Свята пчалы (fb2)


Настройки текста:



Рыгор Барадулін Свята пчалы

Старонкі з кніг


Падрыхтаванае на падставе: Барадулін P. Свята пчалы. Выбраныя вершы i паэмы. Мн., «Маст. літ.», 1975. - 400с.


Рэдактар П. Ф. Прыходзька.


Copyright © 2013 by Kamunikat.org

МАЛАДЗІК НАД СТЭПАМ 1959

* * *


Як захлынуўся ад радасці жаўранак,
Славячы сонца вясновага дня,
Як па куп'і на балотных выжарынах
Мякка хрумсціць пад нагою сушняк;
Як па-над ярам пад ветравым подыхам
Вольха сухая рыпіць і рыпіць,
Як адвячоркам над соннымі водамі
Каня ніяк не дапросіцца піць,—
Тры гады я не чуў.
Як засінелася возера чыстае,
Во маладая красуня вясна,
Каб падсініць аблачынкі пушыстыя,
Сінькі ў ваду сыпанула спаўна;
Як палахлівым дзіцём устрывожаным
Хмель каля вольхі абвіўся вакол,
Як у бары, бы маленькія вожыкі,
Шышкі хваёвыя ўсыпалі дол,—
Тры гады я не бачыў.
Як над бруістаю быстраю рэчкаю
Пахнуць лілеі, аер, i чарот,
І першацвет далікатны парэчкавы,
І чарназём той, што вывернуў крот,—
Тры гады не ўдыхаў.
Зноўку ступаю знаёмымі сцежкамі,
Босай нагой паўтараю сляды.
Кветкі мне ўслед пазіраюць усмешкамі,
З тымі ж, якімі глядзелі тады.
І крапіва маладая стрыкаецца,
Быццам пяшчотны, прыемны ўспамін.
Ем я капусту трыгубую зайцаву,
Гладжу змарожаны ліст журавін.
Ясны блакіт вам,
прасторы зялёныя,
Хай жа над вамі з зары да зары
Радасна жаўранкі звоняць залётныя,
Сонца гарыць!

БАЦЬКУ


Не выйшаў ты і ў гэты раз
Мяне спаткаць, паднесці рэчы...
Ля весніц толькі зноў твой вяз
Крануў галінамі за плечы.
Ты мне не падасі рукі,
Глядзіш удаль з-за шкла партрэта.
Ці бачыш, вырас сын які?
Скажы хоць слова для прывета.
А я... чакаў з усіх дарог
Цябе ў сорак чацвёртым... летам.
Калоны ні адной не мог
Я прапусціць з ахапкам кветак.
Хацелася пачуць: «Сынок...»
I крыкнуць радаснае: «Тата!»
Бацькоўскім быў мне кожны крок.
Усё ішлі, ішлі салдаты...
Каторы раз сыходзіў снег...
Дамоў вярталіся суседзі.
Я кожнаму насустрач бег
І чуў кароткае: «Прыедзе...»
Калі ж у крыўдзе мне сябры
Гразіліся падчас бацькамі,
Тады хацелася наўзрыд
Заплакаць шчырымі слязамі.
Не плакаў я — усім на злосць,
Бо ў хаце быў адзін — мужчына.
Не йшоў ты...
Маці маладосць
Глыбей заворвалі маршчыны.
І зараз — еду я здалёк,
Чакаю ўсё — зайду, а маці
Мне скажа: «Пазнаеш, сынок?
Вось наша ўся сямейка ў хаце...»
Паверыць цяжка мне таму,
Што больш не прыйдзеш ты дадому.
А шапку я заўжды здыму
Перад магілай невядомай...

ДОМА


Якая радасць у мяне,
Калі дадому завітаю!
Тут ні адзін не абміне,
Пагутарыць i распытае.
I як жыццё, i як настрой,
I чым я маю нахваліцца...
— Зайшоў бы па бліны,— парой
Мне кіпе цётка-жартаўніца.
Суседка ўспомніць, як сама
Маю калыску калыхала,
Як прыгажэйшае імя
Яна мне колісь выбірала.
А то заўважыць: паплячэў,
Прыгнуўшыся, заходжу ў хату.
I, быццам так, дадасць яшчэ,
Што нарасло дзяўчат багата...

ДОБРАЙ РАНІЦЫ!


А птушкі расстанне прарочаць.
Зара маладая займаецца...
Кажу я табе:
— Добрай ночы!
Хоць трэба казаць:
— Добрай раніцы!
І вочы ўглядаюцца ў вочы,
Вясёлыя, шчыра ўсміхаюцца.
І кажуць яны:
— Добрай ночы!
Хоць трэба казаць:
— Добрай раніцы!
I рукі разняцца не хочуць —
Мацней яшчэ толькі сціскаюцца.
I кажуць яны:
— Добрай ночы!
Хоць трэба казаць:
— Добрай раніцы!

ЛЯДЫ


Прывяла папараць,
Пясок насох,
Да пнёў згарнуліся апенькі сонныя,
Ласкавы, мяккі мох
Нячутна лёг,
Нібы сняжынак зорачкі зялёныя.
Як нейкі скарб трымаюць камялі,
Шырэй тапыраць пальцы караватыя,
Нялёгка адарвацца ад зямлі,
Дзе узраслі,
Дзе верхам хмары краталі...

ДЗЕНЬ ДОБРЫ, ІНТЭРНАТ!


Дзень добры, інтэрнат,— стары знаёмы,
Вясёлая студэнцкая радня!
Зноў важыць чамадан лягчэй, чым дома,
Зноў дзірак дабаўляй у рамянях!
За лета шмат пытанняў не рашылі —
Пa вечарах дыскусія кіпіць.
Над кнігай чайнік, выцягнуўшы шыю,
Нібы гусак разгневаны, шыпіць...
Зноў, родны інтэрнат, да позняй ночы
Струменіцца святло з тваіх акон —
Так свецяцца ад шчасця ў бацькі вочы,
Калі сыноў сваіх сустрэне ён...

* * *


Вагон таварны дрогка тузае.
Гарыць-трапеча стэарын.
Там жарты заглушае музыка,
Тут многіх сон паспеў скарыць.
А вецер,
Дым над дахам сцелячы,
Праводзіць у далёкі шлях.
Ды нам па шчасце, з поўным,
Велічна
Дарогу Волга перайшла.
I зорным золатам размолатым
Шлях Млечны неба запыліў.
Урал гасцінным рускім волатам
Ручнік чыгункі раскаціў.
Абапал — па дарожных правілах —
Слупы з падпорамі — ў струну,
Бы плечы два сябры падставілі,
Каб трэці мог далей зірнуць.
Нарэшце, вольны стэп...
Пякучае,
Тут сонца не шкадуе нас.
I ўжо гадзіннікі падкручваем —
Спяшаецца цалінны час.

ВЕЧАР НАД ТАБОЛАМ


Павекі пазашлюшчылі лілеі,
Спяць, ліст-далонь падклаўшы пад шчаку,
Табол парушыць ix спакой не смее —
Стамлёна расцягнуўся на пяску.
І вецер так залётаўся, што, ўрэшце,
Тут падрамаць у параты прылёг...
— Ой, гусі воду скалацілі ў рэчцы...—
Дзявочы голас чуецца здалёк.
На беразе засмяглым бестурботна
Аб нечым ціха шэпчуць кавылі.
Глыбей залезлі ў залатыя соты,
Як чорныя, калматыя чмялі,
Сланечнікавы семкі;
I чакаеш,
Што зараз рантам загудуць яны
Суладна з песняй маладой, якая
Ca стэпу гоніць векавыя сны.

У ПАЛАТЦЫ


Пa брызенту лапоча-трашчыць
Дождж апрыклай назолай.
Так i хоча да ніткі змачыць.
Ноч ды стэп навакола.
...Дождж трашчыць.
Прыгадаў я цябе,
Лес далёкага краю,
Дзе, як быццам маршчынку на лбе,
Сцежку кожную знаю.
...Казку мы на начлезе гурмой
Слухаем з захапленнем,
I трашчыць кулямётнай чаргой
На кастры сыраваты ядленец.
Дождж...
А мне перапёлка крычыць,
Луг дыміцца па досвітку росны,
Песня роднага краю гучыць:
Ой, бярозы ды сосны!..

* * *


Б'е пярун прамой наводкай,
A маланкі неба крэсляць,
Як з бюро надвор'я зводку
Аб бясхмар'і на ўвесь месяц.
Вось адна адной на спіны
Налягаюць грузна хмары,
Вось — прарвуцца,
вось — лавінай
Дождж нястрымны чохне зараз.
На таку — усе з запалам —
Мы зграбаем зерне ў кучы.
Яшчэ й кроплі не упала,
A кашулі — хоць выкручвай.
Сыпнуў дождж.
Пайшоў старацца...
Ды ў буртах ляжыць пшаніца...
Каб за моладдзю угнацца,
Духу мала,
навальніца!

ЛІСТ З ДОМУ


Бурты кладуцца, як барханы.
Лапатам не даём астыць.
Ды што за шум?..
Прыйшлі лісты,
Лісты ад родных, ад каханых.
I мне ж тут нешта быць павінна...
Матулін почырк пазнаю.
I піша пра бяду сваю,
Пра радасць i пра ўсе навіны:
«Сусед наш справіў наваселле.
Ну a ў бары па верасу
Грыбоў — хоць закладай касу,
I ўжо арэхі палыселі...
Вуголле з печы ўранні скача,
Кот мыцца на акне пачне,—
I верыцца, што ты ка мне
Паспееш на пірог гарачы».
Я сёмы раз, забыўшы стому,
Чытаю гэты ліст,
нібы
Я на Ушаччыне пабыў,
Пагутарыў з усімі дома...
I зноўку зерне з-пад лапаты
Уверх ляціць ва ўсе бакі
I падае. (А так шпакі
На луг садзяцца там, за хатай...)

НАСЦІНА КУХНЯ


Не! Не ўсім надарылася шчасце
Есці боршч, прыгатаваны Насцяй.
Не ўявіць вам, што гэта за боршч!
Хай чатыры порцыі ты знішчыш —
Яшчэ ў місцы выскрабаеш днішча
I абавязкова просіш больш.
Ну, а каша! I нябеснай манне
Да яе далёка ў параўнанне:
Гэткую варыць — паверце мне —
Можна толькі па зямлі цаліннай;
Растае у роце, як маліна
У маёй азёрнай старане.
Насціна фантазія без краю!
Хай i кухня, нібы піпка тая,
У якой муштук хтось адламаў;
А запаліш — дым, як з паравоза
(Бо гарыць салярка — не бяроза!),
Для кухаркі ж гэта ўсё — дарма!
Па-над кухняй Насці адвячоркам,
Бы драбкі крыштальнай солі, зоркі.
Мала солі — знічка упадзе.
У кацёл сам просіцца з нябёсаў,
Быццам часнаку зубок, курносы
Маладзік.
А папрацуеш дзень
На таку з лапатай,
За штурвалам —
Будзе апетыт твой небывалым.
Чай з дымком — паболей цукру сып
Хай можа парой кансерватыўна,
За сталом працуем так актыўна,
Аж ідуць упрысядкі насы!
Хто ні разу ў Насці не абедаў,
Той сапраўднай стравы i не ведаў!

* * *


Між абвалаў,
Стромых скалаў
Сцежка пакручастая.
A ў далінах,
Пa галінах
Дзікі вецер шастае.
А ў гуралкі
Позірк палкі,
Вусны са спакусінкай.
Маладая.
З плеч спадаюць
Два патокі русыя.
Б'юць вясёлкі
На асколкі
Вадаспады горныя.
Зачаруюць,
Завіруюць
Вочы ноччу чорнаю.
Уцякае
Ды гукае.
Пікі гор туманяцца.
З правадніцай
Заблудзіцца
Хочацца да раніцы!..

КАЛАЎРОТЫ


— Калаўроты! Калаўроты!
Найадменнейшай работы,—
Заклікае добры дзед.
— Не знайсці нідзе ім роўных
Робяць з воўны шоўк чароўны.
Падыходзяць паглядзець.
— Экспанат свой гэткі рэдкі
У музей ты здаў бы, дзедка,—
Кінуў жару жартаўнік.
Уздыхнулася бабулі —
Калаўрот яе расчуліў.
А натоўп раптоўна знік.
Толькі жэўжыкі наўкола —
Крутануць ім рупіць кола.
Дзед выкрыквае радзей:
— Не знайсці нідзе ім роўных
Робяць з воўны шоўк чароўны.
Пакупнік ніяк не йдзе...
— Налятайце! Калаўроты!
Налятаць няма ахвоты.
Разыходзіцца базар.
І стаяць, нібы сіроты,
Новенькія калаўроты.
Позна, дзед, прывёз тавар...

РУНЕЦЬ, КРАСАВАЦЬ, НАЛІВАЦЦА 1961

* * *


У верасня — свой, асаблівы, пах:
Курыць сівец—плыве дымок гаркавы.
Зямлёю пахне бульба у капцах,
Антонаўкамі — зоры па начах
І туманы — ляжалаю атавай.
А гарбузы пралежалі бакі
I абвіліся павучынай пражай.
Здавалася,— за хмарай хлапчукі
Разрэзалі гарбуз на два кускі
I ўночы
Млечны Шлях на семкі пражаць.
Радоўку адбываць гатоў заўжды.
Ступаеш золкай, колкаю расою —
Дымяцца ўсцяж зялёныя сляды.
Адбілася цялё ад чарады,
А пыса пахне цёплым сырадоем.
У верасня ёсць самы светлы дзень,
Ён халадком душу маю трывожыць,
Хоць зноў штаны кароткія надзень
I, гледзячы на свой цыбаты цень,
Пусціся басанож у падарожжа,
У край, дзе раніцай салодкі сон,
Дзе ў сумцы агурок, аловак, сцёрка
(А вочы расцвілі, як сіні лён!),
Дзе пяцярнёй махае кожны клён —
Жадае зарабляць адны пяцёркі;
Дзе ў калідоры цяжка сцішыць бег,
Сядзець у класе гэткая нудота.
Ля вокан вераб'і лятуць з-пад стрэх.
І, як у кут паставілі за смех,
Ты дома ўсім паказваеш з ахвотай.
У верасня — свой, асаблівы, пах:
Курыць сівец — плыве дымок гаркавы,
Зямлёю пахне бульба у капцах,
Антонаўкамі — зоры па начах
I туманы — ляжалаю атавай.

ТРЭБА ДОМА БЬІВАЦЬ ЧАСЦЕЙ


Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.
Не забыць, як падвялы аер
На памытай падлозе пахне,
Як у студню цыбаты асвер
Запускае руку да пaxi.
Не забыць сцежкі той, што цябе
На дарогу выводзіла з дому,
Што у хаце там быў рубель
У цане i па курсу старому.
Не забыць, як марозам злым
Клямка пальцы пячэ балюча
I адкуль на стале тваім
Бохан свежага хлеба пахучы.
Помніць свой на іржышчы цень,
Не забыць, як завуць суседа,
Не забыць, як пяе над дзень
За вясёлым сталом бяседа.
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою ты стаў чысцей
I не страціў святое штосьці.

ЖАРОЎНЯ


Палаеш трывожнай зарою
Маленства майго партызанскага,
З пагнутай бляшанкі жароўня —
Намесніца сонца ў замаразкі.
Паддзёўкі падціснуўшы туга
Вяроўкамі — тоўстымі паскамі,
Мы з доўгаю, ў сажань, пугай
Хадзілі ўвесь дзень падпаскамі.
I, пэўна б, разбегся статак,
Саміх яшчэ пасвіць не шкодзіла б,
Ды любы нам быў занятак,
I бык нас палохаў, боўдзіла.
Ад дыму мы плакалі разам
I поўзалі ўсе на карачках,
Пакуль нам язык паказваў
Агонь з вугалька гарачага.
А перад паўдзённай парою,
Як цені ідуць упрысядку,—
Сарочыя гнёзды паролі
Ды яйкі пяклі у прысаку.
З твайго вугалька, жароўня,
Мы ў верасні,
пасталеўшыя,
Дымілі цыгаркай пароўну
З сухога лісця алешыны.
Патроны у жар наклаўшы,
На дроце цябе раскручвалі.
І над галовамі нашымі
Свістала чарга траскучая.
Як зоркі,
любой пагодай
У прысаку год нязгасныя,
Маленства майго паходня,
Твае вугалькі мне ясняцца!..

КАЛЫСКА

Зямля — калыска розуму, але

нельга вечна жыць у калысцы.

К. Э. Цыялкоўскі
Неба сінім навісла полагам.
Шчыры дзякуй табе, калыска!
Не ўзрасціла ты семя кволага,
Не прыземліла мары нізка.
Полаг вышыт шляхамі млечнымі.
Сонца — забаўка ў аблачынках.
Незямныя нам раны залечвала
Ты — Сусвету ўсяго
пясчынка.
Абгароджаная Карпатамі
І спавітая ў Гімалаі,
Як далонь чалавека, шурпатая,
Чалавеку ты ўжо малая.
І калі мы шляхамі арлінымі
Паляцім да планет насцярожаных,—
Ты, прапахлая кменам i глінаю,
Будзеш зоркаю наддарожнаю.
Нават космас сівы перайначым мы.
Толькі сум па Зямлі агорне:
Там жаўрук кроплю сонца гарачую
Аж да восені студзіць у горле.
Крумкачы па-над борам крумкаюць,
На лугах мурава густая,
Жарабя цягне траўку хрумсткую,
I малога ў бакі хістае.
У туманнасцях ускалмачаных,
Дзе касмічныя завірухі,
Нам прыпомняцца рукі матчыны,
Што люлялі калыску, рукі.
Тыя добрыя рукі першыя
Ад зямлі паднялі нас угору:
— Глянь, сыночак, стагі завершаны...
Глянь, плывуць журавы над борам...

ПАЛАТА МІНЁРАЎ


Руку аднагодак працягвае мне,
Пацісну я куксу ў шрамах, бы ў разорах,
І порахам ды марганцоўкай дыхне
З раённай бальніцы
«палата мінёраў».
Далёка на захад адкочваўся гром.
Гулялі ў вайну мы — у нашых i немцаў,
Вайна ж, пазалёгшы за кожным кустом,
Глядзела навокала позіркам немым.
Мы рана сталелі ў зямлянках сырых,
Але забываліся цацкі няскора.
І рваліся «цацкі»...
І ўрач гаварыў:
— Яшчэ папаўненне ў палату мінёраў...
Здавалася,
ў цішы рыпела зямля
На восі,— нібы на пратэзе,— у зморы.
Пасля перавязкі:
(ой, раны смыляць!)
Спявала «Арлёнка» палата мінёраў.
Вятрыска лісты нам на шыбіну клаў,
Рабіны рукамі здаровымі гойдаў.
І доўга не мог нас даклікацца ў клас
Той верасень сорак чацвёртага года...
З пустым рукавом сын вярнуўся дамоў,
А маці, як яблыня, белая з гора...
Хай порахам толькі запахне ізноў,
Вы ўчуеце,
хлопцы з палаты мінёраў.
Ты помніш:
асколак абвугліла кроў,
Ты ведаеш міны здрадлівы нораў...
Белабілетная
ў дваццаць гадоў,—
Ты ў першым запасе,
палата мінёраў!

ТРУБА


Казалі маці галавы не вешаць,—
Суседкі спачувалі як маглі.
Прыкурвалі салдаты з галавешак,
Што сёння ноччу сценамі былі.
Было нязвыклы.м слова «кватаранты»,
Сусед чамусьці стаў «гаспадаром».
Я не стыкаўся ў хаце гэтым ранкам,
Я бегаў з квартай, бразгатаў вядром.
— Расці вялікі!..
— За ваду, брат, дзякуй!..—
Адзін салдат з блакітнымі вачмі,
Нібыта ў таты...
дужа добры дзядзька
Мне працягнуў трубу:
— Сынок, вазьмі!
Ты перамог — трымай, герой, трафеі,
Трубі гучней,
А Гітлеру — труба.
Я ў шчасці бег гародам утравелым,
Ад радасці і сон і сум прапаў.
Павышчарбіў ушчэнт я нож апошні,
Пакуль садраў глюгатага арла...
Я крокам страявым хадзіў па пожні —
На зайздрасць сябрукам труба раўла.
Плылі ў вачах кругі —
стараўся шчыра,
Аж водгулле ішло за паплавы.
І адгукаўся жураўліны вырай,
І на двары суседскім Лыска выў.
Ды неўпрыкмет па вуліцах ушацкіх
Прайшоў мароз —
пакінуў стылы след.
Мне за трубу вялікую вушанку
У сівер злы прапанаваў сусед.
Вайсковая вушанка з футры мяккай...
Здавалася, нагладзь яе рукой —
Яна, як кот, пачне мурчэць і мяўкаць.
Мароз круціў за вушы раніцой.
Сцвярджаў я маці:
— Шапка малавата,
Я прахаджу i ў летняй,
не бяда!
Халодная вушанка, мала ваты...—
Ды ўсё ж трубу
прыйшлося мне аддаць.
Сусед трубою Лыску клікаў потым,
Калі збіраўся паляваць куды.
Трубу зачуўшы,
плакаў доўга ўпотай...
...Даўно знасіў вушанку,
Ды заўжды
Трывогай успаміны сэрца сціснуць,
Калі салдацкі горн раўняе строй.
Трывожны год звінеў
майму дзяцінству
Нямецкаю
трафейнаю
трубой.

СКРЫПАЧЫ


Зноў піла пад пахаю ў чахле,
Бы ў футляры скрыпка.
Пэўна, самі
Не згадаюць, хто ix на сяле
Ахрысціў вясёла скрыпачамі.
Так i засталіся скрыпачы
У вясны ды ў лета прымакамі
I не маюць часу адпачыць:
Ходзяць, граюць вострымі смыкамі.
А смыкі ўвап'юцца ў круглякі —
Ніякой не трэба каніфолі,—
Добра ўсмоляць крохкія сукі,
У сярдзітай елкі іх даволі.
Закурыцца — жах зірнуць ажно —
Белай завірухай пілавінне.
Скрыпачы любое бервяно
Абкантуюць, перапалавіняць.
І шчырэе з рання да цямна
Дружная скрыпачая капэла.
Пахне баравінаю сасна,
П'яная асіна — лісцем прэлым.
Выразай цымбалы з той сасны —
Бор застогне, ледзь кручкамі ўдарыш.
З дуба зробіш кадзі — як званы,
Загудуць паважна на базары.
А з бярозы выгнеш палазы —
Запяюць на стылым снезе сані.
Не дагоняць санак маразы,
Вецер захлынецца i адстане.
Будзе новы дом стаяць вякі
I звінець над зацішшу аселіц
З лёгкае скрыпачае рукі
Пад смыкамі ветру i мяцеліц.

СТЭАРЫНАВАЯ СВЕЧКА


Яна на мне прыйшла не з добрай казкі,
Не з ёлкі у агнях над Новы год,
Гарачыя аладкі з ейнай ласкі
З патэльні я хапаў хутчэй у рот.
Сорак чацвёрты ўспомніцца заўсёды —
На павуцінні жоўклы ліст трымціць.
Заўзята мы лапацім агароды,
Каб леташнюю бульбіну знайсці.
I з гэтай бульбы з дзіўнай назвай «рулі»
Для нас такіх прысмакаў напячэ
Назаўтра клапатлівая матуля,
Ясі — баішся, каб было яшчэ.
Яна ка мне прыйшла не з добрай казкі,
Бо нельга так было — ні даць ні ўзяць —
Без гэтай стэарынавай падмазкі
«Прысмакі» ад патэльні адарваць.
Яе не дакраналіся запалкай
I ад ката хавалі па начах.
Я смак таго трафейнага асмалка
Яшчэ i зараз чую на губах...

ПA ЗЯЛЁНЫЯ ВЕНІКІ

Прыйшоў пятрок — сарваў лісток...

Прыказка
Пакуль вятрок гаямі не прайшоў
I не сарваў лісток з бярозы,
Ідзём у лес ламаць вішшо.
Пад пожняй стракацяць стракозы.
Як парыць!
Конікі пілуюць ціш.
Ступаеш босаю нагою.
Залез на дрэва —
ўніз ляціш,
Бяроза выгнецца дугою.
Куды ні паглядзіш — з усіх бакоў
Ураз цябе ўсяго акрыла
Зялёнай хмарай матылькоў,
Трапёткіх,
клейкіх,
аднакрылых.
Яны дрыжаць i хочуць паляцець
Туды,
дзе гуд стаіць чмяліны
I дзе з мядзведзіцай мядзведзь
Збіраюць дзетухнам маліну,
Дык венікі зялёныя ламай,
Галінку выбірай любую!
Бярозку адпускай —
няхай
К налеццю больш вішша гадуе.
А сонца нізка.
У дарогу час!
Вішша ляжыць у кучы многа.
Як мёд, такі салодкі квас
І луста хлеба аржанога.
Ад злых мурашак ды ад крапівы
Усё смыліць, гарыць без дыму.
Дадому крочыш, ледзь жывы,
З ахапкам лета за плячыма...

СВІНУХА


Гербарыяў ніколі не збіраў.
Да тэрмінаў лацінскіх глуха вуха.
Запомніў добра са шматлікіх траў
Адну, з пацешнай назваю —
свінуха.
У горле перасядзе ветру ком,—
Заперхае уранні восень суха.
Ляжыць узмежак кормным вепруком,
На хібе шчэццю шэжыцца свінуха.
Пакуль мяцеліц белыя вужы
Не папаўзлі па хібе — ў светлы вечар
Скубі густую, пэндзлікі вяжы,
Мачы ў пабелку ды нявесці нечы.
А пастушкі назябнуцца за дзень,
Свінуху паляць, чмыхаюць насамі.
Як старац невідушчы,
дым брыдзе,
За корч спаткнецца, заклубіцца ў яме.
Мароз не браў ляйчыны ў дзве рукі,
Хлеў рохкае паважнасцю свіною,
Ды закурэлі ўзмежкавы бакі,
I смылень пахне першай свежыною.
Дамоў вячэраць прыйдуць пастушкі,
Пакрэплыя далоні бульбай паляць.
Свінухаю не толькі армячкі
Прапахлі — хлеб, i соль,
i стол, i пальцы.
Пакуль з сакоўнай муравой вясна
Прытупае сцяжынай баравою,
Свінуха пазніцелая адна
Праз снег праб'ецца першаю травою.

А БЯСЕДА ЦЯЧЭ...


Ідзі, кумок, касі мяту —
Накрый куме хату.
Ідзі, кумок, касі сена—
Накрый куме сені...
З народнай песні
Бутля з горкім, з мядовым
Угінаць сталяніцы,
А бяседнаму слову
Ручаінаю ліцца.
З поду ўзятаму хлебу
Крута ўсыпацца соллю.
I спазняцца не трэба
На бяседу ніколі.
Позна прыйдзеш — ласкава
Скажуць:
— Хлопец не жвавы,
Каб шырэй ты ступаў,
Дык на чарку б папаў!
Пояць хмельнай сытою,
Кормяць стравай сытою.
Адразаюць акрайчык,
Каб быў сын Мікалайчык.
З імі разам пад дзень
Запяеш ты заўзята,
Як на куміну хату
Дождж ідзе, снег падзе.
Галава забаліць
Ад вясёлага тлуму,
Будзеш разам маліць
З імі добрага кума,
Каб ішоў касіць мяту —
Накрыў куме хату...

* * *


Калі пачнуць ад дахаў цені класціся,
Туляцца па завулках выйдзе змрок,—
Урокі вывучыўшы,
васьмікласніцы
Развучваюць факстрота хітры крок.
Буркоча галубінымі застрэшшамі
Нядзельным адвячоркам цішыня.
Даўно пайшлі на танцы ўсе старэйшыя —
Іх не схацелі да сябе прыняць.
Дрыжаць, як матылькі, на косах банцікі,
I не ступаюць штосьці ногі ў лад.
A аднакласнікі у кепках бацькавых
Звысоку пазіраюць на дзяўчат.
А ў тых стаіцца па губах з прыпухлінкай
Шчаслівая усмешка ў гэту ноч.
Прысняць:
танцуюць на паркеце ў туфельках...
Прысняць:
яны дарослыя даўно...
Героі кніг —
i рыцары й разбойнікі —
На танец запрашаюць
ix адных.
I невідушчым позіркам, спакойныя,
Глядзяць на аднакласнікаў яны...

СНАПАВОЗ


Трасянуў сваім чубам —
даспелым калоссем,
Паднеразаўся вязьмом —
i ў абоз.
Асмужаны, вусам асцістым калоўся
I шлях па іржышчы прамяў
снапавоз.
Засвіргатаў перацёртаю воссю,
Нa ўзмежку ўстрывожыў дакучлівых вос.
Уехаў з налітага лета у восень
Нa поўным разгоне таўстун снапавоз.
Працуе —
і ўсё ў яго спорыцца, клеіцца.
Вачэй не зажмурыць ад рос i да рос.
I круціць баранку,
натужвае лейцы,
Пыліць на усіх бальшаках
снапавоз.
Ад тупату, грукату, гоману —
тлумна.
І жытам прапахлі утулкі калёс.
Пустыя такі, падхартаныя гумны,
Прымайце,—
вязе ураджай
снапавоз.
Зярнятамі зор Млечны Шлях зацярушан
І там снапавоз у дарожаньку рушыў.
Шчаслівай дарогі табе,
снапавоз!

СТАЛАСЦІ ПАРА


Касяк гусей над борам парадзеў.
Сумуе бор над крак сыты качыны.
У вырай верасовай барадзе
Прабілася сівінка павуціны.
Уранні сонца выліла агонь
На хіб шчаціны хісткага аеру.
Схавалі хвалі хліпкія яго —
Ён іклы зноў зялёныя ашчэрыў.
Раве сярдзіты вецер, як бугай.
Дзень добры, восень шчодрая, пазнáя,
Калі здалёк
i лес,
i бор,
i гай,
І быльняжынку кожную пазнаеш.
З сабою чарнавокую бяры
I можаш смела з ёй у восень крочыць.
Табе асветляць шлях праз гушчары
Калёны клён
I ясень ясны ўночы.
Зірні ў надлужжа — у вачах ураз
Забарабаніць ад рабой рабіны.
Нагні — цягуча гнецца вязкі вяз
I крышыцца крушаная крушына.
Ды рантам сакавіта храпне граб —
Успыхнуць росаў зыркія вясёлкі.
Дрыжыць чарот — на досвітку празяб.
А на губах гарчыць ад ёлкай ёлкі.
Ты вызначаеш намаладзі лёс,
Пазнáя восень —
Наталенне смагі.
Кіруеш умалоту хмарны воз,
Пара спакойнай сталасці й развагі.

СТАНЦЫЯ ГРАМЫ


Паравоз caпe i цяжка дыхае
На завейнай станцыі Грамы.
Ходзяць маразы хадою ціхаю
Белымі пуцейцамі зімы.
Кажухі пуцейцам лінзай сонечнай
Сакавік у поўдзень прапячэ,—
Па тугіх, настылых рэйках звонячы,
Паімчацца цягнікі шпарчэй.
Цягнікам махае дуб над кручаю,
Семафор міргае — шлях прамы,
Бо самой вясною ім даручана
Развазіць па ўсёй зямлі грамы.
Весні,
будзе ён — хлапчына ў майцы —
Самазвал з каменнем разгружаць.
З лоз пасля яго свісткі здымаюцца,
Цягнецца травіца з-пад лаўжа.
Летпі
Загрыміць пустымі жорнамі —
Вымалаўся леташні ўраджай,
І па-над сузор'ямі азёрнымі
Выгнуцца вясёлкі з краю ў край.
Восеньскі,
З начамі вераб'інымі,
Забурчыць сярдзіта хрыплы гром:
Хоча затушыць пажар рабінавы,
Закружыцца у віры вугром.
Тут усе работай забяспечаны —
Будзе нават стаўкі паўтары.
Тут пасаду грознага дыспетчара
Перуну далі:
— Глядзі, стары.
Каб падчас не затрымалі залежы,
Каб паводцы графік не размыць,
Каб своечасова адгружаліся
Мірныя,
вясновыя грамы.
Тут у ноч чаромхавую, белую
Ходзіць май сп'янелы, сам не свой,
І, ад салаўёў асалавелая,
Поўня круціць круглай галавой.
Тут бярозы каркаюць i крахкаюць,
Глухнуць ад птушынае гурмы.
Кожны гром —
З полацкае станцыі
лагоднейшы характарам
Грамы!

ПЕРШЫ НАВАСЁЛ


Дзверы для навасёлаў расчынены.
Хоць бы высахла фарба хутчэй,
Каб на кухні запахла рашчынаю,
Вокны глянулі ў сотні вачэй.
Ходзіць кот сцежкай снежнаю, мяккаю.
Чорны кот...
Вось такія заўжды
Прабягуць праз дарогу, замяўкаюць —
I тады не абрацца бяды!
Загусцелі вясновыя прыцемкі,
Пасвяжэла — шашэрыцца кот:
Гаспадыня, канечне, пакрыўдзіла.
Збег у прочкі.
Падцяла жывот.
Тут не льюць сырадою у сподачак,
Навасёлаў пакуль не чутно!
I мышэй ані слыху, ні подыху,
Печка цёплая сніцца ўсю ноч.
Сырадой i чарэнь у Ахотніцы [1]
Лёд на рэчцы: вада — не бяда,
Ды вяртацца дахаты
не хочацца,
Хоць да вёскі — як лапай падаць.

ПАДСОБНІКІ ВЯСНЫ


На ўскрайку маладога сасняка
Сярод дамоў стаіць, як падуростак,
Дашчанік.
Да апошняга сука
Прапах ён лакам, крэйдаю, пакостам.
Варожаць над вядзерцам маляры,
I пэндзлем на сцяне праверыць трэба,
Чаго дадаць у фарбу — ці зары,
Ці інею, ці веснавога неба?
Штодзень хапае спраў у маляра,
I пэндзаль у турботах розных тоне:
Для ясляў фарбаў светлых падабраць,
Для кабінета — ў вытрыманым тоне.
Падкруціць вус мастак:
— Не смейся, брат,
Маляр-махляр — работу дай любую.
Няхай прараб падпіша мне нарад,—
I восень у вясну перафарбую.
Такое адпалю, што будзь здароў —
Зраблю ярчэйшай майскую вясёлку!
Устане, возьме цяжкае вядро
I размахнецца пэндзлем па аполку.
Дашчаніку стаяць сярод муроў,—
Хай будаўніцтва летапісам будзе
З аўтографамі рупных маляроў,
Падсобнікаў вясны на Нафтабудзе.

ІНТЭГРАЛЫ НА ЦЭГЛЕ


Мулярам Нафтабуда — студэнтам
вячэрняга нафтавага тэхнікума
Пяць хвілін перапынку яшчэ —
І працуе брыгада алоўкамі.
На цаглінах шурпатых ушчэнт
Тут зразаюцца грыфелі ломкія.
Матылёк мітуслівы прысеў,
На касынцы ў дзяўчыны трапечацца.
Бы ў арнаменце сцены ўсе —
У трохкутніках, у трапецыях.
Пашыраецца гарызонт.
Можа тут i ўзровень выверыць.
Пахне вапнаю камбінезон,
Веснавымі аблокамі, сіверам.
Пэўна, змену закончыць пара б,
А далёка над дзвінскаю кручаю
Гром басіць, як сярдзіты прараб,
I рулетку маланкі раскручвае...
Прыгадаюцца веснія сны
Там,
на самай вяршыні дома, ім,
Як унізе рашалі яны
Ураўненне з двума невядомымі.

СОЙКА


Унізе —
сарочы дакучлівы сокат,
Ігрушына з ціхім дуплом.
У неба ўзвілася трывожная сойка,
Вясёлкавым ззяе крылом.
Хай холадам хмара калмата акрые,
Палі на імгненне замгліць,
Дзе ёй захацелі трапёткія крылы
Навечна прыкуць да зямлі.
Хоць стомна, балюча, калюча сціскае
Здранцвелую лапку пятля,
Хоць змора ў раскрыллі
ўпілася цвікамі —
Вышэй!
Адпачынак — пасля.
Унізе ў злінялай кашулі наросхліст
Лугамі ідзе сенакос,—
Аглух ад мянташак,
плячысты i рослы.
Б'е, потнага, вецер наўскос.
З-пад ног узлятае жаўрук — i высока,
Шчаслівы, звініць над сялом.
За хмарай знікае
трывожная сойка
З парваным сілом...

