Лета трывожных дажджоў [Васіль Зуёнак] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Васіль Зуёнак ЛЕТА ТРЫВОЖНЫХ ДАЖДЖОЎ


Падрыхтаванае на падставе: Васіль Зуёнак, Лета трывожных дажджоў: Вершы, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. — 158 с.

ISBN 5-340-00465-1


Рэдактар: Р. М. Яўсееў

Copyright © 2015 by Kamunikat.org


* * *
Два ўзгоркі вёсачка мая
Галоўнейшым і лічыць:
Пагост магільны і маяк —
Прыцэл картаграфічны.
Стаяць упоручкі яны:
Адзін — прагрэсу база,
Другі — як сведка даўніны,
Загадка без адказу.
Як запытальнікі стаяць:
Парогаў невядомых
І адкрыцця... Не раз'яднаць,
Не зблізіць іх нікому...
Дзве кропкі побач. З вышыні
Іх сціплай — па паўсвету
Відно. Адно не праміні
Сцяжынку ў жыце светлым.
Яна выводзіць, нібы лёс,
Ці, як жыццё,— на грэбень,
Адкуль зямлі пакутны плёс
Цячэ-ліецца ў неба...
І бачыш сэнс усіх дарог,
Усіх удач нязбытных:
Яго данёс, яго збярог
Вось гэты колас жытні...
Стаіш у поля на віду,
A ўзбоч — крыжы, як люстры
Ці не пускаюць, ці ідуць
З абдымкамі насустрач?..
* * *
Не знаю, якою адводзіць рукой
Землетрасенні гневу:
Ці ўспомніш падставіцца правай шчакой,
Калі нехта ўрэжа па левай?..
На меч разбойны — праведны меч
Расплата рашуча ўзнімае.
Taго ж, хто з бою ўцякае прэч,
Судзіць пагарда нямая.
З якіх патаемных віруюць глыбінь
Крывавых памкненняў загады,
Адкуль імгненні, калі «не убій»
Гучыць, як «чорная здрада»?..
І распірае адпомсткі гром,—
Здаецца, што неба трэсне...
А творыцца ўсё ж дабро дабром,
І песню прыводзіць песня.
* * *
Ці прашэпча космасам жыта,
Ці пагост небыццём дыхне,—
Колькі ix — невядомых, забытых
Як у нейкім бясконцым сне...
I толькі даты трымаем на ўліку,
Выстаўляючы праз вякі —
Гісторыяй зношаныя чаравікі,
Чалавецтва чарнавікі.
ЧАС
Спяшаўся я і не спыняў нідзе
Хады сваёй ля ростаняў сустрэчных,
А час — ужо з наступных дзён глядзеў
Час абганяў — зацята, бессардэчна.
Я думаў, што вось-вось перамагу —
Адзін — у гэтай звар'яцелай гонцы
І на нябесным напішу сцягу:
«Спыніся, пераможанае сонца!
Спыніся ў паядынку, грозны час!..»
Ды ён не чуў ні просьбаў, ні загадаў.
І слухаць не хацеў... Палын-гарчак
Замест усмешкі мне на вусны падаў...
Ішоў ці бег я — вынік быў адзін:
Ні спрынту час не знаў, ні марафонаў,
Як хлапчука, мяне за нос вадзіў,
Парушыўшы людскія ўсе законы.
І я міжволі хітраваць пачаў:
То з пастухом перакуру дыцарку,
То з трактарыстам сяду за рычаг,
То да касцоў звярну з дарогі шпаркай..
Мне люба тут і вольна між людзей,
Ды і да працы я, сказаць, не зломак...
Гляджу — і ён да нас у гурт ідзе —
Мой час. І я смяюся пакрыёма.
То з буслам пралячу на віражы,
То з валуном памрою заімшэлым...
Гляджу — а час надозіркі бяжыць,
Як быццам і яму што закарцела.
Прытрэцца ля мяне — i з-за пляча,
Як іншапланецянін, пазірае...
Вось гэтак, браце мой,— спаймаўся, час!..
А зараз — i ў абгонкі пагуляем.
АСЕННІ МАТЫЎ
Бяжыць зямля з-пад лемяшоў,
Як стружка з дошак дамавінных,—
Памерці зернейка павінна,
Каб новы парастак прыйшоў,
Каб новы колас красаваў,
Каб сонцам заўтрашнім наліўся,—
Сядзіць на ўзмежку — смерці высеў
Мяшок, як мудрая сава...
АБ'ЯВА
Перакупшчыкі-старызнікі,
Аддаю свае гады —
Задарма, з адзінай рызыкай:
Зноў бы вырвацца туды,
Дзе ні рыфмаў, ні паседжанняў,
Дзе ні рыфаў, ні віроў,
Ні вымоў, ні папярэджанняў,
Ні прамоў на «будзь здароў!»,
Дзе суседкаю-сквалыгаю
Не спайманы ў агурках,
Па аблоках, як па выгане,
Ходзіць хлопчык на руках...
* * *
Так наступаюць гарады
З жалезным подыхам і віскам:
Стаяць здзічэлыя сады
На Ляхаўцы, у цэнтры Мінска.
Іх зацвітання па вясне
Даўно ніхто не выглядае.
Стаіць — мелодыяй Маснэ —
Бярозак пара маладая.
Ці закаханы пасадзіў,
Ці хто вяселле так адзначыў,
Ці хто двайнятак нарадзіў...
Цяпер тут выгулак сабачы —
Пустыр між дымных камяніц,
Дзе робіць лукавіну Свіслач...
Вынюхвае па сёння шпіц
Падскварак дух, што тут завіснуў...
І ўспамінаюць снегіры
Расказ дзядоў чырванагрудых,
Як іх кармілі на двары,—
Успамінаюць, нібы дуда...
А лукавіну, як пятлю
Пад'ёмны кран ужо гайдае...
Я вас не ўцешу, хоць люблю,
Бярозак пара маладая...
* * *
Гадзіннікі не цікаюць —
Гадзіннікі ўцякаюць.
І каюцца вялікія,
І трыумфуе Каін.
Хоць інтэграл — не інтрыган
І ў сýму свет збірае,
Ды рассыпаецца курган —
Гісторыя зямная.
І Цыялкоўскі прадказаў:
Зямлю пакінем з часам.
Яна — транзітны наш вакзал
На галактычных трасах.
Бягуць гадзіннікі, бягуць
І тло перасыпаюць.
І ўжо да новых зор нясуць
Наш лёс і нашу памяць...
Стаў матэматыкам паэт,
Паэтам — матэматык...
Ды нехта ж той купіў білет,
І нехта ж вінаваты?..
Бягуць гадзіннікі... Зямля
Нібыта ўжо ў ламбардзе
Закладзена... Ды нам здаля
Не крыкнула ў пагардзе:
«Няўжо вы здрадзіце? Няўжо
Ўсё чалавецтва — Каін?..»
Не вер, Зямля, мы зберажом
Цябе перад вякамі.
Мы парываемся ў Сусвет,
А ён — дамоў вяртае.
Не — Лабачэўскі знаў сакрэт:
Прамая ёсць крывая.
Навошта ж — горкую ад ран —
Мяняць лам хату трэба?
Абмен касмічны той — абман:
Не мае лепшай неба.
* * *
Калісьці ж была і над Талінкай
Вясна. І цвіла, і гула.
І кожная ў лесе прагалінка
Шумела паводкай крыла.
Маленні спраўлялі на чысціках
Глушцы і цецерукі.
Выводзіла пушча плячыстая
На бераг маладнякі...
Дзе тая скакуха-рачулка
З разлівамі лотаці ўсцяж,
Глыбасты на нерасце гулкім
Хрыбет шчупака, нібы краж?
Дзе тыя віры і мачылы
Над восеньскі лён-самапрад?
Якою сплылі аблачынай
Вяснянкі i скокі дзяўчат?
Куды адляцелі крыніцы,
Натхненне чыё берагуць,
І вокам вясёлым брусніцы
Гарэзна каму падмаргнуць?..
Усіх прывяло асушэнне
Да ладу, змагло і ўняло...
Набіць абяцала кішэшо
Дабром, ды і тое сплыло...
Дзе песціўся ветрык-гарэза —
Вятроў віхрагонны алюр.
Пясчаныя лысіны лезуць
З-пад тарфяных шавялюр.
Падаўся глушэц у расстрыгі,
А цецярук свой талмуд
І іншыя мудрыя кнігі
Здаў у «Палессеводбуд».
У СПЁКУ
Чакалі-зачакаліся:
Смыляць нябёсы нізкія,
Ад каліўца да каліўца
Сухмень страляе іскрамі.
Хто і куды скіроўвае
Хмурынкі неспадзеўныя?
Плывуць, як папяровыя,
Інструкцыі залеўныя...
І ўсё ж, нарэшце, хлынула,
Ушпарыла, зацокала!
Бяжыць сухмень палынная,
Ратуючыся ўцёкамі.
Над парыжэлым выганам,
Скапычаным каровамі,
Вясёлка шлангі выгнула
І хмары напампоўвае.
Дажджынкі, як астрожнік, я
Лаўлю, сабе не верачы,
За крэску срэбра кожную
Хапаюся аберучкі.
Смяюся — і хапаюся —
Тапельцам за саломінку.
З дажджом перамаўляюся
Па навальнічным слоўніку.
Ліецца і струменіцца
Вадзіца выратоўная,
П'е выган і аселіца,
Звіняць капытцы поўныя!..
Глыні з таго капыціка,
Як брат Алёнчын некалі
У казцы,— і хоць ныцік ты,
А козлікам замэкаеш!
КАСМІЧНАЯ ВЕСТКА
Пройдзе дождж, магчыма, навальніца —
Абяцае радыёпрагноз,
А пакуль што — пылам шлях дыміцца,
Ліст пажоўклы падае з бяроз.
Перасмягла майскія прысады
Кожнаю галінкай просяць піць,
І ў смузе густой за даляглядам
Поле абяскрылена ляціць...
Хоць бярыся ды спраўляй малебен,
Каб хмурынкі выпрасіць шматок,—
Толькі хто ў пустым пачуе небе,
Хто падасць вады — хаця б глыток?
Клопаты свае, свае арбіты,
Кожны сам сабе і кум і сват,
Кожны — свет, замкнёны і закрыты,—
Што страшней — хаос ці гэты лад?
Кожны на сваіх рахунках з часам,
Кожны сам сабе і міл і люб,—
Халасцяк Сатурн зганяе масу,
Круціць торсам кольцаў халахуп,
Пазірае Марс крывавым вокам,
А Венеры сняцца жаніхі,
Ходзіць ноччу Месяц санцабокі,
Ды і той — халодны і глухі...
Хто ж табе, Зямля мая, паможа,
Адгукнецца хто?..
І раптам — дождж!..
Травы здрыгануліся трывожна,
Як пабеглі дзеці басанож.
Вецер лісце спешна перакульваў,
Каб ні кроплі птушкам не было...
Біліся дажджыны, нібы кулі.
Як ад весткі злой, трымцела шкло...
Хмары не плылі, не ўдарыў звычна
Гром, што быў за Перуна старэй...
І Чарнобыль весткаю касмічнай
Стаў каля расчыненых дзвярэй...
УРОК ПАЎТАРЭННЯ
Зноў лічэбнік... Жывым і мёртвым —
Паўтарэння зададзены ўрок...
Паўтараем: «кожны чацвёрты...»
І — «чацвёрты энергаблок...».
Паўтараем... Настаўнік Чарнобыль
Нагадаў, нібы назнарок:
Той — чацвёрты — ваеннай пробы
І — чацвёрты — энергаблок...
У палях, на лугах, на прысадах —
Нібы водгук на кожны крок —
Рэха чорнай атамнай здрады...
І — чацвёрты энергаблок.
На ўзбалотку гараць журавіны,
Баравік залез на грудок,
А ў вачах — туман з Украіны...
І — чацвёрты энергаблок...
І глядзіць — у чырвоных пражылках
Склератычным тварам лісток,
Што скідае клён на сцяжынку...
І — чацвёрты энергаблок.
Чуюць Хойнікі, чуе Брагін
Жураўліны крык ля аблок:
Ні расінкі — адолець смагу...
І — чацвёрты энергаблок.
Як прадвесце сусветнай пустэчы,
Як Зямлі патушаны зрок,—
Гэты з цёмнымі хатамі вечар...
І — чацвёрты энергаблок...
Крочыць здань на хадулях ракетных...
Просіць свет надзеі глыток...
Б'юць у звон Чарнобыля ветры
І — чацвёрты энэргаблок.
Ён гукае: устаньце, людзі,
Каб адолець ядзерны змрок,
Бо інакш — не жыццё ў нас будзе,
А чацвёрты энергаблок...
ПЯЛЁНКІ НАД БАЛКОНАМ
Сёння райкам прывезлі кагосьці
з радзільнага дома —
Я не чуў яго плачу
І ў твар не пабачыў яшчэ.
Для мяне ён — сусвет неадкрыты,
зусім невядомы.
А ўжо стала нас болей —
і мне весялей м лягчэй.
Добры дзень, чалавек!
Я вітаю цябе, чалавецтва,—
З новым сынам вітаю
ці з новай дачкой.
Снежны вырай пялёнак
на ветры плакатна ірвецца,—
Ажно боязна — быццам малое
над балконам бяжыць галячком.
А пялёнкі — як выстаўка суперсучасная
ў стылі «Малевіч».
Толькі белых квадратаў — не чорных —
узносіцца знак.
Над абстракцыяй атама,
над рэальнасцю чорнай залевы,
Над Чарнобылем —
Ён:
Як жыццё, геніяльны
Мастак.
ЛЕТА ТРЫВОЖНЫХ ДАЖДЖОЎ
Ліпнёвую ноч бліскавіц паясы
Святлом абпраменьваюць рэдкім.
Ігліцай нейтроннай іскрацца лясы,
Чарнобылем пахнуць кветкі.
Сyxoe чаканне трывожных дажджоў
Стаіць на покуці ў лета.
Распяты на ценях касмічных крыжоў,
Бяздомна лячу над планетай.
«Што я нарабіў,— праклінаю сябе,—
Якія бяздонныя сілы
Я выпусціў, покуль бяздумна гарбеў
Над тайнаю, як над магілай...
Вазьміце, вазьміце ўсю тайну маю
За той васілёчак у жыце...
Я сам сябе — сам сябе! — не пазнаю:
Я д'ябал ці бог — адкажыце...»
Ды глуха глытаючы вечнасці шум,
Нямко з электронным блокам,
Як смерць, адзінокі, глядзіць у душу
Гадзіннік трынаццатым вокам...
* * *
Калі трымае маці на руках
Свайго малога, мне здаецца — маці
Трымае чалавецтва, што ў вяках
Жыве, як светлы дух у гэтай хаце.
Калі ўзрывае цішу самалёт,
Ламаючы бар'еры гукавыя,
Здаецца, што з усіх зямных шырот
Глядзяць трывожна ў неба ўсе жывыя.
Калі ён сядзе з грузам дамавін,
І маці зразумее, што ніколі
Не выйдзе з металічнай хаты сын,
І загалосіць: «Мой жа ты саколік...» —
Чым гэты слёзы можна акупіць,
Якім — зямным альбо нябесным — раем?,
Пясок ля ямы ад слязы кіпіць,
Зямля — наскрозь, навылет — прагарае.
РОДНЫ МОЙ КРАЮ...
І страт перажыў і пагарды сцярпеў —
Не ўмесцяць Дняпро і Нарач.
Над бокам — нібыта гісторыі спеў —
Рыпелі турэмныя пары.
То з роднай сялібы нядоля вяла,
То гналі ў Сібір па этапу.
Аб тым, што ты вораг, на ўзлёце крыла
Кляймо выбівалі сатрапы.
На дзюрку апошнюю ты паяснік
Падцягваў вясною нішчымнай.
А над галавою —
дзяржаўнай хлусні
Выбухвалі бурбалкі чынна.
І сын табе ў вочы не раз чужаком
Глядзеў і прылюдна цураўся,
А ты праклясці мог толькі маўчком,
Бо мову язык забываўся.
Як толькі на ніве тваёй каласком
Вякоў выспявала надзея,
На ўздыме, каб шлях ты адольваў паўзком,
Стралялі ў спіну дабрадзеі...
Ды з пылу і тла ты ўзнімаўся ізноў
І дню непражытаму верыў.
І сцежку крывавую пасмы дажджоў
Змывалі на досвітку шэрым.
З душою наросцеж, хапком, напавер
Ты ўзводзіў вышынную хату:
На шыі з пятлёй трыццаць сёмы паверх
Вісеў над падмуркам трыццатым.
«Дзе вашы магілы, бацькі і дзяды?» —
У жвір, як у памяць,— лапата:
Дарог абарваных шукаюць сляды
Нашчадкі твае ў Курапатах.
Няўмольна твой лёс паўтарае віткі,
Ды вочы твае з надзеяй
З-пад хлебаробскай мазольнай рукі
Насустрач сынам паглядзелі.
Ты жыцьмеш, мой краю: не ўсе паляглі
Пад сосны — хто ў крамным, хто ў зрэбным...
Ты выжыць павінен, бо з гэткай зямлі
Ўзнімаюцца зоркі на неба.
ДАЛОНІ
Далоні — рэчышчы траншэяў,
Далоні — баразён цуркі...
Гляджу на вас — і век цішэе,
І мазалі бягуць з рукі:
Інтэлігенты ў пакаленні —
Другім ці трэцім — што ад нас,
Якое возьмеце памкненне,
Які адкрыецца вам час,—
Ці той, што мы клянём,— застойны,
Дзе гераізм, як гераін,—
Прэзідыумны i застольны,
Дзе ўжо не верыць бацьку сын...
Ці век прыдумаеце новы —
3 крутой камп'ютэрнай душой?..
Я веру ў розум адмысловы
І ў спрыт, засведчаны Ляўшой...
Адно прашу — не забівайце
Жывых азёр, крыніц і рэк,
На даланях сваіх чытайце
Аповесць з назвай «Чалавек».
Свой лес чытайце несмяротны
У гэтых лініях жывых,
Пакуль прырода незваротна
На згубу не скрыжуе іх.
Яе катоўнікаў імёны
Я знаю,— рукі бачыў я:
Па локці — у крыві зялёнай.
Ды не крычу: — Віна чыя?!
Бо знаю: і маёй — даволі,
І я не збоку прастаяў
У барацьбе — з табою, поле,
З табою, луг, рака мая...
Ляціць хімічная пагоня,
А я, банкрутны валадар,
Я ўсцешан, як прырода сёння
Ў мае атрутныя далоні
Хавае свой пакутны твар.

