Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага: Падзеі і асобы [Вячаслаў Насевіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

ВЯЧАСЛАЎ НАСЕВІЧ Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы

ПРАДМОВА


Кніга, якую вы зараз трымаецце ў руках, прысвечана першапачатковаму перыяду гісторыі Вялікага княства Літоўскага — дзяржавы, у нетрах якой сфарміравалася беларуская народнасць. Невыпадкова яе поўная афіцыйная назва абавязкова ўключала слова "Рускае": Вялікае княства Літоўскае і Рускае, з 1440-ых гадоў — Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Назву "рускія" мела праваслаўнае насельніцтва былой Кіеўскай Русі, і гэты тэрмін не трэба блытаць з этнонімам сучасных рускіх (велікарусаў). Так атрымалася, што сённяшняе імя беларускага этнасу замацавалася за ім параўнальна позна, канчаткова — толькі ў XIX стагоддзі.

Гісторыя ведае прыклады, калі адзін старажытны народ даў пачатак некалькім новым, якія наследуюць у тым ліку і яго імя. Так, сучасныя балгары і балкарцы ўзялі сваю назву ад качэўнікаў балгар, што зніклі шмат стагоддзяў назад. Імя румын пераклікаецці з іменем старажытных рымлян (Romanus). Прыкладна ў такіх жа адносінах знаходзіцца сучасны этнонім "рускія" з назвай супольнасці, што дала пачатак тром народам: беларусам, рускім і ўкраінцам.

Доўгі час у афіцыйнай савецкай гістарыяграфіі разглядалася толькі адна "лінія развіцця": Кіеўская Русь — Маскоўская дзяржава – Расійская імперыя. Гісторыя ж той паловы Русі, што ўвайшла ў Вялікае княства Літоўскае, апыналася недзе на задворках, а то зусім знікала з поля зроку многіх вучоных. Для сучаснага чытача Вялікае княства (а яго існаванне — гэта найбольш працяглы перыяд гісторыі Беларусі) найчасцей застаецца не проста "белай плямай", а якімсьці "неадкрытым кантынентам". Так сталася таму, што яна не пакінула дзяржаўных утварэнняў, якія б прэтэндавалі на статус яго палітычных нашчадкаў. У выніку падзелаў у 1772—1795 гадах Рэчы Паспалітай — федэратыўнай дзяржавы, што аб'ядноўвала Польшчу ("Карону") і Вялікае княства Літоўскае ("Княства", або "Літву") апошняе перастала існаваць як самастойнае адміністратыўнае цэлае, а яго тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Тры спробы аднавіць незалежнасць (паўстанні 1794, 1830 і 1863 гадоў) бы няўдалымі. Каб прадухіліць новыя, царскі ўрад разгарнуў палітыі русіфікацыі. Настойліва прапагандавалася наступная канцэпцыя: маўляў, беларусы і ўкраінцы — частка рускага, г. зн. велікарускага этнасу. Ад уласнай гісторыі ім пакінулі толькі байку пра "адвечна імкненне" да ўз'яднання з Расіяй.

Але доўгае існаванне Вялікага княства ва ўмовах дзяржаўнай уніі з Польшчай (1569—1795) спрыяла нараджэнню і супрацьлеглай канцэпцыі — быццам беларусы з'яўляюцца толькі "забруджанай" расейскім уплывам часткай польскага этнасу. Усведамленне ж таго, што яны ўтвараюць самастойны народ, выспявала вельмі павольна. У сярэдзіне XIX стагоддзя тыя, хто прыходзіў да гэтай думкі (Канстанцін Каліноўскі, Вінцэнт Дунін- Марцінкевіч), выглядалі дзівакамі. Тонкі слой беларускай інтэлігенцыі, якая і выступіла вяшчальнікам нацыянальнай ідэі, склаўся толькі ў канцы XIX стагоддзя.

Імкнучыся адмежавацца і ад палякаў, і ад велікарусаў, гэтая маладая інтэлігэнцыя трапіла ў іншую крайнасць. З'явілася так званая крывіцкая канцэпцыя Вацлава Ластоўскага, паводле якой беларусы — нашчадкі крывічоў, а раней гетаў ці вялетаў — не маюць увогуле нічога агульнага з рускімі, бо спрадвеку ўтваралі асобную лінію развіцця.

Пасля распаду Расійскай імперыі ў 1918 годзе аднавілі сваю незалежнасць Польшча і Літва, тады ж была абвешчана і Беларуская Народная Рэспубліка — першая спроба беларусаў стварыць нацыянальную дзяржаву. У той час трактоўка гісторыі Вялікага княства Літоўскага набыла вельмі абвостранае палітычнае гучанне. Палякі, літоўцы і беларусы пачалі цягнуць яе, як коўдру, кожны ў свой, бок. Польшча прэтэндавала на тэрыторыю Рэчы Паспаліуай у межах 1772 года і нават здолела ўтрымаць за сабой Заходнюю Беларусь, дзе разгарнула палітыку паланізацыі мясцовага насельніцтва. У Літве ставіліся да Вялікага княства як да выключна літоўскай дзяржавы.

У тых умовах Мітрафан Доўнар-Запольскі (увогуле вельмі сур'ёзны і грунтоўны гісторык) дзеля падтрымкі беларускай дзяржаўнасці разгарнуў канцэпцыю, паводле якой Вялікае княства было ў першую чаргу дзяржавай беларусаў. Тады ў навуковым свеце гэтая канцэпцыя была ўспрынята як кур'ёз, але яна працягвала жыць сярод беларускіх эмігрантаў.

Савецкая ж гістарыяграфія па сутнасці цалкам успрыняла русіфікатарскую канцэпцыю царскага ўрада. Эпоха Вялікага княства была для яе толькі часовым і прыкрым адхіленнем на шляху адзінаіснага ўсходнеславянства. А паколькі большая частка Беларусі (з 1939 года — амаль уся яна) апынулася ў складзе СССР, менавіта такі погляд навязваўся яе насельніцтву.

Сёння сітуацыя ў пэўнай ступені паўтараецца. Пасля распаду СССР аднавілася і тузанне коўдры. У некаторых публікацыях на гістарычную тэму, якіх, нарэшце, так шмат з'яўляецца ў апошнія гады ў Беларусі, выразна прасочваецца канцэпцыя, што аднаўляе тэзы В. Ластоўскага, М. Доўнар-Запольскага і іх паслядоўнікаў з беларускай дыяспары (П. Урбана, М. Шкялёнка і інш.). Коратка яе можна звесці да трох пастулатаў:

1. Старажытнарускага адзінства ніколі не існавала, беларусы ўжо з першага тысячагоддзя нашай эры ішлі сваім асобным шляхам.

2. Старажытныя беларусы выступалі ў ХІІІ стагоддзі пад назвай "літва", запазычанай ад знікшага балцкага племені, што жыло калісьці ў Верхнім Панямонні. Продкі сучасных літоўцаў ("летувісаў" ) не мелі да гэтай назвы ніякага дачынення, у той час яны зваліся выключна "жамойтамі".

3. Беларусы-"літва" стварылі Вялікае княства Літоўскае і падпарадкавалі сабе "жамойтаў", якія не адыгрывалі самастойнай ролі, пасіўна ўспрынялі ад беларусаў назву "літва", а ў XIX стагоддзі без усялякіх падстаў прысвоілі яе сабе.

Гэтая канцэпцыя набыла вялікае пашырэнне. На жаль, яна ўжо прывяла да таго, што літоўцы глядзяць на нас з крыўдай, а астатніі суседзі — з пэўнай іроніяй. Тым больш актуальнай задачай застаецца стварэнне аб'ектыўнай карціны далёкага мінулага.

Заўважу, што многія гісторыкі-прафесіяналы як у канцы XIX – пачатку XX стагоддзя, так і ў пазнейшыя часы грунтоўна распрацавалі пытанні ўтварэння і ранняй гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Але іх творы часта напісаны сухой акадэмічнай мовай, а большасць і ўвогуле сёння недаступныя для шырокага кола чытачоў, якія не валодаюць польскай, літоўскай мовамі і не могуці працаваць у навуковых бібліятэках са старымі і рэдкімі выданнямі.

У сваёй кнізе я імкнуся даць папулярны, але дастаткова поўны нарыс перадгісторыі і пачатковага этапу існавання Вялікага княства Літоўскага. Дзеля ахопу падзей як суцэльнай карціны рэчаіснасці прыходзіцца часам ахвяраваць прапрацоўкай асобных дэталяў, але гэта непазбежна. І так у кнізе змешчана інфармацыі значна больш, чым можна затрымаць у свядомасці з першага прачытання. Той, хто мае пэўную падрыхтоўку, хто даўно цікавіцца гісторыяй, лёгка здолее арыентавацца ў падзеях, імёнах і датах. У непадрыхтаванага ж чытача галава можа пайсці кругам. Але не трэба гэтага палохацца! Чытайце далей, калі трэба — вяртайцеся назад, вяртайцеся да кнігі праз пэўны час — і вы ўбачыце, што паступова ўсё звяжацца адно з адным. Калі перыяд адаптацыі да новых ведаў будзе пераадолены, вы адчуеце, што прастата і лёгкасць агульнавядомых тэорый і шаблонаў больш не задавальняюць вас, затое вам адкрылася іншая асалода — здольнасць свабодна арыентавацца ў фактах, на іх падставе асэнсоўваць розныя канцэпцыі замест таго, каб пасіўна "праглынаць" іх.

Кніга разлічана на крытычнага, самастойнага чытача, які не будзе прымаць яе як ісціну ў апошняй інстанцыі. Калі гэтая праца абудзіць у ім цікавасць да гісторыі, то іншыя кнігі і першакрыніцы дапамогуці знайсці слушны адказ на тыя пытанні, дзе я, магчыма, у чымсьці памыліўся.

Перш чым прапанаваць чытачам свой твор, хачу зрабіць яшчэ некалькі ўступных заўваг. Мая кніга прысвечана ў першую чаргу дзеянням канкрэтных асоб. Менавіта гэтая частка гістарычнап працэсу лічылася пэўны час другараднай: маўляў, гісторыю ствараюці не героі, а народныя масы. Адсюль і поўны заняпад генеалогіі, якая ў маёй кнізе вяртаецца на належнае ёй месца. Увогуле я цалкам згодзен з тым, што "герой" можа зрабіць толькі тое, што адпавядае імкненням людзей, чыімі рукамі ён ажыццяўляе сваю волю. Але менавіта дзейнасць выдатных асоб ператварае гістарычную магчымасць у рэчаіснасць. Я выкладаю падзеі "па каленах" гістарычных асоб, стараюся не абмінуць нікога з буйных дзеячаў. Гэта можа здацца зваротам да некалі традыцыйнага выкладання гісторыі па цараваннях. Але пераважная ўвага да пануючых асоб тлумачыцца зусім не маімі манархічнымі сімпатыямі. Проста ў лёсе адной чалавечай сям'і, як у кроплі вады, адбіваецца эпоха. Спецыфіка ж крыніц такая, што прасачыць лёс на працягу пакаленняў магчыма толькі для найбольш адметных арыстакратычных родаў.

Гісторыя дзяржавы патрабуе вельмі шырокага ахопу яе сувязяў з суседнімі краінамі. Таму ў кнізе гутарка пойдзе і пра Польшчу, і пра Маскоўскую Русь, і пра Залатую Арду. Пры гэтым узнікаюць пытанні з ужываннем тэрміналогіі, назваў і імёнаў. Розныя народы часам называлі адны і тыя ж мясціны, адных і тых жа асоб па-рознаму. Перавагу ў такім выпадку належыць аддаваць тым варыянтам, што былі першапачатковымі: Бату-хан, а не Батый, напрыклад. Але такі прынцып цяжка правесці паслядоўна.

Асабліва складаная сітуацыя з назвамі і імёнамі, што ўжываліся народамі, якія ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага. Часта варыянт, прыняты ў моўнай практыцы таго часу, да нашых дзён не захаваўся ў афіцыйным ужыванні ні ў Літве, ні ў Беларусі. Так, значная частка геаграфічных назваў замацавалася ў польскай транскрыпцыі. Зварот да найменняў, што ўжываліся ў мінулым, нараджае і іншую праблему: гістарычнымі крыніцамі звычайна не фіксаваўся націск, які мае істотнае значэнне для сучаснага беларускага правапісу. Напрыклад, найбольш характэрным варыянтам напісання назвы Навагрудка ў сярэднявеччы было "Новгородок". Дзе ставіць націск у гэтым слове?

У такіх спрэчных выпадках я арыентаваўся на думку вядомага беларускага лінгвіста, акадэміка А. Жураўскага, якую ён абгрунтаваў у газеце "Навіны Беларускай акадэміі" (1992, 14 жніўня). Таму тых, хто сустрэне ў тэксце нязвыклыя назвы "Бeрасце" (Брэст), "Горадна" (Гродна), "Ноўгародак", я заклікаю не здзіўляцца — так, напэўна, вымаўлялі нашы продкі.

Больш складаная справа з імёнамі літоўскіх князёў. Для пявучай літоўскай мовы і сёння не ўласцівы выразны націск. Як жа гучала ў мінулым імя, якое старажытнарускія крыніцы перадаюць як "Олкгерд", а сучасныя літоўцы вымаўляюць як "Альгірдас", сказаць вельмі цяжка. Па магчымасці, апрача відавочна памылковых форм, я прытрымліваўся традыцыі, якая ўсталявалася ў беларускім друку ("Альгeрд", "Міндоўг" і г. д.).

Складанасць узнікае нават з самім этнонімам славянскага насельніцтва Вялікага княства, у тым ліку жыхароў Беларусі XIII—XIV стагоддзяў. Тагачасныя продкі беларусаў (як, дарэчы, і ўкраінцаў) звалі сябе рускімі, русінамі. Пазней, у межах Вялікага княства, што скарочана называлі "Літвой", з'явілася найменне "ліцвіны", пры дапамозе якога не толькі этнічныя літоўцы, але і тыя ж русіны адрознівалі сябе ад падданых Маскоўскай дзяржавы (маскоўцаў, маскалёў). У супрацьпастаўленне літоўцам і жамойтам (жмудзінам) яны па-ранейшаму заставаліся "рускімі". Назвы "Беларусь" і "Украіна" набылі сучасны сэнс вельмі позна. У XVII стагоддзі маскоўскія пісцы разумелі пад "Белай Руссю" ўсе славянскія землі Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, у тым ліку часам і Кіеўшчыну, Валынь (хаця для ўсходнеўкраінскіх зямель ужывалася і назва "Украіна"). З другога боку, у гэты ж час і пазней назва "Белая Русь" замацавалася за часткай сённяшняй Беларусі — Падняпроўем і Падзвіннем. На землях Вялікага княства, далучаных у канцы XVIII стагоддзя да Расійскай імперыі, былі ўтвораны Беларуская губерня (у 1802 годзе падзеленая на Віцебскую і Магілёўскую), Мінская і Літоўская (апошнюю ў 1801 годзе падзялілі на Гродзенскую і Віленскую). Да паўстання 1831 года і нават адразу пасля яго Віцебскую і Магілёўскую губерні працягвалі афіцыйна называць беларускімі, а Гродзенскую і Віленскую – літоўскімі, пакуль цар Мікалай І не устанавіу агульную назву — Паўночна-Заходні край. Нарэшце, нават на пачатку XX стагоддзя адзін з правадыроў беларускага нацыянальнага адраджэння Вацлаў Ластоўскі лічыў тэрмін "беларусы" штучным і імкнуўся замяніць яго тэрмінам "крывічы".

Усё гэта паказвае, што сучаснае імя беларускага этнасу прырасло да яго значна пазней, чым ён узнік. Ужыванне такой назвы адносна рэалій XV—XIX стагоддзяў з'яўляецца ў пэўнай ступені ўмоўным, тым больш што этнічная тэрыторыя беларусаў ніколі не супадала з межамі сучаснай Рэспублікі Беларусь. Аднак яно, безумоўна, мае падставы (як мы часам называем старажытных элінаў "грэкамі"), бо этнас ужо існаваў, хаця і пад іншымі імёнамі.

У нашай жа кніжцы гутарка ідзе пра XIII—XIV стагоддзі, калі не існавала не толькі назва, але, як будзе паказана ніжэй, і сам этнас яшчэ толькі пачаў фарміравацца. Падзеі, што разгортваліся ў гэты час на Полаччыне, Тураўшчыне ці Ноўгародчыне, маюць непасрэднае дачыненне да беларускай гісторыі, але безагаворачна называць гэтыя землі "беларускімі княствамі", а іх уладальнікаў — "беларускімі князямі", як сёння часам робіцца, было б анахранізмам. Таму я схіляюся да таго, каб у адпаведнасці з абвешчаным мной жа прынцыпам называць іх так, як называлі самі ўдзельнікі падзей, — Русь, рускія княствы, князі і баяры. Тое ж датычыцца і мовы, якая мела назву рускай яшчэ ў XVII стагоддзі. Мову дакументаў XVI—XVII стагоддзяў звычайна лічаць "старабеларускай", але для больш ранніх часоў немагчыма і гэта, бо нават у XV стагоддзі мова "старабеларускіх" і "стараўкраінскіх" актаў (з тэрыторыі Валыні і Галіччыны) практычна нічым не адрозніваецца. Абвясціўшы яе "беларускай", мы пакрыўдзім нашых украінскіх суседзяў.

Але ці не пакрыўдзім мы самі сябе, калі назавём сваіх продкаў так, як сёння завуць сябе насельнікі Расіі? Мне здаецца, што не. Калі беларусы мінулых стагоддзяў, прамыя нашчадкі Кіеўскай Русі, не саромеліся зваць сябе рускімі і пры гэтым не змяшаліся з "маскалямі", не згубілі нацыянальнай самабытнасці, то і нам няма, чаго саромецца ці баяцца. Трэба толькі разумець, што ў гэтай саманазве (а яна часам сустракаецца ў беларускіх сялян нават сёння) адбіваецца не атаясамліванне сябе з велікарусамі, а спадчынаі старажытнарускіх часоў, Русі Яраслава Мудрага і Усяслава Чарадзея. Так атрымалася, што палітычна больш моцныя велікарусы ў XVIII—XX стагоддзях атрымалі манаполію на гэтае імя (як жыхары ЗША "прыхапілі" назву цэлага кантынента), беларусам жа і ўкраінцам прыйшлося браць новае. Але і цалкам забываць пра староеі імя не варта.

І яшчэ адна неабходная заўвага — пра гістарычныя крыніцы, выкарыстаныя ў гэтай кнізе. Асноўныя з іх — старажытныя летапісы, як выпушчаныя асобнымі выданнямі, так і апублікаваныя ў шматтомным "Полном собрании русских летописей". Шмат цікавых звестак захавалася ў хроніках Польшчы і прыбалтыйскіх крыжацкіх ордэнаў, у пасланнях рымскіх пап і іншых дыпламатычных дакументах.

Сярод летапісаў трэба адрозніваць дзве групы. Адны з іх пісаліся ці па гарачых слядах падзей, ці на падставе больш-менш праўдзівых вусных паданняў не пазней чым праз два-тры пакаленні ад часу, пра які яны паведамляюць. Другую групу ўтвараюць летапісныя кампіляцыі XVI— XVII стагоддзяў і легендарныя радаводы, што ствараліся ў часы, калі рэальныя падзеі ўжо сцёрліся з памяці. Да гэтай групы, напрыклад, належаць вельмі тэндэнцыйныя версіі паходжання літоўскай пануючай дынастыі ад полацкіх ці смаленскіх князёў або ўвогуле ад "халопа Гегіменіка", якія ўключаны ў маскоўскія радаслоўныя кнігі (адна з такіх версій трапіла ў якасці позняй устаўкі ў Васкрасенскі летапісны збор, а таксама ў Густынскі летапіс). З другога боку, не менш тэндэнцыйныя паданні (аб паходжанні літоўскіх князёў ад рымскага патрыцыя Палямона і заваяванні імі амаль усёй тэрыторыі Вялікага княства яшчэ ў сярэдзіне XIII стагоддзя) уключаны ў найбольш вядомыя з беларуска-літоўскіх летапісаў — Хроніку Быхаўца і Хроніку Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага, а таксама ў хроніку польскага гісторыка XVI стагоддзя Мацея Стрыйкоўскага, які ў сваю чаргу карыстаўся вельмі блізкім да Хронікі Быхаўца летапісам. Усе названыя творы можна разглядаць як сведчанні светапогляду XV—XVI стагоддзяў, але толькі не як дакладную крыніцу звестак па гісторыі XIII стагоддзя. Магчыма, тыя ці іншыя фрагменты гэтых паданняў маюць пэўную гістарычную падставу — так, літоўскае паданне выкарыстоўвае кавалак Валынскага летапісу пра Міндоўга і Войшалка. Аднак у большасці выпадкаў даказаць верагоднасць тых ці іншых фактаў з пазней створаных радаводаў немагчыма. Даследчыкі бяруць ці не бяруць іх на веру ў адпаведнасці з тым, як яны суадносяцца з канцэпцыямі саміх даследчыкаў. Бяспечней, аднак, ставіцца крыху скептычна нават да самых праўдападобных з гэтых звестак.

Усё сказанае адносіцца, зразумела, і да тых гістарычных прац XIX стагоддзя, якія выкарыстоўвалі ўказаныя крыніцы,— напрыклад, да другога, трэцяга і часткі чацвёртага тамоў дзевяцітомнай "Гісторыі літоўскага народа", выдадзенай на польскай мове ў першай палове XIX стагоддзя навукоўцам Тэадорам Нарбутам. Дарэчы, твор гэты каштоўны тым, што ў ім вельмі падрабязна пераказаны крыжацкія хронікі і іншыя дакументы на латыні, дагэтуль не выдадзеныя на славянскіх мовах. Аднак Нарбут спасылаўся і на так званы "Раўданскі летапіс", які, паводле даследаванняў польскіх гісторыкаў, сачыніў сам. Насцярожаныя адносіны ў навукоўцаў і да твораў рускага гісторыка XVIII стагоддзя Васіля Тацішчава. Ён меў у сваім карыстанні некаторыя рукапісы, што пазней загінулі, і дакладнасць іх зараз праверыць немагчыма. Прычым ёсць падазрэнне, што часам ён таксама ўстаўляў прыдуманыя ім самім фрагменты.

На заканчэнне прадмовы дадам, што пачатковы перыяд гісторыі Вялікага княства ўвогуле вывучаны значна горш, чым пазнейшыя. Далёка не ўсе з падзей, вынікі якіх даспелі значна пазней, прыцягвалі да сябе належную ўвагу сучаснікаў. Таму некаторыя пытанні застаюцца без адказаў. Можа, іх растлумачыць хтосьці з тых, у кім гэтая кніга выкліча такую патрэбу.

А пакуль што запрашаю вас прасачыць за тым драматычным спектаклем, што паставіла некалі Гісторыя.

ЭКСПАЗІЦЫЯ


20-ыя гады XIII стагоддзя — менавіта ад гэтага часу пачну я сваё апавяданне. Але спачатку давайце не спяшаючыся разгледзім гістарычную сцэну, на якой будзе разгортвацца дзея.

Абшар, што з цягам часу складзе тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага і Рускага, пакуль што падзелены на дзве няроўныя часткі. У паўночна-заходнім яго куце, што прымыкае да пясчаных берагоў Балтыкі, — свет вольных балцкіх плямёнаў. Але з двух бакоў, ад вусцяў Даўгавы і Віслы, на яго пачынае насоўвацца цень каталіцкіх царкоўна-рыцарскіх ордэнаў — з імі балты будуць весці доўгую барацьбу за сваю незалежнасць. Астатняя частка абшару — землі, што ўваходзяць у склад Кіеўскай Русі — рыхлага дзяржаўнага ўтварэння, якое ўяўляе сабой кангламерат дастаткова аўтаномных княстваў. У кожным з іх пануе асобная галіна адзінага роду Рурыкавічаў, але гэтыя землі-княствы змацаваны, як клёпкі ў дзежцы, абручамі эканамічных сувязяў, адзінай праваслаўнай веры, адзінай пісьмовай мовы і культуры, што ўзнікла як сплаў былога славянскага паганства і візантыйскіх уплываў. Кіеўская Русь раскінулася на большай частцы нашай уяўнай сцэны.

Заходні яе ўскраек займае тэрыторыя Польшчы — дзяржавы славянскай, але звернутай тварам на захад, у свет заходнееўрапейскай цывілізацыі, перыферыю якой яна складае. Польская дзяржава не прыме непасрэднага ўдзелу ва ўтварэнні Вялікага княства, але ўплыў яе будзе ўвесь час вельмі адчувальным, а ў канцы нашага апавядання — проста-такі рашаючым, калі ў выніку дзяржаўнай уніі Вялікае княства і Польшча злучацца ў канфедэрацыю.

Нарэшце на ўсходзе, недзе ўжо за кулісамі сцэны, пачынаецца бясконцы разлог палынова-кавыльных стэпаў, свет цюркскіх народаў, што вузкім пасам цягнецца ў самае сэрца азіяцкага кантынента. Гэты пас стагоддзямі выконвае ролю кнота, па якім распаўсюджваецца полымя качэўніцкіх нашэсцяў. І зараз усходні канец яго дыміцца — там, за тысячы кіламетраў, у далёкай Манголіі выспяваюць значныя падзеі. Хутка яны дакоцяцца сюды і накіруюць гісторыю Усходняй Еўропы ў зусім іншае рэчышча.

Разгледзім асобныя часткі сцэны больш уважліва і пачнём з Русі — вялізнай квітнеючай дзяржавы, што ляжыць ад Карпат на паўднёвым захадзе да сцюдзёных берагоў Ледавітага акіяна на паўночным усходзе. Доўгі час гісторыкі лічылі, што яе раздрабненне на паўсамастойныя палітычныя адзінкі было сведчаннем заняпаду. Але з часам рабілася ўсё больш відавочным, што жорстка цэнтралізаваны дзяржаўны апарат — зусім не абавязковы атрыбут грамадства, якое працвітае. Час палітычнай раздробленасці на Русі быў не толькі часам росквіту культуры, гандлю і рамёстваў — ён, як ні дзіўна, быў і часам актыўнага зліцця асобных этнаграфічных правінцый — нашчадкаў старажытных славянскіх этнасаў (крывічоў, дрыгавічоў, севяран і інш.) — у культурна-этнічную супольнасць, якая ў савецкай гістарыяграфіі атрымала назву "старажытнаруская народнасць".

На гэтым пытанні трэба спыніцца крыху падрабязней, бо яно мае істотнае значэнне для разумення выкладзеных ніжэй падзей. Сёння тэзіс аб старажытнарускай народнасці часам абвяшчаецца такім жа міфам сталінісцкай псеўданавукі, як і "адзіны савецкі народ — будаўнік камунізму". Але тое, што нейкі тэрмін нарадзіўся ў сталінскі час, зусім не азначае, што ён не варты разгляду. Прынамсі, нейкая доля ісціны ў канцэпцыі старажытнарускай народнасці ўсё ж была. Праўда, пытанні этнічнай ідэнтыфікацыі — ледзь не самыя складаныя. Але які б крытэрый этнасу мы ні ўзялі — ці то агульная самасвядомасць, ці наяўнасць выразнага стэрэатыпу паводзін і звычаяў, што кідаецца ў вочы суседзям, — усе яны больш-менш прымянімыя да насельніцтва Кіеўскай Русі. З летапісаў XII— XIII стагоддзяў вынікае, што іх стваральнікі лічылі і Кіеўскую, і Наўгародскую, і Суздальскую землі часткамі адзінай дзяржавы. Праўда, тэрмін "Русь" у вузкім сэнсе азначаў толькі землі, якія былі падуладныя непасрэдна кіеўскаму князю ("вялікаму князю", як яго ўжо пачыналі зрэдку называць у той час). Таму "Русь" у такім значэнні з ходам раздрабнення не пашыралася, а звужалася да невялікай тэрыторыі на сярэднім Дняпры. Але адначасова існавала і шырокае значэнне гэтага слова, якое датычыла ўсіх княстваў, падпарадкаваных дынастыі Рурыкавічаў. У гэтым жа сэнсе яго ўжывалі за межамі дзяржавы. І пазней, калі Кіеўская Русь знікла, насельніцтва яе асколкаў, што ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага, Польшчы, Маскоўскай дзяржавы, упарта называла сябе русінамі, рускімі, а праваслаўную веру — рускай верай. Так магло стацца толькі таму, што і назва, і агульная самасвядомасць паспелі пусціць глыбокія карані. Стваральнік "Слова пра пагібель Рускай зямлі" (гэты выдатны паэтычны твор датуецца хутчэй за ўсё другой паловай XIII стагоддзя) акрэслівае месца рускіх сярод суседніх народаў: паміж уграў (венграў), ляхаў (палякаў), яцвягаў і літвы, немцаў Лівонскага ордэна, карэлаў, а на ўсходзе — паволжскіх народаў (балгараў, мардвы і інш.).

Дарэчы, і раздробленасць дзяржавы мела зусім не такі характар, як, напрыклад, раздробленасць Францыі на герцагствы і графствы, звязаныя толькі васальнымі адносінамі. Русь разглядалася як калектыўная вотчына ўсіх князёў Рурыкавічаў, падзеленая на долі для больш зручнага кіравання ёю і пракорму асобных прадстаўнікоў роду, — таксама, як зямля сялянскай абшчыны-грамады дзялілася паміж сем'ямі.

Цікава, што парадак падзелаў і наследавання княжацкіх уладанняў быў ці не больш архаічным, чым сялянскае землекарыстанне: калі ў сялян асноўным уладальнікам лічылася малая сям'я (бацькі з дзецьмі), то на дзяржаўным узроўні такім уладальнікам выступала галіна княжацкага роду — вялікасямейная абшчына. Падзел дзяржаўнай вотчыны адбываўся не паміж сынамі пасля смерці бацькі, а паміж сынамі родных братоў пасля смерці апошняга з такіх братоў, г. зн. не ў другім, а ў трэцім пакаленні. Пакуль браты былі жывыя, старэйшы з іх лічыўся старэйшынам сямейнай групы, права на гэты статус мелі па чарзе ўсе браты. Калі род раздрабняўся на некалькі такіх груп, найбольш аўтарытэтнай з іх лічылася тая, што паходзіла ад старэйшага сына родапачынальніка. Старэйшына гэтай групы меў адначасова вяршэнства над усім родам.

На Русі XII—XIII стагоддзяў княжацкі род утваралі нашчадкі пяці сыноў Яраслава Мудрага (менавіта пасля смерці апошняга з іх, Усевалада Яраславіча, у 1093 годзе пачынаецца распад агульнасямейнай вотчыны на ўладанні асобных "абшчын", які быў замацаваны на Любецкім з'ездзе князёў у 1097 годзе). Сыны кожнага з Яраславічаў атрымалі "отчину" — тую частку дзяржавы, якой кіраваў пры жыцці іх бацька. Праўда, у сыноў Яраслава Мудрага быў таксама стрыечны брат — Брачыслаў Ізяславіч, уладальнік Полацкага княства. Ён памёр яшчэ пры Яраславе, але яго сын Усяслаў аказаўся адзіным прадстаўніком асобнай княжацкай галіны. Менавіта гэтай генеалагічнай акалічнасцю, а не асаблівым сепаратызмам Полацкай зямлі трэба тлумачыць яе больш ранняе і ўстойлівае адасабленне ад астатніх княстваў. Пазней, каб падкрэсліць сваю дынастычную самастойнасць, нашчадкі Усяслава спасылаліся на тое, што іх род паходзіць ад Ізяслава — старэйшага сына Рагнеды Рагвалодаўны, адзінай наследніцы полацкага князя Рагвалода, забітага разам з сынамі Уладзімірам Кіеўскім (паводле родавых звычаяў, пры адсутнасці нашчадкаў па мужчынскай лініі спадчына пераходзіла да старэйшага па жаночай лініі). Яраслаў Мудры ж, таксама сын Рагнеды і Уладзіміра Кіеўскага, не з'яўляўся старэйшым сынам. Але гэтая дыскусія вялася не дзеля таго, каб канчаткова парваць усе сувязі з Кіевам, а каб адбіцца ад спроб іншых княжацкіх сем'яў захапіць Полаччыну.

Канешне, тут мелася і, так бы мовіць, зваротная сувязь — больш адасобленае генеалагічнае становішча полацкай дынастыі сапраўды спрыяла сепаратызму яе князёў і баяр. Але гэта было ўсё ж вынікам, а не прычынай, і ўвогуле гэты сепаратызм не трэба перабольшваць. Прынамсі, матэрыяльнай культурай (архітэктура, рамесныя вырабы) Полацкая зямля пачатку XIII стагоддзя не больш адрозніваецца ад іншых земляў Русі, чым яны паміж сабой. Для Генрыха Латвійскага, аўтара "Хронікі Лівоніі" пачатку XIII стагоддзя, не выклікае сумнення, што полацкія князі разам са смаленскімі і іншымі Рурыкавічамі з'яўляюцца рускімі князямі. А полацкая грамата 1264 года недвухсэнсоўна вызначае: "Руськая земля словет Полочьская".

На пачатку разглядаемага перыяду на Русі існавала шмат генеалагічных ліній Рурыкавічаў, прычым колькасць долей, на якія расшчапілася кожная з першапачатковых вотчын, вельмі адрознівалася. Гэта мела непасрэднае дачыненне да палітычнай магутнасці княстваў.

Уладзіміра-Суздальская зямля (інакш Залессе) належала адзінай братняй абшчыне — сынам Усевалада Юр'евіча Вялікае Гняздо, што памёр у 1212 годзе. Хоць браты часам і варагавалі адзін з адным, усё ж з 1218 года, калі старэйшынам гэтай галіны стаў Юрый Усеваладавіч, ён разам з трыма малодшымі братамі утвараў магутную сілу – бадай што найвялікшую на Русі.

Суседняя Смаленская зямля зусім нядаўна мела такое ж адзінства, калі яна належала пяці братам Расціславічам. Але ў 1215 годзе памёр апошні з іх — Рурык Расціславіч, які большую частку сталага жыцця правёў у барацьбе за ўладу над Кіевам. Пасля яго смерці род Расціславічаў фактычна распаўся на чатыры групы. Раздрабненне Смаленшчыны крыху замарудзілася дзякуючы таму, што многія члены роду мелі ўдзелы на поўдні, у Кіеўскай зямлі. Сын Рамана Расціславіча Мсціслаў, а пазней сын Рурыка Уладзімір станавіліся кіеўскімі князямі, а прадстаўнік малодшай галіны, Мсціслаў Мсціславіч Удатны, здолеў уладкавацца спачатку ў Ноўгарадзе, а потым у Галічы (лінія тамтэйшых князёў згасла ў канцы XII стагоддзя). Аднак падзел Смаленскай зямлі на шэраг самастойных вотчын усё роўна пачаўся. Вылучылася асобнае Таропецкае княства — уладанне нашчадкаў Мсціслава Расціславіча Храбрага (а пазней яны ж, верагодна, далі пачатак вяземскай галіне смаленскіх князёў). Нашчадкі Рамана і Давыда Расціславічаў аспрэчвалі вяршэнства ў Смаленскай зямлі (у выніку пасля згасання роду Давыда яно замацавалася за ўнукамі Рамана). Некалі магутная Смаленшчына паступова адыходзіла на другі план.

Трэцяй буйной зямлёй у складзе Русі была Чарнігаўска-Северская. Мы застаём яе падзеленай на дзве вотчыны: уласна Чарнігаўскае і Ноўгарад- Северскае княствы, якія належаць дзвюм галінам роду Ольгавічаў. Чарнігаўскай да 1223 года кіраваў Мсціслаў Святаславіч, потым вяршэнства перайшло да яго пляменніка Міхаіла Усеваладавіча. Ноўгарад-северская галіна паходзіць ад славутага князя Ігара Святаславіча — героя "Слова аб палку Ігаравым". Яе ў 1220-ыя гады ўзначальваў сын Ігара Алег. Кожная з дзвюх вотчын (асабліва чарнігаўская) заставалася дастаткова буйной, каб адыгрываць істотную ролю ў дзяржаве.

Некалі магутная Уладзіміра-Валынская зямля на пачатку XIII стагоддзя трапіла ў даволі неспрыяльнае становішча. Старэйшую галіну тамтэйшай дынастыі ўтваралі юныя Даніла і Васілька Раманавічы. Іх бацька, князь Раман, памёр у 1205 годзе, пакінуўшы іх немаўлятамі. Стрыечны брат Данілы і Васількі — Аляксандр Белзскі, а таксама галіна луцкіх князёў мелі асобныя ўладанні. Гэта выклікала часовы палітычны заняпад Уладзіміра- Валынскай зямлі і прывяло да страты суседняга Галіча, які князь Раман у свой час далучыў да сваіх уладанняў. Аднак на працягу 1220-ых гадоў згасае луцкая галіна, а Аляксандр Белзскі церпіць паражэнне ад пасталеўшых Раманавічаў, так што Валынь зноў трапляе ў рукі адной княжацкай сям'і. Гэта вяртае яе ў лік магутных палітычных цэнтраў і дазваляе Данілу Раманавічу распачаць барацьбу за Галіч.

Абмінем становішча ўскраінных Мурамскага і Разанскага княстваў, якія практычна не будуць уплываць на ход падзей, што цікавяць нас. Пра Кіеўскую, Пераяслаўскую і Наўгародскую землі можна толькі сказаць, што яны страцілі самастойныя княжацкія дынастыі і правяць там у залежнасці ад палітычнага раскладу прадстаўнікі уладзіміра-суздальскіх, чарнігаўскіх ці смаленскіх князёў. Пры гэтым тытул кіеўскага князя традыцыйна мае асаблівы прэстыж і статус вяршэнства, але фактычна Руссю кіруюць сумесна прадстаўнікі найбольш магутных княжацкіх сем'яў. На пачатку 1230-ых гадоў гэта Юрый Уладзіміра-Суздальскі, Міхаіл Чарнігаўскі і Даніла Уладзіміра-Валынскі.

Я наўмысна не засяроджваў вышэй увагу на тэрыторыі сучаснай Беларусі, чыё становішча робіцца асабліва наглядным на фоне азначаных цэнтраў. Дарэчы, частка яе зямель у той час непасрэдна да гэтых цэнтраў і належыць: гарады Гомель, Рэчыца і, верагодна, Рагачоў уваходзяць у Чарнігаўскае княства, Мазыр — у Кіеўскае, Мсціслаў — у Смаленскае, Берасце — ва Уладзіміра-Валынскае. На астатняй тэрыторыі, крыху меншай, чым Смаленская ці Чарнігаўская зямля, існуе ледзь не дзесятак (прынамсі, не менш сямі) самастойных княстваў. Ні адно з іх не мае дастатковай сілы, каб уплываць на падзеі за сваімі межамі. Не выпадкова летапісы, якія даволі падрабязна асвятляюць лёс вышэйзгаданых палітычных цэнтраў, амаль цалкам абмінаюць тэрыторыю сучаснай Беларусі. Таму і наш агляд, відавочна, атрымаецца вельмі фрагментарным і гіпатэтычным.

Полацкая зямля, вотчына Усяславічаў-Рагвалодавічаў, ужо у першай палове XII стагоддзя перастала існаваць як адзінае цэлае. На яе тэрыторыі ўтварыліся самастойныя вотчыны трох галін роду Усяслава — друцкай, менскай і віцебскай. У XII стагоддзі менскай галіне належалі апрача самога Менска Ізяслаўль (Заслаўе) і Лагожаск (Лагойск). Уладанні Друцкага княства ахоплівалі, верагодна, Барысаў (паводле Тацішчава, гэты горад быў заснаваны Рагвалодам-Барысам Друцкім) і Свіслач ля ўпадзення аднайменнай ракі ў Бярэзіну. Віцебску належалі Усвят і Азярышча, яго ўладары аспрэчвалі ў Смаленска Ршу (Оршу) і Копысь на Дняпры. Невядома, ці засталіся межы дадзеных земляў такімі ж у XIII стагоддзі, — частка былых удзелаў магла к таму часу ператварыцца ў самастойныя княствы, калі працэс драблення роду Рагвалодавічаў ішоў гэтак жа хутка.

Тураўская зямля канчаткова вылучылася з уладанняў кіеўскіх князёў у сярэдзіне XII стагоддзя, калі ў Тураве ўладкаваўся прапраўнук Яраслава Мудрага Юрый Яраславіч. Да канца таго ж стагоддзя яго сыны ўтваралі адзіную сямейную групу, а затым унукі падзялілі вотчыну не менш чым на тры часткі: Тураўскае, Пінскае і Дубровіцкае княствы. На жаль, летапісы не згадваюць. пра лёс Клецка і Слуцка, якія напярэдадні ўладкавання ў Тураве Юрыя Яраславіча вылучыліся са складу Тураўшчыны і перайшлі да чарнігаўскіх Ольгавічаў. Магчыма, пазней Юрый вярнуў гэтыя гарады, аднак доказаў таму няма.

Яшчэ адна самастойная галіна панавала некалі ў Панямонні. У XII стагоддзі некалькі разоў згадваюцца ў летапісах гарадзенскія князі — праўнук Яраслава Мудрага Усевалад Давыдавіч, а затым тры яго сыны. Аднак невядома, ці працягвалася гэтая галіна далей. Археалогія сведчыць пра існаванне ў Панямонні чатырох гарадоў (Горадна, Ваўкавыска, Слоніма і Ноўгародка), якія маглі быць княжацкімі рэзідэнцыямі. З больш позніх падзей вынікае, што палітычны цэнтр Панямоння змясціўся з Горадна ў Ноўгародак, але пры якіх абставінах гэта адбывалася — невядома.

Нарэшце, уласна Полацкае княства ўжо ў сярэдзіне XII стагоддзя не мела асобнай дынастыі. Барацьбу за Полацк вялі з пераменным поспехам друцкія, менскія і віцебскія князі. Горад надоўга знікае са старонак летапісаў пасля 1186 года, калі тут уладарыў Усяслаў Васількавіч з віцебскай галіны Рагвалодавічаў. Затым яго ўпамінае храніст Ордэна мечаносцаў Генрых Латвійскі, які ведае полацкага князя Уладзіміра, што памёр у 1216 годзе. Магчыма, гэта сын Усяслава Васількавіча, і атрымаў ён Полацк пасля бацькі ў 1186 годзе.

Хто княжыў у Полацку пасля 1216 года — зноў-такі невядома. Праўда, у 1222 годзе летапіс Вялікага Ноўгарада паведамляе пра захоп Полацка смаленскім войскам "пры князях Барысе і Глебе". Гэта можна разумець так, што ў той момант Полацкім княствам валодалі Барыс і Глеб (сыны Уладзіміра?), але справа ў тым, што той жа летапіс прыводзіць вельмі падобнае паведамленне, датаванае дзесяццю гадамі пазней: "...взя Святослав Мстиславлич, внук Романов, Смолнеск на щит с полочаны на память святых мучеников Бориса и Глеба, иссече смолнян много, а сам седя на столе". Фабула супадае "з дакладнасцю да наадварот" (у першым выпадку смаляне бяруць Полацк, у другім — палачане Смаленск), а загадкавыя князі Барыс і Глеб ператвараюцца ў свята Барыса і Глеба (24 ліпеня). Гэта наводзіць на думку, што больш ранняе паведамленне сапсавана водгукам пазнейшага, больш дакладнага і зразумелага. Так сапраўды магло быць, калі летапісец карыстаўся нейкімі моцна пашкоджанымі запісамі.

Звычайна гэтыя цьмяныя звесткі трактуюць у тым сэнсе, што князь Святаслаў са смаленскай дынастыі (сын Мсціслава Раманавіча, які ў той час княжыў у Кіеве) спачатку ўладкаваўся ў Полацку, а праз 10 гадоў з дапамогай полацкага апалчэння здабыў Смаленск. Пацвярджае гэтую думку і той факт, што ў 1229 годзе тагачасны ўладальнік Смаленска Мсціслаў Давыдавіч (стрыечны дзядзька Святаслава) падпісаў гандлёвае пагадненне з Рыгай ад імя Смаленска, Полацка і Віцебска. Князі двух апошніх відавочна былі ў нейкай залежнасці ад яго. Праўда, вядомы беларускі даследчык М. Ермаловіч у сваёй кнізе "Старажытная Беларусь", зыходзячы з агульных меркаванняў (быццам бы немагчыма, "каб палачане аж дзесяць гадоў цярпелі на сваім пасадзе князя другой дынастыі"), цалкам адмаўляе запісу 1222 года ў слушнасці, але агульны палітычны кантэкст 1220-ых гадоў, калі яго разглядаць непрадузята, не выключае часовай залежнасці Полацка ад Смаленска.

На пачатку XIII стагоддзя полацкія ўладанні ўключалі і значную частку тэрыторыі балцкага племені латгалаў. Паводле Генрыха Латвійскага, там існавалі полацкія фарпосты — гарады Герцыке і Кукенойс (Кокнесе), у якіх княжылі Усевалад і Вячка. Аднак у хуткім часе гэтыя ўмацаванні захапіў рыжскі архібіскуп з дапамогай Ордэна мечаносцаў.

Зноў-такі трэба падкрэсліць, што пэўны палітычны заняпад Полаччыны і Тураўшчыны быў выкліканы не эканамічнымі, а генеалагічнымі абставінамі. Шматлікія князі падзялілі свае ўладанні на невялікія княствы — у некалькі дзесяткаў кіламетраў упоперак і з насельніцтвам у некалькі дзесяткаў тысяч чалавек. З такімі рэсурсамі немагчыма не тое што дыктаваць сваю волю суседзям, але і больш-менш паспяхова супрацьстаяць іх экспансіі. Эканамічнага ж заняпаду не было: квітнелі старыя гарады і паўставалі новыя, гандлевыя караваны плылі па рэках, кіпеў торг на гарадскіх пасадах.

Давайце паспрабуем уявіць сабе, як выглядала наша зямля ў тыя часы. Лясоў тады было значна болей, чым сёння, толькі дзе-нідзе іх суцэльная коўдра разрывалася, каб даць месца сельскагаспадарчым абшарам. Большасць вёсак уяўляла сабой вельмі невялікія — некалькі хат, а часам увогуле адзін-два двары — паселішчы. Шчыльнасць насельніцтва, як можна меркаваць, складала каля 2—5, у лепшым выпадку 10 чалавек на квадратны кіламетр.

Пэўная колькасць вёсак аб'ядноўвалася ў падатковую адзінку — воласць. Яна мела двайную сістэму кіравання: з аднаго боку, кожная воласць уяўляла сабой абшчыну-грамаду з самакіраваннем і выбарным старцам. З другога боку, інтарэсы дзяржавы прадстаўляў княжацкі намеснік — цівун. Ён назначаўся з ліку баяр. Яго абавязкі — ажыццяўляць ад імя князя суд у выпадках, якія не падлягаюць юрысдыкцыі абшчыннага суда, прымаць падаткі, што дастаўляе старац, і перадаваць іх князю.

Цэнтрам воласці звычайна быў умацаваны двор — пагост. Для воласці, што прылягала да горада, такім цэнтрам выступаў апошні. Горад з'яўляўся не толькі рэзідэнцыяй князя, але і своеасаблівым калектыўным замкам для баяр. Праўда, і князь, і баяры мелі звычайна загарадныя рэзідэнцыі — сёлы (пазней гэтая назва была выцеснена тэрмінам "двор" і пачала ўжывацца як найменне буйных сялянскіх паселішчаў). Некаторыя княжацкія і баярскія двары былі сапраўднымі замкамі — з ровам, валам, сценамі і вежамі з бярвення.

Большасць сялянскага насельніцтва захоўвала ў той час асабістую свабоду. У княжацкіх і баярскіх сёлах працавалі рабы, якіх на Русі называлі халопамі, інакш чэляддзю нявольнай. Але практыкавалася ўжо падараванне асобных вёсак і цэлых валасцей ва ўласнасць буйным баярам і манастырам. У такіх выпадках даніна, якую выплачвалі сяляне, ішла ўжо не князю, а новаму ўладальніку. Часам ён атрымліваў і права суда над сваімі падданымі, нават з забаронай дзяржаўнаму намесніку перасякаць межы ўладання (так званае права імунітэту).

Самі баяры, напэўна, не плацілі падаткаў. Яны выконвалі іншую павіннасць — па загаду князя з'яўляліся на кані і ў даспехах для вайны ці вартавой службы на мяжы. Частка з іх пастаянна знаходзілася пры князі, выконваючы функцыі асабістай абслугі, пасыльных, дыпламатаў, узброенай гвардыі (дружыны). Баярства было неаднародным: ад дробнага, прадстаўнікі якога часам самі апрацоўвалі свой надзел, да буйнейшага, што валодала ўласнымі дружынамі і замкамі. З ліку апошніх паходзілі і намеснікі валасцей, і выхавальнікі княжацкіх сыноў (так званыя "дзядзькі"). Такія баяры ўтваралі і княжацкую раду.

Асобную праслойку складалі гараджане — купцы і вольныя рамеснікі. З падаткаў яны плацілі толькі гандлёвыя і мытныя пошліны, таксама выконвалі вайсковую павіннасць — як пры абароне сваіх гарадоў, так і ў наступальных паходах. Пры неабходнасці ў войска маглі паклікаць і сялян. Асаблівай павіннасцю была так званая "пагоня" — узброены паход наўздагон варожаму набегу з мэтай адбіць палон. У такім паходзе мусіў удзельнічаць кожны, хто мог несці зброю. Астатнія віды вайсковай службы (у тым ліку баярскай) абмяжоўваліся пэўнымі ўмовамі: на наступальны паход патрабавалася згода гарадскога веча, агульная колькасць дзён, праведзеных у войску, не магла быць занадта вялікай.

Такі сацыяльны лад быў, здаецца, практычна аднолькавым па ўсёй Русі. Тым не менш усё, сказанае вышэй наконт існавання адзінай старажытнарускай народнасці, не трэба разумець так, што розныя землі не мелі ніякіх мясцовых асаблівасцей. Асаблівасці этнаграфічнага характару, безумоўна, былі. Частка з іх узыходзіла яшчэ да тых адметных рыс, якімі вызначаўся кожны са старажытных славянскіх протаэтнасаў: крывічы, вяцічы, валыняне і інш. Некаторыя з'яўляліся новаўтварэннямі, характэрнымі для розных куткоў вялізнай дзяржавы.

Сённяшні стан нашых ведаў не дазваляе, на жаль, дакладна акрэсліць этнаграфічныя арэалы на тэрыторыі Старажытнай Русі. Гэта можна зрабіць толькі, як кажуць, у першым набліжэнні. Так, мова берасцяных грамат з Ноўгарада даволі выразна адрозніваецца ад мовы паўднёварускіх летапісаў. Свае адрозненні мае пахавальны інвентар розных земляў, асабліва ўпрыгожанні. Верагодна, існавалі тры асноўныя этнаграфічныя правінцыі Русі: паўночная, сярэдняя і паўднёвая.

Паўночная правінцыя ўключала землі Вялікага Ноўгарада і паўночную частку Суздальскай зямлі — тэрыторыі, у насельніцтве якіх большасць складалі нашчадкі ільменскіх славен. Там захавалася і нават узмацнілася старажытнае оканне, характэрным з'яўлялася змяшэнне гукаў "ц" і "ч" (цоканне) (хоць гэтая рыса была агульнай для наўгародцаў і палачан), існавалі іншыя моўныя асаблівасці, адлюстраваныя ў берасцяных граматах.

Другі арэал, сярэдні, утварылі нашчадкі крывічоў, вяцічаў і, напэўна, радзімічаў. Ён ахопліваў Полацкую, Смаленскую, Мурама-Разанскую і частку Суздальскай зямлі. Насельніцтва гэтай правінцыі (у аснове сваёй крывіцкае з аднаго боку, вяціцка-радзіміцкае — з другога) мела шмат даволі розных рыс, аднак ва ўсім азначаным арэале развілася такая характэрная новая з'ява, як аканне (яно і сёння аб'ядноўвае жыхароу Падмаскоўя і Разаншчыны з беларусамі). Пры гэтым пэўныя асаблівасці былі агульнымі для заходняй часткі сярэдняй правінцыі і паўночнага арэала, для ўсходняй часткі і паўднёвага арэала.

Нарэшце, паўднёвы арэал утварылі нашчадкі вельмі блізкіх паміж сабой плямёнаў: валынян, драўлян, дрыгавічоў, а таксама палян (магчыма, і севяран). Дадзеныя раскопак сведчаць, што адрозненне паўднёвых плямёнаў ад крывічоў выступае даволі выразна ў характары ўпрыгожанняў, жытлаў і інш. Нават грашова-вагавая сістэма на поўдні адрознівалася ад сістэмы цэнтральных і паўночных земляу Русі (існавалі кіеўская і наўгародская грыўні — яны былі рознай вагі). У паўднёвым арэале таксама захавалася оканне, хаця і не такое выяўленае (слабае аканне на тэрыторыі сучаснага Беларускага Палесся развілося, напэўна, крыху пазней пад уплывам, што ішоў зПолаччыны і Літвы).

Такім чынам, і землі сучаснай Беларусі ў той час не ўтваралі яшчэ агульнага цэлага. Мяжа паўднёвай і сярэдняй правінцыі перасякала іх амаль напалам, прыкладна па лініі Заслаўе—Рэчыца.

А зараз давайце перанясемся ў Панямонне, на берагі Віліі — у яшчэ нядаўна глухі мядзведжы кут, што імкліва ператвараецца ў новы палітычны цэнтр. Тут жыве гордая і непакорлівая літва — балцкія плямёны, якія за амаль чатыры стагоддзі суседства з Кіеўскай Руссю так і не ўвайшлі канчаткова ў яе межы. Калі мы перасячом нябачную этнічную мяжу, то даволі хутка заўважым змены ў краявідзе. Хаця выгляд прыроды застаўся такім жа, але нешта іншае з'явілася ў абліччы пабудоў, зусім зніклі цэрквы і манастыры, нават гарады — іх месца займаюць драўляныя замкі-сховішчы, вельмі падобныя на дзяцінцы рускіх гарадоў. У густой дуброве можна адшукаць паганскія капішчы з высечанымі з дубовых ствалоў выявам багоў, нязгаснымі вогнішчамі і валунамі-ахвярнікамі.

У агульных рысах зямля літоўцаў выглядае так, як выглядалі славянскія землі за тры стагоддзі да таго. Тут на чале грамадства стаяць князькі (кунігасы), ролю якіх на Русі ўсклаў на сябе род Рурыкавічаў. Кожны з іх мае ўладу над сваім невялікім племем, узначальвае дружыну, судзіць супляменнікаў і збірае з іх асвячоныя звычаям падаткі. Да таго ж кожны кунігас — гэта адначасова прадстаўнік племені перад тварам багоў, увасабленне іх магічнай моцы. Ад яго паводзін залежыць урадлівасць палёў і ўвогуле нязменнасць традыцыйнага ладу жыцця. Гэтая функцыя хрысціянскімі правіцелямі Русі ўжо практычна страчана, тут жа яна яшчэ захоўваецца.

Літоўскія кунігасы жывуць прасцей за рускіх князёў. Яны не маюць каменных харомаў, поўных дарагіх візантыйскіх рэчаў Сядзібы іх болей нагадваюць умацаваныя двары рускіх баяр. Там жывуць яны сярод сваіх дружыннікаў і рабоў, праводзяць зіму ў зборы даніны, а лета — у набегах на суседзяў, бо ваенную славу прывыклі ставіць вышэй за багацце.

Некранутай застаецца ў літоўцаў і родавая знаць, якую на Русі змяніла служылае баярства. Арыстакраты таксама валодаюць умацаванымі дварамі з чэляддзю, але аснова іх магутнасці — у прыналежнасці да самых аўтарытэтных генеалагічных галін, у паходжанн ад самых славутых продкаў. Яны вельмі нагадваюць германскую знаць першых стагоддзяў нашай эры, пра якую некалі пісаў рымскі гісторык Тацыт: "Калі яны не ідуць на вайну, то ўвесь час свой праводзяць часткай на паляванні, але больш у гультайстве, аддаючыся сну і ежы, так што найбольш моцныя і ваяўнічыя нічога не робяць, пакідаючы клопат пра дом, гаспадарку і палеткі жанчынам, старым і ўвогуле самым слабым са сваіх дамачадцаў... " Маючы добрых баявых коней і ўзбраенне, арыстакраты ствараюць грозную літоўскую конніцу, выдатныя баявыя якасці якой адзначаў Генрых Латвійскі.

Просты ж люд сумяшчае абавязкі земляробаў і воінаў. Да шлюбу кожны з іх лічыць справай гонару паўдзельнічаць у паходах пад кіраўніцтвам удатлівага правадыра. Узброены яны прасцей за знаць, але таксама даволі эфектна. Захавалася каларытнае апісанне страшэннай літоўскай баявой дубіны, якую рыхтавалі так: у кары маладого дубка рабілі надрэзы, куды ўстаўляліся вострыя камяні. За некалькі гадоў яны трывала ўрасталі ў ствол, і тады з яго высякалася грозная зброя.

Літва ўяўляе сабой адзін са шматлікіх балцкіх народаў, побач з яцвягамі, прусамі, жамойтамі, куршамі, земгаламі, селамі і латгаламі Кожны з гэтых народаў падзяляецца на субэтнасы (плямёны), таму этнічная структура балцкага свету выглядае даволі складана. Нельга сказаць, што даследчыкі разабраліся ва ўсіх яе нюансах. Як і ў выпадку з Руссю, тэрмін "Літва" ўжываўся ў розных сэнсах: як этнічная назва, як назва тэрыторыі, што падпарадкоўвалася непасрэдна галоўнай літоўскай дынастыі, як агульная назва ўсіх плямёнаў і княстваў, якія прызнавалі сюзерэнітэт гэтай дынастыі. Апрача таго, ужываўся яшчэ тэрмін "Аўкштайція", стасункі якога з тэрмінам "Літва" ў розныя часы былі рознымі. Паколькі апошнім часам набыла вялікае пашырэнне канцэпцыя М. Ермаловіча, паводле якой "Літва" XIII стагоддзя не мае ніякага дачынення да сучаснага літоўскага этнасу, на гэтых пытаннях неабходна спыніцца больш грунтоўна.

Літва ўпамінаецца ў крыніцах з пачатку XI стагоддзя як адзін з прыбалтыйскіх народаў, чые землі мяжуюць з Кіеўскай Руссю. У такой якасці яе згадваюць як рускія летапісцы, так і заходнееўрапейскія храністы (у тым ліку Генрых Латвійскі, які выдатна ведаў стан спраў у Прыбалтыцы). Тэрмін "Жемоить" упершыню з'яўляецца ў Іпацьеўскім летапісе як назва тэрыторыі, падуладнай некаторым з літоўскіх князёў, што ў 1219 годзе падпісалі мірнае пагадненне з Уладзіміра-Валынскім княствам. Побач у такім жа сэнсе ўпамінаецца Дзевалтва. Рускія і крыжацкія крыніцы прыгадваюць таксама іншыя княствы ці субэтнасы ў складзе Літвы: Нальшаны, Упіту — гэтак жа, як у складзе прускіх зямель існавалі княствы Самбія, Памезанія, Пагезанія і інш. (усяго 8, калі лічыць прускімі плямёнамі крыху адасобленых скалваў і надроваў), у складзе тэрыторыі, што займалі яцвягі — Дайнава, Судава, Галіндыя, Палексія.

Аднак ёсць падставы сцвярджаць, што першапачаткова Жамойць (на польскі лад — Жмудзь) была прылічана да Літвы ў палітычным, а не ў этнічным сэнсе: як тэрыторыя, што належала князям літоўскага паходжання. У Жамойці меліся такія ж тэрытарыяльныя адзінкі, як у землях самастойных балцкіх народаў (Цекліс, Коршаў і інш.), што дазваляе лічыць яе насельніцтва не малым племенем, а асобным этнасам, некалі заваяваным літоўцамі. Аб гэтым выразна сведчаць і археалагічныя дадзеныя: на тэрыторыі сучаснай Літвы ў XIII стагоддзі існавалі два розныя культурныя арэалы: заходні і ўсходні. Першы, які амаль супадаў з тэрыторыяй Жамойцкай зямлі больш позніх часоў (хіба што быў крыху большы за яе), вызначаецца выключна грунтовымі пахаваннямі без курганных насыпаў. Другі ахопліваў усходнюю палову сучаснай Літвы і прылеглыя часткі Беларусі (да возера Нарач, Налібоцкай пушчы і правабярэжжа Немана у раёне Ліды). Гэта была тэрыторыя культуры так званых усходнелітоўскіх курганоў — бясспрэчна балцкай паводле пахавальнага інвентару, але з выразнымі адрозненнямі ад грунтовых могільнікаў Жамойці.

У Беларусі мяжа распаўсюджання культуры ўсходнелітоўскіх курганоў прыкладна супадае з мяжой арэалу тыпова літоўскай тапанімікі (вёсак з назвамі на -ішкі, -аны, -ёны). Цэнтр яе знаходзіўся якраз там, дзе ўзніклі важнейшыя палітычныя цэнтры Літвы — у раёне Кернава, Вільна, Трокаў. Адным словам, менавіта гэтую тэрыторыю трэба лічыць тэрыторыяй летапіснай Літвы, што падраздзялялася на шэраг княстваў: Упіту, Дзевалтву, Нальшаны і, магчыма, нейкія іншыя. Паказальна, што ў адрозненне ад Жамойці названыя княствы не маюць выразных адрозненняў у агульным арэале ўсходнелітоўскіх курганоў.

Самі літоўскія князі, а разам з імі і крыжацкія храністы ў якасці сіноніма Літвы ўжывалі тэрмін "Аўкштайція" ці "Аўкштота" (рускія летапісы такога тэрміна не ведаюць). Магчыма, ён меў вузкаэтнічны сэнс і быў утвораны штучна па аналогіі з Жамойцю ("Жэмайція" па-літоўску азначае "ніжняя", "Аўкштайція" — "верхняя"). Каб падкрэсліць свае правы на Жамойць, літоўскія князі пазней, у XV стагоддзі, сцвярджалі, што жамойты і аўкштайты — дзве непарыўныя часткі адзінага літоўскага этнасу. Пазней яны і сапраўды зліліся ў адзін этнас, хаця XIV—XV стагоддзі прайшлі пад знакам выразнага жамойцкага сепаратызму. Польскі гісторык Ян Длугаш у XV стагоддзі адзначаў, што "літоўцы, самогіты (лацінізаваная форма назвы жамойтаў.— В. Н.) і яцвінгі, хаця мелі розныя найменні і падзяляліся на шмат родаў, утваралі тым не менш адзінае цэлае", прычым з-за падабенства пэўных моўных рыс выводзіў іх паходжанне ад рымлян і італікаў.