ЦЯЛУШКА


I
З відна
відна палазня,
як шляк,
НIa пухкай хусціне снежнай роўнядзі.
Рассыпаным просам
Млечны Шлях.
Пільнуйся слядоў капытоў i ў роў не йдзі.
...Жанчына брыдзе,
цялушку вядзе.
Рагуля свеціць белай залысінкай.
Дзе
пысу цялушцы змачыць у вадзе?
А да наступнага хутара — не блізенька.
Ідзе сорак пяты...
Мароз пячэ.
Адзамеці цемна —
ступае вобмацкам.
Жанчына цялушку
Купіла ў яшчэ
Некалектывізаванай вобласці.
Прыйшлося машыну прадаць.
Да вайны ж
Была жанчына
краўчыхай Яніхай.
Муж мёртвы.
Сын хворы.
Kaго вініць?
Будзе лыжка смятаны
свая няхай!..

II
Мама!
Я помню —
у хату ты
Прынесла мароз і усмешку цёплую.
А потым намёрзлыя капыты
Па слізкаму ганку спалохана топалі.
У сенцах стаяла цялушка.
Сцяна
Нас раздзяляла з рахманай Лысоняю.
Мы чулі,
як дыхала цёпла яна,
Як жваку жвала,
ціхая, сонная.
Рагамі пагруквала ў сценку:
Час
Свайго абеду дакладна ведала.
Калі хто, бывала, заходзіў да нас —
Яна галавою махала ветліва.
Сябе дазваляла часаць між рог.
Глядзела разумна вачыма сумнымі.
І я ля вазоў сабіраў мурог —
І частаваў яе гэтым ласункам.
Ніяк я не мог малака дачакаць...
Праз год —
нарэшце! —
з залысінкай белаю
Каля шчаслівай Лысоні
Дачка
Нa хісткіх ножках,
нязграбная,
бегала.
У холад Лысоню ўкрывалі
Рудой
Пасцілкай,
дачушку — аўчынкай мяккаю.
...Я помню,
як мама на першы надой
Ксцілася,
плакала,
богу дзякавала.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
У сенцах зацішна.
Лысоні няма.
Не кліча сумна дачушку мілую.
А мне сырадоем
пахне зіма
І снег рыпіць
капытамі настылымі...

* * *


Заспаная раніца мжыстая,
На фарбы i гукі скупая.
Нібыта сцяжынаю мшыстаю,
Прыціхлай зямлёю ступаеш.
I вёдры прыглушана бразгаюць
Каля адсырэлае студні,
Лісцёваю дыхае брагаю,
Пакутуе восень застудай.
Цыбатай нагой жураўлінаю
Імшарамі верасень крочыць.
Ад кіслых прысмак журавінавых
Заплюшчыла сонца вочы.
Цвітуць успаміны верасам.
Няяснае мроіцца-сніцца.
I моцна жадаецца-верыцца,
Што ўсё да паўдня праясніцца.

НАГБОМ 1963

* * *


Здароў,
круты, надзённы прыпар!
Тугую напінаю Прыняць —
Страляю променем зары
На досвітку
па Мазыры.
Зноў
даўні мой сусед Браслаў,
Як колісь, да мяне прыслаў
Сваіх ганцоў чорнагаловых
За дапамогай крыгалому.
А смуглатвары Кішынёў
З сваіх зялёных кішанёў
Насыпаў каштаноў калючых,
Пячэ, як сонца, яры люцік...
Я знаю радасці цану,
Вучуся шчодрасці у неба.
Ледзь возьмецца па дзень — цягну
Са свежым словам цяжкі невад.

* * *


Слаўлю чысты абрус,
толькі што пакачаны качалкай,
каляны,
калі яго маці ў нядзелю раніцай
засцілае на стол шырокі.
Нетаропка рагі распраўляе —
на парадку усе чатыры,
потым махры разблытвае,
i яны, ільняныя, мяккія,
чапляюцца за шурпатыя пальцы.
Нарэшце пачэснае месца
зямным i надзённым богам
займае жытнёвы бохай.
I абрус, як кляновы ліст
з пражылкамі складак,
бо качаўся ў чатыры столкі,
настольнікам робіцца...

НАГБОМ


Падталі памалу глыжы,
сонца пагляд
у яры скіраван.
Ралля ляжыць
нядоенай каровай.
Песня жаўранка,
як пароль
трэцяй партызанскай вясны.
Дзень малады
пераступіў нарог...
Малады сувязны
цягне са студні вядро,
ваду спакойную
ставіць па зруб
(лясны раён —
зацішна ад вятроў),
вядро рыбінай цяжкай
вырываецца з рук.
Рыпіць перасохлы вочап.
Сувязны лакцём
засланяе вочы:
у поўным вядры
ільдзінкі i сонца.
Цішыня за ўсім
насцярожана сочыць.
Паветра ўдыхнуўшы,
хлопец дзьме
на ільдзінкі —
б'юцца ў клёпкі са звонам,
яшчэ адзін уздых ягоны —
сонца, як перагрэтая медзь,
у сценку драўляную стукае мякка.
Нагбом
з поўнага
п'е партызан са смакам —
толькі ходзіць кадык.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Тады
хлопцу ўшацкаму столькі год
было,
колькі сёння мне.
Па вясне,
калі адгрыміць крыгаход,
аб наступленні цяпла
папярэдзіць гром
і сонца смех,
і аблачынак апошні снег
п'ю з неба,
як з поўнага кубка,
нагбом,
бо сувязны не дапіў...

* * *


Успаміны —
неўзарваныя міны —
гулам матора
ўзарваў самалёт.
Я лячу ў сорак першы год.
Курс на зніжэнне бяром.
Зарослы травою мірнай
аэрадром.
Як недаспелы агрэст
на зубах,
да аскоміны
Брэст
мне вайною запах...
Дзюбку цягне з гнязда птушаня,
просіць есці.
Прыкідваецца цішыня!
Я сплю.
Мне прачнуцца трэба:
убачу наўсцяж не бухматыя дрэвы —
выбухаў цяжкіх слупы
i неба позірк, ад жаху сляпы...
Зямля не ад сонца парэпалася...
Аперазалася
крэпасць
патранташам тугім Мухаўца —
хопіць патронаў
выстаяць да канца!..
He!
Я не сплю —
гэта ўспамінаў
узарваныя міны...
Можна спакойна брысці па Брэсце,
сёння ён у турысцкім зялёным берэце
каштаноў i кляноў бухматых...
Ідуць маладыя салдаты,
Яны —
аднагодкі вайны...
Халадком патыхае вячэрнім...
Сонна ціўкае шчачаня...
Брэст 22 чэрвеня.
Цішыня...

* * *


Гналі роднай зямлёй палонных.
Смерць,
як лехі,
калоны палола.
Ля знаёмага шчырага бору,
Дзе ігліца падсохла,
як порах,
Дзе карэннем спавіты сцежкі,
Крок
салдат сінявокі прыспешыў.
I, сабраўшы апошнія сілы,
Ірвануўся
у верас сіні.
Верас сіні
паплыў кругамі...
Дзе сасонка на горку кульгае,
Птушкі
цёплае лета хвалілі,
Злыя кулі
лічылі хваіны...
За прыгоркам бацькоўская хата.
Абкульгала сасонка салдата...
Пад рукой крывянеюць суніцы.
Гэта мроіцца
альбо сніцца?..
За балотам
вёска на выспе.
Жыта шнур каля хаты выспеў.
Набіваецца ў вушы шоргат..
Маці круціць
цяжкія жорны...
Толькі шоргат
цішэе,
цішэе,
Растае ў разнабоі птушыным...
Распрастаўшыся,
лезуць з кішэні
Каласкі недаспелага жыта.

РАДЗІМЕ


Не, ты не толькі ў арнаменце тым,
Што на салодкай цукерцы.
Матчынай мовы
словам святым
Жывеш ты ў сыноўнім сэрцы.
Вецер твой хмеліць мне галаву,
Ён пахне аерам, кронам.
Дазволь падзяліць мне, пакуль жыву,
Турботаў тваіх хоць кроплю.
Братоў i сясцёр не кідала ў бядзе,
Грозная ў бітве i ў працы.
Маці,
не сорамна анідзе
Сынам тваім называцца.
Сляпы да цябе дапаўзу да дня,
Намацаю сцежку рукамі.
Сосны спрадвечныя мне зазвіняць
Купалаўскімі радкамі...

ДЗВЕРЫ


Ёсць дзверы
для важнасці большай —
падвойныя
У калідоры —
яшчэ калідор.
Панура прапусцяць цябе,
як канвойныя,
У кабінет,
дзе для рэха прастор.
Аглухлі,
стаяць непадступнымі дотамі,
Hi слёзы,
ні смех
не прапусцяць яны...
Я ж дзверы люблю,
што ад слабага дотыку
Гудуць, як мембраны з трывожнай сасны.
Неаблямцаваныя,
Недубовыя,
Спакою не ведаюць i па начах,
Дзверы звычайиыя,
філянковыя,
Як ва Ўладзіміра Ільіча.

* * *


Праезд на цэнтральнай вуліцы
Грузавікам забаронены...
То промнем ляціць, то крывуліцца,
Цямнее крылом вароненым.
Па ёй легкавушкі пабліскваюць,
Нібыта багоўкі пярэстыя.
Аб'езды шукаюць блізкія
Грузавікі- пярэстары.
Хіба ў ix турбот паменела?
Глядзелі ж на ix з пашанаю,
Калі да цэнтральнай з каменнямі,
З гарачым асфальтам спяшаліся.
Будзілі руіны сонныя,
Гулі працавітым вуллем.
Тады па цэнтральнай сённяшняй
Была ім зялёная вуліца.
З асфальтам імчацца ізноў яны
Завулкам з ліповымі скронямі.
Закончаць, вуліцу новую —
I там ім —
праезд забаронены.

ПРА БАРОДЫ I MAЮ РАДАСЛОЎНУЮ

Івану Бурсаву

Задоўга да Кубінскай рэвалюцыі
Хадзілі дзед i прадзед барадатымі,
За бараду даўгую ды калючую
Сабе такое прозвішча сасваталі.
Калолі неба шапкі вастраверхія,
Былі ў царквы i ўлад як злыя пасынкі —
Дзяды дзядоў хадзілі стараверамі,
Бароды гладзілі чарней ад засланкі.
Дзяды лязо сякеры пальцам краталі —
Аж рэха пушчамі ляцела з ёкатам,
Хадзілі гайдукамі барадатымі,
Аблокі грэлі панскімі маёнткамі.
Бароды моклі i ў карцах i ў конаўках,
Іскрынка імі ад вятроў затулена.
З традыцыяй бунтарская, неспакойнаю
Усе бароды
з роду Барадулінаў.
На чацвярэньках поўзаў на парозе йшчэ,
А ўжо насіў я з барадою прозвішча...
Стагоддзі — старадрэвіны рыпучыя...
Я помню бацьку у часіны грозныя:
Цямнее барада суровая пушчаю,
А зубы там, бы ў ельніку бярозы.
Вы барадатага мяне не бачылі?
Дыміць тытунь у піпцы прэлай купаю.
I бараду, што атрымаў у спадчыну,
Я сёння гладжу, горды,
разам з Кубаю...

Я — СЫН ЗЯМЛІ


Я — сын зямлі,
нашчадак хлебаробаў.
Услед за сонцам
доўга мне брысці.
Быў надта б рад,
каб хоць зярняткам дробным
змог на зямлі бацькоўскай
прарасці.
Яе вачмі
гляджу на свет сягоння:
слупы гудуць мне
соснамі ў бары.
Не касманаўта бачу ў шлемафоне —
суседа
у пчалярскім каптуры.
Да зорак позіркі i тэлескопы
з сівых вякоў цярэбяць горды шлях.
Ды толькі па зямлі
спрадвечны клопат,
як сэрца.
б'ецца ў кожнага ў грудзях.
He спіць зямля —
у ёй вулканы дрэмлюць,
планеты-сёстры
пазыўныя шлюць.
Чым цягнецца вышэй
у неба дрэва —
глыбей
ідуць карэнні у зямлю.

БОТЫ

Сымону Блатуну

Я слаўлю кірзавыя боты
Сорак апошняга памеру.
Абуеш ix — i смела боўтай
На гразкай грэблі чапляй шэрай.
То мераць кіламетры пешшу,
То стоячы імчаць на МАЗах.
Зімой перад гарачай печчу
Ix тлустым дзёгцем густа мажуць.
Заплеччу едуць, як двайняты,
На перавясле моцнай дзягі.
Ў прыпар на цаліне узнятай
Бурэюць боты медзвядзямі.
Давайце цяжкую работу,
Давайце кірзавыя боты.
Сорак апошняму памеру,
Як сябру вернаму,
паверу!

ПРАВІНЦЫЯ


Махае іншы:
— Ат, правінцыя,
Ёй, як да Марса, да прагрэсу...
А чым магла так правініцца,
Што месц цяплейшых,
каб прыгрэцца,
Шукаць не стала ў часы цяжкія?
З ванны прыйшоўшы,
інваліды
Дзяліліся адной зацяжкаю,
Для ўдоўіх хат бары валілі.
За свет ішлі...
З салёнай прымаўкай
Гектары першай,
мірнай руні
Удовы неслі ў злыя прымаразкі.
Ля спін спацелых грэлі рукі.
Была,
пакуль мы ўсталі,
падчаркай.
Правінцыя
не наракала,—
Хлеб росцячы, яго не бачыла,
Калоссе гладзіла рукамі.
Сталь плавіла,
грымела пільнямі,
Кідала рэкі па плаціны.
Ішла,
дзе трэба помач пільная,
А не туды,
дзе больш плацілі...
На месцы тых,
што колісь высекла,
Садоў ты новых насадзіла.
Твой сын Гагарын
гэтак высака
Падняўся сёння ўсім надзіва.
Я рады,
што я твой,
правінцыя.
I еду не як той чыноўнік,
Я да цябе не па правізію —
Прызнацца
ў вернасці сыноўняй!

ПРАДЧУВАННЕ


Прадчуванне вясны.
Калі пачалося яно?
Калі сіверам пахлі
твае гарачыя вусны
i прыцемак плыў
над лясной стараной.
Ці тады, калі ты
сакавіцкай азяблай галінкай
па руцэ маёй задрамала.
На кволай лапцы ялінка
кузлачок апошняга снегу,
як гняздзечка пухнатае,
калыхала.
Прадчуванне вясны...
Ці тады яно пачалося,
калі ты мяне хваляй пяшчотнай
нясла ў акіян забыцця.
З рэактыўнай палоскай белай
блакіт імчаўся
машынай паштовай.
Яшчэ не чакаў на буслянцы
сяброўку сваю бацян.

ЯНКУ КУПАЛУ


Мелодыя гэтых слоў
З маленства ў душу запала.
У галавах маіх светлых сноў
Стаялі
Купалле,
Купалка,
Купала.
Маці мяне купала,
Спявала пра ноч на Івана Купалу:
— Ішла Купалка нявесела,
Краскамі вочкі завесіла.
Стала Купалка бедаваць,
А дзе ж мне ночку начаваць...
Ноч па зямлі ступала,
Купалкі збірала.
Рэха не спала:
— А сягоння ж Купала,
Што ні зробіш —
прапала:
Хочаш —
дзверы ў суседа здымай,
Плот вынось на дарогу.
Мала сілы — дарма!
Кліч каго на падмогу.
Заўтра не гавары...
Ноч паліла кастры,
Іскра ў душу мне запала
Купала...

ВЯСНОВАЯ ЗАМАЛЁЎКА НА БЕРАЗЕ ВАЎЧЭНСКАГА ВОЗЕРА


Возера стаіць, не зварухнецца,
Бо агеньчыкам надкручнай хаты
Аж да дна, нібы цвіком, прыбіта —
Каб не ссунулася анікуды.
Быццам купінка з сухой ігліцы,
Недаверлівы спяшае вожык,
Чмыхае лычком сваім кірпатым,
Нюхае — ці не прайшла палёўка?..
Драч на непадмазаных калёсах
Туманы сушыць вязе на тоні.
Кнігаўка (за дзень не дакрычала!),
Як з хвастом ушчэмленым, галосіць.
Пахнуць туманы аернай рыбай.
Точыцца з зямлі адталай мята...
От i ты зайшоўся ў шчырым спеве.
Добры вечар, салавей знаёмы!
Ты ці помніш пра старога Іцку?
Ён жа ў вёску вёз у бочцы дзёгаць,
Чорт падскочыў, з бочкі шпунт адторкнуў
I закапаў на дарогу дзёгаць.
Гэта ж ты яму крычаў з бярозы,
Папярэджваў дзегцяра старога:
— Іцак, Іцак!
Дзёгаць выцек —
Кап, кап, цюрр—руру!..
Выбеглі ў сяле суседзі нашы
З вёдрамі — Максіміха, Казліха,
Ну a ў Іцкі — ані кроплі дзёгцю.
Як жа мне шкада было старога.
Дзякуй за ўспамін табе, залётны.

* * *


Сузор'і віснуць выспелай рабінай:
Як крохне грона ўніз — чакаеш нават.
З адчаем хваля б'ецца ў бераг рыбінай,
Што ненарокам трапіла у невад.
Акрыла плечы туманом, як хусткаю,
Заснула азярына...
Пахнуць ліпы...
Пайшоў бы ў неба срэбнай сцежкай хісткаю
Ды ўсім Мядзведзіцам паціснуў лапы.
Як не было —
сустрэч,
далёкіх вёрстаў.
Твае сляды шчадзіць зялёны востраў.
...— А дзе была учора ты?
— А я хадзіла ў чараты...
І ростань доўгая
здаецца хвіляю.
Каму сказаць мне слова,
што табе бярог?
У сэрца б'юцца успаміны хваляю —
Ды не ўзбегчы ёй на стромы бераг...

БУСЕЛ

Васілю Быкаву

Непаседа,
даўгацыбы бусел —
Даўняе вясны
забыты сон.
...Я злавіць яго
за хвост цягнуся,
Дражніцца
i уцякае ён.
От, здаецца,
ушчамлю пад паху
(Лугавінаю
бягу
наўпрост).
Нада мною—
крылы белым дахам,
А перад мною—
чорны хвост...
Змораны,
я доўга плачу потым.
Суцяшаць
стараюцца усе:
— Бусел ходзіць
у чырвоных ботах
I табе
такія ж
прынясе...
Горбіць плечы гора,
горбіць праца.
Усяго спаўна
мне лёс паслаў...
Вось ужо i скроні серабрацца.
Ды яшчэ й цяпер
лаўлю бусла.
Ну, па гэты раз
вярнуся з птахам —
Я ж за ім прайшоў
багата вёрст!
Нада мною —
крылы белым дахам.
Паспрабуй
злаві
бусла за хвост...

* * *


Дарога такая,
што мала веры,
Гарантыі болей —
трымацца аберуч.
Якая дарога,
такі i аўтобус,
Ды лепш дрэнна ехаць,
чым добра топаць.
Заняты
кожны сваім
пасажыры:
Хто дэтэктывам,
хто — булкай з сырам.
Ды ўперадзе —
раптам! —
на ўсю дарогу
Месяц заняўся
вялізным стогам.
Стог загарэўся,
палае па ўзгорку.
Вунь
пакацілася
іскрай зорка.
Змоўклі кпіны,
змоўклі жарты.
Вачэй не зводзіць
ніхто з пажару...
Шпіён не злоўлены,
сыр не з'едзены —
Глядзяць на поўню,
як на агледзінах
На маладую
радня жаніхова.
I больш пі гуку,
i больш пі слова...
Мяняюцца
самыя хмурыя
месцамі —
Хочацца ўсім
быць бліжэй да Месяца.

ВАРШАВА


Панна Варшава не раз вырашала,
якія туфелькі ёй даспадобы,
якой дарогай ісці да свабоды.
Плыла між чаротамі
льдзінкай падталай,
Зачароўвала
Напалеона таліяй.
Як Елена з Парысам,
панна Варшава
какетавала з Парыжам.
Падымала кілішак
на ножцы гранёнай,
Цягнік варожы перакуліўшы,
гладзіла ствол варанёны...
Вайна адгрымела —
пані Варшава
Стаяла каля варштата.
Меней у супе стала мяса,
Затое з-пад броў насупленых
зноў усміхалася Старэ Място...
Лютуе Шапэн у Лазеньках пад хмарай павіслай.
Травою трывога пазарасла.
І хоць сірэны сышлі з арэны —
Ca шчытом i мечам выйшла
на бераг Віслы
русалка вайсковапавінная —
Сірэнка.
У паненкі выстрачана
дзявочая сукня
радком міцкевічаўскім вершаваным.
У тужурцы
будзіла планету сумную
дачка яснавокая —
«Варшавянка».
Мне плыць бы па Вісле ўспамінаў чоўнам!
Як Верш нарачоны,
шапчу ёй: «Сава...»
Hex мі даруе
панна Варшава.

САФІЙКА


Не скажуць у Полацку:
— Сафійскі сабор.
Тут яго называюць ласкава:
— Сафійка...
Так партызаны
сваіх сувязных называлі.
Так гукаў я калісьці
дачку суседскую.
Храм святое Сафіі —
Сафійка...
цягне ў неба рукі,
як дзве тапалінкі сухія,
просіць, каб не ўдарыў пярун
па заготзярноўскіх засеках.
Хлеб надзённы — ячмень i жыта
яна засланяе ад лютых ліўняў.
На абкутых дзвярах
вуха прабою адцягвае
замок пудоваю завушніцай.
Васпаватая ад асколкаў i куль,
на свет Сафійка глядзіць
вачыма цнатлівымі.
Здалёку,
з адзінаццатага стагоддзя,
вечарам
сон да яе прыходзіць
І аж да раніцы сніцца.
Пахам нязвыклым
вецер дыхне з Нафтаграда —
прачнецца Сафійка:
стаіць незнаёмец,
ад нафты бліскучы,
як грак на праталінцы.
Дзе яна,
доўга Сафійка не разумее,
здалёку ў раніцу гэту вяртаецца.
I толькі такі ж ружаваты,
як дзевяць стагоддзяў назад,
туман над Дзвіной разамлелай...

* * *


Касцёр,
што грэе азяблы вечар,—
Нібы касцёл
сярэднявечча,
Які
шпіляў чырвоныя языкі
Узносіць у вышыню.
Яліны
хіляць галіны —
Моляцца богу агню.

* * *


Смуткам
i радасцю чалавечаю
возера Вечалле
поўніцца.
Помніцца
шмат чаго.
Шэпча трывожна чарот,
ветрам раскалашмачаны:
Заплываюць смалою ствалы
сосен,
асколкамі панявечаных.
Вечалле!
Карміла ў голад, было
i фронтам
i тылам
яно.
Лашчыўся ў партызан каля ног
агонь кудлаты.
З Вялікай зямлі
пасланцам крылатым
абрус бялюткі
Вечалле рассцілала.
Для хваінак-малютак,
у якіх пакрэплі
маладыя пальчыкі,
калыханку спявала.
У памяці ўсплываюць
стагоддзі
дубамі набраклымі.
Сядзяць уначы
Пугачы спакойныя, як аракулы...
Во!
Недзе качка закракала.
Птушцы пара ў гняздо,
а мне — дадому.
Аўтобус «Полацк — Міпск»
прыйдзе раніцай
а 9-й гадзіне.
Вечалле,
да сустрэчы!

ЦЫМБАЛЫ


Матылёк на калені прысеў,
раскрыліў крылы:
два заспаных лугі ў расе,
дзве аблачынкі-крыгі;
дзве
паляны заснежаных,
дзе,
як бежанцы,
як пагарэльцы,
асіны,
ад холаду сінія,
не могуць пагрэцца,
дзе старонкі разгорнутай кнігі
стагоддзяў,
сівых, як туманы,
над якой лямантуюць кнігаўкі,
яе маланкі пішуць,
чытаюць яе
перуны.
Па звонкіх промнях,
па ліўнях тугіх
ударыў кручок —
i ўмомант,
як рэчка на досвітку ў берагі,
у сэрца грукнула
песня знаёмая...
Вятры!
Я вас заклінаю,
прашу, як братоў,
слухайце ўсе,
слухайце ўсе!
Не асыпце расу лугоў,
якую песня
да сонца нясе...

ЗАБЭЙДА-СУМІЦКІ


Успаміны вяртаюцца з выраю
на паляну роднага краю,
дзе зноўку зацвіў забыты сунічнік.
Усіх, хто радзімы выракся,
карае Забэйда-Суміцкі.
За-бэй-й-д а-Сумі-і-цкі I
Гэй-й,— да-лёкае рэха коціцца.
Песня матчына
лашчыцца
лапкай вярбовага коціка.
Калыханкай
Забэйда-Суміцкі калыша
смутак свой i ўсіхні.
I зноўку пагодзіцца колішні
веснавы, без ніводнай хмурынкі,
блакіт летуценняў сінютка-сіні.
Самотная песня Забэйды-Суміцкага
сумуе па Беларусі,—
яна ж не беларучка.
Яна ж прывыкла араць
i сеяць
у кожным сэрцы зярняты надзеі.
Спявае Забэйда-Суміцкі.
Раніца.
Сумненне з сумленнем раяцца.
А смешны на лузе сумнік
лічыць сумна
свае дукаты.
Зямны паклон Вам, Забэйда-Суміцкі.
Вярнулася песня дахаты...

КУПАЛЯНЯТЫ

Ядзвізе i Янку Раманоўскім

Бацькоўскае зямлі
скупыя ляды,
Вясновы парастак
для вас — нялішні.
Тапалянятамі
купаляняты
Каля таполі гордай
узняліся.
Іх песня дзядзькі Янкі
калыхала.
Яны да нас данеслі
шум зялёны,
Дрымотныя віры
вачэй Купалы,
Ілба
немаладую задумённасць...
Ідуць здалёку
чыстыя крыніцы.
Над імі
векавая заціш дрэмле.
Няхай галініцца
i караніцца
Пявучае
купалаўскае дрэва!

* * *


Гэта расказ пра коніка
пра зялёненькага
i тоненькага,
Братоў яго ў лузе спаткаеш
са звонкімі капыткамі.
Расказваў мой сябар
з флоту гандлёвага.
...Чырвонае мора карабель выгаблёўваў.
Ад спёкі нават чайкі каналі.
Ноч на борт узялі мы
ў Суэцкім канале.
У труме млосна, бы ў пашчы кратэра,
выходзім на палубу — зоры кратаем.
Месяц — ілюмінатар надраены.
Неба — трум велізарны,
лямпачкі — зоры.
Настрой так сабе.
Курс правільны.
Плывём па воднай прасторы.
Канал прысмірэў, лёг зялёнай тоўшчаю.
На Месяц глядзяць
арабы-швартоўшчыкі,
не зводзяць воч
з карабля,
з нас,
маракоў савецкіх;
спачатку мы ix узялі,
потым ноч
у канале Суэцкім.
Пахне пагрэтая фарба,
жалеза.
Ды голас танклявы цішу прарэзаў,
бестурботна вясёлы,
прарэзаў далі,—
здалося, што нам,
сасмяглым, падалі
з халоднай
крынічнай вадою конаўку.
Ну як не пазнаць
спевака нястомнага
коніка?
Прыехаў, напэўна, ў араба па робе,
яўна арабскае вымаўленне.
На палубе недзе зашыўся, маленькі,
ды што ён з намі ўсімі робіць!
Нясуць яму бульбу,
капусны ліст.
«Есці бульбы не будзе — сырая»,—
нехта пярэчыць,
a журналіст,
што з намі едзе,
на ўсіх пазірае
ды нешта ў блакнот занатоўвае.
Мы слухаем коніка,
згрудзіўшыся натоўпам..
Мне ён, вядома,
напомніў Ушаччыну:
...змрок па іржышчы ідзе
з асцярогай кашачаю
Як певень на курасаднік,
сонца за лесам села
пахне падвялае сена,
пырскаюць,
скачуць конікі,
як са скакалкамі школьнікі.
Іржышча злое.
Покуль зялёнага зловіш —
калені i рукі
зялёнымі стануць.
Ляжаш спаць,
а ў запеччыку несціхана
недалёкая конікава радня
цягне песню сваю да дня...
Конік змоўк.
Нават мора расчулена ціхае.
Толькі гадзіннікі ў цішы цікаюць,—
здаецца —
траскочуць конікі...
Паслухайце —
Тоненька—тоненька...

ПАРОМ


Пагоднай сенакоснаю парой,
Нагружаны бухматымі вазамі,
Зялёнай хмарай сунецца паром.
Каб не адбеглі берагі ў бакі —
Канатам мокрым моцна ix звязалі.
I злосна ўсталі стромы па дыбкі.
Але прымаюць берагі паром —
У берагоў з паромам свой пароль.
Сам Чэрвень за паромшчыка стаіць.
Плывуць вазы — няма затрымкі руху,—
Здаецца, ўброд з лугоў пайшлі стагі.
Спацеў паромшчык, замарыўся ўшчэнт.
Балюча шыю рэжа пацяруха,
Ды над'язджае воз,
яшчэ,
яшчэ...
Як спёка,
дыхае ля вуха конь.
Ад мурагу пазелянелі цуглі.
Гарыць агнём у Чэрвеня далонь —
Канат сціскае сёння ад відна.
Ды воз за возам валакуцца цугам.
Рака прапахла мурагом да дна.
А сонца пазірае з неба скоса —
Ой, не абгоніць Чэрвень Сенакоса.
Гэй, Чэрвень,
ты адзін занарышся —
Бяры мяне к сабе ў таварышы...

ПАСЛЯ НАВАЛЬНІЦЫ


Хоць дзень ідзе на спад,
але
Ў вачах смяшынкі-д'яблікі.
У абраселым падале
Ты мне падносіш яблыкі.
Тугія грудзі аблягла
Сукенка абмакрэлая.
А Месяц
зырыць з-за вугла
На ікры загарэлыя.
Яшчэ не звіслі над табой
Клапоты хмурай навіссю,
I яблынькаю маладой
Стаіш ты з першай завяззю...

СМАГА


Суслік моліцца,
склаўшы лапы:
— Як я,
так заплакала б неба хоць!..
Каб,
быццам вужоў,
учарнелай ляпай
маланкі
глытала непагадзь.
Арла размарыла —
рассохлася дзюба,
сухім
падавіўся клёкатам.
Калі ж у раллю
жалудамі з дуба
удараць
дажджыны далёкія?!
Вятры
сіпяць ад удушша ледзьве:
— Спёка,
сухмень замучылі...
Няўжо гэта
ходзяць нагамі недзе
па зябкай вадзе
паплавамі зыбучымі?
Стэп падымае,
як шалю вагаў,
сонца плыве
над высакавольтнымі мачтамі.
Да кожнай кроплі
цягнецца смага,
ні бы дзіця
да саскоў матчыных.
Люблю я
смагу з сухімі губамі
за тую прагу
са сквапным позіркам,
што шлангам пажарным
вясёлку згінае
i —
асушае
прадоннае возера!

УСКРАІНА


Пасярэдзіне вуліцы звечара,
як на чарэні,
на цёплым асфальце
сабака грэецца.
Ляпаюць вечкамі,
рыпяць дзвярыма —
на танцы валяць.
Дамы камунальная
двухпавярховыя
ад маланак громаадвод застрахоўвае.
Парыць.
Відаць, на дождж.
Рухам стомленым
кіраўнік дамоў адчыняе кладоўку.
Кажанамі косы навіслі над столлю
з касавільнам,
як цень вечаровы,
доўгім.
Тую траву, што завецца газонамі
і па якой,
згодна шыльдак,
хадзіць няможна,
косяць «літоўкі»
да поту зялёнага,
дыхаюць пахам,
амаль мурожным.
Граблі чакаюць ліста апалага,
часова беспрацоўныя шуфлі —
хутчэй бы тая пара настала,
каб снег,
як я меха парванага,
шухнуў...
На дзвярах
партрэт Цітова наклеены,
выразаны
з «Чырвонай змены».
Дзверы насцеж —
касманаўту відаць бакалея,
«Піва-воды» —
калі адчынены меней.
«Казла» забiвюць,
плюскаючы павекамi,
заслужаныя пенсіянеры.
A дзеці —
зусім не такія, як некалі,—
дзейнічаюць на нервы.
У хлапчукоў жа настрой забіяцкі,
усе ў касманаўты пайсці гатовы.
Ім кожны маёр авіяцыі
здаецца Цітовым...
Iдуць машынicты,
з работы вяртаюцца
з цёмным,
чорныя, як паравозы.
У бародах заблыталіся
Вятры вяртлявыя,
a ў вачах
яшчэ стракаціць ад бярозак.
Навальніца
зазубрыць м а лапа к крэсівы.
Дождж залапоча
па стрэшках шпакоўняў.
Сынам прысняцца
сны неакрэсленыя,
трывожныя i неспакойныя.
Ды ўсё стане зноўку
па месца к раніцы.
Дзікі вінаград
па сцяне палезе.
Ускраіна,
ты — як цёплы акраец,
што пахне для ўсіх
маленствам.

ПАМЫТАЯ ПАДЛОГА


Толькі што намытая падлога
Пачынае пахнуць борам густа.
Зноў, здаецца, слухаеш падоўгу,
Як звіняць галін сасновых гуслі.
Млосна ад малін у расцяробах.
Дзяцел грукне ў цішыні чмялінай.
Выцірайце ногі.
Асцярожна!
Вы ступаеце на вершалінах!..

МАТЫЛЁК


Б'ецца, ўецца шпаркі, лёгкі,
Сінякрылы матылёк.
Максім Багдановіч
Лілею
млявы
плёс
люляе,
З-пад злежаных
аблок
здалёк
Ляціць віхлясты i бялявы
Пялёстак лёгкі —
матылёк.
Ён кліча у блакіт лілею,
Каб не любіла больш да слёз
Бліскучы ад лускі i глею,
Самлелы,
абмялелы
плёс,
Дзе лашчыць цёплай ласкай хваля
Лінёў — злянелых цельпукоў,
Паблісквае
няблізка
далеч,
Дзе ў іле не злічыць малькоў.
Дзе глыб угнеўлена шыпела,
Калі
на хвалі
лівень
лёг...
Засумавалы,
белы,
белы,
Ляціць удалеч
матылёк...

ПАЛЯЦЬ БУЛЬБОЎНІК


Калі разыходзяцца
лета з восенню палюбоўна,
а бульбянішча на зіму
яшчэ не пераворана,
зграбаюць у кучы,
паляць бульбоўнік.
Іскры лятуць і блякнуць патухлымі зорамі.
Дым спачатку рвецца ўгару,
ды перадумвае неўзабаве,—
нізам, лагчынай прайсці захацелася.
Барана, што ляжыць дагары зубамі, як вожык той,
абчаплялася лісцем зжаўцелым.
Сланечнік галаву цяжкую
праз частакол прасунуў, грэецца —
холад даймае патроншу.
Лятуць журавы над Ушачай
з курлыканнем сумным,
ляціць наўздагон ім ціхае:
«Пуцём-дарожкай!»
Нa возе едзе мох баравы,
запалы лістам,
ігліцай,
дым следам ідзе,
i конь галавою матляе стомлена.
З раніцы хмурыцца, хмарыцца,
пад вечар — імгліцца.
Журавель над студняй прыгнуўся —
нізка над восеньскай столлю.
Я гэты ціхі дым
на смак
i навобмацак
ведаю,
яго я ні з чым не паблытаю,
любой парою,
дзе б ні быў,
адусюль
па ім, як ганчак па следу,
дарогу дадому знайду,
да матчынага пapoгa.

ЛОДКІ

Міхасю Стральцову

Прыбіўшы да берага
чарот патрушчаны,
Засынае возера,
ад сіверу сіняе.
Стамлёна дыхаюць хвалі,
як грузчыкі,—
На плячах
гарачае сонца
насілі.
Нерастуюць ільдзінкі
халоднымі плоткамі,
Азябламу поўдню
ў хмарах не ўгрэцца.
З возера пад паветку
плывуць на калёсах лодкі,
Як даўна ix сёстры далёкія
«з вараг у грэкі».
Азалелую песню
зацягнулі вятры-музыкі.
A заплывалі ж лодкі
за далягляд невядомы.
Зараз плысці ім
па возеры нецярпення зыбкім
Ад берага ледаставу
да берага крыгалому...

