Рэквіем для бензапілы [Уладзімір Арлоў] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Уладзімір Арлоў РЭКВІЕМ ДЛЯ БЕНЗАПІЛЫ

Аповесці. Апавяданні


Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Арлоў, Рэквіем для бензапілы: Аповесці, апавяданні — Мінск: Мастацкая літаратура, 1998. — 240 с.


Рэдактар: Леанід Дранько-Майсюк


© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2008 

Полацкія апавяданні

Малекула


Магчыма, вы таксама памятаеце навелу Сомерсэта Маэма пра рудога жабрака з выпаленых сонцам вулачак і пляцаў Веракруса. Сюжэты маюць уласцівасць паўтарацца, але ў маёй гісторыі не будзе ні цяжкіх чорных грыфаў, ні тугога партманета, ні ветлівай кастыльскай формулы адмаўлення «Dіsреnsе Ustеd роr Dіоs»*, а Маэм узгадаецца толькі таму, што працягнутая рука жабрачкі з полацкага Спасаўскага манастыра будзе дакладнай копіяй намаляванай ангельскім калегам кіпцястай птушынай лапы, у якую ператварылася рука няздзейсненага пісьменніка.

* Бог падасць (гішп.).

Бываючы ў Полацку, я звычайна наведваюся сюды, каб пераканаць сябе, што хоць нешта ў гэтым свеце мяняецца на лепшае, бо цяпер у манастырскім Крыжаўзвіжанскім саборы пахне ладанам, а ў часы майго дзяцінства навакольныя жыхары, парабіўшы перабойкі, трымалі ў занядбаным храме свінняў. Праўда, аргумент гэты не бездакорны, таму што тады на ўтравелых прыступках не дзяжурылі дзесяткі два жабракоў з пакладзенымі ля ног падранымі шапкамі ці расплюшчанымі скрынкамі з-пад абутку.

Кіпцястая лапа належала жабрачцы гадоў на шэсцьдзесят, апранутай, нягледзячы на ліпеньскую спякоту, у страшэнна брудны восеньскі палітон, які даўно ўжо забыўся, што такое гузікі. У яе былі нямытыя, напэўна, ужо колькі месяцаў валасы загадкавага колеру і гэткага ж колеру вочы, якія таксама хацелася назваць нямытымі.

Мне цяжка падаваць жабракам каля храмаў. У падземных пераходах - зусім іншае: можа, з тае прычыны, што вулічныя жабракі спадзяюцца адно на тваю шчодрасць, не шантажуючы цябе абавязкам перад Усявышнім. З такімі не надта дабрачыннымі думкамі я падняўся па ўсходах у пустэльную свежасць сабора, але каля шапіка са свечкамі нешта змусіла мяне азірнуцца на жабракоў.

Калісьці я ўжо бачыў дзве такія малінавыя плямы на шыі...

Калісьці я ведаў, да чаго яны падобныя...

Падлога гайданулася ў мяне пад нагамі.

Калісьці я... цалаваў іх...

Некалькі імгненняў памяць дзейнічала, як відэамагнітафон, што перакручвае назад патрэбную касету, а потым я ўбачыў Дзвіну, у якую разам з Сафійкай глядзелася яшчэ незруйнаванае барока сабора святога Стэфана.

У тыя гады Дзвіну нельга было ўявіць без задзвінскай вар'яткі Юлькі, што ўлетку, «каб наша рэчачка не высахла», вёдрамі цягала на бераг ваду з калонкі. Знямогшыся, яна сядала на траву і, баязліва паглядаючы на рыбакоў, зацягвала сваю ўлюбёную песню пра Лілю.

На бірагу сідзела Ліля,
А радам с нею капітан... -
выводзіла Юлька тонкім дзяціным галаском, які, відаць, толькі і мог існаваць у яе выпетраным целе. Далей песня рабілася журботнай:

Уж год прашол, марак ні едзіт,
А Ліля к берагу ўсё йдзёт...
Ніхто з нас тады не ведаў, што Юлька звар'яцела яшчэ перад вайною - пасля допытаў у колішнім кляштары бернардзінаў, дзе, не вытрываўшы, падпісала штосьці страшнае пра каханага хлопца, якога «варанок» павёз у невараць у тую самую ноч, калі Юльку адпусцілі дадому. У нашым дзяцінстве дарослыя былі не надта ахвочыя да такіх успамінаў, хоць Юльку шкадавалі і не давалі ёй памерці з голаду.

Фінал у песні быў трагічны:

Красотка Ліля утанула,
Яе уж большэ ні відно.
Юльцы выпаў лёс яе гераіні. Аднойчы вудалі налілі спявачцы чарку гарэлкі, і яна, канчаткова ўвасобіўшыся ў вобраз сваёй Лілі, кінулася каля чыгуначнага моста ў Дзвіну.

Пустая, зарослая вышэй вокнаў крапівою і здзічэлымі парэчкамі Юльчына хаціна палохала вока на пачатку той вуліцы, дзе жыла Аня Шадурка, найпрыгажэйшая дзяўчына майго класа.

Вядома, Аня адно здавалася мне такой, бо калі я гляджу на выпускное фота нашага 8-га «А», дык знаходжу тварыкі значна прыгажэйшыя. Напрыклад - выдатніцы Светкі Цімафеевай, той самай Светкі, якую праз гадоў дваццаць я сустрэў каля менскага гатэля «Планета» і ўзрадавана прапанаваў дзе-небудзь пасядзець, на што аднакласніца адказала, што можа са мной і пасядзець, і паляжаць, але гэта будзе каштаваць са скідкаю трыццаць баксаў.

Рэч у тым, што Аня першая ператварылася ў жанчыну - з налітымі грудкамі-яблыкамі, з тонкай таліяй, стройнымі і заўсёды загарэлымі нагамі і вачыма зялёнага колеру, у глыбіні якіх плавала нешта такое, што зноў і зноў прыводзіла іх уладарку ў мае сны.

Аня была гімнастка, кандыдатка ў майстры спорту, і ўвесь час прападала то на спартовых зборах, то на спаборніцтвах, пасля якіх на школьных лінейках яе называлі нашым гонарам, а настаўнікі спраўна выстаўлялі ёй за чвэрць