Зразумела, этнічная мяжа паміж Літвой і заходнімі землямі Русі, што праходзіла прыкладна па лініі Браслаў—Паставы—Смаргонь—Ліда (далей Русь межавала з яцвяжскім племенем дайнава), не была падобнай на сучасныя кардоны. З абодвух бакоў яе перасякалі плыні міграцыі: асобныя літоўскія сем'і сяліліся на рускіх землях, а рускія — на літоўскіх. Міграцыя полацкіх крывічоў асабліва актыўна ішла ў басейне нёманскага прытока Бярэзіны (там узнікла сяло з характэрнай назвай Палачаны, ды і іншыя вёскі ўжо ў XV стагоддзі мелі амаль выключна славянскія назвы), а таксама ўздоўж Віліі. Крывіцкае паселішча XII стагоддзя знойдзена нават на тэрыторыі сучаснага Вільнюса недалёка ад датаванага тым жа стагоддзем літоўскага. Мяркуецца, што назва аднаго з віленскіх замкаў — Крывы горад — магла паходзіць ад этноніма крывічоў.

Пазней, пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага, славянская каланізацыя берагоў Віліі яшчэ больш узмоцніцца і прывядзе да амаль поўнай беларусізацыі Віленскага краю ў XIX стагоддзі. Але пакуль што, на момант нашага разгляду, рускі кампанент на тэрыторыі старажытнай Літвы не адыгрывае істотнай ролі.

Адначасова са славянскай каланізацыяй Літвы самі літоўцы прасоўваліся на землі панямонскіх княстваў (а магчыма, рускія князі сялілі іх там у якасці ваеннапалонных). Шэраг вёсак з назвай Літва ў вярхоўях Нёмана мае менавіта такое паходжанне.

М. Ермаловіч, мяркуючы, што гэтыя назвы акрэсліваюць асноўную тэрыторыю летапіснай Літвы, ігнаруе адзін з асноўных законаў тапанімікі: назву Літва вёска не магла мець там, дзе ўсе населеныя пункты літоўскія, а толькі ў іншамоўным асяроддзі. Дарэчы, пры такім падыходзе летапісная Літва трапляе ў абшар неўрадлівых пясчаных глебаў, лясоў і балот, у тым ліку вялізнай Налібоцкай пушчы. Ядром этнасу, тым больш такого актыўнага, як старажытная літва, гэтыя землі не маглі быць проста фізічна. Галоўнае ж, што на акрэсленай Ермаловічам тэрыторыі, як паказалі археалагічныя даследаванні, няма не тое што балцкіх, але практычна ніякіх археалагічных помнікаў, якія б датаваліся XIII стагоддзем.

Мясціны, што займалі плямёны з уласнымі дынастыямі на чале, можна вызначыць толькі прыблізна. Старажытная Упіта, відаць, у асноўным супадала з тэрыторыяй пазнейшага Упіцкага павета на мяжы з Жамойцю. Далей на ўсход знаходзілася Дзевалтва. Памяць аб ёй захавалася ў беларуска-літоўскіх летапісах XV—XVI стагоддзяў, якія лічаць цэнтрам Дзевалтвы горад Вількамір (сучасны Укмерге). Нальшаны займалі паўночна- ўсходні кут Літвы. Праз іх тэрыторыю звычайна ішлі паходамі крыжакі з берагоў Дзвіны на ўладанні галоўнай літоўскай дынастыі — так званую Літоўскую зямлю ў самым вузкім сэнсе, што займала, верагодна, міжрэчча Віліі і Нёмана.

Звесткі аб літоўскіх уладарах дае той самы дагавор 1219 года, згаданы вышэй. Іпацьеўскі летапіс прыводзіць імёны ўсіх князёў, што падпісалі яго. Сярод іх — прадстаўнікі пяці асобных дынастый. На чале стаіць сямейства старэйшых князёў у складзе Жывінбуда і яго родзічаў — братоў Даўята і Вілікайлы, Даўспрунка і Міндоўга. Парадак пераліку асоб у дагаворы, напэўна, адлюстроўвае іх ранг. Жывінбуда, відаць, трэба лічыць старэйшынам сям'і, а дзве пары братоў, верагодна, былі яго пляменнікамі — сынамі ўжо нежывых братоў. Далей ідуць два жамойцкія князі — Эрдзівіл і Выкінт, потым — чацвёра ўладальнікаў Дзевалтвы, а таксама дзве групы князёў, названых па родавых прозвішчах без азначэння падуладных ім тэрыторый (сямёра Рушкавічаў і трое Булевічаў). Магчыма, хтосьці з іх валодаў Нальшанамі і Упітай. Як бачым, адна з дынастый выразна названа старэйшай не толькі над аўкштайцкімі, але і над жамойцкімі князямі — перад намі хаця і рыхлае, але ўжо палітычнае міжпляменнае ўтварэнне, у якім князі адной з дынастый дамінуюць над астатнімі.

Паводле вельмі прыкладных разлікаў Г. Лаўмянскага, агульная колькасць жамойтаў у той час была каля 30—40 тысяч чалавек, аўкштайтаў — каля 80—90. Гэта значыць, што яны маглі без усялякіх намаганняў выставіць войска ў тысяч шэсць воінаў (калі зыходзіць з каэфіцыента 1 : 20, паводле якога амерыканскія каланісты вызначалі колькасць удзельнікаў індзейскіх набегаў). Такая лічба значна большая за колькасць асабістай дружыны любога з рускіх князёў і прыкладна адпавядае поўнаму апалчэнню цэлага буйнога княства. Калі ўлічыць асабліва ваяўнічы характар літоўцаў, якім яны вылучаліся на фоне сваіх балтамоўных і фінскамоўных суседзяў, то стане зразумелым маштаб небяспекі, якая навісала над заходнерускімі княствамі. Даўно заўважана, што для іх літоўцы былі тым жа, чым полаўцы — для Паўднёвай Русі.

Якраз на пачатку XIII стагоддзя (верагодна, у выніку палітычнага аб'яднання літоўскіх княстваў) рэйды літвы набываюць асабліва актыўны характар, ахопліваюць прастору ад Валыні да Наўгародскай зямлі. Як і ў выпадку з полаўцамі, рускія князі супрацьпастаўляюць ім розную тактыку: часам наносяць карныя ўдары ў адказ, часам завязваюць сваяцкія адносіны праз шлюбы, а часам і выкарыстоўваюць літоўскія атрады ў міжкняжацкіх усобіцах. Вядома, напрыклад, што князь Усевалад з Герцыке быў зяцем літоўскага кунігаса Даўгерда, на ваенную моц якога часта абапіраўся ў сваіх дзеяннях. Адзін з таропецкіх князёў, Уладзімір Мсціславіч (брат Мсціслава Удатнага), быў цесна звязаны з Літвой, з чыёй дапамогай, відаць, уладкаваўся ў 1213 годзе ў Пскове, бо яго выгнанне ў тым жа годзе пскоўскі летапісец пракаменціраваў так: "Изгнаша от себя псковичи князя литовского Владимира Торопецкого". І вельмі верагодна, што некаторыя літоўскія набегі на Смаленск і Таропец былі арганізаваны полацкімі ці віцебскімі князямі. Аднак гэта толькі дапамагала літоўцам разведваць шляхі для самастойных паходаў. У 1225 годзе літоўская раць дасягнула Таржка (больш за 500 кіламетраў ад Літвы!). Былі спустошаны поўнач Смаленскай зямлі і поўдзень Наўгародскай, загінуў таропецкі князь Давыд Мсціславіч (трэці з братоў). Па сведчанні летапісца, "бе бо рать велика, ака же не было от начала миру". (Заўважу, што няма падстаў звязваць, як гэта часам робіцца, набег 1225 года з інтрыгамі полацкіх князёў, бо Полацк у той момант падпарадкоўваўся Смаленску, прынамсі, быў цесна з ім звязаны.)

Вельмі верагодна, што той разбуральны паход узначальваў сам Жывінбуд, хоць імёны літоўскіх князёў летапісцы і не прыводзяць. Гэта была ўжо не авантура асобнага важака — шукальніка прыгод, а старанна спланаваная акцыя. Праўда, у рэшце рэшт яна не мела поспеху: на зваротным шляху абцяжараных палонам літоўцаў нагнаў наўгародскі князь Яраслаў (брат уладзіміра-суздальскага князя Юрыя Усеваладавіча) і нанёс ім цяжкае паражэнне. Калі верыць летапісцу, было забіта 2 тысячы літоўцаў з удзельнічаўшых у набегу 7 тысяч, а іх князі трапілі ў палон. Аднак гэта не прывяло да спынення набегаў. Ужо ў 1228 годзе літоўцы (верагодна, жамойты) здолелі ажыццявіць на ладдзях далёкі марскі набег аж у Эстонію, на ўладанні Ордэна мечаносцаў. А ў 1229 годзе літоўскі атрад зноў з'яўляецца ў наўгародскіх землях ля возера Селігер (у вярхоўях Волгі) і зноў пры адыходзе губляе палон. Прыкладна ў той жа час князь Уладзімір Пінскі, васал уладзіміра-валынскіх князёў, адбіваў літоўскі набег ад Берасця. Невыпадкова аўтар "Слова пра пагібель Рускай зямлі" з сумам успамінаў часы, калі "литва из болота на свет не выникываху (не з'яўлялася.—В. Н.)".

Дзеля такіх далёкіх рэйдаў літоўцы павінны былі праходзіць рускія княствы Панямоння і Полаччыны наскрозь. Незалежна ад таго, рабілася тое са згоды мясцовых князёў ці супраць іх волі, несумненна, што літоўскія князі з'яўляліся вельмі ўплывовым палітычным фактарам для дробных уладанняў Заходняй Русі. Нават калі апошнія і выкарыстоўвалі літоўскія дружыны ў сваіх мэтах, гэта былі дачыненні з вельмі небяспечным джынам.

Такім чынам, мы збольшага агледзелі асноўную частку нашай гістарычнай сцэны — тыя тэрыторыі, якім наканавана ў далейшым увайсці ў склад Вялікага княства Літоўскага. Аднак агляд гэты будзе няпоўным, калі не закране бліжэйшых суседзяў азначаных зямель.

Польскае каралеўства з'яўляецца заходнім суседам Русі. Яно населена таксама славянамі і ўвогуле вельмі нагадвае Русь: той жа грамадскі лад, тыя ж звычаі, падобная мова. Праўда, адрозніваецца тэрміналогія: сельскія воласці завуцца ў палякаў аполлямі, рыцары-дружыннікі — шляхтай, буйныя баяры — панамі. Вельмі значны і той пласт агульнаславянскай духоўнай культуры, што звязаны з агульнай паганскай спадчынай. Але ўсё ж лёсы двух суседніх народаў пачалі разыходзіцца на мяжы Х—ХІ стагоддзяў, калі Русь прыняла хрышчэнне з Візантыі, а Польшча — з Рыма. На падобныя язычніцкія субстраты пачалі наслойвацца дзве розныя культуры: лацінская заходнееўрапейская і грэкамоўная візантыйская. Да таго ж палітычныя дачыненні цесна звязвалі Польшчу з Германіяй, а Русь — са стэпавым светам цюркамоўных плямёнаў.

Асабліва моцным быў германскі ўплыў на поўдні Польшчы, у Сілезіі (Шлёнску), дзе польскія землі межаваліся з Чэхіяй, што ўваходзіла ў склад "Свяшчэннай Рымскай імперыі". На сілезскіх землях ужо з'явіліся выхадцы з перанаселенай Саксоніі, якія прынеслі з сабой нямецкія звычаі і нормы права.

Палітычнае развіццё Польшчы вельмі нагадвала працэсы на Русі, толькі драбленне пануючай дынастыі ішло крыху марудней. На працягу другой паловы XII стагоддзя сышлі са сцэны пяць сыноў апошняга князя, які меў уладу над ўсёй Польшчай, — Баляслава Крывавустага. Ва ўзрост актыўнай дзейнасці ўвайшлі яго ўнукі і праўнукі, згрупаваныя ў пяць сем'яў. З іх дзве паходзілі ад старэйшага брата Крывавустага — Уладзіслава Выгнанніка, чый унук Генрык Барадаты, а потым сын апошняга, таксама Генрык, валодалі Ніжняй Сілезіяй; стрыечны брат Барадатага, Казімір, і яго сыны ўладарылі ў Верхняй Сілезіі. У Вялікапольшчы, старажытным ядры польскай дзяржавы, княжыў сын Мешкі Старога Уладзіслаў Луканогі з пляменнікам Уладзіславам Адонічам. Нарэшце, уся ўсходняя палова Польшчы, сумежная з Руссю, — Малапольшча, Куявія і Мазовія — была вотчынай нашчадкаў малодшага з сыноў Баляслава Крывавустага, Казіміра Справядлівага: старэйшы сын Казіміра, Лешак Белы, з сынам Баляславам Сарамлівым валодаў Сандамірскай зямлёй у Малой Польшчы, а малодшы, Конрад, з трыма сынамі — Мазовіяй, Куявіяй і горадам Серадз паміж Вялікай і Малой Польшчай.

Пры гэтым тую ж ролю, якую на Русі адыгрываў Кіеў, тут давялося выконваць Кракаву. Гэты горад па чарзе займалі найбольш моцныя на пэўны момант галіны княжацкага роду ў асобе сваіх старэйшых прадстаўнікоў. У першай чвэрці XIII стагоддзя гегемоніі над астатнімі князямі дамогся Лешак Белы з Сандаміра. Калі ён памёр у 1227 годзе, пачалася барацьба за першынство паміж яго братам Конрадам, Уладзіславам Луканогім з Гнезна і Гснрыкам Барадатым з Вроцлава. На першым этапе перамог Конрад, які ўзяў пад апеку свайго непаўналетняга пляменніка Баляслава Сарамлівага.

Другім моцным суседам Русі і Літвы з'яўляецца Лівонія — тэрыторыя фінскамоўнага племені ліваў, заваяванага нямецкімі крыжакамі, якія затым распаўсюдзілі сваю ўладу на суседнія балцкія плямёны. Тут існуе царкоўная дзяржава — Рыжскае архібіскупства. Заснавальнікам Рыгі быў трэці лівонскі біскуп — Альберт. Ён прыплыў на чале ўзброенага рыцарскага атрада на 23 караблях, каб ахрысціць тутэйшае насельніцтва, а заадно завалодаць яго землямі, і меў цвёрды намер дабіцца большых поспехаў, чым два яго папярэднікі. Сапраўды, Альберт дамогся гэтага, бо дзейнічаў не толькі словам Божым, але і мячом. Для паспяховай хрысціянізацыі ў 1202 годзе ў Рызе быў утвораны духоўна-рыцарскі ордэн па ўзору тых, што дзейнічалі ў Палесціне. У адрозненне ад звычайных манаскіх ордэнаў яны набіраліся ў асноўным з маладых рыцараў і служылі Госпаду не малітвамі і перапіскай Бібліі, а ваеннымі дзеяннямі супраць ворагаў веры.

Новы ордэн атрымаў афіцыйную назву "Браты Хрыстова воінства", аднак з-за характэрнай вопраткі (браты-рыцары насілі белыя плашчы-корзны з нашытымі чырвонымі мячом і крыжам) яго сталі называць Ордэнам мечаносцаў. Абапіраючыся на крыжакоў, а таксама дзякуючы вельмі адмысловай палітыцы, Альберт не толькі гвалтоўна хрысціў усіх ліваў, але і выцесніў палачан з Латгаліі. Да 1214 года Кукенойс і Герцыке адышлі пад кантроль біскупства, пасля чаго актыўнасць рыжскага місіянера накіроўваецца на хрышчэнне залежных ад Вялікага Ноўгарада эстаў. Тут немцы сустрэліся з адпаведнай дзейнасцю датчан. Да канца жыцця Альберта (памёр у 1229 годзе) землі эстаў былі падпарадкаваны. У 1223 годзе немцы захапілі апорны пункт наўгародцаў Юр'еў (Тарту), які бараніў былы кукенойскі князь Вячка. Нованабытыя землі падзялілі царква і Ордэн (архібіскупства атрымала дзве трэці, мечаносцы—трэць), мясцовае насельніцтва абклалі падаткамі на карысць новых гаспадароў. У Рыгу актыўна зазываліся гараджане-каланісты, на захопленых землях будаваліся замкі.

У канцы 1220-ых гадоў на берагах Балтыкі з'явіўся яшчэ адзін фактар небяспекі, каб стаць галоўным у яе гісторыі на некалькі стагоддзяў. На паўночным усходзе Польшчы, ва ўладаннях Конрада Мазавецкага, распачынае сваю дзейнасць духоўна-рыцарскі ордэн накшталт таго, з дапамогай якога біскуп Альберт так паспяхова хрысціў ліваў, латгалаў і эстаў. Але на гэты раз гутарка ідзе не пра стварэнне новага, а пра выкарыстанне ўжо дзеючага — Тэўтонскага ордэна, створанага ў 1198 годзе ў Палесціне ў ходзе шматгадовай эпапеі адваявання, а пасля абароны Іерусаліма. Ордэн быў вядомы, меў вялізныя зямельныя ўладанні не толькі ў Палесціне (дзе змяшчалася яго рэзідэнцыя — крэпасць Ака), але і ў Германіі, Італіі, Грэцыі. У яго звычайна прымаліся толькі германамоўныя рыцары, выхадцы з Саксоніі, Баварыі, скандынаўскіх краін. Узначальвалі ордэн вялікі магістр (гросмайстар) з генеральным капітулам — радай магістраў асобных абласцей, на якія падзяляліся ордэнскія ўладанні.

Пасаду вялікага магістра з 1210 да 1239 года займае таленавіты палітык Герман фон Зальца, выхадзец з нямецкага дробнарыцарскага рода. Пры ім цэнтр актыўнасці тэўтонцаў змяшчаецца з Блізкага Усходу ў Еўропу. Магістр мае "блакітную мару" — стварыць з ордэна самастойную тэакратычную дзяржаву. Але спроба ўладкавацца ў Трансільваніі на падараваных венгерскім каралём Андрэем землях не ўдалася — кароль разгадаў намеры магістра і адмовіўся ад супрацоўніцтва з крыжакамі. Вось тут і трапляе ордэн пад крыло Конрада Мазавецкага. Апошні ў 1226 годзе пагаджаецца выкарыстаць тэўтонцаў для хрышчэння прусаў, якія вельмі даймаюць Мазовію сваімі набегамі, і выдзяляе рыцарам у якасці апорнай базы Хельмінскую зямлю на поўначы свайго княства. Конрад разлічвае з іх дапамогай далучыць Прусію да сваіх уладанняў, але не падазрае, што ордэн "братоў-барадачоў" (як заве яго аўтар "Велікапольскай хронікі") атрымаў ад германскага імператара Фрыдрыха II выключнае права на землі яшчэ незалежных прусаў.

У 1230 годзе ў Хельмінскую зямлю прыбыў першы атрад крыжакоў на чале з Германам Балкам. Да пачатку вялікай вайны ў Прыбалтыцы застаюцца лічаныя месяцы.

І нарэшце, яшчэ адзін фактар, які пакуль што не праявіўся, але ўжо падспудна выспявае за кулісамі. За тысячы кіламетраў ад Русі, у неймавернай далечы, на мангольскай рацэ Анон у 1206 годзе адбыўся курултай (з'езд) мясцовай знаці, дзе быў абраны агульны правіцель — каган. Ім стаў вельмі таленавіты і бязмерна жорсткі хан Тэмуджын, які пачаў горда звацца "вялікім ханам" — Чынгісханам.

Чынгісхану ўдалося скаваць сваіх супляменнікаў сталёвай дысцыплінай, стварыць з іх звышэфектыўную машыну заваявання і разбурэння. Ужо захоплены Паўночны Кітай, дымяцца руіны гарадоў Харэзма і Азербайджана, ужо старэйшы сын Чынгісхана Джучы атрымаў у якасці улуса (удзела) усе стэпы Казахстана, Паўднёвай Сібіры і ўсё, што ляжыць на захад ад іх, ужо прыступіў ён да іх заваявання. Ужо паспыталі моц тумэнаў Чынгісхана рускія князі на Калцы ў 1223 годзе. Праўда, у 1227 годзе "Заваёўнік Сусвету" памірае, і ў тым жа годзе пры таямнічых абставінах гіне яго старэйшы сын Джучы (напэўна, ён стаў ахвярай жорсткіх інтрыг у стаўцы кагана). Але ваенная машына бездакорна працуе і пасля смерці стваральніка, яе заводу хопіць яшчэ не на адно дзесяцігоддзе. Сыны і ўнукі Чынгісхана не збіраюцца яе спыняць.

Недзе там, на Русі і ў іншых краінах, людзі мараць аб будучым, гадуюць дзяцей. Але жыць ім ці не — вырашаецца на курултаях, у стаўцы новага кагана Угэдэя (трэцяга сына Чынгісхана), дзе абмяркоўваюцца напрамкі новых паходаў. І таму пакаленню, да гісторыі якога мы пераходзім, давядзецца спазнаць, што ўсе яны жывуць на адной планеце.

ПАКАЛЕННЕ ПЕРШАЕ: МІНДОЎГ (1230-ыя - 1250-ыя гады)


Прадстаўнікам гэтага пакалення — тым, хто нарадзіўся напярэдадні альбо ў самым пачатку XIII стагоддзя, а дзейнічаў у першай яго палове — давялося ўбачыць першыя крокі маладой Літоўскай дзяржавы. Сярод асоб, што выступаюць у гэты час на гістарычную сцэну, асабліва адметнымі з'яўляюцца дзве постаці: заснавальнік азначанай дзяржавы Міндоўг (каля 1195—1263) і галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч (1202—1264).

Пра турботнае дзяцінства і юнацтва Данілы і яго малодшага брата Васількі (1204—1269) ужо гаварылася мімаходзь у "Экспазіцыі". Рана згубіўшы бацьку, яны трапілі ў вір барацьбы за галіцкае і валынскае княжанне і паступова ўзялі верх над усімі сваімі сапернікамі. У 1230 годзе апошні з канкурэнтаў за ўладу на Валыні — Аляксандр Белзскі быў адцяснёны на самы ўскраек сваіх уладанняў, у сумежны з Польшчай Перамышль, і практычна ўсё Уладзіміра-Валынскае княства апынулася ў руках двух братоў. Пачалася барацьба за вяртанне бацькоўскага Галіча. Мсціслаў Удатны, цесць Данілы, у 1228 годзе пад дыпламатычным націскам венгерскага караля Андрэя II, за сына якога ён раней выдаў сваю малодшую дачку Марыю, саступіў Галіч на карысць венграў. Хутка Мсціслаў памёр. Даніла пачаў барацьбу з венграмі за Галіч. Яна ішла з пераменным поспехам да 1234 года, калі войска Андрэя II і Аляксандра Белзскага было разбіта Раманавічамі з дапамогай кіеўскага князя Уладзіміра Рурыкавіча. Далучыўшы Галіч да Валыні, Даніла і Васілька зрабіліся яшчэ больш магутнымі уладальнікамі, чым калісьці іх бацька.

Аднак у барацьбу за вяршэнства ў Пауднёвай Русі ўключыўся новы прэтэндэнт — Міхаіл Чарнігаўскі. У 1235 годзе ён выбіў з Кіева Уладзіміра Рурыкавіча, перамог Данілу і ўладкаваў у Галічы свайго дванаццацігадовага сына Расціслава. Тут жа ў барацьбу за Кіеў уступіу прадстаўнік уладзіміра- суздальскай дынастыі Яраслаў Усеваладавіч. Хутка і Уладзімір Рурыкавіч з'явіўся зноў з палавецкай раццю, але вярнуць сабе Кіеў не здолеў.

Гэты вэрхал вакол Кіева — з'ява вельмі звыклая на Русі. Аднак менавіта яна прыкавала да сябе ўвагу летапісцаў, якія канчаткова згубілі з поля зроку Літву. І вельмі шкада, бо тамтэйшыя падзеі мелі значныя вынікі (аднак высветлілася гэта, зразумела, пазней). У Літве ж тым часам на пярэдні план высоўваецца постаць Міндоўга.

Ён упершыню з'яўляецца, як вы памятаеце, сярод удзельнікаў валынска- літоўскага пагаднення 1219 года, прычым знаходзіцца сярод малодшых прадстаўнікоў літоўскай дынастыі-гегемона, на чале якой стаіць Жывінбуд. Калі лічыць, што перад намі княжацкая сям'я-абшчына, то Жывінбуд, напэўна, з'яўляецца сынам яе заснавальніка, а Даўят з Вілікайлам і Даўспрунк з Міндоўгам — сынамі двух памёршых раней старэйшых братоў Жывінбуда. Ордэнскі храніст Генрых Латвійскі — сучаснік Міндоўга — пазначаў, што бацька апошняга быў найвялікшым з літоўскіх правіцеляў свайго часу. Ён, трэба меркаваць, памёр незадоўга да пагаднення 1219 года. Ёсць адзін вельмі верагодны прэтэндэнт на гэтую ролю — князь Даўгерд, які некалькі разоў згадваецца Генрыхам Латвійскім. Нястомны вораг Ордэна мечаносцаў, ён аказваў дапамогу свайму зяцю Усеваладу Герцыкскаму, сам рабіў набегі на ўладанні крыжакоў і рыжскага біскупа. Літоўскую пагрозу адчуваў у гэты час і Уладзімір Полацкі, што вельмі непрадбачліва шукаў ад яе паратунку ў саюзе з Рыгай. У 1214 годзе Даўтерд, калі ездзіў у Ноўгарад дзеля пагаднення супраць Ордэна, быў схоплены на зваротным шляху крыжакамі і загінуў у затачэнні.

Калі меркаванне пра Міндоўга як сына Даўгерда слушнае, то далейшы ход падзей у Літве можна гіпатэтычна рэканструяваць так: пасля смерці Даўгерда вяршэнства перайшло да яго малодшага брата Жывінбуда, які ў 1219 годзе ўзначальвае спіс князёў. Трэці брат (імя яго таксама невядома) — бацька князя Даўята. Апошні ідзе ў пераліку другім пасля Жывінбуда. Паколькі ён названы перад верагоднымі сынамі Даўгерда (Даўспрункам і Міндоўгам), то яго бацька, напэўна, быў старэйшы ў сям'і (дыпламатычныя паперы вельмі ўважліва ставяцца да такіх нюансаў). Той жа Генрых Латвійскі пад 1205 і 1213 гадамі паведамляе пра смерць яшчэ двух літоўскіх кунігасаў — Свелгатэ (Свалеготэ) і Стэцкі. Можа, хтосьці з іх з'яўляўся братам Даўгерда і Жывінбуда. Паводле родавага звычаю ўлада пасля Жывінбуда павінна была перайсці да Даўята, а затым да яго брата Вілікайлы і іх нашчадкаў. Даўспрунк жа і Міндоўг у гэтым выпадку стварылі б асобную генеалагічную лінію, падобную да дынастый Дзевалтвы, Жамойці і іншых малых княстваў.

На самой справе адбылося не так. Іпацьеўскі летапіс зноў згадвае імя галоўнага літоўскага князя прыкладна ў 1235 годзе (на жаль, храналогія гэтага летапісу, дакладней, Валынскага летапісу ў складзе Іпацьеўскага збору, кульгае на абедзве нагі, таму ўсе яго даты прыблізныя). У той час уладаром Літвы з'яўляўся Міндоўг. Што адбылося за папярэднія 16 гадоў— можна толькі гадаць. Можа, Жывінбуд, Даўят і Даўспрунк склалі галовы ў шматлікіх набегах на рускія землі. У "Экспазіцыі" гаварылася пра цяжкія паражэнні, якія часам цярпелі літоўцы ў гэтых набегах. Усяго за год перяд тым, у 1234 годзе, літоўская раць зноў была перахоплена рускай пагоняй на поўдні Наўгародскай зямлі пры адыходзе са Старой Русы.

Магчыма, аднак, што, прынамсі, некаторыя са старэйшых родзічаў Міндоўга сталі яго ахвярамі ў барацьбе за вярхоўную ўладу — характар гэтага князя, як вынікае з больш позніх падзей, ні ў якім разе не супярэчыць такой магчымасці. Міндоўг, безумоўна, любіў уладу і дзеля яе гатовы быў зайсці вельмі далёка.

У маладыя гады Міндоўг, напэўна, удзельнічаў не ў адным паходзе на Русь. У набегах ён авалодваў ваенным майстэрствам, прыглядаўся да жыцця суседзяў, грамадскі лад якіх знаходзіўся на больш высокім узроўні, заваёўваў аўтарытэт і скалочваў адданую дружыну. Можа, ужо тады ў яго з'явіліся нейкія асабістыя сувязі з князямі і баярствам суседніх рускіх княстваў.

Пра гэтыя княствы мы не ведаем амаль нічога. У Полацку смаленскае панаванне, магчыма, скончылася ў 1232 годзе, калі палачане дапамаглі Святаславу Мсціславічу стаць князем у Смаленску. Пасля яго Полацк хутчэй за ўсё вярнуўся да аднаго з Рагвалодавічаў. Прынамсі, крыху пазней, у 1239 годзе, там будзе княжыць Брачыслаў, які аддасць сваю дачку за сына Яраслава Усеваладавіча Уладзіміра-Суздальскага — Аляксандра. Магчыма, Брачыслаў — сын віцебскага князя Васількі Брачыславіча, упамянутага пад 1196 годам. У адным з летапісаў гаворыцца, што праз некалькі гадоў пасля шлюбу маленькі сын Аляксандра і Брачыслаўны знаходзіўся ў Віцебску (у родзічаў па маці?).

Найбліжэйшымі суседзямі Літвы былі Менскае і Ноўгародскае княствы. Пра Менск (як і пра Лагойск з Заслаўем) мы не маем ніводнай звесткі, ніводнай зачэпкі нават для ўскосных меркаванняў. Толькі на стагоддзе пазней менскі князь з'явіцца ў летапісе. Канешне, можна лічыць, што мясцовая дынастыя існавала непарыўна з XII стагоддзя, аднак з такім жа поспехам можна адстойваць і любую іншую думку на гэты конт.

Што датычыць Ноўгародка, то ў ім сучаснікам Міндоўга выступае мясцовы князь Ізяслаў. Зноў-такі можна толькі гадаць, паходзіў ён са старажытнай гарадзенскай дынастыі ці з нейкай іншай. Невядома і пра памер падуладнай яму тэрыторыі. Аднак вельмі верагодна, што да Ноўгародка ў гэты час адносілася ўсё Панямонне з Гораднам, Ваўкавыскам і Слонімам, хаця там маглі быць і свае князі (гадоў праз 20 у летапісе з'явіцца Глеб Ваўкавыскі, а яшчэ праз пакаленне — Васілька Слонімскі). Казаць пра ператварэнне Ноўгародка ў палітычны цэнтр усіх заходніх зямель Русі няма важкіх падстаў. Да мангольскага нашэсця гэты горад упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе двойчы. Першае ўпамінанне — ускоснае: у 1228 годзе "новогородци" (так у летапісе) прынялі ўдзел у канфлікце пінскага князя Расціслава і кіеўскага Уладзіміра Рурыкавіча з Данілам Раманавічам, які быццам бы захапіў дзяцей Расціслава. Кіеўскі князь заступіўся за пінскага і сабраў супраць Данілы войска, у якое ўвайшлі разам з куранамі, пінянамі і тураўцамі жыхары Ноўгародка (вельмі малаверагодна, што ў гэтай лакальнай падзеі ўдзельнічалі войскі Вялікага Ноўгарада, назва якога часта пісалася аднолькава з назвай панямонскага горада).

Другое ўпамінанне—тое самае, дзе зноў з'яўляецца Міндоўг. У 1235 годзе (пра прыблізнасць храналогіі ўжо казалася) адбыўся канфлікт паміж Данілам Раманавічам і Конрадам Мазавецкім, які выкарыстоўваў крыжакоў не толькі для хрышчэння прусаў, але і для захопу сумежнага Падляшша (тэрыторыі яцвяжскага племені палексаў, што ўжо была амаль цалкам каланізавана валынянамі). Выбіўшы крыжакоў з падляшскага горада Драгічына, "по том же лете Данил же возведе на Кондрата Литву Мендога Изяслава Новгородьского".

Гэта практычна ўсё, што мы ведаем пра падзею. Але і лаканічная звестка кажа шмат пра што. Па-першае, Літва належыць Міндоўгу. Па- другое, Ізяслаў Ноўгародскі (пра Вялікі Ноўгарад гаворка ісці не можа — там у гэты момант княжыць Яраслаў Усеваладавіч з Залесся) дзейнічае сумесна з Міндоўгам, што сведчыць аб іх цесных сувязях. Па-трэцяе, і Ізяслаў, і Міндоўг выступаюць ці то як васалы, ці то як наёмнікі ўладзіміра-валынскага князя. Думаць пра раўнапраўны саюз перашкаджае слова "возведе", якое яўна сведчыць пра вядучую ролю Данілы. Характэрна, што Ноўгародак выступас тут не як вораг Раманавіча (што было ў першым выпадку), а як паслухмяны саюзнік. Дарэчы, і ў першым паведамленні роля ноўгародцаў не большая за ролю іншых удзельнікаў кааліцыі — Курска, Пінска і Турава.

Такім чынам, можна пагадзіцца, што Ноўгародак у гэты час пачынае праяўляць большую актыўнасць, чым суседнія гарады, уключаючы Полацк. Але актыўнасць гэтая — другарадная ў агульнарускім маштабе, яна праяўляецца ў падтрымцы акцый Кіева і Уладзіміра-Валынскага — сапраўдных палітычных цэнтраў.

Пад "Літвой Міндоўга" таксама трэба разумець не ўсю тагачасную Літву, а толькі нейкую яе частку. Міндоўг дамогся вяршэнства сярод прадстаўнікоў галоўнай дынастыі, але засталіся нашчадкі і ў яго брата Даўспрунка, і ў Даўята (яны будуць актыўна дзейнічаць праз некалькі гадоў). Па-ранейшаму існуюць самастойныя дынастыі ў Дзевалтве, Нальшанах і Упіце, а жамойцкая дынастыя і ўвогулс набірае моц. Годам пазней на яе долю выпадзе выдатны ваенны поспех: перамога над крыжакамі-лівонцамі.

Бітва адбылася ў верасні 1236 года, калі Ордэн мечаносцаў арганізаваў свой першы крыжовы паход у Жамойць. Гэта была "разведка боем" — пасля падпарадкавання большай часткі тэрыторыі Лівоніі мечаносцы шукалі перспектыўныя напрамкі для працягу экспансіі. Паганская Жамойць з'яўлялася натуральным аб'ектам такой экспансіі.

У паходзе ўдзельнічалі амаль усе браты-рыцары Ордэна (каля 100 чалавек) на чале з магістрам Фалькевінам, апалчэнне падуладных эстаў, ліваў і латгалаў, добраахвотнікі з Заходняй Еўропы, нават атрад з Пскова, які ў той час меў цесныя сувязі з мечаносцамі. Аднак на зямлі Саўле (верагодна, сучасны Шаўляй) жамойты (іх узначальвалі, магчыма, тыя князі Эрдзівіл і Выкінт, што выступаюць у дагаворы 1219 года) ушчэнт разграмілі войска мечаносцаў. Загінулі 48 братоў-рыцараў, у тым ліку сам магістр. Няўдача крыжакоў паспрыяла паўстанню супраць іх на новадалучаных землях куршаў, земгалаў і селаў, якія фактычна выйшлі з-пад кантролю Ордэна і архібіскупства.

У гэты ж час Тэўтонскі ордэн дзейнічаў больш паспяхова: у 1236 годзе скончылася заваяванне прускага племені памезанаў у нізоўях Віслы, на наступны год скарылася суседняя Пагезанія. Выпадак з паходам мечаносцаў ясна паказаў, што чакае Літву і Жамойць, калі тэўтонцы выйдуць на іх межы з захаду. Праўда, пакуль што, здавалася, да гэтага яшчэ далёка: большасць прусаў і амаль усе яцвягі захоўвалі незалежнасць. Але заваёўнікі хутка прасоўваліся наперад.

Уварванне закаваных у сталь чужаземцаў спачатку прывяло прусаў ледзь не ў паніку. З'явіліся нават легенды пра людзей з жалезнымі брухамі, якіх не бяруць мячы і стрэлы. Пазней прусы пераканаліся, што і браніраваных захопнікаў можна біць, але першы раунд, безумоўна, застаўся за крыжакамі. Тэўтонцы выкарыстоўвалі адпрацаваную тактыку — улетку адбываўся вялікі паход з удзелам добраахвотнікаў з Польшчы, Германіі і іншых краін, на новазахопленых землях будаваліся замкі. Рыцары заставаліся ў іх на зіму, каб потым зноў пашыраць уладанні Ордэна.

У 1237 годзе адбылася важная падзея — дэмаралізаваны пасля паражэння пад Саўле Ордэн мечаносцаў аб'яднаўся з больш моцным Тэўтонскім у канфедэрацыю і атрымаў назву Лівонскага. Выпеставаныя Рыжскім архібіскупствам і Мазовіяй, крыжакі пры падтрымцы рымскага папы выйшлі з-пад іх кантролю. Здзейснілася мара фон Зальца аб самастойнай ордэнскай дзяржаве. Праўда, дзяржава была своеасаблівая: яе пануючае кола ўтваралі браты-рыцары, якія лічыліся манахамі і не маглі мець ні жонак, ні дзяцей. Таму існаванне Ордэна залежала ад няспыннага прытоку новых братоў з Германіі і іншых краін. Папская курыя і пасланцы тэўтонцаў рабілі ўсё, каб гэты паток пашыраўся. Па ўсёй Еўропе яны разгарнулі агітацыю, заклікаючы рыцарства прыняць удзел у "выратаванні" (прымусовым хрышчэнні) закаранелых у паганстве прусаў і іншых балцкіх народаў.

У Літве наўрад ці ведалі пра ўсё гэта. Аднак пачуццё небяспекі вісела ў паветры, і аб'ектыўна дзейнасць Міндоўга па канцэнтрацыі ўлады спрыяла таму, што Літва рабілася больш падрыхтаванай для непазбежнай сустрэчы з крыжацкай пагрозай. Магчыма, некаторыя прадстаўнікі літоўскай знаці разумелі гэта і свядома падтрымлівалі прагнага да ўлады князя.

На адносна маладога (Міндоўгу было ў той час каля 40 гадоў), таленавітага і актыўнага правадыра баяздольнай дружыны не маглі не звярнуць увагу і ў сумежных заходнерускіх княствах. Калі ўжо параўноўваць зносіны літоўцаў з Заходняй Руссю і палавецка-паўднёварускія дачыненні, дык варта адзначыць, што кіеўскія князі заўсёды ўважліва сачылі за ходам падзей у палавецкіх качэўях, заводзілі сярод полаўцаў пабрацімаў і сваякоў, шукалі ў іх паратунку ў цяжкі момант і аказвалі такую ж дапамогу палавецкім ханам. Зразумела, князі і баяры Полаччыны, Меншчыны і Ноўгародчыны рабілі тое ж самае ў адносінах да літоўцаў. Прыклад з Усеваладам Герцыкскім, які ажаніўся з дачкой Даўгерда, відавочна, толькі адзін з многіх. I ў Міндоўга, напэўна, меліся сябры і сваякі на Русі, у тым ліку і ў Ноўгародку. Такія людзі пазіралі на яго ўзвышэнне без страху — ім асабіста яно нічым не пагражала. Наадварот, чым мацнейшы станавіўся літоўскі князь, тым больш карысным выглядаў саюз з ім.

Але ўсё гэта наўрад ці мела б значныя вынікі, калі б палітычная сістэма Русі і далей захоўвала стабільнасць. Толькі рэзкі штуршок звонку раптоўна ўсё перамяніў.

Вясной 1237 года ўспыхнуў нарэшце кнот палавецкіх стэпаў. З берагоў далёкай Сырдар'і рушыла на паўночны захад незлічонае мангольскае войска, каб выканаць запавет Чынгісхана: заваяваць паўночна-заходні сектар Сусвету, які быў вылучаны ў свой час пад улус яго сыну Джучы. У паходзе ўдзельнічаў малодшы сын Чынгісхана Кюлькан і дзесяць унукаў, у тым ліку старэйшы сын вялікага кагана Угэдэя Гуюк. Лепшыя палкаводцы мангольскай дзяржавы стаялі на чале тумэнаў, сярод іх — стары Субэдэй, што вёў да перамог яшчэ войска самога Чынгісхана. Вярхоўным военачальнікам, джыхангірам, быў назначаны Бату — трыццацігадовы сын і наследнік Джучы.

Усё лета мангольскае войска заваёўвала ўладанні полаўцаў і волжскіх балгар, а на пачатку зімы дакацілася да межаў Русі. Ніколі раней на яе зямлю не ступаў такі грозны вораг. Манголы адзін за адным захоплівалі гарады, што лічыліся непрыступнымі для стэпавых качэўнікаў. Адно з самых магутных рускіх княстваў — Уладзіміра-Суздальскае рухнула ў некалькі тыдняў. Загінуў у бітве яго ўладальнік Юрый Усеваладавіч, як і трое сыноў яго і пляменнік. Вастрыё варожага нашэсця дасягнула ўскрайку Наўгародскай зямлі, каб з пачаткам вясны праз усходні край Смаленскай і Чарнігаўскай вярнуцца ў палавецкія стэпы.

Здаецца, Русь не адразу зразумела, што старой грамадска-палітычнай сістэме нанесены смяротны ўдар, што ў былы стан яна ўжо не вернецца ніколі. Як певень скача і лётае з адсечанай галавой, так і рускія княствы працягвалі імкнуцца да сваіх ранейшых мэтаў увесь 1238 і пачатак 1239 года, пакуль войска Бату, ці, як яго называлі на Русі, Батыя, зусім побач з імі заканчвала заваяванне полаўцаў, якія рассыпаліся па стэпах.

У 1238 годзе Даніла Раманавіч з братам выбілі нарэшце чарнігаўцаў з Галіча. Радаваліся, што іх дзяржава зноў раскінулася ад Панямоння да Карпат, пераразмяркоўвалі ўладанні. Даніла ўзяў сабе Галіч і Уладзімір, а Васілька — Луцк, Белз і Берасце. У той жа час на поўначы наўгародскі князь Яраслаў, брат загінуўшага Юрыя Усеваладавіча, наводзіў парадак у Смаленску, дзе адбывалася нейкая замятня (верагодна, пасля смерці князя Святаслава Мсціславіча), у якой самы актыўны ўдзел прынялі літоўцы. Яраслаў захапіў у Смаленску нейкага літоўскага князя (ці стаўленіка літоўцаў) і пасадзіў там малодшага брата былого ўладальніка — Усевалада Мсціславіча. У 1238 ці 1239 годзе ён жа справіў у Таропцы вяселле свайго сына Аляксандра з дачкой полацкага князя Брачыслава.

Між тым галоўная бяда была яшчэ наперадзе. Бату метадычна працягвае выконваць волю свайго дзеда. Скарыўшы полаўцаў (толькі невялікая іх частка ўцякла ў Венгрыю да караля Бэлы IV), манголы зноў накіроўваюць удар на Русь, гэтым разам паўднёвую. У 1239 годзе яны захапілі Пераяслаў і Чарнігаў. Тады ж, напэўна, згарэў і Гомель, пра разбурэнне якога сведчыць археалогія. Чарнігаўскі князь Міхаіл падаўся наўцёкі, кінуўшы і Кіеў, што знаходзіўся пад яго кантролем. У наступным годзе войска Бату пераходзіць Дняпро і аблагае старажытную сталіцу Русі. Апошні з буйных уладароў — Даніла Раманавіч — паслаў туды свайго пасадніка, але сам застаўся ў Галічы чакаць сваёй чаргі. Чакаць прыйшлося нядоўга. Гіне ў полымі Кіеў, усланы целамі сваіх абаронцаў, а потым віхура нашэсця пракатваецца праз усю Галіцкую і Валынскую землі і далей на захад, у Малую Полыпчу і Венгрыю. Марна спрабуе спыніць яе Баляслаў Сарамлівы — у сакавіку 1241 года Кракаў спасцігае той жа лёс, што і Кіеў. Гіне ў бітве вроцлаўскі і кракаўскі князь Генрык Набожны (сын памёршага ў 1238 годзе Генрыка Барадатага), хаця коштам жыцця і захоўвае ад манголаў частку сваіх уладанняў. Адначасова церпіць паражэнне і венгерскі кароль Бэла з братам Кальманам.

Неверагодныя поспехі манголаў тлумачацца сярод многіх акалічнасцей адной вельмі простай: іх ваенная машына трымалася на татальнай жорсткасці і страху. Невыкананне загаду, уцёкі ў час бою былі немагчымымі з-за смяротнай кругавой парукі — правіннасць аднаго каштавала жыццяўсім, хто знаходзіўся побач. Такая сістэма бездакорна дзейнічае ўсюды, дзе яе ўдаецца стварыць. І шчасце чалавецтва ў тым, што стварыць удаецца не ўсюды і не заўжды — толькі там, дзе вельмі нізкі кошт чалавечага жыцця, дзе народ ахоплены экстатычным уздымам і дзе переважная колькасць ствараючых гэтую пачварную сістэму людзей упэўнена, што так і трэба. У стэпавых качэўнікаў адбылося менавіта так. Мангольскія тумэны, што не вагаючыся ішлі на смерць, наводзілі проста містычны жах на праціўніка, які і не здагадваўся, што ў сэрцах яго пераможцаў пануе яшчэ большы жах — толькі перад сваімі.

Бату-хан да 1242 года прайшоў скрозь Венгерскае каралеўства да берагоў Адрыятыкі, і толькі звесткі пра смерць вялікага кагана Угэдэя прымусілі яго павярнуць коней назад. Пакінуўшы ў спакоі тое, што не мог зараз пераварыць, — разбураныя Венгрыю, Польшчу і Паўднёвую Русь — Бату пакінуў у палавецкіх стэпах сваіх намеснікаў і разам з іншымі знатнымі ўдзельнікамі паходу "да апошняга мора" заспяшаўся ў далёкі Каракарум, дзе павінны былі адбыцца выбары новага кагана.

Тады ацалелыя рускія князі пачалі варочацца на выгарышчы спаленых гарадоў. Вярнуліся Міхаіл Чарнігаўскі, пінскія князі Расціслаў Уладзіміравіч і Міхаіл з сынам (напэўна, ён быў братам Уладзіміра Пінскага, што ўпамінаецца ў 1220-ыя гады). Даніла і Васілька перачакалі бяду ў Мазовіі, пры двары князя Баляслава — старэйшага сына Конрада Мазавецкага. Валынскі летапіс апісаў іх сумны зварот. Адалелы Драгічын не адчыніў перад сваімі князямі браму, наваколле Берасця было напоўнена смуродам непахаваных трупаў. Уладзімір-Валынскі таксама ўяўляў груду гарэлага бярвення. Цудам захаваўся толькі пабудаваны незадоўга да таго Холм за Заходнім Бугам. У Галіцкай зямлі баяры захапілі ўладу ў нешматлікіх ацалелых гарадах, і Данілу давялося наводзіць парадак мячом.

Яраслаў Усеваладавіч яшчэ раней, у 1238 годзе, пачаў адраджаць разбураную вотчыну. Ён выдзеліў малодшым братам Святаславу і Івану ў кіраванне Суздаль і Старадуб, а сабе пакінуў стольны Уладзімір і заходнюю палову бацькоўскай вотчыны (Пераяслаў-Залескі, Цвер, Маскву — усе спаленыя). У Ноўгарадзе ён пасадзіў сына Аляксандра, які ў 1240 годзе ў дваццацігадовым узросце вызначыўся перамогай над шведамі на Няве, а праз два гады паспяхова правёў ваенныя дзеянні супраць Лівонскага ордэна, разбіўшы рыцараў на ледзе Чудскога возера.

Смаленская і Полацкая землі былі практычна не закрануты мангольскім нашэсцем. Але пра падзеі, што адбываліся ў іх, па-раненшаму амаль не згадваецца ў летапісах. Здаецца, у смаленску Усевалад Мсціславіч пратрымаўся вельмі нядоўга, пасля там княжыць яго малодшы брат Расціслаў. Невядома, ці захапіла мангольская хваля Пінск і Тураў, а таксама суседнія з разбураным Берасцем княствы Панямоння. Т. Нарбут, праўда, прыводзіць паданне аб тым, што адзін з мангольскіх атрадаў на чале з братам Бату Шэйбакам (Шэйбані?) зайшоў ажно на правы бераг Нёмана, захапіў Ноўгародак і Слонім, але пазней быў разбіты жамойцкім князем Эрдзівілам ва ўрочышчы Шэйбакполе пад Лідай, хоць перамога каштавала жыцця Эрдзівілу. Звестка выглядае вельмі праўдзіва, нават імёны дзеючых асоб гістарычныя, але не выключана, што яе ўдала сачыніў сам Нарбут. Спаленне ж манголамі Пінска вельмі верагодна, бо тамтэйшыя князі мусілі хавацца ў Мазовіі — напэўна, нездарма.

Але асноўным вынікам нашэсця было іншае. Парушылася уся сістэма палітычных дамінант і супрацьваг. Сумежныя з Літвой землі на некалькі гадоў апынуліся перад ёю сам-насам. Пра з'яўленне літоўцаў у Смаленску я ўжо згадваў. Але рэзка ўзрасла іх актыўнасць і на іншых напрамках. У 1245 годзе Літва паўтарыла свой паход праз Таропец на Таржок і Бежыцу, у 1247- ым — на Пскоў, у 1248-ым — на Зубцоў у вярхоўях Волгі. У той жа час літоўскі князь Айшвна з роду Рушкавічаў рабуе ля Перасопніцы, у самым сэрцы Валыні (Валынскі летапіс датуе гэты набег 1246 годам), а ў наступным годзе іншы князь, Лекагвеній (Лугвень?), дзейнічае ля Драгічына. На Драгічын жа робяць напад і яцвягі. А папскі пасланец Джавані Плана Карпіні, які ў гэты ж час падарожнічае ў Манголію, адзначае вялікую небяспеку літоўскіх набегаў у наваколлі Кіева. Заўважым, што летапісы звычайна паведамляюць толькі пра набегі, у якіх рускім князям удалося адбіць палон. Колькі ж іх было болып паспяховых, мы не ведаем, як і тое, колькі багаццяў і русавалосых паланянак знікла ў гэтыя гады ў літоўскіх пушчах.

На тых напрамках, дзе Русь захавала пэўную сілу, літоўцы сустракаюць адпор. Валынскі князь Васілька Раманавіч, напрыклад, нанёс ім некалькі адчувальных паражэнняў. І на поўначы юны Аляксандр Неўскі падхапіў бацькоўскую славу пераможцы літоўцаў, далучыўшы яе да ўжо заваяванай славы пераможцы крыжакоў. За час княжання ў Ноўгарадзе ён перамог ваяўнічых суседзяў сем разоў. Але заўважым, што ўсё гэта — выключна абарончыя дзеянні на сваёй тэрыторыі.

Жыхарам Полаччыны, Палесся і Панямоння было значна цяжэй. Іх гарады ляжалі ў адным-двух конных пераходах ад земляў Літвы, і ў выпадку нечаканага нападу разлічваць на паспяховую пагоню асабліва не прыходзілася, як і на своечасовую дапамогу з Ноўгарада ці Уладзіміра- Валынскага. Даводзілася выкручвацца самім. І найболып надзейны спосаб — жыць з небяспечным суседам у згодзе, бесперашкодна прапускаць драпежныя атрады далей, за свае межы, каб яны, як воўчае логава ля чалавечага жытла, былі пагрозай толькі для далёкіх суседзяў. Менавіта такой тактыкі прытрымліўваўся Міхаіл Пінскі, бо літоўскія ўварванні на Валынь і шляхі адыходу праходзілі якраз праз яго княства.

Калі ж часам згасаў мясцовы княжацкі род, перад баярствам "прыфрантавых" гарадоў паўставала пытанне: дзе ўзяць новага ўладара? Тыя часы, калі вымарачнымі вотчынамі распараджаўся Кіеў, прайшлі — ён зараз сам ляжаў у руінах, і князёў туды прызначаў са сваёй прыволжскай стаукі Бату-хан. Дык што ж — ехаць па князя да яго? Ці не лепей будзе звярнуцца да кагосьці з суседніх і добра знаёмых літоўскіх кунігасаў. У іх жылах таксама цячэ свяшчэнная кроў, што дае адзінае права на ўладу. А што паганцы яны — дык калі з'явіцца перспектыва княжыць на Русі, то ахрысцяцца, нідзе не дзенуцца. Як скажа трыма стагоддзямі пазней Генрых Наварскі, "Парыж варты імшы".

Мы не вельмі добра ўяўляем сабе ўнутраныя падзеі ў Літве ў гэты момант. Але там яўна вызначыліся тэндэнцыі да цэнтралізацыі ўлады. Пануючых цэнтраў рабілася ўсё менш, а князёў, напэўна, пладзілася ўсё больш. Неабходнасці ж у павелічэнні колькасці "нізавых кіраўнікоў" яшчэ не было, таму гэтую прорву "прынцаў крыві" трэба было ці знішчыць, ці некуды распіхаць. Адным словам, ідэя ўладкавання літоўскіх князёў у рускіх гарадах выклікала інтарэс з абодвух бакоў.

І вось у верасні 1248 года папа Інакенцій IV накіроўвае ліст да "новаахрышчанага князя Полацка". Мы не ведаем, хто ён быў, але зразумела, што не рускі. Брачыславу, які княжыў там раней, хрысціцца не было патрэбы. Прыкладна ў той жа час літоўскі князь асталёўваецца ў Ноўгародку (мясцовы Ізяслаў таксама, напэўна, памёр без нашчадкаў). І князь гэты — ні хто іншы, як сам Міндоўг. Як ні дзіўна, крыніцы, сучасныя падзеям, зусім абмінулі гэты факт, які меў выключна важныя вынікі. Упамінанне пра яго захавалася толькі ў значна больш познім Густынскім летапісе, створаным у XVII стагоддзі на падставе розных крыніц. У агульным летапісным тэксце ўпамінанне носіць характар устаўкі: "В сие же лето (1246 год.— В. Н.) великий князь литовский Миндовг прият веру христианскую от Востока, со многими своими бояры, понемнозе же сын его Войшелк постринжеся во иночество, о его же делах будет нижей". Відавочна, што тэкст, які ідзе "ніжэй", павінен быў ужо існаваць у час напісання гэтых слоў. Больш таго, звестка пра прыняцце Міндоўгам праваслаўя яўна супярэчыць Валынскаму летапісу, які добра ведае пра больш позняе яго хрышчэнне ў каталіцтва, нават пра тое, што гэтае хрышчэнне "льстиво бысть" і ўпотай Міндоўг працягваў маліцца паганскім багам, але ні словам не згадвае пра прыняцце ім праваслаўя.

Не выключана, што звестку пра хрышчэнне Міндоўга сачыніў сам стваральнік Густынскага летапісу, каб неяк растлумачыць той факт, што ў далейшым Міндоўг дзейнічаў як уладар Ноўгародка і іншых панямонскіх гарадоў. Гэта і сапраўды можа здацца нечаканым, бо супярэчыць усёй старажытнарускай традыцыі: ніколі раней князем на Русі не станавіўся прадстаўнік іншага, не Рурыкавічаў, роду, тым больш літоўскі паганец.

Адзначым, што ў крыніцах няма ніякіх сведчанняў, что Міндоўг захапіў Ноўгародак гвалтоўна, як і таго, што ён знайшоў там прытулак, калі быў чамусьці выгнаны з Літвы. З агульнага кантэксту вынікае хутчэй, што ён валодаў Літвой і Ноўгародчынай адначасова і са згоды мясцовага насельніцтва. Гэта можна зразумець, калі зыходзіць з таго, что папярэдне Русь утварала агульную палітычную структуру. Захоп татарамі яе жыццёвых цэнтраў, у першую чаргу Кіева, азначаў, што Русь цалкам трапляла ў залежнасць ад татарскіх ханаў (так і адбылося ў далейшым з усімі княствамі Рурыкавічаў — нават з тымі, якіх не дасягнула войска Бату). Пазбегнуць залежнасці выпадала, толькі набыўшы князя з зусім ішпай дынастыі, пры гэтым такога, які меў здольнасць пры неабходнасці аказаць татарам узброенае супраціўленне.

Зразумела, пайсці на рашучы разрыў са старой традыцыяй было няпроста. Маючы законных, спадчынных князёў, Ноўгародак і Полацк, магчыма, ніколі б на гэта не рызыкнулі. Але адсутнасць такіх князёў магла падштурхнуць да нестандартнага ходу, тым больш што новы выбар спярша не выглядаў канчатковым: маўляў, пакуль фармальна выйдзем са складу Русі, а там час пакажа, як жыць далей.

Такім чынам, у руках Міндоўга, апрача родавай вотчыны — Літвы ў вузкім сэнсе, апынулася яшчэ і ўскраіннае рускае княства з ваяўнічым памежным баярствам, якое накшталт жыхароў Курска ў "Слове аб палку Ігаравым" магло сказаць пра сябе: "Под трубами повити, под шеломы взлелеяны, конец копия вскормлени; пути им ведоми, яругы им знаеми, луци у них напряжени, тули отворени, сабли изьострени". Гэты набытак яшчэ больш спрыяў палітычнаму дамініраванню Міндоўга над астатнімі літоўскімі князямі і павялічваў пагрозу для суседзяў. Натуральна, што ні тым, ні другім такое не магло спадабацца. Адразу пачалася складаная гульня, куды ўцягнуліся сілы як унутры Літвы, так і за яе межамі. Успыхнуў канфлікт паміж Міндоўгам і яго пляменнікамі Таўцівілам і Эдзівідам (напэўна, сынамі Даўспрунка), у якім былі замешаны Лівонскі ордэн (галоўны вораг Літвы на поўначы) і Галіцка-Валынскае княства, што выказала прэтэнзіі да Ноўгародчыны. Але каб добра зразумець усе акалічнасці, трэба папярэдне разгледзець больш шырокае кола падзей, зрабіць, так бы мовіць, гістарычна- сінхраністычны зрэз.

З'яўленне магутнай улады ў Літве адразу пачало адчувацца за яе межамі. З мэтанакіраванай знешняй палітыкай Міндоўга сутыкнуўся Тэўтонскі ордэн, які ўжо, здаецца, завяршаў заваяванне прусаў. Пасля вялікага паходу 1240 года на чале з герцагам Браўншвейгскім уладу Ордэна прызналі прускія плямёны вармаў, натангаў і бартаў. Але крыжакі перагнулі палку ў сваёй тактыцы гвалтоўнага хрышчэння. У выніку ў 1243 годзе прусы ўзнялі паўстанне, якое ўзначаліў Святаполк Паморскі. Перабіўшы крыжацкіх місіянераў, яны аблажылі ордэнскія замкі і нават узнавілі набегі на Польшчу. Самую актыўную падтрымку заходнім родзічам пачаў аказваць Міндоўг, які, напэўна, паспеў ужо зразумець, чым пагражае крыжацкая экспансія. Дапамога літоўцаў ускладніла падаўленне паўстання. Згасла яно толькі ў 1249 годзе, калі крыжакам пры ўдзеле папскага пасланца ўдалося памірыцца са Святаполкам.

Аднак тэўтонцы вымушаны былі прыпыніць далейшы рух наперад і заняцца больш трывалым умацаваннем на ўжо ахрышчаных землях. У 1245 годзе на тэрыторыі Ордэна ўтвораны біскупствы: Хельмінскае на падараванай Конрадам тэрыторыі, Памезанскае, Вармійскае і Самбійскае на землях прусаў.

З тактыкай Міндоўга, які пачаў актыўна процідзейнічаць крыжакам на дальніх подступах да сваёй падуладнай тэрыторыі, сутыкнуўся і Лівонскі ордэн. Ён якраз узнавіў націск на куршаў і земгалаў. У дадатак да Рыжскага архібіскупства былі таксама ўтвораны біскупствы: Курляндскае на землях ахрышчаных у 1246 годзе куршаў, Дэрпцкае і Эзельскае ў Эстоніі. Міндоўг жа паслаў на поўнач войска, каб выбіць з Курляндыі і Земгаліі крыжакоў і царкоўнікаў і падпарадкаваць гэтыя землі сабе. Аднак схіліць на свой бок куршаў яму не ўдалося, да таго ж літоўцы пацярпелі ў 1248 годзе цяжкае паражэнне пры аблозе ордэнскага замка Амботэн. Землі куршаў адышлі да Лівонскага ордэна і Курляндскага біскупства. Такім чынам, крыжакі зноў выйшлі непасрэдна да межаў Жамойці.

І ў Польшчы ў гэты час выразна адчуваецца прысутнасць літоўцаў. Іх разам з яцвягамі выкарыстоўвае Конрад Мазавецкі, які амаль адразу пасля адыходу манголаў узнавіў барацьбу з пляменнікам Баляславам Сарамлівым. Ужо ў 1243 годзе ён з дапамогай Данілы і Васілька Раманавічаў намагаўся перашкодзіць Баляславу ўладкавацца ў Кракаве, вакантным пасля смерці Генрыка Набожнага. У 1246 годзе пры ўдзеле літоўцаў Конрад перамог-такі свайго пляменніка, аднак не паспеў пакарыстацца як след вынікамі перамогі, бо праз год памёр. Яго княства дасталася тром сынам, з якіх старэйшы, Баляслаў, хутка таксама памёр, а Казімір і Зямовіт падзялілі між сабой Куявію і Мазовію.

Данілу Галіцкаму ў гэты час даводзілася не толькі адраджаць спустошанае княства, але і зноў адстойваць свае правы на Галіч у змаганні супраць Расціслава, сына Міхаіла Чарнігаўскага. Той знайшоў прытулак у караля Бэлы, які даў яму войска для адваявання Галіча. І вось у 1245 годзе, быццам і не прайшло ўсяго няпоўныя чатыры гады пасля заканчэння крывавага мангольскага пагрому, ацалелыя падчас яго венгры, галічане і валыняне зноў сыходзяцца, каб ліць кроў. Лёс спрыяе Данілу: з дапамогай усё таго ж Міндоўга ў жорсткай бітве пад горадам Яраславам (на захадзе Галіцкай зямлі) ён разграміў Расціслава, які зноў уцёк да венграў.