* * *


Таргуецца,
лаецца,
жмурыць вочы
Гандлярка бойкая — Камароўка.
Тая самая, дзе аднойчы
Разгавеўся мядзведзь скамарохам.
— Яблыкі!
Яблыкі без чарвінкі.
— Купляйце дыні!
Не дыні — глобусы.
Ля латка «Прамтавары»,
прымяраючы чаравікі,
Скача, як буслянятка, хлопчык.
Помач матчына — шчыры ягаднік —
Штодзень спяшаўся на рынак рана,
A камароўка цяпер абыякава
Глядзіць па ягоную радасць.
Забылася ветка малінніку злая,
Здаецца, зусім крапіва не стракалася...
A Камароўка таргуецца,
лаецца,
Па самыя вочы — касынка стракатая.
A ўсё ж чаравікі прымераць хочацца,
Ды не дацягнецца да прылаўка.
Зірнуў на сярдзітыя цыпкі хлопчыка —
I мне закалоліся шышкі i лапкі...

ПАРК


Бор малады жывіцай пах,
Вёў дзён падлік ад ночы,
Пакуль высокі тытул —
«Парк»
Не атрымаў аднойчы.
Стары праезджаны бальшак
Зваць пачалі праспектам.
З крывой сасны глухі глушак
Глядзеў на ўсё, як скептык...
Яшчэ нядаўна тут грыбы
Раслі сабе без плана.
Ад жураўлінае трубы
Будзіліся паляны.
Бор у тумане зябка груз
Па самыя халявы.
I тут грузнеў крамяны грузд,
Рос баравік смуглявы.
Не ўбачыш зараз пнёў гарбы.
Алейкі — дзе ні глянеш.
I рэпрадуктараў грыбы,
I ягады гірляндаў
Трымаюць сосны на плячах —
Ім план даведзен строгі.
Дажджы ў нейлонавых плашчах
Ідуць узбоч дарогі.
На лавачках сумуе парк
Ад санаторнай седні,
Глытаючы
забыты пах
Смалы
з бароў суседніх.

* * *


Сам суцяшаешся:
— I класікі
на хлеб надзённы зараблялі.
Нястача брала ix за хлясцікі,
ішла з мятлой i аграблямі.
I думка правільная лашчыцца:
надзённы зараблю спачатку,
пасля вазьмуся ўжо за класіку,—
яна, вядома, пачакае.
Глядзіш, i да кавалка ласага
прывык,
навошта крык i лямант.
Хлеб па стале ляжыць,
a класіка
так i не бралася за клямку...

ВОСЕНЬ


Ціха — ажно закладвае вушы.
Дзюбай забінтаванай —
адбіў за лета
Грукае дзяцел у азалелы ствол.
Сосен пявучых
ні ўвечар, ні рана
Не ўчуеш наўкол.
На дол
сыплецца толькі ігліца,
Быццам
бурая поўсць з мядзведзя.
Ледзьве
шэпчуць сасна з сасною
(Яны зазвіняць вясною!).
Крадзецца золь напрасткі
да ракі,
Бая ты,
паўзе каля самай!
Летам полю
звінець каласамі!
А покуль замоўкла ўсё...

ПРЫБАЛТЫКА

Маіх летуценняў прабабка —

Прыбалтыка.

Вясны маёй
першая ластаўка,
Чакаю —
ты зноўку вернешся
I, як касынкаю аднакласніца,
Махнеш мне ветразем
светлым вераснем.
Я шчырае слова табе выношваў,
Як першынца маці юная.
Слова над сэрца тоўхала ножкаю,
Разам са мною трызніла дзюнамі.
А за маімі заспанымі вокнамі
Горбілі гурбы гарбы свае вострыя.
Бура ў бары галасіла ды войкала,
Нібы на салёным эстонскім востраве.
Памлець там на бераг нагрэты палезе,
Прабой разагнуўшы,
прыбой ускалмачаны.
За сінім застоллем
Краіна паэзія
Шліфуе бурштын слова мовы матчынай.
I вершы гарластымі чайкамі вылецяць,
Ix крылы прапахлі глыбінямі, рыбаю.
Пa гулкіх, як раніца,
Вузкіх вуліцах
Не размінешся ні з сябрам, ні з рыфмаю.
I ў снах i ў падумках
цябе я такою бачу
З ікрамі загарэлымі,
з позіркам
сінім,—
рыбачка.

* * *

Мядок саладок,

Віно зеляно...

Гэта нядаўна было
Ці даўно?
I чыя ў тым віна:
Салодкага мёду
Ці маладога віна?
Лясны званочак —
Сіняя стопка.
У сіняй сукенцы
З-пад Татру эстонка
Вайка,
У перакладзе прыблізным —
Валя.
Пчолы губы нам апяклі
Мёду панікадавалі.
Ці гэта вуллі,
Ці нашы галовы гулі?..
Веек густых тваіх чараты
Шумелі над тонямі сінімі...
Вайка,
На ичол не забылася ты?..
Чараты...
Зялёныя чараты...
Хай шумяць,
хай не ведаюць сіверу...

* * *


Драч хрыпіць у густым тумане,
Быццам хто яго, дурня, рэжа.
Я прыслухаўся —
праз мяне
Прарасла
Белавежа.
Аплялі мяне карані —
Працавітыя вязні зямныя.
Ты галіну адну крані —
Пушча ўся
ува мне заные.
Мне зязюлі не злічаць вякоў,
Дзяцел грукае —
мне у грудзі.
А вятры, карагодам, вакол
Ходзяць-ходзяць i сон мой будзяць.
Быстрай ластаўкай,
як стралой,
У мяне вольны вырай стрэліць —
Сонца
з песняй зялёнай, старой
Узніму на зялёных арэлях.
У крыніцах крутых завару
Хмель вясновы з зялёнай пенай.
Пад вірамі нямых завірух
Ува мне
навальніцы спеюць...

САДЫ


Сады — жывучыя народы
Зялёнага мацерыка.
Не абміналі іх парогі,
Кашчавай засухі рука.
Узяць было нялёгка сілу,
Бо войны йшлі, як дзень за днём,
Адна марозам ix смаліла,
Другая — нішчыла агнём.
Ды выжывалі,
як салдаткі,
Глядзелі яблыні ў блакіт.
І не ад яблык —
ад падаткаў
Трашчэлі іхнія сукі.
Сякера секла,
грыз іх заяц.
Ды толькі гэткія сады:
Вясна прыйшла —
i зноўку завязь,
І зноў надзея на плады...

НЕРУШ 1966

ВЕЧНАСЦЬ


Мне ясным сонцам лес наканаваны —
Не ведаць змрочных лёхаў нематы.
З табою кожным нервам знітаваны,
Не, Вечнасць, я ў цябе не наняты!
Зязюлямі гадоў пракукаваны,
Бор галавы маёй аснежыш ты
i ўладна пакладзеш на лоб круты
Зямныя, ўпартыя мерыдыяны,—
Мяне не ўстрашыць захад залаты.
Да зор скірую думак караваны,
Арлы іх прывітаюць, як браты.
Не знікну так, як цень, як гук пусты.
Не адцвітуць вачэй маіх паляны,
Прабіўшы жвіру мокрага пласты.

ВЕРАСОВАЧКА


Іду, Лагчынка перасохлая
Ледзь папярхнулася расой.
Ці прымеш госця,
Верасовачка —
Дачка вясёлых верасоў?
Тут, помніш,
Нам ва ўсім паверыўшы,
Жылі суседзямі лясы.
Цвілі у бацы-сі вочы верасам
Ад слова ранішняга —
«сын».
Прыйшла пад хату грушка дзікая,
Ледзь я свой год другі сустрэў.
А ходзікі на сценцы цікалі,
І падалі дажджы са стрэх.
Тут, як у казцы, ў лядах восенню
Карову пасвіў кот Мірон,
Лісіца пеўня з дому зносіла
I вечар глух ад камароў.
Мяне купалі у ліповачках,
У бацькаў торкалі рукаў.
Калыску маладзік да поўначы
На вострых рожках калыхаў.
Ноч, як малога, хутар хутала
Аўчынай жнівеньскай імжы.
...А сёння грушына без хутара
Стаіць бабылкай на мяжы.
А сёння зацвіла ігрушына
За трыццаць год упершыню...
Чым гэта вока запарушана?
Хто там парушыў цішыню?..
Схіляю галаву з пашанаю,
Адсюль нясу ў трывожны шлях
На кожнай далані па жаўранку
I па хмурынцы
на плячах...

ГОД

Анатолю Вялюгіну

I
Заспаныя прачнуліся грымоты —
І кнігаўкай спявае лазіна,
Самлелая ад леташняй спякоты,
Абложная дыміцца баразна.
Шчэ гнёзды стылыя, пустыя соты,
А ўжо ад слоў хмялее да відна
І ні пра што не думае вясна —
Дачка гарачай ласкі і пяшчоты.
У вочы зазірні — не ўбачыш дна.
Далёка недзе прыпар i турботы.
Гуляе дзеўчына, пакуль адна...
Цяжарнее калоссем цаліна.
З гнязда глядзіць пухнацік жаўтароты
Клапоты ад цямна і да цямна.
З далёкага цяплыньскага павета,
Пакінуўшы ржавець з'араны плуг,
Спатнелае, расхрыстанае лета
Прыйшло — i луг ад конікаў аглух.
Смугою ахінулася планета.
Займае дых гарачы кменны дух.
Дзе воблачка, дзе дзьмухаўцовы пух?
I просінь просіць шырыні ў прасвета.
Ад завірух калючых пацярух
Наскрозь дарога ўезджаная ўгрэта.
Шчырэе летні дзень адзін за двух.
Пал воч вясновых чыстых не патух,
Нібы агонь далёкіх зор Сусвета.
Падлетак над стагамі робіць круг.
ІІІ
У Белавежы — лосьна, язьна ў Шчарі
З лясной крыніцы агнявы глыток.
Узважлівая яснасць дзёрзкай мары
І стрыманасці першы халадок.
Сігае ястраб думкі праз гушчары
Над зброснелаю зацішшу заток.
Перакідае восень жоўты ўток
I, па традыцыі, згушчае хмары.
Разблытаць хоча бліскавіц маток
Рабінавая ноч. Рабін стажары.
Лядком на лузе шкліцца капыток.
Сівее ржэўе. Звонка стыне ток.
Пяро раняе вырай на абшары.
Рунь прагавіта цягне зябкі сок.
ІV
Зажмурылася смачна аканіца.
Спіць на пярынах белых цішыня.
А сіверу ссінелая сініца
Ніяк не можа дачакацца дня.
Рацэ, як рыбаку старому, сніцца
Прыцмок саміны, стылы лёд ліня.
У дуба-ведуна з-пад караня
Прабілася бруістая крыніца.
Ляціць адліжны каркат варання
З яліны, што стаіць, нібы званіца.
Сядлае ўсход гарачага каня,
Штораз вышэе ў сонца вышыня.
I першапутак неба рэжа ніца
Палосак рэактыўных палазня.

МАЯ MOВA


Сцвярджаюць гісторыкі i мовазнаўцы,
Што паступова сціраюцца грані нацый
І, нібыта як перажытак,
аджыць павінна абавязкова
Мова маці маёй — беларуская мова,
Што мне, як імя ўласнае, блізкая і знаёмая,
Што па жылах маіх цячэ
і сонным Сажом і Нёманам.
Я чакаю часіну сябрыны людской,
Але не згаджуся, што родныя мовы луской
Былі на рыбіне чалавецтва,
Якая ў вечнасць плыве акіянам вечнасці.
Галеюць увосень гаі-касмачы,
Па вясне расціскаюць лісты
Свае кулачкі маладыя.
I калі нават мова мая замаўчыць,
То не зробіцца мёртвай латынню.
Словы, дзе кожны гук
Азяблай сініцай цінькае,
Не стануць тэрмінамі медыцынскімі.
Гэтыя словы
Павінны вывучыць будуць нанова,
Каб даведацца,
Як Русь мая, белая
Ад вясновай наквеці
І касцей няпрошанай набрыдзі
З-пад чарапастых свастык,
Вольнай воляй сваёй даражыла,
Як з братамі і сёстрамі
Шчыра дружыла.
Калі мова мая
Уліецца ў агульны людскі акіян,—
Пацячэ ў ім, стрыманая,
Цёплым Гальфстрымам.
i будзе мне сэрца грэць
Кожным ашчаджаным словам,
Мая спрадвечная
Беларуская мова!

ЛЯСНАЯ ДАРОГА


А лес туманом затоплены.
Не дужа спяшаецца дзень.
Рэха ў мяккіх пантопліках
Падмоклым мохам ідзе.
Рабынечка-арабіначка,
Нібы з падлёднага тхла,
З заглушы летняй прабілася,
Вырвалася да святла.
Сівер здалёку дыхае,
Ашчэрыў сто дваццаць зяп.
Стынуць выбоіны ціхія,
I ліст перажоўклы азяб.
Дарога знянацку заломіцца,
Выгнецца палазком,—
Дрыжыць на яловай далоні
Саломінка
З абмалочаным каласком...

* * *


Я, малада, не ведала,
Ці было лета, ці не было?..
З народнай песні
Ліст высах, ззалелы,—
Бляшаны скрогат.
Бабіна лета,
Белыя скроні.
Kacy на атаву
Памалу клепяць —
Касьба не тая.
Бабіна лета.
Застылая кропля
Ліпнёвага воску —
Лета кароткае,
Лета — ўвосень.
Далёка ліўні,
Шаленства залевы.
З жалем шчымлівым
Маміна лета...

ЛІСТОК УШАЦКАЙ ВОСЕНІ


Раўчук заспаны вёў лагчынкай,
Залелі камянькі на дне.
Павесялеў мой шлях.
Ляшчыннік
Заднеў у сінім тумане.
Расой, раскідзісты, апырскаў —
Злую.
Ды тут, як сябруку,
Лісток
цялячай мокрай пыскай
З даверам торкнуўся ў руку.
Раўчук
ужо звініць рачулкай,
Дарую мокрым верасам.
Так па-цялячаму
расчулены,
Што замычу, здаецца,
сам...

БЕЛЫЯ НОЧЫ


I
Пошчак ушчэнт пашкуматаў
Сонную млявасць спакою.
Коннік скача наўскапыта —
Кохкаюць лёгка падковы.
Мядзведзь абнюхвае
чалавечы след,
Ашчэрана пашча
багны іржавай.
Коннік спяшаецца
апавясціць свет
Пра маладую дзяржаву,
Зямлі не кранаюцца
капыты —
Вякоў абагналі многа.
Коннік,
хачу папрасіць,
каб ты
На міг суняў
варанога...
ІІ
Атланты —
інваліды
Вялікай Айчыннай вайны
Аднарукія,
аднаногія.
Даўно
на заробкі ў горад
прыйшлі яны
З-пад Полацка,
з-пад Ноўгарада.
У кружалах
развязвалі торбы цішком,
Вячэралі
прадубленай саланінай.
Шукалі работы
самай цяжкой
Ільновалосыя
Селянінавічы.
Аднавяскоўцы
касілі густы мурог,
А яны
ў маўклівай згодзе
Падставілі плечы
пад глыбы муроў
У тысяча сямісот
далёкім годзе.
Паспрабуй
на плячах
горад трымаць.
Не дачакалі падмены.
Каменная
не адпускае турма,
Самі сталі
каменныя.
Маўкліва церпяць
парабкі вякоў —
Ні продыху, ні адхлання.
Я пазнаю
сваіх землякоў.
Ну хто ix назваў
атлантамі?
ІІІ
Чэрвень
баіцца ступіць
на пракосы,
Зламаныя падымае званочкі.
Дзяўчаты на Белай Русі
чэшуць русыя косы.
У Ленінградзе
Белыя ночы!
Белыя ночы!
Беглі ногі,
Пакуль
масты не разведзены.
Ад любага
шлях дадому
доўгі —
Дабраліся ледзьве...
Белыя ночы,—
ці гэта блукае
Белы мядзведзь
на полюсе?
А можа святло вачэй,
што патухлі ў блакаду,
Асвяціла раптоўна
Марсава поле?..
Ты не спяшайся,
румяны ранак!
А летняй ночанькі
не надточыш,.
Вачэй каханай
сіняе ззянне.
Белыя ночы,
белыя ночы...

* * *


«На Беларусі
Пчолы, як гусі»,—
Прыгадваў зямляк
у выраі.
Зоры спелі,
зоры гаслі,
Мох зязюльчын
рос на вываратнях.
«Ем сырую зайчыну
Ды люблю Айчыну!» —
Прысягаў паўстанец
нябёсам.
Дзверы
дню маладому
расчынены —
Расой ішла песня босая:
«Я здыму парчу,
Ножкі абвярчу...
Песню азяблую
Сагрэць хачу...»
Торкнецца ў крыгу
лыч карасіны,
Сонную роўнядзь успеніць.
Згару я
на вейцы тваёй
расінкай,
Беларусь —
мая мова
і песня.

ШАПКА


Усю зіму з апраткаю забытай,
Як у глухім бярлагу, ў шафе спіць —
Не маладая ўжо аладка-шапка,
Саперніцу вушанку ненавідзячы.
І толькі аднаго яна баіцца,
Каб гаспадар вясною не надумаўся
Аддаць яе вароне на гняздо,—
Не паўтарыць бы сумны лес бабулі.
...Зайшоў з марозам гаспадар у хату
І моўчкі, стомлены, за стол садзіцца.
Калі, бывала, летам ён палуднаваў,
Ляжала на краі шырокай лавы,
А гаспадарскі сын яе прымерваў.
З-пад доўгага брылька ружовашчокі
Глядзеў малы, як яблык з-пад лістка.
Свяціўся бацька ўсмешкаю шчаслівай.
Чаму брылёк так напал надламаны?
На золку гаспадар устаў, каб сеяць.
Шчырэў уночы дождж—І, як вашчыны,
У соты ўсю раллю парашаціў.
Было на ўскоце сонца. У кішэню
Яе паклаў таропка гаспадар
I прывітаў з пашанаю Ярылу
Ды папрасіў, каб ярыне спрыяў ён.
А што вушанка? Апусціўшы вушы,
Усю зіму праходзіць. Незайздросна!
Лютуе Люты, сцюжыць Студзень. Снежань
І той гады ў рады бывае ціхі...
Зух-Сакавік яе цярпець не можа,
Хоць ён падыме вушы гэтай соні.
Ледзь сонца ласкавейшым вокам гляне,
Аладку-шапку ўсторкне на хапку.
Ну, а ў Красавіка па-кавалерску
Яна ляжыць—на чубе і на вуху.
Май ветраны—штоноч чакай у хаце,
Пакуль яму кудлаціць чуб каханка,
...Выходзіць гаспадар, і дзверы ціўкаюць.
Ну, як не ўспомніць Чэрвень загарэлы!
Дакошвае лугі — знаходзіць гнёзды,
Кладзе ў яе цяплюткіх птушанят.
Брылёк
сасмяглы Ліпень перакручвае
І нагінаецца крыніцу выпіць.
Не спіць у шапку, носіць яе радасны
Вусаты Жнівень ледзь не на патыліцы.
Праводзячы вачыма вырай сумны,
Яе рукой прытрымлівае Верасень,
Нідзе не забываецца Кастрычнік,
Нацягвае на вушы Лістапад,
Яна прапахла вапнай і зямлёю.
Зрабілася ад ліўняў і ад сонца
Якраз як сівагракава крыло...
Што апроч снегу бачыла вушанка?
Апошні раз ішлі з гаспадаром
І на яе лісток чырванацыбы
Апаў, як той падлётак на буслянку,
Азяблы, кволы і такі дурненькі...
Апрыкла ўсё, хутчэй бы Сакавік,
І, безумоўна, ён па даўняй дружбе
Гаспадару напомніць пра яе.
Якія ж дні ў вушанцы непаваротлівыя!

ДЗЯТЛІНКА

Уладзіміру Караткевічу

Дасвецце займаецца ціхае.
На лістах раса халодае
Узбегла на ўзмежак,
задыхалася
Дзятлінка белагаловая —
Пляменніца дзятла белагрудага,
Унучка завеі ўскудлачанай.
Сукню, што зелянеецца рутаю,
З канюшынай купіла ў складчыну.
Ля дзяўчынанькі шчырэюць з раніцы
Чмялі —
сваты басавітыя.
Адвячоркам туман стараецца
Ногі ўхутаць світкаю...
Навальніца прасторы вымые —
І дзятлінка зноўку клявае.
На чужыне асветліць сны мае
Сваёй галавой бяляваю.
Дзятлінка снежнарутая,
Я к сляза па Радзіме,
чыстая...
Таксама i Беларусь мая
На ўзмежках цвіла
i выстаяла.

СТАРЫ ЛЯСНІК


Не прачнуўся бор. Залачае.
Песні дрэмлюць пад цёплым крылом.
Мох паклычан лычамі —
У шкоду дзікі ішлі напралом.
Стары,
увесь як ячмень пераспелы,
Ляснік сонца будзіць брыдзе.
Следам туман —
белы-белы,
Заблытаўся ў белай барадзе.
Рукі старога
дрэвы гаілі,
Як пеўня,
за глотку бралі агонь,—
Тысячарука
сосен галіны
Паўтарылі рукі яго.
Калыханку спяваў сасёнкам.
Хутаў немаўлят у халады.
Зеленакрона i сёння
Шуміць
голас яго малады...
Грыбы пайшлі. Жыве з аброку.
Сінеецца верасовы сум.
Яму пакажа неруш па-сяброўску
Апошні ў бары лясун...

* * *


Птушкамі колісь былі цыганы,
Лёталі ў вырай,
Ды воллі
Неяк наелі,
I ў неба яны
Узняцца не здолелі болей.
Ах, цыганы...
Вогнішчы, таганы,
Перамяняныя коні.
Толькі грывастыя табуны
Скачуць па снах неспакойных.
Да скону бясконцы
Шляхоў сувой.
Зялёная хата — дуброва.
Толькі цыганскае
Над галавой
Вечнае сонца вандровак.
Дзе ні прыстаў — абжывайся наноў
I зноў
За стары занятак.
Калі не пакрыўдзіў бог цыганоў,
Дык гэта на цыганятак.
Ад вогнішчаў смуглыя, як жалуды,
Сняць яны цёплы кухан.
Вырай курлыча пра халады
Небу на самае вуха.
I цыганам,
Сынам зямным,
Боязна сытых волляў.
Колішнім птушкам,
Дорагі ім
песня,
дарога,
воля...

* * *


Ішла над ціхім лесам поўня.
Расы чакалі верасы.
Пад вербамі ў нагрэтым чоўне
Дзяўчына мыла валасы.
Яшчэ худзенькімі рукамі
Вязала, мокрыя, вузлом.
Усмешка на вадзе блукала.
Хмурынкі возера вязло,
Прасілася у косы стрыжка.
Шаптала з берагам карма.
А косак не хапала крышку,
Каб дзве лілеі утрымаць.
Ледзь-ледзь хавалі зайздрасць хвалі,
Аж закіпелі у трысці,—
Мяне i човен падмывалі
ДалЁка з юнай заплысці...

ЗЯМЛЯ


Люблю твой нораў, сцішаны і грозны.
Таксама промню кожнаму жадзён.
Ты павядзеш плячом — шчабечуць вёсны,
Другім — завеі капыцяць загон.
Сама спаткала поўдзень высакосны
І мне паслала шчодры вырай дзён.
Хай будзе на лугах тваіх відзён,
Дыміць не аддыміцца след мой росны.
Я слухаю з табой пчаліны звон.
Дзевятым валам узняла барозны
І сына сейбіта ўзяла ў палон.
Абрусам руні маладой здавён
Заслана ты, як круглы стол шырозны,—
Для ўсіх павінен быць не цесным ён!

* * *


Шыбы рады
ад выбухаў мірных звінець.
Плынь закутая глуха ные.
Лёд ірвуць на Заходняй Дзвіне —
Падпіраюць неба слупы ледзяныя.
Узроўі чуюць
на вострых хрыбтах траву:
З аголенымі мячамі
наступае зялёнае войска.
Прачынайцеся,
слухайце —
Лёд ірвуць!
Паплыве ён
Застылым воскам.
Дрэва ракі задрыжала
ад вяршаліны да камля.
Трэснула кара ледзяная
ад нізу да верху.
Лёд ірвуць!
Неўзабаве зноў
загаворыць Зямля
На зялёнай мове лістоў,
поўнай шчырасці i даверу!

АРЦЕЛЬ ІНВАЛІДАЎ


Нож спатыкаецца. Малаток картавіць.
У пярэстрыкі ходзіць дратва.
Арцель інвалідаў у кожным квартале
Перавышае графік.
Прысмерклі вочы. Скручэлі пальцы.
Некалі сумаваць за работай.
Успаміны казіную ножку прыпальваюць,
Выціраюць слязіну ўпотай.
За вокнамі ходзяць цыбатыя ліўні,
Град буйнакаліберны шчапае гонту.
Прыхваткамі шые бацька шчаслівы
На абедзве нагі
сыну
Новыя боты.

ПАРТЫЗАНСКІЯ КОТЛІШЧЫ


Тут пагоркі шалямі вагала.
І трымаюць счахлае вугалле
У зямлі,
як скарб апошні колішні,
Сем'яў партызан
старыя котлішчы.
Пыхнулі з вугалля іскры зоркамі,
Партызанам ззялі ў ночы золкія.
Не спазнаўшы месяца мядовага,
Яблынькі прачнуліся ўдовымі,
Доляй падзяліліся з рабінамі —
Дзічкамі агорклымі зрабіліся.

ЛЯСНЫЯ КЛАДЫ


Галін старэчыя рухі.
Глушэюць у лесе клады.
Крыжы распасцерлі рукі —
Заўчасна не пусцяць сюды.
Павук нешта тчэ на кроснах.
Маўчыць цішыня штодня.
І толькі ў борцях на соснах
Прамыслых пчол сумятня...

НЕРУШ


Неруш ранішні —
роднае слова,
Мне шукаць цябе, покуль гляджў,
Пад зялёным крылом верасовак,
Пад крысом i спякоты й дажджу.
Слова,
што як нарог для ратая,
Як для ластаўкі —
стромы вільчак,
Ад якога на небе світае,
Ад якога яснее ў вачах.
A пашчасціць — натрапіцца неруш,
Зазвіняць недзе промні наўзбоч.
Неруш свой панясу я аберуч,
Як слязіну з матуліных воч.
Ад абразы, ад позірку злога,
Шлях заблытаўшы для наслання,
Неруш ранішні —
матчына слова,
Мне, як бору,
цябе засланяць!

МАЯ БАЦЬКАЎШЧЫНА


З суседзямі падзелішся скарынкаю.
Адно не ўмееш з торбаю прасіць.
Як ластаўка,
з падстрэшша рук Скарынавых
Тваё крыляла слова па Русі.
Ты бласлаўляла даланёй кляноваю
Сваіх сыноў.
Слязамі дабяла
Бяліла лён на світку Каліноўскаму
I ў сны Урублеўскага ты Нёманам плыла...
Зеленакосымі, тугімі сеткамі
Злавіла Свіцязь юнакоў спакой.
Хоць ён пабраўся з песняю суседскаю,
Але вяснянкі не забыў тваёй...
З-пад Магілёва дзед пабег бярэзнічкам,
Бабульку аж пад Віцебскам дагнаў,—
Цярэжылі цярэжку,
а Цярэжкаву
Дачку сасватаў віцязь Яраслаў.
Люблю цябе я ў веснавых праталінах,
У белай хустцы маладых снягоў.
Як на грыбы,
багата ты на таленты —
Пільней глядзі i нерушы знаходзь!
Радзі, зямля,
ты — шчодрая i сціплая.
Каб толькі маразоў не знала рунь!
Імя тваё нашчадкам з нетраў выплыве —
Сівых стагоддзяў рэха:
— Бе-ла-русь!..

ПАЭМА ЖЫТНЯЙ СКІБЕ


I
Мой дзед
рыжанін Галвіньш,
Механік па млынах,
На грошы быў не галы
I выпіць —
не манах.
Яго прываражылі
Азёры
ці ільны?
Зрабіўся старажылам
Ушацкай стараны.
Прынамсі,
не малая
Заслуга той
адной,
Якую зваў
Маланкай
З касою ільняной...
ІІ
Кугікала малое —
Мне большала радні.
А камяні малолі,
Спявалі камяні.
Каціўся верасамі
Вясельны каравай:
— Ой, дзеўка,
абрусамі
Застолле накрывай!,.
Ішоў праснак
у прымы
Да бульбы нацянькі.
Андрэева чупрына
Бялела ад мукі.
А на млыны куліўся
Коўш зорны з-за сяла.
Вясёлая Кулінка
«Латышачкай»
была...
ІІІ
Радні i год нямала
Забыўся наш парог.
Адно
«латышкай» маму
Яшчэ завуць парой.
IV
Латышскі стол гасцінны
Наноў
сяброў сабраў,
Як на старым гасцінцы,
Завочна тут ад страў.
Бі,
піва,
п'янай пенай,
Крышы дубовы склеп.
Кляновым лістам,
кменам
Запах уладна хлеб.
...Над ціхаю сядзібай
Сярпок маладзіка.
Чаму ж ты
з жытняй скібай
Дрыжыш, мая рука?..
V
Над ціхаю ракою
З далёкай цішыні
Забыты млын грукоча,
Спяваюць
камяні...

ЛЕСНІЧОЎКА ВЭЛДЗІС


А пад вясёлкай-восілкай,
Як баравая пчолка,
У ясеневай восені
Зблудзіла леснічоўка.
Галіны па-над сцежкамі
Па сажаню ў размаху.
У леснічоўкі ўцешнае
Імя —
«Прагоніш смагу».
На тое воля восені
І залатой завеі,
Што Ручайком —
Авоціньшам
І гаспадар завецца.
Каля гасцей расчуленых
Ды каля песні ціхай
Плыве-плыве рачулкаю
Шчыруха-леснічыха.
А ручаінкай з возера
Іскрыцца леснічоўна,—
За ёю нашы позіркі,
Як Даўгаваю чоўны...
Тут студня знакамітая
І ўсім вада да смаку,
Ды болей акавітаю
Мы праганяем смагу...
Выходжу ў ноч спакойную,
Ваду знаходжу неяк.
На дне халоднай конаўкі
Травінка зелянее...
Падушкі ўзбіла белыя,
Жадала:
— Лабу накты! [2]
Мне ж, як салдату бегламу,
Не спіцца доўга надта.
А леснічоўне хораша
На мурагу на вышках.
Мне ў хаце нешта горача,
Я зноў да студні выйшаў.
Сябе я пераконваю,
Тут нечая правіннасць:
Тры ў небе поўні — конаўкі,
На дне па тры травінкі...
Гайдалася—
гайдалася
Вядро —
i ў студню села.
Чаму ж не здагадалася
Паслаць i мне на сене?..
Не яблынька лясовая —
Ты злая асачынка...
Мяне старымі совэмі
Тры поўні асачыла.
Іду сабе бяссоннікам,
Не знаю сам кудою,
Сасоннікам, сасоннікам,
Палянкай маладою.
Дах туманоў залатаны
Змакрэлым, жоўтым лістам,
I просяць пеўні Латвіі
У неба дзень нямглісты.
Пацягваецца соладка
Дня маладога пахмур.
На золаку,
на золаку
Мурог трывожна пахне...
Да ясеневай восені
Я не забуду следу.
Налета да Авоціньша
Касіць мурог прыеду.
Я ж не такі няўдаліца,
Не зломкава насенне.
Няўжо не здагадаецца
Тады паслаць на сене?..

* * *

Віктару Ліўземніеку

Удары перуна —
perkona grandi [3].
Пярун —
persona grata [4],
сапраўды:
Taго й чакай,
Што з неба рангам гракне,
Страсе маланкі з рыжай барады.
Ваколле —
дом сасновы, рудастволы.
Над прорвай непагадзі ходзіць дом.
Стараецца пярун — мяхі з жарствою
З плячэй скідае, крэкчучы, на дол.
Аберуч
«Газік» працірае вочы.
Ані душы.
Усё нібы праз сон.
Падчас плыве у забыццё абочын
Кажан распяты — чорны парасон.
Над Латвіяй рабінавыя ночы.
Гараць кляноў чырвоныя стагі.
I Даўгаву трасе ад золкай ношы,
Пад намі б'ецца ў берагі з тугі.
А мы ляцім вышэй, пад люты лівень,
Мы зараз адарвёмся ад зямлі.
I вось тугія ліўневыя ліны
Нас, як наняты ветразь, узнялі.
Сузор'яў спелых трапяткія бліскі
Трасіруюць халодны змрок, шкляны.
Мы ў вечнасці ў гасцях, i рай нам блізкі.
Далёкімі пажарамі — кляны.
I так шкада зямлі, вясёлай, грэшнай.
Што ў вечнасці, што у раі рабіць?
Ды з прорвы вырываемся, нарэшце,
У гарачую Галактыку
Рабін...

ЧАЛОМ ТАБЕ, ЕНІСЕЮ!


У руках не калыша вятрэц галышы,
Замёр.
Ліст не варушыцца...
Шафёр,
Матор заглушы.
Шушанскае...
Ціха...
Насцярожылася маўклівасць пільная.
Ці гэта
Ільічова хаціна,
ці ільменка,
якая толькі што слухала
Елісеевай хвалі ўсхліп
i цяпер пад зялёнай паветкай ліп
сушыцца.
Не адказвае
Шушанскае...
Першы пажоўклы ліст
ліпа на ганак стрэсла...
Чакаюць, падагнуўшы калені, крэслы.
Адпачывае лямпа,
Што Крупская колісь прывезла...
Немаўлячы мезенец
на столі настылай сібірскіх снягоў
мог бы засланіць трапяткую плямку
ад гэтай лямпы.
Святло было мірным зусім.
I ў падумку не браў, што на ім
падсмаліць
сваё, даўно не густое, пер'е
двухбезгаловы арол імперыі...
Як ціхі прыстанак,
спакушае спакоем
альтанка
з хмелю ляснога
дзікага,
Гадзіннік цікае...
Хвіліны апошнія
лічыў ён свету старому.
На стале —
Ільічова пошта...
На «ясна» барометр,..
А ён навальніцу паказваў,
калі апускаў Енісей
свае плечы пакатыя.
І снегавыя падушкі для Енісея
азяблымі пальцамі ўзбівалі завеі.
А ў галавах ледзяной пасцелі
стаць разам усе маразы хацелі...
Енісей,
на ўспамін
лёгкі ты
уздыхнуў
i лісты
дзікага хмелю
зашапталіся, зашумелі...
Здымаю ўдзякі шалом
перад табою з пашанай —
Чалом
табе, Енісею,
чалом,
што ты Ільіча адведаць спяшаўся,
ды выбегла
шустрая Шуш
насустрач.
Чалом
за твой крыгалом,
які Ільіча на дасвецці будзіў
i доўга па сцежках таежных
рэха вадзіў.
Чалом,
што ты ахінаў Ільічовы думы
выраевым крылом.
Чайкі ўзляталі з твайго пляча.
З далёкага выраю
ты клікаў выраем
Ільіча.
Чалом,
што па табе веславала паволі,
як колісь па Волзе,
вясёлкі вясёлым вяслом
надзея.
Чалом,
Енісею!..

КАРГЫРАА [5]


Уласны голас гучыць незнаёма —
Боязна рэху ў гарах начаваць,
Чуваць,
Блукае
са стромы
на строму...
Мядзведзю старому,
Як грузнаму ламу,
Нязручна ступаць па ламу —
Яшчэ заколеш лапу
На сваю галаву.
Пасварыўся, відаць, з сябрукамі.
Рыкае...
Ля абрыву лёг
На спякоце.
У гулкі лёх
Камяні коціць.
Пацягне лапай,
Звесіць вуха —
водгулле доўга вухкае...
Настылымі грукаючы кіямі,
Здалёку ідзе,
Пакланіўшыся акіяну,
сівы сівер...
Цішыня.
Чую,
Як у падхмарным чуме
Зайчаняткі грызуць
Верхавінкі тальніка...
— Я песню так зразумеў? —
Пытаюся.
Суседка вясёла глянула,
Ад усмешкі не тоіць вачэй.
— А песня простая:
«Ехаў-ехаў,
Шлёпнуў буланага
I паехаў хутчэй...»

