Чорныя геральды [Сэсар Вальеха] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

СЭСАР ВАЛЬЕХА ЧОРНЬІЯ ГЕРАЛЬДЬІ

Рэдкалегія: Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, Васіль Сёмуха, Янка Сіпакоў, Максім Танк

Перакладзена з выдання:

Vallejo, С. Рoesіа Completa. La Habana, Еditоrial Artе у Literatura — Сasa de las Américas, 1988. — 404 р.


© Пераклад. Р. І. Барадулін, 1993

© Укладанне, прадмова, каментарыі. К. Г. Шэрман, 1993

ЗАГАДКАВЫ ВАЛЬЕХА

Вялікія паэты Лацінскае Амерыкі заўжды імкнуліся трапіць у сталіцу мастацтваў і літаратуры, у Парыж. На радзіме яны задыхаліся ў дрыгве правінцыйных адносін, дзе рэдка хто меў прызнанне: таленты спелі ў Еўропе ды так ці інакш вярталіся да пенатаў з арэолам пасвячонага. Адным словам, вялікія паэты не затрымліваліся на чужыне. Ці то моцна адчувалі, што карэнне згаладалася ўшчэнт, ці то проста цягнула да натуральнага асяроддзя, да сяброў-аднадумцаў і духоўных настаўнікаў, да хлеба і віна бацькаўшчыны.

Адно Сэсар Вальеха застаўся ў Парыжы да скону, хоць і зведаў там беднасць ды цяжкія хваробы. Калі ўлічыць і радавод, і геаграфію маленства, і матэрыяльнае становішча паэта, перад намі разгорнецца загадка, а дакладней, адна з незлічоных загадак, якія разам і складаюць сёння ягоную постаць.

Вальехавы дзяды па матчынай і бацькавай лініях — мясцовыя свяшчэннікі гішпанскага паходжання, а бабулі — індыянкі племені чыму, якое жыло на паўночным беразе старажытнага Перу, адчуваючы подых Ціхага акіяна, стварыла моцную архітэктурай, апрацоўкай металаў, керамікай і горнай агракультурай цывілізацыю і ў VI стагоддзі ўвайшло ў інкаўскую імперыю. Бацька стаў юрыстам у маленькім гарадку, а маці-індыянка нарадзіла яму адзінаццаць дзяцей, малодшым з якіх быў Сэсар. З яго нараджэння ў хаце загучала прыгожае слова з індзейскае мовы кечуа, ш у л ь к а, якое вызначае наймаладзейшага, апошняга і распешчанага ўсімі дзіцяці. Шулька — гэта кропка, завяршэнне плёну ў блізкасці бацькоў. Шульку аддаюць усю пяшчоту, яго нельга крыўдзіць, бо ён увасабляе шчымлівы ветах кахання. Нарадзіўся ён, дарэчы, 16 сакавіка 1892 года, калі бацьку было за пяцьдзесят, а хрысцілі яго 19 траўня.

Сям'я жыла ў годнай беднасці, але Сэсар ні ў чым не ведаў адмовы. Такім чынам, логіка дыктавала вярнуцца з чужыны.

Геаграфія маленства поўнілася матчынымі словамі: Чука, Уамачука, Кірувілька, Чыкама... Сэсар пабачыў свет у сціплым гарадку Сант’яга дэ Чука, які заснавалі гішпанскія шахцёры ў паўночных перуанскіх Андах на месцы старажытнага індзейскага селішча Чука яшчэ ў XVI стагоддзі, на вышыні звыш 3100 метраў над узроўнем мора. Вядома, — хто нарадзіўся ды жыў у гарах, той маецца на чужыне з непазбыўным сумам у сэрцы, прыгадваючы мінулую — бо ён яе не бачыць штодня — веліч, адчуваючы страту высакагорнага вымярэння свету, асэнсоўваючы сябе як горац без гор, як горац у горадзе, дзе за парогам мізэрнае кватэры людзі думаюць, гавораць і ўвогуле жывуць на чужой мове, дзе мала хто па-сапраўднаму зразумее цябе. Ізноў логіка настойвала: лепей вярнуцца.

З тае пары, як пасяліўся ў Еўропе, і да смерці, якая спасцігла яго 15 красавіка 1938 года, Сэсар Вальеха плыў супраць плыні эканамічнай няўстойлівасці, зведаў голад і холад, нават горкі хлеб міласэрнасці, хварэў ад беднасці на недасягальнай для родных адлегласці, але так і не вярнуўся на радзіму. Нават блізкія сябры паэта не даведаліся, чаму ён не схацеў жыць у Перу. “Не ведаю”, — нязменна адказваў Сэсар і пераводзіў гаворку на іншае рэчышча. Магчыма, ён бы здолеў вяртанне адно на кані, як кажуць, бо біты лёсам не вернешся, але гэта толькі здагадкі, ніхто ўжо не адкрые тайны змоўклае душы.

У Сант’яга дэ Чука не было поўнай сярэдняй школы, але настаўнік ох як раіў, і старэйшы брат Віктар павез Сэсара ў Уамачуку, на поўначы ад роднага кута, каб уладкаваць яго ў каледж Святога Міколы. Ішоў 1905 год, калі такім чынам Сэсар пачаў вандроўныя прыгоды. Пад той час там не існавала транспарту, акрамя каня. Андыйскія сцежкі адкрылі яму шахцёрскія селішчы Тамборас і Кірувілька, маентак Тульпа, дзе брат працаваў эканомам. Жывучы ўпершыню далёка ад дома, Сэсар піша вершы, вядома, мілыя практыкавання маленства, якія амаль ніколі не вызначаюць лёс чалавека.

Праз два гады ўзніклі перашкоды, яны ўпарта паўставалі перад ім і далей. Становішча сям’і крыху пагоршылася, і Сэсар мусіў вярнуцца дахаты, вучыцца самастойна, а потым здаваць іспыты за трэці курс. Ён шмат чытаў, не вылазіў з пакоя, дзе стаялі дзедавы кнігі, — цэлая бібліятэка па філасофіі і багаслоўі.

Пасля каледжа ён колькі год не мог працягваць адукацыю. Каб стаць медыкам, а Сэсар хацеў ім стаць, трэба было вучыцца ў Ліме, але сапраўды вялікая сям’я не жыла гэтак вальготна і не магла ўтрымаць яго некалькі гадоў у сталіцы. У Ліме не было танных інтэрнатаў, а дробныя атэлі лічыліся небяспечнымі для юнака ў сэнсе маралі. Год ён дапамагае бацьку, шукае працу ў Кірувільцы, але дарэмна. Медыцына не ўдалася, у 1910 годзе Сэсар паступае на філфак у Трухілё, але праз месяцаў колькі вымушаны вяртацца і ўладкоўваецца на час у Кірувільцы. Там ён зблізку пазнае цяжкое жыцце шахцёраў. З цягам часу Кірувілька стане Ківількаю ў ягоным рамане “Вальфрам” (1931).

Сэсара Вальеха чакалі і іншыя цяжкасці. Жыццёвая геаграфія пакуль трымала яго ў гарах, але на поўначы ад Трухілё несла свае воды рака Чыкама, у даліне якой меліся плантацыі бавоўны. На адну з іх у 1912 годзе трапіў малады Вальеха, і дасталася яму малапаэтычная пасада рахункавода. Ён карпатліва рабіў ведамасці на заробак ажно чатырох тысяч падзёншчыкаў. Умовы жыцця на плантацыі былі блізкімі да лагерных. Часам працавалі да поўначы, сам гаспадар правяраў, а якой гадзіне нават служачыя клаліся спаць. На святы забаранялі выхад з плантацыі, моцныя напоі прадавалі адно на Новы год. Вальеха фактычна з нічога эканоміў, каб на наступны год узяцца за вучобу.

У сакавіку 191З года ён паступае на філалагічны факультэт Універсітэта Свабоды ў горадзе Трухілё і ўдала знаходзіць месца пагадзіннай працы ў школе, дзе чытае батаніку і біялогію. Малады студэнт — па сувязях з сям’ёй і па адносінах да дзяцей — застаецца шулькай, хоць і адносна далёка ад роднае хаты. Да ад’езду ў Еўропу ён будзе настаўнічаць. Першы верш, надрукаваны ў школьным часопісе, Вальеха адрасаваў дзецям, апошні ж твор, прысвечаны акрываўленай Іспаніі, пачынаецца зваротам: “Дзеці свету...”

Культурнае асяроддзе ў Трухілё было куды як беднае, шматшаноўныя аступененыя выкладчыкі разумелі літаратуру выключна на ўзроўні рамантызму. Газеты зрэдчас друкавалі прамалінейна-саладжавыя опусы. I тады студэнты стварылі суполку, каб разварушыць культурнае жыццё, пачалі дзейнасць публічным святкаваннем фальклорных святаў, асабліва вясновых, а таксама серыяй літаратурна-мастацкіх вечарын.

Сэсар Вальеха жыве між суровай цішы універсітэцкіх аўдыторый і вакацыямі ў ідылічна-родным Сант’яга дэ Чука. У 1915 годзе здае іспыты за трэці курс філалогіі і за першы курс права, да таго ж працуючы настаўнікам у Святаянскім каледжы. У верасні абараняе дыплом “Рамантызм у кастыльскай паэзіі”, і ў тым жа годзе дыплом публікуецца універсітэтам, што падкрэслівала вышэйшую ўхвалу прафесуры. З тае пары ён пачынае друкаваць вершы, па якіх наўрад ці можна ўявіць, што гэта за з’ява будзе Вальеха, хіба што ў вершах узнікаюць элементы мастацкае гамы лацінаамерыканскага мадэрнізму, імкненне перадаць стан душы праз стан прыроды, а стан прыроды — ускладнёнымі метафарамі.

Аднак у канцы 1915 года наступае якасны зрух, паступова Вальеха падае ў перыёдыцы тыя вершы, якія ў 1919 годзе ўвойдуць у першую, дужа адметную кнігу “Чорныя геральды”.

Магчыма, смерць роднага брата, Мігэля, найбольш блізкага яму з братоў па ўзросце ды па духу, які пакінуў свет зарана, у росквіце маладосці, справакавала такі зрух, такое глыбокае асэнсаванне трагедыйнасці жыцця.

Згадзімся, што пачатковец і філасафічная трываласць, пачатковец і сапраўднае пранікненне ў тэму блізкасці чорных геральдаў смерці — рэдкая з'ява. Прасачыць нараджэнне ўсеабдымна-завершанай паэтычнай думкі амаль немагчыма, аднак звычайна такая думка спее марудна, часамі — усё жыццё. З другога пункту гледжання, паэзія і звычайнасць не стасуюцца, зрух у творчасці паэта ў пэўных сітуацыях адбітак, рэха зрухаў у літаратуры, у грамадстве, а ў іншых сітуацыях — выбух у вакууме. Касмічны выбух. Ад трагічнага асэнсавання вакууму.

Гаворачы пра розныя перашкоды ў жыцці Вальеха, нельга сцвярджаць існуючую думку аб тым, што ён, бачыце, жыў у стане адчаю, кепска апранаўся, губляў жыццё ў беспрабуднай багеме. Паэт ведаў юнацкую весялосць і любоў, жарты і ўсплескі радасці на сялянскіх святах, пяшчоту сям’і і асалоду чытання, гуллівы настрой на студэнцкіх вечарынах і натхненне, непаўторнае пачуццё свабоды за пісьмовым сталом. Гэта, зразумела, у асноўным на радзіме. Да Еўропы, да самоты чужынца, да сталасці, якая абмяжоўвае пачуццё свабоды, бо чуецца ўжо гадзіннік, якога завесці яшчэ раз нікому няможна.

Безумоўна, была і багема, але ніколі занадта, інакш ён не змог бы стаць добрым і паважаным настаўнікам.

У 1972 годзе Іск’ерда Рыяс, славуты літаратуразнаўца і даследчык творчасці Вальеха, з’ездзіў у Сант’яга дэ Чука і запісаў цікавую і шчырую гутарку з Мартынай Гардылё, жанчынай сталага веку, якая ў маладосці ведала паэта:

“Пра Сэсара пытаеце? Сімпатычны, смуглявы юнак. Дужа добры. Ён аднолькава ставіўся да людзей багатых і бедных. Заўжды вясёлы юнак. Калі яшчэ студэнтам праводзіў вакацыі тутака, увечары выходзіў на вуліцу, танцаваў з намі народныя гуайны, папулярныя тады кіяйі. Апранаўся элегантна: прыгадваю модны жакет, пальчаткі. Заўжды насіў прыгожы кій. Грацыёзны юнак... Як я яго любіла! I ён мяне...”

Наіўна было б думаць, што падобнае сведчанне можа быць абсалютна дакладным, у ім ёсць хоць якая доля ідэалізацыі мінулага, бадай, моцнага кахання, але ўсё ж гэта жывы незаменны дакумент, доказ супраць стэрэатыпнага канструявання характару паэта.

Вальехава Сант’яга дэ Чука — страчаны рай. Інтэлектуальнае развіццё без даляглядаў, як ні шкода, немагчыма. Яму прыйдзецца пайсці ў “свет шырокі ды чужы”, — гэтак трапна назваў свой вядомы раман ягоны славуты зямляк і былы вучань Сіра Алегрыя. Прыйдзецца пакінуць ідылічнае месца маленства і юнацтва, а перасадка на іншую глебу прынясе незагойны боль. Вальеха застанецца амаль вяскоўцам у Парыжы, індзейцам у Мадрыдзе, горцам у Ліме. Нават у сталіцы айчыны Сэсар на самоце ўключаў душ і садзіўся працаваць, бо душ хоць як нагадваў яму дождж у гарах, музыку маленства. Яму дастаўся лёс спрадвечнага выгнанніка, але гэта быў ягоны лёс. I покуль ён жыў на радзіме, вандроўкі ў Сант’яга дэ Чука складалі найвялікшую яго радасць.

Тагачасная паэтычная мова спалучала акадэмічнасць з прыдыханнем, урачыстую прамалінейнасць з пяшчотаю на сахарыне, узнёсласць старажытнае міфалогіі з барскай агідай да мовы народа. Новае паэтычнае пакаленне, да якога належаў Вальеха, шукала выйсце ў мадэрнісцкіх плынях. Сэсар любіў неалагізіраваць. Ён паўтараў слова ўслых, намацваў яго языком, прыціскаў, дэфармаваў, нібыта дзіця, якое не разумее слова да дна і прыстасоўвае яго да ўласных экспрэсіўных патрэб, нібыта індзеец, які паўстае супраць навязанай яму мовы і не можа пазбавіцца ад пачуцця штучнасці некаторых слоў і выразаў, далекіх ад душы. Апроч таго, Сэсар Вальеха ўводзіў у паэзію навуковыя тэрміны, якія зусім натуральна рэзалі слых эстэтаў рамантызму, але не гэта было галоўным, не гэта вызначала загадкавую грань паэта.

Лацінаамерыканскія літаратуры ведалі геніяльных майстроў, шчыра адданых як класічнай паэзіі, якую яны ўзбагачалі чароўным стылем і новым уласным словам у межах дакладных формаў, так і мадэрнісцкім плыням або еўрапейскаму верлібру, фармальным вышыням паэзіі новага часу, да якіх яны падыходзілі таксама шчыра і адказна, разумеючы, што філасофская глыбіня, важкасць і ёмістасць слова, гукапіс у спалучэнні з эмацыянальнай логікай рытму шчодра кампенсуюць страту пэўных элементаў класічнага вершаскладання адно ў тых выпадках, калі нараджаецца матухна Паэзія. Майстры заўжды лічылі, што шчырасць — першасная катэгорыя, бо фальш супрацьпаказаны мастацтву, а самарэдактура, канчатковая апрацоўка тэксту — другасная, хоць, вядома, апошні працэс часам вырашальны і дорыць мастаку слова нечаканыя знаходкі.

Сэсар Вальеха рабіў інакш, асабліва пасля “Геральдаў смерці”. Калі прыходзіла яго светлая хвіліна, ён укладваў дарэшты наяўную моц пачуццяў, тэмпераменту, інтэлекту, вопыту ў радкі бездакорнае класічнае фактуры, а гэта значыць, што яны гэтак нараджаліся, гэтак пабачылі свет, і нездарма кажуць, што той паэт, хто знаходзіць у сховішчах душы адзіна адэкватную пачуццям і думкам форму. Але потым ён правіў верш пакутліва доўга, ды не толькі ў межах удакладнення ці карэкцыі, няхай замены няўдалага радка. Ягоная праўка ішла шляхам дэфармацыі, ломкі відочных элементаў класічнае формы, быццам корань зла — у яснай зграбнасці спрадвечнае гармоніі, у плёне ягонай бессані, нібыта паэт ламаў знявідны свет брыдкіх умоўнасцей.

Цяжка ўявіць Габрыэлу Містраль, Пабла Нэруду, Мігэля Атэра Сільву, Актаўё Паса, Хулё Картасара за падобным, у пэўным сэнсе разбуральныя заняткам, але Сэсар Вальеха, безумоўна, займае пачэснае месца ў шэрагу волатаў лацінаамерыканскай паэзіі. Мяркуюць, што яго злавала агіда, якую выклікалі ў ім заштампаваныя рамантыкі тае пары, бо логіка паварочвала агіду, нібы бумеранг, на яго, на блізкія па форме ўласныя творы, і тады ён іх ламаў нават насуперак творчай шчырасці, ірваў жывыя рыфмы, біў па рытмах, слепа пратэстуючы супраць жорсткасці і абсурднасці стараправінцыйнага свету, абліваючыся самотнымі слязамі ад несправядлівай мізэрнасці жыцця.

I ўсё ж меркаваць можна, а ісціну знайсці наўрад ці дадзена. Магчыма, тое, што здаецца разбуральным, на самой справе было нічым, акрамя творчага горна, адзінага ў свеце метаду, які дазваляў Вальеху самавыявіцца, адкрыць душу насцеж, складаную, праўда, змучаную душу, ад якой чорныя геральды штодня павыдзірвалі па рыфме, па рытму ненажэрнымі пінцэтамі зла.

Хто ж ведае ісціну на грэшнай зямлі?

Ці не загадкавы Вальеха?

