У пошуках слонімскіх скарбаў [Сяргей Чыгрын] (fb2) читать онлайн
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
[Оглавление]
Сяргей Чыгрын У ПОШУКАХ СЛОНІМСКІХ СКАРБАЎ
Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Чыгрын, У пошуках слонімскіх скарбаў, Гісторыка-краязнаўчыя, журналісцкія і літаратурныя нататкі. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2006.
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
Ці можа Слонім стаць турыстычным горадам?
Цікава, якое месца ў развіцці турызму займае і можа заняць сёння старажытны беларускі горад Слонім? Як сказалі ў Слонімскім бюро падарожжаў і экскурсій, горад над Шчарай у найбліжэйшы час абавязкова павінен стаць турыстычным горадам. Хаця сёння людзі, якія прыязджаюць у гэты горад, знаёмяцца толькі з адным маршрутам Слонім—Жыровічы. Вядома, наведваюць яны і раённы краязнаўчы музей, які прымае штогод каля 25 тысяч чалавек… Некалькі гадоў таму сустрэў у цэнтры Слоніма чалавека сярэдніх гадоў з фотаапаратамі. — Скажыце, калі ласка, — запытаўся незнаёмец, — як мне знайсці тэатр Агінскага? Я прыехаў з Санкт-Пецярбурга, каб зрабіць здымкі тэатра. Але ў каго ні запытаю — ніхто не ведае. — Я вас засмучу, але будынак тэатра ў Слоніме не захаваўся, яго знішчылі час, войны і людзі. Толькі захавалася аустэрыя, у ёй цяпер знаходзіцца школьны навучальны вытворчы камбінат, — такі быў мой адказ незнаёмцу. Госць быў вельмі здзіўлены і нават не паверыў. Прыйшлося яму паказаць, дзе некалі стаяў тэатр і дзе цяпер знаходзіцца аустэрыя. Але чалавеку, які першы раз прыехаў у Слонім, гэтага было мала. Ён столькі чытаў пра тэатр Агінскага, а ўбачыў… пустое месца. Сапраўды, Слонім сёння ведаюць найперш па тым, што тут некалі быў славуты на ўсю Еўропу тэатр. І турысты з розных куткоў свету хочуць убачыць хоць што-небудзь з таго далёкага часу. Французы, немцы, шведы, японцы ў сваіх краінах такой мажлівасці не ўпусцілі б. А мы — губляем. Чаму б на гары каля будынка хуткай медыцынскай дапамогі на Савецкай вуліцы, дзе знаходзіўся знакаміты тэатр, не ўсталяваць мемарыяльны знак, не зрабіць там музей Агінскіх, а дзе стаянка аўтамабіляў — не адкрыць, напрыклад, рэстаран “У Агінскіх”, дзе маглі б адпачыць турысты ці слонімцы пад славуты паланез “Развітанне з Радзімай”? У музеі прадаваць розныя буклеты, значкі, кнігі на англійскай, польскай і беларускай мовах пра гісторыю тэатра Агінскага. І гэта ўсё за грошы, якія ішлі б у бюджэт горада. Наогул турыстычнае знаёмства са Слонімам, на маю думку, павінна пачынацца з плошчы Льва Сапегі. Там павінен стаяць яму помнік, а таксама музей, прысвечаны ўсім беларускім Сапегам. Адтуль турысты ехалі б да Агінскіх. Пасля экскурсаводы вялі б іх у сінагогу, пабудаваную ў 1642 годзе. Яе даўно павінны былі рэстаўраваць, а ў самой сінагозе планавалі некалі зрабіць рэспубліканскі музей яўрэйскага мастацтва. Але пакуль там нічога не зроблена, ды і 400-гадовы храм развальваецца. Пасля сінагогі турысты маглі б наведаць раённы краязнаўчы музей імя Язэпа Стаброўскага, музей беларускай кнігі ў раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа і музей імя А.Жукоўскага ў СШ № 4. І гэтыя наведванні — таксама за грошы. Пасля знаёмства з цэнтрам Слоніма турыстаў чакаў бы Альбярцін з музеем Пуслоўскіх і паркам, а таксама гасцініцай і рэстаранам. Пасля Альбярціна турысты ехалі б у Жыровічы. А цяпер можна падлічыць, колькі грошай ад наведвання нашых гістарычных мясцін, музеяў, рэстаранаў, гасцініц, ад продажу сувеніраў засталося б у бюджэце Слоніма. А пасля гэтыя грошы ўкласці ў новыя слонімскія маршруты — у Парэччы ў музей Міхала Валовіча, у Чамяры — у музей знакамітых аднавяскоўцаў, у Мяльканавічы — у музей моладзевага руху на Слонімшчыне ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, у Кракотку — у музей-бібліятэку. Ды і ў гарадскім асабняку 1923 года, што цяпер месціцца на Савецкай вуліцы, зрабіць этнаграфічна-экалагічны музей Слонімшчыны, а людзям, якія там жывуць, даць нармальнае жыллё. На вёсках сёння яшчэ захоўваюцца кросны, старыя ручнікі, дываны, прылады працы, іх тэрмінова неабходна сабраць у адно месца. А гэтым месцам можа быць гарадскі музей-асабняк. Але ўсяго гэтага сёння няма. Пра такія музеі мы толькі можам марыць. Вядома, трэба на гэта час і фінансы — але час бяжыць, а горад губляе грошы. Вось толькі турысты да нас па-ранешаму едуць. Едуць, каб адчуць эпоху Сапегаў і Агінскіх...
Лёс старажытных слонімскіх скарбаў
Доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс меў рацыю, калі сказаў, што “Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у свеце, краінай-выключэннем, дзе нацыянальных культурных скарбаў, матэрыяльных і духоўных, на радзіме меней, чым за яе межамі. Прычынай таму ваенныя навалы, што хвалямі пракочваліся праз нашу зямлю, і драпежніцкая палітыка суседзяў” (зборнік “100 пытанняў з гісторыі Беларусі”. Мн., 1993. С.73). У гэтым упэўніваўся і я асабіста, калі бачыў, напрыклад, старадаўнія слонімскія зборы ў музеях Польшчы, Швецыі, Літвы, Расіі. У адным з музеяў Вроцлава ўдалося мне знайсці слонімскую паштовую карэту, у Слупску ўбачыў слонімскія гадзіннікі, а ў шведскім горадзе Арэбра — фарфор і фаянс са Слоніма. Сёння цяжка і нават немагчыма пералічыць усе тыя нацыянальныя багацці, што стагоддзямі вывозіліся толькі, прыкладам, са Слонімскай зямлі ў блізкія і далёкія краіны свету. Найбольш слонімскіх скарбаў знікла падчас розных войнаў, але найбольш — у часе Першай і Другой сусветнай. На захад і ўсход захопніцкім шляхам вывозілі са Слонімшчыны каштоўныя кнігі, рукапісы, карціны, фотаздымкі, дываны, габелены, музычныя інструменты, крыжы і абразы, манеты, медалі, зброя, фарфор, фаянс, розныя вырабы з дрэва, золата, бронзы і срэбра. Шмат разоў рабаваліся слонімскі музей, архівы, Жыровіцкая семінарыя, палац Слізняў у вёсцы Дзевяткавічы, тэатр Агінскага ў Слоніме і палац Пуслоўскіх у Альбярціне. Рабаваліся таксама праваслаўныя, каталіцкія і уніяцкія храмы, мячэці, сінагогі і цэрквы іншых канфесій зямлі Слонімскай. У красавіку 1613 года пачалося будаўніцтва Жыровіцкага уніяцкага манастыра і царквы, дзе знаходзіўся цудатворны абраз Жыровіцкай Багародзіцы. Ствараў гэты найважнейшы рэлігійны асяродак Язафат Кунцэвіч, а яго фундатарамі былі Ян Мялешка, Даніла Солтан і Рыгор Трызна. Жыровіцкі абраз прыцягваў сотні тысяч пілігрымаў. А пасля далучэння Беларусі да Расіі Жыровічы адышлі да праваслаўнай царквы. Але на працягу чатырох стагоддзяў Жыровічы рабавалі чужынцы з захаду і з усходу, з поўдня і з поўначы. А рабаваць было што, бо ў манастыры знаходзілася вялікая бібліятэка, архіў і свая друкарня. А ў 1842 годзе біскуп Язэп Сямашка пачаў у Жыровіцкім манастыры спальваць уніяцкія старадрукі. Напачатку кнігамі распальвалі печы, а пасля яны гарэлі ў вогнішчы на пляцы. На працягу 10 гадоў паводле загаду Сямашкі спалілі некалькі тысяч беларускіх уніяцкіх старадрукаў. А тыя, што не згарэлі, укралі і вывезлі ў іншыя дзяржавы. У архіве Санкт-Пецярбургскага аддзялення Інстытута гісторыі Расійскай акадэміі навук сёння шмат цікавых дакументаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да гісторыі Жыровічаў. У фондзе былога прафесара Жыровіцкай духоўнай семінарыі Пракопа Нілавіча Дабрахотава (Максімава) значацца 2 492 адзінкі захавання збораў на польскай, лацінскай і старабеларускай мовах. Гэтыя сабраныя рарытэты Дабрахотаў вывез з Жыровічаў яшчэ ў 1845 годзе. Найперш гэта дэкрэт Слонімскага земскага суда па справе паміж Іванам Мялешкам і Данілам Солтанам за Жыровічы, 1609 года; выпіс са слонімскіх земскіх кніг запісу Івана Аляксандравіча Солтана аб перадачы маёнтка Жыровічы сваёй жонцы, 20.09.1572 года; пасланне кіеўскага уніяцкага мітрапаліта Антонія Сялявы да Жыровіцкага суперыёра Канстанціна Вітапольскага, 23.06.1653 года; спіс вучняў Жыровіцкай школы XVIII cтагоддзя; зборнік гістарычных звестак пра Жыровіцкі манастыр з апавяданняў і спраў старых людзей, што заслугоўваюць даверу, склаў Антоній Завадскі, 1713 год; кніга найдаўнейшых цудаў абраза Жыровіцкай Маці Божай, XVII cтагоддзя; акт продажу Данілам Солтанам маёнтка Жыровічы з прысёлкамі літоўскаму канцлеру Льву Сапегу, 06.07.1621 года; вопісы Жыровіцкага манастыра — 1753 г., 1778 г., 1785 г., 1800 г. і іншыя. Там захоўваюцца таксама пратаколы Жыровіцкай генеральнай кангрэгацыі айцоў базыльянаў, 1792 года; нумары штодзённага часопіса суперыёраў Жыровіцкага манастыра, 1772–1786 гадоў; заўвагі Паўла Дабрахотава з гісторыі Брацтва пры Жыровіцкім абразе Маці Божай, 1837–1863 гадоў, і дзесяткі іншых каштоўнасцей. У архіве Санкт-Пецярбургскага аддзялення захоўваюцца і копіі дакументаў пра мястэчка Жыровічы, зборнік гістарычных звестак пра Жыровічы, 1713 года, апісанне Жыровіцкага манастыра ў 1713 годзе, панегірык шведскаму каралю Густаву Адольфу на лацінскай мове, складзены ў Жыровічах, а таксама зборнікі Антонія Завадскага, дзе маецца шмат звестак пра Жыровічы і суседні з Жыровічамі Быцень. Беларускія літаратуразнаўцы і гісторыкі Адам Мальдзіс і Язэп Янушкевіч выявілі ў аддзеле рукапісаў фонду базыльянскіх манастыроў навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны ў Львове матэрыялы на польскай мове пра апісанне цудаў у Жыровічах 1758 года, апісанне цудаў у манастырскай царкве ў Жыровічах 1620–1756 гадоў. А ў Нацыянальным дзяржаўным гістарычным архіве ў Львове гэтымі навукоўцамі знойдзены звесткі пра гісторыю царквы ў Слоніме, выяўлены кніга ўліку прыхаджан, якія спавядаліся ў царкве ў Жыровічах у 1791–1800 гадах, звесткі пра маёмасць манастыроў у Быцені і ў Жыровічах, матэрыялы базыльянскага манастыра ў Жыровічах, справаздача аб праверцы бібліятэкі Жыровіцкага вучылішча ў XIX стагоддзі, справа аб папаўненні бібліятэкі ў Жыровічах (XIX cт.) і справа пра уніяцкія кнігі, канфіскаваныя ў Жыровічах. Акрамя як у Жыровічах, рабаваліся храмы розных канфесій і ў Слоніме. Пасля паўстання 1863 года руская царская ўлада пачала закрываць каталіцкія касцёлы. У снежні 1864 года расфармавалі бібліятэку касцёла бернардзінцаў у Слоніме. Рукапісы і многія кнігі касцёла апынуліся ў Віленскай цэнтральнай публічнай бібліятэцы. А касцельная бібліятэка ў Слоніме тады складалася з 2 774 тамоў, пераважна старадрукаў. Поўны каталог кніг за 1798 і 1845 гады на сённяшні дзень захоўваецца ў бібліятэцы Віленскага універсітэта. А ў Кракаве ў архіве айцоў канонікаў рэгулярных лютэранскіх захоўваецца рукапісны (без сігнатуры) каталог бібліятэкі слонімскага кляштара канонікаў лютэранскіх за 1705 год. Вывезлі ў Львоў і ў Ватыкан увесь уніяцкі архіў з Альбярціна. Сёння ў бібліятэцы Russicuma ў Італіі можна знайсці шмат дакументаў, кніг, фотаздымкаў, поўны збор часопіса “Да Злучэньня” і шэраг іншых матэрыялаў, якія расказваюць пра цэнтр уніяцкага руху ў перыяд міжваеннага дваццацігоддзя (1921–1939 гады) у Альбярціне. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў вёсцы Дзевяткавічы на Слонім-шчыне быў пабудаваны трохпавярховы палац прадстаўнікоў беларускага шляхецкага роду Слізняў у стылі рэтраготыка. На самы вялікі жаль, да сённяшняга часу палац Слізняў не збярогся, зніклі з яго ў невядомых кірунках тысячы каштоўнасцей, якія збіраліся Слізнямі на працягу трох стагоддзяў. Са зброевага пакою палаца знік цэлы арсенал старадаўняй зброі. Са шкляных шафаў прапалі каралеўскія прывілеі, тастаменты, інвентар, сямейная карэспандэнцыя і тысячы розных дакументаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Мялешкаў і Слізняў. Расцягнулі бібліятэку палаца, дзе знаходзіліся рэдкія старадаўнія выданні, хронікі, радзівілаўская Біблія, кнігі, выдадзеныя ў Рыме, Антверпене, Жэневе, творы французскіх класікаў, паэзія Вергілія і Гарацыя, слоўнікі і энцыклапедыі. Невядома куды знікла мэбля антычных часоў, партрэты Слізняў і Тышкевічаў, фамільнае сталовае срэбра, фарфор, шкло, персідскія дываны. У жоўтым салоне на адной са сцен палаца вісела вялікае палатно работы Януара Сухадольскага “Напалоханыя коні перад навальніцаю”… Дзе ўсё гэта цяпер?.. Апусцеў у 1914–1944 гадах і палац Пуслоўскіх у Альбярціне. Рабавалі яго бальшавікі і немцы. Сёе-тое Пуслоўскім удалося вывезці ў Вялікабрытанію. Але большая частка альбярцінскіх каштоўнасцей (абсталяванне прадпрыемстваў, калекцыі карцін, бронзавай і мармуровай скульптуры, гравюр і габеленаў, кнігі) паехалі ў Германію і Расію. Газета “Тыдзень Польскі”, якая выдаецца ў Лондане, змясціла ў 2004 годзе пад рубрыкай “На Крэсах” артыкул “Альбярцін” Р.Міроўскага, дзе падрабязна апісваецца сядзіба Пуслоўскіх у Альбярціне каля Слоніма. Аўтар прыводзіць звесткі пра музейныя, архіўныя і бібліятэчныя каштоўнасці, якія захоўваліся ў мясцовым палацы. “Калекцыя карцін з Альбярціна магла б з поспехам экспанавацца ў многіх еўрапейскіх галерэях”, — сцвярджае аўтар. Тут знаходзіліся эскізы “Галоўкі” Леанарда да Вінчы, “Кентаўра” Рубенса, дзве карціны Пітэра Брэйгеля, некалькі венецыянскіх партрэтаў. З польскіх мастакоў называюцца Шыман Чаховіч, Юліуш Косак, Францішак Жмурка. Апрача таго, у палацы знаходзіліся сямейныя партрэты, выявы каралёў і гетманаў Вялікага княства Літоўскага. На сценах размяшчалася вялікая калекцыя саксонскага і мясцовага фарфору. Бібліятэка магла ганарыцца польскімі і італьянскімі выданнямі XVII стагоддзя, энцыклапедыямі, атласамі і геаграфічнымі мапамі (картамі). У архіве захоўваліся дакументы на пергаміне (некаторыя нават з XV стагоддзя). Паводле Р. Міроўскага, усе зборы ў час Першай сусветнай вайны, калі пачалося нямецкае наступленне, вывезлі з Альбярціна ў Маскву. На гэтым іх сляды губляюцца. Згубіліся сляды і каштоўнасцей, вывезеных з палаца Льва Сапегі, а пасля з тэатра Міхала Казіміра Агінскага са Слоніма. Вывозіліся найперш музычныя інструменты, карціны, нотныя сшыткі, кнігі, касцюмы спачатку ў Польшчу, а пасля ў Расію. Рабаваўся Слонім і ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Міхась Скобла ў сваёй кнізе “Дзярэчынскі дыярыюш” піша: “У сьпісе сканфіскаванай зброі, якую перад адпраўкай у Пецярбург часова зьберагалі ў памяшканьні Слонімскага земскага суда, знаходзім дваццаць адно найменьне: штурмакі турэцкія й ангельскія, стрэльбы звычайныя й духавыя, пісталеты ангельскія й шаблі вугорскія, меч абасечны ў скураных похвах і нават спраўны лук” (Міхась Скобла. Дзярэчынскі дыярыюш. Мн., 1999. С.74). Знікалі каштоўнасці са Слоніма і ў ХХ стагоддзі. Але былі ў нашым старажытным горадзе людзі, якія іх і зберагалі ад рабаўнікоў. Гэта краязнавец, гісторык і археолаг Язэп Стаброўскі. Дзякуючы яму, у верасні 1929 года на аснове ўласных археалагічных, нумізматычных, этнаграфічных і бібліяфільскіх калекцый Язэп Стаброўскі адкрыў у Слоніме краязнаўчы музей. У музеі налічваліся сотні найкаштоўнейшых экспанатаў, якія Язэп Стаброўскі збіраў усё жыццё. А пасля іх, якія змог, аберагаў ад польскіх, нямецкіх і савецкіх рабаўнікоў. …Гітлераўскі афіцэр зайшоў у музей у той самы момант, калі Язэп Язэпавіч здымаў са сцяны адну з рэдкіх карцін Верашчагіна. Фашыст насмешліва тыцнуў пальцам у жывот сівому чалавеку і сказаў: “Рус гэта не разумель… Верашчагін месца ў Дрэздэн…” Стаброўскі паказаў фашысту фігуру з трох пальцаў… Пасля гэтага толькі праз два дні Язэп Язэпавіч ачуняў. Цудам ён пазбег смерці. Другім прыкладам смеласці гэтага чалавека могуць служыць радкі з газеты “Савецкая Беларусь” за 1944 год (№141): “Калі ў Слонім уварваліся гітлераўцы, перад Язэпам Стаброўскім паўстала пытанне — што рабіць з экспанатамі? Акупанты могуць знішчыць усё, чаму аддадзена столькі гадоў жыцця… Трэба схаваць экспанаты. Але куды? Закапаць у зямлю — сапсуюцца… І ўсё ж дарагія экспанаты былі схаваны ў закрытыя шафы… Шафы Язэп Язэпавіч засунуў у далёкі кут пакоя і закідаў рыззём. Аднойчы ён выйшаў на гарадскую плошчу. У гэты час немцы прывезлі на грузавіках і скінулі на брук тысячы кніг. “Спаліць!” — загадаў камендант. Уначы, не адчуваючы стомы, Стаброўскі цягаў мяшкамі кнігі дадому. Тады яму ўдалося схаваць у надзейным месцы тысячы тамоў, якія пазней перадалі раённай бібліятэцы”. На жаль, большая частка каштоўных экспанатаў, сабраных Язэпам Стаброўскім, бясследна знікла. У аўтара гэтых радкоў у хатнім архіве захоўваецца акт ад 30 верасня 1944 года, у якім пералічаны разрабаваныя падчас нямецка-фашысцкай акупацыі каштоўнасці. На працягу чатырох гадоў са слонімскага музея зніклі: 1. Шахматная дошка з дзвюх палавінак з чорнага дрэва і слановай косці гетмана Льва Сапегі (XVI cт.). 2. Англійскі гадзіннікавы механізм без аправы (XVII cт.). 3. Нападлогавы гадзіннік XVIII ст. 4. Вялікі круглы срэбны англійскі гадзіннік у трайным срэбным куверце са срэбным ланцужком (XVIII ст.). 5. Бронзавы медаль з выяваю Хрыста. 6. Статуэтка з дрэва вялебнага Ніла Сорскага. 7. Пудзілы птушак і звяроў. 8. Калекцыі манет розных дзяржаў з пачатку першага стагоддзя. У тым ліку паўкілаграма срэбных манет. 9. Беларускія народныя касцюмы, бялізна, дываны, паясы, абсталяванне беларускай хаткі і г.д. 10. Серыя срэбных, бронзавых і пазалочаных значкоў, медалёў, крыжыкаў, ордэнаў розных дзяржаў. 11. Сем партрэтаў і дваццаць тры карціны (масла) на палатне ў пазалочаных рамах галандскіх, рускіх і польскіх мастакоў XVI cтагоддзя. 12. 514 кніг старых выданняў на рускай, польскай, лацінскай, французскай, беларускай, шведскай, нямецкай і іншых мовах. 13. Сімфаньета — музычная скрынка з жалезнымі пласцінкамі IX стагоддзя. 14. Старадаўні фарфоравы і срэбны посуд і крыштальныя келіхі XVII стагоддзя, якімі карысталіся царскія, княскія, графскія і іншыя вяльможы. 15. Камплект грамафонных пласцінак з дакладам Сталіна аб праекце Канстытуцыі СССР. 16. Срэбны медаль-манета 138 года да нашай эры з надпісам на старажытна-яўрэйскай мове часоў Сімона Макавея. 17. Рознакаляровы пояс з конскіх валасоў, які выткаў на працягу шасці гадоў палітасуджаны польскай турмы М.Галаўко. 18. Бронзавы абразок з выяваю распятага Хрыста (XVI ст.). 19. 18 штук вырабаў з мастацкай фініфці растоўскай работы Назарава. 20. Каўказскі “кубінскі” дыван памерам 4 х 1,3 м і вагою 24 кг. 21. Старадаўнія скрыпка і патэфон. 22. 200 пласцінак з галасамі вядомых рускіх, італьянскіх, французскіх, польскіх, яўрэйскіх і іншых спевакоў. 23. 372 кнігі рускіх класікаў і акадэмічныя выданні ў скураных пераплётах. 24. Навуковыя працы Язэпа Стаброўскага: калекцыя фотаздымкаў курганоў, альбом з малюнкамі (каля 3 000 штук), рукапісныя сшыткі па археалогіі, якія пісаліся і збіраліся на працягу 52 гадоў. 25. Венскі мікраскоп Рэйхерта з двума аб’ектывамі ў паліраванай скрынцы з чырвонага дрэва і з калекцыяй прэпаратаў да яго. 26. Фотаапарат з чырвонага дрэва з аб’ектывам, імгненным затворам, памерам 18х24 см, у футляры. 27. Камплект інструментаў цяслярскіх і сталярскіх. 28. 7 венскіх крэслаў з гнутага ясеню. 29. Канапа двайная са сценкамі. 30. Столік ясянёвы паліраваны. 31. Дубовы пісьмовы стол з дзвюма тумбачкамі. 32. 5 шкляных шафаў у ясянёвых аправах. 33. 14 княскіх і графскіх пячатак з XVII ст. 34. Амулет егіпецкі. 35. Пісьмовы старадаўні прыбор з белага мармуру з бронзаю. 36. Старадаўняя настольная лямпа з фарфоравым абажурам. Акрамя вышэйпералічаных каштоўнасцей, немцы вывезлі 180 карцін слонімскага мастака Антона Карніцкага, разрабавалі фотамайстэрню Юзэфа Шыманчыка, хату-музей Гальяша Леўчыка. З фотамайстэрні зніклі сотні негатываў і рэдкіх фотаздымкаў. З хаткі Леўчыка прапалі каштоўныя газеты, часопісы, кнігі, фотаздымкі, пісьмы, паштоўкі, рэлігійныя выданні, карціны беларускіх мастакоў, музычныя інструменты. Ды і саму гістарычную хатку знішчылі ў 60-х гадах мінулага стагоддзя. Вялікая слонімская калекцыя старажытнасцей Гальяша Леўчыка бясследна прапала і з варшаўскай кватэры, якая знаходзілася ў доме №50 на Кашыковай вуліцы. Паціху знікалі каштоўнасці са Слоніма і ў пасляваенны час. Вось адзін невялікі прыклад, звязаны ўсё з тым жа Язэпам Стаброўскім. ...У 1812 годзе, калі адступала французская армія, у дом бабулі Стаброўскага забег паранены французскі афіцэр і папрасіў дапамогі. У знак падзякі ён падараваў мапу (карту) заходніх раёнаў Расійскай імперыі з пазначанымі мясцінамі, дзе французы захавалі нарабаваныя каштоўнасці. На жаль, да раніцы вайсковец напалеонаўскай арміі не дажыў. Стаброўскія яго пахавалі, а мапа засталася ім. Гэтую мапу бабуля Стаброўскага перадала сваёй дачцэ, а тая перад смерцю — свайму сыну Язэпу. Язэп Стаброўскі вельмі яе шанаваў і зберагаў. Аднойчы ў 60-х гадах мінулага стагоддзя музей у Слоніме наведаў нехта Л.Аляксееў — супрацоўнік Інстытута археалогіі АН СССР. І Стаброўскі паказаў яму гэтую сямейную рэліквію. Аляксееву яна адразу кінулася ў вочы. Але Стаброўскі мапу нікому не даваў. Тады Аляксееў пачаў наведвацца ў Слонім часцей, пакуль не выманіў у Язэпа Язэпавіча на невялікі тэрмін гэтую каштоўнасць нібыта для навуковых даследаванняў. З той пары няма ні Аляксеева, ні мапы. Стаброўскі некалькі разоў пісаў у Інстытут археалогіі, тэлефанаваў, але нічога не дабіўся — мапа знікла назаўсёды. І такіх прыкладаў можна прывесці вельмі шмат. Сёння таксама са Слонімшчыны вывозяцца каштоўнасці, найперш з прыватных хатніх архіваў і калекцый. Людзі вязуць іх у Польшчу, Германію і ў Расію. Там прадаюць і дамоў вяртаюцца з грашыма. А грошы ідуць на жыццё ці на вучобу дзяцей і ўнукаў. Таму цяжка цяпер паверыць, што некалі нашая Бацькаўшчына і яе народ стануць жыць заможна, а ўкрадзеныя і вывезеныя ва ўсе канцы свету каштоўнасці пачнуць вяртацца ў Беларусь, і ў прыватнасці на Слонімшчыну.
