. У ліпені ў Парыжы аматары паэзіі