Карціна не будзе поўнай, калі не дадаць, што дужа часта, асабліва з кнігі “Асалода”, аўтар закладвае ў падаснову тэксту метафары, звязаныя з акалічнасцямі яго прыватнага жыцця, вобразы без ключа, без вонкава лагічных падыходаў, таму дасюль славутыя вальехазнаўцы расшыфроўваюць вершы, суадносячы да іх моманты натхнення, падрабязнасці інтымнага, бытавога, культуралагічнага і сацыяльнага характараў, якія ўдаецца ім разгадаць, аналізуючы рукапісы і аўтарскую праўку, шукаючы паэтавы сляды, сведак тых слядоў. Пачалі яны пры жыцці паэта, але не відаць ім фінальнае кропкі, бо наперадзе неўміручасць Вальехавае паэзіі.

Цікава, што колісь у Парыжы запыталіся ў Вальеха, якая кніга апошняга часу яго захапіла і вартая ўвагі літаратурнай моладзі Лацінскае Амерыкі, і ён без ваганняў адказаў, што “Голы год” Барыса Пільняка, на яго думку, “геральд новае меры, новай раўнавагі, новага духу”. Гэта было ў 1926 годзе, паэт аддаўся працы над раманам “Вальфрам”, прытрымліваўся левых поглядаў і нават крыху пазней, на мяжы дзесяцігоддзяў, прыняў да сэрца камунізм, але ў публічнай спрэчцы з мексіканскім мастаком Дыега Рывера ён катэгарычна выказаўся супраць маралізатарскае прапаганды, якая нярэдка патрабавалася ад ангажыраванай мастацкай інтэлігенцыі. Неўзабаве ён напіша: “Як чалавек я магу быць прыхільнікам рэвалюцыі, але як мастак не ў маіх і чужых руках кантраляваць палітычныя наступствы, якія знойдуцца ў маіх вершах”.

Сэсар Вальеха пабываў неаднойчы ў Савецкім Саюзе — у 1928, 1929 і 1931 гадах, калі ішло жорсткае знішчэнне сялянства пад маркаю калектывізацыі і нават справакаваным голадам, калі першую пяцігодку выконвалі ў чатыры гады і ўжо мелі каштоўны вопыт у барацьбе з іншадумцамі, аднак паэт нічога не заўважыў, як і іншыя славутыя прадстаўнікі сусветнае літаратуры. Адкуль ён мог ведаць, якая трагедыя хаваецца за лакіраваным фасадам грамадства, хто прапанаваў яму менавіта такую “праграму прабывання”, ад якой не меў і вольнае хвіліны, каб неяк азірнуцца ці хоць пагутарыць сам-насам з калегамі, з людзьмі, за чый кошт гэтак багата абстаўлялі ягоныя дні ў Маскве, што рабілі пад той час з нацыянальнымі культурамі, з цэрквамі розных канфесій, увогуле з духоўнасцю. Карацей кажучы, Вальеха вяртаецца, піша пра добрае жыццё ў Краіне Саветаў, не разумеючы, што навала набірае хуткасць і не за доламі чорны 1937 год, і шчыра падключаецца да прапаганды савецкага ладу жыцця, па сутнасці, не ведаючы яго, а таксама ўдзельнічае ў барацьбе з фашызмам, які ўпэўнена крочыў па зямлі, але 18 чэрвеня 1929 года накіроўвае ліст брату Віктару: “Дужа прашу заказаць набажэнства на імя апостала Святога Яга ад мяне. Я малю апостала аб дапамозе. Напрамілы Бог, закажыце набажэнства. А я буду маліцца за ўсіх Вас”.

Мізэрныя ўмовы жыцця вымушаюць паэта дбаць пра прывідную сацыяльную справядлівасць, штурхаюць яго ў бок палітычнае барацьбы, але глыбокія філасофскія супярэчлівасці час ад часу вяртаюць шульку прачулымі лістамі ў родны кут і апантанай малітвай да веры.

Тым часам смуглявы перуанец Сэсар Вальеха, чужынец, які шануе бальшавізм, ездзіў у СССР, ходзіць на дэманстрацыі левых і наведвае бібліятэку камуністычнае газеты “Юманітэ”, трапляе ў паліцэйскую картатэку на падазроных, бо ніколі і не думаў хаваць свае погляды. Урэшце прэфект Парыжа, вядомы рэакцыянер з пароды забараняльнікаў, завёў справу на яго, і адразу загад міністра ўнутраных спраў прадпісаў яму, бяспраўнаму эмігранту, пакінуць Францыю да 29 студзеня 1931 года. Паэт абраў Іспанію.

Да ягонай беднасці дадаўся статус выгнанніка, але Федэрыка Гарсія Лорка шчыра палюбіў Сэсара, сябраваў з ім, пазнаёміў яго з выдаўцамі, прасіў за яго. Такім вось чынам ён сёе-тое выдаваў і крыху перабіваўся, але раўнавага аказалася, як заўжды, няўстойлівай, праз год мусіў судзіцца з пірацкім выдавецтвам “Уліс”, якое проста адмаўлялася выплаціць ганарар за кніжку нарысаў. Даведзены да адчаю, паэт вяртаецца ў Парыж у 1932 годзе не зусім легальна, потым усё ж удаецца аформіць дакументы, але без права ўдзелу ў галоснай палітычнай барацьбе: на паэта накінулі чарговы, на гэты раз не выдавецкі, а палітычны кляп, аднак, калі добра падумаць, ці гэта магчыма?

Сэсар Вальеха яшчэ пабачыў Іспанію, ужо смяротна параненую грамадзянскай вайною, браў удзел у Другім міжнародным кангрэсе пісьменнікаў у абарону культуры ў ліпені 1937 года. Мадрыд, Валенсія, Гвадалахарскі фронт. Ён абараняе рэспубліку разам з буйнейшымі літаратарамі свету і да лістапада піша амаль усе “Гуманныя вершы” і паэму “Іспанія, адвядзі ад мяне чару гэтую”, правіць свежыя радкі да болю ў душы, рыхтуе публікацыю. Адначасова выступае супраць дыктатуры Бенавідзеса ў Перу, стварае камітэт за свабоду роднага краю, і людзі ў ім прызнаюць адважнага праваабаронца. На пачатку 1938 года працягвае праўку вершаў у Парыжы.

У сакавіку Сэсар Вальеха захварэў. Дактары не знаходзілі прычыну, але тэмпература не спадала. Нават у знакамітай клініцы не змаглі паставіць дыягназ. Гаварылі, што як быццам колісь на радзіме Сэсар перанес ліхаманку. Але ж ён дужа хварэў у Еўропе таксама, падарваў нервы беднасцю, пакутаваў за іспанскую злыбяду, прадчуваў горкі лёс рэспублікі. 29 сакавіка ён прадыктаваў жонцы: “Хоць перад Богам прыйдзецца трымаць адказ, там, за смерцю, ёсць у мяне абаронца: Бог”.

Ізноў парадаксальны інтэлект паэта нават на парозе смерці, у агоніі, адкрывае нам дыялектычны вобраз Бога ў мудрай еднасці суддзі і абаронцы.

Сэсар Вальеха адышоў 15 красавіка 1938 года раніцой, а палове дзесятай. За колькі хвілін да гэтага ён нібы прачнуўся і вымавіў: “Хачу ў Іспанію!”

20 студзеня 1939 года салдацкая друкарня рэспубліканскае арміі Іспаніі на ўсходнім фронце выпусціла ў свет першае выданне кнігі “Іспанія, адвядзі ад мяне чару гэтую”. Тыраж трапіў у рукі франкістаў, і толькі пазней, праз гады, удалося выратаваць лічаныя экземпляры. У ліпені ў Парыжы аматары паэзіі змаглі чытаць упершыню “Гуманныя вершы” і іспанскую паэму пад адной вокладкай. Іншыя творы з’явіліся толькі праз дваццаць — трыццаць гадоў намаганнямі ўдавы паэта і ягоных сяброў.

Іспанія, на жаль, не адвяла ад паэта чару пякельнага гора, якую і ёй прыйшлося зазнаць. Лёс таксама. Бязлітасны лёс. Адно Сэсар Вальеха мог напісаць гэтыя радкі:

Нарадзіўся ўдзень без зморы,
Бог якраз тады быў хворы,
і цяжка.
Карлас Шэрман

З кнігі “Чорныя геральды” (1915—1919)


Чорныя геральды

ЧОРНЫЯ ГЕРАЛЬДЫ
Жыццё нас б’е, ды так... Аж я не разумею!
Б’е, як у злосці Бог, нібы ад тых удараў
пакутаў хвалі ўюць сабе гняздо надзеі
на беразе душы... Ці я не разумею!
Іх шал, удараў тых... ратаяў злых барознаў
на тварах з лютасці, на карках, што не ўдзерці.
Ці гэта жарабкі атылаў дубалобых,
Геральды чорныя, ганцы ад пані Смерці.
Як ад Хрыста ў душы зрываюцца ў прадонні
ад веры найсвятой — ёй Лёс жадае кары.
Трэск бохана, які згарае дымна ў печы,
пакуль выцягваем, нагадваюць удары.
А чалавек... Жабрак! Адводзіць моўчкі вочы,
бы на плячы руку адчуўшы перад сконам;
адводзіць, як вар’ят, і ўсё, што нёс пакутна,
мялее лужынай у позірку ягоным.
Жыццё нас б’е, ды так... Ажно не разумею!

Спрытныя выступы

СВЯТЫ ЛІСТАПАД
Поўня! Карона над лобам вялізным,
льешся лістотай на жоўтыя цені!
Тоіш трагічную слодыч смарагдаў,
чырвань кароны Хрыста ў задуменні.
Поўня! Блакітам злюцелае сэрца,
што ты лунаеш у кубку, налітым
сінім глыбокім віном, да заходу,
чоўнам тугі, што ў хаўрусе з нябытам?
Поўня! Лунаеш, лунаеш дарэмна
і ахвяруеш сабой да астачы:
можа, маё ты цыганскае сэрца —
небам вандруе і вершамі плача!..

ПРЫЧАСЦЬ
О прыгажуня! Жылы, яе ферменты
маёй старое неістоты з чорным
шампанскім, што жыццём лічу я, смертны!
А валасы — карэньчыкі далёкай
маёй лазы і кайнасці і кары.
А валасы — густыя ніткі мітры
маёй загубленай нязбытнай мары!
І цела — вір ад пены закіпелы
ружовага ад палу Іярдана;
вагаецца, нібы бізун няспешны
дабра, каб зло зняважыць нечакана!
А рукі — прага вечнасці і цноты,
дзе гесперыды[1] свята гаспадыні,
як дзве дарогі белыя ратунку,
з крыжа сарваных перамлелай плынню
яны як плазма той крыві нязломнай,
што не трывае пад маёю сінню!
А ножкі — жаўранкі, яны з учора
майго вяртаюць мне вясцін бярэма!
О ножкі — дзве слязіны, іх згубіў я,
калі, як Дух Святы, спусціўся нема
і ў Свет на Вербніцу ўвайшоў аднойчы,
далёка назаўжды ад Віфліема.

ПРАЖЫЛКІ ТУГІ
Прымі цвікі мае, салодкая яўрэйка,
цвікі гліняныя напружання і болю...
Прымі іх, вечна любая, прымі памкненне
і з крылаў два цвікі і цвік маёй любові!
Вяртаюся з пустэльні, дзе я часта падаў;
цыкуту забяры, частуй віном на вынас:
хай плач любові твой маіх прагоніць катаў,
сляпыя рухі ў іх, як быў сляпы Ланжынас![2]
Прымі цвікі, о новая мая матуля!
Сімфонія аліваў, вып’ю твае слёзы!
З чаканнем сядзем ля маёй змярцвелай плоці,
як жаўранак далей злятае ад пагрозы!
Ідзеш... Сплятае жаль твая валасяніцу
краплінай курарэ і вастрыём людскосці,
каменным гонарам цнатлівасці і ртуццю
Юдзіфінай, дзе мёд таемнай саладкосці.
Золь... восем раніцы, як чарадзей, паветра.
Грызе сабака костку зніклага сабакі...
Запалка пачынае ў маіх нервах плакаць,
што капсуламі цішыні згасіў няўзнакі.
Душы паганскай азіяцкі спеў ласкавы
гучыць у Бахусавай сыці з кубкам кавы!..

ЛЕДЗЯНЫЯ БРАТЫ
Кожны дзень прыходжу, як ты праходзіш,
параходзік, даллю зачараваны...
Вочы — светлачубыя капітаны;
вусны — хусцінкі чырвонай праявы,
звыклай хістануцца ў “бывай” крывавы!
Я прыходжу, праходзіш ты, ды аднойчы
п’яная ад часу, нашай гардыні,
параходзік даллю зачараваны,
зорка вячэрняя ўсё ж нас пакіне!
Ветразі, здрадныя ветрыкі, быццам
тая, што нас зноў пакінула скрусе!
Золка каманду дадуць капітаны,
хто пакіне бераг, я застануся!..

КУЦЦЯ
Замоўк аркестр, адно гуляюць цені
жаночыя пад дрэвамі з вуалем,
і цэдзяцца праз лісце ў летуценні
хімеры поўні зледзянелым жалем.
Забыта плачуць арыямі губы,
і сукні з алебастру, як лілеі.
Шалёныя чародкі, ўсмешкі згубы,
шаўковы водар пералескаў млее.
Святло твайго вяртання ўсмешкай стрэне;
на зграбных форм тваіх богаз’яўленне
спеў свята заблішчыць у велікосці.
Мой верш паўторыць у тваёй гасподзе
містычны голас бронзы ў асалодзе,
што ў свет прыйшоў Хрыстос тваёй мілосці.

ГАРАЧАЕ ВУГОЛЛЕ
Дамінгу Парэ дэль Р'ега
Для Ціліі — ў трагедыі — аздоблю
мае радкі гірляндамі; нявінны
крывяніць кожны меладычны плод,
як сонца жаль, як змрочлівыя віны,
    і Цілія мець будзе крыж канання,
ды крыж святлом у міг астанні стане!
Для Ціліі — ў трагедыі — зацеплю
агню крапліну ў вуснах летуценных;
напружацца на пацалунак вусны —
растрэснуцца ў пялёсткі руж свяшчэнных,
    і мецьме Цілія кінжал расстанняў,
забойца кветак ранніх і світанняў!
I ў цені, як падзвіжніцу, ахвяру,
страх пяткамі адчуць Жыццё падыме,
пакуль у бессані маліцца будзеш
маім чалом і строфамі маімі.
    Лілею ўзняўшы, ўбачыш Смерці выраз
і прагна вып’еш кроў маю, як вірус!

ПРЫЦЕМАК
Я сніў уцёкі і твае карункі,
раскіданыя па спальні спрасоння.
А на пірсе дзіця ў гадоў пятнаццаць
насіла маці, трымала на ўлонні.
Я сніў уцёкі і ўздых “назаўсёды”,
ля карабельнага трапа прадонне;
і сніў я маці, і свежыя хусткі
зеляніны на галовах сутоння,
і зорна вясельную сукню ўсходу.
На доўгім пірсе...
I зграбную шыю, якая тоне!

НІЦАЯ ВЯРБА
Зімою лірыка, як шэпт пануры,
калі наблізіцца пара знікання;
і галасоў сурочлівых віхуры,
нібы малітвы ў вечар развітання.
Ці летуценняў бачу я хаўтуры,
труну, замоўклую ад хвалявання,
ці ўсё заморскай зёлцы па натуры —
там смерць, нібы глыток паветра зрання.
На золку адыду, і покуль ногі
ступаюць, кожны паварот дарогі
касу маёй канчыны гне вясёлы.
Сярод палоцен, дзе вятох канае,
сабачая завые ўнізе зграя,
хаваючы сваё “бывай” у долы.

АДСУТНЫ
Адсутны! Як падамся раніцою
далей за даль Містэрыі жуды,
бы непазбежнай лініяй якою
пацягнешся ты ціха на клады.
Адсутны! Па імперыю спакою
і мора ценяў я пайду, тады
рабыняй будзеш, схіленай тугою,
надтруння белага тваёй бяды.
Твой змрок, як ноч, навечна чорны стане,
і грэшніцы бялюткае убранне
пакайна прымеш ад пакутаў ты.
Адсутны! Пройдзе па пакутах злая,
па слёзах, што цяжэй за бронзу, зграя
згрызні сумлення, марнай тлумнаты.

СТРАУС
Туга, з мяне выцягвай дзюбу і пшанічным
маім святлом свой голад не вярэдзь няспынны.
Туга, даволі! Як ён п’е, кінжал твой кожны,
маёй крыві дурной, ссінелай ручаіны?
Адно не выдзяўбі хоць мару пра жанчыну,
яе прынесці да крыжа свайго павінны,
калі не буду мець каму зірнуць у вочы,
калі ашчэрыцца А мулкай дамавіны.
Вазон гліняны майго сэрца гаркатою
паліты, ў ім папаска іншым птахам...
Туга, не выпетры маё жыццё, а вусны
свае жаночыя спалі жаданым страхам!..

ПАД ТАПОЛЯМІ
Хасэ Эўлохію Гарыду
Як паланянкі, помнячы лагоду,
крывавыя таполі сон спаткалі.
Зялёна шэпчуць арыі заходу
і ўзгоркам Віфліемскім, каб не спалі.
Стары пастух агоніі ў дагоду
апошняга святла падаўся ў далі,
вачыма велікоднымі ў гасподу
спаймаў чародку цнотных зорак жалю.
Як на хаўтуры да сябе самога,
спускаецца на дол, што моліць Бога,
званочкі паасеннелі ў сінечы.
Яшчэ ў шкляных вачах жыве аддзяка,
і плачу пастаральнага сабака
праводзіць лінію па-чалавечы.