Аднак грозны Усход хутка нагадаў пра сябе. Чатыры гады, што мінулі пасля адыходу Бату-хана, былі толькі часовым перадыхам. За гэты тэрмін у далёкім Каракаруме вырашыліся ўсе справы: новым каганам абралі сына Угэдэя Гуюка, а Бату атрымаў пацвярджэнне на улус свайго бацькі Джучы. І вось ён зноў з'яўляецца ў палавецкіх стэпах — ужо не як захопнік, а як пан. Цяпер і зямля полаўцаў, і Русь — гэта яго вотчына, тут жыць яму і яго нашчадкам. І Бату пачынае скалачваць з рэшткаў разбітых дзяржаў новую, якая пазней атрымае назву Залатая Арда. (У XIII—XIV стагоддзях яна была больш вядомая як Улус Джучы ці проста Арда.) Яе сталіцу хан закладае на берагах Волгі, для будаўніцтва завозіць палонных майстроў з паловы свету. Са сваіх новых падданых — полаўцаў — ладзіць новае войска, такую ж жудасную машыну разбурэння, якую некалі зрабіў з манголаў яго дзед. Ад гэтага часу нашчадкі полаўцаў і волжскіх балгар будуць хадзіць карнымі набегамі на Русь, і менавіта іх пачнуць называць там словам "татары", якім раней называлі манголаў.

Адначасова Бату бярэ ў свае рукі і палітычную ўладу на Русі. Усе тры ўладары найбольш буйных княстваў: Яраслаў Уладзіміра-Суздальскі, Міхаіл Чарнігаўскі і Даніла Галіцкі — атрымалі грозныя загады ехаць на паклон да хана, прычым Яраславу давялося падарожнічаць ажно ў Каракарум, у стаўку Гуюк-хана. Адтуль ён ужо не вярнуўся — быў атручаны. Такі ж лёс спасціг і Міхаіла — за адмову выканаць паганскі рытуал яго пакаралі смерцю ў стаўцы Бату.Здавалася б, у Данілы было яшчэ менш шанцаў вярнуцца жывым. Бату- хан запатрабаваў у князя адмовіцца ад Галіча. Магчыма, ён збіраўся аддаць яго Міхаілу Чарнігаўскаму ці яго сыну Расціславу. Але выйшла наадварот — Міхаіл загінуў, а Даніла вярнуўся з ярлыком на Галіцкае і Уладзіміра- Валынскае княствы.

Чамусьці зусім знікаюць у гэты час звесткі пра Смаленск. Ён, як быццам, ледзь закрануты мангольскім нашэсцем, аднак у агульнарускіх справах на пэўны час перастае адыгрываць якую-небудзь ролю. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што яго сілы былі цалкам сканцэнтраваны на процідзеянні Літве, магчыма — ранняй смерцю ўсіх сыноў Мсціслава Раманавіча, пасля чаго ў Смаленскай зямлі проста не засталося дарослых князёў. Згасла, напэўна, і дынастыя ў Таропцы — у гэтым горадзе то спраўляе вяселле сын уладзіміра-суздальскага князя, то хаваюцца ад Аляксандра Неўскага літоўцы падчас свайго адыходу ад Таржка ў 1245 годзе.

У гэтых умовах захаванне ў сваіх руках Галіцка-Валынскага княства з'явілася выдатным палітычным поспехам Данілы Раманавіча. З братам Васількам у яго, здаецца, заўсёды было поўнае ўзаемаразуменне, і ўдвух яны ўладарылі ва ўсё больш мацнеючай дзяржаве. Адраджаліся разбураныя гарады, а Холм, які пазбег разбурэння, ператварыўся ў магутную крэпасць. Ваенная моц княства замацоўвалася дынастычнымі сувязямі. Яшчэ раней сястра Данілы і Васількі стала жонкай Святаполка Паморскага, сам Даніла ажаніўся другім шлюбам з пляменніцай Міндоўга, а Васілька быў жанаты з дачкой Юрыя Усеваладавіча Уладзіміра-Суздальскага. У гэты час Даніла выдае сваіх дачок Пераславу і Анастасію за Зямовіта, сына Конрада Мазавецкага, і за Андрэя Яраславіча Уладзіміра-Суздальскага, а ў 1250 годзе дамагаецца нарэшце даўно жаданага шлюбу свайго старэйшага сына Льва з дачкой венгерскага караля Бэлы IV. Ледзь не ўсе адметныя суседзі сталі яго сваякамі.

Даніла энергічна рыхтуе баяздольную дружыну, пераймае ўсё лепшае ў пераможцаў-татар. Ён дазваляе сабе нават удзельнічаць у агульнаеўрапейскай палітыцы, у барацьбе васалаў імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрыха II. Крыху пазней з'яўленне галіцка-валынскага войска ў Аўстрыі (куды Даніла прыйшоў як саюзнік венгерскага караля) выкліча фурор: "Немцы же дивяшеся оружью татарскому, беша бо кони в личинах и коярех (гуньках.— В. Н.) кожаных, а людье во ярыцех (латах.— В. Н.), и бе полков его светлость велика от оружия блистающа".

Еўропа ўжо крыху апрытомнела пасля шоку ад з'яўлення непераможных манголаў на берагах Адрыятыкі, ля самых межаў Італіі. Абраны ў 1243 годзе новы рымскі папа Інакенцій IV распачаў энергічную дыпламатычную дзейнасць. Ён выправіў у далёкі Каракарум манаха- францысканца Плана Карпіні, які прысутнічаў там пры абранні Гуюк-хана вялікім каганам і вёў з ім перамовы. Наведваў Карпіні і Бату-хана, і Данілу. Папскія легаты актыўна дзейнічалі ў іншых краінах Усходняй Еўропы, намагаючыся спыніць сваркі еўрапейскіх правіцеляў і стварыць адзіны антымангольскі Фронт. Пагроза з Усходу здавалася зусім рэальнай, бо Гуюк- хан не ўтойваў свайго намеру ўзнавіць заваяванне Еўропы "да апошняга мора". Аднак нават у гэтых умовах з аб'яднання нічога не атрымалася: сам папа вёў барацьбу з імператарам Фрыдрыхам, нават вымушаны быў уцякаць з Рыма ў Ліён. Узнятыя ім супраць Фрыдрыха імператарскія васалы не дабавілі міру ў Еўропе. Рускія ж князі, асноўныя патэнцыяльныя ўдзельнікі мяркуемай кааліцыі, вельмі насцярожана ставіліся да заклікаў папы прыняць каталіцтва. Іх недавер падмацоўваўся дзеяннямі Лівонскага ордэна, які не спыніўся на межах паганскай Эстоніі і раз-пораз імкнуўся прыхапіць частку праваслаўнай Наўгародскай зямлі.

Магчыма, Еўропу ўратавала толькі хуткая смерць Гуюк-хана (у 1248 годзе). Яна дала перадых і Русі, бо думкі Бату-хана цяпер былі звернуты на ўсход, туды, дзе ішла барацьба за абранне новага кагана.

Данілу ў гэты час ніхто не перашкаджае дамініраваць на абшарах на поўнач ад Карпат. У сяброўскіх адносінах з ім знаходзяцца яго зяць Зямовіт Мазавецкі і стрыечны брат апошняга кракаўска-сандамірскі князь Баляслаў Сарамлівы. Доўгі час саюзнікам быў і Міндоўг, але рэзкае ўзмацненне літоўскага князя хутка пачынае турбаваць Данілу. Сапраўды, пад кантроль літоўцаў адыходзяць адно за другім заходнерускія княствы, якія хоць і не з'яўляюцца вотчынай Данілы, але маглі б стаць яго лёгкім набыткам, калі б не гэты новы канкурэнт. Таму вастрыё галіцка-валынскай палітыкі паварочваецца на поўнач. У 1248 годзе Даніла разам са сваімі польскімі саюзнікамі робіць паход на яцвягаў. Магчыма, ён меў на мэце не дапусціць такога ж узмацнення Яцвягіі, якое праглядзеў у Літве. А затым дайшла справа і да самой Літвы.

Самы выпрабаваны спосаб аслабіць суседнюю дзяржаву — распаліць у ёй смуту. Верагодна, таму і трапіў у поле зроку Данілы яго швагер — малады і славалюбівы князь Таўцівіл. Валынскі летапіс паказвае галоўным ліхадзеем Міндоўга — той, накіраваўшы пляменнікаў на захоп Смаленска, паслаў услед адтрад забойцаў. Але магчыма, што ініцыятарам варожасці паміж Таўцівілам і Міндоўгам быў першы, за спіной якога стаяў Даніла. Справа закруцілася ў патрэбным Данілу кірунку.

Паводле летапісу, спроба Міндоўга забіць Таўцівіла адбылася ўжо тады, калі Міндоўг захапіў вотчыну сваіх пляменнікаў, "вражбою бо за ворожьство с ними Литву зане, поимана бе вся земля литовская и бещисленое имение их, притрепано бе богатство их". Таўцівіл уцёк да Данілы Галіцкага, і адразу пачалася актыўная дыпламатычная гульня. Прыкладна ў 1249 годзе склалася магутная кааліцыя супраць Міндоўга: Даніла і Васілька, Таўцівіл (нагадаем, Даніла меў за жонку яго сястру), жамойцкі князь Выкінт, хтосьці з яцвяжскіх князёў і, нарэшце, Лівонскі ордэн. Апрача агульных мэтаў, кааліцыю мацавалі і грошы Данілы ("убеди их серебром и дарами многими"). Адбыўся ваенны паход, напрамак якога ясна сведчыць, што ў той момант Міндоўг кантраляваў ужо ўсё Панямонне, а таксама што менавіта гэтая тэрыторыя ўяўляла галоўны інтарэс для Данілы. Галіцка-валынскае войска паваявала Ваўкавыск, Слонім і Здзітаў, аднак да Ноўгародка, напэўна, дайсці не здолела.

Не дасягнуўшы мэты адным ударам, Даніла накіраваў Таўцівіла ў Рыгу, каб падштурхнуць лівонцаў да больш актыўных дзеянняў.

Шчыры прыём, які аказалі крыжакі, таксама наводзіць на думку, што Міндоўг не дарэмна гневаўся на пляменніка — немцы "сожалишася по нем, ведаху бо — аще Тевтивил не бы изгнан, Литовская земля в руку бе их". Таўцівіл хрысціўся ў Рызе ў каталіцтва пад імем Готліба. Лівонскі магістр Андрэй Стукланд даў яму войска.

Міндоўг, зразумела, не заставаўся пасіўным гледачом. Ён прыкладаў усе намаганні, каб разладзіць кааліцыю: слаў паслоў і да Данілы, і да магістра, не шкадаваў грошай і абяцанняў. І тады магістр як сапраўдны палітык вырашыў здабыць частку, не рызыкуючы ўсім: у абмен за адмову ад падтрымкі Таўцівіла прапанаваў Міндоўгу таксама прыняць хрышчэнне. Такі крок пазбаўляў Літву ад пагрозы з боку крыжакоў, затое і Міндоўг павінен быў адмовіцца ад падтрымкі куршаў, земгалаў і жамойтаў.

Напэўна, Міндоўг знаходзіўся ў тым стане, калі асабліва выбіраць не прыходзілася. Таму пагадненне між ім і магістрам адбылося. Хрышчэнне, паводле позніх звестак, прайшло ў Кернаве. Таўцівіл вымушаны быў перабазіравацца ў Жамойць да Выкінта — свайго дзядзькі па маці. Праціўнікі абмяняліся ўдарамі: спачатку Таўцівіл з жамойтамі, маючы да таго ж валынскую дапамогу, уварваўся ў Літву, затым Міндоўг зрабіў безвыніковую аблогу сталіцы Выкінта — гарадзішча Тверымет (верагодна, пазнейшы замак Цверы ў цэнтры Жамойці). Летапіс паведамляе пра смерць падчас гэтай аблогі (прыкладна ў 1251 годзе) Высімота — напэўна, таго князя Вышымота Булевіча, пасля імені якога ў дагаворы 1219 года зроблена прыпіска: "Его же уби Миндого, то и жену его поял, й братью его побил — Едивила, Спрудеика". Такім чынам, нават змаганне са знешнімі ворагамі Міндоўг выкарыстоўваў для пазбаўлення ад магчымых канкурэнтаў у барацьбе за ўладу.

Між тым Даніла не супакойваўся. Разам з Таўцівілам ён зноў уварваўся ў Панямонне і "плениша всю землю Новгородскую", у тым ліку Горадна. Міндоўг запрасіў міру, але адначасова зрабіў новы палітычны ход: шматлікімі дарамі дамогся нейтралітэту Выкінта. Таўцівіл вымушаны быў зноў шукаць прытулку на Валыні.

Падкрэслім адзін момант: галіцка-валынскае войска ўжо другі раз праходзіць Ноўгародчыну, займае гарады, але гэта не мае ніякіх вынікаў, спрэчная тэрыторыя застаецца пад кантролем Міндоўга. Дадзеную акалічнасць не растлумачыць яго выключнымі дыпламатычнымі ці ваеннымі здольнасцямі. Наўрад ці такое магло б адбыцца, калі б насельніцтва Ноўгародчыны лічыла літоўцаў захопнікамі, а Данілу — вызваліцелем. Тут, напэўна, быў свядомы выбар на карысць Літвы, і сімвалічным увасабленнем яго стала задзірлівая каранацыя Міндоўга летам 1252 года каралеўскай каронай, што ён атрымаў ад папы ва ўзнагароду за хрышчэнне. Каранацыя адбылася ў тым самым Ноўгародку, які безвынікова аспрэчваў Даніла.

На наступны год (1253?) Даніла зноў пачаў масіраваны паход "на Литву, на Новгородок". Магчыма, ён-такі даціснуў бы Міндоўга, аднак зусім іншыя падзеі адцягнулі яго ўвагу і прымусілі пагадзіцца на кампраміс.

Што ж гэта за падзеі? Даніла ўцягнуўся ў вайну з яцвягамі, якую вёў яго зяць Зямовіт Мазавецкі. Напярэдадні трэцяга пахода на Ноўгародак ён удзельнічаў у вялікім паходзе на яцвягаў разам са старэйшым сынам Львом і Зямовітам. Выступленне было вельмі ўдалым. Дваццацітрохгадовы Леў праславіўся, асабіста забіўшы яцвяжскага князя Сцекінта. Яцвягі страцілі значную частку тэрыторыі. Даніла заклаў там новы горад Рай (пазней Райгруд). Аднак поспех патрабаваў далейшага замацавання — і ваеннага, і дыпламатычнага. На яцвяжскія землі прэтэндавалі таксама крыжакі, якія пасля хрышчэння Міндоўга ўзнавілі з падвоенай сілай націск на астатнія балцкія плямёны, а таксама брат Зямовіта Казімір Куяўскі. У 1254 годзе адбылося пагадненне паміж Тэўтонскім ордэнам, Зямовітам і Данілам аб падзеле сфер уплыву ў Яцвягіі. Аднак абдзеленым палічыў сябе Казімір, які, нягледзячы на бясконцыя сутычкі са Святаполкам Паморскім і аддаленасць сваіх уладанняў ад Яцвягіі, таксама імкнуўся набыць новыя землі. Ён захапіў Зямовіта ў палон разам з яго жонкай, дачкой Данілы, і выпусціў толькі ў наступным, 1255 годзе.

Адначасова Даніла ўвязаўся ў яшчэ адну авантуру. У 1252 годзе ён ажаніў свайго другога сына Рамана з Гертрудай Бабенберг — апошняй з роду аўстрыйскіх герцагаў. Фармальна гэта давала права на спадчыну Бабенбергаў, аднак да яе і без таго ўжо мелася шмат ахвотнікаў. Дарэчы, гэты шлюб маладзіцы Гертруды з'яўляўся ўжо трэцім па ліку, і ўсе тры былі звязаны з барацьбой за Аўстрыю. Фактычна ў той момант герцагства знаходзілася пад кантролем маладога чэшскага караля Пжэмысла Отакара — малодшага брата першага мужа Гертруды Уладзіслава. Даніла паслаў Рамана на берагі блакітнага Дуная, але той ледзь не падзяліў лёс двух першых мужоў сваёй жонкі. Яго невялікая дружына трапіла ў аблогу чэшскіх войск, і Даніла мусіў усё ў тым жа 1253 годзе ісці ў паход у Чэхію — вызваляць сына. Дарэчы, у гэтым паходзе давялося ўдзельнічаць і Таўцівілу. Паход скончыўся выратаваннем Рамана, шлюб якога быў скасаваны.

Усе гэтыя дзеянні Даніла прадпрымаў як суверэнны валадар. Аднак заставалася яшчэ трэцяя, галоўная акалічнасць — манголы. У 1252 годзе доўгая барацьба за тытул вялікага кагана нарэшце скончылася, і вельмі ўдала для Бату-хана: каганам замест яго тайнага ворага Гуюк-хана стаў Менгкэ — сын чацвёртага з сыноў Чынгісхана, Тулу. Менгкэ, як і Гуюк, калісьці разам з Бату-ханам удзельнічаў у заваяванні Русі, аднак адносіны між ім і Бату былі значна больш сяброўскімі. Цяпер уладар Улуса Джучы мог зноў шчыльна заняцца рускімі справамі.

А яны між тым значна разладзіліся. Мала таго, што Даніла Галіцкі пачаў адчуваць сябе залішне самастойным, дык і яго зяць Андрэй у сваім Залессі ўзняў галаву. Трэба было тэрмінова наводзіць парадак, дзеля чаго Бату-хан і выслаў сваіх палкаводцаў Няўруя і Курамсу.

Паход Няўруя на Уладзіміра-Суздальскую Русь меў поспех. Князь Андрэй Яраславіч не здолеў абараніць сваю самастойнасць — летам 1252 года татары разбілі яго дружыну ля Пераяслава і рассыпаліся па ўсім Залессі, пакідаючы ззаду смерць і разбурэнне, як і ў чорнай памяці зіму 1237/38 года. Андрэй праз Ноўгарад уцёк у Швецыю. Князем ва Уладзіміры-Залескім стаў старэйшы брат Андрэя — Аляксандр Неўскі, прыхільнік саюза з татарамі.

Даніла Галіцкі не мог не ведаць пра гэтыя падзеі, калі рыхтаваўся да сваіх паходаў у Чэхію, Яцвягію і Літву. Пра яго няўпэўненасць сведчыць і тое, што ён аднавіў зносіны з Інакенціем IV. Па дарозе на яцвягаў, у 1253 годзе, ён атрымаў у Драгічыне прысланую ад папы каралеўскую карону — такую ж, як і яго праціўнік Міндоўг, і практычна адначасова з ім (хоць Іпацьеўскі летапіс і дае іншыя даты, але пра храналогію гэтага летапісу я ўжо казаў). Каранацыя Данілы апрача ўзняцця палітычнага аўтарытэту мела на мэце збліжэнне з каталіцкай Еўропай у разліку на дапамогу супраць татар. Даніла даў папярэднюю згоду на унію каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. Аднак ні яго абяцанне, ні абяцанне дапамогі з Захаду так і не былі выкананы, таму і акт каранацыі застаўся чыста фармальным.

Паход Курамсы адбыўся ў той час, калі Даніла ў трэці раз спустошыў Ноўгародскую зямлю. Аднак галіцкі князь, напэўна, ведаў, што рабіў: пакінуты ім заслон у горадзе Крамянцы на поўдні Валыні зрабіў сваю справу. Татары не здолелі ўзяць гэты горад "и возвратишася во страны своя". Тым не менш сітуацыя патрабавала канцэнтрацыі ўсіх сіл. Таму Даніла лёгка згадзіўся на тыя кампрамісныя ўмовы, якія прапанаваў яму старэйшы сын Міндоўга Войшалк, калі з'явіўся на перамовы: Міндоўг застаецца вярхоўным правіцелем Ноўгародскай зямлі, аднак уладаць ёй будзе на правах яго васала няўдалы шукальнік аўстрыйскага трона Раман Данілавіч. Мір быў замацаваны (каля 1254 года) шлюбам трэцяга Данілава сына, Шварна, з дачкой Міндоўга.

Летапіс называе ініцыятарам такога пагаднення Войшалка. Верагодна, самому Міндоўгу яно прыйшлося не надта да густу ці Войшалк на перамовах перавысіў свае паўнамоцтвы. Чамусьці ён пасля гэтага не вярнуўся да бацькі, а ахрысціўся і пастрыгся ў манахі. Магчыма, галіцкі князь пакінуў яго ў якасці заложніка, бо і Данілаў сын Раман пад вярхоўнай уладай Міндоўга ад заложніка не вельмі адрозніваўся. Але не выключана, што Войшалк пастрыгся добраахвотна, бо хрысціянства вельмі кранула яго ўражлівую душу — мы звычайна за кожным учынкам шукаем палітычную падаплёку, зусім не пакідаючы месца імпульсіўным парывам.

Так ці інакш, але пагадненне пачало выконвацца ободвума бакамі. У 1254 годзе Даніла зноў збіраецца на яцвягаў з братам Васількам і сынамі Львом і Шварнам. Ён звяртаецца да Рамана, і той прыходзіць з ноўгародскім палком, а разам з ім два рускія князі — Глеб, цесць Рамана, і Ізяслаў Свіслацкі. Гэты ж Глеб крыху пазней будзе знаходзіцца ў Ваўкавыску. З яго дачкой Раман ажаніўся пасля няўдалага шлюбу з Гертрудай. Цяжка сказаць, ці ў Ноўгародскай зямлі княжыў ён раней пад уладай Міндоўга, ці недзе паблізу. А ў Ваўкавыск трапіў, магчыма, дзякуючы свайму зяцю. Што ж датычыць Ізяслава Свіслацкага, то яго княства даследчыкі марна шукалі на нёманскай Свіслачы, але там няма слядоў старажытнарускага горада. Амаль несумненна, што яго ўладанне — старажытны горад Свіслач — знаходзілася пры ўпадзенні аднайменнай ракі ў Бярэзіну дняпроўскую. Удзел гэтага не надта слыннага князя ў паходзе на яцвягаў паказвае, што літоўска-валынскі ўплыў сягаў даволі далёка на ўсход.

Азначаны паход (у ім удзельнічалі таксама Зямовіт і атрад Баляслава Сарамлівага) замацаваў адыход часткі яцвяжскай тэрыторыі (будучае паўночнае Падляшша) пад уладу Валынскага княства.

Яцвягаў на чале з іх князем Юндзілам абклалі данінай. Напэўна, не засталіся пакрыўджанымі і мазаўшане — да іх адышла тэрыторыя на поўнач ад Нура, за горадам Візнай.

А затым настаў час яшчэ аднаго смелага прадпрыемства — паходу ў Кіеўскую зямлю, якая трапіла пад уплыў Галіцка-Валынскага княства, але пасля набегу Курамсы зноў адпала. Фактычна то быў паход супраць Арды, за кантроль над часткай яе тэрыторыі.

Гэтым разам Міндоўг паслаў на дапамогу не толькі Рамана з ноўгародцамі, але і літоўскі атрад на чале з князем Сірвідам Рушкавічам і ваяводам Хвалам. Апошняе паказальна: князі іншых дынастый ужо зведзены Міндоўгам да ўзроўню ваявод, вымушаных служыць яму гэтак жа, як служаць баяры накшталт Хвала. Дарэчы, імя апошняга сведчыць аб яго рускім паходжанні (напэўна, з баяр Ноўгародчыны), між тым ён — вядомы палкаводзец Міндоўга, які вадзіў літоўскія палкі на Русь ("иже велико убиство твореша земле Черниговской"). Крыху пазней мы ўбачым у Літве збеглага з Разані князя-ізгоя Астафія Канстанцінавіча — ён таксама стане служыць Міндоўгу ваяводам.

Між тым пакуль літоўска-ноўгародскае войска дабіралася да Кіеўшчыны, там ўсё было скончана: Даніла выбіў татарскіх намеснікаў (сярод іх выхадца з курска-северскай галіны чарнігаўскіх князёў Ізяслава Уладзіміравіча) з гарадоў па Паўднёвым Бугу і Цецераву. Паспеўшы да разбору шапак, літоўцы засталіся без ваеннай здабычы, дзеля якой, уласна кажучы, і пайшлі ў паход. На зваротным шляху, дачакаўшыся, пакуль Раман паедзе наведаць бацьку, яны кінуліся рабаваць ваколіцы Луцка: трэба меркаваць — каб кампенсаваць сваё спазненне. Так ледзь наладжаная літоўска-валынская згода імгненна ператварылася ў новую бойку. Валынцы хутка дагналі рабаўнікоў і адбілі палон, забіўшы ваяводу Хвала. Гэты інцыдэнт наўрад ці спрыяў паляпшэнню адносін. Ва ўсякім выпадку, наступны набег Курамсы (каля 1257 года) Даніла і Васілька адбіваюць самастойна — пра літоўскую дапамогу няма ўжо ні слова.

Праўда, няўдалы Курамса і гэтым разам нічога не дасягнуў. Разбіты галіцка-валынскім войскам, ён адкаціўся назад у стэпы. Перамогу Данілы і Васількі азмрочыў толькі нечаканы пажар іх лепшай крэпасці Холма, які згарэў "от окаянной бабы" — ад незагашанага своечасова нейкай гаспадыняй агню.

Для Міндоўга дзеянні Курамсы, безвыніковыя для татар, мелі куды больш важкія вынікі — яны адцягнулі ўвагу Данілы і прыпынілі на пэўны час разбуральную вайну за Панямонне. Маладая літоўска-ноўгародская дзяржава ацалела, хоць і не без вялікіх страт. Галоўнай з іх было вымушанае хрышчэнне Міндоўга. Праўда, гэты акт азначаў далёка не тое самае, што хрышчэнне прусаў і ліваў, ён не прывёў да страты дзяржаўнай незалежнасці Літвы. Аднак Міндоўг як хрысціянскі кароль не меў цяпер маральнага права дапамагаць суседнім паганскім плямёнам, землі якіх дагэтуль з'яўляліся буферам між ім і крыжакамі. Больш таго, яму давялося адмовіцца і ад сюзерэнітэту над Жамойцю і паўднёвай часткай Земгаліі, што ўжо былі ўвайшлі ў склад яго дзяржавы.

У крыжацкім архіве ў Кёнігсбергу захавалася некалькі пагадненняў паміж Міндоўгам і Тэўтонскім ордэнам, у якіх замацоўваецца адыход шэрагу жамойцкіх і земгальскіх валасцей пад уладу апошняга. Яшчэ больш дакументаў сфальсіфікавалі крыжакі, каб стварыць прэцэдэнт для пашырэння сваёй экспансіі. Адна з такіх грамат (калі і падробленая, то даволі праўдзіва) мае подпісы не толькі Міндоўга, але і набліжаных да яго асоб, што дазваляе нам хаця б часткова ўявіць стан літоўскай дынастыі. Пасля Міндоўга там названы муж яго сястры Лангвінус (напэўна, той самы Лугвень, які ўзначальваў адзін з літоўскіх набегаў на Драгічын), іншыя родзічы: князь Парбусе з якогасьці ўладання Нене (магчыма, скажоная форма назвы "Нярыс"—нейкай воласці на рацэ Віліі), Гердзень з Нальшан, Веге, Весягайла і малодшы Парбусе, а таксама чацвёра баяр ("баронаў") — Лігейка, Схабле, Біец і Буне. Характэрна, што на чале Нальшанскага княства ўжо стаіць родзіч Міндоўгаі Гердзень — верагодна, ён заступіў месца знікнуўшай тамтэйшай дынастыі. У познім радаводзе (XV стагоддзе), увогуле зусім неймаверным, ёсць звесткі пра Гердзеня, сына Давіла і стрыечнага брата Міндоўга. Некаторыя даследчыкі схіляюцца да таго, што Гердзень і сапраўды мог быць сынам князя Даўята (Даўяла) з дагавора 1219 года і блізкім родзічам Міндоўга (праўда, не стрыечным, а траюрадным яго братам). Праўдзівыя звесткі пра яго маглі захавацца таму, што ў Цверы, дзе афармляўся гэты радавод (пазней змешчаны ў Васкрасенскім летапісе), пэўны час быў епіскапам Андрэй — быццам бы ахрышчаны сын Гердзеня. Усе пералічаныя довады вельмі хісткія. Але Гердзень — постаць безумоўна гістарычная, мы яшчэ сустрэнем яго ў далейшых падзеях. Тое ж можна сказаць і пра Лугвеня, які згадваецца не толькі ў Іпацьеўскім летапісе, але і ў ордэнскай "Рыфмаванай хроніцы", дзе ён паўстае як адзін з буйнейшых уладароў Літвы, уладальцік дружыны ў 500 чалавек і двара з чэляддзю.

Між тым прусы, ад якіх адракліся і Святаполк Паморскі, і Міндоўг, працягвалі супрацьстаяць Тэўтонскаму ордэну. Галоуным ачагом іх супраціўлення на пачатку 1250-ых гадоў зрабілася Самбія — найбольш густанаселеная старажытная пруская тэрыторыя (заходняя частка сучаснай Калінінградскай вобласці). Зімой 1252/53 года самбійцы нанеслі крыжакам сур'ёзнае паражэнне. Адказам на яго быў маштабны крыжовы паход 1254 года, які ўзначаліў пераможца ў барацьбе з Раманам за спадчыну Бабенбергаў — малады чэшскі кароль Пжэмысл Отакар. На бок захопнікаў перайшоў адзін са знатнейшых прускіх арыстакратаў — Гедуне са старажытнага роду Кандэйм. Ён перадаў Отакару звесткі пра ваенныя сілы самбійцаў. За гэта кароль адправіў яму сцягі, вывесіўшы якія Гедуне мог захаваць уласныя маёнткі ў час уварвання крыжакоў. Але лёс пакараў здрадніка: пасланец са сцягамі спазніўся, і імклівае крыжацкае войска знішчыла двор Гедуне і ўсіх яго родзічаў.

Самбія мусіла скарыцца, на месцы яе крэпасці Тавангеце быў заснаваны магутны замак, у гонар чэшскага караля названы Кралеўцам (Крулеўцам, па-нямецку — Кёнігсбергам). Крыху раней, у 1253 годзе, на поўначы ад вусця Нёмана на землях племені ламатаў, якія "падараваў" тэўтонцам Міндоўг, узнік ордэнскі замак Мемельсберг (сучасная Клайпеда). Экспансія Ордэна з боку Прусіі сутыкнулася з сустрэчным рухам лівонцаў па Курляндыі, балтыйскі бераг амаль цалкам апынуўся пад уладай крыжакоў.

У 1255 годзе плямёны, што захавалі незалежнасць,—скалвы і надровы — разам з яцвягамі пайшлі ў Самбію з намерам пакараць арыстакратаў- адступнікаў і зноў узняць народ на барацьбу. Але крыжакі адбілі ўдар, уварваліся ў адказ у Натангію і разбурылі балцкі культавы цэнтр Ромува, які ў выніку быў перанесены на землі Жамойці, да вусця ракі Дубісы. У рэчышчы гэтых падзей знаходзіўся і падзел Яцвягіі на сферы ўплыву паміж Ордэнам, Мазовіяй і Валынню, і заснаванне валынскага апорнага пункта Рая на яцвяжскіх землях, пра якія размова ішла вышэй. Кола варожай аблогі з усіх бакоў набліжалася да межаў Літвы.

Тым часам і ў Ардзе адбыліся змены. У 1256 годзе памёр Бату-хан, якому было ўсяго 48 гадоў. Яго сын Сартак атрымаў у Каракаруме ярлык на бацькоўскі улус, але па дарозе з Манголіі нечакана памёр (магчыма, і тут не абышлося без атруты). Новым ханам стаў малодшы брат Бату — Берке. Ён энергічна ўзяўся за справу, пабудаваў для сябе новую сталіцу Сарай-Берке на Ніжняй Волзе і таксама пачаў наводзіць "парадак" на Русі. Арда пераходзіла да метадычнай эксплуатацыі заваяваных зямель. З мэтай устанаўлення пагалоўнага падатку па ўсёй Русі раз'ехаліся татарскія перапісчыкі.

На парадку дня стаяла аднаўленне татарскага кантролю над Галіцка- Валынскім княствам. Але Берке ўлічыў вопыт свайго брата. Ён накіраваў у паўночначарнаморскія стэпы замест Курамсы свайго лепшага палкаводца Бурундая з незлічоным войскам, якое значна перасягала ўсё, што мог супрацьпаставіць Даніла. Адначасова Бурундай меўся нанесці ўдар і па Літве Міндоўга.

Даніла апынуўся перад выбарам. На яго ішоў ужо не Курамса, якога ён ніколі не баяўся. Зараз трэба было ці скарыцца, ці змагацца насмерць, падстаўляючы пад татарскія шаблі ўсё насельніцтва сваёй дзяржавы. І Даніла вырашыў скарыцца. Аднак гэтага аказалася мала: Бурундай запатрабаваў, каб галіцкі князь разам з ім рушыў на Літву, а гэта значыць — і на ўласнага сына. Пасля аднаго цяжкага рашэння належала прыняць другое!

Даніла паспрабаваў ухіліцца, назваўся хворым і паслаў замест сябе брата Васільку. Але гэта нічога па сутнасці не мяняла: татарскі паход на Літву ўсё роўна адбыўся і ўсё роўна ў ім удзельнічала валынскае войска. Такім чынам, Міндоўг зноў ператвараўся ў ворага, але ўжо пры зусім іншым палітычным раскладзе. Наступныя падзеі паказалі таксама, што Раман ў Ноўгародку і сапраўды з'яўляўся заложнікам — адразу пасля выступлення Бурундая з Васількам ён быў схоплены літоўцамі і некуды знік. Адначасова і манах Войшалк вяртаецца да палітычнай дзейнасці, а разам з ім і былы саюзнік Таўцівіл парывае з Данілам — менавіта іх летапіс называе галоўнымі віноўнікамі паланення Рамана.

На жаль, скорагаворка летапісу не дазваляе як след разабрацца ў падзеях. Гэты момант — адзін з самых заблытаных. Войшалк, як мы памятаем, хрысціўся ў 1254 годзе і застаўся манахам у манастыры на Валыні. Адтуль ён нават рабіў паломніцтва ў Іерусалім, але дайшоў толькі да Балгарыі з-за ваенных дзеянняў на Балканах, як паведамляе пазнейшая ўстаўка пра жыццё Войшалка, змешчаная ў Іпацьеўскім летапісе. Устаўка гэтая вельмі нагадвае жыцці святых, прынамсі, яна зроблена па іх узору і належыць пяру царкоўніка. У ёй гаворыцца, што да хрышчэння Войшалк княжыў у Ноўгародку і вызначаўся выключнай жорсткасцю, а спазнаўшы Хрыста, стаў зусім іншым чалавекам — рахманым і богалюбівым. Відаць, падобныя словы не варта надта прымаць да веры. Але далей паведамляецца, што праз тры гады жыцця ў манастыры Войшалк з дазволу Данілы пайшоў прапаведаваць у Літву, дзе заснаваў паблізу ад Ноўгародка так званы Лаўрышаўскі манастыр. Верагодна, гэта ўжо частка гістарычнага падання пра заснаванне манастыра, менавіта ў ім жыццё Войшалка апісана і адсюль трапіла да стваральніка канчатковай рэдакцыі Іпацьеўскага летапісу.

Такім чынам, напярэдадні паходу Бурундая Войшалк знаходзіўся ў манастыры на ўскрайку Ноўгародскай зямлі. Але чаму менавіта ён захапіў Рамана? Наўрад ці гэта было зроблена ў інтарэсах Міндоўга, бо, паводле той жа ўстаўкі, пасля хрышчэння Войшалк жыў з бацькам у нязгодзе. Прычым разам з ім дзейнічаў Таўцівіл — швагер і былы паплечнік Данілы, люты вораг Міндоўга. Застаецца меркаваць, што Войшалк і Таўцівіл выкарысталі татарскае нашэсце для таго, каб адарваць Ноўгародскае княства і ад Літвы, і ад Валыні, зрабіць яго самастойным уладаннем. М. Ермаловіч лічыць, што ўладу ў Ноўгародку атрымаў Войшалк, але пра часовае расстрыжэнне яго паведамляецца пазней, ужо пасля смерці Міндоўга. Да таго часу ён заставаўся манахам. Верагодней, што на ўладу прэтэндаваў Таўцівіл, а Войшалк яму спрыяў.

Між тым войска Бурундая з Валыні ўварвалася ва ўладанні Міндоўга, спусташаючы Літву і Нальшаны (Іпацьеўскі летапіс датуе гэты паход 1260 годам, па іншых крыніцах ён адбыўся ў 1257 годзе). На жаль, падрабязнасцей ваенных дзеянняў мы не ведаем. Валынскі летапіс паведамляе галоўным чынам пра Васільку, які беспаспяхова шукаў у Літве схопленага пляменніка, Наўгародскі ж абмяжоўваецца адной загадкавай фразай: "Тои же зимы взяша татарове всю землю Литовскую, а самехь избиша" (каго "саміх"? літоўцаў? татар?). Археалогія, са свайго боку, сведчыць, што на шматлікіх паселішчах Беларусі (у тым ліку такіх квітнеючых, як Слуцк і Клецк) з сярэдзіны XIII стагоддзяпрактычна спыняецца накапленне культурнага слоя — на працягу наступных паўтара стагоддзяў жыццё там ледзь тлее. Магчыма, заняпад пачаўся менавіта з паходу Бурундая.

Бясспрэчна толькі тое, што Бурундаю не ўдалося ажыццявіць сваю галоўную мэту — падпарадкаваць Літву ардынскай уладзе. Магчыма, Міндоўг схаваўся ў лясах і збярог свае асноўныя сілы, а магчыма, "избиша" ўсё ж-такі татар. Вельмі ўжо супадаюць некаторыя дэталі падання пра бітву пад Койданавам (сучасны Дзяржынск) з абставінамі паходу Бурундая. Праўда, у паданні гаворыцца, што ўзначальваў татарскую раць Койдан, які там і загінуў (адсюль назва), але ж гэта мог быць і адзін з малодшых ваяводаў Бурундая. Дарэчы, у іншым варыянце койданаўскага падання выступае "цар Балаклай", хаця праціўнікам яго з'яўляецца не Міндоўг, а міфічны князь Скірмунт.

Пра паражэнне Бурундая ўскосна сведчыць і тое, што "хворы" Даніла раптоўна пачынае вельмі актыўна дзейнічаць у пошуках сына — напэўна, Бурундай яму ўжо не страшны. Галіцкі князь з войскам урываецца ў Панямонне, захоплівае Ваўкавыск, але знаходзіць там толькі Раманава цесця Глеба. Ні знайсці Рамана, ні захапіць Войшалка і Таўцівіла яму не пашчасціла. Далейшы лёс Рамана застаецца загадкай. У рускіх крыніцах ён больш не з'яўляецца — магчыма, на момант пошукаў яго ўжо не было ў жывых. Праўда, "Велікапольская хроніка" паведамляе, што ў аблозе Сандаміра ў наступным годзе ўдзельнічаў і Раман, але, магчыма, гэта памылка храніста.

Таўцівіл пасля ўцёкаў ад Данілы ў Ноўгародак больш не вярнуўся. Затое ў хуткім часе мы сустрэнем яго ў якасці полацкага князя. Прычым вельмі верагодна, што ўладкаваўся ён там якраз у 1258 годзе, бо гэтым годам датуецца набег "литвы с полочаны" на Смаленск, у час якога быў спалены замак Воішчына. Праўда, і да Таўцівіла ў Полацку сядзеў літоўскі князь, але той, здаецца, паводзіў сябе больш ціха. Войшалк жа хутчэй за ўсё пазней вярнуўся ў свой манастыр.

Між тым татары, можа, і адступіліся ад Літвы, але Галіцка-Валынскую Русь пакідаць у спакоі не збіраліся. Не прайшло і года, як усё той жа Бурундай зноў з'явіўся на мяжы з новым незлічоным войскам. Гэтым разам ён накіраваўся на землі яшчэ аднаго Данілава саюзніка, Баляслава Сарамлівага. І зноў галіцка-валынскія князі вымушаны ўдзельнічаць у паходзе, абрываючы ўсю сістэму сваіх былых палітычных сувязяў. Але перад тым іх чакала яшчэ горшае выпрабаванне — пад пагрозай вайны Бурундай загадаў знесці ўмацаванні іх гарадоў.

Гэта быў канец былой магутнасці Галіцка-Валынскага княства. Сваімі рукамі прыйшлося знішчаць тое, што самі ж і будавалі. Але выбар прадвызначыўся яшчэ годам раней, калі Даніла і Васілька першы раз не здолелі даць рады Бурундаю. Зараз жа, сказаўшы "а", даводзілася казаць і "б".

Услед за тым галіцка-валынскае войска далучылася да войска Бурундая, і яны сумесна спустошылі Сандамірскае княства. Горад Сандамір другі раз за васемнаццаць гадоў быў разбураны татарамі, зараз ужо пры ўдзеле рускіх князёў. "Велікапольская хроніка" прыпісвае ім ледзь не галоўную ролю ў падзеях. Быццам, калі аблога зацягнулася, Васілька Раманавіч і яго пляменнікі Данілавічы пачалі перамовы з гараджанамі, пераконваючы тых здацца. Але як толькі бяззбройныя жыхары Сандаміра выйшлі з брамы, "татары накінуліся на іх, як ваўкі на авечак, праліваючы велізарную колькасць крыві бязвінных людзей, так што патокі яе разліліся, сцякаючы ў Віслу, выклікалі яе паводку. І калі яны стаміліся ў сваёй лютасці, астатніх мужоў, як статак свіней, спіхнуўшы ў раку Віслу, патапілі. Маладых жа кабет, прыгожых дзяўчат і хлопцаў увялі з сабой у палон".

Пасля гэтых падзей палітычны прэстыж Галіцка-Валынскага княства быў падарваны канчаткова. Страціўшы гарадскія ўмацаванні, яно засталося безабаронным перад любым ворагам — бяспека яго залежала зараз ад Арды. Да таго ж двухразовы праход шматтысячнай татарскай конніцы ў абодва бакі праз усё княства прынёс ненамнога менш спусташэнняў, чым сапраўдная вайна. Працэс утварэння самастойнай дзяржавы на поўнач ад Карпат спыніўся.

Але з Літвой справы абстаялі інакш. Ні поспехі крыжакоў на берагах Балтыкі, ні грозны набег Бурундая не паменшылі яе жыццяздольнасці. Як сціснутая спружына, чакала яна аслаблення варожага напору, каб выпрастацца. І такі момант настаў у 1260 годзе, калі першая ж спроба тэўтонцаў прыступіць да заваявання Жамойці скончылася для іх катастрофай.

Гэта быў вялізны крыжовы паход, які ўзначальваў шведскі прынц Карл. Апрача рыцараў Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў у паходзе ўдзельнічалі добраахвотнікі з Даніі і Швецыі, а асноўную масу воінаў складалі мабілізаваныя прусы, куршы і эсты. Жамойцкае войска сустрэла іх яшчэ ў межах Курляндыі, ля возера Дурбе. Здарылася так, што ў пачатку бітвы пакрыўджаныя напярэдадні крыжакамі куршы перайшлі на бок жамойтаў, а эсты пакінулі поле бітвы. Жорсткі бой цягнуўся некалькі гадзін і скончыўся поўным паражэннем крыжакоў: загінулі прынц Карл, лівонскі магістр Горнхаўзен, маршалак Тэўтонскага ордэна Боцель, да канца верныя новым гаспадарам прускія князі Матха Памезанскі і Склода Самбійскі, 150 братоў-рыцараў (столькі абодва ордэны дагэтуль не гублялі ніколі).

Вестка пра паражэнне "жалезнабрухіх" крыжакоў абляцела прускія землі. Як іскра, трапіла яна ў грымучую сумесь незадавальнення скораных народаў. У жніўні 1260 года, праз некалькі тыдняў пасля бітвы пры Дурбе, на землях Прусіі ўжо палыхала магутнае паўстанне. У Натангіі яго ўзначаліў прускі арыстакрат Геркус Мантас, у Варміі — Гланне, у Бартыі — Дыване па мянушцы Мядзведзь. Гнеў паўстанцаў быў накіраваны не толькі супраць крыжакоў, але і супраць той часткі арыстакратаў, што верна ім служыла.

Міндоўг толькі таго і чакаў. Ён адразу забыўся на сваё хрышчэнне, на пагадненні з крыжакамі і накіраваў войска на дапамогу паўстанцам. У Жамойці з'явіўся яго намеснік, малады князь Транята, якога крыніцы называюць сынам сястры Міндоўга, напэўна, бацькам быў Лугвень. Сам Міндоўг узнавіў набегі на навакольныя землі. У тым жа годзе яго войска спустошыла Мазовію, захапіўшы нават яе сталіцу Плоцк.

У адказ крыжакі разам з Зямовітам Мазавецкім зімой 1260/61 года арганізавалі карны паход у Літву. Аднак і ён скончыўся іх паражэннем і ўцёкамі. Акрылены Міндоўг, напэўна, пачаў ужо марыць аб тым, каб увогуле скінуць рыцараў у мора. Ён актывізуе дыпламатычную дзейнасць, завязвае зносіны з Аляксандрам Неўскім, Таўцівілам, сынам Данілы Галіцкага Шварнам. У 1261 годзе магутная кааліцыя ў складзе Траняты, сыноў Аляксандра Неўскага, Таўцівіла Полацкага і віцебскага князя Канстанціна (зяця Аляксандра) рушыла ў Лівонію. Аднак з-за несуладнасці дзеянняў літоўскіх і рускіх палкоў выступленне не прывяло да мяркуемых вынікаў.

У наступным 1262 годзе Міндоўг нанёс магутны ўдар па Мазовіі, помсцячы за ўдзел Зямовіта ў крыжовым паходзе. Мазавецкае войска было разбіта, а сам Зямовіт разам са старэйшым сынам Конрадам трапіў у палон. Далей адбылася драматычная падзея. Разам з Міндоўгам у паходзе ўдзельнічаў Шварн. "Велікапольская хроніка" паведамляе, што менавіта ён засек свайго палоннага швагра Зямовіта (праўда, паводле іншых звестак, гэта зрабіў нехта з прыбліжаных мазавецкага князя). Сын апошняга, Конрад, унук Данілы Галіцкага, быў адвезены ў Літву і пазней адпушчаны за выкуп.

Міндоўг дасягнуў, бадай, вяршыні сваёй магутнасці. Яму ішоў ужо сёмы дзесятак, але гады не сагнулі яго магутную постаць. І не на ложку чакала яго смерць. Валынскі летапісец так характарызуе яго ў апошнія гады панавання: "Миндовг самодержечь бысть во всеи земли Литовскои. Бысть князящю ему в земли Литовском и нача избивати братью свои и сыновци свою (пляменнікаў.—В. Н.), а другие выгна из земли, и нача княжити один во всеи земле Литовскои, и нача гордети велми, и вознесеся славою и гордостью великою, и не терпяше противу себе никого же". Зразумела, такое самаўладдзе не магло задаволіць іншых князёў і баяр, якія яшчэ добра памяталі часы, калі Даўгерд і Жывінбуд былі толькі першымі сярод роўных. Таму вакол Міндоўга плялася змова. Новае пакаленне князёў рыхтавалася выйсці на пярэдні план.

ПАКАЛЕННЕ ДРУГОЕ: ВОЙШАЛК І ТРАЙДЗЕН (1260-ыя - 1280-ыя гады)


Міндоўг быў забіты ў той час, калі выправіў сваё войска ў далёкі паход на бранскага князя Рамана Міхайлавіча (сына Міхаіла Чарнігаўскага), які менавіта тады гуляў вяселле сваёй дачкі Вольгі з сынам Васількі Раманавіча Валынскага Уладзімірам. Напэўна, гэтае палітычнае збліжэнне былых ворагаў, валынскіх і чарнігаўскіх князёў, і прымусіла ўладара Літвы ўмяшацца. Аднак адыход войска спрыяў галоўным змоўшчыкам — Траняце Жамойцкаму і Таўцівілу Полацкаму, якія, верагодна, раптам вярнуліся з паўдарогі і здзейснілі свой намер. Разам з Міндоўгам загінулі і двое яго малодшых сыноў, Рэпік і Рукля.

Увогуле розныя крыніцы акрэсліваюць даволі шырокае кола змоўшчыкаў. Сярод іх называюцца і ваявода Астафій Канстанцінавіч, і нальшанскія князі Гердзень і Даўмонт; апошняга лічаць непасрэдным забойцам. Вырашальным штуршком да забойства быццам бы паслужыла тое, што Міндоўг пасля смерці сваёй жонкі пажадаў ажаніцца з яе сястрой, якая ўжо была замужам за Даўмонтам, і гвалтоўна адабраў жанчыну ў нальшанскага князя. Аднак калі гэта і было так, то ўчынак Міндоўга з'явіўся толькі апошняй кропляй, што перапоўніла чашу цярпення літоўскай знаці. Ва ўсякім выпадку, пра пагаршэнне адносін паміж Міндоўгам і Транятам крыжацкая "Рыфмаваная хроніка" паведамляе ўжо ў 1261 годзе. Так ці інакш, але грозны правіцель сышоў са сцэны — прыкладна ў 1263 ці 1264 годзе.

Амаль адначасова з ім смерць спасцігла яшчэ двух вельмі яркіх дзеячаў: Аляксандра Неўскага і Данілу Галіцкага. Смерць Данілы Валынскі летапіс датуе 1264 годам, "Велікапольская хроніка" — 1266-ым. Саракачатырохгадовы Аляксандр па ўзросту быў равеснікам сыноў Міндоўга і Данілы, але і ён цяжка захварэў у час вяртання з Арды і дадому не даехаў. Існуе меркаванне, што перад ад'ездам ён атрымаў у стаўцы хана Берке атруту (хаця смерць магла наступіць і натуральным чынам).

Далей нашымі асноўнымі дзеючымі асобамі будуць сыны і пляменнікі Міндоўга і Данілы, а ў Паўночна-Усходняй Русі — малодшыя браты Аляксандра. У Літве ж найбольш адметнай постаццю хутка стане князь Трайдзен, які пры жыцці Міндоўга заставаўся недзе зусім на заднім плане. Такім чынам, надышоў час тых, хто нарадзіўся прыкладна ў 1220-ыя гады і належаў да новага пакалення.

Але давайце яшчэ раз акінем вокам нашу сцэну, каб лепш усвядоміць тыя змены, што адбыліся на ёй за мінулае трыццацігоддзе. У большасці сваёй змены гэтыя — не ў лепшы бок. Нават у прыродзе, здавался б, усё такой жа магутнай і шчодрай, нешта быццам сапсавалася. Пачынаецца павольны пераход ад даволі цёплай і сухой кліматычнай фазы, якая панавала некалькі папярэдніх стагоддзяў, да больш халоднай і вільготнай. Аднак гэтыя змены стануць прыкметнымі праз пэўны час. Іншыя ж адразу кідаюцца ў вочы. Асабліва датычыць тое тэрыторыі ўрадлівых лесастэпаў, што была некалі сэрцам Рускай дзяржавы, славілася багатымі паселішчамі і тлустымі пашамі. Зараз толькі кудлатыя татарскія коні пасуцца на тых пашах, большасць жа сёлаў і нават гарадоў уяўляе сабой зарослыя травой пажарышчы. Людзі не сталі адраджаць гэты край, так небяспечна адкрыты на поўдзень, падаліся ў лясныя гушчары, дзе ёсць хоць нейкі паратунак ад уварванняў татар.

Некалі вялікія гарады — Кіеў, Пераяслаў, Чарнігаў — пасля разгрому прыйшлі ў заняпад. Ледзь цепліцца там жыццё пад наглядам татарскіх намеснікаў-баскакаў. І былой дзяржавы ўжо фактычна няма — яна ператварылася ў некалькі слаба звязаных між сабой ардынскіх правінцый. Нават мацнейшыя з іх: Уладзіміра-Суз-дальская, Наўгародская, Галіцка- Валынская землі — не здолелі захаваць незалежнасць, схіліліся перад неадольным ветрам з усходу.

Але і з захаду дзьмуць на балтыйскія пясчаныя косы не менш жорсткія вятры, што напінаюць ветразі нямецкіх караблёў. На іх плывуць сюды новыя ўдзельнікі крыжовых паходаў, новыя ахвотнікі ўліцца ў драпежнае тэўтонскае брацтва. І тут бачым мы гарэлыя бярвенні прускіх умацаванняў, а таксама і разбураныя ордэнскія замкі і двары ахрышчанай знаці — у Прусіі зноў кіпіць вайна.

Бадай што, Польшчы пашанцавала больш. Хоць і тут паўсюдна сляды свежых разбурэнняў (у Сандамірскай зямлі — татарскіх, у Мазовіі і Куявіі — прускіх і літоўскіх), але да такога відовішча не прывыкаць было жыхарам сярэднявечча. У адрозненне ад Русі палітычная сістэма ў гэтай заходнеславянскай краіне ацалела, некаторыя змены хоць і адбываюцца, але носяць больш мірны характар. Працягвае нарастаць культурны ўплыў Германіі. Упершыню будуюцца гонкія гатычныя касцёлы, якія хутка выцесняць ранейшыя, больш масіўныя — раманскага стылю. Рынкі запаўняе новая манета з чэшскіх сярэбраных руднікоў — пражскі грош, што пачалі адбіваць з 1276 года. Хутка ён распаўсюдзіцца і ў Літве, і ў Заходняй Русі замест былых срэбраных зліткаў-грыўняў.

Яшчэ адна характэрная рыса новага, занесеная з захаду,— мураваныя ўмацаванні, практыка ўзвядзення якіх пачынае распаўсюджвацца і праз Сілезію, і праз ордэнскія тэрыторыі, дзе будаваць каменныя замкі сталі адразу пасля з'яўлення крыжакоў. Ні на польскіх, ні на рускіх землях раней такіх умацаванняў не ставілі, хоць здаўна ўмелі класці выдатныя мураваныя цэрквы. Крапасныя сцены і вежы традыцыйна былі драўлянымі.

Праўда, і зараз старая тэхналогія пераважае. Але ў ёй з'явілася новая дэталь: у атачэнні сцен з бярвення пачалі будаваць мураваныя вежы ("стаўпы"). У 1257 годзе такая вежа ўпамінаецца ў буйнейшым сілезскім горадзе Вроцлаве, пазней яны ўзнікаюць і ў іншых гарадах Сілезіі, а адтуль гэтая традыцыя перакачоўвае на Валынь і ў Панямонне. Дакладныя даты з'яўлення новых умацаванняў у крыніцах прыводзяцца рэдка. Напэўна, мураваныя вежы ўзніклі на Валыні пасля таго, як старыя ўмацаванні гарадоў былі разабраны па загаду Бурундая.

Мураваныя вежы ўзвышаліся над драўлянымі сценамі Холма, Чартарыйска, Стоўп'я. У 1276 годзе Уладзімір Васількавіч заснаваў на паўночнай мяжы сваіх уладанняў, у Берасцейскай зямлі, горад Камянец, дзе злажылі такое ж умацаванне. Яно захавалася да нашых дзён і зараз вядома як славутая "Белая вежа". Такія ж былі і ў Берасці, Ноўгародку, Горадне, Пінску. Іншы раз іх ставілі ўнутры гарадскіх сцен, а часам — звонку, як у Горадне, дзе паводле летапіснага паведамлення 1277 года "каменны стоўп" прыкрываў падыход да гарадской брамы.

Існуе гіпотэза, што пры Міндоўгу ці яго пераемніках такая ж вежа ўзнялася і ў Вільне (сподняя частка вежы на плошчы Гедымінаса). Даказаць гэта цяжка, як цяжка і абвергнуць. Усё ж больш верагодным здаецца, што ў літоўскіх землях такія ўмацаванні з'явіліся пазней.

Як ні дзіўна, але найменш знешніх змен мы ўбачым там, дзе адбываюцца найболей значныя падзеі, дзе ідзе працэс стварэння Літоўскай дзяржавы. У літоўскіх пушчах пакуль што не з'явіліся сапраўдныя гарады (хаця мясцовыя археолагі лічаць гарадскім цэнтрам XIII стагоддзя Вільна), а выгляд вёсак і ўмацаваных баярскіх двароў застаецца ўсё тым жа. І сумежныя рускія княствы працягваюць жыць па-ранейшаму — з'яўленне літоўскіх князёў у Панямонні і Полацку мала што змяніла. Татарскі ўплыў сюды, дзякуй Богу, не дайшоў, а літоўскі адчуваўся і раней. Хіба што знікненне агульнарускага гандлю вымушае купцоў усё больш паглядаць у нямецкі бок, але і гэты працэс пачаўся значна раней, калі яшчэ ў 1204 годзе крыжакі замест Палесціны заваявалі Візантыю — духоўную метраполію Русі, ператварыўшы яе ў "Лацінскую імперыю".

Хто ж будзе дзейнічаць на ўсіх гэтых абшарах у разглядаемы час? У Галіцка-Валынскім княстве пасля смерці Данілы старэйшым князем застаўся яго брат Васілька з адзіным сынам Уладзімірам — тым самым, чыё вяселле ў Бранску імкнуўся папсаваць Міндоўг. У Данілы пасля смерці Рамана заставалася трое сыноў: Леў, Шварн — зяць Міндоўга і Мсціслаў. Пасля смерці Данілы адбылося пераразмеркаванне ўладанняў: Васілька да сваіх Берасця і Кобрына ўзяў Уладзімір-Валынскі, а свой Луцк аддаў Мсціславу Данілавічу. Леў і Шварн падзялілі астатнюю частку бацькоўскіх уладанняў, прычым Галіч з Холмам і Белзам дастаўся Шварну, а Леў атрымаў толькі Перамышль і Львоў, які бацька заснаваў у яго гонар.

Новым цэнтрам Чарнігаўскай зямлі зрабіўся надзейна схаваны ў лясах Бранск. Менавіта там пачаў княжыць сын Міхаіла Чарнігаўскага Раман з сынамі Міхаілам і Алегам. Пра астатніх чарнігаўскіх князёў амаль нічога не вядома. Ёсць звесткі, што малодшыя сыны Міхаіла Чарнігаўскага атрымалі ўдзелы ў Глухаве і аддаленых гарадах былой зямлі вяцічаў — Казельску і Тарусе. Пазней там, у вярхоўях Акі, утворацца самастойныя княствы. З курскай галіны ў гэты час вядомыя князі Алег Рыльскі і Святаслаў Ліпецкі з братам Аляксандрам.

У Тураўскай зямлі працягваюць існаваць тры дробныя дынастыі: тураўская, пінская і, напэўна, дубровіцка-сцяпаньская. Тураўскіх князёў летапіс згадвае толькі раз у 1274 годзе, не называючы іх імёнаў. Пінскія князі ў палітычных падзеях адыгрывалі больш істотную ролю. Гэта былі Фёдар, Дзямід і Юрый Уладзіміравічы — напэўна, малодшыя браты таго Расціслава Уладзіміравіча, што ў 1240 годзе хаваўся ад татар, і пляменнікі пінскага князя 1240-ых гадоў Міхаіла. З апошняй галіны вядома толькі пра Івана Глебавіча Сцяпаньскага, які памёр у 1292 годзе адначасова з Юрыем Пінскім.

Пра тэрыторыю далей на поўнач — практычна поўнае маўчанне крыніц. Мясцовыя дынастыі ў гарадах Панямоння, калі яны і існавалі дагэтуль, цяпер абрываюцца канчаткова. Апошні іх прадстаўнік — Васілька Слонімскі ў канцы разглядаемага перыяду выступае як служылы князь Уладзіміра Васількавіча Валынскага. Можна меркаваць, што па-ранейшаму ёсць князі ў Друцку і Свіслачы. Праўда, уласны радавод князёў Друцкіх, які быў складзены не раней канца XV стагоддзя, чамусьці лічыць родапачынальнікам невядомага па іншых крыніцах Рамана, быццам бы сына Аляксандра Белзскага, аднак захаванне мясцовай дынастыі Рагвалодавічаў уяўляецца больш верагодным. Пра іншыя гарады: Слуцк, Клецк, Менск, Заслаўе, Лагойск, Лукомль — можна толькі гадаць.

Полацка-віцебская дынастыя, напэўна, таксама згасла, бо інакш цяжка растлумачыць паслядоўнае панаванне ў Полацку літоўскіх князёў. Праўда, яшчэ ў адной грамаце часоў Войшалка ўпамянуты і полацкі князь Ізяслаў (магчыма, які раней правіў у Свіслачы, але ў тых умовах яго паходжанне магло быць самым нечаканым). Што ж датычыць зяця Аляксандра Неўскага — Канстанціна, які ў 1262 годзе быццам бы з'яўляўся віцебскім князем, часова займаў полацкі пасад у 1264-ым, а ў 1280-ыя гады, магчыма, выступаў як полацкі князь Канстанцін Бязрукі ў "Настаўленні" цвярскога епіскапа Сямёна, то пра яго паходжанне таксама выказваліся розныя думкі. Яго лічылі і сынам смаленскага князя Расціслава Мсціславіча, і нават ахрышчаным сынам Таўцівіла, і нашчадкам мясцовых віцебскіх князёў. Выбраць упэўнена якую-небудзь з гэтых версій немагчыма з-за недахопу звестак.

Смаленскія князі на старонкі летапісаў у гэты час таксама трапляюць нс вельмі часта. У 1267 годзе згадваецца Канстанцін (ці не той самы зяць Аляксандра Неўскага?), у 1270—1277 гадах у Смаленску пануе Глеб Расціславіч, у 1277—1279 гадах — Міхаіл (ці то брат Глеба, ці то сын Канстаціна). Мажайскім удзелам валодае Фёдар Расціславіч Чорны, які ў 1280 годзе займае Смаленск, але пляменнікі (сыны памёршага ў 1277 годзе Глеба) хутка выганяюць яго адтуль. Існуе ўдзел і ў Вязьме, ім валодае невядомы з імя і паходжання князь (бацька пазнейшага Андрэя Вяземскага — Дарагабужскага).

Вялікае княжанне Уладзімірскае пасля смерці Аляксандра Неўскага паслядоўна займаюць яго браты: Яраслаў Цвярскі і Васіль Кастрамскі. Паездкі ў Арду не спрыяюць іх даўгалеццю, і ўжо с канца 1270-ых гадоў вяршэнства пераходзіць да маладых сыноў Аляксандра: Дзмітрыя, Андрэя і Данілы (старэйшы сын Васіль, былы князь Наўгародскі, памёр зусім маладым у 1271 годзе). Яшчэ адзін брат Аляксандра — няўдалы вялікі князь Андрэй памёр амаль адразу пасля Аляксандра ў 1264 годзе. Ён пакінуў непаўналетніх сыноў, да якіх перайшоў яго Суздальскі ўдзел. Ва Уладзіміра- Суздальскай зямлі ўтварыліся і іншыя дынастыі (растоўская, белазёрская, яраслаўская, старадубская), якія, аднак, на ход падзей, што нас цікавяць, практычна не будуць уплываць.