Прайду па Ламаносава, збочу на Мічурына…
Слонім шмат перацярпеў на сваім вяку. Знішчаўся, гарэў і аднаўляўся. Адбудоўваў яго народ, які любіў сваю зямлю і свой горад, а таксама яго гісторыю. Так было заўсёды і так будзе. Бо ў тым родным краі, дзе нарадзіўся, дзе вучыўся, дзе прайшлі маленства і юнацтва, дзе кожны камень дарагі, кожная вуліца, завулак, помнік, шыльда, — жылі нашы дзяды і прадзеды, якія не менш за нас любілі і бераглі свой куток. І тым больш западае ў сэрца ўсё тое, што звязана наогул з гісторыяй Бацькаўшчыны. Ды і гісторыя Слоніма, дзе мы жывем, ёсць паўсюдна, яна побач: у помніках, у музеях, у назвах вуліц, завулкаў і плошчаў і, нарэшце, у нас з вамі, у нашых сэрцах. І ад таго, як мы адносімся да мінулага, залежыць, якое стаўленне да яго будзе ў нашых дзяцей, унукаў і праўнукаў. Без мінулага, як вядома, няма будучыні. Пра гісторыю нашага старажытнага горада можна пісаць бясконца. Пра адны толькі вуліцы Слоніма, пра іх з’яўленне, знішчэнне, перайменаванне і адраджэнне можна выдаць добрую манаграфію. Бо вуліцы Слоніма — гэта ягонае аблічча. Яны павінны і адпавядаць свайму часу, і захоўваць гістарычнае аблічча горада. На вялікі жаль, сёння не адпавядаюць часу многія назвы вуліц Слоніма, якія абыякава пераймяноўваліся, а таксама мянялі свой выгляд. Да сённяшняга часу няма ў старажытным горадзе над Шчарай вуліцы, якая б стала візітнай карткай Слоніма, як, напрыклад, Брадвей, Пікадзілі, Неўскі праспект, Арбат і г.д. Многія могуць падумаць: ну і параўнаў — Брадвей з Першамайскай у Слоніме. А чаму б і не? Няхай бы і ў нас быў свой маленькі Арбат у цэнтры горада — з фантанамі, прыгожымі чыстымі кафэ, барамі, рэстаранамі, з культурным абслугоўваннем, з музыкай Міхала Агінскага. І не гойсалі б даламаныя машыны праз гістарычны цэнтр горада, а аб’язджалі б яго. Інакш мы хутка знішчым і тое, што пакуль уцалела і захавалася ад войнаў і бальшавікоў. Быў час, калі творчая інтэлігенцыя Слонімшчыны моцна спрачалася наконт перайменавання гістарычных назваў нашых вуліц. Некаторыя назвы вуліц у канцы 1990-х гадоў удалося выратаваць ад мясцовага манкурцтва. Вуліцы Ружанскай вярнулі яе гістарычную назву пасля Патрыса Лумумбы — афрыканскага негра. Вуліца Энгельса стала, як і 70 гадоў таму, называцца Опернай. Плошчы Горкага надалі імя славутага слонімскага старосты Льва Сапегі. Першы праспект у Слоніме стаў называцца праспектам Незалежнасці. А новая вуліца побач з гэтым праспектам стала насіць імя Францішка Скарыны. Хоць і не поўнасцю, але ўдалося вярнуць старую назву Студэнцкай вуліцы (палова ранейшай Студэнцкай вуліцы цяпер носіць імя Хлюпіна — палкоўніка, які ў гады вайны загінуў у танку каля Слоніма). Але многіх гістарычных назваў вуліц Слоніма так вярнуць і не ўдалося. Найперш тых, якія ў 50–80-х гадах мясцовымі камуністамі па-нахабнаму пераймяноўваліся. З’явіліся плошча Леніна, вуліцы К. Маркса, М. Тарэза, Войкава, Камуністычная, Савецкая, Камсамольская і г.д. Вось якія назвы плошчаў, вуліц і завулкаў (паводле гісторыка Васіля Супруна) былі ў Слоніме ў 1933 годзе. Вуліцы: Абозная, бульвар Агінскага, Агародная, Акцызная, Андрэеўская, Альбярцінская, Баранавіцкая, Берагавая, Бернардзінская, Бэма, Бэрка Ёселевіча, Глухая, Гранічная, Грыбаўская, Гандлёвая, Пляц Вольнасці, Віленская, Выганавая, Вясёлая, Доўгая, Жабінка, Жвіркі і Вігуры, Жыровіцкая, Жыромская, Загарадная, Замкавая, Зялёная, Касцельная, Касцюшкі, 11-га Лістапада, пляц Сапегі, Каляёвая, Магістрацкая, Манапольная, 3-га Мая, Маставая, Міцкевіча, Нарушэвіча, Оперная, Палявая, Папярэчная, князя Панятоўскага, Правіянтовая, Пераскок, маршалка Пілсудскага, Рыбацкая, Рэзкі, Сельская, Сенная, Славацкага, Студэнцкая, Сянкевіча, Татарская, Турэмная, Уланская, Школьная, Школьны двор, Шасэйная, Астатняя, Падгорная, плошча Гандлёвая, Ружанская. Завулкі: Андрэеўскі, Аптэчны, Багажны, Вузкі, Выганавы, Зялёны, Ганчарны, Драўляны, Кароткі, Кашаровы, Кафлёвы, Круты, Крывы, Бляхарскі, Малы, 3-га Мая, Мяшчанскі, Міхайлоўскі, Палявы, Новы, князя Панятоўскага, Ружанскі, Рэзніцкі, Слясарскі, Татарскі, Турэмны, Цесны, Школьны, Чыгуначны. А цяпер давайце адсочым, як у пасляваенны час у Слоніме пераймяноўваліся вуліцы, плошчы і завулкі пачынаючы з 1950-х гадоў. Альбярцінская вуліца стала вуліцай Гагарына, Жабінка — П. Марозава, Доўгая — Касманаўтаў, Глухая — Калініна, Абозавая — Астроўскага, Славацкага і Мангольская — Мічурына, Правіянтовая — Вясёлая, Ліпавая — Мірошніка, Скубішоўка — Катоўскага, Малы завулак — 8-га Сакавіка, Падгорная — Сінічкіна, Жыровіцкая — Марыса Тарэза, Завулак Міра — завулак Дастаеўскага, Бернардзінская — Банкавая — В. Крайняга, Крывы завулак — Камуністычная, Шырокая — Гнідаша, Міхайлаўскі завулак — Някрасава, Гандлёвая плошча — плошча Леніна, Жыромская — Даватара, Рэзкі — завулак Уз’яднання, Галоўная — Карбышава, Школьны двор — Савецкая, Анурсеўская —3-га Мая — Чырвонаармейская, Рыбацкая і Мокры завулак — К. Давідзюк, Замкавая — Камсамольская, Татарская — Кірава і г.д. Гэтымі савецка-камуністычнымі назвамі парушылася славутая гісторыя вуліц нашага старажытнага горада. З сённяшніх назваў нам здаецца, што гісторыя слонімскіх вуліц пачынаецца не раней як з 1945 года. Але гэта далёка не так. Яшчэ ў 1857 годзе ў Слоніме налічвалася 14 вуліц, у тым ліку 10 брукаваных, і дзве плошчы без назваў. Найбольш добраўпарадкаванымі былі Рынкавая, Маставая, Панасоўская, Ружанская, Жыровіцкая, Бернардзінская, Замкавая, Рыбацкая і Татарская вуліцы. Дарэчы, Татарская вуліца ў Слоніме існуе з 1717 года, а ў 1952 годзе яе перайменавалі ў вуліцу Кірава. У 1890 годзе ў Слоніме ўжо было 35 вуліц. Напрыклад, вуліца Агінскага існавала яшчэ ў другой палове XVIII стагоддзя. А вось Вакзальная вуліца з’явілася ў Слоніме ў 1886 годзе. Але, бадай, адной з самых старажытных вуліц у нашым горадзе лічыцца вуліца Васі Крайняга (першапачаткова яна называлася Спаскай, пасля Бернардзінскай, потым Банкаўскай). Вуліца існавала ўжо ў XVII стагоддзі. Калгасная вуліца мела некалі назву Французскі тракт (XIX ст.), а вуліца Пушкіна вядзе свой пачатак таксама з XVII стагоддзя як Панасоўская вуліца. У сярэдзіне 1930-х гадоў у Слоніме налічвалася ўжо 65 вуліц, 32 завулкі і 3 плошчы. Лёс многіх вуліц быў трагічны. Але вуліцы, як і людзі, — адны паміраюць, іншыя нараджаюцца. Сёння ў Слоніме налічваецца больш за 200 вуліц, завулкаў і плошчаў. Ёсць адзін праспект. Вядома, у наш час можна доўга дыскутаваць на тэму, наколькі апраўданы былі ўсе ранейшыя перайменаванні і якія назвы найлепшыя — гістарычныя ці тыя, якія ўжо ёсць. А маладое пакаленне слонімцаў нават і не ведае, кім быў той чалавек, імем якога названа тая ці іншая слонімская вуліца, і што ён зрабіў для роднага горада. Таму паспрабуем коратка расказаць пра людзей, імёнамі якіх названы вуліцы Слоніма. Міхал Казімір Агінскі
(1730–1800)
Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, пісьменнік, мецэнат. Жыў у Слоніме, дзе пабудаваў некалькі прамысловых прадпрыемстваў, друкарню, стварыў тэатр і капэлу, балетную і музычную школы. Мікалай Астроўскі (1904–1936), Мікалай Гогаль (1809–1852), Максім Горкі (1868–1936), Фёдар Дастаеўскі (1821–1881), Уладзімір Маякоўскі (1893–1930), Міхаіл Лермантаў (1814–1841), Мікалай Някрасаў (1821–1878), Аляксандр Пушкін (1799–1837), Леў Талстой (1828–1910) — рускія пісьменнікі. Ніякага дачынення да Слоніма яны не маюць. Міхаіл Анішчык
(1905–1973)
Нарадзіўся ў Івацэвіцкім раёне. У 1929 годзе з’яўляўся сакратаром Слонімскага акруговага камітэта КСМЗБ. У гады вайны быў адным з кіраўнікоў партызанскага падполля і партызанскага руху ў былой Баранавіцкай вобласці. Пасля вайны працаваў на партыйнай рабоце. У 1955–63 гадах з’яўляўся дэпутатам ВС БССР. Максім Багдановіч
(1891–1917)
Нарадзіўся ў Мінску. Класік беларускай літаратуры. Творчасць яго прасякнута пафасам патрыятычнага служэння сацыяльнаму і нацыянальнаму вызваленню беларускага народа. Канстанцін Заслонаў
(1910–1942)
Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камуністычнага падполля і партызанскага руху ў гады вайны на Віцебшчыне. Герой Савецкага Саюза. Да Слоніма ніякіх дачыненняў не мае. Уладзімір Бялько
(1911–1933)
Нарадзіўся ў вёсцы Мяльканавічы. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. У канцы 20–30-х гадоў змагаўся на Слонімшчыне за адкрыццё беларускіх школ. Выдаваў газету “Піянер”. Закатаваны польскай паліцыяй у касцянёўскім пастарунку. Францішак Багушэвіч
(1840–1900)
Нарадзіўся на Віленшчыне. Класік беларускай літаратуры. Рэвалюцыйны дэмакрат, адзін з пачынальнікаў крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры, будзіцель гістарычнай і нацыянальнай свядомасці беларускага народа. Мікалай Вінаградаў
(1898–1977)
Рускі вайсковец. У гады вайны вызваляў Слонім ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пётр Войкаў
(1888–1927)
Рускі рэвалюцыянер і палач. Прымаў удзел у забойстве былога імператара царскай Расіі Мікалая II Раманава і яго сям’і. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае. Пётр Баграціён
(1765–1812)
Нарадзіўся ў Дагестане. Рускі генерал ад інфантэрыі, герой Айчыннай вайны 1812 года. Ніякага дачынення да Слоніма не мае. Юрый Гагарын
(1934–1968)
Першы ў свеце касманаўт. Ніякага дачынення да Слоніма не мае. Мікалай Гастэла
(1907–1941)
Рускі вайсковец. Герой Савецкага Саюза. Ніякага дачынення да Слоніма не мае. Кузьма Гнідаш (Гнедаш)
(1914–1944)
Рускі вайсковец. У 1944 годзе ля Слоніма, каб не трапіць да немцаў у палон, узарваў сябе гранатай. Іван Дабрыян
(1913–1970)
Нарадзіўся ў вёсцы Какошчыцы Слонімскага раёна. Быў сакратаром Слонімскага райкама КПЗБ, сакратаром Навагрудскага акруговага камітэта камсамола. У гады вайны — арганізатар партызанскага руху на Слонімшчыне. Пасля вайны ўзначальваў калгас імя Леніна, быў старшынёй Слонімскага райвыканкама. Леў Даватар
(1903–1941)
Нарадзіўся на Віцебшчыне. Герой Савецкага Саюза. Да Слоніма ніякага дачынення не мае. Клара Давідзюк
(1924–1944)
Маскоўская камсамолка. У гады вайны была радысткай, каля Слоніма ўзарвала сябе гранатай. Фелікс Дзяржынскі
(1877–1926)
Савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч. Адзін з арганізатараў “чырвонага тэрору” і ініцыятараў стварэння сталінскіх лагераў. Ніякага дачынення да Слоніма не мае. Міхаіл Калінін
(1875–1946)
Расійскі рэвалюцыянер, савецкі дзяржаўны дзеяч. Да Беларусі і Слоніма ніякіх дачыненняў не мае. Дзмітрый Карбышаў
(1880–1945)
Рускі вайсковец. Герой Савецкага Саюза. Да Слоніма ніякіх дачыненняў не мае. Сяргей Кіраў
(1886–1934)
Дзеяч камуністычнай партыі і савецкай дзяржавы. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае. Якуб Колас
(1882–1956)
Народны пісьменнік Беларусі, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій. Класік беларускай літаратуры. Юрый Кавалеўскі
(1906–1936)
Нарадзіўся ў вёсцы Шылавічы. Актыўны беларускі дзеяч на Слонімшчыне ў 20–30-х гадах мінулага стагоддзя. Узначальваў Слонімскі акруговы камітэт камсамола. Леў Сапега
(1557–1633)
Беларускі дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, слонімскі староста. Адзін з самых адукаваных людзей свайго часу, які спрыяў культуры і прамысловасці Слоніма, яго палітычнай значнасці. Сяргей Каралёў
(1907–1966)
Савецкі вучоны і канструктар у галіне ракетабудавання і касманаўтыкі. Да Беларусі і Слоніма ніякага дачынення не мае. Сяргей Лазо
(1894–1920)
Удзельнік Грамадзянскай вайны ў Сібіры і ў Прымор’і Расіі. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не меў. Ганна Кароль
(1902–1948)
Нарадзілася ў вёсцы Чамяры. Прымала актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі. Была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Валерыян Куйбышаў
(1888–1935)
Удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Расіі, савецкі дзяржаўны дзеяч. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае. Янка Купала
(1882–1942)
Народны пісьменнік Беларусі. Класік беларускай літаратуры. У 1939 годзе быў у Слоніме, сябраваў з многімі слонімскімі пісьменнікамі. Рыгор Катоўскі
(1881–1925)
Савецкі военачальнік. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае. Міхаіл Кутузаў
(1745–1813)
Расійскі палкаводзец, дыпламат, ген-фельдмаршал. Ніякага дачынення да Слоніма не мае. Васіль Крайні
(1929–1944)
Нарадзіўся ў вёсцы Сяргеевічы. Піянер-герой, партызан. Уладзімір Ульянаў (Ленін)
(1870–1924)
Заснавальнік камуністычнай партыі ў Расіі і савецкай дзяржавы. Ніякага дачынення да Слоніма не мае. Яўген Леашэня
(1900–1981)
Нарадзіўся ў Альбярціне. Беларускі вайсковец, краязнавец. Генерал-лейтэнант інжынерных войск. Міхаіл Ламаносаў
(1711–1765)
Рускі вучоны-прыродазнавец, паэт, мастак, гісторык. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае. Карл Маркс
(1818–1883)
Мысляр, грамадскі дзеяч, рэвалюцыянер, заснавальнік марксізму. Ніякага дачынення да Слоніма не мае. Дзмітрый Мендзялееў
(1834–1907)
Расійскі вучоны, член-карэспандэнт Пецярбургскай АН. Ніякага дачынення да Слоніма не мае. Мікалай Мірошнік
(1925–1944)
Яфрэйтар з Харкаўшчыны. У гады вайны пры вызваленні Слоніма закрыў сабою варожы дот. Адам Міцкевіч
(1798–1855)
Класік польскай і беларускай літаратуры, грамадскі дзеяч, публіцыст. Валерый Чкалаў
(1904–1938)
Рускі лётчык-выпрабавальнік, Герой Савецкага Саюза. Да Беларусі і Слоніма ніякага дачынення не мае. Мікалай Шчорс
(1895–1919)
Герой грамадзянскай вайны на Украіне. Ніякага дачынення да Слоніма не мае. Вера Харужая
(1903–1942)
Дзяячка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыстка, партызанка, арганізатар камуністычнага падполля ў гады вайны ў Віцебску. Да Слоніма ніякага дачынення не мае. Іван Мічурын
(1855–1935)
Расійскі селекцыянер-практык і раслінавод. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае. Аляксандр Сувораў
(1730–1800)
Расійскі палкаводзец. Кат беларускага і польскага народаў. Ніякага станоўчага дачынення да Слоніма і Беларусі не мае. Іса Пліеў
(1903–1979)
Рускі вайсковец, двойчы Герой Савецкага Саюза. У гады вайны вызваляў Слонім. Францішак Скарына
(1490–1551)
Вялікі беларускі асветнік-гуманіст, першадрукар, грамадскі дзеяч, вучоны-медык, пісьменнік. Фёдар Сінічкін
(1901–1962)
Рускі вайсковец. Герой Савецкага Саюза. Працаваў старшынёю Слонімскага гарвыканкама. Валянцін Таўлай
(1914–1947)
Беларускі пісьменнік. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі на Слонімшчыне. Марыс Тарэз
(1900–1964)
Дзеяч міжнароднага камуністычнага і рабочага руху. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае. Уладзімір Яршоў
(1906–1979)
Рускі вайсковец. У гады вайны вызваляў Слонім. Іван Тутарынаў
(1904–1978)
Рускі вайсковец. У 1944 годзе вызваляў Слонім. Канстанцін Цыялкоўскі
(1857–1935)
Расійскі вучоны і вынаходнік у галіне аэрадынамікі і ракетнай тэхнікі. Да Слоніма ніякага дачынення не мае. Паўлік Марозаў
(1918–1932)
Старшыня піянерскага атрада ў Свярдлоўскай губерні Расіі, данёс уладам на свайго бацьку-“кулака”. Ніякага дачынення да Беларусі і Слоніма не мае. Іван Чарняхоўскі
(1906–1945)
Савецкі ваенны дзеяч, двойчы Герой Савецкага Саюза. Да Слоніма ніякага дачынення не мае. Ёсць яшчэ вуліцы ў Слоніме, якія носяць імёны Галаўскога, Плятніцкага, Чапаева, якія ніякіх адносін да гісторыі нашага горада не маюць. Адна з крайніх вуліц Слоніма носіць імя Васіля Пеляніцына, які ў свой час быў старшынёю Слонімскага гарвыканкама, трымаў у горадзе парадак і дысцыпліну, яго вельмі паважалі гараджане. А цяпер, шаноўныя землякі, давайце падлічым, колькі выпадковых людзей трапіла ў гісторыю нашых вуліц. І за што ім ад нас такая пашана і памяць? У іх ёсць свае радзімы, і няхай іх там ушаноўваюць. А гонар і традыцыі нашых продкаў на Слонімшчыне павінны абараняць мы, нашчадкі. Іншая справа, што гэта ў нас не робіцца. На абыякавасць, бязграматнасць і бяспамяцтва захварэлі тыя чыноўнікі, якія непасрэдна адказваюць за гістарычнае аблічча нашых вуліц і плошчаў. Ды і бяздумна таптаць гісторыю горада над Шчарай нельга. Да сённяшняга часу ў Слоніме няма вуліц, якія б насілі імёны нашых самых слынных землякоў: гісторыка, археолага, краязнаўца Язэпа Стаброўскага, дактароў медыцынскіх навук Андрэя Пракапчука і Венцаслава Пелікана, доктара філалагічных навук Канстанціна Пушкарэвіча, братоў Уладзіміра і Яўгена Хлябцэвічаў, пісьменнікаў Гальяша Леўчыка, Сяргея Дарожнага, Анатоля Іверса, Якуба Міско, Кандрата Лейкі, Рудольфа Пастухова, доктара гістарычных навук Міхаіла Міско, мастака Антона Карніцкага, кампазітара Міхала Агінскага, маршалка Войцеха Пуслоўскага, рэлігійных дзеячаў Лукаша Дзекуць-Малея, Хведара Данілюка, кіраўніка паўстання 1833 года Міхала Валовіча, палітыка Максіма Бурсевіча, кампазітара і музыканта Антона Валынчыка, краязнаўца і гісторыка Аляксандра Жукоўскага, рэжысёра Мікалая Варвашэвіча і многіх іншых нашых землякоў. Божа ж мой, дык мы нічога не зрабілі, каб ушанаваць памяць пра нашых знакамітых слонімскіх людзей! Хто ж пра іх калі-небудзь успомніць, як не мы?.. 2004
Слонімская фалерыстыка
Фалерыстыка, як гістарычная дысцыпліна мае два значэнні. Па-першае, яна вывучае гісторыю ордэнаў, медалёў і іншых знакаў адрознення. Па-другое, фалерыстыка — гэта калекцыяніраванне значкоў і розных нагрудных знакаў. У калекцыях слонімскіх фалерыстаў ёсць таксама значкі, прысвечаныя Слоніму, яго прадпрыемствам і памятным датам. Самым першым, які выйшаў пасля 1945 года, быў значок, прысвечаны 25-годдзю вызвалення Слоніма ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На ім адлюстраваны помнік загінуўшым воінам, які знаходзіцца на вуліцы Пушкіна. Выпушчана ў свет і некалькі значкоў з выявамі гербаў Слоніма. Гэтыя гербы выклікаюць у гісторыкаў і калекцыянераў неадназначныя адносіны. Напрыклад, быў выпушчаны значок, на якім адлюстраваны герб Слоніма, зацверджаны 6 красавіка 1845 года, у той час, калі наш горад уваходзіў у склад Расійскай імперыі. Гэты герб уяўляў сабой шчыт, які падзелены на дзве палавіны: у верхняй змешчаны зубр, як эмблема тагачаснай Гродзенскай губерні, а ў ніжняй палавіне на блакітным полі — два скрыжаваныя мячы, паміж якімі стаіць дата — 1275. У гэтым годзе князі галіцка-уладзімірскія адваявалі Слонім у Літвы. А калі дакладней, у літвінаў (беларусаў). Вялікую цікавасць у слонімскіх фалерыстаў выклікаюць значкі з гербам Льва Сапегі. Гэты герб па хадайніцтву слонімскага старосты Сапегі быў дадзены каралём Жыгімонтам III 4 студзеня 1591 года. Да сённяшняга дня ён з’яўляецца гербам Слоніма і нядаўна афіцыйна быў зацверджаны райвыканкамам. Усяго выйшла два такіх значкі. На адным з іх — леў, на другім — леў і дата — 1252, якая сведчыць аб першым упамінанні горада ў Іпацьеўскім летапісе. У 70-90-х гадах прадпрыемствы Слоніма адзначалі свае юбілеі. І да гэтых датаў памятныя юбілейныя значкі і медалі выпусцілі камвольна-прадзільная фабрыка, фабрыка “Тэкстыльшчык”, кардонна-папяровы завод, мэблевая фабрыка і іншыя. Найбольш арыгінальнымі і прыгожымі былі медаль Слонімскага лясгаса і значок Слонімскай фабрыкі мастацкіх вырабаў да 50-годдзя іх утварэння. Яны выйшлі на беларускай мове з элементамі беларускай нацыянальнай гістарычнай сімволікі. Меў свой значок і Жыровіцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. На ім адлюстраваны герб тэхнікума, літары “ЖТМСХ”, зорачка і тэкст: “БССР, основан 1945”. Дзякуючы слонімскаму гісторыку Аляксандру Жукоўскаму, быў выпушчаны значок, прысвечаны народнаму музею мясцовай СШ №4. Зусім нядаўна пабачыў свет значок, прысвечаны Жыровіцкім святыням. Як бачыце, не вельмі багатая фалерыстыка слонімскай тэматыкі. Тым не менш, значкі такія ёсць, і гэта ўжо наша гісторыя. 1999