Радкі-вадалазы


ПАВУК
Гэта вялізны павук, што не ходзіць;
галава і жывот, голае цела —
усё крывяніць, бо ўсё яму шкодзіць.
Зблізку бачыў. Цяжка яму, ён хоча
ўсё ж працягнуць незлічоныя лапы
ва ўсе бакі, хоча абавязкова.
Падумаў пра нябачныя вочы,
пілоты фатальныя павуковы.
Гэта павук, ён дрыжэў палахліва,
стаяў на лёзах камення цвярдога;
з аднаго боку жывот велічэзны,
непамысная галава — з другога.
Гэта вялізны павук, у маруды
жывот галаве рухацца замінае.
Падумаў пра вочы сляпыя, без шалу,
пра незлічоныя ногі няўклюды...
Шкада мне, шкада вандроўніка стала!

ВАВІЛОН
Салодкі дом, васковы дом, без стылю
адразу збудаваны, маналітна.
Яна, бывае, ў гэтым доме ходзіць,
псуе і папраўляе; кажа скрытна:
“Прытулак гожы; толькі тут, як бачым!”
А то ўзрываецца парою плачам!

ПАЛОМНІЦТВА
Мы праходзім. Сон пяшчотна
ліжа пяткі нашых ценяў,
а наўкола ўсё з памкненяў
бледных, горкіх адрачэнняў.
Мы праходзім. Душы мёртвых,
як і мы, прайшлі каханнем,
іх апалавыя крокі
з хваравітым нараканнем,
нас, выходзячы ў жалобе,
працінаюць хваляваннем.
Любая, хадзем да краю,
дзе апошні жвір чакае.
I крыло ідзе цнатліва,
як па маслу, ды раптоўны
ўдар спыняе рух няспынны
і сцвярджае паратоўны
смутак кожнае слязіны.
I салдат вялізны мае
раны, а не эпалеты
і мужнее днём геройскім,
і салдат рагоча гэты
і паказвае, як гуньку,
мозг Жыцця, агнём адпеты.
Разам мы. Ступае з намі
і Святло, каб не спыніцца,
дзе на могілках лілеі
бралі колер у гарчыцы.

ЦЕСНАЯ ЛОЖА
Бліжэй, бліжэй. Мне гэтак добра як ніколі.
Вось дождж, ён абмяжоўвае бязмежжа.
Пасунь жа ножку, ну пасунь паволі.
Дакуль заслону не падымуць рукі,
падобныя на парасткі ажыны?
Бач, іншым зручна, як іконы, селі.
Бліжэй, бліжэй! Няхай далей чужыя!
Дождж. Карабель другі ўжо з грузам крэпу
сягоння пройдзе, развярэдзіць рану,
а чорны будзе, як дэфармаваны
сасок, шго вырваў нехта ў сфінкса зману.
Бліжэй, бліжэй. Ты ўся каля адхону,
і мора цягне карабель зацята.
Як сімвал, нерухомая заслона...
Сядай замест мяне! I гнеўна выкінь
мяне, нібыта ў чорных ружах свята.
I шум маёй адмовы ўзрушыць грудзі,
і нітка вечнасці крывяніць будзе.
А мне і гэтак добра як ніколі, —
пасунь жа ножку, ну пасунь паволі!

З зямлі

..?
— Што было б? Каб я цябе пакахаў,
Гордая?
— Оргія!
— А калі ён распаліць свой пал,
адкажаш што ты?
— Рытуал,
але без пяшчоты.
А калі б пакахала ты?
Заходзіўся б цень у енках
у тваіх манашчыных зрэнках.
Бізуны, як тыя змяюкі,
калі сабака любіць гаспадара?
— Не, ды святло нашае.
Ты захварэў... знікні... Мне спаць пара!
(Пад прысадамі тапалёвымі перад сном
са стогнам трэснула ружа.)
— Прэч, зрэнкі, адсюль, хутчэй...
сельва ўжо расце пад акном!

ПАЭТ СВАЁЙ КАХАНАЙ
Ты ў гэту ноч сабой ахвяравала —
крыж губ маіх балючы даў ратунак;
Хрыстос рыдаў — пакутай падказала,
не з пятніцы святой мой пацалунак.
I на мяне ты дзіўна пазірала,
і з песняй Смерць прапанавала трунак.
Ноч вераснёвая маўчком прымала
маё падзенне, як і пацалунак.
Каханая, сканаем толькі разам,
высокі боль наш выветрыцца часам,
збяжыць ад мёртвых вуснаў цень настрою.
Дакор твой блаславёны зірк пакіне,
не ўкрыўджу, ды ў адное дамавіне
заснем абое, быццам брат з сястрою.

ЛЕТА
Я адыходжу, Лета. I шкада мне
слухмяных рук тваіх сутонняў. Строга
прыходзіш ты, набожнае, старое,
а ўжо ў маёй душы няма нікога.
Як па каралях з аметысту, шумна
ты пройдзеш, Лета, па маіх балконах,
як біскуп, што здалек прыехаў сумны,
каб адшукаць зламаныя пярсцёнкі,
багаславіўшы мёртвых нарачоных.
Я адыходжу, Лета. Мáю ружу
у верасні, таму твайго старання
прашу: палій яе штодня свянцонкай,
у кожны дзень грахоў і пахавання.
Калі ад плачу мармур маўзалею
святлосцю веры рушыцца па часе,
прасі ў малітве памінальнай Бога,
каб назаўсёды мёртвай засталася.
Бо позна будзе ўжо гукаць святога,
не знойдзеш у душы маёй нікога.
До плакаць, Лета! Ружа ў баразёнцы
і гіне, каб і адрадзіцца ў сонцы...

ВЕРАСЕНЬ
Той ноччу вераснёваю была ты —
...ажно да болю! — добраю са мною.
Што мне астатняе; я тым багаты,
нашто была ты добраю такою.
Той ноччу глянуць на мяне магла ты,
на хворага, на сумнага тырана.
Што мне астатняе, я тым багаты.
Адкуль мой сум, ці ведала ты рана?
Той ноччу віс вятох салодкі нізка
і да вачэй тваіх я гэтак блізка
быў, як да Бога... Саладзелі вочы
таксама ў вечар вераснёвай волі,
калі твае гарачае вуголле
у снежні ў лужынах тушылі ночы.

АСАДАК
А сягоння лівень моцны як ніколі,
сэрца маё, жыць не хочацца мне болей.
Дзень пяшчотны, А чаму б і не? Ва ўбранні
шчасця, злыбяды, ва ўбранні мілавання.
Дзень дажджлівы ў Ліме. I сваёй няўдзякі
я прыгадваю суровыя пячоры;
крыгу лютую над кволым цветам маку,
што гняла “Не будзь такім!” яе ўгавора.
Кветкі чорныя... і як шпурляў таропка
я па-варварску каменне ў панцыр лёду.
А яе маўклівы гонар ставіць кропку,
як алеем закіпелым — на нязгоду.
Гзгым днём таму іду я як ніколі,
замест сэрца з пугачом, што чуе волю,
і жанчыны заўважаюць сум міжволі
і прымаюць ад цябе тваю патолю
перад высмяглымі зморшчынамі болю.

БЯЗБОЖНІЦА
Божа! Які ты быў чалавечны,
сумны які за акном канчыны,
як аплаквала Цябе ў той вечар
                                        тая жанчына!
Як святы чацвер былі ў яе вочы,
чорныя зерні гаркоты стылай!
Кроплямі слёз і крыві па-жаночы
                                        крыж забіла!
О бязбожніца! Як знік Ты, Божа,
на Іардан не хадзіла сэрцам,
раздзецца ў водах чырвоных можа,
дзеліць яна свой хлеб з іншаверцам!

ЧОРНЫ КУБАК
Ноч, быццам кубак злосці. I аглушальны посвіст
гвардзейца працінае яе, як шпілька злая.
Як гэта, чуеш, краля, хоць ты даўно ўжо знікла,
яшчэ чарнее хваля і ў ёй яшчэ згараю?
Зямля з краямі ў цемры, як тая дамавіна.
Ты гэта чуеш, краля, вяртацца не павінна.
А плоць мая лунае, лунае ў кубку змроку
у кубку, ад якога мацнее боль няспынны;
і плоць у ім лунае, нібы яе глынае
балоцістае сэрца жанчыны.
Вуголле зорнае... I я адчуў знянацку
засмяглы дотык гліны,
што ўпасці пажадала на мой празрысты лотас.
Ён з-за цябе трывае глухі інстынкт зачыну,
інстынкт з абліччам плоці. О жанчына!
Таму, о чорны кубак, як знік ты без прычыны,
я патанаю ў пыле і плоць мая вар’яткай
б’е капытамі люта ад смагі і правіны!

ЛІХАЛЕЦЦЕ
А чысціня, дзе вочы асалоды
не ведалі, абсурдная заўсёды!
Я ведаю, ўва мне жыла тады ты,
як ткаў я эмбрыён жыцця сярдзіты.
I школьнай сукні чысціня мне сніцца
і малака, што ў зернятку пшаніцы,
дажджлівым днём, калі душа ў зняменні
кінжал свайго зламала адступлення,
калі ў прабірках цьмянага значэння
сціскаецца нахабнае каменне,
калі ёсць людзі ўцех, якія словам
на караблі галосяць пурпуровым.
О чысціня, калі з’язджала з багны,
нам не пакінула ні весткі прагнай,
ні крошкі голасу твайго, ні нерва
рэалій зор. О зоры, дзе цяпер вы!
Пакіньце мяне, подласці рахубы,
калючыя ад асалоды губы...
У вас, жанчыны, бачу вобраз любы!
Бо мала нараджаецца жывога
у дзень вясны жыцця, канае многа!

СВЕЖАСЦЬ
Дайшоў я да гэтага зліцця
з ёю!.. Па яе завулках
духоўных ішоў я грахоўна,
гуляючы, сярод пяшчотных суніц прынук,
між яе ранішне-грэчаскіх рук.
Потым яна завязала мне вузялок
багемскага чорнага гальштука. Незнарок
убачыў я зноў у здзіве каменне
засяроджанае, пакрыўджаныя скамейкі і гадзіннік,
які размотваў наш маток,
пакручваючы вяртушку, каб час цёк.
Былі тыя добрыя ночы,
а сёння яна мне смяецца ў вочы,
бо дзіўна я паміраю сёлета,
хаджу задуменна неяк.
Бразголкі з золата,
дарагакошты з цукру трэснуць з імпэту
у парцалянавай ступе свету.
А дзеля слязіны мілосці
зоркі — гэта прыгожыя хусткі
ліловыя, аранжавыя, зялёныя
у вільгаці сэрца.
I калі ўжо жоўці зашмат у шаўках болю,
ёсць пяшчота, што не народзіцца ніколі
і ніколі не памрэ, тады хутка
узляціць іншая апакаліптычная хустка,
сіняя рука, якую не змог
ніколі паказаць Бог.

АЛЕБАСТР
Наўкола цішыня. Тут уначэла,
спакойна села сонца за кладамі,
і ўжо расце тут плач тысячавокі:
ты не вяртайся, сэрца знікла снамі.
Апранута усе тут у жалобу
і ледзь гарыць, ледзь хліпае глыткамі,
як газ благі, як пал, што тушым самі.
Вясна надыдзе. Заспяваем “Еву”
з пляскатай хвілі, з печы, дзе нявінна
згараць і нарды Эраса, тваё там
загартавацца пакаянне вінна
перад паэтам, каб зрабіцца болем,
як цвік, што зачыняедамавіну!
Ды... ў ноч лірычную твае аднойчы
і мора ўсё чырвонае, і грудзі
трымценне пройме хваляў-пятнастовак,
калі пабачым, як у перапудзе,
пірацкі карабёль маей няўдзякі.
А потым — яблыневы сад твой будзе
і вусны, дзе апошні раз упіўся,
мілосцю скрывянеюцца ў аблудзе,
Хрыста пакуты ўспомняць па-паганску.
I затрымціць жаноцкасцю, як скруха,
каханая ў душы маёй світальнай,
нібы ў саборы кафедральным, глуха.

Імперскія настальгіі

ІМПЕРСКІЯ НАСТАЛЬГІІ
І
Заход нудзьгу ў абліччах адмысловых
разьбярыць ля Мансічэ ўсмешкай горкай,
і нацыя ў маіх світае словах
на зрэзах мускула крывавай зоркай.
Капліцу адчыніць няма гатовых...
званы... Яны біблейскаю гаворкай
заняты. Слова памірае ў сховах.
Заход па-азіяцку згас за горкай.
I стала лава ў тры нагі за яслі,
хор чычу[3] ўзняў прычасцем, каб не гаслі
у смазе вусны, хор цёмнагалосы.
I ветрам дым калыша аднастайны,
перамяшаўшы пахі мар і стайні,
дым быццам хоча закапціць нябёсы.
ІІ
Маўчыць старая, як рэльеф сацьмелы
на валуне даінкаўскай часіны;
і з воўны год у пальцах Мамы[4] ўмела
прадзецца прадзіва, як сон айчыны.
Сляпое сонца жаўцізной паспела
сурочыць склератычны зірк жанчыны...
Знявага вуснаў і спакой ссівелы
ахоўваць стому даўніны павінны.
Як інкаў пераможаныя барды,
задумаліся фікусы пагарды
аб горы даўнім крыжам ашуканых
хоць у хвіліну сораму, якая
ў жывых люстэрках возера знікае,
дзе плача, бы ў палоне, Манка-Капак[5].
ІІІ
Валы, нібы куракі[6], ў задуменні
дарогай на Трухілё йдуць паволі...
Як каралі, што плачуць у здранцвенні
па мёртвых уладаннях без патолі.
Я пра законы думаю ў зняменні,
што след чаргуюць шчасця і нядолі:
гніюць валовых зрэнак летуценні,
свайго “калі” ў іх не было ніколі.
I вёска пачынае апрананне
у шэры пыл, каровіна мычанне
і ў сон ідзе ў гуаку[7] на адхоны.
I ў светлым свяце ёдзістае сіні
у кубку звона стогне і не стыне
язык-нявольнік зношаны ягоны.
IV
Былінка стрымлівае беспрычынны
пратэст, які даўно жыве ў істоце:
нібы душа паэтава хвіліны,
калі падбіта стомаю ў палёце.
Свой сілуэт зразьбярылі галіны,
рабрыны падламаны на самоце,
і сэрцу хвораму спакой адзіны —
у смутку ля выявы ў тэракоце.
Марскія ляды прэснай песні рады,
а песня ў масцы зваднай буфанады,
што ў сліне, як павешаны сабака!
Бінт кургану туман тчэ ў рухах леных,
што крэпасцю стаіць у снах ваенных
на варце, як вялікае гуака.

ЛІСЦЕ ЭБЕНУ[8]
А цыгарэта, быццам залатая;
яе святло ўбірае чуйны порах.
А жоўтае святло жаўцей міргае,
і тамарында[9] пастушок спявае
пра цень свой мёртвы, пра нябачны порух.
У цемры энергічнай патанае
вялізнай камяніцы
адзнака млява-белая, слабая.
Бядуе лёгкі водар навальніцы.
Старыя дзверы ўсе, і міласэрнасць
бяссонніцы з мяшкамі пад вачыма
жуе цыгары згрызенай мізэрнасць.
Пакінуў маладыя за плячыма;
а сёння дзверы ў праху павуціны
і ценю з пахам забыцця і ночы
да сэрца самага, да сарцавіны.
Глядзяць на шлях. Калі мяне аднойчы
убачылі самотнага ў трымценні,
нібы крычалі ў радасці трывожнай,
у роскід рук схапіць мяне хацелі.
Яны прыспалі схоўна ў клетцы кожнай
пярліну-нарачонку і слязіну
усім, хто ім глядзіць з любоўю ў спіну.
З якой жа памяццю шаптацца стане
душа мая, не ўражаная цвіллю.
— А гаспадыня? — ... ў вёсцы ўжо,
                                              васпане,
знікала, захінутая ў мантыллю[10]...
Бабуліна гаркота на парозе
чуллівай песні парыі нервознай —
о муза легендарная ў знямозе! —
падточвае разводдзе плыні слёзнай
пад змрокам ночы зрэдку:
нібыта ўнізе, ўнізе там, дзе схілы,
у мутным зрэнку
адкрытае наноў магілы,
хаўтуры вечныя аксціўшы, джалы
зламалі фантастычныя кінжалы.
Дажджыць... Дажджыць...
                               I навальніцы ў сконе
перадаецца пах жальбы, як вера,
ад дрэваў камфарных, што ўжо не сёння
тугу дарог вартуюць ад бяссоння,
напяўшы понча з лёду, без самбрэра.

ТРЫПЦІХ САМАБЫТНАСЦІ
І
Зноў аксаміціцца рука ратая,
спыняецца ля вуснаў у жагнанні.
О свята! Рытм шалёны плуг трымае
і гук, як рэгент[11] бронзавы, ў старанні.
Знікае грубасць. Шэпт сябе вяртае...
ў індзейскіх жылах яраві[12] не вяне
з крыві самой той спеў, што працінае,
як сум вачэй, па сонейку ў выгнанні.
Уздых свой стрымліваючы, паяды[13],
як на эстампах старажытных, рады
ў палеркі сімвалы нізаць бясконца.
Пасля вітаць Апостала на троне,
а Ён у ладане і ў свечках тоне,
сучасны Бог — для аратая сонца.
ІІ
На вецер волас кідае ссівелы[14]
індзеец. Гул ад алтара ступае.
Заходу вока бачыць не схацела,
як хутар спапяліла сіла злая.
Пастушка йдзе ў апратцы з воўны смела,
што складкамі цнатлівымі спадае,
галоўкаю бавоўны бела-бела
глядзіць душа сялянкі маладая.
Сярод мелодый, фейерверкаў дзіўна
гучыць гармонік. I гандляр надрыўна
“Адно ў мяне!” крычаць не паспявае.
Прынадна іскаркі лятуць, як тая
адважная пшаніца залатая,
што аратай у неба высявае.
ІІІ
Гарэлка ўсё ж на золку выбухае
і лаянкай і бойкамі міжволі,
мачой і перцам п'яны патыхае,
выпісваючы на хаду крамзолі.
“А заўтра, калі з’еду я...” —
благае Рамэо-селянін у вечнай ролі.
На золку прадаюць булён, густая
шугае пара да нябеснай столі.
Пасвіствае бядак... Змоўк смех жаночы..
I п’яная рака аплакаць хоча
перадгісторыю вады, сырая.
Гучыць Таянгі[15] бубен, як з нябыту.
Пачаўшы ўайну[16] сінюю нібыта,
падол вышэй світанне задзірае.