Гэты працэс здрабнення княжацкіх вотчын працаваў не на карысць Русі. Парадзелае насельніцтва, разбураныя гандлёвыя сувязі ўжо не патрабавалі развіцця самастойнай мясцовай улады. Наадварот, палітычныя ўмовы вымагалі моцнага адзінага кіраўніцтва, якое б наладзіла супрацьдзеянне захопнікам. Аднак не было каму спыніць драбленне абезгалоўленай дзяржавы, і гэты працэс працягваўся стыхійна, па інерцыі, прычым татарскія ханы актыўна яго падтрымлівалі.

І ў Літве ўлада, створаная Міндоўгам, з'яўлялася вярхоўнай, але не зусім аднаасобнай. Хоць валадар і пазбавіўся ад многіх сваіх родзічаў і прадстаўнікоў іншых дынастый, але ж нямала іх яшчэ і заставалася. Ацалеў пляменнік Таўцівіл, што княжыў у суседнім Полацку. Жамойць належала Траняце, які пасля ажыццяўлення змовы заняў і пасаду вялікага князя. Прынамсі, адно з ранейшых малых княжанняў — Нальшанская зямля — таксама захавалася як паўсамастойнае ўтварэнне. Сярод яе ўладальнікаў вядомыя Гердзень і Даўмонт, роднасныя адносіны якіх вызначыць цяжка. У адной з крыніц жонка Гердзеня называецца цёткай Даўмонта. Магчыма, тэрмін ужыты ў тым сэнсе, як і зараз пляменнік часам называе жонку свайго дзядзькі "цёцяй". У такім выпадку можна было б лічыць Даўмонта — сынам брата Гердзеня, што тлумачыла б іх сумеснае валоданне Нальшанамі. Магчыма, аднак, і іншае тлумачэнне: абодва яны ўладкаваліся там як нашчадкі згаслай мясцовай дынастыі па жаночай лініі ("па кудзелі").

Сярод іншых дынастый магчыма існаванне кагосьці са шматлікіх Рушкавічаў. Да якойсьці асобнай генеалагічнай лініі належаў і будучы вялікі князь Трайдзен з чатырма братамі, трое з якіх на працягу 1260-ых гадоў загінулі ў войнах з валынскім князем Васількам. Іпацьеўскі летапіс называе іх імёны: Борза, Лесій, Свелкеній і Сірпуцій. Пра магчымае паходжанне гэтага роду размова пойдзе ніжэй.

Для Русі дадзены перыяд быў ледзь не самым змрочным за ўсю яе гісторыю. Ваеннае супраціўленне татарам зломлена (апошняй спробай з'явілася паўстанне ў Суздалі і іншых залескіх гарадах у 1262 годзе), каб на працягу амаль двух пакаленняў больш не ўзнаўляцца. Той жах, які вёў татарскіх воінаў да перамог, зараз разліўся па заваяваных імі землях, паралізуючы волю скораных народаў. Усе найбольш мужныя і гордыя ўзняліся першымі і загінулі ці зніклі назаўсёды ў натоўпах палонных, якія праглынула стэпавая бясконцасць. Водгукі гэтай страшэннай негатыўнай селекцыі яшчэ доўга будуць праяўляцца ў рускай гісторыі. Гарады і вёскі прыціснуў цяжкі падаткавы прэс, які абмяжоўваўся толькі клопатам татарскіх ханаў аб тым, каб увогуле не высмактаць апошнія сокі з новых даннікаў, не пазбавіцца такім чынам крыніцы абагачэння.

Нават ацалелыя гарады і храмы прыходзілі ў заняпад. Сіл ставала толькі на тое, каб забяспечыць своечасовую ўплату даніны, не давесці да новага карнага пагрому. Зніклі школы дойлідаў і багамазаў, у большасці княстваў абарвалася летапісанне. Летапісы ў гэты час вяліся толькі ў Ноўгарадзе і Пскове, дзе-нідзе ў Залескай Русі ды на Валыні (але і Валынскі летапіс — адна з асноўных "нашых крыніц —абарвецца ў 1292 годзе).

Залатая Арда, як вялізны клешч, прысмакталася да захопленых земляў. У ёй да 1266 года пануе хан Берке, а пасля яго смерці — Менгу- Цімур, які быў ці то малодшым братам, ці то пляменнікам Берке. Пры ім пачала ўзыходзіць зорка цемніка Нагая, які, магчыма, не належаў да нашчадкаў Джучы, але энергіяй і здольнасцямі перасягаў іх. Ён атрымаў у намесніцтва прычарнаморскія стэпы між Дунаем і Дняпром і змяніў Бурундая на пасадзе "куратара" паўднёварускіх спраў. Магутнасць яго параўноўвалася з магутнасцю хана. Нагай самастойна наладзіў знешнепалітычныя зносіны з адноўленай у 1260 годзе Візантыйскай імперыяй, умешваўся ў заходнееўрапейскія справы. Яго блізкая стаўка была для Русі куды больш небяспечнай, чым далёкая ханская рэзідэнцыя Сарай- Берке.

Але давайце вернемся ў Літву, якую мы пакінулі ў момант забойства Міндоўга. Адразу ж пасля перавароту адносіны паміж галоўнымі змоўшчыкамі абвастрыліся. Транята і Таўцівіл не давяралі адзін аднаму, абодва імкнуліся да аднаасобнай улады. Таўцівіл, аднак, не карыстаўся чамусьці і поўнай падтрымкай полацкага баярства. Адзін з яго набліжаных падчас перамоваў з Транятам выдаў апошняму намеры Таўцівіла. У выніку полацкі князь быў забіты (у 1264 годзе), а затым Транята патрабаваў ад палачан прыняць князем яго стаўленіка і выдаць юнага сына Таўцівіла, які заставаўся ў Полацку. Першую ўмову палачане выканалі, другую — не. Яны дазволілі сыну Таўцівіла збегчы ў Ноўгарад. Далейшы яго лёс невядомы. У Полацку ж на вельмі кароткі тэрмін з'явіўся князь Канстанцін (напэўна, той, што раней княжыў у Віцебску). У тым жа 1264 годзе яго змяняе Гердзень.

Між тым старэйшы сын Міндоўга Войшалк пасля забойства бацькі ўцёк у Пінск (напэўна, з Лаўрышаўскага манастыра). Аднак гэты ціхмяны манах яшчэ раз праяўляе сябе актыўным палітыкам. Нечакана Транята гіне на ўласным двары па дарозе ў лазню ад рук сваіх слуг. У святле наступных падзей можна меркаваць, што без Войшалка тут не абышлося. Пінскія князі даюць яму дружыну, і з ёю Войшалк уваходзіць у Ноўгародак і абвяшчае сябе яго князем. Ён звяртаецца па дапамогу да галіцка-валынскіх князёў і атрымлівае яе ад свайго швагра Шварна Данілавіча. Даволі хутка яму ўдаецца ўладкавацца і ў астатніх бацькоўскіх уладаннях.

Васілька і Шварн з братамі актыўна падтрымалі Войшалка, праруская арыентацыя якога не выклікае сумненняў. Магчыма, яго рукамі яны намерваліся правесці хрышчэнне Літвы. Ва ўсякім выпадку, з'явіўся вельмі зручны момант для распаўсюджання валынскага ўплыву не толькі на Ноўгародскую зямлю, але і далей на поўнач, на ўласна літоўскія землі.

Цяжка сказаць, наколькі самастойна дзейнічаў Войшалк і ці не з'яўляўся ён палітычнай марыянеткай. Прынамсі, увесь час яго панавання ў Літве побач з ім стаіць постаць Шварна Данілавіча. З яго дапамогай Войшалк пачынае помсціць прыхільнікам змовы, што аб'ектыўна выліваецца ў знішчэнне рэшткаў былых паўсамастойных княстваў. Галіцка-ноўгародскае войска ўрываецца ў Дзевалтву і Нальшаны, знішчае замкі тамтэйшых арыстакратаў. Даўмонт уцякае ў Пскоў, дзе гараджане прымаюць яго на княжанне. Там яму пад хрысціянскім імем Цімафей давядзецца княжыць вельмі доўга, аж да сваёй смерці ў 1299 годзе.

Што ж датычыць Гердзеня, то ён быццам бы перайшоў на бок Войшалка, бо пэўны час застаецца князем Полацка і Нальшан. Яго імем падпісана пагадненне Полацка з Рыгай у 1264 годзе, а праз два гады Даўмонт з Пскова змагаецца з ім за сваю вотчыну ў Нальшанскай зямлі. У гэтай барацьбе Гердзень, відаць, гіне, і ў 1267 годзе мы сустракаем у новым пагадненні з Рыгай ужо імя Ізяслава Полацкага — сатэліта Войшалка і Шварна. (У гэтай грамаце, напісанай ад імя Ізяслава, ёсць загадкавая фраза: "а Изяслав со мной одно", якая быццам бы сведчыць пра існаванне яшчэ аднаго Ізяслава. Не выключана, аднак, што гэтая фраза ўстаўлена ад імя Войшалка, які ўпамінаецца ў тэксце вышэй як "Моишелг". Двухсэнсоўнасць з'явілася вынікам памылкі пісара.) Даўмонт жа так і не здолеў вярнуць сабе ўладу ў Нальшанах.

Такім чынам, усобіца ў Літоўскай дзяржаве была ліквідавана. Літва выйшла з яе нават больш адзінай, чым раней, але за кошт падпарадкавання Галіцка-Валынскаму княству. Войшалк прызнаў сябе васалам Васількі Раманавіча ("нарекл бо бяшет Василька отца собе и господина"). Сумесна са Шварнам ён удзельнічаў у паходзе на Баляслава Мазавецкага, які, верагодна, быў выкліканы канфліктам з-за захопленых раней яцвяжскіх тэрыторый. Ва ўсякім разе, рэакцыя Баляслава паказвае, што галоўную ролю ў паходзе адыгрываў менавіта Шварн — ён атрымаў ад паляка папрок: "Я на Литву не жалую, оже мя воевали немирникъ мои, а воевал мя тако и гораздо (яшчэ мацней.—В. Н.), то на тя жалую". Малады мазавецкі князь (нагадаю — сын Зямовіта, загінуўшага раней падчас такога ж сумеснага паходу Міндоўга і Шварна) у адказ спустошыў галіцкія ўладанні Шварна. Пазней нарэшце між імі было дасягнута замірэнне.

Хутка пасля гэтых падзей Войшалк раптам зноў згубіў цікавасць да палітычных спраў і пажадаў аднавіць сваё манаства — ці то ў выніку нейкіх палітычных інтрыг, ці то сапраўды з мэтай пакаяння за пралітую кроў. Ад улады над Літвой ён адмовіўся на карысць Шварна, жанатага з яго сястрой, а сам пайшоў ва Угроўскі манастыр на Падляшшы. Гэта азначала, па сутнасці, прамое падпарадкаванне Галіча і Літвы адзінай уладзе — дынастычную унію. Для Шварна гэта быў значны поспех, але ён выклікаў навокал шмат незадавальнення. Пакрыўджаным адчуў сябе старэйшы брат Шварна Леў, які відавочна адсоўваўся энергічным Шварнам некуды на задні план. Аднак гнеў яго выліўся не на Шварна, а на Войшалка, які і быў засечаны Львом уласнаручна пасля "сяброўскай" размовы на піры, куды Леў сам жа яго і запрасіў.

У Літве Шварн меў, несумненна, пэўную падтрымку, хаця б ужо з-за аднаго свайго сваяцтва з загінуўшай дынастыяй Міндоўга. Калі б у яго нарадзіўся сын, ён паводле родавых звычаяў лічыўся б законным нашчадкам Міндоўга "па кудзелі". Аднак Шварн, відаць, не пакінуў дзяцей. З другога боку, яго ўзвышэнне не магло не выклікаць моцнага незадавальнення літоўскай знаці, для якой падпарадкаванне чужому князю было абразай. Магчыма, менавіта мясцовыя баяры паспрыялі таму, што панаванне Шварна не зацягнулася: "Шварнови в Литовскои земле княжив лет немного, и тако преставися". Гэта адбылося прыкладна ў 1270 годзе — праз два-тры гады пасля смерці Войшалка.

Галіцка-валынскія ўладанні Шварна адышлі да яго брата Льва, а ў Літве ўзяла верх антыгаліцкая партыя, якая абрала вялікім князем Трайдзена — старога ворага Васількі Раманавіча (што, дарэчы, памёр прыкладна ў гэты ж час). Пры жыцці Міндоўга і Войшалка Трайдзен у крыніцах не ўпамінаецца (пра яго варожасць з Васількам летапісец паведамляе ўжо потым, заднім чыслом). Якое месца ў палітычным раскладзе Літвы ён займаў раней, сказаць цяжка. Ёсць нават падставы сцвярджаць, што Трайдзен увогуле быў не літоўскім, а яцвяжскім князем — уладаром княства Дайнава, якое змяшчалася на поўнач ад Горадна абапал Нёмана. Прыкладна з часу Трайдзена дайнаўскія землі робяцца часткай Літоўскай дзяржавы — гэта лёгка тлумачылася б тым, што князь Дайнавы, стаўшы вярхоўным князем Літвы, зліў сваю вотчыну з уладаннямі папярэдняй дынастыі.

Беларуска-літоўскія летапісы ведаюць князя Трайдзена, уладара Дайнавы і пазней вялікага князя літоўскага. Праўда, Трайдзен у гэтых летапісах XV—XVI стагоддзяў уключаны ў агульны радавод літоўскіх князёў — нашчадкаў міфічнага Палямона. Там ён выступае не як старэйшы, а як малодшы з братоў, і тыя летапісныя браты не маюць нічога агульнага з яго сапраўднымі родзічамі, што загінулі ў войнах з Васількам. Але нельга выключыць, што паведамленне пра сувязь Трайдзена з Дайнавой — адлюстраванне сапраўднага стану рэчаў. Прынамсі, характарыстыку Трайдзена, дзе ён параўноўваецца з Неронам і Ірадам, стваральнік радавода ўзяў з дабраякаснай крыніцы — Іпацьеўскага летапісу.

З'яўленне дайнаўскога князя на літоўскім пасадзе можна тлумачыць дзвюма акалічнасцямі. З аднаго боку, ад старой дынастыі за час крывавых міжусобіц амаль нічога не засталося — хіба што Даўмонт-Цімафей, які трывала асталяваўся ў Пскове, ды, магчыма, сын Гердзеня, што пазней стане цвярскім епіскапам. Абодва яны звязалі свой лёс з Руссю, таму літоўскія праціўнікі Шварна не маглі разлічваць на іх у справе аднаўлення паганскай старыны. Пра нашчадкаў Булевічаў і Рушкавічаў таксама больш не чуваць. Можа, і яны сталі ахвярамі таго тэрору, які ўчынілі Войшалк і Шварн.

З другога боку, у Яцвягіі князёў было шмат, хаця поўнага пераліку іх мы і не маем. Крыніцы ведаюць князёў Скамонта і Борута, якія загінулі ў бітве з Васількам Валынскім у сярэдзіне XIII стагоддзя, пазней — другога Скамонта (напэўна, князя Судавы), які вызначыўся ў барацьбе з тэўтонцамі. У 1273 годзе мір з Валынню падпісваюць князі Мінтэле, Шурпа, Мудзейка і Песціла. Аднак тэрыторыя іх імкліва сціскаецца крыжакамі з захаду, мазаўшанамі і валынцамі з поўдня. Для ўладальніка самага ўсходняга з яцвяжскіх княстваў, Дайнавы, вельмі прадбачліва было б не чакаць, пакуль варожая хваля дасягне яго землі, а загадзя шукаць паратунку ў зліцці з суседняй, адносна маналітнай Літвой, дзе на шчасце якраз выявіўся недахоп князёў.

Узыходжанне на трон Трайдзена азначала адраджэнне ўсіх паганскіх культаў, магчыма — новую "чыстку", гэтым разам — прыхільнікаў прагаліцкай партыі. Для Галіцка-Валынскага княства падзея была вельмі непажаданай, аб чым сведчыць абурэнне мясцовага летапісца: "Нача княжити в Литве окаянный и беззаконный, проклятый, немилостивый Троиден. Его же беззакония не могохом писати срама ради: так бо бяшет беззаконный, яко и Антиох Сурьскнй, Ирод Ерусалимский и Нерон Римский. И ина много злейша того беззаконья чиняше".

І вось тут настаў рашучы момант для рускай часткі Літоўскага княства — Ноўгародскай зямлі. Усё, што было раней — запрашэнне ў князі Міндоўга, потым княжанне Рамана, верагодная спроба Таўцівіла аднавіць самастойнае Ноўгародскае княства, потым зноў Міндоўг, Войшалк, Шварн — усё няўстойлівае, часовае, дапускала розныя варыянты наступных падзей. Зараз трэба канчаткова вырашаць, з кім звязаць свой далейшы лёс — з незалежнай Літвой, іншаэтнічнай і варожай да хрысціянства, ці з Валынню, роднаснай і праваслаўнай, але падуладнай татарам. Іншых варыянтаў не мелася, бо іншых палітычных цэнтраў побач не засталося, а самастойнае існаванне, якое працягвала суседняя Полаччына, у абцугах паміж Валынню і Літвой здавалася немагчымым.

Наступны ход падзей паказвае, што насельніцтва Ноўгародчыны пацвердзіла свой ранейшы выбар на карысць паўночнага суседа. Ніколі б не здолеў Трайдзен утрымаць за сабой гарады Панямоння пад сумесным націскам Валыні і татар, калі б мясцовыя жыхары не хацелі таго. Паход Бурундая, а таксама сумны лёс Галіцка-Валынскай зямлі і іншых падпарадкаваных Ардзе рускіх княстваў, відаць, яскрава паказалі ноўгародцам, што з поўдня нічога добрага чакаць не прыходзіцца.

Татары ў 1277 годзе прымусілі князёў з Растова, Белавозера, Яраслаўля ісці з імі ў паход ажно на Паўночны Каўказ, у 1280 годзе галіцка- валынскія князі зноў удзельнічалі ў разгроме Сандамірскай зямлі, а праз два гады — хадзілі праз Карпаты ў Венгрыю. У 1280 годзе памёршага Менгу- Цімура змяніў яго малодшы брат Туда-Менгу, пры якім яшчэ больш узмацніўся ўплыў Нагая. Ваеначальнік актыўна ўмешваўся ў справы еўрапейскіх краін, і амаль ва ўсіх яго ваенных авантурах даводзілася ўдзельнічаць апалчэнцам з Галіччыны і Валыні. Для рускіх земляў гэтыя паходы часам бывалі не менш цяжкім выпрабаваннем, чым варожыя ўварванні. Так, у 1283 годзе сын Менгу-Цімура Талабуге зноў сабраўся з Нагаем на Сандамір і Кракаў, але перад тым яго войска два тыдні "кармілася" на Валыні, разрабавала яе ўшчэнт і да таго ж занесла пошасць. Князь Леў падлічыў пасля страты і даведаўся, што загінула каля 25 тысяч жыхароў.

Тыя ж гарады, што прызналі ўладу Літвы, былі пазбаўлены ўсяго гэтага датуль, пакуль спробы татар скарыць Літоўскую дзяржаву не давалі вынікаў. І таму побач з літоўцамі ноўгародцы секліся на межах свайго княства з татарамі і валынцамі, да апошняга стаялі на сценах гарадоў пры аблогах, хаваліся ў літоўскія пушчы пры перавазе непрыяцеля і вярталіся зноў на сваю зямлю пасля адыходу ворага.

Перад намі якраз той момант, калі рашучы гістарычны паварот прайшоў міма ўвагі сучаснікаў. Ніводная крыніца не паведамляе пра ролю мясцовага насельніцтва Панямоння ў падзеях, толькі ў народнай памяці, у фальклоры засталіся згадкі пра шэраг бітваў з татарамі на вонкавай мяжы Ноўгародчыны, у раёне Койданава, Магільна, Узды, Целяханаў. Пазней мы ўбачым, з якімі гістарычнымі падзеямі можна звязаць гэтыя паданні (дарэчы, пра Койданаўскую бітву ўжо гаварылася).

Замацаванне панямонскіх гарадоў у складзе Літоўскай дзяржавы азначала пачатак непарыўнага сімбіёзу, у якім адзін бок не мог абысціся без другога. Толькі з дапамогай літоўцаў Ноўгародчына магла захаваць незалежнасць ад татар, іх жорсткага падаткавага прыгнёту і неабходнасці пасылаць сваіх сыноў у іх войска. З усіх рускіх зямель толькі тыя, што прынялі ўладу літоўскіх князёў, не зведалі цяжкай рукі ардынскіх ханаў. Але і Літва толькі з дапамогай заходнерускіх дружын здолела выстаяць у смяротнай барацьбе на два фронты — супраць татар і крыжакоў. І невыпадкова, што толькі тыя з балцкіх народаў, хто пайшоў на саюз з Руссю, не зніклі пад пятой тэўтонцаў, як прусы і яцвягі, не правялі некалькі стагоддзяў пад уладай лівонцаў, як продкі латышоў, а ўтварылі слаўную і магутную дзяржаву.

Таму вельмі спрошчанымі выглядаюць дзве супрацьлеглыя канцэпцыі, паводле якіх ці то Літва заваявала пасіўную і бездапаможную Русь, ці то Ноўгародак падпарадкаваў і прывёў да святла дзяржаўнасці такую ж пасіўную Літву. Гісторыя дае нам прыклад сапраўднага пабрацімства двух розных па паходжанні, такіх непадобных адзін на аднаго народаў, якія ў крытычны момант здолелі аб'яднацца дзеля агульнай карысці. Канешне, іх ролі ў гэтым саюзе былі неаднолькавымі. Літва бясспрэчна дамінавала ў палітычным сэнсе, і гэтак жа бясспрэчным было дамінаванне Русі ў культурнай сферы. Літва дала новай дзяржаве пануючую дынастыю і значную частку пазнейшага шляхецкага саслоўя. Русь дала структуру нізавога дзяржаўнага і адміністрацыйнага апарата, законы, дзяржаўную мову.

З гэтага часу набывае сэнс назва "Вялікае княства Літоўскае і Рускае", якая ўвойдзе ва ўжытак праз некалькі дзесяцігоддзяў у часы Гедыміна (магчыма, ужо пры Віценю). З гэтага часу тэрмін "Літва" ў палітычным сэнсе пачынае адносіцца да Ноўгародчыны і хутка так зрасцецца з ёю, што праз стагоддзі мясцовае насельніцтва будзе зваць сябе "ліцвінамі" (у супрацьпастаўленне суседнім палешукам), а Адам Міцкевіч напіша славутае: "Радзіма, Літва! Як здароўе, так ты дарагая",— маючы на ўвазе свае родныя мясціны пад Навагрудкам. Зразумела, сучаснікі добра ўяўлялі, што ў складзе палітычнай Літвы знаходзіцца і частка этнічнай Русі. Але і яны выкарыстоўвалі, і часам мы ўслед за імі будзем ужываць скарочаную назву "Літва" для ўсёй двухэтнічнай дзяржавы.

Але давайце звернемся да палітычных перыпетый часу панавання Трайдзена. Выслізнуўшы з рук галіцка-валынскіх князёў, Літва адразу ж узнавіла актыўную палітыку на захадзе супраць крыжакоў. А там за час усобіц, што распачаліся пасля забойства Міндоўга, падзеі зноў набываюць трывожны характар. Вялікае прускае паўстанне згасала. Апошняй буйной перамогай паўстанцаў стала бітва пад Любавай, выйграная Геркусам Мантасам вясной 1263 года. Праз два гады на дапамогу Тэўтонскаму ордэну, які к таму часу захоўваў кантроль толькі над найбольш умацаванымі замкамі, прыбыло вялікае войска з Германіі. Супраць прусаў быў абвешчаны новы крыжовы паход.

У паходзе ўдзельнічаў усё той жа заснавальнік Кралеўца Пжэмысл Отакар, а таксама маркграфы Цюрынгіі і Брандэнбурга. Перавага пачала схіляцца на бок крыжакоў. У час зімовага паходу 1267/68 года Отакар зноў дамогся скарэння ўжо заваяванай ім трынаццаць гадоў назад Самбіі. Вармія, Натангія і Барція яшчэ трымаліся да 1273 года.

І Лівонскі ордэн імкнуўся пашырыць свае межы, прычым не толькі за кошт суседніх паганцаў, земгалаў і жамойтаў, але і за кошт зямель Вялікага Ноўгарада. У 1269 годзе крыжакі зноў спрабуюць захапіць Пскоў, але сустракаюцца з эфектыўным адпорам Даўмонта. І тут жа з Літвы прадпрымаецца вялікі зімовы набег па лёдзе Балтыйскага мора ажно да вострава Саарэмаа (Эзеля). На зваротным шляху літоўцаў спрабуе перахапіць аб'яднанае лівонска-дацкае войска, але ў лютым 1270 года яно церпіць жорсткае паражэнне на лёдзе бліз Карусе (Заходняя Эстонія).

Выкліканы абраннем Трайдзена канфлікт з Галіцка-Валынскім княствам на доўгі час ставіць Літву ва ўмовы барацьбы на два фронты. Праўда, спачатку Трайдзен варагуе толькі з Уладзімірам Васількавічам Валынскім і захоўвае мірныя дачыненні з братам Шварна Львом Галіцкім. Аднак хутка і гэтыя адносіны псуюцца. Пра канчатковы разрыў сведчыць захоп Трайдзенам падляшскага горада Драгічына, што належаў Льву.

Гэты канфлікт вырашае выкарыстаць золатаардынскі хан Менгу- Цімур, да якога звярнуўся па дапамогу Леў. Для хана з'яўляецца магчымасць зрабіць тое, што недарабіў Бурундай — распаўсюдзіць свой уплыў на далёкую Літву. І вось Менгу-Цімур наладжвае велізарны паход супраць Літвы. З татарскім палкаводцам Ягурчынам рушылі галіцка-валынскія, турава-пінскія князі, Раман Бранскі з сынам Алегам, Глеб Смаленскі — "тогда бо бяху вси князи в воли в татарской", канстатуе летапісец. Паводле Іпацьеўскага летапісу, гэты паход адбыўся ў 1275 годзе (магчыма, на самой справе крыху раней).

Дзеянні Льва Данілавіча сведчаць, што ён імкнуўся выкарыстаць татарскую сілу ў першую чаргу для захопу ўсё таго ж Ноўгародскага княства. Таму, не чакаючы астатніх удзельнікаў паходу, ён вядзе татар на Ноўгародак і захоплівае акольны горад. Гэта выклікае сварку сярод князёў і, па сутнасці, зрывае далейшы рух на Літву. Магчыма, аднак, што зрыву садзейнічала і ваеннае паражэнне ад літоўцаў. Летапіс пра яго маўчыць (і не дзіва, бо галоўныя падзеі былі звязаны з валынскімі князямі), аднак як дэталі паданняў пра Койданаўскую бітву дазваляюць суаднесці яе з паходам Бурундая, так і дэталі падання пра бітву пад Магільнам наводзяць на думку, што яна сапраўды магла мець месца ў час паходу Ягурчына. Праўда, амаль усе імёны герояў легенды не адпавядаюць рэчаіснасці (апрача Льва), аднак асноўная фабула зводзіцца да паражэння руска-татарскай кааліцыі ад войск вялікага князя літоўскага. Маштаб паражэння, хутчэй за ўсё, перабольшаны, аднак практычную безвыніковасць паходу 1275 года, якую не хавае і летапісец, яно можа растлумачыць.

Літоўская дзяржава не толькі адстаяла незалежнасць, але і захавала кантроль над Ноўгародскай зямлёй, аб чым сведчаць далейшыя падзеі. Аднак за гэта даводзілася плаціць. паслабленнем увагі да заходняга кірунку. Між тым паўстанню ў Прусіі прыходзіў канец. У 1273 годзе ў сваім лясным сховішчы быў схоплены кіраўнік паўстанцаў Геркус Мантас. З 1276 года разбітыя прусы натоўпамі бягуць у Літву. Крыжакі пераносяць ваенныя дзеянні на тэрыторыю скалваў і надроваў.

Трайдзен вырашыў скарыстаць прускіх бежанцаў для замацавання за сабой спрэчных панямонскіх тэрыторый і пасяліў іх там, у ваколіцах Горадна і Слоніма. Гэта, аднак, выклікала новы паход Уладзіміра і Льва на Слонім. У адказ малодшы брат Трайдзена Сірпуцій зрабіў набег на толькі што збудаваны Камянец. У наступным годзе Уладзімір, Мсціслаў і сын Льва Юрый зноў хадзілі з татарамі Нагая на Ноўгародскую зямлю, дзе беспаспяхова штурмавалі Горадна.Гэтая вайна знясільвала абедзве дзяржавы: гарэлі сёлы, гінулі людзі, вытоптваліся палеткі. Аднак рэсурсы Літвы зусім не былі вычарпаныя, бо ў 1278 годзе Трайдзен палічыў магчымым прыняць удзел у барацьбе за Кракаў, якая пачалася пасля смерці Баляслава Сарамлівага, і яго брат і ваявода Сірпуцій хадзіў з раццю да Любліна.

У выніку даволі жорсткай барацьбы Панямоцне засталося за Трайдзенам, хоць і ў спустошаным выглядзе. Да таго ж у 1279 годзе ўвесь тэатр ваенных дзеянняў з прылеглымі раёнамі Польшчы і Русі ахапіў моцны голад, вынік неўраджаю. І тым не менш сімбіёз з рускімі княствамі значна павялічваў ваенны патэнцыял Літвы. Яна зноў набывала вагу сярод суседзяў. Дачка Трайдзена Гаўдэмунда (у хрышчэнні Соф'я) выйшла замуж за мазавецкага князя Баляслава з Плоцка, якому яна нарадзіла сыноў Зямовіта і Трайдзена (названых у гонар дзядоў). Яшчэ больш Плоцкае княства трапіла пад уплыў Трайдзена, калі ён ваеннай сілай прымусіў свайго зяця адмовіцца ад саюза з тэўтонцамі. Пад літоўскім кантролем заставаліся земгалы. У саюзе з Літвой дзейнічалі і князі захаваўшых незалежнасць яцвягаў, сярод якіх з 1277 года выдзяляўся таленавіты палкаводзец Скамонт.

Усё гэта было вельмі своечасовым, бо напярэдадні ішла доўгая і цяжкая барацьба супраць двайнога націску крыжакоў з Прусіі і Лівоніі. Лівонцы першымі пасля нядоўгага перамір'я, заключанага ў 1275 годзе, пачалі агрэсію. У 1278 годзе яны заснавалі на латгальскіх землях замак Дынабург (сучасны Даўгаўпілс), які адразу ж стаў іх грозным фарпостам на паўночнай мяжы Літвы. Трайдзен паспрабаваў знішчыць яго, нават выкарыстоўваў штурмавыя вежы, аднак не здолеў. У наступным годзе лівонцы сумесна з датчанамі распачалі крыжовы паход у самае сэрца Літвы, на Кернава. Гэтым разам Трайдзен дзейнічаў больш паспяхова: сустрэўшы ворага пад Ашара-дам, прымусіў да ўцёкаў, прычым у бітве загінуў лівонскі магістр Эрнэст. Вынікам перамогі стала новае мірнае пагадненне, але і яно праіснавала нядоўга.

Між тым у 1280 годзе тэўтонскі храніст Пётр Дусбург, пачынаючы новы раздзел сваёй хронікі, вывеў загаловак: "Канец вайны ў Прусіі. Пачатак вайны Літоўскай". Сапраўды, да гэтага моманту супраціўленне скалваў і надроваў было канчаткова зломлена, а спыняць свой заваявальны крок тэўтонцы не збіраліся. Пад новы ўдар першымі трапілі яцвягі — тыя паўночныя групы, якія захавалі незалежнасць пасля войнаў сярэдзіны стагоддзя. Найбольш значным з іх было племя судаваў. Яны аказалі адчайнае супраціўленне. Князь Скамонт трывожыў крыжакоў няспыннымі контрударамі, даходзіў да муроў Кралеўца і берагоў Віслы. Аднак і набегі балтаў цягнулі за сабой вялікія страты. У адным з іх у 1281 годзе загінуў у Лівоніі князь земгалаў Намейціс. У 1282 годзе і яцвягі панеслі цяжкае паражэнне ў Польшчы. Адзін з іх князёў, Кантэгерд, са сваёй дружынай перайшоў на службу да Ордэна.

Увогуле тактыка перацягвання мясцовай знаці на свой бок складала аснову поспехаў крыжакоў. Захавалася больш за 200 грамат Ордэна асобным прускім і яцвяжскім нобілям, у якіх ім дараваліся маёнткі з сялянамі і палітычныя прывілеі. Фактычна арыстакраты былі ўраўнаваны ў правах з нямецкімі рыцарамі, што атрымлівалі ўладанні на землях Ордэна за ўдзел у крыжовых паходах. Тыя і другія мелі права судзіць сваіх падданых, браць падаткі на сваю карысць. Адзіным іх абавязкам з'яўлялася ваенная павіннасць. Адным словам, правы, якія надавалі захопнікі вярхам пераможаных, былі значна большымі, чым тое, на што яны маглі разлічваць у сваёй незалежнай раннекласавай дзяржаве (зразумела, за кошт простага насельніцтва, стан якога рэзка пагаршаўся). Гэтыя прывілеі адкрылі шлях да паступовага зліцця прускай знаці з пераможцамі.

Падобная ж тактыка раскалола і супраціўленне яцвягаў. К 1283 году іх незалежнасць скончылася. Частка князёў і арыстакратаў перайшла на бок Ордэна, астатнія пакінулі свае ўладанні і падаліся ў Літву. Сярод апошніх былі князі Скурда і Скамонт.

На поўначы ж, супраць Лівонскага ордэна, літоўцы і падтрымліваемыя імі земгалы дзейнічалі больш удала. Каля 1281 года Трайдзен захапіў ордэнскі замак Герцыке, колішняе ўладанне палачан, і тым самым адсек прасунуты наперад Дынабург ад асноўнай лівонскай тэрыторыі. Крыжакі вымушаны былі пайсці на перамовы і ўзамен за Герцыке мірна ўступілі Дынабург, які раней Трайдзен не змог узяць зброяй.

У самы разгар гэтых падзей, прыкладна ў 1282 годзе, Трайдзен памёр. Час яго ўладарання прыпаў на цяжкую пару. Амаль з усіх бакоў былі ворагі, якія імкнуліся не толькі адхапіць кавалак, але пры магчымасці і цалкам скарыць маладую Літоўскую дзяржаву. І трэба аддаць належнае "акаяннаму і беззаконнаму" Трайдзену — у гэтых найскладанейшых умовах ён здолеў ўтрымаць яе практычна ў тых самых межах, у якіх атрымаў, і пры гэтым не паступіцца ні палітычнай незалежнасцю, ні верай продкаў (а як мы памятаем, яго папярэднікам даводзілася ісці на даволі значныя кампрамісы).

Бадай, найбольш важным момантам было захаванне ў складзе Літоўскай дзяржавы сумежных рускіх гарадоў: Ноўгародка, Горадна, Ваўкавыска, Слоніма, Турыйска. Наўрад ці засталася па-за літоўскім кантролем і суседняя Менская зямля, што ляжала яшчэ далей ад Валыні і татар. Праўда, ніякіх звестак пра яе ў гэты час няма. Вельмі ўрывачная інфармацыя і пра Полацк з Віцебскам, аднак, яна прымушае меркаваць хутчэй пра знікненне там літоўскіх князёў. Як гаварылася вышэй, у Полацку сучаснікам цвярскога епіскапа Сямёна быў князь Канстанцін Бязрук. У Віцебску ж каля 1280 года сядзеў намеснік смаленскага князя Фёдара Чорнага. Калі ўлічыць, што смаленскае паходжанне Канстанціна таксама не выключана, можно дапусціць даволі значны ўплыў Смаленска на Падзвінні. Напэўна, і друцкім князям прыходзілася выбіраць паміж Смаленскам і Літвой.

Між тым пасля смерці Трайдзена палітычная гісторыя Літвы раптоўна апускаецца ў змрок. Імя яго пераемніка не называюць ні рускія, ні крыжацкія, ні польскія крыніцы. Сваіх братоў ён перажыў, пра сыноў надзейных звестак таксама няма. Магчыма, яго пераемнікам стаў нейкі князь Даўмонт (не блытаць з Даўмонтам Пскоўскім), якога Троіцкі летапіс называе князем літоўскім і паведамляе пра яго смерць у дальнім набегу на вярхоўі Волгі ў 1285 годзе.

Літоўскія генеалагічныя легенды, пісьмова зафіксаваныя ў XVI стагоддзі, гавораць пра змену "дынастыі Кітаўруса", апошнім прадстаўніком якой з'яўляўся Трайдзен, новай дынастыяй — "родам Калюмнаў". Пры гэтым нашчадкі "рода Кітаўруса" засталіся ў Літве. Сярод іх быў і Даўмонт — продак пазнейшых князёў Свірскіх, а таксама Гольша (родапачынальнік Гальшанскіх) і Гедрус (родапачынальнік князёў Гедройцаў). Прынамсі, варыянт легенды, які захавалі Гедройцы (яго прыводзіць М. Стрыйкоўскі), можа ўтрымліваць нейкія водгукі сапраўдных падзей.

Між тым іншы след знаходзіцца ў Прусіі. Там каля 1282 года з'яўляецца знатны ўцякач з Літвы — князь Пялюзе, чымсьці моцна пакрыўджаны на свайго сюзерэна (на жаль, імя апошняга не называецца). Магістр Конрад Тыерберг дае Пялюзе войска, з дапамогай якога той захоплівае ў 1283 годзе замак Бісены (напэўна, ля ўпадзення Дубісы ў Нёман), дзе яго вораг у гэты час піруе, і ўчыняе жорсткую помсту — пад мячамі крыжакоў гіне каля 70 знатных літоўскіх нобіляў. Пасля гэтага Пялюзе застаецца на службе ў тэўтонцаў, атрымлівае ад іх адзін з памежных замкаў, з якога бясконца трывожыць Літву сваімі ўварваннямі. Тэўтонцы разглядаюць яго як прэтэндэнта на вялікае княжанне. Гэта пацвярджае і позняя звестка Хронікі Быхаўца, што ведае яго пад імем "Пелюша, сына Тронятового".

Малаверагодна, канешне, што Пялюзе і сапраўды быў сынам гістарычнага Траняты, з дня смерці якога прайшло ўжо дваццаць гадоў. А вось даўно выказанае меркаванне, што ён быў сынам Трайдзена, заслугоўвае ўвагі. Праўда, ордэнская хроніка быццам бы пазывае яго сынам Даўмонта, князя Уцянскага (таго самага, што загінуў на Русі?). Гэта таксама не выключана, хоць Даўмонт і гіне, здаецца, ужо пасля з'яўлення Пялюзе ў крыжакоў.

У гэты ж час чамусьці пакідае Літву і яцвяжскі князь Скамонт, які знайшоў там прытулак пасля захопу яго земляў тэўтонцамі. Зараз гэты заўзяты вораг Ордэна мірыцца з крыжакамі, прымае хрышчэнне і атрымлівае ў Прусіі маёнтак. Ён таксама чымсьці пакрыўджаны на літоўцаў, бо ў 1284 годзе наводзіць сваіх новых саюзнікаў на Горадна. Памёр ён у 1286 годзе, пакінуўшы трох сыноў на службе Ордэну.

Усё гэта ўскосна сведчыць аб тым, што адразу ці праз кароткі час пасля смерці Трайдзена ў Літве зноў адбылася замятня. Яна і выклікала з'яўленне ў Прусіі знатных уцекачоў. Усобіца прыйшлася вельмі недарэчы, бо Літва па-ранейшаму знаходзілася ў надта складаных знешнепалітычных умовах. Залатая Арда не збірала пакідаць яе ў спакоі — пад 1282 і 1288 гадамі Ніканаўскі летаі паведамляе пра новыя татарскія паходы на Літву. Галіцка-Валынскае княства таксама не адмовілася ад сваіх намаганняў захапіць Ноўгародскую зямлю. З другога боку якраз пачыналі няўмольна сціскацца абцугі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў.

Літоўцы, праўда, і зараз спрабуюць дзейнічаць энергічна. У 1286 годзе яны здзяйсняюць вялікі паход на Лівонію, аж да самай Рыгі, але не дамагаюцца поспеху. Варожае кола працягвае сціскацца, і да 1289 года Літва губляе (часова) частку тэрыторыі як на захадзе, так і на поўдні: крыжакі захапілі шэраг памежных жамойцкіх валасцей (Каршуву, Шаўле і Цверы), а на карысць луцкага князя Мсціслава Данілавіча давялося саступіць Ваўкавыск.

У крыніцах пад гэтым годам з'яўляецца, нарэшце, імя літоўскага ўладара. Валынскі летапіс называе яго Будзікідам, а тэўтонская хроніка — Бутэгайдэ. Калі і якім чынам ён прыйшоў да ўлады — невядома. Магчыма, гэта адбылося яшчэ ў 1282 ці 1283 годзе. У час пагаднення з Мсціславам Луцкім побач з Будзікідам дзейнічае яго брат Будзівід, што, паводле адной з гіпотэз, хутка стаў яго наступнікам на пасадзе вялікага князя. Гэты новы ўладар названы ў крыжацкай хроніцы Путуверам, што і дало гісторыку Ю. Пузыну падставу атаясамліваць яго з Будзівідам, хаця сугучнасць імёнаў не такая ўжо і блізкая. Аднак усе меркаванні пра паходжанне новай дынастыі мы разгледзім у сувязі з пачаткам панавання сына Путувера — Віценя, які належыць ужо да новага пакалення.

ПАКАЛЕННЕ ТРЭЦЯЕ: ВІЦЕНЬ (1290-ыя - 1310-ыя гады)


Зараз мы разгледзім перыяд, калі Літоўская дзяржава пераадолела самыя цяжкія часы і пачала паволі, але няўхільна ўзыходзіць да вяршыні сваёй магутнасці. У першую чаргу гэта было звязана з дзейнасцю вялікага князя Віценя. Аднак наспела неабходнасць зноў зрабіць агляд сцэны і дзеючых асоб, асэнсаваць змены, што адбыліся.

Паўднёвым суседам Віценя будзе спачатку ўсё той жа Леў Данілавіч, якому лёс адмерыў доўгае жыццё, а потым яго адзіны сын Юрый — аднаасобныя ўладары Галіцка-Валынскага княства. Уладзімір Васількавіч памёр у 1288 годзе пасля доўгай і цяжкай хваробы, якую яскрава апісвае летапісец. Усе свае ўладанні (гарады Уладзімір, Берасце, Камянец, Бельск, замкі Любамль і Рай) ён завяшчаў малодшаму сыну Данілы Раманавіча Мсціславу, але і той ненамнога перажыў стрыечнага брата, памёр каля 1291 года. Пасля гэтага Леў і Юрый атрымалі поўны кантроль над вялізнай дзяржавай, хаця і стомленай татарскім прыгнётам.

У суседняй Польшчы таксама адбываецца пэўная канцэнтрацыя ўлады. Апошні прадстаўнік велікапольскай дынастыі — Пшамыслаў II (1257—1296), сын Пшамыслава І і пляменнік Баляслава Набожнага, падобна Льву, стаў нашчадкам вялікіх уладанняў у выніку смерці ўсіх блізкіх родзічаў. Абапіраючыся на Велікапольшчу, ён здолеў дамагчыся перавагі над здрабнелымі суседнімі дынастыямі — сілезскімі і куяўскай — і распаўсюдзіць сваю ўладу на апусцелую пасля смерці Баляслава Сарамлівага Кракаўска-Сандамірскую зямлю. Такім чынам, амаль палова Польшчы апынулася ў яго руках. У 1295 годзе ён абвяшчаецца каралём.

А ў Куявіі, пасля смерці яе першага вотчынніка Казіміра падзеленай між пяццю яго сынамі, калі памерлі на працягу 1280-ых гадоў двое старэйшых,— Лешак Чорны і Зямомысл — старэйшынам стаў таленавіты кіраўнік і выдатны палітык Уладзіслаў Лакаток (1260—1333), яркая постаць якога будзе адметнай на працягу гэтага і большай часткі наступнага перыяду. Яго брат Зямомысл пакінуў трох непаўналетніх сыноў, між якімі пазней падзеліцца і без таго невялікі бацькоўскі ўдзел з Інавроцлавам, Быдгашчу і Гнеўкавам. Старэйшы ж брат, Лешак, не пакінуў дзяцей і ў 1283 годзс адпісаў сваё Серадзкае княства ў спадчыну Уладзіславу, удзелам якога быў Бжэст- Куяўскі. Двое малодшых братоў, Казімір і Зямовіт, валодалі адпаведна Ленчыцай і Добжынам.

Другая палова вотчыны Конрада Мазавецкага, Мазовія, застаецца падзеленай на Чэрскае і Плоцкае княствы між Конрадам і БаляславамЗямовітавічамі. Аднак Конрад не мае сыноў, і пасля яго смерці ў 1294 годзе Баляслаў стане спадчыннікам усёй Мазовіі.

У Залессі вялікае княжанне Уладзімірскае з'яўляецца аб'ектам дамаганняў двух старэйшых сыноў Аляксандра Неўскага, прычым барацьба гэтая не дабаўляе славы яго нашчадкам. Зводзіцца яна галоўным чынам да выкленчвання ярлыка ў Залатой Ардзе і навядзення адным братам на другога татарскіх набегаў. Фактычна рэальным вярхоўным уладаром з'яўляецца хан, які кантралюе палітычныя падзеі і пераразмяркоўвае вымарачныя вотчыны. Так, з татарскага дазволу князь Фёдар Расціславіч Чорны, які страціў Смаленск, замацоўваецца на працягу 1280-ых гадоў у Яраслаўлі пасля згасання мясцовай дынастыі.

Што ж датычыцца Смаленскага княства, то яно належыць тром Глебавічам, пляменнікам Фёдара Чорнага: Аляксандру, Раману і Святаславу. Апрача іх нейкі князь Андрэй валодае Вяземскім княствам. Важным набыткам смалян стала ўладкаванне Рамана Глебавіча ў Бранску (верагодна, у выніку смерці сыноў мясцовага князя Рамана Міхайлавіча, якія не пакінулі нашчадкаў). Падрабязнасці гэтай падзеі невядомыя, аднак бясспрэчна, што без санкцыі хана адыход Бранска да смаленскага князя не мог адбыцца.

Пра іншых князёў Чарнігаўскай зямлі таксама нічога не вядома, аднак, прынамсі, у Казельску і Тарусе пазней будуць дзейнічаць іх нашчадкі. Тое ж можна сказаць і пра тэрыторыю сучаснай Беларусі. Апошнія пінскія князі, якіх мы ведаем па імёнах, гэта Дзямід Уладзіміравіч, што ў 1292 годзе перажыў свайго брата Юрыя, і сын памёршага ў тым жа годзе Івана Сцяпаньскага Уладзімір (дарэчы, якраз на звестках пра іх і абрываецца Валынскі летапіс). Верагодна, і ў Тураве з Гарадцом (Давыд-Гарадком) працягваецца свой княжацкі род. У наступным пакаленні ў крыніцах пачнуць фігураваць князі з Менска, Друцка і Свіслачы, а таксама Віцебска. Дарэчы, рыжская гандлёвая грамата 1298 года згадвае ў Віцебску князя Міхаіла Канстанцінавіча — магчыма, сына таго Канстанціна Бязрука, пра якога гаворка ішла вышэй. Віцебскі князь Яраслаў (?), які памрэ ў 1320 годзе і з чыёй дачкой перад тым ажэніцца будучы вялікі князь літоўскі Альгерд, па ўзросту наўрад ці можа быць сынам Міхаіла, хіба ўжо братам ці ўвогуле прадстаўніком нейкага іншау роду (яго радавод, што змешчаны ў Хроніцы Быхаўца, не адпавядае рэчаіснасці).

У Залатой Ардзе хан Туда-Менгу ў 1287 годзе быў абвешчаны псіхічнахворым і згубіў уладу. Пры актыўных інтрыгах Нагая пачалася барацьба за ўладу паміж дзесяццю пляменнікамі Туда-Менгу. Спачатку ханам стаў сын Менгу-Цімура Талабуге, аднак у 1291 годзе ён быў забіты прыхільнікамі свайго брата Тахты. У першыя гады панавання хан Тахта з'яўляўся лялькай у руках Нагая, аднак не задаволіўся такім становішчам і пазней распачаў барацьбу супраць цемніка, якая цягнулася тры гады, з 1297- га да 1300-га, і скончылася гібеллю апошняга і канфіскацыяй яго вялізных прычарнаморскіх уладанняў.

Гэтаму пакаленню гістарычных дзеячаў таксама давядзецца перажыць шмат катаклізмаў — як прыродных, так і грамадскіх. Перабудова клімату, што тады пачалася, павялічыла яго нестабільнасць, значна больш стала вельмі халодных ці, наадварот занадта мяккіх зім, летніх засух. Апрабаваны вопыт дзядоў пачынаў падводзіць земляробаў: змяніліся аптымальныя тэрміны сяўбы. Як вынік павялічылася колькасць летапісных паведамленняў пра голад і пошасць, якія ў першым дзесяцігоддзі XIV стагоддзя пракаціліся па ўсёй Еўропе. І на Русі яны фіксуюцца летапісцамі ў гэты прамежак часу амаль штогод. Ёсць звесткі пра голад і мор і ў Літве ў 1311, 1313 гадах.

Як быццам у дадатак, адбываліся і іншыя грозныя з'явы. У 1301 годзе ў Ноўгарадзе небывала моцная бура знесла "хоромы и храмы", а ў 1303 годзе ў Прыбалтыцы адбыўся даволі моцны землятрус: у час падземнага штуршка людзі ледзь маглі ўстаяць на нагах. У тым жа годзе ў Ноўгарадзе снегу не было ўсю зіму.

Аднак жыццё ішло сваім чынам. У тым жа бясснежным 1303 годзе наўгародцы здолелі ажыццявіць даволі дарагое прадпрыемства — абнеслі свой горад мурам. Гэта былі другія такія ўмацаванні на Русі — за некалькі гадоў перад тым такі ж мур збудавалі жыхары Пскова пад кіраўніцтвам свайго князя Даўмонта.

І ў Польшчы ў гэтыя турботныя для земляробаў гады ўзводзяцца мураваныя пабудовы. У стольным Кракаве адна з іх — гатычны замак на Вавелі (закончаны ў 1308 годзе). Яго ўзнікненне было выклікана вострай палітычнай барацьбой вакол Кракава, якая распачалася пасля смерці караля Пшамыслава паміж Уладзіславам Лакатком і каралём Чэхіі Вацлавам II.

Наш расказ пра падзеі, звязаныя з панаваннем Віценя, будзе не вельмі дэталёвым: цемра толькі пачынае рассоўвацца над гэтым кутом Еўропы. Рускія летапісцы — сучаснікі падзей — такога князя ўвогуле не ведаюць, што і не дзіўна, бо летапісанне вядзецца толькі ў Залессі, Ноўгарадзе і Пскове. Віцень выступае на старонках хронікі Пятра Дусбурга — летапісца Тэўтонскага ордэна. Упершыню ён з'яўляецца ў 1291 годзе, калі літоўскі князь Путувер, ці Пукувер (у першым выданні хронікі яго імя пададзена ў форме "Лютувер"), пасылае свайго сына Віценя ў паход на Куявію. Хутка затым, каля 1294 года, апошні дзейнічае ўжо як вярхоўны ўладар Літвы.

Бацька Віценя, верагодна, прыйшоў да ўлады ў выніку смуты 1280-ых гадоў. Вышэй ужо казалася пра хісткую версію атаясамлівання яго з князем Будзівідам — братам Будзікіда паводле Іпацьеўскага летапісу. Адкуль узялася новая дынастыя — пытанне даволі загадкавае, бо яно абрасло міфамі ўжо ў сярэдзіне XV стагоддзя. У гэты час Польшча імкнулася падкрэсліць не- паўнацэннасць літоўскіх князёў і ўсяго паганскага мінулага Літвы. Такі настрой парадзіў легенду, быццам заснавальнік дынастыі Віцень (звесткі пра яго бацьку да таго часу забыліся) не княжацкага роду, а баярын з Эйраголы ў Жамойці, служыў канюшым князя Трайдзена і атрымаў уладу пасля смерці апошняга з-за таго, што законныя наследнікі (пляменнікі Трайдзена і продкі пазнейшых князёў Гальшанскіх, Гедройцаў і Свірскіх) былі непаўналетнімі.

Насуперак таму стваральнікі іншай версіі — літоўскай — сцвярджалі, што Віцень паходзіў са старажытнага роду Калюмнаў, заснавальнік якога прыбыў з Рыма разам з Палямонам. Віцень па літоўскай версіі быў не канюшым, а маршалкам (найвышэйшай прыдворнай асобай) Трайдзена і ўладу атрымаў паводле завяшчання апошняга. Сапраўды, родавы герб новай дынастыі ў XV стагоддзі зваўся "Калюмны" ("Калоны" ці "Стаўпы"), але ж гэтую назву ён мог атрымаць дзеля ўзгаднення з легендай. Тое ж датычыць і герба "Кітаўрус" ("Кентаўр"), якім сапраўды карысталіся князі Гальшанскія і які прыпісваўся дынастыі Трайдзена. Наўрад ці ў XIII стагоддзі літоўскія князі ўвогуле ўжывалі гербы.

Трэцяя версія, маскоўская, не адмаўляла княжацкага паходжання дынастыі, але лічыла яе адгалінаваннем смаленскіх ці полацкіх князёў — васалаў вялікага князя ўладзімірскага, пераемнікамі якога былі маскоўскія князі. Тым самым літоўская дынастыя як бы абвяшчалася непаўнацэннай адносна Масквы. У рамках гэтай версіі Віцень часам лічыўся і сынам Трайдзена, а рускае паходжанне прыпісвалася ўсім князям, пачынаючы з Міндоўга.

Усе версіі — тыповыя з'явы для сярэднявечча, калі генеалогія падганялася пад палітычную кан'юнктуру. На самой справе заняцце баярынам княжацкага пасада, калі заставаліся хаця б і непаўналетнія князі, ва ўмовах XIII стагоддзя здаецца неверагодным. Ужо значна пазней і то князем нельга было стаць — ім можно было толькі нарадзіцца. Нават Радзівілы, якія атрымалі княжацкі тытул ад самога германскага імператара, доўгі час лічыліся "несапраўднымі" ккязямі. Дзеля доказу "несапраўднасці" літоўскай дынастыі, уласна кажучы, і ствараліся польская ды маскоўская легенды.

Яшчэ цяжэй уявіць сабе ператварэнне праваслаўных князёў Рурыкавічаў у паганцаў, якое вынікае з маскоўскай версіі. Што б ні казалі пра магчымую славянскую этымалогію імёнаў Віценя (віцязь), Воіня (воін) і нават іншых прадстаўнікоў дынастыі аж да Альгерда і Вітаўта, сапраўдныя імёны славянскіх князёў XIII стагоддзя былі зусім не такімі. Дарэчы, ніводнае імя нічога не даказвае — яно магло трапіць да прадстаўнікоў дынастыі праз шлюб, як імя Трайдзен дасталася мазавецкаму князю.

Польскі даследчык Е. Ахманьскі звярнуў увагу на адно месца з паэмы канца XIV стагоддзя "Задоншчына", у якой апяваецца Кулікоўская бітва. Два яе ўдзельнікі, унукі Гедыміна Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы, так звяртаюцца адзін да аднаго: "Сама есмя собе два браты, сынове Олгордовы, а внуки есмя Едимантовы, а правнуки есми Сколомендовы" (у адным з сучасных перакладаў чамусьці дадзена "Сколдимеровы"). Гедымін — брат Віценя (аб гэтым ніжэй), таму ў сучасным сэнсе прадзедам Альгердавічаў з'яўляецца Путувер. Аднак слова "праўнукі" магло ўжывацца і ў сэнсе "аддаленыя нашчадкі". Таму Е. Ахманьскі зрабіў вывад, што Скаламендам звалі пачынальніка дынастыі — бацьку Путувера.

Калі гэта сапраўды так, то варта ўспомніць, што вельмі падобнае імя — Скамонт — насілі два яцвяжскія князі. Праўда, першы з іх загінуў каля 1248 года пры набегу на Драгічын і галава яго была ўздзета на кол, а другі памёр у Прусіі ў 1286 годзе. Там жа, паводле Дусбурга, засталіся яго сыны (можа, не ўсе ці не назаўсёды?). Адным словам, ёсць падставы думаць пра яцвяжскас паходжанне не толькі Трайдзена, але і яго наступнікаў. Магчыма, уклад яцвягаў ва ўтварэнне Літоўскай дзяржавы быў большым, чым павялося лічыць.

Як бы там ні было, Путувер сядзеў на літоўскім княжанні дастаткова трывала, каб перадаць яго свайму сыну Віценю — пры тым, што недзе ў Прусіі заставаўся пакрыўджаны княжыч Пялюзе, ды і ў самой Літве меліся яшчэ князі — продкі Гальшанскіх і іншых.

З пачаткам панавання Віценя пачалі адчувацца вынікі той руплівай працы па ўмацаванні дзяржавы, якую вялі яго папярэднікі. Вынікі апошняй усобіцы былі пераадолены даволі хутка, і актыўнасць Літвы ў знешняй палітыцы рэзка ўзрасла. Для процідзеяння экспансіі Тэўтонскага ордэна на берагах Нёмана паўсталі моцныя замкі (праўда, пакуль што драўляныя): Вялона, Вількія, Коўна. У дачыненні да Лівонскага ордэна і ўвогуле з'явілася магчымасць ад абароны перайсці ў наступ. Там якраз абвастрыліся адносіны паміж братамі-рыцарамі і рыжскім архібіскупам, якога падтрымлівалі гараджане. Віцень не прамарудзіў умяшацца ў гэтую барацьбу. Ён заключыў з Рыгай пагадненне супраць Ордэна, і ў 1296—1299 гадах зрабіў тры паходы ў Лівонію. У вусці ракі Трэйры нанёс крыжакам паражэнне, аднак пазней тыя разбілі аб'яднанае войска літоўцаў і рыжан. У 1300 годзе Лівонскі ордэн дамогся часовага замірэння з Рыгай, саступіўшы ёй свой замак у межах горада. Рыжане ўзамен абавязаліся разарваць саюз з Літвой. Аднак пэўны час лівонцам было не да працягу экспансіі.

Адначасова Віцень актыўна ўдзельнічаў у польскіх справах. На пачатку свайго панавання ён выступіў саюзнікам Баляслава Мазавецкага ў яго даўняй барацьбе са стрыечнымі братамі — Уладзіславам Лакатком і Казімірам Ленчыцкім. У час літоўскага паходу 1294 года Казімір загінуў (аднак гэта прывяло толькі да далучэння яго ўдзела да ўладанняў Уладзіслава і спрыяла ўзмацненню апошняга).

Але галоўную небяспеку для Літвы ўяўляў, безумоўна, Тэўтонскі ордэн. Пруска-літоўскія землі зрабіліся галоўнай арэнай яго дзейнасці пасля таго, як на Блізкім Усходзе крыжацкі рух канчаткова захлынуўся. У 1291 годзе Ака, апошні аплот крыжакоў у Палесціне, трапіла ў рукі арабаў. Галоўная рэзідэнцыя Ордэна перамясцілася ў Венецыю, але ў Еўропе мэтазгоднасць захавання духоўна-рыцарскіх утварэнняў пасля страты Палесціны ўсё часцей пачала ставіцца пад сумненне. У 1307 годзе распачаўся гучны судовы працэс "жалезнага караля" Францыі Філіпа Прыгожага супраць Ордэна тампліераў (храмоўнікаў), які праз 7 гадоў прывёў да скасавання апошняга.

Для тэўтонцаў у гэтых умовах адзіным апраўданнем іх далейшага існавання заставалася неабходнасць хрышчэння апошніх паганскіх народаў у Еўропе — жамойтаў і літоўцаў. (К гэтаму моманту земгалы ўжо фактычна страцілі самастойнасць. Пасля 1290 года паўночная іх частка прызнала ўладу Лівонскага ордэна, астатнія ж увайшлі ў склад Жамойці.)

Такім чынам, мэта перамогі над Літвой, якую сфармуліраваў Дусбург у 1280 годзе, ператварылася ў асноўны сэнс існавання ордэнскай дзяржавы. Падрыхтоўка да яе здзяйснення ўжо вялася. У 1289 годзе ў ніжнім цячэнні Нёмана пабудавалі два магутныя ордэнскія замкі — Тылжэ і Рагнету. Яны павінны былі служыць асноўным плацдармам для паходаў на Жамойць. Паходы гэтыя актыўна разгарнуліся з 1294 года, калі комтурам (намеснікам) Рагнеты стаў энергічны Людвіг фон Любенцаль. Ён ажыццявіў масіраванае ўварванне ў жамойцкія землі. На якісьці час большасць мясцовай знаці перайшла на яго бок. Імкнучыся дэмаралізаваць праціўніка, крыжакі разбурылі свяцілішча Ромува, якое незадоўга да таго было перанесена з Надровіі ў Жамойць. Пасля гэтага свяцілішча давялося перанесці яшчэ раз — у Вільна, дзе і раней у даліне Свінтарога існаваў буйны культавы цэнтр.

Аднак Віценю энергічнымі мерамі ўдалося прадухіліць хрышчэнне Жамойці. Спачатку ён дамогся ад тамтэйшых арыстакратаў нейтралітэту, а пазней накіраваў туды войска і зноў узняў іх супраць крыжакоў. Віцень зрабіў сваім ваяводам у Жамойці таленавітага палкаводца Сурміне, які разам з братам Скалдоне арганізаваў супраціўленне тэўтонцам, нанёс ім некалькі паражэнняў.

Тактыка залучэння на свой бок мясцовай знаці, якая забяспечыла крыжакам поспех у Прусіі, у Літве спрацоўвала горш, хаця і не зусім беспаспяхова. На землях Ордэна дзейнічаў, як мы памятаем, нашчадак былой дынастыі Пялюзе. Удавалася часам схіліць да здрады намеснікаў некаторых замкаў у Жамойці. Напрыклад, Спуда, камендант замка Пуценінкай, перайшоў на бок Ордэна ў 1307 годзе. Замак пасля гэтага быў перададзены Пялюзе. Аднак асноўная колькасць баярства захавала вернасць Віценю.

Падтрымку яму аказвала і баярства гарадоў Панямоння, а таксама, напэўна, і Полацка. Канчатковае далучэнне Полацка да Літоўскай дзяржавы познія беларуска-літоўскія летапісы звязваюць менавіта з панаваннем Віценя. Быццам бы апошні самастойны полацкі князь завяшчаў свае ўладанні рыжскаму архібіскупу, пасля чаго ў горадзе пачалося засілле каталіцкіх ксяндзоў і нямецкіх купцоў з Рыгі. Полацкае баярства звярнулася па падтрымку да Віценя, які і выбіў рыжан з Полацка (верагодная дата — 1307 год). Магчыма, тады ж новым полацкім князем стаў малодшы брат Віценя Воінь, які будзе княжыць там пры Гедыміне.

