Удзячнасць і абавязак [літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі] [Ніл Гілевіч] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

разорамі» (1906), у эпілогу якога паяўляюцца тры сыны старога селяніна Мацея — парабак з панскага двара, салдат і пецярбургскі рабочы,— паяўляюцца, каб адказаць натоўпу абяздоленых па пытанне, хто ж дасць ім зямлю і волю: «Мы — дадзім! Мы — сіла! Мы — права!»

Матывамі барацьбы і пратэсту, вядома ж, не вычэрпваецца ідэйны змест паэзіі Цёткі. Ёсць у паэтэсы і пранікнёныя радкі аб некрыклівым, але чароўным харастве роднай прыроды, і вершы аб сялянскай працы, і вершы-замалёўкі з вясковага быту. Але вызначальнае ў яе лірыцы — рэвалюцыйная палкасць, пафас барацьбы за народную справу. У гэтым — галоўная рыса яе паэтычнага характару, яго сутнасць.

Творчая спадчына Цёткі невялікая па аб'ёму, але разнастайная ў жанравых адносінах. Яна з'яўляецца і адным з першых беларускіх белетрыстаў: яе апавяданні «Прысяга над крывавымі разорамі», «Зялёнка», «Міхаська», «Навагодні ліст», «Зваротлівы» і інш.— прыкметная з'ява ў дакастрычніцкай беларускай прозе. Яе нарысы «З дарогі» і «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» і сёння чытаюцца з неаслабнай цікавасцю. Цётка, апрача таго, і таленавіты публіцыст. Яе ваяўнічыя артыкулы ў абарону грамадзянскіх правоў беларускага народа, у абарону нацыянальнай культуры і мовы, нацыянальнай школы і друку з'яўляюцца цудоўным дапаўненнем да яе ж палымяных вершаў нацыянальна-патрыятычнага зместу. А яшчэ яе пяру належаць і артыкулы навуковага характару, напрыклад, аб беларускай народнай песні, аб народным лялечным тэатры-батлейцы. Займалася яна таксама і мастацкім перакладам. Нарэшце, Цётка была педагогам і выдаўцом: яна склала першую на роднай мове чытанку для пачатковай школы (1906), яна ж кіравала першым беларускім часопісам для дзяцей і моладзі «Лучынка» (1914).

Усё гэта дае падставы гаварыць, што ў асобе Элаізы Пашкевіч — Цёткі мы маем не толькі таленавітага рэвалюцыйнага паэта і пісьменніка, але і буйнага дзеяча на ніве беларускай культуры і асветы. Зрэшты, у гісторыі кожнага народа ў перыяд яго нацыянальнага адраджэння падобную ролю выкопваў амаль кожны выдатны паэт і пісьменнік.

Цётка памерла ў лютым 1916 года, не пражыўшы нават сарака. Далёка не ўсё з напісанага ёй было ў свой час абнародавана, многае заставалася ў яе архіве, сляды якога, калі ён не загінуў увогуле, яшчэ, на жаль, не адшуканы.

Малады Янка Купала, вітаючы першую кнігу Цёткі «Скрыпка беларуская», пісаў у вершы, прысвечаным аўтару:

Гэй, пяснярка, болей, болей
Нам на скрыпцы сваёй грай!
Прывітаем хлебам-соляй,
Дзякуй скажа родны край...
Беларускі край ужо даўно сказаў сваёй таленавітай дачцэ ўсенародны дзякуй. І працягвае гаварыць сёння. І будзе гаварыць заўтра. Таму што кожнае новае пакаленне чытачоў з удзячнай пашанай прычашчаецца, як да жыватворнай крыніцы красы і сілы, да творчай спадчыны гэтага волата духа.

1976

Валадар роднага слова


Паэт пачынаецца са слова, з адчування слова як сродку выказаць сябе і свае адносіны да навакольнага свету, з адчування сэнсавых і гукавых магчымасцей слова.

Колькі вялікіх, што праславілі на цэлы свет свой край і народ, сцвярджалі: без мовы няма пісьменніка, мова — гэта яго будаўнічы матэрыял і яго інструмент адначасова, гэта — тое першае і галоўнае, па чым мы беспамылкова пазнаём — пісьменнік перад намі ці не пісьменнік. І калі чалавек, які лічыць сябе пісьменнікам, не валодае словам, калі ў яго мовы няма — тут ужо нічым не дапаможаш. Прыродная глухата да слова — гэта не загана, якую можна ў той ці іншай меры кампенсаваць нейкай іншай станоўчай якасцю. Гэта — поўная і непапраўная катастрофа, смяротны прысуд, ад якога не ўратуе ніякая апеляцыя ні да якіх інстанцый.

Народ — вялікі майстар-моватворца, у якога вучыліся і вучацца ўсе тыя, каму «воляй божай» суджана мець справу са словам. Здольнасць да моватворчасці, да словатворчасці — адзін з верных прызнакаў паэтычнага таленту. Чым гэтая здольнасць большая — тым буйнейшы талент. І наадварот: бездапаможнасць перад словам, няўменне распарадзіцца ім, сэнсава або эўфанічна абнавіць яго, «выбіць» з яго повы нюанс, павярнуць нечаканым бокам — сведчыць пра адсутнасць паэтычнага дару, ва ўсякім разе — дару яркага, самабытнага.

Здольнасць да авалодання словам даецца паэту ад прыроды. Але кожны сапраўдны творца гэтую здольнасць няспынна і нястомна развівае, вучачыся ў народа. Прыглядаючыся і прыслухоўваючыся да таго, як народ абыходзіцца са словам — у жывой гутарцы, у песнях, у казках і прыказках. Імкнучыся спасцігнуць моватворчы вопыт народа. Вядома, у таленавітага паэта, чуйнага да слова, гэта вучоба як бы ідзе сама сабой — без нейкіх спецыяльных заняткаў, урокаў, лекцый. Але пры адной катэгарычна абавязковай умове: калі паэт жыве з народам і жыццём народа, яго справамі, яго думамі і клопатамі.

У беларускай паэзіі ніхто не валодаў такой магутнай здольнасцю да словатворчасці, як Янка Купала. І ні ў кога іншага не выявіўся так ярка