МАЛІТВА НА ДАРОГУ
Каму салодкаю гаркота стане?
О сонца, ты прымі яе залёты,
павесь, нібы Хрыста, ў твой дзень сканання
мой боль багемны на грудзях гаркоты.
    Даліна ў горкім золаце нямая,
    дарога сумная канца не мае.
Бурчыць гітара. Гэта ад пашаны
твой род стары, багаты беднякамі,
дазнаўся: ты чужынец зганьбаваны,
і твар яго пабіўся плямакамі.
    Даліна ў горкім золаце нямая,
    глыток глыбокі... келіх дна не мае...
І гаўкае рака, і шлях сінее...
Адчай халоднае чало схіляе
звярына-мярлае. Няма надзеі
ў забойцы — шпагі, страх эфес ламае.
Ў даліне мумій, залатога глею
вуголле поту ў слёзах патанае.
Час пах пакіне, ўгноены радкамі,
ў атожылках на мармуры без краю,
залатакосна звісне над вякамі
жаўрук, што ў маім сэрцы памірае!

ГУАКА
Я — каракэнке, я сляпое дрэва,
на ўсё гляджу праз шыбу ўласнай раны,
як даўняе гуака ў вечным руху,
я да зямнога Шара прывязаны.
Я — лама, толькі глупства даганяе
варожае мяне, што выстрыгае
прасветленыя завіткі настрою,
у завіткоў зіхотлівасць благая,
як збронзелае яраві старое.
Я — птушанятка кондара[17], якое
гішпанскім паабскублена мушкетам;
лунаю, як святла спрадвечны Лазар[18],
над чалавецтвам, Андамі, над светам.
Я — зграбнасць інкаў, рух рукі пакуты
у курыканчах[19] залатой задумы
з фасфатамі памылак і цыкуты.
Гнеў камяні часамі дыбіць люты,
як нервы выцятыя мёртвай пумы.
Я — сонцавы фермент, яго адценне,
я — дрожджы ценю, сэрца і трымцення!

МАЙ
На досвітку ліе дымок барвовы
пах баразны на сонны дах хаціны,
спяваючы, пастушка коле дровы,
спеў алілуі плача ціхаплынны.
Дым кухні, як аперытыў, што горка
і ўладна юшыць подзвігі пахмелля.
I п’е апошняя ўцякачка-зорка
яго і ўся ад слодычы п’янее,
паўночніца, блакітная надзея, —
ружовыя прасціны золак сцеле.
I хочацца паесці ў асалоду,
піць з ручаіны смех і ахалоду!
З уздымам з хатнім дымам браць узлёты
ці з ветрам восеньскім яго ўладанні,
Руф нейкую знайсці свяшчэннай цноты,
што ахвяруе каласком пяшчоты
ў пшанічна-іудзейскім памазанні!
З касой спакойнай на плячы прастуе,
таймуючы энергію крутую,
ратай дарогаю на Ірычуга.
У кожнае руцэ пульсуе туга
жалезны сок —
нясхібнасці пачатак,
які іскрыцца ў творчым намаганні
штодня трагічным дыяментам з хатак
праз поры кожнае рукі ў старанні,
яшчэ не візантыйскай, без пальчатак.
Пад аркамі алешын, моцы поўны, —
ў рыззі паход крыжовы ўмеў старацца! —
праходзіць профіль інкаўскі грунтоўны
крутога Ахілеса чорнай працы.
Дзяўчына плача ў шчырым парыванні
і яраві спявае на світанні,
збірае — бедная Венера! — недзе
бярэмца дроў з пахучымі сучкамі
аголенымі, зграбнымі рукамі,
а рукі, быццам выразаны з медзі,
пакуль цялятка, спешчанае долам,
сабака гоніць з гаўканнем вясёлым,
яно ўзбягае на гару старую
і маладому дню як ахвяруе
Вергіліевы гімн званочкам кволым.
Перад хацінаю, жыццю пакорны,
дзядок-індзеец курыць гаспадарна,
і захад сонца ружавы і горны,
як першасны алтар, дымарыць марна
ён, дымам тытунёвым апантаны.
А гэтак узнікае легендарны
з глыбінь гуака, містыкай схаваны,
пах лотасаў у збранзавелых водах,
і нітку сінюю ламае подых!

ВЯСКОВАЕ
Паветру аддае, як дар, як воддар,
званоў далёкіх сумнае трымценне
прытомленай тугі вясковы водар,
Крывава ў панадворку ў змоўклай згодзе
развітваецца сонца на заходзе.
I даляглядаў алебастр асенні
шарэе хваравіта ў ахалодзе.
Панура пакланіўшыся варотам
параненае кіпцем часу хаты,
заглядвае маўкліва-ленаваты,
да стойла звыклага праходзіць потым
з марудлівасцю сілуэт лабаты
вала, якога залацілі схілы,
што зрэнкамі біблейскімі ў адчаі
пад казань перазвону ўспамінае
той свой узрост мужчынскай сілы.
I на каменны плот па патароччы
нудоту са свайго прагнаўшы спеву,
хвалько, паганскі певень скочыць хоча,
як дзве слязіны смеласці і гневу
трымцяць балюча ў мёртвы вечар вочы.
Ірвецца млявае ў абдымкі мары
у старажытнай вёсцы, быццам колас,
з салодкіх вуснаў яраві гітары,
у зябкім смутку, у спрадвечнай млосці
не згубіцца індзейца сумны голас,
нібыта звон старэчы на пагосце.
Кажу ля плота прыпыніцца кроку,
як верх бярэ ў душы адценне змроку,
а вецер моліцца ў галлі сустрэчай
з плачом сараматлівай кены[20] нечай,
і я ўздыхаю, ўчуўшы смутак кроны,
бо бачу сам, што змрок жоўта-чырвоны
галосіць па ідыліях сінечай.

МЁРТВАЯ ІДЫЛІЯ
Дзе слодыч Рыты з трыснягу світання,
шуміць мне капулі[21] андыйскі чула,
калі я Візантыяй да сканання
даведзены і кроў мая заснула.
А рукі дзе, што жэстам пакаяння
бялізну прасавалі, каб дыхнула
слабое калі-небудзь, дождж дазвання
ахвоту жыць адбіў, усе мінула.
А дзе сукенка сціплая з фланелі,
паходка, ад якое ўсе п’янелі,
і дрэва майскае[22] над чараўніцай.
Яна глядзіць на аблачыны, можа,
і задрыжыць, і скажа: “Зябка... Божа!” —
заплача дзікі птах над чарапіцай.

Перуны

У ГРЭЧАСКІХ ХРАМАХ
Душа сама спалохалася плёну
а пятай вечара, яшчэ не чорнай.
Субожыліся вусны сярод лёну,
як жаніховы перад нарачонай.
А думка замяніла генерала,
на Бога дзіду падняла з прадоння.
I сэрца скочыла, ды застагнала:
Ці баядэра ў ранах у палоне?
Нічога! Тыгры гналіся за ёю,
і ў тым кутку яна глядзіць з тугою,
як рухаюцца захады з Афінаў.
Шпіталь для нерваў не ўрачэ цяпер во
шалёны лагер вечара смугою!
А генерал глядзіць, як ён пакінуў
крушыць бяду...
                          ў цяснінах маіх нерваў!

АГАПЕ[23]
З пытаннем сёння не было нікога,
і не прасілі ўвечары нічога.
З пагоста кветку ўбачыць не прыпала
ў хадзе працэсіі святла святога
Даруй, Гасподзь: я адышоў так мала!
Усе праходзяць. Цемра ля парога.
Не просяць, не пытаюцца нічога.
I застаецца злое, што трымаю,
а нешта гэтае, як рэч чужая.
I выйшаў я з дзвярэй, і давядзецца
усім крычаць, напамінаць з ахвотай:
калі што згубіце, тут застанецца!
За вечары жыцця я не засвою,
да твару нейкага ў якія дзверы
ісці, і п’е маю душу чужое.
Душа нікога сёння не прымала,
я адыходжу ўвечары так мала!

ГОЛАС ЛЮСТЭРКА
Жыццё цячэ, як зман адлюстраваны.
Дзядоўнік з сіняй ружы вырастае!
Сафізм Дабра і Розуму ступае
упоплеч з догмай, грузам ашуканы!
Бярэцца тое, да чаго ў знямозе
рука даткнецца ў пустцы непамернай,
на яблыні Ілюзіі памерлай
адчуеш мох сухі на паўдарозе.
Вось так праходзячы, жыццё гібее
з псалмамі здрады змораных вакханак.
А я іду збянтэжаны, як ранак,
і пахавальны марш шапчу сабе я.
Суладна з брахманіцкімі сланамі
з глухім гудзеннем ртуці, што ўскіпела,
ўздымаюць пары тост наскальны смела,
заход забыты на губах з крыжамі.
Аркестр са Сфінксаў так праходзіць снамі,
пустэча ад жалобы анямела.

БЕЛАЯ РУЖА
Я адчуваю сябе нязмушана,
таму што
ўва мне стаічны лёд няроўна
паблісквае і смеху вартая вяроўка
рубінавая вельмі
рыпіць мне ў цела.
Вяроўка канца не мае
накшталт завітушкі, якая
нат не нагадвае штосьці,
што сыходзіць
ад злосці...
Вяроўка, ляўшунка крывая,
якая трывае
тысячу джалаў
кінжалаў.
Хай гэтак ступае слепа,
матаючы маткі крэпу,
хай звяжа з размаху кошку жаху,
што трасецца ўпершыню
да ледзянога гнязда
да апошняга агню.
Гэтак ніколі не было
добра мне,
святло ўва мне.
У маім Ціхім акіяне яўкае
дамавіна,
што пацярпела крушэнне яўнае.

НАЦЕ ТЫСЯЧЫ
I “Наце тысячы!” ён прапануе,
нібыта зведаў прорву незямную.
Праходзяць вусны ўсе. Туга старая
выходзіць зморшчынкай; “ужо ніколі”.
Праходзіць латарэйшчык, што збірае,
нібьгга Бог часовы, ў наваколлі
каменне чалавечага адчаю
і немагчымасць ласкі і патолі.
На лахманы старыя пазіраю,
ён мог бы сэрца нам аддаць з дакукі,
ды шанц, які ён у руках трымае,
як птушка, трапіць у якія рукі,
але пра гэта ведаць не жадае багемны бог,
з надзеяй лашчыць гукі
і прапануе ўдачу без прынукі.
I гэтай цёплай пятніцай скажу я,
спытаюся, не крыўдзячы нікога:
апратку латарэйшчыка чужую
навошта ты надзела, воля Бога!

ХЛЕБА НАДЗЁННАГА
Алехандру Галебоа
    Ты снедаеш... а дарагой крывёю
з пагоста пахне ўся зямля сырая.
Праз зімні горад фура праязджае,
якая быццам цягне за сабою
пачуцце посту ў ланцугах адчаю.
    Да ўсіх дзвярэй хацеў бы дакрануцца,
і запытацца пра каго, не знаю,
пасля хацеў бы жабракоў убачыць,
даць кожнаму па лусце караваю.
Абрабаваць у багацеяў лозы
аберуч, бо святыя рукі маю,
бо ўдар святла іх адарваў ад Крыжа,
цвікі дасюль відаць на небакраю.
    Паспіце, вейкі раніцы, як лісце!
Днесь хлеба дай надзённага нам, Божа!..
Мае ўсе косці, як чужыя,— можа,
я іх украў у некага калісьці!
    Я тое ўзяў, што, пэўна, лёс ласкавы
даць іншаму па дабрыні маніўся,
і думаю, — калі б не нарадзіўся,
жабрак бы выпіў гэты кубак кавы!
Я — злодзей... Шлях у роспачы спыніўся.
    Гадзінай зябкай, як зямля падобна
на пыл, ад смутку цёмны, чалавечы,
да ўсіх дзвярэй хацеў бы дакрануцца,
і пакаянна ўсіх абняць за плечы,
і ўсім спячы вялізны свежы бохан
у печы майго сэрца, ў дымнай печы!..

АПОШНЯЯ
Старой апраткі колер. Ліпень змрочны.
I жнівень скошаны. I вадзяная
рука жывой яліне прышчапіла
плады пустыя, дзе туга канае.
На якар стаўшы, цёмная апратка,
расплочваешся пахам часу, долу, —
знікненнем часу... Я пяю нядобры
банкет жыцця, яго змахнуўшы з столу.
Ці ты нядужы, Божа, супраць смерці,
якой усе скараецца ў дагоду?
О рана колеру старой апраткі,
я чую пах твой паленага мёду!
О еднасць годная! О аднаго ўсе
за ўсіх па мулкіх муках падарожжа!
Любоў супроць прасторы, супраць часу!
Адзіны ўдар, удар апошні сэрца,
таксама, як і рытм адзіны: Божа!
Калі плячыма паціскаюць межы,
глухой знявагай цешацца лянота
і абыякавасць, змяюкі льюцца
на паўнату цнатлівую адзінкі.
І зморшчынка адна, адна цямнота!

НЮ. ГЛІНА
Як жабы жудасныя да паветра,
да вуснаў здзекі цягнуцца з даверам.
Верш па Субстанцыі — Сахары сіняй,
убраны ў шэрань, рушыць драмадэрам.
Фасфарысцыруе мох сноў няшчадных,
сляпы нябожчык поўны галасамі
снягоў. I золкі, качавы паэце,
дня цяжкай мужнасці наступяць самі.
I светлачубыя стагоддзі шчасця
ў гарачцы абарціруюць гадзіны.
I хто за нітку цягне, хто няўмольна
з нас сцёртыя здзірае, як вяроўкі,
здзірае нашы нервы з дамавіны?
Мілосць! I ты. Ад кінутых каменняў
твая ўзнікае маска, б’ецца ў гліну,
бо дамавіна — гэта сэкс жаночы,
які дасюль прыцягвае мужчыну!

КАПІТУЛЯЦЫЯ
Перад маімі майскімі гадамі
здаліся ў вечары красавіковы,
і пацалункаў малаточкі снамі
кроў разбудзілі, адкавалі словы.
У саламяны вечар за вачамі
яе ў палон ісці быў я гатовы,
са мной загаварылі грудкі самі,
гарэлі ў смазе ў ноч, шукалі сховы.
Смуглянка бедная, яна хацела
змагацца, ветразі пад колер цела
апалі, біліся ў салёнай стыні.
I чырвань думала, і цьмелі вочы,
я знік на золку. I цяпер штоночы
ў мяне ўваходзяць дзве змяі-рабыні.

ЛІНІІ
Кожная стужка агню,
якую, Мілосць шукаючы, кідаю,
каб трымцела на ружах жалю,
нараджае хаўтуры пярэдадняў.
I не ведаю, ці барабанны пошчак
у тым, што шукаю, стане
уздыхам скалы
ці спрадвечнымі родамі сэрца.
Да глыбіні істот напінаецца
звышнервовая вось, як патапец свінцовы.
О лёска лёсу!
Гэты закон жыцця адвядзе Мілосць
да голасу Чалавека
і прынясе найвышэйшую волю,
ператвараючы субстанцыю годнасці
у барацьбу са сляпым і фатальным.
Няхай пульсуе ў літары кожнай
вязень дасвеццяў крохкіх,
яшчэ ляпейшы Хрыстос Пачатку вялікага!
Ну, а потым... Новая лінія...
І Хрысціцель, які пільнуе, пільнуе,
                                                пільнуе...
I нібы на кані, на нябачным выгіне, —
нага, пурпуровым святлом залітая.

ЗАБАРОНЕНАЯ МІЛОСЦЬ
Уздымаешся маланкай — да падвочча,
я — па жылах тваіх зраненым сабакам,
што знайсці прытулак, дзе не мулка, хоча.
Ты, Мілосць, на белым свеце —
                                          грэшны клунак!
Пацалунак мой іскрыцца рогам д’ябла!
Ён, маё святое крэда, пацалунак!
I душа праходзіць радасцю ўспаміну,
уладарніца, нябёсаў нарачонка,
сэрца, думку нараджаючы скразную,
да цябе праз сумную праходзіць гліну.
О пластычная тычынка, недаткнёнка,
што ў душы тваёй у падвянцы існуе!
Пакаянную душу маўчаць змушаю?
Ты пачуеш яе? Кветка спадзявання!
Дзе няма малітвы, дзе яна нямая,
там жа грэшнае, як і Хрыстос, каханне!

ЖАБРАЦКАЯ ВЯЧЭРА
Да пары да якое будзем тое шукаць мы,
што здаўна нам належыць... На якім скрыжаванні
ногі выцягнем, зрэшты! Да пары да якое
крыж наіўнай надзеі веславаць перастане.
I дакуль нам Сумленне дараваць будзе гонар,
быццам герб нашых мукаў...
                                      А за стол жа не сёння
селі мы і чакаем з горкай крыўдай дзіцяці,
што апоўначы плача з голаду ад бяссоння...
I дакуль жа на краі раніцы спаконвечнай
тых усіх сустракаць нам, хто паснедаў без меры!
Да якое пары жыць у слёзнай даліне,
не прасіўся ў даліну,
                                 я пытаю без веры,
і дакуль зацягнуцца трэба гэтай вячэры?
Нехта п’яны ў дыміну мае злыя намеры —
блізіць і аддаляе чорнай лыжкі ашчэры
існасці чалавечай, дамавіну...
                                                Не цяміць
ён, дакуль зацягнуцца трэба гэтай вячэры?

НЕВЕРАГОДНАЙ ДУШЫ МАЁЙ КАХАНАЙ
Любая, твой характар іншым быць не жадае,
бачыць мілосць хацела іншую, не такую.
    Застанься ў кубку прычасця,
    сціплая і сляпая,
    як Бог існуе.
Шмат я спяваў, ды плакаў я па табе найболей,
трызніў паўсюль табою, парабалаю мілосці.
    Застанься, застанься ў мозгу,
    ў міфу страшнага болю
    сэрца майго і мосці.
Вера — той горан, дзе я ўпарта паліў прычыны
зземленага жалеза не аднае жанчыны,
скуць цябе на кавадле на паганскім хацеў я.
    Застанься ў туманнасці вечнай
    там, дзе нябыту цені
    знікнуць, як аблачыны.
Як ты не захацела быць неспазнанай плазмай
метафізічнага палу, шалу мілосці, зрэшты,
    дазволь мне біць бізуном сябе, блазну,
    я гэтага варты, як грэшнік.