Патушаныя фантаны
Кожны горад мае сваю адметнасць. Адны гарады запамінаюцца надоўга сваімі архітэктурнымі помнікамі, другія — чысцінёй вуліц і плошчаў, кветкамі і зялёнымі дрэвамі, а іншыя — разнастайнымі фантанамі. Санкт-Пецярбург заўсёды сла¬віўся і славіцца вялікай колькасцю арыгінальных фантанаў, без якіх паўночная сталіца Расіі была б не такой прывабнай, як з імі. А ў Швецыі, напрыклад, кожны горад і правінцыйны гарадок мае па некалькі дзесяткаў розных фантанаў і фантанчыкаў. Гэтым яны і запамінаюцца турыстам і тым, хто проста там пабывае. Не такія ўжо бедныя на фантаны і беларускія гарады. Адзін з першых фантанаў з’явіўся ў Мінску ў 1874 годзе ў скверыку каля Акадэмічнага Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы. Маюць свае фантаны і раённыя цэнтры, нават пасёлкі. Ёсць фантаны і ў Шклове, хаця пра такі беларускі ўсходні гарадок мала хто калі чуў. Жыхары Магілёўшчыны і Гомельшчыны ў савецкі час ведалі Шклоў хіба што па агурках. Там, у цяпліцах, шклаўчане раней за ўсіх вырошчвалі агуркі і гандлявалі імі ва ўсходніх раёнах Беларусі. Ну, а цяпер мы ведаем Шклоў па тым, што адтуль родам Аляксандр Лукашэнка. І ці не па яго загаду пачалі дзейнічаць у Шклове фантаны. Можа дачакаемся і мы калі-небудзь слонімскага прэзі¬дэнта, які загадае аднавіць у горадзе над Шчарай тыя фантаны, якія некалі радавалі мясцовых жыхароў і гасцей горада. Хаця, прычым тут прэзідэнт. Зафантаны павінна адказваць мясцовыя жыллёва-камунальная гаспадарка і водаканал. Прыгажосць горада, адпачынак і дабрабыт гараджан найперш залежыць ад вышэй названых службаў. У 2002 годзе Слонім адсвяткаваў сваё 750-годдзе. Але ніхто з чыноўнікаў так і не прапанаваў і не парупіўся аднавіць хаця б адзін з тых трох фантанаў, якія былі ў Слоніме. А спалучэнне цякучай вады са старажытнай і новай архітэктурай нашага горада надало б Слоніму новую прыгажосць і разнастайнасць розных дэкаратыўных кампазіцый. Горад ад гэтага памаладзеў бы, пасвяжэў бы ад гарачыні і пылу. А фантаны ў Слоніме былі. Адзін у парку, другі ў Альбярціне і трэці каля фабрыкі мастацкіх вырабаў. Час і халатныя адносі¬ны былых кіраўнікоў гарвыканкама, а таксама спад эканомікі горада, патушылі крыніцы жывой вады. Адзін з апошніх фантанаў у Слоніме з’явіўся каля фабрыкі мастацкіх вырабаў. Не адну машыну цэменту затрацілі на яго пабудову. А калі будаўніцтва было завершана і заструменіла вада — фантан здалёк вабіў вочы тых, хто ехаў праз Слонім ці праходзіў побач. Каля яго збіралася моладзь з гітарамі, а ў самім басейне паласкаліся ў вадзе пад сонцам дзеці. Праўда, фантан працаваў не штодзённа, а часцей за ўсё на святы, ці тады, калі на фабрыку мастацкіх вырабаў прыязджалі госці. Тым не менш, фантан там быў. Толькі аснова для струменяў вады і басейнае збудаванне засталіся ад фантана ў парку. Былі побач і скульптурныя казулі, якія дапаўнялі фантан, але і іх ужо ў парку няма. І гэта было адзінае месца ў парку, дзе людзі маглі адпачыць і палюбавацца штучным струменем крыніцы. Фантан у Альбярціне знахо¬дзіўся непадалёку ад сядзібы Пуслоўскіх. Старэйшыя жыхары Альбярціна памятаюць прыгожую скульптурку хлопчыка, які з конаўкі ліў ваду ў басейн. Але зімою ў гэтым басейне мясцовыя падлеткі ігралі ў хакей, а сам фантан знаходзіўся ў цэнтры. Вось аднойчы яны і развіталіся з гэтым арыгінальным фантанам, каб не перашкаджаў бегаць з клюшкамі за шайбаю. Прайшоў час, няма ў Альбярціне ўжо ні фантана, ні хакейнай пляцоўкі... Італьянскае слова “фантан” азначае “крыніца”. А крыніцы заў¬сёды ачышчалі нашы душы струменьчыкамі чыстай вады. Але душы маюць і гарады. Ці ачысцім мы іх? 2003
Вандроўкі па родным краі з Уладзімірам Ягоўдзікам, Сяргеем Плыткевічам і Мікалаем Ракевічам
1. Завітаў неяк да мяне з Мінска на сваім “Фольксвагене” пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік. — Чаго сядзіш, сумуеш? Давай паедзем у вандроўку па нашай Слонімшчыне,— прапанаваў Уладзімір. Мы селі ў машыну і паціху паехалі ўбок вёскі Васілевічы. — Ну, расказвай, як жывеш? Як творчыя справы?— запытаўся ў земляка. — Справы ідуць някепска. Тры запар кніжкі выйшлі з друку. Апошняя называецца “Царэўна ў падземным царстве”. Сюды я ўключыў казкі, сабраныя рускім вучоным-фалькларыстам Аляксандрам Афанасьевым. Яны былі запісаныя ім на Гродзеншчыне і Магілёўшчыне,— сказаў пісьменнік. — А як “пажывае” твой часопіс “Лесавік”? — Неяк трымаемся. Выйшаў нядаўна чацвёрты нумар “Лесавіка”. Ён прысвечаны чорнаму зайцу. Так-так, не здзіўляйся,— пачаў казаць зямляк.— Вадзіліся некалі на Беларусі чорныя зайцы. Яны яшчэ трапляліся нппачатку XX стагоддзя. Пасля іх не стала, як не стала ў нашых лясах і пушчах тураў, балотнай рысі, дзікіх коней тарпанаў і іншых звяроў. Размаўляючы, мы неяк хутка праехалі вёску Васілевічы, пасля —Парэчча. Павярнулі да Шчары, дзе здалёк віднелася царква. Якое цудоўнае там месца! Некалі гэта была зямля нашага славутага земляка, беларускага сацыял-утапіста Міхала Валовіча. Ён у 1833 годзе ўдзельнічаў у Заліўскай экспедыцыі з мэтай узняць паўстанне ў Польшчы, Беларусі і Літве супраць расійскага царызму. Па загаду Мураўёва-вешальніка Валовіча арыштавалі і закатавалі ў Гродне. Удзячныя землякі каля Парэцкай царквы паставілі яму помнік. Але бальшавікі помнік знішчылі дзесьці ў 1940 годзе. У заняпад прыйшла і праваслаўная цэркаўка. Мы ўбачылі вакол яе і ў сярэдзіне рыштаванні. Быў час, калі хацелі яе рэстаўрыраваць. Але праца даўно спынілася і рыштаванні пачарнелі ад часу. А храм прыходзіць у заняпад. Шкада. Знішчаецца не толькі памяць пра Валовіча, але і наша гісторыя. Толькі Шчара не спыняе свой бег. Праўда, і яна зусім не тая, якая была, калі жыў Міхал Валовіч. З Парэчча мы паехалі ў вёску Ніз. Пры дарозе віднеліся вясковыя могілкі. Спынілі машыну. Пайшлі далей пяшком. На могілках прыцягнуў увагу памятны знак. У гады Вялікай Айчыннай вайны фашысцкія карнікі расстралялі 296 жыхароў вёскі Ніз, а мужчын забралі ў Германію. Пасля і вёску спалілі. Ахвярам вайны і быў пастаўлены помнік на нізоўскіх могілках. З Нізоў па гравейцы мы даехалі да Едначоў. Каля гэтай вёскі працякаюць дзве рачулкі Язвіца і Бяроза. — Вельмі прыгожа гэтыя рэчкі апісаў Баброўскі ў сваёй кнізе “Статистическое описание Гродненской губернии 1863 года”,— гаворыць Уладзімір Ягоўдзік.— Я маю ксеракопію гэтай кнігі. Вельмі цікавая і каштоўная кніга. Там шмат напісана пра нашу Слонімшчыну. Мы спыніліся каля хаты Лапко Івана Антонавіча —дзядзькі Уладзіміра. Даўно памерла яго жонка, таму цяпер жыве ён з сынам. Хоць і засталіся яны без гаспадыні, але па-ранейшаму трымаюць курэй, парсючка, садзяць агарод. Зусім нядаўна Іван Антонавіч перажыў цяжкае гора — у аўтамабільнай катастрофе загінуў яго другі сын. Мы прыселі на лаўку каля хаты, і спадар Лапко пачаў апавядаць пра свой нялёгкі лёс. З яго слоў мы даведаліся, што ў вайну немцы разам з іншымі вяскоўцамі вялі яго на расстрэл. Але Іван уцёк у лес, гэта і выратавала яго ад смерці. Праўда, пазней быў вывезены ў Германію, дзе працаваў у баўэра. І толькі пасля вайны вярнуўся ў сваю вёску Едначы. Паспрабаваўшы “белага наліву” з маладзенькай яблыні, мы развіталіся з Іванам Антонавічам і паехалі ў Кастровічы — родную вёску Уладзіміра Ягоўдзіка. Ён тут даўно ўжо не жыве, але памятае кожны дом, завулак, агарод. Тут прайшло яго маленства. “А вось гэта мая хата, я тут нарадзіўся і жыў”,— уздыхнуў мой сябра, паказваючы на адну з вясковых хат. — А цяпер хто там жыве?— пытаюся. — Чужыя людзі — дачнікі. Я нават і не ведаю хто,— адказаў Валодзя. З вясковай вуліцы мы накіраваліся на кастровіцкія могілкі да магіл маці, дзядулі і бабулі Уладзіміра Ягоўдзіка. Побач з магіламі растуць два дубкі і бярозка. Іх некалі пасадзіў сам Валодзя. Мы паціху ехалі па Кастровічах, а Валодзя ў машыне гаварыў пра сваю вёску і расказваў, хто дзе жыве. Вёска, сапраўды, багатая на таленты. Адсюль пачынаецца знакаміты род Кастравіцкіх. З гэтага роду выйшаў беларускі паэт Карусь Каганец і класік французскай паэзіі Гіём Апалінэр (Кастравіцкі). Дарэчы, нядаўна Францыя адзначыла 120-годдзе з дня нараджэння Гіёма Апалінэра. Беларускі род Кастравіцкіх згадваецца яшчэ ў летапісах 1600-га года. Род меў свой герб Байбуза (змяя, якая спускаецца па страле з трыма грыбамі). Адзін з прадстаўнікоў роду Кастравіцкіх яшчэ ў XVII стагоддзі атрымаў тытул стражніка мсці¬слаўскага, а яго сыну Яну да¬стаўся ў спадчыну маёнтак у Мін¬скім ваяводстве. Сам Ян Кастравіцкі быў намеснікам суддзі. А Антоні Кастравіцкі ў 1718-ым годзе быў нават войтам мінскім. У канцы XVII—першай палове XVIII стагоддзяў Кастравіцкія валодалі некалькімі маёнткамі на Беларусі. Жылі Кастравіцкія не толькі на Слонімшчыне, але і на Навагрудчыне, Койданаўшчыне і ў іншых мясцінах. З гэтага роду паходзіў і Міхал Апалінары Кастравіцкі — дзед класіка французскай паэзіі Гіёма Апалінэра. Дзед быў збяднелым дваранінам, чалавекам дэмакратычных поглядаў. Ён разам са сваімі братамі Юзэфам і Адамам прымаў актыўны ўдзел у паў¬станні 1863-га года. За гэта рус¬кія царскія ўлады выслалі Кастравіцкіх у Сібір, але Міхалу Кастравіцкаму з сям’ёй удалося ўцячы ў Італію. Там, у Рыме, у 1880-ым годзе ў яго дачкі Ангелікі нарадзіўся пазашлюбны сын Вільгельм Кастравіцкі — будучы вялікі паэт Францыі Гіём Апалінэр. Амаль усё жыццё наш далёкі продак за мяжою не меў юрыдычных правоў, бо быў сынам рэвалюцыянера-эмігранта. Працаваў на розных работах: то канторшчыкам, то хатнім настаў¬нікам, то пісаў ананімныя творы, то раманы на заказ. Добраахвотнікам пайшоў на фронт, дзе атрымаў цяжкае раненне, пасля чаго Вільгельм атрымаў французскае грамадзянства. Першыя вершы ў французскім друку пад сваім уласным прозвішчам Вільгельм Кастравіцкі апублікаваў у 1901-ым годзе. Пасля пачалі з’яўляцца творы пад яго літаратурным псеўданімам Гіём Апалінэр. Праз 10 гадоў у Парыжы выходзіць з друку яго першы паэтычны зборнік “Бестыярый, або Картэж Арфея” — кніга невялікіх вершаў пра жывёл. Вось як гучыць верш “Заяц” па-беларуску ў перакладзе Эдзі Агняцвет:
2. Беларускі географ Аркадзь Смоліч назваў Слонімшчыну беларускай Швейцарыяй. Я яшчэ раз пераканаўся ў гэтым, калі разам з мінскім журналістам Сяргеем Плыткевічам — рэдактарам газеты “Туризм и отдых”, зрабілі летнюю вандроўку па нашым краі. “Хонда”, на якой прыехаў да мяне мінскі калега, даволі шыкоўная і хуткасная машына. А Сяргей Плыткевіч — не толькі выдатны фотажурналіст, але і добры кіроўца. За два дні мы аб’ехалі амаль усю Слонімшчыну і палову Зэльвеншчыны. Узброіўшыся фотаапаратамі, Сяргей Плыткевіч і фотакарэспандэнт “Газеты Слонімскай” Віталь Гіль толькі паспявалі здымаць прыгожыя мясціны слонімскай і зэльвенскай зямель, помнікі архітэктуры і людзей. Дарэчы, нядаўна ў дзяржаўным выдавецтве “Беларусь” выйшаў з друку цудоўны каляровы фотаальбом Сяргея Плыткевіча “Мая Беларусь”. Сюды ўвайшлі фотаздымкі майстра, на якіх адлюстравана наша краіна з багатым мінулым і сучасным, яе людзьмі і прыродай. Сам Сяргей па дарозе сказаў: — Я аб’ехаў Беларусь удоўж і ўпоперак, выбіраў самыя запаведныя мясціны. Шлях, у асноўным, пралягаў у глыбінку. Мяне цікавіў лёс старых сядзіб, мястэчак, хутароў, гарадоў. А вось на Слонімшчыне і Зэльвеншчыне я бываў толькі праездам. Праўда, у альбом славутая Сынковіцкая царква ўсё ж увайшла. Але адна справа — убачыць прыгажосць самому і зусім іншая — паказаць яе сябрам і знаёмым. Таму са мной заўсёды быў фотаапарат. Бо мастацкае фота — цудоўны сродак, які дапамагае паўней адчуць веліч мураваных палацаў, святых храмаў, старажытных вежаў і званіц, асэнсаваць нашу культурную і гістарычную спадчыну… Вандроўка з Сяргеем Плыткевічам пачалася са слонімскіх вуліц і завулкаў, дзе яшчэ захаваліся архітэктурныя старыя помнікі і пабудовы. Пасля мы завіталі ў Альбярцін, дзе фотамайстру Плыткевічу і фотакарэспандэнту Гілю было што здымаць. Альбярцін узнік у першай палове XIX стагоддзя, як сядзіба маршалка шляхты Слонімскага павета В.Пуслоўскага (1762 — 1833). У склад сядзібы ўваходзілі двухпавярховы мураваны палац, гаспадарскія і службовыя будынкі, пейзажны парк. У палацы размяшчалася багатая калекцыя твораў мастацтва. Побач з сядзібай узніклі цагельня, млын і лесапільня, дывановая мануфактура, конная і шоўкакруцільная фабрыкі, чыгуналіцейны і электралямпавы заводы, запалкавая фабрыка “Шчара”, завод цвікоў, электрастанцыя і г.д. З дзесяцігоддзямі шмат каштоўнага гэты мікрараён Слоніма страціў, але нешта нашчадкам і засталося. Найперш, гэта парк, канюшня і асабняк Пуслоўскіх. З Альбярціна мы паехалі ў Шылавічы, пасля — у Жыровічы. Якраз заходзіла сонца, і ў гэты момант Жыровічы здаваліся казачна-чарадзейнымі. Кожны селянін займаўся сваімі справамі: адны сядзелі каля хат на лаўках, другія корпаліся на агародах, а іншыя ішлі па ваду да жыровіцкай крыніцы. На другі дзень мы паехалі ў вёску Кракотка, якую Уладзімір Караткевіч назваў самаю прыгожаю вёскаю ў свеце. Шлях у гэтае знакамітае месца на Слонімшчыне ляжаў праз Пасінічы, Юхнавічы і Сялявічы. Яшчэ ў 1927 годзе ў Кракотцы адкрылася першая бібліятэка імя Янкі Купалы. Кожны раз, калі сюды еду, на думку прыходзяць радкі з верша Міколы Арочкі, прысвечанага Вялікакракоцкай сельскай бібліятэцы імя Янкі Купалы:
3. Неяк сустрэў слонімскага настаўніка-пенсіянера Мікалая Іванавіча Ракевіча. Пачалі размову пра жыццё-быццё, а потым гаворка пайшла пра гісторыю і людзей нашай роднай старонкі. “Я родам з-пад Азярніцы, з вёсачкі Ваўчкі, давай калі з’ездзім і паглядзім тыя мясціны”, — прапанаваў Мікалай Іванавіч. І вось у адзін з вераснёўскіх дзён мы селі ў машыну і накіраваліся ў бок Азярніцы. Мікалай Іванавіч, як дасведчаны экскурсавод, адразу пачаў расказваць пра сваіх землякоў.
Аповед пра Івана Багдановіча
Жыў у Збочне даволі заможны чалавек — Іван Багдановіч. Пры Польшчы Багдановіч меў маёнтак, гектараў сто зямлі, каля 10 коней, паўсотні кароў. У 1939 годзе на Слонімшчыну прыйшлі бальшавікі, але яны яго не чапалі: Багдановіч не лез у палітыку, а спакойна жыў і працаваў на зямлі. Вельмі любіў ён паляванне. Прыедуць энкавэдысты, ён з імі едзе на паляванне. Пасля палявання тыя ідуць да яго, вып’юць, закусяць. Быў Багдановіч для іх сваім чалавекам. Прыйдуць забіраць карову, ён адчыніць дзверы і кажа: выбірайце любую. Тыя возьмуць сабе карову. Хто хоча каня — бярыце каня. Ён ніколі не супраціўляўся. Тое самае было і пры паляках. Калі прыйшлі немцы, тыя, хто пры бальшавіках у яго браў каня, карову, — сталі яму вяртаць назад. Баяліся, каб раптам ён не сказаў немцам. Але ён нікому нічога не казаў. Пры немцах лячыў коней, кароў. З людзьмі заўсёды жыў добра, шчыра ўсім дапамагаў. Пасля вайны прыйшлі Саветы. Бальшавікі таксама яго не чапалі, пад рэпрэсіі ён не трапіў. Іван Багдановіч пражыў шмат гадоў, пахаваны ў Збочне. Дарэчы, у гэтай вёсцы было чалавек дваццаць заможных. Але самым добрым і шчырым сярод іх быў Іван Багдановіч. Яго і сёння людзі добрым словам згадваюць.
Гумнішчы
Як уязджаеш у Азярніцу з шашы Слонім — Зэльва, з правага боку віднеюцца кусты, старыя дрэвы і некалькі разбураных хат. “Тут была вёска Гумнішчы, — кажа Мікалай Ракевіч. — У ёй нарадзіўся беларускі паэт і празаік Уладзімір Аляхновіч. Цяпер пісьменнік жыве ў Мінску”. Са слоў Мікалая Іванавіча мы даведаліся, што ў гэтай вёсцы было каля дзесяці хат. Спачатку, відаць, тут знаходзіліся гумны вяскоўцаў з Азярніцы, а пасля сюды перасялілася некалькі сямей. Мясціна насупраць Гумнішча называецца Маліва. “Відаць, тут было маляўнічае месца, — разважае Мікалай Ракевіч. — Раней людзі давалі мясцінам і вёскам назвы, якія ім адпавядалі. Не так, як цяпер, — “Победителей”, “Независимости”. А мясціна, што побач з Малівам, — Пацяроб”.
Пра вёску Ваўчкі
Пра родную вёску Ваўчкі Мікалай Ракевіч нам расказваў з радасцю і з нейкім настальгічным смуткам. Маўляў, няма таго, што было раней. Ён паказаў нам, дзе жылі яго бацькі, дзе была іх зямля. Завёў у хату да старэйшага жыхара Ваўчкоў Васіля Дзянісавіча Ракевіча, якому ўжо споўнілася 96 гадоў. Але Васіль Дзянісавіч нешта занядужаў, і мы не сталі турбаваць старога чалавека. “Гм, месяц таму я з ім гутарыў, сядзеў на лаўцы. А цяпер зусім занямог, старэча”, — уздыхнуў Мікалай Іванавіч. Са слоў нашага гіда мы даведаліся, што Ваўчкі — гэта выселак, дзе сто гадоў таму налічвалася 13 двароў. Калі вярталіся з рэкрутаў вайскоўцы, пасля 25 гадоў службы, ім у Клепачах не давалі зямлі, а сялілі мужыкоў па рашэнні вясковай абшчыны ў Ваўчках, на выселках, давалі ім па гектару зямлі. Былы вайсковец сяліўся там, браў сабе якую-небудзь жанчыну і спакойна працаваў на гэтай зямлі. 20 гектараў зямлі ў Ваўчках, па словах Мікалая Ракевіча, меў і Амерыканец. Амерыканцам звалі Міхаіла Антонавіча Ракевіча. Ён ездзіў у Амерыку, працаваў там на шахтах, зарабляў грошы і з грашыма прыязджаў у родную вёску. У Ваўчках жыў багаты чалавек Маркевіч. Ён меў шмат сваёй зямлі, бровар. Падчас паўстання 1863 года ён дапамагаў паўстанцам. Пасля яго расейцы арыштавалі і саслалі ў Сібір, бровар прадалі, а зямлю яго аддавалі гэтым былым рэкрутам. Бровара Маркевіча даўно ўжо няма. Засталася толькі крыніца, якая па-ранейшаму булькоча сярод вербалозу і травы. Яна напамінае пра нашага суайчынніка Маркевіча, які з тысячамі беларусаў змагаўся супраць Расійскай імперыі. Ды і наогул Слонімшчына ў той час была адным з актыўнейшых асяродкаў паўстання. Напрыклад, толькі супраць Слізняў у Новыя Дзевяткавічы накіравалі дзве расейскія армейскія пяхотныя роты.
