Вершы [Сяргей Новік-Пяюн] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Сяргей Новік-Пяюн Вершы

Зорачкі


Дні прыходзяць, дні адходзяць, дні лятуць,
Быццам рэк бурлівых хвалі ўдаль плывуць.
Трэці год як на выгнанні ў чужыне
Трэба мучыцца душой і сэрцам мне.
Навакол нідзе ня ўгледзіш родных хат,
Не працягне рук зычліва родны брат,
Не падзеліш нават думак з нікім тут,
Не прыгорне ў адзіноцтве родны кут.
Ўночы зорачкі прыветліва мігцяць,
Быццам з неба на мяне яны глядзяць…
Што чуваць, скажыце, зорачкі, вы мне
Ў маёй роднай — ды далёкай — старане?
Ці татулька мой і матанька ўжо спяць?
Ці таксама на іх зорачкі глядзяць?..
Мо й яны пытаюць зорак аба мне,
Што раблю цяпер ў далёкай чужыне? —
Калі толькі яны, родныя, ня спяць,
Калі йшчэ цяпер на зорачкі глядзяць,
Занясеце ім, пакуль ня бліснуў сьвет,
Зоркі мілыя, сыноўскі мой прывет!
І скажэце, каб ня плакаў ні адзін,
Што ў выгнанні мусіць мучыцца іх сын!
Прыйдзе, прыйдзе да нас хутка ясны май,
Прыляту тады, як птушка, ў родны край.
Беларускай песні роднае пад тон
Зааром мы і засеем свой загон.
Беларускі гімн свой смела запяём,
З новай верай, з новай сілай зажывём!
Ўночы будзем мы на зоркі паглядаць
Што, як сёння, будуць ў небе зіхатаць… —
Занясіце ж вы, пакуль ня бліснуў сьвет,
Зоркі мілыя, бацькам маім прывет!
29 сакавіка 1929


Над калыскай


Запаліла ночка
Зорныя агні.
Спі, мая дачушка,
Любая, засні.
Над тваёй калыскай
Буду я спяваць,
Пра ката і мышку
Казачку казаць.
Вунь высока зорачка
Золатам блішчыць,
А мая дачушка
Штосьці ўсё не спіць.
З-за хмурынкі месячык
Беленькі ідзе,
За сабою зорачак
Карагод вядзе.

Бой


Ой, які прыгожы мой
Цюцік, што завецца Бой,
З чорнай спінкай, сівы ледзь
I калматы, як мядзведзь.
Поўсць ягоная, як шоўк,
Зубы шчэрыць ён, як воўк,
А кудлатка-галава
Сапраўды, нібы у льва.
Ды вы, дзетачкі, смялей!
Вельмі любіць Бой дзяцей.
У любы прыходзьце час,
Не пакрыўдзіць цюцік вас.
Белым хвосцікам махне,
Рукі ветліва лізне:
«Не пабруджу вас, не-не!
Лапкі белыя ў мяне!..
Мушу вам яшчэ сказаць,
Лапку умею падаваць!..»
Вось які разумны мой
Верны, шчыры цюцік Бой!

Калі гляджу на неба сінь…


Калі гляджу на неба сінь —
Прыпамінаю твае вочы.
Калі гляджу на твае вочы —
Прыпамінаю неба сінь.
Угледжу ледзь караляў шнур —
Прыпамінаю твае вусны.
Калі убачу твае вусны —
Прыпомню ўміг караляў шнур.
Зірну на ластаўкі крыло —
Прыпамінаю твае бровы.
Калі зірну на твае бровы —
Прыпомню ластаўкі крыло.
Пачую спевы салаўя —
Прыпамінаю твае словы.
Пачую ледзь я твае словы —
Успомню спевы салаўя.
Другой такой не знойдзеш, не!
Лепш за цябе няма на свеце!
Бо толькі ты адна на свеце
Каханне, шчасце дорыш мне.


Оглавление

  • Зорачкі
  • Над калыскай
  • Бой
  • Калі гляджу на неба сінь…