ШЛЮБНЫ ЛОЖАК СПРАДВЕЧНЫ
Адно знікаючы, мілосць мацнее
труной, вялізным вокам, у глыбінях
якога застаецца жыць і плача
туга мілосці кубачкам надзеі
салодкай, вечнай з досвіткам няўдачы.
Напрошваюцца ў пацалункі губы,
як нешта поўнае, што пралівацца
і капаць мусіць, і зліццём да рыпу з
даюцца вусны вуснам, як на згубу,
жыццё жыццю ў агоніі да ўсхліпу.
I думаю, калі ўжо дамавіна
салодкая, дзе ўрэшце ўсім працяцца
адным імкненнем трэба да сканання;
салодкі цень, што ўсіх яднаць павінны
ў сусветнае спатканне мілавання.

КАМЯНІ
Раніцой падаўся з ходу
да камення. О каменне!
Камянямі біцца згоду
даў я ў непаразуменні.
Матка боская, як люта
крокі мне баляць на свеце,
гэта стрэлы і пакута
ашалелага дасвецця.
Камяні каменна рады
не рабіць нічога злога,
просяць камяні спагады
і мілосці для Нічога.
Як каменне знікнуць мусіць,
апусціўшы голаў зрэшты,
засаромелася, мусіць,
і па-людску робіць нешта...
Разумею іх зняменне —
камяні б'юць без прычыны.
Поўня — белае каменне,
кінутае ў аблачыны.
Матка боская, ў імгненне
пляцам бег я ўсхваляваным,
бачу:
рушыла каменне
сінім-сінім караванам...

ЯСЛІ
Кажу сабе, што я ўцякаю ўсе ж ад шуму,
ніхто не ўгледзіць, што на карабель спяшаю
свяшчэнны, і вялікія прыходзяць цені,
і з лірай Дарыё[24] праходзіць у адчаі.
Салодкая ідзе, часціць нагамі Муза,
я на яе гляджу, як кураня на зерне.
Спяць чорныя дразды на цюлях, што з эфіру,
а белы дрозд жыцця ў руцэ, ён мроі верны.
О Божа літасцівы, карабель аддаў ты,
каб сінім ведзьмакам ад спраў не прыпыніцца.
О Дарыё Амерыкі — твае блізняты,
і з валасоў тваіх плятуць валасяніцы.
Як здані, што шукаюць золата абсурдна,
протапрэсвітэры гавораць з намі строга,
вандроўнікі душы, з’яўляюцца здалёку
каб плакаць з намі над самазабойствам Бога!

ПАГАНСКАЕ
I спяваць перад сконам. I жагнаць цень жадана
вавілонскай крывёю з гладыятарскіх жылаў,
клінапіс падпісаўшы залатога дывана
тым пяром салаўіным, сінім болем чарніла.
А Жыццё? Здрада самкі. Напалоханым крокам
уцякае, спусціўшы вэлюм ілжэ-Юдзіфі,
ўбачыць здраду праз рану і схапіць яе зрокам
і васковым капрызам на рубінавым міфе.
Алафэрнам[25] без войска і віном Вавілона
я гняздо звіў на дрэве хрысціянскім нясмела,
ды лаза ратавання адвярнулася сонна,
і Юдзіф сцяла жорстка небалюбае цела.
Як на свеце паганскім. Смерць жыццё пакахала,
засяваючы жылы чырванню зла і жалю,
пылам стаць гэтак, быццам заваёўнік няўдалы,
пакідаючы вочы на крывавым кінжале.

ВЕЧНАЯ ГУЛЬНЯ Ў КОСЦІ
Мануэлю Гансалесу Прада
прысвячаю гэтае пачуццё інсургенцкае,
адно з тых, якое вялікі маэстра
прыняў з энтузіязмам.
Аплакваю сябе я штохвілінна,
шкадую, што прыняў твой хлеб, о Божа,
ды бедная, задумлівая гліна
мая не скарына, што бок сагрэў твой, —
Марый не маеш ты для раздарожжа.
Каб чалавекам быў ты ад прыроды,
умеў бы сёння Богам быць, але ж ты
такі, каму было лацвей заўсёды,
прымае чалавек, тваё стварэнне,
пакуты за цябе: дык Бог ён, зрэшты?
У валасах маіх агонь разліты,
бы ў вязня, што счакаў прысуд літосці,
мой Бог, свае ўсе свечкі запалі ты,
давай згуляем у старыя косці —
Мо — о гулец! — паставіўшы ахвоча
на долю свету, клічучы хваробы,
праступяць Смерці сінія падвоччы,
як з бруду вечнага тузы жалобы.
Глухою гэтай ноччу, мой Адзіны,
гуляць ужо не зможаш ты, мой Божа,
зямля, як костка, згрызена варожа,
яе вандровак марных ход няспынны,
і толькі ў пустаце спыніцца можа,
у пустаце вялікай дамавіны.

СТОМЛЕНЫЯ КОЛЬЦЫ
Карціць вярнуцца зноў, кахаць і небяспечна
сканаць, карціць сканаць у смелай
барацьбе супроць тых плыняў дзвюх, што стрэліся павечна.
Карціць пацалаваць, пацалаваць да страты
Жыцця у афрыцы агоніі пякельнай,
самазабойства і сляпой самарасшіаты.
Карціць... каб не карцець. Я, Госпадзі, міжволі
паказваў на цябе я кстом богазабойцы:
карціць без сэрца быць, не мець яго ніколі.
I вернецца вясна. I Бог паставіць мэту,
хоць горбіць час Яго, сябе ён паўтарае
праходзіць, седзячы ўжо на хрыбце сусвету.
Як скроні ў бубен б'юць жалобны, б'юць з імпэтам,
калі баліць мне сон выявай на кінжале,
карціць назаўсягды застацца ў вершы гэтым!

ЖЫЦЦЁ СВЯТЫХ
(параграфы)
Стары Асірыс![26] Дайшоў я да супроцьлеглай
сцяны майго бытавання.
I мне здаецца, я заўсягды дакранаўся
рукой да тае сцяны.
Я цень, адваротны бок. I цячэ ўсё
пад слядамі маімі вечнай калоны.
Нічога за валасы не валок. Дасталося
усё мне лёгка, як спадчына.
Сарданапал[27]. Так, электрычнай кнопкай
на машыне сноў вусны мае былі.
Гэтак дайшоў я да супроцьлеглай сцяны,
але заўсягды адчуваў яе пад рукою.
Стары Асірыс. Прабачаю табе. Нічога
не паспеў у мяне прасіць, нічога, нічога...

ДОЖДЖ
У Ліме... Лупіць дождж у Ліме,
у брудных водах болю жах!
I капае з цуркамі тымі
цяпер твая мілосць праз дах.
Успомні песняра трымценне,
і зразумею пакрысе
я чалавечае ўраўненне
тваёй мілосці, як не ўсе.
Містычнай флейтаю ўзарвала
пупышку здрадніцкай навалы,
вядзьмарства “так” твайго ў журбе.
Ды льецца яснасць на разлогі
і на труну маёй дарогі,
дзе касцянею без цябе.

МІЛОСЦЬ
Да мёртвых воч маіх няма вяртання,
я плачу сэрцам па табе, Каханне.
Раскрыты кветкі ўсе мае ў чаканні
віна твайго і цела на світанні.
Палі мае пустэльні, крыж блукання,
крывёю зорак плачу і канання.
Да мертвых воч маіх няма вяртання,
твой плач чакаюць з жахам на світанні.
Быць не люблю далёка ад каханкі
ва ўбранні раннім маладой вакханкі,
у грыме крохка высмяглай лагоды.
Хадзі без плоці да мяне, без бруду,
і я, як Бог, тым чалавекам буду,
што родзіць, любячы, без асалоды.

БОГ
Я адчуваю, Бог па мне ступае
і з вечарам і з морам. Да самоты
ідзем удвух упоплеч. Ноч прыходзіць.
У ноч з ім уваходзім. Як сіроты...
Я чую Бога, і яго дыханне,
здаецца, фарбы добрыя дыктуе.
Як чалавек гасцінны, ён рахмана
ў салодкіх пешчах закахана вяне:
баліць, напэўна, сэрца несціхана.
Мой Бог, даходжу толькі да цябе я
сягоння, бо люблю да азарэння,
бо здраду шаляў грудак разумею
і крохкае аплакваю Стварэнне.
I як заплачаш ты... ты, закаханы
у грудзі той, што ў воблаках схавана...
Цябе я асвячаю без заганы,
што не ўсміхаешся ты, што заўсёды
баліць, напэўна, сэрца несціхана.

ЕДНАСЦЬ
Гадзіннік задыхаецца ля скроні,
як яблык рэвальверны атупела,
што не спыняецца ў сваім разгоне,
свінцовай кулі не знаходзіць цела.
А поўня плача ў белыя далоні,
падобная на вока ля прыцэла...
Ідэя тайну томіць у палоне,
каб у свінец адліцца захацела.
Рука, што абмяжоўвае, чужая
за кожнымі дзвярыма пагражае
і дыхае ў гадзінніку нямая.
Над шэрым павуком твайго каркасу
з святла Рука другая ўладай часу,
як сэрца, кулю сінюю трымае.

ПАГАНЯТЫ МУЛАЎ
Ідзеш, паганяты, ціха пад шклом уласнага поту.
Маёнтак той Менакуча
штодня праз жыццё даўгое пакутаў мае даволі.
Да таліі дня даходзім. Паўдзён разлёгся на волі.
I сонца глядзіць балюча
Тваё чырвонае понча[28] знікае ў даль усё тую ж,
пакуль раманс перуанскі каханай сваёй смакуеш.
А мне ў гамаку няўзнакі,
я праз стагоддзі сумненняў на выпадак усялякі
абдумваю даляглады, і бачу ў смузе да дна я,
як саранчы аблачыны рэфрэн наскрозь працінае
цягучае пака-пакі[29].
I прыйдзеш туды, нарэшце, куды падаўся да дня ты,
святы наперадзе вослік,
ідзеш сабе, паганяты...
ідзеш сабе, паганяты...
I ты ў спякоту шчаслівы, калі бунтуюць з адчаю
твае жаданні, матывы,
калі душа ледзь трымае ў целе жыцця парывы,
ідзе адна без мілосці і гнаць ані паспявае
у Вечнасць сілы астатак
да Андаў заходніх статак.

Песні з роднае хаты

КАРУНКІ ЛІХАМАНКАВЫЯ
Па абразах на сценцы бачу мукі,
крычыць мой боль, гукаючы самоту,
і, ў ліхаманцы скрыжаваўшы рукі,
нябыт наведвае маю істоту.
На мэблі мусе хочацца з дакукі
фатальнае легенды выліць цноту,
як гнёзды сінія бягуць на гукі
і гінуць жаўрукі ілюзій з лёту.
Сядзіць мой бацька ў даўнім крэсле ў хаце,
снуе, як Маtег Dolorosa[30], маці.
I пакідаць мяне не хоча штосьці.
Навукай прычасціўшыся спачатку,
прычасце маем — Богаву аплатку.
I выжываю з дапамогай госця.

ДАЛЁКІЯ КРОКІ
Мой бацька спіць. Твар велічны ягоны
на сэрца ціхае падобны ў сне.
Цяпер пяшчотны... Як у ім нагоны
гаркоты ёсць, дык толькі ад мяне.
Самотны дом, чуваць малітвы крокі,
каб вестка ад дзяцей у бацькаў рай.
Праслухвае, як доктар сэрца, ўцёкі
ў Егіпет, літасцівае “бывай”.
Ён блізкі, і калі ў ім успаміны
і ёсць далёкія, ды я адзіны.
Між лехаў ходзіць маці самавіта,
ніяк не ўспомніць смак, які ён ёсць.
Цяпер яна пяшчотная, нібыта
само крыло, ці выйсце, ці мілосць.
Самотны дом, без шуму, як раздзеты,
без вестак, без маленства, мітусні,
як і зламалася што ў вечар гэты
і хрупаціць, упаўшы, ў цішыні,
дык гэта выгін двух шляхоў з падстрэшша,
па іх маё знікае сэрца пеша.

МАЙМУ БРАТУ МІГЭЛЮ
Светлай памяці
Мой браце, я на прызбе нашай хаты,
дзе гэтак не стае цябе! I ўспомніў,
прагульвалі мы гэтую гадзіну,
а маці “Так, сынкі...” казала з ласкай.
Хаваюся цяпер, як і бывала
раней, пад час вячэрняе малітвы,
чакаючы, што ты мяне не знойдзеш.
Паўсюль — у зале, ў сенцах, калідорах.
А потым ты — цябе я не знаходжу.
Прыгадваю, як мы з табою, браце,
прыкідваліся ў той гульні, што плачам.
Мігэль, надоўта ты схаваўся
той жнівеньскаю ноччу, на дасвецці,
але ўжо не смяяўся, быў у скрусе.
I сэрца маё ў гэты вечар мёртвы
зайшлося, як сіямскае, шукае.
І змрок ужо ў душу маю садзіцца
Дык не затрымлівайся, чуеш, браце,
выходзь жа. Будзе турбавацца маці.

УСПАМІН
Птушынай раніцою
ледзь-ледзь выводзіў бацька
свае семдзесят восем, свае семдзесят восем
букетаў узімелых да радаснага сонца.
Пагост, ужо крануты
вясёлым новым годам, сант’ягаўскі відзён быў.
I колькі раз скіроўваў ён да пагоста крокі,
каб потым з пахавання дамоў вярнуцца моўчкі.
Прайшло багата часу, як бацька не выходзіць.
Дзіцячы жарт знікае.
Казаў часамі маці
пра з’явы гарадскія, палітыку, а сёння
ён з урачыстым кіем,
які гучаў дарэчы ў часіны Губернатараў,
пазнаць нялёгка бацьку, бо ён зрабіўся крохкім
пярэдаднем чагосьці.
Прыносіць і адносіць рэліквіі і рэчы,
падказкі і ўспаміны.
I раніца ступае за ім з раскрыллем белым
сястрою міласэрнай.
О вечны дзень наіўны, нібыта хлопчык з хору,
з вячэрняе малітвы,
а час каранаваны галубкамі даверу,
населена наступнасць
бясконцым караванам руж смелых, неўміручых.
А бацька, ён дагэтуль яшчэ ўсё абуджае,
ён — студзень маразяны — спявак, мілосць, якая
трымціць у Вечнасць рэхам.
Яшчэ ён пасмяецца з сваіх няўдзячныхдзетак
і зашуміць уладна ў зажуранай пустэчы.
I Новы год надыдзе. I пірагі спякуцца,
а мне галодна будзе, калі зазвоніць клічна
па-над святой званіцай
сляпы і добры лірык,
з якім склады дзяліла шкалярскія наіўнасць
мая нядаўнім часам.
I калі ранак, поўны і грацыі і палу,
бы дзве адмовы, быццам мілосці парыванні,
пгго хочуць набліжацца, каб вечна жыць у вечным,
са спевам у паветра падкіне Дзеясловы
у множным ліку, быццам рыззё тваёй істоты,
сядзі між белых крылаў,
што раніца раскрыла
сястрою міласэрнай, о бацька мой!

ДАВЕДКА
Нарадзіўся я ў гуморы,
Бог якраз тады быў хворы.
Лёс мяне не выцяў пасам.
Ды тады скрануўся лежань —
перайшоў у студзень снежань.
Нарадзіўся самапасам,
Бог якраз хварэў тым часам.
У метафізічным штосьці
подыху маім пустое,
аніхто не ўчуе тое,
гэта келля немай госці,
што агонь узнесла ў тосце.
Слухай жа, паслухай, браце...
Не падамся на ўгаворы,
снежні не знясу з сабою,
ўбраўшы студзені журбою.
Нарадзіўся ж я ў гуморы,
Бог якраз тады быў хворы.
Ведаюць, што я не ў горы
ўсе... Ды мой не чуюць смутак,
у радках рыпяць чаму так
горкім змрокам дамавіны
пругкія вятры з даліны,
што чамукала пустэльні
развінае Сфінкс пякельны.
I не ведаюць ляныя,
што святло сухоты ўела,
а Цямрэча растаўсцела,
што Містэрыя не ные...
што яна — той горб, якому
ад мяжы да Межаў стому
крокі аддаюць зямныя.
Нарадзіўся ўдзень без зморы,
Бог якраз тады быў хворы,
і цяжка.

З кнігі “Асалода” 1922 (1919—1922)

ІІІ
Дарослыя,
а якой гадзіне вярнуцца?
Шэсць адбіваюць сляпыя званы Сант’яга,
але ўжо добра ўцямнела.
Маці казала не бавіцца.
Агядзіта, Націва, Мігэль,
не хадзіце туды, дзе прайшла,
гугнявячы прыпаміны,
злыбяда,
у бок загарадзі, і туды,
дзе куры, яшчэ неаціхлыя,
гэтак апудзіліся.
Лепей тутацька будзьма.
Маці казала не бавіцца.
А ўжо не баімся. Выглядваем
караблікі, — найпрыгажэйшы мой —
з імі гулялі ўвесь боскі дзень
і не сварыліся нават:
яны засталіся напагатове ў студні,
з грузам прысмакаў, да раніцы.
Пачакаем, аднак, з паслухмянасцю нашай
безвыходна вяртацца, загладжваць учынкі
дарослых, якія заўсёды ахвотна
пакідаюць дома малых,
быццам з намі
                       нельга кудысьці ісці.
Агядзіта, Націва, Мігэль?
Клічу, шукаю іх вобмацкам у цямрэчы.
Не ўздумайце мяне пакідаць
вязнем самоты.