Здраднік стараста Макарэвіч
У XIX стагоддзі сярод беларусаў, як і сёння, былі здраднікі. Адзін з іх — стараста Макарэвіч, магіла якога знаходзіцца на азярніцкіх могілках недалёка ад царквы. Макарэвіч выдаў расейскім войскам некаторых паўстанцаў 1863 года, у тым ліку аднаго з кіраўнікоў паўстання — Карла Масальскага. Карла Масальскага схапілі, пасадзілі ў клетку і некалькі дзён вазілі па Слоніме, каб запалохаць мясцовы люд. Пасля на рыначнай плошчы яго павесілі. Але паўстанцы забілі Макарэвіча, гэтым самым адпомсціўшы яму. Гродзенскі генерал-губернатар за тое, што ён выдаў паўстанцаў, “узнагародзіў” яго пасмяротна: загадаў пахаваць Макарэвіча каля самай царквы і ўсталяваць надмагільны помнік. Загад губернатара выканалі. На помніку прымацавалі дзве шыльды. На адной шыльдзе напісалі: “Замученный польскими мятежниками”, а на другой змясцілі такі тэкст: “Памятник сей сооружён в 1869 г. в назидание потомству по инициативе и на средства Его Высокопревосходительства г.Виленского, Ковенского и Гродненского генерал-губернатора И.С. Каханова при материальном содействии крестьян Чемерской волости”. У 1930-х гадах шыльду з тэкстам “Замученный польскими мятежниками” людзі сарвалі і выкінулі. Да нашых дзён у Азярніцы каля Свята-Мікалаеўскай царквы збераглася магіла здрадніка Макарэвіча і адзін надпіс на помніку. Але гісторыкаў, болей за тое — вяскоўцаў, яна зусім не цікавіць. Рыначная плошча Першае ўпамінанне пра вёску Азярніца адносіцца да 1478 года. Кароль Казімір Ягелончык падараваў Азярніцу шляхціцу Васілю Капачэвічу. Праз 400 гадоў у мястэчку Азярніца, як напісана ў кнізе “Памяць.Слонімскі раён” (Мн., 2004), пражывала ўжо 418 чалавек. Там дзейнічалі праваслаўная царква, сінагога, школа, працавалі 4 крамы, харчэўня, заезны двор. А яшчэ ў Азярніцы каля царквы два разы на год праводзіліся кірмашы — 9 траўня і 6 снежня. І цяпер гэтае месца ў Азярніцы старэйшыя людзі называюць Рыначнай плошчай. Тут некалі гандлявалі адзеннем, прадуктамі харчавання і збожжам, прадавалі коней, кароў, свіней. Цяпер кірмашы ў Азярніцы не ладзяцца. А шкада. Добра было б адрадзіць тыя шматвяковыя гандлёвыя традыцыі. Тым больш што і сёння ў Азярніцы, як і ў 1886 годзе, жыве больш за 400 чалавек.
Гарадзішча
З Азярніцы мы накіраваліся ў вёску Збочна. На паўднёва-заходняй ускраіне вёскі захавалася гарадзішча пачатку другога тысячагоддзя нашай эры. Гарадзішча, дыяметр якога каля 60 метраў, круглае і высокае. Яго даследавалі многія польскія, беларускія і рускія археолагі ды гісторыкі. Каля гарадзішча стаіць мемарыяльны знак, на якім напісана, што гэта археалагічны помнік і ён ахоўваецца дзяржавай. На поўнач ад яго знаходзіцца стары могільнік, а на ўсход — селішча, на якім археолагі адшуквалі даволі рэдкія вырабы з ганчарнай керамікі. Мы падняліся на гарадзішча, каб адчуць дух нашых далёкіх продкаў. На вяршыні валяліся бутэлькі ад спіртных напояў, пачкі ад цыгарэт, папера. Што ж, кожны па-свойму вяртаецца да беларускай мінуўшчыны. Археолагі на гарадзішчы ў Збочна заўсёды знаходзілі каштоўныя старажытныя рэчы — посуд, прылады працы, упрыгожанні. Можа, і праз сто ці трыста гадоў нехта знойдзе бутэльку з-пад “Белай вежы” ці пачак ад “Космасу”. У кожнага пакалення свае захапленні і свае радасці.
Магіла маці Кандрата Лейкі
Недалёка ад гарадзішча вясковец варочаў сена. Падышлі да яго, пазнаёміліся. — Міхаіл Лейка, — назваў сябе вясковец. — Можа, вы далёкі сваяк Кандрата Лейкі? — пытаемся. — Можа, і сваяк, не ведаю. Чуў, што быў такі пісьменнік — Кандрат Лейка. А вось што ён напісаў — не чытаў, — апраўдваўся Міхаіл Лейка. — А ці ведаеце, дзе знаходзіцца магіла маці Кандрата Лейкі? — Не, не ведаю. У Збочна шмат старых магіл, пашукайце там, — параіў вясковец. На гэтым мы развіталіся і паехалі на могілкі. Калі пад’ехалі да царквы, а яна знаходзіцца на самых могілках, здалёк кінулася нам у вочы прыгожая — старая і вельмі дарагая на той час — каваная агароджа. Помнік на магіле разбіўся. Паднялі з зямлі ўцалелую шыльду і… вачам сваім не паверылі — гэта ж магіла маці Кандрата Лейкі. На ёй прачыталі: “Здесь покоится прах рабы Божей Таклюси Лейко 62 л. 18 января 1881 г. Дорогой матери от любящих детей”. Па частках неяк злучылі помнік, каб хоць яго сфатаграфаваць. Усё ж ён прастаяў 125 гадоў. Калі памерла маці, Кандрату Лейку быў 21 год. Ён тады працаваў настаўнікам у Косаве. У моцную завіруху на санях Кандрат дабіраўся ў родную вёску. Маці застаў яшчэ жывой, але нічым дапамагчы ёй ужо не змог. Яна вельмі хацела жыць, каб пабачыць, які лёс напаткае яе вучонага сына. А лёс у сына быў трагічны. Кандрат Лейка прысвяціў сваёй маці некалькі апавяданняў. Ён вельмі любіў сваю матулю і шчыра давяраў ёй, моцна захапляўся яе высокай маральнай чысцінёй і справядлівасцю, яе прыроднымі разумовымі здольнасцямі. У адным з апавяданняў, якое называецца “Таклюся-сухотніца”, Кандрат Лейка стварыў вобраз сваёй маці — простай сялянкі, якая ў апавяданні ўзнімала найважнейшыя праблемныя пытанні таго часу: “Перад Таклюсяю цяпер неразгаданаю загадкаю стаялі тры цікавыя пытанні:
Мае землякі ў свеце
Па розных прычынах і абставінах пакінулі Слонімшчыну мае землякі. Найбольш з іх эмігрыравала ў адышоўшым ХХ стагоддзі. Некалькі тысяч слонімцаў сёння пражывае ў Польшчы, Ізраілі, Германіі, Амерыцы, Канадзе, Бельгіі, Францыі, Аўстраліі і ў іншых краінах. Я ўжо не лічу былой вялікай дзяржавы СССР, асабліва Расіі, дзе пражывае шмат выхадцаў са Слонімшчыны. Яны там займаюць вялікія пасады ў дзяржаўных і навуковых установах, выдаюць свае навуковыя працы, займаюцца мастацтвам і літаратурай. Слонімцы ў свеце — бясконцая тэма. Пошукі іх слядоў патрабуюць тэрміновай даследчай працы. Бо кожны пражыты год, дзесяцігоддзе, стагоддзе губляюць звесткі пра тых слонімцаў, якія пакінулі нашу радзіму 50-70 гадоў назад. Трэба шукаць сляды папулярнага ў 20-30 гадах беларускага паэта Сяргея Дарожнага са Слоніма, які загінуў у сталінскім засценку, будуючы Камсамольск-на-Амуры. Дзесьці ў горадзе Йашкар-Ала знаходзіцца магіла Івана Бялькевіча з вёскі Варонічы Слонімскага раёна — беларускага мовазнаўцы, лексікографа і лексіколага, аўтара “Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны” (1970), які таксама быў рэпрэсіраваны, і многіх іншых. У 1921 годзе памёр забыты ў Здалбунаве Ровенскай вобласці, што на Украіне, беларускі драматург, паэт, празаік Кандрат Лейка з вёскі Збочна Слонімскана раёна. Запушчаная і закінутая яго магіла знаходзіцца ў Здалбунаве. На шыльдачцы, якая прымацавана да жалезнага крыжа, напісаны тэкст:
Жураўліны шлях паэта
Старшыня Згуртавання Беларусаў Канады Мікола Ганько неяк сказаў: “Пра жыццё і дзейнасць Сяргея Хмары можна напісаць цэлую гісторыю, а можна абыйсціся некалькімі сказамі”(Лявон Юрэвіч. Камэнтары. Мн., 1999. С.170). Андрэй Чэмер паспрабаваў напісаць такую гісторыю пра гэтага чалавека. У 1998 годзе ў Вільні ён выдаў кнігу, якая так і называецца “Сяргей Хмара”. Але пра самога беларускага паэта, змагара, выдаўца там так і нічога не было сказана. У кнізе аўтар прайшоўся па старонках газеты “Беларускі голас”, якую ў Канадзе выдаваў Сяргей Хмара-Сіняк, і працытаваў розныя факты з газетных публікацый. Цікавымі ў гэтым выданні з’яўляюцца хіба толькі “Прадмова” і “Замест пасьляслоўя”. Наогул, пра Сяргея Хмару-Сіняка напрацягу першых пасляваенных 50 гадоў у беларускім друку пісалася ўсё толькі адмоўнае. Як маглі, так і палівалі брудам яго ў савецкім друку Л. Прокша, В.Раманоўскі, В. Мацкевіч. І толькі аўтару гэтых радкоў у сакавіку 1991 года ў тыднёвіку “Літаратура і мастацтва” удалося надрукаваць невялікі артыкул-згадку пра гэтага своеасаблівага чалавека. Але і гэтая публікацыя выклікала неадназначны рэзананс у Беларусі і ў Канадзе. У газеце “Зважай” (Таронта, верасень, 1991) Кастусь Акула, прачытаўшы гэтую першую лімаўскую публікацыю пра Сяргея Хмару, выказаў сваё абурэнне. Ён абураўся тым, што Хмара з 1945 года “сядзеў на Пятровым пасадзе Ватыкану”, што “Сіняк-Хмара ніколі не навучыўся беларускае мовы і быў ужо ведамым графаманам у паэзіі”, што “падтрымліваў і праслаўляў шарлатана “патрыярха” Рыжага-Рыскага”, што ў “1952 г. намагаўся захапіць Беларускі Выдавецкі Фонд і газэту “Беларускі Эмігрант”, а калі тое не ўдалося, пачаў выдаваць сваю газэту “Беларускі Голас” і г.д. У газеце беларускіх вайскоўцаў “Во славу Родины” (8 красавіка 1992 г.) нехта М.Маліноўскі з Баранавіч напісаў “несколько слов воинствующей ненависти” пад загалоўкам “Иверс против Чигрина” (Іверс — маецца на ўвазе слонімскі паэт Анатоль Іверс (Іван Дарафеевіч Міско) — С.Ч.). Справа ў тым, што апісаная дзейнасць Сяргея Хмары ў лімаўскім артыкуле не спадабалася паэту Анатолю Іверсу, і ён аб гэтым выказаў сваю ўласную думку на старонках літаратурнага выдання. А Маліноўскі паводле двух апублікаваных матэрыялаў напісаў свой. У ім ён бяздоказна ганьбіў Сяргея Сіняка і абараняў Анатоля Іверса. Але, на жаль, спадар Маліноўскі шмат чаго не ведаў тады пра лёс гэтых таленавітых, але розных па-свайму характару і меркаваннях паэтаў. У канцы 30-х — пачатку 40-х гадоў у Слоніме іх усе добра ведалі. Яны пісалі вершы, выступалі на літаратурных вечарах, сустрэчах, друкаваліся ў мясцовай і віленскай прэсе. Гэта былі — Сяргей Хмара-Сіняк, Анатоль Іверс і Сяргей Новік-Пяюн. А яшчэ іх аб’ядноўвала тое, што яны любілі свой край, свой народ, размаўлялі на роднай мове. Пры паляках два Сяргеі і Анатоль былі пад наглядам польскай паліцыі, пасля 1939 года — пад пільным вокам НКУС, у гады вайны — страх быў і перад немцамі, і перад савецкімі партызанамі. Менавіта вайна скразною лініяй прайшла праз лёс гэтых хлопцаў, яна іх разлучыла назаўсёды. Сяргею Хмары (старэйшы за іх быў і больш вопытны) удалося ўцячы на Захад, Сяргей Новік-Пяюн у снежні 1944 годзе быў арыштаваны органамі НКУС, а праз год адпраўлены на 10 гадоў на Калыму. Анатоля Іверса арышты мінавалі, хаця немцы расстралялі ягоных жонку і бацьку. А сам паэт, жывучы ў Слоніме, да самай смерці насіў кляймо “нацыяналіста”. Пасля вайны, як пісаў Васіль Быкаў у сваёй кнізе “Доўгая дарога дадому”, Анатоль Іверс “быў звольнены з працы, выключаны з СП і пятнаццаць гадоў прарабіў на смалакурні ў лясгасе”(Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому. Мн., 2002. С. 319). Мне пашанцавала ў жыцці з гэтымі людзьмі быць добра знаёмым, шмат гадоў сябраваць. З Анатолем Іверсам сустракаліся і гутарылі часцей, бо жыў ён са мною побач у адным нашым родным Слоніме. З Сяргеем Новікам-Пяюном сустрэчы адбываліся і ў Слоніме, і ў Мінску ў ягонай маленькай кватэры на вуліцы Купрыянава. А вось спаткацца з Сяргеем Хмарам не давялося, хаця мы дзесяць гадоў перапісваліся. Шмат гэтыя людзі мне распавядалі пра сваё жыццё-быццё, найперш пра акупацыйны немцамі Слонім. І што дзіўна, што кожны з іх у сваім трагічным лёсе абвінавачваў сяброў. Паэты адышлі на той свет, але так і не памірыліся. Хаця Сяргей Хмара гэтага хацеў, часам дасылаў ім свае газеты і часопісы. Але хлопцы маўчалі. І хто з іх у чым быў вінаваты — сёння цяжка судзіць. Кожны з іх ратаваў сябе, як мог. І кожнаму з іх у жыцці было нялёгка. Тым не менш, слонімскія паэты не скарыліся, не прапалі, не зніклі. Ды і пражылі яны доўгія жыцці: Сяргей Новік-Пяюн — 88 гадоў, а Анатоль Іверс і Сяргей Хмара — 87 гадоў. Бог, як кажуць, адмераў ім аднолькава. І ўсё ж самым неразгаданым, розным і супярэчлівым быў у жыцці і застаецца ў гісторыі беларускай літаратуры і гісторыі нацыянальнага руху Сяргей Хмара-Сіняк. Нават месца яго нараджэння падаецца па-рознаму. Адны выданні пісалі, што ён нарадзіўся ў Пінску, другія — у Адэсе, трэція — у Слоніме. Ды і сам ён паведамляе ў сваёй аўтабіяграфіі, што нарадзіўся ў Адэсе (Запісы Беларускага Інстытута навукі і мастацтва. Выпуск 24. Нью-Ёрк, 1999. С.149). І ўсё ж Сяргей Сіняк нарадзіўся не ў Адэсе і не ў Пінску, а ў вёсцы Казлоўшчына былога Слонімскага павета (цяпер Дзятлаўскі раён) 25 траўня 1905 года. А калі яму споўніўся год, бацькі, у пошуках працы, выехалі на Украіну, пасля ў Варшаву, а потым, калі пачалася Першая сусветная вайна, жылі ў Казані, Растове-на-Доне і ў Варонежскай губерні. У 1918 годзе пры нявысветленых абставінах загінуў бацька. Сяргей Сіняк з маці і з малодшаю сястрою вярнуліся ў родную вёску. Вучыцца хлопчыку не было за што. Таму, пасля расійскай пачатковай школы, ён займаўся самаадукацыяй: шмат чытаў па-руску, па-беларуску і па-польску, асабліва зачытваўся раманамі Генрыка Сянкевіча. І вельмі шмат працаваў: пастухом, лесарубам, землякопам, агароднікам, падзёншчыкам у маёнтку, будаўніком… На працы заўсёды дабіваўся справядлівасці. Аднойчы нават кінуў каменем у панскага аканома за тое, што няправільна і мала налічылі заробак. Аканом выгнаў яго з работы і даў мянушку “бунтар”. Пасля “бунтара” выганялі з будаўніцтва дарогі за арганізаваны страйк, пасля, калі працаваў касцом у маёнку, і з іншых месцаў. У пачатку 20-х гадоў Сяргей Сіняк наладжвае кантакты з сябрамі Беларускай Народнай Рэспублікі, з рознымі адказнымі заданнямі ездзіць у Варшаву, Вільню, Слонім. Ён хутка знаёміцца з беларускімі вайскоўцамі, з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі — Рамуальдам Зямкевічам, Гальяшом Леўчыкам, Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Аляксандрам Уласавым і з іншымі. Становіцца адным з арганізатараў Таварыства Беларускай Школы (ТБШ), арганізоўвае 12 беларускіх школ. У Брэсцкім абласным архіве знаходзіцца, як пацвярджэнне, пасведчанне на імя Сяргея Сіняка, што ён з’яўляўся сябрам ТБШ (ф.2042, оп.1, сп.8869). У сярэдзіне 20-х гадоў Сяргей Сіняк уступае ў Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду. На Слонімшчыне ён арганізоўвае 32 гурткі Грамады, якія налічвалі каля трох тысяч чалавек. У 1930 годзе Сяргея Хмару выбіраюць сакратаром пасольскага клуба “Змаганьне” у Пінску, ён спрабуе закласці беларускую гімназію і выдаваць часопіс. Праз год юнак працуе інструктарам Галоўнай Управы ТБШ у Вільні, а яшчэ праз год яго арыштоўвае польская дэфензіва і разам з Браніславам Тарашкевічам саджае ў турму. У час працэсу Грамады польскі пракурор-абвінаваўца назваў С.Сіняка “лятаючым рыцарам Грамады”. Наогул, Сяргей Сіняк пры паляках, пры саветах і пры немцах за сваю актыўную беларускую палітычную і творчую дзейнасць адсядзеў каля 11 гадоў у турмах. У сваёй аўтабіяграфіі (зборнік “Мы”, выданне суполкі “Ускалось” на чужыне, 1949) ён пісаў: “Мае школы — Лукішкі, турмы ў Слоніме, Гародні, Пінску, Берасьці, канцэнтрацыйны лагер Картуз-Бяроза і шмат іншыя”. Пра яго актыўнасць і смеласць у Заходняй Беларусі паведамляла нават Тэлеграфнае Агенства Савецкага Саюза (ТАСС). Гэтае паведамленне апублікавалі ўсе газеты былой вялікай краіны. “Слоним (Западная Белоруссия). 13 октября. Заместителем начальника городского отряда рабочей гвардии Слонима работает широко известный в Западной Белоруссии молодой, талантливый поэт Сергей Хмара. С оружием в руках он охраняет свой город и организует борьбу с притаившимся остатками офицерских бандитских шаек. До прихода в Слоним Красной Армии поэт находился в концентрационном лагере Картуз-Береза. В польских тюрмах, казематах и лагерях он провел 6 лет. В своих произведениях Сергей Хмара писал о тяжелой доле угнетавшихся панами хлеборобов Западной Белоруссии и вырожал уверенность в том, что скоро настанут времена, когда крестьяне будут свободными и счастливыми. Сбылись слова поэта, эти времена настали” — пісала газета “Социалистическая Якутия” 17 кастрычніка 1939 года. Са зброяй у руках Сяргей Сіняк не ваяваў, а вось пяром валодаў добра. Першы надрукаваны верш з’явіўся ў газеце “Беларуская крыніца” у 1925 годзе. Ён меў назву “Годзі, мы доўга цярпелі, мы доўга хадзілі ў ярме”. А праз тры гады паэты і празаікі Заходняй Беларусі выдаюць у Вільні зборнік “Рунь веснаходу”, дзе побач з вершамі Хведара Ільляшэвіча, Наталлі Арсеньневай, Міхася Васілька, Яўгена Бартуля і іншых аўтараў надрукаваны і творы Сяргея Хмары-Сіняка. А вось першыя паэтычны зборнік “Бунтарнае” і кніга прозы “Шляхам барацьбы” загінулі падчас ліквідацыі выдавецтва “Рунь”. Але ў 1939 годзе першая кніга вершаў “Жураўліным шляхам” Сяргея Сіняка пад псеўданімам Хмара ўсё ж пабачыла свет у Вільні. Зборнічак быў невялікі, ён налічваў усяго 24 вершы. Паэт шчыра апісваў жыццё сваіх землякоў з яго праблемамі і традыцыямі. Цікава і дасціпна паказаў вобразы землякопаў і краўчых, а таксама вобраз вёскі. Гэтыя паэтычныя радкі гучалі як заклік да жыцця і змагання. Але ў кожным вершы адчувалася нейкая самота і адзінота:
Уладзімір Караткевіч на Слонімшчыне
Уладзімір Караткевіч моцна любіў Беларусь, яе гісторыю і людзей. Але больш за ўсё ён любіў падарожнічаць па роднай Бацькаўшчыне. З вандровак ён прывозіў новыя задумкі, тэмы і творы. Бываў Уладзімір Караткевіч і на Слонімшчыне. Упершыню ён наведаўся сюды летам 1963 года. Разам з ім прыязджалі Янка Брыль і Уладзімір Калеснік. Пазней пра гэту паездку на Слонімшчыну і пра сваіх сяброў пісьменнік напіша ў артыкулах “Мой друг і мая зямля” і “Шляхі ў палях”. Што ж уразіла ў Слоніме вялікага літаратара ў першы прыезд? “Быў Слонім, роўны канал і крэмавыя старыя будынкі, ля муроў якіх, у закутках, раслі каравыя старажытныя каштаны, — піша Уладзімір Караткевіч. — У Слонімскім музеі ўразіла мяне адна рэч. Я тады пасаромеўся пра яе сказаць. А шкада, можа б, насмяяліся. Уразіла каменная галава язычаскага Бога. Невядомы скульптар, высякаючы яе, відавочна, меў на ўвазе Янку. Аблічча было такое самае — моцнае і масіўнае. Вачэй, што праўда, не хапала. Разумных чалавечых вачэй. Што зробіш, продкі таксама ўсяго не прадбачылі… І толькі гэта ўнутранае падабенства дало мне тады шчас-лівае адчуванне рэальнасці таго фантастычнага хараства, што буяла вакол. Аднаго з найпрыгажэйшых гарадоў і адной з найпрыгажэйшых вёсак Беларусі — Кракоткі, і замкаў, і старых муроў”. Што датычыць вёскі Кракотка, дык пісьменнік яе, сапраўды, вельмі моцна палюбіў. У артыкуле “Шляхі ў палях” ён зноў прыгадвае гэтую вёску і яе людзей: “Мы ў Малой Кракотцы, у сябра-настаўніка, дужа добрага чалавека. Малая Кракотка — адна з найпрыгажэйшых вёсак, што мне давялося бачыць за ўсё жыццё…”. Вёска Кракотка — вельмі прыгожая вёска з багатай гісторыяй, нацыянальнымі традыцыямі, са знакамітымі людзьмі. Яшчэ ў 1927 годзе тут была адкрыта беларуская бібліятэка імя Янкі Купалы. Гэта першая ў Беларусі ўстанова, якой было прысвоена імя Народнага Песняра. У такім прыгожым і багатым на таленты куточку Слонімшчыны не пабываць і не палюбіць яго — Уладзімір Караткевіч проста не мог. Другі раз наведаў ён Слонім у жніўні 1966 года ў складзе здымачнай групы “Беларусьфільма”, якая здымала кароткаметражны дакументальны фільм “Памяць каменя”. Са Слоніма іх шлях ляжаў у Сынковічы, Пружаны, Брэст. Уладзімір Караткевіч не толькі бываў на Слонімшчыне, але і шчыра сябраваў з многімі слонімцамі. У добрых сяброўскіх адносінах ён быў з Анатолем Іверсам, Іванам Чыгрыным, Сцяпанам Міско і з Міколам Грынчыкам, які быў родам з Быценя. Дарэчы, у маі 1967 года разам з Міколам Грынчыкам Уладзімір Караткевіч зноў наведаў Слонім і Быцень, а таксама вёску Мілавіды, дзе ў 1863 годзе адбыўся бой паміж паўстанцамі і царскімі войскамі. Вельмі шчыра сябраваў Уладзімір Караткевіч з Алегам Лойкам. Разам яны аб’ездзілі амаль усю Беларусь, прымалі ўдзел у літаратурных вечарах і сустрэчах. Бываючы ў Слоніме, пісьменнік заўсёды гасціў у бацькоўскай хаце Алега Лойкі, якая знаходзіцца на Зялёнай вуліцы. У жніўні 1981 года Уладзімір Караткевіч прыехаў у Слонім разам з жонкай Валянцінай Браніславаўнай і гісторыкам Анатолем Кулагіным. Тады Валянціна Караткевіч і Анатоль Кулагін збіралі матэрыялы для будучай сваёй кнігі “Помнікі Слоніма”. Яны спыніліся ў хаце Алега Лойкі, дзе за багатым сталом вялі гутарку пра гісторыю Слоніма. А пасля Валянціна Караткевіч паклікала пісьменнікаў на вуліцу і сфатаграфавала іх на памяць. Вялікую дапамогу ў напісанні кнігі “Помнікі Слоніма” аказваў жонцы Уладзімір Караткевіч. Кніга атрымалася ўнікальнай, да сённяшняга дня ніхто падобнай пра помнікі Слоніма так і не напісаў. На жаль, Валянціна Караткевіч сваю кнігу так і не пабачыла. Яе не стала ў пачатку 1983 года, а кніга выйшла з друку праз паўгода. Бываючы ў Слоніме, Уладзімір Караткевіч любіў пахадзіць па берагах Шчары і канала Агінскага, а таксама завітаць у Слонімскі краязнаўчы музей. У сваім знакамітым нарысе “Зямля пад белымі крыламі” ён пісаў: “Ціхая даліна Шчары. Песцяць вока зялёныя лугі, узгоркі, лясы. І на беразе, як цацка, Слонім. Сямісотгадовы юнак. Чыстая вада з зялёнымі косамі водарасцяў, што звіваюцца ад хуткасці, амывае яго, бягуць угору і ўніз маляўнічыя вулачкі, бялеюць вежы. Галоўным чынам беларускае барока XVI — XVII стст., але не вычварнае і раскошнае, а простае і строгае. Мясцовы густ. Тут найлепшы мясцовы музей ва ўсёй Беларусі, музей, які не саступіць і абласному. Прынамсі, ён быў такі, пакуль жыў яго заснавальнік і дырэктар на працягу дзесяткаў год І. Стаброўскі. Пры апошнім наведванні музей мне спадабаўся менш. Экспазіцыя горшая, некаторыя вельмі цікавыя рэчы ў запасніку, а менш цікавыя занялі іх месца. Прамысловасць тут, галоўным чынам, харчовая, лёгкая (ільнозавод, фабрыка тэкстыльная і мастацкіх вырабаў) і металаапрацоўчая. А вакол колькі ўсяго! Канал, пабудаваны дзядзькам кампазітара Агінскага, цікавы папярова-кардонны камбінат у Альбярціне, унікальная ў сваёй прыгажосці і суровасці не толькі на Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе царква-крэпасць у Сынко-вічах, такая сумнаадлучаная ад усяго сярод масіваў яблыневых садоў. І комплекс былога уніяцкага манастыра ў Жыровічах (XVII ст.) з неацэнным сваім жывапісам…”. Захапляўся Уладзімір Караткевіч і Бяздонным возерам, цікавіўся старажытна-славянскім могільнікам V — IX стагоддзяў, што ля вёскі Клепачы. Пра гэта ён пісаў у сваім рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Уладзімір Караткевіч пражыў усяго 54 гады. Ён заўсёды радаваўся сустрэчам са слонімскай зямлёй і яе людзьмі. Зямля наша захавала яго сляды, а мае землякі — памяць пра пісьменніка. 2000
Наш Тадэвуш Касцюшка
Нядаўна стала вядома, што плануецца рэканструкцыя сядзібы Тадэвуша Касцюшкі ва ўрочышчы Мерачоўшчына, што ў Івацэвіцкім раёне. Некалькі гадоў назад імя славутага палітыка Рэчы Паспалітай, кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года было ўвекавечана — у Мерачоўшчыне ўстанавілі мемарыяльны знак і памятную дошку. Мемарыяльны комплекс-сядзіба павінен быць уключаны ў турыстычны бізнез. Таму ў планах яшчэ — аднаўленне палацава-паркавага ансамбля Пуслоўскіх, Косаўскага палаца, які знаходзіцца побач з месцам, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка.