МАРАЛУ ЗРАЗАЮЦЬ ПАНТЫ


Дрыжыкі па целе,
Марал пацее
У тры паты.
Панты
Зразаюць
Нажоўкай.
Капыты
Б'юцца на жоўклай
Траве...
Трывае...
Рэжце ж!
Ці нажоўка тупая?!
Нарэшце!..
На свежым пяньку выступав
Жывіца чырвоная...
Выпусцілі
З загона!
Грукнулі
Усе закладзіны суха.
Рвануўся...
Замёр...
Прыслухаўся...
Страх яшчэ казыча
Пахвіны.
Трасянуў галавой па звычцы,
Што рогі там быць павінны,—
Няма ix!
На міг
Нямая
Цішыня.
Толькі кедры шумяць.
Больш
Не суняць!
Раскручваецца пружынай
напятай
Увесь балючы,
Безабаронны,
Лабаты...
Ад абразы заб'ецца
Пад кедры густыя.
I покуль
Боль не
Астыне —
Не зварухнецца, не тропнецца,
Каб не ўпала
На свежы пянёк ані кроплі...
Адстоіцца
Сум у вачах,
Як змрок у цесных прагалах.
Нават пысы гарачай
Не астудзіць вадою крыніц...
А побач
Яго сябры
З маладымі
Рагамі
будуць гнаць маладых аляніц...

АДАМ I ЕВА


Пакуль далёка спіць залева
І сопкі песцяцца ў смузе,
Яны ўдваіх,
Адам і Ева,
Капаюць бульбу
у тайзе.
Конь пасвіцца,
бялее грыва
З перастаялае травы.
Спрадвечны сум
апаў тужліва —
Лятуць у вырай журавы.
Услед махаюць крыллем кволым
Кусты, лімонніцы, чмялі.
Спрадвечных дрэў
спрадвечны кворум,
Спакой спрадвечны на зямлі.
На момант
сэрца ён асіліць,
I здасца,
што няма трывог,
Што з недалёкай Хірасімы
Не паскубуць вятры мурог,
а толькі ціхія павевы
Хвалююць ільмакі ў тузе.
Яны ўдваіх,
Адам i Ева,
Капаюць бульбу
у тайзе.
*
Сюды,
ў дажджы,
ў мароз сіберны,
Аратаі i кавалі,
З-пад Вільні,
з Віцебскай губерні
Гадамі
землякі брылі.
Над імі
выраі ляцелі
Дамоў,
да веснавых грамоў,
I хмаркі плавалі,
як цені
Дымоў
з астылых каміноў.
Ад роднага стала,
ад бульбы
Дарогі розныя вялі:
Адных —
даўгі рубель
i булкі
Завабілі на край зямлі.
Тых —
залатая ліхаманка
Занесла ў непралазь пургі.
Не горача пад лахманамі
Было ад вогнішчаў тайгі.
Ну а каму саболі пасвіць
Давер'е аказаў урад.
Пёс —
конь натурлівы —
да шчасця
Не вёз:
быў час, як канакрад.
*
А раніцай
туман над сопкай —
Густая пара
над катлом:
Знаёма пахла
бульбай сопкай,
Сялом,
пакінутым жытлом.
Там
на страсе пяе салома,
Як чарацінка ў крыгаход.
I песня родная
i слова
Былі раднейшыя штогод.
Вякі...
Прыморскія размахі...
Забыўся чорны хлеб,
але,
Як незабыўныя прысмакі,
Гасціла
бульба на стале.
I зазімкам,
калі на тоні
Ішло дасвецце ў туманах,
Яна
згрубелыя далоні
Кабетам халадзіла ў снах.
Хаціны,
што ў лясных паветах
Замёў каторы ліставей,—
На шчодрай далані планеты
Былі
ад бульбінак драбней...
*
Не хвалімся
часінай тою,
Калі яе —
усім на страх —
Палілі
з прастатой святою,
Як ерэтычку,
на кастрах.
Ды ў прыску
бульбу ўгледзеў продак,
Калі карчы зглыдаў агонь,
I, нібы ўзважваў самародак,
З далоні кідаў на далонь.
Яна —
не майце бульбу ўлегцы—
З усімі стравамі
на «ты».
Гурок,
каб з ёю поплеч легчы,
Дае нырца ў расол круты.
І смагне селядзец у леку,
І ў лютай пары
млее кроп.
Яна сюды прыйшла здалёку —
У баразне
па трыццаць коп...
Дыміся бульбай,
край маленства.
Яе стварала спакваля
Па вобразу i падабенству
Свайму
карміцелька-зямля.
*
Крычу на ўсё Прымор'е:
— Бульба!
Прымі паклон
ад земляка.
Расці,
з гарачых снежак гурба,
Што маці сыпле
з саганка.
Ні дождж,
ні град цябе не песціць,
Надзейны хлеб
маёй зямлі.
Не грэбвалі
табой i песняй —
З сабою землякі ўзялі.
А покуль
недзе спіць залева.
Тайфун
вятры ў мяхах вязе,
Яны ўдваіх,
Адам i Ева,
Капаюць бульбу
ў тайзе...

ПОРТ


Уладзівастоцкія нявесты
Сустрэнуць ветла
i няветла;
Ты не рыбак,
не кітабой,
Праходзь спакойна, сам сабой;
Паплаваў досыць
у «загранцы»,
Хай не хапаеш з неба зор,—
Пяшчотай позіркі ўзгарацца,
Ідзі на ix,
як на касцёр.
Год палюляла
у Брыстолі —
Жаніх ужо зусім прыстойны.
Ці кітабой ты,
ці рыбак,
Спяшайся заказаць
«кабак» —
Тут рэстаран завецца так,
Прывыклі дзверы да атак —
Гуляй, рыбак,
куляй, рыбак,
Шыкуй,
шчырэй кладзі «на бак»
Забудзь на час
тугу кают,
Тваёй ашчаднасці —
каюк!
... Упарта
познія
нявесты
Чакаюць
норда,
оста,
веста.
Усе вятры
з усіх шляхоў
Для іх прыносяць жаніхоў.
Не з карабля —
дык топай міма,
Хоць паравозам галасі.
... Глядзяць
зялёнымі вачыма,
Як незанятыя таксі...

УРАДЖАЙ


Яшчэ нямая
хвіліна адна...
Трал падымаюць
са дна марскога.
Лябёдкі жаласны скогат...
Кухталі—
Костачкі прыгаршчаў трала,
шкляныя,
балюча занылі:
рабрыну борта лічыць пачалі.
Тралмайстра — імгненным рухам! —
хапае крукам...
Льецца вады блакіт.
Бы загарпунены кіт,
сейнер кідаецца ў бакі.
I —
рыбакі
дыханне перавялі шчасліва.
Над палубай хмара парыпвае
з ліўнем
рыбным...
Вока ў пулятага мянтая,
нібыта
планета жаху,
сыходзіць з арбіты...
Шчэлепамі разбітымі
пакутліва кратае
камбала бездапаможна пляскатая.
Як яна глянуць хоча,
ды
перабеглі на спіну вочы.
Рот замалы — не спытацца,
ліха адкуль...
Акунь
падласы
на ўвесь акіян бы зароў,
ды —
папярхнуўся уласным
пузыром.
Злязае,
сыплецца расплюхнутымі слязамі
непатрэбная болей луска.
У адчаі траска
сківіцы,
быццам рукі, заломвае.
Сівеюць косы
ціны зялёнай.
Чапляецца неба
за водарасці, карчы.
Нема
рыба крычыць...

ДОМ НА СОПЦЫ


На сопку
сцежка крутая,
На сопцы —
дом камунальны.
Ля вокан ручай картавіць.
Вятры ў камінах канаюць.
Чарнявая маладзіца
Дадому рака прыходзіць.
Падоўгу ў люстэрка глядзіцца,
Ёй хочацца быць прыгожай.
Ды як жа не маладзіцца:
На ганку —
бабіна лета,
Відаць,
не растаць ільдзінцы —
Пад сэрцам,
вострая, легла...
...Ён прыйдзе, як уцямнее,
І засаўку ўнепрыкметку
Галінкай адсуне неяк —
Не ўчуе нават суседка.
Агонь разальецца па шчоках,
Туга —
ў сарамлівым паглядзе.
Нясмела просіць пяшчоты,
Як нешта чужое крадзе.
Шапне,
што дачка заснула,
Ды густа распусціць косы.
Пра мужа пытаўся,
махнула:
— Aт, сена сабакам косіць...
Мякчэй узаб'е падушку,
Дыханнем абдасць, як варам.
Калі на пасцелі душна —
Спусціся,
паспі на хмары.
I пеўні з захмарных тронаў
Разбудзяць,
як даўняга сябра.
Сівінка пуху на скронях...
Сівее палын азяблы...
Даюць туманы дарогу,
Спакойныя старажылы.
Шумяць ручаі
ля парога —
Змываюць
сляды чужыя...

ДЗЕД I МОРА


Пахне далонь
Залатога Рога
Нафтай,
далёкімі катастрофамі.
Змоўк акіяна насмешлівы рогат.
Цішыня тут,
як дзеўка-пярэстарак,
строгая.
Быццам на кухні агульнай,
грызуцца
Хвалі —
таксама з племя жаночага.
Глянеш:
Нептун пасівелы
з трохзубцам
Выйшаў на бераг,
гнецца пад ношаю,—
Гэта ловіць багром аскабалкі
Дзед,
што разлучаны з морам знямогаю.
Ўсё ж каля мора
старому забава.
Цягне дадому дровы намоклыя...
Дошкі цяжкія,
мачтаў абломкі,
Будуць трашчаць яны
ноччу завейнаю.
Спусцяцца нізка
ўспамінаў аблокі,
Дні маладыя
на момант вернуцца.
Зноўку тайфунам
насунуцца бровы,
Борт затрашчыць —
грукне хваля шалёная...
Салёныя дровы...
Слязіна салёная...

ТАНЦУЕ ТАДЖЫЧКА


Пад чорнымі вясёлкамі
Спеюць ночы.
Прызнацца —
не анёлкамі
За імі сочым.
Мы сталі нарачонымі,
Мы ўсе раўнуем —
Пад чорнымі,
пад чорнымі
Вясёлкамі руйнуем
Паветраныя замкі
Сямейнага спакою.
Адданасць
верных самых
Змывае,
як ракою.
Аж трыццаць тры
маланкі
Чор-
ны-
я!
I ноч была б малая...
Чур,
не
я! —
Падумаў пра такое,
Што добра б
трыццаць тры
Расплятаць рукою
Трапяткою
Да зары.
I сэрца Сценьку Разіну
Не па-добраму,
Пэўна, уразіла
На яе падобная...
Спякотная,
як тропікі,
То ўся, як міг рыўка,
Няўлоўная, таропкая
Горная рака.
Каб сто абвалаў
з грукатам
Праляцела —
Не ўчулі б мы,
мы слухаем
Песню цела.
Мы ўсе, як шпагі
ў ножнах,—
Развагі
рвецца ніць.
Спалохана-трывожна
Кроў звініць...

* * *


Надта доўга з люстэркам не раяцца
Маладыя жанчыны
раніцай.
На вуснах смага,
Пад вачыма —
смуга.
Маладыя каханкі,
абранніцы,
Іхняя зразумела туга...
Ходзяць сцішаныя,
заспаныя.
На дасвецці ж яшчэ былі
Недзе ў небе
капрызнымі паннамі,
Ну, прынамсі,
не на зямлі!
Выгіналіся лозамі ніцымі,
Свой салодкі палон ірвучы.
У акно залатымі начніцамі
Зоркі біліся
уначы.
Азярынай. знямогі
Лёгкія
Адплывалі паромы сноў.
Дзень пагрукаў
няпрошаным лёкаем,
Непадступныя панны
зноў
Сталі хатнімі гаспадынямі —
Трэба ім
гатаваць, цыраваць,
Над каструлямі дымнымі
Цараваць...
У блакітныя шыбы раніцы
Б'ецца клопатаў мітульга.
І туманіцца,
не адтуманіцца
Пад вачыма смуга...

ЦІХІ АКІЯН


I
З салёнай пенай на губах
Яго Шаленства
Ціхі,
То зложыць крылы —
кволы птах,
То б'ецца парадзіхай.
Шпурляе ў бераг якары
І конскія падковы.
То,
вязень,
пад граніт гары
Пачне рабіць падкопы.
Прыдрэмле —
ўзбудзяць свежакі,
Забудзе на пакуты.
Ён —
Праметэй,
на ўсе вякі
Да голых скал прыкуты.
Арліць,
клякоча
ураган —
Ляціць далёка клёкат.
Бурліць,
клякоча
Акіян,
Пакуль хапае клёку.
ІІ
Сябе самога расцвяліў—
Бунтар змаўкае горда.
Адчаю ўпартага прыліў
Падкочваецца к горлу.
ІІІ
У ракаўках маіх вушэй
Табе не ціхнуць,
Ціхі.
Клубі, дзевяты вал, вышэй —
Кадык з зялёнай ціны.
Бі чарапах
па чарапах,
Звіні струной прамою.
Тваім дыханнем
край прапах
Салёнае Прымор'е.
Цябе,
калі спакой багоў
Ты дзёрзкасцю парушыш
I выйдзеш з вечных берагоў,
Бяру я
на парукі!

БУЗКАШЫ


Ты не бачыў аніколі
Бузкашы?
Ты таджыку пра такое
Не кажы!
Не застольная бяседа —
Бузкашы:
Захапі казла ў суседа
I скачы.
Не зважаюць на начальства.
На радню,
Капыцяць і рвуць на часткі
Цішыню.
І чыны й пасады зніклі,
Зло — на злом!
Галава адно панікла
Над казлом.
Гэты козлік адпушчэння
Два пуды,
Не схаваеш у кішэні —
Паўбяды!
Жарабца хлапец асмуглы
Закасіў.
Сам бізун, як тыя цуглі,
Закусіў.
Горды дзед
белагаловы,
Як Памір,
Б'е галопам, б'е галопам
Жоўты жвір.
Зашчаміў казла нагою,
Вецер — друг.
Мчыць пагоня, не нагоніць —
Блізка круг.
Не відаць у тлуме, ў гуле
Ну ані —
На казле ляціць дзядуля?..
На кані?..
Кінуў чорнага i крэкча,
Перамок.
Мо ў апошні раз старэча
Перамог.
Раздзімаюць горны-храпы
Скакуны.
Тут не возьмеце нахрапам,
Крыкуны.
Мы ў даліне ўтульнай спеем,
Бы ў кашы.
Не да працы, не да спеваў —
Бузкашы!
Валам валяць людзі звыкла
З кішлакоў,
Заганяюць матацыклы,
Ішакоў.
Піялу з зялёным чаем
Асушы —
І прыпомніш ты з адчаем
Бузкашы.
У прэзідыумах млеюць —
Бузкашы,
На паважных асамблеях —
Бузкашы.
I на зборышчах паэтаў —
Бузкашы.
Ды таджыку ты пра гэта
Не кажы!..

ДЗІВОСНАЕ ІМГНЕННЕ

...радасць галавой да неба

даставала.

Амар Хайям
На поўнач лячу,
на поўнач —
Штоміг
ад цябе далей.
Мяне, завіруха, напоўні,
Лютуй ува мне,
шалей!
Аблогі
перамятае,
Аблокі
перамяло.
Няўжо
і хвіліна тая,
І ты —
гэта ўсё было?..
За бортам зіма неспакойна
Сярдзітай суседкай сапе.
Вязу я на поўнач
спякоту,
Нібы кантрабанду, ў сабе.
Спякоту тваю мне можна
Правезці —
хай снег растае,—
Паветраныя таможні
Ніколі не знойдуць яе.
Да холаду белы,
курыцца
Ад снежнага полымя дым.
Агонь гарачэй не ўгарыцца,
Не зойдзецца дымам густым...
Ідзе на зніжэнне —
на поўнач.
Маўчання настылага сум.
Я клічу цябе на помач,
Я выдыхаю:
— Ханум...

* * *


Яшчэ гетэры старажытнай Грэцыі,
З начнога промыслу прыйшоўшы ўранні,
Хацелі ціхай калыханкай грэцца,
Хоць трошкі хатняга хацелі раю.
О мацярынства мацярык нязнаны:
Як ці гукай — ніхто не адгукнецца.
Яго заўсёды адкрываюць занава,
Калі пад сэрцам нешта зварухнецца,
А ў сэрцы страх і слодыч тлеюць вугалем —
Усходзіцца пажар з малой іскрынкі.
У млоснасці саскі цяжэюць, смуглыя,
Гатовыя пупышкамі раскрыцца.
І зацвілі пралескі вачанят,
Зазелянела лісце ручанят...
О мацярынства мацярык нязнаны.
Яго заўсёды адкрываюць занава.

* * *


Ад
«не трэба, не трэба»
Да
«святло патушы»,
Як да сёмага неба,
Як да шчырай душы,
Як ад бліску маланкі
Да абложных грымот...
З вераснёвай палянкі
Хмеліць вераснем мёд.
Ліўнем стомленым стыну
На захмарнай градзе...
Прага
смаглай пустыні,
Спёка
спелых грудзей.
Толькі змроку густога
Захмялелы мурог,
Толькі светлая стома,
Толькі месячка рог...
Ціха досвітак глянуў —
Стой,
імгненне,
замры!
Не спяшайся, бяглянка,
Мы адны на зямлі.
Можа, дзень пачакае.
Маладзік,
пасвяці...
Ноч бывае такая
Толькі раз у жыцці...
Знелюбелы, нямілы
Дзень з-за мора ўстае.
Мне б вякоў не хапіла
Слухаць вочы твае...

* * *


Угаманіўся бор.
Туга нязвыклая.
Бору свой боль
Не выказаць.
Ані скалыхні —
Туга навокала.
У цішыні
Вавёрка зацокала.
Знайду твой клад —
Нідзе не падзенешся!
Узнімаю пагляд —
Аж дзве, маладзенькія.
Сядзяць на суку,
Ускідваюць хвосцікі,
Нібы на палку
Хвашчынкамі хвошчуцца.
Востраць кіпцюркі
Аб кару кволую,
І — лятуць языкі
Рыжага полымя.
Не ўгледзеў, куды
Ласухі скочылі...
Такой бяды ім,
Што сосны падсочаны!

* * *


Ты —
мой трывожны успамін,
Шчыміш і не даеш спакою,
Нібыта ўдар тугіх галін,
Адпушчаных чужой рукою.
Наноў не зашумець лясам,
Туга на лядах гаспадарыць.
Я дрэвы ўсе павысек сам —
Галіны больш
не ўдараць.

АДАМ І ЕВА 1968

* * *


Калі б усе вятры Беларусі
Курган намяталі,—
Ён быў бы пылінкай
Ля падножжа захмарнай вяршыні
Славы тваёй;
Калі б усе гаі Беларусі
Хацелі сцяжыны ўслаць,
Дзе ногі твае ступалі,—
У ix бы лістоў не хапала;
Калі б усе навальніцы плакалі,—
Іхныя слёзы
Была б драбнюткай расінкай
На вейцы тугі па Табе.
Іван Дамінікавіч,
Дзядзька Янка,
Купала...

ГНЯЗДО ШЭРАЙ ЧАПЛІ


Паплавы
цішынёй мурожнай стрыножаны
Учарашнія сны рака даганяе.
Нізіцца сонца.
Ад заходу трывожнага
Вочы бор засланіў даланямі.
Асмуглыя пальцы
праменнем прасвечвае.
Ноч недалёка.
Блізка да вечара.
Драчы неўзабаве кінуць жэрабя,
Каму рэзаць бляху
тупымі ножнамі.
Кружыць над борам чапля шэрая,
Над паплавамі,
цішынёй стрыножанымі.
Птушка трывожная,
як яе высачыш?
Недзе гняздо на яліне высока...
Цень мільгануў
над дрымотнымі плёсамі.
Шэрая чапля знікае сумна.
Пяро раняе перапялёсае
На сіні вечар,
На ціхія думы...

* * *


Мы ў гасцях у Наднямоння.
Наваколле як нямое.
Нашых пальцаў не расцяць!
Над нагамі храбусцяць
Леташнія жалуды.
Зараз пойдзем —
Хоць куды.
А паром на прывязі.
Толькі крыкні:
— Прывязі!
Прывязе на бераг той.
Стане,
Толькі скажаш:
— Стой!
Ён не кепскі бераг той —
Хата на тары крутой.
Там цябе чакае маці,
Там я звацца буду зяцем...
Дый на гэтым беразе
Хораша на верасе!..
Па канату — тапаром!
Хай адзін плыве паром,
Хай плыве між строгіх стром.
Потым неяк разбяром!..

* * *


Аб адным я цябе прашу:
Хоць гады у рады прысніся —
Спадзявання майго парашут
Хай раскрыецца хоць унізе.
Нецярпення скачок зацяжны.
Блізка дол, парашут не раскрыты.
Ходзяць незразумелыя сны.
Як старонкі старога санскрыту...

* * *


Чаканы міг спакою.
I — паварот ключа.
Світае у пакоі
Ад смуглага пляча.
Трывожнага дыхання
Трывожны сухавей,
Трывожныя ў тумане
Пагляды ласкавей...
Прачнулася світанне —
Пакінулі пакой
Пачэснымі сватамі
I цішыня й спакой.
Прыцішаныя крокі.
I — паварот ключа.
Нырае ў сон таропка
Маладзічок пляча...

* * *

Дзень пачынаю

Думкаю пра цябе.

...Жоўтае лісце чынары
Дол перасмяглы дзяўбе.
Начэй вераб'іных,
Ліўняў
Не ведаюць арыкі.
Просяць лісты-палахліўцы
Папіць у цябе з рукі.
Горы ношай цяжкою
Цягнуць вякоў тугу...
А я выводжу, як школьнік,
Імя тваё на снягу.
I ад яго, гарачага,
Снег растае.
У бары заінелым бачу
Вочы твае.
Успомніў песню раскосую
I развярэдзіў жуду:
«Калі астарэю, з посахам
Я да цябе не пайду,
Бо посах мой
першы прыйдзе.

КАМЕННАЯ БAЛАДА

Не пайду я да Менска

ад шляху Віленска;

а пайду па шляху Віленскім,

спаткаюся з Мянескам.

Старая прыказка
Ссівеў маркоты сын — налын
На ўсіх шляхах расстайных.
Над Свіслаччу грукоча млын,
Аж берагі хістае.
Сем грозных колаў у млыне
(Хоць трохі сцішыў гул бы!),
Каменняў поле заглыне
Намеле пытлю гурбы.
Млынар сатрэ таропка пот.
У печы на валокі
З усходу да заходу под,
Чалеснік — пад аблокі.
І цеста — за гарой тара —
Займае кут пачэсны.
Гарыць вячэрняя зара,
Хлеб на лістах пячэцца.
З ног валіць дужы: хлебны пах,
З гаёў убор зрывае.
Ды чужакам не па зубах
Паўшар'і караваяў.
Млынар — асілак i вядзьмар,
Дыхне — шумяць прысады.
Ён ліўні i грымоты з хмар
Маланкай выкрасае.
Разлогі цемра захлыне,
Сцішэе над барамі —
Мянеск імчыцца на млыне,
Дружыну набірае.
А трэба, каб дружна
Са славаю дружыла,
Каб воляй даражыла
Мянескава дружына!..
На рэках чуюць асначы
Каменных колаў скрогат.
З-за сцен каменных уначы
Грыміць каменны рогат.
Трымаюцца музыкі ледзь,
Са зморай — сорам знацца!
Прыемна музыцы шалець,
А песням — захлынацца.
Стагні, каменне, ў забыцці
Падлогаю няроўнай.
Млынар з русалкай скача ці
З чароўнай млынароўнай?
Чакайце, рымар I ганчар,
Каменярам — павага!
Б'е ў берагі каменных чар
З мукі каменнай брага.
...Ідуць гады. Мянеска ў твар
Ніхто не можа ўбачыць.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Але аднойчы знік млынар,
Засумаваў, няйначай.
Куды, ў які падаўся бок,
Пра гэта хіба скажа
Ярыла, ўсемагутны бог,
Ды ноч чарней ад сажы.
...Нудліва Свіслачы ў трысці,
Русалкам проста гора.
На сонца гледзячы, расці
Пачаў вясёлы горад.
Сінеліся вачэй ільны,
Звінелі слоў крыніцы.
Запас Мяпескаў — валуны
Пайшлі на камяніцы.
Гарэла ціхая зара,
І задыхаўся горан.
Няма Мянеска-млынара —
Назваўся Менскам горад!
Менск гандляваў, мяняў — дармо!
Пястун нябёс i волі,
Ён гордай дзіды на ярмо
Не прамяняў ніколі.
Чужак ад жаху камянеў,
Дарэмна ў дзверы другаў.
Для ворага рос — Лютагнеў
I Мілагост — для друга.
І плавіліся камяні
У вогнішчах пякельных.
Была хвіліна цішыні —
Давалі слова кельме.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Пярун разлогі скалане,
Сцямнее над барамі.
Не навальніца гэта. Не!
Мянеск імчыцца на млыне —
Дружыну набірае!

ЛІНІЯ ПЕРАМЕНЫ ДАТ 1969

БАГАТАЯ КАМАРОЎКА


У жонкі
ахвотна камандзіроўку
Бяру я ў нядзелю
на Камароўку.
Вароты склыгочуць.
Ні шуму, ні даўкі.
Яшчэ, заінелыя,
стынуць прылаўкі.
На іх дагараюць
пад стогн галубіны
I кропу прадвесне,
i прыпар рабіны.
Агонь языкаты у бочках жалезных.
Люблю, Камароўка,
тваю незалежнасць!
Тут з даўніх часоў
аддаецца даніна
Законна» павагі
рукам селяніна.
...Таргуюцца з дзядзькам,
гуркі паспытаўшы,
Манументальныя капітаншы.
Паважная дама,
На ўсмешкі скупая,
уважліва бульбіну калупае.
У чарзе неспакойнай
становіцца першай,
Забыла, што сніла сябе
міністэршай.
I лысыя двое,
былымі чынамі,
Стаяць за лабатымі качанамі.
На качарыжцы
дзяўчына так лоўка
Цану вызначае
хімічным алоўкам,
Нібы ў працвярэзніку
нумар па пятцы.
Чарга падыходзіць —
няма чаго пяцца.
Кавун пападоймішча —
хлопаюць хлопцы,
Ну, як пасля ванны малому
па попцы.
Старая мяняе
рубля каляжанцы.
Тавар свой расхвальваць
азербайджанцы.
Гранаты ляжаць сцежалела,
барвяна,
Нібы кашпукі,
што грашыма напханы.
На Усходзе
нялёгкая праца ў мужчыны —
Не разагнеш над прылаўкамі спіны.
Успыхвае шалік
у негра на шыі
Агнём,
што на дрэве не датушылі.
...З Малдовай
іскрыстая дружба старая!
I я ў мітуслівым натоўпе
ныраю.
З дарогі знаёмай
нікуды не збочыш.
Густое, заспанае
цэдзіцца з бочак
Бычынай крывёю
віно маладое.
Хвала
вінаграднаму сырадою!
Манеты выслізгваюць
хітрай лускою,
Кішэнь стала лёгкай,
а шклянка — цяжкою.
Каторая шклянка,
ніхто не пазнае,
He выдасць ні бочка,
ні восень пазная.
Нясмачная бульба —
куплю ў магазіне.
Чаго баклажан
нос паказвае сіні?
Прапала кароўка —
навошта вяроўка?
Нашто мне авоська,
скажы, Камароўка?
...Праспект павузеў,
ды адбыта радоўка,
На сёння
закончана камандзіроўка!

* * *


У лес прыціхлы
ноч уваходзіць зноў,
Вядзе за сабой
страх паганскі i лесуноў.
Возера на прагаліне
па вачах разане —
Ад зары гарачае,
дагарае на кожнай сасне.
П'яны ад багуну,
ступаю за страхам услед.
Можна на момант забыцца
на свет
Далёкіх планет.
...Бары знікаюць,
уцякаюць вадзянікі.
Бабры ўцалелыя плачуць
ля перасохлай paкі.
У дубоў векавых
адстае ад цела кара.
І поўня на небе стыне
апошняй слязой бабра.
Планета над прорван сусвету
вісіць, як над студняй вядро,
Ад жаху ядзернага
халадзее ядра нутро.
Я запаведнік зрабіў бы,
дзе б жылі вясновыя сны,
Вадзянікі i чэрці,
русалкі i лесуны.
Нашчадкі некалі вернуцца
з самых далёкіх шляхоў,
Чыстыя ад пылу зямнога
i ад зямных грахоў, —
Ім будзе незразумела,
што такое зялёная цішыня,
Адкуль была ў сэрцах прапрадзедаў
наіўная дабрыня?..

* * *


Першага снегу
Мяккі змрок,
Смелага смеху
Ціхі крок.
Лесу маўклівасць,
Цнатлівасць гурб.
Губ сарамлівасць,
Гарачых губ.
Сціхлы, ссівелы
Зімовы свет.
Уцэла,
Уцэла —
Глыбокі след...

ЗАІНЕЛАЯ УШАЧЧЫНА

Петрусю Броўку

Што шукаеш, раніца,
рукі пакрэплі?
Ачахлым вугаллем
на бальшаку
Снег лёгка вызвоньвае.
Крэкчацца грэблі
Смачна,
як свацці пасля першаку.
Аглухлі бары
ад зімовай сумоты.
Кігіканне кнігаўкі
сніць сенажаць.
Алешнік?
А можа аленяў сумёты
Прыспалі?
З'інелыя рогі дрыжаць.
Збляднелы, стаміўся
ў набегах на бераг
Завеі ўчарашняй
адчайны прыліў.
Дымяцца вярбіны
на вогнішчах белых,
Нібыта ix заяц-бяляк падпаліў.
Як зарыва ўспыхне,
на вуліцах белых
Міліцыянера
барвовы твар.
Спавіты вяроўкамі,
белы кубелак
На белых развалках
вязуць на базар.
Валёнкі не грэюць.
Кажэрка злубела —
На торг сабіралася
цётка да дня.
Хоць вочы заплюшчы —
так холадна-бела,
I белыя-белыя
вейкі ў каня.
Пытаецца аб надзеле ў нядзелі,
Ці многа ёй выдзеляць сонца,
зямля.
На яблынях галкі
азябла датлелі.
У чорных праталках
бяроз аралля.
Базар не чакае —
пасёлку не спіцца,
Дзень ціха ступае
сцяжынай глухой.
I даставак гнёзды,
нібы рукавіцы
Забытыя,
стынуць пад белай страхой.
Пад полазам белым,
з'інелай падковай
Галінкай азяблаю
крохне —
хрусь,
Як яблык, крымянае
i хрупаткое
Слова марознае:
«Беларусь».

* * *


Завеі знясіленай
млявы лёт.
Ахрыплае рэха
прастору не мае.
Застогне ў адчаі
на возеры лёд,
Заные ад холаду
ціша нямая.
Мядзведзямі — борці.
Сняць медазбор.
След палазні
прыцярушана-коўзкі.
Далёкія зоры
слухае бор,
Аглухлы i чуйны,
як Цыялкоўскі.

НА РАДЗІМЕ ДРУЖБАКА [6]

Нарачы

Узняла брыво зара —
У трывозе возера.
Чайкі жнуць у два сярпы
Чараты густыя.
Крыўду, мурава, сцярпі:
Стома
ў стозе
стыне.
І вязуць зару чаўны
Проста ў двор дзявочы.
З хвалямі заручаны
Вёслы,
Вёсны,
Вочы.

СПАДНІЧКІ


У доўгіх і змрочных сукнях
(Век — свёкар:
«І сам не гам...»)
Панура было і сумна
Вясёлым дзявочым нагам.
Бярозкамі маладымі
Высвечвалі змрок стажкоў
І гаслі ў завейным дыме
На ботах у парабкоў.
Пад хмараю сукні — сумна.
Ласкавы які мурог!
І век малады галасуе
За эмансіпацыю ног.
Не хоча спыніцца катрынка
Пра той сівы запавет.
Ды ўрэшце зірнулі з хітрынкай
Каленькі
на белы свет.
За модай паспець —
не спазніцца!
Салодкі хлапечы спадман!
Угору ўсплываюць спаднічкі,
Нібы на дасвецці туман.
Не месца тут кіслай міне.
Як сам сабе ні мані,
А ножкі ў спаднічцы-міні
Ты паспрабуй абміні.
Здаецца,
сяджу на міне.
Тралейбус
у космас ляціць.
На адуванчык-міні
Дальбог жа дыхну —
абляціць.
Ну, як абысці стараною —
Няблага на грэшнай зямлі!
Паэты
i астраномы
Ад неба пагляд аднялі...

СМЕРЦЬ ІГРУШЫНЫ


Упала з пагорка
галавою на захад,
i асірацела
роднае котлішча —
Верасовачка.
Патухла
майго маленства
зялёнае полымя.
Калі я ў калысцы плакаў,
прынёс яе з лесу бацька
і папрасіў,
каб шумела
мне
ля акна.
Не стала хаты,
бацька дамоў не вярнуўся,
а яна
так і не зацвіла
ні разу.
Вартавала мае гняздо,
стамлёныя выраі
адпачывалі ў яе на плячы.
І толькі зусім нядаўна
паспытаў я першы гарчак
(не быў і ўспамін салодкі).
...Я так хацеў сёння
ўчуць яе шум.
Няма ігрушыны —
упала галавою на захад.
Жыта пажалі:
куды ні зірні —
іржышча,
сарамлівыя пчолкі,
нахрапісты свінакроп,
бяссмертнік (яго бабуля Малання
звала хораша «цьмян»),
над галінамі некалькі каласкоў
(ледзь дакрануўся — пырснулі слёзы)
i засохлыя гарчакі.
Начлежнікі некалі
разводзілі вогнішча,
i не вытрымала сэрцавіна.
Здымаю шапку
перад патухлым
полымем.
Адзін валун у латоцы
даляжыць да другога
ледавіка.
Калі ён і зазелянее,
дык толькі ад моху.
Бывай, ігрушына,
бывай,
зялёнае полымя...

* * *


Калдычэва.
Цішыня маўчыць адзічэла.
На балючай зямлі
Толькі дрэвы
не звар'яцець змаглі.
Бярозы дзярноўе сцялі:
Уцячы б
ад жудаснай цішыні,
Ды
перапляліся з касцямі
Абвуглелыя карані.
...Зарубцаваўся палец
У даваеннай бярозы,
А памяць
дагэтуль паліць,
Марозам
працінае
Пятля драцяная.
Удавом смуткуе
бабіна лета.
Бярозы...
ці гэта
Шкілеты
зелянеюць лістамі
Апошняй надзеі.
...Хутка касцей не стане,
Дым парадзее...
А можа...
складзены не былі
Жудасныя штабялі:
бярозавае паленне,
шкілеты,
бярозавае паленне,
шкілеты?..
Не памагло
тваё маленне,
Бабіна лета.
Хай над бяссіллем сваім не ўздыхае
Ноч рабінавая.
...Жарка гарэла
бяроза сухая,
аблітая бензінам...

* * *


Хаця ў азёр
не просіці неба просіні,
Ды ў спелым жыце
ўжо відаць здалёк,
Нібыта ў кнізе года,
васілёк
Паміж старонкамі
вясны i восені.

* * *


Рэчка з возера уцякае,
А на возеры стогне лёд.
Завіруха сляды шукае,
Не знаходзіць каторы год.
З завірухі выходзяць коні
(Глуха стукаюць капыты).
Нахіляюцца над ракою,
Анямелай ад глухаты.
Раздзімаюць цёплыя храпы,
Не даюць застаяцца льду, —
Быццам ім захацелася раптам
Пастудзіць густую ваду.
I таго не ведаюць самі,
Што прыйшлі яны да ракі,
Каб напомніць
пра лёгкія сані,
Пра кажух,
пра званцы-шаргункі.

НЯНЕЧКІ


За гарадской прапіскаю
Вы ідзяцё ў нянечкі.
Вас у пад'ездах ціскаюць,
Салдаты просяцца ў наначкі.
Вас на алейках сватаюць,
Кахаюць у сціхлых скверыках.
Смяюцца піжоны цыбатыя
З «произношения скверного».
Дзябёлыя вы, як пранікі.
Цвітуць вашы вочы лубінам.
Вясною, як бульбінкі раннія,
Насы кірпатыя лупяцца.
І песню, што жала, бабіла,
Ішла басанож за баронамі,
Удовіны ночы бавіла, —
Ціха спяваеце, нібы забаронена...