Далучэнне Полацка да Літвы адбылося, верагодна, на падставе дагавора, які гарантаваў палачанам захаванне мясцовых законаў і суда, увогуле недатыкальнасць "старыны". Гэты дагавор потым скрупулёзна аднаўляўся пры кожным новым вялікім князю. Сляды яго, як лічыцца, прасочваюцца ў полацкіх прывілеях ажно да сярэдзіны XVI стагоддзя, калі прыняцце другога і трэцяга статутаў Вялікага княства Літоўскага уніфікавала права ў межах усёй дзяржавы.

Слядоў такіх пісьмовых дакументаў у дачыненні да панямонскіх гарадоў мы не маем. Аднак і іх зліццё з Літоўскай дзяржавай, якое яшчэ больш узмацнілася ў часы Віценя, адпавядала інтарэсам ободвух бакоў. Для Літвы гэтая тэрыторыя з'яўлялася важнай крыніцай людскіх і матэрыяльных рэсурсаў для барацьбы з крыжакамі. Невыпадкова яна даволі хутка стала аб'ектам спусташальных рэйдаў тэўтонцаў: першы такі налёт на Горадна адбыўся ў 1284 годзе, за ім быў набег 1295 года. Асабліва ўзмацніўся націск на пачатку XIV стагоддзя: уварванні адбываліся ў 1305, 1306 (двойчы), 1311 (тройчы) гадах. У 1314 годзе магістр Генрых фон Плоцке штурмаваў Ноўгародак і спаліў акольны горад.

Усе гэтыя рэйды суправаджаліся жорсткімі спусташэннямі — крыжакі ўчынялі іх, каб падарваць эканамічную базу праціўніка. Гэта паставіла пад сумненне тыя выгады, якія мясцовае насельніцтва набыло, пазбегнуўшы залежнасці ад татар. Але меліся іншыя перавагі, што і дазволілі захаваць саюз Панямоння з Літвой. Баяры-землеўладальнікі былых удзельных княстваў былі зацікаўлены ў моцным, але далекім гаспадары, які бараніў бы іх ад ворагаў і не перашкаджаў пашыраць маёнткі за кошт навакольных сялян, асабліва калі намеснікамі гарадоў маглі стаць прадстаўнікі з іх жа асяроддзя.

Палітычны і эканамічны свет змізарнелых княстваў быў вельмі вузкім, асабліва пасля знішчэння татарамі агульнарускай дзяржавы. Служба дробнаму князю, ва ўладанні якога знаходзіўся адзіны правінцыяльны гарадок з яго наваколлем, не абяцала ні гучнай славы, ні багатай здабычы, ні выслугі новых маёнткаў. У той жа час у баярскіх харомах яшчэ памяталі паданні аб справах дзядоў і прадзедаў, што хадзілі ў слаўныя паходы на Вялікі Ноўгарад, Польшчу, у палавецкія стэпы. Калісьці, за часам моцнай князкацкай улады, з'яўляліся на Дзвіне, Прыпяці і Нёмане купецкія караваны з далёкага і загадкавага Усходу, з Візантыі, пенілі вёсламі хвалю караблі са Скандынавіі, Германіі. Са знікненнем агульнай дзяржавы ўсё знікла.

Служба ж магутнаму літоўскаму князю абяцала адраджэнне і былой славы, і заморскага гандлю. Уступіўшы ў дружыну Віценя, ноўгародскія і полацкія баяры атрымлівалі магчымасць пазвінець мячамі ля муроў ордэнскіх замкаў ці на берагах Віслы. Маглі выклікаць на паядынак нямецкіх рыцараў (пра такія дуэлі паміж рускімі і заходнееўрапейскімі рыцарамі паведамляе Дусбург). Перамога ў падобным баі — гэта і слава, і каштоўныя даспехі пераможанага. А ўдачны паход у цэлым — новыя халопы, новая здабыча, новае сяло, якое вялікі князь падаруе за асабістае геройства.

Што датычыць мясцовых князёў (там, дзе яны яшчэ захаваліся), то і яны пад сюзерэнітэтам Літвы нічога не гублялі. Вялікі князь не ўмешваўся ва ўнутраныя справы ўдзелаў. Усё, што патрабавалася,— гэта выходзіць пад сваім сцягам і з дружынай, калі гаспадар пакліча ў паход. Затое і пры нападзе звонку можна быць упэўненым, што вялікі князь абароніць, а пры спрэчцы з суседам — рассудзіць.

Мала што мянялася і для простага люду. Усяго і клопату, што на валасны пагост за падаткамі прыедзе не рускі баярын, а літовец. Не будзь яго — знайшоўся б які-небудзь татарын ці немец. А калі сяло цягнула не да воласці, а да баярскага двара, то перамена вярхоўнай улады і ўвогуле была практычна неадчувальнай: свой гаспадар заставаўся ўсё той жа. Хіба што пасля яго смерці вялікі князь можа перадаць двор ужо літоўскаму баярыну, які і размаўляць па-тутэйшаму як след не ўмее. Але будзе патрэба — навучыцца і ён, бо не пераходзіць жа ўсяму сялу на літоўскую мову з-за змены гаспадара!

Калі хто і мог адчуваць незадавальненне — гэта праваслаўнае духавенства. І каб не псаваць адносіны з даволі ўплывовай часткай мясцовага насельніцтва, літоўскім князям-паганцам даводзілася праяўляць верацярпімасць, якая на доўгі час стане традыцыйнай для дзяржавы. Маліся так, як маліліся твае продкі — толькі захоўвай лаяльнасць да ўлады.

Усё сказанае вышэй дапамагае зразумець, чаму распаўсюджанне ўлады Віценя, а пазней Гедыміна на рускія землі адбывалася параўнальна мірна і непрыкметна, без тых бітваў і паўстанняў, якія суправаджалі кожнае прасоўванне наперад крыжакоў і татар. Таму вельмі цяжка вызначыць, дзе праходзіла пры Віценю мяжа ўплыву Літвы, дзе яе суседзяў — Галіцка- Валынскага і Смаленскага княстваў.

Першае з іх пры князю Юрыю Львовічу часткова пераадолела той заняпад, у якім апынулася ў другой палове XIII стагоддзя.Спрыяла гэтаму не толькі аднаўладдзе Юрыя, але і тое, што мёртвая хватка Залатой Арды на горле Галіцка-Валынскай Русі аслабела ў час барацьбы за ўладу паміж Нагаем і Тахта-ханам. Ужо Леў Данілавіч у канцы жыцця пачаў карыстацца, як некалі яго бацька, каралеўскім тытулам, што перайшоў і да Юрыя. Гэта не абавязкова азначае, што абодва яны прайшлі праз афіцыйны абрад каранацыі, санкцыяніраваны Рымам, але яскрава сведчыць пра іх намер лічыць сябе ўровень з іншымі еўрапейскімі гаспадарамі. Юрый вядзе ўжо і нсзалежную ад хана знешнюю палітыку. Ажаніўшыся другім шлюбам з сястрой Уладзіслава Лакатка Яфіміяй, ён выступае актыўным саюзнікам куяўскага князя ў яго барацьбе за карону Польшчы з Вацлавам Чэшскім. Таксама мае ён дачыненне і да барацьбы за венгерскую карону пасля згасання ў 1301 годзе дынастыі Арпадаў. Маці Юрыя была дачкой караля Бэлы IV, але сам ён на каралеўства не прэтэндаваў, толькі аказваў падтрымку свайму стрыечнаму брату Атону Баварскаму (сыну другой дачкі Бэлы), які часова валодаў Венгрыяй, аднак прайграў барацьбу яшчэ аднаму нашчадку Арпадаў па кудзелі, унуку неапалітанскага караля Карлу-Роберту Анжуйскаму.

Захавалася летапісная характарыстыка Юрыя, якую прыводзіць польскі гісторык Длугаш: "Муж мудры і добры, шчодры да духоўнікаў, пад кіраваннем якога Русь славілася шчасцем міру і дастатку". На жаль, няма ніякіх звестак пра яго адносіны з Літвой, пра тое, ці працягваў ён намаганні сваіх папярэднікаў распаўсюдзіць кантроль на тэрыторыю сучаснай Беларусі. Увогуле ж ён адчуваў сябе спадкаемцам былой Кіеўскай Русі, аб чым сведчыць заснаванне ў Галічы другой рускай царкоўнай мітраполіі. Да таго адзіным рэлігійным цэнтрам рускіх княстваў лічыўся Кіеў, дзе мітрапаліт знаходзіўся да 1299 года. Потым у сувязі з заняпадам Паўднёвай Русі і пэўным уздымам Паўночна-Усходняй, мітрапаліт Максім перанёс сваю рэзідэнцыю ва Уладзімір-на-Клязьме. Вось з гэтай падзеяй, якая павінна была азначаць перамяшчэнне ў Залессе апошніх рэшткаў былой кіеўскай дзяржаўнасці, і не пагадзіўся Юрый. Каля 1302 года ён дамогся ад канстанцінопальскага патрыярха заснавання мітраполіі "Малой Русі" з цэнтрам у Галічы. Праўда, яна праіснавала нядоўга — у 1308 годзе, пасля смерці Максіма, галіцкі мітрапаліт Пётр атрымаў пасвячэнне як мітрапаліт "усяе Русі" і пераехаў ва Уладзімір-на-Клязьме.

Смаленскае ж княства да такога ўзроўню не ўзнялося. Яно, здаецца, пазбегла моцных татарскіх пагромаў, але і эканамічнага ўздыму там не назіраецца. У цэлым гэтыя землі застаюцца пад трывалым кантролем ардынцаў. Спробы распаўсюдзіць смаленскі ўплыў на захад, у Падзвінне і на правабярэжжа Дняпра, істотных вынікаў не мелі. У самастойнае ўладанне ператвараецца нават Віцебскас княства, якое раней даволі часта далучалася да Смаленска. Прычым на падставе больш позніх падзей можна меркаваць, што пад кантроль Віцебска ці Друцка адышла Орша і кавалак тэрыторыі між Дняпром і Пропасцю (Проняй), дзе пазней знаходзіліся Горская, Басейская і Магілёўская воласці.

На захадзе Тэўтонскі ордэн трывала пусціў карані на балтыйскіх берагах. Пасля падаўлення прускага паўстання сюды хлынуў паток каланістаў з перанаселенай Саксоніі. Хутка вырастаў заснаваны ў 1274 годзе горад Марыенбург (Мальбарк), у які ў 1309 годзе была перанесена з Венецыі рэзідэнцыя вялікага магістра. Падобныя ж з'явы адбываліся і ў Лівоніі, хаця каланізацыйны паток там быў не такі інтэнсіўны, як у заходнепрускіх землях (асабліва ў Памезаніі і Пагезаніі).

Між тым крыжацкая экспансія, што так паспяхова развівалася раней, рэзка запаволілася на межах Літоўскай дзяржавы, сутыкнуўшыся з эфектыўным адпорам. Пасля першых поспехаў 1294 года скарэнне Жамойці спынілася. Асобныя яе воласці і замкі пераходзілі з рук у рукі. Не прынёс жаданых вынікаў і новы крыжовы паход 1304 года на чале з швабскім графам Хомбургам. Замест паслядоўнага руху наперад пачаўся абмен ударамі, калі за кожным набегам немцаў ішоў літоўскі набег у адказ. Падлічана, што з 1298 па 1313 год Віцень зрабіў адзінаццаць уварванняў у Прусію, яго сын Свалеготэ і ваявода Сурміне рабілі таксама спусташальныя рэйды і ў Лівонію. Амаль штогод адбываліся і нашэсці крыжакоў — 20 рэйдаў за 1300—1315 гады (пра тыя з іх, што дасягалі нават Ноўгародскай зямлі, я казаў вышэй). Абодва бакі па сутнасці пераходзілі да вайны на знясіленнс. Найбольшым поспехам крыжакоў у гэты перыяд можна лічыць аднаўленне іх кантролю над Дынабургам у 1313 годзе.

Хутка пасля гэтага, у 1316 годзе, вялікі князь Віцень памёр. Легенда паведамляе, быццам ён загінуў ад маланкі. Такі міфалагізаваны канец не мог звязвацца з непрыкметнай асобай, і ўжо адно гэта сведчыць аб уражанні, якое Віцень зрабіў на сваіх сучаснікаў і нашчадкаў. Яго панаванне можна ахарактарызаваць як паспяховае процідзеянне крыжакам, пры адначасовым павелічэнні ўплыву на суседнія рускія зсмлі. Пры ім да Літвы канчаткова далучыліся тэрыторыі, якія ўпершыню кантраляваў яшчэ Міндоўг: Жамойць, Полаччына і рускае Панямоннс. Вышэй ужо гаварылася, што менавіта гэта было пачаткам Вялікага княства Літоўскага і Рускага. Праўда, пакуль што яно трымалася прыкладна ўровень з наймацнейшымі суседзямі. Пара ж яго яўнай перавагі прыйдзе крыху пазней, пры бліжэйшых пераемніках Віценя.

ПАКАЛЕННЕ ЧАЦВЁРТАЕ: ГЕДЫМІН (сярэдзіна 1310-ых - 1330-ыя гады)


Адносіны паміж Віценем і яго пераемнікам Гедымінам розныя крыніцы выкладаюць па-рознаму. Адзіны дакумент, сучасны Гедыміну,— грамата рыжскага магістрата ад 1322 года — называе Віценя яго братам і папярэднікам. Аднак у далейшым пашырыліся два іншыя меркаванні. Беларуска-літоўскія летапісы XVI стагоддзя лічаць Гедыміна сынам Віценя, а польская і маскоўская версіі ўвогуле адмаўляюць іх роднасныя сувязі. Гедымін нібыта быў слугой ці нават халопам, які забіў свайго гаспадара і захапіў яго ўладу. Тэндэнцыйнасць гэтых версій відавочная.

Што ж датычыць літоўскай традыцыі, то ўяўленні пра Гедыміна як сына Віценя маглі ўзнікнуць таму, што паміж імі была значная розніца ва ўзросце. Гедымін нарадзіўся прыкладна ў пачатку ці ў сярэдзіне 1270-ых гадоў і перажыў свайго брата практычна на цэлае пакаленне — на 25 гадоў. Перыяд яго актыўнага жыцця супадае з часам дзейнасці тых, хто быў сынамі персанажаў папярэдняга раздзела. У Мазовіі гэта Зямовіт, Трайдзен і Вацлаў Баляславічы, у Галіцка-Валынскім княстве (каралеўстве) — сыны памёршага каля 1315 года Юрыя Львовіча Андрэй і Леў. І ў Смаленскай зямлі князя Аляксандра Глебавіча ў 1313 годзе змяніў старэйшы сын Васіль (які праз год памёр сам), а затым малодшы — Іван, што будзе панаваць ажно да 1359 года.

Нават у Залатой Ардзе змена ўлады адбылася амаль адначасова: пасля смерці ў 1312 годзе хана Тахты яго сын Ільбасмыш быў забіты іншым прэтэндэнтам, таксама нашчадкам Менгу-Цімура — Узбекам, сынам Тагрулджы. З герояў папярэдняга перыяду, бадай, што толькі Уладзіслаў Лакаток застаецца сучаснікам Гедыміна. Таму і ў мяне ёсць падставы, нават прызнаючы Гедыміна братам Віценя, выдзеліць падзеі, звязаныя з яго панаваннем, у асобны раздзел.

Давайце зноў спынім паслядоўны разгляд падзей, каб падсумаваць вынікі змен, што накапіліся да гэтага часу. Не разабраўшыся ў іх, цяжка будзе зразумець імклівы рост тэрыторыі Вялікага княства і яго ўплыву на рускіх землях, які адбываўся пры Гедыміне і наступных вялікіх князях.

Практычна кожная дзяржава ў сваёй гісторыі праходзіла перыяды цэнтралізацыі і дэцэнтралізацыі. На пачатку нашай дзеі, у першай трэці XIII стагоддзя, мы засталі Русь і Польшчу ў стане палітычнай рыхласці, калі кожны мясцовы ўладар быў поўным панам на сваёй тэрыторыі. На ўсходзе, наадварот, вялізныя тэрыторыі пераходзілі пад непасрэдны кантроль адзінага цэнтра — стаўкі мангольскіх каганаў. Нешта падобнае, хаця і ў меншых памерах адбывалася ў Літве.

Абодва працэсы з'яўляюцца неабходнымі на пэўных стадыях сацыяльна-эканамічнага развіцця. Патрэбнасць у цэнтралізацыі ўзнікае, калі грамадства пераходзіць на якасна новы ўзровень свайго існавання: ад плямённа-арыстакратычнага ладу (так званай "ваеннай дэмакратыі") да раннекласавай дзяржавы, потым да стадыі сталага класавага грамадства, ці да індустрыяльнай фазы. У такія моманты структурныя змены ахопліваюць увесь дзяржаўны механізм, таму патрэбны каардынуючы цэнтр, каб сістэма не пайшла ўразнос ці дзяржава не стала лёгкай здабычай суседзяў.

Калі ж пераход на новы стадыяльны ўзровснь адбыўся і грамадства пачынае яго асвойваць, на першае месца выходзіць эфектыўная мясцовая ўлада. Жорсткі кантроль не толькі не патрэбны — ён нават перашкаджае.

Русь прайшла фазу цэнтралізацыі ў IX—Х стагоддзях, калі асобныя племянныя княжанні ператварыліся ў адзіную "імперыю Рурыкавічаў". XII— XIII стагоддзі прайшлі пад супрацьлеглым знакам — палітычная самастойнасць асобных тэрыторый аднавілася на новым узроўні (вышэй ужо падкрэслівалася, што гэта было не знікненнем дзяржавы, а яе пераходам у новую якасць). Калі б не нашэсце манголаў, росквіт Кіеўскай Русі працягваўся б і далей, яе чакалі б новыя віткі эвалюцыйнай спіралі.

Прыкладна так адбывалася ў суседняй Польшчы. З канца XIII стагоддзя там зноў адчуваюцца цэнтралізатарскія тэндэнцыі: мясцовая знаць згодна нават шукаць сабе моцнага гаспадара за мяжой, як адбылося пры абвяшчэнні каралём Вацлава Чэшскага. Яго асноўны сапернік — Уладзіслаў Лакаток — праходзіць шлях ад дробнага князя з падзеленай на пяць частак Куявіі да вярхоўнага ўладара Польшчы. На гэтым шляху ён не раз церпіць жорсткія паражэнні, але кожны раз знаходзіць моцную падтрымку, якая дазваляе яму распачаць справу зноў. Іншымі становяцца адносіны да вымарачных княжацкіх вотчын: кароль ужо не спяшаецца перадаць іх іншым князям, а накіроўвае туды сваіх паслухмяных намеснікаў (кашталянаў). Гэтыя тэндэнцыі сведчаць, што ў Польшчы наспеў пераход ад раннекласавай дзяржавы да стадыі сталага феадалізму, калі большасць дзяржаўных сялян (смердаў, ці, на польскі лад, кметаў) пераходзіць пад кантроль рыцараў- шляхты. Вярхоўны ўладар патрэбны, каб кіраваць раздачай сёлаў і валасцей, і чым большую тэрыторыю ён кантралюе непасрэдна і праз сваіх намеснікаў — тым лягчэй кожнаму шляхціцу дачакацца сваёй долі агульнага пірага.

На Русі аналагічны працэс ідзе значна больш павольна: баярства, як найбольш здольны да супраціўлення сацыяльны слой, асабліва моцна пацярпела ад татарскіх нашэсцяў, было проста фізічна вынішчана. (Выключэнне ствараюць, напэўна, толькі далёкія Наўгародская зямля ды Панямонне з Падзвіннем, што звязалі лёс з Літвой.) Але тут існуе не менш важкая падстава для палітычнага аб'яднання — неабходнасць вызвалення ад Арды.

Такім чынам, ва Усходняй Еўропе прыходзіць час цэнтралізацыі. Адным ядром такой цэнтралізацыі абяцае стаць Залессе, дзе пачынаюць уздымаць галаву два моцныя княствы — Цвер і Масква. Аднак Залеская Русь знаходзіцца пад трывалым кантролем хана Узбека, які ўдала выкарыстоўвае імкненне князёў Цверы і Масквы да пасады вялікагакнязя ўладзімірскага, каб знясіліць абодвух у міжусобнай барацьбе. Больш паслухмяны і ліслівы маскоўскі князь Іван Каліта бярэ верх у гэтай барацьбе, але ўзвышэнне Масквы некалькі дзесяцігоддзяў будзе ісці не ў выглядзе аб'яднання суседніх княстваў, а ў выглядзе "праглынання" больш слабых з іх пры татарскай падтрымцы.

Другі цэнтр — Галіцкае і Уладзіміра-Валынскае княствы, якія, дзякуючы выключным генеалагічным абставінам, застаюцца пад кантролем адной княжацкай сям'і. З 1315 года ва Уладзіміры княжыць Андрэй Юр'евіч, а ў Галічы — яго малодшы брат Леў. Пры іх "Малая Русь", як тагачасныя крыніцы называюць іх уладанні, спрабуе супрацьстаяць Ардзе, абапіраючыся на падтрымку каталіцкай Еўропы (Польшчы, Венгрыі, Тэўтонскага ордэна). Аднак неразгалінаванасць княжацкага роду з перавагі імгненна ператворыцца ў недахоп пасля смерці іх наследніка Юрыя (каля 1336 года), калі вялікая дзяржава апынецца без гаспадара і стане арэнай барацьбы суседніх Польшчы, Літвы і Арды.

Такія ўмовы вельмі спрыяюць таму, каб Літва разам з далучыўшыміся да яе заходнерускімі (беларускімі ў сённяшнім сэнсе) землямі выступіла яшчэ адным аб'яднаўчым цэнтрам. Сама Літва якраз знаходзіцца на папярэднім вітку эвалюцыйнай спіралі — на стадыі ўтварэння цэнтралізаванай раннекласавай дзяржавы. На працягу папярэдніх дзесяцігоддзяў некалькі княжацкіх родаў вялі барацьбу не за падзел "сфераў уплыву" ў Літве, а за вярхоўную ўладу. Пераможцам выйшаў "род Калюмнаў" — нашчадкі Путувера. Іншыя князі (верагодна, родзічы Трайдзена), якія засталіся ў дзяржаве, перайшлі на палажэнне служылых князёў, фактычна — асабліва прывілеяваных баяр. На самым пачатку свайго панавання Гедыміну ўдалося ліквідаваць ачаг патэнцыяльнай пагрозы — захапіць і пакараць смерцю прэтэндэнта на велікакняжацкі тытул Пялюзе, які працягваў служыць тэўтонцам.

Калі Гедымін прыйшоў да ўлады ў 1316 годзе, у яго былі два браты (Воінь і Фёдар) і не менш шасці сыноў, з якіх старэйшыя (Манівід ці Мантоўт, Нарымонт і Альгерд) ужо ўступалі ва ўзрост актыўнай дзейнасці. Гэта абяцала здрабненне вотчын у будучым, але пакуль што спрыяла распаўсюджанню ўлады адзінай, шматлікай і цесна знітаванай княжацкай сям'і. Немалаважнай акалічнасцю з'яўлялася і тое, што сучаснікамі Гедыміна ледзь не ва ўсіх рускіх землях і княствах аказаліся вельмі маладыя князі. Уладальнікам Валыні і Галіччыны Андрэю і Льву ў 1316 годзе, напэўна, не было і трыццаці. Тое ж можна сказаць пра смаленскага князя Івана Аляксандравіча. Маскоўскі князь Юрый Данілавіч меў 35, яго малодшы брат Іван Каліта — каля 25, цвярскі князь Дзмітрый Грозныя Вочы, які атрымаў уладу годам пазней — увогуле няпоўных 18 гадоў. Такімі ж маладымі былі ўладальнікі Бранскага княства — рэшткаў колішняй Чарнігаўскай зямлі, паўднёвая частка якой у выніку непасрэднага суседства з Ардой амаль цалкам абязлюдзела. У параўнанні з імі Гедымін, чалавек на пятым дзесятку, быў і больш вопытным, і больш аўтарытэтным дзеячам.

З'яўленне новага палітычнага цэнтра на Русі не прайшло міма ўвагі і канстанцінопальскага патрыярха. Пра гэта сведчыць яго дазвол заснаваць каля 1317 года самастойную мітраполію з цэнтрам у Ноўгародку, што ахоплівала полацкае і тураўскае епіскапствы. Літоўскім мітрапалітам стаў Феафіл, які ўпамінаецца на гэтай пасадзе да 1329 года.

Літоўскі ўладар не прамарудзіў выкарыстаць спрыяльнае становішча. Даволі хутка ён падпарадкаваў свайму кантролю сумежныя княствы і землі (на тэрыторыі сучаснай Беларусі). Некаторыя з іх мелі сувязі ўжо з Віценем — так, нагадаем, Полацкая зямля згадзілася прыняць літоўскага князя ў 1307 годзе. Пры Гедыміне полацкім князем з'яўляецца яго брат Воінь (у гэтай якасці ён выступае ў 1323 годзе), але адносіны Полаччыны з Літвой маюць дагаворны, дынастычны характар.

На ўсход ад Полаччыны ляжала Віцебская земля, князь якой (некаторыя беларуска-літоўскія летапісы называюць яго Яраславам) не меў сыноў. У 1317 годзе Гедымін заключыў з ім і мясцовымі баярамі пагадненне: дачка князя Марыя выходзіць за Гедымінавага сына Альгерда, якога пасля смерці Яраслава віцябляне прымаюць у якасці свайго князя. Так і адбылося даволі хутка — у 1320 годзе. Частка даследчыкаў лічыць, што Альгерд прайшоў фармальны абрад хрышчэння, хаця па сутнасці ён заставаўся прыхільнікам паганства ("вогнепаклоннікам", як назваў яго канстанцінопальскі патрыярх). Магчыма, што хрышчэння ўвогуле не было: ёсць звесткі, што Альгерд значна пазней, у 1350-ыя гады, калі дамагаўся аднаўлення мітраполіі ў Літве, абяцаў у выпадку станоўчага рашэння патрыярха прыняць праваслаўе. Уладкаванне Альгерда ў Віцебску, напэўна, суправаджалася заключэннем такога ж дагавора, як раней у выпадку з Полацкам: "не рухати старины" і не ўмешвацца ва ўнутраныя справы Віцебшчыны.

Напэўна, нешта падобнае адбылося і з Пінскім княствам, у якім пазней княжыў Нарымонт Гедымінавіч. Праўда, ніякіх слядоў пагаднення паміж Пінскам і вялікімі князямі літоўскімі ў больш позні час не прасочваецца. Таму не выключана, што Піншчына і ўсё Палессе былі захоплены ў выніку чыста ваеннай акцыі. Вельмі верагодна, што, прынамсі, у Давыд-Гарадку і Дубровіцы са Сцяпанню пры гэтым захаваліся мясцовыя князі (пазней яны будуць згадвацца ў летапісах). Праз некалькі дзесяцігоддзяў на поўдзень ад Палесся, на Усходняй Валыні, з'явяцца праваслаўныя князі Астрожскія, Нясвіцкія, Чацвярцінскія — таксама верагодныя нашчадкі турава-пінскіх ці сцяпаньскіх уладароў.

Некаторыя князі захавалі свае вотчыны за кошт леннай прысягі Гедыміну ці яго сынам. Напрыклад, у складзе літоўскага пасольства ў Вялікі Ноўгарад у 1323 годзе мы сустракаем менскага князя Васіля, які выступае такім чынам у якасці васала Гедыміна ці нават служылага князя. Крыху пазней, у 1348 годзе, у такой жа якасці сустрэнем Сямёна Свіслацкага. Паводле ўскосных дадзеных можна меркаваць, што і друцкія князі прызналі сябе васаламі, але не непасрэдна Гедыміна, а віцебскага князя Альгерда (аб гэтым сведчыць пазнейшая сувязь Друцкага княства менавіта з Віцебскай зямлёй).

Не ўсім, аднак, такія падзеі прыйшліся да густу. Напрыклад, адзін з друцкіх князёў, Іван з'ехаў у Маскву і падаўся на службу да Івана Каліты — можа, шукаў там паратунку ад вялікага князя літоўскага.

На пачатку ўладарання Гедыміна адбыўся і яго канфлікт з Галіцка- Валынскай Руссю. Паўночны ўскраек Уладзіміра-Валынскага княства — Падляшша і Берасцейшчына — перайшоў пад кантроль Літвы. У гэты момант дзяржава Гедыміна набыла межы, якія амаль супадалі з сучаснымі межамі Літвы і Беларусі.

Далейшы ход падзей на "рускім напрамку" дзеянняў Гедыміна застаецца дыскусійным. Некаторыя беларуска-літоўскія летапісы, а ўслед за імі М. Стрыйкоўскі, прыводзяць паданне аб вялікай вайне, што адбылася паміж Гедымінам і галіцка-валынскімі князямі пасля захопу Падляшша і Берасця. Некаторыя дэталі ў гэтым апавяданні з'яўляюцца відавочна памылковымі: уладзімірскі князь названы не Андрэем, а Уладзімірам, побач з ім дзейнічае загадкавы князь Станіслаў Кіеўскі (быццам бы продак пазнейшых князёў Разанскіх, што не адпавядае рэчаіснасці), а таксама Раман Бранскі (такі князь сапраўды княжыў у Бранску, але пасля 1310 года ён знікае з летапісаў). На гэтай падставе частка даследчыкаў увогуле лічыць паданне цалкам негістарычным, неверагодным. Іншыя ж зыходзяць з таго, што ў ім адлюстраваліся, хаця і ў скажоным выглядзе, рэальныя факты.

Паданне сцвярджае, што пасля захопу Гедымінам Драгічына і Берасця князі Уладзімір (Андрэй Уладзімірскі?) і Леў Луцкі (трэба было б — Галіцкі?) рушылі на Літву. У адказ Гедымін з апалчэннем палачан і жамойтаў уварваўся на Валынь, у бітве з ім уладзімірскі князь загінуў. На наступны год пад Кіевам, на рацэ Ірпень, адбылася бітва літоўцаў з луцкім, кіеўскім, пераяслаўскім і бранскім князямі, на баку якіх былі і татары. Бітва быццам бы таксама скончылася перамогай Гедыміна, пасля чаго ён пасадзіў у Кіеве свайго намесніка — князя Альгімонта Гальшанскага.

Калі такія падзеі сапраўды мелі месца, то яны маглі адбыцца ў 1322 годзе: годам раней Андрэй і Леў былі яшчэ жывыя (аб гэтым сведчыць датаваны запіс аднаго з луцкіх дакументаў), а ўжо ў 1323 годзе Уладзіслаў Лакаток пісаў да папы Іаана XXII пра смерць "двух апошніх рускіх князёў, якія з'яўляліся для нас цвёрдай абаронай супраць лютых татар". Але не выключана, што яны памерлі без удзелу Гедыміна, бо іншыя варыянты тых жа беларуска-літоўскіх летапісаў даюць зусім не такія звесткі пра абставіны падпарадкавання Валыні Літве. Гедымін быццам бы ажаніў свайго сына Любарта з дачкой уладзімірскага князя, пасля чаго Любарт пачаў княжыць ва Уладзіміры і Луцку. Дарэчы, гэта здаецца больш верагодным, бо Валынь пазней мела такі ж федэратыўны статус у складзе Вялікага княства Літоўскага, як Полацк і Віцебск.

Аднак і ў гэтай версіі не ўсё гладка. Любарт быў адным з малодшых сыноў Гедыміна і ў 1322 годзе не мог дасягнуць шлюбнага ўзросту. Да таго ж ёсць звесткі, што Андрэй пакінуў не толькі дачку, але і сына Юрыя, які княжыў яшчэ ў 1335 годзе. Так што адносна вайны Гедыміна за Валынь і Кіеў, магчыма, рацыю маюць тыя, хто ўвогуле не прымае на веру гэтае летапіснае паведамленне.

Наконт Кіева ёсць яшчэ адна версія. Крыху пазней, у 1331 годзе, там упершыню пасля Батыева нашэсця ўпамінаецца мясцовы князь Фёдар. Яго імя супадае з імем аднаго з братоў Гедыміна, звесткі пра якога захаваліся ў грэчаскім зборніку XIV стагоддзя ў Ватьткане. (У адным з запісаў зборніка паведамляецца: "Даў Фёдар, брат Гедыміна, сярэбраных каўкіеў два".) Гэты факт выклікаў здагадку, быццам бы менавіта брат Гедыміна княжыў у Кіеве пасля захопу горада Літвой. Сапраўды, кіеўскі князь Фёдар у адзіным выпадку свайго з'яўлення ў летапісе дзейнічае ў інтарэсах Гедыміна — спрабуе перахапіць наўгародскага епіскапа, якому супраць волі вялікага князя надаў сан уладзімірскі мітрапаліт (Гедымін падтрымліваў іншага прэтэндэнта на наўгародскі епіскапскі пасад). Аднак побач з Фёдарам дзейнічае татарскі баскак, што сведчыць, прынамсі, пра двайную залежнасць Кіева — ад Літвы і Арды. Ды і супадзенне імёнаў ні аб чым яшчэ не гаворыць. Фёдарам мог звацца ў хрышчэнні і Воінь Полацкі. Сярод падручных Гедыміна вядомы іншы князь — Фёдар Святаславіч, выхадзец са Смаленшчыны (сын Святаслава Мажайскага, а ў канцы жыцця — князь у Дарагабужы). Ён уваходзіў у склад пасольства Гедыміна ў 1323 годзе разам з Воінем Полацкім і Васілём Менскім. Гэты князь у сваёй заблытанай палітычнай кар'еры мог нейкі час займаць і кіеўскі пасад.

Адным словам, наяўныя факты не дазваляюць надзейна вызначыць межы палітычнага ўплыву Гедыміна на Русі. Бясспрэчна, што ён быў вельмі значны. Параўнацца з літоўскім уладаром маглі толькі маскоўскія князі Юрый і Іван, якія абапіраліся на татарскую падтрымку. Ні юны нашчадак галіцка-валынскіх князёў Юрый Андрэевіч, ні смаленскі князь Іван, ні іншыя ўдзельныя князі Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і Разаншчыны самастойнай ролі ў 1320-ыя — 1330-ыя гады не адыгрывалі. У гэты час акрэсліваюцца два патэнцыяльныя цэнтры аб'яднання Русі — Залессе (дзе яшчэ не скончылася барацьба за першынство паміж Масквой і Цвер'ю) і Літва, якая пачала абрастаць рускімі землямі, як снежны камяк.

Праўда, канстанцінопальскі патрыярхат у гэты час мяняе курс і пераходзіць да падтрымкі царкоўнага адзінства Русі. Новы мітрапаліт у Ноўгародак не прызначаецца, а тураўская і полацкая епархіі падпарадкоўваюцца мітрапаліту "усяе Русі" Феагносту, які займаў кафедру ва Уладзіміры з 1328 па 1353 год і вельмі адмоўна ставіўся да спроб утварыць іншыя мітраполіі. Не ўдалася спроба аднавіць у 1331 годзе галіцкую мітраполію, ініцыятарам якой, напэўна, быў той жа Гедымін.

Магчыма, літоўскі ўладар дасягнуў бы на Русі і большага, але ў значнай ступені яго ўвага скіравана на захад, дзе па-ранейшаму галоўным ворагам застаецца Тэўтонскі ордэн. Пасля пераносу гросмайстарскай рэзідэнцыі ў Мальбарк амаль уся яго дзейнасць сканцэнтравалася ў Прыбалтыцы. У сувязі з гэтым адбыліся змены і ў арганізацыі. Роля генеральнага капітула ўпала, кіруючым органам Ордэна зрабіўся савет вялікага магістра. У яго ўваходзілі пяць вышэйшых службовых асоб: вялікі маршалак (галоўны военачальнік), вялікі гаспітальер, вялікі пасцельнічы, вялікі комтур і падскарбі (міністр фінансаў),—а таксама двое з тэрытарыяльных кіраўнікоў (комтураў) па выбару гросмайстра. Апрача дзесятка комтурстваў у склад ордэнскай тэрыторыі ў Прусіі ўваходзілі чатыры біскупствы.

Усе пасады ў Ордэне былі выбарнымі. Комтуры з'яўляліся начальнікамі для братоў-рыцараў, а таксама адміністратарамі і суддзямі для ахрышчаных прусаў і германскіх каланістаў. Ім дапамагалі віцэ-комтуры. Браты-рыцары жылі, як і звычайныя манахі, сумесна, толькі іх манастыры выглядалі як добра ўмацаваныя замкі. У выпадку вайны яны выконвалі функцыі афіцэраў войска, якое набіралася з мясцовага насельніцтва. Апрача рыцараў у замку знаходзіліся асобы ніжэйшага рангу — службовыя браты і паўбраты — і свяшчэннікі. Па ўсёй прускай зямлі былі раскіданы таксама ордэнскія фальваркі, дзе працавалі залежныя сяляне, і двары-маёнткі мясцовай і прышлай знаці. Падобную структуру меў і Лівонскі ордэн, толькі ў Лівоніі значна больш зямлі належала царкве.

Першыя гады панавання Гедыміна вызначаліся ўсё тымі ж амаль няспыннымі ўзаемнымі набегамі. Асноўным тэатрам вайны з'яўляліся берагі Нёмана ў яго ніжнім цячэнні. Гэта была брама для ўварванняў у глыб княства, і таму літоўцы імкнуліся надзейна зачыніць яе абарончымі замкамі. Ніжэй па цячэнні крыжакі ставілі свае замкі — і для прадухілення літоўскіх набегаў, і як апорныя базы для далейшага наступу. Спачатку такім фарпостам выступала Рагнета, а ў 1313 годзе вышэй па Нёмане заснавалі новы замак Хрысткемель (Скірстымонь).

У барацьбе супраць Ордэна Гедымін меў выдатнага памочніка — князя Давыда, які быў намеснікам у Горадне, а затым фактычна галоўным ваяводам. Паходжанне гэтай асобы дакладна невядомае. Тэўтонскі храніст Дусбург называе яго гарадзенскім "капітанам" (намеснікам), княжацкі тытул Давыда згадвае толькі пскоўскі летапісец. Сувязь князя с Псковам (пскавічы звярталіся да яго па дапамогу супраць лівонцаў) парадзіла меркаванне, што ён быў сынам Даўмонта-Цімафея Пскоўскага. Аднак Давыд мог быць і нашчадкам якойсьці з былых княжацкіх дынастый Ноўгародчыны ці Піншчыны. Яго ўзвышэнне пачалося яшчэ пры Віценю, але асабліва ярка палкаводчы талент праявіўся на пачатку панавання Гедыміна. Практычна ні адна перамога над крыжакамі як у абарончых, так і ў наступальных аперацыях не абыходзілася без удзелу Давыда. Гедымін нават аддаў за яго сваю дачку.

Адначасова заставалася небяспека і з боку аддаленага ўсходняга ворага — Залатой Арды. Пры хане Узбеку ўзнавіліся спробы татар схіліць Літву да ўплаты даніны. З гэтай мэтай у 1315 і 1324 гадах адбыліся татарскія паходы (на жаль, інфармацыя аб іх вельмі скупая). Каб утрымаць хана ад новых набегаў, прыходзілася актывізаваць дыпламатычныя намаганні, слаць паслоў з падарункамі. Гэта каштавала нямала, аднак для Гедыміна характэрным было пры магчымасці вырашаць праблемы не ваеннымі, а дыпламатычнымі сродкамі.

Такі падыход, што можна ацэньваць як прыкмету сталення літоўскага дзяржаўнага кіраўніцтва, пачаў намячацца і ў адносінах да крыжацкай небяспекі. У 1322—1323 гадах вялікі князь накіраваў у Рым некалькі лістоў, дзе выказваў намер прыняць каталіцтва, калі хрышчэнне будуць ажыццяўляць папскія легаты, а не місіянеры Ордэна. Цяжка сказаць, наколькі шчыра выказваўся тут Гедымін. Ён не мог не разумець, што такі крок адразу выбіў бы зброю з рук крыжакоў, але ажыццяўленне яго было звязана з вялікай рызыкай. Непазбежна пачаўся б уплыў каталіцкай царквы на ўнутраныя справы дзяржавы і яе знешнюю палітыку, хрышчэнне ў каталіцызм не магло не выклікаць апазіцыі як сярод прыхільнікаў паганства, так і сярод праваслаўнага насельніцтва дзяржавы.

Здаецца, што сам Гедымін быў не супраць збліжэння з Захадам. Яно адкрывала больш шырокія магчымасці для гандлю, дазваляла прывабліваць кваліфікаваных майстроў, на якіх існаваў вялікі попыт у маладой дзяржаве. Вайна патрабавала кавалёў, збройнікаў, але асаблівая патрэба мелася ў мулярах і дойлідах — у Літве ўпершыню разгортвалася масавае будаўніцтва мураваных умацаванняў. Таму Гедымін у гэты перыяд прыкладае шэраг актыўных дыпламатычных намаганняў. Выкарыстоўваючы старыя зносіны Віценя з рыжскім магістратам, у 1323 годзе дамагаецца нармалізацыі адносін з Лівоніяй: тэрыторыі Ордэна, архібіскупства і Літвы абвяшчаюцца зонай міру і свабоднага гандлю. Адначасова выдае прывілей, у якім запрашае жыхароў нямецкіх вольных гарадоў на льготных умовах перасяляцца ў Літву.

Сталіцай дзяржавы пры Гедыміне становіцца Вільна. Існуе прыгожае паданне пра заснаванне ім гэтага горада пасля вешчага сну, які прысніўся князю ў час палявання. На самой справе археалогія сведчыць, што горад на месцы пазнейшага Крывога замка, на Лысай гары існаваў, прынамсі, з XIII стагоддзя і ўзыходзіў яшчэ ад таго паселішча крывічоў, аб якім гаварылася вышэй. З імем Гедыміна можна ўпэўнена звязваць заснаванне мураванага замка на гары, што зараз носіць яго імя. Такія ж першакласныя па тым часе крэпасці ўзніклі ў Медніках, Крэве, Лідзе, Троках. Тады ж у дзяржаве з'яўляюцца і першыя каталіцкія кляштары: два ў Вільне, адзін у Ноўгародку.

Аднак гэтая бурная рэфарматарская дзейнасць, напэўна, выклікала і моцную негатыўную рэакцыю. Сярод літоўцаў і жамойтаў вера продкаў, запаветы даўніны ўспрымаліся як сцяг барацьбы з агрэсіўным Захадам. Супраць збліжэння з Заходняй Еўропай узнялася свайго роду партыя "непрымірымых". Адначасова гэты курс выклікаў адчайныя супрацьдзеянні Тэўтонскага ордэна, які разгарнуў па ўсёй Еўропе агітацыю, каб не дапусціць пагаднення папы з Гедымінам.

Усё гэта прывяло да таго, што хрышчэнне Літвы ў апошні момант сарвалася. Калі, нарэшце, папскія легаты прыбылі ў Прыбалтыку, ім ветліва растлумачылі, што размовы пра хрышчэнне з'явіліся вынікам непаразумення, недакладнага перакладу Гедымінавых лістоў. Мы можам толькі гадаць, якая ўнутраная барацьба стаяла за гэтым рашэннем Гедыміна даць зваротны ход.

Рэформы не былі цалкам спынены. Захавалася і дзяржаўная верацярпімасць, каталіцкія кляштары працягвалі існаваць. Мір з Лівонскім ордэнам пратрымаўся да 1330 года. Але адначасова працягвалі палаць свяшчэнныя вогнішчы на паганскіх капішчах, у тым ліку і ў даліне Свінтарога ля самых муроў віленскага замка.

Дыпламатычным поспехам Гедыміна спрыяла шматлікасць яго патомства. Ён пакінуў не менш сямі сыноў і столькі ж дачок, што дазваляла замацоўваць міждзяржаўныя пагадненні шлюбамі на любы густ. Сыны набывалі правы на спадчыну тых суседзяў, чый род абрываўся, а дочкі выступалі залогам добрых зносін з зяцямі. Адну з іх ён, як адзначана вышэй, выдаў за Давыда, намесніка гарадзенскага, іншых — за суседніх уладароў. Данміла (у хрышчэнні — Альжбета) стала жонкай мазавецкага князя Вацлава Плоцкага (гэта адбылося ў пачатку панавання Гедыміна). Марыя зімой 1319/20 года ўзяла шлюб з цвярскім князем Дзмітрыем Грозныя Вочы. У 1325 годзе Алдона (Ганна) выйшла за адзінага сына Уладзіслава Лакатка — каралевіча Казіміра. У 1331 годзе Аўгуста абвянчалася з сынам Івана Каліты Сямёнам, а Офка — з сынам Трайдзена Мазавецкага Баляславам. Паводле няпэўных звестак, і апошні ўладар Галіцка-Валынскага княства Юрый Андрэеевіч меў за жонку дачку Гедыміна.

Звернем увагу на саюз з Уладзіславам Лакатком, які пачаўся з 1325 года. Ён азначаў змену палітычнай арыентацыі ў польскіх справах. Калі раней Гедымін, як і яго брат Віцень, падтрымліваў ворагаў Лакатка (напрыклад, Вацлава Плоцкага), то шлюб Гедымінаўны з нашчадкам польскага караля паклаў пачатак саюзніцкім дачыненням.

Уладзіслаў у гэты час працягваў барацьбу за адзінства Польшчы і супраць дамаганняў на яе карону з боку чэшскага караля Яна Люксембурга. Аб'яднаўшы пад сваёй уладай Кракаўска-Сандамірскую зямлю, Велікапольшчу і большую частку Куявіі, Лакаток у 1320 годзе дамогся прызнання яго каралём. У якасці супрацьвагі Чэхіі ён выкарыстоўваў добрыя адносіны з новым венгерскім каралём Карлам-Робертам Анжуйскім, за якога ў 1320 годзе выдаў сваю дачку Альжбету (гэты шлюб пазней прывядзе Анжуйскую дынастыю і на польскі трон). Саюз жа з Літвой дазваляў набыць магутнага саюзніка на поўначы, дзе Ян Люксембург меў актыўную падтрымку Вацлава Плоцкага і Тэўтонскага ордэна, якія ўтварылі грозную кааліцыю.

Супраць гэтай кааліцыі і быў накіраваны саюз Лакатка з Літвой. У 1326 годзе аб'яднанае польска-літоўскае войска на чале з Давыдам Гарадзенскім праз усю Польшчу прайшло на землі Брандэнбургскага курфюрства, дасягнуўшы Франкфурта-на-Одэры, а на зваротным шляху спустошыла ўладанні Вацлава Плоцкага і паўднёвыя раёны Прусіі. Выступленне аказалася апошнім у палкаводчай кар'еры Давыда — яго забіў падкуплены немцамі мазавецкі рыцар, што знаходзіўся ў яго войску. Галоўным літоўскім ваяводам становіцца баярын Маргеліс — ён згадваецца ў гэтай якасці з 1329 да 1336 года.

Аднак гэты паход не прадухіліў вайны Уладзіслава з Янам Люксембургам, якая пачалася ў 1327 годзе. Праз два гады чэшскі кароль з дапамогай Вацлава Плоцкага выступіў і супраць Гедыміна. У той жа час Тэўтонскі ордэн захапіў Добжынскае княства і частку вотчыны Лакатка ў Куявіі. Вайна працягвалася і пасля смерці Вацлава Плоцкага ў 1330 годзе, і пасля смерці яшчэ праз тры гады сямідзесяцітрохгадовага Лакатка. Толькі яго сын Казімір у 1335 годзе дамогся яе спынення. За вялікую грашовую кампенсацыю Ян Люксембург адмовіўся ад дамаганняў на польскі трон. Затое Казіміру давялося пагадзіцца з канчатковым пераходам Сілезіі ў склад Чэшскага каралеўства. Барацьба ж з тэўтонцамі за Добжынскую зямлю зацягнулася яшчэ на шмат гадоў.

Гедымін, саюзнік Польшчы, актыўна ўдзельнічаў у гэтай барацьбе, тым больш што яна аб'ектыўна была састаўной часткай абароны ўласна літоўскіх зямсль ад Ордэна — саюзніка Люксембурга. У 1328 годзе крыжакі мусілі пакінуць свой далёка прасунуты фарпост — замак Хрысткемель. Але нават гэтую няўдачу яны выкарысталі для чорнага злачынства. Магістр Вернер фон Арселн паабяцаў мірна перадаць замак, які не меў сілы больш бараніць, і запрасіў знатных літоўцаў прыняць яго. Калі ж літоўскае пасольства прыехала, крыжакі зачынілі браму і жыўцом спалілі літоўцаў разам з драўляным замкам. Нават у аднаго з братоў-рыцараў, відавочцаў злачынства, ад такой жорсткасці памутнеў розум і пазней ён зарэзаў каварнага магістра.

У 1330 годзе вайна з крыжакамі і на прускай, і на лівонскай мяжы палыхае зноў, як быццам і не было часовага паляпшэння адносін. Аднаўляецца абмен разбуральнымі набегамі, гараць ордэнскія фальваркі і літоўскія вёскі, вытоптваюцца палеткі, льецца кроў.

Аднак вайна на захадзе не паглынае ўсе сілы Вялікага княства Літоўскага і Рускага — гэтае найменне пры Гедыміне пачынае ўжывацца рэгулярна, каб падкрэсліць прэтэнзіі на ўсходнім напрамку. Пад "Літоўскім" княствам тут трэба разумець старадаўн ўладанні літоўскай дынастыі — Літву ў вузкім сэнсе (Аўкштайцію), Жамойць і гарады Панямоння (ад Горадна да Ноўгародка). Пад "Рускім" княжаннем меліся на ўвазе як тыя землі, што прынялі літоўскіх князёў па дагавору ці ўвайшлі ў васальную залежнасць ад Літвы (Полацкае, Менскае, Віцебскае, Свіслацкае, Пінскае, магчыма, Кіеўскае княствы), так і астатнія тэрыторыі былой Кіеўскаі Русі, якія Гедымін спадзяваўся падпарадкаваць у далейшым.

Літоўскі князь актыўна рыхтуе глебу для працягу сваёй экспансіі на Русі. Як і ардынскія ханы, ён умешваецца ў жорсткую барацьбу паміж Цвер'ю і Масквой за вялікае княжанне ўладзімірскае. Пры гэтым робіць стаўку на Цвер, князь якой Аляксандр у 1327 годзе здзяйсняе адчайны ўчынак — падтрымлівае паўстанне гараджан супраць ханскага баскака Чол- хана. Гэта было першае адкрытае непадпарадкаванне Ардзе з часоў суздальскага паўстання 1262 года, першае на памяці практычна ўсіх, хто насяляў Русь у гэты момант.

Цвярское паўстанне хан Узбек лёгка падаўляе з дапамогай Івана Каліты, аднак насуперак ім Гедымін дае князю Аляксандру прытулак у сваіх уладаннях, а ў 1331 годзе дапамагае яму часова ўладкавацца на княжанне ў Пскове. Тады ж ён спрабуе (праўда, няўдала) правесці свайго кандыдата на вакантнае месца епіскапа ў Вялікім Ноўгарадзе. (Менавіта з гэтай падзеяй звязана ўпамінанне загадкавага кіеўскага князя Фёдара, пра якога размова ішла вышэй.)

Барацьба за кантроль над Ноўгарадам скончылася праз два гады пасля эпізоду з епіскапам, у 1333 годзе, часовай перамогай Гедыміна. Наўгародцы прынялі да сябе князем яго сына Нарымонта. У 1338 годзе той пасадзіў замест сябе малалетняга сына Аляксандра.

Падобная барацьба ідзе і ў Смаленскім і Бранскім княствах. Смаленскі князь Іван Аляксандравіч выступае як саюзнік Гедыміна, з дапамогай якога ён спрабуе дзейнічаць незалежна ад вялікага князя Івана Каліты і хана Узбека. За гэта ў 1339 годзе супраць Смаленска арганізуецца вялікі паход з удзелам татар і залежных ад Масквы рускіх князёў, які, аднак, не прывёў да поспеху. Затое ў Бранску адбываецца нейкая ўсобіца, падчас каторай гараджане забіваюць князя Глеба Святаславіча. Новы ж бранскі князь Дзмітрый ужо настроены варожа ў адносінах да Івана Смаленскага (як, напэўна, і да Гедыміна).

Аднак яшчэ больш важныя падзеі адбываюцца ў Галіцка-Валынскім княстве, дзе апошні нашчадак Данілы Галіцкага, Юрый Андрэевіч, памёр бяздзетным каля 1336 года прыкладна ў трыццацігадовым узросце. Згасанне магутнай дынастыі выклікала, як заўсёды ў такіх выпадках, вострую барацьбу. Хан Узбек паспрабаваў адыграць ролю вярхоўнага сюзерэна, уступіць у валоданне вымарачнай вотчынай. Аднак сутыкнуўшыся з процідзеяннем адразу некалькіх моцных палітычных сіл — мясцовага насельніцтва, Літвы, Польшчы, Венгрыі, — ён не здолеў дамагчыся свайго. У Галіцкай зямлі князем быў абвешчаны стрыечны брат Юрыя — Баляслаў Мазавецкі, сын Трайдзена Баляславіча і Марыі Юр'еўны (сястры Андрэя Уладзімірскага і Льва Галіцкага). Баляслаў перахрысціўся ў праваслаўе пад імем Юрыя. Ён, як і Юрый Андрэевіч, з'яўляўся зяцем Гедыміна.

Што ж датычыць Валыні, то літоўскае паданне сцвярджае, што там Гедымін пасадзіў на княжанне свайго малодшага сына Любарта. Не выключана, аднак, што ўладкаванне Любарта адбылося крыху пазней, пасля хуткай смерці Юрыя-Баляслава.

Сына мазавецкага князя прынялі на княжанне пры ўмове, што не будзе схіляць мясцовае насельніцтва да каталіцызму. Аднак гэтую ўмову ён не выканаў, за што і паплаціўся жыццём — у 1340 годзе яго атруцілі. Пачаўся новы тур барацьбы за Галіцка-Валынскую дзяржаву. Галіцка- львоўскае баярства прысягнула каралю Польшчы Казіміру, а ўладзіміра- луцкае — Любарту Гедымінавічу. Некалі славутая дзяржава апынулася падзеленай між двума суседзямі.

Як мы бачым, сыны Гедыміна пачалі ўладкоўвацца ў тых гарадах, жыхары якіх з'яўляліся даннікамі Залатой Арды. Такая даніна ішла не толькі з Уладзіміра, Луцка і Берасця, але, напэўна, і з Пінска (не выключана, што і з Віцебска, які пэўны час падпарадкоўваўся залежнаму ад Арды Смаленску). Усталяванне літоўскіх князёў у гэтых гарадах не выклікала адразу ваенны канфлікт з Ардой толькі з прычыны кампраміснага рашэння: новыя князі павінны былі атрымліваць двайны васалітэт — і ад Гедыміна, і ад хана. Пры гэтым даніна ў Арду працягвала паступаць, хаця, магчыма, і ў зменшаным памеры. Такую даніну ў 1357 годзе выплачваў з Галіцкай зямлі кароль Польшчы (за што яго папракаў папа Інакенцій V). З Валыні ж ардынская даніна ішла і ў канцы XIV стагоддзя пры ўнуках Гедыміна.

Гедымін мусіў пайсці на такі кампраміс — ён не мог дазволіць сабе вайну з Ардой ва ўмовах узнаўлення крыжацкага націску. Больш таго, спецыяльны падатак — "ардыншчына" — быў ускладзены не толькі на Валынь і Падняпроўе, але і на ўласна літоўскія гарады (гэты падатак згадваецца нават у дакументах XV—XVI стагоддзяў). Даследчыкі лічаць, праўда, што "ардыншчына" ішла не ў якасці даніны татарам, а ў велікакняжацкую казну на расходы, звязаныя з падтрыманнем міру з Ардой — пасольскія зносіны, падарункі і г. д. (розніца, аднак, невялікая). Значна пазней вялікія князі пачалі цалкам пакідаць гэты падатак сабе, але старажытная яго назва засталася.

Вайна з Тэўтонскім ордэнам працягвалася з пераменным поспехам. Вялізныя ахвяры не давалі перавагі ні таму, ні другому боку. У 1331 годзе літоўцы сумесна з войскам Уладзіслава Лакатка перамаглі рыцараў у бітве пад Плоўцамі ў Польшчы, але ў 1333 адбыўся новы крыжовы паход герцага Баварскага, у час якога была захоплена і спалена важная літоўская крэпасць Вялона на Нёмане. Па суседству з ёй пачалося будаўніцтва моцнага крыжацкага замка, які атрымаў назву Баербург. Крыху ніжэй па цячэнні магістр Дзітрых фон Альтэнбург у 1336 годзе аднавіў замак Юргенбург (Юрбарк). Літоўска-пруская мяжа павольна, але няўхільна паўзла ўверх па Нёмане, прасунуўшыся ўжо на паўтары сотні кіламетраў ад яго вусця. Адсюль крыжакі маглі непасрэдна пагражаць не толькі Жамойці, але і жыццёвым цэнтрам дзяржавы. Да Коўна заставалася каля сарака кіламетраў, да Вільна — 130. У 1337 годзе ў Баербургу нават заснавалі касцёл, які павінен быў стаць цэнтрам новай каталіцкай парафіі пасля хуткага, як меркавалі тэўтонцы, хрышчэння Літвы. Адначасова лівонцы ўзмацнілі набегі з поўначы. У 1334 годзе іх магістр Эберхард фон Мангейм дайшоў да самага Вільна, спустошыўшы наваколле.

Гедымін адчайна імкнуўся пераламіць ход падзей. Але здзейсненая ім у 1338 годзе аблога Баербурга скончылася цяжкім паражэннем. Магістр фон Альтэнбург сцвярджаў нават, што там загінуў цвет літоўскага рыцарства і ў далейшым не прыйдзецца чакаць моцнага адпору. Але тут магістр яўна выдаваў жаданае за наяўнае, бо літоўцы аказаліся здольнымі не толькі да актыўнай абароны, але і да новага наступу. Узімку 1341/42 года яны ўсё ж захапілі Баербург. Праўда, заплацілі за гэта жыццём свайго правадыра. Вялікі князь Гедымін быў смяротна паранены стрэлам з гакаўніцы — новай агнястрэльнай зброі, што толькі пачынала ўваходзіць ва ўжытак. І зноў цэлая эпоха адыходзіла ў мінулае разам з ім, зноў абнаўляўся склад дзеючых асоб на нашай сцэне.

ПАКАЛЕННЕ ПЯТАЕ: АЛЬГЕРД І КЕЙСТУТ (1340-ыя - 1360-ыя гады)


Зноў, быццам па волі рэжысёра, адразу некалькі відных дзеячаў папярэдняга перыяду амаль адначасова сыходзяць са сцэны. Крыху раней за Гедыміна, у 1340 годзе, памёр Іван Каліта, а ў 1341 годзе — мазавецкі князь Трайдзен, які ўсяго на год перажыў свайго сына Юрыя-Баляслава. У 1343 годзе смерць спасцігла і апошняга з сыноў Баляслава Мазавецкага, Зямовіта II. Амаль адначасова з Гедымінам у 1341 ці 1342 годзе памёр хан Залатой Арды Узбек.

Настае пара дзейнічаць у поўную моц іх нашчадкам. Гэта будуць шасцёра сыноў Гедыміна (старэйшы, Манівід, памёр хутка пасля бацькі, прыкладна ў 1342 годзе), сярод якіх узвышаюцца магутныя постаці Альгерда (каля 1295—1377) і Кейстута (каля 1310—1382). Малодшы брат Гедыміна Воінь пасля 1323 года не ўпамінаецца.

У Польшчы змена пакаленняў адбылася крыху раней, у 1333 годзе, і там сучаснікам Гедымінавічаў выступае кароль Казімір Вялікі, былы зяць Гедыміна. Яго першая жонка Алдона-Ганна памерла ў 1339 годзе, і зараз сваяцкія адносіны ўжо не звязваюць яго з Літвой, змяніўшыся варожасцю з-за Галіцыі і Валыні. У Мазовіі дзейнічаюць двое малодшых сыноў Трайдзена, Зямовіт III і Казімір, а таксама сын Вацлава Плоцкага Баляслаў са сваёй маці, Альжбетай Гедымінаўнай.

У Паўночна-Усходняй Русі галоўнымі дзеячамі па-ранейшаму будуць князі з Масквы і Цверы. Спачатку гэта малодшыя браты Аляксандра Цвярскога Канстанцін і Васіль, а гаксама сыны Івана Каліты Сямён Горды, Іван Красны і Андрэй. Пазней на сцэну выйдуць сыны Аляксандра Цвярскога і юны Дзмітрый Іванавіч Маскоўскі.

З астатнімі персанажамі мы пазнаёмімся па ходу дзеяння. У яго дэкарацыях таксама накапіліся ўжо пэўныя змены. Прыбалтыка ўсё больш і больш перастае быць тым глухім кутом, якім з'яўлялася некалі. Яна хутка даганяе ў сваім развіцці астатнюю Еўропу. На тэрыторыі Прусіі пад уладай крыжакоў змянілася трэцяе пакаленне. З людзей, што насяляюць гэтую зямлю, амаль ніхто ўжо не памятае жыццё ў паганстве і незалежнасці. На месцы некалі густых некранутых пушчаў паўсталі гарады, заселеныя галоўным чынам немцамі. Выгляд іх не адрозніваўся ад выгляду Брэмена ці Гамбурга: тая ж архітэктура, тыя ж каменныя карункі гатычных касцёлаў, рынкавыя плошчы з будынкамі ратуш, прастакутная планіроўка вуліц.

На ўзбраенні ордэнскіх замкаў з канца 1330-ых гадоў з'явілася важнае новаўвядзенне — агнястрэльная зброя. З яе эфектыўнасцю на ўласным вопыце давялося пазнаёміцца літоўскаму князю Гедыміну. Але пакуль што яна выглядае дзівам, да якога большасць ваякаў толькі прыглядаецца, спадзеючыся на старыя добрыя самастрэлы, мячы і дзіды.

Двары рыцараў-землеўласнікаў і мясцовых нобіляў былі неўмацаванымі — Ордэн не дазваляў свецкім феадалам будаваць замкі ў сваіх уладаннях. Толькі маёнткі каля літоўскай мяжы мелі для абароны вежы- данжоны. Знатныя прусы, якіх некалі прывабілі крыжацкія прывілеі, у значнай ступені анямечыліся, змяшаліся з нямецкімі суседзямі, колішнімі мігрантамі. І тыя, і гэтыя звыкліся аднолькава лічыць прускую зямлю сваёй радзімай, а лютага ворага бачыць у асобе ўпартай у сваім паганстве Літвы.