КАНВЕЕР...
Справа верша спосабам «калаж»

«Назначаны ці абраны?..»
«Вучоныя ў пашчы кратэра...»
«Адбыўся кангрэс наркаманаў...»
«Забілі меліяратара...»
«Народ не бярэ ні грама...»
«Камп'ютэр — ахвяра логікі...»
«Пайшло не жыццё, а крама:
Чарга і ў загс, і на могілкі...»
Стаю і з ветрам на пару
Перажоўваю тумбу з афішамі,
Смакую навіны... «Каспараў
Абышоў у прэтэнзіях Фішара...»
«Бабруйск — беларускі Гановер,
Ды толькі фартуна не бліснула...»
«Збіраўся ўзарваць Кагановіч
Сабор Васіля Дабраіснага…»
Размаху было аж замнога:
«Байкальская, магістральная»,—
Што ні лозунг — веку дарога,
Што ні грудзі — плошча астральная:
Не падняць аберуч мундзіра...
«Мерзлаты застойныя прáледні…»
«Можа, праўду шукаць у Сібіры,
Дзе шукаў ледзь не кожны праведнік?
«Пашукайце, што побач страчана,—
Ці не лепей паехаць у Лепель?..»
«Перадаць ці прадаць нашу спадчыну?..» —
Гвалт народжаных у кураслепе...
«Лішні клас для роднае мовы...»
І «з народа» вокліч нязгоды:
«Нам было і таго дастаткова...»
«О народ, не дастойны свабоды» —
Гэта кліча тэатр на прэм'еру...
А ў канцы паласы — як падскрэбышы:
Жыццяпіс Дэбюсі, і Дэбіша
Верш да славы грукае ў дзверы...
Шар зямны да вачэй абклеены:
У навінах — як дошка аб'яў.
Словы, словы — нібы з канвеера...
А навокал — вецер гуляў...
Вецер шумеў,
Бо гаварыць не ўмеў...

* * *
У суседнім стагоддзі,
Як у суседняй кватэры,
Нехта замуж выходзіць,
Нехта ломіцца ў дзверы.
Нехта бомбу рыхтуе
Пад залатую карэту...—
Бачу ўсё я і чую,—
Толькі ў кірунку «рэтра».
Ды бунтуе цікаўнасць:
А што пад шыльдай «футурум»?
Да суседа на каву —
Уніз ці на верхатуру?
Як мне з тою кватэрай,
Як жа мне з тым суседам,
Што з невядомай эры
Прыйдзе за намі следам?..
Пуста, глуха, бязлюдна...
Грукаю ў дзверы: «Зямеля!..»
Ні гуку... Спяць непрабудна?
Ці нарадзіцца не ўспелі?
Ці там у бога парада:
Як слана генерыраваць з мухі?
Ці там «сусветны парадак»
Пасля атамнай завірухі?..
* * *
Зоркі неба гайдалі
Тужлівым, няроўным святлом,
Хтосьці клікаў удалеч —
Узляцець над будзённасці тлом.
Я наважваў узняцца,
А думы цяжкія гнялі:
Хочаш чыстым застацца
Над брудам пакутнай зямлі?
Быць святым i шчаслівым
І песню багоў разумець,
Над чарнобыльскай нівай
Анёльскім крылом зіхацець?
Над нікчэмнаю тратай
Умалотнага звону славес,
Над бяссонніцай бюракрата:
Каб ніхто ў яго крэсла не ўлез?
У Парыж ці ў Кентукі
Ляцець па вясёлы нектар?
Мець — заброснены тукам —
Уежны i ўлежны навар?
Стаць глухім і не чуць храпаты
Смех бяссілля, свінец пагроз
Над сасоннікам Курапатаў,
Што з касцей чалавечых прарос?
Стаць сляпым і не бачыць
Запалыя грудзі магіл,
Дзе двухногія з хваткай сабачай
У бязвіннай крыві чырванілі сцягі?..
Стаць беспамятным монстрам,
Па гісторыі перціся ўброд,
На бязмоўнасці востраў
Пасяліць свой адвечны народ?
Адарвацца ад Начы,
Што згубіла свае берагі,
І над кнігавак плачам
Рабіць пераможна кругі?..
...Хтосьці ўзлёт абяцае
І зорнай абводзіць рукой
Абярэжнасці круг: са святымі айцамі
Зямнымі — упакой і высокі спакой...
Толькі гэткага лёсу
Не даруе мне маці-зямля...
Вы прабачце, нябёсы,
Я свой рай адсвяткую пасля...