ПАЛЕСКІЯ ЎРАЖАННІ

Уладзіміру Журовічу


Адвячорак
Пускай свабодна лейцы,
Пегаса распражы —
Навошта каля Лельчыц
І лейцы, і гужы?
Ласі далёка трубяць.
Мядзведзь ілбом у борць
Бабах,
і ў рэчку Убарць
Ахаладацца — боўць!
Пахілых дрэў задужжа
Над змрокам быстрака —
Нясе пяску задужа
Старанная рака.
Як нудных кавалераў,
Мяняе берагі.
Відаць, ніхто не верыў
Вірам яе тугі.
Нам цэлы луг паслалі
Гасцінныя дубы,
Хоць гавары з бусламі —
У ix мудрэц любы.
Вячэра пад дубамі.
Без юшкі — не яда.
Заскрэбча дно — дабавяць:
Ёсць рыба, ёсць вада!
Спачатку, на паспытак
(Аж сэрца пах заскроб!)
Ідзе сельгаснапітак,
Што ад усіх хвароб.
Над ціхімі дымамі,
Над Убарцю
Без слоў
Тост першы падымаем
За лельчыцкіх буслоў.
Вясной,
Зімой,
Увосень
Па даўняму шляху
Тут кожны бусел носіць
Над кожную страху
Палешучкоў крыклівых
З высокага гнязда.
Для самых сарамлівых
I двойні не шкада!
Шафёр чытае вырак
Інспектарам ГAI.
I п'е падпольны лірык
За салаўя ў гаі.
А я — каб у мядзведзя
З ілба сышоў гузак.
Памалу вечар едзе,
Як стомлены вазак.
Пяецца ўсёй бяседзе.
Даўно заход пагас.
Пасецца вольна недзе
Над Убарцю пегас...

Ноч
Так хораша басанож
Ступаць у пясок неастылы!
У сне пасміхаецца ноч —
Прыемнае нешта прысніла.
У сонныя берагі
Вярнуліся хрэсьбіны нават.
Як леташнія стагі,
Спяць коні
ў падсохлых канавах.
I гэткі настрой ляпы,
Што хочацца ў смешным парыве
Прысніць вараныя сны
На ўвітай дзядоўнікам грыве:
Таксама убачыць сябе
На ранніх лугах без аброці,
Аб ворыве, аб сяўбе
Забыцца ў начной адзіноце...
Стаілася ціш савой.
Чуваць,
Як ад Лельчыц да Хойнік
Гадзіннік пясочны свой
Паціху варочае конік.

Раніца
Хутка сонца угару налезе,
Як цыган вясёлы па драбінах.
Жмурыцца цыганіста Палессе
Вечарам чаго недарабіла?
I чакаю, зараз запытае:
— А за Гомлем людзі е?
— Драбныя, —
Адкажу.
Імжа, як вір, густая.
І плячо ў старога дуба пыс.
Досвіткам ліло —
Халодна ў рэчцы.
Будзе у бузе драмаць падоўгу —
Просяць уюноў у печцы ўгрэцца,
Гэта ім не надта даспадобы.
Пахне упрэлай купай,
Пахне сенам,
Пахне зрубам малады трасочнік.
— Што яшчэ хмурына натрасе нам?
Ластаўкі за нізкім небам сочаць.
З Убарці яшчэ не брала мыту
На паркаль вясёлка.
Спіцца ветру.
Толькі над бульбоўнікам абмытым
Узышоў сланечнік светла-светла.

* * *


Неба спахмурнелае крамсаюць
Дваццаць шэсць
ахвярных бліскавіц.
Дваццаць шэсць
бакінскіх камісараў
Навальніца
хоча блаславіць.
Не ад нафты
учарнела мора —
Ноч жалобы,
змрочная жуда.
Ніца нахілілася
ад гора
Беларусі русая вярба...

КАСПІЙ ПАСЛЯ ШТОРМУ


Другія суткі
гудзе ў вушах
Гул рэактыўны шторму.
Выбіць бы
небасхілу вушак
I вырвацца
на прастору!
Цяпер дарэмна,
маўчы ці крычы,
Не загаворыць з табою.
На бераг,
На бераг
калоды, карчы —
Моташна з нерапою...
Ды раптам развідніць
замжэлы змрок,
Спатнелы
i таўстагубы,
Як негр,
што з паўднёвых штатаў уцёк,
Усмешкаю белазубай.
Характару не пераломіць свайго
Няўцішны,
да бунту ахвочы.
Пад вечар толькі
зноў у яго
Па-славянску
сінеюцца вочы.
Коціць бурлак
Валоў валуны.
Да рання не можа праспацца.
Ракавак звон,
халодны, шкляны,
Цэдзіць праз мокрыя пальцы.

* * *


Незалежна, смуглянка, ступаеш
(У вяснушках, як зорная ноч).
Напрароч мне, не будзь скупая,
Самых зорных начэй напрароч.
Хочаш —
вогнепаклоннікам стану,
Пакланяцца пачну агню,—
Будзе ён на дарогах расстайных
Папяліць маю цішыню.
Хай ад зайздрасці вецер вые!
Найсвятым у продкаў тваіх
Быў агонь i ў часы сівыя,
Ды не той, што адзін на дваіх.
Сёння ўбачыў цябе ці ўчора?
Да бяды тут, як да вады.
Ад Баку адступае мора —
Не замыць бы твае сляды.
Каспій,
па-еўрапейску галантны,
Адступаецца перад табой.
Углядаешся —
з іншых галактык,
Можа яхту прыспешыць прыбой.
Прэч гані недавер з пагардай.
Хай звініць тваіх слоў ручэй.
Ціхай ласкаю i спагадай
Засвяці байніцы вачэй.
Паламай непрыязні стрэлы.
Мала толку ў журбе-варажбе,
Ты мяне такога сустрэла.
Хіба гэтага мала табе?
Неспакой мяне не пакіне.
Пакланяцца хачу агню.
Самаўпэўненым,
як бакінец,
Сёння быць хачу
ўпершыню!..

* * *


Можа й добра,
што сівер злы
Восень чулую дакарае,
Што далёка зімуюць буслы,
Аж, напрыклад,
у Ленкаралі.
Недзе млее ў бярозы рука —
Да вясны буслянку трымае.
Да дняпроўскага старыка
Пуцявіна ляжыць
не прамая.
Толькі гаспадарам, відаць,
Ёсць спагада ў бусліным каране.
Для чаго
Ленкарань пакідаць?
Душная зіма ў Ленкарані.
Ля свайго кружыся гнязда.
Што там думаць
пра край далёкі!
Тут усё —
і вада, і яда,
I ў адгор'ях блукае клёкат.
Я шкадую
спакойных буслоў —
Нe адчуць ім крыламі сваімі
Небяспекі вяртання дамоў.
Ix не ўзніме
Туга па Радзіме.

СУБТРАПІЧНАЯ РАНІЦА


Хоць з любой гарой
туман жані!
Мутная,
бяжыць рака Калдобня.
Прашчурам пастой у цішыні
I адчуй —
свет сустракае добра.
Хай шумяць высока трыснягі.
Ліўні йшлі —
спаўзае бераг стромкі.
Ліўні шчодрыя,
нібы багі
(Хмарам незнаёма слова
«стронцый»).
Ластаўка ля самае вады.
Б'ецца рыба
слізкая, цяжкая
(Тол глухі,
з капрону невады —
Гэта ўсё яшчэ яе чакае).
Студзіць ногі ранішняя твань.
Расхінай трыснёг заспаны,
млявы, —
I сустрэнеш сонца шчодры твар
(Потым i на ім заўважаць плямы).
Лесуном далёкім
ходзіць грэх.
А зямля зялёна-маладая.
(Піар зямны,
як грэцкі той арэх,
Скальпаваць ніхто шчэ не жадае).
Вырай скінуў мокрае пяро.
Як Адам,
чакаю, перазяблы,
Ну, калі ўсявышні мне рабро
Выламіць?
Калі ж даспее яблык?..

КАРАГАЧЫ


Жылі спакойна,
ціха,
Так ціха,
хоць заплач,
Карга-карагачыха
I карагач-каргач.
А карагачаняты
На высмяглай зямлі
Сваім былі заняты —
Шумелі, як маглі.
Іду да старажыла,
Кажу:
— Салам, стары!..
Аж голаў закружыла,
Як рыпне:
— Паўтары!
— Табе стаяць тут —
кара,
Ці ты такі багач,
Ну, адкажы мне, кара,
Шаноўны карагач?
Калі стаяць тут —
кара,
Дык звязвай хатулі.
Багаты
i не скнара —
Ад сонца затулі...
Старая, як купчыха,
Старога ў бок штурхель.
Круці,
карагачыха,
Бо карагач — круцель.
Нашто штурхаць пад бокі,
Хітрыць,
карагачы?
Вы ў спёкі,
абібокі,
Усе паслугачы.
Ну што ён
разумее
У халадку атаў,
У студзеньскай
завеі?
I я зарагатаў...
У скронях закіпела,
Нядуж, аднак іду ж.
Сланечнік
пераспелы,
Як сапсаваны душ.
Да дрыжыкаў
картава
Рыпяць карагачы:
— Завея i атава...
Цяпер
па-рра-га-чы!..

* * *


Паказала гай малады
I не хочаш мне адгукацца.
Як па першапутку сляды,
Па паляне лісты акацый.
Па паляне ходзяць лісты,
Па паляне ступае трывога.
Мы ўтраіх —
восень,
я i ты.
Пачакае да заўтра дарога!
Неспакойны заход ачах.
Не ад вечара стала золка.
Зазвінелі у тваіх вачах
Цені дрэў і нясмелая зорка.
Ці не блізкія ўчуў халады,
Што пачаў маладзік заікацца.
I дрыжаць над намі сляды
Ацалелых лістоў акацый.
Хай за Донам шумяць лясы.
Дзелім мы свой жаданы сорам.
...Пахлі вечарам валасы
I падміргвалі грудзі зорам...

СТАРАЯ ЛАТВІЯ

На выстаўцы мастака

Зэберыньша

Адчынены дзверы ў адрыне.
Вячэрняя ціш прыдрамала.
На прызбе сядзяць старыя.
Заходзіць сонца памалу.
Прыціхлі вязы ў пашане
Зялёнаю талакою.
Кот, растаўсцелы птушатнік,
Ступае па частаколу.
Галовы задралі. свінні:
Чакаюць, a ці пяройдзе?
Пасвіцца прыцемак сіні
Нa недаспелым гародзе.
За дзень жываты угрэлі
У цёплых барознах дыні.
...Высока ўзляцелі арэлі —
Ca смехам лятуць маладыя.
Унізе I вяз караністы,
I прызбы смалістая тоўшча.
А певень, як захад агністы,
Удумліва курыцу топча...

* * *


У звечарэлай цішыні
Паверыць снегу хрупаткому,
Глядзець на сонныя агні —
I не зайздросціць анікому.
Згадаць, нібы далёкі сон,
Слупоў здранцвелых перагуды,
Пагляд спагадлівых акон —
I не спяшацца анікуды.
Забыць згрызню турбот пустых,
Успомніць,
Што табе за трыццаць,
І шкадаваць,
Што гэты міг
Не зможа болей паўтарыцца.

ВЯРТАННЕ Ў ПЕРШЫ СНЕГ 1972

* * *


Радзіма,
Цябе не зламалі ыавалы.
Ты, гордая,
Моваю гневу назвала,
Каб помніў чужак,
Каб нашчадак твой ведаў:
Дзядоўнік —
татарнікам,
Шашаля —
шведам!..

* * *


Здаўжэлі ночы — выспелі касцянкі.
Прапахлі верасамі камялі.
Старыя партызанскія зямлянкі
Імхом зязюльчыным пазараелі.
Імжысты рапак апрануў дзялянкі
У шэрыя даўгія шынялі.
Ржавець абабкаў каскі пачалі.
I норах порхавак спаліў смалянкі.
Прасеку пратрасірвалі чмялі —
Бярозы пабялелі, як бяглянкі,
Слязамі лісця верас апяклі.
Зямлянкі на грудзях маёй зямлі -
Азёрнавокай, гордай партызанкі,
Як стужкі кулямётныя, ляглі.

* * *


Раённыя аэрадромы —
Заложнікі неба пагоднага...
Паветраныя паромы
Надхмар'е злянела пагойдвае.
Высока ўзлятаюць стракозы —
З аэрафлотам дражняцца.
Пасуцца бязрогія козы —
Каровы малалітражныя.
Раённыя аэрадромы.
Мокнуць спакойна дровы,
Запашаныя самой
Дыснетчаркай строгай
Зімой.
Дзядзька гасцей праводзіць,
Валачэ чамадан з «данінаю».
Пахне яблыкамі над восень.
Зазімкамі — свежанінаю...
Кабета цярэбіць касынку
(Адразу не супакоішся),
Ляціць на хрэсьбіны к сыну,
Уніз пазірае з бояззю.
Воблакі, як успаміны...
Матор, як конік, пілікае...
...Самалёт з той паляны сына
Вёз на зямлю Вялікую...

* * *


Адцвіў
з забытага раманса бэз.
Шыкуе нэмпан-ліпень з удавою...
З Наркамасветы
у Наркамсабес
Пісьмо накіравана дзелавое.
Лясамі ходзіць водгулле вайны.
A ў гэтага пісьма
Свае турботы.
У ім
Купалу «новыя адны»
Наркамасветы
просіць выдаць боты...
Вясёлыя
дваццатыя гады,
Вам спраў хапала,
Часу не хапала.
Вы думалі
Пра вёскі,
Гарады
I помнілі
пра боты для Купалы...

* * *


Спакой з лугоў плыве ў раку.
Вятрыска на адкосіне.
Самотна слухаць скверыку
Глухія крокі восені.
Ці помніш, сцежка ціхая,
Абцасікі вясёлыя?
Трывожна сэрца цікае,
З тугой гляджу наўкола я.
Міргаюць ліпы з ласкаю
Зялёнымі павекамі.
Тваёй касынкі ластаўка
Не мільгане, як некалі.
Што скверыку за розніца,
Хто зжураны, хто змораны.
Яна, вядома, позніцца,
Ён смаліць «беламорыну».
А пеўні дзень прыспешваюць
Назло хлапцам, як некалі.
Ці ж трэція i першыя
Мае адкукарэкалі?
Хіба не ўчора вечарам,
Ад радасці нямеючы,
Шаптаў табе спрадвечнае
І цалаваў не ўмеючы?..

* * *


Ласкавы змрок махнуў крылом.
Бывайце, дзённыя турботы!
I сэрцы поўняцца цяплом
I вокан залатыя соты.
Ты сёння сэрцу не пярэч.
Адпрэч сумненні i развагі.
Ноч сёння лес усіх сустрэч
На зорныя паклала вагі.
Што, Мінск-старэча, уздыхаеш?
Вякамі чуеш ты ў імгле
I нецярплівае: «Кахаеш?..»
I сарамлівае: «Але...»
Стамлёна змрок махнуў крылом.
Ноч крочыць маладой хадою.
Чаканне трапяткім сілом
Трымае сэрца маладое...

* * *


Свет захлынуўся ад святла.
Ступаў я ў твой гарачы след.
Была вясна,
І ты была.
Як снег, кіпеў вішнёвы цвет.
Не ведаў я пі звад,
Hi здрад.
Сузор'яў распазнаў сакрэт.
Твой смех звінеў,
Яснеў пагляд
Вясновы,
Як вішнёвы цвет...
Мой дзень асеніцца ў журбе.
Ліст зжоўклы — ў забыццё білет.
Гукаў вясну,
Гукаў цябе.
Як снег, апаў
Вішнёвы цвет...

РУМ 1974

ТРЫПЦІХ УШАЧЧЫНЫ


1
Пацягнуўся певень,
выгнуў зацёклую шыю i
таропка крыламі залапатаў.
Так развадняк
пасля бурнай начы ляпае
сябе па кішэнях,
спадзеючыся знайсці на піва.
Мнагажэнец i валацуга,
пявун галаву закінуў,
каб песняй, сівейшай
за туманы, уславіць
наложніц, і грэбнем
гарачым, як цыркуляркай,
неба распалавініў —
сонца з захмар'я выпала
костачкай пераспелага персіка...
Уласнага голасу
не можа наслухацца
певень, хваліцца,
што сонца вызваліў,
і сам сабе пляскае.
Ну што ж, няхай пацешыцца,
покуль ягоным крылом
прыпечак не замятуць
пасля таго, як засмажаць
яешню для госця...
Сінічка пасялілася ў садзе,
сінім званочкам звініць:
— Ці ты спіш, ці ты спіш?..
Уставай, уставай!..
Белы ручнік
перакідваю цераз плячо
і, як сват маладых,
вітаю:
Сонца i Раніцу.
2
Сені расчынены.
Стаю на парозе. Бяруся
рукой за вушак. Выхінаюся.
З гнязда пад страхой
вытыркнуўся падлётак.
Здзіўлена на мяне паглядзеў
вялізным,
спалоханым вокам.
Яшчэ імгненне —
пырхнуў,
у бульбенніку знік.
Вярнулася ластаўка
i пытае:
— Вы не бачылі, дзе мой
неслух?
Ды тут спахапілася:
— Даруйце,
вылецела
з галавы,
што па-ластаўчынаму
не разумееце...
Хацеў запярэчыць —
няма... паляцела...
Толькі гранёны келіх —
цвет гарбузоўніка — ціха
пазваньвае,
У ім прасвечваецца
калматы заклапочаны
чмель...
3
Якія толькі стагоддзі
цябе не хрысцілі
ў сваіх Дняпрах, а ты
язычнікам
так i застаўся,
Човен.
Каб сустрэліся пальцы ў малітве,
ты рукі выцягнуў перад
сабой,
славячы бога вады,
перш чым нырнуць у хвалі.
Стары паганец,
сцісні прасмоленыя далоні
i мяне напаі з прыгоршчаў...
Не пускаюць на волю.
Прыцуглены, ты мокрым носам
торкаешся ў крыссе зялёнага берага...

* * *


Ад сівых гадоў,
ад дзядоў
Для мяне ашчаджона спадчына:
Песні жніўнай смутак удоў,
Мох зязюльчын,
гняздо курапатчына;
Сіні верас
i сіні дым,
Зоркі першай драбнюткая мачына,
Яры хмель
над ярам крутым,
Галубіная мова матчына.
Не згублю яе ў тлуме дарог,
Дзе маторам вясёла грукочацца,
Боязна мне ступаць на мурог —
Прытуліцца шчакою хочацца.
Хай мяне блаславяць у нябыт
Як свайго шалапутнага хрэсніка
I яго Яснавокасць
блакіт,
I яе Ласкавасць
бярэзінка...

ШЧАВУЛЬНІЦЫ


Дуб не прыдбаў
Ані лісціначкі.
Стаіць,
Нібы Кашчэй кашчавы.
A ўжо стракатыя хусціначкі
Збіраюць маладое шчаўе.
Смуга дрымотная,
Злянелая
Пагоднее ад ix усмешак.
I пальчыкі,
Узелянелыя,
Халодзіць козытна
Узмежак.
На поплаве
Агонь уздрыгвае:
Пячы вячэру
Будзе прысак,
У дыме коні —
Дымнагрывыя.
Дым сцелецца
Па узлобках лысых.
Арэхаўна,
Замошша,
Плігаўкі —
Прыціхлі вёскі ў веснім гудзе.
Дзяўчаткі ў тумане,
Як кнігаўкі,
Стамлёны адвячорак будзяць.

НА СУСТРЭЧЫ ПАРТЫЗАН


Вецер супакоіўся на міг,
Як чырвоны следапыт дасведчаны...
— Як жа засталіся Вы ў жывых? —
Запытаў адчайнага разведчыка.
Усміхнуўся горка ў рукаў
(Пэўна, рану закрануў балючую...):
— Гэтак часта
Смерць я сустракаў,
Што адна другому надакучылі...

* * *


Віцебшчына!
Ты лесам
Не выпешчана —
Ты войнамі
Выпесчана.
Вораг
Крыжачыў
Твой небасхіл,
Спакой твой
Нішчыў.
...пясок магіл...
...пясок папялішчаў.

МОГІЛЬНІК ВЁСАК


Неба!
Спагадлівым вокам зірні.
Сакавік!
Накліч навальніцу.
Людзі капаюць.
Людзі ў aгні.
Ліўню крываваму
Хопіць ліцца!
Мары
Гараць у агні.
Мой мілы таварыш, мой лётчык,
Вазьмі ты з сабою мяне...
Хмара!
Крылом ахіні!
Песні
Гараць у агні.
А конік з вайны прыскочыў,
А па сядзельцы сарочка
Уся шпігою сколата,
Уся крывёю змочана.
А чым вымываць буду,
А чым сушыць буду?
А вымыю слязою,
А высушу думою...
Лівень,
Ласкавы, весні,
Агонь захлыні!
Казкі
Гараць у агні.
Казлянятачкі,
Белянятачкі,
Адамкніцеся,
Адапрыцеся...
Тупарылыя
Злыя каскі,
Маланка,
Пратні!
Калыханкі,
Паданні
Гараць у агні.
Сталі лапкі грэцца,
Дзе катку падзецца?..
Татары прыйшлі да нас, рабавалі, білі людзей.
За лавы дзяцей закладалі ды прыціскалі, душылі ix...
На полі бітва была. Вось i завецца яно Татарскім...
Пярун!
Па звычаю даўняму
Падкову вясёлкі сагні.
...Мірны звычай вясковы:
Падкова
Парог вартуе абавязкова.
Колькі падкоў
Чужакоў
Ржавеюць у араллі!
Падковы гора прыносілі
Маёй зямлі...
Голасу ўласнага
Болей не ўчуюць сякеры,
Кельмы.
Чаму;ж ён не гасне,
Агонь пякельны?!
...Дзень чадна датлеў,
Як счарнелы падосак.
Смутак i гнеў —
Могільнік вёсак...
Могільнік немы
Дажынак,
Дакосак...
Дзе сіроткі?
Дзе ўдовы?
Згарэў i кароткі
Месяц мядовы...
Згарэлі калыскі
I дошкі на трупы.
Хай вырай блізкі
Жалобна трубіць!
Стогнуць званы.
А з якой з вайны?!
Войны ўсе прайшлі
Па маёй зямлі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Нібы на ўтравелым дварэ,
Ракета на Месяцы
Грунт бярэ.
Месяцаход
Аблогі абмацвае.
Прагне Зямля
Інфармацыі.
Даведацца хоча
Пра суседа сусед....
Калі б пасланцы
З іншых планет
З маёй Зямлі
Грунт узялі,—
Убачылі б,
Як ён высах,
Пачулі б у ім
Пакут адгалосак,
Ачахлы прысак
Спаленых вёсак...

* * *


Навука рукае
Лаўсан i лён.
А шыбе па сэрцу —
Галінкі скробат.
У колбе
Зачынаецца эмбрыён...
Пакуль што
Яшчэ паслухмяны робат.
У лядоўнях пацее лёд.
Цёпла ад араллі.
Лысіны цёплых калод
Жывіца зрасіла.
Вар'яцее Клод,
Лётчык Ізралі,—
Хірасіма!
У мастакоў
Спалены кіламетры
Мастоў i масткоў.
А крытыкам трэба
Касмічная мерка.
Бунтуе Еўропа:
— Уцечка мазгоў! —
Амерыка.
Жмурыцца
Спелымі сотамі воск.
Босы бярэзнік
Да возера выбег.
А ў небе,
Нібыта планеты ўскрыты
Клубіцца
Атамны выбух...

* * *


А на Віцебшчыне
Даўгавечныя жыхары.
Хто не верыць,
Звярнуцца ў ЮНЕСКА
Раю.
Як па экспарт паветра:
Азёры,
Бары,
Хоць ты з раем
Спрачайся,
Партызанскі мой краю!
Пра нябесную манну
Чулі тут жыхары.
Для крутой талакі
Хата скварку хавала.
Чорны дзень
Не разлічваў на сухары,
Бо на пяты ступала
Навале
Навала.
Вегетарыянства
Было тут здаўна,
Землякам
Атлушчэнне не пагражала.
Зналі смак
Лебяды,
Крапівы,
Талакна,
Пораху прысмак,
Куродым пажараў.
Дзеда рэдка сустрэнеш —
Сівеюць бабулі адны.
Быццам сумныя сосны
У бары парадзелым яны.
Раўнапраўе з мужчынам
Войны
Далі ім даўно:
Ад касьбы,
Малацьбы
Толькі рукі нямелі.
Гадаваць,
Бедаваць —
Мелі права адно.
I падумаць пра смерць
Часу й права
Не мелі.
A лічылі гады
Ад вайны да вайны,
Прыхваткамі
Кудзелю ўспамінаў сукалі.
...Можа, прыйдуць мужы,
Можа, прыйдуць сыны,
Можа, прыйдуць унукі,—
Чакалі...

ЛЕТА


Брывей сіло
Звяло дзяўчо.
Правей сяло,
Сяло Ваўчо...
Счубацеў хмель.
Сухмень аглух.
Хмялее чмель.
Чмялее луг...

* * *


А быў я ў вясны палонны,
Ды стукалі шчасця колы:
Хоць восеньскі ліст зялёны,
Але не такі вясёлы.
Абмерлі стромы, адхоны
Маіх кіламетраў прасёлы.
Мой восеньскі ліст зялёны,
Але не такі вясёлы...
Раскручваюцца рулоны
Грамоў, навальнічных вясёлак.
Як восеньскі ліст, я зялёны,
Але не такі вясёлы...

* * *


Адказам сваім наганяюць тугу
Гады
Мітусні магазіннай.
Пытаюць:
— За кім Вы займалі чаргу?
Гады ў адказ з весялосцю нявіннай
— За гэтай дзяўчынкай...
— За гэтай дзяўчынай...
— За гэтай жанчынай
Займаем чаргу.

* * *


А выслоўе ёсць,
Шэпча дбайнасць:
«Маладосць —
Буйносць,
Старасць —
Кайнасць...»
Маладосць,
Што госць,
Птах трывожны.
Як была буйносць —
Каяцца...
можна!

СВЯТА ПЧАЛЫ


А ластаўкі белымі грудкамі
Высвечваюць рэчку да дна...
...А мне б да цябе пагрукацца.
...А ты ўжо даўно не адна...
Дарэмна я ахкаю, айкаю
У маладой журбе!
Русалка русявая,
Вайкаю
Не мне называць цябе.
...Пагоднела неба спрадвечнае,
Аглухлае ад грымот.
I, нібы бурштын,
Прасвечвала
Праменне іскрысты мёд.
Зялёны мурог —
Настольнікам.
Навошта нам з дубу сталы?
Ваколле на мёдзе настоена:
Сягоння свята пчалы!
Эстонія сонца выслала,
Каб раніца дзень пачала,
Шчырэла пчала прамысловая,
Ca святам цябе, пчала!
Тваё незамужняе прозвішча
Забыўся я — так ляпей!
А мужняе — над пагрозаю...
А слова — не верабей!
Туга двухвясёлкавай лодкаю
Плыве ў дзень,
Наўмысна малы.
Чаму ж ты з гаркотай салодкаю,
Шчымлівае
Свята пчалы?!

ТАРЫ САД


Халодных сузор'яў
Позірк сляпы —
У веснавы карагод
Не збягуцца.
У сонным садзе
Трашчаць чарапы
Яблыкаў-самазагубцаў.
Ад зімавею
Хмурыны лахман
Не абароніць
Вырай картавы.
Прыслухайся,
Як белагубы туман
Фыркае на атаву...

* * *


Шуміць за акном ліпоўнік,
Дзьмухаўцы аснежылі ганак.
Начуе зноў палюбоўнік,
Ці, лепей сказаць,—
Каханак.
Кілім па сцяне,
На канапе,
Таршэр —
Кажана пераемнік.
Мішка ў плюшавай лапе
Трымае ўспамін прыемны.
Даўно наставіла рогі
Тэлевізару тэлеантэна.
Спакой халодны i строгі
Вартуюць халодныя сцены.
Ляшчыннік са спарышамі...
Даўно быў...
Далёка дзесьці.
Адно цішыню парушаюць
Сястры маладзейшай дзеці...

* * *


Не па барадзе —
Па чарадзе
Смерць ідзе
Таксама, як сустрэчы.
Хай бы ты
У невядомым дзе
Першаму даверыла мне плечы.
Ад цябе б я
Не пачуў абраз,
Ад цябе б я
Не зазнаў знявагі,
Залаты запас свой цэніць час,—
Дробязі
Ён не кладзе на вагі.
Мы сябе не ведаем самix,
Мы мінулы дзень
Хваліць ахвочы.
Дзякуй жа за век:
За цэлы міг...
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Помню,
Днелі вочы...
...Па-дзявочы...

САНЦАЛЮБ


Прасіў у неба ясную пагоду
Шыракаскулы, смуглы, як казах.
Ад самага ўзыходу да заходу
Праходзіў поплеч з сонцам светлы шлях...
Ён выцыбаўся з усяго гароду.
На маладых шурпатых даланях
Качаў вугалле зорак па начах.
Сцярог туман, каб не забрыў у шкоду.
Ды вейкі жоўтыя згубіў. Засмят.
Як быццам шыю не варочаў зроду —
Збычэла. Гасне захад у вачах.
Сумуе санцалюб па юных днях.
Цяпер браты пазналі асалоду
Выходзіць разам з сонцам у прасцяг.

ВЯСТУНКА МАЙГО AКHA


Падагнана ўсё на ёй,
Прыталена.
У яе на лепшым з кажушкоў —
Чысціня завей,
Туга праталіны,
Сарамлівасць першых каташкоў,
Зімавога небасхілу знічка,
Толькі пра вясну звініць сінічка.

КАЗКА


Хутка крохне
Разгалае дрэва,
Падсякае яго
Яга.
Ратавацца Піліпку трэба,
Шчэрыць зубы
Злая карга.
Ды не хоча
Добрая казка
Аддаваць хлапчука ў бяду.
Жмурыць вока
I, калі ласка,—
Пасылае гусей чараду.
Апынуся
Не ў Беларусі,
A ў нялюбай, чужой старане,—
З добрай казкі
Добрыя гусi,
Скіньце мне вы
Пa пер'іне!..

ГАЛІНКА ПАЛЫНУ

Анатолю Чмыхалу

Жывуць яшчэ
Таты i хаты не помнячы.
...Пісаў у рэдакцыю
Хлопец з Поўначы,
Пісаў ні пра крыўду,
Hi пра навіну:
«Адказ не пішыце,
Прышліце
Галінку палыну...»
Чытаю пісьмо,
Запаляр'е прыгадваю.
...Сібір скаралі
Мы ўсёй брыгадаю,
Літаратурныя Ярмакі.
Высока ўзносілі пікі
Лістоўніцы —
Спакою Саян
Векавыя ахоўніцы —
Ішлі скразнякі да ix
У прымакі.
...Хвалі ад сіверу
Прытанцоўвалi.
На Енісеі —
Вада свінцовая.
А так замерзлыя азяркі
Вятры палосяць —
Чарцей загоншчыкі.
А потым пілікаюць,
Справу закончыўшы,
Галосяць настыла
Чароту смычкі.
...Нам, Толя,— помніш? —
Паказваў ты
Станцыю вечнае мерзлаты.
У лёх зледзянелы
Ідзём нясмела.
Ад холаду тут
Халадэча знямела.
(Сюды б,
каго славаю перагрэла!)
Выходзім наверх.
Як паверыць?
Малюткі,
Неба саромеюцца
Незабудкі.
Палын перагорклы,
Але павінны
На Поўначы пахнуць
Ім
Успаміны!..

MIC АЗІЯ


Прахапілася сонца.
I прамянямі сваімі раскосым!
да сонных павек дакранулася,—
Яны прачнуліся,
ад нечаканасці спалохана
крыллем залапаталі, як
птушаняты.
Глянулі вочы раскосыя здзіўлена.
Шустрыя прамянькі нырнулі ў
прадонні трывожныя i там хітрынкамі
затаіліся.
Дагэтуль.
Свецяцца...
Сонца ўзыходзіла два разы.
З-за стромых сопак паказалася першы
раз, на імгненне задумалася —
спяшацца
ў дарогу ді яшчэ пачакаць, ды яго
затрымала хмурынка — твая далікатная
сукня. I другі раз затрымала таксама.
Два даспелыя сонцы
сукню паляць тваю дагэтуль, сэрца
апякаюць шчасліўцу,
якому лёс над добры настрой дазволіць
цябе прытуліць. Твае галапупыя
немаўляты — смуглыя, бо смокчуць
смагла
раткамі ружовымі два шчодрыя
сонцы
i самі ля ix смуглеюць,—
міс Азія.
Калі тайфун, не помню які (у ix
жа ва ўсіх імёны жанчын
пяшчотныя),
лашчыў нас, як барсук дзяцей сваіх, я
прыгадаў цябе,
міс Азія.

АРЛІНАЯ БАЛАДА


Пяро арла абронена
На маладыя скалы.
Спакойнае Пароніна
Наведаў сон ласкавы.
Мяцеліца заспаная,
Ты ўжо сваё адпела!
Плывуць хмурынкі паннамі.
Шуміць
Дунаец Белы;
Перабірае ў роспачы
Каменьчыкаў ружанец.
A ўсё яшчэ мароз пячы
З падхмар'я пагражае.
Прадвесне рэвалюцыі
Змяло самадзяржаўе
Зімы!
Бунтар хвалюецца —
Ён больш не катаржанін!
Няхай сабе дунаіцца,
Між хмурых стром прастуе.
Хіба пазней дазнаецца,
Хто піў ваду крутую...
З чыйго чала,
Світальныя,
Сплывалі хмары стомы.
Чыіх вачэй
Праталіны
Развеснівалі стромы...
Світаюць Татры скронямі,
Дзень ясным вокам глянуў.
Не ведае Пароніна:
«Цо то за пан Ульянов?»
Звініць крыніца-бруіца,
Мячэўнік выгінае.
А рол на ўсход кіруецца,—
Арліць бы з ім з выгнаная!
Арол крылом пагойдвае
Над кручай нелюдзімай.
Калі ўжо дзень пагодлівы
Устане над Радзімай?!
Напяты промні лінамі.
Ясней,
Блакіт прагалін!
Для дум —
Пяро арлінае.
Ля хмар
Снягоў пергамент.
Паклон арлінай вольніцы!
Вяслуй сабе шырока!
Тут
Без тугі-канвойніцы
Адзін не ступіш крону.
Чакае грому з ліўнямі
Вясёлы куст ажыны.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Сустрэнуцца з арлінымі
Выгнанніка сцяжыны!..

* * *


Рэкі ўсхадзіліся — досыць, спачылі!
На звонкія крыгі апрыклы склеп!
На мокрым лузе статак шпачыны.
Цвіце, захлынаецца кураслеп.
Недзе ляціць спадарожнік на Месяц.
Тут бусел, спрадвечны, як белы свет,
Балацявінку зыбучую месіць,
Ідзе за цыбатым цыбаты след.
Баіцца жаўрук, што яго не пачулі;
Спрадвечную песню пяе вада.
Кнігаўкі, верныя звычцы матулі,
Адводзяць бяду ад свайго гнязда.
Ранак вясновы.
Высновы Айчыны.
Падзолістых скібаў
надзённы хлеб.
На мокрым лузе статак шпачыны.
Цвіце, захлынаецца кураслеп.