Застарэлай варожасці няма канца і з літоўскага боку. На жамойцкіх землях, якія шмат дзесяцігоддзяў суседзяць з непрыяцелем, выпрацаваўся своеасаблівы "прыфрантавы" стыль жыцця. Кожная вясковая грамада мае патаемнае сховішча ў лесе, усе сцежкі да яго сцерагуць воўчыя ямы і напятыя самастрэлы. Для скрытнага манеўра войска праз балоты пракладзены не бачныя з паверхні падводныя грэблі, якія ведае толькі той, каму трэба. Яны дазваляюць літоўскай конніцы абрушвацца на ворага ў самых нечаканых месцах.

Дзейнасць Гедыміна шмат чаго змяніла і сярод літоўскіх лясоў. Замест умацаваных парканам сховішчаў там-сям павырасталі мураваныя замкі з грознымі баявымі вежамі. У сапраўдныя шматлюдныя гарады ператварыліся Вільна, Трокі, важнай крэпасцю стала Коўна. У гарадах пануе шматгалоссе: тут і літоўцы, і русіны, і прывабленыя прывілеямі Гедыміна немцы і жыды (у беларускай мове слова "жыд" не мела таго ганебнага адцення, якое набыло ў Расіі. Яно ўтварылася з біблейскага тэрміна "іудзей" і было натуральным і адзіным этнонімам для абазначэння яўрэйскага насельніцтва на Беларусі), часам палякі. Таму ў Вільне можна ўбачыць і царкву, і касцёл, і паганскае капішча. Іншыя цэнтры, такія, як Вількамір, Уцяна, Крэва, былая сталіца Кернава, пакуль што нагадваюць хутчэй рускія замкі-дзяцінцы, чым сапраўдныя гарады.

Новая сістэма гандлёвых і палітычных сувязей, арыентаваная на Нёман, а не на Дняпро, спрыяла росту значэння старажытных гарадоў Панямоння: Ноўгародка, Горадна, у меншай ступені Слоніма, Ваўкавыска. Праўда, назваць іх квітнеючымі ў гэты час цяжка — агульны дэмаграфічны заняпад, вынік пагаршэння клімату і эпідэмій, адбіўся і на іх. Аднак нягледзячы на гэта яны з'яўляюцца адным з істотнейшых элементаў Вялікага княства Літоўскага і Рускага. Асаблівую ролю адыгрывае мясцовае баярства. Калі ў Полацкай, Віцебскай землях баяры жывуць у асноўным сваімі мясцовымі справамі, радзяць у думе свайго князя і кіруюць па чарзе валасцямі і замкамі, то панямонскае баярства ў значна большай ступені арыентуецца на службу пры двары вялікага князя.

У той перыяд уласна літоўскіх і рускіх баяр у дружынах сыноў Гедыміна налічваецца, бадай, пароўну. Для ўсіх суседзяў гэтаіі грозная, закаваная ў сталь сіла ўспрымаецца цалкам, пад агульнай назвай "літва". Абодва яе этнічныя кампаненты пакуль што выразна адрозніваюцца мовай, звычаямі і самасвядомасцю, але хутка сярод князёў і рыцарства пачнецца працэс збліжэння — асабліва ў тых выпадках, калі прадстаўнікі літоўскай знаці прымаюць хрышчэнне і знікае рэлігійны бар'ер. А выпадкі такія нярэдкія, бо ў кожнага з сыноў Гедыміна хаця б частка ўладанняў ахоплівае праваслаўныя гарады Русі (Беларусі ў сучасным сэнсе). Для кіравання імі неабходна хаця б фармальнае прыняцце хрысціянства і, ужо безумоўна,— валоданне мовай.

Тое, што паўночная палова далучаных да Літвы рускіх княстваў (Полаччына і Віцебшчына) належыць да "крывіцкай" этнаграфічнай правінцыі, а паўднёвая (Берасцейшчына, Палессе, у большасці і Панямонне) — да "дрыгавіцка-валынскай", мае вельмі істотнае значэнне. Сярод найбольш аўтарытэтнага сацыяльнага слоя — баярства абодва дыялекты пачынаюць змешвацца як паміж сабой, так і з літоўскай мовай. Пад уздзеяннем апошняй верх бяруць тыя моўныя рысы, якія ёй не супярэчаць: паўднёварускі цвёрды "р", паўночнае "дзеканне" і "аканне". Гэта якраз тыя фанетычныя асаблівасці, якія сведчаць пра пачатак эвалюцыі ў бок будучай беларускай мовы (падкрэслю — менавіта мовы як суцэльнай сістэмы, а не ізаляваных моўных рыс). Але каб гэтыя асаблівасці замацаваліся і развіліся, спатрэбіцца яшчэ шмат часу, пэўная ізаляцыя ад астатняга масіву старажытнарускіх дыялектаў і новыя іншамоўныя ўздзеянні (асабліва польскае). У сярэдзіне XIV стагоддзя гаворка можа ісці толькі пра першыя крокі ў гэтым кірунку.

Суседняя Польшча толькі пачынае набываць рысы куртуазна- рыцарскай вытанчанасці, якая хутка стане прывабным арыенцірам для грубаватых літоўскіх арыстакратаў і крыху здзічэлага пасля знікнення сувязяў з Візантыяй баярства Русі. На рускіх землях па-за межамі Вялікага княства Літоўскага заходнееўрапейская вытанчанасць не адчуваецца зусім. Наадварот, гэтыя землі глядзяць у бок Залатой Арды, адтуль пераймаюць звычаі і стыль паводзін. Магчыма, менавіта ў гэты час мангольскі баявы кліч "урагх" (уперад) ператвараецца ў рускае "ўра". І новыя словы прыходзяць на берагі Нёмана пераважна з Польшчы і Германіі, а ў Паўночна-Усходнюю Русь — з усходу, з цюркскіх моў.

Але рашаючая развілка, што прывядзе да ўтварэння ў межах былой Кіеўскай Русі розных славянскіх народаў, яшчэ не пройдзена. Магчыма, пры іншым раскладзе падзей тыя хісткія тэндэнцыі, якія я зараз наўмысна падкрэсліваю, не мелі б ніякага выніку, хутка змяніліся б іншымі. Менавіта ход палітычных падзей надасць ім з цягам часу вырашальнае значэнне.

У гэты перыяд інфармацыя пра падзеі ўнутры Вялікага княства становіцца крыху больш выразнай — памяць пра іх не паспее цалкам заблытацца да таго часу, як двума пакаленнямі пазней з'явіцца ў дзяржаве першы ўласны летапісны твор — "Летапісец вялікіх князёў літоўскіх". Хоць і яго звесткі не заўсёды дакладныя, але яны даюць хоць нейкае ўяўленне пра "сямейныя справы" Гедымінавічаў. Яшчэ пры жыцці Гедымін вылучыў сваім сынам удзелы, прычым большасць з іх атрымала адначасова па частцы Літвы і Русі. Старэйшы сын, Манівід, валодаў былой сталіцай Кернавам, а ў дадатак да яго — Слонімам. Другі, Нарымонт (у хрышчэнні Глеб), княжыў у Полацку і адначасова ў Вялікім Ноўгарадзе. Аўтар "Летапісца" лічыць яго таксама пінскім князем. Альгерд у дадатак да набытага шляхам шлюбу Віцебска атрымаў ад бацькі Крэва. Кейстут валодаў Трокамі, Жамойцю, Гораднам і Берасцем з Падляшшам. Ноўгародак дастаўся Карыяту, Любарт княжыў ва Уладзіміры і Луцку на Валыні.

Сваім жа пераемнікам Гедымін абраў не старэйшага сына, а аднаго з малодшых — Яўнута, які быў, верагодна, старэйшым сынам яго апошняй жонкі (калі верыць звесткам позніх летапісаў; не выключана, аднак, што яны не зусім адпавядаюць рэчаіснасці). Яўнут атрымаў Вільна разам з Вількамірам, Ашменай, Браславам (апошні горад некалі ўваходзіў у Полацкую зямлю, абставіны яго адрыву ад яе невядомыя).

Аднак той парадак, які склаўся пасля смерці Гедыміна, пратрымаўся вельмі нядоўга. Хутка Яўнут згубіў вярхоўную ўладу ў выніку змовы двух сваіх больш энергічных братоў, Альгерда і Кейстута. Пераварот адбыўся ў 1345 годзе, паводле звестак Троіцкага летапісу, які паведамляе пра бегства Яўнута ў Маскву і хрышчэнне там пад імем Івана. Аднак Пскоўскі летапіс паказвае Альгерда і Кейстута самастойнымі дзеячамі ўжо ў 1342 годзе, калі яны сумесна ажыццявілі паход супраць лівонцаў, каб дапамагчы Пскову. Сын Альгерда Андрэй тады ўжо ахрысціўся і лічыўся намінальна пскоўскім князем (фактычна гэтую ролю выконваў намеснік Альгерда, нейкі літоўскі служылы князь Юрый Вітаўтавіч). У гэтым жа паходзе ўдзельнічаў і адзіны сын Воіня Любка (магчыма, памяншальнае ад Любарта), які загінуў у бітве, калі неасцярожна ўехаў у вартавы полк немцаў. Усё гэта ўскосна сведчыць аб тым, што фактычна ўлада ўжо ў 1342 годзе знаходзілася ў руках Альгерда і яго брата-суправіцеля Кейстута. Магчыма, вярхоўная ўлада Яўнута з самага пачатку з'яўлялася намінальнай.

Замятня ў Літве пасля смерці Гедыміна была на руку новаму маскоўскаму князю Сямёну Гордаму, які пасля смерці бацькі даволі лёгка атрымаў у Ардзе ярлык на вялікае княжанне ўладзімірскае. Ён актыўна імкнецца аднавіць велікакняжацкі аўтарытэт на астатняй Русі, якая пры Гедыміне пачынала ўжо схіляцца ў бок Літвы. Захоўваецца сувязь Масквы з Бранскам — у 1341 годзе дачка тамтэйшага князя Дзмітрыя выйшла замуж за Івана, малодшага брата маскоўскага князя. Тады ж з'ехаў у Маскву і князь Фёдар Святаславіч са смаленскай дынастыі (той самы, што служыў некалі Гедыміну, а потым, магчыма, княжыў у Кіеве). У 1346 годзе Сямён пасля смерці першай жонкі Аўгусты Гедымінаўны зашлюбіў дачку Фёдара Яўпраксію, аднак хутка адаслаў яе назад: нявеста быццам бы на вяселлі была кімсьці зачаравана і па начах здавалася мужу нябожчыцай. Пазней яна выйшла за фамінскага князя Фёдара Краснага, а Сямён трэцім разам ажаніўся з дачкой загінуўшага па віне яго бацькі Аляксандра Цвярскога — Марыяй Аляксандраўнай.

Смаленск жа заставаўся ў арбіце Літвы. Яшчэ у бытнасць князем Віцебска Альгерд у 1341 годзе дапамагаў смалянам у іх спробе адбіць у Масквы Мажайск. Добрыя адносіны паміж ім і Іванам Смаленскім захаваліся і пасля таго, як Альгерд стаў вялікім князем літоўскім. Затое ўзнавілася барацьба з Масквой за ўплыў на Вялікі Ноўгарад, дзе пры Гедыміне княжыў Нарымонт з сынам Аляксандрам. Пасля змены ў 1345 годзе ўлады ў Літве ў Ноўгарадзе ўзмацнілася прамаскоўская партыя. Пасаднік Яўстафій прынародна назваў Альгерда "псом". Каб узнавіць кантроль над Ноўгарадам, прыйшлося здзейсніць ваенны паход. Літоўская пагроза абумовіла часовае паражэнне прамаскоўскай партыі, Яўстафій быў забіты на вечы.

Карыстаючыся смутай ў канстанцінопальскай патрыярхіі, якая адбувалася ў 1341—1347 гадах, Літва аднавіла галіцкую мітраполію, якой падпарадкоўваліся валынскія епархіі, Полацк і Тураў. Аднак у 1347 годзе па патрабаванні мітрапаліта Феагноста новая мітраполія была зноў скасавана. За гэтымі падзеямі таксама стаяла патаемная барацьба за ўплыў на Русі.

Між тым пагроза з захаду заставалася. У Прусіі рыхтаваўся новы крыжовы паход на Літву. Альгерд паспрабаваў шукаць дапамогі ў стаўцы новага хана Джанібека, які пасля смерці Узбека прыйшоў да ўлады праз забойства двух сваіх братоў. У Арду накіравалася пасольства на чале з КарыятамГедымінавічам. Аднак у выніку інтрыг Сямёна Маскоўскага Джанібек не толькі не даў дапамогі, але і затрымаў паслоў.

Усё ж літоўцы і без татарскай падтрымкі даволі эфектыўна процістаялі тэўтонцам. У вялікім паходзе крыжакоў 1345 года прымалі ўдзел сын старога караля Чэхіі Яна Люксембурга Карл і венгерскі кароль Лаяш (Людовік) Анжуйскі, герцагі Бургундскі і Бурбон з Францыі, знатныя графы з Германіі, аднак гэтае шумнае прадпрыемства скончылася, па сутнасці, безвынікова. Пышнае войска арыстакратаў, упрыгожанае пер'ем страусаў на шлемах і грознымі львамі і грыфонамі на харугвах і шчытах, завязла ў прынёманскіх пушчах і вымушана было павярнуць назад. Пасля няўдачы ініцыятара паходу магістра Людольфа Кёнінга абвясцілі вар'ятам і пасадзілі ў затачэнне. Яго пераемнік Генрых Дусмер здзейсніў узімку 1347/48 года новы паход. На рацэ Страве літоўска-рускае войска панесла цяжкія страты, прычым загінуў брат Альгерда Нарымонт, які кіраваў у бітве дружынамі з Полацка і, напэўна, Пінска, а таксама апалчэннем з Вялікага Ноўгарада. (Апрача таго, у бітве на Страве ўдзельнічалі віцебскае і нават смаленскае апалчэнні). Вынікам смерці Нарымонта стаў адыход Вялікага Ноўгарада пад кантроль Масквы, аднак крыжакам сваёй галоўнай мэты — скарэння Літвы дамагчыся не ўдалося.

Паміж Альгердам і Кейстутам пасля выгнання Яўнута адбыўся падзел дзяржавы на дзве часткі (як мяркуецца, з мэтай больш паслядоўнага правядзення палітыкі ў двух напрамках: у адносінах да Ордэна і Русі). Альгерд узяў сабе ўсходнюю палову з цэнтрам у Вільне і з гарадамі Вількамірам, Уцянай, Кернавам, Меднікамі, Крэвам, Ашменай. Да яе ж далучыўся Слонім, што застаўся пасля смерці Манівіда, а таксама, верагодна, Менск, дзе мясцовыя князі больш не згадваюцца. Пад кантролем Альгерда, хаця і на дагаворных пачатках, знаходзілася вотчына яго жонкі Марыі (памёршай, дарэчы, прыкладна ў гэты час) — Віцебскае княства, а таксама Полацк, які пасля смерці Нарымонта прыняў Альгердавага сына Андрэя. У іншых уладаннях правілі свае князі, якія знаходзіліся з Альгердам у васальных адносінах. Гэта былі яго брат Карыят Ноўгародскі, удзельнік пасольства ў Арду Сямён Свіслацкі, Васіль і Сямён Міхайлавічы Друцкія.

Цэнтрам уладанняў Кейстута сталі Трокі. Яму ж належала ўся Жамойць, а таксама Коўна, Пуня, Горадна, Ваўкавыск, Берасце з Падляшшам. Верагодна, яго васалам лічыўся валынскі князь Любарт.

Пінск, здаецца, застаўся за нашчадкамі загінуўшага Нарымонта, крыху пазней там будзе княжыць яго сын Міхаіл (магчыма, гэта ён з'яўляецца тым загадкавым князем Міхаілам — яшчэ адным удзельнікам затрыманага ў Ардзе пасольства). На Палессі захаваліся і дынастыі мясцовых князёў. Пра князёў Тураўскіх, праўда, болей не чуваць, але хутка пачнуць дзейнічаць Іван Гарадзецкі з братам Юрыем, князі Сцяпаньскія, а таксама іх родзічы, што атрымалі гарады на Валыні: родапачынальнікі Астрожскіх, Нясвіцкіх, Чац- вярцінскіх. Аднаго з іх, пахаванага ў Кіева-Пячорскай лаўры князя Дзмітрыя, мясцовы пацярык лічыць сынам таго Юрыя Уладзіміравіча Пінскага, які памёр яшчэ ў 1292 годзе (што малаверагодна), і бацькам Данілы Астрожскага (выглядае больш праўдападобна). Магчыма, славуты род Астрожскіх паходзіць ад кагосьці з дробных турава-гарадзецкіх ці сцяпаньскіх князёў, хто перайшоў на службу да Гедыміна ці Любарта і атрымаў ад іх замак Астрог на ўсходзе Валыні.

Загадкавым застаецца ў гэты момант лёс Клецка і Слуцка, уладальнікі якіх па-ранейшаму не называюцца ў крыніцах. У тым, што яны ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага, можна амаль не сумнявацца, але калі, якім чынам і на якіх умовах — дакладна невядома. Тое ж можна сказаць і пра стан Рагачова на Дняпры, які мог уваходзіць у адно з суседніх княстваў (Друцкае ці Свіслацкае), мець уласнага князя, а мог адносіцца і да Смаленска ці Чарнігава.

Што датычыць Галіцка-Валынскай дзяржавы, то барацьба за яе пасля падзелу 1340 года, калі Галіч адышоў да Казіміра Польскага, Уладзімір і Луцк — да Любарта, а Берасце і Падляшша праз некалькі гадоў — да Кейстута, яшчэ далёка не скончылася. І Літва, і Польшча не пакінулі намеры цалкам захапіць гэты край, не адмовіліся ад яго і іншыя прэтэндэнты — Арда і Венгрыя. Галіцкія баяры і малады князь Даніла Астрожскі спрабавалі выкарыстаць татар, каб выбіць палякаў, аднак перамога засталася за Казімірам. Пасля страт, панесеных Літвой у бітве на Страве, польскі кароль атрымаў магчымасць мацней націснуць і на Валынь. У 1349 годзе ён адабраў у Любарта гарады Белз, Холм, Уладзімір і Ратна. У апошняга застаўся толькі Луцк і, магчыма, Крамянец.

У гэтых умовах захоўваць варожыя адносіны з Масквой — азначала для Вялікага княства апынуцца ўжо не між двух, а між трох агнёў. Таму у тым жа 1349 годзе адбылося пагадненне з Сямёнам Гордым. Літва часова адмовілася ад намаганняў уладкаваць сваіх князёў не толькі ў Ноўгарадзе, але і ў Пскове, дзе князь-намеснік Юрый Вітаўтавіч у гэты час загінуў у бітве з немцамі, а яго жонка з дзецьмі з'ехала ў Літву. За вялікі выкуп Сямён згадзіўся выпусціць на волю Карыята і іншых паслоў, перададзеных яму Джанібекам (Міхаіла, Сямёна Свіслацкага, баярына Айштаса). Пагадненне, як водзіцца, замацавалі шлюбам. Аўдавелы Альгерд узяў за жонку юную цвярскую князёўну Ульяну Аляксандраўну, родную сястру жонкі Сямёна Гордага. Адначасова і Любарт ажаніўся з пляменніцай маскоўскага князя, растоўскай князёўнай. Адбылося прымірэнне і з выгнаннікам Яўнутам — ён вярнуўся ў Літву, дзе атрымаў ва ўдзел невялікае Заслаўскае княства (напэўна, вылучанае са складу Менскага).

Пасля гэтага вайна на Валыні ўспыхнула з новай сілай. У 1350 годзе войска Альгерда, Кейстута і Любарта перайшло ў контрнаступленне, захапіла страчаныя напярэдадні гарады і ўвайшло ў Львоў. Каб заручыцца падтрымкай Рыма, літоўскія суправіцелі аднавілі перамовы наконт прыняцця каталіцтва, якія некалі вёў іх бацька (хутчэй за ўсё, гэта быў толькі дыпламатычны манеўр). Аднак ужо ў наступным годзе Казімір зноў дамогся перамогі, прычым Кейстут і Любарт трапілі ў палон. Кейстуту ўдалося вызваліцца коштам фальшывай клятвы, Любарту ж давялося ўнесці за сябе выкуп. Вынікам барацьбы стаў кампраміс: Любарт захаваў за сабой Луцк і Уладзімір, у Белзе пачаў княжыць малады сын Нарымонта Юрый, які прыняў двайны васалітэт — і ад Літвы, і ад Польшчы. Львоў, Холм і Галіч засталіся за Казімірам. Землі Падолля, натуральны працяг Галіччыны, захавала за сабой Залатая Арда.

Тым часам у палітычныя падзеі ўмяшалася грозная знешняя сіла — пандэмія лёгачнай чумы, "чорнай смерці", адно з самых цяжкіх бедстваў за ўсю гісторыю сярэднявечча. Гэта быў адзін з тых рэдкіх, але катастрафічных выпадкаў, калі ў выніку мутацыі ўзнікае новая форма хваробы, да якой чалавецтва не мае імунітэту. Такой новай формай і з'явіўся вірус лёгачнай чумы. У актыўнай фазе захворванне суправаджалася характэрным крывахарканнем і ў лічаныя дні зводзіла чалавека ў магілу. Узнялася пандэмія ў Кітаі, адкуль пракацілася па ўсёй Еўразіі. У 1346 годзе чума спустошыла гарады Прыкаспія і Прычарнамор'я, Залатую Арду. У 1348 годзе яна з гандлёвымі караблямі трапіла ў Заходнюю Еўропу і выкасіла там трэць насельніцтва. У 1349—1350 гадах пошасць панавала ўжо ў Скандынавіі і ў Прусіі, дзе сарвала новы паход на Літву.

Па Русі першая хваля чумы прайшлася ў 1352—1353 гадах. Скучаныя гарады былі для яе ідэальнай мішэнню. Пра ход эпідэміі мы маем толькі ўрывачныя звесткі, але і ад іх павявае жахам. Цалкам, да апошняга чалавека, вымер горад Глухаў у Чарнігаўскай зямлі. За дзень у Пераяславе-Залескім, Кастраме, Ніжнім Ноўгарадзе памірала па пяцьдзесят, па сто чалавек пры агульнай колькасці насельніцтва не больш чым дзве-тры тысячы чалавек. Жывыя не паспявалі хаваць мёртвых. Пошасць не абыходзіла ні простых, ні знатных: у 1353 годзе памёр у росквіце гадоў вялікі князь Сямён Горды з двума маленькімі сынамі, а таксама яго малодшы брат Андрэй. Памёр і мітрапаліт Феагност, і наўгародскі епіскап Васіль.

Колькасць насельніцтва, якая не паспела аднавіцца пасля татарскіх пагромаў і кліматычных катаклізмаў, зноў рэзка ўпала. Можна меркаваць, што найбольш пацярпелі гарадскія жыхары. У такім выпадку Літва, дзе гарады толькі пачыналі ўзнікаць, павінна была адчуць вынікі эпідэміі слабей. Відаць, вельмі моцна пацярпела Залатая Арда, аб чым ускосна сведчыць часовае падзенне яе ўплыву ў наступныя гады.

Але жыццё працягвала ісці сваім чынам. На вялікай палітыцы бедства адбілася слаба. Былыя канфлікты ўзнавіліся бадай з тых самых пазіцый, на якіх іх засцігла бяда. Ужо ў лютым 1353 года Альгерд разам з Кейстутам і сынам апошняга Паціргам ажыццяўляе паход на Прусію ў адказ за спусташэнне крыжакамі Жамойці. Абмен набегамі ўзнаўляецца. Хіба што ідзе ён больш вяла, бо запавольваецца прыток у Ордэн новых братоў і каланістаў са спустошанай Еўропы.

У гэты час Літва набывае новыя ўладані на ўсходзе. Адным з іх стала Свіслацкае княства, уладар якого Сямён, напэўна, адышоў з гэтага свету. Княства было далучана непасрэдна да велікакняжацкай маёмасці і падзелена паміж Вільнам і Трокамі згодна дагавору, які заключылі Альгерд з Кейстутам яшчэ пры захопе ўлады: кожны новы набытак дзяліць між сабой пароўну. Свіслацкае княства ў выніку гэтага падзелу знікла як самастойная адзінка, ператварыўшыся ў сукупнасць некалькіх валасцей, даход з якіх ішоў непасрэдна ў Вільна і Трокі. Гэтае двайное падпарадкаванне воласці абапал рэк Свіслач і Бярэзіна (Любашанская, Свіслацкая, Бабруйская) захоўвалі яшчэ ў першай палове XVI стагоддзя.

А ўслед за тым перад Альгердам адкрылася прывабная перспектыва — распачаць экспансію на асноўную частку старажытнарускай тэрыторыі, што заставалася пад кантролем Вялікага княства Уладзімірскага і Залатой Арды. Для гэтага мелася некалькі падстаў. Пра адну з іх размова ўжо ішла вышэй — на рускіх землях абуджалася імкненне да эфектыўнай цэнтралізаванай улады. Між тым новы маскоўскі князь Іван Іванавіч хаця і атрымаў ад хана ярлык на вялікае княжанне, па характары і здольнасцях значна менш падыходзіў на ролю ўз'яднальніка, чым яго бацька і брат Сямён, які загінуў ад чумы. Іван застаўся ў гісторыі пад мянушкамі Красны ці Рахманы, і яго панаванне сапраўды не вызначаецца рашучымі дзеяннямі. Ён выступае хутчэй як руплівы вотчыннік, чым як актыўны палітык.

Між тым і другі стрымліваючы цэнтр — Залатая Арда ўступіў у не самыя лепшыя часы. Я ўжо нагадваў пра страты, нанесеныя эпідэміяй. Аднак была і больш трывалая прычына: ардынская дзяржава знаходзілася якраз у "супрацьфазе" свайго эвалюцыйнага развіцця. Ад былой маналітнасці яна няўмольна пераходзіла да той дэцэнтралізацыі, з якой Русь ужо пачынала выходзіць. Хан Джанібск першым па-сапраўднаму сутыкнуўся з сепаратызмам мясцовай знаці, з эканамічных меркаванняў зацікаўленай у "бліжнім" гаспадары. Яго сыну Бердзібеку, што пачаў панаваць у 1356 годзе, давялося яшчэ горш. Намеснікі аддаленых улусаў, такія, як магутны правіцель Харэзма Цімур-Кутлуг, фактычна ператвараліся ў самастойных царкоў, абзаводзіліся пышнымі тытуламі і пачыналі амаль адкрыта ігнараваць сталічны Сарай-Берке. Сепаратысцкія тэндэнцыі мелі прыхільнікаў, як і на Русі ў свой час, сярод бліжэйшых ханскіх родзічаў, яго родных і стрыечных братоў.

Бердзібек, зразумела, не мог асэнсаваць глыбінных працэсаў, што разрывалі дзяржаву. Ён бачыў толькі свавольства родзічаў, якое пагражала цэнтральнай уладзе. Таму, не вельмі ламаючы галаву, ён адразу пасля ўзыходу на трон учыніў вялікае кровапусканне, перарэзаўшы ўсіх бліжэйшых сваякоў. Не злітаваўся нават над васьмімесячным братам. Гэтая наіўная спроба змагацца з вынікам без разумення прычыны ні да чаго добрага, зразумела, прывесці не магла. І калі праз тры гады Бердзібек і сам нечакана памёр, адсутнасць законнага наследніка пасада ўвагнала Залатую Арду ў жорсткую палітычную анархію і толькі паскорыла яе распад на паўсамастойныя улусы.

Усё гэта вельмі спрыяла прэтэнзіям Альгерда на ролю збіральніка спадчыны Кіеўскай Русі. Пакуль ад Арды адвальваліся перыферыйныя кавалкі (адным з іх, напрыклад, была Малдова, якая спачатку трапіла пад кантроль Венгрыі, але хутка ператварылася ў самастойную дзяржаву), а Іван Маскоўскі ледзь адбіваўся ад юнага і энергічнага Алега Разанскага, Альгерд, здаецца, планамерна рыхтаваўся да націску на Русь. Адбыліся новыя палітычныя шлюбы. Дачка Альгерда выйшла за Барыса, малодшага брата новага суздальска-ніжагародскага князя Андрэя Канстанцінавіча (патэнцыяльнага канкурэнта Івана Маскоўскага). У гэтых абставінах новы сэнс набываў і шлюб самога Альгерда з Ульянай Цвярской, браты якой Усевалад і Міхаіл ўсё настойлівей высоўваліся наперад (пакуль што толькі ў барацьбе за Цвер са сваім дзядзькам Васілём Міхайлавічам). З другога боку, і дачка новага маскоўскага князя паехала ў Літву жонкай Дзмітрыя Карыятавіча, што магло "па-свойску" змякчаць вастрыню магчымых канфліктаў за кантроль над Руссю. .

У 1355 годзе Альгерд зрабіў першую спробу выказаць сябе ўладаром усёй Русі. Спроба датычыла рэлігійных спраў. Пасля смерці ад чумы мітрапаліта Феагноста вакантнай была пасада вышэйшай духоўнай асобы. На гэтае месца Альгерд прапанаваў свайго кандыдата — Рамана, родзіча яго жонкі Ульяны Цвярской. Аднак спроба не ўдалася — візантыйскі патрыярх назначыў мітрапалітам стаўленіка Масквы Аляксея.

Тады Альгерд зноў дамогся аднаўлення на падуладных яму рускіх землях асобнай мітраполіі. Са згоды патрыярха Раман зрабіўся мітрапалітам літоўскім з рэзідэнцыяй у Ноўгародку. У яго падпарадкаванне перайшлі Полацкае, Тураўскае епіскапствы, а пазней да іх былі далучаны Уладзімірскае, Луцкае, Холмскае, Галіцкае і Перамышльскае ў Малой Русі. Паміж двума мітрапалітамі (а фактычна паміж Літвой і Масквой, што стаялі за іх спінамі) адбылася барацьба за кантроль над Паўднёвай Руссю. У 1356 годзе патрыярх пацвердзіў, што Аляксей з'яўляецца мітрапалітам кіеўскім і ўладзімірскім (гэта значыць Кіеў заставаўся па-за кантролем Рамана). Аднак ноўгародскі мітрапаліт не прызнаў рашэнне патрыярха і абвясціў сябе таксама мітрапалітам кіеўскім. У 1358 годзе, калі Аляксей рызыкнуў прыехаць у Кіеў, ён быў там захоплены прыхільнікамі Альгерда і кінуты ў вязніцу, дзе прасядзеў каля двух гадоў. Гэтыя падзеі сведчылі не толькі пра царкоўнае, але і пра палітычнае падпарадкаванне Паўднёвай Русі Вялікаму княству Літоўскаму. Праўда, пасля смерці Рамана (каля 1361 года) адзінства мітраполіі аднавілася. У 1364 годзе ў Канстанцінопалі падрыхтавалі (напэўна, пад націскам Аляксея) праект акта аб захаванні адзінства рускай мітраполіі "на ўсе наступныя гады", але ён не быў прыняты — патрыярх жадаў пакінуць за сабой свабоду манеўра ў рускіх справах.

Тым часам націск Літвы адчулі на сабе Смаленскае і Бранскае княствы, якія і раней бывалі часам звязаны з ёю даволі цесна. У 1355 годзе ў адным з шасці буйных смаленскіх цэнтраў, горадзе Белай з'явіўся літоўскі намеснік. У наступным годзе ў Бранску памёр князь Васіль (магчыма, сын былога ўладара Дзмітрыя), які незадоўга да таго прыбыў туды з ханскім ярлыком. Выкарыстоўваючы наступіўшую затым у Бранску замятню і мала зважаючы на Арду, Альгерд уладкаваў у горадзе свайго другога сына Дзмітрыя. У тым жа 1356 годзе і ў Ржэве з дапамогай Літвы асталяваўся яе стаўленік, князь-ізгой з Яраслаўскага княства, які, праўда, праз два гады быў выбіты адтуль. А ў 1359 годзе, пасля смерці былога літоўскага саюзніка Івана Смаленскага, Альгерд адхапіў ад Смаленскага княства ледзь не палову — усё Пасожжа з Мсціславам і, як можна меркаваць, з Прапошаскам, Паповай Гарой, Мглінам, Дрокавам. Такім чынам ізаляванае раней ад літоўскай тэрыторыі Бранскае княства непасрэдна злучылася з ёй. Лёс Мсціслава падзяліў затым і Таропец.

У 1358 годзе Альгерд адкрыта абвяшчае сваю палітычную праграму, заявіўшы паслам германскага імператара, што "ўся Русь павінна належаць Літве". Хутка ён пасягне і на непасрэдныя ўладанні Залатой Арды, ахопленай жорсткім палітычным крызісам (там пасля смерці Бердзібека з вясны 1359 да 1363 года змянілася дзесяць ханаў, прычым Арда раскалолася па Волзе на дзве варожыя адна другой паловы). У гэты момант Альгерд уладкоўвае сваіх сыноў Уладзіміра і Канстанціна ў былых ардынскіх правінцыях ("цьмах") — Кіеўскай і Чарнігаўскай землях. На жаль, падрабязнасці гэтай істотнай пздзеі дакладна невядомыя. Пазней Кіеўская зямля рэгулярна аднаўляла з вялікімі князямі літоўскімі такі ж самы федэратыўны дагавор, як Полацк і Віцебск, што дае падставу адносіць пачатак гэтай практыкі менавіта да праўлення Уладзіміра Альгердавіча. Тое ж, напэўна, адбылося і ў Чарнігаве. Такое далучэнне істотна адрознівалася ад далучэння Менскага і Свіслацкага княстваў. Мясцовыя воласці і гарады (Мазыр, Оўруч, Чарнобыль, Жытомір, Канеў, магчыма, Пераяслаў у Кіеўскай зямлі, Рэчыца, Любеч, Гомель, Старадуб, Ноўгарад-Северскі, Пуціўль, Глухаў, Курск — у Чарнігаўскай) атрымлівалі намеснікаў па-ранейшаму з Кіева і Чарнігава, якім плацілі і падаткі. Гэтая вялізная, але слаба заселеная з паслябатыевых часоў тэрыторыя павялічыла плошчу Вялікага княства адразу прыкладна на трэць, хоць яе сувязі з Вільнам былі даволі слабымі, фактычна трымаліся на асабістым пагадненні Уладзіміра і Канстанціна са сваім бацькам. Нешта падобнае адбывалася і з меншым па памерах Бранскім княствам Дзмітрыя Альгердавіча. На якіх умовах далучыўся Мсціслаў — сказаць цяжка.

У 1363 годзе Альгерд зрабіў яшчэ адзін паход — супраць татарскіх царэвічаў, што ўладкаваліся на Падоллі і адкалоліся ад Арды. У бітве пры Сініх Водах (як мяркуецца — на рэчцы Сінюсе, прытоку Паўднёвага Буга) войска трох царэвічаў было разбіта, што дазволіла Альгерду далучыць і Падолле да сваіх уладанняў, а адначасова дапамагло і маладой Малдаўскай дзяржаве замацаваць сваю незалежнасць. Бадай упершыню з часоў Бурундая ў прычарнаморскіх стэпах панавала не татарская, а руска-літоўская конніца. З зямель былой Кіеўскай Русі практычна ўся паўднёва-заходняя палова ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага.

Дарэчы, далучаныя ў другой палове 1350-ых—пачатку 1360-ых гадоў тэрыторыі Альгерд ужо не дзеліць са сваім суправіцелем Кейстутам, а падпарадкоўвае непасрэдна сабе. Гэта сведчыць, што першапачатковыя ўмовы падзелу дзяржавы на дзве часткі змяніліся. Што ж адбывалася ў гэты час на Троцкай палове?

Там, як мы памятаем, адразу пасля эпідэміі чумы аднавілася бясконцая барацьба Літвы з крыжакамі. Не дапамаглі і спробы спыніць яе дыпламатычным шляхам: перад пасламі імператара Літва выступіла з прапановай перавесці Тэўтонскі ордэн з Прыбалтыкі, дзе ён, паводле меркаванняў літоўцаў, сваю ролю выканаў, у прычарнаморскія стэпы — для барацьбы супраць татар. Шанцаў на поспех такой прапановы, зразумела, не было. Больш радыкальным сродкам з'явілася б хрышчэнне Літвы, але да гэтага яе кіраўнікі не былі яшчэ гатовыя. Наадварот, там у гэты момант паганства квітнее, сустракаючы падтрымку як у Альгерда, так і ў Кейстута. Калі сыны Альгерда ад Марыі Віцебскай і хрысціліся ў праваслаўе, то толькі з мэтай уладкавацца ў рускіх землях. Сыны ж Кейстута, як і сыны Альгерда ад Ульяны Цвярской, пры жыцці бацькоў увогуле не атрымалі хрышчэння. Пры ўсёй верацярпімасці Літоўскай дзяржавы язычніцтва яе ўладароў, як і ўласна літоўскага насельніцтва, апраўдвала ў вачах каталіцкай Еўропы дзейнасць Тэўтонскага ордэна.

Вялікім магістрам Ордэна ў 1351 годзе стаў Вінрых фон Кніпродэ, які займаў гэтую пасаду больш за трыццаць гадоў. Пры ім вайна дасягнула найвышэйшага размаху. Хаця асабістыя адносіны Кніпродэ і Кейстута адпавядалі ўсім патрабаванням рыцарскага этыкету, яны заставаліся варожымі.

На працягу 1350-ых гадоў Кейстут дзейнічаў на захадзе даволі паспяхова. На кожны паход крыжакоў ён адказваў спусташальнымі ўварваннямі ў Прусію. Такія набегі адбыліся ў 1353, 1354, 1356 і 1358 гадах. Ў 1357 годзе літоўцы вярнулі сабе крэпасць Вялону па суседству з разбураным пасля смерці Гедыміна Баербургам. Поспехам спрыяла і замірэнне з Казімірам Польскім у барацьбе за Галіцка-Валынскую Русь, якое пратрымалася да 1366 года. Правай рукой Кейстута ў гэты перыяд з'яўляецца яго старэйшы сын Пацірг. Звычайна ў паходах яны дзейнічаюць разам.

З пачаткам новага дзесяцігоддзя пачаліся няўдачы. У 1361 годзе літоўцы пацярпелі паражэнне, прычым сам Кейстут трапіў у палон, а Пацірг быў збіты з каня і ледзь выратаваўся пешшу. Кейстуту, праўда, удалося вызваліцца з затачэння ў мальбаркскім замку з дапамогай ахрышчанага літоўца, прыстаўленага да яго крыжакамі ў якасці слугі. Годам раней ордэнскі вялікі маршалак Генрых Шындэркопф спаліў крэпасць Коўна, якую беспаспяхова бараніў другі сын Кейстута Войдат. У 1363 годзе Ордэн зрабіў яшчэ адно безадказнае ўварванне ў Жамойць, а ў 1364-ым пасля доўгай аблогі капітуліравала Вялона. Маршалак Шындэркопф абяцаў захаваць жыццё бараніўшым яе літоўскім баярам Гастаўту, Сурміне і Мацевіку, аднак усіх іх пасля капітуляцыі забілі. Тады ж быў зноў спалены і новы замак літоўцаў у Коўне.

Магчыма, гэтыя поспехі крыжакоў з'яўляліся вынікам празмернага захаплення Альгерда пашырэннем уладанняў на Русі. Патэнцыялу адной Троцкай паловы не хапала для эфектыўнага супрацьдзеяння крыжовым паходам, у якіх удзельнічала рыцарства ледзь не з ўсёй Заходняй Еўропы. У 1365 годзе сітуацыя яшчэ пагоршылася ў выніку змовы некалькіх знатных літоўскіх княжычаў супраць Кейстута. Як можна вызначыць з супярэчлівых звестак пра яе ўдзельнікаў, сярод іх быў сын Кейстута Бутаўт (Бутаў). Віленскі намеснік Дзірсуне даведаўся пра плануемы замах, але змоўшчыкі забілі яго і ўцяклі да крыжакоў. У тым жа годзе адбыліся ажно два крыжовыя паходы. У адным з іх выступіў родзіч польскага караля Уладзіслаў Белы з Гнеўкава, другі ўзначальваў германскі арыстакрат Ульрых фон Хатнаў, а ўдзельнічалі ў ім пераважна англічане і шатландцы. У гэтым паходзе адбыўся анекдатычны выпадак: крыжакі ўварваліся ў ваколіцы Горадна, аднак яго намеснік Пацірг Кейстутавіч накіраваў насустрач ім папоў з крыжамі і харугвамі. Іншаземцы, не знаёмыя з мясцовымі ўмовамі, збіраліся ваяваць з паганцамі, а калі ўбачылі хрысціянскую атрыбутыку, то разгубіліся і збянтэжана павярнулі назад. Аднак Кейстут застаўся чымсьці раззлаваны на Пацірга (магчыма, той таксама быў замешаны ў змове) і перавёў яго з Горадна на ўсходнюю мяжу. З гэтага моманту звестак пра Пацірга няма — напэўна, ён хутка затым памёр. Што ж датычыць Бутаўта, то ён быў ахрышчаны пад імем Генрыха і пазней завіхаўся пры двары германскага імператара ў 1370-ыя гады.

У 1366 годзе адбылася яшчэ адна ўспышка канфлікту на Валыні, але яна хутка скончылася новым пагадненнем з Казімірам. Любарт Гедымінавіч захаваў за сабой Луцкае княства. Яго пляменнікі таксама засталіся княжыць на Валыні, аднак прынеслі прысягу польскаму каралю. З іх Юрый Нарымонтавіч да зацверджаных за ім раней Белза і Крамянца атрымаў Холм, а сын памёршага ў 1359 годзе Карыята Аляксандр — Уладзімір-Валынскі. Старэйшы брат Аляксандра Юрый Карыятавіч уладкаваўся на Падоллі, адваяваным Альгердам у татар. Магчыма, ужо тады ці ў хуткім часе паўночную частку Валыні — горад Ратна з воласцю — атрымаў пяты сын Альгерда Фёдар. Берасцейская ж зямля з Падляшшам па-ранейшаму засталіся ў руках Кейстута, а Галіцкая з Львовам і Перамышлем — у руках Казіміра Польскага.

У Ардзе ў гэты час паступова ўзыходзіла зорка новага палітычнага дзеяча — правіцеля Крымскай "цьмы" Мамая. Ён не быў нашчадкам Чынгісхана і не мог таму проста заняць ханскі трон. Аднак ужо пры Бердзібеку, з дачкой якога быў жанаты, Мамай займаў вышэйшую прыдворную пасаду беклярыбека. Падчас усобіцы, што разгарэлася затым у Ардзе, Мамай выставіў адным з кандыдатаў ва ўладары марыянетачнага хана, царэвіча Абдулаха. Праўда, яму не ўдалося атрымаць уладу над усёй Ардой, але ад імя Абдулаха Мамай фактычна кіраваў з вясны 1361 года заходняй паловай дзяржавы — стэпавымі прасторамі ад Паўднёвага Буга да Волгі.

Паколькі галоўныя сілы Мамая накіроўваліся на барацьбу за ўладу над Ардой, яму нічога не заставалася як пагадзіцца з адыходам паўднёварускіх зямель у рукі Альгерда. Хутка паміж імі намеціўся нават саюз, накіраваны супраць Масквы. Можна з некаторай асцярожнасцю дапусціць, што афіцыйна гэты саюз быў аформлены як атрыманне Альгердам ярлыка на фактычна захопленыя ім княствы з рук Мамаева стаўленіка. Прамых доказаў гэтаму няма, аднак яшчэ ў першай палове XVI стагоддзя палітычныя саюзы паміж вялікімі князямі літоўскімі і нашчадкамі золатаардынскіх ханаў — крымскімі ханамі афармляліся менавіта такім чынам. Захавалася некалькі падобных ярлыкоў, якія стэрэатыпна аднаўляліся пры ўзыходжанні на пасад новых уладароў княства ці крымскіх правіцеляў нават ў XVI стагоддзі. У іх пацвярджалася права літоўскіх князёў на валоданне былымі ардынскімі "цьмамі": Кіеўскай, Уладзімірскай, Луцкай, Падольскай, Чарнігаўскай, Курскай, Смаленскай. Сярод зямель, на якія ханы лічылі сябе ў праве даваць ярлыкі, не было звычайна ні гарадоў Панямоння, ні Пінска, ні Менска, ні Віцебска (Полацк з'яўляецца нечакана ў ярлыку 1540 года, але ў больш ранніх яго няма). Як і ў выпадку федэратыўных дагавораў вялікіх князёў са знаццю рускіх княстваў, усе гэтыя дакументы ўзыходзяць да вельмі ранніх прататыпаў, што перапісваліся пазней з унясеннем неабходных змен, але з захаваннем асноўных асаблівасцей першапачатковай граматы. Найбольш раннім з магчымых часоў іх узнікнення і з'яўляецца якраз перыяд збліжэння Альгерда з Мамаем.

Да гэтага моманту стала ясна, што прэтэнзіі Альгерда на аб'яднанне ўсёй Русі будуць мець падставу толькі пасля таго, як будзе знішчаны другі аб'яднаўчы цэнтр — Маскоўскае княства. Там пасля смерці ў 1359 годзе Івана Краснага князем стаў яго дзевяцігадовы сын Дзмітрый. Здавалася б, непаўналецце новага ўладара магло выклікаць баярскую анархію і знясільванне дзяржавы. Аднак маскоўскія баяры, узначаленыя мітрапалітам Аляксеем (які ў 1360 годзе вярнуўся з літоўскага палону) здолелі згуртавацца ў інтарэсах аб'яднальнай палітыкі. У 1362 годзе ім удалося інтрыгамі і шчодрымі падарункамі адспрэчыць на карысць свайго князя велікакняжацкі ярлык, аддадзены перад тым суздальскаму князю Дзмітрыю Канстанцінавічу. Абураны Дзмітрый Суздальскі ўзяўся за зброю, аднак масквічы здолелі адстаяць сваё першынство.

Пакуль маскоўскі князь набіраўся гадоў, яго верныя баяры па сваім разуменні ўмацоўвалі яго ўладу, праганялі непаслухмяных Маскве дробных князёў Растова, Галіча, Старадуба, замянялі іх сваімі стаўленікамі. У 1366 годзе маскоўскі Крэмль абнеслі магутнымі мурамі — першымі ва Уладзіміра- Суздальскай Русі.

Усё гэта не магло спадабацца Альгерду. Ён задумаў зламаць Маскве хрыбет, абапіраючыся на сваіх даўніх сяброў і сваякоў — сыноў Аляксандра Цвярскога, родных братоў Альгердавай жонкі Ульяны. Праўда, старэйшы з іх, Усевалад Холмскі, памёр у 1365 годзе прыкладна ў саракагадовым узросце. Але яго энергічны брат Міхаіл у тым жа годзе прагнаў нарэшце дзядзьку, Васіля Міхайлавіча, з вялікага княжання Цвярскога ў яго Кашынскую вотчыну. Спроба Масквы ў 1367 годзе аднавіць былое становішча поспеху не мела. З дапамогай літоўскага войска Міхаіл Аляксандравіч канчаткова ўладкаваўся ў Цверы, да таго ж праз год яго дзядзька і сапернік памёр. Другі канкурэнт Міхаіла, яго стрыечны брат Ерамей Канстанцінавіч Клінскі, перайшоў на службу да Масквы.

Літва набыла ў асобе Міхаіла моцнага і адданага саюзніка. Цяпер палітыка Альгерда заключалася ў тым, каб нанесці ваеннае паражэнне Маскве і . дамагчыся пераходу вялікага княжання ўладзімірскага ў рукі Міхаіла. Калі б гэта атрымалася, уплыў Альгерда на ўсёй Русі стаў бы бясспрэчным.

Падзеі паскорыла спроба масквічоў пазбавіцца Міхаіла, якога яны падманнай клятвай заманілі на перамовы і захапілі ў палон. Мітрапаліт Аляксей, вядома ж, адпусціў маскоўскім баярам грэх парушэння клятвы. Цвярскога князя выратавала толькі пагроза вайны з боку Мамая, якому таксама вельмі не да густу прыйшлося ўзвышэнне Масквы — у ёй ён слушна бачыў пагрозу панаванню ардынцаў на Паўночна-Усходняй Русі. Менавіта на гэтай глебе і адбылося збліжэнне Мамая з Альгердам — верагодна, з ім татарам было лягчэй дамовіцца, чым са свавольнымі маскоўцамі.

У 1368 годзе Альгерд здзейсніў моцны наступ на Маскву. Сутыкненне адбылося ў даволі спрыяльных для яго ўмовах: малады Дзмітрый Маскоўскі знаходзіўся ледзь не ў палітычнай ізаляцыі. Уладары іншых цэнтраў Паўночна-Усходняй Русі (Міхаіл Цвярскі, Дзмітрый Суздальскі, Алег Разанскі) выступалі ворагамі Масквы, адназначна варожа ставіўся і Мамай. Дзмітрый Маскоўскі мог разлічваць толькі на залежных ад яго дробных князёў. У руках жа Альгерда быў цэлы шэраг буйных рускіх княстваў. Прыняў удзел у паходзе і Кейстут з сынам Вітаўтам. Апрача таго, мусіў ісці на Маскву і новы смаленскі князь Святаслаў Іванавіч, уладанні якога ледзь не з усіх бакоў ахапіла Літва. Святаславу давялося парваць дагавор з Масквой, які ён заключыў раней. За гэта мітрапаліт Аляксей пазней нават адлучыў яго ад царквы.

Аднак на самой справе не ўсё ішло так гладка. Ідэя аб'яднання вакол Масквы многім рускім здавалася больш прывабнай, чым падпарадкаванне іншаземцу, да таго ж яшчэ і паганцу. У Паўночна-Усходняй Русі фактычна разгортваўся нацыянальна-вызваленчы рух з моцнай рэлігійнай афарбоўкай, нават з элементамі фанатызму, накіраваны супраць татарскага ярма. Полымя. першым праменьчыкам якога было Цвярское паўстанне ў 1327 годзе, нарэшце пачынала разгарацца. Гэты рух чымсьці нагадваў той патрыятычны ўздым, што адбыўся крыху пазней у Францыі пры Жанне д'Арк, ці гусіцкі рух у Чэхіі. Аўтарытэт вызваленчай барацьбе надаваў сам мітрапаліт, а таксама вельмі папулярны ігумен Сергій Раданежскі, які заклікаў усіх рускіх аб'яднацца супраць знешніх ворагаў. І Масква ўспрымалася ў гэтых умовах як найбольш рэальная сіла, што магла прывесці да вызвалення. Таму, нягледзячы на часам брудныя метады маскоўскай палітыкі, ёй многае даравалася. Усе ж дзеячы, што карысталіся падтрымкай Арды, не маглі разлічваць на вялікую папулярнасць.

Такія моманты патрыятычнага ўздыму ў жыцці народаў адбываюцца нячаста, і яны звычайна з'яўляюцца буйнейшымі вехамі этнагенезу, глыбока западаюць у народную памяць, адлюстроўваюцца ў фальклоры. Дзеянні ж Альгерда, хаця і вельмі плённыя па аддаленых выніках, такім уздымам не суправаджаліся. Паказальна, што яны не адклаліся ў народных паданнях так, як бітвы пры Койданаве і Магільне, як Кулікоўская бітва. Нават перамога пры Сініх Водах, якая замацавала фактычнае вызваленне ад татарскай улады значнай часткі насельніцтва на тэрыторыі сучаснай Украіны, мела значна слабейшы водгук, чым перамога на Куліковым полі, што адсунула спаленне Масквы толькі на два гады.

Сімпатыі да Масквы распаўсюджваліся, здаецца, і на падпарадкаваных Альгерду рускіх землях. Іх выразнікам стаў нават уласны сын Альгерда — Андрэй Полацкі. Усяго за некалькі месяцаў да паходу на Маскву ён зрабіў напад на воласці Міхаіла Цвярскога, галоўнага саюзніка свайго бацькі. Наўрад ці ён рызыкнуў бы на такі ўчынак, калі б не адчуваў за сабой нейкай падтрымкі.

Але Альгерд рашуча пайшоў супраць гэтай плыні. Увосень 1368 года з вялікім войскам ён імкліва рушыў проста на Маскву, знянацку з'явіўшыся на яе межах. Спешна сабраны маскоўскі заслон быў разбіты, і ў лічаныя дні Альгерд апынуўся пад мурамі новага Крамля.. Малады князь Дзмітрый Іванавіч з мітрапалітам Аляксеем зачыніліся ў крэпасці, пакідаючы ваколіцы на спусташэнне ворагу. Быў спалены пасад, моцна пацярпела ўсё наваколле. Вынікі "літоўшчыны", як празвалі гэтае ўварванне, маскоўскі летапісец параўноўваў з вынікамі татарскага карнага паходу на Цвер у 1328 годзе.

У крытычнай сітуацыі ўсё вырашыла пазіцыя гараджан, што заселі ў Крамлі. Калі б яны адчынілі браму перад Альгердам — магчыма, Масква ніколі б не стала сталіцай Рускай дзяржавы. Аднак масквічы змагаліся ўпарта. Альгерд, які дзеля хуткасці выйшаў на Маскву ўлегцы, без камнямётаў і таранаў, пераканаўся ў немагчымасці ўзяць з налёту новыя маскоўскія ўмацаванні. Прастаяўшы ля муроў тры дні і не рызыкнуўшы на халодную і галодную зімовую аблогу, літоўскае войска рушыла дамоў.

Так, нягледзячы на знешні эфект, Альгерд не здолеў дамагчыся сваёй галоўнай мэты. Ужо ў наступным годзе маскоўскія палкі зрабілі паход у адказ на Смаленск, а яшчэ праз год — на Цвер. Відавочна, сілы Маскоўскага княства далёка не былі падарваныя. Літве ж даводзілася ў той час звяртаць пільную ўвагу і на захад, на крыжакоў. Тыя яшчэ ў 1367 годзе заснавалі свой новы фарпост Марыенбург ледзь не пад самым Коўнам, на левым беразе Нёмана. Навакольныя літоўскія воласці цярпелі спусташэнне.

Таму ў 1370 годзе Альгерд і Кейстут зрабілі вялікі паход у Прусію — больш чым за тысячу кіламетраў ад Масквы, мэты папярэдняга выступлення. Свой атрад у падтрымку ім выслаў саюзнік Мамай. Аднак і гэтае прадпрыемства не прынесла чаканых вынікаў. Праўда, у жорсткай бітве на лёдзе замёрзлага балота ля Рудавы загінуў вялікі маршалак Тэўтонскага ордэна Шындэркопф, але і літоўскае войска панесла цяжкія страты і вымушана было адысці. У адказ на Літву рушыў новы крыжовы паход добраахвотнікаў з Аўстрыі і Баварыі, які давялося адбіваць з вялікімі цяжкасцямі.

Між тым і трэці напрамак вымагаў увагі: у Польшчы ў тым жа 1370 годзе памёр, не пакінуўшы сыноў, кароль Казімір. Адразу ж пасля гэтага Любарт выгнаў яго васала Аляксандра Карыятавіча з Уладзіміра-Валынскага. Князь Белза і Холма Юрый Нарымонтавіч перайшоў у ленную залежнасць да Літвы. Польшча фактычна страціла кантроль над ўсёй Валынню. Каб замацаваць гэты поспех, Альгерд, Кейстут і Любарт у час польскага бескаралеўя ажыццявілі сумесны набег у глыб Польшчы.

У той жа час Міхаіл Цвярскі атрымаў ад Мамая ярлык на вялікае княжанне ўладзімірскае, аднак маскоўскі князь палічыў сябе дастаткова моцным, каб праігнараваць гэты факт. Яго намеснікі не дазволілі Міхаілу ўехаць ва Уладзімір, маскоўскае войска ледзь не перахапіла яго. Міхаіл быў вымушаны ратавацца ў Літве. Дзмітрый Іванавіч паслаў войска і на Бранск, дзе княжыў Дзмітрый Альгердавіч. Альгерд ледзь паспяваў мітусіцца з канца ў канец сваіх вялізных, але занадта турботных уладанняў. На пачатку зімы ён выступіў у трэці на працягу аднаго года далёкі паход — зноў на Маскву (проста незвычайны спрыт для чалавека, якому пайшоў ужо восьмы дзесятак, ці не праўда?).

Зноў літоўскае войска рухалася наперад вельмі імкліва, але і на гэты раз "другая літоўшчына" спынілася ля муроў Крамля, дзе зачыніўся Дзмітрый Іванавіч. Цяпер Альгерд з Кейстутам і Святаславам Смаленскім прастаялі пад Масквой восем дзён, але капітуляцыі не дамагліся. Надзвычай ранняя зіма ў снежні змянілася моцнай адлігай: снег сышоў, а разам з ім і санны шлях. Падрыхтаванае да дзеянняў у зімовых умовах войска Альгерда трапіла, па сутнасці, у пастку бездарожжа. Таму бывалы воін палічыў за лепшае дасягнуць мірнага пагаднення з абложаным у Крамлі праціўнікам. Перамір'е было замацавана згодай на шлюб дачкі Альгерда (у хрышчэнні Алены) са стрыечным братам Дзмітрыя Маскоўскага, Уладзімірам Андрэевічам. Што ж датычыць Міхаіла Цвярскога, то яму заставалася самому паклапаціцца пра сябе.

Міхаіл зноў падаўся ў Арду да Мамая і яго новага марыянетачнага хана Мухамед-Булака, які змяніў Абдулаха ў 1369 годзе. Але і новы ханскі ярлык, прывезены татарскім паслом Сарыходжай, не дапамог — Дзмітрый зноў адмовіўся прызнаць яго. Пасля перамоў з Сарыходжай маскоўскі князь вырашыў, аднак, асабіста ехаць да Мамая з дарамі. Гэты рызыкоўны крок апраўдаў сябе: Мамай, які меў вялікую патрэбу ў грашах дзеля барацьбы за Сарай, нарэшце прымірыўся з Дзмітрыем. Міхаіл вярнуўся ў сваю Цвер.

Такое развіццё падзей не магло задаволіць старога Альгерда: усе яго намаганні знясіліць Маскоўскае княства не прыводзілі да выніку. Таму ў 1372 годзе ён зрабіў апопшюю спробу: выслаў на дапамогу Міхаілу войска свайго брата Кейстута і сына Андрэя, а таксама князя Дзмітрыя Друцкага. Гэтае войска сумесна з цверычамі хуткім набегам спустошыла ваколіцы Пераяслава-Залескага і Дзмітрава. Неўзабаве і сам Альгерд, разарваўшы мір, выправіўся ў свой трэці паход на Маскву. Аднак гэтым разам засцігнуць ворага знянацку яму ўжо не ўдалося — маскоўскае войска загадзя выступіла насустрач. Ля горада Любуцка, на стыку Тарускага і Навасільскага княстваў, сапернікі сышліся на розных баках глыбокага яра, але ніхто з іх не рызыкнуў перайсці гэты яр. Прастаяўшы так некалькі дзён, Альгерд і Дзмітрый Маскоўскі пагадзіліся разысціся з мірам. Вялікі князь літоўскі вымушаны быў змірыцца з тым, што яго вораг па-ранейшаму застаўся гегемонам у Паўночна-Усходняй Русі.

ПАКАЛЕННЕ ШОСТАЕ: ЯГАЙЛА, ВІТАЎТ І ІХ СТАРЭЙШЫЯ СУЧАСНІКІ (1370-ыя - 1390-ыя гады)


Так, надышла ўжо пара наступнага пакалення, хаця гэтым разам змена галоўных дзеючых асоб не супадае па часе з яго выхадам на гістарычную арэну. Род Гедыміна вызначаецца здароўем і доўгім векам насуперак усім бедствам суровага часу. Яго прадстаўнікі жывуць значна даўжэй тых прыблізна шасцідзесяці гадоў, што ствараюць сярэднюю працягласць жыцця іх сучаснікаў. Таму на пачатку 70-ых гадоў XIV стагоддзя працягваюць актыўна дзейнічаць (і яшчэ не хутка адыдуць у лешпы свет) трое сыноў Гедыміна: сямідзесяціпяцігадовы Альгерд, Кейстут, што набліжаецца да свайго сямідзесяцігоддзя, і малодшы з братоў — Любарт, якому каля шасцідзесяці. Па ўзросце апошні ненамнога адрозніваеода ад сваіх старэйшых пляменнікаў, Карыятавічаў і Нарымонтавічаў. З іх пра Міхаіла Нарымонтавіча Пінскага дакладных звестак няма, невядомы нават год смерці. Пазней, у 1380-ыя гады, будзе дзейнічаць у Пінску яго сын Васіль. З астатніх Нарымонтавічаў Юрый па- ранейшаму княжыць на Валыні, пра Аляксандра ж, што ў маленстве прадстаўляў бацьку ў Вялікім Ноўгарадзе, і пра малодшага, Патрыкея, цяжка сказаць пэўна, якімі гарадамі валодалі яны ў Вялікім княстве. З Карыятавічаў старэйшы, Юрый, валодае Падоллем. Пры ім жа, напэўна, знаходзяцца яго браты Аляксандр, Канстанцін і Фёдар, цесна звязаныя сваімі інтарэсамі з Польшчай і Венгрыяй.

Дасягнулі поўнай сталасці і старэйшыя сыны Альгерда і Кейстута — калі б іх бацькі не вызначаліся даўгалеццем, зараз настаў бы іх час панавання. Пяцёра сыноў Альгерда ад Марыі Віцебскай: Андрэй Полацкі, Дзмітрый Бранскі, Уладзімір Кіеўскі, Канстанцін Чарнігаўскі і Фёдар Ратненскі — з'яўляюцца князямі паўсамастойных уладанняў. Напэўна, мае ўдзел і Войдат Кейстутавіч. Яго брат, здраднік Бутаўт-Генрых, знаходзіцца за мяжой, у Германіі. Праблематычна існаванне яшчэ аднаго са старэйшых сыноў Кейстута — Войшвіла, звесткі пра якога няпэўныя.

Нарэшце, сярод Гедымінавічаў у гэты час існуюць яшчэ ўдзельныя князі — Міхаіл Яўнуцьевіч Заслаўскі з братам Сямёнам, пра якіх таксама звестак мала. Што датычыць малодшых сыноў Альгерда і Кейстута, якія нарадзіліся ў сярэдзіне — другой палове XIV стагоддзя, то яны пры жыцці бацькоў удзелаў не маюць. Аднак хутка менавіта гэтая моладзь адсуне ў цень сваіх больш сталых сучаснікаў, і ў першую чаргу я маю на ўвазе магутныя постаці Ягайлы Альгердавіча і Вітаўта Кейстутавіча. Яны нарадзіліся каля 1350 года (традыцыйна лічыцца, што Ягайла нарадзіўся ў 1348 годзе) і сябравалі з юнацтва. Несумненна, абодва выдзяляліся здольнасцямі сярод сваёй шматлікай радні і былі найбольш любімымі сынамі бацькоў. Праявілі сябе яны рана, прыкладна ў дваццацігадовым узросце ўдзельнічалі ў паходах пад Рудаву і на Маскву, і актыўнасці іх хопіць яшчэ надоўга.