* * *
Чужыя згублены шляхі,
Пайшлі, нібы вада ў сухі,
Пустыняй спражаны пясок;
Свае — заваламі гадоў —
Сцяжынцы кволай, без слядоў,
Ляглі на горла — папярок.
* * *
З глыбінь сусвету да мяне
Прыходзіць гэта слова,
Дзе ўсё былое прамільгне,
Як сутнасці аснова,
Дзе ўсё, што будзе праз вякі,
Перад вачыма стане,
І незнаёмы дзень з рукі
Узлятае як пытанне...
Усё зліецца ў слове тым,—
І хто мяне ўратуе
Ад несмяротнай нематы,
Як бачу зорку тую?
Я ўсім гатоў ахвяраваць,
У вечнасці пытаю:
Як слова тое мне назваць? —
Адзін сусвет і знае...
НОЧ НАД ТОМІКАМ МАРЫНЫ ЦВЯТАЕВАЙ
На душу цяжкай цемрай абрынуты,
Лёд на ўсходзе неба адтайвае,
Нібы верш, пракрычаны Марынаю,—
О зямля мая, зорка расстайная,
Адлятаючы, забяры мяне,
Не пакінь з той заклятаю тайнаю —
З той лясною, траўнай, звярынаю,
Пракрычанай з пятлі Марынаю,
Не пачутай i растаптанаю...
Адступіся, мой Змей Гарынавіч,
Дай прайсці, дзе зоркі злятаюцца
З лёсам — д'ябальскай віктарынаю...
О планета, грэшная тайнаю...
Світае...
Святая...
Цвятаева...
* * *
Штодня паміраць на шпагах радкоў
Правінцыяльным акторам
І ўваскрасаць на заборах вякоў
Надпісамі рыфматвораў,
Бяздомна плыць у бяздумны флінт
На трыумфальнай мачце
Ці з перфакарт квантаваць лабірынт,—
Я не змагу... Прабачце...
Не быць і смычком пры лірычнай струне
І одапісцам сезонным...
Бо зараз не сэрца ў грудзях у мяне —
Чарнобыля зона.
АДНАСТАЙНАСЦЬ
Быт — ён упарты, як бык,
Ілбом у сцяну ўвапрэцца,—
Глядзіш, і застыў, і абвык,
І некуды болей падзецца.
А маеш чатыры сцяны,
То можаш мяняць раз за разам,
І пойдуць штомесяц яны
Па крузе, як месяца фазы...
Паўзе аднастайнасці воз,
Уласным гарбом прыдбаны:
На службе ёсць бос, і дома ёсць бос,
І трэці — з блакітным экранам.
Ні спрэчак былых — хто лявей, хто правей,
Ні слёз, ні эмоцый адмоўных.
І ўжо галасісты былы салавей
Спявае табе галаслоўна.
Прачнецца душа,— як сабака, праз глуш
На пятую квадру галосіць.
А месяц нязменна, як верны муж,—
То лысы, то раганосец...
* * *
Смерць не бывае завочнай
І ананімнай таксама,—
Прыходзіць штодня і штоночы
Па адрасе, без тэлеграмы.
Прыходзіць яна раптоўна,
Прыходзіць пакутна і доўга.
Мы ўсе сустрэцца гатовы —
Вось толькі калі, невядома.
І ў тым паратунак... А сёння
Мы самі дзень назначаем —
То «грыбам», то «парасонам»
Мы воблік яе велічаем.
Разлічана ўсё, і антэны
У абдымках трымаюць нервовых
І нас, як акцёраў на сцэне,
І думкі пашы, і словы...
Аб тым, што стрэслася ўчора,
Каму ты раскажаш, камп'ютэр,
Калі ў нішто ператворыш
І пас, і смерць, і пакуты...
У позірку мутным дысплея
Перамогам якім адбівацда,
Калі на руінах датлее
Апошняя з цывілізацый...
І плёнам якім выхваляцца,
Якім трыумфам свяціцца,
Апошняе будзе вар'яцтва —
Апошняя з інквізіцый.
Жахнуцца вякі-панятыя,
Як заўтра згараць шляхі ў
І паміраць будуць тыя,
Хто сёння не нарадзіўся.
* * *
зор даспелых
дагараюць
гронкі
Млечным Шляхам
адлятае
журавоў касмічных
клін
нібы кнігу вечнасці
старонку за старонкай
смерць гартае
векі дамавін
сейбіт-бог
бяднейшы
і намнога
бога
неспатольнага жніўца
поўныя сусекі
зерня злога
і дарога
без пачатку
і канца
толькі крык мой быў
нібыта крылы
і ўзнімаў
над тым жніўём мяне
каб пабачыць мог я
ж. што магілы
той хто нарадзіўся
не міне
ХАТА
На шляхах апошніх сустрэч
Ідзе — за плячыма з ношкаю
Свет пусты, не топлена печ,
І вокны забіты дошкамі.
ПАХАВАННЕ
З роты,
той пяхотнай,
той смяротнай,
Моўчкі адыходзяць па адным.
І плыве над шляхам незваротным
Сівізна, як аблачынак дым,—
Тых?
не васільковых —
выбуховых,
Тых,
парахавых,
як смерці ўздых...
Аблачынак —
песень жаўруковых
Як ратунак:
мёртвым ад жывых.
ВЕРА
Дзе вы, песні жніўныя?
Хто вас адвячоркамі
Панясе над ніваю?..
...Дрэмле выспа чорная...
Крыж да крыжа горнецца,
Ды не ступіць кроку...
А над ёю — горасны
Камень адзінокі.
Дзе другі — не ведала
І не будзе ведаць
Дзеўкай аўдавелая
Песенніца Вера.
Дзесьці ён у Прусіі,
А яна ў магіле...
Замуж не прымусілі
І не ўгаварылі —
Ні сваты, ні маці —
Колькі ні стараліся...
Звекавала ў хаце
Птушкаю параненай...
А было, а помніцца —
Песні жніўным вечарам,
Што ішлі над поўняю
Па сцяжынцы Верынай.
Ой, дадому, жнейкі,
Бо заспее раніца...
...На грудок маленькі
Неба апіраецца...
Дзе вы, песні жніўныя?
Адышла апошняя...
Лісцейка тужлівае —
Палявою поштаю...
Ды сівы равеснік
Той далёкай песні
Іншым разам збочыць,
Як ніхто не сочыць.
Скажа нерасталае,
Быццам абыякава:
— Дзеўкай адспявала —
Бабаю адплакала...
АГОНІЯ ЛІСТАПАДУ
Спіць душа, і думак алавяных
Воз на голях восеньскіх заграз...
Дзе вы, лёгкай радасці паляны,
І якое сонца грэе вас?
За якім схаваўся даляглядам
Сумны клін апошніх журавоў?
Паглядзець памкнуся — а прысады
Голлем шлегануць: «Ідзі дамоў...»
Голы вецер свісне: — Ты не вельмі
Давярайся восені ў жыцці:
Хоць і ўсё дазволена — ды нельга,
Хоць адкрыта ўсё — ды не ўзляціш...
Воля тут, як спелая рабіна:
Хустка ёсць, ды нечага абуць,—
Не ўцячы ад налеці драздзінай:
Кроплі-ягады крывавыя дзяўбуць...
Абмакрэлым, незямным цяжарам
Цягнуць хмары шэрую нуду...
Хутка ўдараць белыя пажары,
Полымем сцюдзёным загудуць...
Я ЗА TOE…
Калі спрэчкі заходзяць,
Які будзе заўтрашні дзень,
Я кажу пры пагодзе:
— Такі, як у добрых людзей.
Я за тое, каб жыў у хаце
Хлебны водар і душы лячыў,
Каб спявала над люлькаю маці,
А не роў транзістар-айчым...
Каб уласныя дзеці
Зналі ў твар уласных бацькоў,
Каб у нас, а не дзесьці
Судзілі пажадлівых халасцякоў.
Каб і духам, не толькі целам,
Мы ў спорце майстрамі былі,
Каб унук мой не бег звар'яцела
Забіваць галы за рублі...
Я за тое, каб сорам,
Нарэшце, даняў гандляроў,
Каб не плакалі хорам,
Што ўчора жылі — будзь здароў!..
Каб прыроду і чалавека
Не раздвойваў прагрэсу клін,
Каб да вусця, вольныя, рэкі,
А не ўверх, пад канвоем, цяклі.
Каб ад холаду май не бегаў
Пазычаць у снежня кажух,
А каб Новы год быў ca снегам
І ад нудных дажджоў не глух.
Я за тое, каб вораг
З пацалункамі заўтра не лез,—
Хай ён там застаецца — ва ўчора:
Злая сіла — на цёмны лес...
І каб дзверы замкоў не зналі,
А замкі не шукалі дзвярэй,
Каб мы ўсе хоць крышачку сталі,
Хоць на кроплю, шчырэй і дабрэй.
АЭРАМАТЬІЎ
Самалёт убірае шасі —
Ногі ў круглых, гумовых красоўках.
Турбінная сіла, нясі
Да сфер недасяжна высокіх...
Як бог, як сусвету ўладар —
Любуюся ў ілюмінатар:
То вёска праскоча між хмар
І ўсцяж баразны — араты,
То працы людское гады,
Цывілізацый гены,
Спрасованыя ў гарады,
Мільгнуць пад крылом імгненна,—
Ляціць і ляціць шар зямны...
І там недзе я — маленькі —
Далёка, яшчэ да вайны,
Валюся, збіваю каленкі —
Але ў захапленні бягу
За самалётам па лузе...
І ніяк дагнаць не магу,
І ніколі назад не вярнуся...
* * *
Фантазій бог і помыслаў высокіх
Спусціўся з неба, а лясы далі
Развагі сілу і гаючым сокам
Маёй душы крыніцу налілі.
З палёў жытнёвых — шырыня, i воля,
І хлебадайнай працы неспакой,
З лугоў — касьбы вясёлае раздолле,
А з песняю — сустрэўся над ракой...
Тады скажыце мне: з якой нагоды
Мяне хрысцілі тут валадаром?
Я сын, я сэнс, я дух жывы прыроды.
Астатняе — вучонасці сіндром.
* * *
Плылі, плылі гусанькі
Ціхаю вадою,
Чарадою гусценькай,
Гукаючы долю.
З песенькай чаротнаю
Бегла над затокай
Курачка балотная
Юнаю літоўкай —
Доўгія i стрункія
Стракацелі ножкі,
Мох-вядун карункамі
Высцілаў дарожкі..,
Бегла-падлятала,
Як па сухадоле,
Бегла-падрастала,
Карацеў падолік.
Гуска-беларуска,
Ліцвінка-чарацінка —
У вачах дзічынка,
У нагах чарцінка...
Вы куды схаваліся,
Вы куды сплылі ўсе?..
...Моўчкі ў шэрай далечы
Цень ракі імгліўся...
І пятак збіты,
За рубель нажыты,
З веліччу пыхлівай
Ехаў, нібы з мліва,—
Па дарозе пыльнай
На сухой кабыле...
* * *
Дзеці сонца, вады і зямлі...
Што мы ў спадчыну ваша ўзялі:
Цеплыню, каб усіх абагрэць?
Глыбіню, каб душой не мялець?
Хлебадайнасць, каб шчодрымі быць
І галодных усіх накарміць?..
Дзеці сонца, вады і зямлі...
Вашы мы, а да вас ці дайшлі?..

* * *
Генадзю Бураўкіну

Адкуль прыводзіць сонечны заход
Шчымлівых дум нястройныя чароды?..
Як быццам свет над прорвай стаў на дрот:
Ці пройдзе, ці сарвецца назаўсёды?
Ніхто не знае — ні чарот сівы,
Ні плёс з адбіткам аблачын чырвоных,—
Адкуль у неба гэткія правы,
Каб наш пагляд палоніць заімглёны?
Куды ляціш, маўклівы чалавек,
За чым імкнешся? Сонца зноў узыдзе.
— Я не за ім — я сам шляхі адсек
І толькі на сябе за гэта ў крыўдзе.
Яшчэ крыўдую, можа, на зямлю:
Што так яна мяне прываражыла,
Што так яе пакутна я люблю,
Што так намёртва мне звязала крылы...
Як гэтай рэчцы не спазнаць намер,
З якім яна плыве да акіяна,—
Так з берагоў яе імкне цяпер
Мой думны позірк, мной не разгаданы,
Да рысы той, дзе неба і зямля
У полымі сыходзяцца вячэрнім...
І смутак мой — бо гэта знаю я —
Што ад зямлі не будзе адрачэння...
Гляджу на развітальную зару,
Што лёс мой даляглядам перасекла,
І не малюся — з небам гавару.
А гэты міг — дастойны чалавека.

* * *
Над Беларуссю дажджы,
Вецер заходне-паўночны.
Жнівень сваё аджыў,
А студзень — жыць неахвочы.
Асенняму сонцу не вер:
То выблісне, то патухне,—
Нібы ў эпохі намер:
Быць плакальшчыцай ці павітухай?..
На раздарожжы стаіць
Час, як бадзяга прамоклы.
Над лёсам і сёл, i сталіц
Аселі нябесныя кроквы.
Здаецца, вось-вось ападзе,
Абваліцца дах сусветны, 
Прыцісне і нас, людзей, 
Як гэту зямлю і лета...
Над Беларуссю дажджы — 
Хваліцца радыёхваля, 
Як весткай, што Гандзі Раджыў 
3 Артэгам разрадку віталі,
Як з Веліхавым інтэрв'ю 
Пра ядзерных зім завіруху, 
Як песняй, што ў модным рэвю 
Пакуль яшчэ можна паслухаць...
Гарантый няма цяпер, 
Гняце няпэўнасці высеў. 
Асенняму сонцу не вер 
І ў ногі вясне пакланіся...