Метрыка
У ліпені 1987 года Слонім наведаў беларускі пісьменнік Яраслаў Пархута. У апошнія гады свайго жыцця ён шмат падарожнічаў па родным краі, сустракаўся з людзьмі, пісаў пра знакамітых беларусаў. Падчас візіту ў Слонім ён вельмі цікавіўся Язэпам Стаброўскім, Гальяшом Леўчыкам і іншымі вядомымі слонімцамі. Гідам Яраслава Сільвестравіча па Слонімшчыне надарылася быць мне. За некалькі дзён мы аб’ездзілі і абышлі амаль увесь раён. Старэйшы пісьменнік ведаў даволі шмат пра гісторыю, археалогію і прыроду Беларусі, яе знакамітых людзей. Седзячы ў скверыку ў цэнтры Слоніма, ён мне расказваў цікавыя гісторыі і пра Тадэвуша Касцюшку, з радзімы якога быў родам і сам. З яго расказу на ўсё жыццё мне запомніўся такі факт: — У адзін з апошніх прыездаў у Косава, — пачаў свой аповед Яраслаў Пархута, — сустракаю сваю стрыечную сястру Зіну Мушынскую. “Ты, ведаю, цікавішся Касцюшкам, — кажа яна. — Тады хадзем да бабы Ганны”. І павяла мяне на вуліцу Мічурына. Ішоў я следам і згараў ад нецярпення: у чым справа? Але Зіна па-змоў¬ніцку маўчала. Каля хаты пад нумарам 15 спыніліся. Заходзім. Вітаемся з гаспадыняй. Зіна кажа: “Хочам пабачыць Касцюшкаву метрыку...”. “Вось яно што!”— ледзь не вырвалася ў мяне. А Ганна Валчэцкая дапытліва паглядзела на мяне, відаць, пазнала і неяк надзвычай добразыч¬ліва сказала: “Яна на сцяне... Гля¬дзіце, дзеткі. Што трэба, тое і гля¬дзіце...”. Толькі пасля гэтых слоў я звярнуў увагу на рамку. Пад шклом яе было тое, што многія шукалі. З дазволу гаспадыні я зняў са сцяны рамку. Асцярожна паклаў на стол . Яна была даволі старая. Нават шашаль паспеў яе патачыць. Але што мне была тая рамка. Пад шклом у левым верхнім кутку — здымак Касцюшкавага дамка. Дамок гэты быў пабудаваны з лістоўніцы. Я добра памятаю яго. Акрамя здымка ў гэтай рамцы, найвялікшаю каштоўнасцю была фотакопія тэксту, узятага з касцёльнай кнігі, які сведчыў, калі, дзе і хто хрысціў Касцюшку. Пісаны ў першай палове XVIII стагоддзя гусіным пяром, ён цяжка паддаваўся чытанню. Таму ніжэй быў дададзены лісток паперы з машынапісам. Ён пажаў¬цеў ад часу, але чытаць можна было. У перакладзе з польскай мовы тэкст гучаў так: “1746. 12 лютага пастар Раймунд Корсак , прыёр ХХ дамініканаў гошчаўскіх, ахрысціў немаўля, сына законных бацькоў, імем Андрэй-Тадэвуш-Банавентура, — яснавяльможных Люд¬віка-Тадэвуша і Тэклі з Ратомскіх Касцюшкаў, мечных ваяводства Брэсцкага. Кумамі былі: в. пан Казімір Наркускі, староста Куш¬ліцкі, і в. пані з Пратасевічаў Сухадольская; в. пан Адам Пратасевіч, падстароста пінскі, і в.панна Сухадольская, пісароўна земская слонім¬ская”. Нумар таго запісу ў касцёльнай кнізе быў 478. Адсюль гісторыкі і лічаць, што Тадэвуш Касцюшка нара¬дзіўся 12 лютага 1746 года, хаця нарадзіўся ён крыху раней.
“Пава не для вераб’я”
Палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года Тадэвуш Касцюшка з’явіўся на свет у шматдзетнай сям’і ў фальварку Мерачоўшчына каля Косава Івацэвіцкага раёна (па ін¬шых звестках, у вёсцы Сяхновічы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці). Да дзевяці гадоў ён выхоўваўся дома, без аніякіх гувернёраў і настаўнікаў. Сярод беларускіх дзяцей нічым асаблі¬вым не вылучаўся, а, як і яны, размаў¬ляў па-беларуску, дапамагаў маці па гаспадарцы. Пасля дзевяці гадоў яго аддалі ў школу манаскага ордэна піяраў, дзе Тадэвуш вучыўся пяць гадоў. Там ён вывучаў лацінскую, польскую, французскую, нямецкую мовы і матэматыку. Пасля заканчэння школы, а таксама Варшаўскага кадэцкага корпуса, малады Касцюшка вучыў дзяцей полацкага ваяводы Юзэфа Сасноўскага, які жыў на Палессі. Там Тадэвуш закахаўся ў дачку ваяводы — Людвіку. Але пан Юзэф не даў згоды на шлюб, а толькі прамовіў:”Пава не для вераб’я...”. Тады Касцюшка вырашыў выкрасці Людвіку. Але змоўшчыкі яго выдалі, і планам не ўдалося ажыццявіцца. Для юнака гэта была трагедыя. Таму на ўсё жыццё Тадэвуш Касцюшка застаўся адналюбам.
Развітанне з Радзімай
У 1769 годзе наш зямляк пакінуў Беларусь і выехаў на вучобу ў Францыю. Праз пяць гадоў ён закончыў Парыжскую акадэмію, дзе вывучаў артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыі, быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. Гэтую яго вучобу і паездку фінансаваў князь Адам Чартарыйскі. Князь нават рэкамендаваў Касцюшку вывучаць будаўніцтва дарог, мастоў, каналаў і шлюзаў. З Францыі Касцюшка выехаў у Паўночную Амерыку. Там якраз ішла вайна супраць англійскага каланіяльнага ўладарніцтва. За незалежнасць ЗША выступіў і Тадэвуш Касцюшка. На працягу сямі гадоў ён змагаўся ў радах амерыканскай арміі. Служыў на пасадзе галоўнага вайсковага інжынера арміі Поўначы, удзельнічаў у будаўніцтве фартыфі¬кацый пад Саратогай, кіраваў будаўніцтвам цытадэлі ЗША ва Уэст-Пойнце. Кангрэс ЗША надаў Касцюшку званне брыгаднага генерала. За заслугі перад Амерыкай ён быў узнагароджаны ордэнам Цынцыната, атрымаў амерыканскае грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел. Прэзідэнт ЗША Джордж Вашынгтон назваў Касцюшку “чалавекам навукі і вышэйшых якасцяў”. Шчыра сябраваў Касцюшка з яшчэ адным прэзідэнтам ЗША Томасам Джэферсанам.
Паўстанне
У студзені 1793 года Прусія дамовілася з Расіяй аб адарванні ад Рэчы Паспалітай пэўнай тэрыторыі. Да Расіі адышла частка Беларусі і Заходняй Украіны, а да Прусіі — спрадвечна польскія землі. Гэты факт выклікаў незадавальненне сярод простага народа і шляхты Рэчы Паспалітай (адзіная дзяржава, у якую аб’ядналіся Вялікае Княства Літоўскае і Польшча). Тадэвуш Касцюшка ў гэты час ужо вярнуўся на Радзіму. Ён прымаў самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да паўстання. І ў сакавіку 1794 года яно пачалося. На чале паўстання стаяў генерал-лейтэнант Тадэвуш Касцюшка, які даў прысягу на вернасць паўстанню і абвясціў, што будзе змагацца за непарушнасць ме-жаў сваёй дзяржавы, устанаў¬ленне самаўладдзя народа і ўсе¬агульную свабоду. Ён прызначыў Найвышэйшую Нацыянальную раду, а таксама выдаў Паланецкі ўніверсал пра вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Першыя баі з рускімі адбыліся каля Кракава, і перамогу святкавалі паўстанцы. Пасля бітвы перамясціліся на Гарадзеншчыну: каля вёскі Паляны Ашмянскага павета і каля вёскі Солы на Смаргоншчыне. Адметнаю рысаю вызвольнага паўстання было ўжыванне партызанскіх і дыверсій¬ных формаў змагання. Асобнымі аддзеламі паўстанцаў кіравалі вопытныя камандзіры Якуб Ясінскі, Міхал Агінскі, Тадэвуш Гарадзенскі, Стафан Грабоўскі, Карол Серакоўскі, Тадэвуш Ваўжэцкі і многія іншыя ліцвіны.
Бітва пад Слонімам
Вялікія надзеі ў пашырэнні паўстання на Беларусі Тадэвуш Касцюшка ўскладваў на корпус генерала Серакоўскага. У канцы ліпеня 1794 года ён накіраваўся ў Слонім дзеля прыкрыцця Вільні і недапушчэння захопу Бярэсця. Каля Слоніма паўстанцы сустрэліся з корпусам генерала Дэрфельдэна. Пачалася бітва. Серакоўскі вырашае адысці да Ружанаў, а потым — пад Бярозу. Гэты адыход нельга было лічыць беспадстаўным. З Украіны на Беларусь рухаўся вялікі рускі корпус Суворава. Недалёка ад Кобрына і пачалася найбуйнейшая бітва з часоў паўстання 1794 года. З абодвух бакоў у ёй удзельнічалі каля 20 тысяч чалавек. Сярод іх было каля дзвюх тысяч беларускіх сялян-касіянераў, якіх набраў Серакоўскі пад Слонімам, Кобрынам, Пружанамі і Бярозай. У гэтай бітве сілы былі няроўныя і перамогу святкавалі маскалі. Беларускі гісторык Уладзімір Емяльянчык пісаў, што”менавіта за жорсткае задушэнне паўстання Сувораў атрымаў ад Кацярыны II званне фельдмаршала, а таксама больш за 13 тысяч прыгонных сялянаў з Кобрынскага павета. Усяго ж “вызвольнікам” было раздадзена больш за 80 тысяч прыгонных беларусаў”.
Палон і эміграцыя
У бітве каля Мацяёвіцаў Тадэвуша Касцюшку моцна параніла ў галаву. Непрытомнага яго схапілі расейцы і адправілі ў Петрапаў¬лаўскую крэпасць. З палону яго вызваліў цар Павел I. Атрымаўшы свабоду, Касцюшка выехаў у ЗША, а праз пэўны час зноў вярнуўся ў Еўропу. У вольныя хвіліны ён любіў маляваць, выточваць розныя драўляныя рэчы. А ў 1809 годзе ў Лондане Тадэвуш Касцюшка выдаў нават брашуру “Манеўры коннай артылерыі”. За два гады да сваёй смерці ён пісаў цару Аляксандру I : “Нарадзіўся я ліцвінам (г.з. беларусам)...”. Свае апошнія дні наш зямляк правёў у Швейцарыі, дзе і памёр. Яго астанкі перазахаваны ў Кракаве.
Даніна памяці
У многіх краінах свету шануецца памяць пра Тадэвуша Касцюшку. У гонар яго пад Кракавам насыпаны курган. Касцюшку па¬стаўлены помнікі ў Польшчы, ЗША, Швейцарыі, яго імем названа самая высокая гара ў Аўстраліі, адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы (ЗША).У Салюры (Швейцарыя) існуе музей Касцюшкі. Імем нашага земляка названы вуліцы ў Гродне, Брэсце і Косаве. Ён з’яўляецца нацыянальным героем Беларусі, Польшчы і ЗША, а таксама ганаровым грамадзяні¬нам Францыі. 2004
Покліч самапазнання
У вёску Вецявічы, што на Слонімшчыне, прыехаў пасля абеду. У сустрэчнай жанчыны запытаўся, дзе жыве Мікола Арочка. — А ў нас два Мікалаі Арочкі, — адказала жанчына. — Вам які трэба? — Мне патрэбны паэт Арочка, — прызнаўся ёй. — У Арочкаў тут некалькі хат, вось шукайце, у якой гаспадары, — сказала кабета і паказала рукой на бліжэйшыя пабудовы. Дзверы мне адчыніла Марыя Іванаўна, жонка Міколы Арочкі. Шчыра павітаўшыся, яна паведаміла, што яе хлопцы возяць салому. Ідучы на аселіцу, здалёк убачыў юнака і дзядулю, якія цягнулі на калясцы салому. … Лёс жорстка абышоўся з сям’ёй доктара філалагічных навук, паэта, даследчыка, крытыка, перакладчыка, члена Саюза беларускіх пісьменнікаў Міколы Арочкі. Трагічна загінулі ў Мінску два яго сыны і нявестка. Адзінай радасцю, уцехай і надзеяй для Мікалая Мікалаевіча і Марыі Іванаўны застаўся ўнук Валерык. Усе разам даўно пакінулі Мінск і вярнуліся ў Вецявічы — родную вёску паэта. — Пойдзем у хату, вып’ем за суcтрэчу. Такія госці, як ты, у нас бываюць рэдка, — прызнаўся Мікола Арочка. Хутка ў хаце накрыўся стол, на ім з’явіліся агуркі, памідоры, масла, сала, хлеб, каўбаса і, вядома, пляшка гарэлкі. — Калі ласка, частуйцеся, — прапанавала гаспадыня. Мы прыселі да стала, і Мікола Арочка пачаў расказваць пра сваё вясковае жыццё. — З рання да вечара мы на нагах, бо маем вялікую гаспадарку. Трымаем карову, свіней, авечак, коз, курэй — словам усё, што можа мець вясковец. Сам я кашу, сушу, важу, саджаю і капаю. Дапамагаюць Марыя і Валерык. — Як да вас адносяцца вяскоўцы? — Па-рознаму, бо людзям сёння ў вёсцы усё роўна: ці ты вучоны, ці генерал, ці хто іншы. Раней ў Вецявічах у мяне была адна мянушка, цяпер другая — “паэт”. Так і кажуць: паэтаў агарод, паэтава карова, паэтава свіння і паэтаў казёл. Мы ўжо прывыклі. — Як сёння жыве беларуская вёска? — Вёска амаль поўнасцю спілася. У калгасе крадуць усё, што толькі можна ўкрасці. Адзін старшыня калгаса пракантраляваць усё гэта не ў сілах. Гэта далёкі вынік сацыялістычнага калгаснага ладу жыцця. Тут я загнаны ў кут бездухоўнасці, нясу адплату свайму лёсу. Але вершы пішуцца, бо ў вёсцы па-іншаму я ўбачыў і адчуў жыццё, яго смак… * * * Ужо не першаедзесяцігоддзе Міколу Арочку роздумна займае ідэя самапазнання — сябе і свайго народу, ягонай духоўнай красы і яе стратнасці. На якіх жыццёвых вузлах, з якіх мэтаў, памкненняў нараджаліся складнікі яго паэтычнага бачання і светавымярэння? Ва ўступе “Вымярэнні майго свету” да сваіх выбраных твораў “Памяць зярнятаў”(Мн., 1991) ён пакінуў сціслае сведчанне: яму суджана было апынуцца на вострых зломах вырашальна-цяжкіх гістарычных падзей ХХ-га стагоддзя — дыхаць атмасферай нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў нашай Заходняй (гэта ўвасобіцца як адно з творчых вымярэнняў у драматычнай паэме “Мелодыя Таўлая”), трапіць у спісы высялення пры “тых” Саветах (“Спісы высялення”, “Сіта”), потым — у пекла нямецкага “катла” у лясным акружэнні (“Бацькоўскі гай”), стаяць пад расстрэлам на вогненным партызанскім хутары (“Партызанскі хутар”, “Балада пра няскошанае жыта”), падзяляць долю на вачах растаптанага калектывізацыяй гаспадара-селяніна (“Бацькава відушчасць”, “Маналог знішчанага селяніна”), зведаць хіжа выпушчаныя кіпці “чорнага ворана”, накліканага, як гора на матчыну хату, першай свавольнай рыфмай… Можа, і не суджана было б пачаткоўцу, падлетку-пастушку выкараскацца з кволасці першых вершаваных практыкаванняў, калі б спакваля ўжо тады, у перакалочаныя школьныя гады, не пастукаўся ў яго дасціпнае трывожнае светасузіранне спадчынны сум па адраджэнні нацыянальнай, вякамі патаптанай самасвядомасці беларуса. Адбылося гэта, пэўна ж, дзякуючы беларускаму настаўніку Вялікакракоцкай няпоўнай сярэдняй школы Васілю Пракопавічу Трафімовічу, да якога з суседняй глухаватай вёсачкі Вецявічы юнак Мікола, ледзь перамагаючы ўвагнаную вайной хваробу, папрасіўся на кватэру. У свой час, па словах Міколы Арочкі, Васіль Пракопавіч паспытаў трохі асветы ў Вільні, хоць з вучобай там не атрымалася, не лез у палітыку, дабіраў адукацыю дома, меў натуру чуйна-інтэлегентную, валодаў незвычайна мілагучным голасам, хадзіў заўсёды з камертонам, заўзятар спевак, хораў, вясковых спектакляў, не касец, не плугар, душа моладзі, жыў беднавата. Выпісваў пасляваеннае “Полымя”. На гарышчы яго хаты трапляліся пажоўклыя нумары купалаўскай “Нашай нівы”, беларускія календары, нават асобныя нумары беларускіх газет акупацыйнага часу. Кватэранту Міколу проста пашанцавала. Васіля Пракопавіча ён ведаў яшчэ па беларускіх уроках у народным доме, які пабудавалі жыхары Кракоткі на свае складкі за польскім часам. На складкі вяскоўцы набылі і кнігі для бібліятэкі, якую ў 1927 годзе ўганаравалі імем Янкі Купалы. Бібліятэку польскія ўлады праз два гады паспяшаліся зачыніць, патаптаць як небяспечны асяродак нацыянальнай самасвядомасці. А народны дом нёс годна асветніцкую службу нават у акупацыйна-нямецкія гады. Настаўнік дужа трывожыўся, каб немцы не перапынілі яго шчыравання на сціплай сяўбе беларускасці, каб не ўздумалі яны спаліць іхні народны дом. Аднак нардом спалілі не немцы. Спалілі партызаны. Каб не атайбаваліся, маўляў, у нардоме немцы з паліцаямі. Пра гэта добра напісаў Мікола Арочка ў вершы “Заклінанне Чыжыка Беларускага”:
Служыў Богу і людзям
У сакавіку 2004 года на сесіі Рады польскага горада Гданьска было прынята рашэнне надаць адной з вуліц гэтага горада імя Лукаша Дзекуць-Малея. З гэтай ініцыятывай выступіў Цэнтр хрысціянскай літаратуры, якую падтрымалі форум супрацоўніцтва евангельскіх хрысціян і беларускае таварыства ў Польшчы “Хатка”. Пасля прыняцця гэтай пастановы на пасяджэнні Рады горада Гданьска з падзякаю выступілі — старшыня беларускага культурнага таварыства “Хатка” Алена Глагоўская, сын Лукаша Дзекуць-Малея — Данель (Даніла), прэсвістэр хрысціян-паптыстаў Міраслаў Паталён. На сесіі прысутнічалі таксама ўнучка Лукаша Дзекуць-Малея — Альжбета і пастар хрысціян-баптыстаў Роберт Мікса. На другі дзень на гарнізонных могілках у Гданьску былі ўскладзены кветкі на магілу Лукаша Дзекуць-Малея і яго жонкі Серафімы. На помніку святара напісана: “Тут спачывае ў Богу наш любімы Тата с.