Гістарычная сцэна, на якой будзе дзейнічаць новае пакаленне, зазнала з пачатку.1350-ых да пачатку 1370-ых гадоў вельмі значныя змены — іх можна параўнаць бадай што толькі з тымі, якія адбыліся пасля нашэсця Бату- хана і знішчэння Кіеўскай Русі. Гэтым разам, праўда, не ўсе змены такія разбуральныя, хаця колькасць насельніцтва значна паменшала пасля дзвюх хваляў эпідэміі чумы (у 1350—1353 і 1360—1362 гадах). "И опусте вся земля и поросте лесом, и бысть пустыни всюду непроходимые",— так характарызуе вынікі "чорнай смерці" летапісец.

Зноў адбылася перабудова палітычных сувязей. Тэрыторыя колішняй старажытнарускай дзяржавы апынулася падзеленай на дзве паловы — паўночна-ўсходнюю з цэнтрам у Маскве і паўднёва-заходнюю, якая ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага. Гэтая дзяржава пры Альгердзе стала не толькі адной з найвялікшых, але і адной з магутнейшых у Еўропе. У гэты ж час, пры каралю Казіміру Вялікім, скончылася ў асноўным палітычнае аб'яднанне польскіх княстваў (з іх самастойнасць і ўласную дынастыю захавала толькі Мазовія, якая праіснуе ў такой якасці да пачатку XVI стагоддзя). Тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага пасля далучэння Браншчыны, Кіеўшчыны, Чарнігаўшчыны і Падолля перасягае па памерах Польскае каралеўства больш чым у два разы, аднак іх ваенны патэнцыял, як паказала барацьба за Валынь, прыкладна роўны, можа, з некаторай перавагай палякаў. Гэта сведчыць, што большасць тэрыторыі Вялікага княства (асабліва ўскраіны, якія знаходзяцца пад двайным кантролем Літвы і Арды) населена значна радзей.

Паміж Літвой і Масквой таксама дасягнуты пэўны баланс сіл. Увогуле той факт, што ў трох войнах Альгерду не ўдалося знішчыць у калысцы маладую Маскоўскую дзяржаву, меў выключна важныя вынікі. У новых умовах аб'яднанне ўсіх рускіх княстваў пад адной уладай стала немагчымым. Праз усю Русь пралягла палітычная мяжа, якая будзе падзяляць яе на працягу некалькіх стагоддзяў. Кожная з дзвюх супрацьстаячых сіл здолее ў далейшым толькі часова ссоўваць гэтую мяжу ў той ці іншы бок і аспрэчваць адна ў адной права на спадчыну Кіеўскай Русі. Насельніцтва абедзвюх частак будзе лічыць сябе "сапраўднай" Руссю, а сваіх суседзяў называць "маскалямі" ці, адпаведна, "літвой". Усё гэта канчаткова разрывае старажытнарускую народнасць на два арэалы, у адным з якіх пачнецца фарміраванне беларускага і ўкраінскага этнасаў (іх шляхі разыдуцца пазней), а ў другім — велікарускага.

У XIV стагоддзі, зразумела, яшчэ ніхто не можа прадбачыць далёкіх вынікаў. Наадварот, пачуццё агульнарускай супольнасці ў той час праяўляецца ці не найбольш выразна. Галоўным носьбітам такога пачуцця выступае праваслаўная царква, якая актыўна імкнецца пазбегнуць расколу. Улічваючы гэты настрой, канстанцінопальскі патрыярх катэгарычна адмаўляецца працягваць ім жа распачатую практыку прызначэння двух мітрапалітаў — літоўска-валынскага і ўладзімірскага (фактычна маскоўскага). Мітрапаліт, незалежна ад яго рэзідэнцыі, павінен быць толькі "Кіеўскі і ўсея Русі". Такім пасля смерці Рамана становіцца маскоўскі стаўленік Аляксей.

Аднак жыццё няўмольна бярэ сваё, і ўжо ў 1370 годзе патрыярх пагаджаецца з прапановай польскага караля Казіміра і аднаўляе мітраполію ў Галічы для тых рускіх зямель, што ўвайшлі ў склад Польшчы. Між тым Альгерд працягвае патрабаваць мітрапаліта, якому падпарадкоўваліся б Кіеў, Малая Русь, Цвер і іншыя пакуль што незалежныя ад Масквы тэрыторыі. Каб вырашыцьпытанне, патрыярх накіроўвае ў 1373 годзе на Русь сваю давераную асобу — балгарскага манаха Кіпрыяна. Той павінен садзейнічаць царкоўнаму і палітычнаму ўз'яднанню Русі. Палітычныя ўмовы, аднак, няўмольна штурхаюць мітраполію да расколу на дзве часткі.

Канчатковае знікненне палітычнага адзінства Русі прыводзіць да таго, што з другой паловы ХІV стагоддзя ўсё часцей пачынаюць ужывацца лакальныя назвы яе асобных частак: Вялікая і Малая Русь ці "каляровыя" назвы (Белая, Чорная, Чырвоная Русь). Тэрмін "Малая Русь" эпізадычна ўжываўся ў адносінах да Галіцка-Валынскага княства і раней (упершыню ён зафіксаваны ў XIII стагоддзі). Звычайна яго выкарыстоўвалі ў асяроддзі візантыйскага патрыярха, калі гаворка ішла пра дзве адначасова існуючыя рускія мітраполіі (тая, што ахоплівала Валынь і землі Вялікага княства Літоўскага, звычайна лічылася "Малой Руссю"). Тэрмін "Малая Русь" ужываўся і ў Польшчы ў адносінах да Галіччыны і Заходняй Валыні, уключаных у Польскае каралеўства.

Не выключана, што першапачаткова "каляровая" антытэза мела той жа самы сэнс: "белы" адначасова значыла "вялікі", "асноўны". Блізкасць вымаўлення старажытных слоў "чорны" і "чермный" ("чырвоны") наводзіць на думку, што калісьці было адно супрацьпастаўленне (белы — чорны ці белы — чырвоны), якое затым расшчапілася на два ў выніку скажэння першапачатковай формы. (Гэта магло адбыцца тым лягчэй, што тэрміны мелі чыста ўмоўны сэнс.)

Ужыванне "каляровых" назваў з'яўлялася вельмі супярэчлівым, блытаным. Мясцовае насельніцтва не толькі ў XIV стагоддзі, а і значна пазней гэтымі назвамі не карысталася, іх можна сустрэць звычайна ў царкоўным ужытку ці ў творах замежных географаў і храністаў. Агульная тэндэнцыя такая: Белая Русь заўсёды знаходзіцца на поўначы ці паўночным усходзе ад Чорнай ці Чырвонай. Розныя аўтары да Белай Русі адносілі то Ноўгарад, Пскоў і Масковію, то Полаччыну з Віцебшчынай, то княствы ў вярхоўях Акі. В. Тацішчаў на падставе сваіх крыніц увогуле прыйшоў да памылковай высновы, быццам бы Белай Руссю ў старажытнасці звалася толькі Уладзіміра-Суздальская зямля. Можна адзначыць, што практычна ўсе старажытныя аўтары адносілі гэтую назву да розных частак былых паўночнарускай і сярэднярускай этнаграфічных правінцый.

Чорнай Руссю звычайна называлі Панямонне, Палессе і поўнач Кіеўшчыны, Чырвонай — Галіччыну і Заходнюю Валынь, хаця гэтыя назвы часта блыталі. У асноўным іх арэал супадае с паўднёварускай этнаграфічнай правінцыяй XIII стагоддзя.

Увогуле тлумачэнняў паходжання назвы "Белая Русь" выказвалася безліч. Але, як правіла, іх аўтары ігнаруюць той факт, што гэтая назва (як і іншыя аднатыпныя) мела ў розныя часы розны сэнс і блукала па геаграфічнай карце. У XVII—XVIII стагоддзях яна замацавалася за паўночна-ўсходняй часткай сучаснай Беларусі (Полаччынай, Віцебшчынай, Магілёўшчынай), а ў XIX стагоддзі (нават у другой яго палове) распаўсюдзілася на ўсю Беларусь і канчаткова набыла этнічны сэнс.

Уладары Літоўскай дзяржавы, пачынаючы з Гедыміна, тытулавалі сябе вялікімі князямі (часам каралямі) Літвы і Русі. Калі-нікалі сустракаліся варыянты, якія падкрэслівалі розны статус дзвюх частак дзяржавы: "кароль Літвы і далучанай Русі", "вялікі князь Літвы і далучаных земляў", "уладар Літвы і дзедзіч Русі" і інш. Як нагадвалася вышэй, землі Ноўгародчыны ў адміністрацыйным сэнсе таксама лічыліся "Літвой". Крыху пазней гэты тэрмін распаўсюдзіўся на іншыя тэрыторыі, непасрэдна падпарадкаваныя вялікім князям — Берасцейшчыну і Меншчыну. Менск і Лагойск яшчэ ў 1387 годзе названы сярод уладанняў "на русской стороне" дзяржавы, але ўжо праз некалькі дзесяцігоддзяў яны будуць лічыцца Літвой. Назва "Русь" у адміністрацыйным сэнсе замацуецца за федэратыўнымі адзінкамі, што мелі пэўныя рысы самастойнасці (Полацкая, Віцебская, Валынская, Кіеўская, Чарнігаўская землі, пазней далучаная Смаленшчына), а таксама за тэрыторыямі Свіслацкага, Друцкага, Мсціслаўскага княстваў.

На гэтай вялізнай тэрыторыі літоўскі этнас у XIV стагодцзі апынуўся ў значнай меншасці. Тэрыторыя этнічнай Літвы займала не больш 1/10 дзяржавы (у колькасці насельніцтва разрыў быў меншы, бо з паслябатыевых часоў на Кіеўшчыне і Чарнігаўшчьгее насельніцтва мелася вельмі мала). Праўда, у палітычным сэнсе дамінавала менавіта літоўская знаць, якая групавалася ў Віленскім і Троцкім княствах і стварала непасрэднае атачэнне Альгерда і Кейстута. Сярод яе, напэўна, даволі моцна трымаліся традыцыі "паганскага фундаменталізму".

Але пазбегнуць культурнага ўплыву Русі было немагчыма. Літоўскае баярства яшчэ толькі ішло па шляху ператварэння з племянной арыстакратыі ў служылую феадальную знаць. Яго зямельныя ўладанні абмяжоўваліся адным-двума дварамі з чэляддзю. Не існавала яшчэ ўстойлівай традыцыі і механізму пераходу зямельных выслуг ад бацькі да сына (гарантыі такога пераходу будуць замацаваны толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў). На Русі ж існавалі распрацаваныя юрыдычныя нормы, адукаваныя пісцы. Там ляжалі вотчыны большасці Гедымінавічаў. Нарэшце, іх маткамі і жонкамі былі рускія князёўны, у бліжнюю раду ўваходзілі рускія баяры. Асабліва гэта датычыць Нарымонтавічаў, Любарта з яго сынамі, пяці старэйшых Альгердавічаў, Міхаіла Яўнуцьевіча. Што ж да Карыятавічаў, уладкаваўшыхся на памежжы з Польшчай і Венгрыяй, то яны зведалі ўплыў як Русі, так і Захаду. Аляксандр Карыятавіч, паплечнік караля Казіміра, прыняў, здаецца, каталіцтва і нават разглядаўся як адзін з магчымых прэтэндэнтаў на польскую карону. Яго старэйшы брат Юрый спрабаваў уладкавацца на пасадзе гаспадара Малдовы, але быў там атручаны ў 1374 годзе. Малодшы з братоў, Фёдар, пэўны час служыў каралю Людовіку Анжуйскаму.

Асяроддзе абодвух літоўскіх сюзерэнаў, Альгерда і Кейстута, нягледзечы на прыхільнасць да традыцыйнага паганства, усё ж даволі талерантна ставіцца да праваслаўя з каталіцызмам, што пакідае для яго вялікую свабоду манеўра, хаця часам і ўскладняе жыццё. Застаюцца неахрышчанымі ўсе сыны Кейстута, як і сем малодшых сыноў Альгерда ад Ульяны Цвярской, хаця і іх славянскі ўплыў не абмінае — усе добра валодаюць рускай мовай. Паказальна, што і жонкай Вітаўта стане руская князёўна Ганна, дачка Святаслава Смаленскага.

Справаводства пры двары вялікага князя вядзецца на дзвюх мовах: уся дакументацыя, звязаная з Захадам, выконваецца на латыні, а дакументы, прызначаныя для ўжывання ў самой дзяржаве ці ў яе ўсходніх суседзяў, пішуцца як на латыні, так і на мове Кіеўскай Русі (якая тут выконвае тыя ж функцыі, што і латынь у Заходняй Еўропе). Характэрна, што абедзве мовы з'яўляюцца па сутнасці мёртвымі, хаця старажытнаруская і значна менш адышла ад жывых гаворак. Яе ўжыванне дапамагае пазбягаць непаразуменняў, звязаных з тым, што дыялекты Полаччыны і Валыні ўжо даволі выразна адрозніваюцца ад дыялектаў Маскоўскага княства ці Наўгародскай зямлі, не кажучы ўжо пра мову ўласна літоўцаў. Мясцовыя асаблівасці пачынаюць трапляць і ў канцылярскую мову, хаця ў асноўным яна яшчэ адзіная.

Параўнайце, напрыклад, гучанне трох аднатыпных прысяжных грамат, складзеных у разглядаемы перыяд (дарэчы, адных са старажытнейшых дакументаў велікакняжацкай канцылярыі, што дайшлі да нас). Вось урывак з граматы смаленскага князя Юрыя Святаславіча, складзенай ў Вільне ў 1386 годзе: "На том на всем дал есмь правду, хрест есмь целовал за всю свою братию, и за всю свою землю, и за вси свом людин, а то есмь учинил и записал своею доброю волею, што ми то здержати крепко и до своего живота, а не изменити..." А вось грамата, складзеная праз год у Луцку на Валыні: "...Служити ему господару своему королю верно, без олсти (ліслівасці.— В. Н.) и без хитрости, николи его не пелавать (не шкодзіць.— В. Н.), ни на королево лихо не гадать, але его остерегати от усяких неприязни каздого чоловека, а николи ему противу короля не быть, никоторой речу, ниж только ему королеви служить до своих живот, а добра ему на всякий час хоте бы". Нарэшце, трэцюю грамату склаў у Пераяславе- Разанскім тамтэйшы князь Алег Іванавіч у 1393 годзе: "...Быти ему верну и послушну своего брата великого короля, преже написаного, а никоторым временем его не одстати, а ни против ему был ни дилом, ни словом, ни помыслом, а ни против тых, што суть под его рукою". Здаецца, што гэта ўрыўкі з аднаго тэксту, ці не так? Але ж у луцкай грамаце ўжо з'явілася цяжкаўлоўнае адценне, што набліжае яе да гучання сучаснай беларускай мовы — магчыма, гэта вынік горшай адукаванасці валынскага пісца, большай прастамоўнасці яго стылю.

Больш адчувальнымі ў гэты час робяцца заходнееўрапейскія імпульсы, правадніком якіх выступае Польшча. Там адбыліся важныя змены: у 1370 годзе памёр кароль Казімір, і са смерцю яго абарвалася пануючая дынастыя (калі не лічыць мазавецкіх князёў, заставаўся яшчэ дробны князь Уладзіслаў Белы, які даўно прадаў сваё княства бацьку Казіміра Уладзіславу Лакатку і пастрыгся ў манахі ў Францыі). Яшчэ пры жыцці Казіміра было вырашана, што карона Польшчы пяройдзе да сына яго сястры Альжбеты — венгерскага караля Людовіка (Лаяша) з так званай Анжуйскай дынастыі. Гэтая дынастыя, адгалінаванне французскага каралеўскага роду, шляхам дынастычных шлюбаў атрымала шмат еўрапейскіх карон. Тое, што Людовік Анжуйскі станавіўся адначасова каралём Венгрыі і Польшчы, уводзіла апошнюю непасрэдна ў свет вытанчанай заходнееўрапейскай палітыкі. Паскараецца распаўсюджанне ў Польшчы рыцарскай атрыбутыкі: гербавых шчытоў, шлемаў з пышнымі плюмажамі, абраду пасвячэння ў рыцары.

Дададзім, што пасля з'яўлення арбалетаў і гакаўніц на змену кальчужным даспехам прыходзяць цэльнаметалічныя латы. Адным словам, польская шляхта набывае тое каларытнае аблічча, што звычайна асацыіруецца ў нас з рыцарскай эпохай.

Заходняя мода не магла не ўплываць на баярства і князёў Літвы і Русі. Магчыма, якраз у гэты час пачынае афармляцца ў традыцыях еўрапейскай геральдыкі "Пагоня" — дзяржаўны герб Вялікага княства Літоўскага. У яго былі і мясцовыя карані — звычай змяшчаць на княжацкіх пячатках выяву ўзброенага конніка. Такія пячаткі ўжываў на Русі яшчэ Аляксандр Неўскі, потым яго сыны і ўнукі. Коннага воіна са шчытом і сцягам меў на пячатцы галіцка-валынскі князь Юрый Львовіч. Выява вершніка (з кап'ём?), захавалася і на пячатцы полацкага князя Нарымонта (у хрышчэнні Глеба) Гедымінавіча. Аднак ператварэнне пячатак у герб, пабудаваны паводле геральдычных законаў (пазней некаторыя галіны Гедымінавічаў ужывалі яго ў якасці родавага герба) трэба звязваць з заходнееўрапейскім уплывам. Першыя бясспрэчныя факты, калі выява ўзброенага конніка ўжываецца ў якасці дзяржаўнай пячаткі Вялікага княства, адносяцца да часу Крэўскай уніі (1385 год). Дарэчы, менавіта з 1380-ых гадоў прасочваюцца першыя асабістыя пячаткі з гербавымі выявамі і ў прадстаўнікоў іншых арыстакратычных родаў. Тады, напэўна, князі Гальшанскія аформілі свой герб "Кентаўр", а князі Гедройцы — герб "Ружа". Літоўскі баярын Манівід Кайлікінавіч, полацкі баярын Фёдар Корсак, іншыя баяры ў гэты час, яшчэ да прыняцця польскіх гербаў, карысталіся ўласнымі пячаткамі.

Прыклады з гербамі і пячаткамі — толькі найбольш яскравыя сведчанні новага стылю паводзін. Не менш прыцягальнымі былі навацыі ў сацыяльным статусе польскай шляхты, да таго невядомыя не толькі літоўскаму, але і рускаму баярству. Карыстаючыся тым, што кароль- чужынец Людовік не вельмі трывала сядзеў на польскім троне, шляхта ў 1374 годзе дамаглася ад яго так званага Кошыцкага прывілея, паводле якога кожны рыцар атрымліваў для сваіх маёнткаў права імунітэту, як яго называлі. Залежныя сяляне мусілі цяпер плаціць у дзяржаўную казну толькі невялікі, амаль сімвалічны падатак, усе астатнія павіннасці ішлі выключна на карысць землеўладальніка. Адначасова шляхце надаваліся і іншыя правы. Службовыя асобы ў тэрытарыяльных акругах-паветах, у якія ператварыліся былыя княствы, павінны былі назначацца толькі з ліку мясцовых землеўладальнікаў. Утвараўся шэраг выбарных пасад: павятовых суддзяў, маршалкаў, харунжых, якія займаліся судовымі і ваенна-мабілізацыйнымі справамі ў паветах.

Аб такім абмежаванні вярхоўнай улады на карысць рыцарства маглі толькі марыць баяры Вялікага княства Літоўскага. Старажытнаруская традыцыя, паводле якой будаваўся сацыяльны лад на землях Вялікага княства, разглядала баяр як паслухмяных слуг княжацкай улады, не болей. Варта адзначыць, што баярства Маскоўскай Русі, да якой заходні ўплыў практычна не дайшоў, так ніколі і не атрымала сапраўднага імунітэту, дый мясцовае самакіраванне не ператварылася там ва ўстойлівую традыцыю. Наадварот, усё большую жорсткасць набывала там іерархічная лесвіца. Князі, якія за пярэчанне свайму гаспадару, ардынскаму хану, маглі развітацца з жыццём, патрабавалі такой жа бездакорнай паслухмянасці ад баяр, а тыя ў сваю чаргу — ад уласных слуг. Праз адно-два стагоддзі гэтая на перпш погляд неістотная розніца ператворыць Польшчу і Масковію ў палітычных антыподаў: у першай запануе шляхецкая вольніца, а ў другой буйнейшыя вяльможы будуць звыкла называць сябе халопамі самаўладнага цара.

Такім чынам, у другой палове XIV стагоддзя намецілася яшчэ адна гістарычная развілка, і Вялікаму княству Літоўскаму ў хуткім часе давядзецца зрабіць новы выбар паміж дзвюма альтэрнатывамі: працяг старажытнай рускай традыцыі ці зварот да заходніх узораў? Выбар ажыццявіцца на працягу жыцця таго пакалення, якое мы зараз разглядаем. Гэтым і тлумачыцца такое доўгае адступленне ад палітычных падзей — іх агульны сэнс будзе незразумелым без тых тлумачэнняў, што зроблены вышэй.

А зараз вернемся да гісторыі Вялікага княства. Па-ранейшаму тры праблемы на яго межах чакаюць свайго вырашэння: вайна з крыжакамі, спрэчка з Польшчай і Венгрыяй за былое Галіцка-Ва-лынскае княства і саперніцтва з Масквой за гегемонію на Русі.

На Валыні ў 1376 годзе Кейстут з братам Любартам і пляменнікамі Нарымонтавічамі і Карыятавічамі зноў паспрабавалі цалкам далучыць да Літвы спрэчныя тэрыторыі. Аднак іх чакала жорсткае паражэнне. Юрый Нарымонтавіч нават трапіў у палон да караля Людовіка і быў адвезены ў Венгрыю. Пазней яго выпусцілі на волю, але пакінулі ў Заходняй Галіччыне ўладальнікам замка Любачаў на правах ці то васала, ці то заложніка Людовіка. Толькі ў 1378 годзе князь Юрый вярнуўся ў Літву, пакінуўшы ў Любачаве сына Івана.

Гэта была, бадай, апошняя рэальная спроба Літвы далучыць Галіч, Львоў і Перамышль да сваіх уладанняў. Пасля гэтай перамогі Людовіка Галіцкая Русь канчаткова замацавалася за Польшчай. (Заўважым, што гэта быў адзін з крокаў, якія вялі ў напрамку з'яўлення самастойнага ўкраінскага этнасу, адасаблення яго ад астатняй Русі.) Яшчэ ў 1375 годзе там у дадатак да праваслаўнай мітраполіі было ўтворана каталіцкае архібіскупства, а ў далейшым гэтая тэрыторыя ўтварыла ў складзе Польскага каралеўства асобнае Рускае ваяводства.

Польска-венгерскі ўплыў адчуваўся і ніжэй па цячэнні Днястра, у Падоліі. Мясцовыя князі Аляксандр і Канстанцін Карыятавічы прынеслі Людовіку ленную прысягу, а іх малодшы брат Фёдар увогуле паступіў да караля на службу. За Літвой засталіся ўладанні Любарта (Уладзімір-Ва- лынскі і Луцк), а таксама Ратна, дзе княжыў сын Альгсрда Фёдар, Крамянец і Карэц (уладанні Аляксандра Нарымонтавіча). Пад літоўскім сюзерэнітэтам засталіся і вотчыны служылых рускіх князёў — Астрог, Чацвяртня, Несвіч.

На ўсходзе Альгерд адмовіўся ад спроб перамагчы Маскву сілай, але працягваў зносіны з яе ворагамі — Мамаем і Міхаілам Цвярскім. Дзіўны выбрык лёсу: сын паўстанца супраць татар Аляксандра Цвярскога ўвайшоў у блок з ардынскім уладаром, у той час як унук татарскага ўлюбёнца Івана Каліты ўзначаліў антыардынскі рух! Сапраўды, Дзмітрый Маскоўскі пайшоў зусім не тым шляхам, што яго продкі — рызыкнуў амаль адкрыта парваць з Ардой. Праўда, пры гэтым ён абапіраўся на вынікі той палітыкі, якую праводзілі пад татарскім крылом яго папярэднікі, збіраючы вакол Масквы вялікую і моцную вотчыну.

Выкарыстанне антыардынскіх настрояў было ў руках Дзмітрыя козырам, якому Альгерд нічога не мог супрацьпаставіць. Таму ў 1375 годзе маскоўскі князь выглядаў бясспрэчным лідэрам Паўночна-Усходняй Русі. Ён абагульніў узброеныя сілы ледзь не ўсіх тамтэйшых княстваў, але нечакана кінуў іх не супраць татар, а супраць Міхаіла Цвярскога. Абложаны ў сваёй сталіцы, як мядзведзь у берлагу, увосень таго ж года Міхаіл капітуліраваў, прызнаў вяршэнства Дзмітрыя і адмовіўся ад усіх прэтэнзій на вялікае княжанне ўладзімірскае. На гэтых умовах за ім была пакінута Цвер. Яго саюз з Літвой цалкам не знік (у наступным годзе ён ажаніў свайго старэйшага сына Івана з дачкой Кейстута), але з барацьбы супраць Масквы Цвер зараз была цалкам выключана.

Аднак не ўсе вынікі гэтага паходу былі спрыяльнымі для Дзмітрыя Маскоўскага і неспрыяльнымі для Альгерда. Тое, што маскоўскі князь і яго натхняльнік мітрапаліт Аляксей выступілі ініцыятарамі міжусобнай вайны на Русі, выклікала гнеў патрыярха і яго эмісара Кіпрыяна. Альгерд удала выкарыстаў гэта, каб зноў узняць пытанне аб незалежнай ад Масквы літоўскай мітраполіі. Гэтым разам патрыярх зноў пайшоў насустрач "вогнепаклонніку" — у канцы 1375 года ён прызначыў Кіпрыяна мітрапалітам Кіеўскім і Літоўскім (праўда, з агаворкай, што пасля смерці Аляксея мітраполіі павінны зноў уз'яднацца). Не апошнюю ролю адыграла тут пагроза Альгерда, што ў выпадку адмовы ён прыме мітрапаліта "ад лацінскай царквы". Гэта сведчыць, што пераарыентацыя ў бок каталіцтва ўжо тады разглядалася ўладарамі Літвы як магчымы крок. Крыху раней, у 1373 годзе, рымскі папа афіцыйна звяртаўся да іх з прапановай прыняць каталіцкую веру, але Альгерд ўсё вагаўся. Магчыма, ён не мог развітацца з марай падпарадкаваць усю Русь, а дзеля гэтага неабходны былі сувязі з праваслаўнай царквой.

Але Альгерду не суджана было зрабіць канчатковы выбар — у 1377 годзе, ва ўзросце 83 гадоў, ён памёр і быў пахаваны паводле паганскага абраду (спалены на вогнішчы). Цвярскі манах Спірыдон-Сава, які пісаў на мяжы XV—XVI стагоддзяў, сцвярджаў, нібыта перад смерцю Альгерд па просьбе жонкі прыняў праваслаўнае хрышчэнне і нават пастрыжэнне ў манахі, аднак слушнасць гэтай звесткі выклікае сумненні. За сваё доўгае жыццё Альгерд пакінуў надзвычай вялікае патомства: пяць сыноў ад першага шлюбу і сем ад другога, а таксама не менш шасці дачок. Пры дзіцячай смяротнасці каля 30—40% народжаных, уласцівай старажытным часам, выжыванне столькіх дзяцей было унікальнай з'явай. Але адносна наследавання ўлады вялікая колькасць сыноў таіла небяспеку смуты. Перад смерцю Альгерд распарадзіўся сваёй спадчынай так жа, як некалі яго бацька. Пераемнікам ён прызначыў старэйшага сына ад другой жонкі — Ягайлу. Напэўна, вялікі князь быў незадаволены сваімі першынцамі, Андрэем і Дзмітрыем, якія на сваіх рускіх удзелах аддаліліся ад агульнадзяржаўных інтарэсаў.

Альгерд не змог пераадолець інерцыю "ўдзельнай эпохі", якая патрабавала, каб кожны родзіч вялікага князя меў сваё княства. Удзелы атрымалі яго малодшыя сыны: Карыгайла пачаў княжыць у Мсціславе, Віганд — у Кернаве, Карыбут — у Ноўгарадзе-Северскім. Побач з Карыбутам, у Старадубе, атрымаў удзел Патрыкей Нарымонтавіч. Пра ўладанні Скіргайлы і Лугвеня ў гэты час звестак няма. Калі дадаць сюды Войдата і Вітаўта Кейстутавічаў, што княжылі адпаведна ў Ноўгародку і Горадне, і падрастаючых Свідрыгайлу Альгердавіча і двух малодшых сыноў Кейстута, якім хутка таксама трэба было вылучаць уладанні,— то перад намі яўны рэнесанс удзельнай сістэмы, так паспяхова пераадоленай у суседняй Польшчы. Існаванне звыш дваццаці паўсамастойных князёў не магло абысціся без канфліктаў паміж імі і да таго ж запавольвала працэс утварэння заможных рыцараў-магнатаў, на гаспадарцы якіх трымаўся дабрабыт Польшчы.

Калі б Літва існавала як асобная монаэтнічная дзяржава, яна непазбежна прайшла б праз натуральную для яе стадыі развіцця сістэму ўдзелаў (і, напэўна, была б захоплена ў гэты момант магутнымі суседзямі). Аднак сімбіёз з Руссю, якая такую стадыю ўжо мінавала, ствараў магчымасць пазбегнуць драблення, асабліва пры ўзмацненні польскага ўплыву. Праўда, рэалізацыя падобнай магчымасці не абышлася без жорсткага крызісу.

Заканчэнне доўгага і моцнага праўлення звязана з ажыўленнем ўнутрыпалітычнага жыцця. Дзяржава ў гэты момант нагадвае насякомае, якое скінула цесны хіцінавы панцыр і хутка расце ў кароткі прамежак, пакуль новая абалонка не зацвярдзела. Як і пасля смерці Гедыміна, скрытае напружанне, што накапілася да таго часу, ліхаманкава разраджаецца.

Непасрэдным штуршком для ўнутрыдзяржаўнай барацьбы і на гэты раз стала заняцце велікакняжацкага пасада малодшым братам у абыход старэйшых. Найбольш незадаволенымі былі Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы, пазіцыя іх братоў Уладзіміра і Канстанціна невядомая. Андрэй Полацкі барацьбу за ўладу прайграў і пасля гэтага адкрыта стаў прыхільнікам Маскоўскага княства. Узімку 1377/78 года ён са сваёй дружынай і сынамі Міхаілам, Сямёнам і Іванам уцёк з Полацка ў Пскоў, дзе яго прынялі гараджане на княжанне, якое займаў некалі ў маладосці. Хутка потым Андрэй з'ездзіў у Маскву і прынёс васальную прысягу Дзмітрыю Іванавічу — "айцу і гаспадзіну", які па ўзросце падыходзіў яму ў сыны.

У гэты ж час і Фёдар Альгердавіч перайшоў са сваім Ратненскім княствам у васальную залежнасць ад Людовіка Анжуйскага. Князь Дзмітрый Бранскі (ёсць меркаванне, што хутка пасля маскоўскіх паходаў Альгерда ён быў выбіты масквічамі з Бранска і княжыў у суседнім Трубчэўску) пэўны час вагаўся. Але калі зімой 1378/79 года маскоўскі князь накіраваў на Трубчэўск войска свайго стрыечнага брата Уладзіміра Серпухаўскага, Дзмітрый Альгердавіч не аказаў яму супраціўлення і выказаў пакорлівасць. Аднак утрымаць свой удзел ад помсты літоўцаў не здолеў і таксама з'ехаў з сям'ёй і дружынай у Маскоўскае княства, дзе атрымаў у якасці кампенсацыі Пераяслаў-Залескі.

У Полацку пасля Андрэя Ягайла паспрабаваў уладкаваць свайго брата Скіргайлу, які толькі што вярнуўся з дыпламатычнай паездкі да крыжакоў і Людовіка Анжуйскага. Аднак Полацк адмовіўся прыняць новага князя — фармальна за тое, што быў паганцам. Скіргайлу пасадзілі на каня задам наперад і з ганьбай выправадзілі з горада. Напэўна, пазіцыі Андрэя ў Полацку, якім ён перад тым валодаў 35 гадоў, былі вельмі моцныя, што пацвердзяць і далейшыя падзеі.

Хісткасць становішча Ягайлы заключалася яшчэ і ў тым, што бясспрэчным старэйшынам у родзе літоўскіх князёў застаўся яго дзядзька Кейстут. Праўда, той падтрымаў рашэнне Альгерда і згадзіўся, каб трыццацігадовы Ягайла заняў месца свайго бацькі ў дуумвіраце. Аднак кожнаму было відавочна, што раўнапраўны саюз васьмідзесяцігадовага вопытнага воіна і палітыка з "юным" пляменнікам — справа не зусім натуральная.

За падзеямі ў Літве пільна назіралі і ў Тэўтонскім ордэне. Палітычны крызіс у Вялікім княстве адкрываў магчымасць для інтрыг, на якія быў вялікі майстар кіраўнік Ордэна Вінрых Кніпродэ. Літоўскія князі падазрона паглядалі адзін на аднаго, баярскія групоўкі Вільна і Трок кожная на свой лад спадзяваліся набыць пануючае становішча па ўзору маскоўскага баярства. Удала справакаваць сутыкненне гэтых сіл — значыла яшчэ мацней штурхнуць Літву ў полымя міжусобіцы.

І вось пачалася тонкая гульня, пабудаваная на зацікаўленасці літоўцаў у мірнай перадышцы на захадзе. Спачатку ў верасні 1379 года быў заключаны сепаратны дагавор паміж Ордэнам і Трокамі аб міры на 10 гадоў, прычым пытанне аб узаемаадносінах Ордэна з Віленскай паловай у ім нават не закраналася. А праз паўгода ўжо Ягайла заключыў з Ордэнам тайнае пагадненне аб тым, што не будзе аказваць Кейстуту ваенную дапамогу ў выпадку яго сутыкнення з крыжакамі. Нарэшце, адзін з саноўнікаў Ордэна паклапаціўся аб тым, каб пра змест гэтага тайнага пагаднення стала вядома ў Троках. Крыжакі дамагліся сваёй мэты — абодва літоўскія ўладары пачалі падазраваць адзін аднаго ў намеры расправіцца з суправіцелем з дапамогай Ордэна. Праўда, Вітаўт пастараўся. развеяць трывогу бацькі адносна Ягайлы — ён быў упэўнены, што яго стары сябар не здольны на вераломства. Аднак насенне ўзаемнага недаверу было ўжо пасеяна, каб хутка прарасці крывавай смутай.

Перад тым адбылася яшчэ адна значная падзея — спроба Ягайлы прыняць удзел у сутыкненні Дзмітрыя Маскоўскага з Мамаем. Гэтая спроба з'явілася натуральным працягам лініі яго бацькі на падтрымку ўсіх варожых Маскве сіл. Аднак ні Альгерд, ні Міхаіл Цвярскі не рашаліся адкрыта выкарыстоўваць ваенную моц Арды — вельмі ж непапулярнай была б такая тактыка сярод праваслаўнага насельніцтва, асабліва на фоне таго антытатарскага ўздыму, пра які я казаў вышэй. Не выпадкова аднойчы Міхаіл прама адмовіўся ад ваеннай дапамогі, прапанаванай Мамаем.

Ягайла ж рызыкнуў якраз на такое: дамовіўся ўдзсльнічаць у сумесным з татарамі паходзе на Маскву, намечаным на пачатак восені 1380 года. Масква перад гэтым зусім ужо ўзняла галаву: не толькі выключыла з гульні Міхаіла Цвярскога, але ў 1378 тодзе на рацэ Вожы разбіла карны атрад, пасланы Мамаем, і цалкам перастала выплачваць ардынскую даніну. Для Мамая гэта быў балючы ўдар па яго палітычным прэстыжы, асабліва непажаданы напярэдадні непазбежнага сутыкнення з новым уладаром заволжскай паловы Арды — ханам Тахтамышам, якога падтрымліваў магутны пераемнік славы Чынгісхана, сярэднеазіяцкі правіцель Тамерлан.

Аднак войска, якое мелася ў распараджэнні Мамая, ужо мала нагадвала тую непераможную ваенную машыну, што прывёў некалі на Волгу Бату-хан. Жыццё няўмольна брала верх над бязлітасным ваяўнічым фанатызмам. Не выпадкова Мамаю давялося нават наймаць за грошы недастаючае войска ў італьянскіх калоніях, заснаваных незадоўга да таго на крымскім узбярэжжы замест былых калоній візантыйцаў. І хаця сам ён палічыў сябе дастаткова магутным, каб адмовіцца ад паслуг марыянетачных ханаў ("от всех сущих его нарицашеся великнй царь Мамай"), Дзмітрый Маскоўскі рызыкнуў пайсці на прамое ваеннае сутыкненне з галоўнымі сіламі ворага.

Пра абставіны Кулікоўскай бітвы існуе вялізная колькасць літаратуры, але галоўным чынам яна асвятляе падзеі з маскоўскага боку. Між тым адна з галоўных загадак, ледзь не вырашальная акалічнасць у ланцугу падзей — дзеянні Ягайлы, які з войскам ішоў на злучэнне з Мамаем, але раптоўна замарудзіў ход. Мамай дарэмна чакаў яго ва ўстаноўленым месцы цэлы тыдзень, а потым мусіў змагацца з аб'яднаным войскам ледзь не ўсёй Паўночна-Усходняй Русі сам-насам і ў выніку быў разгромлены, а хутка затым пацярпеў паражэнне ад Тахтамыша, пасля чаго загінуў пры спробе схавацца ў Крыме.

Улічваючы, з якой цяжкасцю перамог Дзмітрый Данскі (літаральна з апошніх сіл, коштам страшэнных страт), можна амаль не сумнявацца, што сумеснага ўдару татар і літоўцаў ён бы не вытрымаў. Чаму ж Ягайла ўстрымаўся ад удзелу ў Кулікоўскай бітве? На жаль, літоўскі аспект падзей мы ведаем настолькі мала, что магчымых тлумачэнняў — безліч. Аднак наўрад ці літоўскае войска проста спазнілася — ці то з-за сваёй маруднасці (Альгерд, нагадаем, умеў рухацца неверагодна хутка), ці то з-за таго, што Ягайлу напалохаў і збіў з панталыку рух Дзмітрыя проста насустрач яму ў час маршу на Кулікова поле (цяжка ўявіць, што літоўская разведка так цудоўна ведала ўсе нюансы маршруту маскоўскага войска, адначасова не ведаючы, як блізка знаходзіцца Мамай). Хутчэй за ўсё Ягайла ўхіліўся ад бою свядома, але чаму? Можа, у апошні момант вырашыў зрабіць стаўку не на Мамая, а на Тахтамыша, той і сапраўды праз два гады і без літоўскай дапамогі спаліў Маскву і аднавіў выплату даніны. Ці, можа, пераканаўся: сумесная з татарамі перамога над рускім войскам будзе горш за паражэнне ў плане далейшых зносін з праваслаўным насельніцтвам, што складала большасць падданых і самога Ягайлы. Слушным з'яўляецца і меркаванне Кастуся Тарасава, быццам вялікі князь мог сутыкнуцца з моцнай апазіцыяй ва ўласным войску, у значнай частцы праваслаўным, якое не пажадала гінуць пад маскоўскімі мячамі дзеля аднаўлення татарскай улады на Русі. Дарэчы, у войску Дзмітрыя Данскога знаходзіліся два браты і палітычныя канкурэнты Ягайлы, Андрэй і Дзмітрый. Літоўскі правіцель мог чакаць, што хтосьці з яго рускіх васалаў па прыкладу мяцежных Альгердавічаў у вырашальны момант пяройдзе на бок Масквы.

Ва ўсякім выпадку, паход Ягайлы прадэманстраваў яго неразважлівасць і наўрад ці дадаў яму славы. Папрокі маглі ўзнікнуць і за тое, што распачаў паход, і за тое, што не давёў да канца. Для Масквы ж перамога з'явілася важным сродкам узняцця свайго аўтарьггэту і надання ўпэўненасці, яе не перакрэсліла цалкам нават хуткае паражэнне ад Тахтамыша — колішняга жаху перад Ардой ужо не было.

Для ўзмацнення сваіх пазіцый Ягайла працягваў абапірацца на крыжакоў (у прыватнасці, выкарыстаў іх ваенную дапамогу, калі ў 1381 годзе спрабаваў зноў скарыць Полацк). Аднак гэта толькі адрадзіла падазрэнні старога Кейсгута, які да таго ж быў незадаволены тым, што пляменнік аддаў сястру Марыю за свайго ўлюбёнца Вайдзілу, бязроднага па паходжанні, які, аднак, зрабіў імклівую кар'еру. Менавіта праз Вайдзілу, у той час лідскага намесніка, Ягайла ажыццяўляў зносіны з крыжакамі.

Напружанне нарэшце выбухнула: Кейсгут раптоўна прыехаў у Вільна, дзе захапіў пляменніка і знайшоў у яго канцылярыі кампраметуючыя дакументы. Ягайла быў зведзены з вялікага княжання, але па просьбе Вітаўта Кейстут захаваў за ім Крэва і Віцебск. Вайдзілу ж павесілі. Мусіў уцячы з Полацка да крыжакоў і Скіргайла, які з вялікімі цяжкасцямі заняў-такі месца Андрэя пасля паходу 1381 года і аблогі Полацка (дзеля гэтага ён хрысціўся ў праваслаўе пад імем Івана).

Але змяшчэнне Ягайлы апынулася каганцом масла, лінутага на вутолле варожасці. Адбыліся адкрыты разрыў і ваеннае супрацьстаянне паміж дзвюма групоўкамі: віленскай, прадстаўленай Ягайлам і яго братамі Скіргайлам і Карыбутам, і троцкай у асобах Кейстута з сынамі. У наступнай страшэннай усобіцы было ўсё: і выкарыстанне крыжакоў, і падманныя клятвы, і лютая нянавісць учарашніх сяброў і родзічаў. Ход яе выкладзены ў "Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх" даволі яскрава і паэтычна, што пазбаўляе мяне ад неабходнасці падрабязнага пераказу. Ягайла з дапамогай лаяльнага да яго віленскага купецтва на чале з выхадцам з Рыгі Ганулам узняў паўстанне, а потым у час перамоў вераломна схапіў Кейстута і Вітаўта і пачаў помсту. Сярод прыхільнікаў Кейстута быў пакараны смерцю брат яго жонкі Відзімонт і шмат іншых баяр. А затым і самога старога Кейстута задушылі ў вежы Крэўскага замка па загаду Ягайлы. Вітаўт ацалеў толькі таму, што пры наведванні яго жонкай Ганнай Смаленскай пераапрануўся ў адзенне яе служанкі і ўцёк з затачэння.

З братамі і групай прыхільнікаў, князёў і ўплывовых баяр, Вітаўт аддаўся пад заступніцтва нядаўняга ворага, Тэўтонскага ордэна. Сярод яго паплечнікаў згадваюцца Іван Гальшанскі (сваяк жонкі) і Судзімонт, а таксама Леў Друцкі (названы шваграм Вітаўта). Віленская групоўка ўзяла верх. Сам Ягайла зноў стаў вялікім князем, а свайго брата Скіргайлу ўладкаваў замест Кейстута ў Троках, як бы аднавіўшы той расклад, што ўтварыўся пасля змяшчэння Яўнута. Ганула ва ўдзячнасць за падтрымку зрабілі намеснікам Вільна.

Вынікам усобіцы з'явілася пераразмеркаванне палітычных сілаў у дзяржаве. Найбольш відныя дзеячы троцкай паловы ці загінулі, як сам Кейстут (і яго старэйшы сын Войдат), ці вымушаны былі з'ехаць у іншыя краіны. Аднак у дзяржаве захоўвалася шмат паўсамастойных цэнтраў. Адным з іх была Валынь, дзе апошні з сыноў Гедыміна Любарт памёр у 1383 ці 1384 годзе, але пакінуў трох сыноў. З іх два малодшых, Лазар і Сямён, таксама памерлі рана, а старэйшы, Фёдар, атрымаў з бацькоўскіх уладанняў толькі Уладзімір. Луцк жа быў ператвораны ў намесніцтва, і першым намеснікам стаў князь Фёдар Данілавіч Астрожскі. Прыкладна тады ж памёр і Аляксандр Нарымонтавіч. Яго браты Юрый і Патрыкей паслядоўна спрабавалі сябе ў якасці служылых князёў у Вялікім Ноўгарадзе ў 1379— 1385 гадах.

Аднак замятня дапамагла аднавіць кантроль над Полацкам Андрэю Альгердавічу, і Ягайла мусіў пагадзіцца з гэтым. Хутка ён прымірыўся і з астатнімі старэйшымі братамі (за выключэннем, здаецца, Фёдара Ратненскага) — напэўна, Кейстутавічы здаваліся страшнейшымі. У Літву вярнуўся Дзмітрый Альгердавіч, а Уладзімір і Канстанцін так і засталіся на сваіх княжаннях у Кіеве і Чарнігаве (з Чарнігаўскага княства былі вылучаны для Карыбута і Патрыкея Ноўгарад-Северскі і Старадуб).

Дастаткова цьмянай выглядае, як звычайна, сітуацыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі, асабліва на Палессі. У Пінску княжыць, здаецца, унук Нарымонта Васіль Міхайлавіч, побач, у Давыд-Гарадку,— князь Давыд, за якога выйшла другім разам Марыя Альгердаўна (удава Вайдзілы). У Сцяпані (магчыма, і ў Дубровіцы) пазней будзе згадвацца князь Сямён, у Слуцку — Юрый. Па-ранейшаму валодае Заслаўем Міхаіл Яўнуцьевіч. У Друцку князь Дзмітрый Васілевіч таксама памёр прыкладна ў гэты час, пакінуўшы малалетняга сына. Яго ўдава, дачка Алега Разанскага, узяла шлюб з Карыбутам (у хрышчэнні Дзмітрыем, як і яго брат) Ноўгарад-Северскім. Пра другога друцкага князя, Дзмітрыя Сямёнавіча (заснавальніка галоўнай у далейшым галіны князёў Друцкіх) вядома толькі з радаводу.

Адным словам, і пасля замятні Вялікае княства з'яўлялася па сутнасці расшчэпленым на ўдзелы, а ў Ягайлы пакуль што не было сродкаў пераадолець гэты стан. Аднак падзеі ў суседняй Польшчы надалі гісторыі Літоўскай дзяржавы зусім іншы напрамак.

У 1382 годзе, перажыўшы на год сваю маці, памёр кароль Венгрыі і Польшчы Людовік — апошні з Анжуйскай дынастыі. Ужо другі запар гаспадар Польшчы не пакінуў пасля сябе мужчынскага патомства. І зноў лёс кароны апынуўся ў руках магнатаў і шляхты, і зноў ім адкрывалася магчымасць павялічыць свае правы за кошт асірацелай цэнтральнай улады. Дзве дачкі Людовіка (трэцяя памерла пры яго жыцці) не паспелі яшчэ дасягнуць паўналецця і зараз венгерскія і польскія магнаты маглі вырашаць, каму са шматлікіх прэтэндэнтаў даць згоду на шлюб — а значыць, і на адну з дзвюх вакантных карон.

Старэйшую дачку, Марыю, яшчэ ў дзяцінстве прасваталі за сына чэшскага караля (і адначасова германскага імператара) — Сігізмунда Люксембурга. Яна павінна была атрымаць у спадчыну карону Польшчы, а яе малодшая сястра Ядвіга — венгерскую карону. Імператар Карл Люксембург к гэтаму часу ўжо памёр, і каралём Чэхіі стаў яго старэйшы сын, семнаццацігадовы Вацлаў. Сігізмунд, якому на момант смерці Людовіка Анжуйскага споўнілася ўсяго 14 гадоў, прыбыў са сваёй (такой жа юнай) нявестай у Кракаў.

Аднак перспектыва з'яўлення на польскім троне аднаго з Люксембургаў, заклятых ворагаў Польшчы на працягу двух мінулых пакаленняў, выклікала мала энтузіязму у польскіх магнатаў. Запраўлялі ў гэтай партыі кракаўскі староста Судзівой і два маладыя, але вельмі заможныя магнаты з роду Лелівітаў — браты Ян з Тарнова і Спытка з Мельштына. Пад іх уплывам польская знаць адмовілася ад абяцанняў, якія давала бацьку Марыі. Нягледзячы на намаганні каралевы-ўдавы Альжбеты Баснійскай, Сігізмунду і яго нявесце было адмоўлена ў польскай кароне.

Замест таго вырашылі заклікаць малодшую дачку Людовіка, дзевяцігадовую Ядвігу, якую меркавалі выдаць за Вільгельма Габсбурга, сына аўстрыйскага герцага Леапольда. Але змяніць Люксембурга на Габсбурга — прыкладна тое ж, што змяніць шыла на мыла: гэта таксама быў яўна прагерманскі варыянт, які абяцаў залежнасць Польшчы ад Свяшчэннай Рымскай імперыі. Таму ў якасці альтэрнатыўнага жаніха Ядвігі прапанавалі сына памёршага ў 1381 годзе ўладара Мазовіі Зямовіта Трайдзенавіча, таксама Зямовіта, што валодаў заходняй паловай Мазовіі з Плоцкам, Сахачавам і Равай. Усходняя частка з Чэрскам і Варшавай належала яго старэйшаму брату, зяцю Кейстута Янушу.

Кандыдатуру Зямовіта падтрымала ў асноўным велікапольскае рыцарства, у той час як Малая Польшча выступіла катэгарычна супраць. Паміж прыхільнікамі Зямовіта і Вільгельма ўспыхнула сапраўдная грамадзянская вайна.

І вось у гэтай заблытанай сітуацыі ў гульню вырашыў уключыцца Ягайла. Вельмі зручнай для яго з'явілася тая акалічнасць, што ў трыццаціпяцігадовым узросце ён не быў яшчэ жанаты — зараз гэта дазваляла выступіць прэтэндэнтам на руку каралеўны Ядвігі.

Даволі значнай частцы польскай знаці такі варыянт здаўся ледзь не аптымальным з розных бакоў. Стаўшы польскім каралём, Ягайла атрымліваў магчымасць аб'яднаць ваенную моц дзвюх дзяржаў, як і яго папярэднік. Толькі зараз такім натуральным саюзнікам Польшчы выступала б не звернутая тварам да Адрыятыкі Венгрыя, а Вялікае княства Літоўскае. У Польшчы і Літвы меўся агульны вораг — Тэўтонскі ордэн, які закрываў абедзвюм краінам выхад у Балтыйскае мора і пастаянна пагражаў іх інтарэсам. Абагульніўшы сілы, можна было б ставіць пытанне ўжо не толькі пра стрыманне ордэнскай агрэсіі, але пра пераход у контрнаступ. Дынастычная унія Польшчы і Літвы абяцала і зняцце застарэлага пытання аб Галіцка-Валынскай Русі.

Зразумела, такі варыянт імпанаваў у першую чаргу антыгерманскай партыі. Праўда, і у яе меліся некаторыя довады супраць. Перш за ўсё Ягайла, як і большая частка ўласна літоўскага баярства, заставаўся паганцам, а некаторыя з членаў пануючай дынастыі прынялі праваслаўе (нават сярод малодшых Альгердавічаў на рускіх удзелах хрысціліся ў яго Лугвень-Сямён, Карыбут-Дзмітрый і Скіргайла-Іван), у той час як палякі былі заўзятымі католікамі. Але гэтая перашкода не з'яўлялася непераадольнай. Непахісная ўпартасць, з якой бацькі і дзяды тагачасных літоўцаў адстойвалі сваіх багоў, патроху размывалася. Надзённыя інтарэсы падштурхоўвалі літоўскіх баяр да ўсё большага збліжэння з хрысціянскім светам. І калі непрыманне хрышчэння з рук крыжакоў было справай прынцыпу, то каталіцызм Польшчы, здавалася, не хаваў у сабе небяспекі. Больш таго, хрышчэнне ў каталіцтва літоўскай знаці павінна было прадухіліць яе асіміляцыю, растварэнне ў шматлікім праваслаўным масіве Русі.

Такім чынам, варыянт польска-літоўскай уніі знаходзіў прыхільнікаў з абодвух бакоў. Тая групоўка літоўскіх баяраў, якая канкурыравала з рускай арыстакратыяй за месца пры велікакняжацкім двары, магла разлічваць, што з прыняццем каталіцтва яна знойдзе ў польскіх магнатах саюзнікаў супраць праваслаўных. Для самога ж Ягайлы польская карона была, безумоўна, вельмі прывабнай, да таго ж яна магла спрыяць наладжванню пахіснуўшагася ўнутранага парадку ў Вялікім княстве. Паказальна, што дыпламатычныя захады наконт прыняцця каталіцтва Ягайла пачаў рабіць адразу пасля смерці бацькі (гэта, дарэчы, з'яўлялася адной з мэтаў місіі Скіргайлы на захад у 1377 годзе).

Але Ягайлу, які ўступаў у балота польскай дынастычнай сваркі, патрэбны быў надзейны тыл. Між тым Вітаўт, нядаўні сябар, а зараз закляты вораг, працягваў укрывацца пад крылом крыжакоў. Гэта значыла, што любая ўнутраная апазіцыя магла выступіць пад яго сцягам.

Справы Вітаўта ў гэты час ішлі не надта ўдала. З вялікімі цяжкасцямі ён дамогся, каб Ягайла выпусціў у Прусію яго малодшых братоў і жонку з трыма малымі дзецьмі (дачкой Соф'яй і сынамі, вядомымі пад хрысціянскімі імёнамі Юрый і Іван). Згубіўшы бацьку і ўсе ўладанні, цудам пазбегнуўшы смерці, Вітаўт вымушаны быў шукаць падтрымкі ў злейшых ворагаў — крыжакоў. Яны ж выкарыстоўвалі яго як пешку ў сваіх камбінацыях. Хутка пасля прыбыцця ў Ордэн Вітаўт ахрысціўся ў каталіцтва пад імем Віганда і атрымаў у намесніцтва адзін з замкаў на мяжы з Жамойцю. Ён удзельнічаў у некалькіх паходах крыжакоў, марна спрабуючы ўладкавацца з іх дапамогай у бацькоўскіх Троках. У верасні 1383 года яму нават удалося на кароткі час захапіць Трокі, але ўтрымацца там ён не здолеў.

Знаходжанне Вітаўта пад апекай Ордэна дазваляла апошняму весці наступ на Літву на законных падставах. Таму крыжакі ахвотна давалі яму войска, а самі між тым будавалі моцны замак у захопленым Коўне. Ягайла вымушаны быў адмовіцца ад Жамойці, якая фактычна перайшла пад уладу Ордэна. І самому Вітаўту вельмі дорага даводзілася аплачваць крыжацкую падтрымку. У чэрвені 1384 года ён мусіў падпісаць вельмі нявыгаднае пагадненне. Усе свае вотчыны, якія яшчэ належала вярнуць, Вітаўт загадзя перадаў у ленную залежнасць Ордэну. У выпадку яго смерці малыя сыны павінны былі заставацца пад апекай крыжакоў, а калі памруць і яны — адзіную дачку магістр мог выдаць замуж па ўласным меркаванні, застаючыся вярхоўным сюзерэнам яе спадчыны. Малодшыя браты Вітаўта, Таўцівіл і Сігізмунд, таксама павінны былі атрымаць уладанні з рук Ордэна.

Дакумент гэты нагадваў дагавор ваўка з ягнём аб парадку з'ядання апошняга. I, напэўна, у сувязі з гэтым маленькія сыны Вітаўта, што знаходзіліся ў руках крыжакоў у замку Кёнігсберг, раптоўна памерлі,— як лічыцца, былі атручаны. Калі б зараз што здарылася і з самім Вітаўтам — Ордэн без перашкод павёў бы ад імя яго дачкі барацьбу за палову Літоўскага княства.

Наколькі па-рознаму можа складвацца чалавечы лёс! Калі б Вітаўт і сапраўды загінуў у гэты чорны для яго момант — у гісторыі ён застаўся б агідным здраднікам накшталт Пялюзе ці свайго брата Бутаўта-Генрыха, чалавекам, які адчыніў браму ордэнскай экспансіі. Але пан Выпадак рыхтаваў яму доўгае жыццё і гучную славу.

Хутка Вітаўт, які знаходзіўся проста ў безвыходным становішчы, даведаўся, што Ягайла напярэдадні барацьбы за польскую карону не супраць памірыцца з ім. І Вітаўт аддаў перавагу забойцу бацькі перад забойцамі сыноў. Усяго праз некалькі тыдняў пасля заключэння ганебнага дагавору ён раптоўна напаў са сваёй літоўскай дружынай на памежныя замкі крыжакоў, спаліў іх і разам з князямі Судзімонтам, Іванам Альгімонтавічам і іншымі сваімі паплечнікамі перайшоў у Літву.

Ягайла прыняў уцекача і вярнуў яму частку бацькоўскай спадчыны: Горадна, Ваўкавыск, Падляшша і частку Берасцейскай зямлі з замкам Камянец. Праўда, Трокі засталіся пад уладай Скіргайлы, якому ішлі і даходы з падняпроўскіх валасцей, падзеленых некалі паміж Альгердам і Кейстутам. Брат Вітаўта Таўцівіл атрымаў Ноўгародак.

Бясспрэчна, Вітаўт моцна рызыкаваў, давяраючыся Ягайлу, які ўжо раз перамог яго бацьку за кошт парушэння клятвы. Ягайла мог паддацца спакусе і разам знішчыць усіх Кейстутавічаў. Як ні дзіўна, на карысць Вітаўта зараз працаваў яго дагавор з крыжакамі, што даваў ім магчымасць прэтэндаваць на яго спадчыну. Пакуль Вітаўт быў жывы і лічыўся саюзнікам Ягайлы, гэты дагавор не ўяўляў вялікай небяспекі для Літвы, смерць жа яго дазволіла б Ордэну ўмяшацца ў літоўскія справы на "законных" падставах.

Адразу ж пасля вяртання на радзіму Вітаўт перахрысціўся з каталіцтва ў праваслаўе пад імем Аляксандра, як бы змываючы свой нядаўні ўчынак. У верасні таго ж 1384 года ён разам з Ягайлам выступае на ордэнскі замак у Коўне, які быў узяты літоўцамі пасля некалькіх тыдняў аблогі.

Між тым на пачатку 1385 года асаблівапрыбліжаныя паплечнікі Ягайлы: яго брат Скіргайла, князь Барыс Падольскі (паходжанне гэтага князя дакладна не вызначана), віленскі стараста Ганул,— выехалі ў Польшчу сватаць Ядвігу. Там падзеі разгортваліся ў гэты час бурна. Войска, прысланае з Венгрыі каралевай-маці Альжбетай Баснійскай на дапамогу Вільгельму Габсбургу і прагерманскай партыі, нанесла паражэнне Зямовіту Мазавецкаму, выключыўшы яго з барацьбы за карону. Войскам камандаваў зяць Альжбеты — той самы Сігізмунд Люксембург, якому палякі ўжо адмовілі ў праве быць сваім каралём (затое карону Венгрыі ён атрымаў). Гэта прымусіла антыгерманскую партыю канчаткова зрабіць выбар на карысць Ягайлы.

Другі раз на працягу кароткага часу польскія магнаты маглі дазволіць таму ці іншаму прэтэндэнту атрымаць карону, і зноў яны выкарыстоўвалі гэтую магчымасць, каб паставіць новага караля ў залежнае ад сябе становішча. Скіргайла ад імя старэйшага брата мусіў даваць абяцанні яшчэ больш пашырыць шляхецкія прывілеі. Увогуле ўмовы, на якіх Ягайлу пагаджаліся пусціць на трон, ставіліся даволі жорсткія: гаворка ішла ўжо не пра дынастычны саюз двух раўнапраўных дзяржаў, а фактычна пра далучэнне Вялікага княства да Польскага каралеўства на вечныя часы. Сталіцай пры гэтым заставаўся б Кракаў, а віленскае і троцкае баярства павінна было б перайсці ў стан правінцыяльнай знаці.

У тых умовах наўрад ці можна было разлічваць на поўнае выкананне яўна нераўнапраўных умоў уніі. Між тым Ягайла, напэўна, меркаваў, што галоўнае — атрымаць карону, а з астатнім можна разабрацца пазней. І 14 жніўня 1385 года ў адным са сваіх замкаў (Крэва на поўначы сучаснай Гродзенскай вобласці) ён падпісвае пагадненне на польскіх умовах. (Ёсць, праўда, меркаванне, што на самой справе ўмовы уніі былі не такімі жорсткімі для Літвы, як сведчаць дайшоўшыя да нас дакументы. Магчыма, палякі пазней, пасля смерці Ягайлы падрабілі тэкст.) Так нарадзілася славутая Крэўская унія, якая на доўгі час звяла польскую гісторыю з гісторыяй Вялікага княства ў адзінае рэчышча. Сапраўднае зліццё дзвюх дзяржаў, зразумела, адразу не магло адбыцца. Але яно было абвешчана і стала на шмат гадоў своеасаблівай праграмай-максімум, надаючы польска- літоўскім адносінам пэўную афарбоўку. На працягу двух стагоддзяў гэтыя адносіны развіваліся хоць і непаслядоўна, з прылівамі і адлівамі, менавіта ў напрамку, абвешчаным Крэўскай уніяй, пакуль ужо ў складзе Рэчы Паспалітай не дайшлі да стану, вельмі блізкага да сапраўднага зліцця дзвюх дзяржаў пры перавазе польскага кампаненту.

Але зараз да гэтага яшчэ вельмі далёка. І перш чым на польскім дзяржаўным гербе побач з белым арлом Пястаў з'явіцца выява "Пагоні", павінны адбыцца бурныя падзеі. Каралева Альжбета Баснійская працягвала весці двайную гульню: абяцала руку дачкі і Ягайлу, і Вільгельму. Зімой 1385/86 года малады Габсбург прыбыў у Кракаў, каб ажыццявіць шлюб з Ядвігай, нягледзячы на пагадненне ў Крэве.