XY
У тым кутку, дзе шмат начэй з табою
мы спалі разам, я сяджу й вандрую.
Ўжо вынеслі нябожчыцкі з пакою
той шлюбны ложак, як нудзьгу старую.
Прыйшла ты ўранні з іншага настрою,
а ўжо цябе няма. Ў кутку ад згубы,
з табою побач, прачытаў міжволі
між крокамі пяшчотнымі тваімі
ўначы Дадэ навелу. Гэта любы
куток наш. Не забыць яго ніколі.
Прыгадваю я летніх дзён зарокі,
цябе збляднела-зграбную, да болю
знаёмыя твае ў пакоях крокі.
Дажджлівай гэтай ноччу страх звярыны
апанаваў — я скалануўся раптам...
Пачуліся далёка дзве дзвярыны
мне, што рыпяць ад ветру, дзве дзвярыны,
нібыта цень і цень спрыяюць спратам.

ХYІІІ
Чатыры ўпартыя сцяны вязніцы,
чатыры выбеленыя сцяніны,
як ні лічы, а іх не меней штосьці!
Цяжкі настрой тут мог адзін прыжыцца,
ты на чатырохкуцці крыжавіны
распяты, і рыпяць іржава косці.
Майго ключа красуня вартаўніца,
калі б адчула, як мае правіны,
ў чатырохсценні сценьмі чэзнуць ніца!
А мы, без слёз, супроць паўстаць павінны,
выратаўніца, нам ці хопіць мосьці!
Чатыры ўпартыя сцяны вязніцы!
Ад іх баліць душа да сарцавіны,
як ад даўгіх дзвюх сцен начэй лютосці,
што за руку вядуць да дамавіны,
як тыя дзве нябожчыцы жанчыны,
а кожная — дзіця сваёй мілосці.
З паднятай праваю рукой вініцца
я застаюся, кожнае хвіліны
намацваючы моц рукі прычыны,
што між маіх дзе і калі ўхітрыцца
угледзець сталасць мужную мужчыны.

XXI
Зноў снежань на аўто, заганным колам,
вяртаецца, інакшы ў пазалоце
сваей бяды. Мне б позіркам вясёлым
трыццаць адну яго не ўбачыць скуру,
іх бедны д’ябал драў не па ахвоце.
Яго прыгадваю я гордачолым,
і вуснам пыхі, рэўнасці істоце,
вачам агню было — на зайздрасць долам.
Як спадара Дванаццатага гэта
не прыгадаць ва ўсёй яго нясноце!
I я прыгадваю. I снежань сёння
вяртаецца, сваю забыўшы пыху,
бяды дыханне ўчуў і змерз на ўлонні.
I нос падвеў яго. Ў дакор адлегам
кахаў ён да адчаю страусіху
і галаву сваю хаваў пад снегам.

XXVIII
Сумны снедаў я без маці, без прынукаў:
з’еш яшчэ, сыночак, без вады з крыніцы,
ды без бацькі, што падсольваў кукурузу
і марудна, быццам сыпаў соль з сальніцы,
пра вялікую пытаўся сувязь гукаў.
Як было мне снедаць. Самі стравы ў роце
пераселі б тыя даўнія, што ў хаце
у маленстве засталіся, хата знікла,
не пакліча — бо азяблі вусны — маці.
А ці мог я снедаць у сваёй самоце.
За сталом сяброўскім снедаў я, чужы ўсім,
з бацькам сябра, што вярнуўся з вандравання
і прывёз чуб пасівелы, з парцаляны,
ўпарты чуб, як жарабок; было сняданне
з удаўцом бяззубым, што мянціў, бажыўся,
частавалі-вельмавалі ў весялосці,
бо яны былі свае тут, а не госці!
Толькі я адчуў той боль, нібы нажы ўсе
са стала ўсяго ў мае ўпіліся косці.
Гэта боль, з якім каштуеш ты ласкава
і любоў чужую, што зямлёю з глоткі
лезе, бо не маці клікала паснедаць,
і глытаеш камяні, і мёд салодкі
жоўцю здасца, і алеем рэдкім — кава.
I калі знік родны дом, і зніклі казкі,
і з магілкі не пакліча маці есці,
у самоце ўся цямнее кухня дзесьці,
як мізэрнейшая рэшта хатняй ласкі.

ХХХІ
Надзея галосіць уся ў тампонах з бавоўны.
Шурпатыя грані ў белых халатах
пагрозлівых, тканых з бліскучых шароў
стаяць на варце ля брамы жыцця.
А ці званы зліваюцца а шостай гадзіне
пад сонцам?
Народзіны. Змоўкні, жах!
Чакаю хрысціяніна, здаўна чакаю
на камяні круглым ніцма
на рагу ста вуліцаў лйсу майго,
якія знікаюць, калі падыходжу.
I ўстрывожаны Бог правярае
наш пульс, сурова-маўклівы,
і, як бацька ў дачкі,
                               ледзь-ледзь,
не дакранаючыся, адводзіць тампоны крывавыя
і ў рукі свае прымае надзею.
Божухна, я гэтак хачу...
І баста!

ХХХІІІ
Калі залева прыйдзе ўночы, знікну
адсюль на тысячу гадоў.
Ці менш на сто, не болей.
Нібы нічога і не адбылося,
нібы яшчэ я толькі набліжаюся.
Або не маю маці, ні каханкі я, ні ўпартасці,
каб мне нагнуцца й да канца сцярпець,
напружыўшы ўсе сілы,
ноч гэтую, каб мог трапаць
валокны Ведаў,
воўну Ведаў да скону,
і нітку д’яблаву,
нібы адменны
той, што рыпіць, нязгодны з часам,
язык
        звана аднога.
Майго жыцця рахубу падвядзіце,
або жыцця таго, што ўсё яшчэ не нарадзіўся
і вызваліцца не паспее.
Не тое будзе, што яшчэ надыдзе,
а тое, што прыйшло ды знікла,
а тое, што прыйшло ды знікла.

XXXIY
Прыблуда знік, з кім ранняю парою
вярталіся дахаты ў гамане.
Хоць месца добрае пусцее тое,
ніхто чакаць не будзе ўжо мяне.
I зніклі моўчкі вечар з цеплынёю,
шум мора, бухта з цішаю на дне,
гамонка з маткаю тваёй старою,
што мне ліла гарбату пацямне.
I знікла ўсё: вакацыі і зоры,
пакорлівыя грудкі і ўгаворы,
каб я не выйшаў з хаты да гурмы.
I зніклі ўсе з тваёй пяшчотай словы,
сталеў ад болю я і стаў суровы,
бы нарадзіліся дарэмна мы.

XLYI
Прапахлы кухняй вечар стаў гасцінна
каля стала, дзе ела заўсягды;
галодная, прыходзіш з успаміна,
не хочаш ад тугі глытка вады.
Калі ж атуліць сціпласці хусціна,
ты прымеш ласку мройную тады.
Не хочаш есці ты, бо бачыш сына —
твае займае мейсца малады.
Стаіць прапахлы кухняй вечар з краю
і хвартухом слязіну выцірае,
які да нашых шумных звык размоў.
Пакутую таксама, вязень явы,
бо паспытаць няўзмогу тыя стравы,
што бачу на пустых талерках зноў.

XLIX
I шэптам трывогі
ў апратцы пачуццяў
іду я па панядзелках праўды.
Ніхто мяне не шукае, не пазнае,
і не прыгадаю я нават,
                                   кім буду.
Пэўны гардэроб, адзін ён ведае
ўсіх сярод белых старонак выхадаў.
Гэты гардэроб,
                        адзін ён,
вяртаючыся ад кожнага клопату,
                                ад кожнага кандэлябра,
                                ад сляпога нараджэння.
Таксама я не знаходжу нікога пад
плашчом,
                які свеціцца па панядзелках розуму;
і толькі ўсміхаюся я перад вайстраком кожным
парканаў,
                шалёна шукаючы знаёмага.
Добры гардэроб, растаямніч мне
                                         белыя свае старонкі;
жачу пазнаць хаця б аднаго,
хоць крышку апоры, хачу
                              ведаць, што ёсць я хоць бы.
У аддзяленнях, дзе апранаемся,
няма, нікога няма; толькі дзверы
                                                 разнасцежаны.
I заўсёды касцюмы самі
выходзяць адтуль, пакідаюць вешалкі
гратэскнымі рухамі
і выходзяць без цела свайго, вакантнымі,
                                              за розум адцення
вялікага булёну з крылаў са справамі,
прыгожымі смажнямі.
I нават салодкай косткаю.

LXI
Уночы злезу я з каня з ахвотай
каля дзвярэй той самай хаты, дзе я
са спевам пеўня развітаўся ўпотай.
Зачынена. I грук мой нелюдзее.
На лаўцы, дзе стаўляла лямпу маці,
каб брат старэйшы мог запрэгчы коней,
я ездзіў без сядла, не розніў масці,
не заўважаў платоў, ірвоў, прадонняў;
на лаўцы, дзе на сонцы загарала
маё маленства чублае, сядзела
жалоба. Дзверы жаляцца ўчарнела.
Нібыта на чужынных мірных землях
мой конь іржэ зазыўна і прыветна,
б’е капытом, абнюхвае паветра,
вагаецца, зноў цішу заглушае
іржаннем, чуйна круцячы вушамі.
Не спіць мой бацька, моліцца, напэўна,
што я спазніўся, думае.
А сёстры падпяваюць марам,
іх мары простыя і шумныя,
і шыюць штось на свята, ходзяць боссю,
і мне ўсяго нічога засталося.
Чакаю, сэрца ж, як яечка ў момант,
калі выдзёўбваецца куранятка.
Нядаўна дом пакінуў, ды нязнатка,
каб уначы чакалі, ані свечкі
не запалілі на маё вяртанне.
Зноў грукаю — ў адказ адно маўчанне.
Я моўчкі плачу, конь ад болю
іржэ бясконца як ніколі.
Яны спяць назаўсёды ў вечным доме,
і гэтак добра, што нарэшце
мой быстры конь сціхае ў стоме,
хістаючыся ў сне, 6н кажа мне:
ўсе добра, дужа добра.

LXII
ДЫВАН
Калі ты ўвойдзеш у пакой знаёмы,
за шырму ў летуценні
                            глянь на момант
і на замок запрыся, каб не здолеў
                            пранікнуць цень мой.
КАРА
Як выйдзеш, дык скажы, што ненадоўга,
глянь на канал, што раздзяліў нас, зрэшты:
трымаюся за песню твайго лёсу,
заўжды з табой я,
на беразе душы мяне нясеш ты.
ПАДУШКА
I толькі пасля смерці, хто ведае!
      О не. Хто ведае! Упоплеч з бедамі
тады адчуем мы разлуку сумна.
Ды як, нагу змяніўшы, панясу я
сцяг невядомы, каб чакаць цябе там,
дзе косці могуць зліцца з ветрыкам,
як некалі,
як некалі там, на рагу ўлюбёных
      на ўсходзе зямлі, на схонах.
I за табой пайду адтуль уздоўж
сусветаў іншых, а ці да патрэбы
агорнуты ўладарным мохам,
каб ты паклала на мяне калені
пад час сямі падзенняў
у бездань, што бясконцая, як неба,
каб на сябе твой боль браць мог я.

З кнігі “Гуманныя вершы” 1939 (1923—1937)

ГВАЛТОЎНЫЯ ГАДЗІНЫ


Адышлі ўсе.

Сканала доння Антоння, заўсёды сіпатая, пякла яна танны хлеб у сялібе.

Сканаў айцец Сант’яга, яму даспадобы было здароўканне хлапчукоў і дзяўчатак, і ўсім ім адказваў аднолькава: “Дзень добры, Хасэ! Дзень добры, Марыя!”

Адышла Карлота, маладзенькая ды русявая, пакінуўшы немаўлятка грудное, сынок на дзевяты дзень пайшоў за матуляй.

Не стала цёткі Альбіны, яна спявала пра набыць у часе мінулым, пакуль у пакойчыку абшывала Ісідору, найгоднейшую жанчыну, што слугавала служанкай.

Сканаў аднавокі дзядок, імя якога не помню, але ён уранку драмаў на сонцы, седзячы на ганку бляхара, што на рагу.

Акалеў Раё[31], сабака ўзросту майго маленства, і невядома, хто прыстрэліў яго.

Сканаў Лукас, мой швагра, падпасваны спачынам, яго прыгадваю я, калі дождж ідзе, але нікога няма ў маім вопыту.

Адышлі, быццам зброя мая, маці, як мой кулак, сястра, як акрываўлены орган мой, брат, усе яны сумнай самотаю звязаныя, усе яны ў жніўні розных гадоў.

Сканаў музыка Мэндэс, высокі дзядзыса, ён піў як не ў сябе ды граў на кларнеце такаты меланхалічныя, пад мелодыю засыналі куры квартала задоўга да заходу сонца.

Адышла мая неўміручасць, і я сяджу ля яе з запаленай свечкай.


НАЙЦЯЖЭЙШЫ МОМАНТ МАЙГО ЖЫЦЦЯ


Казаў адзін чалавек:

— Найцяжэйшы момант майго жыцця настаў на Марнскай бітве, калі мяне параніла ў грудзі.

Другі чалавек казаў:

— Найцяжэйшы момант майго жыцця пад час падводнага землятрусу на Іака-Гаме, пад паветкаю крамы, дзе гандлявалі фарбамі, цудам уратаваўся.

Трэці чалавек казаў:

— Найцяжэйшы момант майго жыцця настае, калі сплю ўдзень.

Іншы казаў:

— Найцяжэйшы момант майго жыцця прыйшоў з вялікай самотай.

Той казаў:

— Найцяжэйшы момант майго жыцця наведаў мяне ў адной турме Перу.

I нехта яшчэ казаў:

— Найцяжэйшы момант майго жыцця страсянуў мяне, калі ўпершыню ўгледзеў бацьку майго ў профіль.

I апошні казаў:

— Найцяжэйшы момант майго жыцця — наперадзе.


***


— Анікога жывога ў хаце, — кажаш, — усе пайшлі. Зала, спальня, пацё пусцеюць пустэчай. Аніхто не застаўся, бо з’ехалі ўсе адсюль.

I я адказваю: — Калі нехта з’язджае, нехта застаецца. Там, дзе прайшоў чалавек, ужо самоты няма. Толькі пачалавечы самотнае месца тое, праз якое чалавек не прайшоў. Новыя хаты бязлюднейшыя, чым старыя, бо сцены іхнія з камення ці з сталі, але ж не з чалавека. Хата прыходзіць на гэты свет не тады, калі скончылі яе будаваць, а калі жыць пачалі. Хата жывая адно што чалавекам, таксама як дамавіна. Таму да неверагоднасці падобныя хата і дамавіна. Толькі што хата жывіцца чалавечым жыццём, пакуль дамавіна — чалавечаю смерцю. Таму першая стаіць, а тым часам гэная ляжыць ніцма.

Усе пакінулі хату, праўда, але ўсе засталіся ў ей, і гэта праўда таксама. I не іхні ўспамін застаецца, а самі яны.

Апрача, не проста ў хаце застацца, а па-ранейшаму жыць у пакоях. Клопат, абавязкі, варункі з хаты з’ехалі цягніком, самалётам, ці конна, ці пехатою, ці поўзма. Застаецца ў хаце орган, агент у стане герундыя і кола. Крокі з хаты пайшлі, як пацалункі, выбачэнні, злачынства. Засталіся ў хаце нага, вусны, вочы, сэрца. Адпрэчанкі і сцверджанні, дабро і зло зніклі. У хаце застаўся віноўца ўчынкаў.


***
Нарэшце, без добрага вечнага паху,
без яго,
без меланхоліі чыста прыватнай,
лёгка выгодзе маёй ахінацца,
звычкам у клетках сваіх зачыняцца.
О, як пазморшчылася пачуццё!
О, стрэмка думкі ў пазногці!
Шурпатая, белая, як трапяткі нектар,
мая асалода прыпадае на пятніцу,
ды сум мой — са злосці і скрухі,
і ля яго пясчанага краю, без болю,
акружае мяне зморшчанае пачуццё.
Зладзюгі золата, срэбра ахвяры:
золата, што я пакраў у маіх ахвяраў,
                           ад багацця забуду!
Срэбра, якое пакраў я маім зладзюгам,
                           забуду ад беднасці!
Сістэма гнюсная, клімат у імя нябёсаў,
                           бронхаў і цяснін,
якія ж вялікія грошы каштуе беднасць...

АНЁЛЬСКАЕ ВІТАННЕ
У блізкасці да пальмы славянін,
да сонца ў профіль стрыманы германец,
бясконцы англічанін, у спатканні
з смаўжом француз, наўмысна італьянец,
на ўзвеях скандынаў, як вол упарты,
гішпанец, так трымаюцца нябёсы
вятрамі над зямлёю, так знаходзіць
мяжу пляча шалёны пацалунак.
Адно паказваеш ты, бальшавік,
пакуль яшчэ ўздымацца могуць грудзі,
агульнасць рыс,
жэст мужаў,
бацькаў твар
і ногі палюбоўніка,
а скура
ў цябе, нібыта голас тэлефонны,
душа перпендыкулярна
маёй душы,
а локці праведніка,
ўсмешка,
як пашпарт незапоўнены.
Пра чалавека дбаў ці ў перапынках,
збіваючыся ўздоўж сваёй жа смерці
і ўшыркі ад абдымкаў дужых, бачыў,
як з асалодай потым еў ты, бачыў,
трава з тваіх назоўнікаў расла.
Хацеў бы дактрынальнае цяпло
тваё адчуць у злітках і палосах,
глядзець на нас твой спосаб асаблівы,
металургічныя, магічна тыя
твае з жыцця зынакшанага крокі.
Прымаю гэту слабасць, бальшавік,
дзе радавод звярыны з пахам долу,
кажу: законны сын дабра і злосці,
які з пыхлівасці жыве, каб слухаць,
як постаці твае шкадуюць, пэўна,
бо невядома, ў кім
                        спазняюся штодня,
у кім маўчу я, пазіраю скоса.