* * *
Жыццю патрэбны Мефістофелі...
Бародка-клін «а la kazjol»,
Капыт, прыглушаны пантофляю,
І ў позірку — цяжкі падзол.
Такі партрэт. Амаль класічны.
Ды гэта рэдкі антураж.
А так, прызнацца, сімпатычны
І звычны Мефістофель наш.
Касцюм з іголачкі і гальштук?
Пасада ёсць і кабінет?..—
Вы здагадаліся амаль што.
Аднак і тут не ўвесь сакрэт.
А басанож? А ў джынсах фірменных?
А той, з «авоськай» у руцэ
3 пустою пляшкаю кефірнаю,
Знаток артыкулаў і цэн?
А той — атлет з крутымі персямі?
А гэты — здохленькі, рабы? —
Ці ён у штаце, ці на пенсіі —
Хіба не варты д'яблам быць?
Жыццю патрэбны Мефістофелі.
Іначай смерць, іначай тло.
Тут знак не ў барадзе, не ў профілі:
Сэнс — адмаўленне, корань — зло.
Калі нутро нячыстай сілай
Гарыць, атрутнае, ці тлее,
Які сардэчны ён i мілы —
Нібыта друг на юбілеі.
Калі агнём звініць рэклама,
Шыкуе ярмаркай эпохі,
А за агнём — пустая крама,—
Тут ён таксама,
Мефістофель.
Калі пацееш ты ля ворыва,
Дык ён пяклуецца ля варыва,
За жонкаю тваёй з прытвораю
Ляціць, як Дэман за Тамараю.
Калі радзее раць аратых —
Дык гэта ён збірае кворум,
Бюро пракату бюракратаў
Зрабіўшы з кожнае канторы.
Калі ў палескую Арэсу
Канал капаецца з Адэсы,
Каб воды — іменем прагрэсу —
Зноў да вытокаў перакінуць,—
Не лайце ГЭСы i АЭСы,
Бо Мефістофель тут павінны...
Калі Чайкоўскага камп'ютэрам
Ты замяніць імкнешся глуха,—
Знаць, з Мефістофелем пагутарыў:
Ён наступіў табе на вуха.
Быў гончы, а цяпер во гоначны
Завёўся бог з акладам цвёрдым:
Спартыўны гонар наш баронячы,
Б'е з Мефістофелем рэкорды...
Усюды ён: як стымулятар,
Як дрожджы ў месіве гісторыі,
Маэстра і артыст-аматар,
Трыбун і першая апора.
Усюды: мецэнат, балельшчык,
Маг і магістр філасофіі,—
Усюды: ад сталіц да Лельчыц...
Жыццю патрэбны Мефістофелі.
* * *
Час — без пачатку i канца...
І што на вагах перацягне:
Ці груз мінулага, дзе цар —
Смяротны змрок, вякоў суцяга,
Ці ўяўнай будучыні свет,
Якому без мяне збывацца?..
Ніхто,не ўзважыць... І сакрэт
Нам не спяшае адкрывацца.
Адно — забылася даўно,
Маўчыць знямела, глуха, пуста...
Ці, можа, зноў ляціць яно
Да нас, як з люстра цень, насустрач?
Гняце другое небыццём
За недаступным перавалам...
Хто знае: можа, там змяцём
Мы тло, каб зноў жыццё шугала?..
І, можа, мінус тут ёсць плюс,
І пераставіць іх няцяжка:
Уяўнай будучыні груз
І цень мінулага бязважкі?..
Ці разбягаюцца яны,
Ці самаедамі — па крузе —
Імчаць?.. А ў цэнтры, як чаўны,
Калыскі з вечнасцю ў хаўрусе.
І паміж іх, як хвалі ўсплёск,
Адна знаёмая ўзлятае —
Выпадак ці касмічны лёс? —
Яна мая,
Яна пустая.
Як знак пытання паміж зор
Плач у бясконцасці згубіўся:
Ці я даўным-даўно памёр,
Ці я — яшчэ не нарадзіўся?..
* * *
Ты да мяне жывы прыйшоў у сне.
Не проста так, самотны час прабавіць.
Прыйшоў адтуль — адкрыць такое мне,
Чаго не знае чалавецтва памяць.
Чаго і з будучых вякоў не прынясе
Ніхто... І я да тайны быў гатовы,
Перад якой — нішто зямныя ўсе.
І ўсе нябесныя. Ды не пачуў я слова...
Не знаю, хто не даў табе сказаць.
І хто мяне будзіў, я не пабачыў.
Не дадзенажывому тое знаць,—
I ты мяне пашкадаваў, няйначай.
І засталася тайна
За той мяжой
Нямым пытаннем:
- Няўжо? Няўжо?..
* * *
Я хачу, каб народ мой мяне пачуў.
Я не вечнасці, я не славы,
Не бяссмерця сабе хачу,—
Я не маю на гэта права.
Я хачу праз міраж даляглядаў шкляных
З цьмянай мудрасцю сімвалістаў
І праз гімн перфакарты наступнікаў ix
Прабівацца крыніцай бруістай.
Я хачу, каб слова мае жыло,
Каб яно праз вякі праляцела,
Каб дзяржаве не ў сорам яно было,
Каб не ў вокладках пыльных мярцвела.
Каб далёкі нашчадак мяне разумеў
Без пасрэднікаў нудна-вучоных,
Каб не выкапнем стылым мой сказ бранзавеў
І не быў між дзівосаў пячорных.
Не хачу, каб гісторыя нас узяла
У прыклад іншым страшнай цаною,—
Я хачу, каб мова мая жыла
І жывы мой народ размаўляў ca мною.
СЛАВЕНІЯ
Вёска невялікая Славені
На зямлі, дзе Крупшчына мая,—
А якія выраслі карэнні:
За гарамі гор — Славені-я.
Без вучона-нудных канферэнцый
Па-сяброўску мы гартаем час,
І гавораць нам браты-славенцы:
— Мы сюды прыйшлі адтуль — ад вас.
Там пачатак наш і наш пракорань,
А вось тут радзіму набылі...
Што вяло — бяда ці непакора?..—
Памяць не згубілася ў быллі.
Развялі дарогі нас па свеце,
Ды ў Славенях i ў Славеніі
Вольны дух не згас у ліхалецці —
Пушчай партызаяскаю звініць!
І нашчадкам Габсбургаў давалі
Мы наказ агнём — на ўсе вякі,
Каб выпадкам не пазабывалі:
Мы — браты, не проста землякі.
Слухаю гамонку, чую мову —
І лагодзіць сэрца крэўны гук.
Сёння я — славенец напалову,
Сёння сын балот — гарам сябрук!
Роднасці святое пастаянства,
Сіла — на зямлі і пад зямлёй,—
Гэта «я» на карані славянства —
Завязь бессмяротнасці маёй.

КАЛЯДНАЯ ПЕСНЯ У ПЯЧОРЫ
Міхасю Дрынеўскаму

Ні сёння, ні заўтра, ні ўчора,—
Згубіўся знявераны час.
Калядная песня ў пячоры
На неба узводзіла нас.
«Адкуль вы і хто вы, дзяўчаты?» —
Пытаўся каменны дракон.
А тыя нібыта на свята
Стаялі ля светлых вакон.
Кружыліся гукі, як гусі,
І рэха нясла ў даланях
На голас маёй Беларусі
Славенскай зямлі глыбіня.
То бралася змрокам вячэрнім,
То смехам будзіла гаpy
Вясёлых правін адпушчэнне
3 паклонамі гаспадару:
«Ды няма ні ў кога
Каня такога...» —
Марозна звінелі падковы,
Высвіствалі палазы,
І светла вяла Міранкова
Святлана дзяўчат галасы.
Гулялі завейна пагляды
Люлялі калядніцы ціш,—
Сустрэнься з такой на каляды —
І ў пекле па-райску згарыш!..
«Ды няма ні ў кога
Двору такога...» —
Забыты дарогі, атэлі:
Падземная зала была
Тым дворам, дзе сэрцы святлелі...
І плакала ў змроку скала.
І грэшны анёл з падзямелля —
Маэстра — натхнёна ляцеў...
І ўсе святыя нямелі,
І кожны быць грэшным хацеў!..

КУПАЛЬСКАЯ НОЧ ЛЯ ВОЗЕРА
Вось недзе за гэтым, а можа, за тым
Ядлоўцавым знакам — імшара,
Дзе папараць-кветка агнём залатым
Закрэсліць зямныя ўсе чары.
І высвеціць тое, чаго не было,
Няма, і, магчыма, не будзе...
Душа, нібы птушка, ляціць у сіло,
А ногі чапляюцца ў хлудзе...
І раптам таемна зірне глыбіня —
Люстэрка ў альховай аздобе,
Касмічным адбіткам стаіць цішыня,
І крок — землятрусу падобен.
Спыніся!.. шукальнік агнёў залатых,
Замры і паслухай купалле —
Той голас, што мы пасадзілі ў драты
І ў дол дыскатэк затапталі...
Схаваўся ён тут? Не — спрадвеку жыве,
Ён толькі ад нас адвярнуўся.
Ты чуеш — дыханне прайшло па траве...
Як звон — цішыня Беларусі...
а беразе корч — толькі ша! — не суроч
Ад песні сваёй салавее,
І з неба азёрнага свецяць у ноч,
Як белыя зоркі, лілеі.
* * *
Я прыдумаў сон для камп'ютэра:
Чалавек на жытнёвым полі
З каласамі, як з дзецьмі, гутарыў
Ды i сам, як дзіця, сваволіў.
То падскокваў з глыбокай сцяжынкі,
Што схавала яго з галавою:
Каб упэўніцца — на зажынкі
Ці патрапіць ён з гэтых завоін?
То махаў, нібы крыллем жняярка,
Над шапоткім плёсам рукамі,—
Зваў русалак на гаспадарку,
Што на брук гарадскі паўцякалі.
То звінеў сінявой васільковаю
Ў свісце — над перапёлчыным раем,
Што да працы сябе прымяркоўвала:
Гэта жаць ці палоць пара ёй?..
Я прыдумаў сон — я не выдумаў!..—
Калыханка так пачалася:
Над эпох злавеснымі выдмамі —
Cпі, камп'ютэр, не прачынайся...
* * *
Замест кашуль з лясістых берагоў
Бетонныя мундзіры шыем рэкам,
І са слупа — цар заліўных лугоў —
Сабраўся бусел пеўнем кукарэкаць.
А што рабіць? Трымайся ля курэй,
Да іхняга прымазвайся карыта,
Калі яшчэ за хвост не аддзярэ
Вунь той пявун, у бойках знакаміты...
Буслова фірма пацярпела крах,
Дзе ён спрадвек адловам жаб валодаў.
Ды, дзякуй, на паўстаўку тэлеграф
Аформіў правяраць грамаадводы...
Вось і пяклуйся на слупе з гняздом —
Глядзіш, так-сяк i пераб'ешся з дзецьмі.
А там i пенсію аформіць «Асушком»,
Як пакарэнне ўсёй прыроды здзейснім.
І нейкі спрытны будзе фатакор
Між правадоў цябе здымаць для прэсы:
Як новы дух у вёсцы, як дакор
Усім, хто ные на шляхах прагрэсу.

* * *
Акадэміку А. М. Ганчарэнку

Помню круг, палёт рукі,
Помню позірк пільны,
Во спрадвек у нас гаршкі
Не багі ляпілі.
Бацькаў сябар ганчаром
Быў на ўсю акругу.
Бегаў за «расці здароў»
Я пры ім абслугай.
То, бывала, паднясеш
Дровы для апалу,
То, як бохан,— рэж ды еш —
Гліны цёплы кавал.
То, як самы важны гляк,
Едзеш на фурманцы...—
Збыць пасуду не за так
Дай нам божа шанцы.
Мы ж з табой амаль радня:
Ты зляпіў Адама,
Ну i нам ляпіць штодня
Выпала таксама —
Ёсць макотры, гладышы,
Кварты і гарнушкі,
Гарлачы і спарышы,
І свістулькі-птушкі...
Пагулянкай, ад Шчаўроў,
Тонуць колы ў верасе:
Наша слава канчароў
Едзе каля Версанкі.
Налятай, гаспадары,
Просім, гаспадыні!..
...Толькі тут — свае майстры
Выраслі на гліне.
Шматпатомныя, як час,—
Родам Ганчарэнкі...
Разбягаюцца і ў нас
Ад здзіўлення зрэнкі:
Як званы, вісяць збаны
На тыніне кожнай...
«Не дадуць і паўцаны»,—
Думаем трывожна...
Толькі дзядзька мой Ганчар
Раптам засмяяўся:
— Не загіне наш тавар!
Дзьмі ў свісцёлку, Вася!..
Свіснуў сам, i я за ім —
Весела іграем,
Каля Версанкі стаім
І купцоў чакаем.
Першай бабка падышла,
Потым — дзед старэнькі,
А за імі — паўсяла:
Дзеді-Ганчарэнкі!
Вытылікваў я, дудзеў,
Выцінаў жалейкай...
А хлапчук адзін глядзеў
У задуме нейкай.
Дзесьці ў небе калясіў:
Як ямчэй прыстаць там...
Ці не верыў ён зусім
У маё мастацтва?
Ці пакрыўдзілі сябры?
Ці не меў капеек ён?..
І сказаў ганчар стары:
— На, бяры во пеўніка...
Свіснуў раз ён, i другі,
І закукарэкаў! —
Вось, выходзіць, як багі
Лепяць чалавека...
Паталаніла, відаць,
А хутчэй — свістулькі
Паспрыялі ўсё прадаць
Нам да чарапулькі!..
Ганчарэнкі, ганчары...
Час не перайначыш...
Шмат вады з тае пары
Збегла ў нашай Начы.
І прыходзяць толькі ў сон
Версанка з Мачулішчам...
Я ў свістульку дзьму. А ён
Той хлапец — як чуецца?
Не сцвярджаю ад дзвярэй,
Але маю версію:
Акадэмік ёсць — Андрэй
Ганчарэнка. З Версанкі...
Вы ўжо скемілі? Вось-вось...
Толькі ўсё ж адразу
Не праводзьце гэту вось:
«Круг ганчарны — лазер».
Не такая да святла
Простая дарога.
Ды акружнасць падала
Ўсім арбітам строгасць.
Электронныя пучкі
Сутнасць асвяцілі,
Што спрадвек у нас гаршкі
Не багі ляпілі!

