Знак аховы [Уладзімір Някляеў] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Уладзімір Някляеў ЗНАК АХОВЫ


Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Някляеў, Знак аховы: Вершы. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. — 85 с.


Рэдактар: В. В. Спрынчан


© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010 


ЯК ЛІСТ ПЕРАД ТРАВОЙ

ДАВЕДКА АБ НАРАДЖЭННІ


Судовая справа

1.
Год пасляваенны. Год работны.
Шчэ з руін не выветрыўся дым,
А на танцах, звыклыя да поту,
Кірзачы і хромавыя боты
Рэжуць полькі крокам страявым.
Год надзейны. Год пасляваенны.
Шчэ падлікі страт не паіменныя —
I маўчаць хатынскія званы,
І да мёртвых — літара за літарай
З плачам, галашэннямі, малітвамі —
Пісьмы йдуць
На той канец
Вайны.
Год пасляваенны. Год гаротны.
Шчэ жыццё паўзводнае, паротнае,
Хлеб па картках і па картках соль,
I людзей — хоць ёсць таварыш Сталін,
Хоць перамаглі і адстаялі —
Аніяк не адпускае боль.
Ён — нібы пад рэйкамі ўзрыўчатка.
2.
Касавіца.
Ліпень напачатку.
Не да святаў. Хутка час жніву.
Старшыня пахукаў на пячатку,
Пляснуў па даведцы —
I жыву.
Першы сорт. Пасляваенны выраб.
Чым прырода апраўдала выбар:
Быць альбо не быць мне на зямлі?
Як неверагодны выйгрыш выпаў?
Бацьку
Снайпер выбіваў — не выбіў,
Маці ў роў вялі — не давялі.
Вось з вайной мая прамая сувязь,
Лёсаў і крыві густая сумесь,
Што праз марлю год не працадзіць.
Памяццю сваёй
Я не свабодны:
Сутыкненне нацый і народаў
Вырашала — быць мне ці не быць.
А душа мая
Шукала цела.
3.
Быць хацела! Дыхаць ува мне!
Ля траншэй цвіла рамонкам кволенькім,
Калй дотаў стракатала конікам...—
Не! -
Новенькі,
Бліскучы,
З меткай «супер»,
Не з'явіўся — выжыў я насуперак
Вайне.
На прамежжы
Азіі з Еўропай
Як хачу
свячу ружовай попай,
Знаць не знаю пра сваё жыццё,
Крэўны сын
Някляева Пракопа,
Стасі Магер
Роднае дзіцё.
4.
Трое нас.
Ніводны не забіты.
5.
Сорак шосты.
Даспявае жыта.
Час вялікіх спраў —
не да малых!..
Нават чарку кінуў недапітай
Схаршыня на хрэсьбінах маіх.
Старшыня — начальнік адмысловы.
Франтавік.
Герой.
Гвардзеец.
Франт.
Казыраў ён нетутэйшым словам
«Факт» —
I парыпваў кабурою новай,
Медалямі, слепячы, звінеў...
Ён сказаў на хрэсьбінах прамову.
Вось што я з прамовы зразумеў:
Факт,
Што набірае моц Радзіма.
Факт,
Што ў нашых ворагаў інфаркт.
Факт,
Што жыта сёлета ўрадзіла.
Нарадзіўся я — таксама
Факт.
Факт яшчэ, што банда паліцаяў
Не дабіта ў Суцькаўскім бары...
«Ды пра паліцаяў — абяцаю»,—
Шчоўкнуў старшыня па кабуры.
Той парою
Шчоўкалі заўзята...
6.
Ноччу бралі Кабянка Ігната,
Першага бандыта на раён.
Узялі. Вяскоўцам паказалі.
— Ён? — спыталі.
— Гэты,— адказалі.
А сівы Стапуль сказаў:
— Не ён.
7.
Трох красунь-нявестак Стапулёвых
На суках таполевых, вясновых
Весела
Ігнат павесіў быў:
Першую — бо мела кроў чужую,
Бо хавала першую — другую,
Трэцюю...—
Бо троіцу любіў.
З імі побач, на суках кляновых
Трох сыноў-асілкаў Стапулёвых
Кабянкова банда падняла:
Першага — бо выкраў вартавога,
Бо не выдаў першага — другога,
Трэцяга...—
Каб троіца была.
Тры начы і дні гайдаў іх вецер...
8.
Ці на вецці ружавее квецень,
Ці лісты асеннія ляцяць,—
Гэтыя тры клёны,
Тры