ЗЯМЛЯ
З эфектам сусветнай зацепленай свечкі
і плоці трапёткай, няўрымснасці даўняй
аруць аратаі насустрач туману
цяжкабародыя
і чуюць зямлю і чаканне даліны.
Выказваюць тое,
што ў голаў прыходзіць,
ідэямі дзеляцца і распіваюць
бутэльку, што ордэн свой даў рытуалу,
пад засенню дрэва, гаворачы
пра натарыяльныя акты, пра ветах,
ды рэкі людскія (Бязмежжа! Бязмежжа!).
I немая сіла
гарыць, як ажына,
і крокі што дрэвы,
і жэсты што дрэвы,
і сказы што дрэвы,
а кожнае слова — галінка.
З пляча да рукі ціхі струмант квітнее,
нібы да нябёс,
ад калень да падэшвы,
і ўзрушаныя,
і
ашалелыя ад нястачаў,
ад чарапоў старадаўніх,
істужкамі высяць свае недахопы,
рахманасць,
чырвоныя, сумныя жылы.
I рукі, і ногі, і тулава маюць,
і порткі адны, і прыдатныя пальцы,
каб есці, і апрануліся вышынёю,
памылі свой твар галубінаю ласкай.
I так аратаі, людзі
гадамі жывуць, поўнымі небяспекі,
вітаць падарожнага лоб уздымаюць;
не маюць гадзіннікаў, тым не выхваляюцца,
што дыхаюць, і, нарэшце, кажуць:
Ану іх, курваў, Луіса Табоаду, ангельцаў:
ану іх, ану іх, ану іх!

***
Нядзеля была на светлых вушах асялка,
майго перуанскага восліка ў Перу (за сум даруйце).
Ды сёння ўжо адзінаццаць гадзін уласнага вопыту,
вопыту аднавокаму, што ў грудзёх,
аслінага руху самотнага, што ў душы,
адзінай бяды, што ўва мне.
Бачу гэтак зямлі мае карцінныя горы,
дзе багата аслоў, сыноў асловых
і іхніх бацькоў яўна,
якія паданнямі скрашваюць
горы суму да даляглядаў.
Меч трымае помнік Вальтэру,
доле глядзіць з-пад плашча,
ды мяне працінае сонца, і нават зубы
ачышчаюцца быццам.
Тады сніцца каменне
зялёнае, семнаццатае,
што я прыгадаў,
як і гукі гадоў, шэпт іголкі ў руцэ,
дождж і сонца ў Еўропе, і як кашляю я! як жыву!
як ажно баляць валасы,
покуль ідуць тыдні — стагоддзі!
I як некуды паварочваецца мой цыкл мікробны,
маё ўчасанне трапёткае, патрыятычнае.

***
Беспрацоўны
на камянях стаіць,
ашалелы, зорны,
на беразе Сены турботнае.
Тады ўзрастае з ракі свядомасць,
як тая кветка з драпінамі ненажэрнага дрэва:
з ракі ўздымаецца і ападае горад,
створаны ваўкамі ў абдымках.
Беспрацоўны бачыць, як рушыць горад
манументальны, зносячы пост ягоны
на галаве акруглай,
на грудзях чыстыя вошы жывуць,
а ніжэй —
ціхі гук ныркаў ягоных,
што маўчаць, вагаюцца,
і ніжэй,
яшчэ ніжэй —
паперка, цвік і запалка...
Гэта ён стаіць, дужы,
хто працаваў да поту звонку,
а цяпер пацее ў сябе,
быццам секрэцыя адхіленае крыві!
Ён сталь варыў на гарматы і ведае,
колькі звярыных лапаў у сталі,
ён ткач і ведае добра свае жылы-ніты,
ён цясляр пірамідаў,
будаўнік, што спускаецца з калонаў
ціхіх, з паражэнняў трыумфальных,
асоба ў стачцы трыццаці мільёнаў стачачнікаў,
які з натоўпам ішоў,
і крок які адбіўся на падэшвах ягоных,
і як выпростваецца ён ад песні да песні,
калі струмант не мае працы!
Якая думка балючая хаваецца ў ягоных сківіцах!
Руда таксама полымна не працуе,
не аддаецца насенне злучэнню з паветрам,
і нафта ў трубах доўгіх маўчыць,
жывым апострафам святло спынілася,
і не растуць лаўры,
вада стаіць як чалавек,
і нават зямля не кратаецца, стачкай здзіўленая,
а жылы натужыліся ўжо на скок,
сотні крокаў яднаюць трансмісіі,
ажно рыпяць шчыкалаткі,
бурчыць за спіной нецярпліва гадзіннік,
і адчувае спадар-чалавек, што глытае
тое, чаго не стае таварышам,
і хлеб адчувае не тую сліну,
чуючы, адчуваючы мноства лёсаў,
як б’е маланка
сілай безгаловаю ў галаву!
I што яны ўнізе робяць тады, божухна,
яшчэ ніжэй, таварышы,
паперка, цвік, запалка,
і ціхі гук, і за бацьку вошына!

***
Мяркуючы халодным розумам суддзі,
што чалавек кашляе ў маркоце, але
адчувае ўцеху ў чырвоных грудзях,
што ён адно робіць, сябе складае
з дзён,
што ён змрочны сысун, які сябе прычэсвае...
Мяркуючы,
што з працы бярэ чалавек пачатак,
начальства гудзе, дык гудзе падначалены,
што дыяграма часу
не што іншае,
як дыяграма спрадвечная ў медалях ягоных,
і ледзьве расплюшчыў вочы, вывучаў
з глыбіні стагоддзяў
галодную формулу масаў...
Цямячы няцяжка,
што падчас чалавек задумваецца,
быццам бы плакаць хоча
і, абавязкам прывязаны да напругі рэчаў,
робіцца столярам добрым, пацее, забівае
ды потым пяе, палуднавае, зашпільвае гузікі...
Мяркуючы таксама,
што чалавек сапраўды жывёліна,
аднак, валячыся,
адбівае свой сум ува мне...
Разглядаючы ўрэшце
бедны пакой ягоны і прыбіральню,
адчай сцірае яго ў канцы палахлівага дня...
Разумеючы,
што ён ведае: яго я люблю,
на яго пяшчотна злуюся і, зрэшты,
стаўлюся абыякава...
Улічваючы ягоныя агульныя дакументы.
і разглядаючы праз павелічальнае шкло даведку
пра тое, што ён нарадзіўся маленькі...
Клічу яго,
ён прыходзіць,
і абдымаю яго я ўзрушана.
А што! Узрушана... Узрушана...

***
А сёння я хацеў бы шчасця,
да шчасця мець пытанняў безліч,
пакойчык адчыніць з імпэтам, як вар’ят,
і ўзняць нарэшце голас
з маім даверам лёткім,
адно каб бачыць, а ці хочуць
маю спантанную пазіцыю ўведаць
і ўголас казаць,
чаму вы гэтак мне душу аддаяцё.
Бо шчасця існага хацеў бы,
шчырэць без кія сведкаю пакоры,
як чорны асёл.
Як і пачуцці свету,
песні ўмоўнага ладу,
аловак, згублены ўва мне
і мілыя органы плачу.
Разумны браце мой, таварышу,
бацька вялікасці, смяротны сыне,
сябра і спірко, вялікі дакумент Дарвіна,
Дык а якой гадзіне прыйдзеш з маім партрэтам?
У часе ўцехі і ў смяротнай апранасе?
А ці раней? З упартасцю, з імпэтам?
Пад час спагады, таварышу,
свой чалавеча, які адпрэчвае і назірае,
суседзе,
у якім уздымаецца і спадае
мая вялікая, натуральная,
без ніткі фальшу надзея...

ВЯСНА ЎЗГОРКАВАТАЯ
Гэтым разам, з імпэтам цягнучы беднасць
напярэймы маім паляўнічым скураным нагавіцам,
параўноўвае рух свой з маім спатыканнем удалым
вясна дакладная, як выдзеўб грыфа.
Я страціў яе, нібы тканіну майго мантычання,
я прайграў яе, хоць ашалеў ад воплескаў,
нарэшце тэрмометр-чарвяк паставілі мне,
ён намацвае немач маю дзень пры дні,
а чакаў я вясну, як пошапт цвыркуна-ўцекача,
каб развітацца з ёю, з доўгімі пазногцямі,
з хваробаю, болем.
З трымценнем нябесных целаў,
са спробамі зрабіцца курыцай чорнай,
вясна-бандытка змагалася
супроць натоўпу маіх згрызотаў,
супроць нясмеласці маёй у кашулі,
супроць майго адвечнага права і шапкі маей.
О слынны прысмак вясны,
сімвал, тытунь, сусвет і плоць,
глыток імгнення пад мантыяй,
калі птушкі спяваюць,
маёй пяшчоты таленавітая плынь,
якую каменнем прэчаць, якая ўздыхамі поўніцца...
А флора як стыль шчодрая,
яна цытуецца, што глеба гонару для чулых ружаў...
Выбрык, удар капытамі, выспятак,
ашалелы піруэт... Спяваюць... Пацеюць...

***
Сёння жыццё падабаецца меней,
ды жыць я любіў заўсягды: я ж казаў.
Да сябе я амаль даткнуўся і ўстрымаўся,
языком прыцмокнуў за словам.
Сёння абмацваю падбароддзе, адыходзячы,
і ў сваіх нагавіцах часовых скажу я сабе:
Столькі жыцця і назаўсягды!
Столькі гадоў і заўсягды мае тыдні!..
Бацькі мае пахаваныя пад каменнем,
але дасюль не здрыгануліся нам у маркоце,
браты мае ва ўсім, мае браты,
і ўрэшце я ў камізэльцы стаю самотны.
Люблю я жыццё бязмежна, але, пэўна ж,
з маёй смерці любай, з кубачкам кавы,
бачачы густыя каштаны Парыжа і кажучы:
Вунь вока, адно ў адно, вунь лоб... I паўтараючы:
Столькі жыцця і дасюль не фальшывіць мой голас!
Столькі гадоў і назаўсягды, заўсягды, заўсягды!
Казаў я: камізэлька, казаў
усё, частку, жаданне, казаў амаль, каб не плакаць.
Бо, праўда, я напакутваўся ў шпіталі, які застаецца збоч,
а добра б было і кепска глядзець на мой
арганізм знізу ўгору.
Даспадобы будзе жыць заўсягды, нават нашча,
бо, як казаў я і паўтараю,
столькі жыцця і назаўсягды. У столькі гадоў,
але заўсягды, надта заўсягды, заўсягды, заўсягды!

ЛІСТ ДА ПАХАДЖАН
Цэдзячы дзень мой трусіны,
маю ноч, быццам сцішаны слон.
I сабе я кажу:
гэтае мае бязмежжа ўкоптур, збанамі,
гэтая мая вага прыемная,
якая ўсё шукала птушку ўва мне,
гэтая рука,
якая сама быць крылом не схацела,
гэта — маё пісанне святое,
мае ўстрывожаныя кампаньёны.
Змрочная выспа святло кантынента прыме,
а капітоліі на руінах маіх ляжаць,
і асамблея з дзідамі мой парад закрывае.
Ды калі я сканаю,
ці не стане жыцця, а не часу,
калі прыйдуць да месца мае дзве валізы,
вунь страўнік мой быццам бітая лямпа,
вунь галава, што выпакутвала колы крокаў маіх,
вунь чарвякі, сэрца маё іх лічыла адзінкамі,
вунь цела самотнае,
за яго душа моліцца,
вунь пупок, дзе гінулі вошы мае,
вунь маё Я трапяткое.
У жорсткіх спазмах мае тармазы ачуняюць,
у пакутах на простай мове ільвоў,
і калі існаваў я
паміж дзвюма цаглянымі сценамі,
сам ачуняю, нараджаецца ўсмешка на вуснах.

***
А калі пасля гэтулькі словаў
не выжыве слова?
А калі пасля крылаў птушыных
не выжыве птушка сама?
Лепей, нарэшце, было б,
каб з’елі ўсё — і на тым!
Трэба ж яно нарадзіцца,
каб жыць на пазыку ў смерці!
На зямлю ўздымацца з нябёсаў
паражэннямі ўласнымі
і момант чакаць, каб ценем змрок пагасіць!
Лепей, кажучы шчыра, было б,
каб з’елі ўсё — розніцы тае!
А калі сканаем пасля доўгай гісторыі,
не ад вечнасці,
ад рэчаў простых — варункаў,
як дома сядзець ці задумацца!
А як потым уцямім
невядома з чаго,
як вышыня падказвае,
каб мець грабянец і пляму ў насоўцы?
Лепей, напраўду, было б,
каб з’елі ўсё, зразумела!
Кажуць, што вока
нашае — поўнае ад тугі,
і вока другое — поўнае ад тугі,
і абодва, калі зірнеш, тугою змяркаюцца...
Тады... зразумела... Тады... Ні слова!

КОЛА ГОЛАДУ
Я выходжу з уласных зубоў, як пара,
і што голасу маю крычу,
а вопратка, быццам з чужога пляча...
страўнік пусты і за страўнікам пуста,
галеча мяне выцягвае праз уласныя зубы,
чапляецца ў рукавах кашулі.
Цяпер ці няма для мяне
камяня, каб прысесці?
Хоць бы таго,
аб які спатыкнулася спарадзіха,
ці не для мяне цяпер
прычына, матыў, карэнне?
Ці не жывуць ува мне?
Хоць бы іншы камень,
што ўпотайкі прайшоў праз маю душу!
Хоць бы
кепскі які (о акіяне сціплы!)
ці непрыдатны, каб у чалавека кінуць,
хоць пашчэрблены, самотны ды аблачынны,
хай маім каменем будзе!
Хоць бы крывы, што адгукаецца ледзьве
пад крокам сумлення просталінейнага,
ці той, з годнасцю кінуты доле,
які міжволі спадае
па законах унутраных існай прафесіі,
яго мне аддайце!
Ці няма цяпер для мяне хлеба скарынкі?
Ніколі не буду, кім быў заўсягды я,
але дайце
камень, каб прысесці,
але дайце,
калі ласка, хлеба скарынку, каб прысесці,
але дайце,
на роднай мове
кажу, нарэшце, папіць, паесці, пажыць і паспаць,
а потым пайду...
Знаходжу дзівосную форму, да дзірак падраная
і карэлая кашуля мая,
ужо ж анічога не маю, як да бяды.

***
Бяжыць, часціць, уцякае
ад ног сваіх...
Ідзе з дзвюма аблачынкамі ў сваёй аблачыне,
сядзіць апокрыф, да ягонай рукі прыліплі
ягоныя сумныя дзеі ў жалобе тады!
Бяжыць адусюль, ідзе,
чуючы выцвілыя пратэсты, бяжыць
угору, збягае
з гары, уцякае
крокамі шайтана,
уздымаючы зло ў руках,
уцякае
наўпрасцяк, каб на самоце заплакаць.
Куды б ні йшоў,
усб далей ад пагрознага тупату ног,
ад паветра, ад вандравання,
уцякаючы, каб уцячы
ад ног сваіх, як чалавек, што прыстоіў,
прыстаў ад беганіны і зноў бегчы прагне.
I каб дрэва, калі жалеза ў золата ператварае!
I каб жалеза, калі пакрывае лістоту!
Адно толькі ногі,
адно што імгненныя дрыжыкі
і іхнія дзеі жывыя, жывыя тады...

***
Любіць душа і не любіць свой колер,
плачучы на сцежках яе нясцешна,
імкнуся да шчасця, засланяю вочы,
ўспамінаю, пішу, на шчасце выціраю слязіну.
Чырвань любіць і зло і дабро,
пачырванелае ад узнятай сякеры,
ад крыла, што ледзь скача і пад нагамі
блытаецца, чаго чалавек не любіць,
пачуццёва не любіць, спаць легчы не хоча
душой, адчуваючы пульс на скронях
двухрукі, бязглузды філосаф.
Я амаль не існую, падаю ніцма
ад плуга, якім ратую душу я
і адносна няйнакш узвышаюся.
Бо ведаць, чаму жыццё сабачае,
чаму плачу я, чаму,
густабровы, ды няўмелы, ды пераборлівы,
я нарадзіўся ў крыках;
бо ведаць, кеміць пад рытм мудрых літараў —
гэта ў пакутах жыць ад няўдзячнасці.
Ды не, не і не! Які зман пачуццяў!
У маркоце, так, з жорсткім імпэтам,
ад якой сэрца звярэе ў сумненнях
перад небам і птушкамі
у маркоце, так, да глыбіні.
У барацьбе між двух плачоў,
што выкрадаюць адзіны лёс,
о шлях без болю, па якім пакутую
ад сляпое хуткасці.

***
Сястра зайздросціць, мне зябка ў спёку,
каб нас пачулі!
Ільвы мой ліжуць цень далёка,
маё імя грызе палёўка,
душа матуля!
Кума Распуста, краем прорвы
іду я смела!
Свой голас уздымае вусень,
і голас гэты чуюць вусны,
мой бацька, цела!
Унучка Галубка, мілосць, ты
мне снішся ў гуле!
Стаў на калені жах мой глуха,
а ў думках толькі тчэцца скруха,
душа матуля!
Аж покуль жонка Дамавіна
асірацела
жалезам зазвініць з дакукі
пад рытм тае, што спіць, гадзюкі,
мой бацька, цела!

***
Не воку — акулярам давяраю
і лесвіцы, а сходцам — аніколі,
крылу, а не птушынаму намеру,
адно табе, адно табе я веру.
Не злодзею, а злосці давяраю,
кілішку давяраю — не лікеру,
нябожчыку, але не чалавеку,
адно табе, адно табе я веру.
Шмат іншым давяраю, ды нікому,
і рэчышчу, а плыні — аніколі,
штанам, а не нагам я давяраю,
адно табе, адно табе я веру.
Акну, а не дзвярам я давяраю,
не поўням дзевяці, а толькі маці,
не костачцы гулецкае, а долі,
адно табе, адно табе — і мне даволі.

