Міг маладосці [Генрых Вацлававіч Далідовіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Генрых Далідовіч Міг маладосці

Апавяданні, аповесці


Падрыхтаванае на падставе: Далідовіч Г. Міг маладосці: Апавяданні, аповесці.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 439 с., 1 л. партр.— (Б-ка беларус. прозы).


Copyright © 2013 by Kamunikat.org 

АПАВЯДАННІ

ЦЯПЛО НА ПЕРШАЦВЕТ

Трыпціх


КАЎНЕР З ЗАМОРСКАГА ЗВЕРА
1

— Сынок! Га, сыне! — хтосьці дужы тузаў мяне за плячо, але я не мог прачнуцца i пазнаць голасу: вельмі хацелася спаць.

Мяккім i ўлежным здаваўся сяннік, хоць напхнулі яго толькі ўчора: за зіму леташняя салома ў ім збілася, перасеклася, нібы яе стачылі мышы, i спаць на ёй было надта мулка. Бацька распароў сяннік, занёс яго ў хлеў i вытрас гэтую «сечку» карове на подсціл, схадзіў у гумно i выбраў жоўценькай саломы. Была яна халодная, доўга ляжала ля грубкі i грэлася. Калі стала сухая i цёплая, бацька запхнуў яе ў сяннік i зашыў яго. Сяннік выйшаў тоўсты, гарбаты, калі я лёг на яго, то не мог утрымацца i скаціўся долу.

«Абтапчы», — усміхаўся задаволены бацька, i я скакаў, уціскаў салому, аж нацёр калені аб вострыя яе камлюкі.

— Стасік! — зноў пачуў я хрыплаваты голас i пазнаў: будзіць мяне бацька.

Не хацелася нават расплюшчваць вачэй: так было цёпла, утульна, мякка, але бацька настойліва, нават з нейкім сполахам клікаў мяне, што я пераадолеў сон, глянуў, адразу зажмурыўся ад яркага, як здавалася, святла газоўкі. Зразумеў, што яшчэ вельмі рана: i спаць хочацца, i не днее, i маці не відаць ля печы.

— Уставай, сыне, імчы да бабы. Скажы, хай да нас ідзе...

У мяне адна баба, матчына маці, жыве за лесам, за добрую вярсту ад нас. Яна сама кожнага дня прыходзіць, спрасоння думаю я, чаго яе клікаць у такую рань! Вось i ўчора была, не дазваляла маме насіць поўныя вёдры, скубці i даваць карове сена, паднімаць на прыпек цяжкія саганы, a рабіла ўсё гэта сама. Дамоў пайшла вечарам, паабяцала, што назаўтра зноў прыйдзе.

— Скажы, што мама... захварэла...

Калі я пачуў гэта, усхапіўся, хуценька апрануўся: вельмі любіў маму i цяпер прыпомніў, што, мусіць, вінаваты ў яе хваробе: учора не паслухаўся, не прынёс у хату дроў, а пабег коўзацца на сажалку. Мама хадзіла па ix сама, прывалакла бярэма, апусціла ля грубкі, абаперлася аб яе, заплюшчыла вочы, не глядзела, што выцірае рукавом мел, доўга стаяла i аддыхвалася — так ёй было цяжка...

Я глянуў на ложак, на якім штоночы спіць маці: i цяпер яна была там, ляжала тварам да сцяны i цяжка стагнала, часам нават ускрыквала. Я захваляваўся, таму паслухмяна надзеў порткі i камізэльку, якія мне падаў бацька, уссунуў на босыя ногі гумовікі, ушчапіў на галаву аблавушку i выйшаў з бацькам на двор. Было яшчэ цёмна, не відаць ні лесу, ні поля. Толькі за лугам на небе выплывала светленькая палоска, паднімалася, i я не ўбачыў, a толькі адчуў недалёкую, ціхую, яшчэ замёрзлую, нежывую рэчку, на якой тоўсты сіні лёд, праз яго ўдзень ледзь-ледзь відаць чырвона-жоўтае дно, усыпанае маленькімі бліскучымі каменьчыкамі, адчуў халодную, залітую талай вадой сенажаць, а на ёй два рудыя стагі, якія не паспелі перавезці. Калі добра прыгледзеўся, то ўбачыў блізка частаколіны, а на ix анучы i збаны.

У хляве ціха стагналі свінні i цяжка дыхала карова. Нечакана галасіста запеў певень. Здаецца, ніколі я не чуў, каб ён так моцна гарланіў.

— Ужо другі, — прамовіў бацька.

Рана, ціха, цёмна i страшна, думаю я. A ў лесе...

— Спушчу сабаку, пабяжыш з ім, — кажа бацька, нібы адгадвае мае думкі.— Трымай за ланцужок. Смялей будзе.

Ён ідзе да будкі і, пазвоньваючы зашчапкаю аб дрот, адвязвае i прыводзіць Шарыка.

— Не бойся, — заспакойвае мяне бацька.— Цяпер ціха... Прабяжыш. Ну...— Ён дае ў мае рукі халодны ланцужок i падштурхоўвае ў спіну.

Сабака нюхае зямлю i цягне мяне, я падаюся за ім, нічога не бачу, але трапляю выйсці з варотаў, падацца за хлеў. За ім — дарога да лесу.

У полі холадна: цягне стылым ад зямлі i павявае вясновы колкі вецер. Снегу ўжо няма — счарнеў за сакавік, растаў на ваду i сцёк. Мясцінамі, дзе ніжэй, трымаецца толькі лёд — стары, яшчэ асенні, скамянелы за зіму, — блішчыць днём на сонцы i нехаця слязіцца — танчэе i асядае; маладзенькі, вясновы лядок, што сабраўся ноччу на лужынах, тонкі, нямоцны, хрумсціць, як папера, i ломіцца пад нагамі. Днём паднімеш кусок, танюсенькі i празрысты, як шкло, i доўга не патрымаеш: хутка растае ў цёплых руках, i халодныя, аж пякучыя, кроплі цякуць у рукаво, халодзяць...

У лесе яшчэ цямней, я не бачу сцежкі, бягу, куды вядзе сабака. Але дарогу адчуваю добра: помню кожную ямінку, узгорачак, камень, ля якога абтапталі пясок. Летась аб адзін такі валунец тут, ля Ваўкавенькі, за выгібам, які будзе скора, я збіў палец.

У бары ціха, толькі чуваць мae крокі i ціхенькае рэха, якое коціцца следам за намі. Страшна, вельмі страшна. Здаецца, за кожным кустом стаіўся воўк, каб схапіць мяне i