Выбраная проза [Іван Бунін] (fb2) читать постранично, страница - 5


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

вечар між пахмурных нізкіх хмар прабівалася на захадзе трапяткое залацістае святло нізкага сонца; паветра рабілася чыстае і яснае, а сонечнае святло да слепкасці блішчала паміж лістоты, паміж галля, якое жывою сеткаю хадзіла і хвалявалася ад ветру. Холадна і ярка ззяла на поўначы над цяжкімі свінцовымі хмарамі рэдкае блакітнае неба, а з-за гэтых хмар павольна выплывалі хрыбты снегавых гор-воблакаў. Стаіш каля акна і думаеш: «Ану ж бог дасць, распагодзіцца». Але вецер не пераставаў. Ён калаціў сад, рваў касмыль дыму, што бесперастанку бег з коміна чалядні, і зноў наганяў злавесныя касмылі попельных воблакаў. Яны беглі нізка і шпарка — і хутка, як дым, затуманьвалі сонца. Патухаў яго бляск, закрывалася акенца ў блакітнае неба, а ў садзе рабілася пустэльна і сумна, і зноў пачынаў імжыць дождж... перш ціха, асцярожна, пасля ўсё гусцей і, нарэшце, ператвараўся ў лівень з бураю і цемраю. Наставала доўгая, трывожная ноч...

З такой калатнечы сад выходзіў бадай што зусім голы, засыпаны мокрым лісцем, і нейкі прыцішаны, прысмірнелы. Але затое да чаго прыгожы ён быў, калі зноў наставала ясная пагода, празрыстыя і халодныя дні пачатку кастрычніка, развітальнае свята восені! Непаападаныя лісты цяпер будуць вісець на дрэвах ужо да першых зазімкаў. Чорны сад будзе прасвечваць на халодным блакітным небе і пакорліва чакаць зімы, прыграваючыся ў сонечным бляску. А поле ўжо рэзка чарнее ўзаранай зямлёю і ярка зелянее закучараўленай азімінаю... Пара на паляванне!

І от я бачу сябе ў маёнтку Арсеня Сямёнавіча, у вялікім доме, у зале, поўнай сонца і дыму ад люлек і папярос. Народу многа, — усе людзі загарэлыя, з абветранымі тварамі, у паддзёўках і ў высокіх ботах. Толькі што вельмі добра паабедалі, расчырванеліся і ўзбуджаны шумлівай размовай пра паляванне, але не забываюцца дапіваць гарэлку і пасля абеду. А на дварэ трубіць рог і завываюць на розныя галасы сабакі. Чорны хорт, улюбёнец Арсеня Сямёнавіча, узлазіць на стол і пачынае зжыраць з талеркі рэшткі зайца пад соўсам. Але раптам ён страшэнна вішчыць і, перакульваючы талеркі і чаркі, зрываецца са стала: Арсень Сямёнавіч, выйшаўшы з кабінета з бізуном і з рэвальверам, нечакана аглушае залу стрэлам. Зала яшчэ больш напаўняецца дымам, а Арсень Сямёнавіч стаіць і смяецца.

— Шкада, што прамахнуўся! — кажа ён, гулліва смеючыся вачыма.

Ён высокі ростам, хударлявы, але шыракаплечы і стройны, а з твару — красун-цыган. Вочы ў яго блішчаць дзіка, ён вельмі спрытны, у шаўковай малінавай кашулі, у аксамітных нагавіцах і ў высокіх ботах. Напалохаўшы і сабаку, і гасцей стрэлам, ён жартаўліва-важна дэкламуе барытонам:

Пара, пара сядлаць нам жвавага данца
І звонкі рог за плечы перакінуць! —
і голасна кажа:

— Ну, аднак, не будзем траціць залатога часу!

Я цяпер яшчэ адчуваю, як прагавіта і лёгка дыхалі маладыя грудзі холадам яснага і сырога дня пад вечар, калі, бывала, едзеш з шумлівым кагалам Арсеня Сямёнавіча, узбуджаны музыкальным лямантам сабак, пушчаных у чарналессе, у які-небудзь Чырвоны Бугор або ў Грымучы Востраў, які ўжо адной сваёй назвай хвалюе паляўнічага. Едзеш на сярдзітым, ладным і прыземістым кіргізе, моцна стрымліваючы яго павадамі, і адчуваеш сябе злітым з ім бадай што ў адно. Ён пырхае, просіцца на рысь, гучна шамаціць капытамі па глыбокіх і лёгкіх дыванах чорнай асыпанай лістоты, і кожны гук гулка разлягаецца ў пустым, сырым і свежым лесе. Гаўкнуў недзе далёка сабака, яму захлёбіста і жаласліва адказаў другі, трэці — і раптам увесь лес зазвінеў, нібы ён увесь шкляны, ад бурнага брэху і крыку. Моцна грукнуў сярод гэтага тлуму стрэл — і ўсё «заварылася» і пакацілася кудысьці ўдалеч.

— Гані-і! — загаласіў нехта адчайным голасам на ўвесь лес.

«А — ані!» — аддаецца ў галаве п'янючая нецярплівасць. Нокнеш на каня і, як апантаны, памчышся па лесе, ужо нічога не разбіраючы па дарозе. Толькі дрэвы мільгаюць перад вачыма ды лепіць у твар гразёю з-пад конскіх капытоў. Выскачыш з лесу, убачыш на зеляніне стракатую, расцягнутую па зямлі ганню сабак і яшчэ больш наддасі кіргіза напярэсцігі зверу, — па руні, па ворыве і жытнішчы, пакуль, нарэшце, не перакінешся ў другі востраў і не знікне з воч гання разам са сваім шалёным брэхам і стогнам. Тады ўвесь мокры і, калоцячыся ад напружання, асадзіш успененага, у хрыпоце каня і прагавіта глытаеш ледзяную сырасць лясной даліны. Удалечы заміраюць крыкі паляўнічых і брэх сабак, а навокал цябе — мёртвая цішыня. Напалову аголены гонкі лес стаіць нерухома, і здаецца, што ты трапіў у нейкія запаветныя палацы. Моцна пахне ад нізін грыбной сырасцю, перагноеным лісцем і мокрай карою. І сырасць ад нізін чуваць усё больш і больш, у лесе халаднее і цямнее... Пара на начлег. Але сабраць сабак пасля палявання цяжка. Доўга і безнадзейна трубяць рагі ў лесе, доўга чуецца крык, лямант і віск сабак... Нарэшце, ужо зусім у цемры, увальваецца чарада паляўнічых у маёнтак якога-небудзь бадай што незнаёмага халасцяка-пана і