Можна ўявіць сабе стан Ядвігі, чатырнаццацігадовай дзяўчынкі, што апынулася ў становішчы трэскі ў віры падзей. Вырасла яна ў Будзе, сталіцы Венгрыі, і з дзяцінства рыхтавалася стаць каралевай гэтай краіны. Раптам трапіла ў палаючы палітычнымі страсцямі Кракаў, дзе ўсё было чужым і нязвыклым. Там і адбылася яе сустрэча з шаснаццацігадовым Вільгельмам, якога яна не бачыла з ранняга дзяцінства, але заўсёды ведала, што ён стане яе мужам, і звыклася з гэтым. Але кракаўскія магнаты адмовіліся ад намечанага шлюбу і паказалі Вільгельму на парог. Ніхто не прымаў да ўвагі адчай юнай Ядвігі, якой замест прывабнага равесніка трэба было зараз рыхтавацца да шлюбу з невядомым літоўскім уладаром, больш чым на дваццаць гадоў старэйшым за яе. І ў той момант, калі лютаўскім днём 1386 года няўдалы жаніх пакідаў Кракаў праз адну браму, праз другую ўязджаў Ягайла.

Антыгерманская партыя перамагла. Нядаўні паганец ахрысціўся пад імем Уладзіслава і павянчаўся з юнай каралеўнай, а праз колькі дзён ганарова абвешчаны новым каралём Польшчы — Уладзіславам II. У пасаг жонцы ён падараваў шэраг уласных маёнткаў і валасцей у Віцебскім княстве і Падняпроўі. Сваё панаванне яму давялося пачаць з абяцаных прывілеяў шляхце. Як і яго папярэднік Людовік, Уладзіслаў-Ягаяла выдаў у 1386 і 1388 гадах граматы, у якіх пацвярджаліся і замацоўваліся правы рыцарскага саслоўя.

Тэўтонскі ордэн, зразумела, быў незадаволены саюзам Польшчы і Літвы, тым больш — намечаным хрышчэннем літоўцаў з Польшчы. Выпусціўшы з рук Вітаўта, Ордэн завязаў інтрыгу з другім незадаволеным — Андрэем Альгердавічам. Яму было ўжо каля шасцідзесяці, і надзеі рэалізаваць сваё старэйшынства заставалася ўсё меней. Між тым пасля абрання Ягайлы каралём Польшчы ўзыход Андрэя на пасад вялікага князя літоўскага прывёў бы да скасавання уніі.

Менавіта таму, напэўна, у 1386 годзе крыжакі ўтварылі пагадненне з Андрэем (супраць якога, дарэчы, некалькі гадоў таму пасылалі войска на дапамогу Ягайлу і Скіргайлу) і смаленскім князем Святаславам Іванавічам. У бытнасць Ягайлы ў Кракаве Андрэй сумесна з крыжакамі-лівонцамі напаў на некаторыя гарады, аднак захапіць здолеў толькі Лукомль. У той жа час Святаслаў Смаленскі спрабаваў захапіць Віцебск і Оршу, а потым аблажыў Мсціслаў.

Можна меркаваць, што за гэтым выступленнем стаялі тыя праваслаўныя сілы Вялікага княства, якія не бачылі ніякіх пераваг у збліжэнні з Польшчай, а арыентаваліся на аднаўленне Кіеўскай Русі (магчыма—на саюз з Масквой). Аб тым, што канфлікт быў не звычайным удзельным бунтам, а барацьбой па прынцыповых пытаннях, сведчыць падкрэслена прадузятае асвятленне яго пралітоўскім аўтарам "Летапісца вялікіх князёў літоўскіх", які не шкадуе чорнай фарбы для Андрэя Полацкага і Святаслава Смаленскага: "Много зла сотвориша хрстянем нечеловеческы и нихрестиянскы, и мучиша хрстян, иже ни в поганых ратех то не слышах таковых мук".

Аднак гэтае выступленне было даволі хутка падаўлена сумеснымі дзеяннямі Скіргайлы і іншых братоў Ягайлы, а таксама Вітаўта. Святаслаў загінуў пад Мсціславам, дзе смаленскае войска панесла цяжкае паражэнне. Скіргайла дазволіў атрымаць Смаленскае княжанне яго старэйшаму сыну Юрыю, які прызнаў сваю залежнасць ад Ягайлы і Скіргайлы. Андрэй пратрымаўся ў Полацку да 1388 года.

Большасць жа ўдзельных князёў на працягу 1386—1387 гадоў прынесла новую прысягу на вернасіць каралю Уладзіславу-Ягайлу без асаблівых канфліктаў. Фактычным кіраўніком спраў Вялікага княства стаў Скіргайла, але Вільна і Віцебск засталіся пад кантролем новага караля. У Віцебску жыла яго маці Ульяна Аляксандраўна, нападалёку ў Абольцах быў маёнтак каралевы Ядвігі. У Вільна ж Ягайла прыслаў намесніка з Польшчы, адсунуўшы мясцовае баярства. За Скіргайлам, паводле дамоўленасці 1387 года, засталіся Трокі і Полацк (які яшчэ належала здабыць у Андрэя), а таксама Менск, Лагойск і воласці ў Падняпроўі: Свіслач, Бабруйск, Рэчыца, Любеч, Пропашаск, Любашаны, Ігумен і шэраг сёлаў.

Пастараўся Ягайла ўмацаваць і свае пазіцыі ў Польшчы. Ён утварыў пагадненне са сваім нядаўнім сапернікам у барацьбе за карону — Зямовітам Мазавецкім, за якога ў 1388 годзе выдаў сваю малодшую сястру Аляксандру. Зямовіт таксама атрымаў Белзскае княства на Валыні, якім некалі валодаў Юрый Нарымонтавіч. Замірыўся кароль і з адным з буйнейшых правадыроў прагерманскай партыі — князем Уладзіславам Апольскім. З яго дачкой ажаніўся малодшы брат Ягайлы Віганд, які атрымаў таксама гарады Улацлавек, Быдгашч і Добжын з куяўскіх уладанняў свайго цесця. Праўда, Віганд Альгердавіч хутка памёр у 1392 годзе, не дажыўшы і да 30 гадоў (з ім даследчыкі часта блытаюць Вітаўта, які ў каталіцтве таксама меў першае хрысціянскае імя Віганд).

Выконваючы ўзятыя абавязкі, кароль распачаў хрышчэнне Літвы ў каталіцтва. Асноўнымі праваднікамі гэтай "праграмы" сталі Скіргайла і Вітаўт, які зноў перахрысціўся ў рымскую веру пад імем Аляксандр, якое меў і ў праваслаўі. За справу ўзяліся даволі крута. У прывілеі Ягайлы ад 22 лютага 1387 года, выдадзеным на лацінскай мове, абвяшчалася: "Мы запэўніваем, даўшы свяшчэнныя клятвы, што ўсе народы, якія насяляюць Літоўскае княства, абодвух полаў, любога саслоўя ці годнасці, будуць прыведзены да каталіцкай веры і паслушэнства святой рымскай царкве. Яны будуць прыцягнуты туды, прызваны і сагнаны, у якой бы веры ні знаходзіліся". Адначасова ўсім католікам даваліся правы ў адносінах да зямельнай маёмасці, якія ўжо мела польская шляхта: магчымасць свабодна перадаваць у спадчыну, дараваць і прадаваць свае маёнткі, воласці, сёлы і хаты, а таксама самастойна выдаваць замуж дачок-наследніц (але толькі за католікаў).

Канешне, намер "сагнаць" у каталіцтва ўсё праваслаўнае насельніцтва дзяржавы з'яўляўся хімерай. Няма ніякіх звестак, каб ён сапраўды ў той час выконваўся больш-менш настойліва. Гэты пункт быў уключаны ў прывілей, каб улагодзіць рымскага папу. Але ў адносінах да неахрышчанага раней літоўскага насельніцтва акаталічванне актыўна праводзілася ў жыццё. Згаслі свяшчэнныя агні ў старажытных капішчах, замест іх будаваліся першыя касцёлы. Апрача існаваўшых з часоў Гедыміна каталіцкіх храмаў у Вільне, на тэрыторыі Віленскага княства Ягайла заснаваў новыя: у Вількаміры, Кернаве, Немянчыне, Быстрыцы, Медніках і Крэве, тады ж з'явіўся касцёл і ў Мерачы, на тэрыторыі Троцкага княства. Яшчэ два касцёлы ўзніклі ў велікакняжацкіх дварах у рускіх землях: у Гайне (на паўночна-заходнім ускрайку Лагойскага княства) і ў падараваных каралеве Ядвізе Абольцах. Іх заснаванне можна растлумачыць тым, што ў гэтыя воласці перасялілі шмат літоўцаў з іншых велікакняжацкіх уладанняў. Зараз усе яны станавіліся католікамі, і для іх патрабаваліся храмы.

Трэба дадаць, што хрышчэнне літоўцаў з'яўлялася ў значнай ступені вонкавым. Нядаўнія паганцы не маглі імгненна ператварыцца ў сапраўдных хрысціян — гэты працэс расцягнуўся не на адно стагоддзе.

Каталіцкая царква ў Літве адразу зрабілася буйным землеўладальнікам. Да віленскага капітула (рады святароў кафедральнага касцёла Святога Станіслава) былі прыпісаны некалькі валасцей: Таўрагіне, Маляты і Лабанары на поўначы ўласна літоўскай тэрыторыі, а таксама некалькі асобных сёлаў у розных месцах. Пазней, у 1391 годзе, віленскі капітул атрымаў даволі буйную воласць з замкам Стрэшын на Дняпры, крыху вышэй вусця Бярэзіны.

У Вільне заснавалі біскупскую кафедру. Першым біскупам стаў у 1388 годзе былы біскуп-суфраген (намеснік біскупа) горада Гнезна Андрэй Васіла — польскі шляхціц з роду Ястрэбцаў.

Гэтыя крутыя перамены не маглі спадабацца ўсім: нечыя справы ішлі ўгору, а нечыя і рэзка пагаршаліся. Натуральным выглядала незадавальненне найбольш кансерватыўнай часткі літоўскага баярства і жрацоў, якія не жадалі развітвацца з верай продкаў. Незадаволенымі былі і вялізныя масы праваслаўных, якім афіцыйна абвясцілі намер (хай сабе і фіктыўны) перахрысціць іх у католікаў. Нават асноўная маса літоўскай знаці, якую хрышчэнне прываблівала набыццём прывілеяў па польскім узоры, адначасова не магла цалкам згадзіцца з тым, што паводле ўмоў уніі на першыя ролі ў Літве адразу пачалі высоўвацца новыя польскія прыбліжаныя Ягайлы, як адбылося, напрыклад, з Віленскім староствам.

Выразнікам думак гэтай апошняй праслойкі выступіў Вітаўт. Яго подпіс стаіць пад дакументам аб Крэўскай уніі, ён актыўна ўдзельнічаў у хрышчэнні Літвы, але тым не менш правадыром незадаволеных стаў менавіта ён. Для таго меліся і асабістыя прычыны: успаміны пра зло, якое прычыніў яго сям'і Ягайла, і магутнае славалюбства, імкненне да першых роляў. Пасля прымірэння з Ягайлам ён валодаў толькі часткай бацькоўскіх земляў: Гораднам, Ваўкавыскам, Камянцом і гарадамі Падляшша. У 1388 годзе атрымаў ад караля таксама і Луцк, які такім чынам з намесніцтва зноў ператварыўся ў княства. Усё гэта рабіла Вітаўта адным з наймагутнейшых удзельных князёў, але ў Троках з тытулам вялікага князя сядзеў Скіргайла, а ў Вільне — намеснік Ягайлы Яцка Алясніцкі.

І вось зімой 1388/89 года, калі Скіргайла ад'ехаў у Полацк, дзе яму ўдалося падманам захапіць князя Андрэя, Вітаўт "совет сотвори со многими князьми и бояры литовскими" і зрабіў спробу заняць Вільна. Замаскіраваўшы дружыну пад купецкі абоз, ён сярод бела дня рушыў да гарадской брамы. Аднак на бок Ягайлы і Скіргайлы перакінуўся даўні паплечнік Вітаўта Судзімонт. Да таго ж варта заўважыла зброю ў абозе, і Вітаўту давялося ўцякаць. Не спадзеючыся на моц сваіх замкаў, ён зноў накіраваўся да крыжакоў, з якімі менш чым пяць гадоў таму так сурова развітаўся. Разам з ім пайшла ўся сям'я: жонка Ганна, дачка Соф'я, браты Таўцівіл і Сігізмунд, малодшая сястра Рынгаля.

Верныя сваёй тактыцы распальваць варожасць сярод уладароў Літвы, крыжакі зноў прынялі знатнага ўцекача, хаця прыём, які яны яму гэтым разам аказалі, не вызначаўся асаблівай цеплынёй. Усе члены яго сям'і фактычна апынуліся ў якасці заложнікаў. Аднак войска для барацьбы са Скіргайлам Вітаўт атрымаў. З гэтым войскам ажыццявіў паспяховыя набегі на Кернава і Мейшаголу, "нача воевати Литовскую землю с немецькою помочю, и уже взял был Литовскои земли по Велию реку, а и Польтескь вдася ему".

У 1390 годзе Вітаўт з войскам заходнееўрапейскіх добраахвотнікаў (сярод іх знаходзіўся англійскі прынц Генрых — будучы кароль Англіі) рушыў на Вільна. Войска Скіргайлы было разбіта, прычым у палон да Вітаўта трапілі брат Міхаіла Яўнуцьевіча Заслаўскага Сямён, брат Фёдара Святаславіча Смаленскага Глеб і шэраг іншых рускіх князёў. Аднак аблога Вільна не прынесла канчатковага поспеху, хаця часова ўдалося захапіць прадмесце Крывы горад, пры абароне якога загінуў брат Ягайлы Карыгайла- Казімір Мсціслаўскі. Але ў гэтым паходзе Вітаўт згубіў і свайго брата Таўцівіла.

У адказ Уладзіслаў-Ягайла перадаў уладанні Вітаўта — Падляшша з Берасцем і Камянцом — свайму васалу Янушу Мазавецкаму (які, дарэчы, даводзіўся Вітаўту шваграм, бо быў жанаты з яго сястрой Ганнай Кейстутаўнай). Польска-мазавецкія войскі ўступілі ў Камянец, Берасце і Ваўкавыск, якімі кіравалі намеснікі Вітаўта. Аднак адчайнае супраціўленне жыхароў гэтых гарадоў паказала, як шмат прыхільнікаў засталося ў Вітаўта ў дзяржаве.

Падтрымку Вітаўту выказала і Маскоўскае княства, дзе на змену памёршаму ў 1389 годзе Дзмітрыю Данскому прыйшоў яго старэйшы сын Васіль. Яшчэ да мяцяжу Вітаўта было дамоўлена пра шлюб яго адзінай дачкі з сынам Дзмітрыя. Зараз, нягледзячы на знаходжанне літоўскага князя за межамі сваёй вотчыны, Масква выразна прадэманстравала, што лічыць яго сур'ёзнай палітычнай фігурай. Маскоўскае пасольства знайшло Вітаўта ў Прусіі, і Соф'я ў суправаджэнні Івана Гальшанскага накіравалася ў Маскву кружным шляхам праз Гданьск і Пскоў. Яе шлюб з Васілём Дзмітрыевічам адбыўся ў 1391 годзе.

Тым часам Вітаўт, абапіраючыся на шырокую падтрымку як унутры Літвы, так і па-за яе межамі, зноў перайшоў да рашучых дзеянняў. На дапамогу яму быў скліканы крыжовы паход на чале з прынцам Генрыхам Нартумберлендскім. У 1392 годзе Вітаўт нанёс Скіргайлу рашаючае паражэнне. Ягайла, не жадаючы дапусціць канчатковага адпадзення Літвы ад Польшчы, паспяшаўся прызнаць яго перамогу. Вітаўт атрымаў і Троцкае, і Віленскае княствы, тытул вялікага князя — з адной толькі ўмовай, каб ён застаўся васалам польскага караля.

Так неспакойны лёс Вітаўта зрабіў яшчэ адзін круты паварот, і выгнаннік ператварыўся ў магутнага ўладара. Праўда, дасягнуў гэтага дастаткова дарагой цаной — узамен за крыжацкую падтрымку згадзіўся на адыход Жамойці пад уладу Ордэна. Частка бацькоўскіх земляў па- ранейшаму засталася ў руках Януша Мазавецкага пад сюзерэнітэтам Ягайлы. Затое Вітаўту быў вернуты Луцк, а ў дадатак і Уладзімір-Валынскі, Скіргайла ж у якасці кампенсацыі за згубленае Троцкае княства атрымаў Крамянец, а таксама ў перспектыве — Падолле, дзе пасля смерці ў 1388 годзе Канстаціна Карыятавіча ўладкаваўся чацвёрты з братоў, былы паплечнік Людовіка Анжуйскага Фёдар Карыятавіч.

Адбыліся і іншыя пераразмеркаванні ўладанняў. Вызвалілася Пінскае княжанне (Васіль Міхайлавіч, напэўна, памёр даволі маладым без нашчадкаў). Яго атрымаў, відаць, дзядзька Васіля — Юрый Нарымонтавіч, які з'яўляўся прыхільнікам Вітаўта ў час яго другой эміграцыі. Сын Юрыя Раман паехаў князем у Вялікі Ноўгарад замест Сямёна-Лугвеня Альгердавіча, што княжыў там з 1389 года, а па звароце ў Літву атрымаў вакантнае пасля смерці Казіміра-Карыгайлы Мсціслаўскае княства і ажаніўся з сястрой Васіля Маскоўскага Марыяй.

Дарэчы, літоўскія князі з канца 1370-ых гадоў рэгулярна з'яўляюцца служылымі князямі ў Ноўгарадзе (спачатку Юрый Нарымонтавіч, потым яго брат Аляксандр, Сямён Альгердавіч, зараз — Раман Юр'евіч). Аднак гэта сведчыць не пра поўную залежнасць Ноўгарада ад Вялікага княства, а пра хісткі кампраміс з Масквой, бо наўгародцы мусілі пайсці на прызнанне адначасова двух служылых князёў: побач з Гедымінавічамі ў Ноўгарадзе часта знаходзіліся і стаўленікі вялікага князя маскоўскага (звычайна гэта былі залежныя ад яго прадстаўнікі растоўскай ці белазёрскай дынастыі).

Вітаўту дасталася турботная спадчына. Бурныя палітычныя падзеі заблыталі сімпатыі і антыпатыі ў дзяржаве. Апрача групавых канфліктаў (паміж прыхільнікамі каталіцтва і праваслаўя, зліцця з Польшчай і дзяржаўнай незалежнасці, віленскім баярствам і троцкім) хапала і канфліктаў асабістых: паміж Кейстутавічамі і Альгердавічамі, паміж сынамі Альгерда ад розных жонак, паміж асобнымі прадстаўнікамі шматлікай дынастыі. У гэтай мутнай кругаверці прабіцца наверх і ўтрымацца там мог толькі самы таленавіты, валявы і беспрынцыповы. Такім і быў Вітаўт. Яго мараль, метады дасягнення мэты могуць выклікаць розныя пачуцці — ад захаплення да агіды. Але талентам дзяржаўнага дзеяча ён безумоўна валодаў. Атрымаўшы ўладу ў смутным 1392 годзе, у поўным росквіце сіл, здолеў утрымаць яе на працягу 38 гадоў, ні разу не дазволіўшы заблытаным супярэчнасцям выйсці з-пад кантролю.

Спачатку Вітаўт мог абапірацца ў асноўным на тую сілу, што прывяла яго да ўлады — на літоўскае баярства, у прынцыпе згоднае з акаталічваннем і запазычваннем польскіх узораў, але не з дзяржаўным падпарадкаваннем Польскаму каралеўству. Традыцыйна падтрымлівала яго і праваслаўнае баярства Панямоння, якое здаўна верна служыла яго бацьку і братам. З дапамогай гэтых сіл зараз, пасля пераадолення ў асноўным унутрыдзяржаўнага крызісу, належала прыступіць да даўно наспелай задачы: спыніць працэс распаду дзяржавы на сямейныя ўдзелы Гедымінавічаў і накіраваць яе развіццё па больш прагрэсіўным шляху кіравання праз намесніцтвы.

Надзённасць гэтай задачы ясна ўяўлялі сабе і Вітаўт, і кароль Ягайла. Таму паміж імі склаліся парадаксальныя на першы погляд адносіны: Ягайла няўхільна падтрымліваў нядаўняга смяротнага ворага супраць удзельных князёў, многія з якіх з'яўляліся роднымі братамі самога Ягайлы. Другім парадоксам было тое, што найбольш эвалюцыйна прасунутае рускае баярства, асабліва зацікаўленае ва ўтварэнні магнацка-намесніцкай структуры, знаходзілася пад кантролем удзельных князёў і мусіла змагацца на іх баку супраць новаўвадзенняў цэнтра. Магчыма, аднак, што менавіта гэта вызначыла параўнальна слабае супраціўленне ўдзельных уладароў.

Першы повад для рэформы з'явіўся хутка. Памерла старая княгіня Ульяна Аляксандраўна, удовіным удзелам якой быў Віцебск. Вітаўт выкарыстаў гэта для ліквідацыі аднаго з удзелаў і накіраваў туды намеснікам свайго сакольнічага, праваслаўнага баярына Фёдара Вясну. Аднак такое распараджэнне родавай вотчынай Альгердавічаў выклікала мяцеж. Яго ўзняў самы малодшы з сыноў Ульяны і Альгерда Свідрыгайла (у праваслаўным хрышчэнні — Якаў), які незадоўга да таго дасягнуў паўналецця і яшчэ не меў удзела. Ён абвясціў сябе спадчыннікам Віцебска, а вітаўтава баярына пакараў смерцю. Да мяцяжу далучыліся Орша і Друцк.

Ягайла прыслаў на дапамогу Вітаўту польскае войска, на чале якога стаў Скіргайла. Першым чынам карная экспедыцыя рушыла на Друцк. Там у той момант княжылі маладыя сыны Дзмітрыя Васілевіча і Дзмітрыя Сямёнавіча. Яны не рызыкнулі супрацьстаяць Вітаўту і выказалі пакорлівасць. За гэта вялікі князь пакінуў за імі Друцкае княства, але на новых умовах: не як спадчынную маёмасць, а як нададзеную са сваіх рук (так, як атрымлівалі замкі на Валыні князі Астрожскія, Чацвярцінскія і інш.). Затое Орша вырашыла супраціщуляцца і была захоплена пасля аблогі. Невядома, ці сядзеў там да таго ўласны князь, але з той пары Орша назаўжды ператвары-лася ў велікакняжацкі горад, кіруемы намеснікам. Затым такі ж лёс чакаў і Віцебск. Пасля доўгай аблогі Свідрыгайла мусіў уцякаць да лівонцаў, распачаўшы такім чынам свой не менш мудрагелісты, чым у Вітаўта, жыццёвы шлях. Віцебск жа скарыўся. И хаця ён атрымаў пацвярджэнне сваёй унутранай самастойнасці і захаваў мясцовыя законы і звычаі, агульнадзяржаўныя інтарэсы ў ім цяпер меўся прадстаўляць намеснік вялікага князя.

Апрабаваную на Друцку мадэль Вітаўт прымяніў і да іншых удзелаў. Іх уладальнікам ён прапанаваў адмовіцца ад статуса спадчынных гаспадароў і перайсці ў стан пажыццёвых намеснікаў, хаця і з вельмі шырокімі правамі. Рэакцыя была рознай. Дзмітрый-Карыбут Ноўгарад-Северскі ўзяўся за зброю. Аднак яго дружына пацярпела паражэнне ў сутыкненні з войскам Вітаўта, і ў выніку ён згубіў свае княства ўвогуле. У сваю чаргу Фёдар Ратненскі асталяваўся ў Ноўгарадзе-Северскім, але ўжо на новых умовах. Другі валынскі князь, Фёдар Любартавіч, атрымаў замест Уладзіміра некалькі гарадоў у Галіцкай зямлі ў якасці васала польскага караля.

Адмовіліся прынесці прысягу на новых умовах і двое старэйшых Альгердавічаў: Уладзімір Кіеўскі і Канстанцін Чарнігаўскі. Але і іх супраціўленне было лёгка зломлена. У Кіеў замест Уладзіміра ў 1395 годзе адправіўся нядаўні вялікі князь Скіргайла, але ён не здолеў паладзіць з мясцовым баярствам і праз год яго атруцілі. (Ёсць версія, што тут не абышлося без Вітаўта, які тым самым пазбавіўся найбольш небяспечнага саперніка.) Тады Вітаўт накіраваў у Кіеў намеснікам свайго даўняга паплечніка, князя Івана Альгімонтавіча Гальшанскага. Стары Уладзімір Альгердавіч атрымаў, праўда, узамен Слуцк і Капыль. Канстанціна ж з Чарнігава перавялі ў Чартарыю, вылучаную са складу Луцкага княства. Карыбут жа пасля смерці Скіргайлы атрымаў Крамянец — давялося падпарадкавацца вялікаму князю.

Нарэшце, і апошні падольскі князь Фёдар Карыятавіч быў у 1395 годзе сагнаны з княжання і нават часова трапіў у затачэнне. Аднак на Падолле, апрача Вітаўта, меў прэтэнзіі і Ягайла. Частка падольскіх гарадоў перайшла аднаму з актыўных польскіх прыхільнікаў Ягайлы, магнату Спытку Мельштынскаму ў якасці закладу за вялікую суму грошай, пазычаную ім каралю.

Таксама згубіў уладу за непакорства і князь Смаленска Фёдар Святаславіч. Вітаўт перавёў яго ў Рослаў, а Смаленск аддаў малодшаму брату Фёдара Глебу. Аднак хутка і той чымсьці незадаволіў вялікага князя, які перавёў яго ў горад Палонна (напэўна, на Валыні, хаця двор з такой назвай існаваў і ў Віцебскай зямлі), а ў Смаленск прыслаў сваіх намеснікаў: князя Ямонта Тулунавіча і баярына Васіля Барэйкавіча. І ў Смаленску, і ў Маскве гэтую акцыю ўспрынялі як канчатковае далучэнне Смаленска да Вялікага княства, хаця залежнасць яго ўжо даўно была вельмі вялікай. Масква выказала абурэнне, аднак перад ваеннай моцай Вітаўта пакуль што ўсё гнулася, як трыснёг пад ветрам. Літоўскае войска зрабіла нават далёкі паход у Разанскае княства, супраць цесця Дзмітрыя-Карыбута, князя Алега Іванавіча.

Пасля гэтага свой выбар на карысць Літвы зрабіла і большасць княстваў з вярхоўяў Акі. Святаслаў, Іван і Андрыян Цітавічы (апошні ў радаводах названы братам Ціта), уладары Карачава, Казельска і Звянігарада, аднавілі сваю васальную прысягу Вітаўту. Тое ж зрабілі князі Раман Сямёнавіч Адоеўскі і Усевалад Арэхва Мезецкі. Васаламі Масквы засталіся толькі сыны Канстанціна Абаленскага, уладанні якіх ляжалі найбліжэй да маскоўскай мяжы. Зяць Вітаўта Васіль Маскоўскі вымушаны быў прызнаць гэтыя змены і пагадзіцца з тым, што мяжа паміж маскоўскай і літоўскай сферамі ўплыву праходзіць па рацэ Угры, левым прытоку Акі.

Так Вялікае княства Літоўскае, яшчэ больш узмацнелае пасля часовага заклапочання ўнутранымі справамі, зноў у поўны голас заявіла пра сябе на заходніх межах Маскоўскага княства і Залатой Арды. На гэты момант сілы ўсіх трох магутных усходнееўрапейскіх дзяржаў сталі прыкладна роўнымі. У Маскве, нягледзячы на паражэнне ад Тахтамыша, князь Дзмітрый Данскі псрад сваёй смерцю перадаў вялікае княжанне ўладзімірскае свайму сыну як асабістую вотчыну ці дадатак да Маскоўскага княства, і татары моўчкі праглынулі гэта. Адбіўшыся ў свой час ад Альгерда, масквічы ўжо пачыналі патроху паглядаць на захопленыя ім рускія землі, як на аб'ект магчымых набыткаў, але Васіль Дзмітрыевіч пакуль што не адважваўся адкрыта кінуць выклік магутнаму цесцю. Барацьба за ўплыў на рускіх князёў і рускія землі Вялікага княства працягвалася, але ў скрытай форме.

Пасля смерці Дзмітрыя ў Маскву, нарэшце, уехаў мітрапаліт Кіпрыян, які зноў аб'яднаў такім чынам дзве мітраполіі. Нягледзячы на хрышчэнне Літвы ў каталіцтва, Кіпрыян захаваў добрыя адносіны і з літоўскімі князямі. Увогуле з'яўлясцца ўражанне, што пасля бурных папярэдніх падзей Літва, Польшча і Масква ў 1390-ыя гады прагнулі перадыху.

Без асаблівых канфліктаў Вітаўт дамогся ўплыву ў Ноўгарадзе і Пскове, якія вагаліся паміж двума магутнымі суседзямі. Вядома, што ў Пскове князем быў у 1398—1399 гадах сын Андрэя Альгсрдавіча Іван, пра літоўскіх выхадцаў у Ноўгарадзе вышэй ужо гаварылася. Пасля смерці ў 1398 годзе Рамана Юр'евіча яго змяніў дзядзька, Патрыкей Нарымонтавіч. Праўда, і тут хісткую раўнавагу пакуль што не ўдавалася схіліць ні ў маскоўскі, ні ў літоўскі бок.

Залатая Арда пэўны час не магла, як раней, выконваць актыўную ролю літоўскага саюзніка, бо хан Тахтамыш, былы пратэжэ Цімура (Тамерлана), уцягнуўся ў барацьбу з апошнім за Іран і Закаўказзе. Перамога ў гэтым канфлікце была на баку грознага Цімура, які ў 1396 годзе сакрушыў войска Тахтамыша і спустошыў яго качэўі. Пэўны час Тахтамыш яшчэ трымаўся супраць новага стаўленіка Цімура, хана Цімур-Кутлука, але ўрэшце згубіў уладу і вымушаны быў падавацца на ўцёкі. Прытулак ён знайшоў у Вітаўта, які тым часам зрабіў некалькі рэйдаў у Паўночнае Прычарнамор'е, каб падпарадкаваць сваёй уладзе як тамтэйшых татарскіх феадалаў, што адкалоліся ад Арды, так і аселае насельніцтва прычарнаморскіх гандлёвых факторый.

У гэты момант Вялікае княства Літоўскаё займае найбольшую ў сваёй гісторыі тэрыторыю (калі не лічыць страт Жамойці і Падляшша на заходняй мяжы). Яно раскінулася ад Нёмана і Дзвіны да нізоўяў Днястра і Дняпра, да прычарнаморскіх стэпаў. Але Вітаўт нядоўга цешыўся спакоем. Ён адчуў сябе здольным нават на тое, каб выкарыстаць цяжкасці Залатой Арды і ў нейкай ступені распаўсюдзіць свой уплыў на яе. Вялікі князь ласкава прыняў Тахтамыша з яго двума сынамі і раднёй, даў яму ў кармленне замак Ліду, а сам пачаў рыхтавацца да вялікага паходу ў стэпы. Вітаўт разлічваў зноў узвесці хана-выгнанніка на трон, але ўжо як свайго стаўленіка. За гэта Тахтамыш павінен быў выдаць яму ярлык не толькі на тыя ардынскія правінцыі, што знаходзіліся ў складзе Вялікага княства з часоў Гедыміна і Альгерда, але і на тыя, якія Вітаўт толькі збіраўся далучыць: на Ноўгарад, Пскоў, нават вялікае княжанне ўладзімірскае. Ярлыкі, здаецца, былі ўжо загатаваны — да іх часткова (а паводле меркаванняў некаторых даследчыкаў — цалкам) узыходзяць тыя граматы крымскіх ханаў вялікім князям, пра якія я казаў вышэй.

Што і казаць, планы былі такія, што займала дух. Вітаўт рэкламаваў свой намер як вялізны паход хрысціянскага свету супраць басурман і зрабіў пэўнае ўражанне ў Еўропе. Нават рымскі папа абвясціў яго мерапрыемства крыжовым паходам. У ім вызваліся ўдзельнічаць польскія арыстакраты на чале са Спыткам Мельштынскім, паўзалежныя ад Вітаўта гаспадары Малдовы і Валахіі, нават атрад тэўтонскіх братоў-рыцараў. Намерваўся Вітаўт схіліць да ўдзелу і Васіля Маскоўскага, але той, напэўна, лепш разумеў сапраўдны патэнцыял Арды, бо разважліва ўхіліўся.

Па сутнасці гэтая задума з'яўлялася грандыёзнай авантурай. Хану Цімуру-Кутлуку падпарадкоўвалася амаль уся неабсяжная тэрыторыя Залатой Арды ад Прычарнамор'я да Іртыша, за яго спіной стаяў сам магутны Цімур, уладар паловы Азіі. Напэўна, пасля поспехаў першых гадоў панавання разважлівасць здрадзіла Вітаўту і яго дарадчыкам, яны яўна пераацанілі сваю моц. Пра пэўную эйфарыю сведчыць і тое, што незадоўга да вайны з Ардой, у 1398 годзе літоўская знаць на піры абвясціла Вітаўта "каралём Літвы і Русі", фактычна скасаваўшы тым самым як унію, так і пагадненне 1392 года.

І вось летам 1399 года войска Вітаўта накіравалася з Кіева, дзе быў зборны пункт, да межаў Арды. З улікам татар Тахтамыша, палякаў і іншых добраахвотнікаў яно налічвала, напэўна, да 20 тысяч рыцараў і шмат гармат. Паводле маскоўскага летапісца, з Вітаўтам ішло 50 князёў. Прынамсі, амаль уся вышэйшая знаць Вялікага княства ўдзельнічала ў паходзе, нават старэйшыя Альгердавічы — Андрэй і Дзмітрый, якім было ўжо за семдзесят гадоў.

Татарскае войска, вялізнае сваёй колькасцю, чакала на мяжы ардынскіх уладанняў — на рацэ Ворскле. Хан Цімур-Кутлук распачаў перамовы, пагаджаўся на вялікія ўступкі, але на самой справе, відавочна, чакаў войска старога цімурава ваяводы Эдыгея. З яго падыходам тон татар на перамовах рэзка змяніўся. Найбольш асцярожныя галовы ў войску Вітаўта ў прадбачанні разгрому прапаноўвалі адысці на больш-менш пачэсных умовах, але маладое літоўскае і польскае рыцарства палічыла гэта ганебным.

Бітва адбылася на тым самым полі, дзе трыма стагоддзямі пазней адбудзецца славутая Палтаўская баталія. Артылерыя, на якую спадзяваўся Вітаўт, аказалася неэфектыўнай у палявых умовах пры тым узроўні яе манеўранасці і майстэрства бамбардзіраў. Як і можна было чакаць, справа скончылася акружэннем і страшэнным разгромам войска Вітаўта. Сам ён разам з Тахтамышам ледзьве ўцёк, заганяючы коней. Пра маштабы паражэння свсдчыць колькасць знатных удзельнікаў, загінуўшых на Ворскле. Сярод іх былі старыя Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы, юны пасынак Дзмітрыя-Карыбута Андрэй Дзмітрыевіч Друцкі, двое ці трое сыноў іншага друцкага князя — Сямёна Дзмітрыевіча, двое братоў Фёдара Данілавіча Астрожскага, сын Юрыя Нарымонтавіча Іван Пінскі, Глеб Святаславіч Смаленскі, Ямонт Тулунавіч, пан Спытка з Мельштына і некалькі іншых першаразрадных літоўска-рускіх і польскіх арыстакратаў. Напэўна, загінуў і Міхаіл Заслаўскі, бо ў хуткім часе пачынаюць дзейнічаць ужо яго сыны.

Цімур-Кутлук з Эдыгеем па слядах праціўніка дайшлі да Кіева і, атрымаўшы з яго вялікі водкуп, вярнуліся ў свае межы. Так бясслаўна скончылася спроба Вітаўта зрабіцца гегемонам усёй Усходняй Еўропы. Але такое страшнае паражэнне не стала для яго поўнай катастрофай, нават свой кантроль над часткай Паўночнага Прычарнамор'я ён пазней паступова аднавіў. Усё ж гэтая прыгода з'явілася для яго горкім урокам і моцна папсавала палітычны прэстыж. Да таго ж Вялікае княства згубіла мноства кваліфікаваных, вопытных воінаў, іх даспехі, баявых коней — на аднаўленне ўсяго патрабаваліся гады.

Вынікам паходу Вітаўта ў Прычарнамор'е з'явілася перасяленне ў Вялікае княства, прынамсі, некалькіх соцень сем'яў татар — прыхільнікаў Тахтамыша і іншых уцекачоў з Арды, а таксама ваеннапалонных. Сярод іх былі асобы ханскай крыві. Так, адзін з іх, Лекса, сын Мансур-Кіята (і быццам бы нашчадак Мамая), ахрысціўся пад імем Аляксандра і атрымаў ад Вітаўта замак Глінск у Левабярэжнай Украіне. Ад яго пайшоў славуты род князёў Глінскіх. Асноўная ж маса татар была паселена ў глыбі краіны — у наваколлі Трок, Менска, Ліды, Узды. Там яны атрымалі землі на правах дробнай шляхты з абавязкам ваеннай службы (толькі ім, як мусульманам, забаранялася мець у залежнасці праваслаўную чэлядзь). Ад іх бярэ пачатак татарскае насельніцтва Літвы і Беларусі, якое захавала сваю рэлігію і некаторыя этнаграфічныя рысы да XX стагоддзя.

Канец XIV стагоддзя выдаўся сумным і для Уладзіслава-Ягайлы: у тое ж лета 1399 года пасля няўдалых радзін памерла яго маладая жонка, каралева Ядвіга. З разгубленай дзяўчынкі з часам атрымаўся сапраўдны дзяржаўны дзеяч. "Каралева Янка", як яе любоўна звалі ў Польшчы, карысталася вялікім аўтарытэтам. Выдатна адукаваная і выхаваная, яна прымала актыўны ўдзел у дзяржаўных справах, мела адметны ўплыў на мужа. Па яе ініцыятыве быў адноўлены універсітэт у Кракаве, заснаваны некалі Казімірам Вялікім. Маладыя літоўцы са знатных сем'яў пачалі накіроўвацца для навучання ў Пражскі універсітэт. Аднак адносіны Ядвігі з Вітаўтам хутка сталі напружанымі, бо яна і яе асяроддзе лічылі неабходным рэалізаваць унію ў поўным аб'ёме.

Смерць жонкі паставіла Ягайлу ў цяжкае становішча, бо сваёй каронай ён быў абавязаны толькі шлюбу з ёй. Зноў, толькі ўлагоджваючы польскую знаць, ён мог разлічваць на захаванне ўлады. У гэтых умовах і Вітаўт зусім не быў зацікаўлены ў тым, каб Ягайла вярнуўся ў Літву, дзе давялося б зноў дзяліць з ім уладу. Старыя сябры-ворагі па-ранейшаму, нягледзячы на іх асабістыя адносіны, не маглі адзін без аднаго абысціся.

Выйсце з новых цяжкасцей абодва гаспадары пачалі шукаць у новым польска-літоўскім збліжэнні, вынікам чаго з'явілася падпісанне на пачатку новага стагоздзя, у 1401 годзе, новай дзяржаўнай уніі. З новага стагоддзя пачынаецца і час дзеяння новага пакалення, месца якому ачысціла пабоішча на Ворскле (хоць абодва галоўныя дзеячы, Ягайла і Вітаўт, будуць жыць і дзейнічаць яшчэ вельмі доўга). Але гэта ўжо зусім новая эпоха.

ЗАКЛЮЧЭННЕ


На мяжы новага, XV стагоддзя мы спыняем разгляд падзей. Перыяд станаўлення Вялікага княства Літоўскага і Рускага можна лічыць завершаным. Пасля далучэння Смаленскай зямлі дзяржава набыла ўстойлівую мяжу на ўсходзе, якая будзе трывала захоўвацца на працягу амаль ста гадоў. Праўда, на захадзе фарміраванне тэрыторыі Вялікага княства скончыцца крыху пазней: Жамойць, якая застаецца ў руках Тэўтонскага ордэна, будзе канчаткова вернута і ахрышчана пасля Грунвальдскай бітвы 1410 года. Яшчэ праз трыццаць гадоў жамойцкае баярства шляхам узброенага паўстання даб'ецца федэратыўнага статуса, якім карыстаецца большасць рускіх зямель, і тады афіцыйная назва дзяржавы набудзе канчатковы выгляд: Вялікае княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае і іншых (давесак "і іншых" ужываўся на ўсякі выпадак, бо за ім хавалася любая тэрыторыя, з-за якой дзяржава магла ўступіць у спрэчку з кім-небудзь з суседзяў).

Да канца XIV стагоддзя склалася і знешнепалітычнае асяроддзе, у якім Вялікае княства будзе існаваць доўгі час. На паўночным усходзе яно мяжуе з шэрагам паўсамастойных княстваў (Цвярскім, Маскоўскім, Разанскім), што ўтвараюць залежнае ад Арды вялікае княжанне ўладзімірскае, але фактычна сапраўдным гегемонам на гэтай тэрыторыі ўжо з'яўляецца Масква. Яна і надалей будзе набіраць моц, у канцы XV стагоддзя канчаткова праглыне астатнія княствы (у тым ліку і землі Вялікага Ноўгарада, што прылягаюць да Вялікага княства Літоўскага з поўначы), пазбавіцца ад ардынскай даніны, а маскоўскія князі пачнуць тытулавацца "гасударамі ўсея Русі". За землі гэтае "усея Русі", добрая палова якой уваходзіць у Вялікае княства Літоўскае, паміж дзвюма дзяржавамі пачнецца жорсткая барацьба, у выніку якой Літва згубіць да 1514 года Смаленшчыну, Браншчыну і Чарнігаўшчыну, аднак тэрыторыю сучаснай Беларусі, Валыні і Кіеўшчыны трывала захавае за сабой. Усходняя мяжа Вялікага княства амаль няспынна будзе варожай, ваеннай мяжой.

У паўднёва-ўсходнім сектары суседам дзяржавы застаецца Залатая Арда, якая ўжо пражыла свае лепшыя часы. Фармальна Літва прызнае вярхоўную ўладу ардынскіх ханаў на тыя землі, якія некалі заваяваў Бату, аднак фактычна выплата даніны ўзнаўляецца толькі ў выключных выпадках (такіх, як паражэнне на Ворскле), а галоўным чынам тады, калі трэба выкарыстаць татарскі ваенны патэнцыял супраць галоўнага ворага — Маскоўскай дзяржавы. Баланс трох сіл — Масквы, Літвы і Арды — доўгія дзесяцігоддзі будзе вызначаць палітычны клімат Усходняй Еўропы.

На паўночным захадзе Літва па-ранейшаму мяжуе са старым ворагам — канфедэрацыяй Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. Аднак прыняцце хрысціянства ўжо выбіла глебу з-пад гэтай варожасці, а Грунвальдская бітва паставіць у крыжацкай агрэсіі апошнюю кропку. Надалей Лівонія (на нямецкі лад — Ліфляндыя, на польскі — Інфлянты) будзе адыгрываць ролю аднаго з галоўных эканамічных партнёраў Літвы, для беларускіх зямель Рыга стане галоўнай гандлёвай брамай у Заходнюю Еўропу. Прусія ж сама праз паўстагоддзя трапіць у васальную залежнасць ад Польскага каралеўства.

I, нарэшце, на захадзе і паўднёвым захадзе землі Вялікага княства прылягаюць да Польшчы. Крэўская унія, пацверджаная ў 1401 годзе, ператварыла Польшчу і Літву ў палітычных пабрацімаў, і на працягу некалькіх стагоддзяў гэты саюз будзе вызначаць гісторыю Вялікага княства. Адносіны дзвюх суседніх дзяржаў складваюцца вельмі няпроста, далёка не заўсёды лагодна. Будзе некалькі спроб разарваць унію, але кожны раз знешнепалітычныя і ўнутраныя акалічнасці прывядуць да яе аднаўлення. Не сціхне былое саперніцтва за Валынь і Падолле, якое ў сярэдзіне XVI стагоддзя не толькі прывядзе да іх злучэння з Польшчай, але адарве ад Вялікага княства яшчэ і Падляшша з Кіеўшчынай. Увесь час польскі бок у гэтым саюзе будзе больш актыўным, дамінуючым, што прывядзе і да розных пазітыўных вынікаў, але ў сферы духоўнай культуры, на нацыянальнай самасвядомасці беларусаў і ўкраінцаў (як, дарэчы, і літоўцаў) адаб'ецца адназначна негатыўна.

Такім чынам, на працягу наступных дзесяцігоддзяў і нават стагоддзяў асноўны змест гісторыі Вялікага княства Літоўскага будзе заключацца ў развіцці ўмоў і акалічнасцей, што склаліся на працягу дзеяння тых шасці пакаленняў, пра якія мы гаварылі. Асноўныш дзеючымі асобамі наступнай эпохі выступяць прадстаўнікі тых пануючых колаў, што склаліся да пачатку XV стагоддзя. Дынастыя Ягелонаў, якая будзе панаваць у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім да 1572 года — гэта адна з галін Гедымінавічаў. Яе пачатак пакладзе позні шлюб больш чым сямідзесяцігадовага Ягайлы з юнай князеўнай Соф'яй Гальшанскай, ад якога ў 1424 і 1427 гадах народзяцца сыны Уладзіслаў і Казімір. Род Кейстутавічаў згасне ў сярэдзіне XV стагоддзя, але іншыя галіны Гедымінавічаў — князі Бельскія, Заслаўскія, Кобрынскія, Мсціслаўскія, Сангушкі, Слуцкія, Чартарыйскія будуць існаваць побач з Ягелонамі ў якасці вышэйшых арыстакратаў. У арыстакратычнае саслоўе ўвойдуць і нашчадкі літоўскіх і рускіх старажытных княжацкіх родаў: князі Гальшанскія, Астрожскія, Друцкія, Збаражскія, Вішнявецкія, Масальскія і шмат якія іншыя.

Але галоўны тон у XV і наступных стагоддзях будуць задаваць так званыя радныя паны (ці паны-рада, як іх звалі ў той час) — нашчадкі каталіцкіх (пераважна літоўскіх) баярскіх родаў, што ўтварылі атачэнне вялікага князя Вітаўта. Менавіта на іх ён абапіраўся ў сваёй барацьбе з сепаратызмам удзельных князёў, большасць з якіх былі праваслаўнымі і пасля Крэўскай уніі апынуліся ў апазіцыі. Якраз у канцы XIV — пачатку XV стагоддзя літоўскія баяры — пачынальнікі славутых родаў Манівідаў, Радзівілаў, Кезгайлаў, Гастаўтаў (Гаштольдаў) і іншых — атрымліваюць у вечнае ўладанне былыя велікакняжацкія сёлы і цэлыя воласці, што дазваляе ім раўняцца багаццямі з прыроднымі князямі. Крыху пазней да іх далучацца выхадцы з падляшскай шляхты Кішкі, акаталічаныя нашчадкі праваслаўных баяр (Глябовічы, Хадкевічы). Усе разам яны утвораць шчыльнае кола першаразрадных магнатаў, якія да сярэдзіны XVI стагоддзя будуць займаць практычна ўсе важнейшыя дзяржаўныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім, у тым ліку ў велікакняжацкай радзе.

Да канца XIV стагоддзя адбыліся і ўсе важнейшыя падзеі, што можна лічыць ключавымі для ўтварэння беларускага этнасу. Першай такой падзеяй з'явілася знішчэнне татарамі Кіеўскай Русі як цэльнага культурна- палітычнага арганізма. У выніку зніклі фактары, якія аб'ядноўвалі насельніцтва розных земляў і княстваў, а мясцовыя асаблівасці выйшлі на першы план.

Другім істотным крокам было з'яўленне ў сумежных з Літвой гарадах (Ноўгародку, Полацку) літоўскіх князёў. Гэта выключыла названыя гарады з палітычнай структуры, пабудаванай на вотчынным праве дынастыі Рурыкавічаў, і дазволіла ім ухіліцца ад непасрэднай залежнасці ад Арды.

Трэці момант — свядомая падтрымка насельніцтвам Ноўгародчыны літоўскіх князёў тады, калі суседняе Галіцка-Валынскае княства прыклала ўсе намаганні, каб з дапамогай татар вярнуць Панямонне ў старую палітычную сістэму. Гэта азначала канчатковы разрыў Ноўгародка з яго старажытнарускай спадчынай і пачатак сімбіёзу з Літвой, у якім ні адзін бок не мог абысціся без другога. Узнікла двухэтнічная дзяржава, чыя трываласць замацоўвалася сумеснай барацьбой як супраць татар, так і супраць крыжакоў.

Чацвёртым фактарам было аднаўленне цэнтралізатарскіх тэндэнцый на ўсходнеславянскіх землях, прычым двуадзінае літоўска-рускае палітычнае ўтварэнне выступіла адным з "цэнтраў прыцяжэння" для суседніх княстваў. Некаторыя з іх непасрэдна далучыліся да новай дзяржавы (так адбылося, здаецца, з Меншчынай, Браслаўшчынай, Берасцейшчынай), большасць жа ўвайшлі ў яе на правах федэратыўных адзінак з умовай "не рушыць старыны".

Наступным момантам з'явілася няўдача літоўскіх князёў у іх спробах ахапіць усе старажытнарускія землі. Два аб'яднаўчыя цэнтры — Літва і Масква — дасягнулі ўстойлівай раўнавагі, у выніку чаго тэрыторыя былой Кіеўскай Русі апынулася падзеленай на дзве прыкладна роўныя паловы. Мяжа паміж імі паклала пачатак адноснай ізаляцыі насельніцтва, а традыцыйная варожасць паміж Літвой і Масквой замацавала гэтую ізаляцыю.

Шостым па чарзе (але не па значэнні) трэба назваць пачатак непазбежнага ўзаемапранікнення культурных, моўных і іншых асаблівасцей, уласцівых насельніцтву Вялікага княства Літоўскага: этнічным літоўцам і жамойтам з аднаго боку, "акаючаму" насельніцтву былой сярэднярускай этнаграфічнай правінцыі (нашчадкам крывічоў) з другога, і, нарэшце, прадстаўнікам паўднёвай правінцыі з Палесся і Валыні. Цэнтрам узаемадзеяння было Верхняе Панямонне, дзе сутыкаліся ўсе кампаненты. У выніку "мовай міжнацыянальных зносін" выступіла старажытнаруская літаратурная мова, але ў прастамоўнай гутарцы замацоўваліся тыя рысы мясцовых дыялектаў, якія сустракаліся часцей. Так, "посткрывіцкае" цоканне засталося мясцовай асаблівасцю Полаччыны, а дзеканне і аканне, якія супадалі з літоўскім вымаўленнем, значна пашырыліся. У сваю чаргу паўднёвы цвёрды "р" таксама супадаў з літоўскім і пры яго ўдзеле пашырыўся на поўнач, оканне ж не выйшла за межы старога арэала. Такутваралася самастойная фанетычная сістэма, уласцівая беларускай мове.

Нарэшце, сёмым момантам стала унія Вялікага княства Літоўскага з Польшчай. Гэта азначала перавагу ў далейшым заходніх сувязей і ўплываў (у той час як на Маскоўскай Русі моцна адчуваліся ўсходнія, цюркскія ўплывы). Праўда, вынікі дадзенай падзеі стануць адчувальнымі па-за храналагічнымі рамкамі нашай кнігі, у XV і асабліва XVI—XVII стагоддзях. Уздзеянне польскай мовы спрыяла замацаванню прабеларускіх фанетычных рысаў, а галоўнае, узбагаціла лексіку. Многія карані слоў сучаснай беларускай мовы запазычаны з польскай ці з заходнееурапейскіх моў праз польскае пасрэдніцтва.

Аднак каб стаць самастойнай мовай, беларускай трэба было яшчэ адасобіцца ад праўкраінскай. Гэта адбылося часткова дзякуючы таму, што значная частка паўднёварускай этнаграфічнай правінцыі (Галіччына і Заходняя Валынь) увайшлі непасрэдна ў Польскае каралеўства і былі пазбаўлены літоўскіх і полацкіх уплываў. Развіцё там ішло адносна самастойна. Але вырашальным фактарам з'явіла ўзнікненне ў канцы XV— XVI стагоддзі на памежных з татарамі землях такой спецыфічнай з'явы, як казацтва. Яно зрабілася магутным каталізатарам этнічных працэсаў на Украіне.

Такім чынам, у межах нашай кнігі мы назіралі менавіта перадумовы з'яўлення беларускай народнасці. Канчаткова яна склалася пазней, у XVI— XVII стагоддзях, а назва "Беларусь" замацавалася толькі ў другом палове XIX стагоддзя, калі частыя кантакты з велікарусамі высвецілі відавочную розніцу двух народаў, датуль звыкла называўшых сябе "рускімі". Дарэчы, памылка афіцыйных русіфікатараў была не ў тым, што яны называлі жыхароў Міншчыны і Магілёўшчыны рускімі (тыя самі сябе часцей за ўсё звалі менавіта так), а ў тым, што яны адмаўляліся бачыць розніцу паміж двума этнасамі з аднолькавай саманазвай. Яшчэ ў 1860-ыя гады даходзіла да анекдотаў. Напрыклад, пры характарыстыцы веравызнання ў сваёй вёсцы мясцовая настаўніца з Віцебшчыны пазначала: у вёсцы жыве вось столькі рускіх (у сэнсе — праваслаўных) і вось столькі старавераў. Між тым менавіта стараверы ("маскалі", як іх звычайна звалі на Беларусі) з'яўляліся выхадцамі з этнічнай Велікарусіі, рускімі ў сучасным сэнсе, у той час як "рускія" былі беларусамі.

Этнічная гісторыя беларусаў атрымалася даволі складанай. Галоўным чынам так адбылося таму, што тэрыторыя Беларусі ніколі не ўяўляла сабой монаэтнічную дзяржаву, а менавіта гэты фактар наймацней спрыяе абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці. Апошнім часам даволі часта робяцца спробы абвясціць Вялікае княства Літоўскае "беларускай дзяржавай". Не кажучы пра фактычную недакладнасць такіх заяў (прынамсі, некалькі соцень тысяч літоўцаў, што жылі ў гэтай дзяржаве побач з беларусамі, у кішэнь не схаваеш), яны ва ўмовах сённяшняй вельмі слабай самасвядомасці беларусаў (у параўнанні хаця б з тымі ж літоўцамі) выглядаюць па сутнасці абразлівымі для іх: што ж гэта за народ, які некалькі стагоддзяў меў уласную дзяржаву, а калі страціў яе — за няпоўныя два стагоддзі ледзь не цалкам згубіў самасвядомасць, пачуццё нацыянальнай годнасці? Ці варта адраджаць такі народ?

Веданне ж сапраўднага лёсу беларусаў выклікае здзіўленне перад жыццёвай сілай народа, які нарадзіўся ў выключна складаных умовах, калі гінулі больш моцныя за яго, які шукаў выратаванне не ў скарэнні ці нават знішчэнні суседзяў, а ў братнім саюзе з імі. Ён не паспеў яшчэ сфарміравацца як след, а ўжо апынуўся ў якасці падначаленага, пад рэлігійным, а потым і нацыянальным прыгнётам. Польскі этнас, якому пашчасціла больш, імкнуўся асіміляваць яго, потым тое ж самае рабіў магутны рускі этнас. А беларусы прайшлі праз усё гэта, вытрымалі і захавалі свой непаўторны нацыянальны характар, па якім іх заўсёды можна пазнаць. Выжылі самі, не знішчыўшы нікога дзеля свайго выратавання. Толькі шматлікія захопнікі кожны раз знаходзілі сабе магілу на беларускай зямлі.

Зараз пачалася самая важная старонка ў гісторыі беларускага. народа. Ён упершыню атрымаў сваю дзяржаву — не палітычны эфемер, не марыянетку ў чужых руках і не "непарыўную частку агульнага цэлага". Упершыню за шмат стагоддзяў у яго з'явілася магчымасць паказаць, чаго ён варты на самой справе. Нацыянальная дзяржава непазбежна абудзіць і нацыянальную свядомасць. І таму не трэба палохацца праўды аб сваім мінулым, калі яна здаецца не. такой бліскучай, як хацелася б. У нашай гісторыі няма бляску, замешанага на чужой крыві, але ў ёй няма ганьбы — гэта важыць значна болей. І безумоўна, прыйдзе час, калі наш народ (я ў гэта непахісна веру) расправіць крылы. Я ведаю, што беларус заўсёды будзе беларусам, калі побач з ім будзе яго гісторыя, подых яго папярэднікаў на гэтай зямлі.

АСНОЎНЫЯ КРЫНІЦЫ І ЛІТАРАТУРА


КРЫНІЦЫ
Белоруссия в эпоху феодализма: Сб. док. и мат.; В 3 т. Мн., 1959. Т. 1.

"Великая хроника" о Польше, Руси и их соседях XI — XIII вв. М., 1967.

Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. М.; Л., 1938.

Длугош Ян. Грюнвальдская битва. М.; Л., 1962.

Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. М.; Л., 1950.

Полное собрание русских летописей. СПб., 1843. Т. 2. Вып. I. (Іпацьеўскі і Густынскі летапісы; СПб, 1848. Т. 4. (Наўгародскія летапісы); Пг. (Л.), 1915—1925. Т. 4. Ч. I. Вып. 1—2. (Наўгародскі IV летапіс); Пг„ 1917. Т. 4. Ч. 2. Вып. I. (Наўгародскі V летапіс); СПб.. 1851. Т. 5. (Пскоўскія летапісы); М., 1853. Т. 6. (Сафійскі летапіс); М., 1856. Т. 7. (Васкрасенскі летапіс); М.. 1965. ТТ. 9—13. (Ніканаўскі летапіс); М.; Л., 1949. Т. 25. (Маскоўскі летапісны збор канца XV ст.); М., 1975. Т. 32. (Хроніка Літоўская і Жамойцкая, Хроніка Быхаўца і інш. беларуска-літоўскія летапісы); М., 1980. Т. 35. (Беларуска-літоўскія летапісы).

Полоцкие грамоты ХШ — начала XVI в. М.. 1977. Вып. I (Тексты XIV—XV вв.). Вып. 3 (комментарии).

Приселков М. Д. Троицкая летопись. Реконструкция текста. М.; Л.. 1950.

Псковские летописи. М.; Л.. 1941—1955. Вып. 1—2.

Русско-ливонские акты. СПб., 1868.

Смоленские грамоты XIII—XIV вв. М., 1963.

Acta unii Polski z Litwa. 1385—1791. Кrакow, 1932.

Dlugosz Jan. Roczniki czyli kroniki stawnego Krolewstwa Polskiego. Ks. 9—10. Warszawa, 1981.

Kodeks dyplomatyczny Litwy / Wyd. E. Raczynski. Wroclaw, 1845.

Livlandische Reimchronik / Ed. L. Meyer. Padeborn, 1876.

Monumenta medii aevi historica, res gestas Poloniae illustrantia. Cracoviae, 1882. V. 6. Codex epistolaris Vitoldi, Magni Ducis Lithuaniae. (1376—1430).

Scriptores Rerum Prussicarum. Leipzig, 1861—1873. Bd. 1—3.

Stryjkowski M. Kronika Polska. Warszawa, 1846. TT. 1—2.


ДАСЛЕДАВАННІ
Греков И. Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы XIV—XVI вв. М., 1963.

Гринблат М. Я. Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории. Мн., 1968.

Думин С. В. Другая Русь (Великое княжество Литовское и Русское) // История Отечества: люди, идеи, решения. М., 1991.

Ермаловіч М. І. Па слядах аднаго міфа. 2 выд. Мн., 1991.

Ермаловіч М. I. Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды. Мн., 1990.

Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд. Мн., 1991.

История Литовской ССР. Вильнюс, 1978.

Карамзин Н. М. История государства Российского; В 4 кн. М.. 1988. Кн. 1—2.

Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. М., 1915.

Охманьский Е. Гедиминовичи — "правнуки Сколомендовы" // Польша и Русь. М., 1974.

Пашуто В. Т. Образование Литовского государства. М., 1959.

Пилипенко М. Ф. Возникновение Белоруссии. Новая концепция. Мн., 1991.

Соловьев С. М. История России с древнейших времен: В 15 кн. М., 1960— 1963. Кн. 1—2.

Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны. Мн., 1990.

Тихомиров А. Н. Значение Древней Руси в развитии русского, украинского и белорусского народов // Вопр. истории. 1954. № 6.

Улащик М. М. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1988.

Феннел Дж. Кризис средневековой Руси. 1200—1304. М., 1989.

Флоря Б. Н. Литва и Русь перед битвой на Куликовом поле // Куликовская битва. М., 1980.

Чамярыцкі В. А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: (Узнікненне і літаратурная гісторыя першых зводаў). Мн., 1969.

Kolankowski L. Dzieje Wielkiego Ksiestwa Litewskiego za Jagiellonow. Warszawa, 1930. T. I: (1377—1499).

Kosman M. Historia Bialorusi. Wroclaw, 1979.

Kosman M. Litwa perwotna. Mity, legendy, fakty. Warszawa, 1989.

Lowmianski H. Studia nad dziejami Wielkiego Ksiestwa Litewskiego. Poznan, 1983.

Narbutt T. Dzieje starozytne narodu Litewskiego. Wilno, 1839. TT. 4—5.

Ochmariski J. Historia Litwy. Wroclaw, 1982.

Paszkiewicz H. Jagiellonowie a Moskwa. Warszawa, 1933. T. I: Litwa a Moskwa w XII i XIV wieku.

Paszkiewicz H. O genezie i wartosci Krewa. Warszawa, 1938.


Оглавление

  • ВЯЧАСЛАЎ НАСЕВІЧ Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы
  • ПРАДМОВА
  • ЭКСПАЗІЦЫЯ
  • ПАКАЛЕННЕ ПЕРШАЕ: МІНДОЎГ (1230-ыя - 1250-ыя гады)
  • ПАКАЛЕННЕ ДРУГОЕ: ВОЙШАЛК І ТРАЙДЗЕН (1260-ыя - 1280-ыя гады)
  • ПАКАЛЕННЕ ТРЭЦЯЕ: ВІЦЕНЬ (1290-ыя - 1310-ыя гады)
  • ПАКАЛЕННЕ ЧАЦВЁРТАЕ: ГЕДЫМІН (сярэдзіна 1310-ых - 1330-ыя гады)
  • ПАКАЛЕННЕ ПЯТАЕ: АЛЬГЕРД І КЕЙСТУТ (1340-ыя - 1360-ыя гады)
  • ПАКАЛЕННЕ ШОСТАЕ: ЯГАЙЛА, ВІТАЎТ І ІХ СТАРЭЙШЫЯ СУЧАСНІКІ (1370-ыя - 1390-ыя гады)
  • ЗАКЛЮЧЭННЕ
  • АСНОЎНЫЯ КРЫНІЦЫ І ЛІТАРАТУРА