п. Лукаш Дзекуць-Малей.1.10.1888 — 20.1.1955. Казаў Ісус, хто ў Мяне верыць, хоць бы памёр, але будзе жыць. Св. Ян XI 25”. Праўда, энцыклапедычны даведнік “Рэлігія і царква на Беларусі” (Мн., 2001, с.92) напісаў, што Лукаш Дзекуць-Малей памёр у ЗША. Але, як бачыце, гэта далёка не так. Таму хочацца сёння прыгадаць пра жыццё і рэлігійную дзейнасць гэтага мужнага, таямнічага і шчырага чалавека, які ўсё жыццё добрасумленна служыў Богу і людзям. А яшчэ — ён мой зямляк — родам са Слоніма. Тут ён нарадзіўся ў сям’і настаўніка ў 1888 годзе. У родным горадзе Лукаш Дзекуць-Малей скончыў сярэдняе вучылішча, а пасля — першыя беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні. Наведваў два гады і рэлігійныя курсы ў Пецярбургу. Калі яго прызвалі ў расейскую армію, службу праходзіў у Беластоку. Там наш зямляк пазнаёміўся з веруючымі евангелістамі і пачаў наведваць іх царкву. А пасля вырашыў прыняць воднае хрышчэнне. Гэта духоўная ўрачыстасць адбылася ў навагоднюю ноч 1912 года ў палонцы пры 40 градусным марозе на рацэ Супрасль. У часы Беларускай Народнай Рэспублікі, Лукаш Дзекуць-Малей на Гродзенскім беларускім сялянскім з’ездзе быў абраны ў Гродзенскую павятовую раду і ў аргкамітэт па скліканню краёвага Беларускага з’езда Гродзеншчыны. За выступленні ад імя Беларускай Народнай Рэспублікі быў арыштаваны, але хутка выпушчаны. Летам 1919 года ён узначаліў Гродзенскую цэнтральную настаўніцкую раду. А пасля становіцца кіраўніком беларускага нацыянальнага камітэта і старшынёю Беларускай школьнай рады ў Гродне, уваходзіць у склад прэзідыума цэнтральнай беларускай школьнай рады. У Гродне наш зямляк знаёміцца і бярэ шлюб з настаўніцай Серафімай Кішка. Усё жыццё яна моцна кахала свайго мужа, заўсёды была з ім побач. У іх нарадзілася пяцёра дзяцей. Перад самай вайною Лукаша і Серафіму арыштуюць органы НКВД і сашлюць іх ажно ў Казахстан. Але святара хутка вернуць на Радзіму і пасадзяць ў турму, а жонку — не. Серафіма на чужбіне перажыве тры інфаркты, там шмат будзе працаваць на лесапавале, але міласць Божае іх зберажэ. І толькі ў 1946 годзе яны сустрэнуцца з дзяцьмі ў Беластоку. Пражывуць яны разам яшчэ сем гадоў — Серафімы не стане ў 1953 годзе, а Лукаша — у 1955-м. Пасля таго, як бальшавікі разгоняць Беларускую Народную Рэспубліку, а палякі захопяць Заходнюю Беларусь, Лукашу Дзекуць-Малею ўдасца пазбегнуць розных арыштаў, а прыехаць у Брэст і вясці місіянерскую працу. За ягоным часам Брэст становіцца евангельска-баптысцкім цэнтрам у Беларусі. Часопіс “Маяк” за 1926 год (№ 9) пісаў пра з’езд баптыстаў Польшчы на якім выступіў з дакладам і Дзекуць-Малей, які, у прыватнасці, адзначыў, што “у горадзе Брэсце пачало прапаведавацца Евангелле з 12 снежня 1921 года. Цяпер знаходзіцца ў Брэсце і раёне 695 членаў. У 1926 годзе, да сённяшняга часу, прынята праз святое воднае хрышчэнне 197 чалавек. Дзейнічае 19 абшчын і каля 70 месц, дзе бываюць сходы”. На гэтым з’ездзе наш зямляк быў абраны намеснікам старшыні прэзідыума Саюза славянскіх баптыстаў Польшчы. Наогул, у Брэсце тады праходзіла шмат розных з’ездаў, канферэнцый, сустрэч, якія арганізоўваў Лукаш Дзекуць-Малей. Ён арганізоўваў таксама агульнаасветніцкія, прафесійныя, агародніцкія і пчалярскія курсы. Для дзяцей-сірот стварыў прытулак. Яму належаць і першыя крокі на ніве перакладу. З 1920-га да 1924 года пераклаў на беларускую мову 17 рэлігійных брашур з польскай і рускай моў. Разам з Антонам Луцкевічам пераклаў на беларускую мову і выдаў “Новы Запавет і Псальмы”, а таксама Евангелле ад Лукі, Іаанна і Мацвея. Лукаш Дзекуць-Мацей перакладае на беларускую мову і малітоўнік, які пабачыў свет у 1942 годзе ў Мінску. Шчыра сябраваў з Лукашом Дзекуць-Малеем і прадстаўнік беларускага касцёла метадыстаў Ян Пятроўскі (1905-2002). Я шмат гадоў з Пятроўскім перапісваўся, ён жыў у горадзе Гейнсвіл штата Фларыда. Успамінаючы пра Дзекуць-Малея, спадар Пятроўскі прыгадаў адзін выпадак: “Быў 1935 год. Аднойчы я наведаў вёсачку недалёка ад Дзярэчына. Да мяне падышла беларуская маладзіца і звярнулася з просьбаю: — Брат Пятроўскі, — сказала яна. — Калі вы наведаеце нас яшчэ раз, то прывязіце мне евангельку , ды каб гэта рускую. Дзяўчына ад сціпласці апусціла вочы. — Добра, сястра Зося. Калі змагу, то абавязкова прывязу. Едучы адтуль дамоў, цэлую гадзіну думаў пра гэтую просьбу. На беларускай зямлі, беларуская жанчына просіць беларускага прапаведніка, каб ён прывёз ёй Евангелле на… расейскай мове! Праўдзівы выпадак. Пры наступнай сустрэчы я ёй сказаў: — Выбачайце, сястра Зося, я прывёз вам Новы Запавет, але на беларускай мове — гэта ўсё, што я змог знайсці. Праз некалькі месяцаў, калі мы зноў сустрэліся, яна шчыра дзякавала, што некалі я ёй прывёз слова Божае на беларускай мове”. А слова Божае да нашага народа даходзіла на роднай мове, дзякуючы перакладчыцкай дзейнасці Лукаша Дзекуць-Малея, які заўсёды аддана і шчыра служыў Богу і сваім людзям. 2005
Альбярцінец, які быў маршалкам Сейма Польшчы
Багата нашая Слонімшчына на таленавітых людзей. Але лёс многіх з іх склаўся так, што ўсё сваё свядомае жыццё яны пражылі ў іншых краінах свету. Пра многіх пры іх жыцці мы нават і не ведалі. Асабліва шмат нашых землякоў жыве ў Польшчы. Нядаўна ўдалося адшукаць звесткі пра яшчэ аднаго знакамітага, але малавядомага нам слонімца — польскага палітыка, сацыёлага, публіцыста, доктара гуманітарных навук, прафесара Мікалая Казакевіча. Мікалай Казакевіч з 1989 да 1991 года быў маршалкам (спікерам парламента) Сейма Польшчы Х склікання, гэтак званага Кантрактнага Сейма. Бацька нашага земляка быў родам з Віцебшчыны. Калі пачалася рэвалюцыя ў Расіі ў 1917 годзе, ён дабравольцам пайшоў у польскую пятую Сібірскую дывізію генерала Чумы, якая супрацоўнічала з арміяй адмірала Калчака. Ад Калчака старэйшы Казакевіч нават атрымаў Георгіеўскі крыж. А калі ў 1920 годзе бальшавікі занялі Сібір, бацьку Мікалая Казакевіча ўзялі ў палон. Як палонны ён працаваў у адным з сібірскіх атрадаў, які шукаў серабро. Праўда, праз год, у выніку абмену ваеннапалоннымі, сям’я Казакевіч прыехала ў Слонім. У Сібіры ў Казакевіча закахалася дачка Аляксея Чудагашава, які быў кіраўніком хакаскага племені манголаў, праваслаўнага веравызнання. Але яе маці была з роду Янкоўскіх, ды яшчэ каталічкай. Сям’я Чудагашавых займалася конегадоўляй і гандлявала з суседнім Кітаем. Пляменнікі Чудагашавых умела палявалі на собаляў і мелі вялікі прыбытак. Адным словам, сям’я Чудагашавых была даволі багатай, а таксама ўсе падтрымлівалі дзейнасць і палітыку Калчака і не любілі бальшавікоў. У Сібіры ў сям’і Казакевіч нарадзіліся дачка і сын. Усе яны разам за некалькі месяцаў дабраліся да Слоніма. А высакародны арыстакрат Войцех Пуслоўскі падараваў Казакевічам у Альбярціне ўчастак зямлі і даў мажлівасць на гэтым участку пабудаваць дом. Акрамя гэтага, яны адкрылі яшчэ ў Альбярціне сваю харчова-прамысловую краму, а таксама сам гаспадар — паручнік у адстаўцы — атрымліваў штомесячную кампенсацыю з войска. “Палякаў у Альбярціне было мала, — успамінаў пазней Мікалай Казакевіч, — а тыя, што тут жылі, часта паводзілі сябе ганарыста. Напрыклад, яны патрабавалі, каб беларусы з імі размаўлялі па-польску. Таму тут існаваў нейкі двухбаковы нацыянальны і палітычны канфлікт. Многія беларускія сяляне, як і нешматлікія яўрэі ў Альбярціне, падтрымлівалі Савецкі Саюз. Беларусы не вельмі любілі палякаў, але майго бацьку паважалі, бо ён ведаў рускую мову, якая была падобна на беларускую. Ды і ён не патрабаваў, каб беларусы з ім размаўлялі па-польску. Апрача гэтага, ён шчыра дапамагаў беларусам. Пісаў ім прашэнні і апеляцыі ў справах вызвалення з турмаў, арыштаў, штрафаў. Лічыў таксама, што польская дзяржава прымяняе ў адносінах да беларусаў неразумную і несправядлівую палітыку, што сама ўпіхвае іх у абдымкі камунізму...”. У 1923 годзе ў Альбярціне ў сям’і Казакевічаў нараджаецца сын Мікалай. Дзяцінства хлопчыка прайшло ў Альбярціне сярод беларускіх, польскіх і яўрэйскіх дзяцей. Але ў 1929 годзе Казакевічы пераязджаюць у Слонім. Гэта было звязана найперш з тым, што старэйшая сястра Мікалая паступае ў ліцэй і штодзённа дзесяць кіламетраў дадому са Слоніма ў Альбярцін было дабірацца цяжка. У Слоніме Казакевічы пабудавалі вялікі драўляны дом, а побач адкрылі новую манапольную краму. Ды і бацька Мікалая, як ваенны інвалід, атрымаў ліцэнзію на гандаль гарэлкаю і тытунём. І хоць большая палова жыхароў Слоніма ў той час аддавала перавагу самагонцы і самасейцы, вайскоўцы і чыноўнікі горада над Шчарай былі пастаяннымі кліентамі іх крамы і менавіта яны давалі прыбытак сям’і. У краме гандлявала маці. За гэтыя гады яна вывучыла польскую і беларускую мовы. На якой мове пакупнікі ў краме да яе звярталіся, на такой яна ім і адказвала. Ды і сяброў у сям’і Казакевічаў у Слоніме з кожным годам павялічвалася. Мікалай з братам былі католікі, а сястра — праваслаўная. Але бывала так, што на святы ўсе разам наведвалі і каталіцкія, і праваслаўныя слонімскім храмы. Адным словам, у Слоніме Казакевічам жылося вельмі добра. Але калі сястра скончыла ліцэй і паступіла ў Віленскі універсітэт, нашы землякі ў Слоніме ўсё прадалі і пераехалі ў Вільню, дзе купілі трохі зямлі і невялікі домік на скрыжаванні вуліц Пілсудскага і Наваградскай.”На гэтым участку, — успамінаў Мікалай Казакевіч, — бацька планаваў пабудаваць мураваны дом з магазінам, а ўдалося яму толькі памяняць плот і пабудаваць мураваную пральню з пракладзеным водаправодам, унітазам і праточнай вадою. Гэта быў першы ўнітаз у маім жыцці. Будова планавалася пачацца ў 1939 годзе, але ў снежні 1938 года бацькі раптоўна не стала. Ён памёр ад запалення лёгкіх”. Пасля смерці бацькі, для сям’і Казакевічаў наступілі нялёгкія часы. Але дзеці паціху атрымлівалі адукацыю. Мікалай, пасля агульнай школы, вучыўся ў мужчынскім ліцэі імя караля Зыгмунда Аўгуста, а потым — у беларускай гімназіі. Калі пачалася вайна, юнак быў моцна паранены. А калі паправіўся, працаваў фізічна на розных работах, а пасля вайны нават быў арыштаваны органамі НКВД. З кіпцюроў НКВД дапамог вызваліцца ягоны сябра. У другой палове 40-х гадоў Казакевічы пераязджаюць у Польшчу і Мікалай паступае на філасофскі факультэт Варшаўскага універсітэта, які закончыў са ступенню магістра. Пасля абараніў доктарскую дысертацыю, стаў прафесарам. У 1947 годзе наш зямляк уступае ў сялянскую партыю Стронніцтво людовэ, а пасля яе аб’яднання з партыяй З’едночонэ стронніцтво людовэ (ЗСЛ), быў яе сябрам і да канца яе дзейнасці (да 1989 года) прымаў актыўны удзел у партыйнай рабоце. Падчас ваеннага становішча ў Польшчы Мікалай Казакевіч быў адным з заснавальнікаў і членам Прэзідыума Часовай краёвай рады Патрыятычнага руху нацыянальнага адраджэння Польшчы (1982-1983 г.г.). У 1985 годзе ўпершыню стаў дэпутатам Польскага Сейма. Быў намеснікам старшыні парламенцкай камісіі нацыянальнай адукацыі і моладзі, а таксама членам камісіі па навуцы і тэхнічнаму прагрэсу. У Сейме Х склікання (1989-1991 г.г.), выбраным згодна з рашэннем пагадненняў дасягнутых з дэмакратычнай апазіцыяй, выконваў абавязкі дэпутата ад партыі ЗСЛ, а пасля ад партыі Польске стронніцтво людовэ. З 4 ліпеня 1989 года быў спікерам парламента да датэрміновага яго роспуску. А ў 1991 годзе зноў абіраецца дэпутатам Сейма і прымае актыўны ўдзел у парламенцкіх камісіі замежных спраў, канстытуцыйнай камісіі Нацыянальнага Сходу, спецкамісіі па абмеркаванню праектаў канстытуцыйных законаў “Хартыя правоў і свабод”. Наш зямляк у свой час актыўна прадстаўляў польскі парламент на міжнародным форуме як прадстаўнік дэлегацыі Сейма і Сената Рэспублікі Польшча ў Паўночнаатлантычнай Асамблеі. Ён уваходзіў у склад заснавальніцкай рады Народна-дэмакратычнай партыі Польшчы. Спіс усіх палітычных пасад Мікалая Казакевіча можна яшчэ працягваць. Але акрамя палітыкі, наш зямляк з Альбярціна актыўна займаўся і навукай. Ён працаваў у аддзеле сацыялогіі Інстытута развіцця вёскі і сельскай гаспадаркі Польскай Акадэміі навук. Быў заснавальнікам Польскага педагагічнага таварыства і намеснікам старшыні Міжнароднай федэрацыі планавання сям’і Рэгіёна Еўропы. Мікалай Казакевіч напісаў і выдаў дзесяткі кніг па педагогіцы, філасофіі, выхаванню і сацыялогіі, а таксама кнігу парламенцкіх мемуараў “Быў я маршалкам кантрактнага...”. Навукова-папулярныя яго кнігі для моладзі і пра моладзь выдаваліся ў Варшаве, Жэневе, Рыме, Лондане і ў іншых гарадах свету. Мікалая Казакевіча не стала ў 1998 годзе. Ён пахаваны ў Варшаве. Кожны раз пры жыцці, калі журналісты прасілі нашага земляка расказаць пра сваё жыццё, ён заўсёды прыгадваў родны Альбярцін 20-х — 30-х гадоў мінулага стагоддзя: “Альбярцін раскінуўся на пласкагор’і, якое апускалася з поўначы на поўдзень у напрамку невялікага возера. У гэтай частцы пасёлка знаходзіўся падобны на класічны палац графаў Пуслоўскіх. Яго фасад трохі напамінаў Палац на Вадзе ў Лазенках у Варшаве. Гэтую прыгожую сядзібу Пуслоўскіх акружаў намнога прыгажэйшы за яе ліставы парк. На другім канцы Альбярціна стаялі пабудовы кляштара айцоў езуітаў грэка-каталіцкага абраду. Белыя муры кляштара напаміналі казармы, але шматлікія і мілагучныя званы заўсёды пераконвалі, што гэта сакральны аб’ект і сядзіба яго слуг. Недалёка ад нашага дома на высокім падмурку стаяла драўляная каплічка каталіцкага касцёла. У нядзелю выразна быў чуваць ціхі звон, які заклікаў вернікаў на набажэнства. А штодзень апоўдні адбываўся арганізаваны манахамі канцэрт царкоўных званоў...”. 2005
Слонімшчына ў паэзіі Алега Лойкі
Бадай што ніхто з беларускіх паэтаў не прысвяціў столькі вершаў свайму роднаму гораду, бацькоўскаму кутку і землякам, як Алег Лойка. Нават Рыгор Барадулін разам з Еўдакіяй Лось і Пятрусём Броўкам не напісалі столькі паэтычных радкоў пра сваю Ушаччыну, сколькі Алег Лойка адзін пра слынны і старажытны Слонім і Слонімшчыну, з іх прыродай, працавітымі і мужнымі людзьмі, багатай гістарычнай спадчынай. У 90-х гадах мінулага стагоддзя з-пад пяра паэта выйшлі тры паэмы і ўсе яны прысвечаныя Слонімшчыне. Драматызаваная паэма ў дзвюх дзеях “Развітанне з Радзімай” вяртае чытачоў у XVIII стагоддзе да польнага літоўскага пісара, а пасля гетмана Вялікага княства Літоўскага Міхала Казіміра Агінскага і яго пляменніка дыпламата і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага. У 1775 годзе Міхал Казімір Агінскі прыехаў у Слонім, дзе пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню, заснаваў оперны тэатр і капэлу. Па яго ініцыятыве быў пабудаваны канал Агінскага. Гетман быў вельмі здольны музыкант і паэт. Выдаў “Гістарычныя і маральныя аповесці” (1782) і “Байкі і не-байкі”(1788). У Слоніме прайшло дзяцінства і яго пляменніка Міхала Клеафаса Агінскага:
Паэт, які заўсёды жыў песняй
Напярэдадні 100-годдзя (27 жніўня 2006 года) беларускага паэта Сяргея Новіка-Пеюна дастаў з паліц свайго хатняга архіва цэлую папку яго пісем, выразак з газет, паштовак, лістоў з вершамі. Яшчэ раз усё перачытаў, пераглядзеў, успомніў гэтага мужнага, цярплівага, таленавітага і сціплага чалавека. Лісты Сяргей Міхайлавіч пісаў вялікія, шчырыя, сур’ёзныя. У пісьмах заўсёды мяне называў па-бацьку і на “вы”, а пры сустрэчах — на “ты” і проста па імені. На лістах абавязкова ставіў тры пячаткі: адна была з адваротным адрасам, на другой было напісана “Сяргей Міхайлавіч Новік-Пяюн г. Мінск”, а на трэцяй —былі словы “Сяргей Новік-Пяюн”. Вось некалькі радкоў з яго пісем: “25-га лістапада 1943 года па даносе правакатара мяне арыштавалі гестапаўцы і асудзілі на смерць за антыфашысцкую дзейнасць. Са слонімскага музея, дзе я працаваў і жыў, рабаўнікі пазабіралі ўсе мае рэчы і ў тым ліку маю мандаліну. Чакаючы смерці ў адзіночцы слонімскага астрогу, я стварыў песню “Мандаліначка” і “запісаў” яе ў памяці…” (з пісьма ад 18 жніўня 1988 года); “Я некалькі разоў званіў у рэдакцыю тыднёвіка “Беларускае тэлебачанне і радыё”, каб звярталіся да чытачоў па-беларуску “добры дзень”, а не па-польску “дзень добры”! Па-беларуску спярша стаіць прыметнік, а пасля імя, а па-польску наадварот: спярша — імя, а пасля — прыметнік. А рэдакцыя, хоць абяцала выправіць памылку, працягвае далей яе друкаваць. Яшчэ пішуць “раніцой”, хаця па-беларуску трэба “раніцай”. Ужываюць польскае слова “мажліва” замест беларускага “магчыма”, “па крайняй меры” замест беларускага слова “прынамсі”. Шмат памылак робяць і тыя, што выкладаюць на філфаку, псуюць беларускую мову…” (з пісьма ад 20 лістапада 1988 года). Сябраваў я з Сяргеем Міхайлавічам шмат гадоў. Ён часта наведваў Слонім, дзе жыла яго сястра, заходзіў да мяне ў рэдакцыю раённай газеты, дзе я працаваў. А калі я бываў у Мінску — забягаў да яго ў маленькую аднапакаёўку на вуліцы Купрыянава. Пра што толькі ён мне не расказаў!.. Але найбольш любіў распавядаць пра Слонім, пра мастака Антона Карніцкага, 180 карцін якога вывезлі немцы ў Германію падчас Другой сусветнай вайны, пра гісторыка і краязнаўца Язэпа Стаброўскага, пра генерала Яўгена Леашэню і пра іншых землякоў. Часта паэт згадваў пра сустрэчу з Янкам Купалам у Слоніме ў 1939 годзе, калі пясняр вяртаўся з Беластока з народнага сходу. Тады Сяргей Новік-Пяюн працаваў у Слоніме інспектарам павятовага аддзела народнай асветы. 12 лістапада 1939 года да яго ў аддзел народнай асветы зайшоў чалавек, павітаўся, а пасля спытаў, дзе жыве Гальяш Леўчык. Сяргей Новік-Пяюн адразу пазнаў у госцю Янку Купалу. Яны разам паехалі ў хатку да Гальяша Леўчыка, там пагутарылі, а пасля машына, на якой прыехаў Янка Купала, прывезла іх у цэнтр горада. На развітанне Янка Купала ў блакноце Сяргея Новіка-Пеюна напісаў пару слоў: “Міламу Сяргею Пеюну падчас сустрэчы ў Слоніме. Янка Купала. 14.11.1939 г.”. Пра гэты выпадак Сяргей Міхайлавіч згадваў мне часта. Ён вельмі ганарыўся, што хоць раз у жыцці меў сустрэчу з песняром беларускага народа. Яшчэ ў 1938 годзе ў Слоніме Сяргей Новік-Пяюн разам са сваёй жонкаю Людмілай пачалі выдаваць на польскай мове (на беларускай мове польскія ўлады не дазволілі) “Газету Слонімскую”. Гэта быў тыднёвік і выходзіў ён да верасня 1939 года… Аднойчы я прыехаў да Сяргея Новіка-Пеюна ў Мінск, а ён адчыняе дзверы ў лагернай фуфайцы з нумарам на плячах. “Гэта мой сталінскі касцюм”, — сказаў Сяргей Міхайлавіч. А пасля сеў на табурэтку і ціха заспяваў свае славутыя “Зорачкі”:
Суперыёры і выкладчыкі ўсходняй місіі айцоў езуітаў у Альбярціне (1924-1942 гг.)