KOЛAC HA КАМЕНІ


Колькі ix, заклятых,
Hi кляні,
«Камяні растуць»,—
Дзяды сцвярджаюць.
I куды ні глянеш —
Камяні.
Камяні.
Якія ж ураджаі?!
I вядзе,
Бы ў казцы,
Парсюка
Воўк у госці да сябе —
За вуха.
I аб востры камень асака
Вострыць лёзы
Асака-разуха.
Загалосіць спуджана сава,
Лось, як князь,
Пасунецца памалу.
На адведках запяе ўдава,
Гэтак да вайны яна пяяла:
— Асаку
Пасяку,
Траву паламаю.
Мужа спаць накладу,—
Сама нагуляю!..
Тут шчырэлі ў лівень
I ў сухмень.
Валунамі горбіліся ўзваллі.
Працадзень,
Нібыта зайцаў цень.
Мільгануў —
I памінай як звалі!
Ураджай —
Свірэнка ды гірса.
Выручала бульба
Дробна-мала.
Васількоў даверлівых краса
На касаваротках дагарала.
Прадаваць бы кветкі —
Справа дрэнь:
Нюхай сам
Ды лесуном галёкай.
Кветкавы
Трывалы працадзень,
А да Мінска
Трошачкі далёка...
Тут,
У партызанскай ста ране,
Цень уласны
Нёс адплату кату.
Ды ляжаць
Валун на валуне.
Кожны з ix,
Як гарнізон закляты.
Лусце жытняй
Ведалі цану.
Ураджай
Паціху ўгору тэпаў.
Недзе абжывалі цаліну —
Залатое дно
Казахскіх стэпаў.
Выспела маліна —
Пах такі!
Захмялелі
Лесавыя далі.
Неяк цыганы-вербаўшчыкі
У куток зацішны завіталі.
Цаліну расхвальваць пачалі.
Там такія булкі,
Караваі!
Лепшая зямля
На ўсёй зямлі.
A ласункаў —
Як душа трывае!
Там не трэба ўжо
Махаць касой,
Там машынам
Не хапае працы.
Раюць «цыганы»,
Каб вёсцы ўсёй
У цалінны край
Перабірацца.
Уздыхнуў з палёгкай
Сельсавет:
«Хопіць быць
Апошнімі ў раёне!»
...Толькі ж цаліна —
Не блізкі свет.
Толькі ж у каршэнь
Ніхто не гоніць...
Край на хлеб благі,
Ды дарагі,
I што ты
Не пакінеш з ходу.
Думалі старыя
Дзень-другі,
А пасля звярнуліся да сходу.
Каб душу не камяніў дакор,
Не смакуйце
Ячную аладку.
Парашылі сходам
Хадакоў
У далёкі край
Паслаць спачатку.
Конi,
Цягнікі,
Грузавікі
Везлі хадакоў
У край гарачы.
...Вось i стэп.
А тут абсяг такі,
Што, здавалася,
Палік убачыш...
Сцелецца сабе
Кавыль-бабыль.
Выскачыць,
Як мыш-палёўка,
Суслік.
Дзе тут небыліца,
Дзе тут быль,—
Цяжка развязаць
Няхітры вузлік.
А бурты —
Шырокія хрыбты,
Быццам сцірты яравой саломы.
Захлынаецца ад духаты
Зерне,
Бьщцам боб.
Куды там дома!
Тут такая тлустая зямля,
Хоць кладзі на хлеб
Заместа масла!
Тут прыкурыш,
Як ад вугаля,
Ад пясчынкі,
Што i ўноч не гасне.
...Сельбішча лясное —
Асавы!
Там бруіцца
Ціхая крыніца.
Зайцаў плач,
Кугіканне савы
На патэльні стэпу
Толькі сніцца...
Родзіць добра ўсё
На цаліне,
Для душы адно
Не знойдзеш месца,
Хай там
I валун па валуне,—
Дома салома ядома,
A ў людзях
I сена не есца!..
Хай там
З асцюкамі праснакі!
Тут жа каравай
Глядзіць з дакорам.
Нас зямля карміла
Ў час цяжкі,
Пакідаць,
Знясіленую,—
Сорам!
...Бор шумеў
Пра клопат векавы,
Прамаўчаў ён
Пра сваю нязгоду.
Радасна сустрэлі
Асавы.
Хадакі
Звярнуліся да сходу:
— Нам шукаць
Багатае зямлі?!
Ці ж сваю
Мы самі не налюдзім?!
Ворага змялі
З сваёй зямлі,
Уцякаць ад камянёў
Не будзем!
...Край крынічны,
Звонкі,
Лесавы.
...Крушні мшэюць
З зайздрасцю тупою...
...Поле маладое...
АСАВЫ!..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Не дастаць да коласа рукою...

МЯККІЯ РУКІ

(З народнага)


Па белым свеце
Жылі дзве сяструлі..
Аднаго бацькі,
Адной матулі.
А лёс, як звычайна,
Дзяліў адпаведна:
Багацце — багатай,
А дзеткі — беднай!
А песня-забаўка
Ліха гукала,
А песня спявала
Сваё памалу:
— Люлі, люлі, малое,
А налета — другое.
Люлі, люлі, Несцерка
А налета — шэсцерка
Сястра багатырка
Ўзяла немаўлятка.
Малечы цётка
Стала за матку.
I год праходзіць,
Другі мінае,
Дачушку маці
Штодня ўспамінае:
«Як там яна
У багатай хаце?..»
Пайшла праведаць
Дачушку маці.
А вузкую сцежку
Сляза звужае.
Прыйшла не як маці
Як цётка чужая.
...А частавалі
Сытой салодкай.
Ідуць праводзіць
За рэчку цётку.
А цётка просіць
Багатую матку:
— Малую перанясу
Цераз кладку.
Малая й кажа
(А словы з дакукі):
— Мама,
A ў цёткі
Мякчэйшыя рукі...

БЯРОЗА З ЛІСТАМ ГАВАРЫЛА....

* * *
Веюць ласкай
Вятры заходнія.
На яблыні майскай
Шпак заходзіцца.
Сплылі, як крыўды,
Зялёныя крыгі.
Шпак з асалодаю
Сушыць крылы.
Вяз зацвітае
Цветам спалоханым.
Дом на ўсе дзверы
Уздыхнуў з палёгкаю.
Сцежка да кладак
Травой пазначана.
...Дзень добры,
мама!
Паклон,
Ушаччына...
*
Што смуцен,
родны бор?
Даўно цябе не бачыў.
Ну, як твой смалазбор,
Падсочаны бядача?
А дзяцел хай дзяўбе,
Тут клопат невялікі —
Выслухвае цябе,
Як кажуць, для прылікі.
І захлынае дух
Маліннікам гарачым.
Мы зноў з табою ўдвух.
Цяпер мы болей бачым.
Да сівізны змала
Згадаў свае шляхі я.
I сочыцца смала
У набіркі глухія.
Цецеруку-царку
Хай такавішча спіцца.
А я згадаў царкву
І тую ашчадніцу.
Цяклі так медзякі,
Цяклі на адбудову.
Званы, нібы дзякі,
Пабомквалі часова.
Цякла смала,
Цякла,
У набіркі нявінна.
Была царква,
Была,—
Засталіся руіны...
Ты нервы ўсе напні,
Як трэба перад скопам.
А потым
Будуць пні
Ахоўвацца законам!..
...Дакорам не крану,
Падзякай не зазначу,
Што дошак на трупу
Для маці даў, зямляча.
Згарбела баразна.
Навек засмяглі губы.
Над ёй шуміць сасна —
Дачка твая, мой любы.
Ты з лесам не хітрун,
Вястун зеленачубы,
Паменей ведай трун,
Часцей кладзіся ў зрубы!..
*
Падае,
Падае лісце...
Час — малады нігіліст.
I сам ападу калісьці,
Як пераспелы ліст.
Адсякае далоні
Кляпам
Лістабой.
A калі нам
З табой
Сустрэцца там,
Дзе сустрэч няма,
Дзе не выгукнеш нават
— Ма...
Мама,
Не скажаш
«Сынок»
Таксама.
...Без просу заходзіла
Восень у ceні.
Я помню голас
Песні асенняй:
«Бяроза з лістам
Ужо восень гаварыла:
— А мой лісточак,
А мой зялёненькі,
Ты ж мяне пакідаеш...
— Нябось, бяроза,
Нябось, белая,
Я к табе вясной буду,
З табою шумець буду,
Цябе зеляніць буду...»
...Сёння.
Было гэта ўсё
Калісьці...
...Падае лісце...
*
Прамень,
Гасподу займай!
Дзень самапасам падрос.
Сонца на лета,
Зіма —
На мароз.
Зімовы сонцазварот
Сонцу дае правы.
За справу бярэцца
Год...
Закасвае рукавы.
Рупіцца
Юны год,
Год без цябе другі.
Год
Маіх злых нягод,
Год
Спалынелай тугі.
Мама...
Пад сэрцам лядзень.
Мама...
Тугу не суроч.
Мне
Самы кароткі дзень.
Мне
Самая доўгая ноч...
*
У выдмах захмарных
Завея ведзьміцца.
Змрок выплывае,
Нібыта з нябыту,
I поўніць коўш
Вялікай Мядзведзіцы,
A коўш высока
Палярнай зоркай прыбіты.
Праз ноч усю доўга
Долу
Хіліцца
Коўш,
Каб выліцца
З вышыні
У мяккі кош
Досвіткавай цішыні.
Змрок агортвае
Магілу тваю
І маю душу.
Таю
Крыўду агорклую,—
Ніяк яе не задушу!
Змроку адчаю майго
Балюча карэць.
Наканавана так на вяку.
...А ў нашай хаце карэц
Вісеў на драўляным суку.
Мы чэрпалі з вядра нетаропка
Маладзічкоў ільдзінкі
Дзінькія
І зорак кроплі.
Ды болей карда няма ўжо,
І цвік драўляны зламаўся.
У студні памяці
Вада ўспамінаў ледзіцца.
А коўш Вялікай Мядзведзіцы
Вісіць трывала —
Палярная зорка
Трымае...
*
Абнашчылася вясна
Дожджыкам мглістым,
Свістам.
Шчадрэе вясны казна
Романам зеленалістым.
Дзумкае хрушч-нелюдзім.
Гром справіў
Зялёныя ксціны.
На ганку з мамай сядзім.
Зімовая ў мамы хусціна.
На ганках
Драмалі суботы.
А наш
Пераступалі турботы.
На людскіх
Гавелі нядзелі,
На нашым —
Зрэдчас сядзелі.
Дзумкае хрушч-нелюдзім.
Трывожна з мамай сядзім.
Кажа,
Не ўзняўшы воч,
Здаецца,
Сябе не чуе:
—А нехта ж
Першую ноч
На могільніку начуе...
*
Спіць могільнік
У духаце.
Хто часты дождж разленіць?
У нагах матулі зацвіце
Разгублены ядленец.
Абначаваць на наплавах
Грамам за ціхай рэчкай.
І матылёк у галавах
Усхліпне
Кволай свечкай.
Касой зазвоніць сенакос
Ад палыну прагорклай.
I жылкі сінія стракоз
Заб'юцца над пагоркам.
А восень дагарыць
Датла —
Чакай завейных чаіц.
Вачніца ўпалая дупла
Напоўніцца адчаем...
*
Шчодры голас твой
Чуў паўсюль я,
Баравін ушацкіх
Зязюля.
Што ж ты сёлета
Зычыш мала
У дзень нараджэння мамы?
Невяліка
Тваё вялічча.
Ты гадоў
Нават тых не злічыш,
Што забрала
Бяда-набіруха,
Што адкрыла
Чорная скруха.
А гадоў тых
Было замнога
Не за морамі,
Не за барамі.
Не схацела дзяліцца са мною,
Мама
Горазсабой забрала.
Мама звала цябе
Кукулка...
Мякка сцелеш ты,
Спаць ёй мулка.
...Грабовы дошкi
Сцiснулi ножкi...
Сырая зямля
На сэрца лягла...
Сляза гаручая
Пяску адчаю
Намые.
Песня сірочая
Не адчыніць
Дзверы нямыя:
Няма ў ix клямак.
I няма тых крамак,
Дзе прадаюць мамак...
Хатуль свайго смутку,
Болю
Забіраюць матулi
З сабою.
Нам яны пакідаюць
Свет белы,
Каб зязюлі гады
Нам
Лічылі.
Зямля наша пагарбела —
Магіл хатулі
За плячыма...

МАТЧЫНЫ ПЕСНІ


* * *
Абняла вясёлка
Сем сёл
З прысёлкамі.
— Чаму, селязень,
Смуцен, невясёл,
Хіба лета золкае?
— А як жа мне быць
Вясёламу,
Не магу пазбыць
Свайго сораму.
Учора
Звячора
На моры быў,
Качачку сачыў,
Глыбіні злеціла
Лецейка.
На моры быў,
Качачку сачыў.
Сягоння рана злецела.
Хваля белая
У бераг плёхкала,
Холадам абдало
Крыло.
Каб далёкая —
Жалю б не было.
А то ж качачка ад мяне
На трэцім кусце
Купаецца,
Ныраецца,
Мне, селязеньку,
Наругаецца.
Выграбалі весляры
Мора ў сто вясёл.
— Чаму, хлопча, гавары,
Смуцен, невясёл?
— А як жа мне быць
Вясёламу,
Не магу пазбыць
Свайго сораму.
Учора
Звячора
У сватах быў —
Дзяўчыну запіў.
Заходзіла сонейка —
Суліла ясны дзень.
А мая зараначка сёння
За другога йдзе.
Нездарма ўначы
Сава галёкала,
Гуло
Дупло.
Каб далёкая —
Жалю б не было.
А то ж дзяўчына ад мяие
На трэцім дварэ
Умываецца, выціраецца,
Мне, маладому,
Наругаецца...
*
Верабеечкі
Чы-чы, чы-чы.
А я, молада, ўсё плачучы.
Ці харты пацямне
Бяды наяхкалі,
Што свякроў у мяне
Ніякая!
Аблачынка падталая —
Белая плотка.
Свякроў загадала
Рабіць работку.
Рабіць работку,
Ды не ў ахвотку —
Сэрца баліць:
На моры бяліць
палатно,
На лесе сушыць,
каб было ладно.
На небе качаць —
да зары канчаць.
У арэшак складаць,
як пачне халадаць...
Палатно, лайно
Ад слёз намокла,
я ж не качачка плысці па моры.
Не лютуй, не злуй, свёкар-сівер,
я ж не сонейка хадзіць небам сінім.
Зашумі, дубровачка, як шумела ў маі,
я ж не вавёрачка — арэшкаў не маю.
Сама пайду дарогаю,
Голас пушчу дуброваю.
Няхай голас галасуе,
Няхай мяне мамка чуе.
*
Воды збеглі з гор.
Расталі гурбы.
Я ў цёмны бор
Пайшла ў грыбы.
Пахла апенькамі
У трох каша лях.
Я, маладзепькая,
У пір зайшла.
У пірушачцы
Смаляныя лавы ўсе.
А хай яго паляруш —
Загулялася!
У страха вочы па яблыку.
Дамоў ісці пабаялася.
П'янае піва.
Госці памоўклі.
Пяе певень —
Не йду дамоўкі.
Брага ў берагі
Б'е, мядовая.
Пяе другі —
І не думае.
Заняўся золак —
Я
Іду вясёлая.
Каб не рыпнуць,
Адчыняю вароцечкі.
Мілы ў пярыне
Варочаецца.
Не падымае воч,
Пытаецца:
— Дзе была ўсю ноч,
Шалтаіца?
— Мой міленькі,
Пад лавай
Шукаеш тапор.
Усю ноч спала
За табой.
Ці ты па вясне
Адурачыўся,
Што ўсю ночку ка мне
Не абарачваўся?..
*
На куце,
Як на пакуце.
Хмель, што за сталом цвіце,
З радасцю пакумце!
Сяду я на куце,
Рукі закасаўшы.
Стаіць мілы на парозе,
Ён шапачку зняўшы.
«Дзякуй табе, мая міла,
Што не дужа біла.
Куплю табе гарчык мёду,
Конавачку піва...»
Я ўпілася на мяду,
Дамовачкі не дайду...
Ёсць у мяне маладзец,
Ён дадому завядзець...
Малады табе не роўня.
I не знойдзеш горшага.
Дай яга бог яму здароўя
З жабіны прыгоршчыкі!..
А з цябе такой карысці!
Пачакай — пацешу...
Шапкай боцікі мне чысці,
Размятай сцежкі.
Ды старайся, чорт рагаты,
Падмятай чыста.
Сцежка колькі дзён да хаты
Западае лістам...
*
Удава —
Бяроза без верху.
Адной бедаваць
Да веку.
Удавіная —
Доля савіная:
Што ўхопіць,
Toe ейнае.
За ельнікам,
За бярэзнікам частым
Абначавала шчасце.
Нa ўдаву —
Бедную галаву,
Толькі злая слава.
Без сакала пава.
Кожная,
Як скала,
Хмары густыя.
Якая яснага сакала
Пахавала,
Не знае.
Стыне
Пасцель пухавая,
Вячэра сахарная...
Поле ўдоўчына
Мядзведзь
Карчом арэць,
Барануець воўчанька...
Зялёнае поле
Засяваецца болем,
Родзіць лебядою,
Жнецца бядою...

ЗАЙМІШЧА Пачатая кніга

* * *


Які ж ён быў зыркі,
што ад яго
I сёння светла
шару зямному;
Які жыццядайны,
што й сёння яго
Помняць, хто зведаў
смагу i стому;
Які балючы,
што й сёння смыліць
Сэрца па тых,
хто не прыйдзе дадому,
Салют сорак пятага...

* * *


Зноў тлее ля ціхіх стрэх
Маладзічковы лучнік.
З даверлівай ласкай снег,
Як з матчыных рук ручнік.
Забыты санет саней
Звініць,
Не зважае на спех.
Не дыхай,
Як вяз з'іней,—
Абы не спалохаць снег!.
Сарвуцца зоры з арбіт,
Папросяцца на начлег.
I боязна
Крок зрабіць,
Вачыма абразіць снег...

* * *

Кайсыну Куліеву

Няма парода ў малых —
Бываюць малыя паэты.
Паэт — неспакою слых:
Ён чуе травінкі ўскалых
I грукат сэрца планеты.
Будзь сынам у шчасці и журбе,
Хай шчодрыцца сціплая праца,
Хай зайздрасць душу не шкрабе,
Народу сплаці, што табе
Дазволіў паэтам назвацца!
Залётнага ветру павеў
Не ўхмарыць крамянага лета.
Скептыка выналі, гнеў,—
Каб вывучыць мову схацеў
I думаў на мове паэта!
Паэтава ймя нездарма
Край носіць, паэтам апеты.
А песня не носіць ярма.
Народаў малых няма!
Бываюць малыя паэты...

ЯРАСЛАЎ ВАСІЛЕВІЧ


Як i віцебскі апошні ўдзельны князь,
Яраслаў Васілевіч таксама.
Віцебскія мальцы —
блісь ды ясь! —
Паясы маланак з кутасамі.
Віцебскія йдуць насмеляка,
Вочы тояць смутак васільковы.
Цвіль i кволь баяцца смаляка,—
Смеляковы ўсе ды Смаляковы!
Не звялі тут род свой кавалi,
Лес не дужа песціў, болей шкўрыў.
Смалакуры смалякі былі,
Край не ведаў фіміямакураў.
А Ярыла рэха з яра слаў,
Ярына на ярышчы ярэла.
Рос патомны княжыч Яраслаў,
Вёсен разгайданыя арэлі
У захмар'ё ўзносілі пасля,
Апускалі ў затаеж густую.
Весніх год бясхмарная зямля
Снегіром маленства грэла ў студзень.
Ён адкуць i разагнуць умеў
Слоў маладзіковыя падковы.
Гнеў, як бор,
па-віцебску шумеў.
Час спыняла слова Смелякова!

ВЫКЛАДЧЫЦЫ РОДНАЙ МОВЫ


Выкладчыцы роднай мовы,
Настаўніцы сельскіх школ,
На вас
І каровы,
І дровы,
Нагрузак няўдзячных
Падзол.
Падставіць гатовы
Плячо вы
Пад зруба вянец цяжкі.
Нясеце
Наказ Ільічовы
На мове вякоў
У вякі.
У кожнай хаціне —
Вы дома.
Жыццё ваша ўсё на вачах:
Любому вяскоўцу
Вядома,
Што ў печы ў вас,
Што на плячах.
Люстэрка?
Калі ў яго глянуць?
Клапоты,
Турботы
Штодня...
Каравыя рукі сялянак
I ўзнёслых вачэй чысціня...

ХЛЕБ


Жыццю и жытлу дало аснову жыта.
Абжыты — значыць, каласіцца стэп.
Вязьме — нібыта вечнасці арбіта.
Завязваецца зерне не з хвалеб.
Дарога промнем коласа прабіта
Да зор праз небыцця иастылы склеп.
Бярэцца працай з хлебароба мыта.
Біў на таку свой лоб спрадвеку цэп.
Калоссем герб абвіт, зямля спавіта.
Надзённы хлеб — патрэба ўсіх патрэб.
Гірсу не варта прасяваць праз сига.
Ад сонца сейбіт слеп, ад золі крэп,
Каб з родных ніў на стол лёг самавіта
I думкі дніў, як праца, чэсны хлеб!

КОНЬ

Памяці А. К. Глебава

Стэп скапычаны,
стэп гарачы
Перасмягла трызніць вадой.
Чорны воран у небе крача,
Воран кружыць
чорнай бядой.
Чуе стэп,
як далёка недзе
Уздыхае стомлена бой.
Ноч на клячы кульгавай едзе,
Забыццё вядзе за сабой.
Не дагоніш свайго атрада.
Засцілае вочы імгла.
I знямога
чорнаю здрадай,
Непрыкметная,
падпаўзла.
Маладзік пазірае крыва.
Абвуглена юначая скронь.
I,
вятрам даверыўшы грыву,
Над будзёнаўцам
плача конь...

* * *


I
Вочы твае
Нада мной узышлі
Сузор'ямі цішыні,
Сусветамі дабрыні,
Покуль ёсць яны —
Мне на зямлі
Светла,
мама...
10.VI.1966
II
Цяжка запамінаю,
Як па бацьку завуць
Маці друга.
Ці таму,
Што лішні раз
Хочацца вымавіць
Балючае
I жаданае слова:
мама?..
11.V.1974

* * *


Выходзячы з хаты:
Печ засланіць,—
Каб людзі не разяваліся,
Пасядзець маўчком,—
Каб пашанцавала,
Першага сустрэць чалавека —
На ўдачу,
Маладзіцу —
Непажадана.
Заслонка бразнула,
Мама выбегла
I закрычала —
Ішла
вайна...

* * *


У зажураным садзе
п'юць сінічкі гарбату.
Звоняць лыжачкі
ў ценькія сценкі шклянак.
Зноў адзін пакідаю
матчыну хату,
Ганак самотны,
журботны ранак.
З утрапёным даверам
гляджу навакола:
Серп сагнуўся,
ржавее пагбаная міска...
Надпіс прыгадваецца
на браме касцёла:
«Ціха, Бог блізка...»

МАМА


Нa Бутаўшчыну,
За раку
Спякотным днём праводзілі
Знаёмыя, суседзі —
Народа сцяг.
А дні не шчасцілі,
Ані пагодзілі.
Пажыла,
Як пабыла ў гасцях.
Пасядзела з прыхаду —
Не на куце,
Не тое каб не ў крыўдзе,
Затое — ў цеснаце.
Ні той спагады,
Ні парады,
Aнi шáны...
Хіба што прыказка
І суцяшала:
— Добраму чалавечку
Добра i ў запечку,
А якой благаце
Блага i на куце...
Папераносіла азёры вёдрамі,
Шчыравала —
Сшаравала гаі гальнёў.
Зайцамі ўцякалі
Словы добрыя.
А словы злыя ўслед —
Ваўчынаю гайнёй.
Залёг адчай
Мядзведзем у ламу.
Не было каму
Плячо падмяніць.
Дзявоцкая песня ішла з-пад Мяніц:
— Hi я ўпіла, ні я ўела,
Hi добра ўхадзіла,
А я ж свае маладыя леты
Дарма патраціла...
I тлумна i пыльна.
На каго наракаць?
Каго клясці?
Не да сну —
Не ад бяссоння.
Цапавільны,
Тапарышчы,
Касавіліны —
Як вырабы са слановай касці:
У музей хоць сёння!
Была й паветачка хаткай,
Была й суседачка маткай.
Закацілася ў журбе
Балючай знічкай.
Мама,
Сцежка да цябе
Не зарасце бруснічкай...

* * *


Цябе я з жыта вырываў,
А з сэрца выпалаць не ўмею...
Максім Лужанін. «Васілёк»
Малаточкам гручыць кавалёк,
Так па-ўшацку завецца конік.
Жытні колас i васілёк —
Вы з маіх лугавых летахронік.
Васілёк-вугалёк не звялі —
Сарамліва сінее ў жыце.
Жытні колас — аснова зямлі.
Васілёк — туга па блакіце.
A паўдзён у лугах залёг.
Колюцца асцюкі i промні.
Жытні колас i васілёк
На кашулі бацькавай помню...

ЗЯМЛЯ БАЦЬКОЎ


Слязіна ўдзякі,
Позірк мглі,
Радзіце, каласы i травы.
Быць чалавекам на зямлі
Зямля бацькоў
Дала мне права.
З рэк піў,
Еў хлеб без асцюкоў,
Не даланіў меч,
Лашчыў рала.
Бацькоў
Дала зямля бацькоў.
Бацькоў
Зямля бацькоў забрала.
Яе, суровую, а дну
Люблю я не па абавязку.
Прымаю, як i ў даўніну,
I гнеў нябёс,
I казкі ласку.
За дым кастра —
Паклон быллю,
Раллі —
За цёплы след каравы.
Зямлю бацькоў
Я так люблю,
Што ненавідзець
Маю права!

* * *


З лугавін забытых драч
Кроіць змрок густы на мех,—
Цяжкі, як адчаю плач,
Лёгкі, як забавы смех.
...Познім вечарам ля Ўшач
Я ламаў журлівы вех,—
Цяжкі, як расяны плач,
Лёгкі, быццам зорны смех...
Баразною шлях мой знач,
Строгай памяці лямех,—
Цяжкі, як матулі плач,
Светлы, як дзіцячы смех...

ВОЗЕРА ЗВОНЬ


Не плоціць мурагам арэнды,
Палоніць ласкай абалонь,—
Як затанулы звон з легенды,
У зялёны бераг звоніць
Звонь.
Вятрэц-хітрэц
з зялёных сховін
Аб корч замшэлы вытне лоб.
Ваду, як хорт,
хлябоча човен —
Далёка чуецца прыхлёб...
Хмель прыбярэжжу шэпча:
«Лезу!..»
Не ціхне туркавак дакор.
Ноч белабрысая
ад бэзу,
I белазорая
ад зор.
Дай бераг выглядзець шырокі,
Світанне,
сені расчыні:
Бярозы змоўклі... як сарокі
У верасовай гушчыні...

ЛАЗНЯ БЛАКАДНАГА ГОДА


Пасам маланкі лясне,
Забурчыць раззлавана гром.
Няўжо гэта зноў у лазню
Ісці з пагбаным вядром?..
...Хоць аглушы цалёўкай,
Хоць розгай азадак ксці,
Мужчынам,
Нам дужа нялоўка
З бабамі ў лазню йсці.
Абапал дзядоўнік i быльнік
Мараць аб уцекачах...
Змушае счарцелы прымыльнік
Раздзявацца на злых вачах.
Восілка спуджана бразне.
Ахопіць перапалох.
Хаваеш сваё падрабяззе,
Пакуль не схавае палок...
Не ведаючы благога,
Кідае смех пад шум,
Анекдот смяецца з глухота:
Як варам лiнулi —
Пачуў!..
Няма тут ні просьбы, ні грозьбы,
Hi педагогікі —
Чорт вазьмі!
Гаворыць канкрэтна розга.
I мыешся ўволю слязьмі.
A Мельнікава брыгада
У Глыбачцы акурат,—
Там бацька...
Ён даў бы рады,
Навёў бы адразу лад...
Пасля вайны не зайздросціў,
Хто з бацькам у лазню ішоў:
Дуросці поўныя косці —
Венік, як жмук вужоў!
Як сам —
То дарослы нібыта,
Вартаешся горда адзін.
Хоць шыя i вушы не мытыя —
З мужчынамі
У лазню хадзіў!..

БАРАВАЯ ПЕСНЯ


Просіць заяц na расіцы
Узаемнасці ў лісіцы.
А рыжуха баравая
Вочы лапай прыкрывае.
Валацуга баравы,
Да ласух падкі,
Пераскочыў бы равы —
Плачуць зайчаняткі.
Гаспадар з цябе такі,
Што ў катле пуста,
А свае ж баравікі
I свая капуста.
Як прыджгаеш на абед,
Скосіцца зайчыха.
Ападзе з расою след.
Гэй, сарокі,
ціха!..

ПОЛЬКА


Угінай, загул, масніцы!
Позні час прыпеўцы сніцца...
— А хто полечку танцуе,
Той багата не жыве,
Ён апошнюю кароўку
На падэшвы прадае...
Дзе падбойкі?
Дзе апоркі?
Во навалам — мікрапоркі!
Шэйк і твіст...
А тупат полькі
У прыпеўках глухне толькі.
— Ой ты, полька-тармасуха,
Дождж ідзе, дарога суха...
Не ўтрываеш у спакусе,
Баламут, не баламуць!
Я прачнуўся,
чорт не біў яшчэ ў кулачыкі
А не сам я трасуся,
Мяне чэрці трасуць,
А малыя чарцяняткі падкалачваюць!.
— Ой, дзяўчына, чыя ты,
A ці пойдзеш гуляць ты?
— А што табе, чыя я,
Пойдудь людзі,
Найду й я!
Я дачка Аксінніна
I крыху Арцёмава.
Вочы не падсінены,
Бровы самі цёмныя.
Не xадзі пацёмначы,
Пра бацькоў не помнячы.
Добрыя ў бацькоў намеры,
Толькі трэба й супрацьмеры:
Дзверы
Я зраблю з паперы,
Каб хадзілі кавалеры:
Бацька дома не начуе,
Маці глуха — не пачуе!
Аж цямнеецца ўваччу,
Я скачу й скакаць хачу.
Ой, наскачу, наскачу
Свайму бацьку-смаркачу,
А мамачцы-любачцы
Прынясу я ў люлечцы!
Павяла брывом Паліна —
Усіх паглядам апаліла.
Хай дрыжаць
I сват i зяць!
Пайшла Полька жыта жаць,
Хоць забыла серп узяць,—
Покатам снапы ляжаць!
Не шавеліць кволенька,
Песня цвеліць з поленька:
— Ой, Поленька, Поленька,
А што ў цябе голенька?
— Не брашыце, зладзеі,—
Занялося кудзеляй!
Ай, частушка, ай, частуха!
Павяла плячом таўстуха:
— Танцуй, танцуй ды прыстой,
Караценечкі з таўстой!
Як не схопіш рытму спрытам —
Абначуеш пад карытам!
Пяты б'юць маланкай колькі.
Полька збілася?
Ніколькі!
Полька да ўпаду!
Бойка — да слёз!
Хто збіваецца з ладу?!
Шаптуноў — на мароз!..

* * *


«Курлы—
курлы» —
У два крылы
Шчымлівы сум вяслуе.
Карэлічы
ці Карталы
Пагналі ў восень злую?
Б'е пералёты навылет
Знямога недалёту.
Цяпло гнязда,
як эхалот,
З нямога недалёка...
Дзень валакуць
Валы імглы
ледавікамі.
Журлівае
«курлы—
курлы»
Над хатай,
Над вякамі...

* * *


Заціхла мора,
Ды шэпча ў скалы
Купальскай песні
Прыбой ласкавы:
На моры жабка
Красенцы ткала,
Падол кароценькі
Падтыкала.
Прыйшоў арачак
Да жабкі ў сваты.
Не чырванее,
Вахлакаваты:
Дае ёй ганьбу,
Не ломіць шапкі:
— У цябе, ў жабкі,
Кароткі лапкі!
Абраз не церпіць
Гонар дзявочы:
— A ў цябе, рачак,
Абы-дзе вочы!
Ані заручын,
Ані запоін.
Жывуць i зараз
Самі сабою.
А ці не беліць
Туман том кужаль,
Што ткала жабка,
Ды для замужжа?
А хвалi б'юцца,
Як бёрды, ў скалы.
На моры жабка
Красенцы ткала...

ЧУФУТ-КАЛЕ


У скале
Жар ціхутка тлеў.
Пагойдвалі валы бакамі.
Рэха стогну:
— Чуфут-Кале
У адгор'ях яшчэ блукае.
А шляхі
З-пад зорнай страхі —
Нервамі
Успаміннай краіны.
Дзе вы,
Дойліды i пастухі,
Дзе вы,
Скрытныя караімы?
Хоць занятасці сад
Скалані
Неадказаным запытаннем,
У малітве
Сцен дзве далані
Сышліся
Ля брамы патайнай.
Нa вякі
Роспачы i жальбы
Скамянелі
Каменныя твары.
I каменныя жалабы,
I каменныя тратуары.
Дзе схаваны
Мудрасці скарб?
У кенасах
Крок глохне гулкі.
Як дзве складкі,
Сляды ад арб
На лабяціне вузкай
Вулкі.
Лёх — байніцай.
Адгор'і ў сне.
Вораг,
Крэпасць не возьмеш
З тылу!
I дарога на Херсанес
Ные —
Ад капытоў не астыла...

САЛЫ


На дарозе вякоў
Нездарма,
Як вузельчык на памяць,
Карчма.
На дзвярах
Конскі хвост i гарбуз —
Пачастунку й начлегу
Саюз.
А карчмар
Ці вядзьмар,
Ці прастак:
«Па аўторках
Частую за так».
Сам пісаў
Нескупечай рукой.
На пастой
У аўторак —
Ракой!
Дымам пойдзе
Няшчасны карчмар —
Валам валяць,
Нібы на базар.
Шчодры дужа карчмар,
Ды лайдак —
Па запасы
Ён едзе ў Судак.
Шчодрасць —
Гэта акраса з акрас.
Ды ў аўторак
Ён едзе якраз.
Цэлы тыдзень
Не мае бяды —
Да адвалу
Пітва i яды!
I махаюць
Стары i малы:
На замку дзверы —
Значыць, салы!
Прападае
Кішэнны навар —
Не запасся к аўторку
Карчмар.
A стагоддзі
Брыдуць, як валы.
I застаўся пасёлак
САЛЫ.
Хай запомніць
Скупеча i злы:
Па-татарску аўторак
Салы!

ДЖУР-ДЖУР


Дайце зорцы ранішняй
Вы даспаць.
Ёй i раніца патурае.
Не шуміце,
Хай шуміць вадаспад —
Тут яго
Законнае права!
Кідаецца —
Хоць з сядзелкай дзяжур.
Морам трызніць
Нa перавале.
Нехта сына будзіў,
Каб зрабіў джур-джур.
I вадаспад
Па-татарску назвалі.
Альпійскі луг —
Дубняковага лісця накрап.
Недалёка даліна зданяў.
Ад маршчын
Пастарэў граб.
Тут ходзіць сутонне ў сутане
Тут раз'ятрыцца ў туманах
I манах:
У далiне
Прынада
Рада.
I клубіцца па камянях
Белая барада вадаспада...

ГОРЫ

Артуру Вольскаму

Над цпатлівай сарочкаю
З туманоў
Адчула планета
Грудзі:
Так горы ўзніклі,
Нібы наноў
Пал завулканіў
У стылай грудзе.
Стагоддзе для гор —
Набег скразняка,
Няма тут ні лепшых,
Hi горшых.
Глыток крыніцы,
Ламок праснака
I зор звечарэлых
Прыгоршчы!
Няўзважаны крок
He зрабі незнарок.
Каменьчык,
Як слова злое.
На ўзводзе зрок,
Як курок,
Бо змрок
Тоіцца за скалою.
Адно не страшэй —
Падымае вышэй,
Сама вышыня скарае.
Цыкады —
Хоць ix вытрасай з вушэй —
Старэй
За цытаты з карана.
Ястраб хмурынку
З лёту саб'е,
Каб крыламі не варушыла.
Знізу зірнеш,
Не паверыш сабе:
Няўжо гэта быў
На вяршыні?!

РАЗВІТАННЕ З ЦІХІМ АКІЯНАМ


Горна-таежная прыстань.
У акіяна праходзіць
Ярасці прыступ.
Чаек яшчэ дакрае,
A чайкі падаюць стоць —
Якарамі.
Акіяне,
На строміну не ўзбярэшся!
Не злуйся,
Чайкі харошыя.
Яны не з курортнага ўзбярэжжа,
Што ў пляжнікаў ежу выпрошваюць.
Яны цябе, грознага,
Чулі,
Рознага
Бачылі.
Чайкі — дачушкі,
Не падчаркі.
Ты ім выбачай,
Ix не здзівіш ні ласкай,
Hi гневам.
Б'ецца белы адчай
Між табош
I небам...

* * *


У летняй песні трава мяккая,
Вяснянцы хапае
шчымлівага жалю.
I ў цёмным лесе
мядзведзь рыкае,
Мядзведзь рыкае,
дзевак пужае.
Трубяць алені
ў шлюбным маленні,
I цецярук-лапатун балбоча.
А салавей на дзевятым калене
Зайшоўся, плюшчачы ў стоме вочы.
Ды пушчу схавае кончык указкі
На карце планеты,
зялёнай калісьці,—
Мядзведзь i алень
падаліся ў казкі,
Птушкі i песні
не ўсе звяліся...
Век атамны,
маеш ўсё на прыкмеце.
Табе даволі
зялёных пошлін.
Няўжо чалавек
панясе па планеце
Свой голас,
як вугалёк апошні?!

