Цяпло на першацвет [Генрых Вацлававіч Далідовіч] (fb2) читать постранично, страница - 83


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Што яна хацела, думала, ён тое век i рабіў, слухаўся яе. Здаецца, толькі вельмі раўнаваў, мучыўся, як яна ў школе пасміхалася з калегамі-настаўнікамі ці вытанцоўвала ў клубе з прыезджымі шафёрамі, але мучыўся моўчкі. Можа, нават i таму, што яна жартавала з чужымі мужчынамі, любіла закружыць ім крышку галаву, прымусіць ix i ўкахацца, у яе, паспрабаваць заляцацца, але ніколі большага чаго яна не дазваляла.

Анатоль, які гэтаксама быў з ёю сёння на полі, вярнуўшыся дахаты, пераапрануўшыся i перакусіўшы, не прылёг, a хадзіў недзе па двары. Ці не падбіраў у садзе ападкі — сёлета чамусьці яблыкі вельмі чарвівелі i абвальваліся. Ix не паспявалі есці — i крышаноў з ix насушылі, варэння наварылі, а цяпер дык не ведалі, дзе ix дзяваць.

Пачуліся крокі ў сенцах — ішоў у хату Анатоль. Ён прыпыніўся на кухні, паставіў, мусіць, ля пapoгa кош з ападкамі i ішоў сюды, у лепшую палавіну, дзе стаяла канапа, шафа з кнігамі, тэлевізар i стол.

— Мала што сыплюцца яблыкі, дык яшчэ адна напасць на ix...— сказаў ён, трымаючы ў рудэ вялікі жоўта-зялёны яблык з глыбокімі норкамі, у якіх была відаць чарнаватая труха.

Вольга Пятроўна, лежачы, зірнула не на яблык, а на мужа — невысокага, лысаватага i з густымі маршчынамі на вузкім, здаецца, зусім нясвежым, нават старым, твары, убачыла, што ён стаміўся. Яна пашкадавала яго, паклікала да сябе.

Ён паасцерагаўся, што ідзе па ходніку ў туфлях, можа натрэсці пяску, але бачачы, што яна кліча, зморшчыўся, падышоў i прысеў, стараючыся на яе не пазіраць.

— Сарокі клююць здаровыя жоўтыя антоны,— яшчэ раз заклапочана сказаў ён.— Гэта ж ніколі такога не было, каб птушкі яблыкі на дрэвах дзяўблі...

— Прыляж,— ціха прамовіла яна, пасунулася да сцяны, даючы яму болей месца ля сябе.

— Можа, пойдзем ужо на агарод,— сказаў ён,— буду падкопваць, а ты будзеш выбіраць.

— Выберам тую бульбу, нідзе яна не дзенецца,— адказала яна,— яшчэ вунь толькі пачатак верасня на дварэ. Чаму ты еў часнок?

— Вецер прахапіў,— прамовіў ён,— дык вось заклаў у нос, каб прагнаць прастуду. I з'еў пару драбкоў.

— Які ты нехарошы! Толькі сябе аднаго глядзіш...— яна прыгарнулася да яго.— Але прылашчы...

Ён як засаромеўся, што яна так гаворыць, паводзіць сябе як зусім маладая, азірнуўся, бы хто быў у хаце, а тады злёгку, каб паслухацца, не зусім ахвотна правёў далонню па яе русявых валасах.

— Як яна там, наша Ірынка? — нечакана спытала яна.

— Будзе вучыцца, як i мы некалі вучыліся, як i цяпер вучацца яе аднагодкі.

Пакуль ён гэта гаварыў, яна паспела ўжо ціха заплакаць — зажурбоціцца па дачцэ. Бязгучна плакала i адчувала, што муж гэта чуе, але не спяшаецца супакоіць, пацалаваць яе, як некалі, у маладыя гады, адразу ж супакойваў i цалаваў, а ляжыць побач моўчкі, добра ведаючы, што яна крыху пахліпае, выплача свае хуткія жаночыя слёзы i сама супакоіцца. Ёй стала балюча, што ён такі — спакойны і па-мужчынску чарстваваты.

— Не можа ж яна век быць з намі,— сказаў яшчэ ён, прамовіў зноў надта цвяроза i сухавата.— Пайшлі, бо нам з табой удваіх шмат работы.

I яна, слухаючы яго, паплакала, напраўду супакоілася, што дачцэ трэба было выязджаць адсюль, бо трэба вучыцца, думаць пра будучае, a ім во трэба застацца ўдваіх, працаваць i думаць пра ix, пра сваіх дарослых дзяцей. Яна, адчуваючы, што раптоўны жаль не зусім прайшоў, пацалавала мужа ў аброслую за дзень, калючую шчаку. Ён жа нават не варухнуўся, здаецца, нішто не захвалявала яго — што яна блізка, што ў яе крышку расшпілена блузка i з-пад яе відаць лагчынка ад яе высокіх грудзей, што вышэй каленяў агаліліся яе белаватыя роўненькія ногі.

— Дык пойдзем? — спытаў ён.

— Пойдзем,— уздыхнула яна, яшчэ толькі нядаўна хацела прашаптаць мужу: «А можа, нам i праўда асмеліцца?..» — нават прыдумала ўжо, як апраўдацца, але як толькі пачула сухаватае i настойлівае: «Дык пойдзем?» — стрымалася i не пачала гаварыць мужу пра свае патаемныя думкі, бо яшчэ збаялася, ці добра не толькі дзеці, але i ён, Анатоль, яе зразумее...

Муж падняўся i сказаў, што пойдзе падкопваць на аторку — лапінцы пры хляве — бульбу, а яна няхай зараз падыдзе з кашамі. Сказаў i, не азіраючыся, выйшаў.

Вольга Пятроўна паднялася, паправіла засцілку на канапе. Па целе прабегла нейкая прыемная стома, здаецца, прыліло цяпло да шчок. Яна падышла да люстэрка, паглядзелася i ўбачыла, што напраўду на шчоках гарыць чырванец, i адчула, што гэта не звычайны чырванец, а палымяны, малады.

Можа, муж убачыў яго i крышку раней, заўважыў i сышоў.

Яна ж, пазіраючы на сябе, думала, што зусім яшчэ не старая, даволі маладая на твары i постаццю. I тут жа ўспомніла, што ёй пра гэта — што яна маладая i прыгожая — гаварыў нядаўна адзін мужчына. Ды не пажылы чалавек, а малады хлопец, новы настаўнік.

Ён, гэты новы настаўнік, прыехаў у ix школу ў сярэдзіне жніўня. Быў здалёку, але тутэйшыя настаўніцы ўжо аднекуль ведалі, што яму трыццаць гадоў, што ён быў жанаты, развёўся, будзе плаціць аліменты за дзіця.

Гэты Станіслаў Браніслававіч здаўся спачатку зусім не настаўнікам. Здаўся па сваім