У выніку заключанай у сакавіку 1921 года Рыжскай дамовы паміж РСФСР і БССР з аднаго боку, і II Рэччу Паспалітай , з другога, шэраг этнічных беларускіх зямель увайшлі ў адміністрацыйныя межы Польскай дзяржавы. Каталіцкая царква была незадаволена фактам перабольшання на тэрыторыі ўходніх ваяводстваў насельніцтва праваслаўнага веравызнання, хаця былі яны пераважна патомкамі колішніх уніятаў, якіх адлучылі ад каталіцкага касцёлу сто гадоў таму. Ішлі гады, але пераход у каталіцызм стаў рэдкай з’явай у выніку мабілізацыі праваслаўнай царквы, адсутнасцю арганізаванай акцыі з боку католікаў, нежаданне многіх праваслаўных мяняць веравызнанне, што многімі ўспрымалася як здрада сваёй нацыянальнасці. Таму нарадзілася ідэя прыцягненне дысідэнтаў да касцельнага адзінства без змены абраду, пры захаванні моўных, культурных і бытавых адасобленасцей. Папа Пій XI у энцыкліцы Ecclesiam Dei з нагоды юбілею святога Язафата Кунцэвіча ў 1923 годзе паўторна звярнуўся да праваслаўных з заклікам вярнуцца да касцельнага адзінства, гарантуючы ім шанаванне свайго абраду. Тады падляшскі біскуп Генрык Пшаздзецкі запрапанаваў план стварэння прыходаў уніяцкага абраду, падпарадкаваных мясцовым лацінскім біскупам. Ён прапанаваў таксама, каб у рэалізацыю плана актыўна ўключыць Ордэн езуітаў. Пій XI план падтрымаў, а генерал Ордэна Уладзімір Ледухоўскі абавязаўся яго выканаць. Такім чынам узнікла “ўсходняе адгалінаванне” Таварыства Ісуса. 24 ліпеня 1924 года віленскі біскуп Юры Матулевіч выдаў дэкрэт аб утварэнні Альбярцінскай парафіі славяна-візантыйскага абраду. Альбярцін на той час быў пасёлкам і знаходзіўся недалёка ад Слоніма. Цяпер гэта — гарадскі мікрараён. У траўні 1924 года ў Альбярціне з’явіліся першыя два айцы езуіты — а.Караль Буржуа і а.Міхал Маліноўскі, якія 4 лістапада заклалі пачатак усходняй місіі айцоў езуітаў сярод беларусаў. Караль Буржуа (1887-1963) нарадзіўся ў Парыжы. Гэта быў першы неауніяцкі езуіт у Польшчы, а таксама ў Альбярціне. Тут ён працаваў з траўня 1924 да снежня 1925гадоў. Выконваў абавязкі кіраўніка місіі. Аб сваёй працы напісаў успаміны і надрукаваў у газеце “Etudes” (№ 191, 1927 год). Пасля Альбярціна працаваў настаўнікам французскай мовы ў Празе, у Эстоніі, а з 1950 года жыў сярод рускіх эмігрантаў у Сан-Паўлу ў Бразіліі, дзе і памёр. Міхал Маліноўскі (1887-1942) вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай семінарыі, быў прафесарам духоўнай семінарыі ў Вільні. У Альбярціне знаходзіўся з 1924 да 1927 гадоў. Пасля працаваў суперыёрам і мадэратарам Марыянскай садаліцыі ў Варшаве, Познані, Лодзі. У 1940 годзе быў арыштаваны немцамі і загінуў у канцлагеры ў Дахау. Уладзіслаў Пуслоўскі, якому ў той час належаў Альбярцін, падтрымаў працу айцоў езуітаў, і ахвяраваў на гэтыя мэты свой будынак. Ён быў занядбаны, але езуіты абяцалі, што яны навядуць там парадак. Побач знаходзілася каплічка лацінскага абраду. А адзін з пакояў старога будынку пераабсталявалі пад каплічку ўсходняга абраду, у якой пачаў служыць а. Караль Буржуа. Айцец Міхал Маліноўскі ахапіў абслугаю каплічку лацінскага абраду. Наогул, альбярцінскія айцы належалі да розных нацыянальнасцей. Гэта былі немцы, палякі, чэхі, балгары, украінцы, французы, беларусы, румыны, славакі і іншыя. Але агульнай мэтай для іх была і засталася павага найперш да беларускага народа, сярод якога яны вялі сваю місійную дзейнасць. У 1925 годзе сакратар генерала ордэна езуітаў Уладзімір Пянткевіч стаў протаігуменам адткрытага там манастыра. Але ў 1930-1932 гадах, як пісаў часопіс “Zlucennie”, супраць унійскае акцыі пачаліся прэсавыя кампаніі і перашкоды, маўляў, уніяты праводзяць русіфікацыю. “Трэба было бараніцца жывым словам і пяром, ездзіць да адзінак ураду на высокіх становішчах. Слабае здароўе протаігумена а.Пянткевіча не вытрымала гэтых фізічных і маральных цярпенняў. У сакавіку 1933 года было зложана яго цела на мясцовым магільніку пад соснамі” (Zlucennie. 1938, студзень. С. 9.). (Праўда, Уладзімір Пянткевіч яшчэ паспеў напісаць невялікую кніжачку на польскай мове “Праўда аб Альбярціне” і выдаць яе ў 1932 годзе ў Кракаве. У ёй ён даў грунтоўны адказ сп. Есьману з Бярдовіч (вёска на Слонімшчыне — С.Ч.) і каноніку Адаму Абрамовічу з Беластока, якія ўсюды пісалі і гаварылі, што нібыта дзейнасць уніяцкага руху ў Альбярціне праводзіцца на расейскай мове. Уладзімір Пянткевіч у “Праўдзе аб Альбярціне” пісаў: “Імправізуе тады і сп.Есьман ды расказвае, што пасля нашага пасялення на Слонімшчыне мы загадзя вырашылі, што як у набажэнствах, так і ў кантактах з усходнім насельніцтвам будзем пастаянна карыстацца выключна рускай мовай і ўсю прапаганду весці на ёй жа… Перш за ўсё хачу супакоіць чытачоў, што мы ніколі не прынялі для сябе такога неразумнага прынцыпу, які нашы крытыкі сілаю спрабуюць нам унушаць. Які ж быў бы сэнс і які ж дзіўны праект, каб уніяцкую працу ў Польшчы, ці хаця б нават на Слонімшчыне, весці выключна на рускай мове?! Які ж быў бы сэнс і проста вар’яцтва ў людзей, якія хаця не вучыліся уніяцкай працы ні ў рэдакцыі беластоцкай “Заранкі”, ні ў сп.Есьмана ў Бердавічах, аднак не зваліліся на крэсы з месяца і безнадзейна не страцілі пачуцця рэчаіснасці, каб не ведаць, што Слонімшчына і Навагрудчына — гэта не Калуга ці Вязьма, і не разумець, што уніяцкая акцыя на крэсах Польшчы — галоўным і першачарговым чынам, а ў пераважнай большасці выпадкаў нават выключна — мусіць весціся на беларускай і ўкраінскай мовах” (Piatkewiecz Wiadzimierz. Prawda o Albietynie. Krakow, 1932. С. 11. Пераклад Віталя Лубы). Тым не менш, Альбярцін хутка атрымаў статус першага ў Заходняй Беларусі прыхода ўсходне-славянскага абраду, а ў 1926 годзе місія была зацверджана як навіцыят (установа для падрыхтоўкі да ўступлення ў сябры манаскага ордэна), які заснаваў свой філіял у вёсцы Сынковічы (гэта 15 кіламетраў ад Альбярціна), а Сынковіцкая крэпасць-царква стала цэнтрам прыхода ўсходне-славянскага абраду. У 1927-1931 гадах у Альбярцін прыбылі новыя групы навіцыяў, з ліку мясцовай беларускай і польскай моладзі; у канцы 1932 года тут прайшлі падрыхтоўку больш за 60 святароў, а манастыр у Альбярціне і філіял у Сынковічах мелі 25 місіянераў (Рэлігія і царква на Беларусі. Мн., 2001. С.13). У 1927 годзе ў Альбярцін з Варшавы прыехалі Павел Мацэвіч і Эдвард Войтчак. А ў 1928 годзе на дапамогу альбярцінскім айцам быў пасланы француз Піліп дэ Рэжыс. Ён вельмі хутка вывучыў беларускую і польскія мовы. Працаваў соцыем майстра навіцыята і адміністратарам прыхода ў Альбярціне. У 1932 годзе стаў майстрам навіцыята і выкладчыкам візантыйска-славянскай літургіі. Праз год перавёўся ў Рым, а пасле пераехаў у Аргенціну, дзе ў 1955 годзе памёр у Буэнэс-Айрэсе. Заслужаным уніяцкім дзеячам і арганізатарам усходняй місіі быў Антон Дуброўскі (Дамброўскі) (1896-1947). Нарадзіўся ён на Браслаўшчыне, вывучаў філасофію і багаслоўе ў Кракаве і ў Рыме, жыў і працаваў у Альбярціне. Спачатку духоўным айцом, потым — міністрам дому, соцыем магістра навіцыята і адміністратарам неауніяцкага прыхода, суперыёрам усходняй місіі, рэктарам і магістрам навіцыята ў Альбярціне. Шмат пісаў артыкулаў на тэму усходняй місіі і грэка-славянскага абраду, якія чыталіся на уніяцкіх кангрэсах. У 1935 годзе ў Альбярцін прыехаў малады айцец Станіслаў Ласкі (1904-1944). Ігумен і майстар навіцыята адразу актыўна ўзяўся за працу. Ён пабудаваў царкву і касцёл лацінскага абраду ў Альбярціне, а таксама шырока займаўся публічнай дзейнасцю на карысць касцельнай уніі. У 1944 годзе яго арыштавалі ў Польшчы немцы і вывезлі ў канцлагер Маўтгаўзен, дзе Станіслаў Ласкі быў расстраляны. Амерыканскі езуіт польскага паходжання Вальтэр Цішэк (1904-1984) быў місіянерам у Альбярціне з 1938 года. “Мая праца ў Альбярціне на дзве трэці была душпастырскай і на трэць настаўніцкай. Я выкладаў этыку маладым езуітам, якія вывучалі ў нашай місіі ўсходні абрад, і дзецям у школе — катэхізіс. Акрамя таго, быў вандроўным святаром, які наведваў у Альбярціне і навакольных вёсках сем’і, даючы ім парады, размаўляючы са старымі бабулямі і з хворымі, выконваючы тысячы дзеянняў, як і належыць душпастыру малога мястэчка. З-за таго, што нас у Альбярціне было мала, толькі трое святароў апрача начальніка а.Дамброўскага, і з-за таго, што я быў новапрыбылым чальцом, я атрымаў у спадчыну розныя дробныя павіннасці, якія звычайна выпадаюць на маладзейшага вікарыя”, — успамінае Вальтэр Цішэк у сваёй кнізе “З Богам у Расіі” (Варшава, 1990). У 1941 годзе ён быў рэпрэсіраваны. Памёр у ЗША. Год аперырыем працаваў у Альбярціне і ў Жыровічах Тадэвуш Мацяёўскі (1912-1994), майстрам навіцыята ў Альбярціне — Стэфан Сакач (1890-1973), суперыёрам і міністрам з 1931 да 1936 гадоў — Антоні Зомбэк (1899-1989) і іншыя святары візантыйска-славянскага абраду. Іх дзейнасць і жыццё заслугоўваюць асобных манаграфій. Згадваючы пра даваенны Альбярцін, нельга абмщнуць і яшчэ дзве яркія асобы — Антона Неманцэвіча (1893-1943) і Антоні Гжыбоўскага (1904-1943). Антон Неманцэвіч скончыў Пецярбурскую каталіцкую духоўную акадэмію і папскі Усходні інстытут у Рыме, абараніў доктарскую дысертацыю. Выконваў святарскія абавязкі ў Альбярціне і пры уніяцкай парафіі ў Сынковічах. У 1932-1937 гадах рэдагаваў беларускі уніяцкі часопіс “Да злучэньня”. А ў 1938 годзе разам з Янам Урбанам выдаваў часопіс “Злучэньне”. У 1940 годзе львоўскім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім нелегальна быў зацверджаны Беларускі Экзархат Грэка-Каталіцкай царквы, кананічна пацверджаны праз год Ватыканам і ўзначалены Антонам Неманцэвічам. Беларускі Экзарх, як духоўны прадстаўнік беларускага народу, мог выступаць ад ягонага імя ў Ватыкане. У траўні 1942 года айцец Неманцэвіч разам са сваімі паплечнікамі заснаваў Апостальства Малітвы за Беларусь. Гэта значыць, кожны грэка-каталіцкі святар абавязаўся адзін раз у месяц праводзіць службу, на якой маліўся за беларускі народ. Але ўжо праз тры месяцы Антона Неманцэвіча арыштоўваюць супрацоўнікі СД, вывозяць яго ў Мінск і там расстрэльваюць. Трагічным аказаўся лёс у Альбярціне і айца Антоні Гжыбоўскага. Пасля Кракава і Любліна, дзе ён вывучаў філасофію і багаслоўе, Малады святар прыехаў у Альбярцін і быў прызначаны рэктарам лацінскага касцёла. Калі на Слонімшчыну прыйшлі немцы, айцец Гжыбоўскі вельмі шмат дапамагаў яўрэем, беларусам, палякам. Гэта не падабалася савецкім партызанам. Яны пераапрануліся ў нямецкую форму і 20 кастрычніка 1943 года ноччу ўварваліся ў яго дом, разбудзілі і вывезлі ў лес недалёка ад Альбярціна. Там яго расстралялі і закапалі ў зямлю… Рэпрэсіі нямецкіх і савецкіх уладаў і знішчэнне айцоў Неманцэвіча і Гжыбоўскага, спынілі езуіцкую дзейнасць у Альбярціне. 2006
Пра кнігу “Памяць”
Cвет пабачыла гістарычна-дакументальная кніга-хро¬ніка “Памяць. Слонімскі раён”. Многія слонімцы чакалі гэтае выданне вельмі шмат гадоў. Некалі нават планавалі пра наш раён выдаць эксперыментальнае двухтомнае выданне. Але яно так і не выйшла. Добра, што свет пабачыў хоць гэты салідны том, які налічвае ажно 750 старонак тэксту і фотаздымкаў. Выданне пра нашу Слонімшчыну сапраўды унікальнае, падобнага раней не выходзіла. Тут ёсць што пачытаць. Уласна мне, як слонімцу і чалавеку, які цікавіцца гісторыяй і краязнаўствам, вельмі спадабаліся матэрыялы пра гі-сторыю населеных пунктаў Сло¬німскага раёна. Энцыклапедычныя звесткі пра кожную вёску проста захапляюць. Напрыклад, упершыню даведаўся, што Азяр¬ніца ўпамінаецца з 1478 года, Вецявічы — з XVI стагоддзя і г.д. І наогул многія вёскі на Слонім¬шчыне бяруць свой пачатак з XVI стагоддзя. Вельмі грунтоўна і цікава адлюстравана на старонках “Памяці” гісторыя слонімскай педагагічнай думкі. Аказваецца, некалі ў Азярніцы, Дзевяткавічах, Дзераўной, Жыровічах, Кастровічах, Міжэвічах, Мялькана-вічах, Парэччы, Пасінічах, Шылавічах, Сасноўцы, Харашэвічах былі народныя вучылішчы. Гэтыя вучылішчы развівалі ў дзяцей цікавасць да ведаў, садзейнічалі пашырэнню пісьменнасці сярод беларускага народа, росту яго культуры. Вельмі разнастайна паказана ў кнізе гісторыя аховы здароўя нашага краю, гісторыя развіцця прамысловасці Слонімшчыны. Значная частка кнігі прысвечана перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Прыводзяцца ў кнізе спі¬сы партызан, падпольшчыкаў, воінаў Чырвонай Арміі, мірных жыхароў, якія загінулі ў 1941–1945 гадах. Вельмі добра, што “Памяць” і яе складальнікі не абышлі ўвагай і ахвяр палітыч¬ных рэпрэсій, хоць спіс гэтых прозвішчаў далёка не поўны. Каштоўнымі ў гэтым выданні з’яўляюцца старыя дакументы розных гадоў і стагоддзяў. Гэта разнастайныя запісы, загады, лісты, пастановы, скаргі жыхароў Слонімшчыны XVI–XVIII стагод¬дзяў, успаміны пра жахі апошняй вайны. Тым не менш, як гэта ні крыў¬дна, слонімская “Памяць” паводле свайго духу і зместу атрымалася бальшавіцка-савецкім выданнем. Хто ж, напрыклад, ён — Валяр’ян Багамолаў, што ў такім салідным выданні яму адведзена амаль дзве старонкі тэксту? Ніхто з нашых слынных слонімцаў не заслужыў столькі радкоў, а вось прадстаўнік рускай бальшавіцкай ваеннай арганізацыі, нейкі прайдзісвет, якога шукала ўся паліцыя Расіі, — Багамолаў — калі ласка. І клічка ў яго была Чорт. Ды і якое ён дачыненне мае да зямлі слонімскай? Зусім ніякага. Бальшавікам у кнізе адведзена месца шмат, і ўсе яны амаль што героі нашай зямлі. Вядома, гэта наша гісторыя і ад яе нікуды не падзенешся. Але хапіла б пра іх толькі нейкай згадкі, бо былі і застаюцца сотні імёнаў, падзей, фактаў, больш значных для гісторыі Слонімшчыны, чым тыя, што трапілі ў кнігу. Мне думаецца, што заслужыў значна больш радкоў і нават здымка наш нацыянальны герой Міхал (але чаму ў кнізе Міхаіл?) Валовіч, чым той Багамолаў, ці нейкі Волах, ці Куніца і да іх падобныя. Цяпер давайце пагартаем кнігу і паглядзім больш аб’ектыўна на тыя ці іншыя публікацыі. Усё-такі мала ўвайшло ў кнігу матэрыялаў пра Жыровічы. У цэлым у “Памяці” амаль не расказваецца пра гісторыю розных рэлігійных канфесій на Слонімшчыне. А Слонім спакон вякоў быў горадам шматнацыянальным і шматканфесій¬ным. Гэта павінны былі быць асобныя артыкулы пра права¬слаўных, каталікоў, уніятаў, мусульманаў, евангелістаў і г.д. З 1927 да 1943 года ў Альбярціне дзейнічала беларуская уніяцкая царква, якой кіраваў Антон Неманцэвіч, выходзіў з 1938 года часопіс “Да злучэньня”. Антона Неманцэвіча ў 1943 годзе немцы закатавалі ў берлін¬скай турме, а уніяты раз’ехаліся па ўсім свеце. Пра гэта ў кнізе няма ні слова, як няма ні слова і пра слонімскія мусульманскія святыні. Вялікія раздзелы павінны былі быць і пра Пуслоўскіх, Агінскіх, Слізняў. Яны стваралі гісторыю Слонімшчыны. Калі пра Агінскіх трохі згадваецца, дык пра Пуслоўскіх — амаль нічога. А гэта быў вялікі род, і з XVII стагоддзя на працягу некалькіх вякоў Пуслоўскіх ведалі ва ўсёй Еўропе. Войцех Пуслоўскі быў нават слонімскім дэпутатам у Літоўскім Трыбунале, а Зыгмунд Пуслоўскі — вялікім калекцыянерам і мецэнатам. Але ў слонімскай “Памяці” пра іх — маўчанне. Сціпла напісана пра Слонім¬шчыну ў перыяд першай сусветнай вайны. Пры згадванні камсамольцаў 20–30-ых гадоў трэба было ўспамянуць і Леаніда Бялькевіча (Леаніда Клёна), які пісаў вершы. Адзін з раздзелаў “Памяці” пры¬свечаны знакамітым і вядомым слонімцам, якія дасягнулі пэўных поспехаў у навуцы, спорце, культуры і літаратуры. Шчыра кажучы, амаль палова сло¬німцаў не згадваецца. Сярод іх — дзесяткі акцёраў і музыкантаў, якія працавалі ў тэатры Агінскага. Не прыгадваецца і наш зямляк кампазітар Уладзімір Дарохін, які жыве ў Мінску. Ён з’яўляецца сябрам Беларускага Саюза кампазітараў, заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі, узначальвае кафедру кампазіцыі Акадэміі музыкі. Няма згадкі і пра яшчэ аднаго наша знакамітага музыканта і спевака Аркадзя Валадося (нарадзіўся ў вёсцы Какошчычы), які жыве ў Парыжы. Славуты на ўсю Еўропу барытон, ён выступаў і выступае на сцэнах многіх тэатраў свету, у тым ліку і ў Беларусі. Забыліся складальнікі і пра сло¬німскага артыста кіно і тэатра Уладзіміра Антоніка, які жыве ў Маскве. Не згадваецца і польскі кінарэжысёр Збігнеў Хмялеўскі, які нарадзіўся ў Слоніме, а ў 1948 годзе з бацькамі пераехаў у Польшчу. Ён зняў шмат мастацкіх фільмаў, жыве ў Лодзі. Забыліся складальнікі і пра яшчэ аднаго вядомага земляка — чамяроўца Сцяпана Міско, беларускага мастацтвазнаўца і культуролага, кандыдата мастацтвазнаўства, аўтара шматлікіх артыкулаў, у тым ліку і кнігі “Школьны тэатр Беларусі (XVI–XVIII стст.)” Недаравальна адказным за гэта выданне і тое, што не ўключылі ў кнігу звестак пра Жанну Міцкевіч (нар. у Слоніме ў 1947 г.) — кандыдата педагагічных навук, аўтара кніг па педагогіцы; Аляксея Таўлая (нар. у вёсцы Ганькі ў 1938 г.) — кандыдата філасофскіх навук, педагога, аўтара некалькіх манаграфій і навуковых прац; Антаніну Шалемаву (нар. у Слоніме ў 1953 г.) — кандыдата філалагічных навук, педагога, аўтара некалькіх кніг; Паўла Лойку (нар. у Слоніме ў 1958 г.) — кандыдата гістарыч¬ных навук, аўтара многіх прац і кніг па гісторыі Беларусі; Марыю Ярмаловіч (нар. у Жыровічах у 1942 г.) — кандыдата педагагіч¬ных навук, аўтара шматлікіх кніг па педагогіцы; Ніну Здановіч (нар. у Слоніме ў 1959 г.) — беларускага археолага і культуролага, аўтара кніг па гісторыі Беларусі; Галіну Каспяровіч ( нар. у Кастровічах у 1947 г.) — кандыдата філасофскіх навук, дацэнта, якая даследуе праблемы гнасеалогіі, філасофіі культуры, чалавека і свядомасці. Не трапіў у кнігу і настаўнік Новадзевяткавіцкай СШ Васіль Ракуць — аўтар шмат¬лікіх кніг, даведнікаў, падруч¬нікаў па гісторыі Беларусі. А па яго кнігах пра гісторыю Беларусі вучацца ўсе дзеткі нашай рэспублікі. Ёсць у “Памяці” раздзел “Дзяржаўныя дзеячы”, куды ўвайшлі нашы землякі Мальцаў, Харужык, Чавус. Але чамусьці адсутнічае яшчэ адзін наш зямляк з Альбярціна — Валянцін Шухно. Валянцін Міхайлавіч цяпер з’яў-ляецца старшынёю Камітэта па каштоўных паперах РБ. Пасада даволі сур’ёзная, але пра земляка ў Слоніме забыліся. Па-за “Памяццю” засталіся і многія знакамітыя слонімскія палякі, яўрэі, татары, якія жылі і цяпер жывуць у іншых краінах свету. Наогул тэма “Сло¬німцы ў свеце” поўнасцю адсутнічае на старонках гэтага выдання. Няма ў кнізе даследавання вайсковых злучэнняў, якія спакон веку базаваліся ў нашым гора¬дзе. А ў цэлым Слонім — горад вайскоўцаў (польскіх, француз¬скіх, нямецкіх, савецкіх, беларускіх). Пра гэта і трэба пісаць, бо гэта таксама гісторыя нашага горада. Адсутнічае ў “Памяці” і даследчы артыкул пра гісторыю слонім¬скай прэсы. А за трыста апошніх гадоў у нашым горадзе выхо¬дзіла вельмі шмат цікавых газет і часопісаў, а не толькі адна газета “За перамогу камунізму”. Гэтым артыкулам я не хачу нікога пакрыўдзіць, асабліва тых, хто сапраўды шмат зрабіў дзеля выхаду слонімскай “Памяці”. Тым не менш крыўдна, што мно¬гія слонімскія чыноўнікі і мін¬скія навукоўцы да цяперашняга часу хварэюць на амнезію. Да простых людзей з-за гэтай хваробы так і не дайшла праўда пра гісторыю зямлі слонімскай і яе знакамітых людзей. 2004
Кніга пра слонімскую “сядзібу музаў”