* * *
Храмы падаюць не раптоўна,
Не ад выбухаў дынаміту.
Мы найперш учыняем катоўні
Ім — каб сэрцам былі забыты.
Праклінаем, плюём, зневажаем,
Грунт падводзім з вучонаю пыхай,
І вытручваем кропелькі жалю
Мы ў сабе — незваротна, паціху.
І паўзуць забыцця метастазы
Па скляпеннях святынь учарашніх...
Выбух будзе, але не адразу:
Храмы ў душах руйнуюцца нашых.
* * *
Ці метад памылак i спробаў?
Ці мэта, каб край мой маўчаў? —
Над мовай, нібыта Чарнобыль,
Распята крыло крумкача...
Мне кажуць: «Прагрэса поступ.
Не ўздумай чыніць перашкод...»
І ўсё гэтак ясна і проста:
«Ад мовы адрокся народ».
Адрокся? Калі і навошта?
Не чуў я такога. І век
Не ўчуць бы: якім гэта коштам
Душу прадае чалавек?
І як гэта з роднага ганку
Гнаць роднае слова ў каршэнь?
Як матчыну калыханку
Бяспамятна вырваць з вушэй?!
Каб стаў народ без'языкі,
Каб мову наводмаш адсеч,—
Хто гэткі над ёю вялікі
Узняў гісторыі меч?
Я ведаю толькі прадаўцаў,—
Іх зграя аб згубе крычыць.
Ды ў гэтай бязроднай даўцы
Зямля патаемна маўчыць...

* * *
Не пакідайце ж мовы нашай

беларускай, каб не ўмерлі!

Ф. Багушэвіч
Не дай мне бог духоўным стаць бадзягам,
Без памяці жывой, без каранёў,
Ісці бязмэтна за ілжывым сцягам
І верыць, што вяшчуе вараннё.
Народзе мой, не дай мне абмыліцца,
Маўчаць, як ты маўчаў цераз вякі,
І рабскаю рахманасцю хваліцца,
І падстаўляць для ўдару дзве шчакі —
Гісторыю, распятую на «крэсах»
І на заходніх з поўначчу краях,
І мову, што спрадвеку лес накрэсліў,
Каб ты Купалы словам акрыяў.
Няўжо забыта ўсё, перазабыта —
Сыноў найлепшых светлы запавет?..
Не веру, што адиойчы з тварам сытым,
З духоўнай торбаю ты выладзішся ў свет...
Ці быў калі народ-самазабойца? —
Скажыце мне, вучоныя мужы...
Дык што ж цябе, не мота, не прапойцу,
Штурхае да апошняе мяжы?
Я ведаю: народы паміраюць...
Але такі — з Хатынямі ў душы,
Якому пекла можа здацца раем,—
Такі, як свет, павінен вечна жыць!
Не дай жа ў сэрцы зруйнаваць краіну,
Што на шляхах крывавых збудаваў,
Пайсці перараджэнца каляінай,
Што мову забываў ці забіваў...
Народзе мой, прабач дакор палынны,—
Ці мне сароміць і ці мне вучыць?..
Ты знаеш лепш, ты не падсудны сыну.
Але ці лепш, як здрадна сын маўчыць?
* * *
Красуе жыта. I крані
Сцяблінкі лёгкай станік —
Агонь успыхне ў карані
І аблачынкай стане.
І што ні колас — ускалых
Маёй забытай долі:
Як хлебаробскі мой уздых,
Плыве пылок над полем.
Як з каміноў вясёлы дым,
Бярозавы, бухматы,
Калі дух цеста малады
Ўзрывае столь у хатах,
Калі палкоўніца-дзяжа
З палка на печ залазіць,
Каб у цяпле, як на дражджах,
Хлеб вырас пышным князем...
Красуе жыта. На ўмалот
Жыве мая надзея.
І сонца цераз поле ўброд
Ідзе — і маладзее!

МАЙСТЭРНЯ
З. I. Азгуру

Казаў бяседзе шумнай хітравата,
З іскрынкай у вачах на самым дне:
— Пайду я, хлопцы, нешта цяжкавата
На сэрцы сёння,— то прабачце мне...
А хлопцы ўсё па-свойму разумелі,
Як ні хаваў ён той абманны крок,
Што прагне не да лекара па зелле,
А во сюды,— і дзверы на замок!
О то — бяседа!.. І жыццё птушкай
Раскручваецца зноўку ў маладосць:
Купала, і Міхоэлс, і Дзядзюшка...
А сам ён тут — як быццам толькі госць.
Прыйшоў паслухаць, пасядзець маўкліва
У гэтай ім жа створанай сям'і
І падзівіцца: як ляцяць імкліва
Зямныя дні — хутчэй самой зямлі.
Куды яны спяшаюцца, навошта?..
Яшчэ цяпло сяброўскіх рук жыве
На гэтай далані, і зорнай поштай
Яшчэ іх думы шэпчуцца ў траве,—
А ўжо няма, даўно няма іх побач.
Вось толькі тут сышліся пад страхой:
Хто збег ад славы, хто з прычын асобых —
Схавацца ад нявыкруткі ліхой.
Філосафам, паэтам і героям —
Усім прытулак даў мастак Заір.
А збоку падазронасцю былою
Усіх пасе былы наш правадыр...
Вось тут яны — жывыя, а не цені,
Пакуль да іх спяшаецца мастак:
На стэлажах — нібы на авансцэпе,
І слоў няма аб спаленых мастах.
Паслухай, майстра, i ўзлятай па крылах
Да сфер, дзе вечна ззяюць іх агні,—
Яшчэ не ўсё ў душы адгаманіла —
І гліну бог узнёс на далані.
І наступае першы дзень тварэння
У эпоху з лесам атамнай слаты,—
І прарастае з гліны азарэнне,
І чыйсьці голас чуцен з нематы.

* * *
Час працуе без чарнавікоў:
Што было — не паправіш, як дзею на сцэне...
Не вярнуцца ніколі ў дзяцінства ізноў.
Пахаваліся душы за бетонныя сцены —
І не ўмаіш гадоў сухастойны парадак.
А таму, можа, сёння ўсю мудрасць вякоў
Спрасаваную ў кнігах таўсценных,
Перацягне адзінае слова спагады
Чалавеку ў бядзе — адзінока-страшэннай
Між мільярдаў зямлян-землякоў...

* * *
Адгучалі, як рыфмы, авансы авацый,
Замятае вясну залаты лістапад.
Паэтэсе карцела дзяўчынкай здавацца,—
А дзяўчынцы... пад шэсцьдзесят.
Як шкадую цябе я і як разумею:
Цяжка ліру здаваць у запас.
Я i сам перад гэтым парогам нямею:
Як да прозы асенняй ісці на напас?
Той — абложнай, зануднай, сквалыжнай,
Дзе адвесніўся выраяў радасны шум,
Дзе штодня непазбежней, цяжэй i ўсё ніжай
Неба падае на душу.
І, здаецца, без яўнай на тое прычыны
Ўсё часцей і часцей азіраемся мы:
Гэта хто адыходзіць, якая дзяўчынка —
Прадчуваннем завейнай i сцюжнай зімы?..

* * *
Цыганка з мікрафонам у руцэ,
Як рыбка ў прахімічанай рацэ.
Як рыбка залатая
У нераце прагрэсу.
Падолік узлятае
З нейлонным інтарэсам.
І рытмы выбівае не абцас,
А кантрабас, узяты на папас:
З іржаннем электронным,
Абменены ці ўкрадзены,
На кірмашы каронным
Пакуль што не прададзены,—
Адно ці зможа гэты блудны конь
З душы цыганскай выкрасаць агонь?
Шнур мікрафонны туга
Спятляў і дух, і цела,
І не ўзмахнеш, як пугай,
Каб свіснула з прыстрэлам.
Павысушыў юпітэр і размёў
І золкую pacy, і дым кастроў.
І ўжо ў гітару точыцца
Чужы прыпеў з падгаўкам.
Як спутаныя, топчуцца
І песня, і цыганка.
Ах, рыбцы б той ды ў чыстую раку!..
А мікрафон трымае за руку.

ЖАНЧЫНА
Табе — пракляцце, і табе — хвала,
Табе — вар'яцтва і цвярозы розум,
А ты ўсё тая ж — як вякоў імгла,
Як летуценнай будучыні роздым.
Жыццё i смерць — i паміж імі ты:
Імгненне шчасця і сусветны холад.
Яшчэ ніхто — ні грэшнік, ні святы
Нe разарваў твайго сакрэту кола.
Шпурнеш у пекла ці адкрыеш рай
Тваё каханне таямніцай будзе,
Як той, нікім не разгаданы, край,
Куды навечна адыходзяць людзі.

* * *
Вызначаецца мора
Не вадой — берагамі,
А жыццё існуе
У бязмежжы кахання.
Дні твае i мае —
Як бяссмерця дыханне:
Свет нанова мы створым
I станем багамі!

* * *
Вечар шостага жніўня.
Наш парог у трыццаты год.
Дождж лятункам тужлівым
Ападае на сад, агарод.
Ацяжэлае лісце
Да мяне — праз маўчання мяжу —
Зноў нясе, як у юным «калісьці»,
Словы тыя, што сёння скажу.
Толькі ты ці пачуеш?
За сцяной адзіноты маёй
Перастылыя вёрсты начуюць,
Што пабеглі ўслед за табой.
Я гукаю. I ты адгукніся.
Побач стань, суцеш, абагрэй...
Шэры плашч з перамоклым крыссем
Моўчкі скінула ноч ля дзвярэй.
Субяседніка і вяшчуння —
Чую твой асцярожны крок,
Толькі знацца з табой не хачу я.
Я не веру ў твой чорны змрок.
Веру я: перамелецца скруха,
Зорка ўспыхне праз хмар насланнё.
Слухай, любая,— чуеш? — слухай
Гэтай ноччу дыханне мае.
06.08.88, Лысая гара

ЛІПЕНЬСКІ ГРОМ I ЛІВЕНЬ
Аддаю табе ліпеньскі гром,
Перапоўнены летняй задухай,
Што сп'янела ідзе напралом,—
Не ўцякай, пачакай, паслухай.
Падары, прашу, наўзамен
Мне шапоткі ліпеньскі лівень,
Што цябе ад грудзей да кален
Перакрэсліць туманнасцю ліній..

* * *
Я так непазбыўна спазнаў,
Навошта бывае жыццё...
І памяці баразна,
І стылае небыццё,
Касмічны попел зямлі,
І руйнаванне нябёс,—
Як вечнасці знакі сплылі,
Якіх не крануўся мой лёс.
Нічога не скажуць яны,
І нечага мне ім сказаць:
Адны над сусветам відны
Усмешка твая і сляза.
Згубіўшы аднойчы цябе,
Пра іншых спяваць ці змагу?
Як хлеб на вясновай сяўбе,
Апошні ўспамін берагу.
Нябёсы, зямля, небыццё...
Усе яны — толькі БЫЛІ.
А я — застаюся. 3 жыццём —
З усмешкай-слязой па зямлі.

* * *
Яшчэ схіляецца ў журбе
Надзея блізкіх і гаротных,
Яшчэ не кожны сам сабе
Сказаў аб страшным, беззваротным,
А ўжо над ім шуміць трава,
Плыве размытай акварэллю...
Якія вусны цалаваў!
Якія зоры адгарэлі!..

* * *
Толькі ўспыхнуць у полі
Рабацінкі праталін —
Б'ецца вырай у сэрца,
Як агонь навясны:
Салаўіная рэчка,
Салаўіны світанак,
Салаўіная памяць вясны...
Ды акно майго лёсу
Наглуха зачынена
З той зімы —
Акно заінелай турмы.
А турма — мая,
Не айчынная,
І за краты тут шлях прамы.
Тут не ходзяць з верай пазычанай,
Тут свой храм і свая турма.
У каханні, як у язычніцтве:
Адзінага бога няма.
Ці гудуць завірухі, ці плачуць адлігі
Тут у кожнага свой жаданы парог:
Колькі вернікаў —
Столькі рэлігій,
І свой —
У кожнага —
Бог.
Я прашу,
Я вымольваю літасці:
Адчыніся, акно, насустрач вясне!
Толькі бог чужы са мною не лічыцца,
А свайго не будзе ў мяне!..
Дагараюць у полі
Рабацінкі праталін,
Выбягаюць пралескі
На ўзмежак лясны...
Салаўіная рэчка,
Салаўіны світанак,
Салаўіная памяць вясны...

* * *
Такой парой,
Калі, як цень снягоў,
На баравінах
Ландыш выпадае,
Калі вясна
Чакае і гукае,
Калі зязюля
Вечнасць абяцае
І дрозд
Ад песні
Галаву губляе,—
Мы ў лес пайшлі —
У май, нібыта ў рай...
Пайшлі,
А ці вярнуліся —
Не знаю.

* * *
З наіўнасцю трывожнай
Перад хвілінай кожнай —
Апошняй-разапошняй,—
Нібы дзіця, стаю:
Хай здрада ў пышным бляску
Аддам жыццё за казку,
А паўжыцця — за ласку.
Адзіную. Тваю.

