Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому [Фрыдрых Ніцшэ] (fb2) читать постранично
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (100) »
Фрыдрых Ніцшэ Так сказаў Заратустра
Кніга ўсім і нікому
Першая частка
Заратустрава прадмова
1
Калі Заратустру споўнілася трыццаць гадоў, пакінуў ён радзіму і роднае возера і падаўся ў горы. Там ён шчасціўся з духу свайго і адлюдненасці і не стамляўся ад гэтага цэлых дзесяць гадоў. Але нарэшце перамянілася ягонае сэрца, — і аднаго разу раніцай, прачнуўшыся на золку, ён устаў перад сонцам і так сказаў да яго: «О вялікае свяціла! У чым было б тваё шчасце, калі б не было ў цябе тых, каму ты свеціш? Дзесяць гадоў ты ўзыходзіла над маёй пячорай: ты стамілася б ад свайго святла і руху, каб не я, каб не мой арол і не мая змяя. Але кожнае раніцы мы чакалі цябе, прымалі шчодрасць тваю і мілаславілі цябе за гэта. Глянь! Я ўжо стомлены сваёю мудрасцю, як пчала занадта вялікім узяткам; і вось — мне патрэбныя рукі, каб разамкнуліся да мяне. Я хачу дарыць і надзяляць, пакуль сама разумныя людзі зноў не нацешацца са сваёй дурасці, а бедныя — з багацця. Каб так сталася, я мушу сысці ўніз, як ты, калі кожнага вечара апускаешся ў бездань марскую, несучы сваё святло свету ніжняму, ты, сама багатае свяціла! Як ты, павінен і я зайсці — так гэта называюць людзі, да якіх я хачу спусціцца. Дык жа ўмілаславі мяне, о спакойнае вока, якое непажадна ўмее глядзець на сама вялікае шчасце! Умілаславі келіх, які хоча праліцца, каб каштоўная вільгаць струменілася з яго, разносячы паўсюль водбліск тваёй асалоды! Глянь! Гэты келіх хоча зноў апаражніцца, а Заратустра хоча зноў учалавечыцца».
Так пачаўся Заратустраў захад.
2
Заратустра спусціўся з гары, не сустрэўшы нікога на дарозе. А калі ён заглыбіўся ў лес, перад ім нечакана паўстаў старац, які пакінуў свяшчэнны будан, каб пашукаць у лесе карэння. І сказаў старац да Заратустры такія словы: «Не чужы мне гэты вандроўнік: некалькі гадоў таму назад ён праходзіў тут. Яго імя — Заратустра; але ён перамяніўся. Тады ты нёс свой попел у горы: няўжо сёння ты хочаш несці агонь у даліны? Няўжо не баішся кары, якая бывае падпальшчыку? Так, Заратустра, я пазнаю. Чыстыя вочы ў яго, і на вуснах ніякай агіды. Ці не таму ён ідзе, як танцуе? Заратустра перамяніўся, Заратустра здзяцінеў, Заратустра — той, хто прачнуўся: чаго ж ты хочаш ад тых, якія спяць? Як у моры, жыў ты ў самотнасці, і мора насіла цябе. Шкада! Табе зноў хочацца выйсці на бераг? Шкада, табе хочацца зноў самому цягаць сваё цела?» Адказаў Заратустра: «Я люблю людзей». «А чаму, — сказаў святы, — пайшоў я ў лес і ў пустэльню? Ці не таму, што занадта любіў людзей? Цяпер я люблю Бога: людзей я не люблю. Чалавек, я лічу, дужа недасканалая штука. Любоў да людзей забіла б мяне». Заратустра адказаў: «Што я казаў пра любоў! Я нясу людзям дарунак!» «Не давай ім нічога, — сказаў святы, — лепей вазьмі ў іх частку і нясі разам з імі — гэтым найлепш ім спасобіш, калі толькі дагодзіш сабе! І калі хочаш даць ім, дай хіба што міласціну, ды яшчэ зрабі так, каб папрасілі яе!» «Не, — адказаў Заратустра, — я не падаю. Не такі я бедны, каб даваць». Святы пасмяяўся з Заратустры і сказаў: «Дык парупся, каб яны прынялі твае скарбы! Не давяраюць яны адлюднікам і не вераць, што мы прыходзім да іх дарыць. Нашыя крокі гучаць ім на вуліцах надта самотна. І калі ўначы, лежачы ў ложках, задоўга да золку пачуюць яны, што ідзе чалавек, дык, мусіць, пытаюцца самыя ў сябе: «Куды гэтаму злодзею закарцела?» Дык не ідзі да людзей, заставайся ў лесе! Лепш ідзі да звяроў! Чаму ты, як я, не хочаш быць мядзведзем сярод мядзведзяў, птушкай сярод птушак?» «А што рабіць святому ў лесе?» — спытаўся Заратустра. Святы адказаў: «Я складаю песні і спяваю іх; калі складаю — смяюся, плачу і спяваю: так я слаўлю Бога. Спевамі, плачам і смехам я слаўлю Бога, майго Бога. А які ты нясеш дарунак?» Пачуўшы гэтыя словы, Заратустра пакланіўся святому і сказаў: «Што я мог бы вам даць! Лепей дазвольце мне хутчэй сысці адгэтуль, каб я нічога не ўзяў у вас!» І так яны развіталіся, старац і мужчына, уподсмех, як дзеці малыя. А калі Заратустра застаўся адзін, ён сказаў свайму сэрцу: «Ці магчыма такое? Гэты святы старац у лесе яшчэ не чуў, што Бог памёр!»
3
Калі Заратустра прыйшоў у бліжэйшы горад за лесам, ён убачыў натоўп, людовішча на рыначным пляцы, бо было абяцана — пабачыце танцора на вяроўцы. І Заратустра сказаў люду такія словы: «Я дам вам навуку пра Звышчалавека. Чалавек — гэта нешта, што трэба адолець. Што зрабілі вы, каб адолець яго? Да сённяга ўсе істоты стваралі нешта вышэйшае за саміх сябе; а вы хочаце зрабіцца адлівам гэтай вялікай хвалі і лепш вярнуцца да звяроў, чым адолець чалавека? Што такое ў чалавеку малпа? Пасмешышча альбо пакутлівы
- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (100) »
Последние комментарии
6 часов 16 минут назад
6 часов 24 минут назад
6 часов 52 минут назад
6 часов 56 минут назад
6 часов 57 минут назад
7 часов 4 минут назад