Вялікі гетман літоўскі, слонімскі староста і мецэнат Міхал Казімір Агінскі (1730-1800) вярнуўся ў Слонім у 1775 годзе. Тут ён пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню, заснаваў тэатр. У тэатры працавалі прафесійныя італьянскія, нямецкія, польскія і беларускія спевакі, хор і балет. Балетная трупа была падрыхтавана ў Слонімскай балетнай школе. Усе сцэнічныя паказы суправаджаліся Слонімскай капэлай Агінскага. А ў 1770-1780-я гады пры тэатры існавала музычная школа. Міхал Казімір Агінскі быў яшчэ здольным музыкантам-віртуозам. Ён пісаў музычныя і літаратурныя творы. У сваёй слонімскай друкарні гетман выдаў “Гістарычныя і маральныя аповесці” і “Байкі і не-байкі”, а таксама іншыя ўласныя творы. Пра жыццё і дзейнасць Міхала Казіміра Агінскага ў Польшчы, Беларусі і ў Расіі напісана шмат. Але самай, бадай, грунтоўнай і поўнай манаграфіяй пра Агінскага з’яўляецца кніга Анджэя Цеханавецкага “Міхал Казімір Агінскі і яго “сядзіба музаў” у Слоніме”. Упершыню яна пабачыла свет на нямецкай мове ў Кёльне ў 1961 годзе. На беларускую мову кнігу пераклаў Уладзімір Сакалоўскі. З першым яе беларускамоўным выданнем (тыраж быў 7 тысяч асобнікаў) чытачы пазнаёміліся ў 1993 годзе. Кніга хутка разышлася. І вось нядаўна ў пачатку 2006 года ў выдавецтве “Про Хрысто” кніга Анджэя Цеханавецкага ў перакладзе Уладзіміра Сакалоўскага зноў прыйшла да тых, хто цікавіцца гісторыяй сваёй Бацькаўшчыны. Новае выданне значна адрозніваецца ад папярэдняга, як па зместу так і па знешнему выгляду. У першым беларускамоўным выданні кнігі “Міхал Казімір Агінскі і яго “сядзіба музаў” у Слоніме” некаторыя спасылкі былі моцна скарочаныя, а іншыя зусім не ўвайшлі ў кнігу, што не дазваляла поўнасцю прасачыць па тэксту тое, аб чым хацеў расказаць аўтар, а найперш выявіць ролю слонімскага прыдворнага тэатра Агінскага на Беларусі, асабліва ў параўнанні з еўрапейскімі тэатрамі таго часу (музычнымі рэзідэнцыямі Вялікага княства Літоўскага, Польшчы, Германіі, Італіі і іншых дзяржаў) як па колькасці і па таленту артыстаў і спявакоў, так і па іх выканаўчай дзейнасці. Новае выданне амаль ідэнтычна арыгіналу (пераклад зроблены з нямецкай мовы), яно лепш і паўней раскрывае сувязі тэатра Агінскага ў Слоніме з тэатральным жыццём еўрапейскіх музычных двароў і вызначае яго месца ў культурным жыцці Еўропы. У новае выданне кнігі ўключаны ўсе спасылкі і яны перакладзены на беларускую мову з польскай, італьянскай, французскай і нямецкай моў, чаго не было ў першым выданні. Амаль на 100 старонак павялічаны аб’ём кнігі і яна ўпершыню аздоблена арыгінальнымі фотаздымкамі, якія адлюстроўваюць жыццё і дзейнасць Міхала Казіміра Агінскага, Слонім у XVIII стагоддзі, узоры мануфактурных вырабаў фабрык Агінскага. Кніга пра “сядзібу музаў” у Слоніма сапраўды ўнікальная. Як сказаў пра яе доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс, гэта гімн слонімскім музам. У прадмове да кнігі ён адзначыў, што “па колькасці выканаўцаў, па вышыні аплаты слонімскія аркестр і балет былі на ўзроўні або апярэджвалі каралеўскія ў Варшаве, радзівілаўскія ў Нясвіжы, княжацкія ў Вюртэмбергу, Бадэн-Бадэне і ў іншых нямецкіх, аўстрыйскіх і чэшскіх гарадах. Калі я чытаю ў кнізе, што слонімскі тэатр, які мог змясціць да дзвюх тысяч гледачоў, выконваў лепшыя творы замежных і айчынных аўтараў, што ён быў абсталяваны па апошняму слову тагачаснай тэхнікі, меў краўца, цырульніка і гардэробшчыкаў, якіх не было нават у Мангайме, што паркет тут націралі парафінам, а ў Мангайме не націралі, то міжволі лаўлю сябе на думцы, што Беларусь не была ў XVIII стагоддзі такой адсталай, як мы раней яе паказвалі, што яна і тады ўваходзіла ў Еўропу”. Тэатр Агінскага ў Слоніме ў той час здзіўляў многіх. З кнігі Анджэя Цеханавецкага чытачы даведаюцца напрыклад, што збор нот твораў, што выконваліся на сцэне тэатра, уключаў 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 іншых музычных твораў. У 1771 годзе функцыянаваў “плывучы тэатр” на баржах на Агінскім канале ў Слоніме. А “дом оперы” меў вялікую сцэну, прыстасаваную для паказаў любых барочных спектакляў, оперных і балетных, для выхаду вялікай колькасці спевакоў і статыстаў, для тэатральных баталій коннікаў і водных феерый (частка сцэны затаплялася вадой з канала і па ёй плавалі лодкі), для складаных дэкарацый, розных сцэнічных эфектаў. Тэхнічныя магчымасці сцэны дазвалялі паказваць і два фантаны, якія асвятляліся бенгальскімі агнямі. У кнізе аўтар цікава распавядае пра слонімскія ансамблі і іх артыстаў, пра музычныя інструменты і рэпертуар, пра персанал тэатра, пра выдаткі на касцюмы артыстаў і г.д. Нават ёсць спіс цесляроў тэатра. А яшчэ, па звестках даследчыка, побач з тэатрам у 1765 годзе ў Слоніме пачала дзейнічаць першая кавярня (“кафенхаўс”). Гэта быў сапраўдны шыкоўны цагляны будынак, аздоблены ўнутры шаўковымі шпалерамі і гравюрамі на медзі. Посуд тут быў фаянсавы варшаўскай вытворчасці. Вельмі каштоўнымі ў кнізе з’яўляюцца каментарыі ў якіх можна прачытаць кароткія біяграфіі тых людзей, якія жылі ў Слоніме і працавалі ў тэатры Агінскага, незвычайныя эпізоды з іх жыцця, у тым ліку і самога гетмана. Як толькі памёр Ж. Ж. Русо, Агінскі адразу адправіўся ў кабінет караля і сказаў: “Ваша міласць, памёр мой калега!”. Кароль палічыў, што гаворка ідзе пра польскага польнага гетмана Сасноўскага. “Не, — запярэчыў Агінскі, — я маю на ўвазе смерць Русо!”. Калі ж ён убачыў здзіўленне караля, то растлумачыў: “Бо Русо ж напісаў музыку да оперы “Le Devin du Village”. Я таксама пісаў лібрэта і музыку да операў, якія былі пастаўлены ў Слоніме. У гэтым сэнсе Русо — мой калега!”. Кніга Анджэя Цеханавецкага пра Міхала Казіміра Агінскага і яго тэатр у Слоніме ў перакладзе Уладзіміра Сакалоўскага — гэта своеасаблівы помнік культуры не толькі зямлі слонімскай, але і Беларусі ў цэлым. Аўтар кнігі жыве ў Лондане. Ён скончыў Ягелонскі універсітэт у Кракаве, з’яўляецца ганаровым доктарамБелдзяржуніверсітэта. 2006
Італьянская каханка Агінскага
Знаўцы мастацтва адразу пазнаюць гэты партрэт славутага ўкраінскага і рускага жывапісца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў Дзмітрыя Лявіцкага. На ім адлюстравана італьянская прымадонна Ганна Давія дэ Бернуцці. Карціна знаходзіцца ў Расійскай Дзяржаўнай Трацякоўскай галерэі ў Маскве. Дзякуючы карціне Дзмітрыя Лявіцкага беларусы могуць сёння пазнаёміцца з вобразам той жанчыны, якая ў свой час спявала на сцэнах слонімскага тэатра Міхала Казіміра Агінскага і гродзенскага тэатра Тызенгаўза. А яшчэ гэтая прыдворная і таленавітая дама, куртызанка і авантурыстка вельмі любіла мужчын, асабліва таленавітых і багатых. У 1776 годзе Ганна Давія дэ Бернуцці выступала ў Варшаве. Там яна пазнаёмілася з Міхалам Казімірам Агінскім. Тым больш, што гетман быў толькі на тры гады за яе старэйшы. Флірт паміж Ганнай і Міхалам скочыўся тым, што спявачка дала згоду выступаць на сцэне слонімскага тэатра і тры гады жыць у Слоніме. Было нават падпісана пісьмовае пагадненне ад 1 сакавіка 1777 года, дзе вялася размова і пра месячны заробак у 25 дукатаў з харчаваннем. Пра гэта згадвае і Анджэй Цеханавецкі ў сваёй кнізе “Michal Kazimierz Oginski und sein Musenhof zu Slonim”(Кёльн, 1961). Спявачка прыехала ў Слонім і пачала працаваць у тэатры Агінскага. Але раптам, па невядомых сёння прычынах, пагадненне паміж Агінскім і Ганнай Давія дэ Бернуцці губляе сілу і спявачка вяртаецца летам 1777 года ў Варшаву, дзе выступае ў операх “Маляр, які закаханы ў сваю натуршчыцу” Грэтры і ў “Галантнай Патроне” Паісела. Пра яе апошнюю вельмі ўдалую ролю згадвалі яшчэ ў 1785 годзе. З Варшавы прыдворная дама едзе ў Гродна, дзе яна знаёміцца са сваім равеснікам Антоніем Тызенгаўзам. Ён прапаноўвае ёй працу ў сваім Гродзенскім тэатры Тызенгаўза. І Ганна Давія дэ Бернуцці пагаджаецца. Пэўны час яна працуе ў Гродне, але ў 1781 годзе “першая спявачка оперы-буф і другая — сур’ёзнай оперы” едзе ў Санкт-Пецярбург, дзе мае вялікі сцэнічны поспех. І не толькі… У горадзе на Няве спявачка знаёміцца з многімі вядомымі і багатымі асобамі. Адным з першых з кім пазнаёмілася Ганна быў мастак Дзмітрый Лявіцкі. Майстэрства яго як мастака характарызуецца лёгкасцю ў перадачы разнастайнасці душэўнага стану тых герояў, якіх ён ствараў. Глыбокая павага Лявіцкага да асобы чалавека адчувальна адбіваецца ў яго партрэтах. Поруч з тонкай натхнёнасцю, адзначанай пэндзлем мастака, ён быў здольны выразіць і менш глыбокі, а часам проста бяздушны ўнутраны свет сваёй мадэлі. Такім атрымаўся і партрэт Ганны Давія дэ Бернуцці, намаляваны мастаком маслам на палатне ў 1782 годзе. У Санкт-Пецярбургу куртызанка і спакусніца становіцца каханкаю князя А.А.Безбародзька. За яе “каханне” князь траціць на Ганну вялікія грошы: ён плоціць ёй кожны месяц па 8 тысяч залатых рублёў. А калі спявачка едзе на адпачынак у Італію, то яе забяспечвае не толькі грашыма, але і каштоўнасцямі. Пра гэта даведалася Кацярына II і вельмі раззлавалася. За 24 гадзіны яна выслала красуню з Расіі. Пасля Санкт-Пецярбурга Ганна Давія дэ Бернуцці зноў прыязджае ў Слонім і выступае на сцэне тэатра Агінскага. У спісах артыстаў капэлы Агінскага за 1785 год ёсць і яе прозвішча. Час ад’езду Ганны Давія дэ Бернуцці з нашай дзяржавы застаецца невядомы. Ва ўсякім выпадку ў 1792 годзе спакусніца-артыстка ўжо жыве і выступае ў Неапалі. Але ўжо не як спявачка, а як камедыйная артыстка. Яна пражыла 78 гадоў і ў яе жыцці было што і каго ўспомніць. 2005
Польская артыстка жыла ў Жыровічах
Даўно хачу сустрэцца і зрабіць інтэрв’ю з папулярнаю польскаю артысткай, спявачкай і танцоркай Алінай Яноўскай-Заблоцкай, ці проста Алінай Яноўскай. Такая мажлівасць, здавалася, адбудзецца на мінулым тыдні. Калі прыехаў у Польшчу, адразу набраў яе варшаўскі нумар тэлефона. — Дзень добры! Слухаю вас! — павітаўся мужчынскі голас на другім канцы проваду. — Я хачу пагутарыць з пані Яноўскай. — А хто яе пытае? — пацікавіўся мужчынскі голас. — Яе пытае зямляк са Слоніма… — О, гэта цікава! Пані Яноўская была б вельмі рада. Каля Слоніма ў Жыровічах прайшло яе дзяцінства. Але пані Яноўскай дома няма. Яна цяпер занятая на здымках шматсерыйнага тэлевізійнага фільма “Златапольскія”, дзе яна іграе ролю Элеаноры Габрыель. І каб з ёю сустрэцца, трэба загадзя дамаўляцца пра сустрэчу. Трубку класці і развітвацца я не спяшаўся. Тым больш што суразмоўцам аказаўся сын артысткі, які замест маці адказаў на некаторыя пытанні. Сапраўды, Аліна Яноўская да 14 гадоў жыла з бацькамі ў Жыровічах. Яе бацька да верасня 1939 года працаваў у Жыровічах дырэктарам ляснога ліцэя. “Прыкладам ва ўсім для мяне быў мой тата. І праведзеныя гады з ім побач у Жыровічах былі для мяне самымі шчаслівымі. Я ўсё жыццё памятаю каскад сажалак са стронгай і карпамі, дзе мы любілі плаваць на байдарках. А таксама памятаецца цудоўны батанічны сад, прыгожы лес вакол Жыровічаў. Усё гэта ўплывала на фармаванне маіх будучых артыстычных схільнасцей. Але лёс мне, на вялікі жаль, даў кароткае дзяцінства”, — так любіць згадваць Слонімшчыну перад сваімі дзецьмі і ўнукамі 82-гадовая польская артыстка. Калі ў Заходнюю Беларусь прыйшла савецкая ўлада, Яноўскія, баючыся арыштаў НКУС, выехалі ў Варшаву. Сям’я пасялілася недалёка ад палаца вядомага графскага роду Браніцкіх. З Браніцкімі Яноўскія былі ў добрых адносінах. Аліна ўладкавалася на працу ў сад. Яна дапамагала таксама арганізоўваць у палацы розныя вечары, сустрэчы, канцэрты і сама ў іх удзельнічала. Калі немцы захапілі Варшаву, гестапаўцы пасадзілі Аліну на 9 месяцаў у турму за тое, што аднойчы дзяўчына стукнула рукой у твар аднаго з акупантаў. А ў час варшаўскага паўстання Аліна Яноўская была сувязной. Пасля вайны Аліна скончыла артыстычную школу ў Лодзі, выступала ў дзяржаўным тэатры, які ўзначальваў Юліян Тувім, а таксама ў іншых тэатрах, на эстрадзе і ў кабарэ. Яна цудоўна парадзіравала зорак эстрады Марлен Дзітрых і Дыяну Рос. З 1947 года Аліна пачала здымацца ў кіно, сыграла сотні розных роляў. Старэйшы беларускі глядач добра памятае польскі фільм “Лялька”, дзе наша зямлячка сыграла ролю пані Кжэшоўскай. Два гады таму Аліна Яноўская адзначыла сваё 80-годдзе. Урачыстасць з гэтай нагоды адбылася ў Польскім тэатры ў Варшаве. Павіншаваць знакамітую артыстку прыйшлі жонка польскага прэзідэнта Квасьнеўскага, маршалак Сейма, міністры, палітыкі, дзеячы культуры і літаратуры. На юбілейнай вечарыне пані Яноўская сказала: “Я не марыла, не вучылася, я проста нарадзілася быць артысткаю. Асабліва люблю выступаць на эстрадзе, бо лёгка магу кантактаваць з публікай. Вельмі люблю сучасную моладзь. І не старэю сама, бо па-ранейшаму танцую, іграю ў тэніс, езджу на лыжах, плаваю, займаюся пінг-понгам, верхавой яздой і гімнастыкай”. Некалі, пасля таго, як Яноўскія з Жыровічаў прыехалі ў Варшаву, маці Аліны спявала ў Варшаўскай аперэце. Брат Вітольд быў мастаком-графікам, прафесарам Гданьскай акадэміі мастацтаваў. А сын Аліны Яноўскай — Міхал Заблоцкі — вядомы польскі паэт. 2005
Век так не будзе
Міжнароднае агенцтва “Еўразійскі маніторынг”, куды уваходзяць сацыёлагі з Беларусі, Казахстана, Расіі і Украіны, даследавалі фобіі грамадзян чатырох краін. Выявілася, што 23% беларусаў заявілі, што ў іх выклікаюць страх дыктатура і рэпрэсіі. Па маштабах гэтай фобіі мы апярэдзілі ўсіх — і расіян, і казахаў, і украінцаў. Рэпрэсіі наш народ і наша мова церпяць ужо некалькі стагоддзяў. Асабліва дасталося беларусам ад рэпрэсій у ХХ стагоддзі. Далёка не будзем хадзіць, а давайце адсочым, як працавала рэпрэсійная машина, напрыклад, на слонімскай зямлі. Асабліва шмат гора і бяды зведалі слонімцы падчас сталіншчыны. Па стане на 7 кастрычніка 1939 года органы НКУС БССР у заходніх абласцях нашай рэспублікі арыштавалі больш за 2,7 тысячы чалавек. Галоўным чынам рэпрэсавалі былых чыноўнікаў польскай адміністрацыі, прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі, тых, хто меў шмат зямлі і каго называлі памешчыкамі і кулакамі, хто прайшоў школу Саюза беларускай моладзі. 5 снежня 1939 года была прынята пастанова па пытанні высялення з заходніх абласцей асаднікаў і работнікаў абласной вартавой аховы. Паводле слонімскай кнігі “Памяць”, да вайны і пасля вайны рэпрэсавалі каля 300 чалавек са Слоніма, але гэтую лічбу трэба павялічыць у 10 разоў, з кожнай слонімскай вёскі забіралі на Калыму і Варкуту па 20–50 чалавек. Арышты адбываліся штодзённа. Вёска Басіны Дзеравянчыцкага сельсавета вельмі пацярпела ад вайны, а пасля рэпрэсій увогуле перастала існаваць. Больш за палову жыхароў вёскі Заводны Лес таксама былі вывезены. Многіх арыштаваных у 1930–1953 гадах беспадстаўна расстралялі, многія загінулі ў месцах зняволення. Лёс тысячы нашых землякоў невядомы да сённяшніх дзён. Ахвярамі палітычных рэпрэсій сталі многія слонімскія дзеячы культуры, літаратуры, педагогікі, навукі. У другой палове 1933 года беспадстаўна абвінавацілі ў арганізацыі антысавецкага цэнтра, “заснаванага для аддзялення Беларусі ад СССР на карысць Польшчы”, палітыка, педагога і вучонага з Чамяроў Максіма Бурсевіча. 9 студзеня 1934 года яго асудзілі да вышэйшай меры пакарання, якую замянілі 10 гадамі зняволення. Пакаранне наш зямляк адбываў на Салаўках і на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. 9 кастрычніка 1937 года тройка УНКУС па Ленінградскай вобласці Максіма Бурсевіча асудзіла да расстрэлу. 3 лістапада 1937 года прысуд выканалі. І толькі ў 1956 годзе М. Бурсевіча пасмяротна апраўдалі па абодвух прысудах. У 1930 годзе рэпрэсавалі вядомага беларускага педагога, мовазнаўца, інспектара Наркамата асветы БССР Янку Бялькевіча з вёскі Варонічы. На Беларусь ён так і не вярнуўся і памёр у 1960 годзе ў Азова-Чарнаморскім краі. Пасля смерці Янкі Бялькевіча жонка і сын вучонага асобнай кнігай выдалі яго вялікую працу — “Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны”. Беларускі паэт Сяргей Дарожны і яўрэйскі крытык і публіцыст Хацкель Дунец нарадзіліся ў Слоніме. У 1936 годзе яны таксама трапілі ў хвалю рэпрэсій. Сяргей Дарожны абвінавачваўся ў падрыхтоўцы ўзброенага замаху на першага сакратара ЦК КП(б)Б М.Гікалу, пра якога ён збіраў матэрыялы для кнігі. Слонімскі паэт адбываў пакаранне на Далёкім Усходзе, будаваў Камсамольск-на-Амуры, дзе і загінуў 19 ліпеня 1943 года, не дачакаўшыся вызвалення. Па хадайніцтве сястры ў 1957 годзе яго рэабілітавалі і аднавілі ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Хацкель Дунец зняволенне адбываў ва ухтпячорскіх лагерах. А 29 кастрычніка 1937 года яго расстралялі ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1967 годзе. Фізік з вёскі Хадзявічы Мітрафан Тамільчык пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта працаваў выкладчыкам у Беларускім політэхнічным інстытуце. У 1938 годзе яго арыштавалі і расстралялі. Сталінскія рэпрэсіі не абмінулі і Чамяры. У верасні 1939 года арышты пачаліся і тут. Спачатку выклікалі ў Касцянёўскі сельсавет двух чамяроўскіх хлопцаў — Антона Міско і Гаўрыла Чыгрына. Яны бясследна прапалі. У лістападзе 1939 года арыштавалі Якуба Міско і двух яго родных братоў Васіля і Івана. Пра тое, што рабілася ў гэты час у Чамярах, хадзілі розныя чуткі. Але чуткі чуткамі, а Васіля і Івана Міско ў 1940 годзе засудзілі на восем гадоў турмы. Праўда, Якубу пашанцавала: з турмы ён напісаў пісьмо П.К. Панамарэнку, які даў каманду “разобраться по существу”. Дзякуй Богу, разабраліся, і Якуб Міско (пісьменнік, журналіст, публіцыст) апынуўся на волі. Толькі ніхто “не разабраўся” з лёсам яго братоў. Пад канец 1944 года землякі атрымалі першае пісьмо ад Івана са сталінскіх лагераў з Комі АССР. А ў 1948 годзе, адбыўшы за нішто васьмігадовае зняволенне, ён вярнуўся ў свае Чамяры. Іван і расказаў, што Васіль у 1941 годзе знямогся ад цяжкай працы, ад холаду і голаду, захварэў і памёр у Карэліі. А як пачалася вайна, то зняволеных, у тым ліку і Івана, адправілі ў Комі АССР на лесанарыхтоўкі. Пазней абодвух (Васіля пасмяротна) рэабілітавалі. Іван усё жыццё пражыў у родных Чамярах. Нялёгка было, бо хапала ўсяго: і здзекаў, і абразаў, і розных плётак начуўся ў свой адрас. Бо людзі не ведалі праўды. У 1989 годзе і яго не стала. Не абмінулі рэпрэсіі і чамяроўскага палітыка, змагара і вязня польскіх турмаў (адсядзеў 7 гадоў, з іх некалькі гадоў у адзіночнай камеры №38 гродзенскай турмы) Аляксандра Багданчук. Пасля лагераў жыў у Томску, працаваў будаўніком. Ён удзельнічаў у паўстанні нарачанскіх сялян-рыбакоў у 1935 годзе і быў паранены. Дарэчы, Аляксандр Багданчук (тады — Стах) стаў для Максіма Танка прататыпам Грышкі — героя паэмы “Нарач”. У траўні 1946 года чамяровец Міхась Чыгрын разам з Міхасём Ракевічам і Васілём Супруном стварылі ў Слоніме моладзевае беларускае патрыятычнае падполле пад канспірацыйнаю назваю “Чайка”. Дарэчы, Міхась Чыгрын вучыўся ў Чамяроўскай школе і ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі. А ў 1945 годзе стаў навучэнцам Жыровіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума, дзе стварыў сярод навучэнцаў філію “Чайкі”. У чэрвені 1947 года яго арыштавалі органы МГБ. Быў асуджаны на 10 гадоў зняволення і 3 гады пазбаўлення правоў. Пакаранне адбываў у турмах Оршы і Баранавічаў і канцлагерах Інты. У Беларусь вярнуўся ў канцы 1980-х гадоў. Жыве ў Салігорску. У 1947 годзе асудзілі на 25 гадоў няволі і Васіля Супруна — паэта, гісторыка, археолага. Праз 9 гадоў яго вызвалілі са зняццем падсуднасці. Вярнуўся ў родны Слонім, дзе, дзякаваць Богу, жыве і цяпер. За ўдзел у “Чайцы” былі рэпрэсаваны слонімцы Аляксандр Гардзейка, Іван Хомчык, Іван Тарасюк, Уладзімір Салавей, Міхась Ракевіч, Леакадзія Кавальчук, Аляксандр Жукоўскі, Ніна Карач, Надзея Дземідовіч. Надзея Дземідовіч пра жахі сталінскіх лагераў і сваё жыццё напісала ў кнізе “Век так ня будзе”, якая выйшла з друку ў Мінску ў 2002 годзе. Моцна пацярпелі і прайшлі сталінскія вязні ў 1940–50-х гадах удзельнікі слонімскай вучнёўскай антысавецкай арганізацыі “Польскі падпольны камітэт” Юры Татарэўскі, Зэтэк Жамойда і іншыя. У полымі сталінскіх рэпрэсій загінула шмат слонімскіх святароў розных рэлігійных канфесій. У 1937 годзе расстралялі наглядчыка Жыровіцкага духоўнага вучылішча Пятра Палянскага і настаяцеля Жыровіцкага манастыра айца Ціхана Шарапава. Архімандрыт Серафім Шахмуць быў насельнікам Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Яго арыштавалі ў верасні 1944 года за тое, што ён у гады вайны выконваў абавязкі місіянера, адкрываў на тэрыторыі Усходняй Беларусі праваслаўныя храмы. Яму далі 5 гадоў сталінскіх лагераў, адкуль Серафім Шахмуць ужо не вярнуўся. Спіс ахвяр рэпрэсій на слонімскай зямлі можна доўга працягваць. Бо сёння на Слонімшчыне амаль няма такой сям’і, якую не зачапілі рэпрэсіі акупантаў і дыктатараў. Але, як пісала Надзея Дземідовіч, век так не будзе. 2006
Последние комментарии
7 часов 23 минут назад
7 часов 59 минут назад
8 часов 51 минут назад
8 часов 56 минут назад
9 часов 8 минут назад
9 часов 21 минут назад