ТАК ДАЛЁКА…
Азірнуцца не страшна
І не страшна вясны:
Так далёка ўсе нашы
Летуценныя сны.
Больш з зямлёю паглумнай
Неба нам не звязаць,—
I не страшна падумаць,
I не страшна сказаць:
Што цаною расстання —
Там, дзе часу сляды,—
Застаецца каханне
І вясна — назаўжды.
І нішто не патушыць
Нябёсаў узор,
Дзе мы крыламі птушак
Кранаемся зор.

* * *
Храбрасць, смеласць, мужнасць, адвага,
Непахіснасць, рашучасць…
Няўжо
Не мужчыны стаялі пад сцягам
На ахове сваіх рубяжоў?
І няўжо но яны ў паходы,
А жанчыны ішлі? Бо наўрад
Сталі словы жаночага роду
Ў гэты рад проста так — на парад...
Выпадковасць? Няхай выпадковасць...
На мінулым нейкіх замкоў,
Што трымаюць сэнс патаемны
У кожным слове — загадкай вякоў.
Як гісторыю не падцікоўвай —
Ёсць схаваны стагоддзямі свет.
Выпадковасць? Няхай выпадковасць —
Можа, ў ёй найвялікшы сакрэт.
Бог прыдумаў ход геніяльны —
Як у шахматах Карпаў ці Таль:
Быў Адам фігуркай глінянай
І застаўся ёю амаль...
А астатняе ўсё ад жанчыны —
І задумы, і кожны ход...
Ёсць на свеце ўсяму прычыны.
Ёсць? А раптам наадварот?
Помста, злосць, крывадушнасць, здрада..
Хопіць, хопіць — аж вусны звяло,—
Зноў спіхнуць на таемны выпадак
Ці згадзіцца: «Было ўсё, было...»?
Сэрцу вусцішна і няўтульна,
Розум холадам набрыняў...
Як ратунак словы прытульваю:
Чысціня, цеплыня, дабрыня.
І надзея, і радасць, і памяць
Той вясны, што нам крылы дала,
Толькі тут. І нішто не спаліць
Гэту вечнасць, якой Ты была.
Ты са мною — і свет не загіне.
Да грудзей прыпаду галавой —
Не багіня, а берагіня,
Абярэжніца, бераг мой.

* * *
Ці сонцам узыдзеш над полем,
Ці з хмары тваёй будзе град ісці,
Ты адна, як у сейбіта доля,—
І ў сэрцы пакутным ніколі
Няма адмаўлення ад радасці,
Як няма паратунку ад болю...

* * *
Калі зляпіў Адама з гліны,
Заўчасна радаваўся бог,
Бо ні натацый не падкінуў,
Ні штатамі не дапамог.
І не было ў Адама «нама»,
І сакратаркі не было,—
Быў свет не свет, а скажам прама:
Неперспектыўнае сяло...
А бог лагодзіў:
— Тут вадзіца,
Тут хлеб і райскае дабро,
А так во зробім маладзіцу,—
Сказаў — і выламаў рабро.
Адзіны штат Адамаў — Ева
З яго ж уласнае касці
З'явілася пад райскім дрэвам,—
Гавей тут з ёю і пасці...
Вось гэтак сумна пачалося
Жыццё ў сівую старыну:
Што бог падкінуў для мілосці —
З тым і да шлюбу, і ў труну.
Калі б не скеміла тут Ева,
Спакусы яблык не ўзяла,
То і сядзела б век свой дзевай,
Дабра не знаючы і зла.
Зрабіла крок рэвалюцыйны,
Каханне ўзняўшы з небыцця:
— Бог лепіць арганізацыйна,
А мне патрэбна — для жыцця.
Ляпі мяне, Адам, каханнем,
А я цябе пераляплю.
Няхай праклятымі мы станем —
Што бог недарабіў, зраблю!
— І я зраблю цябе прыгожай,—
Адам забыў, што ён не бог,—
Аж адарваць вачэй не зможа
Сам усявышні Саваоф!..
Засердаваў не без прычыны
Тварэц: — Я ж майстар — не партач!
Наноў перараблю жанчыну,
А з Евай ты тады паплач!..
Сад райскі здаўшы пад распіску,
Адам кахаўся ды любіў,
Чапляў калыску за калыскай...
А бог жанчыну ўсё рабіў.
Ды колькі пі псаваў ён косці,
І колькі рэбраў ні ламаў,
А век жыве i век зайздросціць,
Бо Евы гэткай прыгажосці
Ён, як Адам, не змайстраваў.

РЭЎНАСЦЬ
Ходзіць жонка ў РДК —
З гора муж прапіў быка.
Жонка ў хоры запявае —
Муж вяроўку прапівае.
Жонка едзе на агляд —
Муж cабe прапіць бы рад.
Ды ўвушшу звініць камар:
«Дрэнь тавар, дрэнь тавар...»
Муж прапіў і камара.
Гоніць жонка са двара...
Больш няма чаго прапіць...
Будзе жонка любіць!

ТАК ДАЎНО…
Я даўно па цябе палюю,
Калі быў яшчэ ў дзікай скуры.
Як багіню, цябе малюю
Аж па сёння,— ды ўсё без натуры...
Не было цябе, i ці мусіш
Ты з'явіцца, хоць я шукаю
Так даўно,— калі пры Ісусе
З пацалункам не цёрся Каін,
І калі яшчэ пешкі не бегалі
Да багоў на нябёсы грачанкі,
І вароны былі ўсе белыя,
І рачулкі цяклі — малачанкі,
І калі вада, як спірытус,
Пад катламі ў пекле гарэла,
I пілі багі-сібарыты
Сок таматны, вяселячы цела,
I Мядзведзіца ў небе Вялікая
Не радзіла яшчэ Малую...
Як даўно ўсё было... Ты клікала
Ці насмешку ладзіла злую?..
Так даўно... Я згубіўся, забыўся:
Дзе, калі, у якіх сусветах?..
Пазбіваў стагоддзям гарбы ўсе,—
Так даўно я шукаю. А дзе ты?!.
Адгукніся халасцяку,—
Я прыйду... калі не ўцяку.

СЯМЕЙНЫ РАЗРАД
Лаяўся з жонкай робат культурны —
Іскры разрадаў ляцелі з душы:
— Толькі з табой, электронная дура,
Ні памаліцца, ні саграшыць!..

* * *
Дзяўбуць гады сяброўства маналіт,
Халодныя асколкі б'юцца ў грудзі,
І абгарэлы, як метэарыт,
Камочак сэрца гасне ў гэтай грудзе.
І пылам пакрываюцца шляхі,
Якія мы адкладвалі па потым,
І мару з-пад паседжанай страхі
Не выгнаць ні ў завею, ні ў спякоту.
Спакою ўжо не пнецца пагражаць
Няўрымслівасці сіла маладая,
І раўнадушша шэрая імжа
На думы i на крылы ападае.
I неяк разыходзімся няўзнак —
Штодня далей, цішэй i непрыкметней...
Палаяцца б хаця — дзеля зявак,—
Дык i задзірыстасць закінулі на сметнік.,
Няўжо, закон жыцця, няўхільны лёс,
Няўмолытае наканаванне часу,
Каб кожны шкарлупінаю аброс
I заставаўся ў той труне сам-насам?..
Я клічу вас, таварышы мае,
Да звонкай той юнацкае заставы,
Дзе клятвы мы пакінулі свае,
На смерць якіх ніхто не даў нам права.
Хіба яна, адна яна, на ўсім
Паставіць крыж апошні права мае,—
Але тады, як самі мы згарым...
Вось толькі той, хто тлее, ці згарае?..

ВІНА
Радзіма, Беларусь, прыпынак судны
Паміж сівых вякоў,
Блукаў я па зямлі тваёй пакутнай,
Ды не стварыў шляхоў.
Сляды былі. Але вуголлем часу
Пакрыта ўсё.
І вечнасць гладзіць перастылым прасам
Душы рыззё.
Наводзіць шык? Дзеля чаго, скажы мне,
Калі няма шляхоў?
Няўжо з табою стануцца чужымі
Сыны сыноў?
Напэўна ж — не. Ды я і сам не згодзен,
Каб заўтра ты была
Нямою пры жывым сваім народзе —
Як хата без святла.
Сынам з «кароткім курсам» у галовах
Дай шырыню.
Хто верыць, што тваё згарае слова,—
Дай ім агню!
Хто рэвалюцыю ў спектаклі перайначыў,
На лозунгі павёў шаблонны грым,—
Хай затрымцяць трусліва, як пабачаць,
Што слова не гарыць!..
Спытай усіх — як на сканчэнні свету:
«Маціпрадаўцы вы альбо сыны?»
А суд людскі не вінаваць пры гэтым,—
Віноўныя — яны. Адны яны.

* * *
Помніце, як птушкі грыбнікам высвіствалі
І пра неруш песні на прамень нанізвалі?..
А як пруцца — бачылі —
напралом з транзістарам,
А калі пры сіле — нават з тэлевізарам?..
Ці музычны момант? Ці музычны молат?
Ці то землятрусы музыкі бушуюць?
Хто тут разбярэцца, як займае мову...
А пачнеш гукацца — сам сябе не чуеш...
Вось дзе ў лесе радасці —
і звярам, і птушкам!
Гнуцца лозы долу, і сасну хістае.
Дуб, хоць глухаваты, а прасіў заглушкі
Дзятла на ўсе вушы да зімы паставіць.
Аб грыбным сезоне ў прыгараднай зоне
Завываюць трубы і трамбоны гаўкаюць...
З гаю выбягаюць: «Дзе схавацца сёння?!» —
Нават мухаморы з бледнымі паганкамі.
Д'ябальскай арцеллю ВІА вар'яцее,
Аб камлі магутныя б'ецца какафонія,
У травінкі кожнай — дрыжыкі па целе,
Гоніць зайца ў вёску дзікая агонія.
Можа, тут прытуліцца,
Можа, тут схаваецца,—
Пасядзіць на вуліцы
З дзедам на завалінцы?..

* * *
У вераснёўскім лесе
Ветрык лісцём церусіў,
Як летуценнем імпрэсій
Музыка Дэбюсі.
Ціха было і ўтульна...
Ды раптам — той голас гусей...
Аб чым ён? Якую адтуль нам —
З-пад неба — вестку нясе?
Той голас,— ты чуў яго быццам,
Калі і цябе не было.
Ты чуў, бо не можаш забыцца.
Хоць год — мільёны сплыло...
Адкуль расстайная памяць
З усім хараством зямным?..
І холад касмічны паліць
Здагадкай, што мы не згарым...
Што мы ўсяго толькі ў выраі
I ў прадчуванні бяды
3 зямлі карані свае вырвалі,
Ляцім — i не знаем куды...

* * *
Б'юць па чэраве і па чэрапе —
Хто абжорствам, хто какафоніяй.
А з якіх крыніц ваду чэрпаем,
Смык чыёй смалой каніфолены?..
Перад кім душой мы рабынімся,
Дэцыбелаў сцяной адгароджаныя?
Дзе згубіліся? Як забыліся,
Што сваёй зямлёй мы народжаныя?
Скрынкі з музамі д'ябл-музыкі,
Як гарбы, нясём перад пузамі.
Галаву «метал» цяжка тузае
І грыміць у ёй, нібы ў кузаве.
Хто цябе прадаў, песня родная,—
Ці бяздомны спец, ці купец ліхі?
І пад Віцебскам, і пад Гродняю
Буйна плодзіцца меламан глухі...
Хто закрыў нам душу на ўсе застаўкі,
Каб для памяці ў ёй — ні адтулінкі?..
I ў навушніках сыны вушастыя —
Як духоўныя беспрытульнікі...

РЭХА ЗВАЛЕНАГА ДРЭВА
На золку шэрым
Конік бег —
Яшчэ й дугі не відно.
На золку гулкім
Валілася ў снег
На хату будучую
Бервяно.
Туды,
Дзе барвяна
Праз ночы дно
Бруіўся
Прамень з падзямелля
Крамяны,
Кацілася кругла
Вянца звяно —
«Бер-вя-но...» —
Мяняючы тон драўляны
На рэха віны —
«...вя-но...»
Пасля i «...я-но...»
Зламалася — «...но-о...» —
Нібы пугаўе ў мароз.
I толькі «...о-о-о...»,
Як іней з бяроз,
Бязгучна
вецер
абтрос...

* * *
Можа, ўсё гэта толькі ідэя
І наіўны, палынны міраж,—
Як сусветная Іудзея —
Гэты крык і помысел наш?
Вось яна — зямля пад нагамі.
І парод на зямлі спрадвек.
Толькі слова свайго пазбягаем,
Як здаровы — пагляду калек.
Просім сына: па-беларуску
Напісаць (як прасіў Карусь
Каганец)... І пачуем малюска:
— А ці ёсць яна, Беларусь?..
Што было па шляхах і ростанях?
Прадавалі нас за паўцаны,
І круціліся душы бяростаю
На агнях інквізіцый маны...
Толькі дзверы чужых пачакальняў,
Толькі уніі ды палон...
І па шыі — жэтон адчаканены:
Час, як выціснуты лімон...
Хто — зямля ці ідэя — злучае
Раз'яднаны бязмоўем народ?
Ці гуртуюцца людзі адчаем:
Там крычыць ўсенародны рот?..
А пакуль сведчым, хто вінаваты,
Б'ёмся ў дыспуце шматгаловым,—
Кажуць, новае ўводзіцца свята
З назвай «Дзень адмаўлення ад мовы»...