* * *

Памяці Сымона Блатуна...

А можа, нешта пераблытана,
А можа, проста
Трызніцца ў самоце?
Сымоне...
Рыфмую:
ісціна i чысціня.
А восень колерамі
Размаісціна,
З рабіны лісце
Позірк чыйсьці зняў.
A жураўлі
Курлыкалі даверліва
У прысмерку вачэй.
Вядро
Крыло асверу перасвервала.
Мячэўнік стыў.
Звон вечара вячэў.
Другія
Межы сціпласці лямешылі,
У арыфметыцы прыбыткаў
Петрылі.
Ты ў палітончыку,
Падбітым вершамi,
Па раўнавазе
Сумаваў з усмешкаю.
Было,
Не меў кашулі запасной,—
Не знаўся
З арыфметыкай прынаднай.
Меў нумар тэлефона
Ў кніжцы запісной,
Самой
вясёлаю Вясной
Запісаны памадай...
Не дбалі
Аб надзённым хлебе
Твае радкі:
...Жураўля я не спаймаў у небе,
A сініцу выпусціў з рукі...
Рыдлёўка далакопава ўпівалася
У змоўкласць дзірвана.
Не з плугам: баразна
Спазналася.
Спазнялася
Вясна.
Гром — на траву.
Ды гром маўчаць стараўся:
Маланак сківіцы
У небе сцяў.
Жыцця твайго пачатак — травень,
Дзень знебыцця.
Вясне трывогаю травець.
Журбе
Вярбіцца ніца.
...Журыўся па Палессі
Журавель.
Сярпы зубіла
Сіняя сініца...

ШЫПШЫНА


Званка не чуем —
На тое віноўнік:
Пасляваенны ўрадзіў
Дзядоўнік.
У аднакласніцы
З коскай доўгай
Сумны занятак
Выблытваць дзядоўе.
А нам крыўдаваць
На калючы няма чаго —
Мы пад нулёўку ўсе
Абкасмачаны!
...Як, перапьшкі,
Хутка ішлі вы!
I быў перапынак
Чарговы, смяшлівы...
Другая змена
Рагоча смела.
Здакучыў дзядоўнік —
Шыпшына паспела.
Не трэба вароніць!
Свае ці чужыя,
Шпарчэй даганяй
I шыпшыну
За шыю!
...Як мак чырванею.
Прычына якая?
Дагнала дзяўчына,
А я не ўцякаю.
...А шыя гарэла —
Вада не тушыла!
Смех помню
I спуджаны позірк,
Птушыны...
A быў ён аднойчы,
I болей ніколі,
Той перапынак
Ва ўшацкай школе.
Аднойчы...
Калісьці...
Каліся
ўспамінна,
Ласкава здзічэлае слова
Шыпшына!

ПЕРАКЛАДЧЫКІ

Якаву Хелемскаму

Перакладчыкі —
Шпалаўкладчыкі
На адказнай чыгунцы дружбы.
Не падрадчыкі,
А дарадчыкі,
Звонкамоўных зямель упарадчыкі,
Не пыхліўцы, што прагнуць:
«Руж бы!»
Парадкоўнікі —
Не паратоўнікі.
Не даруе абразы слова.
Слоўнікі —
Як-ніяк
Чыноўнікі.
Называюць сябе назоўнікі.
Дзейсная ў дзеяслова
Выснова.
Не салодкія вабілі пернгкі,
I не хцівасць па працу гнала.
Зорнамоўнага неба
Капернікі,
Недаверлівай Музы
Сапернікі,
Шанавальнікі арыгінала.
Як ты песню ні нарачы,
Незнаёмыя ўчуюць далі,—
Песню родную,
Ласкі не скнарачы,
Хвалі Беседзі,
Toні Нарачы,
Сосны Ўшаччыны калыхалі.
Далягляд,
Як дзень весні, вырасце.
Рэек чуецца крэкт патужны.
Шпалаўкладчыкі,
Рэха шырыцца,
Мчаць саставы прыязнай шчырасці
Па вялікай чыгунцы дружбы!

* * *


Як над Вязынкай поўня ўдавее.
Зноў да цішы душа прыпала.
Бронзаваму, цёпла ў завею
На роднай зямлі
Купалу...

АДАМУ МІЦКЕВІЧУ

Litwo! Ojczyzno moja! ty jesteś

jak zdrowie...

Adam Mickiewicz
Паэты нараджаюцца ў карчме,
Каб ix пасля
Аплаквалі саборы.
Выгнанніку
Не ў спіну вецер дзьме,—
Ён носіць
Край абражаны
З сабою.
Хмар вырай
Свіцязі слязу страсе,
Як пава з песні,
Што праз сад ляцела.
На саркафагу ружы,
У расе,
Паэту —
Не пыхлівасці злюцелай!
Маўчы, ўсыпальня каралёў...
Вякі
Прыціхлі
Над геральдыкай нямою.
Спытае нехта:
— Быў пароль які,
Калі пісаў паэт,—
Ojczyzno Moja?..

САРАКІ

Пасля саракоў не начуй за ракой.

Прыказка
Свята веснавога сонца шчырае,
Як чакаў прыходу я твайго!
Сорак птушак
Прылятае з выраю,
Сорак раўчавін
Імчыцца з гор.
I хапаеш трэскі на трасочніку,
Колькі трэсак —
Столькі знойдзеш гнёзд.
Ранішняга жаўранка асочыш ты —
Рушыць рана снапавоз наўпрост.
Дні ляцелі ў вырай — не вярталіся.
З прызімкамі шэпчацца рака.
Саракі маёй падступнай сталасці,
Вас іду з трывогай сустракаць.
Трэскі досвіткам шукаць няма чаго.
Пуста ў гнёздах, кОлькі ні бяры.
Цёплае гняздо —
Хаціну матчыну
Выстудзілі болем сівяры.
Буйную вясну i лета добрае
На світанні зычыў шчодры лёс.
Па прасёлках мулкіх,
Па калдобінах
Снапавоз мой зерне ператрос.
Неспакой уладна ў сэрцы шырыцца.
Юны дзень далёкі,— як дакор.
Сорак птушак,
Прылятайце з выраю!
Сорак раўчавін,
Імчыце з гор!..

АНДРЭЮ ВАЗНЯСЕНСКАМУ


Беларусь захлынула й цябе,
Як замова,
Вяснова й зімова.
Слухай жа:
У крынічнай журбе
Журыцца
Беларуская мова!
Слоў сузор'і
Ласкава крані —
Не пачуеш папроку, пярэкі.
Мове роднай маёй карані
Вымывалі
Славяншчыны рэкі.
Быццам дыхае глыбіня,
Толькі ўслухайся:
пушча,
пашча,
Пошапт шчэбету —
шпачаня.
Не бывае
Мовы прапашчай!
Я, Андрэй, прыкінуў:
Калі б,
Ці, па-руску кажучы,
если
Не варочаў ты слоўных глыб,
Ты абраў бы пасаду цеслі.
Воку востраму —
Востры склюд!
Прасмалілі б жывіцай трэскі.
Праступаюць вякі
Праз хлуд:
Чысціня нашых моў,
Як фрэскі.
...А лаўжоўе звязуць вазакі,
Толькі б полымя
Добра шугала!
Ты ж пісаў:
Віцебскія васількі
Захлынулі сінечай Шагала.
Іншаму апяваць зару б,
Іншы любіць
Жарству гравеек.
Ад разваг
Белавежы зруб,
Як i ў Мураме,
Муравее.
Не зглушыла свиpели
Дрэль.
Антысвет
На прыгоды прыгодны.
Добры дзень,
Антыскептык Андрэй —
Рускай мовы вялікі прыгонны!

* * *


Адвячорак красавіка,
Як кузаў грузавіка,
З верхам
напоўнены гукамі.
Красавік
Яшчэ на далоні хукае.
Ціша,
Як тая падкова гулкая,
Што зляцела ў стаенніка
З капыта
I па бруку коціцца,
Аж рэха выгуквае:
— Лю-ба-та!..
Зайшліся лапкі
ў вярбовых коцікаў.
Студэнткі
Трымаюць пад пахамі папкі,
Гарачымі вуснамі
Грэюць коцікам лапкі...

* * *


Тут яўна быў бы
трэці лішні
I ўсемагутны Усявышні...
А шчодра я сябе растрачваў.
Была раллёю ўдзячнай ты.
I яхкалі
ў крыві гарачай.
Жадання прагныя харты.
Былі яны сабой заняты,
Асцерагаліся радзей,—
Даверлівыя птушаняты
Тваіх спалоханых грудзей...

ЛІПЕНЬ


Хоць надзьмі шар зямны
Праз саломінкі ніпель!
З разнатраўнай маны
Сеткі выхітрыў ліпень.
Ноч прадонных вачэй.
Вуснаў прагная потай.
Кроў, бунтуй!
Кроў, званчэй!
Розум,
Роздум твой потым!
Спёку выцер з чала
Надвячорак бывалы.
A спакусы пчала
Вусны аблюбавала.
Сэрца,
Сцішы свой грук.
Для вачэй —
Толькі смугласць,
Для разгубленых рук —
Грудак пудкіх акругласць.
Потым крык,
Потым плач,
Потым будуць усхліпы.
Сёнпя любую лашч —
Плашч зялёны
У ліпы...

* * *


Што параю-выраю,
Дзе шукаць вам броды,
Маладога выраю
здзіўленыя бровы
Лістаслед адсырае
Смутнаю парою...
Нада мною выраю
здзіўленыя бровы.
Ласку лота шчырую,
Неруш чабаровы
Нагадалі
Выраю
здзіўленыя бровы...

ДАФНІС I ХЛОЯ


I
Залева не расплятае кос:
Схоў —
Пад скалою!
Дафніс шукае коз.
Коз
Падганяе Хлоя.
Уздрыгваюць вейкамі
Крылы стракоз:
Раскошна ў даліне згоды
Спакою...
...Хлою —
Недаткнёнку-сасонку
Нарадзіла зялёная Хвоя,
Спавівала Хлою
I мглою...
...Багоўка
На пальцы ў Хлоі
Знічкай малою;
Бочкам пярсцёнка:
Не суроч,
Нарачонка!..
...Сарамяжлівасці дзявочай
Палоннік —
За пазухай Хлоі стракоча
Конік.
Божа,
Як Дафнісу
Да яго дакрануцца?
Хлоя можа
Прачнуцца...
...Дафніс!!!
...Падае
неба дах
ніц...
Зорамі...
неба вачэе.
— Што на вячэру?
— Яглі...
(Пацалаваліся
i спаць ляглі...)
ІI
— Халодная коўдра,
Хоўра!
— Чаго ваўкамі маўчым?
Бульбу смажыць на чым,
Нa лою?..
(Хлоя?)
— Спруцяней,
Дарахвей!
(Дафніс?)
Дыхні,
с-сабака!
Цягне як з бензабака.
Мокнеш у гаражы!
...Хоць варажы
На мігатлівых пялёстках
Газавай пліткі...
(Высах з лёстак
раўчук плыткі...)
...Горбіцца
Сантыменту правізар,
Празорлівы тэлевізар:
— Хэло! Я
Цябе чакаю,
Хлоя,..
...I рэха
пагасла
ахне:
Дафн-
ні-
сс!

ІНТЭРВ'Ю


Пазелянелі
Ікры ў коніка,
Пакуль скакаў
Ля мікрафоніка.
Але хапіла й салаўю,
Пакуль даваў ён
Інтэрв'ю.
— І ў інтэрв'ю
Я не ўтаю:
Нялёгка салаўю.
Гняздоўе ўю,
Кармлю сям'ю.
Не да тугi —
Растуць даўгі.
Сям'я расце,
Гняздо ў кусце.
Расу трасу —
Сям'ю паю,
Пяю,
А працы — у-ю-ю-ю!
А ты паслухай
Голас з плёнкі —
Нi пра сям'ю,
Нi пра пялёнкі...

* * *

Змітраку Моркаўку

Зоркі — выкрасанкі!
Санкі
згоркі
Гонка мчаць, куляюць у сумёт.
У маленстве дым i ўранні горкі.
Толькі сон i саладзей за мёд.
Зрання ўсё табе — i сум i радасць —
Падуладна, як гаспадару.
Лёгка абтрасацца,
Лёгка надаць,
Лёгка падымацца над гаpy.
На гары — сябры.
Яшчэ іх многа!
Колькі будзе к вечару ў жыцці?
Падымацца —
Не збіваць нікога,
I не прабівацца, —
Лёгка йсці!..

У ЗАДАБРОЦЦІ


Азарылі неба азярыны.
Азярная зоркая вада.
Ручаёў лясных глухія рыны,
I дупла аглухлая бяда.
Вечалле — спрадвечным цыферблатам.
Стрэлкаю секунднай — страказа.
Зорка ранняя сплыла — была там,
Як сляза па вайстраку ляза.
Дзе травіца Брацетка й Сястрыца?
З песні муравой заняўся б роў!
Доль мне, лес, ва ўнуку паўтарыцца,
Затрымацца ў памяці сяброў...
Вам, дубкі-пушчаны, распушчацца.
Лёду не баіцца яшчэ мель.
Іць, як ніць, звініць якраз па-ўшацку:
Брыка едзіць i гудзіць шчамель.
Нe спяшаўся зрэзаць цень мой сынні
(Час, забудзь па час на маразы!)
З цыферблата азяровай сіні
Сіняй стрэлкай сіняй страказы...

ПАЭМЫ

Трыпціх

УСТУП

Ад кропкі маленькай
гнязда чмяля
Да маладзіковай коскі —
Падорана ўсё мне бацькамі,
Зямля
Таму i завецца бацькоўскай.
Я шчасны,
што сыпам быць гэтай зямлі
Мне лёсам наканавана.
Мае землякі —
цесляры,
кавалі,
Адважныя партызаны.
Дык гэта ж з іхгяй лёгкай рукі
Гамоняць бары i звіняць крыніцы.
Пасляваеннай цяжкой талакі
Я не магу забыцца.
Сваіх землякоў буду помніць век;
Патроны й сухар з маім бацькам дзялілі,
Яны памаглі маёй маці-ўдаве
Спагадай,
плячом у цяжкую хвілю.
І гэты мой сціплы трыпціх
Ca шчырасці чэснай высновай,
Зялёным лістком ён трымціць
Нa дрэве ўдзякі сыноўняй...

БАЦЬКУ

Маленства,
ў тваёй старане
Простыя ўсе дарогі.
Там,
помню,
вучылі мяне
Хлеб не кідаць пад ногі.
Як свята,
па вечарах
Чакаў я з работы бацьку.
Ён сонцам,
зямлёю пах,
Яго я здалёку бачыў.
Я шапку яму шукаў
Уранку.
I цацкай цікавай
Быў мне кусок вушака,
Што бацька прыносіў,
з цвікамі...
Мне пальцы рудзіла іржа,
Покуль цвікі раўнелі.
Рудзеў малатка дзяржак —
Ды радасцю вочы рунелі.
Ад бацькі свайго ў радню
Я атрымаў з дзяцінства
Шырокую даланю —
Тапарышча
любое
сцісну!
*
Для бацькі абед насіў.
Помню,
як з хітрай мінай,
Уткнуўшы ў бярвенне насы,
Сякеры драмалі
мірна.
Палудзень,
прымяўшы быллё,
Цені кустоўя трушчыў.
Пахла свежай зямлёй,
Троху дурманілі стружкі...
I сёння мне
пахне зямля
Цвікамі,
смалой,
сукамі
I дужымі —
ў мазалях —
Бацькавымі рукамі,
*
Тата,
аўтобус якраз
Праходзіць ля дома заўсёды,
Які не здаў камунгас
Да сорак першага года.
Затупаўся да цемнаты
Цясляр камунгаса старанны,
Апошнюю раму ты
Пакінуць рашыў на ранак.
Дня не счакаў той гром,
Ранак
прыйшоў ранавата.
I даваеннымі сталі
дом,
Цвікі,
што параўнаваў я.
Стаіць твой апошні дом —
Устаўлены
новыя рамы —
І слухае, як на дол
Расу абтрасае
ранак...
*
Мы з маці —
ўсёй сям'ёй —
Рэзалі дровы зімою.
Два крокі
я йшоў
за пілой,
Тры крокі —
назад
з пілою.
Скакала
тупая піла,
Звінела,
як шкло,
асіна.
А хата прасіла цяпла,
Ды сцюжу нялёгка асіліць.
Дровы
ў вачах
плылі.
Дрыжэў я,
ад поту мокры.
І пальцы ў маці былі,
Як дзесяць падмёрзлых морквін.
А к поўначы,
як бабёр,
Плакала ў печы
асіна,
Быццам
за ўсіх сясцёр
Злітавацца прасіла,
Мне не забыць даўніну...
*
Як вучыць звычай спрадвечча —
Торкае маці ў сцяну
Купалкі ў купальскі вечар.
Што...
раніца...
прынясе?..
Калі...
раскудлацяць галовы
Купалкі...—
значыць...
усе,
На каго загадалі...—
здаровы...
Тата,
што на цябе,
Загадвае маці,
тая
Купалка яшчэ й цяпер
Па раніцах...
расцвітае...
1961

КУЛІНА

Кожны мае
свае Ўшачы,
Хату
І двор,
пазарастаны маркоўнікам,
Дзе можна пасля дарогі,
Скінуўшы чаравікі
І потную шапку,
Адчуць халадок зямлі,
Пачуць шум лісця,
маркотны і памяркоўны.
Басанож
прастуеш да студні —
Жарства шурпатая
коле ступні.
Успамінам вядро ўсплывае,
Золкай лускою пырскаў
у твар страляе
Ланцуг,
на корбу наматваючыся.
Я даўно быў задумаў
паэму
пра рукі матчыны.
Ды так i не мог знайсці
Строгай
сюжэтнай лініі.
Словы з радка вырываліся
Выслізгваліся, як з рук ліні.
Iрыфма —
рыба —
Сагне вудзільно
радка,
Сугуччаў кручок на дно
Пацягне матчынай мовы рака.
Затое
Якая радасць,
Калі плаўнікамі тугімі рантам
Залапоча рыфма
на беразе белай паперы.
Баючыся ўступ зацягнуць празмерна,
Канкрэтна пачну з таго, што
*
Маці завуць Кулінай.
Я ўспамінаю, калі нам
Падчас блакады
Прыйшлося сядзець у лесе.
Я адышоўся ад маці
i не застаўся ледзьве,
У вялікім лесе
нас многа малых згубілася.
Кожны крычаў штосілы.
Лес паўтараў, нібы дражнячы,
кароткае слова:
— Мама!..
Крычалі многа,
ды толку мала.
Тады я гукнуў:
— Ку-лі-на!
I маці
мне адгукнулася.
Цішыня неўзабаве
ва Ўшачы вярнулася.
Ды мне яшчэ доўга потым здавалася,
Калі жураўліны вырай
збіраў па імшарыне журавіны,
Што жураўлянятка недзе засталася
i маму таксама гукае:
— Ку-лі-на!..
*
I цяпер ва Ўшачах
завуць, мяне проста
«Кулінін малец».
I гэтым ні росту майго,
ні заслуг не маляць.
Са мной заўсёды вітаюцца ветліва.
I нават, што вершы пішу я,
многія ведаюць.
Наогул паэзіі тут не чытаюць —
Aні класічнай, aні навейшай,
Хоць, праўда,
бывае, пытаюць:
— Ці многа плоцяць за вершы?..
Шафёр райсаюза аднойчы
Ва Ўшачы вёз мяне з Полацка ноччу.
Позняй парою, вядома,
Добрыя сны сняцца аўтаінспекцыі.
Мы з шафёрам рашылі,
што будзе не грэх пагрэцца.
Закусілі сухою воблаю.
Павесялелы шафёр расказваў:
— Па выпітай гарэлцы
Раён наш займае
першае месца ў вобласці.
Землякі мае выпіць могуць,
Але і не зломкі па працу.
Яны, партызаны смелыя, былі
на «ты» з перамогай,
Пасля вайны не сашуліся,
калі ix гора пратала.
А мы, маладое племя,
скончыўшы дзесяцігодку,
Сплываем, як верхаводка.
Спяшаемся ў горад
па работу,
па адукацыю.
Пасля забываемся на пісьмы,
на словы мацярок
адгукацца...
Мы справамі перагружаны,
Усё мы не можам
выбраць вольнай хвіліны,
Каб наведаць
Свае мясціны —
Глыбачкі,
Жывалкі,
Замошшы.
І, як мацерыкі забытыя,
Мацяркі
Нашы часам жывуць,
Забітыя
Самотай,
Работай,
Горам.
Адны залатыя дзеткі
іх забіраюць у горад,
Каб яны ўздыхнулі з палёгкай
І чорныя рукі крыху адмылі,
Мыючы ўнукам пялёнкі.
Іншыя мацярок успамінаюць,
Калі родных прымае зямля сырая.
Пасля нялёгкай
Сямейнай парады
На цэмент адпускаюць грошы
І потым бязмежна рады,
Што абышоўся нядорага помнік
I за такую цану
атрымаўся даволі харошы.
Убачыўшы гэтакі помнік,
умомант
гаспадарнікаў я прыгадваю,
Што ад лесу пакінулі адны прагаліны
I, у дадатак спляжыўшы
гектараў пяток маладзенькага гаю,
З бярозак збіваюць словы
найпершай важнасці:
«Шануйце лес —
ён багацце нашага краю!»
*
Мы ганім у нашых бацькоў
перажыткі,
А рунi ячменнай
не адрознім
ад жыта.
Вясну маладую з пас кожны хваліць,
Калі ідзе па сухім асфальце.
Нам дождж не трэба —
Нам досыць хлеба!
Мы хлеб будзем есці —
Хай сеюць яны,
Што не змаглі ў сталіцу забрацца.
Людзей мы знаем:
Блішчаць, як люстэрка, штаны —
Няйнакш, прадстаўнік разумовай працы.
*
Іншыя з пас па меры магчымасці
бралі
скупыя веды,
Праўда, стараліся болей
выбіцца ў паэты.
А потым рэдакцыі бралі блакадай,
Аселі на крэслах
i сёння рады.
Ды ўсё ж зрэдчас адчуваем патрэбу
Паплакаць,
што нас адарвалі
ад роднай глебы,
Што хочацца ў родную вёску —
Прайсціся роснаю сцежкай.
Маленства босага адгалоскі
Там сэрца нам будуць цешыць.
За сябе мы такія гордыя,
Што перад спакусай трываем:
Пеша ідзём вечаровым горадам,
Хоць побач імчацца трамваі!
Мы ўпарта лезем
на трыбуны,
Мы пратэстуем,
патрабуем,
Мы клічам на пярэдні край —
Там,
на пярэднім краі,—
рай!..
Самім паехаць нам —
ды дзе там!
У першую чаргу нам дай
Кватэру з цёплым туалетам.
Мы й запявалы,
мы й харысты,
Мы ўславім працу трактарыста,
Цялятніцы i пастуха,
Мы рыфмамі сячэм ззаўха:
Няхай даюць нам
хлеб i мяса,
А мы ім —
ямбаваны пафас!
*
Шкада, што да нас так позна
Прыходзіць суровай позвай
Сумленне,
якое завецца
Словам кароткім —
мама.
Мы, ведамі ўзброеныя,
асветленыя асветай,
Гэтае слова спрадвечнае
ужываць пачынаем мала.
А нашы матулі сціплыя
Думаюць думкі ціхія.
Як i у часы Скарыны,
Не забываюць за нас памаліцца,
Абнашчыцца ў пост скарынкай.
Калі ж нам нялёгка робіцца,
Калі мы зусім заблудзім —
Мы сон нашай памяці будзім,
Выйсця шукаем,
Матку гукаем.
Заўжды я ў цяжкую часіну
Успамінаю блакаду,
Лес каля вёскі ўшацкай Пліна
I маму гукаю:
— Ку-лі-на!
Я ведаю —
адгукнецца...
1962

МАТЧЫНА ХАТА

За сувязь з партызанамі
бацькаву хату
немцы спалілі пры адступленні.
Мы вярнуліся ўчатырох:
маці,
бабуля,
я
i хатулёк пляцкаты.
Стаялі ля пагарэлішча,
дзе яшчэ галавешкі тлелі.
І ад куродыму горкага
слёзы ў маці нагортваліся.
Да блакады штаб партызанскі
размяшчаўся ў хаце.
У блакаду антэна на даху
тырчала ў самоце.
I яшчэ асталіся доказы сувязі,
хаця
партызаны забралі рацыю,
а матацыкл схавалі ў балоце.
На дзве раніцы спазнілася
Чырвоная Армія:
бацька загінуў у акружэнні
у перадапошняй бойцы з карнікамі.
Маці гэтую вестку паведаміў
у дзень вызвалення радасны
знаёмы, які ў канцы сорак першага
з бацькам пайшоў у партызаны разам.
*
На лузе пахнуць туман пачынаў
па-даваеннаму —
прыцемкам,
потнымі коньмі.
Нa пажарышчы сірацеў
абгарэлы комін.
Здавалася, усё яшчэ шыю цягнуў
ён праз агонь са страху,
упарта спадзеючыся недзе вышэй
уперціся ў страху.
Калі разбіралі царкву,
бацька, ад пылу шэры,
навазіў паўцагелкаў,
а потым з ix склалі печку.
Відаць, усявышпі злосць затаіў,
бо нашу хату спалілі першую,
a гліпе святой абгарэць
давялося яшчэ раз.
*
Сядзібу нашу прыгледзеў
сусед недалёкі,
па ёй паставіць мсціўся
хату для зяця.
А маці, як тая ластаўка,
з усёй Ушачы
цягнула да печы
абгарак,
аполак,
цалёўку,—
санітарка з работы
вярталася зацемна.
Маці падоўгу стаяла ля коміна.
Круглымі поўнямі
глядзелі ночы, як совы.
Сумавала ўдава
па разбуранаму куту.
Сусед у попеле рыўся,
насіў дадому крукі, завесы.
Праз два гады прыйшоў сорак сёмы —
суседу, што немцаў хваліў за парадак,
жонка пасылкі слаць
пачала ў Варкуту.
*
За чатыры гады вайны
нябёсы ўдосыць нагрэліся
i цяпер
на восеньскім сіверы стылі.
Быльнягі ўрадзілі на пагарэлішчах.
Кускі вадасточных труб
баўталіся рукавамі пустыні.
Вятры па пачах
абгарэлай бляхай шасталі.
Засохлыя дрэвы,
як шыбеніцы,
цішыню разразалі скрыпам.
У дзіцячыя сны прыходзілі
шынялі мышастыя —
i малыя апоўначы
прачыналіся з крыкам...
Глыбокая рапа зямлі
смылела.
Вераб'і змалацілі калоссе
на здратаванай ніўцы.
Звечара
з лесу выходзілі
ваўкі асмялелыя.
Лясамі на захад ішлі
уцалелыя немцы...
*
Будыніна гэта стаяла
i не ў пасёлку i не наводшыбе,
узгорак трымаў яе на плячах,
але яна не кідалася ў вочы.
Улетку сорак першага года
з тэлеграфных слупоў
зрубіў яе паліцэйскі.
Зазімкам, калі раён наш стаў
партызанскай зонай,
уцёк гаспадар з немцамі.
За днямі дні паляцелі.
Стаяла хаціна нецеллю.
Не паспеў паліцэйскі
хату дабудаваць i дагледзець.
У ёй у блакаду
каркі карніцкіх коней тлусцелі.
Мы, вярнуўшыся на пагарэлішча,
накватараваўшы крыху ў суседзяў,
без дазволу толькі арганізаванага
райкамунгаса
пасяліліся ў маленькім трысцене.
*
Зоры глядзелі ў аконца адзінае
у нейкім суме i роздуме.
Галасы на гарышчы
штоночы гучалі розныя.
Пакрэктвала столь —
там варочаліся i цяжка тупалі:
прытулак знаходзілі ўсе,
хто не меў прытулку.
Відаць,
i уцалелыя немцы начавалі зрэдчас,
хоць на суседству кватаравалі
партызаны з атрада знішчальнага,
у якіх задача была
лавіць гэтых немцаў якраз.
*
Быў нейкі зусім незвычайны дзень.
Сонца многа!
Макалі ў разведзены дзёгаць
нешта сярэдняе
паміж квачом i пэндзлікам
i акуратна па сценах пэцкалі.
Без маёй не абышлося помачы.
Наносілі мы дацямна
пачатковую літару ўсходу i захаду,
поўдня i поўначы
i нумар кожнага бервяна.
*
Колы рыпелі,
нібы калісьці арэлі
у цэнтры райцэнтра
даваеннай восенню.
Страху, разрэзаную натрос,
па пагарэлішча
кавалкамі перавозілі.
На блізкім балоце
моху надралі з жабіным кархавіннем,
для пас быў далёкім
зялёны i мяккі на баравіне.
Ціха зрабілася ў наваколлі.
Хату імшылі.
Дажджы-грыбасеі
з прычыны такой не імжылі.
Клалі моху пароўну на кожны вянец,
прыціскалі вянцом наступным.
Каб добра лягло бервяно,
злёгку абухам пастуквалі.
З усімі шчырэў i палонны немец,
густа мох накладаў
i часта хакаў.
Яму гаварылі:
— Старайся зараз, хай цябе немач,
Навошта паліў хату.
Немец бянтэжыўся i пярэчыў,
паказваў рукамі, што ён тут нявінен.
Уся талака невялікая
гарачую бульбу ела вечарам.
I на апошні вянец
імхом баравым клаліся
дымок ад агню
i цёплы туман,
што плыў з лугавіны.
*
Маці сталярыла i цяслярыла
без гэбля, без ватэрпаса.
Сякера была адна,
як доля ўдавіная, чэзлая.
З усяго, што можна было прыбіць
цвікамі іржавымі,
маці падлогу масціла,
калі аполак які вытыркаўся,
пад яго падкладвала трэску
або сякерай тупой
спадыспаду счэсвала.
Палавік, сатканы з розных акраўкаў,
падлога нагадвала —
дошкі з зялёных i сініх дзвярын,
a у кожнай сукоў,
як зор у Галактыцы.
Блішчала пяць фарбаваных дошак,
астатнія — аполкі шурпатыя.
Па іх было страшна ступаць
босымі нагамі.
Маці, відаць, цэлы гай
сярдзітых гальнёў сшаравала,
пакуль падлога зрабілася гладкая.
*
Газетамі покут спачатку абклеілі,
па часе — i усе чатыры сцяны
аж да запеччыка.
Багатыя дні выдаваліся —
хлеб i цыбулю лютую
запраўлялі алеем.
Газоўка хліпала вечарам.
Узыходзіла сонца — глядзела ў вакно,
вышэй падымался — другое лашчыла.
За глухой сцяной паўднявала яно,
а ў застрэшку мецілася насяліцца,
відаць, сваячка даваеннай ластаўкі.
Нарэшце
сонца ў пас пачало паўднявадь —
акно прарэзалі трэцяе.
Праз колькі год
сонца ў чацвёртым акне заходзіла.
Сталі вятры вераснёўскія
пасляваенныя яблыні трэсці...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Матчына хата,
для мяне
яна так i стаіць
у 1944 годзе...
*
Кожнай вясной,
калі раўчукі бягуць
і, як сярдзітыя вожыкі,
вухкаюць,
калі з-пад брылёў удалеч
круглым вокам глядзяць шпакоўні,—
матчына хата слухае,
ці ўсё на зямлі спакойна?
Вяз ачунялы дрэмле
стамлёным аленем рагатым,
сніць, што ён ужо ў лісце апрануты
з нізу да верху.
Сялянка сціплая —
матчына хата
пры самай дарозе ўдавее.
1963

НЕБА ТВАІХ ВАЧЭЙ

Ераніму Стулпану


УСТУП

П р а п а н о в а Е р а н і м а
Пузачы-
гарлачы
Адтапырваюць лычы.
Бога сонца хвалячы,
Пі —
i бочак не лічы!

ЦЭНТРАЛЬНАЯ ТЭМА

Ярыла,
вусы распрамень,
Расшчодрыся на свята.
Сынок твой, яравы ячмень,
Таксама быў вусаты.
Спазнаў твой гнеў
i твой сугрэў
Ціхманым галубочкам.
А зараз гэтак раздабрэў,
Што трушчыць рэбры бочкам,
I сёння ў гонар ячмяня
Наліць укоптур варта.
За сонцам ён ішоў штодня,
Ідзі па сонцу,
кварта!
Плячыстых бочак строгі строй
У ганаровай варце.
Дарогай звычаю старой
Плысці, як чоўну, кварце.
Да раніцы не страшна мель.
Плывём, душу вяселім.
Мы п'ём за дуб, мы п'ём за хмель,
За дружбу дуба з хмелем.
Чуб хмелеў сівер не саскуб,
Дружбак акрыў — не знішчыш!
Загуў пад абручамі дуб —
I хмель нырнуў на днішча!
У бочцы — глянь — не два шпунты,
А Бахус усявышні
Яе заторкнуў з дабраты,
Каб з піва клёк не выйшаў.
Цямней за ноч забіў струмень —
Самлелі ў бога пальцы.
На волю вырваўся ячмень,
Упарты, як латгалец.
Ужо i тосты не наўме,
П'ём традыцыйны ў стоме
За тых,
Хто ў моры,
Хто ў турме
I хто ў радзільным доме!
Бярэ сваё спакойна хмель,
Міргае хітрым вокам.
У галаве сярдзіты чмель
Ужо гудзе, як свёкар.
Дзе ганаровай варты строй?
Не налічыць паловы.
I загулі,
за роем рой,
Нібы вуллі,
галовы.
Песня рвецца напрасцяк,
Не дае ачомкацца:
— Так-сяк,
Накасяк.
Пад сталом карчомка!
Ах, чарачка-пазлачаначка.
Рукі ў бокі — выйшла ў круг
Ушачаначка:
— А чарачка-каточак,
Пакаціся ў раточак.
Не стукачы,
Не грукачы,
Толькі костачкі казычы!
Сунічная прагалачка,
На сонцы млей.
Русалачка-
латгалачка,
Хмялей
смялей:
— Стану супраць ветрыку,
Хай спаднічку развявае,
Хай у вёсцы хлопцы ўбачаць,
На які тавар багата!..
Плывём за трыдзевяць зямель,
Пне ветразь вецер добры,
Аж покуль раззлаваны хмель
Не дасць дубовай доўбняй.
Як сеў за стол — цярпі прымус,
Ён не завецца гвалтам.
Сам Бахус —
прозвішча на us —
На свет зірнуў прыбалтам!

KAЛI Б...

ад маіх 31 адняць 13 год —

была б шчаслівая лічба.

Думка не ўголас
Ну, яшчэ якой нагодзе
Лепшай быць
i дзе?
З летам шчодрым паўнагоддзе
Латвіяй ідзе.
Нават хочацца прызнацца
Пашпарту назло —
Мне таксама васемнаццаць!..
Некалі было.
Поўня з поўняй сталі ўпоплеч,
Серабрыцца бруй —
Васемнаццаць, Цёплы поплаў,
Цёмны гай — сябруй!
Васемнаццаць —
на ляшчыне
Спеюць спарышы.
Дзьмухаўцовы цёплы іней,
Сцежкі спарушы!
Вочы сняцца.
Васемнаццаць —
Зябкі скрып драча.
Хочуць рукі рук кранацца
I плячо — пляча.
Потым будзе шкліць лядочак
Першы недавер.
А матулям быць ля дочак
Хочацца цяпер.
Як на ліха на якое,
Дочкі не адны.
I стагі па-над ракою,
Быццам буданы.
Патаемнасць ціхіх змовін,
Палынок тугі.
Нецярплівы хітры човен
Б'ецца ў берагі.
Пасвяціла поўня — годзе,
Знікла за ракой.
Паўнаводдзе,
паўнагоддзе —
Матчын неспакой.