НЯЎДАЛЫ КРОК МІЖ ДЗВЮМА ЗОРКАМІ
Люд так абяздолеў, што нават
цела не мае: аж з валасоў
валіцца толькі сум геніяльны,
неяк згары,
люду зуб забыцця баліць,
люд быццам сам з паветра, з уздыхаў нячутных,
з прыцмоквання гучнага языком!
Скуру сваю пакідаюць, чэшуць той
саркафаг, у якім нарадзіліся,
і да смерці ўздымаюцца час па часе,
каб доле падаць уздоўж зледзянелых літар.
О, колькі лёсаў і гэтак мала,
а з іх жа — люд!
У пакоі я ўсчапіў акуляры і слухаю іхнія галасы!
I пакутую, як ледзьве купляюць апратку
танную на пусты, збалелы страўнік!
Багаславёныя вушы халодныя
і асобы, што трошкі прыселі,
і незнаёмы з ягонай жонкаю,
і бліжак з манжэтамі, каўнерыкам ды вачыма!
Багаславёныя і вашапруды,
і тыя, хто пад дажджом у чаравіках падзёртых,
хто сядзіць ля нябожчыка бохана
з дзвюма сярнічкамі,
каму дзверы ўшчэнт зашчамілі палец,
хто імянін не мае,
хто цень свой згубіў на пажары,
хто як жывёліна ці да папугая падобны,
хто да чалавека палобны, бедны багач
ды бедны бядняк, жабрак апошні!
Багаславёныя,
хто адчувае голад і смагу,
ды голад смагу прагнаць не дае
і смага — голад!
Багаславёныя, хто працуе дзень,
месяц альбо гадзіну,
хто пацее ад бяды ці ад сораму,
хто ідзе, бо просяцца рукі, ў кіно,
хто шіоціць тым, чаго не мае,
хто спіць на спіне,
хто помніць маленства, багаславёны
хай будзе лысы без капелюха,
без дзідаў праведнік,
без ружаў злодзей,
хто мае гадзіннік, хто Бога бачыў,
хто з годнасцю ды не памірае!
Багаславёныя дзіця, якое падае і плача яшчэ,
і чалавек, які паў і ўжо не плача!
О, колькі лёсаў, і гэтак мала,
а з іх жа — люд!

РАЗВІТВАЮСЯ, ПРЫГАДВАЮЧЫ КОЛІШНЯЕ БЫВАЙ
Нарэшце, пад канчыну, ў рэшце рэшт,
вяртаюся, вярнуўся, аддаю я
ключ, капялюш ды ліст маленькі ўсім.
А ключ з таго металу, што нядаўна
быў золатам, на дне капелюша
мой бедны мозг нядбала прычасаны,
і шклянкай дыму ў драматычнай ролі
ляжыць душы практычнае памкненне.
Бывайце, ўсе браты святыя пётры,
эразмы, геракліты і спінозы!
Сум бальшавіцкіх біскупаў, пакуль!
Да часу, губернатары бязладдзя!
Бывай, віно ці як віно вада!
Бывай, і алкаголь майго дажджу!
Кажу бывай і я сабе самому,
бывай, палёт фальшывы і бязважкі!
Бывай таксама, ну а як іначай,
і холад холаду, і стыль цяпла!
Нарэшце, логіка, бывай, і сцежкі
ад полымя гарачыя, развітваюся,
прыгадваючы колішняе бывай.

КНІГА ПРЫРОДЫ
Прафесар уздыху, — сказаў я дрэву, —
істота іртутная, ліпа
гаманлівая на беразе Марны, добры вучань
чытае ў карце тваёй у лістападзе,
між існай вадою ды сонцам штучным,
тройку тваю чырвовую, твой копасавы[32] валет.
Правадыр ордэна нябёсаў,
а таксама гарачых мух
і прыручанага спакою аслоў,
правадыр глыбокага невуцтва, вучань благі
чытае ў карце тваёй у лістападзе
голад розуму да шаленства
і смагу раз’юшаную, ад якое шалее.
Тэхнік крыкаў, дрэва свядомае, моцнае,
рачное, раздвоенае, сонечнае да фанатызму,
знаўца ружы вятроў, што да крыві ўвайшоў
у дзіды свае, вучань
чытае ў карце тваёй у лістападзе
зямнога, вулканічнага,
маладога з пікаю караля.
О прафесар, які шмат чаго не ведае!
О правадыр, які ў паветры дрыжыць!
О тэхнік, які адбівае паклоны!
О ліпа! О дрэва гаманлівае на беразе Марны!

***
Гнеў дзеліць чалавека на чародкі
дзяцей, дзіця — ў чародку птушак з гаю,
а птушачку — ў яечкі, не кароткі
гнеў бедаковы,
ён супраць воцату алей свой мае.
Гнеў дрэва дзеліць на лісцё густое,
ліст — на бутоны, дзе хавае нораў,
бутон — на шчыліны, дзе ўсмешкі тоіць,
гнеў бедаковы
супроць дзвюх рэчак мае мноства мораў.
Гнеў дабрыню ўсю дзеліць на сумненні,
сумненні — на тры аркі, арку тую —
на нечаканыя магілкі, цені,
гнеў бедаковы
супроць нажоў двух мае сталь крутую.
Гнеў дзеліць вечніцу-душу на цела,
а цела ўсё — на органы без краю,
на восем думак дзеліць орган смела,
гнеў бедаковы
супроць двух кратараў агнішча мае.

***
А нехта на плячы праносіць бохан.
Пра двайніка майго пісацьме потым?
А нехта чэшацца, вош з-пад рукі бярэ і забівае.
Ці хопіць мужнасці псіхааналізам заняцца?
Той у руцэ з дубінкаю ў душу ўваходзіць.
Ці пра Сакрата потым доктару казаць?
I за руку дзіця кульгавага вядзе.
Ці потым сяду пачытаць Андрэ Брэтона?
А хтось ад холаду дрыжыць, крывёю харкае.
Ці Я глыбокае згадаць хоць раз магчыма?
Шукае косці той, у смецці шалупінне.
Ці мне пасля развешваць метафары і тропы?
Гандляр на грам абважвае пакупніка.
Ці потым думаць аб чацвёртым вымярэнні?
Банкір баланс употай падрабляе.
З якім жа тварам плакаць у тэатры?
Спіць парый, грабануўшы касу.
Ці потым расцякацца пра Пікаса?
А нехта йдзе з плачом на пахаванне.
А як жа ў Акадэмію ўступіць пасля?
А той на кухні чысціць стрэльбу.
Ці след жа гаварыць пра той свет?
А гэны йдзе, на пальцах лічыць.
Ці мне казаць абы казаць, а ці крычаць?

З кнігі “Іспанія, адвядзі ад мяне чару гэтую” 1939 (1936—1937)

Y
ІСПАНСКІ ВОБРАЗ СМЕРЦІ
Вунь ідзе! Пагукайма! Гэта профіль яе!
Па Іруну праходзіць смерць
крокам гармоніка, словам грубым,
метрам тканіны, якую ведаю,
грамам вагі, пра якую маўчу... Так, імі ідзе!
Пагукайма яе! Ды хутка!
Яна ў стрэльбах шукае мяне,
бо добра ведае, дзе я перамагаю,
ведае, што за мае вялікія хітрыкі,
маіх законаў густых, маіх страшных кодэксаў.
Пагукайма яе! Яна тупае, як чалавек між звяроў,
трымаецца за руку, што звязвае нашыя ногі,
калі засынаем на парапетах
і стаіць смерць каля гнуткіх дзвярэй сну.
Крыкнула! Крыкнула!
Выгукнула прачула выразны крык!
Можа, лямант ад сораму,
бо звалілася між раслін,
убачыла, што звяр’ё адыходзіць,
пачула, як мы кажам:
                                  гэта смерць!
Ці параніла нашыя памкненні вялікія.
(Бо печань яе робіць кроплю, пра якую казаў,
бо выгрызае душу суседу майму.)
Пагукайма яе! Трэба за ёю ісці
ажно да варожых танкаў,
бо смерць істотай сваёй змушае,
пачатак яе і канец адбіліся
ў галавах маіх летуценняў,
хоць яна рызыкуе звычайна,
як ведама табе,
і робіць выгляд, нібыта мы незнаёмыя.
Пагукайма яе! Ды смерць не істота гвалтоўная,
а толькі, ледзь выпадзе,
хутчэй па звычцы страляе, атакуючы,
наўздагад, у натоўп, смела, без псалмаў шчасця.
страляе хутчэй у адважны час, у манетку няпэўную
глухое вартасці, у воплескі дэспата.
Пагукайма яе, бо хто пагукае яе з імпэтам,
той дапаможа сагнуць яе ў тры пагібелі,
як яе часам гукаю,
калі баляць глабальныя патаемнасці,
калі часам сябе абмацваю ды не адчуваю сябе.
Пагукайма яе! Ды хутка! Яна шукае мяне
сваім каньяком, сваімі сківіцамі,
крокам гармоніка, словам грубым.
Пагукайма яе! Нельга нітку згубіць,
на якой плачу я.
Ад яе пах угору мой пыл, сябры!
Ад яе гной угору раны маёй, лейтэнант!
Ад яе магній згары, мая дамавіна!

ІХ
ІМША ПА ГЕРОЮ РЭСПУБЛІКІ
Кніга засталася ля цела,
кніга ўзрастала з нябожчыка.
I панеслі яго,
і адчулі ў роце дыханне ягонае,
мы ішлі, потныя ад баёў,
а за намі поўні ішлі,
і пот на ім не высах яшчэ.
I кніга на бітве пры Таледа,
кніга ззаду,
зверху ўзрастала з нябожчыка.
О паэзія ссінелага твару
між гаворкаю і нематою,
паэзія ў пісьме, што адыходзіць
з сэрцам ягоным разам!
Засталася кніга, дый годзе, нават няма
чарвякоў у магілцы
і ў краі паветра вільготнага
ён ужо бясконцасць эфірная.
Ледзьве дайшлі мы, потныя ад баёў,
і нябожчык таксама пацеў ад адчаю,
і раптоўна кніга кранула мяне,
кніга, якая ўздымалася,
узрастала з нябожчыка ў цішыні.

ХІІ
ЖАЛОБНЫЯ БАРАБАНЫ НАД РУІНАМІ ДУРАНГІ[33]
Ойча пыл, узняты над Іспаніяй,
Бог цябе ратуй, дасі свабоду,
ойча пыл, з душы ты ўзняты зраненай.
Ойча пыл, узняты з пашчы полымя,
Бог цябе ратуй ды трон дасі ты,
ойча пыл, плыві з нябёс над доламі.
Ойча пыл, ты горкі праўнук дыму,
Бог цябе ратуй, акрый радзіму,
ойча пыл, ты горкі праўнук дыму.
Ойча пыл, чым праведнікі скончылі,
Бог цябе ратуй, зямля як вотчына,
ойча пыл, чым праведнікі скончылі.
Ойча пыл, расцеш на пальмах млявы,
Бог цябе ратуй, суддзёю станеш,
ойча пыл, жах пусткі і расправы.
Ойча пыл, з жалезам недалёкі,
Бог цябе ратуй, стань чалавекам,
ойча пыл, агнем гартуеш крокі.
Ойча пыл, у парыі сандалі.
Бог цябе ратуй, ты не развяжаш,
ойча пыл, у парыі сандалі.
Ойча пыл, што босы барбар катаваў,
Бог цябе ратуй, як ты з багамі,
ойча пыл, ты і ахоўца атамаў.
Ойча пыл, народа плашчаніца,
Бог цябе ратуй ад зла заўсёды,
ойча пыл іспанскі, падай ніца.
Ойча пыл, ідзеш у дзень наступны,
хай жа крылы дасць табе Заступнік,
ойча пыл, ідзеш у дзень наступны.

XY
ІСПАНІЯ, АДВЯДЗІ АД МЯНЕ ЧАРУ ГЭТУЮ
Дзеці свету,
калі падзе Іспанія, —
не пры вас будзе сказана —
калі падзе
з неба ніцма, рука яе, што трымае
дзве карты зямлі,
дзеці, якога ўзросту будуць нашыя скроні!
Як рана да сонца дайшоў мой голас!
Як хутка ў вашых грудзях зашумела старасць!
Як астарэла двойка ў вашых сшытках!
Дзеці свету,
маці Іспанія лічыць час,
як настаўніца, трымае ў руках ферулу,
маці і настаўніца,
крык да дрэва, што надало вышыню,
галавакружэнне і арыфметычныя дзеянні, дзеці,
і з ею мы, быццам бацькі на працэсе!
Калі падзе, — не пры вас будзе сказана, —
Іспанія з долу ніцма,
дзеці, як вы перастаяцё расці!
Як нагаворыць год за месяц!
Як пустэчу жваць будуць зубы,
дыфтонгі драўлянымі стануць,
медалі — плачом!
Як, нібы авечкі,
застанецеся навязанымі да чарніліцы!
Як спусціцеся сходцамі ад пісьменства
да літары, якая нарадзіла гора!
Дзеці,
сыны ваяроў, між іншым,
цішэй гаварыце, бо цяпер Іспанія дзеліць
энергію сярод жывёльнага свету
і красак, сярод людзей і каметаў.
Цішэй дыхайце,
бо пры вялікай суровасці,
не ведаючы, што рабіць, мо трымае ў руцэ
чэрап і гаворыць, гаворыць, гаворыць,
чэрап той трымае з касою,
чэрап той, які ад жыцця.
Цішэйце, кажу
голасу, спеву складоў і плачу
матэрыі і дробнаму пошапту пірамідаў,
нават акамянелым скроням!
Цішэй дыхайце, і калі
рука апусціцца,
адгукнуцца ферулы і прыйдзе ноч,
а на небе месцяцца два німбы зямлі,
калі шум дзвярэй адгукаецца,
калі спазніўся я
і вы нікога не бачыце, а вас шукаюць
алоўкі незаструганыя, калі маці Іспанія
падзе, —
не пры вас будзе сказана, —
дзеці свету, выходзьма, шукайма яе!..

Заўвагі

1

Гесперыды — у грэчаскай міфалогіі дочкі Атланта, якія жылі ў казачным садзе, дзе расла яблыня з залатымі пладамі. Выкраданне яблык, якія ахоўваў стогаловы дракон, адзін з подзвігаў Геракла.

(обратно)

2

Ланжынас — грэчаскі рытор (213?—273).

(обратно)

3

Чыча — самаробная кукурузная гарэлка.

(обратно)

4

Мама — тут Мама Оклё, дачка Сонца, сястра і жонка Манка-Капак, паводле інкаўскай міфалогіі.

(обратно)

5

Манка-Капак — паводле легенды, заснавальнік Інкаўскай імперыі, сталіцы Куска і дынастыі інкаў (XII ст.).

(обратно)

6

Курака (у Перу, Аргенціне, Чылі) — індзейскі правадыр.

(обратно)

7

Гуака, ці Уака — могілкі старажытных індзенцаў, курган.

(обратно)

8

Эбен — чорнае дрэва.

(обратно)

9

Тамарында — тут народная песня.

(обратно)

10

Мантылля — вялізная наплечная іспанская хустка.

(обратно)

11

Рэгент — кіраўнік царкоўнага хору.

(обратно)

12

Яраві — індзейская любоўная песня.

(обратно)

13

Паяда — імправізаваны народны спеў пад акампанемент гітары. Звычайна двое спевакоў спаборнічаюць у майстэрстве, глыбіні і прыгажосці вобразаў, думкі каля вогнішча, сам-насам або прылюдна.

(обратно)

14

...волас кідае ссівелы... — ідыёма. Плюе на ўсе, кідае тое, ад чаго волас ссівеў, і весяліцца.

(обратно)

15

Таянга — месца ў Перу.

(обратно)

16

Уайна — індзейскія скокі.

(обратно)

17

Кондар — вялікая драпежная птушка сямейства амерыканскіх грыфаў. У народнай сімволіцы звязваецца з прагай да волі.

(обратно)

18

Лазар — брат Марты і Марыі Магдалены, уваскрэшаны Хрыстом.

(обратно)

19

Курыканча — глінабітная ці каменная хата інкаў з саламяным, колеру золата дахам (куры на мове інкаў — золата).

(обратно)

20

Кена — індзейская жалейка.

(обратно)

21

Капулі — расліна з сямейства ружакветных, плады салодкія, вінаградападобныя.

(обратно)

22

...дрэва майскае... — якое юнакі і дзяўчаты ўпрыгожваюць, каб уладкаваць скокі і гулянні вокал.

(обратно)

23

Агапе — міласэрны пачастунак сярод першых хрысціян.

(обратно)

24

Дарыё, Рубэн (сапраўднае імя Фелікс Рубэн Гарсія Сарм’ента) (1867—1916) — нікарагуанскі паэт, заснавальнік лацінаамерыканскага мадэрнізму.

(обратно)

25

Алафэрн — генерал Набукаданасора, якога Юдзіф забіла, пакуль той спаў.

(обратно)

26

Асірыс — у старажытнаегіпецкай міфалогіі бог прыроды, які памірае і ўваскрасае, а таксама заступнік і суддзя нябожчыкаў.

(обратно)

27

Сарданапал — легендарны персанаж, якога класічная традыцыя лічыць каралём Асірыі. Прататып распутнага і распешчанага прынца.

(обратно)

28

Понча — самаробная індзейская апратка з воўны ў форме квадрата, якая мае прарэз усярэдзіне па дыяганалі. Апранаецца праз голаў.

(обратно)

29

Пака-пака — індзейская цягучая песня.

(обратно)

30

Маtег Dolогоза (лац.) — маці ў скрусе.

(обратно)

31

Раё — тут мянушка. Па-беларуску — Пярун.

(обратно)

32

Копас — масць у іспанскай калодзе (фігура валета на кані).

(обратно)

33

Дуранга — бакскі горад, зруйнаваны ўшчэнт нямецкімі самалетамі 31 сакавіка 1937 года.

(обратно)

Оглавление

  • СЭСАР ВАЛЬЕХА ЧОРНЬІЯ ГЕРАЛЬДЬІ
  • ЗАГАДКАВЫ ВАЛЬЕХА
  • З кнігі “Чорныя геральды” (1915—1919)
  • Чорныя геральды
  • Спрытныя выступы
  • Радкі-вадалазы
  • З зямлі
  • Імперскія настальгіі
  • Перуны
  • Песні з роднае хаты
  • З кнігі “Асалода” 1922 (1919—1922)
  • З кнігі “Гуманныя вершы” 1939 (1923—1937)
  • З кнігі “Іспанія, адвядзі ад мяне чару гэтую” 1939 (1936—1937)
  • *** Примечания ***