З ГАЗЕТНЫХ АБ'ЯЎ
Дзе яна, дзе ў нашым Мінску?
Дзе хоць бы след яе?! —
Валам коцяцца ловы:
Шукаецца машыністка,
Якая ведае
Беларускую мову.
Як снежнага чалавека —
Ау-у-у! —
Як дапатопнага маманта,
Яе — над бурлівым векам —
Схапіўшыся за галаву,
Аб'явы гукаюць з лямантам.
Крычыць газетны абрус.
А я за ўсімі бедамі
Чакаю аб'явы новай:
Шукаецца беларус,
Які ведае
Беларускую мову.

ГУЛЬНЯ Ў РЫФМУ НА ЛЕКЦЫІ «ЯК ЗЛІВАЮЦЦА МОВЫ»
Леаніду Дайнеку

Каб рыфмай спляжыць слова «снайпер»
І сэнс каб быў, а не мура,
Адстукаў гном: «па тэлетайпе» —
А выйшла з-пад твайго пяра.
За гэтай спрэчкаю няхітрай —
Калі дакладчык абнудзеў —
Скакалі слоў замежных цітры,
А я свайго, свайго хацеў.
Ці добрай ласкаю прывесці,
Ці прыштурхаць яго ў каршэнь,
Але такое, каб патрэсці
Тваю шыкоўную кішэнь!
Пацеў да сёмай перагрузкі,
Цягнуў лексічнае цягло,
А слова «снайпер» з беларускім
Гаворку зладзіць не магло.
За рыфму я плаціў панура,
Нікчэмнасць лаячы сваю:
Відаць, парнаскай фізкультуры
Не шмат увагі надаю...
Што ж, паднатужымся памалу,
Згаворым слова на хаўрус.
...Стаяць. Апушчаны забралы.
Наўпроць чужынца беларус.

ЛЫЧ І КЛІЧ
Рой і род... Раіцца і радзіцца.
Мёд і рот... Збіраць і спажываць.
Рой і мёд — ні крыку, ні амбіцый.
Нам бы так — ад зерня да жніва...
Толькі штосьці ў чалавечым родзе
Ўсё інакш: дзе мёд — глядзіш, і мот
Крылы разгарнуў, і на выгодзе
Сто ратоў злілося ў хіжы рот!
На калені ставіцца сумленне,
Да карыта стольнага паўзе,
Следам прэ нашчадкаў пакаленне
І навуку бацькаву грызе.
Похапкам старога пераплюнуць —
Рыцары кар'еру здабываць.
І пачне столаначальнік юны
Капытом пячаткі адбіваць.
Ледзьве не з пялёнак — у эліту,
Да размеркавальніка кармоў,—
Ад лычоў гайдаецца карыта,
І гудзе трыбуна ад прамоў.
А калі спытаць — аб чым прамовы? —
Тут жа засмяюць, як цемнату:
— Ты не чуў? — гукнуць,— Перабудова!
То збівай ідэі па ляту!..
Абагнаны парасячым статкам:
— Вось я і на пенсіі, лічы,—
Усміхнецца кіраўнічы татка
І прашэпча: — Па харчы, лычы!..
Сунецца ў аўтамабіль фартовы
Задам, быццам у дупло мядзведзь,—
Трэба паспяшаць: з перабудовы
Прыбудову цёплую займець!..
Лыч i кліч — з'ядналіся ў хаўрусе,—
Вось дзе край — Жыві-не-памірай...
Кажуць, не дзяцей прыносіць бусел,
А пасады ў гэты штатны рай...
І вісіць — як цяжар шматпудовы —
Гнёт пытання — і ўначы і днём:
Трэба пачынаць перабудову —
Трэба,— а з каго, аднак, пачнём?..

* * *
Чаго мне лезці ў д'ябальскі натоўп,
Што прэцца на дзяльбу чыноў i славы?
Я толькі Ной, што ў атамны патоп
Ратуе слова продкаў ад расправы.
Імчацца наабгонкі стрымгалоў?
Не той узрост і не ў маёй натуры.
Бяжыце, забівальшчыкі галоў,
У браме прызавой футбалатуры.
«Мазіла!», «Пас!» — балельшчыкі крычаць,
З трыбун крытычных патрабуюць: «Шайбу!..»
А словы ціха да майго пляча
Злятаюцца з нямой, сусветнай жальбай.
Сядаюць парамі — ад кожнага гнязда:
На радавод, для будучых узлётаў.
Адна падзея ў нас, адна бяда:
Нам трэба выжыць. Іншае — на потым.
І я шапчу: «Трымайся, мой каўчэг...»
Гукаю словы будучага сказа:
«Збірайцеся з-пад шатаў і з-пад стрэх.
Калі патонем, то, напэўна, разам...»

НА АСФАЛЬЦЕ...
Што тут сеюць i жнуць — невядома,
Садзяць што і прарэджваюць тут?..
У палацах — палі аграпрома,
На асфальце — лясны інстытут...
Тут на сцежках таемных, нязнаных
Цудаў шмат прарастае ў цішы,
Дысертацыяй зацугляны
Кот вучоны вязе барышы.
Маладая котка па возе
Паганяе ласкава хвастом...
Тут філосаф — спіной да Спінозы —
Са Спінозы «здзірае» ў свой том...
Пры бацькоўскай кішэні і тэме,
З барадою як намяло,
Тут наследны ідзе акадэмік —
Малады і «ученый зело».
Тут кусціцца інструкцый пшаніца,
Папяровых бліноў — повен рот.
Камяніцы пахнуць ігліцай
Тут аднойчы — па Новы год.
З тэмы тут, нібы з дрэва ці звера,—
І таксатар, і таксідэрміст —
Лупяць скуру зацята, аберуч,
Як з прыезджых сталічны таксіст.
На дэбатах тут спеюць зарплаты
З-за трыбун — салаўіны канцэрт,
На халодную закусь — цытаты,
Дысертацыя — на дэсерт.
Тут ляснік, на доследы падкі,
Архімедаў закон зруйнаваў:
Цела грэк пагружаў у вадкасць,
Ён жа — вадкасць у цела ўліваў.
І была выштурхоўвання сіла
Роўнай масе вадкасці той,—
«Адкрыццё» лесніка падкасіла,
І цяпер ён у ссылцы лясной...
Ну а іншыя — правяць паромы,
Як накрэсліў арцельны статут:
У палацах — палі аграпрома,
На асфальце — лясны інстытут...

УЗДЫХАЕ ПЕВЕНЬ ЦЯЖКА...
Уздыхае певень цяжка:
Кураць куры — ды ўзацяжку!..
Цэлы дзень сядзяць, сакочуць,
Нават несціся не хочуць,
Не выводзяць куранят:
«Што нам той дзіцячы сад!
Ёсць на гэта інкубатар...»
Плача певень без зарплаты...
Ні капейкі, ні зярнятка
На кішэнныя выдаткі.
Бабылём ідзе на шпацыр,
Слёзы лье: «Эмансіпацый
Шмат было — ва ўсе эпохі
Бунтаваліся «панчохі».
Ды курыная, прызнацца,
Горшая з эмансіпацый...»
Аж на ўсе дванаццаць струн
Заікаецца пявун,
Пер'е па сабе дзярэ:
«Ку-раць ку-ры... Ку... ку... рэ...»

ПЕСНЯ БЕЗ IBАНА Ў ГАЛАВЕ
— А якая ж песня без Івана? —
Голас над ваколіцай плыве.
А Івану ўжо не да баяна,
Песня тая і не ў галаве.
Кажа: І ў мяне перабудова,
На самаакупнасць перайшоў:
Я ж вам не блазнюк сямігадовы,
Каб ірваць мяхі без барышоў.
Пералом ідзе па ўсім Саюзе.
Хоць не жмот я, ды кладзіце мне
З танца па кап'ю на кожны гузік.
А прыпеўкі — па сваёй цане:
Тут — як за паслугу чаявыя,—
Задарма i бык не прамычыць:
Так ці сяк — падносьце гарлавыя,
Трэба ж,— кажа,— горла прамачыць.
А пакуль ідзе фінансаванне,
Каб не ўсох эканамічны план,—
Дык на грані ўжо балансавання
На тачок з'яўляецца Іван.
А яшчэ як возьме гарлавыя,
Hi баян не трэба, ні Іван:
Рот самараскрыты, горла вые
І ў вачах — туман, плыве туман...
На баян
Іван фінансаваны
Галавою цяжка аплыве,
І гарлае песня без Івана,
Песня без Івана ў галаве...

ЯК ГРЫБЫ...
Канцэнтрацыя дурняў крытычная:
Ёсць — прасцяк, без цара ў галаве,
Ёсць, што з розумам ходзіць пазычаным,
А найбольш — хто на дурня жыве.
Так прыладзіцца, так прыкінецца:
З богам — бог, а з героем — герой,
Цыркулярыць душа-чарнільніца,
І з трыбуны — за праўду гарой!
Так захопіцца часам прамоваю —
Аж паветра рукамі грабе,
Аж сапе, быццам дух напампоўвае —
Перакрыкнуць самога сябе!..
Нос кіруе па плыні, як човен,
Сець закідвае — што пагусцей,
Знае толк у праграме Харчовай:
Там выконвае, дзе тлусцей.
Быццам бурбалкі — лозунгі клічныя,
Аж сіпіць перагрэты гарляк,—
Колькі іх, што на дурняў разлічваюць
І смяюцца паціху ў кулак...
Ні касцы, ні жняцы, ні аратыя,—
Як грыбы — партфельная раць!..
Поўны з коптурам кош бюракратыі...
Што рабіць толькі з гэтаю браціяй:
Ці саліць іх, ці марынаваць?..

КНІГАЛЮБ
Здаваў макулатуру,
Цягаў тамінаў глыбы,
Пагнаў мускулатуру
І звіліны паглыбіў.

ВЕРХАМ НА ВЕРШЫ
Як дрэсіроўшчык, словы лупцуе:
Кожны радок прытвараецца творам.
Не разабрацца — хто там гарцуе
Верхам на вершы — тварэц ці прытвора?

ЭРУДЫТ У КРЭДЫТ
Ён — як паветра: незаменны ён.
Ад фараонаў i індускай Веды
Да «чорных дзірак» — б'е ў навукі звон,
Святло нясе па таварыству «Веды».
Ён з кавалём гатоў каваць метал,
З рамонтнікам — ліквідаваць паломку,
І тут жа прыгадае «Капітал» —
Што эканоміка, маўляў, не эканомка.
Ён майстар на ўсе рукі: вучыць жней,
Як жаць, а будаўніц — рабіць тынкоўку.
І што важней — гальюн ці Галілей,
Адкажа,— дайце дзень на падрыхтоўку.

ГАЙ ДА ФІЛАСОФАЎНЫ!..
Хлеб вучоны — ён не мучоны:
Як з насады высокай з'еду,
Акадэміяй буду хрышчоны,
Буду сеяць мудрасць і веды.
І ў навуцы жратво не скупое,
Не гразіцца скарынкай падсохлаю:
І накорміць спаўна, i напоіць
Дысертацыя Філасофаўна!

НА СХОДЗЕ
Так гаворыць,—
Здаецца, што свет зараз створыць
І сам сябе зробіць...
Словы, словы,—
Не знаю — якой вы цаны?..
Адно толькі рэшта звініць у душы,
Быццам дробязь...
Словы, словы...
Няўжо будуць правіць зямлёй
Крыкуны?..

* * *
Паэт праклёны слаў па тэлефоне...
Які паэт? Канешне, не Гамер,
Бо тэхнікі такой ні ў Парфеноне,
Hi нават на Алімпе не было...
І Буало,
Што нам мастацтва слова рассакрэціў:
Пакінуў аб паэзіі трактат,—
Калі б пачуў: «Пракляцце вашым дзецям»,
Дар паэтычны перадаў бы птушкам...
І Пушкін
Не мог сказаць такое: перад гэтым
Спаліў бы ўсё, што выйшла з-пад пяра,
Адмовіўся б ад ліры запаветнай:
Так пра дзяцей? — якая ўжо тут муза...
І Прануза —
Бывалы франтавік, што да Берліна
Па ўлукаткі запісаных радках
Ішоў, як па крывавых каляінах,—
Закрыў бы вушы, вочы б завязаў...
А ён — сказаў...
А ён сказаў: «Пракляцце вашым дзецям:
Каб вы такое ж, як i я, спазналі...» —
Паэт, які а-ні-за-што на свеце
Не адчуваў уласнае віны...
Але — яны —
Яны — каго ён праклінаў услых?..
Яны не скажуць, хоць i знае свет:
Не дзеляцца праклёны на дваіх,
Праклёны застаюцца аднаму...
Каму?
Хай не табе, паэт...