Лірычнае адступленне

Бацька Ераніма,

або адкуль

блакіт Латгаліі

Пасля дажджу прыціхлыя нябёсы.
Вады набраўшы ў рот, у лебядзе
Замоўкла студня.
I мужчына босы
Вядро за вуха неслухам вядзе.
Спалоханая кнігаўка ўзлятае.
Так i гады кругамі адплылі.
I хочацца чым найдаўжэй ратаю
Нагою босай чуць цяпло зямлі.
Ён дабратою высветлен, як ясень
Увосень сонцам,
дзядзька Уладзіслаў.
Дык вось хто ўзяў капрызны дзень у засень,
Спакой на ўсю Латгалію паслаў.
Вядзе да лазні.
Венікі падвялі.
Парог вартуюць камяні жарон,
Як вязень, піва томіцца ў падвале.
Ключы ў гаспадара — няўмольны ён.
Як галуба чужога, трапяткога,
Пытанне я за пазухай нясу:
Шалее ярына і, выпадкова,
Не ён вясною адмыкаў расу?..
Спрадвечны Стулпан,
як туман, ссівелы,
А вочы захлынаюць сінізной.
У ix звініць жаўрук вясны лясной,
Зірнуў на хмары —
неба праяснела.
Латгалія —
зялёная дзяржава,
Стагоў мурожных ранішні абоз,
Я зразумеў,
адкуль блакіт ласкавы
Тваіх азёр спакойных i нябёс.
Тваіх ільноў не адсінее неба,
Блакіт не адзвініць, як лёд тугі.
А вочам дзядзыкі Уладзіслава трэба
Не ведаць ані воблачка тугі...

ПРАЦЯГ
ЦЭНТРАЛЬНАЙ ТЭМЫ

Вядома — Ліга!
Як парэчкі выспелі —
Янавы ягады!
Чабаровай выспаю
Даганяю я гады.
На душы адліга —
Ліга!..
Ліга!..
Даў пярун грымака
Зяцю, бо на прымака
Крыўдзілася прымаўка.
Кажа латышам спрадвеку:
«Лье, як на Ліга»,—
Ну, a лівень-недарэка
Разаспаўся як на ліха...
Тут яшчэ падумаць трэба,
Мазгаваць цярпліва,
Ліўняў болей у неба
Ці ў латгальцаў піва?..
Як Юпітэр, плыву
У вянку дубовым.
Песні кружаць галаву,
Стогнуць бочкі-бомы...
Расце з караня
Юны дубочак.
Далёка да дня,
Блізка — да бочак!
Ледзьве ўзяў у далонь
Кварту —
Прычашчаюся.
Скачу праз агонь —
Ачышчаюся
Ад грахоў былых
I — вядома, не ўслых —
П'ю за будучыя.
...Не забуду, чыя
Росы абівала,
Шыю абвівала
Маладая рука.
Знаю я
Ды рака...

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Трэба развітвацца —

шчымлівы сум...

Прапахламу зёлкамі, цёплай трухой,
Вясёламу ад ахалоды,
Прачнуцца на сене пад самай страхой
I жмурыцца ад асалоды.
Чакаць, покуль росы сцяжына страсе,
I слухаць у ранішнім гаме,
Як галкі ступаюць па гулкай страсе,
Нібы не сваімі нагамі.
Глядзець, як прабіўся прамень во тачкі,
Як кроквы жывіцай ржавеюць.
Нібы парасячыя пятачкі,
У гонтах сучкі ружавеюць.
Павук мітусіцца — праныру няўсцерп
Уплесці праменьчык у нерат.
У лаціну дзюбай уторкнуўся серп,
Завяз — ані ўзад ані ўперад.
Кот дрэмле спакойна — мінуў сакавік,
Сапернікі вушы аб'елі.
Высокія стрэхі прысніў адстаўнік
I хіб нашашэрыў ельнікам.
А певень баіцца свой голас згубіць,
Галосіць услед — даганяе.
Аж хочацца глупства самому зрабіць,
Ляцець з дзіваком над гаямі.
Ды час халадзёнкаю горла лудзіць.
Настыла вада ў падзямеллі —
Глыбокая студня у неба глядзіць,
Як мутнае вока з пахмелля...

ВЫВАДЫ
З ЦЭНТРАЛЬНАЙ ТЭМЫ

Адчуў,
што нялёгкая праца — дружыць,
Дарога накусціла бровы.
Са свята ўстрывожана неяк дрыжыць
Спідометра палец нервовы.
...Да мора імчымся.
Не ўцямлю ніяк,
Што гэта са мною за дзіва:
Ці пену з заліва здзімае свяжак,
Ці можа з латгальскага піва?..
1966

БЛАКАДА

Светлай памяці бацькі майго

Івана Рыгоравіча

ЗАМЕСТ УСТУПУ

Бяссонніца

Гэта позна ці рана!
Ад крыжавіны аконкай рамы
Адплыў маладзік
Членам Таварыства
Чырвонага Крыжа й Паўмесяца,
Якога
За няўплату членскіх узносаў
Выгналі.
Месіцца па нябесным выгане.
У тэлефоннай кабіне
На пупавіне
шнура
Трубка вісіць, як эмбрыён.
Якраз пара
Пазваніць у лясны раён.
А куды! Хоць у туман!
Дык гэта ж
тэлефон-аўтамат.
Вега так пазірае,
Хоць з Месяцам заручы.
Планета —
какетка старая —
Круціць арбіт абручы,
Каб сагрэцца.
У халадзільніка
Абрываецца сэрца.
Рабіна світае
Чырвоным грабянём,
Чакаю —
закукарэкае...
Наіўнасць святая,
Што за недарэка я!
Гэта неба маленства
Занялося агнём...
Доўга ў схоўнях сэрца
блукала
I скаланула спакою дол
Слова
глухое, як тол,—
БЛАКАДА.
Ад цішы —
ад злой каргі —
Я ўцёк,
мітусню пакінуў.
Усплываюць ад каменя ўспамінаў
З прадоння памяці
тры кругі.
Тры кругі
блакады суровай,
Падпаленыя крывавай зарою.
... Цягнік гадоў
у тунель забыцця.
Як трус у пашчу ўдава, нырае.
Жалезку ўзарваць
паспець бы хаця.
Выбух!
Пахне зямля сырая.
Ды вока
ралля
не радуе —
Зямля
ўзарана снарадамі.
Прыйшла не з краскамі
вясна-красна.
Распалілася даясна
Нізкага неба скляпенне.
Першы круг захлынае —

Блакада цярпення

...Стогнуць калёсы,
Бежанцы сумныя.
Лес
да заўчасных
грымот прывык.
Рушылі ўсе,
Быццам новы
сунецца
Ледавік.
Панура
карова брыдзе
пры возе.
Крумкае хрыплы к рук.
Ціхай хвілінай
Б'ецца ў трывозе
Сэрца блакіту —
жаўрук.
Адзін кірунак —
усе за «жалезку».
Калёсы з раненым!
на ўзлеску.
Як надламаныя каласы
Асыпаюцца
раненых
галасы:
— Мы ў лёху смерці,
Над намі прама
Жахлівым небам зашклёная
«Рама».
Крыжы над намі,
Яшчэ жывымі.
Смерць
Ведае кожнага з нас па імю.
Над намі
бомбы адгаласілі.
Мы ў кожнай кулі
смерці прасілі.
Ды смерць марудзіць.
Мы ўстаць не ў сілe.
Нам болей не хлусіць
Нават зязюля.
Таварышы!
Просім апошнюю кулю,
Крыжастага неба
бачыць не можам.
Не пакідайце нас
кулям варожым...
На лузе
стажар'е выбухаў стыне.
Чарнеюць пад неба
стагі густыя.
Іржуць ашалела
здзічэлыя коні —
Не скублі гэткіх стагоў
ніколі.
Ды ціхнуць крыкі
ў імжы вечаровай.
Як некалі дома,
мычаць каровы.
Пякучыя раны
халодзіць кужаль.
Па гнёздах разбураных
кнігаўкі тужаць.
...Галінка расу за каўнер страсе.
Кажух туману акрыў лугавіны.
Як поўнач прыспіць трывогу.
Усе
Пайсці на прарыў павінны.
...Сурова
палец ляжыць на курку.
Маўчыць цішыня
у цяжкім неспакоі,
Нібыта
заціснутая ў кулаку
«Лімонка»
з вырванаю чакою.
Прайсці «жалезку»!
Прарвацца на захад!
...Жалезка» сустрэла
Жалезам,
Жакам.
Дарма!
Не прысела
поўнач трывогу —
Вар'яцкую песню
ціша запела.
На зябкім поплаве
неба начнога
Цвітуць ракеты
кветкамі з пекла.
Расталі ў момант
змроку сумёты.
Кажух туману
з лугавін спаўзае.
Плачуць па дзецях
нямецкія кулямёты
Буйнакалібернымі слязамі.
...Разведчыку развярнула жывот.
Пісталет да скроні:
— Не трэба, мама...
Не плач...
Выходзь з заклятых балот.
— Сынок...
i мяне таксама....
На міг змаўчалі абое,
Але
Куля ў абойме.
Куля ў ствале...
...Назад падаліся
Жакеткі,
Клумкі,
Дзе хто —
невядома.
Жудасна...
Тлумна...
...Патухлымі ад пакут
вачыма
Балюча
ў неба глядзіць жанчына.
А ля яе
Казлянятка бляе,
Аж заходзіцца —
І не адыходзіцца.
...На свежым пяньку
хлапчук малы
Сплакаўся —
ўсхліпвае ледзьве.
Мурзаты ад дыму
i ад смалы.
Шапка на вочы лезе.
У зайцавай шапцы,
Як зайчаня.
A маці
не йдзе i не чуе.
Ціха.
Яе не стала
яшчэ да дня.
За сына
не хоча прызнаць зайчыха.
...Лес плакаў,
Стагнаў,
Галасіў да рання.
Як ідал паганскі,
ашчодран дарамі.
А тут яшчэ
Салавей стараецца —
У чорным алешніку
цёхкае.
За хмару
Схавала раніца
Вока, крывёю зацёклае.
...Да вёскі лясной
Дацягнула знямога.
Уратаваў ад імжакі хлявок.
Каб скрыпнулі дзверы.
Нікога жывога.
Вяскоўцы ў лодкі —
i на астравок.
Вяртаецца вырай,
Кружыць тужліва,
Нязвыклай
палохаецца глухаты.
Зубам: скрыгочуць
жорны без мліва.
Спакойна сабе
памаўзуюць каты.
Што гэта
ўзяліся сарокі чаркаць?
Ці пастухі згубілі цялят!
Блішчастыя бляхі.
Крыжы.
Аўчаркі.
Астылае рулі
тупы пагляд.
Шнуром бікфордавым
schnell зашыпела
І ўдарыла раптам
рэзкае weg!
Страшна глядзяць
на дзень белы
Цяжкіх не ўзняць павек.
Злятае,
падстрэлены,
Ліст зялёны.
Строчаць
Па астраўку.
Бярэзай ссечанаю
Калона
Шуміць прыглушана па бальшаку.
Над азярынамі затуманенымі
матчыных вачэй
Малыя кігікаюць жаласна:
— Піць!..
Шнуром бікфордавым
schnell сіпіць.
Дарога ўзляцела б хутчэй!
...На падлозе салома злежыцца,
Прапахне голадам, тыфусам
Бяздомным бежанцам
Блакада
ў патыліцу дыхае.
Нішчымніца —
злая дзядзіна,
З ёй ніяк не згаворышся.
Усё памяняна,
прададзена.
На руках
толькі дзеці хворыя,
Іx усмешкі вайна адпрэчыла.
Яны на скарынку
чэрствую
Глядзяць
вачыма старэчымі.
Сасмягла рачулку чэрпаюць.
За спіной —
каміны абсмылелыя,
Беспрытульнасць —
уперадзе.
Над галавой—
груганы асмялелыя,
Ды ўсё яшчэ
ў нешта верыцца.
Бяда не чакае,
прыспешвае.
Прапячэ пясочак
сляза скупая.
Маіх восем гадоў —
Галодныя бежанцы
i дагэтуль
У сны мае
Адступаюць.
...Зноў вёска над возерам —
Качаны.
Прыпынак, відаць, часовы.
Пілоткамі згубленымі —
Чаўны.
Чые галовы
аплакваюць совы!
Магільнік у самой вёсцы.
Штодня
Маўкліва нехта
яму капае.
Труну не збіваюць.
Не трэба каня.
Жвір сыпле з далоні
Палата тупая.
Матуля ўтрапёная
сыну малому
Крыж на магілку
вяжа з саломы,
...Даедзены ўсе прыпасы.
Маліннік.
Крушня старая.
Хлапчук,
як мядзведзік ласы,
Маліну з куста абірае.
І голад забудзецца ўлетку —
Спакойна малінка паспела.
Ратуйся, малы! —
ўнепрыкметку
Змяя падпаўзці паспела.
Нашто ты ўрадзіла,
маліна,
Салодкая,
сакаўная!..
Матуля бога маліла,
Лячыла як знала —
Канае...
А заўтра ж
усіх павінны
Пагнаць з гэтай вёскі
рана.
Пакінуць хворага сына.
Не браць з сабой
загадана.
Канае мурзаты мядзведзік,
Вясёлыя вочы тухнуць.
Паспела матуля ледзьве —
Знайшла старую шаптуху.
На сэрцы холад зімовы
Старая
Шэпча
Замовы:
— Госпадзі, памілуй, баславі, госпадзі.
На моры на Кіяні, на быстрым буяні
стаіць ліпавы куст; пад тым кустом
ляжыць бел камень, у белым камні
чорна руна, у чорнай руне змяя —
Шкарлупея, сястра Палагея,
цётухна Аўхім'я.
А ты, змяя Шкарлупея, систра Пелагея,
цётухна Аўхім'я, змірай сваіх змей,
а то буду прасіць Міхайла-архангела,—
ён цябе громам заб'ець, маланнёю
спаліць, буйным ветрам попел разнясець.
Узнімі сваіх змей сіпучых, лятучых,
паўзучых, земляных, вадзякых, навозных,
дзярновых, крышачных, бярновых,
падкалодных,
карчавых, падмежных, падкаменных,
запечных,
качарэжных.
Госпадзі, памілуй, баславі, госпадзі.
Заснуў
мядзведзік мурзаты.
Не спяць чарадзейныя словы.
Наведала хату свята —
Устаў раніцой здаровы.
«Стала Купалка бедаваць:
— А дзе ж мне ночку начаваць!..»
Невясёлае ты, Купалле.
Адкуль жа словы ўпалі,
Як слёзы на прысак гарачы!
Чую,
Як мама
песню плача;
— Ноч сягоння кароткая самая,
Ветах мыецца
ў ціхай вадзе.
Як каса,
Як раса,
краса мая,
Пасячэцца i ападзе.
Неба ясніцца
небу горача —
Не купальскія гэта агні.
Пахне жудасцю,
пахне горыччу.
Вецер,
Чорныя хмары
згані!
Я — Купалінька,
Я — самотная.
Крывянее чорны туман.
Мне нядзеляй не быць,
Бьщь суботаю.
Я — Купалінька,
Дзе ты,
Іван!
А ласкага ж сышліся некалі
Рукі нашыя
i вянкі.
І, здавалася,
добрымі рэкамі
Плыць купальскім вянкам
Праз вякі.
Рукі я заламаю
калінаю.
Дзень, як ветах,
на сход ідзе,
Векаваць мне
ўдавой Купінаю.
Гора з кім падзялю
і дзе?
Не зарою
неба падпалена,
У купальскіх красках дзірван.
Я гукаю цябе,
Я — Купалінька.
Хоць падай мне голас,
Іван...
...На горле
спалоханага астраўка
Сціскаюцца пальцы аблавы.
Да поўні
не дастае рука —
Ракетам падвеснай плавае.
Сядзі,
Захлынайся
ў іржавай вадзе
Ад твані,
што звер калматы.
Глядзі,
Як аўчарка па следу вядзе
Ашчэраныя аўтаматы.
Халодна
змяя слізгане па шчацэ.
Але
Не выпусціць джала.
Халодная кропля
за шыю сцячэ.
Лось гляне,
Як госць нехаджалы.
Патронаў мала —
Чаргой у адказ
Шанцуе зрэдчас
агрызацца.
Астаўся
недатыкальны запас —
Густая капуста зайцава.
Пад вывернутым карчом —
Карчма.
Карчмаркаю —
смерць кашчавая.
На баравіне —
Рады няма —
Раптоўна запахла шчаўем.
Што гэта была за трава,
Каго запытаць!
Журавоў на імшарыне!
Кругам ішла галава.
Маўчала гадзіна шарая.
...Вёска
Каля
Валовай гары.
Валы тут даўно не рыкалі.
Ніводнай хаты —
хочаш бяры
Ды жар заграбай
Сваімі рукамі...
Лес зрэдку падміргвае,
Што ні кажы.
Забылі на момант
«жалезку».
Рошчына
Падышла ў дзяжы —
Дзяжа ацалела на ўзлеску.
Хутка прышчыліся праснакі:
З пажарышча
толькі патэльня,
І зноў наўпрасткі,
І зноў нацянькі.
Начы — і той
не даверышся вельмі.
Хоць ты з лазы напляці лапцей,
Каб з чортам лазатым палаяцца.
На нервах іграюць,
Хоць звар'яцей,
Апрыклыя «балалайкі» [7].
Цецерукі такуюць
да хрыпаты.
Ды выбухнула
Ціша ранняя.
Кашулю спатнелую —
на бінты.
Медсястру параніла.
Каб не закрычаць.
Траву жуе
Каторую раніцу — нашча).
Ды радасцю ўспыхваюць
вочы яе:
— Самалёты!
Нарэшце,
нашы!..
Травы маладой перацяты жмут
Ляжыць у канаве...
— Брат мой лётчык...
Ён, мабыць, тут,—
Балюча гаворыць.
Канае...
...З-пад шапкі кудзеліцца чуб.
За бараною ідзе хлапчук.
Барануе патроху,
Барануе дарогу.
Зводдаль глядзяць зірката
Нямецкія аўтаматы.
Ступае буланы міма, міма.
Жвіру трывожны хруст...
Выбухне зараз
партызанская міна
Вырасце чорны куст...
Памалу хлапчук ідзе
На бядзе...
...Болей не да забаў —
Сумны абоз склыгоча.
У бяздомных сабак
Прыйшлося пазычыць вочы.
Скончыліся забавы,
Засталіся паслугачы.
Позна!
Цяпер зубам!
Скрыгачы Ці не скрыгачы.
Баяліся партызан
І баравога азону.
Трэба вяртацца назад,
У партызанскую зону.
Паны афіцэры
З сабой не ўзялі каханак.
Як адчыніць
забытыя дзверы,
Ступіць на бацькоўскі ганак!
Болей за маркі
Нічога не купіш.
А тут яшчэ чуюцца сваркі
З балотных купін:
— Кур-рва!
кур-рва!
— Сама тта-ккая!
сама тта-ккая!
Лес, дымам пракурамы,
Рэхам ахрыплым
ім патакае.
...Ці куля, ці дзяцел!
Стукнула туша.
У лесе стаіць
духата цяжкая.
У лесе яшчэ
засталіся трупы.
Мама бацьку шукае,
Дзе ён ляжыць»
не абмыты, забыты!
Прыкрыць бы хоць косці
сырой зямлёю.
Казалі, ля возера,
тут, нібыта
Упаў,
падкошаны куляй злою.
Дзе ён схаваны,
скажыце, паляны!
Маўчаць паляны,
маўчаць трывожна.
Прылеглі навек адпачыць партызаны.
І на Івана
падобны кожны.
Не адгукнуцца ўжо болей самі.
На тым —
паддзёўка зусім не такая.
А гэты — з чорнымі валасамі.
Мама бацьку шукае.
Юнак парудзеў
(птушкі не закранулі),
A ногі ў вадзе да калень —
набрынялі.
Хто скажа, дзе ён,
яго матулі!
З дарогі ногі —
абмыйце, хвалі!
Кляне балота
i моліць бога.
Аддай хоць косці,
сквапная багна.
Раней не выносіла паху любога,
А тут —
паветра глытае прагна.
Нюхае,
паветра патыхае смуродам,
Глядзіць,
дзе сцежка глухая якая.
У лесе ўчадзелым
нялёгкі одум.
Мама бацьку шукае...
...Вядома,
што ў бежанкі
Ні хлеба,
Ні мешанкі.
Нібы ў той бабылкі-бабулькі,
Якой надакучыла жыць,
Ані цыбулінкі,
Ані ў што ўкрышыць,
Двары вашы,
ўдовы,
Мінае лёс.
Загон арэцца
ў крывавыя барозны.
Сын дзесяцігадовы
Мохам аброс,
Як пянёк бярозавы.
Сягоння зноў рана
Запяяла Ўлляна.
Запяяла Ўлляна —
Значыць, кепскія весці:
Сыну хочацца есці.
А пад снегам спяць паплавы.
І далёка —
да крапівы.
Некалі голад —
нішчымніцы хрэснік —
Жартаваў
на Белай Русі:
«Пяі песні,
Хоць трэсні,
Толькі есці не прасі...»
Ноччу плавае поўня.
Як сыр.
Не дастаць. Улляне яе.
Каб не чулі,
як плача сын,
Каб самой не заплакаць —
Пяе...
...Трымайся,
рабро,
Хоць не соладка.
Гаварыць —
серабро,
Маўчаць —
золата.
Нязнай ляжыць,
А Знайка далёка бяжыць.
Потым будуць
шукаць герояў
Чырвоныя следапыты,
Герояў,
Што за Радзіму стаялі гарою:
«Нішто не забыта,
Ніхто не забыты!»
Потым узыдуць
грозныя танкі
На гранітныя п'едэсталы,
Знясуць i прапішуць астанкі
У брацкіх магілах стала.
Потым геpoi
увойдуць у казкі
І ў прамовы
ўрачыстых мітынгаў,
( Салдаты бетонныя
здымуць бетонныя каскі
Над курганамі.
слязьмі абмытымі.
Потым будуць
Ракеты,
салюты,
авацыі.
А покуль анкеты
Пытаюцца люта:
«Ці быў
у акупацыі!»
Горш, чым ад выбухаў,
ад нематы
Аглухнеш,
Крыкам здасца мычанне.
Мае нораў круты.

Блакада маўчання

Tyга рэчкамі падперазаны
Курганы —
безыменныя узвышшы.
Тут маўчаць партызаны,
Што з блакады выйшлі.
Па варонках—
па свежых ранах
Гнала іх смерць,
смерць не драмала,
Іx, знясіленых,
Зацкаваных,
Толькі вера трымана.
Пагубляліся ўзводы,
роты.
Хто куды
Разбрыліся барамі.
Не спускаліся самалёты,
Іх за лінію фронту не бралі.
Пераправы,
цяжкія прарывы
Загацілі хлопцы сабою.
Палыну пасівелыя грывы
І цяпер
Вецер гладзіць з болем.
...Даўно стаў ветахам
Месяц мядовы.
Ды ён, і мядовы,
не быў салодкі.
У складчыну
горную п'юць
удовы.
Пеўні галовы
Кладуць на калодкі.
Вясну забрал:
блакада,
балоты.
Удовы
І ў дзень завейны пацелі.
Хапала спякоты.
Хапала слоты,
І толькі пяшчота
мінала пасцелі.
І верылі:
Прыйдзе чаканы,
адзіны.
Блакада-зайздросніца
не адпускала.
Халодная коўдра,
Падушкі-ільдзіны.
Усмешка плыла ў забыццё ласкава.
Маток цыбулі —
ну, чым не каралі!
Бывала,
І брыгадзірам гадзілі.
За трох касілі.
За двух аралі.
За плугам і ў плузе
сваё адхадзілі.
Бабіна пета
Прабудзе нядоўга.
П'юць,
як радоўку сваю адбываюць.
Старых бабылёў
ахмялелыя
ўдовы
Раўніва
Адна ў адной адбіваюць,
...Сасна,
падсочаная перуном,
Спрадвеку казалі людзі,
Не можа стаць бервяном —
Гусці ў навальніцу будзе.
Дзе знойдзеш саску
Хоць адну
У партызанскім краі
такую,
Што выстаяла вайну.
Легла звонка ў сцяну
І навальніцу не ўчуе.
Ад грому аглухлі бары,
Падсочвалі сосны
снарады.
Тупіліся
Склюды і тапары
Па папялішчах
пасля блакады.
Антэнам
Маланкі ўсе напавер
Даўно аддалі,
Каб з тропу не збіцца.
Ды ў кожнай хаце
Яшчэ і цяпер
Трывожна
у навальніцу.
Калі над Ушачай
лятуць журавы
І поўня спакойна барвее,
Запахне трывогаю
Мох баравы,
Жывіцай
заплачуць бярвенні.
...Па вясноваму цаліку
Партызанскай сцежкай патайнай
Сёння я прыйшоў
К Паліку
З невясёлым сваім пытаннем:
— Ты,
крывёю паліты
Палік,
Смуткам кожнае сэрца поўніш,
Хоць гадам сваім
Страціў лік,
Можа
бацьку майго прыпомніш!
Не адказвае мне
Палік.
Недзе плача самотны кулік,
Як душа,
Што збавення просіць.
Засмучоная,
змоўкла просіць...
На Палік
Адступалі яны —
Бацькавы дружбакі прыгадалі.
Пах трывожны
адталай сасны.
Да цішы
прывыкаеш гадамі.
Успаміны не варушы.
Захлынае
вясны бязмежжа.
Завіхаюцца мурашы —
Вавілонскую
ўзводзяць вежу,
Раскашуецца мурава,
Быццам раіць
На ўсё забыцца.
Ды сумуе
зямлянка-ўдава
У сваёй парудзелай світцы.
І ляціць баравое ку-ку
Па зялёнаму Паліку.
— А мой Іваначка,
набудзілася я цябе.
А цяпер
Цябе дуб караніць,—
Над магілаю
Б'ецца матка...
Адыходжу.
Мне ў сэрца звініць
Імя спаленай вёскі —
Звінятка...
...Зноў вяшчае прыёмнік,
Што i як за марамі,
А ў бальніцы раённай
Партызан памірае.
Быў на сцюжах, на слотах,
Толькі не на Каўказе.
Ён прымаў у балогах
Зледзянелыя гразі.
Мае нават даведку
З подпісам камандзіра,
Што хадзіў у разведку,
Быў адважны i шчыры.
Быў крыху на вышынях
У раённых маштабах —
Пахадзіў у старшынях,
Брыгадзірах, прарабах.
Еў i спаў як папала
i не думаў пра гэта.
Самагонкі хапала.
Не хапала
асветы.
У гадах, а завочна
Людзі вучацца дзесьці,
Думаў — позна,
навошта.
Хай стараюцца дзеці.
І медаль юбілейны
Атрымаў да бальніцы.
Ранак белы, завейны.
Толькі голас сініцы.
Як тады,
ў блакаду,
У балоце заклятым
Кулямётныя звады...
Ён з пустым аўтаматам...).
Як тады, у блакаду,
Сіні голас сініцы.
Сэрца...
І нішто не дасць рады;
Гэта ява
Ці сніцца!
Калі ўсё йдзе да ладу,
Ліха блізка пасецца.
Зноў сціскае блакада —

Блакада сэрца

Узышлі палыны тугі —
Ты сваё ўзарвала ляда.
Замыкаюцца тры кругі.
Што ты хочаш яшчэ,
Блакада!
Патрабуеш яшчэ
чаго!
У глухмені балотных кладак
Ты забрала бацьку майго.
Ты забрала мой смех,
Блакада.
Хай на звод
Пойдзе люты род.
За матуль,
што жыццю
не рады,
За калек.
За ўдоў.
За сірот
Праклінаю цябе,
Блакада!
Што ты ходзіш!
Шукаеш аброць
Ад каня,
што вазіў снарады!
Хоць
У сны мае не прыходзь,
Я прашу цябе!
Чуеш,
Блакада!...
1968, Ушачы

1

Вёска па другім беразе Дзвіны ля Нафтабуда.

(обратно)

2

Лабу накты! (латыш.) — добрай ночы!

(обратно)

3

Perkona grandi (латыш.) — удары перуна.

(обратно)

4

Persona grata (лацін.) — пажаданая асоба.

(обратно)

5

Вельмі своеасаблівы і самабытны від гарлавых спеваў.

(обратно)

6

Яўгена Шабана.

(обратно)

7

Шасціствольныя нямецкія мінамёты.

(обратно)

Оглавление

  • Рыгор Барадулін Свята пчалы
  • МАЛАДЗІК НАД СТЭПАМ 1959
  •   * * *
  •   БАЦЬКУ
  •   ДОМА
  •   ДОБРАЙ РАНІЦЫ!
  •   ЛЯДЫ
  •   ДЗЕНЬ ДОБРЫ, ІНТЭРНАТ!
  •   * * *
  •   ВЕЧАР НАД ТАБОЛАМ
  •   У ПАЛАТЦЫ
  •   * * *
  •   ЛІСТ З ДОМУ
  •   НАСЦІНА КУХНЯ
  •   * * *
  •   КАЛАЎРОТЫ
  • РУНЕЦЬ, КРАСАВАЦЬ, НАЛІВАЦЦА 1961
  •   * * *
  •   ТРЭБА ДОМА БЬІВАЦЬ ЧАСЦЕЙ
  •   ЖАРОЎНЯ
  •   КАЛЫСКА
  •   ПАЛАТА МІНЁРАЎ
  •   ТРУБА
  •   СКРЫПАЧЫ
  •   СТЭАРЫНАВАЯ СВЕЧКА
  •   ПA ЗЯЛЁНЫЯ ВЕНІКІ
  •   СВІНУХА
  •   А БЯСЕДА ЦЯЧЭ...
  •   * * *
  •   СНАПАВОЗ
  •   СТАЛАСЦІ ПАРА
  •   СТАНЦЫЯ ГРАМЫ
  •   ПЕРШЫ НАВАСЁЛ
  •   ПАДСОБНІКІ ВЯСНЫ
  •   ІНТЭГРАЛЫ НА ЦЭГЛЕ
  •   СОЙКА
  •   ЦЯЛУШКА
  •   * * *
  • НАГБОМ 1963
  •   * * *
  •   * * *
  •   НАГБОМ
  •   * * *
  •   * * *
  •   РАДЗІМЕ
  •   ДЗВЕРЫ
  •   * * *
  •   ПРА БАРОДЫ I MAЮ РАДАСЛОЎНУЮ
  •   Я — СЫН ЗЯМЛІ
  •   БОТЫ
  •   ПРАВІНЦЫЯ
  •   ПРАДЧУВАННЕ
  •   ЯНКУ КУПАЛУ
  •   ВЯСНОВАЯ ЗАМАЛЁЎКА НА БЕРАЗЕ ВАЎЧЭНСКАГА ВОЗЕРА
  •   * * *
  •   БУСЕЛ
  •   * * *
  •   ВАРШАВА
  •   САФІЙКА
  •   * * *
  •   * * *
  •   ЦЫМБАЛЫ
  •   ЗАБЭЙДА-СУМІЦКІ
  •   КУПАЛЯНЯТЫ
  •   * * *
  •   ПАРОМ
  •   ПАСЛЯ НАВАЛЬНІЦЫ
  •   СМАГА
  •   УСКРАІНА
  •   ПАМЫТАЯ ПАДЛОГА
  •   МАТЫЛЁК
  •   ПАЛЯЦЬ БУЛЬБОЎНІК
  •   ЛОДКІ
  •   * * *
  •   ПАРК
  •   * * *
  •   ВОСЕНЬ
  •   ПРЫБАЛТЫКА
  •   * * *
  •   * * *
  •   САДЫ
  • НЕРУШ 1966
  •   ВЕЧНАСЦЬ
  •   ВЕРАСОВАЧКА
  •   ГОД
  •   МАЯ MOВA
  •   ЛЯСНАЯ ДАРОГА
  •   * * *
  •   ЛІСТОК УШАЦКАЙ ВОСЕНІ
  •   БЕЛЫЯ НОЧЫ
  •   * * *
  •   ШАПКА
  •   ДЗЯТЛІНКА
  •   СТАРЫ ЛЯСНІК
  •   * * *
  •   * * *
  •   ЗЯМЛЯ
  •   * * *
  •   АРЦЕЛЬ ІНВАЛІДАЎ
  •   ПАРТЫЗАНСКІЯ КОТЛІШЧЫ
  •   ЛЯСНЫЯ КЛАДЫ
  •   НЕРУШ
  •   МАЯ БАЦЬКАЎШЧЫНА
  •   ПАЭМА ЖЫТНЯЙ СКІБЕ
  •   ЛЕСНІЧОЎКА ВЭЛДЗІС
  •   * * *
  •   ЧАЛОМ ТАБЕ, ЕНІСЕЮ!
  •   КАРГЫРАА [5]
  •   МАРАЛУ ЗРАЗАЮЦЬ ПАНТЫ
  •   АДАМ I ЕВА
  •   ПОРТ
  •   УРАДЖАЙ
  •   ДОМ НА СОПЦЫ
  •   ДЗЕД I МОРА
  •   ТАНЦУЕ ТАДЖЫЧКА
  •   * * *
  •   ЦІХІ АКІЯН
  •   БУЗКАШЫ
  •   ДЗІВОСНАЕ ІМГНЕННЕ
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  • АДАМ І ЕВА 1968
  •   * * *
  •   ГНЯЗДО ШЭРАЙ ЧАПЛІ
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   КАМЕННАЯ БAЛАДА
  • ЛІНІЯ ПЕРАМЕНЫ ДАТ 1969
  •   БАГАТАЯ КАМАРОЎКА
  •   * * *
  •   * * *
  •   ЗАІНЕЛАЯ УШАЧЧЫНА
  •   * * *
  •   НА РАДЗІМЕ ДРУЖБАКА [6]
  •   СПАДНІЧКІ
  •   СМЕРЦЬ ІГРУШЫНЫ
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   НЯНЕЧКІ
  •   ПАЛЕСКІЯ ЎРАЖАННІ
  •   * * *
  •   КАСПІЙ ПАСЛЯ ШТОРМУ
  •   * * *
  •   * * *
  •   СУБТРАПІЧНАЯ РАНІЦА
  •   КАРАГАЧЫ
  •   * * *
  •   СТАРАЯ ЛАТВІЯ
  •   * * *
  • ВЯРТАННЕ Ў ПЕРШЫ СНЕГ 1972
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  • РУМ 1974
  •   ТРЫПЦІХ УШАЧЧЫНЫ
  •   * * *
  •   ШЧАВУЛЬНІЦЫ
  •   НА СУСТРЭЧЫ ПАРТЫЗАН
  •   * * *
  •   МОГІЛЬНІК ВЁСАК
  •   * * *
  •   * * *
  •   ЛЕТА
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   СВЯТА ПЧАЛЫ
  •   ТАРЫ САД
  •   * * *
  •   * * *
  •   САНЦАЛЮБ
  •   ВЯСТУНКА МАЙГО AКHA
  •   КАЗКА
  •   ГАЛІНКА ПАЛЫНУ
  •   MIC АЗІЯ
  •   АРЛІНАЯ БАЛАДА
  •   * * *
  •   KOЛAC HA КАМЕНІ
  •   МЯККІЯ РУКІ
  •   БЯРОЗА З ЛІСТАМ ГАВАРЫЛА....
  •   МАТЧЫНЫ ПЕСНІ
  • ЗАЙМІШЧА Пачатая кніга
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   ЯРАСЛАЎ ВАСІЛЕВІЧ
  •   ВЫКЛАДЧЫЦЫ РОДНАЙ МОВЫ
  •   ХЛЕБ
  •   КОНЬ
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   МАМА
  •   * * *
  •   ЗЯМЛЯ БАЦЬКОЎ
  •   * * *
  •   ВОЗЕРА ЗВОНЬ
  •   ЛАЗНЯ БЛАКАДНАГА ГОДА
  •   БАРАВАЯ ПЕСНЯ
  •   ПОЛЬКА
  •   * * *
  •   * * *
  •   ЧУФУТ-КАЛЕ
  •   САЛЫ
  •   ДЖУР-ДЖУР
  •   ГОРЫ
  •   РАЗВІТАННЕ З ЦІХІМ АКІЯНАМ
  •   * * *
  •   * * *
  •   ШЫПШЫНА
  •   ПЕРАКЛАДЧЫКІ
  •   * * *
  •   АДАМУ МІЦКЕВІЧУ
  •   САРАКІ
  •   АНДРЭЮ ВАЗНЯСЕНСКАМУ
  •   * * *
  •   * * *
  •   ЛІПЕНЬ
  •   * * *
  •   ДАФНІС I ХЛОЯ
  •   ІНТЭРВ'Ю
  •   * * *
  •   У ЗАДАБРОЦЦІ
  • ПАЭМЫ
  •   Трыпціх
  •   НЕБА ТВАІХ ВАЧЭЙ
  •   БЛАКАДА
  • *** Примечания ***