Цяпло на першацвет [Генрых Вацлававіч Далідовіч] (fb2) читать постранично, страница - 85


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

пачынала гусцець надта холадна.

Вольга Пятроўна, скалануўшыся плячыма ад дрыжыкаў, выйшла на агарод i разораю падалася на сценку, а з яе — полем да Каменнай гары. Ішла i не хацела ісці, думала, на што ўсё гэта яна робіць, чаго ідзе, чаго хоча, што трэба вярнуцца назад, але i вельмі хацелася пайсці i паглядзець, ці прыйшоў той, ці сур’езна ён нешта задумаў...

Вольга Пятроўна многа абгінала, ішла да рэчкі, каб падысці туды не з поля i быць заўважанай, а непрыкметна прыблізіцца з другога боку, з кустоў.

Як пачала прыбліжацца да высокай гары, якую цяпер началі раскопваць на жвір, пайшла цішэй, затупала мякка, узіраючыся наперад i ўслухоўваючыся. Часта прыпынялася i падоўгу стаяла, уважліва слухала i стрымлівала дыханне. Але нічога ўбачыць i пачуць не магла, хоць ужо зусім блізка была ля гары.

Можа, вось так уся, як ёсць, i выскачыла б з кустоў на дарогу, каб не пачула цыгарэтны дым. Тады раптоўна прыпынілася, прыклала руку да сэрца: так яно нечакана затрапяталася. Затрапяталася, як толькі ў роскапні ўбачыла ў джынсах i скураной куртцы, маладога, з цыгарэтаю ў зубах, Станіслава Браніслававіча, які сядзеў на вялікім камені i курыў, пазіраючы амаль на яе.

«Што ён сабе думае, тэты хлопец, за каго мяне лічыць? — падумала яна i разам з тым неяк узрадавалася, што ён не насміхаўся, a напраўду прыйшоў сюды, лічыць яе яшчэ за зусім маладую.— Але што гэта я?..»

Яна, спалохаўшыся сама сябе, адступіла крок назад i зачапіла галавою галінку сасняку, i тая загайдалася. Заміраючы, яна пазірала на галінку, прасіла бога, каб хлопец не заўважыў гэтага. Пастаяўшы яшчэ крышачку, яна ціхенька адышлася i хутка падалася адсюль, адчуваючы, што нешта зрушылася ў яе душы, як абуджаецца, здаецца, забытае маладое хваляванне, як штосьці нядобрае цягне яе вярнуцца назад, а не ўцякаць адсюль, бо яна, можа, ўцякае ад сваёй маладосці, ад свайго цяперашняга шчасця i пасля будзе папракаць сябе за гэта...

...Калі падыходзіла да свайго дома, што амаль ужо зліўся ў цемені з садам, з паветрам i небам, убачыла ў акне лепшай палавіны сіняе святло ад тэлевізара. Падышоўшы бліжэй, да самых шыбін, зірнула i з самотаю, з нейкім пачуццём вялікай страты згледзела: муж, прылёгшы на правы бок, падкурчыўшыся, ужо спаў нераспрануты на канапе.

1974