ХОБІ І ГІСТОРЫЯ З ГЕАГРАФІЯЙ
Сэм-долар, дзядзька лысы,
Хапуга з даўнім гартам,
Меў хобі на абрысы
Геаграфічнай карты.
Над глобусам з маленства
Любіў ён мудрагеліць:
Знаходзіў педабенствы,
Праводзіў паралелі...
Выдатная калекцыя!..
Сто год у ладкі пляскаў
Цару, што стаў калекаю
На клёк i збыў Аляску.
Праз лупу i ў бінокль ён
Глядзеў на землі хіжа
З абрысамі далёкімі
І тымі, што пабліжай.
Адно што век дваццаты
Калекцыю парушыў,
Сказаў: «Зямля — не Штаты,
Каб трэсці як ігрушу...»
Во — нібы сцяг чырвоны
Лунае на паўсвету:
І троны і кароны
Змяла краіна гэта.
І тут — адны падкопы,
Буржуйскія хаўтуры:
Звузела іх Еўропа
Шчыгрынаваю скурай.
Тут Афрыканскім Рогам
Б'е кантынент пад рэбры
І гоніць прэч з пapora
«Патронаў» непатрэбных.
Тут дзвюх Амерык талія,
Што Сэм абняць грабецца,
Тут — боцікам Італія:
Стаіць і прадаецца.
Тут астравоў Сейшэльскіх
На гнуткай шыі нізка,—
Ды не сарваў у шэйку,
Не паддалася нітка...
З трохкутнікам Бермудскім —
Матыўчык, сэрцу любы:
Па-людаедску людства
Сам смачна праглынуў бы...
А свет ідзе па графіку,
Абрысы пераворвае,—
Мяняе геаграфію
У рэчышчы гісторыі!

СТРАСЦІ ПА БАХУСУ
Зіма сувой снягоў адбельвае,
З мазгоў мароз павыбіў клёк.
Субота тужыцца з нядзеляю
Узбіцца на сугрэўны лёк.
Ды толькі дзе і як? Ні каліва —
Ні чвэрткі нават, ні ў губу.
Як кажуць, транспарт стаў без паліва
Дзьмі ў кефірную трубу...
Ужо не спрынтэры, а стаеры,
Каб мэты ў пошуку дапяць,
Як жураўлі у песні Ставера,
Туды-сюды — ляцяць, ляцяць...
У забягалаўках — вакацыі:
Тарты ды сокі сталі ў рад.
Таставікі кваліфікацыю
Губляюць, як спяцы разрад.
Чарга музейна-эрмітажная
Ля прысакрэчаных дзвярэй,
Дзе блізкай радасці мантажнікам
Не Босх, а Бахус правіць рэй.
Ды і тае надзеі кволенькай
Агеньчык тае на вачах:
Сцяной перад прылаўкам голенькім
Чарга ўздыхае з-за пляча.
Адны — хаўруснікі з паліцаю —
Стаяць абоймай каньякі.
І то ці доўга тут пыліцца ім,
Хоць нам яны — не сваякі...
Што ж, патрывайце недаступамі
На шматрублёвым рубяжы.
А мы сабе далей патупаем,
А пры зарплаце — прыбяжым!..
Бывайце!.. А бутэлькі з назвамі
«Напалеон» і ўвесь букет,—
Як шэфы з тварамі адказнымі,
Глядзяць з прэзідыума ўслед...

* * *
Стрыножаныя і абяскрыленыя,
Заціснутыя паміж старонак,
3 чысцінёю стэрыльнаю —
У кнізе Чырвонай,
У гэтай самай сучаснай казцы,
Жывуць яшчэ і звяры, і птушкі,
Злоўленыя аб'ектывам зіркастым
На кіно- i фотастужцы.
Самыя рэдкія, экзатычныя,—
Хаваюцца ад прагрэсу.
І кніга чырвонай тычкаю
Тырчыць па дарозе злавеснай.
Гарыць слязой плакатліваю,
Дзе, вярнуўшыся ўвесну дадому,
Над прахімічанай ніваю
Злятае жаўрук дадолу,—
Не з песняю, як бывала,
Да хаткі ў цёплай разоры,
А знічкаю шэра-злінялай,
Што з неба прагналі зоры.
Гарыць тая кніга вогнішчам,
І я, апякаючы лапы,
Нясу — з першабытнага логвішча
Яе дыягенавай лямпай,—
Шукаю цябе, абаронца,
Каб ты ў тэхнічным нахрапе
На самай апошняй старонцы
Ў Чырвоную кнігу не трапіў.

СУБКВАТАРАНТ
Не знаўся б я з табой, сабачым франтам,
Калі б аднойчы дарагі сынок
Без юрыдычных праў і без гарантый
Цябе з базара ў дом не прывалок...
Ніхто цябе не прывучаў да службы,
А рос — не дуэлянт, і не зладзей,
І кемлівы, і па законах дружбы
Ніколі не падводзіў у бядзе.
Калі па-добраму спрыяў бы лес, то ў фільмах
З класічнай тэмаю даўно здымаўся б ты,
І ў кадры ля якой-небудзь графіні
На ланцужку хадзіў бы залатым...
Што ж, гаспадар не той... Ды па-дзіцячы
Надоечы я рагатаў за трох,—
Відаць, з усёй фантазіяй сабачай
І ты б такое выдумаць не змог:
Праз тры гады я ўгледзеў, бесталковы,
Што галоўбух — фінансавы гарант —
Правёў цябе па кніжцы разліковай
З прапіскай у графе «суб. кватарант».
Вось толькі, што на ўвазе меў бухгалтар,
Калі пісаў асобна, з кропкай, «суб.»:
Ці ты суб'ект, кватараваны гвалтам,
Ці субяседнік, модны словалюб?
Ці ты субстанцыя — як атам альбо космас —
Рэальнасць аб'ектыўная мая?..
Ды сэнс відзён — ці просты ён, ці ўскосны
«Субкватарант» са мною на паях.
Цяпер табе не крыкнеш: «Выбірайся!..»
Ёсць i квартплата — паўтара рубля...
Як у «Муму» тургенеўскі Герасім,
Падумаў я: не злом жыве зямля...

МАЛЮНАК З ВАГОННАГА АКНА
Яшчэ вясна і мычыць, і целіцца,
А ўжо курыцу певень гуляць падкудыквае,
І ў падмаскоўным пасёлку Пяцеліна
Варона галінку нясе задыхана.

* * *
Не азірайся,— міф вучыў біблейскі,—
Іначай скамянееш назаўжды...
...За стол засядзем — і пасады клейстар
Прыклейвае да крэсла на гады.
Не азірайся — а глядзі наперад,
Ды лішняе не зыркай па баках,
І не круціся,— строгія паперы
Зламаюць шыю нават у быка.
Не азірайся,— што было, на звалку
Ўсё змецена, і што туды глядзець...
І прадзедаў не знаюць дзеці змалку,
І пазнаюць бацькоў сваіх ледзь-ледзь.
Не азірайся,— што тых продкаў мова,
Гісторыі замшэлыя вянцы!..
Мы за сталамі свет збудуем новы,
Дзе першыя тварцы — прамоў пісцы.
Не азірайся... І чым далей — болей
На лысіну наслойваецца пыл,
Хрыбетнік нерухомее ад солей,—
Сядзім, нібы саляныя слупы...
І ўжо не цыркулярам — цыркуляркай
Той слуп не адпілуеш ад стала,
Не выманіш ні чаркай, ні цыгаркай,
Ні пенсіяй, што ўжо даўно прыйшла.
Заслужана сядзім і непахісна,
Назад не азіраемся — ні-ні.
І ў гэтым наша сутнасць, наша існасць:
Аслупянелі — і спачнём на пні.
Памром, як маманты. І ўсё закрые полаг
Нямога і тупога забыцця.
І ў тле вякоў пачне палеантолаг
З чужых планет разгадваць па касцях:
— З якіх расолаў ідалы такія,
Які так моцна іх засольваў час?..
А мы аднагалосна рукі ўскінем:
— Была эпоха! — грымнем у адказ.

* * *
Р. Б.

Мы з табою браты вяртанняў
Да рачулак, азёр і крыніц.
Высыхае песня ў гартані
Ад задухі глухіх камяніц.
Хоць глыточак адзін, хоць расінку
На дарогу — на год, як на век,—
З вейкі мамінай парушынкай
У сусвеце ляціць чалавек.

* * *
Я не Пушкін, а ты не Талстой —
Паралелі не варта праводзіць,
На абочыне сціпла пастой,
Дзе вялікія ў вечнасць праходзяць...
Быццам так яно ўсё, ды не так...
Памаўчым — і паціху ў дарогу.
Быццам так яно ўсё, аднак
Плён сапраўдны — не з поля чужога.
Чалавек — толькі тым чалавек,
Толькі тым на зямлі вялікі,
Што да мэты шляхоў не адсек,
Што сябе не спыняцца клікаў.
Што сваё прызначэнне шукаў,
І дастойны сваёю вярстою —
Сёння, заўтра, заўжды — у вяках.
А астатняе ўсё пустое.

* * *
Душа — нібы кашуля ільняная,
А век пражыць — не зрыфмаваць санет...
Каго шукаеш ты і праклінаеш,
Сучаснікамі страчаны паэт?
Як суцяшэнне — бушаваў Ясенін,
І Смелякоў псаваў парадны тон —
Узятым у плаціны Енісеем,
Ты шэрасці падточваеш бетон.
І сам жа тут яго крутым замесам
Мацуеш, і нарошчваеш сцяну,
І пад ахоўным іменем прагрэсу
Выходзіш у жыццё, як на вайну:
То баразну паправіць трактарысту,
То на станку ператачыць дэталь,
То ў пошуках металалому рыскаць,
Каб выплаўляць у вершы гучным сталь,
То злёт адкрыць, то Бахусу даць страху,
То выбягаць красменам на шашу,—
Туды-сюды, а сам без апранахі,
Глядзіш, у людзі выправіў душу...
Туды-сюды,— глядзіш, і песня спета.
І не грызуць сумненні, як спярша.
І ўжо слывеш сучаснасці паэтам.
І з ільняной — бетонная душа.

ВЫСНОВА З КРЫТЫЧНАГА ДЫСПУТУ
Калі трыбунна фарысеі
Стаўляюць вехі маладым,
Як жаць, дыктуюць тым, хто сее,
І акуляры палыселым
Працерці пыжацца,— тады
Я чую голас: — Не бяды!
Паэзію не абмундзірыць,
Яе не выцягнудь «у фрунт»,—
У тым якраз і ліха фунт,
Што не трыбуны-канваіры,
А летуценнікі-задзіры,
І патаемцы, i куміры,—
Паэты — неба камандзіры,
Пакуль зямны пад імі грунт.

AЗІМУТ
А ўсё-ткі добра: знаеш, дзе свае,
І сам ратунак голас падае,
Калі праз цёмную аблогу i слату
Нясецца ўслед: — Ату яго, ату!..

* * *
Мы песні ў курганах пазакапалі,
Мы апусцілі іх на дно азёр.
І толькі раз у год — перад Купаллем
Яны выходзяць — узляцець да зор,
Пытаюцца: «Аднойчы вы ўзнялі нас,—
Нашто ж цяпер хаваеце красу?..»
...Заслухаўшыся песень салаўіных,
Сліжы-смаўжы спадаюць у расу...

* * *
Паэт памыляцца не можа ніяк —
Не мае права на гэта:
Калі ён у думках прамовіць «я»,
«Мы» — адгукнецца паўсвету.
Прарок і пакутнік, хто іх сустрэў:
«Я» і мільённае «мы».
За словам, кароткім самым, як стрэл,
Трагедый людскіх тамы.

* * *
У эпіцэнтры восені,
У беразняку
Ліст з настылай просіні
Злятае на руку.
Зялёныя пражылкі,
Жаўтлявае крыло,—
Адбіўся, пакружыўся,
Ды ветрам не змяло...
Як свойская сініца,
На цёплую далонь
Даверліва садзіцца,
А з вачанят — агонь,—
Халоднага пажару
Трымценне і спалох,
Бярозавых стажараў
Прадснежаньскі парог...

* * *
Як стог атавы, летні дзень завершан,
Антонаўкай хрумсціць асенні лёд,
І крык гусей — як замаразак першы:
Гарласты і бадзёры,— У палёт!

НАДПІС НА КАЛЕНДАРЫ 1988 ГОДА
Хай будзе высакосны
Не косны i не поены,
Для праўды — бацька хросны,
Не ўскосны, не адносны —
Галосны, ды не злосны.
Хай будзе ён укосны,
Хай будзе хлебаносны,
І росны, і не млосны,—
Высокі высакосны!


Оглавление

  • Васіль Зуёнак ЛЕТА ТРЫВОЖНЫХ ДАЖДЖОЎ